Электронная библиотека » Коллектив авторов » » онлайн чтение - страница 12


  • Текст добавлен: 11 декабря 2018, 23:20


Автор книги: Коллектив авторов


Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза


Возрастные ограничения: +16

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 12 (всего у книги 28 страниц)

Шрифт:
- 100% +

– Гарбаткі б… – летуценна прымружвае вочы.

– Скончылася, – паведамляю я помсліва. – Забыўся? Так што нямай свой цукровы юм, падшыванец.

А, ды што і казаць. Яго ж аніяк не прашыбеш. Гіз толькі ўсміхаецца, паднімаецца на ногі і ляпае мяне па галаве.

– Скажу святару, што прыляцелі,– кажа ён, шчоўкаючы гузікам аўтапілота. – Правер пакуль агульныя паказальнікі.

Я моршчуся і з непрыязнасцю гляджу на паверхню спадарожніка. На пунсовых скалах пад намі заўважныя нейкія лініі. Занадта ўжо правільныя, занадта роўныя.

Карабель заўважна патрэсквае. І гэта дзіўна. Я старанна правяраю прыборы, што шалеюць і заліваюцца віскам, і лаюся напаўголаса: Гіз, відаць па ўсім, зноў не правёў належную каліброўку перад стартам. Калі верыць звар’яцелым прыборам, бабулька Асоль нясе ўдвая болей пасажыраў.

– Ёлупень, – бурчу я сярдзіта. Асоль дрыжыць, быццам у ліхаманцы. Па прыборнай панэлі бокам з’язджае кій бацькі Кэркі. Я працягваю руку, каб злавіць яго, і натыкаюся на цяжкі пагляд раманары.

– Нічога такога я не раблю, – кажу я, адшморгваючы руку. Яшчэ не хапала колькі пальцаў пакінуць у зубах у гэтага зласлівага дробнага монстра.

Чуваць, як равуць і адключаюцца рухавікі. Асоль цяжка садзіцца, паднімаючы клубы пылу. Я, уздыхаючы, сканірую мясцовасць і, ужо заадно, яшчэ раз правяраю прыборы. Прабягаю вачыма шэрагі зыркіх значкоў на экране, пазяхаю і нечакана натыкаюся на сёе-тое цікавае. Аж занадта цікавае.

На караблі ў нас сапраўды ўдвая болей пасажыраў. Стыковачны шлюз актываваны, і да нас, як п’яўка, прыляпіўся невялікі чаўнок з незнаёмым электронным подпісам.

І думкі б’юцца шалёна, пераскокваюць адна праз адну. Няўжо прычапіліся яшчэ ў касмапорце? Скажам, тады, калі і мне, і зямляніну загаворваў зубы той шчарбаты Чэска?

– Гіз! – віскліва крычу я ў камунікатар. У горле суха, голас падводзіць, ламаецца. А гэты дурань, вядома, не чуе. Ніколі не чуе, калі сапраўды трэба.

Я, быццам ашпараны, ускокваю, спатыкаюся на незадаволенага раманары, лаюся гучна і брудна і раптам разумею, што пагрозліва рыкае звер зусім не на мяне. У рубцы стаяць трое дужых зямлян на чале з тым, з касмапорта. І той усміхаецца, і ўсмешка ў яго такая ж няўдалая, са шчарбінкай.

– Выдатна, маленькі пацук, – кажа гэты хам. – Усё-такі заўважыў наш чаўнок, значыць? Вельмі своечасова.

Раманары рыкае гучней, з непрыхаванай нянавісцю, і Чэска, скрывіўшыся, лезе ў кабуру. Я сутаргава паводжу плячыма і адступаю назад. Толькі вось адыходзіць асабліва няма куды – ззаду прыборная панэль, на якой вішчыць, заходзіцца трывожная жоўтая лямпачка.

– Ты на маім караблі, Чэска, – выразна і гучна прамаўляе Гіз, з’яўляючыся ў дзвярным праёме. – Трымай свае граблі пры сабе.

Чэска голасна смяецца. Нікому больш, праўда, не весела.

– Брацюня, – кажа ён. – Я б ніколі ў жыцці не палез у гэту лятучую кучу смецця, калі б не вострая патрэба.

З-за пляча Гіза відаць зусім шэрага ад спалоху святара Кэркі. Вочы ягоныя, вялікія, пунсовыя, глядзяць непаразумела, здзіўлена.

– Мне замовілі адну рэч, – працягвае Чэска. – Я ж табе казаў, так? Як высвятлілася, гэту самую рэч я ніяк не магу дастаць без дапамогі мясцовых жрацоў. Вось таго. Раніцай наняў аднаго пілота-зямляніна і яго вучонага пацучка.

– Эй! – абураюся я. Не так гучна, як трэба было б: у шчарбатага і яго прыяцеляў серабрыста пабліскваюць у руках цяжкія бластары. Адзін скіраваны энергетычны імпульс – і бывай назаўжды гэты свет. А жыць мне пакуль яшчэ падабаецца. Чамусьці.

– І ты вырашыў скарыстаць мяне, – суха кажа Гіз. – Пралезці на мой карабель. Міла.

Апошняе слова ён выплёўвае з непрыхаванай агідаю. Прыблізна так звер каўу-тпаі плюецца атрутнай слінай.

– А што? Мог бы згадзіцца адразу, – пірат разводзіць рукамі.– Усім нам было б прасцей.

Яго прыяцелі змушана смяюцца, а шчарбаты весела падміргвае святару:

– Абавязкова падыму кілішак за цябе і ўсіх тваіх бостваў, дзядуля.

– Якое ваша права здзеквацца са святога… – ускіпае святар Кэркі, але Чэска спрытна падымае бластар і выстрэльвае ў сцяну побач з галавой старога. Той імгненна заціхае, толькі разгублена лупае агністымі вачыма.

– Замова ад вашага ж яйрэнскага чыноўніка, – холадна заўважае Чэска. – Так што будзь цацай, дзядуля, і адкрый нам храм. А то як бы чаго нядобрага не выйшла.

З калідора паказваецца мурзатая кагская дзяўчынка са скруткам цукерак. Мала ўвагі звяртаючы на ўзброеных зямлян, яна ўпэўнена крочыць проста ў рубку, да раззлаванага раманары.

– Гаэл, – ласкава лапоча дзяўчынка. – Канна і ціяда да’ала?

Чэска ўхмыляецца, хапае дзяўчынку за шкірку і прыстаўляе бластар да яе галавы.

– Ну? – кажа шчарбаты. – Дзядуля, вырашай давай. А то ў мяне пальчык можа і саслізнуць. Нечакана так. Незнарок.

У святара Кэркі закочваюцца вочы, і святар павольна абсоўваецца на падлогу. Чэска раздражнёна сплёўвае.

– Вось жа…

Я бачу твар Гіза – і разумею, што цяпер адбудзецца штосьці вельмі-вельмі дрэннае. А толькі што мне здавалася, што горш быць не можа.

– Гіз, не трэба ўвязвацца, – настойліва шапчу я, матаючы галавой, а гэты зямлянскі дурань ужо скача на пірата, як дзікі трохногі дайюр.

– Н-н-навалач! – раве і суне шчарбатаму ўпрост у здзіўлены твар кулаком.

Дзяўчынка верашчыць, коціцца ўбок. Пальчык у ашалелага Чэска сапраўды слізгае, і той выстрэльвае з бластара – праўда, у сцяну. Выстрэльвае зноў – і зноў атрымлівае ў твар, губляе зброю, лаецца і хрыпіць. Двое іншых зямлян спрабуюць адцягнуць Гіза ад свайго капітана, але занадта замінаюць адзін аднаму, каб гэта зрабіць.

– Гаэл! – крычыць дзяўчынка, і чуваць па голасе, што загадвае.

Раманары закідвае галаву, вые жудасна, так, што аддаецца ў мяне ў галаве. Вые і, увесь у пене, у ззянні, раптам вырастае на вачах да пачвары памерам з двух зямлян, якім, дарэчы, грэх скардзіцца на рост. Гэтая жудасная пачвара б е хвастом па прыборнай панэлі і прыдушвае дваіх разгубленых піратаў да падлогі па адным на кожную лапу. Прыборы іскраць, сірэна ўсё галосіць, а бабулька Асоль незадаволена крэкча. Карабельны камп ютар задумваецца на хвілінку і, да ўсяго, уключае супрацьпажарную сігналізацыю мабыць, не лёс мне сёння канчаткова высахнуць.

– Каб табе, – хрыпіць Чэска пад локцем Гіза. – Каб табе…

Адно вока ў яго ўжо заплывае, а ў роце не стае яшчэ аднаго зуба: забаўнік Гіз прымудрыўся ў такі кароткі тэрмін як след засвяціць яму.

Асабіста я прынцыпова супраць усякага гвалту. Я цвёрда перакананы, што цывілізаваныя істоты ніколі не пачнуць вырашаць пытанні банальным біццём мордаў, нават і зямлянскіх. Праблемы можна і трэба вырашаць інакш – вось што мне патлумачылі яшчэ ў раннім дзяцінстве. Гэта, каб вы ведалі, называецца належным выхаваннем.

Таму я на дыбачках падыходжу, акуратна пераступаючы цераз доўгія зямлянскія ногі, і падымаю з падлогі пірацкі бластар. І – на ўсякі выпадак – наводжу яго на вельмі ціхага зараз і нават нявіннага з выгляду Чэска. Гіз, трымаючыся адной рукой за рэбры, паволі выпростваецца, моршчыцца.

Святар Кэркі ўжо апрытомнеў, таксама павольна падымаецца, і рукі ў яго дробненька дрыжаць.

– Піраты, – абурана кажа стары. – Але хто… хто ж вас наняў… навошта?!

– Так я табе і сказаў,– злосна адказвае Чэска.

Я недвухсэнсоўна ківаю на бластар у маёй руцэ. Пірат хмурыцца. Ён істота нецывілізаваная, як і ўсе зямляне, але нішто так не натхняе на шчырасць, як накіраваная ў лоб руля бластара.

– Усе гэтыя кага на адзін твар, – кажа пірат неахвотна. – Ну, проста нейкі тып з гарадской адміністрацыі. Напэўна, спусціў грошы ў карты, а зараз трэба вярнуць у бюджэт. А тут статуя, бачце. Якая даражэйшая за ўсю вашу дурную планету.

– Стату… – шэпча Кэркі і раптам выбухае: – Статую Вялікай?! Любая Багіня, гэта ж блюзнерства! І каб чыноўнік… неверагодна!

Мяркуючы па маім асабістым вопыце знаёмства з чыноўнікамі розных рангаў па ўсёй Галактыцы, не так ужо гэта і неверагодна.

– А яшчэ той тып даў нам ключык. – Чэска пакруціў носам. – Толькі без святарскай паловы, сказаў, не спрацуе. Ну, я і падумаў…

Раманары шыпіць пагрозліва. Чэска па-пакутніцкі глядзіць у столь, здымае з рукі тонкі металічны бранзалет і раздражнёна кідае яго побач з сабой. Мурзатая дзяўчынка імгненнем ажыўляецца, падыходзіць і хапае бранзалетку. Раманары зноў вые, але ўжо іначай. Радасна, здаецца.

– Гаэл, – строга кажа дзяўчынка. – Цішэй, калі ласка.

Звер аглядаецца на яе і імгненна памяншаецца да ранейшых памераў. Вызваленыя піраты, вохкаючы, адпаўзаюць да далёкай сценкі, імкнучыся не прыцягваць увагі. Не магу іх вінаваціць: сам бы ахвотна запоўз у ціхае і спакойнае месца.

Дзяўчынка, праходзячы каля старога святара, рэзка чапляецца пальчыкамі за ягоны амулет. Ланцужок не вытрымлівае, і ззяйкі метал застаецца ў дзіцячай далоньцы.

– Зараз код, – мармыча дзяўчынка і пстрыкае бранзалетамі. Дзве металічныя пласціны імгненна спалучаюцца, счэпліваюцца, як два кавалкі мазаікі, але на паверхні не застаецца і следу ад стыку. Яшчэ дотык тонкіх пальчыкаў – і ў гладкім метале загараюцца раней незаўважныя зыркія знакі.

– Йіла! – ускрыквае Кэркі здзіўлена. – Мілае дзіця! Што… што тут адбываецца? Багіня…

Паверхня спадарожніка ідзе доўгімі расколінамі, раскрываецца, быццам агромністы бутон. Пад вусцішнае мернае гудзенне Асоль апускаецца кудысьці ў цемру. Салата з забягалаўкі Амальтэ падкочваецца да майго горла і пераканаўча просіцца на выхад.

– Прыехалі, Машу вашу, – бадзёра, хоць і шапялява кажа Чэска.

– Йіла! – паўтарае Кэркі, зараз – з адценнем слёзнай просьбы. Дзяўчынка холадна ўсміхаецца.

– Гэта не натуральны спадарожнік, – кажа яна павучальна. – І храм – гэта не храм. Продкі кага не ведалі такіх тэхналогій, істота. Усё гэта – касмічная станцыя. І адзін няўдалы эксперымент. Вы ўсе – няўдалы эксперымент.

Раманары, чапляючыся кіпцюрамі за патрапаную сукенку, узбіраецца ёй на плячо, і дзяўчынка пяшчотна гладзіць звярка па галаве.

– Пачакай, – я вырашаю ўмяшацца. – Касмічная станцыя? Што за лухта? Адкуль табе тое ведаць, малая?

Словы застаюцца комам у горле. Глядзіць яна зусім не як дзіця. Глядзіць і ледзь заўважна ўсміхаецца – як дарослая, нават старая жанчына. Жудасна старая жанчына.

– Я была тут, – проста адказвае дзяўчынка. – Даўно. Мы вывучалі гэту прымітыўную планетку. Выводзілі новую разумную расу. Вось іх.

Яна ківае на ўражанага Кэркі. Пасля зноў пстрыкае бранзалетам, і цемра вакол нашага карабля расквечваецца тысячамі зыркіх лямпаў. Я прыпадаю да ілюмінатара. Падобна да таго, што мы ўсярэдзіне велізарнага ангара.

– Зараза! – вычарпальна каментуе Чэска. Гіз цяжка дыхае і глядзіць сабе пад ногі.

– Карабель?.. – шапчу я, не верачы.

Яшчэ саплівым школьнікам, які не мяняў футра, я чуў пра Даўніх. Чытаў пра іх з апантанай цікаўнасцю. Пра тых, што перасякалі зорныя абшары, сягаючы далей, чым хто-небудзь яшчэ. Тых, што з’явіліся раней за іншых, нават за сірыян. Тых, што прыйшлі з нязведанага, таемнага, жудаснага Чорнага Космасу і ў ім, у рэшце рэшт, зніклі. Пакінулі пасля сябе толькі руіны пад вечным лёдам на некаторых аддаленых планетах ды рэдкія запісы ў старадаўніх летапісах.

Лухта. Даўнія жылі тысячы гадоў таму.

– Я была тут, калі ўсё пайшло не так, – вельмі сур’ёзна патлумачыла дзяўчынка, і на мурзатым тварыку ў ёй – цукар ад цукровага юма. – Экспедыцыя тут, на планеце. Сутычка з дзікунамі… капітан і яшчэ трое загінулі. Капітанскія ключы кудысьці пацягнулі. У мяне атрымалася схавацца… асіміляваць. Жыць, хай сабе ў розных целах. На жаль, недасканалых, туземных. Акрамя таго, іх вера ў боскасць Трэцяга спадарожніка была мне на руку. Інкарнацыі Багіні, так яны мяне называлі. Сотні гадоў пошукаў – і толькі адзін ключ вярнуўся да мяне.

Яна змрочна зірнула на агні.

– Цяжка было дапамагаць дзікунам развіць тэхналогіі да належнага стану, – працягвае дзяўчынка. – Яны ніколі б не паляцелі б сюды, калі б ведалі праўду. Ці паляцелі б, каб расцягнуць усю станцыю па кавалачках. Як гэтыя…

Яна ківае на Чэска. Той робіць вялікія вочы і спрабуе адсунуцца яшчэ далей.

– Іх рэлігія, іх вера была маёй абаронай. Раз у трыццаць гадоў, у гэта праклятае свята я прылятала сюды… безнадзейна. Сістэмы нельга было актывізаваць толькі з адным ключом. І вось, нарэшце…

Дзяўчынка змаўкае. На тварыку бачныя слёзы.

– Я змагу адправіцца дахаты, – кажа яна. – Прэч адсюль. Нарэшце.

– Дык вы падманвалі ўсіх гэтых мясцовых? – пытаю я. – Прымусілі верыць у нейкую лухту дзеля сваёй выгоды… выкарыстоўвалі іх… целы? Гэта ж агідна, як ні павярні.

– Усё адно, – цвёрда адразае дзяўчынка. – Мне ўсё адно, істота. Я хачу дахаты, далей ад гэтай гідкай планеты і яе гідкіх насельнікаў.

Кэркі, глынаючы слёзы, валіцца на калені.

– Любая! – святар цягне да яе рукі.– Не пакідайце нас! Мы заўсёды верылі, што багі ахоўваюць нас! Што Багіня…

– Дзякуйце Багіне, – кажа дзяўчынка, крывіць пульхныя губкі.– Што я не стану знішчаць ваш брудны свецік.

Яна лёгка паводзіць плечуком, быццам скідаючы ранейшае аблічча. Зараз яна галавы на дзве вышэйшая і ніколькі не падобная да маленькай кага, а вочы яе – яркія, жоўтыя, як у раманары, – цьмяна свецяцца.

– Дзеля багоў! – Кэркі кідаецца ёй у ногі, і Йіла, што так рэзка змянілася, што так нечакана вырасла, грэбліва адштурхвае яго.

– Няма ў вас ніякіх багоў,– злосна кажа яна. – Няма і не было, істота.

– Але ж вы – іх багі,– кажа Гіз, па-ранейшаму трымаючыся за рэбры. – Можа, яны не тых абралі? Дык вы самі вінаватыя, з вашымі дурнымі эксперыментамі. І зараз не вам вырашаць, верыць ім ці не. Або ў што іменна ім верыць?

Вечна ён меле ўсялякае глупства, не да часу і зусім недарэчна. А гэтую жаўтавокую асобу, здаецца, раззлаваць надзвычай проста – бач, як нахмурылася. З Даўніх яна ці не, але згусткі зыркага полымя на кончыках яе пальцаў мяне надзвычай непакояць. Такая ж па сценцы гэтага ёлупня размажа – і не паморшчыцца нават. А дзе я пасля ў Кага-яйрэн прыстойнага першага пілота знайду?

– Ім не багі дапамагаюць жыць у галечы і брудзе, – усё гне сваё ўпарты Гіз. – А вера. І гэтага вам у іх не адабраць, нават калі вераць яны ў вас.

Гляджу я – і вачам не веру: рукаў камбінезона ў Гіза цямнее. Нядобра так цямнее. Чэска ўсё-такі не зусім прамазаў, відаць.

– Ідыёціна! – гэта я яму крычу. – Ты што робіш… ты ж… у цябе ж…

А гэты гадаванец зямлянскі белы-белы ўжо, як смерць. І хістаецца.

– Вера? – з’едліва перапытвае жаўтавокая. – Ім, па-твойму, дапамагае вера, істота?

– Усім трэба ў нештра верыць, – шэпча Гіз. – Усім трэба… верыць.

Зразумелая справа, тут каленкі ў яго ўжо падкошваюцца, таму што, сапраўды, як можна так легкадумна ставіцца да раненняў? Я, лаючыся пад нос, лезу ў аптэчку па бінт ды аэразоль «Антышкода». Добра б яшчэ якасны стымулятар укалоць, толькі дзе ж тут гэтаму быць. Ды і на зямлян сірыянскія стымулятары дзіўнавата дзейнічаюць. Да зялёных чалавечкаў, во наколькі дзіўнавата.

Тут жаўтавокая раптам пляснула ў ладкі.

– Так, – кажа. – Ты… вы маеце рацыю.

Раманары з яе пляча як шмыгне, Гізу аб нагу зацёрся і пішчыць штосьці сваё, раманарынскае. А жаўтавокая падыходзіць да гэтага землянскага дурня, кладзе руку на плячо і шэпча штосьці. І бачу я: вакол яе рукі праблісквае блакітная іскрыстая паўсфера.

– Вам будзе лепш, – кажа жаўтавокая. – Гэта… лячэнне.

Я сапу з абурэннем. Усе мае старанні наконт бінтоў і лекаў нечакана блякнуць на гэтым фоне і апынаюцца непатрэбнымі. Акрамя таго, не падабаецца мне, як гэта жаўтавокая нявысветленая іншапланецянка на Гіза глядзіць. Як на рэдкую жамярынку для калекцыі.

– А гэтыя, – жаўтавокая глядзіць на святара Кэркі і ўздыхае. – Яны… няхай вераць. Так?

* * *

…Усё-такі няма ва ўсёй Галактыцы горшага месца за Кага-яйрэн. Самі мяркуйце: бясконцы дождж, адвечная смуга, заўсёдныя рытуальныя шэсці. Пабудзеш тут дзень – і да вечара ванітаваць пачнеш ад усіх гэтых агнёў, званочкаў і гугнявых спеваў. І ад кепскай ежы – таксама будзеце ванітаваць. Літаральна.

– Амальтэ, – кажу я, круцячыся на залішне высокім для мяне крэсле. – Амальтэ, гэта ж невыносна…

– Што, мой шаноўны? – пытае Амальтэ, ахінаючы сябе жэстам Трохпоўні.– Сягоння вялікае свята. Жрацы кажуць, Трэцяя поўня нам ззяла. Добры знак. Добра жыць будзем, мой шаноўны.

Я ўнікліва пампую галавой. Дарма яны так моцна хвалююцца за ззянне сваіх спадарожнікаў замест таго, каб проста прыбрацца.

Раманары Гаэл, жмурачыся ад задавальнення, ружовым язычком сёрбае малако з вялікай міскі. Жаўтавокая Йіла злева ад мяне разняволена перагортвае турыстычны даведнік. Цікавіцца, бач ты.

– А ты вось чаго за намі пацягнулася? – злосна буркаю я пад нос. Але ў гэтай іншапланетнай ведзьмы слых, як у начнога звера кхта-йлу.

– Усім трэба ў нешта верыць, – цьмяна адказвае яна, адпраўляючы ў рот зацукраваны юм.

Вось і пагавары з ёй, ніякіх нерваў не хопіць. А я, не магу не заўважыць, дыпламаваны пілот міжзоркавых пералётаў В-класа. Мяне трэба паважаць і берагчы.

Дзверы бразгаюць. Ізноў гэтыя клятые кагскія званочкі.

Мы з Йілай адначасова паварочваемся.

– Дзе цябе насіла, ёлуп, – бурчу я.

Раманары перастае піць малако, таксама глядзіць на дзверы. Кончык ружовага язычка звер прыкусіў і выглядае вельмі пацешна.

– Ёсць выдатная місія, – паведамляе Гіз радасна. – Толькі варушыцеся.

– Гэта яна па-твойму «выдатная», – бурчу я, спаўзаючы на падлогу з крэсла.

– Пачалося, – чмыхае Йіла, кідаючы Амальтэ некалькі звонкіх манет. Гаэл, хутка перабіраючы лапкамі, залазіць ёй на плячо і кпліва сушыць вострыя зубы.

– Ды ўсё будзе добра, – у які раз тлумачыць мне гэты дурны зямлянін. – Праўда, Клёнік?

Я ківаю. Я, як ні дзіўна, практычна веру яму.

Проста кожнаму трэба ў нешта верыць.

Радыёмаўчанне

Колькі ўжо мы лётаем, а з камісарам Джо кожнага разу – адна і тая ж гісторыя. І камісар ведае выдатна, што ў нас кантрабандны акарскі шоўк, ці сіліронскія спецыі, ці яшчэ што забароненае на борце, і мы – я ды Гіз – ведаем не горш, што яна ў курсе нашых перавозак. І ўсё адно:

– Борт А550L, асабісты нумар 118sj014, зайдзіце на пасадку.

– Камісар, – кажа Гіз у слухаўку і мне падміргвае. – Тэрміновая місія, можа, у наступны раз?

– Борт А550L, асабісты нумар 118sj014,– душэўна адказвае камісар. – Без гэтых вашых жарцікаў папрашу!

Ну, тут мы – без жарцікаў – ідзём на пасадку на станцыю квадранта S-407. Месца тут бойкае, некалькі тысяч адных службоўцаў, колькі вайскоўцаў-кантрактнікаў для патрулёў і цэлая прорва гандляроў. У гэтым квадранце хапае жылых зорных сістэм, так што таваразварот вялікі. А дзе грошы і грувасткія, у некалькі секцый грузавікі – там, вядома, і піраты. Міла тут, адным словам.

Стыкуемся мы, выходзім у ангар – а там, вядома, і сама камісар. Звычайна з ручным сканарам ці нечым тыпу таго. Так быццам бы больш афіцыйна выглядае, напэўна.

– Выдатна, кантрабандысты, – кажа камісар з’едліва. – Ну, што сёння?

Я на гэта заўсёды імкнуся як мага лагодней усміхацца – так, як Гіз. Бяда толькі ў тым, што зямлянская ўсмешка ў мяне папросту не атрымліваецца: у нас, сірыян, да трох соцень год вырастае каля пяцідзесяці двух іклаў (плюс-мінус два), так што паказваць прыязнасць такім чынам трохі праблематычна. Прынамсі большасці зямлян няўцям, што гэта – прыязнасць.

Праўда, камісар вечна раз’юшваецца, калі я заву яе зямлянкай. Яна, бачыце, вырасла на акіяферме на адным са спадарожнікаў гэтага іх Юпітара, а на Зямлі была толькі аднойчы, і то – на школьнай экскурсіі. Ну, на мой густ, паміж зямлянінам-Гізам і ўраджэнкай юпітэрыянскага спадарожніка наогул ніякай розніцы. Па шчырасці, мне вельмі доўга ўсе зямляне падаваліся на адзін твар.

Дык вось, звычайна камісар пытае, што ж гэта такое мы сёння вязём. А мы з Гізам, канешне, робім вялікія вочы, машам рукамі і ўсяляк імкнемся пераканаць яе, што кантрабандай наогул ніколі не займаліся. Больш за ўсё гэта падобна на рытуальны танец кха-но-йоо на маёй радзіме: так, калісьці даўно ва ўсім гэтым быў сэнс, калісьці ад гэтага, магчыма, нават была нейкая карысць, але зараз гэта выключна забаўка для ўдзельнікаў.

Гіз не аматар распавядаць пра сваё мінулае, але неяк атрымалася з яго выцягнуць, што ён з братам камісара вучыўся ў зямлянскай Акадэміі касмалётчыкаў. А брат камісара, як я зразумеў,– адзін з тых зямлян, каму ў пары-тройцы сістэм помнікі ўсталяваныя. «Заваёўнікам Іркалы» – так, здаецца, называюцца. На кожным пастаменце старамодная пузатая ракета і цьмяная сярэбраная зорачка. І дзеля такога варта было скараць гэту іх Іркалу, называецца…

Пасля звычайных спрэчак у ангары (кантрабанда? ды якая кантрабанда, вы пра што?) мы ўтрох ідзем у мясцовы бар. Бар – даволі гучная назва. На самай справе гэта кепская сталоўка з маркотным шасцірукім чаплакам за стойкай. Чаплакам прырода падарыла дзівосны набор канечнасцяў, але ўсе яны – у пераважнай большасці выпадкаў – растуць, відавочна, не з належнага месца. Такіх бяздарных і нязграбных істот Галактыка не бачыла.

– Даруйце, – загадзя просіць прабачэння чаплак і ставіць перада мной запатнелы куфаль з дымлівым гакер-ткла. Я своечасова паспяваю падхапіць свой напой, і чаплак з палёгкаю ўздыхае: гэта ягоная трэцяя спроба падаць мне напой. Дзве папярэднія ён, з відавочнай агідаю схапіўшы швабру, ідзе прыбіраць. Добра хоць, станцыі ў гэтым квадранце мультыкультурныя, так што просьба прыгатаваць што-небудзь з сірыянскай кухні не выклікае забабоннага жаху ў персанала.

Камісар і Гіз амаль і не размаўляюць. Проста сядзяць сабе побач і маўчаць. Калі б я не ведаў, наколькі зямляне абмежаваныя ў ментальным плане, вырашыў бы, што тут справа ў тэлепатыі. Але чаго няма, таго няма. Гіз глядзіць на блікі ад лямпаў у сваёй шклянцы, камісар, зажурыўшыся, вывучае бойкую галаграфічную рэкламу.

– У памяць пра герояў Пакарэння Іркалы! – кажа зямлянскі дыктар, усміхаючыся. З-за нізкай якасці галаграмы ўвесь малюнак прачэрчваюць тонкія цёмныя палосы. – Іх імёны мы памятаем заўсёды! У гонар гадавіны Пакарэння! Замоўце інфаблок пра свайго сваяка, што загінуў на Пакарэнні!..

Я кручуся на крэсле. Я наогул мала што ведаю з зямлянскай гісторыі. Урэшце, я пілот міжзоркавых пералётаў В-класа, а не ксенагісторык які-небудзь. Ведаю, вядома, што было ў іх на Зямлі шмат усялякіх там войнаў, яшчэ да таго, як яны ў космас выйшлі нават. Але Пакарэнне – гэта іншае. Штосьці наконт чорнай дзіркі, быццам бы.

– Гіз, – кажу я. – Іркала – гэта ж чорная дзірка, а?

– Ага, – Гіз ківае і адпівае са шклянкі.– Чорная-чорная, Клёнік.

Вечна ён са мною быццам з маленькім. А я, між іншым, нават і па зямлянскім меркам, старэйшы.

Камісар пасмейваецца.

– Ты падобны да футравай цацкі, калі злуешся, Ікара.

– Вось ужо чыйго меркавання ніхто не пытаў! – бурчу я пад нос. Камісар працягвае руку і набірае штосьці на пульце галаграмера. Усмешлівы дыктар запінаецца і знікае. Замест яго з’яўляецца расплывісты шызы сілуэт – праграма-гід.

– Дабрыдзень, – рыпае праграма. – Версія «Делюкс 1.1» будзе вашым гідам у свеце фактаў. Ваш запыт «Іркала». Прашу ўдакладніць.

– Іркала, – кажа камісар і падміргвае мне. – Чорная дзірка.

Гід міргае.

– Запыт пацверджаны, – паведамляе праграма. – Запіс: «Іркала, яна ж GRS 1124-683 (X-ray Nova Muscae 1991, GU Mus) да ператварэння. Зорка, што зрабілася чорнай дзіркай за нечакана кароткі адрэзак часу (каля 20 стандартных зямных гадоў). Для вывучэння гэтага аб’екта і высвятлення ўзроўня яго небяспекі Кангрэс накіраваў да Іркалы лепшых навукоўцаў. Пасля некалькіх гадоў вопытаў былі атрыманы фенаменальныя дадзеныя: чорная дзірка падавала радыёсігналы. Быў сфармаваны атрад з дваццаці двух караблёў, пазней названы «Пакаральнікамі Іркалы», для даследавання аб’екта знутры. Сувязь з пілотамі страчаная на трэці дзень. Жывых няма. Радыёсігнал прыпыніўся. Пакарэнне Іркалы – адзін з самых трагічных эпізодаў у асваенні чалавецтвам глыбокага космасу…»

– Гэта значыць, – булькаю я. – Вы яе так і не пакарылі?

Камісар моршчыцца.

– Ты, Ікара, разважаеш дробна…

– Я разважаю лагічна, – пакрыўджана выпраўляю я Джо, адстаўляючы пусты куфаль. – Калі тыя, першыя, так і не вярнуліся, значыць, нічога яны не скарылі. Глупства ўсе гэтыя мемарыялы.

Джо ўзводзіць позірк да столі. Гіз хмыкае.

– А па-твойму, Клёнік, – кажа гэты зямлянскі дурань. – Яны павінны былі кожны па кавалачку чорнай дзіркі ў кішэню пакласці? І дахаты прывезці?

Я паціскаю плячамі.

– Напэўна. Ці, скажам, перадаць дадзеныя. Калі быў радыёсігнал. Што за радыёсігнал, дарэчы? Каардынаты, ці што?

Гіз хітае галавой.

– Клёнік, – мякка заўважае ён. – Пакарэнне Іркалы – гэта ідэя. Мара. Ад мары цяжкавата адарваць кавалачак, як думаеш?

Гэтыя мне іх зямлянскія штучкі. Мара ў іх, разумееце: закінуць цэлую флатылію ў чорную дзірку і паглядзець, што з гэтага атрымаецца. Ды любы сірыянін, нават шчанюк, што не змяніў яшчэ па маладосці меха, скажа: блазнота, дурасць самая сапраўдная.

Будуйце потым мемарыялы і кажыце пра вялікую мару, якая вяла вас да Мяжы і далей. І замаўляйце… як гэта завецца? Інфаблок пра гераічнага сваяка? Во-во. Шмат жа прыйдзецца замовіць такіх інфаблокаў.

– Іншапланецянам не зразумець, – усміхаецца Джо. – Праўда, Гіз?

– Анягож, – чмыхаю я. – Прынамсі тым іншапланецянам, якія не стукнутыя на ўсю галаву.

Гіз маўчыць і ледзь прыкметна ўсміхаецца. І глядзіць кудысьці ўбок, у ілюмінатар.

– І з чаго вы наогул вырашылі,– бурчу я. – Што ў чорную дзірку можна вось так папросту ўлезці? Да душы, вы, зямляне, у Космасе – быццам звер акх-трнуу з гравіпушкаю…

Ну, тут гэтыя вар’яты, вядома, смяюцца. Смешна ім.

– Мабыць, час нам ісці,– не вельмі ўпэўнена кажа Гіз, гультаявата пацягваючыся.

Нікуды ён не хоча перціся насамрэч, а тым болей – працаваць. Проста, як звычайна, збягае ад размовы, якая яму не падабаецца.

– Праўда што, – ківаю я. – Ісці. У нас яшчэ замова на… э… Яшчэ адна замова. І ніякай кантрабанды.

– Ікара, – уздыхае камісар. – Ты наўпрост майстар канспірацыі.

Я сярдзіта хмуруся. Я, канешне, майстар канспірацыі, але ў гэтых яе словах выразна бачыцца нейкая недарэчная іронія.

Гіз дапамагае мне злезці з высакаватага барнага крэсла, лёгка ківае камісару і, насвістваючы, ідзе да выхаду. Я спяшаюся за ім – але Джо ўтрымлівае мяне за рукаў.

– Ікара, – ціха кажа яна. – Паслухай…

Яна мнецца, быццам словы даюцца ёй з цяжкасцю.

– Спытай у яго.

– Пра што гэта, камісар?

– Спытай у яго… пра Пакарэнне, – Джо выпальвае гэта і адразу ж адпускае мяне.

Я паварочваюся да Гіза, які купляе ў аўтамаце энергетычны батончык. Вось вечна ён жарэ ўсялякую дрэнь, цягне ў рот брыдоту – як той шчанюк.

Але наўрад гэтая дубіна зямлянская зможа мне паведаміць штосьці новае – пасля кансультацыі з праграмай-гідам. Ды не вельмі і хацелася, шчыра кажучы. Не надта люблю зямлян, мёртвых ці жывых. Адно да Гіза нейк прыцярпеўся.

– Спытай, – паўтарае камісар з націскам.

За яе спінай ізноў расцвечваецца пярэстая, дакучлівая галарэклама.

– У памяць пра герояў Пакарэння Іркалы! – усклікае зямлянскі дыктар, белазуба ўсміхаючыся. – Іх імёны мы памятаем заўсёды! Замаўляйце інфаблок пра свайго сваяка, які аддаў жыццё дзеля Пакарэння! Усяго сто дваццаць крэдытаў, і…

Да самага карабля мы ідзём моўчкі. Гіз дабрадушна пазірае па баках і штосьці насвіствае. А я думаю пра тую чорную дзірку. Усё ніяк не магу перастаць думаць.

Сапраўды, гадоў дзвесце назад давялі, што чорныя дзіры – ніякія не праходы ў іншае вымярэнне. У сэнсе, можа, і праходы, але вярнуцца адтуль немагчыма. Нашы навукоўцы правяралі – на зондах, вядома, бо мы ж не тупыя зямляне, каб кідаць туды свае караблі без падрыхтоўкі.

А гэтыя зямлянскія дурні? Што яны нарабілі? Ці былі так радыя, што адшукалі зусім блізка ад сваёй роднай сістэмы чорную дзірку, што не падумалі пра наступствы? Хаця – што гэта я? Калі гэта зямляне адрозніваліся разважлівасцю і цвярозасцю меркаванняў?

– Гіз, – аклікаю я нягучна, калі мы ўсаджваемся на месцы ў кабіне.

– Што, малы?

Я моршчуся. Вечна ён кліча мяне малым.

– А ты… – я мімаволі запінаюся.

Гіз мармыча пад нос сваю заўсёдную песеньку і бадзёра пстрыкае кнопкамі на панэлі кіравання.

– Ну? Што такое, Клёнік?

– Ты штосьці такое ведаеш пра гэту Іркалу? – пытаю я, нязмушана абмахваючыся старым нумарам «Зорнага пілота».

Гіз косіць на мяне адным вокам і нахабна ўхмыляецца. Ён заўсёды так ухмыляецца, калі не збіраецца адказваць на прамое пытанне.

– Стартуем праз тры, – пачынае ён адлік. Я адкідваюся ў крэсле і нервова дзёргаю рамяні бяспекі.– Дзве… Адну…

Рухавік раве, карабель, трасучыся, трохі хіліцца набок – і раптам зрываецца з месца. Мяне, як звычайна, уціскае ў крэсла – нямоцна, быццам нейкі велізарны, але прыязны, ласкавы звер паклаў мне на плячо цяжкую мяккую лапу.

– Пачакай, – я сачу за сведчаннямі прыбораў.– Мы занадта рана скінулі хуткасць, Гіз. Тут жа нічога няма!

Вось жа праклаў маршруцік, нічога не скажаш! А дзе-нідзе адзін надта знерваваны кліент чакае не дачакаецца свой надзвычайна каштоўны груз з забароненых сіліронскіх спецый.

– Няпраўда, – не згаджаецца Гіз, уключаючы аўтапілот. – Нешта ёсць. Паглядзі.

Ён падымае ахоўныя экраны. Я вохкаю і мімаволі прыўздымаюся з месца – наколькі, вядома, дазваляюць рамяні бяспекі.

– Гэта… – словы чамусьці захрасаюць у мяне ў горле. – Гэта… яна?

Гіз ківае.

– Яна. Іркала.

…як агромністая зрэнка, падвешаная ў пустэчы, абкружаная ззяннем, прагна цягнучая да сябе ўсё вакол…

Калі б я не ведаў, што на такой адлегласці мы ў бяспецы, што рухавікі ахоўваюць нас, я б запанікаваў. Што там наш стары караблік у параўнанні з Ім? Ды нават найноўшыя крэйсеры сірыянскага флота здаліся б побач дзіцячымі цацкамі. Яно ўбярэ ў сябе ўсё, да чаго зможа дацягнуцца, ды і цяпер яно цягнецца… цягнецца сюды, да мяне.

Яно – вока бездані, што пільна сочыць за кожным рухам, за кожнай думкай нават, гэта…

– Цішэй, цішэй, – супакойвае Гіз і апускае экраны.

Я цяжка дыхаю, і пот коціцца па мне градам.

І вось туды, вось у Яго, – яны вырашылі ляцець? Самі палезлі? Праклалі курс, накіравалі караблі, роўнымі радамі ўвайшлі ў густое чарноцце, каб проста ганебна загінуць? І нашто? Дзеля чаго?!

Не, зямляне – дурнаватыя. І ніхто мяне не пераканае ў адваротным. Ніколі. Ніколі-ніколі.

– Гіз, – шапчу я. – Ты гэта бачыў?

– Бачыў, анягож, – ківае гэтая дубіна з такім тварам, быццам я яго пра апошні выпуск якога-небудзь серыяла пытаю.

– Гэта ж…

– Зраблю табе гарбаты, – лагодна кажа Гіз, ляпае мяне па плячы і тупае ў кухонны адсек.

Я знаходжу сілы падняцца на ногі і, пахістваючыся, пайсці за ім. Заставацца аднаму – дакладней, сам-насам з Ім, якое стаілася за ахоўнымі экранамі,– вышэй за мае сілы.

Гіз бадзёра бразгае кубкамі, ля ягонага локця ўтульна булькае імбрычак і гудзе электрачайнік. Я запаўзаю на зэдлік і курчуся ў кутку, імкнучыся не думаць пра жудасны чорны правал.

– І як можна было ляцець туды, – мармычу я ўслых, трасу галавой. – Як можна было…

Я не чакаю адказу, ды Гіз наўрад ці слухае, занадта ўжо заняты гарбатай і насвістваннем гэтай яго дурной бясконцай песенькі.


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 | Следующая
  • 4.6 Оценок: 5

Правообладателям!

Это произведение, предположительно, находится в статусе 'public domain'. Если это не так и размещение материала нарушает чьи-либо права, то сообщите нам об этом.


Популярные книги за неделю


Рекомендации