Электронная библиотека » Аркадзь Ліцьвін » » онлайн чтение - страница 13

Текст книги "Дыплом на царства"


  • Текст добавлен: 4 декабря 2018, 14:40


Автор книги: Аркадзь Ліцьвін


Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза


Возрастные ограничения: +16

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 13 (всего у книги 66 страниц) [доступный отрывок для чтения: 21 страниц]

Шрифт:
- 100% +
Каму мець шапку Манамаха?

Не спяшалася вялікае маскоўскае пасольства да Смаленска. Князь Галіцын хутаўся ў мяккае футра і не мог пазбыцца прыкрых, навязлівых думак. Што прынясе пасольства Масковіі? Колькі б ні перакупіў кароль абяцанкамі ды наданнямі, нават між самых імянітых застануцца ўпартыя. А як пачне на троне чужы моваю і звычаямі падлетак, пэўна ні гетман, ні Сапега не патлумачаць. А напэўна ж разумеюць, што стане цацкаю ў руках нейкага рэгента. Падлетак, калі на тое пайшло, у нас і свой ёсць. Вунь як Філарэт прэ свайго сына баярам і люду на вочы. Рэгента і шукаць не спатрэбілася б. А сёння зямлі патрэбен муж імяніты, розуму дзяржаўнага, досведу адпаведнага. Так што не трэба спяшацца, з пасольства будзе пшык, а тады і настане час належных людзей. Шкада, загінуў Захар Ляпуноў, але памагатыя разумнаму і гойнаму чалавеку заўсёды знойдуцца. Князь Васіль Галіцын ніколі не гнаў ад сябе думку пра шапку Манамаха. Ці ж не ён выправіў на той свет цара Фёдара Гадунова, ці ж не ён кіраваў расправай з царэвічам—самазванцам? І ад справы няўдольнага Шуйскага не ўхіляецца. Хто больш годны царскага пасаду? І перад каралём Жыгімонтам не падскаквае, як Аўраамій Паліцын. Гэты ад пачатку верыў і не таіўся ў размовах, што Жыгімонт неадменна сядзе гасударом на Маскве. А яшчэ праваслаўны духоўны! Напэўна ўжые славу свайго манастыра на карысць абіцелі і сваю ўласную. А што дзяржава маскоўская апынецца пад лацінствам, то гэта яе клопат, не Паліцына.

Праз тры з гакам тыдні дайшло пасольства да Смаленска і адразу адчула, якімі будуць перамовы. Кароль загадаў размясціць паслоў у шатрах, не даў кармоў. Спасылка была простая: войска трымае аблогу, самім не надта густа. – Перамовы, вашмосьці, будуць цяжкімі, – тлумачыў вялікі канцлер сваім сакратарам. – Але весці мы іх павінны да апошняй магчымасці. Шмат будзе залежаць ад вашай сціпласці, стрыманасці і…хітрасці. Магчыма вас будуць збіваць ілжывымі паведамленнямі наконт стаўлення да маскоўскіх пастулатаў важных асоб і нават самога Найяснейшага пана. Падобныя размовы не павінны разыходзіцца далей нашай канцылярыі. Інтарэсы Вялікага Княства не ўсім кладуцца на сэрца, добра ведаеце. А ў нас яны на першым месцы і пра гэта вы не павінны забывацца. Леў Сапега з вялікім засмучэннем назіраў падкрэсленую незычлівасць да маскоўцаў. Схіляў караля да лагоднага абыходжання з пасламі, нават калі яны не будуць пагаджацца з ягонымі патрабаваннямі. Нажаль Жыгімонт слухаў не толькі дасведчанага ў маскоўскіх справах палітыка. Вялікі канцлер даўно распазнаў памкненні караля да крамлёўскага трона і не квапіўся дапамагаць Міласціваму пану ў гэтай матэрыі. Ведаў, што на Маскве падатлівыя насядаюць на патрыярха, патрабуючы бласлаўлення ўсіх праваслаўных на цалаванне крыжа каралю Жыгімонту.

І не абы хто з'яўляўся з такімі патрабаваннямі: сам пяршынствуючы баярын Фёдар Мсціслаўскі, Міхаіл Крывой Салтыкоў, Фёдар Андронаў ды іншыя не менш знакамітыя. Але патрыярх Гермаген пакуль не паддаўся.

Невядома, што магла б прынесці гэта задума Масковіі, а ў Рэчы Паспалітай напэўна скончыцца новымі рокашамі супраць прывіду самаўладства, бо ні шляхта ні магнаты ў адвечных правах не саступяць. Вялікі канцлер агледзеў пад святло дзюбку пяра.

– Яшчэ паслужыць, – асцярожна паклаў на падстаўку.

Акуратна пасыпаў ліст са срэбнай пясочніцы і пасунуў сакратару стосік густа спісаных аркушаў.

– Пасадзі, васпане, за перапіску пару здальнейшых ды не балбатлівых. Лісты да соймікаў. Сам разумееш, заўчаснаму агалошванню не падлягаюць. А гэта, – канцлер падняў запясочаны ліст і асцярожна ссыпаў танюткі парашок на срэбны падносік, – мая прамова на бліжэйшы Сойм. Трэба ж будзе адстойваць для Княства Смаленшчыну ды і Северскую зямлю. Карона абедзьве паспрабуе прысабечыць.

– Асабіста займуся, яснепане, – з паклонам запэўніў сакратар. Канцлеру данеслі, што там ды тут спустошылі ягоныя колішнія ўладанні. Несумненна помста тых, хто прызначаў захопленыя землі Кароне. Не выключаў валтузні з чарговай жаўнерскай канфедэрацыяй. А галава занята непакоем, што Рэч Паспалітая, страціўшы шмат сіл у маскоўскіх войнах, будзе няздольная адбіць цалкам мажлівага турэцка—татарскага наезду. Ці ўсведамляе гэта «каморная рада»?

Непакоіліся і маскоўскія паслы.

– Выглядае, кароль робіць усё, каб наша пасольства правалілася, – у роздуме прамовіў князь Галіцын да мітрапаліта Філарэта. – Але ў такім выпадку канец усёй задуме Льва Сапегі і гетмана Жулкеўскага.

Князь Васіль Васільевіч Галіцын ад пачатку не спрыяў польскім і ліцьвінскім памкненням. Але гетман па ўсіх учынках выглядаў на чалавека людзкага, палітыка гнуткага і князь не працівіўся ў адкрытую. А хіба з каралём нешта атрымаецца? Ні гетман, ні Леў Сапега не пераканаюць Жыгімонта лічыцца са скрытай сілай Масковіі. А пераход каралевіча на праваслаўе! Задушацца ў злосці каралеўскія езуіты! Не ўдасца ўшчаміць на Крэмль каралевіча, хіба што не надоўга. Мабыць у душы кароль гэтага пабойваецца і не пагодзіцца адпраўляць сына на Маскву.

– Дасць Бог і ўсе каралеўскія спадзяванні туды ж пойдуць, – як угадаўшы думкі князя, хмыкнуў у бараду Філарэт.

Абодва пераглянуліся нібы змоўшчыкі, кожны са сваімі патаемнымі спадзяваннямі. Прызначалі пад шапку Манамаха розныя галовы, але не прыблудныя.

– А мы мусім стаяць непарушна, – сцвердзіў Галіцын, як загадаў.– Кароль ніколі не пагодзіцца на падпісанае намі з Жулкеўскім.

– Думаю, неўзабаве пераканаемся, – кіўнуў Філарэт. – Як толькі з'явіцца Жулкеўскі.

Галіцын пляснуў у далоні, выклікаючы служку.

– Спроворь мне, брацец, главного над стрельцамі. Калі той з'явіўся, напалоханы мажлівым наганяем, князь дазволіў сесці і задаў некалькі дробных пытанняў, каб супакоіць двараніна.

– Трэба, любезны, пранюхаць ці шчыльная сетка вакол горада. Ці няма якіх дзірак між іхнімі рэгімэнтамі.

– Як здагадваюся, трэба звязацца з ваяводам Шэінам?

– І з ваяводам і з войскам ягоным, – удакладніў Галіцын.

– Цяжка, святлейшы, але пастараемся, – запэўніў дваранін.

– Чай, православные в ліцьвінском войске імеются, – умяшаўся ў размову Філарэт. – Не откажутся помочь. А мы со Львом Сапежком переговорім, што он скажет по этому делу.

– Разумна, – пагадзіўся Галіцын. – Адклад не пойдзе ў лад. Папросім размовы.

Леў Сапега не адмовіў садзеяння, але сустрэчныя ўмовы для маскавітаў былі непрыймальныя.

– Паведамленні наконт жыцця—быцця, пра родзічаў і знаёмцаў пярэчанняў не выклікаюць, – паведаміў высокім паслам. – Але кароль настойвае на вашай прапанове Шэіну здаць крэпасць.

Стаўленне абодвух маскавітаў было для канцлера прадказальным. Больш таго. Усе трое разумелі, што Жыгімонт нервуецца. Крыжовы паход не прынёс чаканых Рымам вынікаў, утрыманне гарнізону ў Крамлі выглядала усё больш бессэнсоўным і нават бязглуздым. Вызваленне ад смаленскіх клопатаў дало б каралю час і сілы заняцца сцісла маскоўскімі.

Праз пяць дзён, 12 кастрычніка 1610 года, нарэшце адбыўся прыём і паднашэнне падарункаў. Мітрапаліт Філарэт паднёс сорак собаляў, князь Галіцын два саракі собаляў, чорную лісіцу, рысь ды два рыб’іх зубы. Сціплейшыя дары склалі думныя і дваране. Затое троіца-сергіеўскі келар Авраамій Паліцын вызначыўся нават перад сваёй духоўнай уладай і першым паслом Філарэтам. Паднёс срэбны пазалочаны кубак. Падвойны, з двух адзін другога накрываючых. Затым залаты атлас і сорак собаляў.

– Нездарма стараецца, – сярдзіта прамармытаў думны дзяк Таміла Лугаўскі* суседу.

– Кінеш за сабою – знойдзеш перад сабою, як кажуць ліцьвіны, – баязліва азірнуўшыся, прашаптаў той.

Перамовы суправаджалі дробныя, але вымоўныя каралеўскія дзеянні. Ужо на другі дзень на невядомых падставах Жыгімонт надаў першаму ўладарнаму баярыну Фёдару Мсціслаўскаму тытул гасударава канюшага. Як уладар Масковіі за паслугі каралю і каралевічу! Хіба поўны дурань мог не разумець прыхаваных за гэтым намёкаў. Не сеўшы на воз, спяшаецца паганяць!

На пяты дзень перамоваў каралеўскія граматы на «пожалованные» маёнткі і тытулы пасыпаліся, як дождж. Каму збройнічага, каму ясельнічага, каму Стралецкі прыказ, каму Пушкарскі, Пасольскі, Памесны, Ямскі… Думны дваранін Васіль Сукін* за прысягу атрымаў на кармленне цэлы горад Каломну. Тытулы і землі Масковіі! І дзе ж тут воля Уладыслава Жыгімонтавіча?

Значная колькасць такіх уганараваных, між імі Даніла Мезецкі і Авраамій Паліцын, дамовіўшыся з Львом Сапегам, рыхтаваліся 12 снежня выправіцца да Масквы. Васіль Сукін з дзяком Сыдаўным—Васільевым* браліся па таемнаму даручэнню караля прывесці да прысягі яму ўсю Масковію са сталіцаю. А што з цалаваннем крыжа каралевічу?

Леў Сапега не мог падступіцца да істотных пастулатаў. Непахісных заставалася няшмат: Філарэт Раманаў, князь Галіцын, думны дзяк Таміла Лугаўской ды крыху з ніжэйшымі пасадамі.

Раскалоўшы пасольства на прыхільных яму і цвёрдых абаронцаў маскоўскіх інтарэсаў, Жыгімонт яшчэ настойлівей запатрабаваў капітуляцыі Смаленска.

– Па нашаму меркаванню Яго Вялікасць кароль зусім не збіраецца трымацца дамовы гетмана Жулкеўскага, – паскардзіўся ў прыватнай размове разумны і ўдумлівы дзяк Таміла. – Ён жа пачынае настойваць на цалаванні крыжа яму і сыну адначасна. Хто ж у такім выпадку будзе гасударом?

– Ведаю, – уздыхнуў Сапега з горкай усмешкай. – Тлумачыцца, што нельга бацьку з сынам раздзяляць. Але ж сваім часам самому давялося раздзяляцца.

– А чаго варта пагроза адабраць іменія, калі хто нязгодны, – пакруціў галавою Лугаўской. – Іх жа яшчэ трэба ўзяць пад сваю руку, перш чым выстаўляць такую пагрозу. Злым шляхам ідзе справа.

Разумеў, што Жыгімонт, патрабуючы для сябе шапку Манамаха, разлічвае правіць Масковіяй прынятым у ёй спосабам абсалютнай манархіі. Яму патрэбна вайсковая сіла Масковіі, а найлягчэй ёю карыстацца, калі ты самадзержац. У такім выпадку прывілеяў шляхты маскоўскім дваранам не бачыць.

Нязгодныя з каралеўскімі патрабаваннямі паслы на пачатку снежня выправілі да Масквы ганца з запытам, як да іх ставіцца. Пакуль абмяркоўваўся адказ, ганцы разнеслі абуральную вестку па гарадах Масковіі.

У адказ на патрабаванні караля князь Галіцын, мітрапаліт Філарэт са сваімі прыхільнікамі запатрабавалі дакладнага выканання трактату, падпісанага з Жулкеўскім. Настойвалі на смяротнай кары за пераход з праваслаўя на каталіцтва. Хацелі мець пэўнасць, што Масковія ў будучым не будзе залежаць ад Рэчы Паспалітай і каталіцызму.

Жыгімонт упарта адмаўляў прызнаць баярам прывілеі шляхты Рэчы Паспалітай. Меў па самыя вушы клопату са шляхтай у Рэчы Паспалітай і не зычыў сабе іх пашырэння на маскоўскія набыткі. Што атрымалі каралі, калі шляхта Вялікага Княства пайшла ў вунію дзеля палітычнай вольнасці? Тых, што не шукалі вольнасці, кароль гуртаваў раздаваннем зямельных добраў і пасад, але з пагрозай іх канфіскацыі.

Затое паслухмяныя не мелі падстаў скардзіцца. Ужо праз тры тыдні ад пачатку перамоваў Авраамій Паліцын, б’ючы чалом ад сябе і браціі, атрымаў ад караля тарханную сцвярджальную грамату на ўсе манастырскія вотчыны і мноства інтратных прывілеяў. Замацаваў абяцаную каралём непарушнасць праваслаўных цвярдыняў. Праўда манастыр будзе аддаваць каралю дзьвесце рублёў і кармы ратнікам, якія будуць служыць каралю. А тое, што гасудар яшчэ не ўладкаваны, не шкодзіць: кінеш за сабою, знойдзеш перад сабою…

Ранкам 11 снежня 1610 года царык выправіўся на паляванне ці то на шпацыр, маючы пры сабе блазна Пятра Кошалева*, двух прыслужнікаў і ахову ў два дзесяткі татараў. Нечакана хрышчаны татарын князь Пётр Урусаў*, помсцячы за крыўду, выстраліў у царыка і для пэўнасці адсек яму галаву. А праз некалькі дзён Марына нарадзіла сына Івана Дзьмітрыевіча.

Дык што зараз яму, Зарудзкаму? Падстаўляць галаву за тых кормленых катоў—баяраў? Калі ўжо лезці ў калатнечу, то нешта з гэтага мець. Нечаканыя клопаты і новыя магчымасці варта ўзважыць з хаўруснікам. Колішні любімец тушынскага вора і яго баярын Іван Пляшчэеў служыў у палку Зарудзкага і лічыўся надзейным чалавекам.

– Дык што? Як казаў знаёмы ліцьвін, марыў заяц пра піва і апынуўся на стале між поўных збаноў, – з'едліва пакрывіўся няўдзячны фаварыт.

– Я баюся, – атаман даверліва пахіліўся да Пляшчэева, – што нараджэнне “царэвіча” не спыніць развал нашага войска. А тут яшчэ прысягаюць на вернасць нашаму цару, калі яго ўжо няма між жывымі, – не хаваў насмешкі Зарудзкі.

– Можа не дойдзе да бяды, – дазволіў сабе не пагадзіцца хаўруснік. – Усё ж шмат якія гарады толькі на нас спадзяюцца. А што цар знік, не варта шкадаваць, – рызыкнуў супольнік. Зарудзкі пільна прыгледзеўся, чалавек не жартуе. Можа для яго, Івана Зарудзкага, сапраўды, нават лепей, што цар загінуў.

– Думаю, лепей, – кіўнуў Пляшчэеў. – Цара няма, але ёсць спадчыннік!

Зарудзкі прыжмурыў хітрыя вочы. Іскра здагадкі апякла суразмоўніка.

– Калі ўшчаміць малое на трон…. – наўмысна не дакончыў сказа, памаўчаў і працягваў: – Цёмны люд часта не рвецца паўставаць, але няма натоўпу, які не хацеў бы, каб хто—небудзь замест іх паўстаў. Калі пра гэта памятаць і ўлічваць…, лёгка за сабою пацягнем.

– Трэба толькі перакрыць дарогу іншым, – падхапіў Пляшчэеў, – каралевічу, Раманавым, вунь яшчэ нейкага Максымільяна выкапалі… Самы час думаць, як гэта зрабіць!

– Але ж які лямант пачнецца! – усклікнуў Заруцкі не то ў захапленні, не то ў здзіўленні. – Пачнуць вінаваціць, што мы таго Урусава нацкавалі. І той жа Ян Сапега кіне свайго караля дзеля шапкі Манамаха.

– Пану Сапегу клопатаў з войскам хапае, – адмоўна пакруціў галавою Пляшчэеў. – А што ён, чужы чалавек, без войска? Даведаўшыся пра забойства 22 снежня 1610 года царыка, Ян Пётр Сапега праз тыдзень паспрабаваў здабыць Калугу, не здолеўшы, рушыў на Пераяслаўль, які паддаўся.

– Без войска ніхто нічога не варты, – пагадзіўся Зарудзкі. – Сапега тузаецца са сваімі жаўнерамі, бо грошай не знаходзіць. І крамлёўскаму гарнізону дапамагаць адмовіўся, так што і Гасеўскі не вельмі пакукарэкае. А нам дай Бог упартасці і спрыту, – рагатнуў весла. – Але з кім дамаўляцца?

Абодва ведалі, што амаль кожны хаўруснік будзе бачыць сябе царом. Што да ўдавы з дзіцёнкам, то якое там шанаванне царыцы Марыны!

– А не думаеш, што Сапега паспрабуе набіцца ў рэгенты? – устрывожыўся Зарудзкі. – Марына двойчы хавалася ў ягоным лагеры! Могуць і зараз стакнуцца. Хіба не?

Засвоенае ад шляхты цікавае слова «рэгент» падабалася атаману сваёй чужаземнай значнасцю. – Ясна, што рэгент—мужчына надзейней чым баба, хай і сквапная да ўлады. Але не бабскі час! – рашуча, з поўным разуменнем задачы прамовіў Пляшчэеў. – Яна нямала накалабродзіла, можа і з Сапегам паспрабаваць. Але магчыма Сапега хітруе, у гетманы прасцей.

– Чаму так думаеш? – злосныя вочы Зарудзкага здаецца прапальвалі супольніка, ніяк не вінаватага ў благіх навінах. – Можа таму і нам прапанаваў дапамогу?

Пляшчэеў даў атаману супакоіцца, упарадкаваў думкі. Сапега насамрэч надаваўся не толькі на галоўнага ваяводу, але мабыць і на цара.

– Сапега шукае грошай па двух напрамках, – адказаў няспешна. – Жаўнеры яго да караля не пусцілі, бо каралю не вераць. Тады раптам тут атрымаецца! Абяцаў зраўняць жолд з палком Аляксандра Збароўскага, а не выканаў. А што, ягоныя жаўнеры горшыя? Проста Збароўскі раней да караля перайшоў.

– Але ж маскавіты пагадзіліся на перамовы ў Пярэмышлю! – усклікнуў Зарудзкі. – Ну і няхай перагаворваюцца, – махнуў рукою Пляшчэеў. – Чорт ведае, калі і чым тыя перагаворы скончацца. Я думаю, хутка разбягуцца.

Зарудзкі падняў галаву. Малады казак зазірнуў у пакой. Не пачуваўся ўпэўнена, непакоячы галоўнага атамана.

– Ганец там, ваша міласць, з лістом, – на манер не то шляхты, не то іншых чужаземцаў паведаміў казак. З—пад Смаленска ці што…

– Ці што! – перадражніў Зарудзкі. – Давай яго сюды! Ды збегай за якім грамацеем, – крыкнуў услед. – Паслей закончым размову, – прамовіў да суразмоўніка.

Пляшчэеў заўсёды стараўся дагадзіць хваравітаму самалюбству выскачкі. Выйшаў.

– Халера! А як ён пісаны? Ды ад каго?

Пакуль той ганец, атаман думаў так ды гэтак, але не прыйшоў да ладу і плюнуў. Ад каго б ні быў ліст, некаму ён, Іван Зарудзкі, патрэбен. Інакш бы не слалі чалавека.

– Прывітанне вашай міласці пану атаману ад вялікіх паслоў, – прамовіў завучанае рослы казачына напэўна з тых сапраўдных, якіх пад яго рукою засталося няшмат. – Загадана найперш даручыць ліст, затым адказаць на пытанні, – патлумачыў ганец, падаючы моцна залакаваны скрутак.

Атаман пакруціў скрутак у руках, нават панюхаў. Звыклыя да шаблі пальцы, не маглі вывесці на паперы крыжыка, каб пяро не запырскала напісанага скрыбам. І то калі пан атаман мог шырока расставіць локці, уперціся пузам у край стала і сцягнуць бровы.

– Дзе ж там які чытака? Жарскі! – крыкнуў знецярплівены чаканнем.

– З вашага дазволу, пан Жарскі! – па свойску, са стрыманымі смешыкамі прамовіў рухавы шляхціц, адкінуўшы фіранку. – Чакаем калі паклічаце, пане атаман.

– Добра, няхай пане Барыс. Але што з тваім панствам будзе, калі аддам цябе каралю?

Прыгожыя бровы на разумным твары пана Барыса Жарскага ўзляцелі ўверх.

– А нічога, пан атаман, – з паклонам патлумачыў “чытака”. – Як і ўсе ракашане, карыстаюся дабрадзействам амністыі. Але пакуль што, як асвечаны ліцьвін, гатовы служыць сваімі здольнасцямі. Што ў нас? Лаціна, беларускае пісьмо, па татарску?

– Бачу, як заўсёды, цвярозы, – чамусьці няўхвальна прамовіў атаман. – Што ж бяры, чытай, а ты, чалавеча, ідзі падсілкуйся і чакай адказу, – прамовіў да пасланца. Паслей распытаю.

Пакуль Жарскі ўзразаў тонкае палатно, разгортваў і разгладжваў ліст, атаман прыглядаўся і гадаў, ці не рызыкуе, давяраючыся. Як большасць неадукаваных людзей на высокіх пасадах быў вельмі недаверлівы. Марына пры сваім двары каго толькі не трымала. Можа для яе надзейныя, чорт ма іх ведае? Гэты пакуль што ўсе даручэнні выконваў старанна. Паслухаўшы ліст, даў сабе час падумаць і загадаў Жарскаму: – Прывядзі ротмістра Яцэвіча ды няхай Пляшчэеў зойдзе.

Акінуў поглядам свой сінкліт і пераказаў, што лічыў патрэбным. Кожны адчуў патрабавальны маўклівы запыт у вачах атамана. Першым азваўся Жарскі.

– Як я разумею, нам трэба неяк умяшацца?

– Абавязкова ўмяшацца! – больш упэўнена ўсклікнуў другі ліцьвін, беспамылкова ўгадаўшы настрой атамана. – Упэўнены, што і царыца ўхваліць.

Пан Жарскі паклаў далонь на калена ротмістра Яцэвіча, заклікаючы да стрыманасці.

– Дзеля чаго вас і паклікаў? – крыху раздражнёна прамовіў атаман. – Не гадайце, што я думаю, а прапануйце нешта дзельнае. Барыс Жарскі павёў вясёлым поглядам па атамане і ўсіх астатніх.

– Самае дзельнае прысабечыць той дыплом! Што ж ляпшэйшае прыдумаеш? Хто ўхопіць дакумант, той раз—два пасадзіць на крамлёўскі пасад малога Івана Дзьмітрыевіча, а не пярэхрыста каралевіча ці іншага прыблуду.

Жарскі ўздыхнуў з палёгкай, задаволены адпаведным на яго думку выказваннем. Ані царыца Марына, ані вось гэты мажлівы рэгент не павінны злаваць.

– Лёгка сказаць! – ізноў вырваўся Яцэвіч, зірнуўшы на атамана нібы за падтрымкай. – Так той дыплом ляжыць і чакае, калі забярэм!

Зарудзкі пакрывіўся, як жабу з'еўшы. Кемнасць не так ад грамацейства залежыць, колькі Богам дадзена. Пара браць лейцы ў свае рукі. – Давайце разважым па парадку, – прапанаваў, ляпнуўшы рукою па стальніцы. – Кароль дыплом адкінуў і гетмана папракнуў, што не тое прывёз. Выходзіць, сына на Маскву не пусціць. Але ж хіба не думае, што яго, лацінніка з плоймай езуітаў за спіною, на сталец паклічуць? Га? Ці ўсё ж спадзяецца?

– Жыгімонт хітры і прадбачлівы, – падхапіў Жарскі.– Блізка ад яго давялося круціцца.

– Мерыцца на Маскву? – Зарудзкі ўперыў погляд у дарадцу. – Іначай навошта ўвесь гармідар?

Пляшчэеў палічыў патрэбным падаць сваё меркаванне.

– Не выключана, што з тым адкідваннем адно змыльванне вачэй, каб думалі, што Крэмль караля не цікавіць, ну і заслугі гетмана прынізіць, – удакладніў ён. – Няхай усім здаецца, што зоймецца Інфлянтамі, татарвою, шведамі тымі ж… А тым часам…

– Так што адкінуць, не азначае выкінуць! – сярдзіта выгукнуў Заруцкі, нібы падлавіўшы караля на хітраванні нягодным манарха. – А сам тут жа загадаў надзейна схаваць паперыну да патрэбнага часу? Так?

– Несумненна! – пацвердзіў Пляшчэеў.

Каторы раз падзівіўся разважлівасці неасвечанага казака. Каб яму нейкую адукацыю!…

– Дыплом напэўна ў руках Льва Сапегі,– упэўнена ўдакладніў Жарскі. – Канцылярыя караля пад яго рукой ад часу перамоваў з пасольствам Салтыкова. Адсылаць дыплом у Рэч Паспалітую пакуль няма сэнсу, – Як гэта? – здзівіўся Пляшчэеў.

– Такі парадак у дачыненнях з Масковіяй, – патлумачыў Жарскі. – Нават каралеўскія прывілеі на зямельныя ўладанні Маскоўшчыны выстаўляе Сапега.

Зарудзкі слухаў як зачараваны: але ж чаго толькі гэта шляхта не трымае ў памяці!

– Залатая галава! – рашыўся пахваліць атаман і пераможна зірнуў на Пляшчэева, нібы той адзін патрабаваў тлумачэння.

– У такім разе трэба выведаць, дзе тая канцылярыя месціцца, – не разгубіўся Пляшчэеў.

Атаман не пярэчыў.

– Можа і добра, што зіма. Да цяпла на Маскву не пойдуць. І канцылярыю не рушаць.

Грамада ўхапіла, што надумаў атаман, але на такую справу патрэбен час.

– Падсцеражэм канцлерскага ганца ды яго следам! – Жарскі глядзеў у будучыню з надзеяй.

– Абы не такога, як колісь, – хмыкнуў Яцэвіч. – Ссек нам хлопца і каня звёў… – Вось і нагледзьце не такіх разявакаў, – пахмурна зірнуў на ротмістра атаман.

– А што іх нагледжваць! – дазволіў сабе ўсмешку Пляшчэеў. – Вось двое ліцьвінаў з шляхты, яшчэ двое—трое.

– Так, шмат не трэба, – рашуча вызначыў Зарудзкі, каб не траціць вяршэнства сваёй думкі.– Але браць толькі з Княства. Ім той Уладыслаў не так карціць і ўвогуле…А маскавіты лёгка пападуцца.

Прыязна ўсміхнуўся Жарскаму. Да палякаў не меў такога даверу.

– Ёсць тут з лісоўцаў неблагія аторвы, – нагадаў Жарскі.– Ім ні агонь ні медныя трубы не перашкода.

– Але глядзі, каб з тамтэйшых земляў, – пагадзіўся Зарудзкі. – Заадно можа… Позірк атамана слізгануў па Пляшчэеву і ўпёрся ў твар Жарскага. Той міжволі сцепануў плячыма. Чакаў, здагадваючыся, пра што пойдзе.

– Калі пра канцлера Сапегу мова, то і наконт статуя?…, – Зарудзкі, не зводзячы вачэй з Жарскага, абарваў сказ.

– Вы ў мяне не першы раз пытаеце, – пазбягаючы погляду з вока ў вока, прамовіў Жарскі.

Іншым разам схільны быў думаць, што толькі дзеля гэтага і церпіць яго атаман. Церпіць і ашчаджае, пакуль не выведае…Хоць бы і таму варта сплываць з вачэй… – Пытаюся, бо хачу ведаць, – даволі рэзка выказаўся Зарудзкі.– Ты ж там быў паблізу. Чамусьці гэтым разам атаман не адсылаў сведкаў. Калі хацеў зацікавіць, то дабіўся жаданага.

«Натапырылі вушы як зайцы», падумаў Жарскі і нядбала патлумачыў: – Не так і блізка. Але наша харугва сапраўды за Шуйскім палявала. Толькі ўсё марна… – Але ж пан нібыта хваліўся з п'яных вачэй… – паспрабаваў Пляшчэеў.

З'едлівая ўсмешка пакрывіла вусны шляхціца.

– Часта вы мяне бачылі п'яным, атамане? – ён наўмысна звярнуўся не да Пляшчэева.

Завісла нязручнае маўчанне. Выключная стрыманасць Жарскага даўно была прыказкай. Зарудзкі крактануў. Злаваў, што выступ Пляшчэева прыляпілі яму, атаману.

– Прыдалася б нам тая цацка, – памяркоўна прамовіў, нібы да ўсіх. – Шмат жа талдычылі, што статуй хітраму Льву трапіў. Звёз, ці закапаў недзе? Розныя чуюцца байкі.

– Тут я нічым не дапамагу, – рашуча адказаў Жарскі, але адчуваў, што атаман не верыць.

– Добра, – падвёў рысу Зарудзкі. – Пра гэта іншым разам. Шмат пільнейшых спраў.


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 | Следующая
  • 4.6 Оценок: 5

Правообладателям!

Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.

Читателям!

Оплатили, но не знаете что делать дальше?


Популярные книги за неделю


Рекомендации