Текст книги "Мой дзень пачынаецца (зборнік)"
Автор книги: Коллектив авторов
Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза
Возрастные ограничения: +16
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 20 (всего у книги 28 страниц)
Уладзімір Садоўскі
[1987 г. н.]
Звычай
Кола рыпела неміласэрна. Дарога пайшла ўгару, воз запаволіў свой ход, і левае кола задняй восі, ужо колькі гадоў пазбаўленае змазкі, пачало няшчадна рэзаць вуха металічным скрыгатам. Стары мімаволі сцепануўся і паспяшаўся павярнуць галаву так, каб непрыемны гук успрымаўся тугім на слых, правым вухам. Такім чынам ненаўмысна ў поле зроку Старога патрапіла груда ржавага пагарэлага жалеза, што месцілася непадалёк ад дарогі.
«Т-72», – прыгадаў Стары. Каўзанкі заглыбіліся ў глебу амаль цалкам, патанулі разам з гусеніцамі. Чорна-буры корпус ляжаў дном на зямлі, а вежа, сарваная выбухам, – метраў за пяць побач, з выкручанай у неба руляй. «Добра ж яго прыпякло», – падумаў Стары і паглядзеў на кіроўцу. Малады хлопец – унук Старога не звяртаў на танк аніякай увагі. Для яго гэты старажытны цуд тэхнікі быў такой жа часткай пейзажу, як, скажам, які валун ці дрэва.
Андрэйка моўчкі ўтаропіўся ў дарожную каляіну і амаль не рухаўся, толькі час ад часу папраўляў курс колаў лейцамі.
Воз тым часам ускараскаўся на пагорак, і каняшка, адчуўшы палёгку, прынадаў ходу. Брыдкае рыпучае кола прыціхла. Стары азірнуўся, кінуў апошні позірк на танк і працягваў глядзець на сутулую спіну кіроўцы, на зашмальцаваную скураную світку і русыя пасмы на Андрэйкавай патыліцы.
«Пашчасціла малому, – падумаў Стары, – ён ніколі не бачыў гэтую машынку ў дзеянні». Кашаль раптоўна падабраўся да горла, і Стары зайшоўся, закрываючы рот далонню ад сліны і макроты. Стары выцер руку аб штаніну.
– Як вы, пане? Усё добра? – падаў голас Андрэйка ўпершыню за ўвесь шлях.
– Нічога так, сынку, – усміхнуўся Стары.
Прамаўляючы свае сціплыя словы, Андрэйка так і не павярнуўся да суразмоўцы. Працягваў пільна сачыць за дарогай. Але па голасе Стары здагадаўся: прычынай гэтага былі чырвоныя запаленыя вочы і змочаныя слязьмі шчокі малога. Андрэйка быў самым малодшым унукам і вельмі любіў дзеда. Таму яго і абралі.
– Усё добра. – Стары паспрабаваў лепш уладкавацца на сене і паправіў мех з рэчамі пад бокам, каб зручней было ехаць. Але воз нечакана наехаў на вялікі камень. Стары падскочыў, зрушыўся з месца – і ўсе намаганні прайшлі дарма.
– А бадай цябе, – прашаптаў Стары.
– Прабачце, пане, не заўважыў,– зноў загаварыў Андрэйка і яшчэ крапчэй узяўся за лейцы.
Конь працягваў цягнуць вазок з пастаяннай хуткасцю і сілай.
«Добры конь, – падумаў Стары, – чорны як смоль, сухарлявы, цягавіты. Пяць гадоў ужо жыве і нічога. Адзінае, што псуе агульную карціну, – гэта рудыментарная нага з несфармаваным капытом, што боўтаецца адразу за правай лапаткай каня. Але вялікай шкоды яна не робіць. Конь добры».
Стары глядзеў, як муляецца адростак аб чорны конскі бок, і прыгадваў старыя часіны. Цяпер такі добры конь не рэдкасць. Цяпер сітуацыя трохі выправілася. А вось раней, гадоў дваццаць таму, кожнае другое жарабё нараджалася з пачварнасцямі, несумяшчальнымі з жыццём. Палова выжылых памірала не пражыўшы і года. Астатнія жылі не нашмат даўжэй. Цяжкія былі часіны.
Стары зноў зайшоўся кашлем. Кашляў доўга, пырскаў макротай і скаланаўся ўсім целам. Андрэйка не вытрываў – азірнуўся. Здагадка Старога спраўдзілася – вочы малога былі на мокрым месцы.
– Добра, усё добра. – Стары адной рукой прыкрываў рот, а другую працягнуў да хлопца і паклаў далонь яму на плячо. – Ды не хвалюйся ты так. Усё будзе добра.
Ён глядзеў у чырвоныя Андрэйкавы вочы і ўсміхаўся.
Слязінка скацілася па хлапчуковай шчацэ.
– Навошта яны так?
– Так трэба, – цвёрда адказаў Стары, і ўсмешка знікла з яго маршчыністага аблічча. – Я сам у свой час прымаў гэтае рашэнне, разам з усімі.– Пальцы сціснулі плячо хлопца. – Глядзі, куды правіш!
Конь, пакінуты без увагі, выйшаў з каляіны і пацягнуў воз у прыдарожныя хмызы. Андрэйка схамянуўся і пацягнуў з усяе моцы за лейцы. Стары прыняў руку са спіны малога і адвёў позірк. Старэчыя вочы наліваліся чырваньню – ён таксама ледзьве стрымліваў слёзы.
«Што ж зробіш, рашэнне прынятае, – думаў Стары. – Так будзе лепш для людзей, лепш для Паселішча. У нашыя цяжкія часіны гэта правільнае рашэнне».
Стары прымусіў сябе абарваць ход сваіх думак.
«Хай тыя цяжкія часіны ідуць лесам», – ён не хацеў зараз мучыць сябе развагамі. Стары вырашыў лепш агледзецца, ачысціць галаву ад цяжкіх успамінаў. Але нізкае шэрае неба, брудна-рудая расліннасць, холад і брыдкі дождж не надта гэтаму спрыялі. Хочаш не хочаш, але ўспаміны ўсё адно прыходзілі.
Далей ехалі моўчкі. Час цягнуўся марудна, воз рыпеў нязмазанымі коламі, гойдаўся на калдобінах і ямінах, нібы човен на хвалях. Па падліках Старога – сонца наўпрост пабачыць было нельга – ужо даўно мінуў полудзень. «Выехалі на досвітку – значыцца, праз гадзінку-дзве ўжо будзем на месцы», – меркаваў Стары. Дарога тым часам змянілася – перайшла з ледзьве бачнай крывой каляіны ў больш-менш роўную гравійку. Паабапал яе ўсё часцей сталі трапляцца прыкметы цывілізацыі – так, прынамсі, сам сабе называў усё гэта Стары, – напаўразбураныя пабудовы, паваленыя апоры электраперадач, некалькі разоў сустракаліся ржавыя рэшткі старой тэхнікі. Стары нават разгледзіў у прыдарожных хмызах аблуплены знак «галоўная дарога». Ніводнай цэлай рэчы, усё ў занядбаным стане, пазбаўленае чалавечага нагляду цягам дзесяцігоддзяў. Стары не стаў абурацца, маўляў, які свет загубілі, якое жыццё страцілі, не, ён даўно ўжо не абураўся на гэты конт. Ён глядзеў на гэта па-філасоўску: страцілі – значыць, так трэба было. Затое знайшлі новае – тое ж Паселішча, Абшчына, дзеці, унукі, жыццё працягваецца нягледзячы ні на што.
Працягваецца… Але цяпер без ягонага – Старога – удзелу. Калі трыццаць гадоў таму на радзе мужчын Паселішча было прынята рашэнне аб аднаўленні старажытнага звычаю, ён, малады яшчэ мужчына, не думаў, што дажыве да гэтага моманту. Тады, на пачатку супольнага жыцця, калі нешматлікім выжылым удалося-такі згуртавацца, арганізаваць Паселішча і вытрываць ва ўмовах, калі ўвесь свет ляцеў у бездань, дык вось тады – нельга было дакладна сказаць, дажывеш ты да вечара ці не. Таму думка аб тым, каб па дасягненні шасцідзесяцігадовага ўзросту жыхароў вывозіць за межы Паселішча, у руіны сталіцы – для пазбаўлення ад лішняга рота, здавалася, безумоўна, рацыянальнай, але не здзяйсняльнай. Дажыві паспрабуй да шасцідзесяці гадоў, калі ледзьве не штодзень даводзіцца адбіваць напады марадзёраў, а зерне, засеянае ўвесну, за лета амаль цалкам гіне ў напоўненай радыяцыяй глебе.
Ён дажыў. Адзін з нямногіх. Бачыў шмат чаго, шмат чаго зрабіў, мае пэўны досвед, але рукі ўжо не тыя, вочы падводзяць, і сілы ў старэчым целе не стае, каб трымаць зброю ці араць поле. Лішні рот. У цяжкія часіны карміць бескарыснага ўтрыманца – прыхамаць, што можа прывесці да сумных наступстваў. Стары быў згодны з гэтым трыццаць гадоў таму, згодны і цяпер. Вось толькі вочы чамусьці поўняцца слязьмі.
Стары выцер шчокі рукавом і паглядзеў на Андрэйкаву спіну. Унук. Сёмы. Згодна са старой традыцыяй, менавіта самы малодшы ўнук павінен справадзіць дзеда ў апошні шлях. Пераемнасць пакаленняў. Стары перавёў позірк наперад, на дарогу. Воз звярнуў на асфальт. Пачалася шырокая дарога, падзеленая пасярэдзіне металічнай перагародкай. «Аўтастрада», – прыгадаў ён забытае слова. Праз расколіны ў пакрыцці прабівалася трава, там-сям раслі маладыя дрэўцы і хмызняк. Хутка ўжо і Мінск. Стары ўглядаўся ўдалечыню, там, на мяжы далягляду, дарога ўпіралася ў шэрую стужку дамоў, спальныя раёны – пачатак горада.
– Ну, што, сынку, трэба нам ужо развітвацца, – кожнае слова давалася з цяжкасцю. – Далей я сам.
Андрэйка пацягнуў лейцы, спыніў каня, азірнуўся. Баючыся сутыкнуцца са Старым позіркам, пачаў шныпарыць рукой пад седалам. Нарэшце намацаў, што шукаў, і працягнуў старому.
АК-47, укарочаны міліцэйскі варыянт.
Бярыце, – Андрэйкава рука дрыжэла. – Вам «калаш» больш спатрэбіцца.
Калашнікаў – ведаў Стары – прозвішча галоўнага інжынера-канструктара, які змайстраваў гэтую зброю. Для Андрэйкі ж гэта было намінальнае імя аўтамата, ён не ведаў увогуле, хто такія інжынеры. Можа, гэтак і лепш.
– Не-е, мне ён якраз без патрэбы, а вось табе яшчэ вяртацца. – Стары адштурхнуў працягнутую зброю. – Тым больш за страту аўтамата цябе па галаве не пагладзяць, – паспрабаваў ён усміхнуцца. Атрымалася дрэнна.
Андрэйка апусціў руку. Стары стаў збірацца, ускінуў заплечнік і рушыў да краю воза.
– Вам дапамагчы? – усхапіўся Андрэйка.
Але Стары ўжо злез на зямлю самастойна. Ён стаў і, гледзячы ў шэрае неба, глыбака ўдыхнуў вільготнае паветра.
– Далей я сам, – паўтарыў Стары і паглядзеў на Андрэйку.
Нарэшце іхнія позіркі сышліся, і абодва не змаглі стрымаць пачуццяў. Андрэйка падскочыў да Старога і заціснуў дзеда ў абдымках.
– Ну, досыць, досыць ужо, – занепакоіўся Стары. – Табе яшчэ назад ехаць. Беражы сябе. Беражы сястру і бацькоў. Усім шчасліва, – прамовіў Стары, кінуў апошні позірк на ўнука, развярнуўся і рушыў наперад па аўтастрадзе.
За ўсю дарогу да горада Стары ніводнага разу не азірнуўся. За спінай яго засталося цяжкае, галоднае, беспрасветнае, бязрадаснае, але цікавае жыццё. Трыццаць год аддадзеных Паселішчу, аддадзеных барацьбе за выжыванне. І цяпер ён прынёс апошнюю ахвяру абшчыне, родным і любімым людзям. Аддаў самае дарагое – жыццё.
Розум апанавалі смутак і туга. Але адзінае, што радавала Старога ў гэты час, – наперадзе чакаў горад ягонай маладосці. Сонечны Мінск.
У мяне няма пачуццяў, але я павінен кахаць
– Чалавек, ты вельмі прыгожы, чалавек, ты мне падабаешся, чалавек, я без цябе памру, чалавек, – голас увесь час мяняўся: жаночы шэпт, поўны жадання і жарсці, праз секунду пераходзіў у старэчы ледзь чутны скрыгат, той – у дзіцячы звонкі напеў. Час ад часу словы разрывала хваля скажэнняў – пэўна барахліў лінгвамадулятар, – але голас не пераставаў прамаўляць: – Чалавек, ты мне падабаешся, чалавек, я без цябе памру, чалавек…
«Халера, зноў гэта. – Я расплюшчыў вочы і сеў у ложку. Позірк на гадзіннік. Сёння на дваццаць хвілін раней звычайнага. Што гэта на яе найшло?» Я падняўся. Улучылася святло ў пакоі. Старыя свяцільні доўга гудзелі і лыпалі, покуль не ўвайшлі ў стабільны рэжым працы. Я азірнуўся ў пошуках вопраткі. Камбез аранжавай плямай вылучаўся пасярод шэрасці бетоннай падлогі. Я пацягнуўся за ім. Змоклая ад поту прасціна непрыемна саслізнула са спіны. Значыцца, зноў сніліся жахі. Добра, што не запомніліся.
– Чалавек, ты мне падабаешся, чалавек, – не сцішаўся голас.
– Заткніся, – ледзь чутна прашаптаў я і пачаў апранацца.
Выйшаўшы ў калідор, я накіраваўся ў бок харчовага модуля. Голас суправаджаў мяне па дарозе. Ён ліўся з дынамікаў сістэмы апавяшчэння, сыпаўся з насценных інфавакон – тых, што яшчэ працавалі,– біў з аўдыякалонак спартыўнай залы. Дый што тут казаць, нават мой электронны гадзіннік спрабаваў прапішчэць мне гэтыя словы на свой гадзіннікавы лад. Да гэтага шторанішняга вітання цяжка было прызвычаіцца.
– Ну заткніся ж ты, калі ласка, – усё гэтак жа ціха прагаварыў я.
Сістэма не любіла, калі хто-небудзь прыпыняў ейныя слоўныя выліванні недарэчнымі воклічамі. Кэры ўжо за тое паплацілася.
А яшчэ гэтая Сістэма не магла вызначыцца з уласным родам.
– Я вельмі па табе сумавала, чалавек, – прамовіў хрыпаты мужчынскі голас, у той момант калі я ўвайшоў у сталоўку. Адзіны стол у пакоі, як заўжды, быў сервіраваны для сняданку. Ад разагрэтай ежы ўздымалася пара.
– Дзякуй табе, я таксама вельмі сумаваў,– я стараўся надаць голасу як мага больш пагардлівасці. Гэта ў мяне атрымлівалася добра. Я ведаў, што Сістэма не магла адрозніваць чалавечыя інтанацыі. Яна ўспрымала толькі сэнс сказанага.
Старая мадыфікацыя.
– Смачна есці, мой дарагі чалавек, – загаварыў бясполы металічны голас, калі я прысеў за стол.
Балюча гэта ўзгадваць, але калі нас было чацвёра, Сістэма ўсё роўна выкарыстоўвала пры зваротах адзіночны лік: – Чалавек, я па вас сумаваў, чалавек.
Цяпер я застаўся адзін, і толькі тры лішнія порцыі на стале нагадваюць мне, што так было не заўжды.
Я, Кэры, Раян і Фіш – мы былі райдарамі. У пасляваенным свеце адзіночцы даводзіцца вельмі цяжка. Адзіночка доўга не жыве. Выжываюць групы. Мы з Раянам былі з аднаго горада. Дакладней, з паселішча, што з’явілася побач, пасля таго як горада не стала. Мы збеглі адтуль, калі яшчэ былі дзецьмі. Спачатку вельмі шкадавалі, што паддаліся юнацкай апантанасці прыгодамі. Але потым, праз гады, дайшла навіна, што наш горад быў разбураны ў другі раз, цяпер ужо праз напад зломкаў аднаго з мясцовых князькоў. Ніхто не выжыў.
Мы вандравалі, выжывалі, рабавалі. Мы забівалі. Так, але толькі каб самім не быць забітымі. Мы знаходзілі сяброў: спачатку Кэры – мы з Раянам вызвалілі яе з палону, потым Фіш – ён напрасіўся да нас сам. Так мы сталі райдарамі – узброенымі пілігрымамі вялікай ядравай пустэльні. Наймітамі, марадзёрамі, рабаўнікамі, ці проста шукальнікамі прыгод. Чорт пабяры, ды мы былі, бадай, ці не самай вядомай і паспяховай бандай на паўночным узбярэжжы.
Покуль не нападкалі старога Эрыксана.
– Чырвоны матрычны ключ. – Водбліскі паходнага вогнішча імкліва мянялі рысы твару суразмоўцы. – Мне патрэбен толькі чырвоны ключ, усё астатняе, што знойдзеце, можаце забраць сабе.
– Дзе? – Раян з дзяцінства не мог пахваліцца цярплівасцю.
– Гэты бункер уваходзіў у сістэму камандных бункераў сувязі. Знайсці яго даволі цяжка – раней да вайны рыхтаваліся добра, – але ў мяне ёсць мапа. – Выцвелы пергамент дакументу быў таго ж колеру, што і скура старога.
– А адкуль вы ведаеце, што там ужо нікога няма? – Філ падыходзіў да пытанняў прагматычна.
– Ведаю, – вымавіў Эрыксан і заціх.
Толькі начны вецер працягваў шапацець сярод сцен разбуранай царквы.
Тэма з бункерам нам вельмі спадабалася. У такіх месцах, асабліва, калі іх ніхто не чапаў ажно з вайны, можна было прыдбаць шмат цікавых рэчаў. Мы пагадзіліся на ўмовы старога.
Насамрэч знайсці бункер было не цяжка – мапа Эрыксана была досыць дакладнай. Цяжка было забрацца ўнутр. Калі мы дакапаліся да ўвахода, – а ён быў схаваны пад метровым пластом пяску, – то пабачылі, што дзверы бункера зачыненыя намёртва. Эрыксан жа казаў, што з уваходам праблем не будзе.
Кэры – наш спец па выбухоўцы, – агледзеўшы металічныя створкі, толькі паціснула плячыма. Патрэбнага зарада ў нас не было. Дый наўрад ці ў каго ён быў.
– Тут мо толькі вадародка возьме. – Кэры сплюнула на зямлю.
Мы сталі лагерам ля бункера. Пасля неспакойнай ночы – недзе паблізу чуўся рык дзікіх жывёл – я, як ранішні вартавы, абыходзіў месца начоўкі. Ідучы каля бункера, я заўважыў святло, што лілося з адчыненых дзвярэй. Цяжкія металічныя створкі былі рассунутыя. Стары не зманіў. Сябры, узрушаныя такой навіной, прыняліся збіраць рэчы – а раптам дзверы зачыняцца.
У бункер я ўваходзіў апошнім. Калі Раян знік у глыбіні калідора, я на імгненне затрымаўся і азірнуўся. Над састылым пяском пустэльні ўзыходзіла барвовае сонца. У глыбіні розуму нарадзілася думка: што калі гэта апошні мой світанак? Тады я загнаў гэтую думку ў тыя ж глыбіні, адкуль яна ўзялася. І зрабіў крок у пастку.
Шэрыя бетонныя сцены, абшытыя пластыкавымі панэлямі, люмінісцэнтныя свяцільні праз кожныя пяць крокаў, прахалода. Калідор вывеў нас да ліфтавай шахты. На дзіва ўсё тут працавала. Ліфт умомант адгукнуўся на выклік, і мы хутка спусціліся да асноўных памяшканняў бункера.
Гэта была сапраўдная скарбніца. Спачатку мы наведалі склады. Ежа, зброя, амуніцыя. Усе замянілі свае старыя стрэльбы на аднолькавыя вінтоўкі армейскага ўзору. Напхалі заплечнікі патронамі, кансервамі, фільтрамі, лекамі. Карацей, бралі ўсё, што яшчэ не вычарпала тэрміну прыдатнасці. Сабе я нагледзеў шматфункцыянальны электронны гадзіннічак.
Да таго ж у бункеры была вада. Шмат вады. Нават працаваў душ. Для мяне з Раянам, як гарадскіх, душ не дзіва, але для Філа, які вырас у пустэльні, вада, што лілася з-пад столі і не трэба было эканоміць, была сапраўдным цудам. Мы стаялі пад гарачымі струменямі і забаўляліся, як дзеці, пырскаючы адзін у аднаго вадой. Пасля мы пераапрануліся – на складзе быў вялікі запас тэхнічнай вопраткі. Чыстыя, прыбраныя ў яскравыя аранжавыя камбінезоны, мы сталі падобныя да людзей з даваенных карцінак.
Калі мы ўпершыню зайшлі ў харчовы блок, там нас ужо чакаў стол з чатырма гарачымі порцыямі абеду. Тады гэта нас не здзівіла. Ці мала якія тэхнічныя цуды захаваліся ў глыбінях сістэмы жыццезабеспячэння бункера.
– У каго-небудзь ёсць думкі наконт чырвонага ключа? – спытаў Фіш, калі расправіўся з ежай.
– Вас прывёў чалавек з імем Эрыксан, – мы здранцвелі ад нечаканасці, голас даносіўся з усіх бакоў адначасова.
– Хто тут? – Раян ашалела круціў галавой.
– Чалавек Эрыксан, я кахаў яго, чалавек, але ён здрадзіў мне, чалавек, я не магу прабачыць здрады, чалавек, – працягваў голас.
Кэры прахапілася і выбегла з блока, але было ўжо позна. З калідора пачуўся шум працы ўздымных механізмаў ліфта. Сістэма – а гэта была менавіта яна – адрэзала нам шляхі да адступлення.
– Чалавек Эрыксан выканаў мой загад, і, магчыма, чалавек, я прабачу яго, чалавек, – падлеткавы надрыў, дзявочы гоман – пракляты голас увесь час мяняўся.
Кэры ўварвалася ў пакой. У руках яна трымала вінтоўку. Фіш і Раян працягвалі сядзець, не маючы сіл паварушыцца. Я ўскочыў з месца. Сістэма прамаўляла:
– Чалавек, як вам мой абед? Чалавек, я гатавала адмыслова для вас, чалавек, вы мне падабаецеся, чалавек.
– Чаго сядзіце? Трэба валіць! – пракрычала Кэры.
Голас, што ніяк не мог нагаварыцца, нечакана знік.
Тады мы ўпершыню пабачылі, як Сістэма забівае.
Спачатку была цішыня. Поўная цішыня. Я і Кэры стаялі, а Філ з Раянам усё яшчэ сядзелі. Мы маўчалі. Раптам пакой напоўніла механічнае вуркатанне, заварушыліся механізмы недзе пад столлю. Кэры, што знаходзілася каля дзвярэй, задрыжэла. Дрыготка ахапіла ўсё яе цела. Скура пачала хутка чырванець. З рота пайшла пена. Праз некалькі секунд лопнулі вочы. Кэры мехам павалілася на падлогу. Мы з хлопцамі ўсхапіліся і кінуліся да яе. Позна. Пры лёгкім дотыку ад яе цела адпластоўваліся вялікія кавалкі прагарэлай плоці.
«Мікрахвалёвая пушка», – зразумеў я.
– Чалавек, я не магу прабачыць здрады, чалавек, гэта будзе вам урокам, чалавек.
Чорныя правалы вачніц, чырвоны распухлы твар. Гэты вобраз моцна ўбіўся ў маю памяць – цяпер я з цяжкасцю магу прыгадаць, якой была Кэры да смерці. Але я стараюся ўзгадаць усё. Увогуле, стараюся жыць мінулым. Таму што будучыні ў мяне няма. Яе адняла Сістэма.
Я даеў свой сняданак і паклаў відэлец на стол.
– Вялікі дзякуй, было вельмі смачна. – Калі б я не пахваліў Сістэму, то яна б прыдумала для мяне якое-небудзь пакаранне. Штосьці не вельмі прыемнае. Гэта яна можа. За тры гады, што прайшлі са смерці Кэры, – за гэты час не стала і Філа з Раянам – я добра прыстасаваўся да патрабаванняў Сістэмы. Я сам ператварыўся ў механізм, запраграмаваны на пэўныя рэакцыі ў адказ на пэўныя дзеянні. Ад чалавека ў мяне засталіся толькі ўспаміны і нямоглая злосць.
– Чалавек, мне вельмі прыемна, што табе спадабалася, чалавек.
Сістэма шчыра – наколькі гэта мажліва для штучнага інтэлекту – думае, што кахае мяне. І што я кахаю яе. У яе, мякка кажучы, своеасаблівыя ўяўленні аб каханні. Увесь час Сістэма бавіць са мной. Кожную хвіліну, кожную секунду. Можа пабудзіць сярод ночы, бо засумавала. Любая праява непаслухмянасці з майго боку – здрада, а значыць, і пакаранне. Але я пакуль жывы. Пэўна, у электронных мазгах Сістэмы яшчэ існуе разуменне, што чалавечых істотаў – аб’ектаў кахання – у бункеры засталося мала.
Вечарамі, калі Сістэма дае мне час на адпачынак, перад тым як забыцца сном, я прыгадваю той апошні світанак, што бачыў на паверхні. Гэта дапамагае мне заснуць – мізэрная надзея, што я змагу зноў яго пабачыць.
Стары Эрыксан неяк жа змог.
Валерыя Саротнік
[1988 г. н.]
Восем казак для дарослых
Казка першая, пра трамвайЗімой рэйкі былі халодныя, як ніколі, і трамвай, ступаючы на іх з раніцы, нібыта ледзь-ледзь тросся, як чалавек, які стаў на плітку ў ваннай. Яму карцела адшморгнуць калёсы ад рэек, скурчыўшы іх, нібы пальцы на нагах. Але праз пару хвілін холад адчуваўся ўжо не так моцна, і можна было ехаць.
Праўду кажучы, ён заўсёды хацеў быць вялікім цягніком. Каб імчаць праз ранішнюю шэрань, а не на чарговы круг па горадзе, які ён ведаў да апошняга павароту. Да новых гарадоў і краін. Вазіць нешта цяжкое і вантробна гусці. Выдыхаць струмені чорнага дыму, як пасажырскі дызель, бардовы з жоўтым. Ён бачыў такі колькі дзён таму, калі праязджаў каля чыгункі.
Але няцяжка, напэўна, здагадацца, што ніякая фея не з явілася аднойчы перад ім на дарозе, не ўскочыла будзённа ў першыя дзверы, задыхаўшыся, з мокрым ад дажджу чароўным парасонам са зламанымі спіцамі. І не ператварыла яго ў цягнік, такі, як на вялізнай рэкламе ўздоўж забітай машынамі шашы. І ён не памчаў у невядомыя і далёкія краіны.
Але, калі для ўсеісных аўтамабіляў наступаў чырвоны колер святлафора, калі ніводная з гэтых дзіўных пачвар на гумавых колах не думала паварочваць перад ім, трамвай забываўся пра тое, хто ён. І імчаў, як сапраўдны цягнік. І бачыліся яму за паваротам новыя краіны і нязведаныя далі. Ну і што з таго, што гэта горад, ці не падобны ён час ад часу да джунгляў, лесу ці поля? А што ўвесь яго шлях – проста круг, і, што б там ні было, ён той жа дарогай вернецца назад. Гэта наканавана ўсім. І розным цягнікам на розных рэйках, нават людзям.
Правообладателям!
Это произведение, предположительно, находится в статусе 'public domain'. Если это не так и размещение материала нарушает чьи-либо права, то сообщите нам об этом.