Текст книги "Мой дзень пачынаецца (зборнік)"
Автор книги: Коллектив авторов
Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза
Возрастные ограничения: +16
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 4 (всего у книги 28 страниц)
Маладзік па небе ходзіць
Караблі гінулі бязгучна – у вакууме не бывае гукаў. Яны проста ўспыхвалі, на імгненне пераўтвараліся ў прамяністыя зоркі і назаўсёды знікалі ў цёмнай прасторы Сусвету.
Караблі ведалі, што ідуць на смерць. Яны былі ваеннымі караблямі; яны з’явіліся на свет не для таго, каб пакрыцца ржой у касмічных доках заводаў, не за тым, каб зрабіцца музеямі мінулай славы ці бясслаўя. Караблі нараджаліся, каб перамагаць – і зноў ляцець наперад, на новага ворага, і знішчаць яго – або быць знішчанымі ім.
Той, хто лёгка ідзе на смерць, шчодра сее яе наўкол. У людзей гэта называецца гераізмам, у караблёў – прызначэннем. Караблі ведалі, што нясуць смерць. Так было наканавана.
Караблі ўмелі быць вернымі сваім экіпажам. Яны выносілі людзей з такога пекла, што людзі пачыналі верыць у цуд і складалі аб караблях легенды.
Калі ж, адзін за адным, гінулі тыя, каго неслі караблі ў сваіх бліскучых чэравах – ад камандзіраў, што трымалі штурвалы і вялі суды наперад, да тэхнікаў, якія наладжвалі работу сістэм, – караблі ўзрывалі сябе. Не здавацца ў палон, не апынуцца трафеем ворага – лепш смерць!
Карабель плыў па Сусвеце зусім адзін. Ён не ведаў, ці доўга дрэйфуе: на борце выйшаў са строю гадзіннік, і час спыніўся. У адкрытым космасе, дзе не ўзыходзяць сонцы ў ілюмінатарах, дзе маладзікі не змяняюцца поўнямі, не падаюць сігналаў спадарожнікі, няма не толькі гукаў – там не існуе часу, бо яго няма чым вымяраць.
Карабель быў яшчэ жывы. Яго сэрца – вялікі крышталь, перпетуум мобіле – магло выпраменьваць энергію вечна. Аднак карабель выключыў усе агні і прымусіў сваё сэрца заснуць. Цяпер яно не палымнела, а тлела глыбока пад абшыўкай, пакуль карабель прымаў рашэнне.
Карабель памятаў, як загінуў яго экіпаж. Спачатку камандзір – самым першым. Ён рассыпаўся на атамы пад шчыльным промнем зялёнага варожага святла. Потым два тэхнікі – падчас пажару, калі наладжвалі сістэмы тушэння агню: ім удалося згасіць полымя, аднак калі ў адсеку пайшоў дождж, здарылася кароткае замыканне, і моцны разрад электрычнасці адправіў абодвух на той свет. Пасля пакінула карабель штурман – яе выцягнула ў адкрыты космас праз прабіты бок рубкі. Рубка была задраена, таму астатнія адсекі не разгерметызаваліся, і людзі, калі б хто з іх застаўся ў жывых, маглі б яшчэ выратавацца. Але людзей у жывых не засталося. Яны выратавалі карабель і спапялілі ворага, але загінулі самі. У гэтай схватцы не аказалася пераможцаў.
Аднак карабель не мог аддаць каманду на самазнішчэнне: на борце яшчэ заставаўся Нумар Пяць.
У жаночай каюце, на тумбачцы каля ложка, у прыгожым белым гаршчэчку на магнітах, цвіла пеларгонія – тая самая, якую капітан падарыў жанчыне штурману на дзень нараджэння. Штурман назвала кветку Нумар Пяць, таму што тая была пятым, неафіцыйным, «членам экіпажа» на борце.
Пеларгонія была жывая. Яна дыхала, вельмі баялася холаду і смерці. Калі пачалася бойка, пеларгонія крычала ад жаху, і карабель чуў яе крык, нячутны людзям.
Для карабля кветка таксама была членам каманды. Раней ён ніколі не размаўляў з кветкамі, але зараз яму трэба было ад каго-небудзь атрымліваць загады. Ён быў добрым салдатам і выдатна ведаў іерархію: той, каго сабралі на канвееры, павінен служыць тым, у каго ўдыхнула жыццё прырода – і ніяк не наадварот. Нават калі ты звышінтэлектуальны карабель, у метал твайго корпуса ўплаўленыя ланцужкі ДНК, ты ўмееш чытаць думкі і вырашаць звышскладаныя задачы, усё роўна ты – другасны пасля той істоты, што самастойна вырасла з адной клеткі, явіўшы свету не перамогу тэхналогій, а цуд жыцця.
Трэба было вырашаць, што рабіць далей. Проста плыць па космасе было небяспечна.
Пяты нумар маўчаў.
І тады ўпершыню карабель сам звярнуўся да старэйшага па званні.
– Якія будуць загады? – спытаўся ён.
Кветка дрыжала. Яна не думала, што карабель звяртаецца да яе, ёй было страшна, холадна, цёмна і вельмі адзінока. А яшчэ яна вельмі хацела піць.
– Якія будуць загады? – паўтарыў карабель і дадаў: – Нумар Пяць, вы мяне чуеце?
Кветка вельмі ганарылася тым, што ў яе ёсць асабісты нумар, бо далёка не кожная расліна можа гэтым пахваліцца. Таму, пачуўшы, што да яе звярнуліся, пеларгонія прыўзняла лісткі:
– Я Нумар Пяць, я чую вас!
– Якія будуць загады, Нумар Пяць? – спытаўся карабель яшчэ раз.
Кветка ніколі ў жыцці не аддавала загады і наўрад ці адважылася б на гэта, аднак смага перамагла.
– Я хачу піць… – прашаптала пеларгонія.
– Паўтарыце запыт! – звярнуўся карабель да кветкі; у яго кампетэнцыю не ўваходзілі сведкі аб тым, што п’юць расліны.
– Вады! – прашаптала Нумар Пяць.
Карабель уключыў сістэму пажаратушэння ў адсеку. Са столі пырснуў дожджык, і кветка радасна расправіла пялёсткі, прымаючы ў іх празрыстыя кроплі вады. Вада расцяклася па падлозе, па фотаздымках, што віселі на сценах, па лістах дзённіка, які вяла штурман.
– Дзякуй. Дзякуй! – сказала кветка, калі наталіла смагу.
Карабель перакрыў ваду.
– А цяпер запаліце, калі ласка, святло – я баюся цемры! – папрасіла пеларгонія.
Карабель даў свайму вечнаму сэрцу каманду на абуджэнне. Яно шчоўкнула, ледзьве чутна загуло і заззяла мяккім блакітам. У каюце над кветкай успыхнула святло.
Нумар Пяць убачыла мокры нататнік, пакрыты чарнільнымі плямамі, і фотаздымкі, на якіх цяпер немагчыма было разабраць твараў.
– Што ж мы нарабілі! Мы знішчылі памяць… – сумна сказала кветка.
– Памяць у парадку, сістэмы не пашкоджаныя, – адказаў карабель.
– Ах, вы нічога не разумееце… – уздыхнула кветка. – Не віртуальную памяць… А рэчы і словы, якія нагадваюць аб падзеях…
– Рэчавыя доказы, – сказаў карабель.
– Доказы…
Кветка змоўкла.
Сэрца карабля выпраменьвала энергію. Ён чакаў новых загадаў. Ён ірваўся ў новы бой. Вакол шчэрылася цемрай міжзорная пустэча, усыпаная бледнымі пясчынкамі далёкіх галактык. Недзе сярод іх зіхацела тая, адкуль былі родам карабель і Нумар Пяць – недзе вельмі, вельмі далёка. Падчас апошняга бою карабель выштурхнула ў незнаёмы сектар касмічнай прасторы, і каб знайсці родную галактыку, спатрэбілася б нямала высілкаў.
Кветку не цікавілі зоркі і галактыкі, яна нічога ў іх не разумела.
– Вы сумуеце па людзях? – спыталася яна.
Карабель не ўмеў сумаваць. Ён умеў слухаць, атакаваць і абараняць.
– Паўтарыце пытанне.
Кветка ўздыхнула:
– Я сумую па іх. Яны ўмеюць смяяцца. Яны ўмеюць спяваць. Сумую па іх голасе… Голас людзей дорыць надзею. Я так хачу зноў пачуць іх галасы!
Карабель крыху падумаў і ўключыў па канале гучнай сувязі запіс бартавых перамоў членаў экіпажа.
…Мужчыны жартавалі, смяяліся. Штурман спявала дзіцячую песню-лічылку:
Маладзік па небе ходзіць,
Зоркі за сабою водзіць,
Хто схавацца не паспеў,
Той, як зорачка, згарэў!
Раз-два-тры, чатыры, пяць,
Я іду шукаць!
Ніхто з іх не збіраўся паміраць. Гэта быў лепшы экіпаж флоту! Яны ляцелі за перамогай!
А на эмблеме карабля зіхацеў маладзік, за якім выстраіліся ў шэраг чатыры дзясяткі зорачак – па зорачцы за кожны збіты варожы борт. Ён быў не проста караблём – ён быў караблём-легендай!
Раптам, зусім нечакана для сябе, карабель захацеў вярнуцца дадому і расказаць усім, як гераічна каманда змагалася і загінула. Ён захацеў зноў стаць у строй, адпомсціць за свой экіпаж і выгадаваць новых герояў.
А кветка, пачуўшы знаёмыя галасы, заплакала.
– Адвязіце мяне да людзей, – папрасіла яна. – Да жывых людзей…
Карабель уключыў лакатары, разгарнуў і выпрастаў усе антэны, адкрыў зорныя карты і пачаў сканіраваць прастору. Ён атрымаў загад і шукаў у космасе борт або планету з людзьмі.
І ён знайшоў яе – тую самую, што была месцам яго нараджэння.
Карабель змог вызначыць каардынаты свайго знаходжання і зарыентавацца ў прасторы. Ён мог бы сабой ганарыцца, калі б умеў! Цяпер ён ведаў, куды ляцець. І ведаў, навошта.
– Рыхтуюся да гіперскачка, – папярэдзіў карабель.
– І я рыхтуюся, – сказала кветка. Яна разумела, што будзе балюча, але была згодна патрываць, каб толькі хутчэй выбрацца з гэтага бяздоннага, пустога, чорнага космасу. Нумар Пяць затрымала дыханне…
Карабель пракалоў прастору і ўвайшоў у населеную зорную сістэму. Яна была такая знаёмая, утульная, абжытая, поўная касмічных станцый і радыёсігналаў! Па адной з арбіт у поясе жыцця лятала планета, у доках якой і быў сабраны карабель. Планета была невялікая, рудая, з белай шапачкай лёду на полюсе прыгожая, як дзяўчынка. На ёй жылі людзі. Але ўсё гэта – спадарожнікі, станцыі, сігналы і людзі – было, як за шчытом, надзейна схавана за шырокім воблакам астэроідаў і камет.
– Увага! Наперадзе – пояс астэроідаў. Паўтараю: наперадзе – пояс астэроідаў. Падрыхтавацца да манеўраў! – абвясціў карабель і бясстрашна нырнуў у каламесу каменных абломкаў.
Карабель спяшаўся выканаць загад. Ён лавіраваў паміж камянёў, танцаваў, ухіляўся ад іх вострых краёў. З кветкі абсыпаліся пырскі вады.
Раптам пачуўся глухі ўдар і трэск парванай абшыўкі. З прабоіны на кветку дыхнуў ледзяны Сусвет. Нумар Пяць вохнула ад рэзкага болю.
Карабель выйшаў з пояса астэроідаў.
– Планета па курсе, – абвясціў ён. – Дазвольце перайсці ў дрэйф. Нумар Пяць, чакаю загад.
Кветка маўчала.
– Нумар Пяць, чакаю загад, – паўтарыў карабель.
Нумар Пяць не адгукалася.
– Разгерметызацыя адсека, – абвясціла сістэма бяспекі.
Карабель актывізаваў сістэму распазнавання жыцця. Сістэма паказала адсутнасць жывых арганізмаў на борце: космас, які ўварваўся ў каюту штурмана, ператварыў пеларгонію ў крохкі лёд.
Карабель вельмі хацеў вярнуцца да людзей. Але, апроч сябе, цяпер яму не было каго вяртаць, а вяртацца аднаму было забаронена – гэта ганьба для любога салдата.
І карабель аддаў каманду «Самазнішчэнне». Потым яшчэ раз. І яшчэ. І зноў.
Сэрца карабля не ўзрывалася. Астэроід не проста ўскрыў абшыўку – ён пашкодзіў сістэму самаліквідацыі, і на борце не было нікога, хто б мог яе наладзіць.
Карабель знайшоў выйсце. Ён яшчэ мог накіравацца да зоркі і згарэць на падлёце да яе, а мог упасці на адну з незаселеных планет або сутыкнуцца з астэроідам, каб ад удару рассыпацца на маленькія кавалачкі. Але карабель вельмі хацеў зноў вярнуцца дадому, на сваю маленькую рудую планету… і выбраў для сустрэчы пустынную мясцовасць на яе паверхні, дзе ніколі не жылі людзі.
Міма праляталі спадарожнікі, эфір напаўняўся гукамі, музыкай, галасамі, пазыўнымі пасажырскіх і грузавых караблёў. Карабель набліжаўся да планеты, дзе яго даўно лічылі страчаным назаўсёды. Ён купаўся ў радыёхвалях і зноў, як многа разоў дагэтуль, радаваўся свайму вяртанню, хоць гэтым разам яно і было для яго апошнім.
Карабель увайшоў у атмасферу планеты. Яму стала цёпла – ці тое ад таго, што ён вярнуўся дадому, ці таму, што супраціўленне паветра раскаляла яго абшыўку – ён не ведаў. Ён ужо быў гатовы сустрэцца з зямлёй і з гонарам прыняць смерць, але раптам сістэма бяспекі залямантавала:
– Прама па курсе – чалавек! Прама па курсе – чалавек!
Далёка ўнізе, на самым дне атмасфернага акіяна, у той кропцы, куды падаў карабель, знаходзіўся чалавек.
Карабель пачаў тармажэнне і спыніўся ў некалькіх метрах ад паверхні планеты – проста над чалавекам. Гэта была маленькая дзяўчынка. Яна збірала кветкі сярод вялікага зялёнага поля. Карабель завіс над ёй, як гіганцкая залатапёрая птушка.
Дзяўчынка падняла галаву і шырока раскрыла вочы:
– Ого! Я падумала, што гэта воблака закрыла мне сонейка, а гэта зусім не воблака! Хто ты?
– Борт В-114, ваенны знішчальнік-перахватчык, пазыўны «Маладзік», – прадставіўся карабель.
– Нічога сабе! Той самы «Маладзік»? Ты не маніш?
Ад карабля патыхала гарачынёй, ён хоць і быў крыху пакамечаны ды з дзвюма прабоінамі па баках, але выглядаў вельмі салідна.
Дзяўчынка пералічыла зорачкі на борце карабля:
– Сорак!
– Трэба дадаць яшчэ тры, – заўважыў карабель.
Дзяўчынка пляснула ў ладкі:
– Ты ж увесь пабіты! Паглядзела б я на пілота, які вырабляў з табой такія штукі!
– Экіпаж загінуў,– паведаміў карабель.
– Ты вярнуўся дадому адзін? – дзяўчынка вельмі здзівілася. – Які ты смелы! Я б, напэўна, вельмі разгубілася і доўга плакала, і не знайшла б дарогу сама! Я і тут, бывае, блукаю. Мы нядаўна пераехалі. Раней тут была пустыня, а цяпер – зялёная зона! Суседзяў у нас пакуль вельмі мала… Слухай, а ты можаш… пакатаць мяне? Я ніколі не бывала там, высока-высока, дзе заўсёды ноч!
Карабель бясшумна апусціўся ў траву і паслухмяна адкрыў люкі. Дзяўчынка выратавала яго ад смерці. Цяпер яна была новым камандзірам борта.
– А што ты ўмееш рабіць? – спыталася маленькая камандзірша, калі заняла месца на мосціку.
– Страляць! – адказаў карабель.
– Не трэба страляць! Давай лепш… давай будзем спяваць? Я ведаю песню пра цябе! Я цябе навучу!
Карабель плыў над сваёй планетай. Зверху зіхацелі зоркі, унізе серабрыліся воблакі, а ў капітанскім крэсле сядзела дзяўчынка і спявала:
…Маладзік па небе ходзіць,
Зоркі за сабою водзіць,
Хто схавацца не паспеў,
Той, як зорачка, згарэў!
Зашыпелі дынамікі. З іх данеслася:
– «Маладзік», гэта вы? Неверагодна! «Маладзік», як чуеце? Прыём!
І маленькая камандзірша адказала:
– Я «Маладзік»! Чую вас добра! Я вярнуўся!
Дзіця зямлі
– Любы… я хачу нарадзіць табе дзіця! – сказала Леда і пагладзіла Ікара па крыле.
Раніцай муж і жонка накіраваліся ў Цэнтр генетычных паслуг. «Замак Жыцця» – значылася на ўказальніку. Вялікі белы будынак без акон, стэрыльны знутры і звонку, пакрыты сонечнымі антэнамі, як луской, быў больш падобны да месца, дзе жыццё знаходзіць свой апошні прытулак – але ніяк не да месца, дзе яно можа зараджацца. Вакол Цэнтра пахла навальніцай: будынак быў заключаны ў ахоўны купал, па паверхні якога, сінтэзіруючы азон, бегалі кароткія ружовыя маланкі.
Ікар склаў крылы за спінай і прыкрыў іх плашчом, каб не абпаліць пер е аб наэлектрызаваны купал. Леда зрабіла крок пад азон. На яе доўгіх, цяжкіх валасах зазіхацелі, як святочныя гірлянды, нізкі іскраў. Леда правяла рукой па галаве, іскры ссыпаліся на мармуровыя прыступкі, разбіліся аб іх і зніклі.
Уваход у будынак перакрывалі цяжкія металічныя дзверы. Некалькі тысяч рыцараў у булатных даспехах не змаглі б узяць гэтыя дзверы «на таран»: «Замак Жыцця» надзейна аберагаў свае сакрэты. «Жыццю тут няма ні выхаду, ні ўвахода», – падумала Леда, але раптам мнагатонныя створкі мякка раз’ехаліся ўбакі, запрашаючы новых гасцей завітаць унутр.
Леда ўзяла Ікара за руку. Калі яна трымала любага за руку, то рабілася абсалютна ўпэўненай у тым, што ўсё будзе добра.
Некалькі хвілін на рэсэпшане з ветлівай адміністратаркай: зверка пластыкавых «дакументаў здароўя» з дзяржаўнай базай, абавязковае камп’ютарнае анкетаванне – і Леда з Ікарам атрымалі першы, кансультацыйны пропуск да спецыяліста па генетычнай селекцыі.
Генетычная селекцыя і мадыфікацыя былі абсалютнай неабходнасцю для нармальнага існавання і развіцця цывілізацыі.
Насельніцтва планеты падзялялася на Дзяцей Неба і Дзяцей Мора. Дзеці Неба нараджаліся з птушынымі крыламі і ў дзень паўналецця – у пятнаццаць гадоў – атрымлівалі «Пасведчанне арнітара» і афіцыйны дазвол на самастойныя палёты.
Дзеці Мора – людзі-амфібіі – пры нараджэнні мелі і лёгкія, і жабры, таму маглі доўгі час знаходзіца пад вадой, іншым разам да тыдня.
Маладыя пары самі маглі выбіраць, якім народзіцца іх дзіця. Для гэтага паўсюдна ствараліся Цэнтры генетычных паслуг, дзе за адносна невялікія грошы спецыялісты праводзілі маніпуляцыі з ДНК і працэдуры па штучным апладатварэнні жанчын. Кожная храмасома некалькі разоў правяралася, каб выключыць нежаданыя генетычныя збоі. З гэтай жа нагоды жанчынам забаранялася нараджаць дзяцей, зачатых натуральным шляхам: шлюбы паміж Дзецьмі Неба і Дзецьмі Мора здараліся даволі часта, бескантрольнае размнажэнне магло прывесці да распаўсюджвання ўстойлівых мутацый і поўнага вынішчэння чалавека як віду.
Самі генетыкі, з нагоды іх асаблівага статусу ў грамадстве, атрымалі права ствараць сабе нашчадкаў, якія нічым не адрозніваліся ад звычайных людзей, акрамя шасціпаласці. Іх дзеці пераймалі прафесію бацькоў і самі станавіліся генетыкамі – тэарэтыкамі або практыкамі.
Існаваў яшчэ трэці, самы вузкі, клас насельніцтва – Эліта, або Дзеці Зямлі. Манархі і тыя, у кім цякла кроў каралеўскіх дынастый, мелі прывілеяванае права нараджаць дзяцей без генетычных мутацый. Дакладней, гэта было не права, а жорсткі абавязак, прапісаны ў законах: Эліта павінна была зберагаць прыродную чысціню чалавечага віду. Дзеці Зямлі не мелі ніякай перавагі перад арнітарамі і амфібіямі – ні аб’ёмістых лёгкіх, ні шырокіх плячэй, ні загарэлай скуры, ні звышвытрымкі. Там, дзе не хапае фізічнай сілы, на дапамогу прыходзіць інтэлект. Менавіта Дзеці Зямлі рухалі прагрэс наперад, вынаходзячы новыя тэхналогіі для абслугоўвання сваіх слабых целаў.
Леда не была мутантам. Яна з явілася на свет у сям і герцага. Яшчэ да нараджэння дзяўчынцы прызначылі будучага мужа.
З самага дзяцінства Леду акружалі Дзеці Зямлі і людзі-амфібіі: Эліта, прымаючы ў свае дамы прыслугу, аддавала перавагу Дзецям Мора, таму што тыя не маглі паднімацца ў паветра. Шляхціцы не любілі, калі нехта знаходзіўся вышэй за іхнія светласці.
Леда жыла на сотым паверсе герцагскага радавога палаца. Дзяўчынку вучылі матэматыцы, мовам, сальфеджыа, геаграфіі, астралогіі і «прыемным адносінам» – мастацтву віртуознай ліслівасці і хлусні, якой прадстаўнікі Эліты павінны былі валодаць у дасканаласці. Леда не ўмела маніць, таму, як ні стараліся яе гувернёры, «прыемныя адносіны» дзяўчынцы не даваліся. Дачка Зямлі ўпарта пазбягала свецкіх раўтаў ды іншых чапурных элітарных забаў, на якіх жанчыны ацэньваліся па кошце надзетых упрыгажэнняў, велічыні маёмасці сваіх бацькоў і колькасці навуковых адкрыццяў, зробленых іх мужамі.
У Леды было ўсё, аб чым толькі можа марыць дзяўчынка: лепшыя кнігі і лялькі, стылісты і вадзіцель, і нават сапраўдны комін, у якім восеньскімі і зімовымі вечарамі служкі разводзілі агонь. Каляднай ноччу праз комін спускаўся Санта Клаус з падарункамі ў вялікім мяху. Так, у Леды было ўсё – акрамя свабоды. Строга рэгламентаванае, абмежаванае этыкетам і нормамі, запісанымі ў трохтомным «Кодэксе паводзін Дачкі Зямлі», элітарнае існаванне не дазваляла сюрпрызаў, вольнасцей і самадзейнасці. Яна не магла сама вырашаць: ні ў што апрануцца, ні чым павячэраць, ні з кім сябраваць, ні куды накіравацца. Кожны крок, жэст і слова «працавалі» на рэпутацыю, і нават рэзкія рухі былі для дзяўчынкі недапушчальнымі. Ледзе катэгарычна забаранялася займацца спортам: яе лона бераглі для выношвання каралеўскага нашчадка.
Па начах Леда глядзела на зоркі і шкадавала, што ў яе няма крылаў. Яна хацела зляцець прэч з палаца, з гэтай сваёй пажыццёвай дыяментавай турмы. Праўда, у турмах хаця б жылі пацукі, а ў госці да Леды не заляталі нават камары: так высока ад зямлі знаходзіліся яе вокны. І нават вокны Леда не магла адкрываць самастойна: гэта рабіла служка-амфібія ў той час, калі юная герцагіня адсутнічала.
Ікар працаваў мыйшчыкам акон. Яму было васямнаццаць.
Той ноччу ён падняўся ў паветра, каб вымыць вокны ў пакоях сямнаццацігадовай герцагіні. Леда не спала: яна, як звычайна, глядзела на зоркі. Калі арнітар прысеў на падваконне, Леда падумала, што ён спусціўся з Месяца. Упершыню яна сама адчыніла акно і ўпусціла ў пакой зорны вецер, Ікара і каханне.
Ікар расказаў Ледзе пра вятры, аб якія ламаюцца крылы птушак, пра паўночнае ззянне, якое можна лашчыць пальцамі, і вільготныя воблакі, што пакорліва расступаюцца перад Дзецьмі Неба, калі тыя ўздымаюцца ў стратасферу, каб першымі сустрэць узыход сонца. Леда слухала маладога арнітара і думала, што яна нічога не ведае аб шчасці. Калі Ікар дакрануўся да рукі Дачкі Зямлі, яна адчула ў сабе сэрца.
Наступнай ноччу Леда таксама адчыніла акно. Ікар асцярожна абхапіў Леду за стан, і яна зрабіла крок у паветра. Пругкая вышыня паслухмяна разаслалася перад ёй, і гэта было зусім не тое, што глухнуць ад шуму ў верталётах або трэсціся ў зонах турбулентнасці на авіялайнерах. У Леды перахапіла дыханне ад захаплення. Цяпер яна чакала начэй як выратавання ад адзіноты.
Леда з Ікарам лёталі нядоўга. Служка знайшла на падушцы маладой гаспадыні пяро. Пяро было прадстаўлена герцагу.
Вышэйшае распараджэнне наступнічала адразу ж. Ахове было загадана «спаймаць лятучага мярзотніка і ўпячы ў турму, а калі будзе рыпацца – абрэзаць крылы». На вокнах Леды з’явіліся чугунныя рашоткі, а каля дзвярэй – сямёра мускулістых ахоўнікаў.
Ніякая рашотка не ўтрымае каханне, калі яно вялікае, як неба, і крылатае, як вецер. Леда з Ікарам вылецелі праз комін. Ахоўнікі расцягнулі над імі вялікую сетку, але Ікар прарваў яе крыламі. Герцагу і герцагіні прад явілі яе рэшткі.
– Гэта вы не ўпільнавалі сваю дачку! – сказаў герцаг жонцы.
– Ваша светласць… мы з вамі не ведаем, што такое каханне! – мякка адказала герцагіня.
– Затое мы добра ведаем, што такое пагарда Свету. Знайдзіце яе, – загадаў герцаг і скончыў размову.
Герцагіня распачала пошукі. Яна адпраўляла лепшых агентаў у неба і ў мора, у вялікія гарады, дзе так лёгка растварыцца ў натоўпе, і ў маленькія селішчы, дзе чалавек хутка робіцца часткай пейзажу. Уцекачоў шукалі на зямлі і пад зямлёй, але пошукі так нічога і не далі. Праз год герцагіня апусціла рукі і паведаміла герцагу, што праследаванне дачкі абыходзіцца сям і вельмі дорага.
Прыніжаны герцаг загадаў спыніць пошукі, забараніў узгадваць імя дачкі, пазбавіў яе спадчыны і выкрэсліў з сэрца.
Калі Ікар прынёс Ледзе газету з гэтай навіной, ніводзін мускул не напружыўся на яе твары. Яна высцеліла газетай дно чамадана, а зверху акуратна склала іх небагатае дабро. Назаўтра яны спусціліся па схіле непрыступнай гары назад да людзей, а праз тыдзень павянчаліся. На Ледзе былі паркалёвая сукенка, мяккі, як воблака, вэлюм і вянок з эдэльвейсаў.
Спецыяліст па генетычнай селекцыі прапанаваў Ледзе з Ікарам сесці. Вялікі, у два чалавечыя росты, экран уключыўся пасярод белай сцяны. Гэта быў не дарагі сучасны шык, а неад'емная частка кансультацыйнага працэсу. Ні адна дзелавая размова, ніводная прэзентацыя цяпер не маглі абысціся без экрана: у людзей, прывучаных да таго, каб разглядаць малюнкі, амаль поўнасцю атрафіравалася фантазія. Хіба што адзінкі маглі ўспрымаць інфармацыю «на слых», а надрукаваныя тэксты, і ўвогуле, маглі асіліць толькі прадстаўнікі Эліты, таму што амфібіі і арнітары даўно згубілі здольнасць да такой сур'ёзнай канцэнтрацыі ўвагі.
Генетык не стаў гартаць паперы, якія Ікар і Леда прынеслі з сабой з рэсэпшана. Ён абапёрся локцямі аб закрытую папку і спытаў у Леды:
– Наколькі я разумею, вы прыйшлі па дзіця?
Леда кіўнула.
– Колькі вы хочаце – адно, два? Тры?
– Адно, – адказала Леда. – Пакуль што адно.
– Жадаеце хлопчыка або дзяўчынку?
– Першынец павінен быць хлопчыкам, – сказала Леда; так было запісана ў «Кодэксе паводзін Дачкі Зямлі».
– Ваш партнёр – арнітар. Можа, будзе разумна, калі ў вас народзіцца Дзіця Неба? Вы зможаце выбраць яму любыя крылы: арліныя, сакаліныя, грыфавыя! – Генетык націснуў кнопку на пульце, і на экране замільгалі малюнкі.– Глядзіце: тысячы варыянтаў, любыя колеры, любая форма!
Ён будзе імклівым, як сонечны прамень, і лёгкім, як кашміравы ветразь! А яшчэ ён будзе дыхаць крыштальна чыстым паветрам – і гэта, можаце мне паверыць, самы вялікі падарунак, які вы можаце зрабіць свайму будучаму сыну.
Генетык зірнуў на Леду. Леда не сачыла за выявамі на экране. Яна думала. Так, у Дзяцей Неба была відавочная перавага перад Дзецьмі Мора: яны маглі дыхаць чыстым паветрам. На вышынях, куды яны даляталі, не было цяжкіх металаў, пылу і шкодных бактэрый. Найбольш прадпрымальныя арнітары гандлявалі паветрам з розных слаёў атмасферы, і гэта быў добры бізнес: чыстае паветра патрабавалася ў шпіталях, на шкодных вытворчасцях, пры падводных і падлёдных экспедыцыях, а разрэджанае стратасфернае паветра злёту раскупалася амфібіямі-спартсменамі – яны выкарыстоўвалі яго для трэніровак. Эліта некалькі разоў спрабавала зрабіць атмасферу дзяржаўнай маёмасцю, але было проста немагчыма ўсачыць за кожным арнітарам, які ўзнімаецца ў стратасферу з пустым балонам. Таму, у абмен на магчымасць вольна гандляваць паветрам, для Дзяцей Неба быў уведзены строгі абавязак. Кожны арнітар быў павінен раз на год прымаць удзел у работах па аднаўленні азонавага слоя і падтрымцы ў працоўным стане электрамагнітных шчытоў, што ўберагалі планету ад удараў метэарытаў. Там крылатых людзей чакала сур’ёзная небяспека – сонечная радыяцыя. Дзеці Неба рэдка дажывалі да сарака гадоў. Большасць з іх гінула ад прамянёвай хваробы. Леда гэта ведала.
Дачка Зямлі паглядзела на Ікара. Ён добра ведаў, з чым іх сыну давядзецца сутыкнуцца, нарадзіся той крылатым.
– Вырашай сама, – сказаў арнітар.
Генетык паправіў акуляры і пераключыў прэзентацыйны цыкл. Перад Ледай і Ікарам на экране з’явіўся акіян.
– Я бачу, што вы сумняваецеся. Тады, можа быць, рызыкнеце і народзіце Сына Мора?
Акіян – такі ж неабсяжны, як і неба! Мы зробім вашаму хлопчыку акуратныя, прыгожыя жаберкі. Як у акулы. Хочаце? Ён зможа апускацца на самыя недасягальныя глыбіні! Ён будзе прыносіць вам жамчужыны!
– Вы забыліся, доктар, – сказала Леда, – што ўсе каштоўнасці, знойдзеныя на дне акіяна, Дзеці Мора павінны аддаваць дзяржаве.
– Не ведаю, як вы, спадарыня, – адказаў спецыяліст, – а я яшчэ не сустракаў ніводнага абсалютна чэснага чалавека – ні з жабрамі, ні з крыламі. Затое, магу паклясціся, Дзеці Мора ніколі не галадаюць!
На экране успыхвалі і гаслі жабры розных фасонаў, фотаздымкі шчаслівых Дзяцей Мора з перапонкавымі далонькамі. На іх амфібіі абдымаліся з дэльфінамі, трымаліся за каралавыя рыфы і ныралі пад палярныя льды. Леда ізноў задумалася.
Дзеці Мора, сапраўды, былі вельмі багатым класам: акіян усё яшчэ заставаўся невычэрпнай крыніцай скарбаў, схаваных ад цікаўных вачэй пад вадой, на патанулых караблях і самалётах. Афіцыйным указам усе падводныя скарбы лічыліся маёмасцю дзяржавы. Кожны чалавек з жабрамі, адшукаўшы залатую манету, перліну або амфару, павінен быў адразу ж аднесці ў Бюро рэгістрацыі каштоўнасцей. Гэты ўказ амаль што не выконваўся – Дзеці Мора ведалі многа спосабаў тайнага пад'ёму скарбаў з-пад тоўшчы вады. Калі ж у час вышукаў у іхніх сейфах знаходзілі каралі і золата і пыталіся: «Адкуль гэта ў вас?». Амфібіі толькі разводзілі перапонкамі: «Упала з неба!» Тое, што гэта здабыткі з акіянскага дна, было немагчыма даказаць.
Акрамя таго, роўна так, як арнітары гандлявалі паветрам, амфібіі вельмі ўдала гандлявалі арктычным і айсбергавым ільдамі, з якіх пры плаўленні атрымлівалася чыстая вада – а без вады, як вядома, чалавек існаваць не можа роўна так жа, як і без кіслароду. У небаскробах Дзяцей Зямлі паўсюдна стаялі высокатэхналагічныя фільтры для вады, але паставіць такі фільтр абыходзілася значна даражэй, чым браць у крамах лёд, акуратна парэзаны на кавалкі неабходнай велічыні. Арнітары набывалі не тэхналогіі, а лёд.
Але ў амфібій была свая павіннасць, не лепшая за пачынку азонавага слоя. Яны чысцілі глыбіні ад забруджвання. Сусветны акіян, як агромністая лінза, рабіў у сотні разоў больш заўважнай чалавечую неахайнасць і абыякавасць. Пластык, метал, нафта, аскепкі спадарожнікаў і касмічных станцый, кантэйнеры з радыяцыйнымі адходамі і ядучымі хімічнымі рэчывамі – раз на год, у Дзень Чысціні, Дзеці Мора спускаліся пад ваду і паднімалі смецце на паверхню, каб знішчыць яго. Але з кожным годам акіян не рабіўся чысцейшым, а людзі з жабрамі масава гінулі ад атручванняў.
І гэта Леда таксама ведала.
– Ну? Што вы вырашылі? – спытаўся генетык.
– Мне… трэба падумаць, – сказала Леда.
– Не спяшайцеся. Гэта вельмі адказны выбар.
А лепш прыходзьце заўтра. Я выпішу вам новы пропуск.
Генетык дастаў чысты бланк і адкрыў папку з паперамі, каб прачытаць імя пацыенткі. Убачыўшы яго, доктар дастаў з кішэні насоўку, нервова выцер лоб і як мага акуратней перапісаў імя на пропуск, які працягнуў Ледзе:
– Вось. Калі ласка. Вазьміце. Я буду чакаць вас.
Усю ноч Леда плакала. Яна добра магла сабе ўявіць, што чакае яшчэ не народжанага ёй хлопчыка. Нарэшце Леда вырашыла.
– Я пайду адна, – сказала яна Ікару.
Гэтая дарога ў «Замак Жыцця» была самай доўгай з усіх, якія Ледзе давялося прайсці. Яна два разы паварочвала прэч ад будынка, але зноў вярталася да купала і стаяла, нерашуча ўдыхаючы пах азону. Нарэшце ёй хапіла мужнасці падысці да дзвярэй. Дзверы, як і ўчора, плаўна адчыніліся.
Генетык ужо чакаў пры ўваходзе з яе карткай у шасціпалых руках. Ён усміхнуўся, выцер лоб і моўчкі аддаў картку Ледзе.
У картцы было зафіксавана: «Б/М».
– Без мутацыі? – не паверыла вачам Леда.
– Спадарыня Леда, – прашаптаў доктар, – у нас была ваша маці. Калі ваш сын народзіцца з мутацыяй, мне самому прышыюць крылы. Без наркозу.
Ікар падляцеў да акна герцагіні і ціха пашаргатаў крылом аб шкло. Герцагіня адкрыла акно.
– Прывітанне, Ікар! – радасна сказала жанчына. – Добра, што вы прыляцелі! Заходзьце, заходзьце. Кава? Цукар? Вяршкі? Давайце я вас пачастую вішнёвымі эклерамі!
– Вішнёвымі? – перапытаў Ікар.
– Так. Вашымі любімымі,– адказала герцагіня і падышла да століка, на якім стаялі два кубкі і вялікая талерка з пірожнымі.
Ікар апусціўся на падлогу і моўчкі прысеў за столік. Жанчына пасунула да Ікара кубак.
– Адкуль вы ведаеце, што я п’ю каву з вяршкамі? – здзівіўся Ікар.
Герцагіня ўзяла свой кубак і падзьмула ў яго, бо кава была гарачая.
Вы з Ледай хаваліся ў маляўнічым месцы, спакойна сказала яна. На схіле той гары цвітуць эдэльвейсы, а зусім побач арлінае гняздо.
Ікар прыўзняў крылы:
– Вы з Ледай хаваліся ў маляўнічым месцы, – спакойна сказала яна. – На схіле той гары цвітуць эдэльвейсы, а зусім побач – арлінае гняздо.
Ікар прыўзняў крылы:
– Вы ведалі, дзе мы жывем?
– О, я ведала гэта ўжо на трэці дзень, як вы знеслі маю дачку з дому. Вы нават не ўяўляеце, якіх высілкаў мне каштавала, каб пра гэта не даведаўся мой муж.
Ікар апусціў галаву.
– Дзякуй, – ціха прамовіў ён.
– Я ведаю пра вас усё. У вас жа арліныя крылы – так, Ікар? Вельмі прыгожыя. Але пакуль у майго ўнука ёсць самы мізэрны шанец зрабіцца манархам, я не магу дапусціць, каб ён нарадзіўся мутантам. Вы разумееце, Ікар?
Ікар кіўнуў. Герцагіня ўсміхнулася:
– Вось і добра. Герцаг старэе, ягонае сэрца мякчэе. Дайце час – і я вас абавязкова пазнаёмлю. І паабяцайце, што калі хлопчык народзіцца, вы прынесяце мне букет эдэльвейсаў.
Арнітар паглядзеў у акно, праз якое ўвайшоў да герцагіні. Па ўсёй нябеснай прасторы – з зеніту па далягляд – каталіся ізумрудныя стужкі палярнага ззяння, а там, за зіхоткім даляглядам, чакала свайго Ікара яго верная жонка, і ў яе лоне спакойна спаў маленькі сын вялікай Зямлі.
Правообладателям!
Это произведение, предположительно, находится в статусе 'public domain'. Если это не так и размещение материала нарушает чьи-либо права, то сообщите нам об этом.