Текст книги "Дыплом на царства"
Автор книги: Аркадзь Ліцьвін
Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза
Возрастные ограничения: +16
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 20 (всего у книги 66 страниц) [доступный отрывок для чтения: 21 страниц]
Трыюмф Жулкеўскага
Маскоўскія вярхі не памыляліся наконт прыдатнасці казацкай гурмы для ўсталявання вярхоўнай улады. Атрымаўшы паведамленні, што Ноўгарад выправіў паслоў да Швецыі, пачалі азірацца за якім іншым прэтэндэнтам, апроч шведскага. Князь Пажарскі паведаміў аўстрыйцу Грэгары*, што Масква ахвотна прыняла б Максыміліяна, брата цэсара, каталіка і шукальніка многіх карон. Але далей ахвоты справа не пасунулася, важней было, каб Вена схіліла Рэч Паспалітую да мірных перамоваў з Масковіяй. Кароль Жыгімонт на перамовы не квапіўся, а ваяры гетмана Хадкевіча з ваколіц Вязьмы паглядалі на шлях да Масквы і выгледзелі нечаканае.
– Яснавяльможны пане, на Смаленскай дарозе, за Мажайскам, 11 верасня паслоў затрымалі! Настойваюць, што вялікае пасольства затрыманню не падлягае!
Ад'ютант паказаў рукою некуды за спіну, дзе тыя паслы маглі чакаць гетманскага рашэння. Хадкевіч хмурна зірнуў на афіцэра, паціснуў плячыма.
– Калі віжы не брэшуць, апалчэнне ў маскавітаў развалілася, пра новае пакуль, дзякуй Богу, не чуваць, – паціснуў плячыма гетман. – Нашы на Крамлі адмаўляюць мне паслушэнства, пагражаюць канфедэрацыяй, калі да 6 студзеня не дашлем платы. Ад каго ж тое пасольства, ды яшчэ вялікае? Як прайшлі незаўважна? Гэта ж процьма народу.
– Па іх словах, яснепане, менавіта пан Гасеўскі паспрыяў, – з ахвотаю тлумачыў ад'ютант. – З дапамогаю Яна Пятра Сапегі прарваў аблогу і паслы з Крамля праслізнулі.
– І тут без Сапегаў не абыйшлося, – пырхнуў злосцю гетман. – Але як там Ян, усё хварэе?
– Як навалілася немач першымі днямі верасня, так і не адпускае, – паспачуваў афіцэр. – Перавезлі ў Крэмль, але не спадзяюцца ратунку.
– Хоць і Сапега, шкода ваяра, – уздыхнуў Хадкевіч. – У цары Леў не прасунуў, то хоць памрэ ў царскіх палатах. Давай іх сюды, гэтых паслоў. Але толькі галаву, а не ўвесь кагал! Не чакаў ад гэтага пасольства нейкага зруху. Пачынаўся паход бязглузда, так, відаць, і закончыцца. Два Міхаілы, Салтыкоў з Нагім ды Фёдар Андронаў былі вельмі незадаволены затрыманнем.
– Святлейшы, князя Мсціслаўскага маю на думцы, – самавіта прамовіў Салтыкоў, – надзяліў нас паўнамоцтвамі і даў ахову, а людзі пана гетмана чыняць перашкоды. Так не водзіцца.
– Што дзе водзіцца, не зараз нам разбіраць, – перапыніў гетман без вялікага старання быць ветлівым. – З якімі ж наказамі выправілі вас баяры?
Загаварыў Фёдар Андронаў.
– Маем дайсці да караля Жыгімонта з ніжэйшай просьбай паскорыць прыезд каралевіча ў Маскву. Большасць імянітых па ранейшаму лічыць найлепшым выйсцем уцарэнне Уладыслава.
Вось табе маеш! Дачакаўся нарэшце паловы трэцяй тысячы жаўнераў, пакінуў Шклоў і стаў перад Масквой, адпаведна зычэнням караля. Не здзівіўся, што пазбаўленыя жолду, пакінутыя на ўласную вынаходлівасць крамлёўскія жаўнеры адмовіліся ад сумесных дзеянняў. Але навошта тыя вайсковыя дзеянні, калі баярства чакае і настойвае, каб з'явіўся каралевіч? Можа адказ у тым, што зараз паведаміць паслам?
– Надзеі на прыезд каралевіча, шчыра скажу, пакуль што марныя. Па даручэнню Найяснейшага пана, я павінен запатрабаваць, каб вы ад імя баярскага ўраду прызналі царом самога караля Жыгімонта.
Баяры былі агаломшаны. Надзеі імянітых кіраваць царом, калі ім стане Жыгімонт са сваімі езуітамі, не спраўдзяцца. Як бы не стала горш, чым ёсць! І напэўна ж стане!
– Не можам мы складаць такой прысягі ад ураду, – адказаў Салтыкоў. – Ад сябе асабіста вялікім паслам таксама чыніць таго не прыстала. Не з тым нас выправілі, не такія наказы мы атрымалі і абавязаліся выканаць.
Хадкевіч кіўнуў галавою. Сам на месцы паслоў не чыніў бы іначай.
– Што ж, воля ваша, – прамовіў Хадкевіч. – Пусціць ваша пасольства далей не магу. Але разумею ваш клопат. Таму зробім наступным чынам: вырашыце самі, хто паедзе да караля. Дарога далей бяспечная, шмат аховы не патрэбна. Астатнія павернуць назад. Куды скіруюцца, не маёй галаве балець.
Паслы пераглянуліся.
– На тым і станем, – з уздыхам пагадзіўся баярын. – Прапанова пана гетмана пакідае нейкую надзею. Калі не з пасольскім даручэннем, то ў асабістай аўдыенцыі варта паспрабаваць. Салтыкоў злавіў погляд гетмана, нібы спадзеючыся пацвярджэння, але нічога не згледзеў.
– Можа зразумее кароль, што сініца ў руках лепш, чым сокал у вышынях, – прамовіў баярын, дапытлівым поглядам выбіраючы тых, каму працягваць спробы.
Гетман Хадкевіч з палёгкай развітаўся з пасламі, каб праз тры дні, 15 верасня распачаць бой за Кітай—горад. Але разбіць маскавітаў не змог і раскінуў лагер на поўдзень ад Масквы. 12 кастрычніка 1611 года падвёў сваё малое войска да лагера маскавітаў, засланяўшага доступ да сталіцы. Правае крыло ўзначаліў малады вялюньскі стараста Станіслаў Канецпольскі*, левае – віленскі ваявода Мікалай “Сіротка” Радзівіл. Цэнтр Хадкевіч заняў сам, а ў рэзерве паставіў яшчэ напрыканцы верасня далучаны полк Яна Пятра Сапегі. Маскавіты не выйшлі ў поле і адступілі ў руіны горада, дзе за рознымі перашкодамі маглі касіць агнём кавалерыю ліцьвінаў.
– Не маючы дастаткова пяхоты, у гэтых развалінах загубім сваю кавалерыю. Разумней аддаліцца на зімаванне да Гомля, – пасля дакладнай рэкагнасцыроўкі гетман давёў сваё рашэнне рэгімэнтарам. – Гарнізон Крамля падмацуем тысяч да двух з паловай. Пакінем ім правіянту і фуражу. Сабе збяром пад Рагачовам. Хто рвецца адыйсці, дазволім далучыцца, але трэба каб такіх было няшмат. Пасілім угаворы застацца.
Жаўнеры Яна Пятра Сапегі павезлі ў Княства труну з целам свайго гетмана. Памёр ноччу з 14 на 15 кастрычніка, наказаўшы ў тэстаменце пахаваць яго на радзіме ў царкве ў Ляйпунах. З ім былі пахаваны і ўяўныя ці праўдзівыя мары ўсвяцкага старасты пра крамлёўскі сталец.
Хадкевіч міжволі параўноўваў дзве кампаніі. У Інфлянтах было б не ў прыклад лягчэй. Карл Судэрманскі пры смерці, сын яго непаўналетні, Данія вось—вось павінна заатакаваць шведаў. Быў бы шанец вярнуць Вялікаму Княству ўсё там страчанае… Гетман адчуваў, што паміма страты Смаленска і шведскага ўмяшання на поўначы, вагі перамогі паступова перахіляюцца на бок маскавітаў. Яшчэ ў жніўні 1611 года ніжагародцы заключылі пагадненне з казанцамі. Выспела скліканне новага апалчэння, паколькі першае відавочна было не здольна забяспечыць абранне цара. З надыходам зімы народная вайна ахапіла шматлікія уезды, паўсюдна беспакарана гойсаюць шайкі шышоў. З наяўным войскам супраць непрыяцеля дай Бог выстаяць, але як перамагчы? Ці пагодзіцца Сойм на новыя наймы? Але новыя наймы гэта новыя падаткі.
Сойм пачаўся 26 лістапада. Ад першага дня паслы востра накінуліся на каралеўскую палітыку ў стасунках з Масковіяй.
– Як мы дачуліся, гарнізон на Крамлі трымаецца астаткам сіл, – злосна даводзіў пасол з самых палітычных. – Недалёка і да капітуляцыі. Дык на якую халеру былі тыя цярпенні?
Згоды гул залі пацвярджаў непатрэбнасць вайсковай авантуры. Але і прыхільнікі заваёваў не драмалі. Падканцлер Крыскі кінуўся ратаваць сітуацыю. Апраўдваючы распачынанне вайны без згоды Сойму, раскрываў невясёлыя праўды пра падкопы незадаволеных разам з замежжам, заклікаў да далейшых высілкаў. Нават не спрабаваў крыцца з самымі ваяўнічымі намерамі караля адносна Масковіі. Але толькі падліў масла ў агонь.
Была надзея на відовішча. Трыюмфальнай падзеяй чацвертага дня Сойму стаў уезд гетмана Жулкеўскага да сталіцы. Ад касцёлаў па ўсяму гораду нёсся ўрачысты звон. Вёў працэсію вялікі канцлер Кароны Ваўжынец Гэмбіцкі. У асобнай карэце везлі Шуйскіх: цара Васіля, брата Дзьмітрыя і наймаладзейшага з роду, Івана. А ўслед менш значных палонных: патрыярха Філарэта, ваяводу Шэіна, баяр важных ды дваранаў. Васіль і Дзьмітрый неўзабаве памруць у Гастыніне, Філарэт і Галіцын правядуць гады ў Мальборскім замку.
Але пакланенне каралю цара з братамі не змяніла мірнага настаўлення Сойму. Не было недахопу ў з’едлівых выказваннях.
– Можна цешыць вока прыніжэннем нядаўняга ўладара Масковіі, – з’едліва прамаўляў незадаволены і непрымірымы. – Як заўсёды ў такіх выпадках, знаходзім безліч тых, дзякуючы чыім парадам Найяснейшаму пану ўдалося дасягнуць такіх сумніўных поспехаў.
– Ганебна спозненае ўшанаванне гетмана Жулкеўскага не можа схаваць, што ніякай перамогі не атрымалася, – пасольская гурма ўхвальна загаманіла і тут жа сціхла, даючы магчымасць самому трыюмфатару падагрэць жарсці.
– Мушу бязлітасна зруйнаваць хімерныя мроі вашай правялебнасці, – насмешлівы погляд гетмана Жулкеўскага знайшоў аднаго з вінаватых. Ксёндз Ваўжынец Гембіцкі незадаволена пакрывіўся, адводзячы вочы. – Велізарная славянская манархія пад каталіцкім каралём і царом па сумяшчальніцтву не мае ніякай будучыні, як не мела мінулага. Такія малявідлы могуць патрафіць манархам, але святару больш адпавядала б дасягненне мары мірным шляхам.
У выніку ўхваленых Соймам падаткаў не магло хапіць на вяртанне ўкладаў каралю і выплаты ваярам, што вяртаюцца з вайны. І мовы не было, каб выставіць новыя наймы.
Дасталося і Льву Сапегу. Адстойваючы права Вялікага Княства на Смаленшчыну і Севершчыну, сунуў кій у гняздо шэршняў.
– Гэта ж ніяк не падобна стагоддзямі ўжываць законы без зменаў! – з запалам даводзіў чарговы “палітычны”. – А менавіта на гэтай падставе паны ліцьвіны грунтуюць свае прэтэнзіі да Смаленшчыны.
Землі Вялікага Княства былі не меншай спакусай для караняжаў, як можных так і незаможных, чым свайго часу украінскія. Спустошаныя ці не зусім, дадуцца засяліць і даваць неблагі плён. Але стаяла на дарозе ліцьвінскае права. Моцна злавала зацікаўленых.
– Хітрыкамі яснепан Сапега атрымаў подпіс Найяснейшага пана пад сваім Статутам, – пераконваў наступны гаваркі. – А сёння новымі хітрыкамі спрабуе адкараскацца ад сваіх колішніх абяцанкаў аддаць Смаленск у падданства каралю. А землі тыя, калі ўспомніць пра стагоддзе маскоўскай акупацыі, вельмі слаба звязаны з Княствам, а таму Карона…
Моцны гул і крык з лаваў Вялікага Княства заглушыў філіпіку пасла. Прыяцелі і нядобразычлівыя Сапегам стаялі поплеч у абароне свайго Статута і адвечных уладанняў.
Але на змену “палітычным” ужо спяшаліся не менш зацятыя «маскоўскія жаўнеры». Накінуліся на канцлера Сапегу нібы на злейшага ворага. – Яшчэ перад Соймам 1609 году, сам там быў, – аж лопаўся ад злосці чарговы “сталічны”, – не паслом праўда, але чуў і бачыў, што там адбывалася.
Ваяр перахапіў паветра, каб моц голаса падмацавала слабасць довадаў.
– Пан Вялікі канцлер, Льва Сапегу маю на думцы, – засцярогся прамоўца, каб не кінуць цень на кароннага, не менш вінаватага ў вайне. – Дык вось пан канцлер тады настойліва раіў ісці на Смаленск. А як пабачыў, што паслы пра гэта маўчаць, перастаў намаўляць ды раіць. Ну, што скажаце? Нездарма ж і Найяснейшы пан пасля папракаў яго, чаму не раіць ісці на вайну!
Яшчэ вастрэйшы, амаль пранізлівы крык перакрыў голас пасла: – А што яшчэ правіў яснепан Сапега! Адсылаў Найяснейшага пана да сэнатараў! Нібы кароль не можа сам вызначыцца!
Пасол заківаў, удзячны сябру па розуму за падтрымку. Можа і Міласцівы пан зробіць адпаведныя высновы наконт хітрага ліцьвіна. Але ніхто з сэнатараў і сам кароль не квапіўся з прамовамі. Затое нечакана пад гудзенне ліцьвінскіх паслоў знайшоўся абаронца вялікага канцлера.
– Што я запытаюся на ўвесь гэты брэх? Ці вось гэтыя апантаныя так накідваліся на маскавітаў, як на яснепана Льва? Я таксама ваяр з тых жа сталічных, але ліцьвін, – папярэдзіў выступоўца мажлівыя выкрыкі.
Пачакаў хвіліну. Слухачы не ведалі куды ён паверне і прыціхлі. Павярнуў у нечаканы бок.
– На мой неслабы розум, – пасол паляпаў свой высокі лоб, – яснепан Леў Сапега ведаў, што рана ці позна ўсю віну будуць валіць на яго. На свае вушы чуў такое ад самога вялікага канцлера!
Шматзначным маўчаннем на добрую паўхвіліну, дзе чуў і калі, прамоўца дабіўся большай увагі. Ого! Мала што палітычны, то яшчэ мажліва важны кліент!
– Шмат хто зараз пераконвае, нібы кароль па іх радзе рушыў на Смаленск, – гаваркі ліцьвін прайшоў пільным поглядам па ўсіх лавах. – А як жа тады з абвінавачаннямі? Пакуль дрэнна было, казалі, што яснепан Сапега нараіў, а калі стала добра, то не ён! Што, думаеце, вялікі канцлер гэтага не бачыць? Ды ён усё гэта, чорт ведае, калі прадбачыў. Але ён дзяржаўны муж і ўмее сціснуць у кулаку свае жарсці дзеля дабра Рэчы Паспалітай і нашага Княства, якое тут негадзіўцы намерыліся абадраць са спрадвечных нашых зямель.
Усё праяснілася для адных і другіх. Загуло, загалёкала, забразгала шаблямі. Адны і другія дамагаліся выступу, але паслоў ад Кароны было больш і жаданняў Вялікага Княства ў справе Смаленшчыны Сойм не ўлічыў. Нязломны вялікі канцлер ад імя саслоўяў Княства склаў у варшаўскім гродзе пратэст супраць канстытуцыі, якая прадугледзела далучэнне здабытых зямель да Кароны і ўхваліла шырока стасаванае раздаванне тамтэйшых зямель караняжам—палякам. Адначасна дакумент вялікага канцлера падаваў гістарычныя і праўныя рацыі, прамаўляючыя за прыналежнасцю здабытых тэрыторый выключна да Вялікага Княства.
Але нельга было забыцца на справы Рэчы Паспалітай. Пад канец году пасольства Юрыя Трубяцкога і Міхаіла Салтыкова—Марозава раптам прывозіць каралевічу Уладыславу “грамату ад баяраў”, каб прыспешыў прыезд да Масквы. Адказваючы паслам ад імя каралевіча падчас удзеленай Уладыславам аўдыенцыі 20 снежня 1611 года, Леў Сапега выклаў і сваё стаўленне да справы. Паколькі ваенная сітуацыя ў Масковіі ўскладнілася і адпор каралеўскаму войску нарастае, ён супраць выправы каралевіча. Хто спазніўся, той не паспеў. Канчатковы адказ адклалі на студзень наступнага года.
А для крамлёўскага гарнізону зіма 1611/1612 года запавядалася больш чым фатальна. На пачатку снежня адбіў спробу штурму другога між казакоў атамана Прасавецкага, халады спынілі дзеянні ў горадзе, але людзі гінулі ад голаду і холаду. Елі рамяні, спрабавалі выварваць лісты пергаменту, вынаходзілі іншыя ласункі падобнага кшталту. Карыстаючыся малалікасцю войск маскавітаў, гетман Хадкевіч ледзьве з дзьвума тысячамі кавалерыі дайшоў да Масквы і двойчы дапамог крамлёўскаму гарнізону правіянтам, але 6 студзеня 1612 года завязалася прадказаная канфедэрацыя ў войску гетмана і частка яго пад камандай паручніка гусарыі Юзафа Цяклінскага*, не сустракаючы па дарозе якога—небудзь значнага супраціву маскавітаў, самавольна пайшла да Масквы. Афіцыйна агаласіўшы акт канфедэрацыі, войска абвесціла намер экзекуцыі належнасці ў каралеўскіх добрах на Украіне. Хадкевіч трымаўся толькі сваёй упартасцю і адданасцю прысязе. Калі і не спадзяваўся таго ж ад канфедэратаў, то не мог не паспрабаваць угавораў.
– Няхай таварыства ўстрымаецца ад галёкання і паслухае, што скажу, – прамовіў гетман да жаўнерскай гурмы. – Ужыю можа для некага і крыўднага, але вельмі адпаведнага прыкладу з рымскай гісторыі.
Хадкевіч дачакаўся пэўнай цішыні.
– Вось жа сваім часам славуты ваяр Сцыпіён Афрыканскі так прамовіў да збунтаванага войска… Раптоўны гул засведчыў, што залічваць сябе да збунтаваных канфедэраты не дазваляюць. Гетман павінен памятаць, што ўсё адпаведна праву і звычаю! Але і гетман не з адной канфедэрацыяй нагараваўся. Крыху ўзвысіў голас, цікавасць перамагла, гоман уцішыўся.
– Сказанае Сцыпіёнам можаце палічыць маімі словамі да вас. «Я ўпершыню не ведаю, як да вас звяртацца. Грамадзяне? Але вы здрадзілі роднаму гораду. Гэта значыла Рыму, – удакладніў гетман. – Ваяры? Але вы парушылі святасць прысягі. Ворагі? Але ж я бачу рымскія рысы і рымскую вопратку?» Так прамовіў ваяр не роўня нам сённяшнім. Не дзіва, што пераканаў збунтаваных. Я ж прамаўляю не да збунтаваных і спадзяюся пераканаць вас патрываць на адказнай пазіцыі да прыбыцця дапамогі.
Больш геману гаварыць не заміналі. Сцыпіён дапамог, ці ўласная слава, але канфедэраты вырашылі застацца ў сталіцы да 14 сакавіка наступнага года. Гетман спадзяваўся, што на той час з’явяцца падмацаванні і зменяць крамлёўскі гарнізон. Хадкевіч яшчэ раз падтрымаў гарнізон ежай і з жменькай верных жаўнераў застаўся, каб у выпадку чаго дапамагчы сваім збунтаваным падначаленым.
Добра ведаючы стан гетманскага войска, ніжагародзкія правадыры ў студзені. вырашылі вызваліць з ліцьвінскай аблогі Суздаль, сабраць у ім гарадзкія апалчэнні і склікаць новы Земскі сабор. Земскія ўлады памяталі: гетман Хадкевіч не збіраецца канчаткова сыходзіць, хоць падмацаванняў, мяркуючы па выніках Сойму, не атрымае; на Пскове сядзіць «несмяротны» Дзьмітрый; а Марына аддала сына на праваслаўнае выхаванне і рассылае “смутные грамоты” ад імя “царэвіча” Івана Дзьмітрыевіча. Патрыярх Гермаген рашуча выказаўся супраць намераў “атаманні. “Отнюдь Марінкін на царство не надобен, – пісаў у грамаце да ніжагародцаў, – проклят от святого Собора і от нас.” Атрымаўшы грамату 25 жніўня 1611 года, ніжагародцы адразу ж разаслалі яе па іншых гарадах.
Калі Зарудзкі апярэдзіў і заняў Суздаль і Уладзімір сваімі казакамі, земскія вырашылі стварыць часовую сталіцу ў Яраслаўлі, сабраць дапаможнае войска і пайсці на выручку Маскве. Але Мінін і князь Пажарскі, не жадаючы аб’ядноўвацца з казакамі Трубяцкога і Зарудзкага ў важнай справе, надумалі склікаць у Яраслаўлі Земскі сабор ды абраць цара. Не ўсім прыйшліся даспадобы такія намеры. Прыхільнікі каралевіча населі на Гермагена, патрабуючы пісаць у Ніжні, каб не хадзілі на Маскву. Але патрыярх не паддаўся. “Да будет над німі мілость от Бога і благословеніе от нашего сміренія! – адказаў непахісны Гермаген, падпісваючы сабе смяротны прысуд. – А на ізменніков да ізліется гнев Божій і да будут оні прокляты в сем веке і в будушчем.” Баяры пачалі слаць лісты да Яраслаўля і Кастрамы, у меншыя гарады, каб люд адумаўся і захаваў вернасць гасудару Уладыславу Жыгімонтавічу. Заруцкі нават паспрабаваў заняць Яраслаўль сваімі казакамі, каб не даць аб'яднацца з ніжагародцамі. Але стараннямі палка ваяводы Пажарскага—Лапаты* спроба не ўдалася. Князь Дзьмітрый Пажарскі не спяшаўся да Масквы, маючы пагрозу з тылу ад тушынскага казацтва і з поўначы ад шведаў. Перш чым увязвацца ў баі за сталіцу, трэба было добра разведаць, што адбываецца ў Ноўгарадзе Вялікім.
Стакгольм не траціў надзеі адкалоць ад Масковіі колішнюю суперніцу Наўгародчыну і наўгародзкія паслы нарэшце дачакаліся каралеўскага рашэння.
А пакуль наўгародцы чакалі шведскага прынца, казацкія правадыры ліхаманкава шукалі ўласнага прэтэндэнта на прастол, за “праведную” справу якога яны нібыта ваююць. Далёка вандраваць у пошуках не было патрэбы. Псковічы лёгка паддаліся ўгаворам прыхільнікаў уваскрэслага “царэвіча”. Мірна і ўрачыста сустрэлі Мацюшку*, ці то Сідорку, 4 снежня 1611 года, неадкладна абвясцілі царом і пачалі рассылаць свае прыгаворы.
А ў студзені 1612 года, як запавядалася, і кароль Жыгімонт паведаміў маскоўскаму пасольству, што згодзен паслаць каралевіча да Масковіі. А ў лютым склікаў нараду сэнатараў, каб абмеркаваць новыя асаблівасці маскоўскай палітыкі двара. На думку караля чарговая выправа павінна замірыць краіну і забяспечыць сыну царскі трон. Леў Сапега скептычна ставіўся да гэтых намераў Жыгімонта. Плоймы нясплочаных, ушчэнт дэмаралізаваных «сталічных жаўнераў» залілі Вялікае Княства і выглядала дзіўным, калі не горш, збіраць новае войска, не маючы грошай на плату наяўнаму.
Вялікі канцлер не мог не выказаць свае трывогі: – Пільней, на маю думку, радзіць зараз як Рэч Паспалітую затрымаць, чым як Маскву атрымаць.
– Але ж памкненні Найяснейшага пана слушныя і добра паслужаць нашаму касцёлу і дзяржаве, – пераконвалі прыдворныя лісліўцы і апантаныя клерыкальнай палкасцю біскупы.
Каму што, а галоднай курыцы проса. У красавіку 1612 года Хадкевіч яшчэ раз пайшоў да Масквы. Быў задаволены, што канфедэраты згадзіліся застацца ў Крамлі яшчэ некалькі тыдняў, хоць падмацаванні ад караля не надыйшлі. Па дарозе гетман спаткаў палкоўніка Мікалая Струся, які вёў тры тысячы кавалерыі і пяхоты. Струсь, прыхільнік Патоцкіх, меў пад камандай больш, чым гетман, таму адмовіўся судзейнічаць з ліцьвінамі і ля Масквы стаў асобным лагерам. Пасля працяглых спрэчак, каму падпарадкуецца гарнізон, Струсь са сваімі людзьмі і часткай сапежанцаў атабарыўся на Крамлі, а канфедэраты, забраўшы з маскоўскага скарбца ўсе каштоўнасці, пакінулі крамлёўскія муры. Гасеўскі запатрабаваў ад князя Мсціслаўскага поўнай платы рыцарству за два гады службы, атрымаў дзве самыя багатыя кароны: Барыса Гадунова і не даробленую атрэп’еўскую, пасля чаго пакінуў Маскву разам з жаўнерамі, якія прыйшлі туды пасля Клушына.
Ізноў у пана Кіпрыяна
Пан Кіпрыян прыняў ад Бражыны повад і азірнуўся за хлопцам. Той подбегам апынуўся побач і перахапіў.
– Ну, як? Не змёрз? Усё даставіў у цэласці? – на мілага госця высыпалася торба пытанняў.
– Здаецца так, хоць у скрыні не заглядваў, – засмяяўся Бражына.
– І куды зараз?
– Кароль нарэшце пераканаўся, што не атрымае царскую карону, але яшчэ спадзяецца з дапамогай прыхільнікаў на Масковіі здабыць яе каралевічу Уладыславу, – адказаў Бражына. – Вялікі канцлер далучыўся да выправы. Нават спрабаваў уцягнуць Януша Радзівіла. Хоць абодва ставяцца да выправы не надта. А калі вялікі канцлер туды, то і кур’ерам дзе ж быць? Трэба ведаць, як і што пойдзе з новым камендантам Крамля.
– Аберагайся там, – нагадаў пан Кіпрыян. – Чорт не разбярэцца з іхнімі інтрыгамі.
– Гэта праўда. Яшчэ невядома, ці жывы хто з тых давераных.
Батарэвіч вырашыў адыйсці ад прыкрай тэмы.
– Як здагадваюся, на Трыюмфальным Сойме пабыў? Усё ж нямала і ты прыклаў старання ў гэтым паходзе.
– Ну, не мяне там ганаравалі, – засмяяўся Бражына. – Хопіць таго, што кароль нарэшце рашыўся аддаць належнае заслугам Жулкеўскага. Каронны падканцлер Крыскі ад караля прамаўляў. Разводзіўся над заслугамі гетмана ў такіх пекных словах, што можа гетман і забыўся на свае крыўды.
Бражына не ўтрымаўся ад спачувальнага ўздыху. Як ні глянь, спрычыніўся да ўдзелу ў гетманавых здзяйсненнях.
– А як там з царом ды братамі ягонымі?
– Што сказаць? – Бражына ізноў уздыхнуў неяк зусім не па маладому. – Калі падумаць, то і паспачуваць можна. Везлі цара Васіля каралеўскай карэтай шасцерыком, адкрытай, так што усім быў бачны. А ён ні на кога не пазіраў. У шатах з белай парчы, на плячах сабалінае футра, на галаве высокі шлык са срэбнага ліса. Пануры сядзеў, суровы.
Батарэвіч слухаў з цікавасцю.
– А як ён паставай? Зблізку ж аглядаў?
– Каржакаваты, прысадзісты, даволі круглы, тварам цёмны. Барада рэдкая, нізка падстрыжана, з сівізною, як і волас. Нос даўгаваты, з гарбінкаю. Звычайны чалавек.
– Цяжка яму даўся гэтакі праезд, – паспачуваў пераможанаму цару і Батарэвіч.
– Ды ўжо ж, – пагадзіўся Бражына. – А ягонаму брату Дзьмітрыю думаеш лягчэй? На той час, думаю, даведаўся, колькі насамрэч меў войска Жулкеўскі супраць ягонай раці.
– Напэўна ж расказалі, – Батарэвіч нібыта прыганіў здзек над няўдалым палкаводцам. – І што ж далей?
– Перад каралеўскім замкам гетман Жулкеўскі ўзяў цара за руку і павёў да пакояў. Далей то буду расказваць з чужых аповедаў. Быць там, на сэнатарскіх пакоях, не давялося, – усміхнуўся Бражына.
Батарэвіч горача запэўніў: – Усё адно цікава!
– Чакалі там кароль з каралеваю, ну і каралевіч Уладыслаў, урадоўцы што важнейшыя. Пасля павітальнай цырымоніі голас меў Жулкеўскі.
– Натуральна, калі яго трыюмф! – усклікнуў пан Кіпрыян, нібы баронячы правы гетмана ад бессаромных зайздроснікаў.
Бражына каторы раз падумаў пра спозненасць гэтай узнагароды.
– Так. Ну, гетман пачаў з таго, які магутны цар Масковіі. Нагадаў далікатна пра зменнасць лёсу, але пра свае заслугі змоўчаў. Затое ўсхваляў сваіх падуладных, дамагаючыся належных узнагарод. Свае поспехі прыпісваў Божай ласцы.
Пан Кіпрыян ухвальнымі кіўкамі прызнаў рыцарскасць гетманавай паставы.
– Дык што? Толькі хваліў цара? – нецярпліва запатрабаваў удакладнення.
– Вядома ж не. Але пра нягодныя чыны казаў напрыканцы прамовы. Падкрэсліў крывапрысяжнасць цара, пра тое як насуперак перамір’ю з Рэчай Паспалітай заключыў хаўрус з Швецыяй. Ну і пасля ўсяго гетман перадаў палонных пад высакароднасць караля.
– А як развіталіся?
– Кажуць з вялікай прыніжанасцю. Цар з братамі, датыкаючыся рукою зямлі і б’ючы чалом, моўчкі прасілі. Цар біў чалом адзін раз, Іван, ягоны брат, учыніў гэта тройчы з плачам. Калі яшчэ вернуцца на радзіму, людзі ж у гадах! Што і казаць: палон і ёсць палон, ці ты цар ці гусар. Кароль казаў ім устаць і на знак ласкі падаў руку да цалавання.
Пан Кіпрыян паклаў сяброўскую руку на плячо Бражыны.
– Бачу, не ашчэрыўся сэрцам, спачуваеш…Радуюся за Ганну.
– Не пасуе ваяру? – усміхнуўся Бражына. – Па рознаму, браце, бывае, толькі ж гаварыць пра гэта не хочацца.
– І я пра такое стараюся не думаць, – адказаў Батарэвіч.
– Так, здаецца, належыць па запаведзях, – Бражына паспяшаўся вярнуцца да Сойму. – Спрабавалі абмяркоўваць даць ці не даць каралевіча на Маскву. Майстры элаквэнцыі патаўклі ваду ў ступе і вырашылі абмеркаваць справы маскоўскага трону і павяртання Масковіі тварам да адзіна правільнай святой каталіцкай веры праз нейкі час.
Батарэвіч няўхвальна хмыкнуў на такую навіну.
– Спазніўся Найяснейшы пан на маскоўскі сталец! Нават мне, грэчкасею відаць, – тонам наганы непрысутнаму манарху прамовіў пан Кіпрыян. – Яно б гары гарам тое царства, каб не такія грошы ды ахвяры. Нават у нас, хто заможнейшы, кінуліся закладаць фальваркі ды вось бяда – некага ставіць да плуга! Выправы гэтыя канчаткова люд разбэсцілі, вартаваць трэба і будынкі і плён.
– Так, – пагадзіўся Бражына. – Я думаю, спазніўся наш кароль назаўсёды і пойдзе на замірэнне. А пакуль мушу лётаць туды ды сюды.
– Але ж кажаш і маскоўскае казацтва хоча займець свайго чарговага цара? – хмыкнуў Батарэвіч.
– Хоча, браце, вельмі хоча, – засмяяўся Бражына. – А калі хоча, то чаму б не сабраць казачы круг ды чорны люд Масквы для падмацавання, вось табе і элекцыя!
Абодва весела зарагаталі.
– І пскоўскі «вор» царом! – усклікнуў пан Кіпрыян. – Але колькі яшчэ ўваскрослых аб'явіцца?
– Гора Масковіі, што невядома які па ліку не знойдзе прыхільнікаў, – паспачуваў непрыяцелю Бражына.
– Спакусліва пабіцца аб заклад, але вялікая рызыка прайграць? – запытаўся Батарэвіч.
– Калі падумаць, браце, то галоце некага іншага абвяшчаць. Марынін “царэвіч” Іван занадта маленечкі, на цара непрыдатны, швед не вабіць, застаецца выбіраць між ненавіснікам праваслаўя Жыгімонтам і пскоўскім ворам. Ясна, ім гэты апошні бліжэй.
– Але ж вэрхал будзе несусветны!
– Залежыць ад абставінаў. Крамлёўскаму гарнізону перашкодзіць не пад сілу. Гетману, мабыць, таксама. Палкоўнік Струсь ішоў нібы яму на дапамогу, у сутычцы абоз страціў, сам ледзь у палон не трапіў, але ж хоча сам дзейнічаць. Самалюбны празмеру, – не то прызнаючы, не то прыганьваючы хмяльніцкага старосту, адзначыў Бражына.
– Гетман і сам быў гэткі, – уставіў пан Кіпрыян. – А тут не пра ваярскую славу ішло.
– Можа і так, – пагадзіўся Бражына. – І Пажарскі на сталіцу не сунецца, пакуль там прыхільнікі Мацюшкі ў сіле, – дапамог у развагах сакратар. – Хто не прызнае добрага цара – адразу «Ізмена!». Тут жа суд і расправа. Праўда, і замаскоўныя гарады і з калужскага лагеру не рвуцца прысягнуць новаму Дзімітрыю. І на Маскве народ па рознаму настроены.
– Я ж кажу вэрхалу не пазбегнуць і што нам да ўсяго гэтага?
– Яшчэ адна асаблівасць з тым Мацюшкам, – зазначыў Бражына. – З'явіўшыся на Маскве, ён не ад сэрца, а з мусу, павінен заявіць правы на Марыну. І куды ёй дзецца, калі хоча быць царыцай? Але што тады з атаманам Зарудзкім? Бо апроч Зарудзкага ёй з сынам няма ў кім пакладаць надзеі, як і яму ў ёй дарэчы.
– Не пазайздросціш царыцы!
Ды ўжо ж!
Правообладателям!
Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.Читателям!
Оплатили, но не знаете что делать дальше?