Текст книги "Дыплом на царства"
Автор книги: Аркадзь Ліцьвін
Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза
Возрастные ограничения: +16
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 11 (всего у книги 66 страниц) [доступный отрывок для чтения: 21 страниц]
Азбука хітрасці, альбо жарты з гетмана
Малады маскавіт дапытліва зірнуў на Бражыну, сядзеўшага побач на тоўстым бервяне, відаць прызначаным на дровы.
– Ты ў свайго пана за каго?
Выглядаў на баярскага сына, калі не з самых заможных, то не пазбаўленых радавітасці а з тым і гонару. Можа бачыў, як гетман раз ці два загаварыў з Бражынам, дадумаў, чаго не было, і сам сабе паверыў. Не варта пераконваць у адваротным.
– Лістамі займаюся, – адказаў згодна з праўдай Бражына, памаўчаўшы для самавітасці. – Спраўнасць у руцэ маю. Кожны прачытае, што з—пад майго пяра.
– Пры самым важным? – з адценнем недаверу запытаўся маскавіт, кіўнуўшы на шацёр. – І па нямецку можаш?
– Магу і па нямецку, – усміхнуўся Бражына. – А што такое?
Баярыч уздыхнуў.
– У вас шмат хто і па нямецку і па рознаму іншаму. Зайздросна.
– Але ж і на Маскве ёсць замежнікі, можна і павучыцца.
– Гэта так, але я не з Масквы, цяжка знаёмствам абзавесціся.
Хлопец падабаўся. Хоць бы гэтай цікаўнасцю да іншага, разнастайнага.
– З войскам пойдзеш на Маскву?
– Рана ў мяне. Таму пакідаюць пры абозе.
Рука хлапца міжволі тарганулася за спіну, але раптам ён ледзь заўважна пачырванеў і абапёрся рукамі на бервяно, адкінуўшыся назад.
– А ты ж пры кім служыш, чым заняты? – запытаўся Бражына дзеля ветлівасці.
Баярыч відавочна хацеў навязаць знаёмства.
– І я пісар, – паведаміў нібы радасную навіну і рашыўся запытаць. – А табе як на імя?
Бражына адказаў і ў сваю чаргу пацікавіўся, як клічуць новага знаёмца.
– Іванам хрышчаны, – адказаў хлопец і, памуляўшыся, запытаў: – А па нямецку чытаць ці хоць бы разбіраць, лёгка навучыцца? У іх жа буквіцы іншыя.
Бражына задумаўся. Абнадзеіць лёгкасцю ці напужаць цяжкасцю аднолькава не да твару, калі бачыш такое жаданне.
– Залежыць, браце ад чалавека, – знайшоўся. – Ад здольнасці, ну і найперш і найбольш ад старання. – Вельмі б хацелася. Але як падступіцца, не ведаю.
– А вось давай я табе азбуку, як ты кажаш, пакажу, – нечакана для сябе ахвяраваўся Бражына. – Пакуль мне ад’яжджаць, нешта паспеем.
– Ты гэта насамрэч? – не паверыў баярыч. – Не смехам?
Бражына паглядзеў у вочы маскавіту.
– Ды грэх было б насміхацца з такога, – прамовіў ён.
Сапраўды грэх было б зламаць насмешкай кволую радасць у вачах баярыча.
– А ты таксама на Маскву? То можа разам пойдзем.
Відаць хлопец спадзяваўся на даўжэйшы час навукі.
– Калі ўжо князь—ваявода так апраставалосіўся, то і нашы з вашымі заадно, – без вялікай радасці прамовіў баярыч.
У тоне маскавіта не чулася і ценю пашаны да царова брата. Відаць не толькі для старшыны справа з цараваннем Васіля Шуйскага была вырашана. Часы смуты і знаёмства з ваярамі Рэчы Паспалітай моцна падрэзалі так уласцівае маскавітам пакланенне: тут і Гадуноў і царэвічы Дзьмітрыі, адзін за адным, нарэшце, абраны ў вялікім спеху Васіль Шуйскі. А яшчэ чуткі пра польскага каралевіча. Калі шмат хто патрабуе пакланення, заканчваецца тым, што ніхто не шануецца.
– Мы то вашых цароў вялікімі князямі мянуем, – прамовіў Бражына. – Так і ў лістах пішам. А дзе зараз князь Дзьмітрый Шуйскі, як думаеш?
Баярыч памаўчаў, нібы перабіраючы ў памяці магчымыя напрамкі ўцёкаў Шуйскага, паціснуў плячыма.
– На Маскве, мабыць, – прамовіў не вельмі ўпэўнена. – Куды ж яму яшчэ бегчы? Апраставалосіўся далей некуды. Як вашы да нас крычалі, што Шуйскі разбіты і ўцёк са шведам, то ніхто не даваў веры. Аж гетман насамрэч абхітрыў і Шуйскага з замежнікамі і Валуя нашага! Але з адным яму не ўдалося!
Баярыч пераможна зірнуў на ганца і відавочна чакаў роспытаў.
– З чым гэта? – пацікавіўся Бражына.
Усё яшчэ ўражаны паразай хлапчына палез у кішэню і выцягнуў перагнуты ўчацвёра пакамечаны аркуш.
– А вось з гэтым, – падаў ганцу паперыну. – Можна падумаць, не пазнаеш! Сам жа напэўна і пісаў! – заўважыў насмешліва.
Бражына адчуў, нешта тут не так, не просты гэта ліст, калі пісарчук так пасміхаецца, але не паказаў разгубленасці. Нядбала ўзяў паперыну, не то збіраючыся глянуць, не то даючы зразумець, што пазнае і прызнае.
– Ну маё дзела пісарскае, – прамовіў ён, каб мець час на развагу.
Выручыў сам маскавіт.
– Можаш аддаць свайму гетману. Хай не думае, што ён такі хітры, а мы ўсе дурні і наш Валуй дзіця малое. Яшчэ паглядзець, хто каго абдурыў.
У голасе баярыча чулася незаспакоеная крыўда за свайго ваяводу.
– Ды нібы гетман і не лічыць Валуева дзіцем, – памяркоўна прамовіў ганец. – Таму і пісаў да яго, а зараз і ў дарадцы, сам ведаеш, прызначыў. Тым часам праглядаў ліст з такім выглядам, нібы ён яму добра знаёмы, разгладжваў на калене, распраўляў перагнутыя ражкі. Патрабаваў часу на роздум.
– Ага! – ізноў крыўдліва зазначыў баярыч. – Каб паслухаўся Валуй гэтай пісаніны, – ён паказаў на ліст нібы на расціснутую жабу, – вы б нас усіх на капусту пасеклі.
– Ну, вайсковая фартуна зменлівая, – разважліва прамовіў Бражына. – Можа і вы нас пасеклі б.
Баярыч не прызнаў слушнасці бражынаваму дапушчэнню.
– Мы ж бачылі, колькі вас, – пакруціў ён галавою. – А цар Васіль нам і так не даспадобы, каб за яго галаву класці. Таму цэлыя і здрадай свае ўчынкі не лічым. А заадно і гетмана вашага перахітрылі.
Ганец палічыў за лепшае не ўсведамляць баярыча, што і тут гетман перахітрыў Валуева. Не надта прыслухоўваючыся, паспеў прагледзець ліст і ледзь стрымаўся, каб не здрадзіцца з хваляваннем, якое накаціла ад першых радкоў. Не абы які лісцік, што і казаць! Каму яшчэ пра яго апроч гэтага прасцяка вядома?
– Гэту паперу, брат, проста так гетману не вернеш, – паважна прамовіў ганец, складваючы ліст і хаваючы ў кішэню. – Пад настрой хіба, – патлумачыў ён.
Вельмі баяўся, каб баярыч не перадумаў і не запатрабаваў аддаць.
– Ён у нас не скажаш, што злосны. Хутчэй – порах! Не любіць, каб яго вучылі, а тым больш, на памылкі паказвалі.
Твар баярыча асвяціла зласлівая ўсмешка задавальнення.
– Ну, яны ўсе такія! – азваўся з разуменнем азваўся, задаволены, што гетман адчуе сваю прамашку і зазлуе.
– Праўду баеш, – пахваліў ганец. – Але гетман усе паперы па вайсковых падзеях і справах загадвае збіраць, бо пасля, як спакой наступіць, усё апісаць хоча. А ў памяці ўсяго не ўтрымаеш.
– Вядома, – кіўнуў баярыч. – Так што няхай успомніць, як не ўдалася ягоная хітрасць. Але ці напіша пра гэта? – усумніўся ён. – А наш Валуеў толькі зірнуў і кажа:”Мана гэта! Хоча нас з лагера вывабіць”. Але паслаў з выведнікам да князя Дзьмітрыя Шуйскага. Князь вярнуў, дык Валуй адкінуў. А я падняў. Як ведаў, што з гетмана можна будзе пажартаваць.
– І разумна зрабіў! – пахваліў ганец. – Бо гетман кажа нам плаціць, калі якую завярушаную паперу нехта знойдзе і падасць.
Баярыч глянуў з недаверам, ці не жартуе ліцьвін. Кажуць, яны на такое здатныя. Але той паважна пацягнуўся да кашаля і выцягнуў бліскучы кружок.
– Вось бяры і не дзівіся. Твой тавар, нашы грошы. Мне апроч пахвалы ад гетмана нічога не належыць Ды і з пахвалою яшчэ як казаць, – зарагатаў ён, нібы запрашаючы падзяліць забаву. – Пад гарачую руку яшчэ і булавою трэсне. Можа яшчэ што цікавае маеш?
Баярыч хітра бліснуў вачыма. Магчыма ўжо шкадаваў, што так бяздумна пазбавіўся ліста, патрэбнага гетману для сур’ёзных спраў.
– У вас гляджу, звычка такая – збіраць паперы. – Да цябе яшчэ адзін дапытваўся. Асабліва наконт гэтага ліста.
Ганец насцярожыўся: гэта мог быць толькі той, каму вядома, што ліст існуе і недзе ў маскавітаў.
– Падмеціў! – пахваліў Бражына. – Любяць нашы іхмосьці сябе ўславіць ды гетману прыслужыцца. Чаму ж таму не аддаў?
– Ну, першае – мне карцела гетмана падкалоць, каб не думаў, што ўсе яго хітрыкі ўдаліся. А яшчэ, – баярыч задумаўся, – яшчэ здалося, што хоча ён некаму нягодства ўчыніць. Вочы ў яго нейкія няшчырыя, бегаюць.
Вытрымаўшы хвілю, прыпомніў: – А з папер мажліва знойдзецца нешта. Па злотаму за паперыну! – цвёрда вызначыў кошты.
Ганец не менш цвёрда кінуў насустрач: – Злоты за дзве і ані шэлега больш!
– Добра, – на дзіва лёгка пагадзіўся баярыч.
Відаць сам лічыў сваю цану завысокай і не спадзяваўся гешэфту на сустрэчных умовах. Да таго ж заставалася яшчэ нешта істотнае.
– Але пра азбуку?…
– Дамова непарушная і задарма, – запэўніў ганец. – Пачнем хоць зараз. Першая літара амаль ва ўсіх аднолькавая, як ваша Аз…
Ён падняў востры дубчык і пачаў крэсліць на бітай зямлі.
“Вось і занятак маю,”– падумаў Бражына.
Не дайшлі да пятай літары, як маладзюткі даручэнец даляцеў жвавым пеўнікам і запатрабаваў пана Бражыну да кватэры гетмана. Хлапчына прамяніста паглядваў на свет і ахвотна дзяліўся сваімі багатымі назіраннямі.
– Павесялела войска! – гаварыў паблажлівым тонам бывалага ваяра. – Не згодзен, вашмосьць?
Ягамосьць кіўнуў галавою, баючыся аспрэчваць важнае меркаванне знаўцы.
– Такая перамога! – не сунімаўся нечый пляменнік, дзеля ацалення ўпрошаны ў атачэнне гетмана.
Бо ўпрэцца такое дурное ў якую сутычку і загіне, не спазнаўшы ваяцкай славы.
– Як толькі дачуліся, што ідзе сам Жулкеўскі, усе порткі ў маскавітаў былі мокрыя, – цвёрдае пераконанне хлопец несумненна быў гатовы адстойваць шабляй. – Зараз проста на Маскву! Хто нас спыніць?
Вось тут стратэг не памыляўся. Пасля Клушына спыніць войска Рэчы Паспалітай сапраўды было некаму, апроч тых, хто сабраўся вакол тушынскага вора. Бражына і не квапіўся ўбіцца хоць словам у струмень хваласпеваў яснавяльможнаму пану гетману і ягонаму войску. Больш займала, навошта ён спатрэбіўся самому гетману. Можа новая дыспазіцыя запатрабавала ўзгадненняў і яго адпусцяць да вялікага канцлера? Мажліва спадзяецца пераканаць караля, не марудзячы са Смаленскам, рушыць на Маскву.
– Хлопцы баюць, пан гетман задаволены, – цягнуў сваё даручэнец, чапляючы па ўсіх каменнях задаўгой на яго рост шабляй. – Апошнім часам гэта рэдка здараецца, – даверліва панізіў голас.
“Хлопцы”, гэта значыць ад’ютанты ды рэгімэнтары, вялі размовы, не зважаючы на падшпарка.
– Але вось мы і прыйшлі, – са шкадаваннем паведаміў хлапец, нібы палкоўнік на чале гусарыі паказаўшы перад сабою. – Дарэчы, ледзь знайшоў вашмосьця, – не забыўся і пра сваю заслугу.
Галоўная кватэра гетмана на ўскраіне напалову спаленай вёсачкі мела ў карыстанні невялічкі дамок і ацалелае гумно пад стайню ды прытулак аховы. Даручэнец спыніў Бражыну ля самага шатра.
– Не належыць уваходзіць, калі пан гетман піша, – патлумачыў шэптам.
Несумненна і гэты досвед быў набыты ў выніку выстаўлення з шатра падчас гетманавых заняткаў. Не часта трапляўся хлапцу такі спагадлівы, бо цярплівы слухач. З шатра, сапраўды далятаў голас Жулкеўскага. Было падобна, што дыктуе скрыбу нейкі ліст ці загад.
–“Гэтаму славутаму і вялікаму расейскаму гаспадарству зычу суцішэння, спакою, спынення праліцця крыві хрысціянскай”, – пасля хвіліны маўчання прагучаў малады голас, старанна вымаўляючы па маскоўску.
– Ну што, здаецца добра? – звярнуўся да некага гетман па польску.
– Дасканала, яснавяльможны пане, як і ўсё папярэдняе.
Голас Жулкеўскага загучаў выразней. Відаць, пахаджваючы па шатры, спыніўся супраць уваходу.
– “Найяснейшы кароль ягамосьць і вялікі князь літоўскі, пан наш міласцівы…аніякай крыўды не хоча, анікога з вашых баяраў ані людзей кожнага стану, наадварот, ад усяго сэрца зычыць вам і ўсёй славутай Дзяржаве Маскоўскай усялякай мажлівай памысловасці, трывалага міру і супакаення і каб кроў хрысціянская ліцца перастала” – як рэха адгукаўся голас пісарчука.
Бражына зірнуў на хлапца, але не атрымаў аніякага знаку, што меў бы рабіць. Хутчэй за ўсё, хто даваў даручэнне, акурат у патрэбны хлопцу момант некуды адыйшоў. Мусілі быць міжвольнымі сведкамі палітычных захадаў гетмана. – Збярэш, вашмосьць, хто здольны, памножце як хутчэй ды найбольш, – пачуўся загадны голас гетмана. – Я думаю сярод ліцьвінаў лёгка такіх знойдзеш.
Амаль адразу адкінулася палатняная фіранка і двое маладзёнаў выйшлі з аркушамі ў руках і подбегам рушылі да дамка. Хлапчына апошні раз азірнуўся, бадзёра махнуў ганцу і абодва ўвайшлі да шатра. Гетман нешта пісаў, але адклаў пяро, як толькі Бражына аддаў належныя ганоры. Жулкеўскі нядбала кіўнуў і паказаў сесці. Хлапцу махнуў ісці прэч. Пасунуў убок паперы і абапёрся лакцямі на стол.
– Не надта пакрыўдзілі мы цябе прымусовай гасцінай? – з усмешкай запытаўся гетман. – Павінен пахваліць, вашмосьць, за настойлівасць і старанне. Ну і за датрыманне слова.
– Між сваіх усё сцерпіцца, – рызыкнуў пажартаваць Бражына, лёгкім паклонам змякчаючы залішнюю смеласць.
Відаць гетман меў важкія прычыны адступіцца ад звычкі і прызнаць слушнасць чужой пазіцыі.
– Ну, ты не павінен задзіраць носа, – лёгкая ўсмешка кранула вусны гетмана. – Мае выведнікі тасама не спалі, але ты зрабіў гэта самахоць і данёс у самчас, раней за іншых. Дапамог мне.
Бражына падумаў, што выведнікам не так і цяжка далося пацвердзіць усё, пра што дакладваў. Што ж, не дзеля пахвалы стараўся, але такая пахвала вялікі гонар.
– Паклікаў цябе дзеля важнай справы. Лепш за цябе яе ніхто не зробіць. Навошта добраму каню застойвацца. Як лічыш?
Бражына кіўнуў, варажылася на нейкае даручэнне. Свойскі зварот сведчыў пра добры настрой гетмана, можа сапраўды адпусціць.
– Гатовы выканаць кожны загад, – адказаў Бражына і дадаў: – Абы не ў шкоду атрыманым ад вялікага канцлера, бо тыя не былі адкліканы. Гетман падняў вочы на ганца. Ведаў, што тут ані крык ані нагана непрыдатныя. Урэшце не яму падпарадкаваны. Са здольным, ведаючым сабе цану чалавекам лепшыя вынікі дасць размова як з роўным. Надзелены даверам і пашанаю крыху навырост адпрацуе шматкроць пакладзеныя ў ім спадзяванні. Спасылка на прынцыпала толькі пацвярджае гэтыя разлікі.
– Не так загадваю, як прапаную, – паведаміў гетман. – Слухай, пане—браце, і запамінай. Лічы, што гэта каралеўскі загад.
– Зраблю, што ў маёй моцы, яснавяльможны пане, – запэўніў Бражына.
– Шуйскі разбіты, – пачаў свой выклад гетман, – і ў маскавітаў няма іншага войска. І зараз трэба, каб ніхто не хацеў ісці ў апалчэнне. Дзеля гэтага дасылаю сваю адозву. І на Маскву, паспалітаму люду, і да царэвічавага войска.
Гетман нібы ўзважыў ці варта казаць наступнае, але працягваў.
– Зараз, калі баяры згодны на Уладыслава, нам цар—царэвіч са сваёй царыцай непатрэбен. І нельга, каб іх войска заступіла нам дарогу да Масквы. Асабліва самая вартасная частка, тая пад Янам Пятром Сапегам.
Нездарма ліцьвінам усвяцкага старасты гетман надаваў асаблівую ўвагу. Сутычка з імі магла зламаць увесь ход кампаніі.
– Разумею, яснепане, – пахіліў галаву Бражына. – На маю думку і цару—царэвічу самчас цягнуць на Маскву.
Гетман ухвальна зірнуў на ганца, разумее задачу, то і выканаць пастараецца. Гетман пераклаў на стале нейкія паперы і працягваў.
– Таму важна ведаць, чаго чакаць ад царыкавага войска. А пан усвяцкі староста амаль перастаў слаць паведамленні акурат тады, як яны вельмі патрэбны. Не ведаю, ці шле ён што—небудзь пану вялікаму канцлеру. Але той не таіўся б з чым важным. Можа з тваёй торбы маглі б тое—сёе даведацца…
Гетман гарэзліва прыжмурыў вока, але згледзеўшы спалох ганца, супакоіў.
– Не пужайся, пане—браце, і пальцам ніхто не крануў. Ды ты нам свяжэйшыя звесткі здабудзеш, не сумняюся.
Бражына здагадаўся, на што намёк. Па войску і нават між прыбочных царыка упарта шырыліся чуткі, ці не надумаліся баяры высунуць здатнага ваяра Яна Пятра Сапегу на царскі пасад. Несумненна і кароль і Жулкеўскі гэтым занепакоены. Раптам спакусіцца. Мае стараста такую жылку: весці за сабою. Яшчэ ў ліпені 1606 года на сесіі генеральнага кола літоўскай канфедэрацыі ў берасцейскай эканоміі прасіўся да ракашанаў пад Сандамеж. Ці не думаў узначаліць? Добра, вернае каралю войска прыгразіла смерцю і не дазволіла ад’ехаць. А пад Гузавым ужо за караля выступіў з двума харугвамі: гусарскай і казацкай. Чаму б зараз нешта падобнае не надумаў? Абставіны хутчэй спрыяльныя.
Кароль не хоча бачыць царом каралевіча Уладыслава. Шмат каму ў сэнаце не падабаецца элекцыя ў Масковіі пад ціскам войска Рэчы Паспалітай. Не да смаку несумненнае ўзвышэнне Жулкеўскага. Але ж прапусціць жвавага ліцьвіна Сапегу на маскоўскі сталец?… Гэта ж Вялікае Княства ды Масковія пад Сапегамі! А што тады з цяперашняй вуніяй? Кім стане Леў Сапега? Што два Сапегі пачнуць дыктаваць Варшаве?
Гетман ізноў прымоўк, нібы вагаючыся ці выказвацца наўпрост, ці пакарыстацца намёкамі. Выбраў першае, каб мець падставу патрабаваць дакладных звестак.
– Хоць ты і пры вялікім канцлеру, але на каралеўскай службе. Павінен разумець першаснасць дзяржаўных інтарэсаў. Служым Рэчы Паспалітай… «А не роду Сапегаў» – Бражына мог бы закончыць думку гетмана.
– Так, яснавяльможны пане, – адказаў амаль па вайсковаму.
– Вось і добра. І мне лягчэй, – гетман пацвердзіў сказанае лёгкай усмешкай. – Пан староста Сапега, як і ягоны брат Леў, смакуе ў хітрыках. Увогуле ў ягоных дачыненнях з маскавітамі адчуваецца рука Льва Сапегі. Баюся, ці не займаецца нейкімі падкопамі. Навошта б яму дапытвацца пра мае намеры, калі не мае ўласных амбіцый наконт Масквы? Зычыць сабе дапамогі з майго боку, а дзеля якіх мэтаў, незразумела. Мае шмат прыяцеляў між баярамі, а ў тых грошы і ў смуту не перавяліся. Бражына здагадваўся, што паводзіны Яна Пятра Сапегі непакояць гетмана з—за паставы караля на перамовах з баярскім пасольствам. Маскавіты настойвалі, што хочуць на гасудара толькі каралевіча і проста так адмахнуцца не выпадала. Дзеля чаго ж было каралю перціся ў такую далеч з Рэчы Паспалітай? Не давяраў Льву Сапегу і Жулкеўскаму? Гнаўся за славай каталіцкага ваяра?
– Пастава пана старосты можа паўплываць на задумы караля і нават пакрыжаваць іх, – гетман узняў тонкі палец. – Найлепш было б, каб ён з войскам далучыўся да нас, ўзяўшы пад сваю руку тых ад Ражынскага.
Жулкеўскі змоўк. Здавалася, усё абгаворана.
– Твая задача, апроч даручэння маіх лістоў, усё гэта выведаць, – падкрэсліў гетман і нечакана дадаў:– Не дае мне спакою той нямецкі ліст. Чалавек дакладна ведаў сітуацыю і майго войска і вялікалітоўскага, але падаваў яе ў лісце адваротна сапраўднасці.
– Чалавек блізкага майму занятку, – з усмешкай асмеліўся ўставіць ганец.
Гетман кінуў Бражыну пільны погляд, але не скарціў за самахвальства.
– І я так думаю, – прызнаў задаволена. – Спрабавалі не толькі збіць мяне з тропу, але і сутыкнуць з ліцьвінамі. Каго толькі ні было ў Белым, але ж сам Гасеўскі ліцьвін. Там жа сын пана Льва з часткай жаўнераў, бацькам выстаўленых. Страх падумаць, калі б з пакаёвым дваранінам караля Здарылася што благое з маёй віны! І Гасеўскі мог палічыць, што я, польны ад Кароны, кінуў яго на згубу! Мае хлопцы мяркуюць, што атрымальніка гэтага ліста трэба выглядаць у вашым, ліцьвінскім войску.
Бражына не дзівіўся, што гетман бачыць сябе галоўным асяродкам любой падзеі, датычнай вайны, але рызыкнуў запярэчыць.
– А не можа так быць, яснавяльможны пане, – асцярожна пачаў падводзіць гетмана да нечаканай высновы, – што атрымальніка вам не трэба было і шукаць?
Гетман пільна зірнуў на маладога дыспутанта і глыбокія зморшчыны прарэзалі пераноссе. Выразна патрабаваў удакладнення.
– Атрымальніка, асмелюся дапусціць, – Бражына затрымаў дых, – маглі ўбачыць ва ўласным люстэрку.
Гетман не ўзарваўся, нават не зазлаваў.
– Так мысліш? – падаўся наперад. – Патлумач шырэй, не саромся.
Здагадваўся, што стрымлівае маладога ганца: як жа так, нейкі хлапчына больш праніклівы, чым гетман са сваімі дасведчанымі ад’ютантамі.
– Мяркую, яснавяльможны пане, – набіраючы пэўнасці пад спагадлівым поглядам гетмана, працягваў Бражына, – мэта ліста звесці вас лёгкімі высновамі, каб не далі веры ўласнай выведцы, ці іншым звесткам.
Гетман прызнаў у душы, што на пэўны момант так і здарылася. Занадта падзейнічала нямецкая мова, надало праўдападобнасці, што ўзята на забітым пасланцу. Добра памятаў, як нешта штурхала ў плечы: вось табе ўся дыспазіцыя, акурат такая, якую ты сам прадугледжваў! Аж тут прынесла гэтага маладзёна. Ці ж не яго ўпартасць абудзіла здаровы сэнс і перасцярогу: не вер з першага погляду, што вораг будзе следаваць тваім задумам. Узваж!
– Укладальнік ліста пэўны быў, што трапіць да вас, яснавяльможны пане, і… – Бражына прагнуў, каб гетман сам выказаў здагадку.
– …пасланец загінуў там, дзе было прызначана! – не даў дагаварыць гетман. – Малайчына, пане—браце! У нейкім сэнсе, – усміхнуўся ён, – ліст супраць нас абодвух скіраваны, таму мае хлопцы перакананы, што твае шляхі са складальнікам напэўна перасякуцца. Ты, вашмосьць, высновы робіш не цапу—лапу, можа па нітцы і да клубка дойдзеш. Нам зараз у галаве іншыя клопаты, таму забяры ліст і хай табе дапамогуць Пан Бог і твая кемнасць.
Справы маскоўскага трону займалі гетмана больш, чым пошукі мажлівага здрадніка ці шпега. А Бражына не выключаў, што нейкі з хлапцоў—паручнікаў і пра іншы ліст ведае, і стараецца не трапіць на вочы палоннаму пісару—баярычу.
– Тады, з дазволу яснавяльможнага пана іду рыхтавацца і прыцемкамі знікнем, – запэўніў Бражына.
– Разумна, хлопча, – пахваліў гетман. – Далей, мяркую мы неяк самі абыдземся, – усміхнуўся ён. – Памагай табе Божа, – чула прамовіў на развітанне.
Толькі апынуўшыся на дарозе, Бражына змог даць волю горкім думкам. Новы ваяж зойме нямала часу. А як потым патлумачыцца перад вялікім канцлерам? Асабліва, калі Воўк з нейкай прычыны не ўправіўся з даручэннем. Але як мог просты кур’ер, адзіныя заступнікі якога стараннасць і надзейнасць, не паслухацца гетмана Жулкеўскага? І раптам надзейны перадае лісты ў непасведчаныя рукі. Міжволі крануў торбу. Прыгадалася як на провадах ад’ютант, шырока ўсміхаючыся, прамовіў: – Паездзяць твае лісты туды—сюды! Гонарам сведчу, не зазірнулі нават.
Ганец незнарок распусціў шнур, але на час спахапіўся, сунуў туды гетманавы і хуценька зашмаргнуў.
– Веру, браце, веру, – запэўніў, думаючы, што ж рабіць.
Калі вярнуць іхнія паперы зараз, вэрхал узнімецца страшэнны. А што тады яму? Крычаць: а дзе мае лісты? Расказаць пра Воўка? Але ж хлопец беглы, на павуцінцы свайго казацтва вісіць. Лепш ужо, як казаў Воўк, успомніць, што папер у іх хапае, а гэтыя захаваць.
– Калі думаеш выпраўляцца?
– Зараз жа. Толькі, каб хто правёў праз заставы.
– Сам прыгледжу, – сказаў афіцэр. – І наконт каня загадаю.
Падумаў, вось і не будуць шукаць Ваўка… Застаецца пра сябе падумаць. Дарога толькі на першы погляд кароткая…
Правообладателям!
Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.Читателям!
Оплатили, но не знаете что делать дальше?