Текст книги "Дыплом на царства"
Автор книги: Аркадзь Ліцьвін
Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза
Возрастные ограничения: +16
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 7 (всего у книги 66 страниц) [доступный отрывок для чтения: 21 страниц]
– Прыкінем, пане—браце, што нам Міласцівы пан пакінуў, – гетман хмыкнуў у вусы і зірнуў на ад'ютанта, які прымасціўся на пярэдняй лаве карэты.
– Да паслуг, яснепане! – адгукнуўся афіцэр, выцягваючы з торбы патрэбную паперу. – Так што маем вашу харугву ў сто семдзесят коней.
– Ну сваіх я і сам палічыў, – засмяяўся Жулкеўскі. – Чытай пра іншых.
– Князь Парыцкі* вядзе сто трыццаць, рускі ваявода Даніловіч* сотню. Пан Струсь* дзвесце.
– Ну, у гэтага таварыства на схвал! – заўважыў гетман з ноткаю зайздрасці. Хмяльніцкі стараста Мікалай Струсь і сам быў ваяр пашукаць падобнага!
– Панове Мікалай Малынскі*, Алізараў*, староста брацлаўскі Валенты Каліноўскі* па сто коней у кожнага, тое ж і ў казацкай харугве пана Фалібога*. А ў пана Балабанава* сто трыццаць. – Збіраецца табун патроху, як лічыш? – усміхнуўся гетман.
– Не ў кожнага табуна такі стаенны! – дазволіў сабе жарт афіцэр. – Затопчам непрыяцеля.
Ведаў на якую цяжкую справу выправіў гетмана кароль. Хацелася і начальніка і сябе падтрымаць вясёлым словам. Гетман адказаў сумнай усмешкай.
– Але ж гэта не ўсё?
– Так, – кіўнуў ад'ютант. – Яшчэ маем харугвы Стадніцкага, Казаноўскага, Фірлея*, Скуміна*, Спадвілоўскага*, князя Кшыштафа Збараскага*. У кожнага як на дамову, па сто коней, – усміхнуўся афіцэр.
– Ну, пан Кшыштаф, як вялікі каронны канюшы, мог бы і болей прывесці, – прамовіў з дакорам гетман. – Але нічога сабе гурма.
Гетман і без напаміну ведаў склад падначаленых харугваў, але перабіраючы па адной, уяўляў якім чынам і ў які момант бітвы іх выкарыстае. Паўставалі перад яго вачыма шчэццю даўгіх коп'яў, перад якімі не ўстоіць ніякая пяхота. Але ж наяўная кавалерыя не змяце варожага войска адным налётам. А сваёй пяхоты, лічы, што няма.
Звесткі, нібыта Дзьмітры Шуйскі, збірае значныя сілы пад Калугай, пацвердзіліся: апроч уласнага войска мелі маскавіты восем тысяч наймітаў—чужаземцаў. Ачысціць абшар ад раскіданых атрадаў Рэчы Паспалітай ім будзе не цяжка, а маючы спакойны тыл, дапамогуць Смаленску. Было разумна не чакаць, калі падыдуць астраханскія ды казанскія татары, і нанесці ўдар першымі. Гетман вырушыў 6 чэрвеня.
Гэтым мог бы заняцца каралеўскі ўлюбенец Якуб Патоцкі, яму войска кароль напэўна не пашкадаваў бы. Але прыгажун спаслаўся на слабое здароўе, нібы ў Жулкеўскага яно волатаўскае. Развёў хітрун кірмашны торг, узнагароды яму патрэбны, смаленскую славу з каралём падзяліць! Нібы да гэтага быў у крыўдзе! Але ж каб толькі сабе, а то і набліжаным сваім хоча каралеўскай ласкай прыслужыцца. Ну і што? Давялося Міласціваму пану клікаць Жулкеўскага, хоць і лічыць кароль, што гетману ў галаве не бітвы пераможныя, а хітрыкі палітычныя.
Злаваў Міласцівага пана стары ваяка. Ад самага пачатку быў непрыхільны паходу, дзьмуў у адну дуду з ліцьвінскай шляхтай. Тая не хацела яшчэ адной вайны ля сваіх межаў у дадатак да інфлянцкай, увесь цяжар якой па ранейшаму несла Вялікае Княства і яго гетман Хадкевіч.
– Адным скокам хочаш, яснепан, на Маскву? – каралеўскі папрок не варажыў нічога добрага. – Цара прэч і каралевіча на Крэмль!
Магло здавацца, што не за каралеўскага сына стараецца гетман, а за якога свайго суродзіча.
– Калі ўжо такія поспехі Шуйскага пачаліся, – даводзіў Жулкеўскі,– а нашы справы сцесненыя і ўвогуле сумнеўныя, варта шукаць honestus receptus, якое годнае выйсце.
Шуйскія нібыта няблага ўмацаваліся яшчэ на пачатку года. “Тушынскі вор” не даймаў, яго войска было ў разбродзе і захапілася рабункам. Поспехі Скопіна—Шуйскага варажылі спакой Масковіі і хуткае пазбаўленне ад прыблудаў.
– Вось і звядзі іх на нішто, тыя поспехі, – незадаволена прамовіў Жыгімонт.
Кароль вырашыў апярэдзіць захады маскавітаў. Першымі днямі сакавіка запалаў тушынскі гарадок. Пакрыквалі, ці не людзі Ражынскага пазабаўляліся, адыходзячы да свайго караля. Услед за тымі рушылі насустрач каралю Жыгімонту пан Аляксандр Збароўскі, а з ім ротмістры Андрэй Млоцкі, Сымон Капычынскі, Бабоўскі, Мархоўскі, Бонк Лянцкаронскі, Весялоўскі, Рудзіньскі, з кожным некалькі сот гусараў. Казацкія роты: Рудніцкі, Катоўскі, Ашанскі. Ліцьвіны, караняжы, татары. Нават тушынскія маскавіты, са значнейшых баяраў, павярнуліся да караля. Усё ж некалькі гусарскіх харугваў, Камінскага, Будзілы, Стравінскага, Таляфуса засталіся, затое казакоў не злічыць. Ну, але гэта не запарожцы, нават данцоў няшмат. Як на тое ні зірнуць, пан Ян Пётр Сапега таксама застаўся пры імпостару. Тут бы Шуйскім не драмаць ды прышлэпнуць царыкава войска. Але пакуль шведы ўцішыліся ды вырушылі, было позна гнацца.
Тым часам у сэнатарскім асяроддзі Рэчы Паспалітай выспела думка аб годным выйсці з клапатлівай сітуацыі. Але, нажаль, са спазненнем. Далей Мажайска пасланца з лістом ад сэнатараў да думных баяраў маскавіты не пусцілі.
– Не чакае гасудар аніякіх паслоў, пакуль каралеўская армія знаходзіцца на землях Масковіі, – перадалі каралеўскаму каморніку Сьлізьню і прапанавалі паварочваць аглоблі.
Кароль не падзяляў задумы гетмана аб дынастычнай вуніі і паразуменні народаў, але не замінаў яму пакуль што кіравацца сваімі марамі. Больш непакоіла бура, што ўсхадзілася ў Вільні, калі весткі пра саступкі караля схізматыкам дайшлі да папскага нунцыя. Высокаму пасланцу Святога прастолу захоп Масковіі здаваўся не больш як працяглым шпацырам. Далучыць маскавітаў да святой каталіцкай веры зойме няшмат часу. Чаму ж так шлямазарна прыкладаюцца да справы каралеўскія ваяводы? Ці не з—за таго і кароль пахіснуўся ў папярэдніх намерах? Ледзь супакоілі нунцыя тлумачэннямі, дзеля чаго ды што кажацца і як будзе выконвацца.
А гетман Жулкеўскі падчас кароткай хвіліны самотнасці міжволі прыкідваў, пераможа ці загіне раней, чым кароль возьме Смаленск. Як перамагчы, ані Міласцівы пан, ані яго святарскае атачэнне, параіць былі не здольны, але і гінуць не варта. І ваярамі сваімі марна ахвяраваць не ў яго звычаі. Толькі яны, вось гэтыя маладзёны, што запаўняюць шацёр, зарука перамогі. Гетман пахмурным поглядам павёў па ад’ютантах і рэгімэнтарах.
– Людзей да ўсіх разаслалі?
– Па загаду, яснепане, – адгукнуўся ад’ютант, выступіўшы з гурмы афіцэраў. – З наказам сцягвацца да Шуйска.
Гетман кіўнуў, але не адвёў вачэй, чакаючы працягу.
– Ад пана вяліжскага старасты ганец. Белы амаль абложаны. Ледзь праслізнуў.
– Чаму я пра гэта толькі зараз чую? – набурмушыўся гетман.
– Гэтай хвілінай вярнуўся, яснепане, – паспешна патлумачыў афіцэр. – Ані кроплі не замарудзіў.
Усе прысутныя ведалі ўедлівасць гетмана ў справах выведу і сувязі з раскіданымі атрадамі.
– А можа, яснавяльможны пане?… – пачаў нехта з гурта рэгіментараў і быў спынены ўладным тонам Жулкеўскага.
– Не можа! – абсек ён магчымае пытанне. – Я павінен спачатку ўсё ведаць. Калі масква нападзе знянацку, то пры нашых сілах нечакана для самой сябе задасць нам паразу.
Ніхто не рызыкнуў выказвацца. Гэта рыса: лічыць сваю думку адзіна правільнай, не пытаўшы іншых, моцна шкодзіла гетману. Але дасведчаныя афіцэры верылі ў яго ваярскі талент і шчаслівую зорку, ведалі, што адказнасць за паразу гетман не завагаецца ўзяць на сябе. Хто яшчэ рызыкнуў бы вырушыць супраць войска Шуйскага з такой жменькай.
– Будзем спадзявацца, палкоўнік Гасеўскі здабудзецца на які фартэль, каб вырвацца, – прамовіў як сам сабе гетман. – Усё ж мае тысячу запарожцаў і сваіх некалькі сот.
У Белым, за паўтары сотні вёрстаў на паўночны ўсход ад Смаленска вяліжскі стараста, палкоўнік Гасеўскі, ён жа рэферэндар літоўскі, трымаў замак надзейна. Меў мала ежы, і няшмат зброі, затое досыць непрыяцеля: князі Хаванскі* ды Баратынскі* разам з іншаземцамі шведа Эдварда Горна шчыльна запіралі ўсе дарогі да сваіх.
Калі заняцца атрадам Гасеўскага, між маскоўскім войскам і Смаленскам застанецца толькі полк Марціна Казаноўскага* ў восем соцень пад Вязьмай ды семсот жаўнераў ротмістра Самуэля Дунікоўскага* ў Царовым Займішчы. Паспрабуй гэтым спыніць дзесяткі тысяч Шуйскага! А што тады з Найяснейшым панам і ягоным войскам?
– Да Казаноўскага, яснепане, – паслужліва пахіліўся ад’ютант, – павінен далучыцца полк пана Збароўскага. Мае пад сабою паўтары тысячы.
– Кінуў свайго “царыка”? – зазначыў гетман. – Што ж, неблагі нарыбак, хоць і клапатлівы ў паводзінах.
Малады Аляксандр Збароўскі, сын смяртэльнага ворага гетмана, мог стаць клапатлівым набыткам. Шаснаццацігадовым юнаком атрымаў рану, баронячы бацьку, якога ўрэшце схапіў не хто іншы, як непрыяцель крыві Збароўскіх, Жулкеўскі. Але і гэтага крыжа гетману не пазбегнуць.
– А пра маскавітаў што новага?
– Калі мы набліжаліся да Белай, частка адыйшла да Ржэва і перайшла Волгу. Чужаземцы Горна адыходзілі бліжэй і далучыліся да галоўных сіл. А зараз авангард кіруецца на Царова Займішча. Грыгоры Валуеў* ды князь Фёдар Елецкі* вядуць тысяч пяць ці восем. Ёсць і чужаземцы.
– Пяць, гэта, пане—браце, не восем! – ушчыпліва заўважыў гетман. – Хто над чужаземцамі?
– Дакладней пакуль не ведаем, але неўзабаве даведаемся.
Гетман узняў строгі погляд на афіцэра.
– Глядзіце, каб не тады, як нам на каршэнь уссядуць, – пагрозліва папярэдзіў афіцэра.
Палатніна на ўваходзе варухнулася і адзін з афіцэраў выйшаў на заклік. Амаль адразу вярнуўся.
– Яснавяльможны пане, ганец з тэрміновымі навінамі. Настойвае на аўдыенцыі.
Падабаўся чалавеку дворскі жаргон.
– Скуль ён?
– Кажа, з Тушына.
– Кліч неадкладна, – загадаў Жулкеўскі і вымоўна зірнуў на ад’ютанта.
Рэгімэнтары па аднаму пачалі пакідаць шацёр. Калі з—пад Масквы аб’явіўся нечаканы кур’ер, то дзеля нечага спешнага. Вельмі верагодна, што ў справах не гэтулькі вайсковых, як палітычных. Гетманы Рэчы Паспалітай мелі прэрагатывы не толькі міністраў вайны, але і замежных дачыненняў, і Жулкеўскі ўмеў імі карыстацца.
Заяц, маскавіты і воўк…
Заяц быў як падарунак нябёсаў. З ваколіцаў, дзе кішмя—кішэла войска, ужо даўно збегла ацалелая дзічына. А ў яго заставаўся ледзь не апошні сухар. Ужо каторы раз, пракраўшыся да якой вёсачкі, чуў талкаванне маскавітаў, лапатанне татараў ці гергетанне немцаў. Ад гэтых усіх калі і мецьмеш пачастунак у чэрава, то пераварыць не здолееш. А тут колькі фунтаў свежыны. Ён падняў зайца за заднія лапы. Капыта прыклалася бедаку акурат да галоўкі.
– Адразу і канец! – паспачуваў міжволі.
Нават прамармытаў нешта накшталт падзячнай малітвы. І толькі прывязваючы тушку да сядла, прыйшло ў галаву, што заяц ляцеў насустрач. Адразу гарачым полымем ахапіла насцярога:“Хто ж яго небараку, спудзіў? Ці не чалавек?” Дарога за якіх дзесяць сажняў ападала як бы ярам, між двух не надта высокіх, але крутых узгоркаў. Таму і вылецеў заяц насустрач, а не кінуўся ўбок. Узяў каня пад цуглі, але яшчэ вагаўся. Калі там, у яры, нехта ідзе насустрач, то адзіны шлях уцёкаў як у гэтага зайца. Ды і то, калі хопіць конскага спрыту, бо ўцякаць давядзецца на гару. Для кулі наўздагон гэта без розніцы. Яшчэ раз прыслухаўся і мог бы пабажыцца, што ў сасновы пошум дадаюцца нейкія нелясныя гукі. Усё ж лепш сыйсці з дарогі. Ухапіўся за луку сядла, каб скочыць на каня і позірк уткнуўся ў заечую тушку. Гэта вырашыла.
«Трэба пад’есці, пакуль не сапсавалася, – усправядлівіў сваю асцярожнасць – Не есці ж яго сырым.»
Праехаў назад, выбіраючы месца звярнуць у гушчар, каб і следу не пакінуць і каню не зацяжка. Добра схаваўшыся за хмызняком і елачкамі, прыслухаўся. Сумневу не было: знізу дарогаю ідуць людзі. Войска, абоз ці што іншае, адсюль не ўгадаеш. Саскочыў, заматаў повад да дрэўца і покрадкам, нібы кот, ставячы ногі ў высокай траве, пачаў скрадацца да дарогі. Спыніўся, каб мець магчымасць кінуцца назад, але і разгледзець хто ж там ідзе—едзе.
Не чакаў доўга. Члэпанне капытоў, пабразгванне жалеза, сцішаная гамана значнага гурту людзей, як гэта пры кожным паходзе войска, не пакідала сумневу. Некалькі дзесяткаў збройных няспешна ехалі конна, не турбуючыся ні пра якія дазоры. Ясна, што маскавіты. Неабсяжная краіна за спіною стварала пачуццё надзейнага тылу, недаступнага ворагу. Яшчэ не ўсе з іх звыклі да насцярожанасці, да таго, што непрыяцель можа выявіцца з кожнага боку. Здольныя ваяводы, кшталту Скопіна, разумелі, што гэта не так і таму маглі стаць супраць непрыяцеля як належыць і мець перамогу. Іншыя, вось як тут нейкі самаўпэўнены баярын крочыць і ў бараду не дзьме. Сапраўды, крыху адстаючы ад пярэдняй кавалькады, таксама конна выступала невялікая купа добра апранутых з прыбочнымі ўслед, як ён акрэсліў, баяраў. Выглядалі ваяўніча, перагукаліся весела, упэўнена. Услед за імі цяжкім поступам, пахіліўшыся наперад адольвала пад’ём пяхота.
“Вось гэта мог напароцца!” – падумаў ён, спрабуючы падлічыць збітых у гурму пехацінцаў. Можа немуштраванае апалчэнне, а можа афіцэры не назалялі людзям на цяжкой дарозе. Калі тупат і гамана войска аддаліліся і заціхлі, ганец прыслухаўся, ці не ідзе хто следам і, пераканаўшыся, што ўсё ціха, супакоіўся.
“Але ж і ўратаваў мяне зайчык! – прамовіў сам сабе, вяртаючыся да каня.
Сабранае ламачча разгарэлася надзвычай хутка і ганец азіраўся за якой сухадрэвінай. Крокаў за дваццаць, бачылася нешта прыдатнае. Не сказаць каб тоўстае, затое ламацца будзе лёгка. Уваткнуў ражончыкі з заечынай так, каб не падгарэла, калі раптам хлыпне полымя, і пайшоў да сухой асіны. Выбіраючы, каб зручней падступіцца да лепшай галіны, раптам заўважыў, як шэрая постаць матлянулася ля вогнішча. Выхапіў пісталет.
– Стой, бо куля спыніць! – крыкнуў, імгненна адводзячы крэмень.
Чалавек зачапіўся за нейкую ламачыну і ледзь не паляцеў употырч, бо рукі меў занятыя і раўнавагу ледзь утрымаў. Спыніўся, не рызыкуючы ўцёкаў. Ганец, трымаючы зброю напагатове, падступіўся бліжэй і здзівіўся. Хлапчына ў лахманах, з тварам у шчацінні, прагна ўгрызаўся ў недапечаную заечыну нібы згаладнелы сабака. Уцякаць і не думаў, як не квапіўся кінуцца да каня, каб ухапіць хоць бы корд.
– Не спяшайся! – крыкнуў ганец. – Не заб’ю цябе раней, чым з’ясі.
Чалавек паслухаўся, нібы абяцанка яго заспакоіла.
– Недапечанае, – напомніў ганец. – Можа і зашкодзіць. Прыстаў да вуголля ды пацярпі.
Бядак, калі памыць—пагаліць, быў напэўна маладзейшы за самога ганца. Насцярожана паглядаў на ўзброенага, але відаць было якіх намаганняў каштуе, каб ізноў не ўпіцца зубамі ў здабычу. Апусціўся на кукішкі, прыладзіў ражончыкі бліжэй да гарачыні.
– Ты прысаджвайся ямчэй, – запрасіў ганец. – Сам хто будзеш?
– А вы, пане, ад ліцьвінаў? – з надзеяй запытаўся хлапец, замест каб адказваць. Ён падгроб нагою ламачча, што валялася паблізу і апусціўся на лоўжык, выцягнуўшы ногі ў стаптаных дашчэнту пасталах. Падкінуў паліва і вясёлыя языкі заскакалі над прыскам.
– Змёрз, галадаў, а піць так хочацца, што і пераначаваць недзе? – ганец спагадліва ўсміхнуўся госцю і пацягнуўся да торбы. – Я ад ліцьвінаў, а сам жа з чыіх? Пільным поглядам акінуў вопратку небаракі. Здавалася, зброі не мае, але пісталет лепш трымаць напагатове.
– Пагрызі пакуль. Зубы маеш? – кінуў яму сухар.
– Цэлыя, – першы раз паспрабаваў усміхнуцца хлапец. – Казак я, але таксама ліцьвін, таму і пазнаў свайго.
Цвёрды сухар захрумстаў на маладых зубах нібы яблычны мякіш. Не, не прыкідваецца, сапраўды галодны… – Не памятаю, калі і грыз такое смачнае!
Ганец сунуў пісталет падпаху, саскроб кару з дубца, завастрыў і пачаў нанізваць кавалкі мяса, адразаючы ад тушкі.
– На дваіх малавата будзе, – паказаў на тыя, што смажыліся. – Казак, кажаш? З Украйны?
Ні на момант не забываўся, што па дарозе толькі што пратэпала войска маскавітаў. Чаму не мела пусціць перад сабою падглядачаў? Маглі выбраць і ліцьвінаў і украінцаў. Розныя трапляліся лазутчыкі і па рознаму ад іх пазбаўляліся…А што з гэтым рабіць?…
Казак зусім па—хлапечаму адмоўна пакруціў галавою.
– Не—а! Я там яшчэ і не быў. З Меншчыны я. Таму ў Менскі курэнь цаляць буду, – пахваліўся як нечым выключным.
Ганец з цяжкасцю стрымаў усмешку. Калі не ўдае і не маніць, то хутчэй за ўсё беглы і казацтва яго скараспелае. Прыбіўся да нейкай сотні, пашкадавалі нябогу, прыгрэлі, а ў сутычцы заблудзіўся ці спалохаўся ды адбіўся.
– Адстаў ад сваіх? – ганец акінуў вымоўным поглядам лахманы казака, даючы зразумець, што мае іншае на думцы.
Хлопец не стаў выдумляць.
– З палону ўцёк, – каротка патлумачыў і дадаў як на апраўданне. – У мяне ж зброі не было, таму і паланілі. Але прабыў там нядоўга.
І ў адно і ў другое, не абавязкова, але можна было паверыць. Хто б ні быў, няхай думае, што яму вераць.
– І здалёк бяжыш?
– Не вельмі. Але па лесе кружляць давялося. Разы два зусім зблудзіў у цемені. Дзе ні кінуся – маскавіты, альбо шышы іхнія.
Хлопец крыху супакоіўся. Цяпло і ежа размарылі агаладалага і ён нібы адтаваў. Можа і бяспечней пачуўся пры ўзброеным, ды яшчэ сваім і нібы зычлівым.
– А маскавіты трымалі пры войску, у фартэцыі. Кухару падсабляць, дровы, вада. Дзякуючы той вадзе і ўцёк, – усміхнуўся ён на свой удалы чын. Варта падахвоціць роспытамі. Чым больш будзе гаварыць, тым лацвей прагаворыцца, калі за ім нешта цёмнае. Тады справа за кордам, бо стрэлу нельга сабе дазволіць.
– І як жа тое?
– Нібы і проста, – адказаў хлапец, але відаць было, што ахвотна ўспамінае сваю хітрасць. – Паехалі са стральцом па ваду. Я раз набраў, два, дзе глыбей. А пасля дно вядром зачапіў і паказваю – вада мутная, нешта там у струмені. Стралец падышоў зірнуць, прыгнуўся. Тут я яму вядро на галаву ды бегма! Пакуль крык, пакуль збегліся, бо і дровы секлі, то я ладна адскочыў.
Ганец ухвальна зірнуў на хлапца.
– Зух з цябе! Мог жа і стрэліць.
– Мог, – пагадзіўся “казак”. – Але я далёка не ўцякаў. На вялізную елку ўзляцеў і да цямна пераседзеў. Нават бачыў, як бегалі ды перакрыкваліся. – Смела разважыў, – пахваліў ганец. – Уцякаючы, ды пры слабых сілах, мог і не адчапіцца ад пагоні.
– Во! – узрадаваўся хлопец. – І я гэтак скеміў. А як сцемнілася, злез ды пашыбаваў гушчарамі абы найдалей. А дарожкамі аглядна прабіраўся. – Як дасведчаны ваяр дзеіў, – прызнаў ганец.
Відаць было, што пахвала сапраўднага ваяра, са зброяй і пры кані, прыйшлася хлопцу даспадобы. Чалавек адзін у лесе, а вокал хутчэй маскавіты, чым свае. Напэўна выведнік.
– Напіцца, то мог знайсці, а вось на зуб узяць… – паскардзіўся “казак”, – толькі ягадзіну якую, шчаўе. Нажа і таго не маю, што там пра агонь казаць.
Ганец здагадваўся, што першая радасць хлапца саступае трывозе, што ж далей. Хапала кемлівасці, што коннік напэўна з нейкім даручэннем, але ў які бок? Рашыўся не чакаць, калі сам пачуе. – Дазволіце, пане, да вас далучыцца, пакуль свае? – голас бедака ўздрыгнуў ад непрыхаванай роспачы.
Ганец прамаўчаў.
– Не думайце, я памоцным буду, – хлопец заспяшаўся запэўніць дабрадзея, а заадно і разжалобіць. – Цяжка аднаму, без зброі…
Ганец падумаў, як бы паставіліся да такой просьбы ягоныя начальнікі. Ды яшчэ ў час, калі кожны кожнаму вораг. Пешы коннаму не таварыш, так кажуць. Але лесам, па гушчарах, то невялікая розніца. Хлапец здагадаўся пра гэтыя ваганні.
– Я з вамі хоць бы і назад, абы ўдвох. Можа і зброю якую здабудзем. І адпачнеце, пакуль пасцерагу, – паспрабаваў спакусіць сваімі смешнымі паслугамі.
Ганец маўчаў, углядаючыся ў слабенькія струменьчыкі дыму. Хмыкнуў, ці здолее заснуць пад вартай прыблуднага хлапца. Тут табе і конь з рыштункам і зброя. Колькі іх, беглых, у казаках царыка. Узняў вочы на няпрошанага госця з нежаданымі паслугамі. З вачэй небаракі пазіраў такі страх застацца ізноў аднаму, цкаванай звярынай, што і ў загартаванага сэрца сціснулася. Ведаў, што значыць адзінота між ворагаў.
– Гэта як глянуць, але не бойся, – супакоіў хлапчыну. – Неганарова ліцьвіну свайго без дапамогі кінуць. Адно зразумей: да каня табе дастасоўвацца давядзецца часцей, чым яму да цябе.
Твар хлопца аж заззяў ўсмешкай.
– Я, пане, у хадзе лёгкі, – запэўніў ён. – Калі што, то подбегам, за стрэмя трымаючыся. А калі ўжо зусім непярэліўкі, кінеце мяне ды ў галоп, – прапанаваў ахвярна.
– Несумненна кіну, – сувора пацвердзіў ганец. – Але, дзе лягчэй, за спіною ў мяне падсядзеш, – засмяяўся. – Здаецца нарэшце смажаніна наша гатова! Толькі жуй добра і не спяшайся. Пасля галадання не варта зашмат на вантробу класці. А зваць жа цябе як?
– Воўк я, – назваўся хлопец і дадаў, згледзеўшы нямое пытанне. – Раней то мяне іначай клікалі, але мушу прывыкаць да казацкага.
Відаць было, што казацкія звычаі засвойваў старанна і ў вялікім спеху. Можа і ваяўнічае імя сам сабе прызнаў, а магчыма і казацкая грамада пацешыла хлапца. Таварыскі, шчыры, падацца некуды. Вось і ўпрасіўся. Колькі іх там з Княства! А вайною ўсё прасцей.
– Воўк то воўк, – кіўнуў ганец. А я пан Бражына. Ну, паямо ды пачынаем збірацца, бо начаваць нам тут не выпадае, ды і час на тое ранні. Але перад тым пацікуем на дарозе.
А там ішоў рух. Вось прарыпелі яшчэ дзве фуры. Фурманы лена памахвалі пугамі, прыгорбіўшыся ад доўгага сядзення. Авангард абозу ўжо значна аддаліўся, а ганец з Ваўком не высоўваліся. Нарэшце, калі ў разрыве між вазамі паказалася пара вершнікаў, ганец загадаў.
– Выходзім! Гэта свае!
Яны рашуча выскачылі на ўзбочыну і скіраваліся да жаўнераў.
– Вітаю вашмосьцяў! – крыкнуў ганец, перш чым хто паспеў запытацца. – Мне б абознага.
– А ён там, наперадзе, – адказаў адзін, а другі пацікавіўся. – А сам хто будзеш?
– Знаёмец, – знайшоўся ганец і, як неўзабаве высветлілася, удала знайшоўся.
Меў некалі з абозным стычнасць ці размову. Няшмат таго было, але твары запомніліся.
– Куды цягнеш, вашмосьць? – запытаўся ганец.
– Пакуль на Вязьму. Гетман з войскам на пяты мне наступае, бо тут не аб’едзеш, – засмяяўся абозны. – Як мы разумеем, насустрач Шуйскаму, царову брату. А ты скуль прабіраешся?
– А я, лічы ад таго брата, – весела адказаў Бражына і пасуровеў. – Не туды ідзеце, браце.
– Як гэта? – устрывожыўся абозны.
Абоз у згаладнелым краі – лакомая здабыча, але той аслонай, што змог даць гетман, не адбіцца ад якога адчайнага раз’езду.
– Не спяшайся, – папрасіў ганец. – Знайдзі прычыну спыніць абоз, а мне дай каняку для хлапца, – паказаў на Ваўка. – Крыху пазней штурхні пасланца да гетмана пад якой—кольвек спасылкай. Убачыш, загадае змяніць напрамак.
Абозны ведаў, што ўсе гэтыя ганцы, кур’еры ды даручэнцы труцца каля галоўных кватэр і дзеля забавы лухту не мелюць. Нават у рэгімэнтароў ды гетманаў послух маюць заслужаны.
– Маскавіты не перад вамі, а там на поўнач, – патлумачыў Бражына. – На Белы цягнуць. А калі пакажуць вам які раз’езд, то для змылення вачэй.
Абозны прысвіснуў.
– Вось яно як! Можа стацца, што ўбачым маскавітаў за спіною! А ты пэўны?
– Як тое, што спаткаў цябе, а не твайго дзеда. Па ўсім выглядае, ім карціць пана Гасеўскага даканаць і абложнае войска вызваліць, каб гуртам на Жулкеўскага…Можа і з тылу…
Гасеўскі, абложаны маскавітамі, вырвацца сваімі сіламі не мог. А сілы тыя вельмі прыдаліся б гетману Жулкеўскаму. Адны даносілі, што перавага Шуйскага ў тры разы, іншыя казалі ў шэсць. У страха вочы вялікія, але заўсёды лепш падрыхтавацца супраць мацнейшага, чым спадзявацца на памылку выведнікаў. Абозны вырашыў.
– Наперадзе рэчка, спынімся тое—сёе на вазах падладзіць, – ціха прамовіў да ганца і клікнуў у бок аховы. – Скачы, Пракоп, хай ля вады спыняюцца. Як я разумею, – павярнуўся да ганца, – мой чалавек павінен вас не здагнаць але і не забавіцца?
– Слушна ўлавіў, – пахваліў ганец. – Мне паведаміць няшмат часу спатрэбіцца. Як хто, а гетман улёт схопіць, – упэўнена сказаў ён.
Да галоўных сіл было крок зрабіць. Сустрэты ў галаве калоны ад’ютант хутка пацягнуў іх да гетмана. Выслухаўшы таропкі даклад ад’ютанта праз расчыненыя дзверы карэты, гетман загадаў Бражыну: – Залазь сюды!
Ад’ютант падагнаў свайго каня наўзбоч, каб ніхто непажаданы не мог пачуць размовы. Выкласці дыспазіцыю, адказаць на пытанні гетмана шмат часу не заняло. Жулкеўскі распытаў пра тушынскага “вора”, пра ягонае войска, пра цара Васіля, пра Яна Пятра Сапегу і князя Ражынскага. Над нечым думаў, але з загадамі не спяшаўся. Махнуў ад’ютанту і праз другія дзверы нешта патлумачыў. Непадалёк карэты падляцеў малады ваяр і стаў нечага дабівацца ад стараватага паручніка. Той нецярпліва перапыніў пасланца і пад’ехаў да карэты.
– Што з абозам, яснепане?
Старшына здагадалася, што ганец прывёз нейкія весткі.
– Загадай чакаць, дзе спыніліся, – кінуў гетман, думаючы нешта сваё, важнейшае.
Падняў вочы на Бражыну.
– А скуль пэўнасць, што не памыляешся?
– Ад прыбочнага свайго даведаўся, яснавяльможны пане. Хлопец мне па дарозе трапіўся. Падчас апошніх дзён палону падслухаў размову афіцэраў.
– Але ж мог і падасланым быць? – у пытанні гетмана таіўся папрок у магчымай лёгкавернасці.
– Я рызыкнуў затрымацца з лістамі, яснепане, – павініўся ганец, пляснуўшы па торбе. – І ўдвох прыгледзеліся. Цягнуць, як хлопец і казаў, на Белы. Схапіць языка не рызыкнуў ізноў жа з—за гэтага, – паказаў на торбу. – Ды і маскавіты маглі б насцярожыцца і нешта памяняць.
Гетман ухвальна кіўнуў.
– Слушна разважыў, слушна.
Але адчувалася, нешта замінае яму прыняць канчатковае рашэнне. Не мог сказаць гэтаму маладому ліцьвіну з сумленным поглядам, што мае іншыя звесткі. Малады афіцэр з тушынскіх бывальцаў, але нібыта з каралеўскага атачэння, прынёс іншыя весткі. Да таго напярэдадні прачытаў у перахопленым лісце, пісаным па нямецку, нібыта тушынскі цар, напалоханы адступніцтвам шмат каго з прыхільнікаў і нават прыбочных, цішком уцёк да Калугі. Войска Шуйскага выправілася туды канчаткова разабрацца з тушынскім ворам, а сам цар Васіль уздыхнуў вальней і вышэй узняў штандар абароны праваслаўя, бо данеслі яму пра няўмольную варожасць караля Жыгімонта да царквы.
Ліст быў скіраваны да камандзіра наймітаў, што аблягалі Белы, з загадам скіравацца на Тушына, каб скончыць з тымі, хто яшчэ там заставаўся. А Белы ў аблозе ўтрымае і невялікая частка, што застанецца. І нічога ж не ўдакладніш, бо афіцэрык той, чые хлопцы так няўдала ўходалі ганца, акурат ад’ехаў да караля, пад Смаленск. Быў бы той ганец жывы, іншая была б сітуацыя.
На пастоі Жулкеўскі загадаў яшчэ раз паклікаць гэтага Бражыну. Ганец заўважыў, што ад яго ні на крок не адступаюць двое маладзёнаў. Вялі размовы, распытвалі пра тушынскія навіны, частавалі абедам, апавядалі што вясёлае ды цікавае, але ні на хвілю не пакідалі аднаго. Невядома, дзе дзелі іх з Ваўком коней, але запэўнілі, што дагледжаны і не згубяцца. На заўвагу, што пара б ехаць, зазначылі, што без гетманавага асабістага дазволу аніхто не можа адлучыцца ад войска.
Калі Бражына з’явіўся ў шатры гетмана, там апроч самога Жулкеўскага было двое ад’ютантаў. Ізноў падрабязна распытаўшы, што і як адбывалася, гетман нібы мімабегам выказаўся наконт Калугі. Ганец і тут меў сваё меркаванне, падмацаванае думкамі Яна Пятра Сапегі. Заўважыў, што гэта апошняе мела вагу ў вачах гетмана. Відаць, ён і сам не бачыў патрэбы братам Шуйскім займацца ў першую чаргу Калугай, калі галоўную небяспеку нясе войска караля. Ведаюць і яго, Жулкеўскага, меркаванне пра першараднасць захопу сталіцы замест аблогі Смаленска. Не могуць пакінуць адкрытай дарогу на Маскву.
Ганец рашыўся напомніць гетману пра свой абавязак даставіць лісты ў час і па прызначэнню. Да таго ж нясе вусныя пераказы вялікаму канцлеру Сапегу, а той мажліва будзе дакладваць каралю. Гетман без вялікага зацікаўлення выслухаў лемантацыю Бражыны.
– Застанешся, вашмосьць пры мне, пакуль не дазволю ехаць. Пры нагодзе і мае лісты прыхопіш. Дам табе ўсправедлівенне, – паабяцаў строга.
Відавочна, не хацеў уразіць чалавека недаверам, але разумеў, што той толькі так і бачыць сваё затрыманне. Не мог прызнацца гетман, што мае зуб і на Міласцівага пана, які са жменькай войска выправіў на мацнейшага непрыяцеля, і на Льва Сапегу, ці не галоўнага вінаватага за непатрэбную вайну. Не здагадваліся сваім часам Радзівілы, каго выводзілі на дарогу да ўлады. Не кліента атрымалі, а таленавітага суперніка над Вялікім Княствам. Добра яшчэ, што скемілі пакінуць яму канцлерства, а не Вільню з ваяводствам. Гэты ліцьвін заўсёды знойдзе прыхільнікаў і дапне свайго. Самога караля з усімі дарадцамі вывеў у поле з тым сваім Статутам.
– Не глядзі, хлопча, як сказанец, – паўшчуваў гетман. – Абшукваць цябе не будзем, папер тваіх не кранем. Захаваем да ад’езду. Урэшце, мы ж нават не ведаем ці той ты, за каго падаешся.
– Як гэта! – усклікнуў абураны ганец. – У мяне ж тут знаёмцы ёсць! Ды і паперы!…
– Не палыхай, пане—браце, – строга спыніў яго Жулкеўскі. – Вось з’явіцца хто з—пад Смаленска, засведчыць тваю асобу, то і паедзеш. А пакуль заручы мне словам гонару, што не ўцячэш. Бо не трымаць жа пры табе «ахову”. Для больш сур’ёзных спраў патрэбны.
Ганец апусціў галаву. Гэта ж Бог ведае, калі і хто з’явіцца з тых, каму гетман паверыць.
– Даю слова гонару, – панура прамовіў ён і пайшоў услед за ад’ютантам перахапіць, што Бог паслаў.
Бог не шчодрыўся. Ад’ютант наліў у два вялікія кубкі нейкага асаблівага ўзвару, што па яго словах усялякую хваробу ад касцей адганяе. Бражына з усмешкай нагадаў, каб і сабе не шкадаваў, калі ўжо такі карысны. Разумеў, што такімі вось “лекамі” спрабуюць прыглушыць неадступнае пачуццё голаду, які панаваў у войску, што ішло па агалечанай краіне.
– А як было з тым нямецкім лістом? – пацікавіўся Бражына. – Гетман спасылаўся, але ж распытваць яго не выпадала.
– Ды проста, калі падумаць, – адказаў афіцэр. – Не раз і не два падобнае здаралася. Нейкі ліцьвінскі раз’езд аклікнуў вершніка на ўзлеску. Той нібыта не спяшаўся, а тут даў шпоры і ў галоп. Яны за ім. І тут нехта з гэтага значка як свісне, раз другі, трэці. Конь таго на дыбкі. Танцуе, круціцца, вершнік яго хвошча, шпорамі рэжа, а змусіць не можа. Тут стрэл, ну і звалілі.
Ад першых словаў засвітала падабенства з некалі бачаным.
– А конь нібыта таму свістуну колісь належаў, то і паслухаўся поклічу, – патлумачыў афіцэр.
– І дзе ж той значок? Ад’ехаў не дапытаны! – упэўнена прамовіў Бражына, стрымліваючы раздражненне.
– Так, – крыху здзіўлена адгукнуўся ад’ютант. – Нібыта спяшаліся да свайго рэгімэнту пад Смаленск.
– Разам з упартым канём, – сцвердзіў Бражына. – Спраўны такі сіўка!
Ад’ютанту нешта засвітала. Здзіўлена зірнуў на ганца.
– Але ж ты іх не бачыў…Адкуль ведаеш?…Дык ты думаеш?…
– Ды вось думаю, каму ці чаму гетман паверыць? – Бражына кінуў на афіцэра дапытлівы позірк. – Таму, што я дакладваў, ці таму, што нейкі “немец” нібыта яму напісаў. Шмат што ад гэтага можа залежаць.
– Пане, – аклікнуў Воўк, – пара палуднаваць. Паказаў два кацялкі і запрашальна заўсміхаўся. Ганец памахаў рукою і скіраваўся да тоўстага бервяна, прызначанага верным казаком на сталовы пакой.
Воўк спагадліва паглядаў, як Бражына панура калупае абрыдлую кашу. Сам то пры конях каму дапаможа, то пры кухні пасмяецца, каб рамяство ў маскавітаў набытае не страціць. Ён і ўсюды, ён і нідзе. А пану Бражыну, чым забавіцца? Адно размовамі, ці лісты пісаць. Але каму, калі сірата як і Воўк?
Правообладателям!
Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.Читателям!
Оплатили, но не знаете что делать дальше?