Электронная библиотека » Аркадзь Ліцьвін » » онлайн чтение - страница 22

Текст книги "Дыплом на царства"


  • Текст добавлен: 4 декабря 2018, 14:40


Автор книги: Аркадзь Ліцьвін


Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза


Возрастные ограничения: +16

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 22 (всего у книги 66 страниц) [доступный отрывок для чтения: 19 страниц]

Шрифт:
- 100% +
Адкуль Тушын здаецца раем

Дождж і вецер былі вельмі дарэчы. Ніхто без крайняй патрэбы не вылазіў з—пад даху. Нават вартавы крыўся ў нейкай шчыліне. Выступіў з цемры, згледзеўшы ссутуленыя постаці.

– Да князя Фёдара, – ціха прамовіў малады баярын. – Двое.

– Ведаю, няхай праходзяць, – вартавы азірнуўся і ціха клікнуў у цемру за сабою. – Прыйшлі.

Малады баярын звярнуўся да вышэйшага з двух людзей, захутаных у даўгія балахоны з каптурамі.

– Людзі пачакаюць нас, пане, але залішне затрымлівацца не варта.

Па ягонаму знаку двое стральцоў з бердышамі адступілі ў цень. Мінаючы вартавога, ніжэйшы ў каптуры падаў яму невялікі калач.

– Дзякую, пане, – сквапліва схоплены хлябец знік за пазухай як неацэнны скарб.

Таямнічая тройца моўчкі пайшла за чалавекам, які здалося выступіў проста з бліжэйшай сцяны. Увесь час трымаліся ценю. Крочылі не да палат.

– Вось як мусім сустракацца, – князь Фёдар Мсціслаўскі сустрэў начных гасцей на парозе цеснай, змрочнай келлі. – Адсюль і Тушына падасца раем.

Ён павёў рукою, нібы запрашаючы гасцей агледзець сляды даўняй копаці і нават павуцінне па кутах. Ці не наўмысна выстаўляецца з гэтым убоствам, – падумалася гасцям. Князь Фёдар насцярожана запытаўся ў правадніка: – Ніхто вас не згледзеў?

– Усё ціха, святлейшы. Не трывожцеся. Каго пацягне ў такую непагадзь.

– Ёсць прычыны трывожыцца, – тым жа неспакойным голасам прамовіў князь, звяртаючыся да вышэйшага каптура. – Калі пра нашу сустрэчу даведаюцца… Ён уладным рухам рукі выправіў правадніка і запрасіў таемных гасцей прысесці.

– Так, час змяніўся, мусім старанна азірацца, – уздыхнуў госць, месцячыся на простых, нічым не засланых лавах. – Наш у тым клопат, каб да лепшага павярнулася.

– Не частую, пане Хёк, бо няма чым менавіта такіх гасцей, – павініўся князь Фёдар.

– Мы і не разлічвалі, – азваўся вышэйшы з гасцей, адкідваючы каптур за спіну. – Менш увагі – менш сведкаў, менш рызыкі. Ды і часу вобмаль, так што адразу пяройдзем да справы. Але найперш спяшаюся падзякаваць за згоду сустрэцца, бо ведаю, чым рызыкуеце.

Ён злёгку пакланіўся князю і Мсціслаўскі адказаў ветлівай усмешкай. Было відаць, што і яго не ашчаджае нястача, хоць і не спазнаў сапраўднага голаду.

– Як і пан, трэба памятаць. З чаго ж пачнем? – Мсціслаўскі нібыта аддаваў госцю пяршынства ў размове, хоць насамрэч захоўваў яго за сабою. – Што вас сюды прывяло?

Госць, па ўсім выглядала, усё гэта прадугледзеў.

– Пачнем хіба ад пачатку, святлейшы. Кароль Жыгімонт, падобна, больш не спадзяецца ўзнесціся на маскоўскі трон… Але крочыць з войскам на Маскву, бо Баярская Дума па ранейшаму прызнае адзіным гасударом Масковіі каралевіча Уладыслава. Хоць у Рэчы Паспалітай не ўсім падабаецца, калі каралевіч тытулуецца царом. Спадзяюся, святлейшы не здзівіцца, даведаўшыся, што і Стакгольм намераны прасоўваць свайго прэтэндэнта?

Хёк настойлівым маўчаннем патрабаваў адказу.

– Дума, і мы пасведчаны ў пэўныя крокі шведскага боку, – асцярожна прызнаў князь. – Да нас даходзяць звесткі, патрэбныя дзеля разумення становішча ў дзяржаве, І наконт Ноўгараду… – адзначыў пахмурна. – І гарнізон не парывае сувязі з каралём. Канцлер Сапега мае дзеля гэтага здольных людзей.

– Давялося сутыкацца, – хмыкнуў швед, пераглянуўшыся з таварышам.

Мсціслаўскі заўважыў погляд, але не стаў дапытвацца, што прычынай. Даў зразумець, што не сляпым кратом сядзіць тут і даволі.

– У Швецыі не ўлічылі, – падкрэсліў князь наймацней у межах ветлівасці, – што цяжар перамоваў належала класці на стольны горад, а не на асобную зямлю, да таго ж узятую сілай.

Абодва пазбягалі далікатнай справы наўгародскага пасольства ў Швецыю, але не маглі абыйсці яе поўным маўчаннем. Праз тры месяцы пасля захопу Ноўгарада, 29 кастрычніка 1611 года памёр Карл ІХ. Наўгародзкія паслы падавалі свае граматы новаму каралю, сямнаццацігадоваму Густаву ІІ Адольфу. Пацяклі дні і тыдні непаспешлівых перамоваў, і толькі ў лютым наступнага году на сейме ў горадзе Нурчопінг паслам аб’явілі каралеўскую волю.

– Быць толькі наўгародзкім царом Яго Вялікасці не маніцца, – тлумачыў пыхлівы нібы певень урадовец. – Яго Вялікасці вядома, што стрыечны брат Жыгімонт мерыўся і дагэтуль мерыцца заняць менавіта трон усёй Масковіі. З улікам маестату караля Швецыі Яго Вялікасць Густаў Адольф не супраць заняць маскоўскі трон.

– Але як жа з Наўгародскай зямлёю? – вырвалася ў паслоў.

– О, на гэта ёсць рада! – усклікнуў швед. – Калі немагчыма стаць гасударом усёй Масковіі, Яго Вялікасць прыстае на далучэнне да Швецыі нейкай часткі Масковіі. Натуральна, ею можа быць і Наўгародская зямля.

Паслам міжволі прыйшла на розум казка пра белага бычка. Ці варта было турбавацца за мора, каб ізноў пачуць прапановы Дэлагардзі.

– Але ж мы прысягнулі на шведскага прэтэндэнта як нашага манарха, сталец якога на Маскве! – паслы паспрабавалі нагадаць пра дзяржаўную прыналежнасць сваіх абшараў.– Мова ішла пра сумеснае вызваленне маскоўскага пасаду ад захопнікаў з Рэчы Паспалітай.

Швед набурмушыўся на такі напамінак, але меў для паслоў адпаведнае суцяшэнне.

– Яго Вялікасць у ласцы сваёй і шчырай спагадзе суседзям згодны адпусціць на ноўгародзкі, і нават маскоўскі прастол, прынца Карла—Філіпа, калі за ім прыбудзе прадстаўнічае наўгародзкае ці маскоўскае пасольства, – паабяцаў разгубленым наўгародцам. А ў тым чаканні шведы, дзе сілай, дзе абяцанкамі, да сярэдзіны 1612 года авалодалі Арэшкам, Ладагай, Ціхвінам і Сумскім астрогам на Белым моры.

Абмеркаванне падступных захопаў было для Фёдара Мсціслаўскага занадта балесным, каб распачынаць яго, седзячы ў палоне. Не адпавядала гэта і шведскаму пасланцу.

– Я прапаную не сыходзіць на непатрэбныя зараз тэмы, – незадаволена прамовіў Хёк. – Зазначу толькі, што ў выніку тых падзей на Маскве выспела прыхільнае Швецыі згуртаванне. Гэтага нельга не ўлічваць.

А гэта ўдакладненне не прынесла прыемнасці Мсціслаўскаму. Ведаў з каго склалася тое згуртаванне і на якія выбрыкі здольнае.

– Пакуль будуць даходзіць весткі пра паспяховае набліжэнне каралевіча, Дума будзе трымацца свайго колішняга рашэння, – патлумачыў князь, даючы да разумення, што прыхіліцца да большасці.– Не маю прычыны крыцца, што кароль паабяцаў мне адпусціць Уладыслава на царства, як толькі баяры прышлюць паслоў для дамовы.

– Але ж гэта паведамленне выклікала на Маскве вялікае абурэнне, – адзначыў Хёк. – Кароль Жыгімонт і не падумаў выканаць абяцанага Жулкеўскім. Нават не выпусціў з турмы вашых вялікіх паслоў, – падкрэсліў з добра ўдаваным абурэннем.

Швед не чакаў раптоўнай капітуляцыі жыгімонтавага хаўрусніка. Змена паставы будзе залежаць аж важкасці довадаў і пара было выказаць самыя істотныя.

– На мой погляд Дума можа і павінна змяніць стаўленне, даведаўшыся, што кароль Швецыі распачне сапраўдную вайну супраць Масковіі, калі яна прыхіліцца да Жыгімонта ці ягонага сына. Мы ўжо сёння маглі б мець шэраг вашых памежных крэпасцяў у дадатак да раней занятых. Самі разумееце, прыхільныя нам людзі, пракрычаць, хто ў гэтым вінаваты.

Князь спахмурнеў. Хоць і чакаў нечага падобнага, просталінейнасць пагрозы рэзала вушы. Да чаго дайшла Масковія! Ці ж не ён, Фёдар Мсціслаўскі, год таму выпраўляў пасольства да караля Жыгімонта?

– Вы, святлейшы, здольны, – пашанотна але настойліва прамовіў Хёк, – і на маю думку павінны, пераканаць большасць, каб Дума магла ануляваць прысягу Уладыславу і згадзілася парваць усе дачыненні з Жыгімонтам. За прыкладам недалёка хадзіць.

– Маеце на думцы справу Мацюшкі,– князь і без роспытаў ведаў, пра што намёк. Як толькі Земскі ўрад даведаўся пра нізлажэнне Мацюшкі, пакуль не апамяталіся яго прыхільнікі, Савет зямлі на пачатку чэрвеня пастанавіў лічыць прысягу пскоўскаму «вору» несапраўднай.

Адпаведна Трубяцкой і Заруцкі разам з саборнымі чынамі, ваяводамі, дваранамі, атаманамі, казакамі і іншымі паведамілі яраслаўскаму савету пра нізлажэнне Мацюшкі і прысягнулі, што больш не будуць “затевать іного воровства”, адракаюцца ад Марыны і яе сына. Прапаноўвалі аб'яднацца і выбраць цара разам.

– Нашымі агульнымі стараннямі гасударом Масковіі мог бы стаць шведскі прынц, а можа нават кароль! – урачыста дадаў Хёк, ледзь не ўстаючы на знак пашаны.

Мсціслаўскі пакрывіўся ад непамыснасці. Пыха ніколі не дасць шведам зразумець, што для маскавітаў Ноўгарад Вялікі!

– Вы зрабілі ўсё, каб збрыдзіць нам асобу шведскага прэтэндэнта, – прамовіў з нехаванай горыччу. – Пры магчымым абмеркаванні я прапаную вашага прынца ці караля хоць бы для таго, каб вы ў гэтым пераканаліся.

Церпкі тон Мсціслаўскага зачапіў госця, але не збіў з раз узятага тропу. Хёк не паказаў па сабе незадаволенасці.

– А чаму так доўга з тым Мацюшкам вэждаліся? – пацікавіўся як нечым малаістотным але забаўным. – Няўжо спадзяваліся неяк ім пакарыстацца? Нам ад пачатку было відавочна, што не варта мець з ім якія—кольвек дачыненні. Чулася, яго павезлі ў Маскву 1 ліпеня?

– Калі і маглі б спадзявацца, то чарговага бунту чорнага люду, – нехаця адказаў князь. – Захады ўчынены належныя і…справа Мацюшкі не варта абмеркавання, – махнуў ён рукою.

– Але калі ён жывы?…

Князь не варухнуўся і не памкнуўся працягваць прапанаваны сказ. Хёк не здаваўся. Маскавіты былі здольны на розныя нечаканасці.

– Кажуць, яго па дарозе ледзь не адбілі лісоўцы. Нібыта псковічы забілі «цара» і разбегліся…?

– Кажуць, – з непранікнёным тварам азваўся князь.

Не збіраўся ўносіць яснасць. Залежнасць, але не ва ўсім і не заўсёды. У Масквы свае мэты, у Хёка свае, няхай лахае, шукае… – Але ж, ваша міласць, – парушыў сваё маўчанне хёкаў спадарожнік, – чулася іншае. Нібыта казакі не далі пакараць «вора» а пасадзілі на ланцуг дзеля аглядання.

Хёк, нібы перапрашаючы за нястрыманасць таварыша, усміхнуўся князю.

– А якая вам розніца? – Мсціслаўскі паціснуў плячыма. – Спадзяюся, не паспрабуеце пайсці слядамі Жыгімонта. Мацюшка нават не другі з самазванцаў… Звыклы халоп.

– У Стакгольме не бачаць вартых падтрымкі прэтэндэнтаў, – патлумачыў Хёк, як неаспрэчнае.

Мсціслаўскі зірнуў на Хёка, нібы ўсумніўся, ці мае той вочы. Калі князь, імяніты баярын ім не падыходзіць, то і шведскі прынц не пралезе! Але маўчаў. Паколькі ніякіх тлумачэнняў не пачулася, прамовіў з выразным націскам: – Чаго ж вы чакаеце ад мяне? Пакуль што я ў аблозе, калі не лічыць гэта палонам.

– Вашы мажлівасці, святлейшы, нават у палоне амаль не абмежаваныя, – з паклонам усім моцным тулавам запэўніў Хёк.

– Вы перабольшваеце, але чуць належную ацэнку маіх уплываў прыемна, – адказаў князь. – А ў чым магу быць памоцным, апроч выказанага?

Хёк кіўком падзякаваў і прамовіў без ценю ліслівасці.

– Ваш уплыў можа быць рашаючым. Хто ж як не вы з Васілём Галіцыным ды Фёдарам Шарамецевым замацавалі сваімі подпісамі і пячаткамі той злашчасны дакумент, якім шахуе вас і замінае нам кароль Жыгімонт.

Абодва разумелі вагу таго кавалка пергаменту з прывешанымі пячаткамі.

– Ну, не адны мы мелі дачыненне да з'яўлення таго дакументу, – нібы прыпамінаючы, прамовіў князь. – Хоць бы нагадаць Філарэта, Данілу Мезецкага, Салтыковых, іншых нямала.

Хёк скрушна ўздыхнуў над недальнабачнасцю такой колькасці імянітых маскавітаў. Памаўчаў як над заўчаснай магілай марных надзей.

– А што калі разам з ануляваннем прысягі запатрабаваць назад той, як яго называюць, Дыплом, – не то прапанаваў не то запытаўся. – Мы паспрабуем дамовіцца з усімі, хто дапамог яго з'яўленню.

Мсціслаўскі адмоўна пакруціў галавою.

– Калі б кароль Жыгімонт запрасіў міру, мы маглі б выставіць падобнае патрабаванне, а пакуль перавага на яго баку…Адбылася прысяга… – Ёсць у гэтым рацыя, – незадаволена прызнаў Хёк. – Хіба лягчэй далося б выкупіць…, альбо выкрасці?

– Але ж напэўна ён надзейна схаваны і не ў бедных людзей, – усміхнуўся князь Фёдар.

Абодва памаўчалі. Справа дыплому пры ўсёй цікавасці не таіла спрэчкі.

– А вам не здаецца, святлейшы, – запытаўся Хёк, – што кароль мае той дыплом пры сабе? Ідучы за прастолам сыну, можа патрабаваць яго пры перамовах.

– Думка не пазбаўлена грунту, – у роздуме пагадзіўся князь Фёдар. – Але нават для выведкі патрэбен выключна здольны чалавек. І прыналежны да двара. Дакумент той не будзе ляжаць навідавоку, прыйшоў, забраў… Хёк усміхнуўся на княскі жарт.

– Пакуль мы паспрабуем здзейсніць немагчымае, вы, святлейшы, – з лёгкай настойлівасцю прапанаваў швед, – пастарайцеся пераканаць сваіх прыхільнікаў. Адкіньце колішнюю прысягу. Далейшае вынікне з папярэдняга.

Асцярожна прачыніўшы дзверы, праваднік выставіў устрывожаны твар пад цьмянае святло свечкі. Пара было заканчваць размову.

– Хіба што так, – уздыхнуў Мсціслаўскі і памахаў рукою, што знак разумее. – Люд стомлены, краіна вынішчана. Цяжкавата будзе баярству вярнуць былую веліч дзяржаве.

Хёк на меру здольнасці надаў твару спачувальны выраз.

– Тым больш памятайце пра папярэджанне Яго Вялікасці Густава—Адольфа, – нагадаў на развітанне. – Войску яго няма роўных!

Не паспелі таемныя наведвальнікі зікнуць у цемры, як з аддаленага кутка крамлёўскай сцяны пашыбавала лёгкая страла з невялікім шматком пергаменту.

– Як казаў нейкі мудрэц, няма нічога таемнага, што не стала б яўным, – хмыкнуў Бражына, беручы ў рукі аперанага пасланца.

…Ёсць мяжа людскому цярпенню. Знясілены аблогай крамлёўскі гарнізон прапанаваў пачаць перамовы і выставіў закладнікам мазырскага харужага палкоўніка Будзілу. Князь Пажарскі са свайго боку 22 кастрычніка 1612 года адпусціў у Крэмль Васіля Бутурліна.

Пасля трохдзённых перамоваў земскіх правадыроў і баярскага ўраду, узважыўшы абставіны, Баярская дума, як вышэйшая інстытуцыя манархіі, анулявала прысягу Уладыславу і згадзілася парваць усе дачыненні з Жыгімонтам.

Нарэшце, 24 кастрычніка гарнізон капітуляваў і праз дзень некалькі дзесяткаў баяраў і іншых маскавітаў пакінулі Крэмль. Наперадзе ішоў Фёдар Іванавіч Мсціслаўскі, за ім Іван Міхайлавіч Варатынскі, Іван Нікіціч Раманаў і ягоны пляменнік Міхаіл Фёдаравіч* з маці Марфай. Не каяліся, што прывялі ў Маскву чужынцаў, наадварот, ішлі кіраваць дзяржавай.

Назаўтра раніцою земскія ваяводы прынялі капітуляцыю гарнізона. Князь Пажарскі стаяў са сваім палком на Каменным мосце ля Троіцкіх варотаў Крамля. Князь асабіста выехаў насустрач выходзячым баярыням і кожную праводзіў у бяспечнае месца да родзічаў ці знаёмых, каб казацкая гурма не пажывілася а то і не ўчыніла гвалту на безабаронных. Казакі кляліся, што заб'юць самога князя, і ледзь удалося адцясніць іх без праліцця крыві.

З жаўнераў Струся, раззброеных казакамі Трубяцкога, шмат хто пазней быў забіты казакамі. З палка Будзілы, які здаўся Пажарскаму, аніводзін не быў забіты ці абрабаваны. Палонных разаслалі па гарадах. Мінін і Пажарскі на гонар перамогі ўчынілі ўрачыстае шэсце. Капітуляцыя гарнізона азначала рэзкую змену ваеннай сітуацыі. Адыходзіла ў мінулае двухгадовая вайна на вуліцах сталіцы.

Вестка пра сумны лёс крамлёўскага гарнізона заспела перадавыя атрады каралеўскага войска ў Рузе. Крэмль давялося б штурмаваць ізноў. Выправа, як след не пачаўшыся, траціла сэнс і 27 лістапада кароль Жыгімонт загадаў адступаць.

– Ішлі ляхі купамі на вайну ганебна, уцякаюць непрыстойна зараз! – з глыбокай горыччу прамовіў Хадкевіч.

Але не ў лепшым стане былі ліцьвіны з ягоных інфлянцкіх шэрагаў. Хворы і расчараваны гетман пакінуў войска і вярнуўся дадому. І думаць не хацеў пра новую кампанію на Масковіі.

А Пажарскі, Мінін, і Трубяцкой на пачатку снежня дзесяткамі грамат склікалі Земскі сабор у Маскве. Выбары цара без Баярскай думы не мелі законнай сілы, але з адной Думай маглі зацягнуцца на гады. Старэйшыя баяры былі схільны абраць чужаземца, каб ізноў не перасварыцца міжсобку, а казацкія гурмы маскавітаў зычылі сабе свайго, прыкладам Філарэтава сына, а то і “воровского калужского”. Настырны Зарудзкі нават паспрабаваў захапіць для “ворёнка” Разань, але быў адагнаны ваяводам Міхаілам Бутурліным.

Калі на першае паседжанне сабора, прызначанае на 6 снежня, у Маскву прыбылі нешматлікія выбарныя, “вялікі саборны савет” прызначыў на Хрышчэнскія маразы апошні тэрмін склікання ўсіх баяр і дваранаў, што “жывуць у гарадах.” Нарэшце Земскі сабор пачаў абмеркаванне кандыдатаў. Князь Фёдар Мсціслаўскі паспрабаваў выказацца за шведскага прынца, але яшчэ ў адсутнасць баяраў Земскі сабор адмовіў чужаземцам права на трон. Не ўсіх задавальняла асоба шаснаццацігадовага Міхаіла Раманава, але да каго, як не да Раманавых, мелі прыхінуцца гурмы ўчарашніх халопаў, пасадскіх і сялян, што назваліся казакамі? Кастрамскія, маскоўскія, бранскія даўно жылі разбоем і падачкамі самазванцаў, не было горада, якому не даліся ў знакі. Князя Пажарскага і ягонае апалчэнне ненавідзелі люта, шведскі каралевіч таксама пагражаў іхняму існаванню. А недалужны Міхаіл Раманаў не папікне іх: выконвалі загады яго бацькі, тушынскага патрыярха, разам служылі тушынскаму вору. З маладым і недасведчаным царом спадзяваліся паладзіць і ўчарашнія прыхільнікі караля Жыгімонта.

«Выберам Мішу Раманава, ён малады і яшчэ неразумны», – пісаў Фёдар Шэрэмецеў да князя Галіцына.

Меў і сваяцтва з тым Мішам праз стрыечную сястру будучага самадзержца. А пакіраваць натоўпам здольнасці і сілы хапала. Паўтысячы ўзброеных казакоў, зламаўшы дзверы, уварваліся да Круціцкага мітрапаліта Іоны, на той момант месцаахоўніка патрыярха.

– Дай нам, мітрапаліт, цара! Жыва!

Бедны Іона кінуў спалоханы позірк на нязваных хадайнікаў і ўлёт скеміў, як паводзіцца, каб не трапіць у лёх якога—небудзь манастыра.

– З Божай ласкі клічце на прастол раба Божага Міхаіла, то і дасца вам жаданае. Але ці ўсе пагодзяцца?

Мітрапаліт не так хацеў пераканаць злых гасцей, як даведацца пра лёс імянітых. Яго мог чакаць падобны.

– Князёў Пажарскага ды Трубяцкога сцеражом у палацах, а без іх, хто нам супрацівіцца?

На гэты час значная частка другога апалчэння з—за голаду раз’ехалася, і пазіцыі Пажарскага аслабелі.

– Няхай князь паспрабуе, калі галава яму замінае! Ну і твая ў тым задача, каб тых галоў меней паляцела! – адным грахом больш ці менш казаку не вагацца, мітрапаліт добра ведаў.

Раніцай 7 лютага 1613 года выбарныя ад казакоў па змове з раманаўскімі прыхільнікамі ізноў нагадалі пра Міхаіла. Праз два тыдні выбарчы сабор аднавіў працу і нібыта аднадушна абвясціў яго царом. 14 сакавіка прадстаўнікі сабора сустрэліся з Міхаілам у Іпацьеўскім манастыры, абвесцілі яго гасударам і тут жа архіепіскап Феадарыт, Авраамій Паліцын і іншыя царкоўнікі перадалі Міхаілу Раманаву царскі посах. Роўна праз месяц сабор пастанавіў саставіць зацверджаную грамату аб выбранні Міхаіла. Зрабілі за некалькі тыдняў. Праз паўтары месяцы пасля атрымання посаху Міхаіл прыбыў з Каломны ў сталіцу.

Першым надаў баярства стрыечнаму брату князю Івану Чаркаскаму*, які толькі гэтым і набыў вядомасць. Інтарэсы роду вышэй дзяржаўных. Стольнік Пажарскі і Казьма Мінін сталі толькі другім і трэцім з уганараваных. Праўда, пры каранацыі баярын Пажарскі нёс трэцюю рэгалію, дзяржаву, яблык валадарны, вялікадзяржаўны. Першую рэгалію, карону, трымаў дзядзька, Іван Нікіціч Раманаў, другую, скіпетр – Дзьмітрый Цімафеевіч Трубяцкой, тушынскі баярын.

З абраннем цара размовы і ўгаворы за “воровского” царэвіча Івана хутка скончыліся. Спачатку дваранская драбната, а затым і атаманы ціхенька пакідалі лагер “ворёнка”.

А Раманавым прыйшла пара думаць, як утрымацца! Бо і шведы сядзяць у Вялікім Ноўгарадзе, і разбойнік ліцьвінскі Аляксандр Лісоўскі са сваімі зухамі пад чорна—чырвоным штандарам па царстве носіцца. Сойм зняў з яго баніцыю, кароль прыняў на службу, але чамусьці забіяку ў Рэч Паспалітую не цягне. Разрозненныя атрады «літоўскіх людзей» і чаркасаў з’яўляліся і ў замаскоўскіх уездах і нават на Поўначы, але паступова іх праганялі і вынішчалі.

Капітуляцыя крамлёўскага гарнізона і ў Рэчы Паспалітай як бы вянчала бязглуздыя выправы на Масковію.

Пад знакам паразаў і няўладзіц Сойм 1613 года скліканы на 19 лютага прыпазніўся з адкрыццём да апошняга дня месяца і зацягнуўся да 2 красавіка. Шмат хто з паслоў, калі не большасць, па ранейшаму лічылі Льва Сапегу адным з творцаў маскоўскай палітыкі, таму ахвочых накінуцца на вялікага канцлера Княства было больш чым трэба дзеля паважнага абмеркавання. У сваёй змястоўнай прамове канцлер адбіваў усе наскокі. Чарговы раз тлумачыў матывы выправы 1609 года на Смаленск і ганіў адкіданне ўкладу з баярамі, падпісанага гетманам Жулкеўскім у 1610 годзе. Выказваўся адносна няпраўнага прызначэння Смаленшчыны і Северскай зямлі.

Але як бы ні былі настроены паслы, разумелі, што лепшага камісара па сплаце запазычанасці «сталічным» жаўнерам, чым Леў Сапега, не знайсці. Была і прыхаваная зласлівасць у соймавай канстытуцыі: няхай даводзіць да належнага скутку горкія паследкі сваёй палітыкі. Сярод іншага адразу пасля Сойму канцлер заняўся ў Берасці выплатамі палку Яна Пятра Сапегі. Пасля смерці ўсвяцкага старасты ягоныя жаўнеры сталі такой жа карай для сваіх зямель, як былі для Масковіі. Не меншы клопат атрымаў ад Найяснейшага пана.

– Жаданнем нашым будзе, каб пан вялікі канцлер узяў у свае рукі ход соймікаў перад Віленскай Канвакацыяй. Хто ж апроч пана мог бы прыдацца дзеля направы скарбу Вялікага Княства.

Кароль не пытаўся, а сцвярджаў і тым самым загадваў.

– З ласкі Міласцівага пана, – пакланіўся Сапега. – Канвакацыя прызначана на лістапад, кастрычнік у такім выпадку быў бы самым адпаведным часам. Але займуся неадкладна.

Амаль як заўсёды ў Льва Сапегі, акцыя мела ўдалы для двара ход. Ліцьвіны, не чакаючы на восеньскі Сойм, ухвалілі новыя паборы і кароткі тэрмін складання значных сум належных войску.

– Адзіны, паны—браты, спосаб неяк пазбавіцца ад нашэсця ўласнага жаўнерства! – суцяшалі самі сябе ў непатрэбных але непазбежных тратах.

– Праўду баеш, вашмосьць. Маскаля чакаеш з усходу, а свой, не менш хцівы, налятае з усіх бакоў!– і гэта было для паноў—братоў неаспрэчным.

– Хоць нібы яснепан Леў Сапега ва ўсім вінаваты, але і направу сам ладзіць! – пад агульны рогат прагучала мудрая канклюзія.

Усё ж, каб сабраць грошы на выправу і сплаціць збунтаванае жаўнерства, Сойму давялося збірацца двойчы. Гетман Жулкеўскі прапаноўваў прывесці незадаволеных у пачуццё сілай, але кароль не пагадзіўся. Баючыся грамадзянскай вайны, падганяў Сойм ухваліць падаткі на жолд сканфедэраванаму войску. Трыста тысяч злотых на кампенсацыю гетману яшчэ нічога, а вось дзесяць мільёнаў войску гэта, пане—браце, лічба. Высветлілася, што тройчы памножаных пабораў мала, і Сойм аблажыў Карону шасцікротным падаткам, а Княства пяцікротным. Толькі клер, вялікі аматар крыжовых выпраў, не надта прыклаўся дапамогай. Трыста тысяч злотых не такі там высілак, калі адзін прымас, не збяднеўшы, выклаў пяцьдзесят тысяч.

І надзвычайны снежаньскі Сойм не мог даць рады справам, нагрувашчаным маскоўскімі выправамі і каралеўскімі марамі пра шведскую карону. Леў Сапега не здолеў прасунуць на маршалка пасольскай ізбы свайго сына Яна Станіслава, але больш дасведчаны літоўскі рэферэндар Аляксандр Гасеўскі быў здольны ўправіцца з дырэктарствам і стаяць за інтарэсы знясіленага Вялікага Княства.

Бо не гладка ішло на Сойме. Падцкоўваў нязгодных і далікатна патранаваў канфедэратам хітры і няўрымслівы Януш Радзівіл. Нястомны змоўшчык не сунімаўся, хоць стараннямі Льва Сапегі яшчэ падчас перабывання двара ў Вільні ў жніўні 1611 года, перапрасіў караля за ракашаванне. Адначасна паплечнік літоўскага падчашага Гербурт падбухторваў бунтаўшчыкоў на марш да Варшавы і выказваўся “пра іншага Пана”. Ізноў шмат гаварылася пра лёгкадумнае распачынанне вайны, пра зачэпкі татараў і турак у Малдове. Гетман Хадкевіч гараваў, што з—за недахопу цвёрдасці траціцца здабытае геройскай самаахвярнасцю.

– Такі, пане—браце, час, што спрэс жаўнер са зброяй па ўсім краі, толькі не на межах з ворагам, не на пазіцыях. А яшчэ горш, што жаўнер гэты не супраць ворага стаіць, а сам стаў ворагам Рэчы Паспалітай і яе насельнікаў.

Тры гады таму Леў Сапега з—пад Смаленска настройваў Януша Радзівіла супраць Вельзевула, як зваў Хадкевіча. Пад'юджваў супраць пераможцы падчашага ў рокашы і ведаў, што злосьць пакоціцца далей. І зараз менавіта інфлянцкіх жаўнераў гетмана вінавацілі можныя ў рабунках на сваіх добрах. Нядобразычліўцы і прыхільнікі каралеўскіх выпраў на Масковію згодам зайздросцілі гетману значнага ўзбагачэння.

Але сёння Леў Сапега, пры усёй варожасці да гетмана, падтрымліваў яго сваёй прамовай, дамагаючыся ад паслоў новых падатковых ухвалаў, неабходных для супакаення вайсковых канфедэратаў. Плоцкі біскуп Марцін Шышкоўскі* адважна бараніў караля, кажучы пра малое выдзяленне сродкаў, ухваленых па Смаленску. Заклікаў да крыжовага паходу гэтым разам на татараў і турак. У сукурс біскупу натхнялі шляхту француз італьянскай крыві Карл Ганзага дэ Нэвэрс* і аўстрыяк граф Міхаіл Адольф фон Альтман*. Кожны ў сваіх, зусім не суладных, інтарэсах. А кароль Жыгімонт па ранейшаму летуценіў Швецыяй.

Шведскі кароль, як то ў звычаі каралёў, таксама быў незадаволены. Данос выведніка з Масквы ад 13 красавіка паведаміў, што казакі выбралі Міхаіла супраць волі баяр, змусіўшы Пажарскага і Трубяцкога даць згоду пасля аблогі іх двароў. Па цвярозым роздуме Густаў—Адольф вырашыў у чэрвені 1613 года азвацца за абяцаным. Паведаміў Ноўгараду, што ўпаўнаважаныя ад Наўгародчыны і ўсяго Маскоўскага гаспадарства павінны з'явіцца ў Выбарг, куды выпраўляе брата Карла—Філіпа.

Але 9 ліпеня прынца сустракала толькі невялікае наўгародскае пасольства на чале з архімандрытам Кіпрыянам*. Як кажуць, хто не паспеў, той спазніўся. Карл—Філіп зразумеў сітуацыю і вярнуўся ў Стакгольм.

Паколькі пасярэдніцтва Аўстрыі ў замірэнні з Рэчай Паспалітай не дало выніку, ваяводы Дзьмітрый Чаркаскі ды Міхаіл Бутурлін адагналі войска Жыгімонта ад Калугі, вызвалілі Вязьму, Дарагабуж, Белую, аблажылі Смаленск.

Земскі ўрад адступіўся ад настаўлення Мініна і Пажарскага – не ваяваць адразу з двума непрыяцелямі, і цяжка заплаціў за памылку. У самы разгар баёў пад Смаленскам, у верасні 1613 года, пад Ноўгарад павёў на шведаў пяць тысяч ратнікаў няздатны Дзьмітрый Трубяцкой. Шведы спынілі маскавітаў ужо ля Бронніц, і цар дазволіў адступіць, але пры адыходзе войска панесла вялікія страты не толькі ад зброі, але і ад холаду—голаду.

Шведскі фельдмаршал Эверт Горн вагаўся вызначыць сабе далейшую задачу. Калі верыць выведцы, ад караля Жыгімонта бліжэйшым часам пагрозы не чакалася ані шведам ані Масковіі. Выправы на Маскву давялі скарб Рэчы Паспалітай да поўнага заняпаду.

– А бяз грошай, панове, ніхто нічога не здолее, – усміхнуўся да сваіх афіцэраў фельдмаршал, добра абазнаны з грашовымі дачыненнямі ў войнах.

– Што ж прадпрымаць нам? – адказ, несумненна, цікавіў усіх прысутных. – Час яшчэ дазваляе паспець да Масквы.

Фельдмаршал паслаў маладому стратэгу паблажлівую, але прыязную ўсмешку. Сам прыкідваў, ці варта ўрывацца ў галодную Маскву акурат пад зіму.

– Спакуса ёсць, – прызнаў Горн. – Войска маскавітаў супраць нас не выстаіць. Але мы не ўтрымаем такую значную тэрыторыю наяўнымі сіламі. Не хацелася б спазнаць досвед жыгімонтавых жаўнераў, – ён здзекліва ўсміхнуўся.

Старэйшыя чынам і досведам ухвальным гулам падтрымалі камандуючага.

– Траціць жаўнераў у змаганні з раздробленымі атрадамі, не атрымліваючы поспеху ў галоўным, не акупіцца, – заўважыў адзін з іх.

– І гэта істотна! – падкрэсліў фельдмаршал. – З папаўненнем будзе цяжкавата. Маскавіты да нас не пойдуць. Але важней тое, што мір патрэбен і нашаму каралю. Прынамсі на нейкі час.

Фельдмаршал павярнуўся да ад’ютанта.

– Менавіта пра гэта нам піша канцлер.

Поўная, ледзь не намацальная цішыня сведчыла пра глыбокую павагу да думкі Аксэля Оксэнштэрны*, маладога але выключна здольнага канцлера. Афіцэр беражліва разгарнуў ліст і прачытаў папярэдне ўзгоднены ўрывак.

“Кароль польскі без крайняй неабходнасці не адмовіцца ад сваіх правоў на шведскі прастол, а наш пан не можа заключыць міра раней, чым Жыгімонт прызнае яго каралём шведскім: такім чынам з Рэчай Паспалітай нечага спадзявацца моцнага міру альбо перамір’я. Весці ж вайну адначасна з Рэчай Паспалітай і Масквою не толькі неразумна, але і проста немагчыма…” Горн даў час на ўсведамленне і не замінаў афіцэрам абмяняцца ціхімі заўвагамі. Прамовіў тонам загаду: – Гэтым і будзем кіравацца ў сваіх дзеяннях. Замацавацца на захопленым, весці глыбокую выведку, трымаць Масковію ў сталай няпэўнасці, у адчуванні пагрозы. І па магчымасці сваімі дзеяннямі сварыць яе з каралём Жыгімонтам, што, на маю думку, будзе не цяжка. Я думаю, пан Хёк падзяляе маю думку?

Фельдмаршал усміхнуўся да свайго выпрабаванага войнамі таварыства і асобна да здольнага выведніка. Рэч Паспалітую пасварыць было не цяжка. Над ёю вісела пагроза новага рокашу і грамадзянскай вайны. Пасля маскоўскай авантуры праз Вялікае Княства вярталіся не палкі і харугвы, а прывыкшыя да гвалту і разбою орды. Завязаліся вайсковыя канфедэрацыі ў Львове, Бярэсці, Быдгашчы, ніхто і нідзе не чуўся бяспечным: ані сяляне, ані шляхта, ані месцічы. Саму Вільню, дзе перабывала каралева, трэба было бараніць ад нясплочаных атрадаў смаленскага гарнізону. Змаганне з гэтай навалай лягло на плечы вялікага канцлера Сапегі цяжкім бярэмем і падзяліць яго з ім ніхто не квапіўся.


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19
  • 4.6 Оценок: 5

Правообладателям!

Данное произведение размещено по согласованию с ООО "ЛитРес" (20% исходного текста). Если размещение книги нарушает чьи-либо права, то сообщите об этом.

Читателям!

Оплатили, но не знаете что делать дальше?


Популярные книги за неделю


Рекомендации