Электронная библиотека » Коллектив авторов » » онлайн чтение - страница 26


  • Текст добавлен: 11 декабря 2018, 23:20


Автор книги: Коллектив авторов


Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза


Возрастные ограничения: +16

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 26 (всего у книги 28 страниц)

Шрифт:
- 100% +
Карпаратыўная ялінка

30 снежня,

панядзелак

У гэты сонечны перадапошні дзень старога года ў іхнім офісе праца ішла вельмі жвава. Кожная з дзяўчат узброілася нажніцамі (хто звычайнымі для паперы, хто манікюрнымі) і старанна выразала з вялікіх аркушаў рознакаляровай паперы мініяцюрныя ялінкі.

– А чаму менавіта ялінкі? Мы ў школе звычайна сняжынкі выразалі,– сказала адна з супрацоўніц.

– Ну, ён сказаў, што ў нас будуць ялінкі,– адказала другая.

– Хм, дзівак, – паціснула плячыма трэцяя.

– У мяне ўжо пальцы баляць, – кінула нажніцы чацвёртая.

– А адкуль узялася гэтая ідэя? – вырашыла ўдакладніць першая.

– Ай, – закаціла вочы другая. – Казаў, што ў яго сябар неяк з паперы ялінку зрабіў. Той паказаў яму фотку, ну а нашаму, дурненькаму, спадабалася. Вось мы зараз будзьма гэтак жа…

– А навошта тады шарыкі і лямпачкі? – спытала трэцяя дзяўчына.

– Каб я ведала, – пакруціла галавою другая.

– Што тут здзіўляцца? Узялі студэнта на падпрацоўку, – шматзначна кінула чацвёртая.

– Затое грошай шмат не просіць, – адарвалася ад камп’ютара намесніца дырэктара, якая таксама была занятая вельмі адказнай справай: перапісвалася з шэфам, што па сумяшчальніцтву быў яе мужам і рабіў закупы на заўтра.

– Ну, нарэзалі мы гэтых ялінак, а зараз што? – зноў спытала адна з дзяўчат.

– Давайце стэплерам сшыем і паразвешваем, – прапанавала другая.

– Так, давайце, – пагадзіліся астатнія і ўзяліся за новы этап работы.

– Дык а лямпачкі з шарыкамі?

– Лямпачкі давайце на акно павесім, а шарыкі я дамоў забяру, – адгукнулася намесніца.

– Ну, вечна ўсё ў дом цягне, – прашаптала адна дзяўчына другой. – Я б, мабыць, таксама забрала б.

– Угу, і я, – кіўнула тая.

– Вось таму іх і забяру я, бо вас чацвёра і вы не дамовіцеся, – не адрываючыся ад манітора, павучальна прамовіла намесніца.

– От ужо, – бязгучна прабурчалі дзяўчаты і пачалі шчоўкаць стэплерамі.

– Хэлоў! – Уваліўся ў офіс задаволены сабой студэнт-праграміст, якога яны дагэтуль абмяркоўвалі.– Дамы, купіў торцік і не толькі, як і загадвалі!

Ён зухавата скінуў куртку і паставіў трафеі на бліжэйшы стол.

– А чаго лямпачкі на акно павесілі? – пацікавіўся ён.

– Ну, а куды іх? – павярнуліся да яго дзяўчаты, кожная з дзясяткам крывых папяровых ялінак у руках.

– Жах! – выбухнуў ён. – Вы навошта паперу пашасталі?

– Ну, ты ж казаў, ялінкі будзем рабіць! – абурэннем на абурэнне адказалі дзяўчаты.

– У-у… – прагудзеў хлопец, не наважыўшыся ахарактарызаваць супрацоўніц пэўным тэрмінам.

Ён сарваў з акна лямпачкі і, падхапіўшы пад паху скрынку з шарыкамі, рушыў прэч з офіса. Дзяўчаты моўчкі стаялі, пазіраючы на дзверы, за якімі ён знік. Нават намесніца дырэктара ўзняла галаву. Праз некалькі імгненняў студэнт зноў з’явіўся ў офісе. Дзяўчаты прывітальна заўсміхаліся яму, але ён толькі хмыкнуў, забраў торт і шампанскае, на якія забыўся па-за прылівам гневу, і зноўку пайшоў.

Сяброўская ялінка

31 снежня,

аўторак

– Так, дзяўчаты, на кухню, Макс, за сервіроўку стала, ты, Моця, у нас спец па ялінках, таму давай наперад. А я трохі пасяджу, мне ўчора на працы стрэсу хапіла. – Віталь паваліўся ў фатэль і схапіўся за гітару. – Такія дурніцы, вы не ўяўляеце…

– За тры дні ў вас, зразумела, не знайшлося часу ялінку ўпрыгожыць. – Нават не зварухнуўся з месца Мацвей, што стаяў, прытуліўшыся плячом да вушака.

– Не, – сур’ёзным тонам адказаў Віталь і, заплюшчыўшы вочы, узяўся бязладна рваць струны.

– Дай сюды! – Кінуў на стол сурвэткі Макс і, выхапіўшы ў брата гітару, пачаў граць тое ж самае.

– Ялінка! – кінуў у паветра Віталь, соладка выцягваючыся ў фатэлі.

Мацвей цокнуў языком і паплёўся да растапыранага дрэва.

– А паставіць яе побач з разеткай нельга было?

– Слухай, ну, што ты ўвесь час бурчыш? Вазьмі падаўжальнік.

– Ну дык дай падаўжальнік.

Віталь раздражнёна храпануў.

– Братачка! – клікнуў ён і, трохі пачакаўшы, сказаў: – Схаваўся на кухні каля дзяўчат і не адгукаецца, халера. Калі паспеў? Зараз прынясу.

Віталь вярнуўся з суседняга пакоя і згрузіў усё на падлогу каля ялінкі:

– На табе падаўжальнік, і дадатковыя лямпачкі на, і яшчэ спецпрыз выключна для цябе: дзеда мароза трымай.

– Угу.

– Вось заўжды, стараешся-намагаешся, а табе ў падзяку «угу», – паскардзіўся Віталь ватоваму дзеду і, пачуўшы, як звініць дамафон, падхапіўся: – О, апошняя мая надзея ідзе.

Мяркуючы па тлуме ў вітальні, «надзея» прыйшла не адна, а з дзясяткам таварышаў.

– Ну-с, што вы прынеслі да святочнага стала, шаноўная? – па-жартаўніцку ўрачыста спытаў Віталь.

– Ха! Цэлы пакунак! – дзёрзка адказала шаноўная. – А ў вас там такія пенсіянеры смешныя з коцікам на павадку па двары шпацыруюць…

– У каго там цэлы пакунак? З пакункамі сюды! – закамандавалі з кухні дзяўчаты.

– Ну, а дзе ваш Кот Мацвей? Будзе? – запыталася Надзейка, распакоўваючы клункі.

– У гасцёўні з ялінкай корпаецца, – адказаў Макс, жуючы адзін бутэрброд і трымаючы ў руцэ другі.

– З талерак нічога не хапаць! – закрычалі дзяўчаты.

– Ідзі знаёміцца, ён добры, – сказаў Віталь, падштурхоўваючы Надзейку ў плечы.

Тая адначасова і з цікаўнасцю, і няхочучы пацягнулася да гасцёўні, дзе, за выключэннем рознакаляровых ценяў на сценах ад гірлянды, было цалкам змрочна. Надзейка ўвайшла ў пакой і ўбачыла, што каля ялінкі хтосьці рухаецца.

– Прывітанне! Любіш упрыгожваць ялінкі?

Мацвей пачаў лавіць нятрапна павешаны шарык. Выратаваўшы цацку, ён пытальна паглядзеў на дзяўчыну.

– Надзея! – зрабіла яшчэ адну спробу пазнаёміцца яна.

– У якім сэнсе? – спытаў Мацвей.

– Імя, – патлумачыла Надзейка. – Мяне так клічуць.

– А-а, – кіўнуў ён і, павесіўшы яшчэ адну цацку, дадаў: – Я цябе ведаю.

– Гэта не дзіўна, я цябе таксама ведаю. Завочна.

– Чаму завочна? Гэта ж у цябе такі брахасты мізэрны сабака?

– Чаго гэта ён мізэрны? – пакрыўдзілася Надзейка.

– Ну, не вялізны ж ён, – парыраваў Мацвей. – І яшчэ вы дваццаць пятага ялінку ставілі.

– Адкуль ведаеш? – напружылася Надзейка.

– Я жыву ў доме насупраць.

– Ты што, сочыш за мною?

Нават у прыцемку было бачна, як Мацвей пакутліва запунсавеў.

– Ды не, – сарамліва прамовіў ён. – У мяне стол каля акна стаіць, хочаш-няхочаш, а ўбачыш. Я проста адзін жыву, нудна, а вы так весяліліся, ажно зайздрасць узяла.

– Дык ты што, адзін? Зусім? – зазірнула яму ў твар Надзейка.

Мацвей паціснуў плячыма і вырашыў, што нарэшце можна ўсміхнуцца.

– Давай я табе дапамагу. – Надзейка падышла да ялінкі і таксама пачала развешваць цацкі.

Да Новага года заставалася яшчэ цэлая гадзіна.

Ганна Шыбут

[1993 г. н.]

Святло і цемра
Вера

Восем гадоў таму мае бацькі набылі хату ў далёкай ад горада, вялікай вёсцы. Маці хацела мець свой агарод, а я – ранкам басанож бегаць па расістай траве, любавацца кветкамі і слухаць спевы птушак.

Тым летам маё дзяцінства пачало ўцякаць, хавацца ад мяне, пакідаючы толькі ўспаміны. Уся дзіцячая лёгкасць, бесклапотнасць, невытлумачальная радасць і весялосць – усё паціху заставалася ў мінулым.

Менавіта тады Міша з’явіўся ў маім жыцці. На першы погляд, ён быў звычайным пятнаццацігадовым хлапчуком. Аднак нядобрае пра яго казалі ў вёсцы. «Ён нелюдзімы!» – сцвярджалі адны. «Ён дзівак!» – казалі іншыя. «Паглядзіце на яго радню! Бацька п е да белай гарачкі, брат-лайдак туды ж коціцца, а бедная маці толькі і можа, што ў царкоўным хоры спяваць ды маліцца». Чым Міша заслужыў столькі кпінаў у свой бок? Можа, таму, што не меў сяброў і гуляў адзін? Часцей яго бачылі самотным і задумлівым, а не вясёлым і гарэзлівым. Апрануўшы чорную таўстоўку, насунуўшы на галаву каптур, увечары ён ішоў шукаць вожыкаў. Гэта былі яго любімыя жывёлы, якія толькі ў змрочны час выходзілі са сваіх схованак.

Як мы пазнаёміліся? Зусім звычайна. У падлеткавай кампаніі, што збіралася кожны вечар «на цэнтры» каля школы. Магчыма, Мішу стала цікава, што гэта за новая дзяўчына, пра якую па вёсцы таксама распускаюць непрыемныя чуткі. І ён пачаў пакрыху далучацца да нашай вясёлай дзявочай кампаніі.

Памятаю, як упершыню Міша праводзіў мяне дадому апоўначы, у непрагляднай вусцішнай цемры. Ён ішоў моўчкі і толькі зрэдку крыху надрыўным нясмелым голасам адказваў на мае пытанні. Яшчэ тады ён распавядаў пра шалёных сабак, якія ноччу накідваюцца на людзей. Сказаў, што будзе абараняць мяне ад іх, нагамі адбіваць, а калі спатрэбіцца, то і рукамі душыць, і зубамі грызці.

Калі мы дайшлі да адзінага не зламанага ліхтара, што свяціў каля маёй хаты, мне захацелася з удзячнасцю абняць Мішу. Лёгка прыціснуўшыся да яго, я адчула, як дрыжыць яго постаць, як ледзь-ледзь ён дыхае. І хаця ў яго было дастаткова моцнае і крэпкае, зусім не худое цела, ён нібы здрабнеў у маіх абдымках, стаў кволым і маленькім.

Яшчэ хвіліну мы спрабавалі размаўляць. Няважна пра што, размова не атрымлівалася. Міша нават не глядзеў у мой бок, яго позірк пераскокваў з дарогі на ліхтар, з ліхтара на дарогу. Хлопец паціраў далонь аб далонь або хаваў рукі за спіну. І ў самы апошні момант, калі я сказала: «Пакуль», ён зірнуў на мяне. Я пабачыла такую адзіноту ў яго вачах, што здалося, нібы ўсе гукі цёмнай вусцішнай ночы зніклі, а засталася толькі бязмежная ледзяная цішыня. Міша развітаўся і раптам пабег. І праз імгненне знік у бязгучнай цемры.

Такімі і былі нашыя адносіны наступныя пяць гадоў – то ратавальнае святло, то бязгучная цемра.

Міша

У той час я асабліва моцна адчуваў сябе бясконца адзінокім, пастаянна думаў пра смерць. Усё, што адбывалася са мной, было нібы ў сне. І нечакана ў нашай цеснай для вольнага жыцця вёсцы, дзе сусед сочыць за суседам, з явіўся прамень святла. Гэта была дзяўчына, што прыехала сюды з горада. На лета.

Знаёмства з Верай было больш падобна да адчайнай спробы ўхапіцца за жыццё. Спачатку мне было боязна на яе глядзець. Надта ж непрыемнае казалі пра яе. «Са сталіцы прыехала! То, пэўна, ганарлівая, нікому падысці не дасць!», «Якая нязграбная, непрыгожая!», «Ды яна ўвогуле – страшная, як вайна!» – кпілі з Веры хлопцы паміж сабою. Але вясковыя дзяўчаты, наадварот, паспяшаліся пабліжэй пазнаёміцца з ёй, пачалі запрашаць Веру ў госці, на танцы ў мясцовы Дом культуры, а таксама «на цэнтр» – галоўнае месца гулянняў для моладзі, каля школы.

Неяк увечары мой сусед Саша прапанаваў мне схадзіць пазнаёміцца з той самой гарадской дзяўчынай. Яму, мусіць, таксама было цікава бліжэй разглядзець гэтую «вайну». Я згадзіўся. Але ў той вечар, я так і не адважыўся разглядзець яе. Стаяў збоку і чуў яе голас, бачыў абрысы тонкай далікатнай постаці, але баяўся зірнуць на твар. Знерухомеў. Проста стаяў каля іх дзявочай купкі і слухаў, як Саша знаёміцца з Верай, прэзентуе ёй мяне, пачынае бязглузда жартаваць, каб уразіць іх кампанію. Я ніяк не мог зразумець: як чатырнаццацігадовая дзяўчына можа быць страшнай, як вайна? І дзе тая гарадская ганарыстасць? Нічога непрыемнага не адбывалася. І ўсё ж я пабойваўся глянуць на яе.

Я пачаў часцей хадзіць па вечарах «на цэнтр». Хацеў адважыцца і паглядзець Веры ў вочы. Пагутарыць з ёй, даведацца, якая яна насамрэч, як разважае. Думкі і мары заўжды былі для мяне галоўным у людзях. Невядомая цікаўнасць падштурхоўвала мяне да гэтай дзяўчыны, як святло ў цемры прыцягвае да сябе матылька.

Неўзабаве ў нашую вёску аднекуль прыбеглі шалёныя сабакі. Першай ахвярай стаў вартаўнік фермы, якога жорстка загрызлі. Усіх сабак адстрэліць не атрымалася, таму было дастаткова рызыкоўна знаходзіцца на вуліцы ў позні час. Моладзь крыху пабойвалася, але працягвала гуляць да поўначы.

Нейкім вечарам я прапанаваў Веры праводзіць яе дадому, бо перажываў, як бы чаго дрэннага з ёй не здарылася. Я змог бы абараніць дзяўчыну, нават калі б сам пацярпеў. За кароткі час яна стала дарагой майму сэрцу. Я адчуваў, што ёй можна давяраць. Але я так і не асмеліўся яшчэ разгледзець яе.

Пакуль мы ішлі ў цемры, Вера распытвала мяне. Чаму я так рэдка бываю ў іх кампаніі? Чым займаюся ў вольны час? Якую музыку слухаю? Яе голас так прыязна гучаў, што я губляў усе думкі, не мог засяродзіцца і, напэўна, адказваў нейкую лухту. Упершыню хтосьці шчыра цікавіўся мною.

Мы набліжаліся да ліхтара, што свяціў каля Верынай хаты. Я разумеў, што зараз мы развітаемся, і мне давядзецца вярнуцца ў змрок свайго штодзённага існавання. Але найперш трэба глянуць у дзявочыя вочы. Спыніўшыся пад святлом, я разгубіўся, думаў што рабіць далей. І тут Вера лёгка абняла мяне. Так шчыра і проста. Я ледзь не страціў прытомнасць ад захлынуўшых мяне пачуццяў. А дзяўчына, адышоўшы на крок, нешта спытала. Я стаяў і ламаўся, як дурненькі, не мог адказаць, не мог паглядзець на яе. «Пакуль», – сказала Вера. І гэтае «пакуль» рэзка, як вуда выдзёргвае рыбу з вады, вярнула мяне да рэчаіснасці. Нечакана для сябе я зірнуў у Верыны вочы. Якія цёплыя! Якія па-дзіцячы наіўныя! А яе твар, хай і не быў чароўна прыгожым, усё ж меў мілыя рысы, якія ў будучым перамогуць падлеткавую непрывабнасць. Я не адчуў расчаравання, а толькі яшчэ больш упэўніўся, што Вера мне падабаецца.

Хацеў стаяць тут з ёй вечнасць, але ўзрушана сказаў: «Да сустрэчы» – і пабег. Мая пастаянная адзінота раўніва і рэзка ахінула мяне разам з цемрай.

Праз восем гадоў

«Пішу каханай…

Вера, мы былі крыху старэйшыя за дзяцей. Ты трапіла ў маё жыццё такой юнай, чыстай, добрай. Ты стала мне сяброўкаю і надзеяй на лепшае жыццё.

Ужо тады я ведаў, што мы дастаткова розныя, але спадзяваўся, што гэта зменіцца, калі мы вырасцем. Суцешаны гэтай думкай, я пакахаў цябе.

Кожнае лета мы былі разам. Тры месяцы шчасця. Я мог трымаць цябе за рукі, цалаваць, абдымаць, слухаць твой прыемны голас і радавацца, што ты ў мяне ёсць.

А потым надыходзіла восень, ты з'язджала ў горад, і я заставаўся адзін. Кожны наступны дзень здаваўся мне шарэйшым за папярэдні. Ты тэлефанавала і пісала мне ўсё радзей і радзей.

Затым наступала халодная зіма, дні былі кароткія, ночы доўгія. Я сумаваў, пакутваў без цябе. А ты чамусьці нават не адказвала на мае лісты, не здымала тэлефонную трубку. Здавалася, што ты пераўтварылася ў ільдзіну. Халодная, маўклівая, нерухомая. Я пачынаў думаць, што згубіў цябе назаўжды.

Але з цёплым подыхам вясны ты нібы адтайвала, і я зноў чуў твой лёгкі голас па тэлефоне. І чакаў, чакаў лета. Каб трымаць твае рукі, цалаваць, абдымаць…

Так было пяць гадоў – барацьба святла і цемры. Хто перамог? Ніхто. Заўжды будзе дзень, заўжды будзе ноч. Наступныя тры гады – тваё маўчанне, беспрасветнае, цяжкае для мяне, як густы туман, у якім няма надзеі.

Я шкадую, што калісьці здаўся, здрадзіў табе, дазволіў крыўдаваць, аддаў чужому. І цяпер, калі няма надзеі, што мы будзем разам, я ўсё адно адчуваю, што ты яшчэ мяне кахаеш. І як бы далёка мы ні былі, каханне наша будзе вечным, як бег дня за ноччу і ночы за днём».

Самы лепшы тата ў свеце

Сабачы брэх і віcкатанне рэзка абудзілі мяне ў гэтую раніцу. Галава балела так, што хацелася выць разам з гэтымі чортавымі сабакамі. У роце перасохла, перад вачыма ўсё плыло. Я падняўся з ложка і агледзеўся. Вакол былі драўляныя сцены, на падлозе ляжаў пыльны дыван, а насупраць мяне свяцілася маленькае акенца. Не зразумеўшы, дзе знаходжуся, я працёр далонямі вочы і патрос галавой. Тут да мяне паціху пачала вяртацца памяць. Зараз я знаходжуся на дачы, а ўчора быў зусім дрэнны дзень. Я праваліў работу, над якой працаваў употай ад сям і амаль што месяц, мяне звольнілі з працы, я моцна напіўся і пасварыўся з жонкай. Яна выгнала мяне з дому, і прыйшлося начаваць на дачы. Што рабіць далей? Думкі ў хворую галаву не ішлі… Толькі апаноўвала злосць, злосць на сябе і на ўвесь свет. Нават на Ганначку, маю маленькую пяцігадовую дачку. Чаму яна не заступілася за мяне?! Чаму глядзела як на звера?!

Брэх на вуліцы то мацнеў, то сціхаў. Гэта мяне вельмі раз’юшвала. Што там робіцца? Заўсёды было ціха, а тут – як нечаканы ўраган. Трымаючыся за галаву, я павольна падышоў да акенца і глянуў у двор праз запыленае шкло. Праз дарогу стаяў вялізны дом. Раней ён быў закінуты і там ніхто не жыў, але зараз каля яго стаялі машыны і хадзілі людзі. Яны ставілі агароджу, прыводзілі будынак у парадак, нешта насілі ў вялізных сумках і цягнулі за павадкі ў дом… сабак. Сабак?!

Стук малаткоў, якімі забівалі слупкі ў зямлю, балюча аддаваўся ў мяне ў галаве. Я не вытрымаў і вырашыў пайсці разабрацца, што гэта там такое адбываецца. Глытнуў вады, апрануўся і выскачыў з хаты.

Калі я зайшоў у дом, поўны брэху і злоснага кацінага шыпення, першым, што трапіла мне ў вочы, быў маленькі абадраны сабачка, які сумнымі вачыма глядзеў на мяне, быццам у самую глыбіню душы. Я замёр на месцы на нейкую долю секунды. Трэба было знайсці чалавека, які ўсё гэта заварыў. У канцы калідора былі дзверы з шыльдачкай: «Дырэктар». Туды я і зайшоў.

– Я вас слухаю, – сказала жанчына сталага веку ў светлым адзенні. Яна сядзела за сталом і запаўняла нейкія бланкі.

– Выбачайце за нахабства, але што гэта вы тут вытвараеце такое?

Жанчына з цікавасцю на мяне паглядзела, адклала паперкі ўбок і запыталася:

– Як вас завуць, мужчына? І адкуль вы?

– Сяргей Міхайлавіч. Я ваш сусед, жыву насупраць… пакуль што. І я не разумею, што тут адбываецца.

– Тут адкрылі прытулак для жывёл, Сяргей Міхайлавіч. Тыдзень назад мы атрымалі дазвол на дзяржаўным узроўні. Гэта першы прытулак такога плана, – спакойна, але з годнасцю ў вачах адказала жанчына.

– Навошта ён патрэбен, гэты ваш прытулак? Жылі без яго добра і далей будзем жыць! – са злосцю сказаў я і падумаў, што такога суседства мне толькі і не хапала.

Жанчына ніколькі не абурылася, толькі неяк дзіўна на мяне паглядзела і адказала:

– Вы ведаеце, колькі жывёл не маюць дома ў нашым горадзе? Людзі не клапоцяцца пра іх. Адстрэльваюць. Забіваюць! А гэта ж жывое! Яны часам бываюць разумнейшыя за людзей і намнога больш добрыя. Тут, у прытулку, мы будзем трымаць іх некаторы час, будзем карміць, даглядаць і шукаць ім новых гаспадароў. Калі жадаеце, можаце ўладкавацца да нас на працу. Будзем удзячны. Часу ў жывёл няшмат, і трэба спяшацца рабіць для іх дабро.

– Буду я яшчэ рабіць ім добра, калі ў самога праблем хапае, – сказаў я, развярнуўся і пайшоў дадому.

Прысеўшы на канапу, я вырашыў, што трэба зноў выпіць, бо галаўны боль не даваў спакою. Але раптоўна ў мяне перад вачыма паўстала такая выява: маленькі абадраны сабачка з жаласлівым выглядам. Ён быццам маліў: «Дапамажыце мне!» Я ўспомніў сваю дачку, як яна плакала і прасіла: «Татачка, ну давай возьмем жывёлінку ў дом». Я ледзь не заплакаў сам. Слёзы гатовы былі пакаціцца па шчоках, але ад іх наўрад ці стала б лягчэй. Што робіцца ў гэтым свеце? Дзеля чаго мы жывём! Мы павінны рабіць дабро, а мы сварымся, злуемся, хлусім, забіваем… Так жа нельга! Сапраўды, «…нашто ж на зямлі сваркі ды звадкі, боль і горыч, калі ўсе мы разам ляцім да зор?!»

Як звар'яцелы, я ўсхапіўся з канапы і бягом кінуўся ў прытулак. Я зразумеў: гэта само жыццё дае мне магчымасць нешта ў сабе выправіць, нешта наладзіць.

* * *

Праз тыдзень працы на новым месцы я вяртаюся дадому. Ды не адзін. У мяне на руках сядзіць рыжанькае кацянятка. Гэта падарунак для маёй Ганначкі.

Дзверы ў кватэру адчыніла Зося, мая жонка. Яна моўчкі на мяне паглядзела, а я сказаў:

– Прабач мяне, любая. Больш ніколі такога не будзе. Я абяцаю табе.

– Я так сумавала, – абняла яна мяне.

З дзвярэй выбегла Ганначка і закрычала:

– Татачка, ты вярнуўся! Мне было так сумна і страшна без цябе.

– Дарагая мая, я так цябе люблю, ты – маё сонейка маленькае. Глядзі, каго я табе прывёз!

Дзяўчынка на момант здзівілася, потым запляскала ў далоні, пацалавала мяне і ўзяла на ручкі маленькае кацянятка:

– Татачка…Ты самы добры тата ў свеце!

Як лёгка, аказваецца, зрабіць добрае, як лёгка і як важна!

Ганна Шыдлоўская

[1996 г. н.]

Госпиталь
(от лица военного врача)
 
«Этот последний. Закончилась вата.
Полночь минула – прилягте поспать»,
Мне бы и в радость забота медбрата,
Только куда там – в четыре вставать.
 
 
Светом глухим издевается лампа
Над утомленным и тусклым зрачком.
Тут не желают здоровья, но нам бы
Мир без войны, без захватчиков дом.
 
 
Сколько здесь слышно молитв и стенаний!
Сколько последних и тщетных надежд!
«Маме скажите…», «Сестре передайте…»,
«Я их любил», «Я умру?..», «Я воскрес?».
 
 
Их к нам приносят, бывало, по двадцать
Душ, изувеченных этой войной.
Душ, а не тел. Тело можно подлатать —
Дух не излечит ни йод, ни покой.
 
 
В мысли крадутся виденья и грезы:
Дом, городишко уютненький мой —
Я задремал на столе слишком поздно.
Фельдшер зовет: «У нас новый, тревожный,
Два огнестрельных, но, вроде, живой».
 

Яна Явіч

[1983 г. н.]

«Цішынёй, вадою крынічнаю…»
 
Цішынёй, вадою крынічнаю,
Шляхам слёз – ад пакут у Вечнасці,
Удалечыні – салаўіны спеў,
Як маланкі бляск, як вачэй святло,
Як хвілінны боль – ад бясконцасці…
Штось таемнае, невядомае
Адчуваецца ў гэтай музыцы,
Адчуваецца, адбіваецца
У імгненнях – чыстай празрыстасцю,
Глыбінёю неба бяздоннага…
Быццам з вышыні, з промняў сонечных,
Салаўіны спеў – гукі светлыя,
Як вада, крыштальна-празрыстыя,
Як імгненні неба блакітнага…
Нешта ў іх жыве незабыўнае,
Як маё натхненне – у творчасці.
 

Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 | Следующая
  • 4.6 Оценок: 5

Правообладателям!

Это произведение, предположительно, находится в статусе 'public domain'. Если это не так и размещение материала нарушает чьи-либо права, то сообщите нам об этом.


Популярные книги за неделю


Рекомендации