Текст книги "Мой дзень пачынаецца (зборнік)"
Автор книги: Коллектив авторов
Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза
Возрастные ограничения: +16
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 24 (всего у книги 28 страниц)
З першага заробку я купіла шакаладных цукерак, аддала пазыку і заплаціла за камунальныя паслугі. Грошай засталося няшмат, але я ўсё ж такі вырашыла набыць у краме пры Батанічным садзе хатнюю ружу, якую вельмі ўпадабала з тыдзень таму і кожны дзень наведвала, правяраючы, ці не купілі. Аднак гандлярка – рудая, рабаціністая Маня – не прадала мне ружу – яна мне яе падаравала. Часам людская дабрыня бянтэжыць: я не ведала, як аддзячыць дзяўчыне. І паклікала яе пасля працы ў кавярню. У выніку я патраціла грошай больш, чым каштавала ружа, але набыла новую сяброўку і была неверагодна шчаслівая.
Дамоў мы з ёй вярталіся даволі позна. На вуліцы было хораша: стракаталі цвырчкі, неба было ўсыпанае зоркамі. Мы ішлі паволі і гутарылі, быццам не нагаварыліся за цэлы вечар.
– Бацька апавядаў, што, калі чалавек памірае, ён ператвараецца ў зорку, – сказала я.
– Казка для маленькіх, – адмахнулася Маня. – Мой таксама плёў розныя глупствы, толькі б мяне спаць укласці.
Яна была рэалістам. Жыццё столькі разоў выпрабоўвала яе, што дзяўчына больш не верыла ў цуды. Як і я, Маня рана засталася без бацькоў, аднак, у адрозненне ад мяне, у яе не было ні любячай цёткі, ні цвёрдага мужчынскага пляча, на якое яна магла б абаперціся. Дзяўчына круцілася, як магла: вучылася і працавала адначасова на дзвюх, а то і трох работах. Ды ўніверсітэт яна так і не скончыла, пра што шкадавала па сёння. Хоць гандляваць кветкамі ёй падабалася. Толькі наўрад ці гэта была мяжа яе мараў.
– Можа, і казка, – пагадзілася я, – але, кажу табе, калі бацька памёр, я сапраўды знайшла яго на небе! Вунь, глядзі.– Я паказала пальцам на пацерку ў сузор’і Возніка. – А вунь – цётка. – Мой палец накіраваўся на зорку ў сузор’і Персея.
Мы спыніліся і сталі ўважліва ўзірацца ў неба. Памаўчаўшы, я прамовіла:
– Бачыш, яны ў розных сузор’ях. Як думаеш, ім там самотна?
Маня ўсміхнулася, намалявала на небе ўяўнае сардэчка, аб’яднаўшы абодва сузор’і, а пасля дакранулася да майго сэрца, быццам бы кажучы: «Яны не самотныя. У іх ёсць ты. Яны любяць цябе». Я паглядзела на дзяўчыну з удзячнасцю. Можа, жыццёвыя турботы і зрабілі Маню з’едлівай на язык, але сэрца ў яе было добрае.
Назаўтра сяброўка паведаміла, што яе знаёмы журналіст хоча напісаць пра Батанічны сад артыкул для інтэрнэт-газеты. Яму трэба было ўзяць інтэрв’ю ў аднаго з супрацоўнікаў – і Маня вылучыла маю кандыдатуру. Я пагадзілася, сустрэлася з журналістам, адказала на некалькі даволі банальных пытанняў і дазволіла сябе сфатаграфаваць. Неўзабаве мой твар з’явіўся ў сеціве. Хоць тая газета і не была дужа папулярнай, аднак лёс распарадзіўся так, што на артыкул, прысвечаны Батанічнаму саду, натрапіў Віктар. І прыйшоў да мяне ў госці. Яшчэ колькі дзён таму я чырванела б ад сораму, што кінула жаніха, але сёння я глядзела яму проста ў вочы, размаўляла, як з добрым сябрам, і адказвала ўсмешкай на ягоныя жарты.
Віктар усё яшчэ кахаў мяне. Ён не закрануў гэтай тэмы, але я ведала: ён прыйшоў, каб паспрабаваць вярнуць мяне. Аднак цяпер мы былі як ніколі далёкія адно ад аднаго. Віктар зразумеў гэта, таму, сыходзячы, развітаўся назаўсёды. Гэта балюча – кахаць безадказна. А ў доктара павінна быць моцнае сэрца.
Маня краем вока бачыла Віктара і пазней сказала мне, што я дзівачка і дурніца, бо адпусціла такога прыгожага, станістага мужчыну. Яна, безумоўна, мела рацыю, ды толькі я больш не любіла яго, а можа, і ніколі не любіла – пераблытала каханне з адданасцю, удзячнасцю за тое, што стаў для мяне апорай у цяжкі час.
– Давай больш не будзем пра доктара Ліварава, – нацягнута ўсміхнулася я. – Лепш пойдзем сёння ў філармонію: мой сусед-фартэпіяніст уручыў мне запрашальны квіток на дзве персоны.
Мая сяброўка ніколі не захаплялася класічнай музыкай, але што робіць з людзьмі каханне – у хуткім часе яна ведала такіх кампазітараў, пра якіх я і не чула, наведвала ўсе камерныя канцэрты, нават прыцягнула ў краму пры Батанічным садзе магнітафон і круціла дыскі з кампазіцыямі Бетховена, Чайкоўскага, Баха, Штрауса, запэўніўшы начальства, што гэта добра ўплывае на расліны. А закахацца ёй пашчасціла ў таго самага фартэпіяніста, якога, дарэчы, звалі Яўгенам Вясніцкім. І цяпер, калі Маня распавядала пра свайго любага, я міжволі ўздрыгвала, чуючы знаёмае імя. Я ўжо амаль што ненавідзела Вясніцкага, бо ён нагадваў мне Анісава. Сяброўка адчувала маё варожае стаўленне да яе жаніха, аднак не разумела, чым яно выкліканае, і таксама пачынала злавацца. Давялося прызнацца ёй, што я некалі кахала хлопца з імем Яўген.
– Некалі, кажаш? – недаверліва перапытала Маня, звузіўшы вочы. – Ну-ну.
Далейшыя роспыты прадухіліў падскочыўшы да нас Вясніцкі. Ён увесь свяціўся ад шчасця і размахваў у паветры запрашальнымі квіткамі. Гэта значыла, што ўвечары нас зноў чакала філармонія. І гэта мяне не радавала. Рэч не ў тым, што я не любіла камерныя канцэрты – любіла, нават вельмі,– але мінулым разам мне падалося, што я бачыла на балконе Анісава, і цэлую гадзіну адчувала на патыліцы ягоны погляд. А калі зала ўстала, каб аддзячыць музыкам апладысментамі, я нарэшце адважылася абярнуцца і паглядзець наверх, але сярод слухачоў не ўбачыла чаканага твару.
Як часам бывае цяжка быць моцнай.
4Надышлі цёплыя летнія ночы, калі я з дазволу Сямёныча нарэшце змагла застацца ў Батанічным садзе. Маня назвала мяне вар’яткай і пабегла на спатканне з любым.
Я пагутарыла з Ганнай Раманаўнай – той самай жанчынай з цёплай усмешкай, якая нагадала мне цётку, – правяла выхаваўчую размову з дзецьмі, якія спрабавалі адламаць галінку елачкі, прагулялася ўздоўж галоўнай алеі і апусцілася на лаўку. Сонейка няспешна кацілася да гарызонта. Сад зачыняўся. Апошнія наведвальнікі цягнуліся да выхаду.
Разгарнуўшы томік вершаў Янкі Купалы, я наўздагад абрала твор – паэму «Яна і я». Двойчы прабегла вачыма першы раздзел «Стрэча», загнула ражок старонкі і закрыла кнігу. Мне трэба было падумаць, асэнсаваць прачытанае.
Гэта ж вар’яцтва – вось так закахацца ў чалавека, якога зусім не ведаеш. У ягоную ўсмешку і вочы-хамелеоны, шорсткія, непаслухмяныя валасы і сарамлівы румянец на шчоках, радзімку на мочцы вуха і шнарык ля брыва, а яшчэ ў ягоныя рукі, падобныя да бацькавых, – моцныя, крыху шурпатыя і гарачыя. Хапіла адзінага поціску, каб улюбіцца ў гэтыя рукі і песціць надзею, што некалі яны абдымуць мяне, сагрэюць і абароняць ад усіх турбот.
Я замружылася і ўбачыла жоўтыя і аранжавыя колцы. І раптам яны пачарнелі, быццам нехта загарадзіў сонца. Я спалохана расплюшчыла вочы, ускочыла, аднак, адчуўшы галавакружэнне, села. І зноў устала. Я бачыла мрою. Прывід Яўгена Анісава.
З маіх вуснаў сарвалося амаль бязгучнае:
– Я кахаю цябе… Я ўсё яшчэ кахаю цябе…
Нарэшце я прызналася самой сабе, што ніколі не пакідала думаць пра яго і што ўсе гэтыя гады ў глыбіні душы хавала пяшчотнае каханне – такое моцнае і вялізнае, што побач з ім не было месца іншым пачуццям. І цяпер, выпусціўшы яго, я адчула сябе вольнай і шчаслівай. Можа быць, я нават паляцела б, але гарачыя рукі, абхапіўшыя мае плечы, вымусілі мяне застацца.
Я ўцягвала носам прыемны міндалевы пах Яўгенавай скуры, адчувала на шыі казытанне ягоных веек і цёплае дыханне, слухала, як б’юцца нашыя сэрцы, і мармытала песеньку, якую ў дзяцінстве спяваў мне бацька: «Ціхая зорная ночка мякка ахутала дом. Спі, маё шчасце, салодка, я сцерагу твой сон…»
Ганна Федарук
[1990 г. н.]
Жыццё…
Зачапілася ноч палітом
За вялізныя горы Каўказа.
Трэск шаўковай тканіны, бы гром,
Дзень і ноч усё роўна не разам…
«Прабачце мне зноў: я стаю перад вамі…»
Прабачце мне зноў: я стаю перад вамі,
Як быццам ужо на Вялікім Судзе.
Я каюся ў тым, што хвалілі вы самі.
Я злодзей, які не стаіць у чарзе.
Я крала пачуцці, і думы, і спрэчкі.
Я крала ў сябе і, прабачце, у вас.
Пасля, што накрала, паліла, бы свечкі.
І воск на паперу ліла ў пэўны час.
Ды колькі жыць буду, не адракуся.
«Навошта мне гэта?» – пытаеце зноў.
Я – «злодзей звычайны», і побач спакуса,
А з ёю – мільёны паветраных слоў.
Хайку
Расправіў крылы
Мой матылёк нябесны
Дрыготкім вершам.
«Падобна сонцу…»
Падобна сонцу,
Якое чырванее на світанні,
Быццам бачыць
Нешта непрыстойнае,
Я чырванею ад
Твайго пагляду.
«Усмешка твая, нібы павуцінка…»
Усмешка твая, нібы павуцінка,
У маіх зрэнках.
Немагчыма так жыць —
Замінае.
«Між намі кропля дажджу…»
Між намі кропля дажджу,
Якая павольна паўзе па маіх вуснах.
Гэта не так многа,
Але дастаткова,
Каб зрабіць мокрую пляму
На паперы.
«Снежань…»
Снежань…
Дзесьці жарсць і гарачая кава.
Студзень…
Дзесьці дом і натхненне…
А я восень клічу.
Сумна без Вашых лістоў.
«Дурніца, захварэла на сухоты…»
Дурніца, захварэла на сухоты,
Бо фортку ў душу
Забылася зачыніць.
«Падглядаю на золку Ваш сон…»
Падглядаю на золку Ваш сон.
Нібы месяц праз дзіркі фіранак.
І, трымаючы свой парасон,
Разграбаю я пальцамі ног
Цёплы попел нікчэмных заранак.
Ты толькі дождж
Ты толькi дождж, ты толькi дождж.
Сыходзiш зранку, каб вярнуцца.
Змываеш восеньскi спакой,
Каб летнiм громам апынуцца
I знiкнуць, знiкнуць, як заўжды
Знiкаў дагэтуль, апантаны.
Ты пачакай, хачу з табой!
Няўжо не бачыш, мой каханы?
Пральемся разам, бы з няволi!
Пральемся, дзе цвiтуць палi!
Каб не забылi нас нiколі
Прасторы роднае зямлi!
Але ты дождж, ты без мяне
Б’еш кроплямi па шыбах сонных.
Ты толькi дождж, ты без мяне.
Ты колькі рэк стварыў бяздонных?
А я рака, твая рака.
Цi пазнаеш? Зiрнi ў люстэрка
Маёй душы – ёсць толькi ты.
Але ж ты дождж, ты толькi дождж.
Сыходзiш зранку, каб вярнуцца.
Змываеш восеньскі спакой,
Каб летнiм громам апынуцца.
Пральемся разам, бы з няволi!
Пральемся, дзе цвiтуць палi!
Каб не забылi нас нiколі
Прасторы роднае зямлi!
Анастасія Хмель
[1991 г. н.]
Вершы-дзеткі
Калі нараджаецца твор
У промнях разбэшчанай думкі,
Пачуццяў шумлівы віхор
Становіцца штылем ціхуткім.
Пытанне ў вачах паўстае:
Ці ты не паблытаў мішэні?
Што стане з паперкі тае,
Якая схавана ў кішэні?
Ці яркім агнём палыхне,
Згарыць пад людскімі вачыма?
Ці згіне між іншых, бы ў сне,
Не ўбачыўшы явы. Магчыма,
Няхай лепш ідзе вандраваць
Між слоў-пустазелляў і кветак,
А мне застаецца чакаць,
Як маці, вясцінкі ад дзетак.
Жыццёвы покліч
Жыві дастойна, чалавек!
Душы захочацца на волю…
Як воды поўняць руслы рэк,
Хай сэрца поўніцца любоўю,
Каб шчыра радаваўся ты
Лясам, дубровам, сенажацям,
Уплесці вечнасці матыў
Мог у духоўнае багацце.
Дзядоў запомні запавет,
Не адступай ад іх наказу,
Зрабі найлепшым гэты свет!
Адзін не зможаш – зрушым разам!
Незабыўнае
Ты называў мяне ласкава,
І гэта чулі лес, рака.
Лістота рэха адбівала.
Ты называў мяне ласкава.
«Галубка, кветка лугавая»,—
Абняць імкнулася рука…
Ты называў мяне ласкава,
І гэта чулі лес, рака.
«Ёсць толькі мы – навокал цішыня…»
Ёсць толькі мы – навокал цішыня.
Стаім, забыўшы смутак, ля ракі.
Нішто не патрывожыць міг такі.
Ёсць толькі мы – навокал цішыня.
Як зоркі з неба, сыплюцца радкі:
Знікае ўсё! Да самага рання.
Ёсць толькі мы – навокал цішыня.
Стаім, забыўшы смутак, ля ракі.
Аляксандр Цітоў
[1991 г. н.]
Цветы
Мне не нужно срывать цветы, чтобы наслаждаться их красотой вблизи до тех пор, пока они не увянут. Мне не в радость видеть их смерть. Ни одна цель не оправдывает такие средства.
В детстве я мечтал обладать. Всем, чем мне было хотя бы в теории позволено. Я мечтал иметь все игрушечные модели человека-паука и черепашек-ниндзя, купить все версии роботов «Bionicls» и, конечно, немного золота. Почему золото? Я и сам не знаю.
Если бы у меня в распоряжении был бесконечный запас денег, я уверен, что все это было бы моим и я бы не научился ничему человеческому. К счастью, я полностью зависел от моих умнейших родителей, которые заставляли меня делать собственный взвешенный выбор. Еженедельно мне выделялись небольшие карманные деньги на мои безграничные детские потребности, и, естественно, чем-то приходилось жертвовать.
Будучи скупым Раком по знаку зодиака, я копил деньги. Деньги для будущих более серьезных расходов. И я учился искать и покупать именно то, что мне было нужно (или очень хотелось) на все сто процентов. Так, черепашки-ниндзя у меня появились, только когда я нашел действительно профессиональную модель, у которой к тому же двигались почти все конечности. К сожалению, с человеком-пауком мне так не повезло. Я долго искал, очень долго, но ничего стоящего не находил. Мои родители, видя, как я страдаю, решили подарить мне хоть какого-нибудь человека-паука. И знаете, мы с ним неплохо сыгрались, так что и у этой маленькой истории счастливый конец.
Я рос. Меня стали интересовать девушки. Постепенно менялся и характер отношений. Вот как-то раз, увидев свою 14-летнюю девушку сидящей на коленях у не самого приятного парня, я оторопел от нового для меня тогда чувства – чувства ревности. Я понял, что этим я не хочу делиться ни с кем.
Помню свое смущение и свои мысли. Ведь она сидела у него на коленях и улыбалась. Ей было приятно быть «здесь и сейчас». А я все думал, имею ли право силой заставить ее быть моей. Со временем я смирился. Насильно мил не будешь. Такие фразы не вырастают на пустом месте.
Сейчас, в свои 23 года, я не дарю жене срезанных цветов. Мне не нужно срывать их, чтобы вместе наслаждаться их красотой вблизи до тех пор, пока они не увянут. Мне не в радость видеть их смерть. Ни одна цель не оправдывает такие средства.
Ірына Чарняўская
[1987 г. н.]
Рамонак
Для цябе я рамонкам была
Сярод соцень прываблівых кветак,
Ды сабою, на жаль, не змагла
Упрыгожыць твой дзіўны палетак.
Я чакала увагі штодня,
Распраўляючы крылы-пялёсткі,
А ты позірк аддаў задарма,
Толькі быў ён занадта ўжо хлёсткі.
Ты пялёсткаў маіх не збярог,
Хоць я іх вартавала старанна,
Ну навошта ты так, як ты мог
Варажбой мяне знішчыць так рана?..
Я зрабілася частачкай сноў,
Толькі рэха усё паўтарае:
«Не кахае, кахае», – і зноў,
Ў соты раз: «Не кахае, кахае…»
Як імгненна калісь зацвіла,
Так і знікла маланкаю хуткай.
Для цябе я рамонкам была,
А хацелася быць незабудкай.
«Жытнія спевы…»
Жытнія спевы
Лашчаць палі.
Вёска мяняе ўбор.
Лета саспела!
Белы наліў
Градзінамі ў падол
Сыплецца з яблынь —
Толькі б злавіць!
Толькі паспей, паэт,
Спелыя ямбы
Рыфмай спавіць,
Нібы тугі букет.
Лету не спіцца:
Лета знарок
Грэецца, нібы прас.
Шчокі суніцам
Чэрвень апёк —
Папрыгажэлі ўраз!
Спеюць чарэшні…
Водар п’янкі —
Густа-салодкі мёд…
Сціплыя знешне,
Побач шпакі
Аблюбавалі плот:
З хітрых пазіцый
Сочаць за тым,
Як налівае бок,
Як аж свіціцца
Днём залатым
Ў пахкіх чарэшнях сок.
…Сонца, як свечку,
Вечар задзьмуў.
Рэха былога дня
Коціцца ў рэчку —
Заўтра яму
Песняй ўставаць са дна.
Песня не спета —
Зноўку пячэ!
Зноў за сабой заве
Звонкае лета…
Колькі яшчэ
Вершаў у ім жыве?..
«Дай спакою маёй галаве…»
Дай спакою маёй галаве.
Ад былых успамінаў аж горача.
Па радках палыноваю горыччу
Вершаваная памяць плыве.
Раскашуе за вокнамі бэз.
Настальгічным ахутае водарам —
І настроем туга авалодае,
І твой голас пачуецца спрэс.
У палоне маім да пары
Ён жыве і на волю не просіцца,
А заціхне – адразу даносіцца
Малітоўна маё «гавары!».
Дамаўлялася колькі разоў,
Ды ў яго не гаючая місія:
Ён караючай нотай увысь, а я —
Пад нябачнага ката лязо.
Ад расстання да «больш не баліць»,
Кажуць людзі, дарога няблізкая.
Я іду. Вершаванымі нізкамі
Намагаюся шлях скараціць.
«Прыходзь да мяне на вяселле…»
Прыходзь да мяне на вяселле.
Я пільных вачэй не збаюся.
Былыя гаркоты аселі
Рабінай на белым абрусе.
Снягі нашых стрэч і расстанняў
Святочны засыпалі вэлюм.
Дзе макам гарэлі прызнанні,
Там сёння віно ружавее.
На сэрцы спакойна і ясна:
Ні крыўды, ні горкай нястачы.
Прыходзь да мяне, калі ласка,
Я шчыра хачу цябе бачыць.
«Я умею так, каб усё у парадку з рытмам…»
Я умею так, каб усё у парадку з рытмам,
Каб некульгавы дактыль і ніякіх праблем з анапестам.
Але калі я пішу пра цябе, то за выключэннем рыфмы,
Філфакаўскія азы ігнарую начыста.
Парушаю усе законы. Набіваю руку.
Ты занадта неадназначны, каб жыць у традыцыйным радку.
«Вочы твае – мятныя…»
Вочы твае – мятныя.
Думкі мае – памятыя.
Голас пакорліва сцішаны,
Словы запахлі вішнямі,
А на маім ілбе —
Ўсё, што хавала наўмысна я,
Нібыта фарбай напісана:
Моцна кахаю цябе!
«Скарачаючы шлях удвая…»
Скарачаючы шлях удвая
Ад расстанняў да новых прыездаў,
Хіліць голаў вясёлка твая
У маю шэравокую бездань.
«Заўважна пазней цямнее…»
Заўважна пазней цямнее —
Сонца лянівей коціцца ўніз.
Праспект, збянтэжаны, чырванее
Ад кароткіх спадніц.
У першых лужынах мокне
Сакавіцкае хараство;
Б’ецца, просіцца ва ўсе вокны
Непрацоўны настрой.
Здаецца, вось-вось – не стане
І следу ад той зімы,
Што галасуе на развітанне
Белым сцягам за мір.
Вывозяць апошні снег
Машыны.
Час даўно здавацца вясне —
…Напішы мне.
Маліны
Вам быць, на жаль, не суджана маім.
І хоць пачуцці – вогненная лава,
Я вусны, што падобны да малін,
Сваімі называць не маю права.
Замест мяне хай іншая ў цішы
На смак іх пацалункам паспытае,
А мне – рабіны гронку ад душы
Ўзамен падорыць восень залатая.
Я з памяці, як з верша, ў соты раз
Цукровыя выкрэсліваю вусны,
Странна забываюся на вас,
На пах малін, настойліва-спакусны.
Шапчу: «Вам быць не суджана маім» —
І рану засыпаю жменяй солі,
Бо вусны, што падобны да малін,
Сваімі не змагу назваць ніколі.
«У маёй восені – надвор’е на шалях…»
У маёй восені – надвор’е на шалях:
То дождж, то снег.
У тваёй восені – мае духі і мой шалік,
Мой смех.
У маёй восені – мокрыя рукі,
Замерзлыя пальцы.
У тваёй восені – мае рухі
І мае танцы.
У маёй восені – збітыя рытмы
Жыццё вершаць.
У тваёй восені – мае рыфмы
І мае вершы.
У маёй восені цяжар адносін
Лягчэйшы ўдвая,
Бо ў маёй восені… ужо восень,
А ў тваёй – яшчэ я.
«Сакавік сёлета светла-сонечны…»
Сакавік сёлета светла-сонечны
(Я не пра надвор’е, ты зразумеў).
Такая вясна адназначна па мне —
Такая вясна помніцца.
Нібы за імі хто гоніцца,
Новыя вершы бягуць з рукі…
Дзякуй табе за мае радкі.
І за маю бяссонніцу.
«Маё каханне знічкай на далоні…»
Маё каханне знічкай на далоні
Табою прыгаворана сатлець.
Ужо не грэе – цепліцца ледзь-ледзь
Маё каханне знічкай на далоні.
Не мае сілы факелам гарэць
І, як раней, душу тваю палоніць.
Маё каханне знічкай на далоні
Табою прыгаворана сатлець.
«Мяккі водар ахінае…»
Мяккі водар ахінае,
Па-над дрэвамі плыве…
Так палоніць сад у маі —
Ажно п’янка галаве!
Мы стаім на ўзмежку з татам,
У чаканні гавару:
«Будзе яблыкаў багата
Ў гэтым годзе у пару!»
Наліецца сокам спелым
Крамяны духмяны бок,
Будуць яблыкі нясмела
Рыфмай сыпацца ў радок…
Шчэ далёка да ўраджаю,
Ды да яблыкаў найперш
Сад маёвы нараджае
Не адзін духмяны верш.
Кубак кавы
У каве неба патанула,
Кругі пакінуўшы навечна.
Я перакрэсліла мінулым
Усе наступныя сустрэчы.
Усе магчымыя прызнанні
З лячэбным пахам зверабою,
Усе адказы і пытанні
Даўно закрэслены табою.
Наўрад ці нехта будзе лепшым.
Наўрад ці іншы стане любым.
Твой вобраз, выспелены ў вершы,—
Мая свядомая загуба.
Дзякуй
Я скажу табе проста «Дзякуй»
І спушчуся з нябёс далоў.
Больш не трэба ісці ў атаку,
Больш не трэба дзяжурных слоў…
Проста дзякуй табе, мой мілы,
За растоплены ўмела лёд.
Хоць з паперы, але за крылы,
Хоць і з дзёгцем, але за мёд.
Я не буду знаёмым хлусіць,
Што не маю для слёз прычын.
Так фартуна рашыла, мусіць,
Мы ж з табою тут ні пры чым.
Хоць кахання твайго не ўкрасці,
Наракаць не хачу на лёс.
Табе мала мяне для шчасця,
Мне – звыш нормы цябе для слёз.
«Ў тваіх абдымках сілы стала меней…»
Ў тваіх абдымках сілы стала меней,
Любові ж не паменела ані.
Вазьмі мяне, дзядуля, на калені,
Да стомленага цела прыхіні.
Хай кажуць урачы, што па навуцы
У нас крыві агульнай не цячэ —
Хіба чужыя людзі разбяруцца,
Што можа нас радніць з табой яшчэ.
А мы даўно гучым агульнай нотай,
Мелодыяй адзінаю гучым,
Жыццёвыя трывогі і турботы
Замкнуўшы на скрыпічныя ключы.
Жывём няблізка, бачымся нячаста,
Ды сэрцам адчуваю, як вядзе
Сваю унучку па шляху да шчасця
Мой родны дзед, мой лепшы ў свеце дзед!
Раніца 8 сакавіка
Разбэшчана-вясёлыя букеты
Какетліва ўсміхаліся з вітрыны,
А юнакі і сталыя мужчыны
Куплялі іх, нібы куплялі лета.
А на дварэ зіма была у модзе,
Нягледзячы на ранак сакавіцкі.
Усе мужчыны думалі: «Здзівіць бы
Каханых цеплынёй назло прыродзе».
Цюльпаны і мімозы – ўперамешку,
Ды не сказаць, што лепшы падарунак:
Букеты, што ўсміхаюцца з карунак,
Ці ўдзячныя жаночыя усмешкі!
«Я сэрцам не скажу табе «бывай»…»
Я сэрцам не скажу табе «бывай»,
Хоць вуснамі, магчыма, і не змоўчу.
І гэтай красавіцкай шчырай ноччу
Я сэрцам не скажу табе «бывай».
Няхай дажджом сумленне крываточыць
За тое, што паверыш мне. Няхай!
Я сэрцам не скажу табе «бывай»,
Хоць вуснамі, магчыма, і не змоўчу.
Прывітанне
Прывітанне. А колькі мінула ўжо вёснаў,
Колькі зім праляцела і як абмялеў небакрай!
Прывітанне. Я знаю, я знаю, што позна
Адмяняць нашай новай сустрэчай старое «бывай».
Прывітанне. І словы застылі ў паветры,
А калісьці мы іх супыніць аніяк не маглі
І яны вершаваным радком заляталі ў канверты,
Рассыпаліся смехам, лілеяй на вуснах цвілі…
Прывітанне. І знешне ніякіх эмоцый.
А ці ведаеш ты, як няпроста іх зараз хаваць?
А ці ведаеш, колькі разоў не хапала мне моцы,
Каб запалкай паштоўкі твае у нябыт адаслаць?!
Прывітанне. Ты бачыш з якім шкадаваннем
Назіраюць за нашай сустрэчай сябрыліхтары?
Яны ўсё яшчэ помняць, як ты мне на першым спатканні
Замест сонца і зорак замест іх святло падарыў.
Ды што памяць, як столькі мінула ўжо вёснаў?
Што надзеі, раз так абмялеў небакрай?
Мы стаім удваіх. Але каяцца… каяцца позна —
Нібы песня на біс, разліваецца слова «бывай».
Правообладателям!
Это произведение, предположительно, находится в статусе 'public domain'. Если это не так и размещение материала нарушает чьи-либо права, то сообщите нам об этом.