Текст книги "Дыплом на царства"
Автор книги: Аркадзь Ліцьвін
Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза
Возрастные ограничения: +16
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 17 (всего у книги 66 страниц) [доступный отрывок для чтения: 21 страниц]
Ну што там з караванам?
– Ну што там з караванам?
Пытанне каменданта павярнула галовы трох астатніх, што ляжалі вакол нераспаленага вогнішча да маладзёна, абвешанага лукам у сайдаку і калчанам, поўным стрэл.
– З'ехалі, пане Жарскі, – стомлена адказаў хлопец.
Ён толькі што прадраўся скрозь густы ельнік, які абступаў невялічкую палянку, выбраную пад прытулак пяцёркі падарожных, якім не карцела лезці на вочы каму б то ні было.
– Абоз таксама?
– І абоз папоўз, – усё яшчэ раздражнёна адказаў маладзён. – Лежыцё тут панамі, а выведваць, як заўсёды лісоўцу!
– Хто ж лепш за пана Шашаніцкага з гэтым управіцца, – з'едліва азваўся невысокі, затое ладна скроены і моцна зшыты таварыш.
– Не падкусвай хлапца, Кузьма, – спыніў Барыс Жарскі. – Ён жа сапраўды праседзеў там з ранку адзін і не наракаў.
– Сам жа напрасіўся.
– Бо ведаў, што пан Кузьма Блід, заступіўшы на варту, праз гадзіну захрапе і з дарогі пачуюць, – адгрызнуўся лісовец.
– А з ім і нас прыхопяць! – пайшоў на выручку крыўдліваму лісоўцу больш паважны. – Прываліся тут, пане Шашаніцкі.
З ноткай зычлівай паблажлівасці, як то бывае ў старэйшых да маладых, паляпаў далоняй па засланай на лапніку папоне.
– Перахапі, чым багатыя, – паказаў на пачастунак, раскладзены на кавалку палатна. – Можа і падрамаць выпадзе.
Маладзён сцягнуў з плячэй сваё ўзбраенне і старанна схаваў у зрэбны мех. Павярнуўся да свайго недобразычліўца.
– Глядзі, не патрушчы, – папярэдзіў без вялікай павагі.
Апусціўся на прапанаванае месца і пацягнуўся за лустай хлеба і кавалкам мяса, падсмажанага відаць яшчэ на папярэднім бівакаванні.
– А што, услед не едзем? – запытаўся ў каменданта, пражаваўшы першы кавалак.
Барыс Жарскі акінуў вокам бівак, коней, увязаных да сасонкі.
– Адпачнем тут, – вырашыў нібыта толькі зараз. – Пакуль яны дапаўзуць, можам прыхапіць дзянёк ды адсапнуцца. Усё адно здагонім.
Пачутае паправіла гуморы ўсёй купе. Відаць добра здарожыліся папярэднімі днямі.
– Дык дарма цягаў з сабою свае прылады? – гэтым разам пажартаваць з лісоўца ўзяўся яшчэ адзін таварыш. – Толькі завада ў такім гушчары.
– А вось каб ты, Аніс, памкнуўся ўслед ды затрашчаў ламаччам, прышпіліў бы цябе за гарбуз да сасны дзеля цішыні. Бо яны і ўлежкі выпіраюць на два локці.
– Так ужо на два, – пакрыўдзіўся Аніс.
Уся грамада азвалася ўхвальным рогатам. Удабруханы Ціт з ласкі сваёй патлумачыў.
– Пры нагодзе пакажу вам, як можа прыслужыцца лук свайму гаспадару. Адаб’юся, збягу і не пакіну за сабою ні дыму ні гуку. Пісталет! – пагардліва пырхнуў лісовец. – Ну стрэліў міма! Пакуль наб’еш, я стралу за стралой!
– Гэта праўда, – пахваліў сусед па лежбішчу. – Можа яшчэ не раз давядзецца… Пан Блід захацеў прымасціцца зручней і незнарок крануў ваярскія прылады лісоўца.
– Асцярожней тут! – штурхануў яго Ціт. – Разваліўся, не раўнуючы, турэцкі еўнух у гарэме! Патрушчыш мне стрэлы, то я табе чэрап раструшчу! Звык да палаца ў два пакоі з улікам сеняў! – з’едліва выгукнуў лісовец.
Сярдзіта высмаргнуў з—пад Бліда край зрэбнага меха.
– Глядзі, Ціт, язык накалю! – прыгразіў пан Кузьма без вялікай злосці. – І што ты так дрыжыш над сваімі цацкамі? – паддражніў Аніс Шаблюк. – Хіба спадзяешся прадаць каму для забавы з добрым прыбыткам? Пытанне гучала занадта паблажліва, каб заядлы лучнік мог змоўчаць.
– Ды знаўца за гэты лук усіх вашых пукалак смярдзючых не возьме!
– Ну а васпан, як я разумею, неаспрэчна з тых знаўцаў? Не быў бы то лісовец, каб не пахваліўся, – падкалоў пан Блід.
– А хоць бы і так! – зацята выкрыкнуў лісовец, але спахапіўся і прымоўк. – Ты хоць ведаеш, з чаго і як такая зброя робіцца?
Лісовец павёў дапытлівым поглядам па ўсіх чатырох. Можа і не спадзеючыся, трапіў у балючае месца. Прызнацца, што не ведаеш? І гэта пад той час, калі нават петыгорскія харугвы лукаў не пазбыліся, не кажучы пра казацкія? А лісоўцы, лічы тыя ж казакі, толькі з фанабэрыяй, без лука ані руш. Ды і на соймікі не адзін кунтушовы заяўляецца з сагайдакам пры поясе, каб не блыталі ваяра са звыклым грэчкасеем з карабэляй, што можа век похваў не пакідала.
– Не ўсё ж чалавеку ведаць, – памяркоўна прамовіў пан Касьян Яцэвіч. – Вось з пісталета я не горш іншых, але ж не павінен абавязкова знацца на вырабе жалеза. Ці ж не так? – ён у сваю чаргу поглядам запрашаў таварыства прызнаць слушнасць свайго меркавання.
Ротмістр старанна сачыў, каб штодзённая таварыская спрэчка раптам не перайшла ў сварку. Для шляхціца валоданне зброяй, як і меркаванне пра яе ўласцівасці, частка гонару. Лёгка зачапіць самалюбства.
– А ты, Ціт, расказаў бы пра сваю зброю, – пан Жарскі хітра прыжмурыў вочы, – а можа ты і сам ведаеш пра яе не больш, чым пан Касьян пра выраб жалеза?
– Ці хоць бы пахваліўся сваім скарбам, а то, колькі ездзім, хаваеш у мяху, як цыган крадзеную кабылу, – пад’ялдыкнуў пан Кузьма.
– Ды глядзіце, мне не шкода, – лісовец пацягнуў з меха лук у прыгожым сайдаку.
Паглядзець было на што. Лук пераходзіў з рук у рукі і вяртаўся да ўладальніка, а той з любасцю, то кранаючы сваю зброю ўсёй даланёю, то паказваючы пальцам, даваў тлумачэнні.
– Кажаце, не ведаю пра лук. Яшчэ як шмат ведаю, – пачаў стрымана, але ўсё больш захапляўся аповедам. – Вось нашы ці татарскія прыкладна на тры локці, ці крыху менш. У аснове дрэва: ціс, ясень, вяз, арэх. Але сапраўдны лук з некалькіх слаёў. З таго боку, што да лучніка, брушцом называецца, мацуецца на клей паласа з рогу, а з другога боку – сухажыллі звярыныя, таксама слоем. А потым усё абшываецца бяростай і крыецца лакам. Зірніце як шво далікатна пакладзена. А бяроста ж на шыццё чулая. Тут жа ўсё як на добрым боце. Ну і лак, зірніце, ані расколінкі! У мяне ён кармазынавы, а бывае розны, чорны, карычневы. Цеціва канапляная, ільняная, альбо нават з шоўку. Там дзе яна чапляецца добра мець накладачкі, медзяныя звычайна і прыемней для вока, калі аздоблены разьбою, як вось на маім.
Заўважыў, як пан Касьян узяў у рукі сайдак, які апынуўся акурат побач.
– Сайдак, яго яшчэ лубем завуць, – Ціт ахвотна перакінуў тлумачэнні на абцягнуты чырвоным аксамітам футарал. – Натуральна, павінен луку адпавядаць. Аксаміт, прыкладам чырвоны ці блакітны, шмат каму падабаецца, асабліва як золатам упрыгожаны. Але і юхт, апраўлены срэбрам, добра глядзіцца.
Пан Яцэвіч ухвальна зірнуў на маладога лучніка.
– Бачу, ты сапраўды кеміш, нібы сам іх вырабляў. Знаўца, нічога не скажу.
– Вырабляць не вырабляў, але бачыць і крыху дапамагаць пашчасціла, – лісовец усё ж не заўсёды азначае хвалько. – Ну і тлумачэнняў наслухаўся.
Не саступаў сайдаку і калчан, так бы мовіць неадлучны спадарожнік пекнай зброі. Старанна апрацаваныя ліповыя дошчачкі абцягнутыя пурпурным аксамітам, былі ўпрыгожаны залатой вышыўкай.
– На калчаны густы бываюць розныя. У майстроў таксама. Адзін вырабляе з аксаміту, іншы аддае перавагу скуры, на замшу выпраўленай. На ёй, бач, зручна завіясы ды выкрутасы выціскаць, накладкі з золата, срэбра ці хоць бы медзяныя прыстасоўваць. Тую ж вышыўку.
– І на колькі таго калчану хапае? – Аніс Шаблюк з пашанай пераняў сховак на стрэлы з рук ротмістра.
Лісовец зусім раздобрыўся. Непадробная цікавасць да лучнага рамяства і ўжытку зброі растапіла ягоную насцярожанасць.
– Мой, лічы, самы распаўсюджаны, на два тузіны стрэл. На сутычку ці нават бой павінна хапаць. Дрэва на стрэлы, з нашых, яліна, ясень. Часам састаўныя дуб маюць. Але іх не кожны майстар выштукуе, таму рэдкія і каштуюць.
Ціт спраўным рухам двума пальцамі асцярожна выцягнуў стралу і падаў Жарскаму.
– Вось, промень стралы так пядзі на чатыры, – легкім бегам рукі вымераў стрункае дрэўца ад вострага джала да аксамітнага пяра. – Пёры як у каго, арліныя, гусіныя, іншых птушак. Да грота крыху звужаецца, часам амаль незаўважна, пасярэдзіне таўсцейшыя, пры насадзе таксама звужаюцца. Там і чопік, насаду ўссаджваць. Натуральна ён танейшы, каб насада не выпіралася паза прамень і не збівала стралу, слізгаючы па луку. Насады з касьці робяць, з выцінанкамі для прыгажосьці, ну і равок пад цеціву, гэта ўжо для прыдатнасці.
Двое з чацвёркі, Кузьма Блід і Аніс Шаблюк не былі ваярамі ад першых год сталення. Завіруха з царыкамі пацягнула іх за лёгкай здабычай, а далей усё пакацілася паміма іх уласнай волі. Ротмістр Яцэвіч нават забаўляўся, назіраючы, як з абодвух злазіць дурная пыха, што жывілася ўяўнай перавагай над праставатым, а можа і хітраватым лісоўцам. Да гонару маладзёна варта было дадаць, што не паказваў па сабе задавальнення гэтай пераменай настрою таварыства.
– А як ён табе дастаўся? Дзе набыты?
– Не набыты, пане—браце, а здабыты! – цвёрда выправіў памылку пана Кузьмы бывалы лісовец. – Не на татарыне, уяві сабе, а на нейкім шведзе, калі гэта быў не які найміт. Яны ж розных бяруць. Адно не басурман, хрысціянская душа з выгляду. Паквапіўся на чужое і вось…Раней у мяне быў іншы, таннейшы.
Лук, нібы іначай убачаны, ізноў пайшоў наўкруга.
– А можа і ў нашай справе прыдасца, – усклікнуў Аніс. – Але, калі тут няма патрэбнага, то які сэнс тырчэць! – уздыхнуў ён, вяртаючы ўсіх да агульнага клопату.
– Наконт сэнсу не скажу, а небяспека ёсць, – станоўчым голасам нагадаў незадаволены Кузьма. – Нездарма ж пан камендант увесь час кажа, каб не высоўваліся…, – ён з усмешкай зірнуў на Жарскага.
– А можа варта было паспрабаваць яшчэ там, пад Смаленскам? – з лёгкім папрокам прамовіў Касьян.
– Колькі разоў трэба тлумачыць, што не варта! – рашуча адрэзаў камендант. – Не выйшлі б жывымі з першай спробы.
Штораз усплывала гэта пытанне і за кожным разам камендант мусіў адолець не толькі сумненні падначаленых, але і свае ўласныя.
– Вось у Талачыне паспрабуем. Караван там разгасцюецца на пэўны час. Гетман Хадкевіч туды прыедзе.
Усе натапырылі вушы. Невядома ад каго, але камендант прыносіў весткі, якія кожным разам пацвярджаліся.
– А пакуль будзем ляжаць тут як барсукі? – нецярпліва запатрабаваў пан Блід.
– Калі стаміўся ляжаць, то ўстань ды пастой, – засмяяўся Жарскі.– Высветлілася, што і патрэбы спяшацца няма. Як толькі гетман адплыў… – Як гэта адплыў? – Ледзь не ў адзін голас усклікнулі Аніс і Ціт. – А мы?
– А вы хіба з ім дамаўляліся? – падкалоў іх камендант.
Гэтыя небаракі ўзялі сабе ў галаву, што патрэбнае мае ніхто іншы як сам Жулкеўскі.
– Жарты жартамі, пане Барыс, але ж мы тут дзеля чаго? – незадаволена прамовіў Касьян.
Ад’езд гетмана і для яго быў невытлумачальнай падзеяй.
– Няма ў гетмана дакументу, – з уздыхам адказаў Барыс. – Ды і не было… – А гэта дакладна? – усё яшчэ не верыў Касьян.
– Як найдакладней, – пацвердзіў пан Жарскі, разумеючы, што хопіць злаваць супольнікаў жартамі. – Усё высачана. Ведаеце ж як пры пярэбарах і зборах. Вы дарма ўверыліся, што дакумант мог вярнуцца да Жулкеўскага, – пачаў пераконваць камендант сваю грамадку. – Справа з усходнім суседам, Масковіяй, па закону падлягае вялікаму канцлеру Княства. Ён зараз і каралеўскай канцылярыяй кіруе. Так што і дакумант павінен быў трапіць да Льва Сапегі. Уся чацвёрка моўчкі перажоўвала навіну і гадала, што яна пацягне за сабою.
– Але ж ясна! Таму і мы за гэтым караванам? – весела ўсклікнуў лісовец, мабыць самы даверлівы, ахапіўшы грамаду запытальным поглядам.
– Лісоўцы заўсёды ўсё ведаюць?! – задзірыста запытаў Кузьма.
– Бо і ведаю! – упарта выгукнуў Ціт.
– Правільна ведаеш, – пахваліў камендант, задаволены шчырай адданасцю прынамсі аднаго паплечніка. – А што пачнем далей? – ён адказаў маладзёну вясёлым поглядам і ўсмешкай. – Яснепан Сапега поруч караля кіруецца да Вільні рыхтаваць Сойм. Адтуль да Варшавы. А пэўныя людзі падказваюць, што пан Леў Сапега мае ў абозе нешта нам патрэбнае. Апроч папер самых розных, здабычу, срэбра ды золата! Добра ведаў, што для ягоных памагатых жывы грош альбо золата, гэта не тое, што няпэўная абяцанка платы. На хвілю завагаўся.
– Тое ды другое з пачутага ды падгледжанага дае падставы меркаваць, што і дакумант едзе, – пераконваў грамаду Жарскі. – На Сойме можа аказацца для пана Сапегі вельмі памоцным. Пакажа цара паланёнага і Дыплом для каралевіча. Што яшчэ трэба, каб пераканаць паноў братоў не скнарыцца на працяг вайны?
Касьян адгукнуўся адразу ж. Тлумачэнні каменданта былі дарэчнымі, варта іх падтрымаць, каб не пайшла бязглуздая балбатня.
– Калі разважыць, то ні каралю, ні Сапегу няма сэнсу пакідаць яго недзе ў некага. Адкуль пэўнасць, што захаваецца? Справу ўсходняга накірунку Леў Сапега ніколі не саступіць караняжам. Але мусім управіцца, пакуль не дабраліся да Вільні, – ротмістр абвёў таварыства папераджальным позіркам. – За віленскія муры дацягнуцца будзе цяжэй, а то і немагчыма.
Камендант памаўчаў у чаканні яшчэ якога пярэчання. Цяжка ўгадаць, рады хлопцы ўслед за канцлерам бадзяцца па лесе, ці ахвотней вярнуліся б да атамана. Тут канешне вальней, але там бяспечней і нешта з рабунку перападае… – Ты як у крышталёвую кулю зазірнуў, – з падкрэсленай пахвалою зазначыў камендант. – Я думаю, кароль ужо раскайваецца, што адкінуў паперу. Патрабуючы сабе шапку Манамаха, лепш мець дыплом пад рукою, каб пры перамовах не блытаў ані прыхільнікаў караля, ані маскавітаў, што больш важна. Але ж Сапега не пагодзіцца, каб такія перамовы ішлі без яго. І Радзівілы заадно з ім.
– Так што паперу будуць сцерагчы не толькі ад нас, але і адзін перад адным! – уздыхнуў Кузьма.
– А там, дзе шмат варты, лягчэй за ўсё прапаўзці! – кінуў свае два грошы лісовец.
Грамада ўхваліла трапны жарт гучным рогатам. Аніс нават грукнуў Ціта ў шырокія плечы і хлопец заззяў шчаслівай усмешкай. Калі б таварыства магло зазірнуць не ў чароўную кулю, а ў галаву свайго каменданта, пабачыла б там процьму супярэчлівых думак і меркаванняў. Ведаў, што ў разуменні атамана Зарудзкага кража з кацылярыі вялікага канцлера мала рознілася ад рабунку якой жыдоўскай крамкі. Але давесці гэта пыхліваму новаспечанаму “баярыну” не змог бы сам пан Бог. Так што вялікай удзячнасці не чакай. Дык ці варта спрабаваць? Не ўдасца, такой бяды, а ўдасца, то будзе бачна, каму і за што аддаць той дыплом. Урэшце, разжыцца можна не толькі на той паперыне… Даручэнне давала яму асабіста вольную руку ў нечым важнейшым за прывідны пергамент. Важнейшым і для яго, незаможнага шляхціца, але ведаць пра гэта таварыству неабавязкова. Так што няхай хлопцы паменцяць языкамі, шкоды ад таго ніякай… – Мне здаецца, – Кузьма Блід рашыўся на смелую выснову, – вялікі канцлер, выбіраючыся, як ты кажаш, на Сойм, не пакіне канцылярыю, прыкладам у Смаленску, ці яшчэ недзе. Падчас Сойму ўсё павінна быць пад рукою і для караля і самому Льву Сапегу.
Жарскі з палёгкай уздыхнуў. Выказанае даволі слушнае меркаванне служыла натхненнем усёй грамадцы і не патрабавала шукаць довадаў памылковасці.
– Выключна трапная выснова! – нават залішне горача падхапіў камендант. – Таму і абоз начны і сумятня вялікая. Ахова, дзе не ўсе адзін аднаго пазнаюць. У такім вэрхале рознае здараецца. Так што Талачын вельмі зручны.
– А тут і мы! – не ўтрымаўся лісовец. – З лука шась!
– А ты ведаеш прымаўку? – прыжмурыўся Блід. – Іншы лучнік часта ў сваіх лучыць.
– Глядзі, каб я на тваіх клубах яе не пацвердзіў! – прыжмурыўся і Ціт пад агульны рогат.
Прыгавор Сабора трыюмвірату. Захоп Ноўгарада Вялікага
30 чэрвеня 1611 года Cабор зацвердзіў прыгавор са старымі рашэннямі і новымі ўзаконеннямі. Ляпуноў распісаўся за сябе і непісьменнага Зарудзкага. Прыгавор наказваў трыюмвірату дзейнічаць больш рашуча.
Шведы ад сакавіка стаялі ля Хутынскага манастыра, сем вёрстаў ад Ноўгарада і не спяшаліся на дапамогу Маскве. Ваявода Васіль Іванавіч Бутурлін прапанаваў Дэлагардзі з’езд, на якім ад усёй зямлі будзе прошана шведскага караля даць на Маскву аднаго з сыноў. Можа хоць так дасца зрушыць шведаў.
– Літоўскія людзі кружляюць не так і далёка. Асабліва лісоўцы. Люд трывожыцца і будзе ўдзячны за абарону, – пераконваў ваявода. Але шведскі авантурнік сачыў за падзеямі ў Ноўгарадзе і пераконваў стакгольмскага пасланца, што сам здолее завалодаць горадам. – Калі кароль Жыгімонт захопіць Маскву, займець Ноўгарад будзе цяжэй. Супраць нас стануць і маскавіты і Рэч Паспалітая, – тлумачыў Дэлагардзі. – Трэба не прагледзець момант, пакуль маскавіты заняты Хадкевічам. – А не баішся, што сюды пагодзіцца завітаць гетман Жулкеўскі? – пан Крыстэр Хёк змякчыў іронію лёгкай усмешкай.
Дэлагардзі не пакрыўдзіўся, клушынская параза не з яго віны.
– Ні Жулкеўскі ні Хадкевіч нам тут непатрэбны, – згадзіўся Дэлагардзі. – Але не выключаю, што зацікавяцца пазней, калі Ноўгарад і Пскоў будуць нашы.
Хёк кінуў Дэлагардзі запытальны позірк.
– Калі Жыгімонт і пры такой дыспазіцыі пачне наступ у Інфлянтах, нашы генералы абрагочуцца, – самаўпэўнены тон ваяра не вельмі пераконваў стакгольмскага пасланца, але слухаць было цікава. – Ад самага пачатку на правым флангу Хадкевіча можа апынуцца наш Пскоў, а за ім і Ноўгарад. Будзе добрая нагода разлічыцца з ім за Кірхгольм.
Візія была спакушальная. – Калі на нейкі момант паддацца і адступіць, то Пскоў апынецца ў тыле! – Хёк не ўтрымаўся, каб не памарыць. – А славуты Хадкевіч апынецца ў абцугах! – Таму і зацягваю перамовы з маскавітамі! – весела пляснуў у далоні Дэлагардзі. Хёк ухвальна паківаў галавою. А Бутурлін працягваў сустрэчы са сваім сябрам Дэлагардзі і пасля таго, як той перайшоў Волхаў і спыніўся ля калмоўскага манастыра. Пайшла пагалоска, нібыта Бутурлін параіў шведу заняць Ноўгарад, каб не дастаўся ліцьвінам ці палякам. Наўгародцы рашуча адкінулі намер Земскага савета заплаціць шведам наўгародзкімі землямі. Хоць Дэлагардзі адмаўляў свае злыя намеры, у перамовах з ім ваявода і наўгародцы не змаглі ўзгодніць пазіцый.
Ледзь падсохлі дарогі, Дэлагардзі другім днём чэрвеня падступіў да сцен волхаўскай крэпасці. Праз чатыры дні да яго ў шацёр з’явіліся Бутурлін і наўгародцы. Пасля адпаведных звычаю прывітанняў Бутурлін пачаў першы.
– Было б самым адпаведным твайму войску неадкладна рушыць на Маскву, – голас ваяводы гучаў пераконліва, усё ж прыяцельства да нечага абавязуе. – Ведаеш не горш за мяне, што апалчэнне наша як след не навучана. Калі Жыгімонт надумаецца выкарыстаць колішнюю прапанову Жулкеўскага як сваю…
– А гэта ў яго звычаі! – уставіў малады наўгародзец.
Бутурлін кіўнуў галавою на згоду і працягваў.
– Ян Пётр Сапега, хоць і аслаблены, стаіць пад самымі сценамі… У Крамлі іхні гарнізон…Калі Жыгімонт перакіне большую частку войска ад Смаленска, твая дапамога – адзіная надзея ўратавання Масквы ад захопу, – адзначыў як пэўнасць, звяртаючыся да Дэлагардзі.
Той сёй з наўгародцаў памкнуўся спыніць ваяводу. Навошта казаць такое, калі не ворагу, то недобразычліўцу. Бутурлін разумеў іх настрой. Наўгародцы не бачылі розніцы між жыгімонтавым войскам ля Масквы і шведскім пад іх сценамі.
– У такіх абставінах і Леў Сапега можа падкінуць харугваў. Іншыя з мажнейшых ліцьвінаў не ўпусцяць лёгкай здабычы, – наўгародзец разумеў справядлівасць горкіх высноваў Бутурліна.
Ваявода абвёў прысутных позіркам з маўклівай просьбай падтрымкі.
– Лічы, – прамовіў да шведа, – прашу не толькі ад сябе самога але і ад усёй зямлі.
Твар Дэлагардзі не здраджваў аніякіх пачуццяў.
– Мы пагаджаемся з маскоўскім паслом, – паважна прамовіў ваявода князь Іван Нікіціч Адоеўскі Вялікі. – За намі не прападзе, частку платы выкладзем грашыма, астатняе за кошт перадачы ў заклад якой пагранічнай крэпасці. Тэрмін, удакладнім перамовамі.
Нецярпліваму Бутурліну нібы цвікоў у зэдаль набілі. Пакуль наўгародзец няспешна выказваўся, усё парываўся нешта запярэчыць ці ўдакладніць. Заўважыў, што абяцанкі не задавальняюць Дэлагардзі і перапыніў прамову наўгародца на паўслове.
– А што вашаму каралю падабаецца з нашых зямель? – Бутурлін уладчым рухам рукі спыніў наўгародцаў незадаволеных бесцырымоннасцю маскавіта.
Здавалася, Дэлагардзі зараз абліжацца, як памаўзлівы кот перад гладышом са смятанай. Нават наўмысна Бутурлін не паспрыяў бы лепш свайму сябру. Дэлагардзі прыбраў паважную паставу, самавіта памаўчаў, нібы прыкідваў, чым магла б дагадзіць шведскаму каралю наўгародская зямля.
– Што ж, Яго Вялікасць не раз уганараваў мяне размовай па гэтых справах, – Дэлагардзі ізноў прымоўк, каб прысутныя адчулі павеў маестату ад пасланца караля Швецыі. – Карэлы кранаць не будзем, – прамовіў як пра вырашаную справу. – Што да іншага, то калі перадаць Ладагу, Арэшак, Івангорад, Ям, Капор’е, ну і мабыць Гдоў, думаю, Яго Вялікасць на большым настойваць не будзе.
Цяжкое маўчанне павісла ў паветры, як навальнічная хмара. Бутурлін адчуў, які клопат справіў сваім пытаннем не адным наўгародцам.
– Лепш памерці на роднай зямлі, – чутна прамовіў нехта з паслоў, – чым паступіцца ўсімі памежнымі замкамі. Гэта ж уся зямля ляжа перад чужынцам як на талерцы: бяры і глытай!
Дэлагардзі акінуў паслоў насцярожаным позіркам. Зрыў перамоваў быў бы не па яго думцы. Пачутае не спадабалася, але не збіла яго з тропу.
– Я не ведаю наколькі ўсядомлены людзі Наўгародскай зямлі наконт намераў караля Жыгімонта, – прамовіў ён нібыта заклапочаны недасведчанасцю наўгародцаў. – Атрымаўшы Смаленск, будзе мець перад сабою акурат тое, пра што толькі што прамоўлена. Дарога на поўнач будзе адкрыта і хітры Сапега пераканае караля ею пакарыстацца. Ліцьвінам яна добра вядома.
Маўчанне наўгародцаў Дэлагардзі зразумеў як згоду слухаць ягоныя довады.
– Дакладна вядома, што гетман Хадкевіч бліжэйшым часам нападзе на Пскоў, – паведаміў як вайсковую таямніцу. – Самі ведаеце вартасць гэтага гетмана. А хто ў Пскове супраць яго?
Дэлагардзі стараўся паказаць, наколькі цвяроза і непрадузята трактуе непрыяцеля. Не могуць не лічыцца з яго досведам у вайсковых справах.
– Пасля Пскова надыйдзе чарга Ноўгарада. Ліцьвінам Масква не надта патрэбна, а вось вашы землі…Але яны ніколі не рашацца вас патрывожыць, калі мы з названых мною крэпасцей будзем ім пагражаць.
– Але хто ж ударыць у спіну вам, калі надумаецеся выступіць на нас з тых атрыманых на дурніцу крэпасцей? – крыху задзірліва зазначыў малады наўгародзец. – Што ж тут толькі пра Жыгімонта!
Але неразважны Бутурлін стаў ахвярай сваёй празмернай даверлівасці. Выступаючы ад імя наўгародцаў, працягваў спробы зламаць пазіцыю Дэлагардзі падчас прыяцельскіх размоваў. – Улічы адну асаблівасць, – даводзіў Бутурлін, упэўнены ў зычлівым настаўленні шведскага найміта, – ды спяшайся з дапамогай. Наўгародцы ў пераважнай большасці хацелі б бачыць сваім гасударам шведскага прынца. І чыя будзе ў тым заслуга?
– Ды ну, – не паверыў Дэлагардзі.
Крыстэр Хёк не пакінуў наконт гэтага ніякіх падказак. Прамашка магла моцна нашкодзіць ваяру—палітыку.
– Уяві што так. Проста не маюць аказіі казаць пра гэта ўголас, – пераконваў Бутурлін. – А патаемна гэта думка авалодала імі даўно і моцна. Натуральна, і табе не варта паказваць, што пра гэта ведаеш.
Такім то дурным біты і кручаны Дэлагардзі не быў. Але ці верыць Бутурліну? Можа спадзяецца танней вытаргаваць шведскую дапамогу.
– Няма сумневу, – дадаў Бутурлін, каб падахвоціць Дэлагардзі, – што і маскоўскія чыны пагодзяцца з гэтым, калі Карл IX захавае ім праваслаўную веру.
– Наконт веры можаш не сумнявацца, – запэўніў Дэлагардзі, хоць пэўнасці і сам не меў. – Але ж і каралевічу Уладыславу крыж цалавалі, – ухмыльнуўся ён.
Бутурлін, спадзеючыся зламаць апошнія сумневы, забыўся на ўсякую асцярожнасць.
– Каб ведаў, Пракофій Ляпуноў надоечы даслаў мне загад давесці перамовы з вамі да канца і прапанаваць у заклад Арэшак і Ладагу.
Што ж, за Ляпуновым апалчэнне, значная частка дваранства, можа і Савет зямлі. Дэлагардзі пастараўся не спужаць Бутурліна сустрэчнымі пытаннямі. А той, падахвочаны непадробнай увагай, выкладаў калі не дзяржаўнай вагі таямніцы, то непадлеглыя агалашэнню дыпламатычныя намеры. – Вось што піша мне Ляпуноў 16 чэрвеня наконт прынца:“ Пра ўмовы абрання шведскага прынца вялікім князем мы непасрэдна дамовімся з панам Якавам Дэлагардзі тут”. Ну, што? І зараз не верыш?
– Алеж зусім іншае напісаў нам ігумен Салавецкага манастыра, – хітра прыжмурыўся Дэлагардзі.
– Ого! Не абы хто! Цікава! – прызнаў Бутурлін, паказваючы, што сама ўвага. З пысы прыяцеля здагадваўся, што ліст ігумена не поўніўся пачуццямі да шведаў. – “Зямля наша, – пачаў Дэлагардзі, – аднадумна хоча выбраць цара з прыроджаных сваіх баяраў, а з іншых зямель іншаверцаў нікога не хочуць.” Што ты на гэта скажаш?
Бутурлін маўчаў. Думку ўплывовага ігумена так проста нельга адпрэчыць альбо высмеяць.
– Не ведаю, калі гэта пісалася, але шлях ліста быў не блізкі, – падкрэсліў Бутурлін разважліва. – На той час так яно і магло быць. Абставіны памяняліся…Зараз альбо Жыгімонт з лаціннікамі, альбо ваш прынц.
– А што на ўсё гэта князь Пажарскі? – Дэлагардзі кінуў на суразмоўніка дапытлівы погляд. – За ім жа немалая вайсковая сіла.
Бутурлін падумаў і вырашыў не таіцца.
– Пажарскі лічыць, што звяртацца да Швецыі не варта. Сумны вынік пасольства да караля Жыгімонта – страта ў каралеўскім палоне значных асоб, патрэбных Маскве ў цяжкі час. Не здарыцца такога з вашым каралём?
Французскі швед ведаў, што князь Пажарскі падае сябе людзям не ваяводам, а найперш хоча спыніць праліццё крыві.
– Але ж Масква неяк абыходзіцца без тых важных людзей, – рагатнуў Дэлагардзі. – Можа кароль Жыгімонт толькі падштурхнуў баяраў і ваявод аб’яднацца?
Супольнік Ляпунова, ані імгнення не падумаўшы, выклаў хітраму Дэлагардзі новы погляд Савета зямлі.
– Слухай і запамінай: “Мы на досведзе сваім пераканаліся, што сам лёс Масковіі не зычыць сабе рускага па крыві цара, які не ў сілах управіцца з суперніцтвам баяраў, таму што ніхто з вяльможаў не пагодзіцца прызнаць другога вартым высокага царскага сана.” Што ты на гэта? – Бутурлін уперыў у вочы суразмоўніка патрабавальны погляд.
Дэлагардзі засмяяўся, не даючы веры сваім вушам. Калі паведамленне Бутурліна адпавядае настроям маскавітаў, Швецыя атрымае жаданае хутка і без крыві. Не тое каб найміт шкадаваў шведскіх хлопцаў, але вялікія абшары Масковіі трэба засяліць, калі не пераважна шведамі, то хоць у значнай меры. Навошта ж іх траціць у непатрэбных бітвах.
– Згодзен. Сваё прачытаў табе хутчэй як забаву, ну і так… дзеля даверу…Мы добра ведаем, што прыроджаныя баяры будуць змушаны звярнуцца да нас. Але пакуль што, – здзекліва прамовіў Дэлагардзі, – сядзяць з “акаяннай літвой” у аблозе і невядома калі вылезуць. Ды і на чыім яны баку, самі не ведаюць! – ён здзекліва паціснуў плячыма.
Калі Савет зямлі пачне перамовы са Швецыяй, рэпутацыя Пракофія Ляпунова між казакоў і чорнага маскоўскага люду будзе знішчана. І шведам будзе непатрэбны. Дэлагардзі сам будзе сыпаць абяцанкі.
– Я думаю, вярнуцца да справы за добрай сяброўскай бяседай! – Дэлагардзі шлэпнуў Бутурліна па спіне і гучна, па жаўнерску, зарагатаў. Бутурлін адказаў тым жа, задаволены сваім, як яму здавалася, поспехам.
На бясконцых шчодрых бяседах Дэлагардзі частаваў прыяцеля, чым мог лепшым, спакушаў хуткім і непахісным хаўрусам Масковіі са Швецыяй. Але пільна сачыў, каб той дачасна не здагадаўся, што замест раўнапраўных перамоваў прывёў Савет зямлі да цяжкой дыпламатычнай паразы. Ніякія шпегі Льва Сапегі не здолелі б большага.
Карл ІХ неадкладна выправіў ганцоў у Маскву, а Земскі сабор пачаў абмеркаванне шведскай кандыдатуры. Абяцанкі шведскага караля адных спакушалі, другіх не пераканалі, але падганялі падзеі. На заходніх прадмесцях сталіцы апалчэнне завязала баі з войскам Яна Пятра Сапегі, якое канчаткова перайшло да караля. Войска Жыгімонта магло з’явіцца пад сценамі сталіцы раней за шведскае і разам з крамлёўскім гарнізонам лёгка яе захапіць.
Прызванне шведскага прынца шмат каму не падабалася. Не каталік, але ж ізноў не праваслаўны! Ляпуноў настояў на прыняцці асцярожнага рашэння. Прыгаварылі слаць у Швецыю паслоў з умовамі абрання на царства шведскага прынца, а ў Ноўгарад ганца з граматай земскага апалчэння наконт перамоваў аб дапамозе войскам.
“Усе чыны Маскоўскага гаспадарства прызналі старэйшага сына караля Карла ІХ годным абрання вялікім князем і гасударам Маскоўскай зямлі”, – з задавальненнем чыталі шведы атрыманы прыгавор Земскага сабора.
Дэлагардзі тым часам няспынна сцягваў сілы і ў сярэдзіне чэрвеня закончыў падрыхтоўку да штурму Ноўгарада. Баі пад Масквой паказвалі, што ніхто не прыйдзе з дапамогай. А ваявода Бутурлін усё яшчэ верыў у сяброўства.
– Я табе што гаварыў? – дакараў колішняга клушынскага хаўрусніка. – Земскі сабор чакае паслоў. Пара і табе выканаць свой абавязак. Маскве край як патрэбна тваё войска.
– Да прыезду прынца няма сэнсу ісці куды б то ні было, – адбіваўся Дэлагардзі. – Швецыя ваюе з Рэчай Паспалітай і тая можа скіраваць удар на Ноўгарад. Я буду паняволі вінаваты, калі пакіну горад хадкевічавым ліцьвінам ці Жулкеўскаму.
– Калі Жыгімонт пацерпіць паразу, у яго не будзе сілы ні на Ноўгарад, ні на Інфлянты, – настойваў Бутурлін.
Устрымаўся ад заўвагі, што вызначэнне першаснасці задач, у тым ліку і клопат пра Ноўгарад, належыць да Савета зямлі, а не да шведскага генерала.
– Значыць, ты не можаш сказаць, калі выступіш? – сілячыся на спакой, тонам папроку запытаўся ваявода. – Але ж калі ў Маскве апынецца Жыгімонт з Львом Сапегам, шведскаму каралевічу давядзецца павярнуць аглоблі.
Відавочнасць ваяводавага меркавання раззлавала Дэлагардзі. Прызнаць, што маскоўскі трон менш вабіць, чым наўгародскія абшары?
– Я не вырашаю, калі выступаць і ці варта выступаць, – задзірліва адказаў найміт, – але ніхто мяне не можа прымусіць!
– Вось як ты загаварыў! – усклікнуў Бутурлін. – А навошта ж пераконваў, што гатовы нам дапамагаць? Твае фуражыры бязлітасна рабуюць ваколіцы, навакольны люд збягаецца ў горад. Урэшце, тут не Швецыя, і калі вы не нашы хаўруснікі, то навошта тут знаходзіцеся? Тады адвядзі сваё войска ад сцен Ноўгарада.
– А гэта ўжо справа наша. Ды і патрэбы не бачу: хто нас, цікава, можа прагнаць? – высакамерна запытаўся Дэлагардзі, не тоячыся з насмешкай.
Бутурлін быў чалавекам даверлівым, але не прасцяком. На вымоўную бесцырымоннасць Дэлагардзі ваявода загадаў сваім стральцам узброіцца і неадкладна спаліць драўляныя пабудовы пасада, хоць заможныя месцічы сустрэлі гэта “молвой велікой”. Наўгародцы, падазраючы Бутурліна ў здрадзе, страцілі да яго ўсякі давер. Спачатку пераконваў у адным, зараз у адваротным! Паспаліты люд вінаваціў у нязгодзе і Бутурліна і ваяводу Адоеўскага Вялікага, якому спрэчкі заміналі як след падрыхтаваць абарону.
Нарада ў баярына Адоеўскага падзяліла меркаванні дваран, царкоўных улад і вайсковых людзей. Нізы горада, баючыся гвалту і рабункаў, настойвалі на змаганні з захопнікамі, Адоеўскі і царкоўнікі, увогуле вярхі, спасылаліся на прыгавор земскага апалчэння і схіляліся да пагаднення са шведамі, хоць ужо адбылася вылазка і сутычка з ахвярамі.
На світанні 8 ліпеня шведы, удаючы атаку з паўднёвага ўсходу, ударылі з супрацьлеглага боку, але адкаціліся са значнымі стратамі. Праўда прыхапілі ў палон халопа двараніна Лухоціна*. Гэты Іван Шваль*, ведаючы, што Чудзінцоўскія вароты не ахоўваюцца, ноччу на 16 ліпеня па разбітых каляінах вужакай прапоўз пад імі і адчыніў для ворагаў.
Правообладателям!
Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.Читателям!
Оплатили, но не знаете что делать дальше?