Текст книги "Дыплом на царства"
Автор книги: Аркадзь Ліцьвін
Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза
Возрастные ограничения: +16
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 5 (всего у книги 66 страниц) [доступный отрывок для чтения: 21 страниц]
Запытальны позірк па чарзе спыніўся на ганцы і падчашым. Той, па звычцы, узвёў вочы ўгару, паказваючы, кім можа стаць ягоны п'янюткі пан. Ганец, неабазнаны ў крамлёўскіх мажлівасцях, абмежаваўся поціскам плячэй. Ясна, што шклоўскі цар свайму гетману першаму надасць усе ганоры і пасады мажлівыя пры яго асобе?
– Спыніся! – загадаў князь. – Кажаш, жолд атрымаем з царскага скарбу?
– Так тут абяцана, – пацвердзіў ганец. – Дакладна прачытаў. Князь пільна паўзіраўся ў твар ганца і новая думка яму стрэліла.
– А ты, вашэць, не падумаў, што яго, той скарб, яшчэ ўзяць трэба? – ён ікнуў на ўсю хату і пацягнуўся да кубка.
Ганец мусіў пагадзіцца, што так, трэба яшчэ ўзяць. Князь загуставаў у спрэчцы з каралеўскім давераным чалавекам. Чытанне пераходзіла ў палітычную спрэчку.
– Па ўсім выглядае, пане—браце, – зазначыў князь нібы прамаўляў на сойміку, – Міласцівы пан нам гэта і прапануе? Хіба не так?
Што заставалася каралеўскаму пасланцу? Добра і тое, што хоць данёс каралеўскія прапановы так бы мовіць, de verbo ad verbum? ад слова да слова. Можа і адказ які пісьмовы дасца выціснуць? Але дзе там… – Міласцівы пан толькі і спадзяецца, што на вашу княскую мосьць. Пісаць не любіць, таму проста кажа, што ніхто іншы, на такое не здольны, – рашыўся запэўніць ганец.
Урэшце, хто пазней за гэта спытае? Удабруханы князь кіўкамі галавы ўхваліў разумнасць, што ні кажы, маладога яшчэ ганца. Тым не менш, маладзён больш дбае пра Міласцівага Пана, а ў нас тут свой інтэрас!
– Але ж, пане—браціку, – пацвельваючыся з маладой недасведчанасці ганца, і неабачлівасці караля, расставіў князь слоўную пастку, – калі мы той скарб возьмем, то навошта нам яго некаму аддаваць? Хоць бы і Найяснейшаму пану? Га? Хіба ж самі не здолеем палічыць ды распарадзіцца?
Бяльматыя вочы патрабавальна ўпіліся ў ганца.
– Але ж Міласцівы пан і ў выпадку няўдачы, ці скажам пустога скарбу, ахвяруе са сваёй шкатулы, – напомніў ганец адпаведны пункт.
Князь грэбліва адмахнуўся.
– Ат! Якая там шкатула! Ды і памер жолду, сам жа чытаў, будзе меншы. Што мне на гэта войска скажа? А што нам замінае пасля Масквы злупіць кантрыбуцыю з некалькіх некранутых гарадоў? Га?
Адмаўляць такі шанец ганец не рашыўся. Але трэба падтрымліваць размову, каб давесці чытанне да нейкага канца і шчасліва сыйсці.
– Але ж, яснепане, гэта піша прававіты манарх, – заўважыў ганец. – Можна сказаць уласнаручна, manu propria, – побач каралеўскага імя рызыкнуў лаціны.
І так не ўяўляў, як усё пачутае будзе пераказваць хоць бы вялікаму канцлеру. Пра каронных урадоўцаў і думаць баяўся. Гарачыя думкі князя пра незрабаваныя гарады раптам спынілі свой вір і саступілі думкам пра ганца. Няпэўнай рукою згроб лоўж папер убок і ўтаропіў позірк у твар гэтага нахабнага маладзёна. Бо хіба не нахабства патрабаваць, каб ён, гетман царова войска, бег, як хлапчук, на заклік пад Смаленск, ці яшчэ куды, хоць бы ў тыя гіблыя Інфлянты, хоць бы і па загаду манарха.
– Міласцівы пан, – ікаючы і запінаючыся, прамовіў князь, – зацяўся на Смаленск, бо ад пачатку прагнуў, каб не карантышу Жулкеўскаму, а яму, Найяснейшаму пану, ключы вынеслі! Ну, а я тады з чым бы застаўся?
Князь патрос галавою, нібы адганяючы прыкры прывід каралеўскага трыюмфу.
– О, тады ён будзе хваліцца, што адабраў горад страчаны амаль сто год таму. Так ці не? – патрабавальна выгукнуў да ганца.
– Так, яснепане, так, – пацвердзіў Бражына, здзіўлены нечаканай памятлівасцю князя.
– Але сядзіць кароль з немалым войскам, бо даў, ведаю, Жулкеўскаму толькі жменьку. Але, як гэта мяне вучылі?…Non est ad astra… – князь гучна ікнуў і ўтаропіўся ў маладзёнаў, чакаючы падказкі, – ага, ага, ad astra… mollis… et sera via. Во! Скеміў? Лежачы на баку, вялікім не станеш, хоць ты і кароль. Падчашы ледзь чутна шапнуў: – Хутка здасца, бо ў лаціне не моцны.
Але князь не скончыў стратэгічнага разбору.
– А Жулкеўскі, ведаю, разумна казаў: пайшлі на Маскву, захопім, то Смаленск сам паддасца. Дык не! А зараз Міласцівы пан кліча, каб я яму тыя ключы забяспечыў, бо не хоча з Жулкеўскім славу дзяліць? Ты на гэта мяне падбіваеш?
Князь вырачыў набеглыя крывёю вочы. Бражына падумаў, ці не мроіцца Ражынскаму нехта важны ў яго асобе.
– Я толькі ганец, яснепане, – стрымана нагадаў маладзён. – А што, пане—браце, калі я цябе цару—бацюшку аддам? А там цябе агнём ды жалезам?…
Ачмурэлыя вочы загарэліся цёмным полымем і ганец падумаў, ці не закатуе князь сам сябе вось гэтымі поўнымі збанамі. Нібы на каманду князь ухапіў бліжэйшы і наліў кубак, аж праз край пацякло. – А гэта, яснавяльможны пане, – павольна, каб той усведаміў, што гаворыцца, пачаў Бражына, не адводзячы вачэй, – вам самому дабром не выйдзе.
Спакой даваўся цяжкавата. Мала што ўзбрыдзе з п'яных вачэй пры бязмежнай уладзе. Заўважыў ледзь улоўны цень ухвалы ў княскім паглядзе. А мо' то была толькі цікаўнасць.
– Як яснепан разумее, я тут не сам па сабе. Запавешчана прыбыццё высокіх асобаў з каралеўскімі даручэннямі. А тады кожнаму, як кажуць, па справах яго.
Князь сербануў з кубка, але нешта стрымала яго, каб не выхлептаць падчыстую, адставіў і гучна зарагатаў.
– Бач ты! Кожнаму па справах! Тады думаеш і мне нагарыць за выдачу каралеўскага шпега?
Ізноў прыклаўся да кубка. Ганцу пахаладзела спіна. Як ні мерай, пан гетман мае рацыю, калі прысягнуў цару верную службу.
– Проста я ведаю, – прамовіў Бражына як найспакайней, – што Яснавяльможны пан не адступіўся ад Рэчы Паспалітай і караля, нашага Міласцівага пана. Дагэтуль, насмелюся сказаць, vinum locutum est, прамаўляла віно, не чалавек.
Князь пахіснуўся, хапаючыся за стол. Квас цверазіў але не вяртаў сілы.
– Палітычна прамаўляеш, хлопча! – пахваліў ганца. – Налі яму і сабе, падчашы!
Пацягнуўся рукою да кубка, але грэбліва варухнуў даланёю і двума кулакамі ўпёрся ў стол, каб не зваліцца. Матлянуў галавою падчашаму і той адставіў збан.
– Дапамажы, вашмосьць, калі ласка, – папрасіў, паказаўшы на князя.
Ганец падскочыў і, падхапіўшы князя пад рукі, удвох павялі—пацяглі ў суседні пакой. Хлопец адной рукою хуценька паправіў падушку і князя ўладкавалі на пасланне.
– Прытрымай, вашмосьць, – хлопец ухапіўся за цяжкі жаўнерскі бот. – Часам прымроіць, што яго тарбахваты абіраюць, можна і абцасам у лоб атрымаць. Добра, што ў абутку князь непераборлівы, бо сцягні фацэтны шляхецкі бот з п'янага. Хлопец акурат і падзяліўся гэтай думкай са спагадлівым ганцом.
– Простых халопаў да сябе не дапускае. Князю, кажа, шляхціц мусіць слугаваць, – пажаліўся падчашы. – А тут яшчэ рана ад стралы яму дакучае. Цяжкая, год як ля Масквы собіла, а ўсё смыліць. Кінь бот вунь туды ў кут, калі ласка.
Ганец узяў бот, зірнуў, дзе паставіць, і замёр, як перуном уражаны: у куце скопам ляжалі паперы, пакамечаныя, у скрутку, перагнутыя, з абарванымі пячаткамі.
– Што гэта? – запытаўся, ужо ведаючы адказ.
– А гэта паперы яснавяльможнага. Пісарчук раней парадкаваў, але тыдняў дзесяць таму забілі ў бойцы. Вось пан так і кідае. І адпісаць некаму.
Ганец узяў адну паперыну, другую. Не дай Божа і яго лісты трапяць вось у гэту «канцылярыю»! Сюды ж хто хочаш можа зайсці. Апроч двух вартавых, што па—хлапечы гулялі ў ножыкі невялікім кінжалам, анікога пры кватэры пана гетмана не згледзеў. Адразу ж прапусцілі да князя, пачуўшы, што прывёз пошту.
– Слухай, вашмосьць, – павярнуўся ён да падчашага, калі другі бот стаў у кут. – Ты ж не хочаш шкоды ні каралю ні Айчыне нашай? А найперш князю?
– Вядома, як жа іначай. Іначай гэта здрада. Я б да каралеўскага войска з ахвотаю, але пан не пускае. Ды бацькаў загад… – Разумна кажаш, – пахваліў Бражына. – Таму знайдзі які мех ды складзі ўсё гэта парадкам. А як пан будзе пры розуме, дапытайся, што з усім гэтым рабіць, ці каму аддаць. Можа і спаліць загадае, то сам займіся, каб іншаму каму ў рукі не трапілі.
Хлапчына замаркоціўся. Мабыць, не ўяўляў як гэта будзе дапытвацца ў пана—князя наконт канцылярыі. Магчыма, гэта турбота і падказала яму нечаканую для ганца прапанову.
– Слухай, вашмосьць, а можа твае паперы лепш забраць, чым тут будуць паняверыцца? Пан на іх злаваў. Для караля Ягамосьці, кажаце, важныя, а ў чужых руках небяспечныя.
Ганец задумаўся. Сапраўды, калі б зараз нехта перахапіў гэтыя лісты, то і самому князю—гетману, можна сустрэцца з царыкавым панам маладобрым. А непрыяцеляў пры такой пасадзе кожны чалавек прыдбае, не стараючыся. Лепш спадзявацца, што князь засвоіў пачутае і не зарызыкуе разгалошвання. Хоць бы дзеля ўласнае бяспекі, бо не давядзеш, што не з—за твайго нядбальства лісты да непрыяцеля трапілі.
Гнядко знаходзіць гаспадара
Мінай крыкнуў яшчэ ад парога: – Пане, ваш гнядко сабе новага гаспадара знайшоў!
Бражына адразу падумаў, што гэта да яго, хоць у двары было некалькі гнядых. Зацікаўлены выйшаў на двор, дзе вакол ягонага каня ўжо тоўпілася і гаманіла цэлая грамада. Пара—тройка сапежанскіх афіцэраў, улучна з Малеем, некалькі ягоных жаўнераў. Гняды, нібы задаволены агульнай увагай і нечаканай сустрэчай, пагойдваў галавою, паклаўшы шыю на плячо афіцэра, а той пагладжваў каня па гладкай скуры і нешта тлумачыў жаўнерам.
– Толькі згледзеў, пане, то і заіржаў на ўвесь двор! – у захапленні расказваў Мінай, ведучы ганца да каня.
Відаць было, што хацеў бы мець такога адданага сябра.
– Вітаю, вашмосьць, – падаў руку Бражына. – Спадзяюся, не палічыш мяне за канакрада? Завуся Ігнат Бражына. На службе ў яснепана Льва Сапегі.
Бражына спаткаўся поглядам з маладзёнам і ледзь не ўскрыкнуў: чалавек меў розныя вочы! Адно шэрае, другое сіняе як неба! Чаму ж не паехаў ад манастыра разам з імі?
– І ў галаву не магло прыйсці, – запэўніў гаспадар гнядога. – А я Ільяш Юдыцкі. Але адкуль ён у цябе?
Ці то Бражыну здалося, ці пытанне сапраўды гучала насцярожана. Можа і ўсмешка выглядала крыху вымушанай. Чалавек, вызваліўшыся ад ласкавага дотыку конскай пысы, прачасаў пальцамі грыву.
– Прызнаюся, што не на кірмашы набыў, – адказаў ганец, неўпрыкмет прыглядаючыся, што на тое афіцэр. – Спачатку нейкія шышы майго падстрэлілі, а затым я ў іх гэтага звёў.
Здалося ці насамрэч, па твары Юдыцкага слізгануў цень непакою. Ён ласкава паляпаў каня па галаве, але ў вачах не праглядала радасці вяртання, як ні кажы, вартаснай маёмасці, калі не таварыша ваярскай долі—нядолі. Няўжо быў змушаны спехам шукаць тлумачэнняў, бо ўсё адбылося знянацку, прылюдна.
– Глядзі ты, якое супадзенне! – усклікнуў афіцэр. – Ці не тыя самыя, што ў мяне гнядка звялі. Адзінага з табунка.
– Я ж казаў, што гэтага коніка пазнаю! – уставіў сваё Мінай. – Ужываў маёй гасціны.
Бражына перахапіў позірк афіцэра. Быў амаль пэўны, што гэты чалавек быў на сцяжыне з пасткай. Ужо тое сведчыла, што не дапытваўся, дзе ды як адбіў Бражына ягонага каня. А можа і не верыў у ягонае тлумачэнне. І позірк гэты насцярожаны.
– Што ж, забірай свайго гнядка, – сказаў Бражына. – А я не паспеў і падумаць пра мянушку. Нічога майго на ім няма. Толькі хлеб ды вяндліну, прабач, з'еў.
Пра хлеб вырвалася само і ганец мог бы пабажыцца, што афіцэр злёгку збялеў і залішне ўважліва стаў аглядаць Гнядку капыты. Адолеў разгубленасць і ўсміхнуўся.
– Ну, за хлеб на цябе павінны шышы крыўдаваць, – ён з ваганнем зірнуў на Бражыну. – А як жа ты без каня?
Здалося пабойваецца нейкай хітрасці.
– Ды ўжо неяк, – паціснуў той плячыма. – Іншага набыць давядзецца.
– Тут не так лёгка з добрым канём, – заўважыў нехта з гурта.
Было відаць, што Юдыцкі адчувае сябе ніякавата. – Але ж так нельга, – запярэчыў ён. – Вазьмі хоць грошы. Ты ж захаваў мне каня, калі падумаць.
– Тады выйдзе, вашмосьць, што я з тымі шышамі дзеля выкупу твайго каня звёў, – засмяяўся Бражына. – Ён жа сам цябе прызнаў. Бяры і не думай!
Здавалася, афіцэр супакоіўся.
– Ну, дзякуй! – прамовіў ён, шчыра ўзрадаваны і, крышачку павагаўшыся, запытаўся: – А калі я табе каня прапаную? Не такога, праўда, але не здыхлю, не падумай.
Бражына падумаў, што, заваліўшы таго вартавога, мог бы парку коней пагнаць на шворцы. Але ж абставіны былі не тыя…А зараз прасіць грошай у Яна Сапегі было б няёмка, сваіх на добрага каня не меў. Але Юдыцкі ўжо махаў у бок стайні і нецярпліва пстрыкнуў пальцамі. Моцны хлапчына падвёў неблагога каня пад сядлом і падаў повад Бражыну.
– Вы, пане, пачастуйце яе, – працягнуў на руцэ кавалак сухара. – Падсолены. Вельмі даспадобы. Адразу прызнае за гаспадара.
Бражына паслухаўся. Беручы сухар, заўважыў, што руцэ не хапае мезенага пальца. Пакуль кабылка хрумстала пачастунак, без спеху агледзеў падарунак, праверыў сядзельную папругу, паторгаў страмёны. Усё было ў лад.
– Як падзяку за ўтрыманне Гнядка? – прамовіў да Юдыцкага. – Што ж, думаю, гэта ганарова для нас абодвух? – ён азірнуўся на грамаду за меркаваннем.
Усе згодна загулі, што гэта вельмі па рыцарску, з такой нагоды і да шынка зазірнуць варта.
– Ну то едзем на магарыч? – запытаўся ў Юдыцкага і скочыў у сядло.
Кабыла заўпарцілася, спрабавала падбрыкваць, але праз паўсотні крокаў скарылася, а праз паўвярсты была і карчомка. Выглядала як перанесеная з віленскага ці менскага тракту. Бражына, паручнік Малей і Юдыцкі пакінулі коней пад нагляд хлапца, занялі вольны стол і запатрабавалі пачастунку. Калі перакулілі па першай чарцы, паручнік запытаўся: – Дык як жа вашмосьці дастаўся гняды?
Бражына пераказаў лясную прыгоду, не адбягаючы ад праўды, але трымаючыся шышынага нападу, як адзінага і неаспрэчнага тлумачэння.
– Шмат гэтай набрыдзі па лясах, – пагадзіўся паручнік. – Уцякуць з войска, а карміцца неяк трэба… Юдыцкі слухаў, здавалася, рады вяртанню каня. Звычка Бражыны не давярацца першым уражанням змушала ўважліва сачыць за кожным яго словам ці выразам твару. Размова звычным парадкам перайшла на царыцу і царыка, на ягоных правадыроў—ваяводаў. Што на Маскве чуваць.
– Імяніты народ сплываецца! Як і падзеляць пасады ды даравізны?
– Неяк паладзяць.
– Абы без крыві, але нешта мне падказвае, што такія надзеі не маюць грунту, – прызнаў Малей.
– Глядзі, а то Зарудзкі цябе падсцеражэ, то і Сапега не дапаможа! – папярэдзіў Юдыцкі. Паручнік толькі заўсміхаўся і пакруціў галавою.
– Ці не збіраешся да царэвічава войска? – Юдыцкі кінуў на Бражыну дапытлівы погляд. – Вунь колькі з'ехалася і канца не бачна.
– Не такога імянітага роду, каб царэвіч спакусіўся на мае паслугі, – аджартаваўся Бражына.
Юдыцкі з недаверам пакруціў галавою.
– Не кажы, – даволі горача запярэчыў Юдыцкі, – чалавек з галавою сваё месца згледзіць і адстоіць. – Не ўсім шанцуе, – запярэчыў Малей. – Вось наслаў царык на Ніжні князя Сямёна Вяземскага. Разбілі яго ніжагародцы, а самога павесілі на плошчы. Вось і знайшлі яму месца! З ніжагародцамі яшчэ будзе клопат.
– Здараецца і такое, – прызнаў Юдыцкі.– Але вазьмі хоць Зарудзкага… Юдыцкі азірнуўся, нахіліўся да Бражыны і сцішыў голас.
– Хлопец ні чытаць ні пісаць, родам з цярнопальскіх месцічаў. З татарскага палону на Дон. З данцамі да «царэвіча», разам з Балотнікавым Маскву аблягаў. Той даручыў прывесці войска на выручку Туле. Нашы кажуць homo novus, выскачка! Але паказаў сябе і зараз кіруе Казачым прыказам дай Бог якому радавітаму баярыну. І хто смелы нешта яму загадае ці ў нечым перашкодзіць? З баярамі, з ротмістрамі, ці то кароннымі ці нашымі, ладзіць найлепшым чынам.
Малей не сцяпеў, каб не кінуцца з удакладненнямі.
– Людзей мае больш чым Ражынскі. Чаму ж царэвічу не цаніць такога памагатага? Трэба прызнаць, што не лянуецца. Стражу сам правярае, дазоры вызначыць і наказ дасць. Падмацаванні збірае.
Паручнік змоўк нібы пад цяжарам атаманавых заслуг і здольнасцяў. Адразу ж заступіў Юдыцкі. Відавочна поспехі Зарудзкага не давалі спакою лаўцам удачы. – Лазутчыкаў рассылае і злоўленых дапытвае, – Юдыцкі на няўлоўнае імгненне прымоўк і кінуў усё той жа дапытлівы погляд на Бражыну. – У Ражынскага адзін клопат, так што глядзіш Заруцкі і вышэй пойдзе.
Бражына абвёў поглядам застольнікаў. Усміхнуўся абодвум.
– Не іначай, вашмосьці, спакушаеце мяне кінуць свайго пана і пашукаць ласкі іншага, – засмяяўся як мага нязмушана. – Але ж гэта, як ні круці, рызыка. Можна і прагадаць.
– Калі на кінуў—рынуў, то канешне, – прызнаў Юдыцкі. – Але маючы спрыянне… Вось прыкладам шведскім наймітам маскоўскі цар грошай не пашкадаваў, – Юдыцкі нібы ўхваляў гасудараву шчодрасць, якая магла дзеяць на шкоду і тушынцам і каралю. Макей не застаўся абыякавым да спраў жолду.
– І ў нашым, вялікалітоўскім войску ведаюць, што кавалерыя мецьме па пяцьдзесят тысяч штомесяц на таварыства. Пяхоце менш, бо трыццаць пяць. Галоўны над войскам атрымае пяць тысяч, а над кавалерыяй толькі чатыры, як і пяхотны. Усім астатнім афіцэрам на гурт пяць тысяч на месяц. Няблага, калі да іх прыстаць.
Бражына паказаў, нібы мяркуе, ці варта туды падавацца.
– Чаму ж вашы не бягуць? – запытаўся. – Заробак канешне неблагі, калі галава ацалее. Ці не зусім паверылі?
– Там, канешне, няма той волі, што ў тушынцаў, – зазначыў Малей. – Ну і да цара прыглядаюцца. Няпэўнасць усё—ткі… Бражыну цікавіла, што Юдыцкі на такое далікатнае пытанне. Але той не ўхіліўся і адказаў грунтоўна.
– Чаму, пытаеш, паверылі ва ўратаванне? Тых, хто не бачыў забітага на ўласныя вочы, па—за Масквою большасць. Іх спадзяванням адпавядала паверыць. Сяляне дагэтуль лічаць, што баяры перашкодзілі царэвічу даць абяцаную волю за першым з'яўленнем. Тыя, што за Балотнікавым пайшлі, дасюль не даравалі і думаю не даруюць памешчыкам адмену Юр'ева дня. Ім тасама абы царэвіч… Бражына паказваў, што не абазнаны ў справах Масковіі, але вельмі цікавіцца.
– І дваранства на баяраў даўно зуб мае, – Юдыцкі быў рады служыць сваім досведам. – У іх жа ні сойму ні соймікаў і з гасударом сваім не паны—браты. Царэвіч, калі не сам адчуў іх прагу мець кавалак правоў і ўлады, то нашы падказалі. Чаму ж дваранству ды ратным людзям не далучыцца, калі ўвесь час выстаўляўся са сваёй пашанай ды клопатамі пра «воінскі чын»? За тым разам не атрымалася… Малей, як знаўца маскоўскіх падзей, паварушыў вусамі, паківаў.
– Ад цара Васіля гэтага век не дачакаюцца, – пацвердзіў рашуча і неаспрэчна. – Так што ўсім край неабходна прызнаць царэвіча жывым.
Ясней не скажаш. Было відавочна, што і Юдыцкі не лічыць уратаванне неаспрэчным. Нават больш таго…Але прызнаць зручней і карысней…Калі ўся грамада выходзіла з шынка, знадворку даляцелі гучныя крыкі. Хлопец Юдыцкага, распіхваючы разявакаў, выскачыў на сярэдзіну вуліцы.
– Мой Сіўка!
Нейкі ярыжка намерыўся гнаць у намараную далеч спраўнага сівога коніка.
– Плачу за жывога ці… – голас Юдыцкага раптам абарваўся.
– Не трэба, пане!
Хлопец сунуў пальцы ў рот і пранізліва свіснуў некалькі разоў. Сіўка, ужо адбегшы на сотню сажняў, раптам затанцаваў на месцы, стаў дыбкі і, узбрыкнуўшы, выкінуў вершніка нібы з прашчы. Гучны рогат разявакаў не абудзіў няўдалага канакрада з непрытомнасці. Яшчэ адзін свіст паклікаў сіўку да гаспадара.
– Вось гэта муштра! – ў захапленні прамовіў Бражына.
Баранюся імем Бога!
Невялікае але гаманкое торжышча тоўпілася на цесным пляцыку між будаў, зямлянак і хатак, некаторыя з якіх былі і жытлом і крамкамі ўладальнікаў. Здавалася тут немагчыма адрозніць пакупнікоў і гандляроў: ніхто нікога не слухае і ўсе ўсіх гукаюць, прапаноўваючы продаж і абмен. Шныпарылі здольныя сцягнуць, што дрэнна ляжыць, каб збыць яго ў іншым канцы паселішча. Насцярожана выглядалі пакупнікоў гандляры крадзеным. Бражына, прыпомніў, што не пашкодзіла б пашукаць чаго—кольвек вартаснага са збруі. Пайшоў наўкруга пляцыку, прыглядаючыся. Трое вакол неблагога каня стаялі зводдаль, між будак, нібы наасобку ад агульнай гурмы. Двое пра нешта дамаўляліся, трэці стаяў спіною да Бражыны і, упёршы даўгое тапарышча баявой сякеры ў зямлю, ваўчком пакручваў лязо, так што яно здавалася бліскучай булавою. Багатая збруя і квяцісты, тканы золатам чапрак, пацягнулі прыгледзецца бліжэй. «Мабыць прыперла баярына з грашыма, а збываць каня на людзях сорам», – падумаў Бражына і ступіў крок—другі. Не супраць будзе ўладальнік, калі нехта збоку пахваліць і каня і рыштунак. Бо эфес райтарскай рапіры пад чапраком таксама быў не бядняцкі, а гаспадар паставай і адзеннем пасаваў на ваяра. Тых пару сказаў, што нехаця вымавіў, гучалі па маскоўску з акцэнтам, але ясна і дакладна. Напэўна найміт. Як казалася, немец.
Торг ішоў не вакол каня. Невысокі, спрытны чалавек, апрануты не бедна, але не на меру пакупніка такога каня, перакінуўшы на плячы рамяні пары страмёнаў, другую якраз прыкладаў да сядла, захвальваючы тавар. Магчымы набыўца адмахнуўся ад прапановы і моўчкі паказаў на трэцюю пару, што пазвоньвала ў левай руцэ гандляра.
Той, увішны і пралазісты, не выглядаў на майстравітага, каб гандляваць уласнымі вырабамі. Хутчэй за ўсё, як і сякернік, быў з таго самапальнага войска, дзе кожны здабываў сабе сродкі на пражыццё, гандлюючы здабычай. І гэты тавар быў хутчэй зрабаваны ў якога рымара, чым узяты на пераможаным непрыяцелю.
Трэцяя пара страмёнаў, сапраўды, была не ў прыклад лепшай. Гандляр, паказаўшы пысай, на які каштоўны тавар замахваецца пакупнік, нехаця павесіў адкінутую пару на плячо. Нібы сумняючыся ў здольнасці ваяра заплаціць, распусціў вузел, адно стрэмя падаў яму, другое ізноў прыклаў да конскага боку. – А путлішчы, пане! Зірні на путлішчы! – ён правёў другою рукою па моцным рэмені. – Шоўк! А тым не менш чыстая скура. Век не парвецца! І шабля не возьме! – падахвочваў гандляр.
Бражына ступіў яшчэ пару крокаў, каб не надта назаляцца са сваім прыгляданнем.
Мажлівы набыўца не спяшаўся пагадзіцца. Пакруціў у руках выдатна каванае з багатай насечкай стрэмя. Па ўсіх прыкметах завандравала сюды з Усходу. Можа з Крыму, а можа праз Казань з купецкім караванам. Гандляр усё стараўся зазірнуць ваяру ў вочы, каб не прагледзець і кінуць лічбу цаны ў той момант, калі пакупнік канчаткова засмакуе ў тавары.
– Гэта ж бот век не выслізне! Ці то на падтрымцы, ці ў нападзе стоячы, нага спаць будзе!
Відаць, апошняя заўвага падказала пакупніку ўпэўніцца, як будзе з нагою, што мае спаць у стрэмені. Нахіліўся і, узняўшы мысок бота насунуў на яго стрэмя. Прыціснуў да зямлі, нацягваючы рукою путлішча. Парухаў нагою ўправа—ўлева. Бражына, пераводзячы вочы на стрэмя, заўважыў як гандляр пераміргнуўся з прыяцелем і той спыніў віраванне сваёй смерцяноснай прылады. Ваяр, не разгінаючыся і не паслабляючы рэменя, ускінуў галаву, нібы хацеў нешта запытаць ці выказаць меркаванне, калі над яго галавою ўзвілося цяжкое стрэмя.
Усё адбылося імгненна. Ваяр таргануўся ўбок, страціў устойлівасць і, атрымаўшы жалезам у плечы, торкнуўся тварам у зямлю. Не паспеў ці не здолеў варухнуцца, як сякернік ускінуў сваю страшную зброю над галавой. На тым бы і канец багатаму набыўцу, але Бражына зрабіў скачок і даў выспятка сякерніку. Чаму гэтыя двое не зважалі на сведку, Бражына і пазней не мог даўмецца. Можа лічылі, што не асмеліцца ўмешвацца, бо такія сутычкі нікому ў лагеры не ў навіну. Бражынаў бот дадаў сякерніку імпэту на лішні крок. Нападнік кульнуўся цераз ваяра, выпусціўшы тапарышча, і сякера ўпілася ў зямлю за ахвярай. Бражына выхапіў кінжал, але супраць двух з кінжалам не ўстоіш! Кінуўся да каня: там рапіра! На шчасце супольнікі не рваліся ў бойку. Гандляр, упусціўшы стрэмя, адскочыў, як толькі бразнуўся няспрытны таварыш. А той, падхапіўшыся, вырваў з зямлі сякеру і кінуўся ўслед. Сціскаючы рапіру, ганец насцярожана агледзеўся. Нездарма зазвалі ваяра ў гэты кут. Усё здарэнне не прыцягнула нічыёй увагі. Бражына толькі зараз павярнуўся да пацярпелага, які ачомваўся ад удару і перапуду, усведамляючы, ад чаго ўратаваўся. Рашучасць незнаёмца вырашыла, жыць яму ці ляжаць з рассечаным хрыбтом альбо без галавы. Стрымліваючы стогн, цяжка ўзняўся на калені. Відаць, атрымаў у чуллівае месца.
– Але ж ты і рызыкаваў! – прамовіў ваяр хутчэй у здзіўленні, чым з удзячнасцю, вымоўна зірнуўшы на кінжал у руцэ Бражыны.
Той сунуў кінжал у похву і, не выпускаючы рапіры з правай, падаў левую, каб дапамагчы ўстаць.
– Вэрэ міхь міт Кготт, баранюся імем Бога! – натужна ўсміхаючыся, прамовіў да ўратаванага. Сам не ведаў з якой прыхамаці прамовіў па нямецку. Толькі зараз усведаміў небяспеку свайго ўмяшання. Ваяр, глуха войкнуўшы, стаў на ногі і пільна зірнуў у твар свайму збаўцы.
– Каб не твая цікаўнасць да збруі, быў бы ўжо ў Валгалле, – сілячыся на жарт, азваўся ваяр па нямецку. – Не думаў, што такое можа здарыцца побач з натоўпам.
Бражына ўсміхнуўся сваёй здагадцы прамовіць па нямецку. Але дапытвацца, хто перад ім, лічыў няўчасным. Нібы не ратаваў бы, не ведаючы племені. Ваяр пахіснуўся, цяжкаватыя ўсходнія страмёны! Бражына, дацягнуўшыся, сунуў рапіру ў похву і прапанаваў: – Давай ускараскаемся на сядло. А руку трэба паберагчы, каб горш не развярэдзіць.
Той не пярэчыў. Не такі перад ім чалавек, каб рабіць марсавую міну. Калі, нацярпеўшыся, уладкаваўся ў сядле і ўзяў повад левай рукою, Бражына прамовіў.
– Ведаеш, цябе ж могуць перастрэць, а што ты з адною рукою.
Ваяр адкрыта зірнуў на Бражыну і той зразумеў, што напад быў не рабаўнічы, тут нешта іншае.
– Так па праўдзе, на сваіх паблізу не разлічваю, – прызнаўся на Бражынаву перасцярогу. – Швед я. Таму ахову прымаю з удзячнасцю, – усміхнуўся ён. – Шкода, калі твой учынак змарнуецца якой поскуддзю.
Бражына падняў і звязаў страмёны, перакінуў цераз луку сядла.
– Не кідаць жа гэткую здабычу.
Няспешна выбраліся на больш людную вулку і, размаўляючы ні пра што, дабраліся да невялікага будана, збітага з акораных і з большага часаных бярвенняў. Між бярвеннямі тырчэў не вельмі ўдала закладзены мох, понізу будыніна была абсыпана не надта старанна, але выглядала надзейна і мела над дахам комін.
– Ну, вось і наш замак, – прамовіў ваяр і ціха свіснуў.
З будана выскачыў белавалосы хлапец, і Бражына ледзь не ўсклікнуў, пазнаўшы суразмоўніка грума Юдыцкага. Ваяр прамовіў нешта па шведску і той падскочыў дапамагчы.
– Ого, якія страмёны! – усклікнуў у захапленні.
Удвох з Бражынам сцягнулі ваяра з каня і шчасліва паставілі на зямлі.
– Далей дам сабе рады, – усміхнуўся сваім дабрадзеям. – Прабач, пане, не клічу ў госці.
– Пра што мова, – адмахнуўся Бражына. – Няхай хлопец пашукае якога цыруліка ці кастаправа. Калі рубам прыйшлося, то і нашкодзіць магло.
– Разумна раіш. Але спачатку хлопец з табою пройдзе, каб рапіру маю забраць, – ён вымоўна зірнуў на хлапца і той пабег у будан. Бражына разумеў, што ваяр з нейкай важкай прычыны парушае законы гасціннасці, але непакоіцца за яго бяспеку. – Будзеш паблізу, заходзь. А ў нечым спатрэблюся, пытай Крыстэра Хёка ў кватэры князя Ражынскага. Даўжнік я твой неаплатны.
Хлопец выйшаў з будана з кордам і пры двух пісталетах за поясам. Вызваліў рапіру ваяра і сунуў сабе падпаху, паказаўшы, што гатовы.
– Няма пра што гаварыць, – адмахнуўся Бражына. – А наведаць – наведаю. Бывай здаровы, вашмосьць, адлежвайся! – прамовіў, забіраючы рапіру ў хлапца.
– Яшчэ раз дзякую, – адказаў ваяр. – Здаецца, не зрабіў гэтага дасюль.
Да сапежанскай рэзідэнцыі дайшлі без прыгод, грум развітаўся кароткім паклонам заспяшаўся да свайго гаспадара. Ля стайні Мінай старанна чысціў бражынаву кабылку і ганец падышоў яшчэ раз прыгледзецца падарунку Юдыцкага. Усе прылады ляжалі на разасланай дзяружцы.
– Зграбная дзяўчына, – Мінай пашлэпаў па холцы буланку. – А той бялявы, што прыходзіў з вамі надоечы, ён і да пана Юдыцкага прыбягаў з нейкімі даручэннямі, са Сцяпанам балаболіў, халера іх ведае як разумеліся.
Гэта было нешта! Сцяпан без пальца! Грум Юдыцкага!
– Але пан Юдыцкі, здаецца не ва ўсім з імі трымае, – удакладніў Мінай свае назіранні.
Расчасаў грыву вялікім драўляным грэбенем і пацягнуўся за шкрэбалам. Бражына знямеў.
– Адкуль у цябе гэта шкрэбала?
– Згледзеў, беручы буланку са стойла. Маё амаль сцерлася, а гэта нехта пакінуў.. А што? Чаму нельга?
Хлопец сунуў пальцы пад раменьчык і старанна зашоргаў, прыгаворваючы.
– Вось! Раз пад волас, два па воласу! Аксаміт!
Задаволены шлэпнуў кабылку па азадку. Бражына міжволі азірнуўся. Нікога.
– Паслухай, Мінай, – ціха прамовіў да хлапца. – Занясі шкрэбала, дзе браў, і вазьмі сваё, але каб ніхто не бачыў. І нікому ані слова!
Мінай зразумеў, што распытваць нельга. Паслухмяна сунуў шкрэбала пад кашулю і нядбалым крокам скіраваўся да стайні. Вярнуўся са сваім шкрэбалам і пачаў чысціць спіну кабылы, час ад часу паглядаючы на Бражыну. Той ўсміхнуўся з палёгкай: хлопец не дурань і чакае тлумачэння.
– Пра шкрэбала пасля пагутарым, – паабяцаў Бражына. – А вось той бялявы, ён жа ў нейкага Крыстэра Хёка на паслугах. Шведа ці немца?
– Не ведаю з якіх ён, але мне ні ён ні ягоны пан не падабаюцца. Шпегі! – задзірыста, нібы яму не верылі, усклікнуў Мінай.
Бражыну прыгадалася, як на пачатку сваёй службы быў схільны ў кожным незнаёмым бачыць шпега ці выведніка. Як пакутліва пазбаўляўся ад дзіцячай звычкі. Ведаў ад Малея, што хлопец раскрыў інкогніта сапежанскага пасланца і адорвае яго вялікім фаворам. Смех быў бы для яго абразай.
– Каб мець пэўнасць, што шпегі, адной непрыязнасці мала, – прамовіў памяркоўна.
Мінай пільна азірнуўся і прашаптаў з тым жа адценнем крыўды.
– А я не так сабе! Я, пане, на нядобрым іх падпільнаваў! Вось крыж святы! Прыйшоў той бялявы, шу—шу ды шу—шу. То я скеміў і поначы назіркам за Сцяпанам… Хата ў іх, зямлянка можна сказаць. І відаць не так даўно яе прыдбалі, бо трэба было да парадку яе прывесці.
– Тады іншая рэч, – пагадзіўся Бражына. Грэх адмахнуцца ад такога рупліўца. Заўжды рупіла ведаць як мага больш, асабліва калі сам адзін выязджаў у цёмную ноч, маючы за абаронцаў толькі корд пры сядле ды ўласную пільнасць.
– Але як ты іх разумеў, бо той жа немец ці там швед?
Мажліва, чары выведкі развеюцца самі сабою і таямнічыя намеры высвятляцца звычайнасцю.
– У тым, пане, і шчасце, што і бялявы гаварыў па нашаму, хоць не зусім гладка. – І пра што была размова?
– Адкажу пасля шкрэбала, – прыжмурыўся Мінай.
– Ну, добра, – здаўся Бражына. – Значыць, пра шкрэбала… Маё яно… Мінай праслухаў лясную прыгоду нібы казку. З тым большым запалам павёў свой аповяд. Спачатку шматзначна памаўчаў, даючы слухачу перанесціся ў час і падзею.
– Яны, пане, ці то спяшаліся ці ленаваліся, але лазняку вакол той хаціны не кранулі. Ззаду пад саменькую сцяну лёгка падкаціцца і слухай сабе, пакуль не абрыдне.
– Што, скрозь сцяну чутно? – запытаўся Бражына.
– Там адно найменне сцяна, – хмыкнуў Мінай. Над зямлёю пара вянцоў ледзь не з жэрдак і між імі моху і на лякарства не збярэш, шчыліны – палец пралезе. Адно, што сапці ці крактаць нельга: і яны пачуюць.
Бражына пахваліў дакладнае акрэсленне сітуацыі і паказаў, што гатовы пачуць самае істотнае. Мінай моўчкі кіўнуў, што разумее і прыступіў да выкрыцця змовы.
– Цеснавата тут у цябе, голас належаў таму бяляваму, – патлумачыў Мінай. – Выходзіла Сцяпан быў за гаспадара, ці ягоны пан, Юдыцкі значыць… – Затое бяспечна, – другі голас, Сцяпанаў значыць, адказвае. – Каму ўзбрыдзе ў галаву западозрыць, што тут нешта важнае адбываецца.
Правообладателям!
Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.Читателям!
Оплатили, но не знаете что делать дальше?