Текст книги "Дыплом на царства"
Автор книги: Аркадзь Ліцьвін
Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза
Возрастные ограничения: +16
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 15 (всего у книги 66 страниц) [доступный отрывок для чтения: 21 страниц]
Арышт паслоў і адплыццё Жулкеўскага
Перад дзвярыма вялікага канцлера думны дзяк Таміла Лугаўской нечакана сутыкнуўся з двума пасламі ў святочных шатах.
– Прабач, пан Таміла, – перапрасіў Леў Сапега. – Пачакай мяне тут, я хутка. Вось вяду паноў на развітальную аўдыенцыю.
– Хвілінку, Леў Іванавіч, – занепакоіўся Лугаўской. – Якая аўдыенцыя! Дзе гэта чута—бачана, каб паслы вытваралі такое без дазволу начальства? Я ж ведаю, ні мітрапаліт, ні князь Васіль Васільіч і не здагадваюцца, што гэтыя двое замыслілі!
Дзяк нездарма занепакоіўся. Розная драбната з вялікага пасольства пад рознымі спасылкамі вырывалася дадому. Непарадак канешне, але не такая ўжо бяда, бо ўтрыманне вялікай плоймы стварала шмат клопату. Аж вось дайшло да значнейшых. Васіль Сукін, думны дваранін, незадаволена вызверыўся на дзяка.
– Чуў жа, напэўна, што хваробы мяне страх як даймаюць! Не стае майго цярпення, ды і праеўся ўшчэнт!
– Ага! Голад не цётка, – крыўдліва зацягнуў дзяк Сыдаўной—Васільеў.– Не дзіва, што зараза ліпне.
Таміла абвёў абодвух пагардлівым вокам. Не саступаў з дарогі.
– Прыхварэеце – перахварэеце! – папракнуў пакутнікаў. – А праеліся мы ўсе. Пасол на тое і прызначаны, каб, паміраючы, кінуць сваю справу за ганьбу палічыў.
Вялікі канцлер слухаў перапалку моўчкі. Не пазнаць, каму прызнае слушнасць, але вырашаць у рэшце рэшт каралю.
– Прыкінь, Леў Іванавіч, у што выльецца іх вяртанне на Маскве, – Таміла паспяшаўся перацягнуць канцлера на свой бок. – У вялікія хістанні ў людзях выльецца, у пасіленне няпэўнасці, у недавер да нашага тут перабывання.
Сапега злёгку пахіліў галаву. Гэтыя так ці гэтак з’едуць і справу давядзецца працягваць з тымі хто застанецца, з упартымі. Як вось гэты сумленны Таміла. Лугаўской злавіў ледзь заўважны знак.
– І тут лягчэй не пойдзе, калі пачнуцца ўцёкі, – працягваў пераконваць не так ненадзейных паплечнікаў, як вялікага канцлера. – Нас, паслоў, з князем Галіцыным, як вядома пяцёра. І духоўнага стану, з мітрапалітам таксама пяцёра. Калі палова нейкай паловы з’едзе, што можна вырашыць? А калі і мітрапаліт некага пазбавіцца, увогуле поўны разброд! Каралю ў гэтым які інтэрас?
Сапега кіўнуў, хоць абодва разумелі, што каралеўскі інтэрас якраз і засяродзіўся ў развале пасольства не толькі дакучлівымі абставінамі побыту, але і знутры, праз нязгоду між пасламі.
Як ні дзіўна, кожны па свойму не прызнавалі каралеўскаму інтэрасу слушнасці. Але канцлер мусіў кіравацца дакладнымі патрабаваннямі караля, а верны сваёй зямлі Таміла атрыманымі на Маскве наказамі. Сапега шукаў найменш шкодных спосабаў выканання каралеўскіх загадаў, дзяк ратаваў здольнасць пасольства адстойваць свае задачы.
З тым і павёў Леў Сапега двух згоднікаў да караля, а Таміла застаўся думаць, навошта спатрэбілася вялікаму канцлеру ягоная сціплая асоба. Сапега сапраўды не забавіў. Распытваць, ці паўплывала на аўдыенцыю папярэдняя размова, не выпадала.
– Можа і ты пагодзішся ехаць з Сукіным? Гаварыў бы ён, – адразу ж выказаўся Сапега, даючы адказ на роздумы Лугаўскога. – Угаварылі б ваяводу Шэіна пацалаваць крыж каралю і каралевічу, месцічаў і войска прывесці да прысягі. Колькі жыццяў захавалася б. – І для мяне гонар мець прыязнасць Яго каралеўскай міласці, – памяркоўна адказаў дзяк. – Гатовы ўслужыць, што ў маёй моцы…Але без дазволу князя ды не параіўшыся з пасламі, не тое што рабіць, думаць пра такое нельга! – з адценнем дакору за неўласцівую прапанову прамовіў дзяк. – Зямля мяне не панясе! Ды і Васілію гэта непрыгожа і Бог не даруе. – Не варта так гараваць з прычыны нязгоды, – пачаў пераконваць Сапега. – Тыя, што вернуцца да Масквы, добра паслужаць нашаму каралю, але і сваёй Айчыне.
– Каралю – так, – згадзіўся Лугаўской. – А вось Айчыне… Але, калі хочуць, іх на тое воля.
Таміла шанаваў розум і пасаду канцлера. Ведаў, як адстойвае перад каралеўскімі падпяваламі вялікалітоўскія інтарэсы. Але ж павага чужых меркаванняў не падстава, каб паступіцца сваімі.
– Што ж, – уздыхнуў Леў Сапега, – кожнаму сваё. Дзякую, што не адмовіўся сустрэцца.
Правёў дзяка за парог і ветліва развітаўся. Трывога пагнала Тамілу ў адзіна мажлівым кірунку. Няшмат іх, цвёрдых, засталося.
– Заходзь, заходзь, Таміла, – ветліва запрасіў князь Галіцын, устаючы насустрач. – Мерзнем ды мерзнем, але як бы нам зусім не агаладаць, – засмяяўся нявесела, ахінаючыся шырокім футрам.
– Князь як у ваду глянуў, – сярдзіта адгукнуўся дзяк. – Той ды гэты пад спасылкай голаду на Маскву збіраецца.
– Ну, я да іх не належу, – засмяяўся Галіцын. – Яшчэ пацярплю. Але ты пра каго?
Дзяк не назваў імён. Памаўчаў і як бы перакінуўся на іншае.
– Нечаканасць здарылася, – пачаў ён, прысеўшы на княскае запрашэнне. – Меў з Ільвом Іванавічам асабістую размову і трэба вам, святлейшы, ведаць, не зусім звычайную, гледзячы на маю пасаду ў пасольстве.
– Можа, каб табе два разы тое самае не пераказваць, пойдзем да Філарэта? – перапыніў Галіцын, здагадваючыся пра што мова. – Мы свецкія, ён святар. Разам разгледзім.
Пасля кароткай нарады мітрапаліт вырашыў сабраць усіх паслоў дзеля грунтоўнага высвятлення пазіцый. Не спадзяваўся вярнуць на сумленнае служэнне згоднікаў, але патрабаваў яснасці, на каго можа разлічваць. Як старэйшы і галава над пасольскімі царкоўнікамі сам павёў рэй.
– Няма вам майго бласлаўлення ехаць на Маскву, кідаючы даручаную справу, – з дакорам прамовіў да паслухмяных каралеўскай волі.
Тыя маўчалі. Ці то не дамовіліся, як будуць адбівацца, ці лічылі непатрэбным пярэчыць. Ведалі пройды, што верныя земскай справе нічым ім не зашкодзяць. Усё ж Сукін не вытрымаў.
– Кароль жа нас выпраўляе. Не сваім одумам едзем. Граматы ягоныя павязем, – ён хітра прыжмурыўся на Філарэта. – Як жа не паслухаць? – А таго памысліць не даеш сабе клопату, што кароль яшчэ не гасудар наш? І дасць Бог ім не стане! – злосна выгукнуў нязломны Таміла. – Жыгімонт спадзяецца дзеля паслаблення земскай стойкасці вашым прыкладам зламаць нязгодных з ягонымі патрабаваннямі.
– Дзе гэта бачана, каб нехта загадваў чужым паслам? – тон Філарэта быў не так востры як дакорлівы. – І паслы з ахвотаю падпарадкоўваюцца чужой волі! – Адпушчаны мы былі з саборнага храма Прачыстай Багародзіцы, проста ад цудатворнага яе абраза! Памысліце вы, аслабеўшыя ў веры, успомніце пра Бога і свае душы! – узвысіў ён голас. – Хіба ж можна забыцца, што наказ нам далі патрыярх і сабор, баяры і ўсе людзі Маскоўскага гасударства? Збойцеся ж Госпада і Яго праведнага Суда і не занядбайце гасударскай, земскай справы!
Але мяркуючы па набурмушоных тварах, вінаватыя хутчэй цешыліся, што першымі выказалі каралю сваю адданасць і замацавалі яе прысягай. Рурыкавіч Філарэт іх ушчувае, бо мае спадзяванні на сына, а ў іх свае разлікі і надзеі.
– Але ж справа як бы даходзіць да скутку, – нясмела прамовіў Сыдаўной, азіраючыся на аднадумцаў за падтрымкай. – Дзень—два і здаецца, будзе завершана?
– Па сапраўднаму перамовы з каралём яшчэ і не пачыналіся, – сярдзіта запярэчыў Галіцын і зачапіў не менш балючую справу. – Што там у каралеўскіх граматах на Маскву, не ведаю, але везці ваяводу Шэіну лісты наконт здачы крэпасці, гэта чыстая здрада. І да айца Аўраамія вазьму на сябе смеласць папроку. Мы тут не дзеля таго, каб пра набыткі ды прывілеі для асобнай абіцелі ці вотчыны дбаць. Першы нам наказ – зрабіць усё магчымае, каб кроў хрысціянская на Масковіі ліцца перастала, каб на веру праваслаўную чужацкі меч не замахваўся.
Устрымаўся ад дакораў, што келар, праваслаўны, не апошні ў пасольстве чалавек, выпрошвае ў караля і канцлера, каталікоў, падачкі, што кароль у сваёй грамаце назваў яго сваім багамольцам. І келар гэты наказаў архімандрыту і браціі з выпадку шчодрых наданняў за гасудара Жыгімонта і сына яго Уладыслава Бога маліць. Па міласці келара ўвесь манастыр зрабіўся багамольцам Жыгімонта, пра што і мовы не было ні ў якіх дамовах і пра што без пачуцця абразы і агіды не мог падумаць ніводзін маскавіцянін. Затое каралеўскія брытыя дарадцы напэўна задаволены і прыкідваюць наступныя пасягальніцтвы на праваслаўе.
Аўраамій Паліцын сярдзіта бліснуў вачыма, але не азваўся. Сварыцца з імянітым князем сабе даражэй. Яшчэ невядома, кім ён стане пры гасудару Жыгімонце. Не будзе ж кароль сядзець у Крамлі. А чаму не даручыць гэта імянітаму і акурат з тых, што былі супраць. А тое што расстараўся няблага, не прападзе. Хіба неразумны не бачыць, што ад лістападу 1610 года да пачатку студзеня наступнага кароль Жыгімонт паводзіцца нібыта ўладар маскоўскага стальца. Нават угаворныя граматы на Масковію ідуць не ад Уладыслава, якому маскавіты прысягалі, ад караля ідуць.
Пасольства раскалолася, але каралю патрабавалася поўная згоднасць у адданасці менавіта яму, Жыгімонту. Пакуль Галіцын і Філарэт тут, гэтай згоднасці не дабіцца.
Не дзіва, што пайшлі падшэпты пра шпегаванне паслоў на карысць шведам. Асабліва вызначалі Галіцына. Да канцлера дайшлі чуткі, што паслы здолелі перадаць у горад, каб Шэін не здаваўся, нават калі атрымае ад паслоў загад аб здачы.
Але і паслы ведалі да якіх наступстваў прывяла б іх згода. Ад пачатку 1611 года паўстанне кацілася па ўсёй краіне. Саступкі прынясуць не супакаенне краіны, якога так прагнуць, а далейшы і яшчэ большы вэрхал і гора. Разрозненыя часткі царыкава войска па ранейшаму даваліся ў знакі. Невядома было на чый бок перакінуцца сёння ці заўтра.
У канцы студзеня 1611 года войска Яна Пятра Сапегі, сабранае ў Пярэмышлю і Мяшчоўску, ізноў завязала канфедэрацыю, патрабуючы запозненага жолду і гатова было наляцець на ацалелыя ад рабунку гарады. Утрыманне незадаволеных жаўнераў у якім такім паслушэнстве выматвала ў Яна Сапегі здароўе і сілы. Генеральнае кола ад сярэдзіны лютага спрачалася чатыры дні і нарэшце запатрабавала, каб асабіста скіраваўся да караля. Ён ніколі не выкладаў свае мэты перад незадаволеным жаўнерствам, але рашэнню кола падпарадкаваўся. Толькі тымі ж днямі скіраваў лісты да правадыроў паўстання, у першую чаргу Трубяцкому, з прапановай вайсковай падтрымкі. Спасылаўся на патрэбу абароны праваслаўя, асудзіў згодніцкіх маскоўскіх баяраў і абвясціў, што не будзе ваяваць з паўстанцамі. Толькі ўзалежніў дапамогу ад выплаты жолду за час службы ў нябожчыка—царыка. Ці даведаліся канфедэраты пра хітрыя захады Сапегі і страцілі давер, ці з нейкай іншай прычыны, але 18 лютага вярнулі яго з паўдарогі да Смаленска.
Новыя абставіны неслі вялікія змены. З лістоў ад баяр было бачна, чаго патрабуе Масква ад разрозненых і пасвараных правадыроў паўстання. Але ці пойдуць на ахвярнае змаганне апалчэнцы і самазваныя казакі? Усё ж паслы не паддаваліся каралеўскаму ціску.
Апантаныя прапанавалі каралю ўжыць да паслоў сілу. Раззлаваны кароль, як на здзек, менавіта Льву Сапегу 12 сакавіка 1611 года загадаў паведаміць мітрапаліту Філарэту і князю Галіцыну, што яны арыштоўваюцца.
Вялікі канцлер сядзеў у задуменні. Вось—вось павінен з’явіцца кур’ер і невядома як дасца звязаць апошнія падзеі з новымі звесткамі. Ці не паляцяць у агонь дастаўленыя лісты?
Але раней за кур'ера з'явіўся бліжэйшы наведвальнік. Леў Сапега падняў на сына ўсмешлівы позірк.
– Што там чуваць у двары? – заківаў галавою на знак прабачэння за нестасоўную цікаўнасць. – Добра, добра, не буду выпытваць таямніцы. Але і ты пачутае ад мяне не разгалошвай.
– Вам усё жарты, ойча, – крыўдліва папракнуў Ян Станіслаў.
– Дык я ж дзень пры дні самавіты ды засяроджаны, – усміхнуўся канцлер. – Хочацца і пажартаваць. Але размова наша будзе надзвычай сур'ёзнаю.
– Слухаю ўважна і ўважліва, – крыху ў тон бацьку, але не пераходзячы межаў дазволенага, прамовіў Ян Станіслаў.
– Проста з мосту: – Я на Сойме мушу адстойваць новую выправу, але не хачу, каб ты ў ёй удзельнічаў.
– Чаму, ойча? – усё—ткі крыўдна падумаць, якія чуткі выкліча яго сыход з войска.
Ян здзіўлена паглядзеў на бацьку, ці не працягвае жарты. Не залічваў сабе вялікіх учынкаў, але не хаваўся і харугвай сваёй, што мог, выконваў. Не дапускаючы сына да пытанняў ці пярэчанняў, канцлер пачаў тлумачыць.
– Двое галоўных паслоў, якія адстойвалі Уладыслава, князь Галіцын і Філарэт выпраўляюцца да Польшчы.
– Як гэта? – усклікнуў Ян.
Разумеў, што паспешлівае каралеўскае рашэнне азначала паразу бацькавай канцэпцыі, якую так старанна праводзіў – Арышт! Думаю на доўгія гады, – уздыхнуў вялікі канцлер. – Правал перамоваў відавочны. Быў пэўны шанец з каралевічам, але патрабаванне каралём кароны для сябе змарнавала ўсе надзеі. Вакол дыплома Жулкеўскага, не адкінь яго кароль, можна было весці перамовы, торг нейкі, а зараз на Маскве пачнецца пекла. Князь Пажарскі*, Мінін* ды Ляпуновы не пайшлі на пагадненне, зараз тым больш не пойдуць. Калі ў Крамлі з'ядуць усё ядомае, з нашымі там будзе кепска. Не хацеў канцлер вінаваціць караля перад сынам. Тым болей, што напэўна злавіў не адну чутку ды плётку і пра бацьку і пра караля.
– Жулкеўскі ад выправы адмовіўся, – пацвердзіў канцлер. – Ледзь не ў гэты момант адплывае да Кіева. Замяніць яго некаму апроч Хадкевіча. Нельга, каб ты апынуўся пад рукой гэтага халерыка. Вельзевул злопамятны і мала што ўзбрыдзе яму ў галаву. Канешне, каралеўскаму двараніну можна адседзецца ля караля. Але ж ты не ўцерпіш, бо і сам кароль можа палезці ў пекла.
Канцлер ведаў, што значных ваярскіх здольнасцей сын не мае, а колькі маладзёнаў палягло толькі з—за жадання давесці сваю адвагу.
– Але што мне рабіць, калі ўсе ў войску! – роспачна ўсклікнуў Ян.
Ведаў канцлер, што зусім не «ўсе» церпяць вайсковыя нягоды і невыгоды. Але самалюбства маладосці трэба не ламаць, а спакушаць нечым значным і прыцягальным.
– Думаю табе цікава пабыць на элекцыі Цэсара? – запытаў сына як пра нешта звычайнае.
– Ого! Хто ж бы адмовіўся! – усклікнуў Ян. – Не кожны туды трапіць!
Вялікі канцлер не спяшаўся падсякаць злоўленага карасіка. Памаўчаў, паварушыў нейкія паперы.
– Думаю Найяснейшы пан не адмовіць мне адпаведныя лісты, – нібы з надзеяй на каралеўскую ласку прамовіў Леў.– Калі цікавішся?…
Лісты акурат былі пад рукою… Мутная вада красавіцкай паводкі бульгатала ля бакоў байдака, вірамі ўкліньвалася між ім і берагам, падмываючы глышкі зямлі, якія з ціхім плюскатам падалі ў тонь. Жаўнеры і чэлядзь мітусіліся, бегалі па сходках, заносячы і ладкуючы нешта выпадкова пакінутае ці толькі што падвезенае. Шлях да Кіева няблізкі, а лішнія прыпынкі – страта часу, чаго гетман Жулкеўскі сабе не зычыў. І так затрымаўся. Хоць дазвол караля рушыць на Украіну атрымаў яшчэ 16 лютага., але просты разлік падказваў пацярпець да паводкі і з’ехаць вадою, чым засесці на паўдарозе ў веснавую хлюпоту і бездараж.
Пасля арышту паслоў чакаць Жулкеўскаму стала нечага. Усё, што будаваў, абвалілася канчаткова і направе не паддасца. Ведаў, што як толькі ў Маскве знікла цвёрдая рука і аўтарытэт гетмана, жаўнеры Рэчы Паспалітай пачалі рабункі і гвалты. Старанняў Гасеўскага яўна не хапала і напятая струна лопнула. Якая там вунія, калі 28 сакавіка ў сталіцы выбухнула паўстанне! Лёс крамлёўскага гарнізона быў прадвызначаны яго малалікасцю і стомленасцю.
Бражына дачуўся пра ад’езд гетмана, ледзьве сам з дарогі і адразу павярнуў да ракі. Яшчэ здалёк убачыў машту з не вельмі старанна ўвязаным ветразем і пусціў каня берагам.
Знаёмых не спадзяваўся. Як заўжды асобным гуртом стаялі тыя, каму мітусня была нагодай на нешта разявіцца. Спыніўся бліжэй купы афіцэраў, якім мажліва карцела праводзіць гетмана, але застаўся ў сядле, балазе зверху лепш відаць і бераг і карабель, чутно, што паблізу гаворыцца. Пазнаваліся ліцьвіны.
– Пакрыўдзіўся пан гетман на караля, – ціха прамовіў да таварыша малады ваяр з выразным спачуваннем. – Замест вялікай булавы… Ці ж яе не годзен?
– Не з—за булавы ён раззлаваўся, – нібы ўдакладняючы, сур’ёзна, а можа і незадаволена адказаў той. – Усе баюць, яго канчаткова дабіў арышт маскоўскіх паслоў.
Быў старэйшы і напэўна больш абазнаны ў складаных дачыненнях між Жыгімонтам ІІІ і польным гетманам Кароны.
– Што ж, калі вакол Міласцівага пана нават на вайне спрэс біскупы ды езуіты. Замест Рыцарскага кола цэлая кансісторыя! – смялей выказаў малады сваё спачуванне. – А што яны кемяць, каб даваць парады дасведчанаму ваяру?
Колькасць езуітаў, апантаных рыцараў контррэфармацыі, расла як на дражджах, і лезлі яны паўсюдна. Настойліва і бесцырымонна навязвалі шляхце паказную каталіцкасць і рэлігійную руплівасць як абавязак і цноту рыцарскага стану.
– Тое кемяць, браце, што яны сенатары, што прыбочныя, а пан гетман заўсёды сваю думку мае і ніколі не прыгінаецца. А калі і прыгне кароль, то тут жа і выпрастаецца, бы тая надзейная баторка!
Абодва засмяяліся не надта трапнаму параўнанню. Калі характар і воля гетмана былі сталёвыя, то дробная постаць і не вельмі здатнае здароўе да іх не пасавалі.
– Так што над намі стане свой, пан Хадкевіч. Прымусіць маскавітаў маліцца Святому айцу. Ды і нам не дасць спакою. Кажуць, прывязанасць да каталіцтва паказвае проста маніфэстацыйна.
Шчырым каталіком спраўна карысталіся, бо тагачаснай шляхце Рэчы Паспалітай, асабліва шматканфесыйнага Княства, было ўласціва хутчэй антыклерыкальнае настаўленне. Гэта пазней, выхаванне ў езуіцкіх калегіюмах і канвіктах прынясе сумны плён фарысейства і нават фанатызму.
Прызначэнне Хадкевіча на войска магло варажыць выйгрышы шляхце вялікага Княства, якая адстойвала сваё выключнае права на смаленскія землі. Нават Леў Сапега з Крыштапам Радзівілам у гэтым згуртуюцца і падтрымаюць. Не менш надзеі пакладалі ў Хадкевічу шматлікія сябры з каталіцкага клеру. Спадзяваліся, што пры асваенні вернутых земляў застанецца для іх шчодрым пратэктарам.
– Я тут распытваў хлопцаў, – прамовіў другі.– Кажуць, без ксяндза і за стол не сядае. Штосуботы адбывае суворую пакуту. А перад бітваю моліцца, як той Ягела перад Грунвальдам, па некалькі гадзін. Калі пацягнуць за ім сябры езуіты, наш віленскі біскуп Бенядыкт Война* ды процьма іншых…
– Ой! Нешта мне думаецца самі ксяндзы гэта расказваюць. Вельмі ўжо непаўсядзённая рыса як на ліцьвіна, – рашуча ўсумніўся суразмоўнік. – Да таго ж нібыта ў кальвінах пабыў.
– Мажліва, – лёгка саступіў таварыш. – Гетман найперш ваяр. Набожны, але не фанатык. Можа, тым строгім трыманнем рэлігійных практык у войску хоча каралю прыпасці да сэрца. Не мог бы Найяснейшы пан знайсці лепшага правадыра на крыжовы паход. Пётр Скарга яму лепшы сябар, іншыя езуіты. Калі падумаць, яны яго і выхоўвалі.
Мажліва таварышу не хацелася, каб пацвердзіліся горшыя спадзяванні. Хацелася, каб было іначай, лепш.
– Усё ж не думаю, што нам гэта моцна дасца ў знакі. Ва ўсім галоўным ён шляхціц і вольнасцю нашай не паступіцца. Ды і непрыяцелі, Сапегі, Радзівілы біржанскай галіны, не дадуць. А яшчэ ж Казаноўскія, Астрожскія тыя ж. Хапае, каб не драмаў і не надта выстаўляўся рэгалістам.
– Але ж мае і кліентэлю…На тое і гетманская булава, каб існавала гетманская факцыя.
Бражына толькі зараз згледзеў падабенства жаўнераў, мажліва былі братамі.
– Па такой вадзе і Кабялякі не справяць клопату, – пачуў збоку.
Трое з чэлядзі альбо слугі стаялі непадалёк, прытупваючы нагамі з холаду ці ад нецярплівасці.
– А за Кабялякамі зусім лёгка пойдзе, – азваўся другі і ўсклікнуў, паказаўшы на байдак. – О! Здаецца і нам пара!
На байдаку прымалі адну сходку і завіхаліся ля чалак, пакідаючы самыя неабходныя. Трое чамусьці дасюль непатрэбных, хуценька, адзін за адным перабеглі на байдак і змяшаліся з тымі, хто там катлаваўся. Раптам усе прыпынілі мітусню і ўтаропіліся ў бераг. Набліжаўся гетман з купай афіцэраў. Развітанне з тымі, каго пакідаў, шмат часу не заняло, Жулкеўскі ў суправаджэнні ад’ютантаў прайшоў па сходках і спыніўся на карме, павярнуўшыся да берага. Рука ў прывітальным узмаху нібы дала сігнал веслярам раскінуць вёслы, адкінуць чалкі з носа і кармы. Хлапцы з судна і з берагу адпіхнулі шастамі нос на стрыжань, вёслы з левага боку моцна заграблі назад. Нос падхапілі мацнейшыя струмені, байдак, разварочваючы, панесла з плынню. Вёслы з абодвух бакоў пачалі ўзмахваць згодам і тут да ганца данеслася: – Гэй! Пане Бражына, бывайце здаровы! Гэй!
Байдак быў яшчэ недалёка ад берага. Бражына здрыгануўся, штурхнуў каня ўслед судзенцу бліжэй берагу.
На самым носе байдака…Воўк радасна махаў рукамі, задаволены, што яго заўважылі. Бражына сарваў шапку і пачаў махаць, каб хлопец пераканаўся, што яго бачаць і вітаюць.
– Да Кіева, пане! Да Кіева! – прыставіўшы далоні да рота, крычаў Воўк. – Дасць Бог, сустрэнемся!
Ганец набраў паветра ў грудзі і як мацней адкрыкнуў: – Бывай здаровы, Воўча! Шчасця табе, хлопча!
Тут, пад Смаленскам, хлапцу не знайсці месца ні ў ліцьвінаў ні між караняжаў. Калі ўжо вырваўся з путаў, то лепш сыйсці падалей. Хоць бы і з Жулкеўскім. А там можа ізноў якая сотня прыгрэе, суцешыў ганец сум развітання без надзеі на сустрэчу. Пара да яснепана канцлера, – нагадаў сам сабе.
Ледзь апынуўшыся на канцлеравых пакоях, наткнуўся на пана Пракапчука з пукам свечак. Можна было падумаць, што ён і спіць, са свечкамі і кандэлябрамі ў руках.
– Яснавяльможны пан вялікі канцлер размаўляе з сынам! – тонам урачыстай забароны паведаміў пакаёвец.
Бражына цярпліва знёс звычку пана Пракапчука гуляць у маршалка двара. Пачакаем.
– О, пан Бражына! – пан Клімэнт Вялічкевіч ветліва кіўнуў кур'еру. – Адну хвілінку!
Ён кінуў на пана Пракапчука няўхвальны позірк і зачыніў за сабою дзверы перад самым носам святланосца, які памкнуўся праслізнуць услед. Не даў яму дарогі і прапускаючы Бражыну.
– А вось і пан Бражына! – вялікі канцлер павярнуўся да сына. – Той самы, што пад Белай вам дапамог. Сам Жулкеўскі ў лісце пахваліў. Сапега памаўчаў і выправіў Яна з Вялічкевічам поглядам і лёгкім рухам рукі.
– Так што не марнуй часу, рыхтуйся! – тонам загаду кінуў сыну.
Гледзячы ўслед, падумаў, вось свайго сына аберагаю, а гэтага сірату чарговы раз штурхну туды, куды свайго нізавошта не паслаў бы… Належыць жа хлопцу хоць нейкая падзяка ці суцяшэнне. Памаўчаў, прыязна аглядаючы спраўную постаць маладзёна.
– Ведаю, маеш нарачоную, – мякка прамовіў вялікі канцлер.
– Даўно змоўлены, яснавяльможны пане, – адказаў Бражына.
Што канцлер ведае шмат чаго пра сваіх набліжаных, не дзівіла. Але асабістага жыцця даўняга, як ні мерай, кур’ера, дагэтуль ніколі не кранаў.
– Атрымаеш выправу з маёй рукі, – здагадваючыся пра бражынавы думкі, прамовіў Леў Сапега.
Бражына ступіў некалькі крокаў на непаслухмяных нагах, ўкленчыў і прыпаў вуснамі да рукі прынцыпала. Даўняя і верная служба дазваляла лічыць сябе ў душы кліентам, але дар нечаканы і, можна спадзявацца, будзе шчодрым.
– Маю сыноў, здольны адчуць, што значыць сыну без бацькі, – канцлер, узрушаны шчырым водгукам, паклаў руку на плячо Бражыны, – Зладзім замірэнне, усё пойдзе па тваёй мыслі, – запэўніў Сапега. – А пакуль што трэба ратаваць войска, каб хлопцы задарма не паклалі галовы ў тым Крым—горадзе. Ані ў якім выпадку нельга дапусціць сутычак ваяроў Яна Пятра з каралеўскімі. А нацкоўваць ёсць каму.
Вялікі канцлер усведамляў, што адчайны Хадкевіч паслухмяна павядзе ў агонь, а кароль і не падумае спыняць. І ратунак залежыць ад такіх вось ганцоў. Старанне іх можна здабыць толькі пэўнай доляй даверу. Ніхто ж не пакіруе імі на небяспечным шляху, нішто не замінае спаслацца на неадольныя перашкоды, каб не рызыкаваць. А вось прыналежнасць да таямніцы, давер высокай асобы – падстава для выканання здавалася б немагчымага.
– Напэўна вашмосьць, ведаеш, што перамовы ўсвяцкага старасты з маскавітамі з мінулага года перайшлі на сакавік гэтага, – тлумачыў вялікі канцлер. – Умовы маскавітаў не задаволілі полк і на абрадах кола 6 сакавіка Ян Пётр ізноў апынуўся ў цяжкой сітуацыі. Не пагаджаўся “ісці за лясы і чакаць там на які наём”. А куды б гэта яны пайшлі, апроч як сюды, да караля? – з'едліва заўважыў канцлер. – У сам час прыйшла згода Найяснейшага пана.
Бражына ведаў, што ад 21 сакавіка 1611 года пан усвяцкі стараста пабыў тут, пад Смаленскам, і атрымаў ад караля гарантыю на выплату задаўненага жолду свайму палку. Але не ведаў, як паставіўся да абяцанкі караля колішні гетман царыка.
– Што ж, калі кароль абяцае жолд, як магу не верыць, – прамовіў Ян Пётр да вялікага канцлера. – А ці павераць жаўнеры, не ведаю? – лёгкі ўздых усвяцкага старасты сведчыў пра марнасць падобнай надзеі. – Пойдзем пад Маскву. Адтуль будзе лепш бачна, што ды як. На злом галавы людзей не паганю і сам не палезу. Калі поўнай сплаты выканаць не ўдасца, чакай чарговай канфедэрацыі. Ім ужо лік збіўся.
Леў Сапега ўздыхнуў ад горкага ўспаміну і працягнуў навучанне свайго ганца.
– Што належыць, пан стараста ў лістах знойдзе. Але дадасі на словах, каб супраць канфедэрацый асабліва не ціснуў. Я думаю, жаўнеры запатрабуюць вяртання дадому. І так будзе лепш, чым трымаць іх там. Спатрэбяцца на іншую вайну, у якую Княства несумненна будзе ўцягнута.
Вялікі канцлер зазначыў: – З усім гэтым трэба ўправіцца да Сойму, таму, пане—браце, спяшайся, – палагодзіў загад прыязнай усмешкай.
Правообладателям!
Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.Читателям!
Оплатили, но не знаете что делать дальше?