Электронная библиотека » Аркадзь Ліцьвін » » онлайн чтение - страница 4

Текст книги "Дыплом на царства"


  • Текст добавлен: 4 декабря 2018, 14:40


Автор книги: Аркадзь Ліцьвін


Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза


Возрастные ограничения: +16

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 4 (всего у книги 66 страниц) [доступный отрывок для чтения: 21 страниц]

Шрифт:
- 100% +
Колькі каштуе прызнаць нябожчыка ўваскрэслым?

Бражына азірнуўся на магутныя зубчатыя сцены. Манастыр, размешчаны на нязначнай пляскай узвышанасці, нагадваў ладную фартэцыю. Пазалочаныя і фарбаваныя макаўкі цэркваў і тонкія шпілі з крыжамі гарэлі на сонцы. Можа і лепш, калі пан Сапега адступіцца ад гэтай святыні. Няхай і чужая, але ж святыня.

– Не так і далёка да таго Тушына, – аклікнуў паручнік, нібы суцяшаючы.

Акінуў пільным позіркам каменданта сваё невялічкае войска, двух жаўнераў пусціў пярэдняй аховай, аднаго з тылу і паказаў Бражыну месца поруч. Даваў зразумець, што нечаканасцей можна не баяцца і ўсё зроблена дзеля парадку.

Бражына павярнуўся да паручніка.

– Ты ў Сапегаў даўно?

– Ды ад самага пачатку. І пад Дорпатам з яснепанам быў і пад Кірхгольмам, – з гонарам паведаміў Малей.

– Ого! – ухвальна азваўся Бражына. – Але я пра тутэйшыя справы.

Паручнік з разуменнем кіўнуў галавою. Не хацеў, каб палічылі за хвалько.

– Нашы ж яшчэ ў 1604 годзе вырушылі, з тым Дзьмітрыем, першым, – нагадаў дзеля дакладнасці. – А яснепан акурат той вясною атрымаў прыпаведны ліст на гусарскую харугву, а пасля Кірхгольма, у канцы верасня 1605 году разам з ротмістрам Дубровам* быў пасланы да караля з дакладам. Ну і атрымаў у красавіку 1606 года староства за заслугі, а як у 1607 годзе Сойм сабраўся, яшчэ і дзесяць тысяч злотых на дадатак, – весела абвясціў Малей, нібы самому прыпалі тыя грошы, – так што быў заняты.

Ён кінуў на Бражыну позірк, ці не знудзіўся слухач яго аповядамі і супакоены працягваў.

– А ў жніўні яснепан прапанаваў свае паслугі царэвічу. Але гэта ўжо быў новы Дзьмітрый, – удакладніў паручнік. – Царэвіч, вядома, узрадаваўся і давай клікаць ды падганяць. Але кожны Сапега цану сабе ведае, яснепан спачатку прыгледзеўся, што дзеецца, і толькі прадвеснем, гэта ўжо наступным годам, паведаміў, што з'явіцца з ладным войскам. Так што ў межах Масковіі апынуліся ў ліпені. Якіх трох соцень нехапала нам да двух тысяч.

Паручнік даў слухачу час усведаміць моц сапежанскіх харугваў.

– Немалое войска як на пачатак, – прызнаў Бражына, каб пацешыць адданага ваяра. – А ці чуў, вашмосьць, нібы наш вялікі канцлер нараіў свайму родзічу падацца да Дзьмітрыя? Нібыта выклікаў яго да Вільні акурат перад тым, як вырушыць?

Паручнік павагаўся, ці не збрахаць чаго ваярскім звычаем, але палічыў несумленным і нахабным дурыць кур'ера таго ж вялікага канцлера. Раптам хоча спраўдзіць суразмоўніка. Непрыгожа выглядацьме, калі падловіць на няшчырасці.

– Можа? Сам то ніколі пры мне так не выказваўся, – паціснуў плячыма Малей. – А вось, што канфедэрацыю ў абароне правоў цара Дзьмітрыя і ягонай жонкі мы завязалі з інспірацыі яснепана канцлера, то гэта і цюры абозныя ведаюць.

– Гэта ўжо новага Дзьмітрыя? – удакладніў сваім парадкам Бражына, каб падтрымліваць размову, не толькі слухаючы.

– Вядома, – пацвердзіў паручнік. – Дакладна 2 жніўня гэта было, лёгка прыгадваецца, у 1608–м. Тады з намі як было? Ідучы на Маскву, паспрабавалі Смаленск заняць ды не ўдалося, Вязьму захапілі з марша. А паслей, дакладна апошнімі днямі жніўня, яснепан спаткаў пані Марыну з бацькам у Любеніцы і суправаджаў яе аж да Дзьмітрыя. Цар Васіль акурат нашых з палона выпусціў. Кажуць, брат вялікага канцлера шмат у гэтым дапамог. А спачатку ж маскавіты дамовіліся са шведамі, што ім аддадуць палонных, хто з Рэчы Паспалітай.

– Было такое, магу пацвердзіць, – кіўнуў Бражына. – Яснепан Андрэй, аршанскі стараста, дасылаў лісты і на Маскву і да Смаленску. Нямала такога і мне вазіць давялося. Добра, што той гнюсны намер адкінулі.

Паручнік з пашанай зірнуў на Бражыну.

– З вагавітымі людзьмі маеш дачыненні.

І відаць, каб не здацца нехлямяжым афіцэрыкам, непасведчаным у дзяржаўныя справы, працягваў: – Пані Марына тады папрасіла затрымацца блізу царова лагера і яснепан 11верасня ўдзельнічаў у перамовах між Мнішхамі і царыкам Дзьмітрыем.

– Цікава! Жонка з мужам перамовы вядзе! – засмяяўся Бражына.

Паручнік паціснуў плячыма.

– Нямала такіх дзівосаў на Масковіі, – прамовіў з паблажлівасцю бывалага палітыка. – Вунь царык вольнага казака Зарудзкага раз—два і менаваў баярынам. А той баярын ані пісаць ані чытву не навучаны, ані абыходжання якога, адно шабляй махаць ды гарлаць на зборышчах. Але я пра нас! – спахапіўся Малей. – Тады ж, у канцы верасня, рушылі пад гэты манастыр, Троіца—Сергіеў. У першых днях кастрычніка разбілі войска Шуйскага, сяло там такое, Рахманцава, а праз дзень аблажылі манастыр. Вялікія карысці меў нашымі стараннямі цар Дзьмітрый. Паказаў, што мае сілу. Люд пачаў сцягвацца.

– Пэўна ж без абяцанкаў не абыйшлося?

– А як жа! Абяцанка не цацанка, – развесяліўся Малей. – Ён жа, царыка маю на думцы, нават халопам і прыгонным абяцаў не толькі маёнткі іхных паноў, але і дачок, і нават памешчыц у жонкі!

– Неблагі гешэфт, – засмяяўся Бражына. – А ты, вашмосьць, царыцу бачыў?

Паручнік кінуў на суразмоўніка смяшлівы позірк. Хоць прагная славы ваявадзянка пасля заступнага шлюбу 22 лістапада 1605года з вялікай пыхаю склала ў памятнай кнізе кракаўскай Акадэміі подпіс: «Марына, царыца маскоўская, ўласнай рукою», Рэч Паспалітая па ранейшаму не прызнавала царскага тытулу. І ў паручніка не йшло на язык слова «царыца». Можа памятаючы пра вялікакняскі статус уладара Масковіі, можа з іншай прычыны.

– Шанцуе вам на высокае гасцяванне, – падахвоціў ганец.

Малей сцішыў голас, але жаданне папляткарыць было неадольнае. Усё ж новы чалавек, са сваімі ўсё перашаптана—перагаворана.

– З бацькам тым смех адзін, калі праўду баюць.

– А што ж бо такое, калі не таямніца? – пахіліўся да паручніка Бражына.

– Ды якая таямніца, калі пра яе ўсе ведаюць! – махнуў маладзён рукою, але голасу не ўзняў. – Адно, што за яе пашырэнне можна і галавою налажыць. Але хто гэтаму зарадзіць, калі чутка скрозь кружляе?

Паручнік ледзь заўважным рухам прымусіў каня ісці бок пры боку, так, што і страмёнамі пазвоньвалі. Злёгку пахіліўся, каб надаць вагі сваёй таямніцы.

– Шапталі, браце, нібыта пан цесць запатрабаваў ад зяця паўдругога ста тысячаў за прызнанне.

Ён пераможна зірнуў на слухача. Ці скеміў той, што можа сведчыць такая прапазіцыя.

– Ого! Не правароніў пан ваявода добрага торгу, – Бражына абмяняўся з паручнікам поглядам хаўрусніка.

Паручнік задаволены пляснуў сябе па сцёгнах. Скеміў слухач, што ў траве пішчыць, скеміў! Не трэба і рызыкаваць, разжоўваючы.

– Для цара, пане—браце, можа паўтарыста і глупства, а ваяводу Мнішху – немалы куш! Алеж гэта не ўсё!

Малей, шмаргануўшы правай далонню, натапырыў вусы і вырачыў вочы на суразмоўніка.

– Бо голасным шэптам расказваюць, што вызваляючыся з яраслаўскай ссылкі, пан Мнішах пакляўся цару Васілю, што век не прызнае новага царэвіча! Але і без яго хапае каму прызнаць тое ўваскрашэнне, – зняважліва махнуў рукою. – Тут табе і слуга найбліжэйшы, ён жа сакратар, і розныя іншыя. Таму ж цар Васіль двух тыдняў не выцерпеў, каб каранавацца. Нават без патрыярха абышоўся. Наўгародскі мітрапаліт спраўляў.

Паручнік пераможна зірнуў на Бражыну, ці належна цэніць пачутае. Задаволены ўражаннем, памаўчаў і паведаміў мабыць перанятае ад каго са старэйшых.

– Што ж, маладым жыць, але і старому дажываць грош патрэбен.

– Ну а цар не зазлаваў? – падтрымаў аповяд Бражына. – Дарэчы, як ён сабою? Самавіты? Прыглядзісты?

Блазнаватая ўсмешка і погляд спадылба сведчыў пра што хочаш, толькі не пра пашану да маестату тушынскага ўладара.

– Ці сердаваў на Мнішха, не ведаю, – прызнаў са скрухаю. – А бачыць давялося.

– Ну і што? – падагнаў ганец і дадаў як тлумачэнне. – Сам разумееш, не дзеля цікаўнасці адной дапытваюся.

Але паручнік лічыў, што цікаўнасць тут, як ні кажы, найперш. Бо ў войску, ці ў канцылярыі яснепана Льва Сапегі напэўна ж насядуць з роспытамі, дыхнуць не дадуць, пакуль не даведаюцца, як ды што з новым царыкам. Такое ўжо жыццё вайсковае: то бойка, то нудота бівачная. Малей паглядзеў перад сабою ўдалеч, нібы адтуль спадзеючыся падказкі, прыбрахаць дзеля забавы, ці, з павагі да кароткага але прыемнага сяброўства, сказаць праўду. Пераважыў наказ старасты пра ўсё расказваць госцю шчыра.

– Усе, хто тадышняга бачылі, – ціха прамовіў паручнік, – згодам кажуць: на цяперашняга не падобны, – і ўдакладніў: – Ані тварам, ані звычкамі! Для ганца пачутае не было навіною, але тут расказвае сведка.

– Што да самавітасці, – насмешліва працягнуў паручнік, – то гэткіх у нашых корчмах пад кірмаш – ройна! Пра нейкія маніры мовы няма, – зняважліва махнуў рукою. – Прыстроіць яго ў лапсярдак ды каб пэйсы з—пад ярмолкі, то кожны кагал за свайго прызнае.

Паручнік рагатнуў уласнаму жарту і прыжмурыўся, узняўшы палец. Не перапыняй! Вось—вось нешта ўспомніцца!

– Ага! Давялося чуць ад пана, – нарэшце пачаў Малей, – нібыта нейкі шведскі ваявода пісаў да ігумена на Салаўкі, што сорам маскавітам слухаць рознае трызненне і браць сабе ва ўладары кожнага нягодніка, якога прывядуць ліцьвіны. Во! – весела закончыў паручнік.

– Значыць на нас усё навешаў, – хмыкнуў Бражына.

Чулася рознае, але не давалася веры, бо той, першы Дзьмітрый, усе прызнавалі, аглядны быў і паглядны. Трымаўся маніраў, на вяльможнага пнуўся. Няўжо тут нехта спляжыў справу? А можа спяшаліся, пакуль не стане запозна. – Выходзіць, той не ацалеў? – Бражына зірнуў на паручніка.

Паручнік з тым жа блазнаватым выразам твару, адмоўна пакруціў галавою.

– Хто вынес галаву з маскоўскай сечы, у адзін голас кажуць: забілі цара Дзьмітрыя Іванавіча і над целам здзек учынілі, перш чым яго попелам з гарматы выстраліць. Спачатку баярскі сын Валуеў Рыгор з пішчалі пачаставаў. А потым Іван Ваейкаў шабляй па галаве давяршыў. З тым не крыюцца, бо Айчыну ад прыблуды ратавалі.

– Адкуль ведаеш? Не сам жа бачыў?

– Не! – са шчырым шкадаваннем прызнаў Малей. – Але з адным ад нашага пасольства за чаркай сядзець давялося. Ды пра гэта і сёння шмат гаворыцца. Ад надзейнага чалавека чуў, Васіль Шуйскі ведаў, што спее. Таму даў нашым паслам на ахову пяць соцень стральцоў.

– Гэта Гасеўскаму з Аляльніцкім?

– Ну, так, – пацвердзіў паручнік. Вось калі гасцей Марынінага вяселля секлі, гэтых не кранулі. А пры новым старыя паплечнікі таго атабарыліся: Міхайла Малчанаў*, «слуга і баярын» князь Грыгорый Шахаўской*, іншыя розныя. Вучаць розуму тых, хто сумняваецца. Часам вельмі настойліва.

Памаўчалі згодам і паважна, як тое ўласціва маладзёнам, датычным вялікай палітыкі.

– Выходзіць, раз маскавітам хочацца верыць у Зьмітра, то і знайшоўся ахвотны? – першым выказаўся Бражына.

– Гэтых ахвочых хутка на пучкі вязаць давядзецца. Як то кажуць, не адзін Гаўрыла ў Полацку! – хмыкнуў паручнік. – Царык аж сем сваіх «пляменнікаў», бо «сыноў» цара Фёдара, якія з'явіліся ў Тушыне, загадаў павесіць. Цо завеле, то нездрово, як кажуць палякі. Смех смехам, а між іх і Гаўрыла знайшоўся.

Не стрымалі весялосці. Размова ў дарозе пры новым знаёмстве, абы пачаць, сама коціцца.

– А калі цар жывы, то і баба, да кароны сквапная, прыбяжыць, – шэптам паведаміў паручнік. – А што ёй, скажы, выбіраць: удавіцаю пасля першага ці царыцаю за другім? Ды і Сапегі напэўна пераканалі. Можа і кароль загадаў.

Слова за словам паручнік паведаміў і пра сумнае, і пра вясёлае, і пра зусім смешнае. І тыя, хто прысягнуў Тушынскаму царыку і хто проста далучыўся да яго з войскам ці сам адзін, не поўняцца павагаю да маестату сандамерскай ваявадзянкі і яе ўладарнага мужа. Шукаюць здабычы ды ўдачы. Асабліва, хто з Рэчы Паспалітай. – Што караняжы, што нашы, – махнуў рукою паручнік. – Вось мазырскі харужы Будзіла з'явіўся да царэвіча ці не раней за ўсіх, бо ў першых днях верасня сёмага году. Ну што яму тая веліч царыцы! Запомнілася мне, бо тады ў снежні аж дванаццаць харугваў з Рэчы Паспалітай прываліла!

– Ого! І ў кожнай напэўна сотня а то і дзве таварышаў.

– Як у каго. Прыкладам пан Мехавецкі ў Беларусі назграбаў аж некалькі тысяч. Пан Валеўскі амаль дзве. Пан Андрэй Млоцкі* пасля гарадзенскай канфедэрацыі вырушыў з некалькімі сотнямі вершнікаў, а з нашым яснепанам Сапегам пасля берасцейскай пайшлі тысячы, – з гонарам за правадыра паведаміў паручнік. – Ну, той—другі пазней пабрылі, куды ўздумалася, – прызнаў дзеля дакладнасці, – але большасць засталася.

У 1608 годзе да Дзьмітрыя панаехала ўдзельнікаў рокашу Зэбжыдоўскага і Радзівіла, адначасна і праціўнікаў іхніх з каралеўскага лагеру. Яднала ўчарашніх ворагаў рознае: неатрыманне запрацаванага крывёю жолду, прага лёгкай здабычы, пошукі дапамогі ў палітычных намерах і задумах.

– Калі паслухаць, кожны мае рацыю, – Малей зірнуў на Бражыну, чакаючы згоды. – Рэч Паспалітая ўсіх гэтых жаўнераў не наняла, то куды ім дзецца? І мы, афіцэры, не атаманы, рэгуляміновыя афіцэры войска. Але ж тое войска ніколі не бывае рэгулярным. Цалкам залежыць ад прыхамаці паноў—братоў на Сойме. Хіба ж наша віна, што ў скарбе ніколі няма грошай на войска?

– Гэта праўда, – пагадзіўся Бражына. – Плаці жолд і ніякіх канфедэрацый у войску не будзе. А з тым і дураты не ўзнікне.

Малей заківаў галавою, нават прыўзняўся на страмёнах ад нецярплівасці.

– А так, уяві, вашмосьць, знайшліся ахвочыя весці тушынскага цара… – паручнік прыжмурыў вока… – на вавэльскі трон! – ён гучна зарагатаў.– Respise finem! – усклікнуў сярдзіта. – Падумай пра наступствы: гэта ж маглі нам вялікага князя са шклоўскага валацугі забяспечыць!

Бражына не дзівіўся такім настроям. Не адно зачапілася за вушы ў кватэры вялікага канцлера ды гетманскай.

– Ты ж, пэўна, ведаеш пана Збароўскага? Прынамсі чуў пра такога?

– Самуэля? Хто ж пра яго не чуў? – адгукнуўся Бражына.

– А я пра сына ягонага, Аляксандра, – паручнік ізноў прыцішыў голас. – Такое плятуць, што нібы яго ўплішчылі да царыка, каб схіляў таго на дэтранізацыю караля Жыгімонта, ну і гуртаваў тых, хто пад Гузовам стаяў супраць Міласцівага пана. Нібыта і пан падчашы Януш Радзівіл падтрымліваў такія задумы. Ну а табе караля бачыць давялося? Ці каралеву? – раптам пацікавіўся паручнік.

– Караля неаднораз, – без пахваляння, сур'ёзна адказаў Бражына. – А каралеву не здаралася. Яна зараз у Вільні з дваром і каралевічамі. Затое яснепана Льва Сапегу вельмі часта. І размаўляў не раз і не двойчы.

Ганец вырашыў, што на першы раз даволі і зноў перавёў размову на тутэйшыя справы.

– А як з манастыром? Возьмеце?

Паручнік уздыхнуў, крадком азірнуўся на жаўнераў.

– Баюся, браце, не адужаем, – прызнаўся даверліва. – Сам жа бачыў, якія сцены.

– Добрых два сажні, калі не болей, – кіўнуў ганец. – З разгону не пераскочыш!

– Асабліва як зверху смалой сустракаюць! – хмыкнуў паручнік. – У іх, кажуць, кацёл на сто вёдзер. Спрабавалі, ды не атрымалася. А яшчэ гарматы. Ну і на чале ў іх не дурань. Келар Аўраамій Паліцын, колішні царскі дваранін.

– А чаму ж келар?

– De caelo in caenum, з неба ў гразь, у цара гэта проста, – засмяяўся Малей. – Спачатку пад апалу, затым Салаўкі, там і пастрыглі. Кажуць, адукаваны і мае послух не толькі ў манахаў, таму і стаяць супраць нас упарта. Хітры, кажуць, палітычны!

Бражына ізноў кіўнуў.

– Мне таксама здалося, малавата войска, каб як след аблажыць.

– Аблогу трымаць можна, – не пагадзіўся паручнік, – а вось штурм… Як ні мерай, сцены на пяць соцень сажняў. Прыпусціць наступ з усіх канцоў, людзей мала. А на кароткім адрэзку ў іх і гармат і ваяроў хопіць адбіцца. Там па ўсёй сцяне крытая галерэя. Раз—два і перабеглі, куды трэба.

– Можа і лепш адступіцца, – прамовіў Бражына. – Гэта ж колькі нашых ляжа пад тымі сценамі. А дзеля чаго?

Малей кінуў на суразмоўніка дапытлівы погляд. Павагаўся, ці варта азывацца.

– Баюць, скарбніца там поўная золата, брыльянтаў, смарагдаў, шаты царкоўныя небывалай каштоўнасці. Чорта лысага там хіба няма, даруй Божа. Можа і праўда, бо ад маскавітаў чулася, што складкі неслі і цары з царыцамі, і баяры. Ну і фарысеі—распуснікі, грахі замаліць.

Бражына кіўнуў, пагаджаючыся. Паручнік, падахвочаны, працягваў.

– Святых рэчаў процьма. Шаты Святога Сергія Радонежскага, ягонае начынне. Але гэта ўсё, кажуць, простае, драўлянае. А вось рака з ягонымі мошчамі нібыта залатая ці пазалочанага срэбра, але выдзелкі вялікапышнай. І важыць, скажу табе! Ці ж нашы хлопцы яе ўшануюць!

Бражыну прыемна было чуць гэтыя словы паручніка. Брыдка было бачыць спрафанаваныя цэрквы і капліцы ў мностве паселішчаў.

– Мне здаецца, – прызнаўся паручнік, – і царык не супраць іх захапіць.

– Так што нам абодвум адпавядае намер яснепана Сапегі не лезці на ражна, – засмяяўся Бражына.

Меркаванне паручніка амаль дакладна паўтарала думкі Яна Пятра Сапегі. Магчыма, падобным было ва ўсяго войска. Што з тых скарбаў, калі галаву страціш?

– Як лічыш, вашмосьць, – запытаўся, баючыся асмешыцца, нібыта жартам, – здараюцца ў чалавека вочы рознага колеру?

– Дык у Ільяша Юдыцкага акурат так! – усклікнуў паручнік. – Адно шэрае—шэрае, а другое, правае – сіняе, нібы нябёсы.

Ганец паспрабаваў уявіць сонную мару. Сапраўды сіняе было злева, тады для чалавека – правае!

– Значыць не трызнілася, – сам сабе, але ўслых прамовіў ганец.

– А што з тымі вачыма?

Бражына расказаў, як было.

– Але ж цікаўны! – усклікнуў паручнік. – Ну ўсюды свой дзюбаты нос усцібіць! Да носа ганец не прыгледзеўся, але мажліва і гэта супадала.

– А што яму да мяне? Не дзеўка ж!

– Быў бы дзеўкаю, то і не зірнуў бы на цябе, хіба з—за вялікага пасагу, – засмяяўся паручнік. – Госці пана старосты яго займаюць. Палітычны хлапец, ой палітычны! Сам не ведае, чаго прагне, грошай ці пасады.

– Можа аднаго і другога?

Не так цікавіў ганца той Юдыцкі, як трэба было нечым скарочваць доўгі шлях.

– Ён не пад панам старостам ходзіць, – працягваў Малей. – У Тушыне ашываецца бліжэй «двара»!

Апошняе слова вымавіў так, нібы меў на думцы месца сціслага адасабнення, куды і каралі пешкі ходзяць. Ганец усміхнуўся. Напэўна маладзён пераймае выказванні свайго пана, а можа насамрэч падзяляе яго погляды.

– Пасланец які ці камісар гэты Юдыцкі?

– Прыпёрся падганяць нас да Тушына, – ахвотна патлумачыў паручнік. – нешта там цару—царэвічу няўтульна зрабілася. На тым п'янюгу, князю Ражынскім, палягаць усё цяжэй, а можа Шуйскага баіцца. А пану старосту дай Бог са сваім войскам зладзіць. Пана жаўнеры паважаюць, але ж калі грошай няма, канфедэрацыю лёгка перакупіць ды кінуць супраць каралеўскага войска. Ці ж не так?

Паручнік яўна прасіў падтрымкі.

– Праўду баеш, вашмосьць, – паспачуваў Бражына. – З канфедэрацыяй не жарты. Сам пан Хадкевіч, ведаю, яшчэ перад Кірхольмам мусіў цярпець канфедэрацыю ў сваім войску, бо над ёю верхаводзіў смелы Лісоўскі.

– О! З тым паспрабуй не лічыцца! – усклікнуў паручнік. – Вось і пан стараста мусіць да яе прыступіць. Тут ужо не адно змаганне за жолд, тут, пане—браце, палітыка! Балюча было б страціць войска, цяжка яму, не дзіва, што прыхворвае.

Маладзён, адчувалася шчыра прывязаны да Сапегі і спачувае яго бедам і нягодам. А Бражына падумаў, што ўзвышаючы свой статус, род Сапегаў не аднаму са сваіх сыноў скарочвае век вось гэткімі турботамі. Але такое ўжо наканаванне можным: пнуцца ўверх па драбіне значнасці, не зважаючы на страты. Дзеюць нібы дзяржаўныя ўрадоўцы, а таму Княству ці Рэчы Паспалітай ад іх дзеянняў часта ані славы ані карысці. А такім ганцам з—за гэтага галавою рызыкаваць, ані шэлега не атрымліваючы. Але ж не адмовішся.

– А што пра шведаў у войску чуваць? Там у іх за правадыра… Адчувалася і Малей рады перакінуцца на іншае.

– Дэлагардзі гэткі, – падказаў Малей. – Ці то француз шведскі ці то швед французскі. Як ягоны бацька ўтапіўся недзе ў рацэ Вялікай, то маскалі ўздыхнулі. Быў з тых, пра каго кажуць: барані мяне, Божа, ад такіх хаўруснікаў, а з ворагамі я неяк сам упраўлюся. Ну а што шведы шукаюць, не ўцямлю, – прызнаўся паручнік. – Круцяцца, віжуюць, як і мы. Сваё выглядаюць.

– Можа маскавіты разлічваюць, што шмат наймітаў прыцягне?

– Здаецца і ад сына маскавіты яшчэ завыюць, – упэўнена заявіў паручнік.

Гетман Ражынскі, апошні Гедымінавіч

– Масква, кажуць, Трэці Рым? – па блазенску запытаўся Малей. – А Тушын – другая Першапрастольная! – павёў рукою і дадаў, нібы з ім спрачаліся. – А што? Ёсць цар з царыцаю, дума баярская, нават патрыярх! У той думе, сам разумееш, па большасці свае, Раманавы, але ж баяры! Князёў наехала: Юр'еў, Сіцкі, Чаркаскія, Траекуравы. Як глянуць, стольнікі, страпчыя, дваране маскоўскія, пад'ячыя, увесь царскі двор – усе да Тушына, усе па пасады.

– Дык жа не адны Раманавы, – заўважыў Бражына.

– Раманавы, – настойліва пацвердзіў паручнік, – толькі па кудзелі. Над думай, праўда, радавіты баярын, Міхайла Салтыкоў*. Князь Дмітрый Трубяцкой* з ім, а так, дзе ні кінь, радня. Лагер блізу манастыра Святога Мікалая, за мілю ад сталіцы, абкружаны з двух бакоў збегам рэк Тушын і Масква, з вялікімі валамі ды пракопамі ад ракі да ракі, выглядаў абароненым мацней за сталіцу. І войска тут было нямала.

– І войска тут нямала. Сваім часам Мікалай Мехавецкі, давераны першага і «герольд» Другога царыка, – як пра добрага знаёмца апавядаў Малей, – пісаў ад яго імя ва ўсе канцы і наймаў, каго дасца. Гусарскаму вершніку клаў семдзесят злотых, казацкаму – пяцьдзесят, – растапырваючы пальцы тлумачыў паручнік. – Не паспеў «уваскрэслы» царэвіч атабарыцца ў Старадубе, як разнеслася, што яго пратэктарамі князі Адам Вішнявецкі* і Ражынскі, Самуэль Тышкевіч* ды іншыя магнаты з Княства і Украіны. Не дзіва, што ахвочыя павалілі гуртамі, бо ў Рэчы Паспалітай ваяроў без службы хапала. Так і назбіралася ў Тушыне адных нашых з палякамі тысяч сорак, аж сем лагераў заклалі. А запарожцаў яшчэ болей. Меў царык пад началам дзве а то і тры сотні тысяч, бо і маскавітаў, незадаволеных царом Васілём Шуйскім, сплылося даволі. Яшчэ ад Старадуба пайшлі за ўваскрэслым царэвічам славутыя атаманы з паўстання Балотнікава: Бяззубцаў*, Мартынаў*, Зарудзкі*.

– А ўсіх жа карміць трэба! – засмяяўся Бражына.

– Пра што і кажу! – усклікнуў Малей. – Дзе тут без закалотаў ды вэрхалаў!

Бражына толькі круціў галавою, дзівячыся. Каго толькі не было ў гэтым мурашніку! Баяры ў цяжкім доўгім адзенні, у высокіх шапках, важныя, самазадаволеныя, з хвастом чэлядзі, куды б ні йшлі. Смуглявыя татары ды башкіры. «Немцы», як звалі ўсіх з Захаду Еўропы. Але Бражыну найперш кідаліся ў вочы свае, фарсістыя шляхцюкі з Княства і Кароны. Той—сёй нават у новых кунтушах, з прыгожымі пёрамі на шапках і пры аздобных карабэлях. Бліскалі нахабнымі вачыма задзірыстыя, злосныя на ўсё і ўсіх лісоўцы.

– Genus fallacissimus, найвераломнейшы народ! – сцішана прамовіў паручнік, паказаўшы на купку такіх зухаў. – Хацелі б хлопцы пад сваім чырвона—чорным штандарам абрабаваць увесь свет, але адчуваюць, што не здолеюць, – дадаў здзекліва, калі не з'едліва. – Ды і куды тое павязеш, не маючы абозу? Таму ў ганарыстасці наперад ды наперад, схапіць грошы ды кляйноты, а што застаецца ззаду – агонь пад дах і па клопаце! Мы гэткія! Нас не руш!

Паручнік несумненна пераказваў думку свайго пана.

– Мабыць ва ўсёй гэтай збераніне не рэгімэнтары а ватажкі, атаманы? – прамовіў Бражына. – Але назбіралася – не чакаў!

– Яснепан Сапега лічыць, што іншага і спадзявацца не варта было. Затое цар—царэвіч Дзьмітры Іванавіч і гэта войска адно аднаму пасуюць, – засмяяўся Малей. – А ўжо з Рэчы Паспалітай ахвочых парабаваць век не злічыш! Думаю, царык і сам не верыць, што захочуць ваяваць у яго абароне.

З наплывам люду неўладкаваны бівак Дзьмітрыя асталёўваўся будынкамі і пачынаў нагадваць паселішча, роўнае якому старому гарадку. Хоць па ўскраінах па ранейшаму гібелі будкі, шалашы і зямлянкі, між невялікіх, але зграбных брусяных ці акоранага бярвення дамкоў выглядалі значнейшыя, пагляднейшыя.

– А што! – тлумачыў паручнік немудрагелісты спосаб тушынскага будаўніцтва. – Нагледзяць у вёсцы хату пазаможней, сям'ю выганяць, зруб сюды перавязуць, вось табе і жытло!

Не хапала хіба толькі царкоўных цыбулін, баярскіх палатаў ды церамоў.

– А гэта харомы «пералётных», – паказаў паручнік, на дабрэнныя прасторныя дамы, сапраўды ў нечым падобныя на палаты.

Заўважыў цікаўны погляд ганца і ўсміхнуўся.

– Баярыну, асабліва з высокага роду, не гожа туліцца абы—дзе. Як пачасцелі іх «пералёты», то і дамкі растуць, як грыбы па дажджы. Вось і патрыярх тут!

– Гермаген? – здзівіўся Бражына. – Ён жа ненавідзіць не толькі лацінства ўвогуле, але і нас і ляхаў?

– Не Герамаген, – засмяяўся паручнік. – Як царыкавы яшчэ ў 1608 годзе Растоў Вялікі рабавалі, то і мітрапаліт растоўскі прыдаўся. Царык вярнуў яму колішні сан і атрымаў уласнага патрыярха, Філарэта. А раней Фёдар Нікітыч Раманаў, быў маскоўскі arbiter elegantiarum, заканадаўца добрага густу.

Крэўная повязь лучыла памерлага Фёдара Іаанавіча толькі са шваграм Фёдарам Раманавым, але распасцерлася шырока: на Раманавых, Фёдара і Аляксандра, на Мсціслаўскага* і найменш на Гадунова, бо паходзіў з подлага роду. Але Гадуноў, як даносілі людзі Андрэя Сапегі, калі і праймаўся гэтым, то не ў страх, а дзеля большай рашучасці. Хітрасцю і розумам дабіўся падтрымкі дваранства і войска, схіліў да сябе просты люд. Раскруціў павальнае шпегаванне і даносы ўсіх на ўсіх. Ад першага дня верасня, пасля каранавання ва Ўспенскім саборы Крамля, цар Барыс мог рабіць з супернікамі, што заманецца. Прыкладам, ганарыўся баярын Багдан Бельскі сваёй барадою, а цар Барыс вазьмі і загадай немцу—лекару вышчыпаць яе па валаску. Што ж дзівіцца, калі пазней той баярын прызнаў уваскрослага царэвіча Дзімітрыя. Як то на Маскве кажацца: долг плацежом красен!

Маскоўскаму фарсуну менш пакут выпала, пастрыглі ў манахі!

– Меў Гадун фантазыю! – усклікнуў Бражына. – А дзе ж Дзьмітрый атабарыўся?

– Ёсць нешта падобнае на палац, пабачыш, а мы акурат даяжджаем.

У рэзідэнцыі Яна Пятра Сапегі месца хапала і людзям і коням.

– Нам сюды, – паказаў паручнік. – У двор пана старасты ніхто няпрошаны не сунецца, – запэўніў ён. – А для чужых усе мы даручэнцы пана Сапегі.

Ганец прызнаў, што ў такім размяшчэнні больш зручнасці, чым недахопаў, і прыход патрэбных людзей не абавязкова звяжуць з яго асобай.

– Мінай! – гукнуў паручнік. – займіся коньмі!

Увішны хлопец падхапіў павады, кінуў на ганца дапытлівы погляд.

– З панам то не сустракаўся, а вось гэтага каняку я недзе бачыў,– крыкнуў упэўнена.

– Запытай яго, можа ўспомніць, – прапанаваў Бражына.

– А няма з чаго смяяцца, – адгукнуўся хлопец крыху пакрыўджана, ведучы коней да судні. – Кожны конь сваю фізію мае. Адметную! Толькі не кожны гэта згледзіць, а я магу. – Але ж гэта і з чалавекам здараецца, – умяшаўся паручнік. – Бачыць то бачыў, а дзе, хоць забі, не ўспомніш!

Ганец махнуў рукою.

– Маю большы клопат: наведаць князя Ражынскага.

Адклад не ў лад і ганец пасля полудня апынуўся ў невялікім дамку блізу тых «пералётных». Бліжэйшая рэчка была б яснавяльможнаму па костачкі, а вось да таго мора, што ў калена, ён і не дапоўз бы. Не вельмі ўцямна прыгледзеўшыся незнаёмаму госцю, прамармытаў: – Ганец? А чым давядзеш? Пра пароль ні з кім не дамаўляўся… Ганец азірнуўся. Служка ці ад'ютант выглядаў на шляхціца, але хто тут не пры шаблі. Усё ж не рашыўся вымаўляць пароль у яго прысутнасці. Ды ці дойдзе той пароль да ачмурэлай мазгаўніцы князя.

– Ліст маю да яснепана, – знайшоўся нарэшце, паказаўшы пакет.

Князь, кінуўшы позірк на пакет, узяўся наліваць у кубак, але больш трапляла на стол.

– Падчашы! – раўнуў на маладзёна і той перахапіў цяжкаваты для п'янай рукі збан.

«Што ж, калі падчашы, то напэўна не хлоп!» – усміхнуўся міжволі Бражына.

Пакуль князь прагна хляптаў квас, «падчашы» на маўклівае пытанне ціха прамовіў: – Спрабуй, вашмосьць, калі ўжо тут. Хіба тыдзень змарнуеш, чакаючы працверазення.

– На гэта часу не адведзена, – гэтак жа ціха адказаў ганец.

– Што гэта ў вас за шуры—муры, як маскавіты кажуць?

Відаць дабратворнае ўздзеянне квасу давала шанец. Князь нават саступіў настойлівай просьбе ганца агледзець пячаткі і зрэзаць іх уласнай рукою. Смела размахваючы невялікім кінжалам, ледзь не парэзаў сабе пальцаў, але неяк з гэтым упораўся і наваліўся грудзьмі на стол, як пасля непасільнай працы.

– Чытай, што там, – загадаў ганцу і той на ўсялякі выпадак адступіў далей ад стала.

Бражына хоцькі—няхоцькі заглыбіўся ў дзяржаўныя таямніцы, час ад часу кідаючы погляды на бліскучае лязо, выстаўленае нібы дзіда ў яго напрамку. «Халера яго ведае, п'янюгу! Раззлуецца на пачутае ды шпаране ў злосці!» Пра тое, ці варта слаць лісты з важнымі паведамленнямі такому чалавеку, і думаць не хацелася. «Гэта ж мог і галавою налажыць, аберагаючы лісты да такой асобы!» Ганец стараўся як найхутчэй скончыць чытанне, але князь раз—пораз спыняў яго з'едлівымі выказваннямі. Як ні дзіўна, самае істотнае хапаў на розум. Відаць усё думана—перадумана, абгаворана з паплечнікамі, штодзень непакоіць войска і яго правадыра, таму і ў ачмурэнні не забываецца.

– Кажаш, кароль кліча на службу? – крычаў князь, нібы гэты ганец і быў тым неразважным і зухвалым каралём. – Пад руку таго карантыша Жулкеўскага? Ён жа польны гетман! І не наш, а каронны! А дзе вялікі? А я тут і польны і вялікі! Князь Раман Нарымунтавіч, апошні нашчадак самога Гедыміна. Скеміў? – князь правёў рукавом па вачах, шмаргануў носам.

Скеміць было не цяжка. Калі пасля пераможнай бітвы пад Гузовам князь прыбыў у Кромы з тысячай конных, царэвіч не мог не ацаніць хаўрусніка. Але толькі з п'янай галавы можна было прызнаць абранне Рамана Нарымунтавіча тутэйшым жаўнерствам на гетмана. Нездарма ж і Ян Сапега ўвесь час не ў згодзе з гэтым князем—гетманам.

– І войска ў мяне тут больш, чым у Жулкеўскага. Нават, калі да яго той упарты Хадкевіч далучыцца, – зарагатаў падвойны гетман. – А ён не захоча!

Шмат супернікаў мроілася князю Ражынскаму, але найбольш непакоіў наступ каралеўскага войска. Калі цар—царэвіч пашле насустрач, што выбраць: кінуць Дзьмітрыя ці бараніць ад караля? Але гэта другое пахне здрадаю, бо пайшоў на Маскву супраць ворагаў царэвіча, і прысягі Жыгімонту 111 не адмаўляў. Вестка пра вайну караля з Масковіяй абурыла большасць тых, хто пайшоў да царыка з Рэчы Паспалітай. Людзі пагулялі б, пагойсалі, нечым разжыліся, а там, Бог бацька, маглі вярнуцца да родных маёнткаў. А перамог бы імпостар, глядзіш, адкрылася б новая магчымасць карміцца. Таму вакол князя Ражынскага згуртавалася большасць, якая была супраць каралеўскай выправы, а пасольства на чале з Мікалаем Мархоцкім выправілася пад Смаленск дамагацца вываду арміі Жыгімонта з маскоўскіх абшараў. Вакол Яна Пятра Сапегі заставаліся тыя, хто быў за перамовы з каралём і незавязванне канфедэрацыі. Але абодва згуртаванні лічылі тушынскага цара—царэвіча непрыдатным да крамлёўскага пасаду і не ўхвалялі намер караля ўскласці шапку Манамаха на ўласны голаў.

– Міласцівы пан псуе нам неблагую гульню! – абурыўся князь, праслухаўшы чарговы кавалак петыцыі. – Калі гэтага шклоўскага ўторкнуць у Крэмль, то кім стане князь Ражынскі? Га?


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 | Следующая
  • 4.6 Оценок: 5

Правообладателям!

Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.

Читателям!

Оплатили, но не знаете что делать дальше?


Популярные книги за неделю


Рекомендации