Текст книги "Дыплом на царства"
Автор книги: Аркадзь Ліцьвін
Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза
Возрастные ограничения: +16
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 18 (всего у книги 66 страниц) [доступный отрывок для чтения: 21 страниц]
Шведская конніца ўвайшла ў горад. Пачаліся пажары, бязлітаснае збіццё жыхароў і рабунак. Першы і найбольшы супраціў шведы сустрэлі на плошчы каля волхаўскага маста, дзе атабарыўся Васіль Бутурлін. Калі шведы паспрабавалі акружыць ягоны атрад, ваявода прарваўся на волхаўскі мост і, адбіваючыся ад пераследу, сыйшоў па—за сцены горада. Разрознены супраціў там ды тут шведы лёгка адолелі і на працягу дня захапілі ўвесь горад апроч крамля.
Штурмаваць цытадэль без цяжкой артылерыі, без мартыраў, было б шаленствам, але ваенная нарада, скліканая князем Адоеўскім у крамлі, высветліла, што карміць ратнікаў і мірных жыхароў нечым, для гармат няма пораху.
Пасля шматлікіх нарад з мітрапалітам Ісідорам, дваранамі і ратнікамі Адоеўскі выправіў свайго прадстаўніка аб’явіць шведам рашэнне спыніць барацьбу і прызваць на “Наўгародскае гасударства” шведскага прынца. Крэпасць здавалася без гарантый цэласнасці “Наўгародскага гасударства”, а першым сустрэчным пунктам стаяла прысяга шведскаму каралевічу. Другім – падпарадкаванне горада Дэлагардзі, пакуль прыедзе каралевіч. Дэлагардзі абавязаўся не рабаваць горад і заняў непрыступную цытадэль палком каралеўскай лейб—гвардыі.
Недаравальна даверлівы Бутурлін адступіў з Тарговай стараны і паспрабаваў працягваць барацьбу. Аднак, калі Адоеўскі паабяцаў, што пад шведскай уладай усе памешчыкі захаваюць землі, дваране пачалі пакідаць Бутурліна і разам з наўгародцамі прысягнулі пакуль што безымяннаму шведскаму прэтэндэнту. Горкія думкі апанавалі ваяводу.
– Ісідар і наўгародцы сцвярджаюць, нібыта выказаліся за абранне прынца, выконваючы волю ўсёй зямлі, – даводзіў Бутурлін паплечнікам, – а насамрэч “Наўгародскае гаспадарства” парвала з земскім рухам… – Так! – пагаджаліся тыя. – У пагадненні, наколькі вядома, пра адпраўку шведскай дапамогі Маскве і ўпамінку няма.
Ваявода скрушна кіўнуў. Сам з гэтым прайдзісветам Дэлагардзі рыхтаваў на горад пастку, а зараз заставалася толькі адыйсці са сваімі да Масквы.
– Бач, прызнанне прынца годным яшчэ не азначае абрання, – адзначыў Бутурлін істотную рэч. – Нібы дробязь, але выходзіць, што наўгародзкія вярхі ўзялі на сябе адказнасць за ўсю дзяржаву, не маючы на гэта правоў.
– Не ўпусцяць гэтага ў Стакгольме!
«Але ці не мая ў гэтым віна?” – дакараў сябе Бутурлін.
– І Ноўгарад аддалі і на Маскве па ранейшаму няма згоды! – злосна крактануў Зарудзкі.
Непакоіла чалабітная ўсёй раці з патрабаваннямі да ваяводаў пазбыцца спрэчак і ўзаемнай варажнечы, думаць пра ратнікаў а не пра захоп вотчын. Вінаваціць сябе ў небяспечнай нязгодзе атаман быў няздольны. Будзь усё па ягонай думцы – ніякая згода не патрэбна.
– А тут яшчэ гэты Ляпуноў! Скажы, які ганарысты ды недаступны! З гразі ў князі, а нават знаці не шануе ні на грош! Ці не ён і зладзіў чалабітную, калі так за яе стаіць?
Ад пачатку сумеснага кіравання меў на яго зуб Іван Зарудзкі. Хоць і пісаўся Ляпуноў, як думны дваранін, трэцім пасля тушынскіх баяраў, Трубяцкога і Зарудзкага, насамрэч быў першым і запраўляў усім самастойна.
– Калі падумаць, то страта Ноўгарада неблагі шанец? – атаман кінуў запытальны позірк на Пляшчэева. – Хто там Бутурліна баламуціў сваімі загадамі? Ляпуноў! Ды і тут, на Маскве… Каб стакнуцца з шведамі, ці неяк затрымаць іх на поўначы? Ноўгарад і пазней можна адабраць.
– Казакі цябе падтрымалі б, атаман, – лісліва паднёс Пляшчэеў. – Супраць такога вядомага патрэбен больш вядомы і шанаваны… А дзе ён, гэткі, апроч цябе?…
На прагнага славы атамана гэткі ялей быў лепш усялякіх угавораў. Не менш Зарудзкага ненавідзелі Ляпунова і радавітыя дваране, падоўгу стоячы ў чаканні прыёму. З тушынскімі казакамі абыходзіўся яшчэ горш.
– Шэрамецеў прыстане на прапанову, як думаеш? Гадзінамі ў Ляпунова перад дзвярыма стаяў.
– А чаму б не прыстаць? І тушынскае таварыства, хоць бы Грыгорый Шаховской, Іван Засекін… Назбіраецца… – Але ж каб не здрадзілі, – засцярогся Зарудзкі.
– Ну, калі спрысягнуцца, то адно аднаго павінны аберагаць, – хмыкнуў Пляшчэеў.
– Інакш самі завіснуць! – злавесна паабяцаў атаман. – Трэба так зладзіць, каб нікога не абвінавацілі ў змове.
– І на гэта ёсць рада, – прамовіў Пляшчэеў. – Ліст зварганім, невялікую зграю з вострымі шаблямі падпоім. Астатняе за адпаведным чалавекам. Ёсць гэткі, на пустым месцы вэрхал узніме.
Не прайшло шмат часу, як 22 ліпеня ў табарах агалосілі ліст, дастаўлены атаманам Сідоркам Заварзіным*. Пракофій Ляпуноў нібыта прадпісваў хапаць і забіваць на месцы казакоў, збіраўшых правіянт самачыннымі рэквізіцыямі і “разбоямі”. – Падмётны ліст! Той ліцьвін Гасеўскі нашкрэбаў! – крычалі адны.
– Але навошта яму гэта? – гарлалі другія, згавораныя.
– Навошта! Гэты ліцьвін вунь яшчэ калі таемна дамаўляўся з Галіцынымі і Шуйскімі, пры Грышку Атрэп'евым! – настойваў нейкі дасведчаны. – Хто ж прапаноўваў трон каралевічу Уладыславу?
– А сапраўды! Нездарма ж цар Васіль два гады трымаў Гасеўскага ці то ганаровым палонным, ці то закладнікам, – успаміналі кемныя ў мінулых закалотах. – Маглі яшчэ тады змовіцца на шкоду Маскве!
– Можа і земскія не ўсе за народ! – пралунала небяспечнае, запальнае.
Даволі было лёгкага вагання Ляпунова пры агляданні ліста, каб над усім гулам зазвінеў злосны голас іншага ўдзельніка змовы, атамана Карамышава: – Гляді—ко! Прізнал свою руку! На харю гляді! Рубі его, братцы!
Іван Ржэўскі*, непрыяцель Ляпунова, смела выказаўся супраць самасуда. Але бліснулі шаблі і два скрываўленых целы ляглі пад нагамі пад’юджанай зграі. Пралітая кроў згуртавала разбойную грамаду ў прывіднай згодзе.
Забойцаў Ляпунова не пакаралі, але Савет зямлі пасля ягонай гібелі значна змяніўся. Галавой першага апалчэння лічыўся князь Трубяцкой, як самы імяніты з земскіх баяраў, але ўсім запраўляў Зарудзкі. А тут яшчэ вэрхал вакол спіску з цудатворнага абразу Казанскай Божай маці, прынесенага казанцамі. Усе ратнікі выйшлі насустрач пешкі, а Зарудзкі з казакамі конна, непачціва і неганарова. Казакі пачалі зневажаць і ганьбіць ратнікаў, скончылася гібеллю некалькіх дзесяткаў чалавек, у тым ліку дваран і стольнікаў. Большасць служылых людзей, баючыся лёсу Ляпунова, пакінула лагер. І дваранскае апалчэнне раз’язджалася без дазволу ваяводаў. Засталася пад Масквою раць Тушына і Калугі, раць тушынскага царыка, казакі. Улада Трубяцкога звялася на нішто, першае апалчэнне няўхільна ператваралася ў банду разбойнікаў, паўнаўладным атаманам якой стаў Зарудзкі.
Мілуй нас, пане, старую шляхту!
Пакуль не клікалі да стала, гетман Хадкевіч змагаўся са сваімі невясёлымі гуморамі. З натуры недаверлівы, ва ўсім бачыў змовы і нядобразычлівасць. Карэтная размова прынесла новыя падазрэнні, ажылі, разрасліся старыя. А кароль, кажуць, замкнуўся з Баболем і Крыскім. Несумненна раюцца, што чыніць з Хадкевічам. Бо пра што ж яшчэ каролю размаўляць акурат зараз з гэтымі двума, асабліва з Баболем? Не пра войска ж і не пра жолд на яго ўтрыманне…
Хадкевіч быў абавязаны каралю вялікай булавою і значным маёмасным авансам. І моцна крыўдаваў, як гэта кароль не разумее, што каб не Хадкевічы, падчас рокашу да Януша Радзівіла збеглі б амаль усе?
Кароль, насамрэч, нагледзеўшы Хадкевіча на галоўнага ў маскоўскай выправе, не меў да яго поўнага даверу. Запросінамі на пачастунак меў на мэце праверыць чуткі пра магчымы хаўрус гетмана—рэгаліста з Радзівіламі. Такі хаўрус мог парушыць расклад сіл у Вялікім Княстве і моцна паслабіць там каралеўскія ўплывы.
“Добрая мысль”, як празвалі ў тыя часы шчодра падліваную вячэру, не цешыла гетмана. Здагадка, што яму рыхтуюць пастку, перайшла амаль у пэўнасць, калі даведаўся, што Найяснейшы пан уганараваў прысутнасцю за сталом прыбочных гетмана і нават ягоную чэлядзь.
Падумаўшы, паклікаў ротмістра Дуброву*. Надзейны хлопец і кемлівы. Гэтаму мог даверыцца.
– Хто там у цябе моцны ў чарцы? – гетман не спадзяваўся, што той зразумее адразу, прызнаўся. – Баюся, мяне ўпаіць намерыліся. – Загадай, каб трымаўся побач мяне. Ды і сам будзь паблізу!
– Разумею, яснепане. Будзем пільнымі, – запэўніў ротмістр.
Бачыў: гетман насамрэч баіцца, што ўпояць і выставяць на смех.
– Бачу, скеміў, – сцвердзіў Хадкевіч. – Пры каралю, а тым болей з яго ўдзелам ім гэты фігель можа лёгка ўдацца. У мяне ж і век і хваробы, ад двух келіхаў у галаве нядобра, – усправядлівіўся пахмурна.
Насцярожанасць ротмістра перайшла ў пэўнасць, калі згледзеў, як пачалі паіць, частаваць ды выпытваць чэлядзь гетмана. Не сумняваўся, выведвалі, усё, што дасца. Не пакідалі ўвагай афіцэраў. І ўсіх, проста дзіўнае супадзенне, найбольш цікавіла, хто што казаў, а можа і думаў вакол гетмана з панам падчашым Радзівілам. Нібыта цешыліся з таго яднання і зычылі, каб і надалей так дзеля агульнага дабра і згоды, але вельмі ўжо няшчыра. І гетман, пакуль яшчэ не надта шумела ў чубе, пільна сачыў за размовамі і стараўся злавіць, што адкуль далятала. Але не пакідалі яму часу на гэта прыслухоўванне. Каралеўскія набліжаныя старанна апекаваліся галоўным падследным. Кароль уважліва назіраў і нават сам заняўся “падаграваннем” гетмана. Як кажуць, быў поўны застольнай прыхільнасці да ўсіх прысутных, але да гетмана асабліва. Бліжэйшыя дарадцы вылузваліся са скуры, дапамагаючы Найяснейшаму пану.
Па пэўным часе кароль прапанаваў тост за гетмана.
– За здароўе вашмосьці, якога вашмосьці найласкавей зычым!
– Дзякую уніжона, Міласцівы пане, – прамовіў Хадкевіч.
Гетману хапала папярэдняга, але адмовіцца было б ледзь не абразай велічы манарха. Загулі трубы, грымнулі бубны. Здалося, віваты скаланулі самую столь.
– Усім піць за здароўе гетмана! – крыкнуў кароль, высока ўзнімаючы келіх.
Сам Найяснейшы пан піў з жаўнерамі і слугамі гетмана за здароўе гетмана! Такое не штодзень здараецца! Па звычаю “добрай мыслі” ўсе значнейшыя выпівалі да кроплі, стоячы вакол караля. Хіба ж маглі адставаць пазбаўленыя такога ўганаравання? Ротмістр Дуброва з трывогай назіраў, як гетман вызваляецца з лёгкай дэліі. Міргнуў служку падхапіць адзежыну, каб не трапіла пад ногі. «Каб жа не пайшло ніжэй прыстойнасці! Пакуль што нічога, не дзіва ўгрэцца, гурма народу, а колькі тостаў наперадзе? Не ў аднаго гетмана гучна ў чубе. Вунь колькі тых, што нібыта маюць нешта важнае выкрычаць найдалейшаму з застольнікаў!» Ротмістр падступіўся, наколькі мог, бліжэй да гетмана.
– Чаму ж то Найяснейшы пане ўва мне сумняваецца? Хіба ж не давёў я сваёй дабрадзейнасці не аднойчы? – гетман уперыў погляд у Жыгімонта.
Толькі хмель мог падказаць ваяру такое смелае пытанне. Кароль адказаў ўважлівым поглядам і яго маўчанне штурхнула гетмана на смялейшае выказванне.
– А хоць бы і паяднаўся з панам падчашым? – запытаўся з ноткай задзірлівасці. – Хіба ж схібіў тым самым у прыстойнасці?
Дуброва з трывогай назіраў гэту размову.
– Ці будзе гетман усё гэта памятаць заўтра? – ціха прамовіў да свайго паручніка.
– Затое кароль не забудзецца, – адказаў той. – Можа засмела мяркую, але Найяснейшы пан яшчэ не захмелены.
– Яму маглі не віно наліваць, а фарбаваны бярозавік, – адгукнуўся не менш занепакоены ротмістр. – А перакажуць, чаго і не было.
Кароль відаць палічыў за лепшае не цягнуць гетмана на глыбейшыя прызнанні.
– Ніколі ў табе не сумняваўся, вашмосьць, – прамовіў па свойску, – але непакоіўся, бо ведаю, што цябе супраць мяне вельмі пад’юджвалі, каб да мяне з’агідзіць. А тым самым мне шкодзіць, а на табе ездзіць.
Кароль выказваўся павольна, каб да гетмана дайшло кожнае слова. Чым больш прысутных пачуюць, тым менш перайначаць яго словы.
– Але сёння пра гэта з табою нічога гаварыць не буду, а вось заўтра скажу табе нешта, а зараз выпі за мяне.
– Найяснейшы пане, Найяснейшы Міласцівы кароль, пілі паручнікі з тваёй рукі Міласцівага пана, чаму ж бы я, гетманам будучы, не меў піць? – Хадкевіч прыняў з каралеўскіх рук вялікую шкляніцу.
Кароль падаў руку да цалавання. Хадкевіч прыклаўся да рукі і працягваў: – Доўга не хацеў паяднацца з падчашым, паказваючы, што ты мой пан, а я слуга. З прыстойнасці маёй нічога супраць табе, пану майму, не пераступаю, і калі той дурнем быў, я ягоным следам не іду.
Кароль надзяліў гетмана найласкавейшай усмешкай.
– Іншае табе, іншае таму, – прамовіў чула. – Табе я шмат вінен.
Кароль абхапіў келіх і трымаў, пакуль Хадкевіч з высілкам высмактаў віно. Асцярожна вызваліўшы келіх з каралеўскай рукі, гетман адным махам разбіў яго аб сваю галаву.
Трывожная іскра мільганула ў каралеўскіх вачах. Перазірнуліся Крыскі з Баболем. Запал Хадкевіча мог сведчыць не толькі маладзецкую зухваласць. Ці не перастараліся яны з наляганнем. Але хто з прысутных не памяняўся б зараз з гетманам?
– Мілы пане гетмане! – усклікнуў Жыгімонт. – Не разбіце гэтай галавы, вельмі нам на ёй залежыць!
Гетман пакруціў галавою, адганяючы хмель.
– І галава і рукі здаровыя, і сэрца цвёрдае. Толькі яго вашай Каралеўскай няласкай не паслабляй.
Кароль бачыў, што далейшае спойванне блага паслужыць рэпутацыі гетмана, а гэтага дапусціць не мог. Падаў гетману руку.
– Нічому благому пра цябе веры не дам. І ад цябе патрабую ніколі нічому не верыць, калі табе пра мяне будуць гаварыць.
– Ніколі нічому не паверу, калі мне хто пра Вашу Каралеўскую Мосьць благое будзе казаць, – горача запэўніў гетман.
Вельмі хацеў пераканаць караля ў сваёй і падобных яму людзях адданасці.
– Мілуй, пане, нас, старую шляхту, – завагаўся хвілю, збіраючы сілы, – і сцеражыся хітрых, бо цябе тыя і згрызуць і падмануць. Маеш, пане, пробай рокаш: адбягаў ад цябе не адзін з тых, каму дабрадзейства каралеўскае з зяпы тырчала. Мы, старая шляхта, сталі за свайго караля і гатовы былі памерці, а якая на той час зычлівасьць да цябе была, такой і зараз ад нас будзь пэўны, дзе ўдзячнасьць да цябе, пана свайго, знаць будзем.
Гетман прамаўляў і прамаўляў, ды раптам абхапіў караля ў пасе і заліўся слязьмі. Кароль узрушаны такой адданасцю, не стрымаў хвалявання, сам абняў гетмана, вочы яго звільгатнелі. Паручнік, на знак ротмістра, памкнуўся да Хадкевіча, але сам кароль падхапіў гетмана пад руку. Жыгімонт паспрабаваў выпраміцца ва ўвесь свой не так і малы рост, але пахіснуўся. Фэлікс Крыскі скочыў і падтрымаў манарха ў цяжкую хвілю. Усе трое трымаліся адно аднаго, але піць, здавалася, больш не змогуць. Ціхія смешыкі сведчылі, што хмель развязаў языкі і каго—нікаго пазбавіў звыклай асцярожнасці.
– Вось бы зараз Яго каралеўскай Мосьці мячыкі прапанаваць, – не ўтрымаўся нехта з дваранаў, сам ці здольны тыя мячыкі адбіваць.
Шляхта пераважна не ўхваляла каралеўскага захаплення гульнёй у мяч. Лічыла, што гэта, як і заняткі алхіміяй, не памінаючы малявання ды разьбярства, адбірае Найяснейшаму пану рыцарскі дух. Але рыцарскі дух кароль не страціў. Павагаўшыся хвілю, зірнуў улева, на падканцлера, потым праваруч, на гетмана, і вырашыў.
– Па нашаму меркаванню пану гетману будзе лепш на вольным паветры.
Чэлядзь шумным гуртам кінулася выконваць манаршы загад. Дуброва з афіцэрамі пільна сачылі, каб у гармідары, ненаўмысна не ўчынілі гетману якой шкоды, бо ніхто не абышоў ўвагай і чынным удзелам шчодрасць каралеўскага стала.
… Вытрымаўшы «добрамысленскае» выпрабаванне, назаўтра гетман адбыў апошнюю нараду з каралём і пакінуў сапежынскі Талачын. Па дарозе пад Шклоў, дзе гуртавалася войска, прызначанае на маскоўскую выправу, укладаў ліст пра сваю талачынскую прыгоду.
З ліста Хадкевіча да жонкі:15 ліпеня 1611 года.
«Лётаў на кані пад вакном у караля, хацеў Пан са мною піць, але што бачыў мяне ганебна п’янага, даў мне спакой. Вымацаў тады, што непадшыты хітрасцю слуга ягоны і дзіўна быў кантэнт, што мяне такога бачыў.
Канцлера Сапегу пачало тое абрушаць і нібыта хацеў купіцца і справіць мне знявагу, чаго кароль дайшоўшы, казаў тром дзесяткам гайдукоў мяне пільнаваць і жаўнеры ад мяне не адступалі, бо да мяне Томаш Дуброва, кварцяны ротмістр, служачы ў Інфлянтах, і іншых нямала заехала. Мала нехапала, каб Дзітрык не ляснуў па галаве пана канцлера шабляй. Бо ўжо пачаў з ім дамаўляцца.»
Гетман перасмыкнуў плячыма на прыкры ўспамін. Можа і Бог дапамог, але галоўным чынам пільнасць Дубровы. Ухапіў таго дэсперата за руку. Даляцела да гетманавай свядомасці: – Вашмосьць у тароках другую галаву мае? Бо, бачу, гэта вашмосьці дрэнна служыць! У каралеўскай рэзідэнцыі зброю агаляеш! Не агледзішся як горлам заплоціш!
Утаймавалі не ў меру гарачага абаронцу гетмана. Але, як ні кажы, прыемна мець за сабою такіх як Дуброва і ў кіпені хрышчаны Дзітрык.
«Дваране ўсе за мяне, – цяклі ўспаміны. – Толькі б канцлер пачаў, было б ганебна дрэнна. Але паколькі я ні пра якую зваду не мысліў, быў вельмі п’яны і вясёлы, перастрэгла пана канцлера само таварыства дворскае, каб скромна захоўваўся, бо дома не выседзіць. Усе кажуць, што Міласцівы пан дзіўна быў добрай мыслі і добра сабе падпіў.»
Не затрымаліся і кароль з вялікім канцлерам. Забегаў, заварушыўся мурашнік каравану.
Ну, як табе зараз наша нара?
– Ну як табе зараз наша нара?
Таварыства ціснулася да шалаша і баязліва паглядала на лена праплываўшыя хмары. Пакуль Бог мілаваў, але на колькі хопіць ягонай паблажлівасці? Пераплеценае карэнне вялікага вываратня, забітае зямлёю стварала моцную сцяну, але спехам зладжаны застрэшак з лапніка ад добрага парыву ветру мог лёгка ўляцець. Ну і вада, не дай Божа дождж, збяжыцца ў яму, высланую тым жа лапнікам.
– Нешта лепшае ладзіць няма сэнсу, – ротмістр Яцэвіч выказаў агульную думку. – Яны ж тут не затрымаюцца. Але дзе ж ізноў пан камендант? Каторая пара як пайшлі… Пан Касьян з дакорам зірнуў на Бліда. Той хадзіў разам з Жарскім, але вярнуўся акурат на ўлазіны пад гэты жабрачы прытулак. Пан Кузьма пакрактаў, месцячыся, але азваўся.
– Сказаў, зоймецца выведкай. А пасля за коньмі…На ўсё час патрэбен…
Утрыманне коней было вялікім клопатам. Шмат ахвотнікаў рэквізаваць, абы трапілі на вочы.
– Можа яго ўжо злавілі? – чамусьці шэптам запытаўся Аніс. – Разам з нашымі коньмі!
– Каб пан Жарскі папаўся! – накінуўся на яго лісовец Ціт. – Пан Жарскі ваяр ого! Калісь мы з ім… – ён раптоўна змоўк, баючыся насмешак ці з якой іншай прычыны.
– Не такі ён дурань, папасціся, – заступіўся за каменданта і прывярэда Блід. – Ды там процьма люду: войска, дворня каралеўская ды канцлерава…, шляхта… Ніхто нікога не ведае. Лёгка ўцерціся. Напэўна нешта выпытае. Вось жа і мне, хоць выпадкова, але пашанцавала… Думкі ўсіх міжвольна вярнуліся да толькі што пачутага.
– Калі гэта праўда, то насамрэч, варта нешта пачынаць, – усё яшчэ ў сумненнях прамовіў Яцэвіч.
– Ну не маню ж я, – пакрыўджана азваўся Блід.
– Я і не кажу, што маніш, – апраўдаўся ротмістр. – Але той чалавек не такі важны, як падае сябе. Мог нешта не зразумець, памыліцца ў высновах. Урэшце проста збрахаць.
– Не кажы так, – запярэчыў Блід. – І з выгляду, а я і распытаць не паленаваўся, той сталяр чалавек самавіты, заможны і ў панства свайго цанёны. Нездарма ж і даручылі такую справу. Меў падставы пахваліцца выкананнем. Так і са мною падзяліўся сваёй радасцю, што на час управіўся. Зараз скрынка напэўна скарыстана і гатова на заладаванне.
Развітаўшыся з камендантам, пан Кузьма мімабегам не ўтрымаўся, каб не заскочыць у карчму. Харчу набыць, заадно з кім—небудзь шчодрасцю падзяліцца, бо пацягнула на людзі пасля ляснога туляння. Выпадак справіў, што трапіўся адпаведны…Але пілі прыстойна, на гонар рамяства…ды прыемнага знаёмства.
– А можа пакуль каменданта няма, хоць бы выведаць, што там ды як, падыходы нагледзець? – нясмела запытаўся Аніс Шаблюк. – Урэшце, так ці гэтак, спатрэбіцца, – ён нібы і сябе пераконваў. – Можа вось Ціт?… Усе стрымана рагатнулі, бач, з выведкай ізноў да пана Шашаніцкага. Ва ўяўленні таварыства выпадковая сустрэча ў карчме магла даць вялікі плён. Адмысловая скрынка па ўсіх прыкметах адпавядала чаканаму прызначэнню.
– Прыгожая, кажаш? – ужо каторы раз дапытваўся ротмістр. – Акаваная, з замком? Чулася, важнейшыя каралеўскія паперы заўсёды ў гэткіх возяць. На іх процьма пячатак, а так не паабіваюцца, не пакрышацца… – Ну наша несумненна важнецкая, калі за яе царства можна атрымаць, – упэўнена заўважыў Ціт.
Пан Шаблюк пазайздросціў досціпам Бліда.
– Ты ж не падумай, што ўхапіўшы пэргамент, пабяжыш на Маскву і атрымаеш царства, – ухмыльнуўся да лісоўца.
– Ведаю, што здагоніце, то і не памкнуся, – адгрызнуўся Ціт. – Але грошыкі, то мецьмем, што б вы ні надумалі, – папярэдзіў, варухнуўшы мех з лукам.
– Дык жа ўсе мы не задарма тут пакутуем, – засмяяўся пан Касьян. – Падзелім як паны—браты, па справядлівасці.
– Час ідзе, а камендант невядома ці сёння аб'явіцца. Ведаць што ды як – палова поспеху, – ротмістр пакрысе прызвычайваўся да думкі пра самастойныя захады. – Сапраўды, выведка нічым не зашкодзіць.
Пан Блід не хацеў, каб змарнаваліся ягоныя высілкі.
– Варта споўзаць, – падтрымаў ротмістра. – На злом галавы не палезем, але хто тое за нас зробіць. Там жа крутаніна і вэрхал удзень і ноччу… – Пад раніцу і варта зморыцца, – запэўніў Ціт, як самы спрактыкаваны выведнік.
Крыху паспрачаліся, хто пойдзе з Цітам, але вырашыў ротмістр.
– Так што, Ціт, рыхтуй сваю зброю. Акурат трэба каб ціха… Ну і пан Кузьма, бо аглядаў тую скрынку. Я за вамі ў ар'ергардзе, а пан Шаблюк тут застанецца: каменданту патлумачыць, калі раптам вернецца.
Вызначэнне дыспазіцыі прынялі з палёгкай. Заварушыліся, перабіралі рыштунак. Ціт не мог не пахваліцца ўсімі здольнасцямі, калі ўжо такая нагода.
– Сайдак носіцца па рознаму, звычайна на левым баку. Во тут, – спехам прыладзіў футарал пры поясе. – Калчан па рознаму: пры боку, на плячах, альбо цераз плячо павешаны. Напэўна давядзецца поўзаць, то я за плечы. І падчас бою там жа, каб стралу праз левае плячо правай рукою, найзручнейшы спосаб. Сайдак жа – на правы бок, каб шаблю не засланяў.
Ротмістр агледзеў лісоўца і не мог не прызнаць, што ўсё на ім спраўна і на месцы.
– Ну, лук давядзецца сцярпець, можа спатрэбіцца, – як самому сабе прызнаў ротмістр, – але шаблі будуць замінаць. Кінжалы ды пісталеты.
Супакоены Ціт працягнуў свой выклад. – Падчас стральбы трымаеш лук стойма, альбо паземна, можна і ўскосна. Цеціву цягнеш найчасцей да правага вуха. Я, прынамсі так раблю. Каб лягчэй нацягваць, вось такі пярсцёнак ужываецца.
Лісовец выкалупаў з кішэні маленькую прыладу, пакруціў перад таварыствам.
– На вялікі палец надзенеш і нават курок пісталета ямчэй адцягваць. А робяцца яны з жалеза, з бронзы, касьці слановай, срэбра, золата. У каго што ёсць. Што каштоўнейшыя набіваюць залатымі дроцікамі, нават шляхетнымі камянямі, а ты кажаш!
Лісовец павярнуўся да пана Бліда, успомніўшы крыўду за сваю зброю. Асцярожна нацягнуў цеціву і павольна вярнуў яе на месца.
– Каб левай руцэ менш ад цецівы даставалася, надаюцца скураныя манкеты, альбо і жалезныя карвашы. На правую руку скураныя рукавіцы і напальчнікі, аберагаюць ад зранення пальцаў, нацягваючы цеціву. Нацягваюць звычайна вялікім пальцам і указальным. Часта і сярэдні дадаецца. Так тузін стрэл за хвіліну, на добрых дзве—тры сотні крокаў.
Не замаўкаючы ні на хвілю, Ціт быў гатовы раней за ўсіх. Агледзеў сябе, паправіў нож на поясе, падскочыў са два разы на месцы, ці не брынкне што з рыштунку, ці ў кішэнях.
– Ну, я гатовы!
Як дасведчаны ваяр пасунуў на поясе Бліда похву нажа, паказаў схаваць пісталеты запазуху. Як плату за дапамогу дадаў стралецкія тлумачэнні.
– Каб ведалі, ангельцы, прыкладам, са свайго даўжэзнага луку прабіваюць цяжкой стралою нагруднік за паўтары—дзве сотні крокаў. А прыцэльна б’юць больш чым на чатыры сотні, з паўдзесятка стрэл на хвіліну.
Кузьма Блід недаверліва пакруціў галавою, астатнія цярпліва зносілі выклад. Урэшце, лісоўца давядзецца пасылаць у самае—самае…
– Але ж гэта трэба мець сакаліныя вочы! Больш як траціна вярсты! – паддобрыўся Шаблюк.
– Ну, так расказваюць, – памяркоўна адказаў Ціт. – Мне то даводзілася на блізкай адлегласці, у сутычках. Вось ты, прыкладам, конна, і ўслед з лука б’юць. Адзіна правільна ўцякаць. Калі страла ў плечы не трапіла, адно раю: “канём матлянуць», каб ухіліцца ад наступнай. Дарэчы, уцякаючы, зноў жа, няма лепшай зброі чым лук. З мушкета ці здолееш набіць некалькі разоў, а стрэлы…
Ротмістр ветліва але рашуча перапыніў гаваркога лісоўца.
– Значыць як дамовіліся, усё выведваем. А калі выключная нагода… – ротмістр перавёў дых нібы перад нырцом у халодную ваду, – калі раптам абставіны… – То не праміргаем! – рашуча выгукнуў Ціт.
Пан Касьян уздыхнуў з палёгкай.
– Як кажа пан камендант Жарскі, дзеяць па абставінах. Дзякаваць Богу, маем падказку. Але пачакаеце мяне, ці адзін з вас пакліча, – папярэдзіў свой авангард.
…Ціт прыглядаўся будынку, дзе, па чутках, складзены скарбы Льва Сапегі. Побач з глухой сцяною расло высокае дрэва. Насупраць тоўстай галіны ў сцяне было невялікае ваконца. Не так і высока, і памерамі чалавеку праціснуцца. Калі ўзлезці на тую галіну, разгайдацца ды скочыць, можа і ўхопішся… Не пашанцуе, то падаць невысока… Але што там за вяроўчына вышэй на галіне?
Ціт прыкінуў, як з тым падзеннем і глянуў на Бліда, ці разумее той, пра што мова. Паказаў яму на ваконца. Блід задраў галаву і штурхануў Ціта пад рэбры. У ваконцы мільгнуў нечый твар. Абодва не тое што ціўкнуць, дыхаць баяліся. Напачатку, сціснуўшыся ў плячах, высунуўся чалавек. Разглядзеўся за нечым управа, улева, па кустах пад сцяною, знік і адразу ж паказалася скрынка заціснутая ў пятлю. – Дальбог, тая самая! – выдыхнуў пан Кузьма. – Гэта ж трэба як патрапілі! Глядзі, глядзі, што робіць!
Скрынка паволі апускалася, а чалавек у ваконцы папускаў вяроўку і ўвесь час азіраўся.
Ціт не доўга дзівіўся, яшчэ менш думаў. Шчоўкнула цеціва і страла фуркнула ў напрамку ваконца. Чалавек ускрыкнуў, таргануўся і знік, а скрынка паляцела ўніз, цягнучы за сабою вызваленую вяроўку. Ледзь скрынка бразнулася вобзем, з кустоў кінуўся чалавек. Другая цітава страла аказалася шпарчэйшай і ён торкнуўся ніцма, выставіўшы рукі перад сабою.
– Хапайма і ў ногі! – не стрымаўшыся, ускрыкнуў пан Кузьма, кідаючыся да скрынкі.
На бягу выхапіў нож і шмаргануў па вяроўцы. Ціт скочыў да падстрэленага і адным рыўком выхапіў стралу. У кожнага сваё дабро! Некалькі скачкоў і здагнаў Бліда.
Шчаслівая тройца ляцела лясной сцяжынай нібы чыстым полем. Дзіва, што паспявалі прыгнуцца пад моцнымі галінамі. Абы хутчэй, а там камендант з коньмі! У галовах закруціліся мроі, як ужыюць сумленна запрацаваныя грошы. Ноч пераспіцца ў добрай карчме! На чорта лысага гэты шалаш!
– Не рухацца, бо страляем! – востры вокліч заспеў, як пярун з яснага неба ўсіх чацвярых ля самага шалаша. – А ты, лісовец, сваю татарскую забаўку не руш, – папярэдзіў той жа голас.
Гэта ж трэба, у апошнюю хвіліну! Прыдрамаў Аніс і прадрамаў, халера на яго!
– Адкуль ты ведаеш, што лісовец? – небарака рашыўся хапіцца за лук.
– Калі кажу, то ведаю, – упэўнены голас не пакідаў сумневаў, ведае. – Але не палохайся, каралю не аддамо, хоць ты нашых хлопцаў павярэдзіў.
Тон паблажлівасці крыху супакойваў, але ніводзін не мог даўмецца, хто іх высачыў.
– А што вам ад нас трэба? – ротмістр паспяшаўся пераняць размову. Лісовец мог і ад злосці накалабродзіць, калі не са страху. Пасля кароткага маўчання з гушчару выступіў чалавек. З выгляду вайсковая шляхта, можа з казакоў. Пісталет у руцэ быў скіраваны на Яцэвіча.
– Толькі тое, чым разжыліся ў адведках у пана вялікага канцлера, – здзеклівы тон незнаёмага не варажыў паблажлівасці.
– Ты пра што? – Яцэвіч паспрабаваў удаваць неразуменне.
– Ды пра тое самае! – злосна ўсклікнуў незнаёмы. – Не марнуй, вашмосьць, часу. Там ужо маглі спахапіцца, а гон на нас з вамі ёсць каму ўчыніць. Наш хлопец падстрэлены мог жа і жывым дастацца.
«Калі сапегавых баіцца, значыць не зусім вораг», – зразумеў ротмістр і пакрысе авалодаў першым страхам. Кінуў вокам па кустах, можа іх не больш, але пальцы напэўна на курках, маюць перавагу.
– Дык жа крыж святы! – ледзь не ў роспачы ўсклікнуў Ціт.
Здабытае ягоным лукам раптам аддай невядома каму! І ўсё з—за гэтага разявакі Аніса!
– Я і забыўся, што лісоўцы такія набожныя! – незнаёмы не крыўся з кпінамі.– Але за што ж ты рабоў Божых стрэламі пачаставаў? Скрынку яны не табе, сабе выцягвалі,– з ноткай смеху прамовіў той. – Адчыняй!
Яцэвіч завагаўся, але кіўнуў пану Бліду пакласці каштоўную здабычу і, выцягнуўшы нож, памкнуўся закорпацца з замком.
– Не калупайся! На ключ!
Незнаёмы спрытна кінуў ключ пад самыя рукі Яцэвіча. На здзіўленне пасаваў самраз. Замочак мілагучна шчоўкнуў і века само адскочыла. Усе ўперылі вочы ў здабытае. У скрынцы зіхацеў прыгожымі камянямі залаты аклад тоўстай кнігі. Яцэвіч дрыготкай рукою адкінуў цяжкую вокладку.
– Евангелле! – здзіўлена ўсклікнуў разам з незнаёмым.
Усе чакалі іншага аб'яўлення, таму не ўзрадаваліся нават у кустах. Твар Яцэвіча падказаў лісоўцу роспачнае пытанне: – Што, там нашага няма? – зазірнуў ён цераз плячо ротмістра. – Дык чаго вы да нас чэпіцеся? – злосна выгукнуў да незнаёмца, бо і той быў расчараваны ўбачаным.
Горкі смех быў красамоўным адказам.
– Мы таксама большага спадзяваліся. Выходзіць усе мы дарэмна рызыкавалі. Але нам і гэта падыдзе.
– Відаць, той ёлупень—сталяр натрындзіў з сумоты ды смяецца ў кулак? – злосна прамовіў Шаблюк. – А можа нас апярэдзіў нехта хітрэйшы?
– Не можа такога быць! – у запале крыкнуў лісовец.
– Ну, пане—браце, стаць хітрэйшым за цябе вялікага высілку не трэба, – пад агульны рогат запэўніў незнаёмы. – Толькі навошта яму падкладваць Евангелле замест таго, што вам патрэбна?
Нібы змовіўшыся, ніхто не ўпамінаў дыплома.
– Але што будзем рабіць? – нечакана для самога сябе запытаўся Яцэвіч.
На смех цягнула, падумаўшы пра згоднасць становішча адных і другіх, невядома, дарэчы, чыіх.
Незнаёмы не заўважыў прагаворкі, а Яцэвіч не паказаў, што злавіў яе прыхаваны сэнс. Розныя думкі праляцелі маланкай і засталася адна ці не самая істотная: не паказаць, пра што здагадаўся.
– Што, пытаеш, рабіць? – прамовіў незнаёмы. – Кніга немалых грошай вартая. Мы сваё ведаем, вымяняем яе на нашага хлопца, калі жывы. А вам ваша падкажам, – ён загадна націснуў на апошняе слова. – Знікайце адсюль як найхутчэй. Хоць задня прымудрыцеся, хоць поцемкамі. Але да наступнай раніцы павінны апынуцца, дзе вас сапежанская стража не будзе шукаць.
Апошні сумнеў Яцэвіча выветрыўся. Прапажа скрынкі насцярожыць вялікага канцлера, ці каго там яшчэ. А гэта можа змарнаваць далейшыя спробы. Добра калі кража звядзецца да каштоўнай кнігі.
– Бачу, скеміў, – задаволена прамовіў незнаёмы, нават не глянуўшы на астатніх здабытчыкаў. Відаць, здагадваўся, хто тут і што. Падхапіў скрынку і знік у кустах. Адразу ж зашамацела там і тут, патрэскванне сухога ламачча пачало аддаляцца. Яцэвіч пазіраў услед хмурным вокам. Ці паверыць Жарскі, што дзеялі з найлепшымі намерамі, каб не страціць аказіі? Як патлумачыць, што побач цікуюць іншыя шукальнікі, а яны і не згледзелі сочкі?
Правообладателям!
Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.Читателям!
Оплатили, но не знаете что делать дальше?