Текст книги "Дыплом на царства"
Автор книги: Аркадзь Ліцьвін
Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза
Возрастные ограничения: +16
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 10 (всего у книги 66 страниц) [доступный отрывок для чтения: 21 страниц]
Necessitas in loco, spes in virtute. Надзея ў мужнасці, ратунак у перамозе…
Насуперак меркаванню Дэлагардзі, гетман думаў, як перамагчы. Далятала звяганне, што старому свет абрыд і яму ўсёроўна ацалець ці гінуць разам з войскам. Але не зважаючы на балбатню зласліўцаў, Жулкеўскі ані сам паміраць не думаў, ані войска аддаваць на згубу не збіраўся.
Нястомна рассылаў выведку, данясенні слухаў асабіста. Вось толькі што чацвёра немцаў, выбраўшыся ад маскавітаў да каралеўскага войска, ахвотна расказалі, што ведалі. Непрыяцель быў за чатыры мілі і нібыта збіраўся ўдарыць назаўтра. Гетман вырашыў спачатку разбіць Шуйскага з Дэлагардзі, а затым змусіць да капітуляцыі лагер пад Царовым Займішчам.
Дэлагардзі весяліў застолле байкай пра собаляў, а Жулкеўскі акурат на той час паклікаў сваіх ротмістраў: – Маскавіты далей не пойдуць, – цвёрда, дзеля абавязковага засваення прамовіў Жулкеўскі. – Хіба што ў выпадку здрады, але на гэта мы не павінны разлічваць.
Павёў позіркам па сабраных, ці засяроджана слухаюць.
– Чатыры тысячы казакоў і восем соцень пяхоты застаюцца тут, – распарадзіўся ён. – Іх задача не выпусціць з фартэцыі маскавітаў ні па ежу, ні па ваду, ні дзеля выведкі. Валуеў з Елецкім павінны думаць, што аблога не аслабела і ўсе мы тут. Роты паноў Каліноўскага і Бабоўскага, разам, як я памятаю, сем соцень, будуць апорай.
Помрук ухвалы прайшоў па рэгімэнтарах і палкоўніках. Шмат было незадаволенасці, калі пасля першых сутычак гетман загадаў узнесці насупраць маскавіцкай фартэцыі палявыя ўмацаванні. Насыпалі валы, утварылі равы і паставілі палісады. Здавалася, гетман рыхтуецца зімаваць, аж вось і прыдадуцца!
– За аслонай, то можа і зашмат пакідаем, яснепане? – выказаўся аршанскі стараста Гасеўскі.
Гетман пакінуў бы і больш, асабліва пяхоты, але дзе яе ўзяць.
– Не зашмат, калі Валуеў разгадае наш фартэль і рызыкне на вылазку, – перапыніў пярэчанні гетман. – Пэўны элін, стаўшы перад непрыяцелем, чапляўся за зямлю якарам, замацаваным ланцугом да панцыра на знак, што не падасца назад ані кроку. Вось так і вам, хто застаецца, трымаючыся ўмацаванняў, нельга саступіць ні пядзі, каб Валуеў не разгадаў нашай хітрасці і не вылез ударыць нам у спіну.
На вузкай, у якіх чатыры мілі лясной дарозе да лагеру Шуйскага не надта адаб'ешся. Мясціны балоцістыя, не разбяжышся. – Так што трымаць тут маскоўскіх ваяводаў – гэта першае. Другое, – голас гетмана пасуровеў на знак увагі, – поўная, але то сапраўды поўная, цішыня. Як пры шыхтаванні так і на адыходзе. Аніякіх труб і сурмаў, аніякіх бубнаў. Каманды сцішаным голасам. Каменданты палкоў атрымаюць пісьмовыя загады, адпаведна якім павінны ставіць свае рэгімэнты да маршу.
Гетман кінуў запытальны погляд на аднаго з канцылярыстаў.
– Усё гатова, яснавяльможны пане, – афіцэр узняў у руцэ пачак паперак.
– Добра, – пахваліў Жулкеўскі. – Цішыня абавязуе і на маршы. Выведка суцяшае, але непрыяцель можа і ўстрывожыцца. Поспех залежыць ад таго, наколькі сцісла будзем трымацца зыходных пазіцый да атакі і ці дакладна ў вызначаны час рушым па камандзе, – падкрэсліў гетман.
Афіцэры слухалі ўважліва. Уцекачы з чужаземнага войска расказалі шмат, але ці ўсяму можна верыць. Ротмістр Невяроўскі* са сваім раз’ездам акурат перад нарадай прывёў гетману некалькіх паланёных баяраў. З усіх паведамленняў несумненным было адно: непрыяцель шматкроць лічнейшы.
Супакойвала ўсведамленне ўласнага досведу ды ўпэўненасць вось гэтага шчуплага, зусім не ваяўнічага з выгляду чалавека, польнага гетмана Кароны.
– Памятайце, вашмосьці, што непрыяцель мае адзінаццаць гармат супраць нашых двух фальканэтаў. Не выстаўляйце людзей на карцеч, бо рэзерваў не маем.
Хмяльніцкі стараста Мікалай Струсь зазначыў: – Платы ўпоперак поля бітвы між дзьвума вёскамі не дадуць атакаваць кавалерыяй з маршу, але загадзя ламаць неразумна, яснепане, можна ўстрывожыць непрыяцеля.
– Слушна, – пагадзіўся гетман са здатным, славутым ваяром. – Перш чым ламаць, тым больш паліць, трэба дачакацца падыходу большасці войска.
Гетман не хацеў нападаць на спаўшых маскавітаў. Ці то з рыцарства, ці дзеля таго, каб непрыяцель высыпаў з укрыцця, з хат, з шатроў у непарадку, без ладу—складу.
– Вёскі давядзецца падпаліць, – сурова папярэдзіў гетман. – Інакш непрыяцель абсадзіць хаты стральцамі і моцна нас прарэдзіць. Бліжэйшая да нас Прачыстае. Там і пачнем рабіць дарогу кавалерыі… Устаноўлены гетманам парадак дзейнічаў бездакорна. Выступілі адразу пасля нарады, за дзве гадзіны перад заходам сонца. Трое праваднікоў упраўляліся няблага, але на вузкай дарозе не развернешся і войска расцягнулася на пару міляў, адольваючы балоціны і месячы гразь. Усё ж перад світанкам 4 ліпеня (на 24 чэрвеня) 1610 года чола калоны дайшло да пазіцый непрыяцеля. Злева, ад поўначы, згледзелі лагер чужаземных палкоў Дэлагардзі, умацаваны толькі вазамі: шведы, французы, немцы, гішпанцы, фламандцы, англічане з шатландцамі, збераніна тысяч да васьмі спрактыкаваных жаўнераў—наймітаў. На поўдні – расцягнуўся лагер маскавітаў Шуйскага, тысяч трыццаць ці болей, як ацэньвала гетманская выведка. Абставіліся кабылінамі, для пэўнасці ўзялі да сябе наёмных райтараў, муштраваную кавалерыю.
Гетман меў супраць іх дакладна пяць тысяч пяцьсот пяцьдзесят шэсць гусараў, каля тысячы петыгорскай і казацкай кавалерыі і дзьве сотні пяхоты пры дзьвюх лёгкіх гарматках, якія заселі ў гразі і яшчэ не выбраліся з лесу. Пакуль што ўсё было ціха. Гетман аб’ехаў шыхты войска.
– Памятайце, на пакінутае вамі пры адступленні месца тут жа паставіць нагу непрыяцель. Necessitas in loco, spes in virtute, salus in victoria, надзея ў мужнасці, ваяры, а ратунак у перамозе!
Гэта выслоўе Тацыта лічыў адпаведным моманту. Капеланы, не адстаючы ад гетмана, давалі блаславенне. На правым крыле стаяў полк Аляксандра Збароўскага, які толькі што прыйшоў да гетмана. Яго падсілкоўвалі палкі Марціна Казаноўскага і ротмістра Дунікоўскага. Левае крыло заняў Мікалай Струсь, а палкоўнік Парыцкі з палком Жулкеўскага меў задачу падтрымаць яго, калі сілы першых шэрагаў аслабеюць. За гадзіну разабралі частку платоў, каб даць дарогу кавалерыі. На дзве сотні пяхоты з гарматамі яшчэ трэба было чакаць. Але палыхнула вёска Прачыстае і вораг прахапіўся. Гетман загадаў ударыць у бубны і катлы на пачатак наступу.
Галоўны ўдар быў супраць маскоўцаў. Чужаземныя атрады, па чутках, за выключэннем хіба французаў з фламандцамі ды немцаў са шведамі, не квапіліся да бою. Між іх ізноў пачаліся таргі з—за нявыплаты належнага. Разбіццё маскавітаў канчаткова дэмаралізуе наймітаў. Але пакуль што і чужаземная пяхота стала за недапаленымі платамі, а на правым крыле – маскоўская кавалерыя ўперамешку з пяхотай.
Маскавіты адбіваліся ўпарта і гетман імкнуўся пераканаць непрыяцеля, што атакуе велізарная маса кавалерыі. Вайсковым звычаем услед за гусарыяй, імчыць панцырная кавалерыя, у войску Вялікага Княства званая петыгорцамі. Наступнай хваляй налятаюць лёгкія, казацкія харугвы. Але ў гетмана было толькі адно выйсце: зноў і зноў кідаць у атаку харугвы, даючы ім крышачку адсапнуцца і памяняць зламаныя коп’і на цэлыя.
– Яснавяльможны пане! – ледзь не маліўся чарговы рэгімэнтар. – І людзі і коні знясілены дашчэнту! Амаль усе коп'і зламаны. Хоць бы хвілю пярэдыху?
– Ведаю, браце! – адкрыкваўся гетман. – Іншым не лягчэй. Той ды гэты ледзь не дзесяць разоў ішлі на ворага. Мусім уцягнуць маскавітаў ва ўсеахватны бой. Вось пятую гадзіну трымаем іх у шаху! Ну і твае хлопцы пяць хвілін пярэдыху атрымалі, – усміхнуўся на слабое суцяшэнне. – Рушайце!
Гадзіны праляталі як хвіліны а мора маскавітаў не змяншалася. Асобныя харугвы паламалі, амаль усе з шасці—васьмі належных кожнаму гусару коп’яў. Затое гетман дабіўся свайго: уцягнуў маскоўскае войска ва ўсеахватны, шматгадзінны бой. На самым пачатку быў паранены і трапіў у палон ваявода перадавога палка Васіль Бутурлін. Услед за Прачыстым агонь ахапіў некалькі вёсак. З ацалелых будынкаў сыпаліся кулі мушкецёраў і стральцоў. За платамі прысядалі пікінеры, каб сустрэць гусарскіх коней вострымі пікамі.
Хоць і казалі старажытныя, што Nec Hercules contra plures, і Геркулес не дасць рады супраць многім, дасведчаны жаўнер Рэчы Паспалітай паступова браў верх над дрэнна вучаным і абы як узброеным апалчэннем баяраў і дваранаў, пасіленым сялянамі і стралецкай пяхотай. Вось на левым флангу полк князя Андрэя Галіцына, не атрымаўшы падмацавання, падаўся да бліжэйшага лесу. Вагі канчаткова перахіліў няўдалы караколь наймітаў Шуйскага. Два райтарскія карнэты высунуліся з рэзерву.
– Фойер! – гаркнулі афіцэры і бліскучыя рулі пісталетаў дружна выплюнулі струмені полымя, дыму і куль да гетманавых жаўнераў.
Пакуль першы шэраг райтараў нанова наб’е зброю, яго павінен замяніць і прыкрыць другі.
– Адыход! – прагучала па карнэтах.
Але ў той жа момант над гетманскай кавалерыяй пралунаў кліч: – На іх! – хваля вершнікаў кінулася за адыходзіўшымі райтарамі. Шэрагі наймітаў змяшаліся, хто нават не выстраліўшы, хто ўжо не набіваючы, кінуліся назад і наляцелі на шыхт маскавітаў у браме лагеру. Парадкі былі страчаны, гурма перамяшалася і кавалерыя Жулкеўскага пагнала яе перад сабою.
Большасць маскавітаў схавалася за ўмацаваннямі, але значная частка, раскідаўшы кабыліны, кінулася праз адкрытае поле да лесу. Некалькі харугваў гетмана ірванулі ў пагоню, б’ючы і абдзіраючы з трафеяў на працягу добрай мілі.
– Бі! Забівай! На іх! – неслася па полю разам з коннай лавай.
Частка маскоўскай пяхоты яшчэ трымалася ў будынках Пірнева, але ўжо быў канец з войскам Шуйскага. Цяжэй было на левым крыле. Сам Дэлагардзі з—за хваробы не прымаў удзелу ў бітве, але войска ягонае трымалася.
– Пане гетман! – падляцеў пяхотны паручнік. – Замежныя мушкецёры вынішчаюць нашу пяхоту! Б’юць з—за платоў! І пікінеры колюць коней і там жа крыюцца!
Гетман і сам бачыў, што вузкія прорвы між плятнямі прымушалі наступаць асобнымі харугвамі і не давалі ходу кавалерыі. Калі б усе біліся як французы і фламандцы, перамога магла б належаць непрыяцелю.
– Што ж чакаеце? – адкрыкнуў гетман ад’ютанту. – Фальканэты наперад! Разнесці тыя платы разам з пікінерамі! Гетман кінуў на вагі бітвы сваю артылерыю. Стрэлы двух фальканэтаў разнеслі ўшчэнт частку платоў, пяхота сыпанула кулямі па ацалелых мушкецёрах і пайшла на іх з халоднай зброяй. Чужаземцы мусілі адыходзіць, і кавалерыя гетмана рынула ўслед.
Пяхота стварыла чарговы пералом, але да канчатковай перамогі было яшчэ далёка. Сагнаны з поля непрыяцель засеў у лагерах, частка ягонай пяхоты замацавалася ў Пірневе. Чужаземцы, абапіраючыся на блізкі лес, парадкавалі шэрагі каля свайго лагеру. Да іх падцягваліся асобныя купкі разбітай кавалерыі. Дэлагардзі і Хорн, як і князі Галіцын з Мезецкім, блукалі з недабіткамі недзе ў блізкім лесе. Шуйскі схаваўся ў лагеры і праз Гаўрылу Пушкіна абяцаў чужаземцам небывалую ўзнагароду, калі не пакінуць поле бітвы. Калі даць ворагу час, ён можа ачомацца. Гетман неадкладна адклікаў з пагоні кавалерыю, згрупаваў свой невялікі рэзерв і перакінуў частку войска супраць чужаземцаў.
– Хутка асачыць абодва лагеры! – падганяў даручэнцаў. – Чужаземную пяхоту пад лесам асачыць, але не кранаць! Прапануйце адпусціць дадому кожнага, хто прысягне ніколі не служыць Маскве супраць караля і Рэчы Паспалітай. Было б вельмі няблага звабіць наймітаў на свой бок, хоць бы частку.
– Пане гетман, спроба ўдалася! – радасна гарлаў даручэнец ледзь не за сотню крокаў. – Некалькі сот ідзе да нас!
– Трубіць на перамовы! – загадаў гетман і азірнуўся за патрэбнымі людзьмі. – Ты, Адаме, – звярнуўся да пляменніка, – возьмеш пана Баркоўскага, Пятро, здаецца, і гані да Понтуса ды тых нерашучых. Кеміце ў мовах, то нагадайце пра ягоную прысягу не ваяваць супраць нашага караля, – кінуў наўздагон. – Паабяцайце здрадліваму дараванне і каралеўскую ласку.
Перамовы не зацягнуліся.
– Згодзен паддацца, – прынеслі адказ парламенцёры. – Але ставіць умоваю магчымасць ад’ехаць дадому, каму заманецца. Калі верыць, Понтус паведаміў Шуйскаму, што больш войска не ўтрымае і няхай дбае пра сябе сам.
Хто пачуў – на каня, ды ў напрамку Масквы, а пяхота ў бліжэйшыя лясы! Там надзейней. Асочаная пад лесам пяхота так і не дачакалася дапамогі ад засеўшых у лагеры. Галіцын і Мезенцаў, сабраўшы некалькі соцень кавалерыі, вярнуліся ў лагер і спрабавалі схіліць Шуйскага да дзеяння, але той зусім страціў галаву.
Дэлагардзі з Хорнам, вярнуліся разам з князямі, але не здолелі адвесці сваіх жаўнераў ад капітуляцыі і збеглі. Прыгнечаны ўсім гэтым Шуйскі ціхенька пакінуў лагер і сыйшоў у лясы, пацягнуўшы за сабою іншых камандзіраў і ўсё войска, надалей большае, чым у Жулкеўскага. Стража гетмана крыкнула пра ўцёкі і кавалерыя паляцела ў пагоню. Гналі аж да вечара. На працягу двух—трох міляў паклалі маскавітаў больш, чым на полі бітвы. За пяць гадзін палягло безліч маскавітаў і тысяча дзвесце чужаземцаў. Было б яшчэ больш, але пераможцы кінуліся рабаваць заможны лагер. Страты Жулкеўскага забітымі былі ў сотню таварышаў і ў два—тры разы больш пачтовых. Шмат параненых. Страцілі чатыры сотні коней.
Здабычай сталі некалькі дзесяткаў харугваў, адзінаццаць гармат з усім рыштункам і запасам ядраў. Аздобны посуд, адзежа, сабаліныя футры, сотні вазоў, шмат рознага дабра. Каля дваццаці тысяч фларынаў і трыццаць тысяч рублёў на жолд чужаземцам. У той жа дзень павярнулі да Царова Займішча. Што значнейшых палеглых таварышаў забралі з сабою. Астатніх пахавалі тут жа. Параненых, каго да гетманскай карэты, каго на насілкі між двума коньмі і, мала даўшы адпачыць коням і самі не еўшы, рушылі, ведучы за сабою немцаў. Ваяводы ацалелі ўсе і ратаваліся, як хто мог, а галоўны тым часам, басанож, на сялянскай кабыле, праставаў да манастыра пад Мажайскам.
Дзьмітрый Шуйскі біў пятамі ў хударэбрыя бакі, але не мог прымусіць каняку хоць бы да лёгкай рысі. На што была здольная бедная жывёліна, тое і давала, падкідваючы брата гаспадара ўсяе Русі на дакучлівым труху. А ў князя—ваяводы не тое, што шпораў, ботаў на нагах не было і нават анучы засталіся недзе ў балоце. Як і багатая верхняя вопратка, як добры конь. Усё там, ззаду: карэта і шматлікія вазы, поўныя дабра, залаты і срэбны посуд, аздобная шабля і шышак, булава галоўнага ваяводы разам з адамашкавай, шытай золатам харугвай. Усё прызначанае для пераможнай урачыстасці і багатага ваяводскага піру.
– “Усё расцягнуць ліцьвіны з ляхамі, а то і свае, ацалеўшыя ў разгроме, прыхопяць пры ўцёках. У лесе, без сведкаў, чаму не паквітацца з недарэкамі—ваяводамі? Замест разбіць адным махам слабенькае нібыта войска Жулкеўскага, прывялі да пагібелі. Але адкуль у гетмана гэтулькі войска набралася?” – раз пораз свідравала дакучлівае пытанне.
– «Адтуль, што невядома адкуль!”– злосна тлумачыў нячысцік. – Не выведвалі, не сачылі. І хвалёныя найміты не раілі і самі не рупіліся. Пляліся ззаду, зямля б іх не насіла, сквапных!»
Чаго было б больш, здзіўлення ці злосці, даведайся галоўны ваявода, колькі войска насамрэч меў Жулкеўскі і як управіўся з двума ўмацаванымі лагерамі. А стаяў жа між молатам і кавадлам!
Не хацелася Шуйскаму прызнаваць, што ў Міхаіла Скопіна з тым жа войскам было б іначай. А ён, Дзьмітрый, шуснуў у лес, нібы заяц, а за ім і войска. Сполах, пра які ліцьвіны дражняцца: “Давай каня, сядлай порткі!” Хіба ж думаў, што прапануе прарочы тост, калі крычаў “За капітуляцыю!” Не капітуляцыю мае, а разгром! “Чым жа займаўся гетман?” – пытаўся Дэлагардзі. «Дзе ён зараз, гэты задавака?» Не пашкадаваў бы шведскага француза, даведаўшыся, як таму нясоладка. Здзяруць з яго ўвесь строй да кашулі, ды кіямі пагоняць з замку Апатава, куды ён памкнецца. І Хорна гэтак жа ўзнагародзяць. Але абодва збяруць, што дасца, пераважна карэнных шведаў, і павядуць да паўночных межаў. Там не будзе ані ліцьвінаў ані палякаў.
Але зараз абы да Масквы! І тут жа халадком хапала за сэрца: ”А на Маскве што?” Лішняга войска няма, затое непрыяцеляў—ворагаў колькі душа запрагне. А яшчэ ж тушынскі “вор”. Няхай не ў Тушыне, а ў Каломенскім, ці ў Калузе, але ж не сам—адзін, а з ліцьвінамі, з ляхамі, з галотай рознай, што казакамі празвалася. Ой бяда, бяда!»
Пад заход сонца пераможцы былі ў лагеры. Валуеў ці то не заўважыў адыходу гетмана пад Клушын ці не рызыкнуў выйсці, хоць несумненна чуў стрэлы гармат з недалёкага поля бітвы. Калі пехацінцы гетмана ўзнялі радасны лямант, маскавіты не хацелі верыць у разгром Шуйскага. Толькі назаўтра, калі ім здаля паказалі здабытыя харугвы і палонных, пагадзіліся на перамовы. Гетман скіраваў да Валуева Івана Салтыкова і дазволіў купе валуеўскіх жаўнераў наведаць поле бітвы.
Адначасна да гетманскага лагеру пачалі сцягвацца расцярушаныя ў бітве чужаземцы, згодныя на службу Рэчы Паспалітай. Сумненні адпалі і Валуеў пагадзіўся на прапанаваныя Жулкеўскім лагодныя варункі капітуляцыі. Гетман не хацеў марнаваць час і людзей на штурм. Важнейшым было паспяшацца да Масквы, каб скінуць цара Васіля Шуйскага. Знаўца па будове ўмацаванняў Руцкі Шыш, ротмістры Бабоўскі ды Дабрамірскі, Самуэль Маскевіч ад ліцьвіноў прынялі ад маскавітаў з Царова Займішча прысягу на вернасць каралевічу Уладыславу і далучылі іх да войска Жулкеўскага. Насустрач гэтым крокам гетман паабяцаў непарушнасць тэрыторыі Маскоўскай дзяржавы і адыход ад Смаленска, калі яго гарнізон і жыхары прысягнуць Уладыславу. Валуева пакінуў пры сабе як палітычнага дарадцу.
За кошт Валуева войска Жулкеўскага пасілілася на пяць—восем тысяч маскавітаў і тры тысячы чужаземцаў. Маючы пад сваёй камандай блізу дваццаці тысяч, частку на чале з князем Елецкім выправіў з весткай пра перамогу да караля пад Смаленск. Але пакуль сплыве той тыдзень, ганцы, спадзеючыся на ўзнагароду за радаснае паведамленне, наўскапыта пагналі да Коханава за Воршай, дзе забавілі кароль з Львом Сапегам. А гетман, не марнуючы часу, рушыў на Маскву з усім сваім войскам.
Што за цар з разбітым войскам!
На Маскве сапраўды чакала бяда. Калі пасля Клушына цар застаўся без войска, разброд між дваранаў запанаваў небывалы. Князь Васіль Васільіч Галіцын, прыхільны прыхадням баярын Іван Нікіціч Салтыкоў, нястомны ўдзельнік кожнай змовы дваранін з Разані Захар Ляпуноў, Філарэт Раманаў, ці не галава ўсёй гурмы, не вагаліся.
– І як гэта мы раней не згледзелі, што гасудар—та наш ростам малы, і з твару брыдкі і рот як у жабы, ды і розумам невысока сягнуў. Царом—та яго вуліца акрычала! Гуляшчыя з—пад штандараў Дзьмітрыя за ім не пойдуць, ды і шляхта не падтрымае, – навыперадкі ўгаворвалі адзін аднаго, каб надаць бадзёрасці і рашучасці.
– Падслепаваты, то і паперу не прагледзіць!
Пракофій Ляпуноў раней за іншых адчуў змену настрою дваранаў і як заўжды ўзяўся за справу з імпэтам. Змена непапулярнай дынастыі здавалася яму найлепшым, калі не адзіным, выйсцем з прыкрай сітуацыі.
– І баярства гэтым срэбралюбцам сытае, – пераконваў сваіх хаўруснікаў, – спытайце Раманавых, Мсціслаўскіх, Галіцыных. Я зараз—жа ганцоў да князя Васілья Галіцына, ды брату Захарыю вестку! Абодва ў справах дзяржаўных кемяць і разанскіх дваранаў на падтрымку згуртуюць.
Ужо 17 ліпеня Іван Нікіціч Салтыкоў, Захар Ляпуноў з разанцамі, што атабарыліся на Маскве, збіралі натоўп на Краснай плошчы. Адно тое, што цар Васіль працягнуў тэрмін вышуку беглых з пяці да пятнаццаці год, хапала для нянавісці новаспечаных «казакоў».
– Далоў Васілья Шуйскага, гарбатага ды падслепаватага! Што за цар без войска! Беды незлічоныя наклікаў ён на Масковію. Гора нам мнагагрэшным, калі надалей пацерпім гэтага бессардэчнага ды сквапнага! Не слухаць старога Гермагена! З глузду з'ехаў!
– «…бывшему государю…Васілію Івановічу всеа Русі, – урачыста неслася ад Арбацкіх варотаў над натоўпам служылых і пасадзкіх людзей, – отказаті і на государеве дворе не быті і вперёд на государстве не сідеті!»
Гурма дваранаў і думных чыноў панесла ў Крэмль важнае рашэнне. Князь Варатынскі пакланіўся ўсё яшчэ цару Васілію.
– «Вся земля бьёт тебе челом: оставь своё государство раді междоўсобной брані, затем, что тебя не любят і служіть тебе не хотят.»
У вайсковым лагеры за Серпухоўскімі варотамі адчыніўся своеасаблівы Земскі сабор з удзелам думы, вышэйшага святарства і паўстаўшага, а дакладней, узбаламучанага люду. За тое, каб скінуць цара, выказаліся і Галіцыны, і Мсціслаўскі, і Філарэт Раманаў. Беднага Гермагена, які не падтрымаў змоўшчыкаў і спрабаваў дайсці да голасу, і слухаць не хацелі.
Баярын Іван Салтыкоў ды Захар Ляпуноў на чале з Філарэтам не доўга вэждаліся. Прагналі цара нібы хлапчука з прастолу да ўласнага дому.
– Не мець нам гасудара—бацюшкі лепшага за князь Васілья Галіцына! – заходзіліся крыкам ляпуноўскія разанцы на плошчах і вуліцах Масквы. – Знатнай крыві! Гедымінавіч!
Але баярская дума на чале з Фёдарам Мсціслаўскім не падтрымала княжых памкненняў. Раптам забыўшыся на Уладыслава, Філарэт Раманаў прапанаваў на трон свайго чатырнаццацігадовага сына Міхаіла. Гэтага і патрыярх Гермаген мог падтрымаць, бо свой, маскавіт ад дзеда—прадзеда, пляменнік апошняга законнага цара Фёдара… Але патрыярх усё яшчэ ўпрошваў упартых баяраў вярнуць старога цара.
– А пастрыгчы яго ў чарняцы і ўвесь сказ! – вырашылі змоўшчыкі. – І ніякага яму Ніжняга ва ўдзел, бо адтуль пачне свае козні.
– Ін быць па сяму! – прагучала пад зларадны рогат.
Хоць і трос рэдзенькай барадою выснажаны стары і крычаў, што нязгодны, 19 ліпеня князь Цюфякін прамовіў за раба Божага Васіля Шуйскага манаскія зарокі. Перакінуўся цар у “інока Варлаама”, і павезлі яго ў крытай каламажцы да Чудава манастыра пад стражу. А трох год не мінула як нібыта прамы нашчадак Аляксандра Неўскага ажаніўся з маладой княжною Мар'яй Бурносавай—Растоўскай, пра спадчынніка трону думаў. І што зараз? Няшмат сплыве часу і разам з братамі перададуць былога цара Васіля гетману Жулкеўскаму ў палон.
Выбары наступніка палічылі за лепшае адкласці, пакуль з’едуцца прадстаўнікі ўсёй зямлі. А на перыяд міжцарствія дума выбрала сямёра баяраў: Фёдар Мсціслаўскі, Іван Варатынскі, Васіль Галіцын, Іван Раманаў, Фёдар Шэрэмецеў, Андрэй Трубецкой і Барыс Лыкаў павінны былі кіраваць дзяржавай. Дваране, прыказныя людзі, казакі і чорны люд неадкладна ім прысягнулі. Заставалася як найхутчэй паведаміць гетману Жулкеўскаму, што яго чакаюць, а каралевіча хочуць на царства.
Не маючы сілы на захоп сталіцы, князь Дзьмітрый Трубяцкой з таварышамі абяцалі скінуць царыка, як толькі будзе пазбаўлены прастолу Васіль Шуйскі. А затым надыйдзе мір і выбары новага гасудара. Але раптам Трубяцкой са сваімі тушынцамі паведамілі паслам сабору, што скідваць царыка, як абяцалі, не збіраюцца, і прапанавалі адчыніць маскоўскія вароты “ісціннаму” гасудару Дзьмітрыю Іванавічу.
Сам царык, атрымаўшы вестку пра клушынскую бітву, балазе адбылася не так далёка, з трыма тысячамі казакаў адразу ж зняўся з лагера ля Данілава манастыра і праз два тыдні быў у ваколіцах Масквы. Ваяўнічы ліцьвін Ян Пётр Сапега ад імя царыка акурат вёў перамовы з каралём Жыгімонтам. Праз тры тыдні, здабыўшы па дарозе Бароўск, 26 ліпеня дайшоў пад Маскву і стаў лагерам на каломенскай дарозе. Даведаўшыся пра дэтранізацыю Васіля Шуйскага, назаўтра ж рушыў да сталіцы, дзе сустрэўся з двума прадстаўнікамі баярскай думы. Першым днём жніўня разам з войскам завязаў канфедэрацыю пры царыку з дадатковай пастановай, што ротмістры не адступяцца адзін ад аднаго, аж пакуль не атрымаюць платы. Але ўсе разумелі, што жолд найпэўней здабыць разам з Сапегам, чым без яго.
Жулкеўскаму спатрэбілася восем дзён, каб спешным маршам па старой Смаленскай дарозе прыйсці пад Мажайск. Пасля гасціннай сустрэчы жыхарамі і духавенствам, разумеючы небяспеку сутыкнуцца з царыкам, пагнаў войска, не зважаючы на пакуты параненых на траскіх вазах.
Апошняя надзея цара Васіля, некалькі тысяч татараў, наблізіліся да лагера царэвіча, нагналі страху ягонай галоце, але, дачуўшыся пра набліжэнне гетмана Жулкеўскага, зрабавалі, што здолелі, у тым ліку палонных, і сыйшлі на поўдзень. Дарога на Маскву адкрылася насцеж. Як адказ на заклік Жулкеўскага даверыцца каралю і каралевічу Уладыславу, 21 ліпеня да гетмана з’явілася пасольства баяраў і адразу пачаліся перамовы.
Баяры хацелі каралевіча Уладыслава, паспаліты люд – царыка. Баярская дума яшчэ пры Барысе Гадунове абмяркоўвала і адкідала прапановы вуніі Масковіі з Рэчай Паспалітай. Зараз спадзявалася з дапамогай вуніі вырашыць усе спрэчкі і клопаты Масковіі. Прызнаўшы каралевіча, баяры маглі атрымаць абарону не толькі ад непагляднага царыка, але і ад натоўпу, над якім страцілі ўладу. Каралеўская армія магла б навесці парадак у краіне. Адначасна спадзяваліся на большыя правы, уладу і асабістую абароненасць, чым пры царах.
І Леў Сапега разумеў, што перамога Жулкеўскага раптоўна памяняла папярэднія дыспазіцыі і намеры. Адкрытая дарога на Маскву пацвердзіла слушнасць колішніх прапаноў гетмана. Вялікі канцлер зычлівым позіркам акінуў пасланцоў з—пад Клушына. Як бы ні ставіцца да паводзін кожнага з іх у нядаўнім мінулым, зараз яны звестуны выключнага поспеху, які несумненна заважыць на ўсёй выправе. – Мы, яснавяльможны пане, вырашылі пагутарыць найперш з вамі, – прамовіў з лёгкім паклонам Адам Жулкеўскі*. – На сустрэчы з намі Найяснейшы пан несумненна даручыць прамаўляць вам.
Вялікі канцлер прыязна ўсміхнуўся пляменніку пераможнага гетмана, акінуў ласкавым поглядам спраўныя постаці маладзёнаў.
– Як і належыць у дачыненнях Рэчы Паспалітай з Усходам, – прамовіў, не трацячы павагі ані на кроплю, хоць дачыненні з гэтай дэпутацыяй не былі для яго значнай падзеяй. – Прашу вашмосьцяў сядаць і пачувацца як найвальней. Сапраўды, варта абмеркаваць заўтрашнюю ўрачыстасць, каб не спляжыць у якой дробязі.
Вялікі канцлер ужо разважаў, як вызначыць бліскучую перамогу жменькі польнага гетмана пад Клушынам, калі кароль пад Смаленскам з усім астатнім войскам нічым не можа пахваліцца. Прыніжаць перамогу Жулкеўскага было б нязгодна ні з уласным гонарам канцлера ні са справядлівасцю. Хіба найлепш падаць яе як выкананне гетманам каралеўскай волі насуперак усім перашкодам і начаканасцям.
– Бліжэйшымі днямі і тут чакаецца зрух, – палічыў патрэбным паведаміць вялікі канцлер. – За тыдзень ці крыху больш спадзяемся казакаў і прыступім да штурму. Дасць Бог поспех, то і сям’ю наведаем, – усміхнуўся зусім па свойску.
Ведаў, што і маладых цягне дадому, якімі б зухамі ні былі. А дом той упрагнёны за якіх пару дзённых пралётаў добрым канём.
– Як я разумею, складзеце да ног караля адпаведныя трафеі? – напалову запытаўся напалову сцвердзіў Сапега.
– Немалыя і каштоўныя, яснепане, – адказаў Аляксандр Збароўскі. – Адна булава ваяводы Шуйскага варта подзіву. Шмат харугваў, а сорак маскавітаў прывітаюць караля і аддадуць пад яго руку немалое войска. Маскоўскае войска! – падкрэсліў палкоўнік.
Вясёлая ўсмешка асвяціла твар канцлера. Ухвальна пакруціў галавою.
– О! Гэта ўцешыць Найяснейшага пана! – запэўніў. – Разумна прыдумалі.
– Ад усяго таварыства, – з добра ўдаванай сціпласцю прамовіў трэці дэпутат Пятро Баркоўскі*.
– Усцешна, усцешна, – паківаў галавою Сапега. – Але напэўна маеце пераказаць нейкія зычэнні і пастулаты таварыства і самога пана гетмана? Варта іх разгледзець і мажліва прыцерці.
Паслы пераглянуліся, каму павесці рэй у такой далікатнай матэрыі.
– Ёсць некалькі істотных артыкулаў, – пачаў Аляксандр Збароўскі. – Ці не самы важны той, якім пан гетман просіць выправіць каралевіча як найхутчэй. Найлепей, каб здагнаў наша войска перад самай Масквою.
– Гэта будзе ці не найважнейшы з вашых артыкулаў і найцяжэйшы для караля, – зазначыў Сапега.
Палкоўнік, не зазіраючы ў суплічку, трыманую ў руцэ, выклаў наступны пункт.
– Не менш важна, каб кароль затрымаў усіх чужаземцаў, што паддаліся ў Клушыне і заплаціў ім. Дарэчы і нашым жаўнерам тое ж не пашкодзіла б, – уставіў Адам Жулкеўскі*.
– Зраблю ўсё магчымае, каб пераканаць Найяснейшага пана ў слушнасці выказанага вашмосьцямі, – паабяцаў Сапега.
Сам поўнасцю падзяляў гэтыя артыкулы ўлучна з выпраўленнем каралевіча.
– Належыць прыняць пад увагу нецярплівасць жаўнераў, – прыйшоў да голасу Адам Жулкеўскі. – Усё, што было магчыма зрабаваць, зрабавана, – усміхнуўся зухавата але горка. – Няма здабычы, якая магла б супакоіць… – Шукаць здабычу ўглыбі Масковіі можа і спакуса, але магло б стаць згубай, – уставіў Збароўскі. – Таму патрэбны грошы.
– Несумненна першай і галоўнай мэтай застаецца Масква, – прамовіў канцлер. – Расцярушваць войска па краіне, азначала б страціць яго. Хачу запэўніць у вашых асобах мужных жаўнераў з—пад Клушына, што будзе зроблена ўсё магчымае, каб задаволіць іх цалкам слушныя патрабаванні.
Правообладателям!
Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.Читателям!
Оплатили, но не знаете что делать дальше?