Электронная библиотека » Коллектив авторов » » онлайн чтение - страница 28


  • Текст добавлен: 11 декабря 2018, 23:20


Автор книги: Коллектив авторов


Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза


Возрастные ограничения: +16

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 28 (всего у книги 28 страниц)

Шрифт:
- 100% +

Аксана Ярашонак

[1982 г. н.]

На плошчы Якуба Коласа
 
Нібыта ў студэнцтве, да болю далёкім,
На плошчы ізноў акрыяе душа.
Лістота Сымона засыпала злёгку,
Дажджынка блішчыць ў барадзе Талаша.
 
 
Задумлівы класік глядзіць на сталіцу
З такой недасяжнай сваёй вышыні.
І бачыць: унізе народ мітусіцца,
Ды ўвечары ззяюць неона агні.
 
 
Ці пішуцца вершы пад грукат трамваяў?
Ці сумна на плошчы у прыцемкаў час?
Я Коласа ў думках, канешне, спытаю
І ў голасе ветру пачую адказ.
 
 
Любімая плошча пад сонцам іскрыцца,
І раптам нахабная думка міргне:
Задумлівы класік глядзіць на сталіцу
І, можа так стацца, заўважыць… мяне
 
Не з Вамі
 
Падплывае смутак чорнай хмарай,
Ад яго я не магу схавацца.
У чарговы раз мая гітара
Адчувае дотык цёплых пальцаў.
 
 
Сёння, як і ўчора, я не з Вамі.
Толькі у сустрэчу нашу веру.
А пакуль нябачнымі штрыхамі
Вобраз Ваш малюецца ў паветры.
 
Летнія строфы
 
Праціраючы чыстай расой
Свае светла-зялёныя вочы,
Па зямлі беларускай маёй
Лета з поўдня няспешліва крочыць.
 
 
Басанож па сцяжынцы ідзе,
Усміхаецца ліпеньскім сонцам,
І смуглявасць на твары кладзе,
І ад працы стамляе вяскоўцаў.
 
«Няма таго, што раньш было…»

Няма таго, што раньш было…

Максім Багдановіч

 
Сумую разам з класікам
Па тым, што больш не вернецца.
Не хоча час спыняцца,
А ў памяці заўжды
На тоненькіх абцасіках
Па доўгай-доўгай лесвіцы
Бягуць майго юнацтва
Шчаслівыя гады.
 
Мой філфак

Міколу Шабовічу


 
Тут сам сабой рыфмуецца радок
І піша час знаёмыя канспекты.
А можа, нават у начны паўзмрок
Сыходзяць ціха класікі з партрэтаў.
 
 
За вокнамі хвалюецца праспект
І плынь машын насустрач дню нясецца.
Аўтамабільны акампанемент
Ізноў стварае фон для Вашых лекцый…
 
 
Няхай жыццё свой не спыняе крок,
Праз люстра год усё змагу я ўбачыць:
Шуміць праспект. Рыфмуецца радок.
І ў вусы усміхаецца Выкладчык.
 
Пад грукат колаў
 
Прывакзальнымі вежамі Мінск падміргне наўздагон мне,
І пачнецца прывабна-трывожны чыгуначны шлях.
Невядомае радыё ціха спявае ў вагоне,
Адгукаюцца колы нязменна-рытмічным «тах-тах».
 
 
Асцярожна цягнік пасажыраў сваіх калыхае,
Толькі пільны памежнік расслабіцца ўсё ж не дае.
Углядаецца ў твары сурова – работа такая.
Ды ушчэнт разбівае шчаслівыя сненні мае.
 
 
А за вокнамі, як кінастужка, будыначкі станцый,
І за далеччу дзесьці хаваецца родны парог.
Засталося гадзінку-другую яшчэ пратрымацца,
Каб нарэшце сказаць:
– Прывітанне табе, Таганрог!
 
«Жоўта-чырвонае мроіва…»
 
Жоўта-чырвонае мроіва
Шэптам душу супакойвае.
Ранак букетам вяргіневым
Ціха пастукае ў шыбу мне.
Раніцы цёплыя, росныя,
Не адчуваецца восені.
Ды весялосць дзесь падзелася…
Верасень…
Верасень…
$$$$Верасень…
 
Ранет
 
Кідаў на шчокі кропелькі з бурштыну,
Цягучым струмянём па вуснах цёк
І зачароўваў араматам дзіўным
Салодкага ранета свежы сок.
 
 
А яблык той, да зернятка празрысты,
Маленькім сонцам саграваў далонь,
Дарыў мне смак далёкага дзяцінства
І непазбежнай восені агонь.
 
Малюнак нябëсаў
 
Малюнак нябёсаў салодкі,
Надзвычай прывабны і смачны:
Цукровая вата аблокаў
Раскладзена кімсьці нябачным
На сподачку чыстым з блакіту.
А побач, глядзіце, няйначай
Зіхоткае сонца разліта
Густой карамеллю гарачай.
 
«Праменне працінае небакрай…»

Дзеду Камінскаму Пятру Мацвеевічу – франтавіку, інваліду вайны


 
Праменне працінае небакрай,
Зазелянелі клёны ля дарогі.
Ізноў прыгожы, урачысты май
Нас расхвалюе Святам Перамогі.
 
 
Ужо у квецень апрануўся сад
І шчодрай барвай радуюць цюльпаны.
Ды толькі з кожным годам на парад
Ўсё менш і менш прыходзе ветэранаў.
 
 
Ля помніка – бярозы у журбе,
У шуме траў – мінорныя сугуччы.
Я сёння з болем згадваю цябе,
Дзядуля, непабачаны унучкай.
 
Суаўтар
 
А ты прыходзіш у мае радкі,
Шукаеш рыфмы і складаеш строфы.
Міргне між літар позірку блакіт —
І ўжо чарговы верш амаль гатовы.
 
 
Калі ж пяшчота цёплых моцных рук
У непагадзь жыццёвую сагрэе,
То закаханых сэрцаў ціхі грук
Зноў загучыць задумлівым харэем.
 
 
Ты ў вершах розны, так, як і ў жыцці:
Вясёлы, сумны, часам вінаваты.
Шчаслівы лёс мне дапамог знайсці
Цябе, маёй паэзіі суаўтар.
 
Цыкл вершаў «Слухаць вечнасць»

Алесю Пісьмянкову


«Ваш люты на зямлю прыляжа снежна…»
 
Ваш люты на зямлю прыляжа снежна,
Мароз расквеціць барвай небакрай.
Прымроіцца ласкавая усмешка,
Пачуецца аднекуль: «Не знікай!»
 
 
А недзе Бесядзь уздыхне са скрухай,
Тужліва прыпыняючы свой бег…
Ляцяць да Вас сняжынкі лёгкім пухам
Адтуль, дзе самы белы ў свеце снег.
 
У Бялынкавічах
 
Бялынкавічы… Спыніцца маршрутка.
З прыступак я саскочу долу хутка
І пастаю крыху пад сціплым сонцам
На той зямлі, што нараджае творцаў.
Нагбом нап’юся тых хваёвых пахаў,
Што клікалі Вас да любімых дахаў
І шчодра, да апошняга імгнення
Дарылі Вам адхланне і натхненне…
Ну вось і ўсё, што тут зрабіць павінна.
Паспець бы мне… Стаянка тры хвіліны.
 
«Люты назву сваю прыгадаў…»

Люты ў валёнкі абуты,

Апрануты люты ў кажух…

А. Пісьмянкоў

 
Люты назву сваю прыгадаў:
Завіхурыў, задзьмуў, замарозіў.
У сумётах і сцежка, і дах.
Вось такая жыццёвая проза.
 
 
Ды надарыцца сонечны дзень,
Ён пакліча прабегчыся пешшу.
На каўнерык сняжок пакладзе
І усцешыць напісаным вершам.
 
Туды
 
Барвовы ліст кранае плечы,
Шуміць узбуджаны праспект,
А я спрабую слухаць вечнасць,
Як слухаў некалі паэт.
 
 
Ды гул аўтобусна-трамвайны
Чамусьці прытупляе слых.
І я ізноў бягу адчайна
Ад шумных вуліц гарадскіх
 
 
Туды, дзе водар свежай мяты
Глыткамі прагнымі лаўлю.
Бабулін сад.
Сцяжынка.
Хата.
«Я не памру, пакуль люблю!»
 
На Кальварыі
 
Сталіцу зіма засыпае
Мільёнамі лютаўскіх зораў.
Кальварыя з ціхім адчаем
Маўчыць у адвечным міноры.
 
 
Трывожыцца мройная замець.
Між помнікаў крочу няспешна.
А побач сняжынкі лунаюць
Радком недадуманых вершаў.
 

Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28
  • 4.6 Оценок: 5

Правообладателям!

Это произведение, предположительно, находится в статусе 'public domain'. Если это не так и размещение материала нарушает чьи-либо права, то сообщите нам об этом.


Популярные книги за неделю


Рекомендации