Текст книги "Мой дзень пачынаецца (зборнік)"
Автор книги: Коллектив авторов
Жанр: Современная зарубежная литература, Современная проза
Возрастные ограничения: +16
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 27 (всего у книги 28 страниц)
«Рачулка. Бераг. Залаты пясок…»
Рачулка. Бераг. Залаты пясок.
Цябе я ўспамінаю ля вады —
Дзяцінства наша, звонкія гады,
Што ты цяпер згадаць, на жаль, не змог.
Успамінаю… Дзень ужо заснуў:
Заходзіць сонца за чароўны бор,
І вечар вёску цемрай агарнуў,
І бачна мігаценне ясных зор.
Я тут – нібыта ў казцы. Цішыня.
Амаль не чутны часу лёгкі крок…
Успамінаю на зыходзе дня,
Што ты згадаць, на жаль, ужо не змог.
Дачка сонца
Лета, намалюй вясёлку!
У яе чароўным ззянні
Буду слухаць пры спатканні
Спевы салаўёў на золку.
Дай мне дзіва, што схавана
У тваім густым карэнні.
Хутка ў сонечным адзенні
Выйдзеш ты, нібы з туману.
Дай мне, лета, тую песню,
Што ідзе ад небасхілу!
Атрымаць хачу я крылы:
Я ўзлячу – дзень уваскрэсне!
«Людзі не могуць лятаць таму…»
Людзі не могуць лятаць таму,
што не маюць крылаў…
А добра было б, каб мелі,
калі – для паэтаў,
бо ўсё ж паднябеснага свету
можна такі дасягнуць…
І ты прачынаешся ў ложку,
Шкадуючы, што – не так…
«Контуры знаёмага горада…»
Контуры знаёмага горада…
Сёння ўжо не вернемся.
І – увогуле…
Ад’язджаем… Сум і маўчанне.
Жаданне сысці з цягніка,
збегчы куды-небудзь.
Але – нельга…
Наперадзе – невядомае…
Чаго чакаць ад лёсу ў далейшым?..
Бясконцы ланцуг падзей.
Штосьці такое… вечнае,
Даўжынёй у жыццё.
… Абрысы невядомага
(а яно так блізка!..)
І – наогул…
«Жыццё ідзе па лініях метро…»
Жыццё ідзе па лініях метро.
І ноч малюе блікі на шпалерах:
Натхненне – каляроваю паперай,
Каханне – чарадзейным ліхтаром.
Карункамі на шэрых камянях
Адпрэчыўшы аднолькавасць у лёсах,
Ты разумееш, гледзячы ў нябёсы,
Што на зямлі для кожнага – свой шлях.
А за сцяною летніх навальніц
Ужо чакаюць промні залатыя.
Святло іх атрымаюць толькі тыя,
Хто зазірне ў вытокі таямніц.
І – час натхняцца, час кахаць і верыць,
Што праз гады ў тваім календары
Мяняюцца адценні на шпалерах,
Як фарбы ў чарадзейным ліхтары.
«Крычала неба – дарыла крылы…»
Крычала неба – дарыла крылы.
Крычалі крылы, спаткаўшы неба.
Крычалі зоркі – многагалоссем
Сузор’я Рака (а можа, Льва)…
І толькі месяц не хваляваўся —
Ён быў спакойны, як і заўжды…
«Размовы новыя – ад горшае да лепшай…»
Размовы новыя – ад горшае да лепшай;
І гэты чалавек даўно кахае…
Не рызыкуючы, ён толькі разважае
Над тым, што адбылося і што будзе…
Філосаф ці вар’ят?… А можа, геній?
Рыторыкай валодае выдатна…
Дык, зрэшты, – красамоўства ці каханне?
Натхнёны рамантычным рытарызмам…
Ды ён паэт – і можна здагадацца:
Глядзіць у сшытак – пэўна, робіць выбар:
Пісаць ці белым вершам, ці верлібрам!
«Ліст…»
Ліст…
Лета паставіла клічнік (!).
Белы аркуш паперы
Для чарговага верша
Пакуль застанецца чыстым.
Часу няма на сустрэчу…
На лірыку…
А гэта – пішу не табе.
«Пачатак стагоддзя дваццатага. Восень. Туман…»
Пачатак стагоддзя дваццатага. Восень. Туман.
І я, гімназістка, іду паміж дрэў старадаўняй алеі,
Дадому вяртаюся… Хтосьці?.. А раптам – падман?
А можа, ілюзія? Можа, чыясьці ідэя?
Мне страшна… Ізноў аглядаюся. Побач – юнак.
Не ведаю, хто ён… Ці шчыры, ці добры, ці, можа, зласлівец,
Ці творца, паэт ці філосаф, музыка, мастак?
А словы яго ад душы ці ён проста ліслівіць?
…А зараз – нікога не бачна… Дождж. Восень. Туман.
І я, гімназістка, стаю паміж дрэў старадаўняй алеі
І нават не ведаю – мара ці проста падман…
А можа, усё пад уплывам чыёйсьці ідэі?..
«У каву падліваў атруту…»
У каву падліваў атруту,
Цыкорый замяняў цыкутай,
І невыноснаю пакутай
Вярталася твая віна.
Нібыта свечка на абрусе,
Згараючы ў смяртэльнай скрусе
І зноў паддаўшыся спакусе,
Ты атрымаў усё спаўна…
Ты зноў адзін, ізноў сумуеш,
Зноў нешта ў дзённік занатуеш
І ўсё ж сказаць не рызыкуеш,
Што ўсе старанні – задарма,
Што ў свеце не стае дзівосаў…
Твой шлях, далёкі ад нябёсаў,
Ляжыць на скрыжаванні лёсаў,
Але зваротнага – няма.
«Гадзіннік б’е дванаццаць. Смутак. Цемра…»
Гадзіннік б’е дванаццаць. Смутак. Цемра.
Я зноў адна – адлічваю хвіліны.
Па крузе крочаць стрэлкі – ціха, мерна,
І час цячэ – няўмольны, несупынны.
Радкі ліста – як перлінкі караляў.
Твой інтэрнэт адключаны надоўга…
Я – моўчкі. І ніякіх дакаранняў.
Адказваеш бясслоўным маналогам.
Імгненні крокаў – лесвіца – кватэра.
Гадзіны – ад расстання да сустрэчы.
Ты кажаш, што галоўнае – кар’ера,
А я сумую – зноў адна, дарэчы.
«Чырвонае – сунічнік…»
Чырвонае – сунічнік,
А за страфой – страфа…
Я стаўлю яркі клічнік
Пад гукі «ля-ля-фа».
Суджэнняў лаканічных
Дапісваю раздзел…
І раптам – стаўлю клічнік! —
Крок…
Дымка…
$$$$Думка…
$$$$$$$$Стрэл!
«Кожны мой дзень пачынаецца…»
Кожны мой дзень пачынаецца
Дотыкам вуснаў тваіх,
Кубкам духмянай гарбаты,
Лёгкім радком…
Кожны мой дзень пачынаецца
Промнямі сонца,
А калі іх няма,
То – бліскавіцамі…
Кожны мой дзень пачынаецца
Цікаўнымі пераглядамі з дысплеем:
«Ну што, засумаваў?»
«Ну што, нафантазіравала?»
Ці варта казаць,
Што кожны мой дзень
$$$$$$$$$$$$пачынаецца
$$$$$$$$$$$$$$$$$$$$$$$$з цябе?..
«Горад пісаў…»
Горад пісаў,
Што стаміўся мяне чакаць,
І дасылаў тэлеграмы —
Прамымі дажджамі.
Горад лічыў
Кожны адзінкавы лёс
Чыстым радком,
Недаказанай тэарэмай.
Горад кахаў…
Проста – умеў чытаць
Казкі блакітных нябёсаў
І белага снегу…
«Мы на некалькі слоў адышліся…»
Мы на некалькі слоў адышліся,
А на сотні радкоў ліставанне.
Нашы лёсы як быццам спляліся…
Мы не ведалі: хутка – расстанне.
Ты ад’ехаў, а я засталася
Зноў адна – на асеннім пероне.
Шэпт лістоты – мелодыя вальса.
У абдымках дажджу дзень патоне…
«Я вяртаюся – промнем, маланкаю…»
Я вяртаюся – промнем, маланкаю…
Губляюся ў натоўпе.
Страчваю прытомнасць.
Некалі моцныя пачуцці
Скасавалі чыйсьці лёс.
Неба поўніцца
Металічнымі хмарамі.
Чытаю па вачах тваіх
Жыццё.
Будучыню.
Сувязь жыццяў.
«Хтосьці разбіў шкло…»
Хтосьці разбіў шкло.
Хтосьці крычыць у сне.
Хтосьці шукае фарбы
Для новага палатна…
Штосьці калісьці было…
Графіці на сцяне —
Быццам адценні сноў,
А не Ён і Яна.
Карты пакласці на стол,
Каву моцную піць,
Чакаць, каб толькі прыйшоў…
Проста кахаць (ці – любіць)…
«Марылі крылы пра вышыню…»
Марылі крылы пра вышыню.
Скінуты крылы сягоння ў агонь.
Думкі-пачуцці скрозь цішыню
Жоўтым лістком упадуць на далонь.
Некалькі слоў развітання ўсур’ёз —
Толькі ў бакале сухога віна.
Пошукі нашы не вартыя слёз…
Час надышоў: ты – адзін, я – адна.
Толькі цяпер мы бліжэй да агню.
Фарбы знікаюць у полымі слёз.
Марылі крылы пра вышыню,
Хоць – не пра лёс…
«Я стаю ля акна…»
Я стаю ля акна…
Дзіўны месяц са светлымі зоркамі —
Гэта толькі імгненне кароткае,
А ў рэальнасці я адна.
Легкакрылая цішыня…
Мы ляцім, быццам птушкі ў аблоках.
Узвышэнне да хмар адзінокіх —
Як жыццё веснавога дня…
Цішыня і спакой —
Гэта толькі адно імгненне.
Мая постаць – тваё натхненне.
Ты не бачыў мяне такой…
«Далонямі… Подыхам…»
Далонямі… Подыхам…
Свежая раніца.
Малочным туманам
Ахутаны вуліцы…
І я не пытаюся,
Што вы задумалі:
Ужо разумею,
Што вы – не са мной…
«Кветкі – стракаты россып…»
Кветкі – стракаты россып
З жоўта-блакітнаю тайнаю:
Блакіт – далячынь нябёсаў,
Жоўтае – развітальнае…
Памяць, як шэрая котка,
Што ля агню грэлася,
Музыкай згубленай ноты
Зноўку з табой стрэлася.
«Яна любіла адзіноту…»
Яна любіла адзіноту,
Любіла свой стары раяль.
І з кожнай састарэлай ноты
Здымала пыл, нібы вуаль.
І перапісвала імгненні,
І перайначвала матыў…
Нібы аркестра, як на сцэне,
Зноў адчувала моцны ўплыў.
А пасля кожнага канцэрта,
Калі міналі тыя дні,
Скрозь плынь капрызлівых акцэнтаў
Лавіла гукі цішыні.
«Мільярдамі…»
Мільярдамі…
Мірыядамі мараў
Думкі —
Зоркавыя карункі…
Струнамі…
Безліччу нот
Спявае скрыпка
Над пусткаю
(Ці пустэчай?)…
Вялікаю хусткаю
Падае змрок
З вышыні —
На чужыя плечы.
«Мяне не было з табою…»
Мяне не было з табою —
З табою была яна.
Кружыліся думкі-мроі,
Трымцела гітары струна…
Загадкавыя адценні
Зыходзяць з блакітных вышынь…
Спускайся з нябёс, летуценнік,
А мары ў аблоках пакінь!
Імя тваё – у адчаі —
Напісана на сцяне.
І я цябе не трымаю —
Зямля трымае мяне!
«Словы ў маім лісце…»
Словы ў маім лісце —
Птушкамі на правадах…
І я зусім не сумую —
Толькі на першы погляд…
Учора патануў у маіх вачах?
Так табе і трэба!
Часова знік – амаль на цэлы тыдзень!
А я чакала… І было натхненне,
Ды некуды падзелася… Пішу:
«Словы ў маім лісце —
Птушкамі на правадах…»
«Самотна плача несупынны дождж…»
Самотна плача несупынны дождж,
І сёння я адна ў пустой кватэры…
Нябёсы зорныя малюе ноч
На жоўта-шэрых восеньскіх шпалерах.
Мяне спаткала толькі цішыня,
І я – ты чуеш? – у яе палоне,
Хоць марыла, нібыта птушаня,
Сагрэцца… у тваіх далонях.
«За мною – праз імгненні – крочыць змрок…»
За мною – праз імгненні – крочыць змрок.
Табе я пакідаю толькі ўсмешку
І не вярнуся, зноў абраўшы сцежку,
Цябе забыўшы – быццам? – незнарок.
Калі патоне сонца ў цішыні,
Мяне не дачакаешся дадому…
Нічога не сказаўшы анікому,
Спрабуеш зноў адпрэчыць нашы дні…
А памяць назаўсёды захавае
Пачуцці, што так проста не сатрэш…
І на паперу зноў кладзецца верш —
Імгненні я ў свядомасці ўзнаўляю…
«Восень вышывае золатам…»
Восень вышывае золатам,
Лета – сонечнымі промнямі,
А вясна – дажджамі цёплымі,
Белым бісерам – зіма.
І дзівоснымі карункамі,
Чарадзейнымі пейзажамі
Аздабляюць, упрыгожваюць
Задуменную зямлю.
Гадавое кола круціцца,
І зіма вясной змяняецца,
Тая – летам, лета – восенню…
Зноў – сцюдзёная парá.
Так было і адбываецца…
У спрадвечным ёсць і логіка:
Хоць нішто ў жыцці не вечнае,
Толькі кожнаму – сваё.
«Шэрыя хмары ціха плывуць…»
Шэрыя хмары ціха плывуць.
Трымціць падуладная ветру лістота…
Можа, з сабою мяне пазавуць?..
Не… Адзінота…
Здрада – балюча па сэрцы – лязом…
Бачу сваё разарванае фота…
Хмары цямнеюць, сыплюць дажджом. І – адзінота…
Таўтаграмы
«Аднойчы – адназначна! – адпрэчыш адзіноту…»«Ганак. Гучныя галасы…»
Аднойчы – адназначна! – адпрэчыш адзіноту.
Агеньчык адмыслова адорыць асалодай.
Аранжавым алоўкам адзенне афарбуеш —
Адразу адчуваеш: адольвае адліга.
«Камедыйнасць карэляцый…»
Ганак. Гучныя галасы.
Горкіх гронак гарэнне…
Гаспадар?.. Госць?.. Глядач?..
Гастралёр!
Грацыёзнасць гітары…
«Паўднёвым промнем, птушкай папяровай…»
Камедыйнасць карэляцый.
Канструктыўнасць катэгорый.
Караблі-курсоры крочаць
Краявідамі круізаў…
Крытык кліча канкурэнтаў,
Кандыдаты камплексуюць,
Кіламетрамі катрэнаў
Крыюць кадры кінастужак…
Кропкі… Коскі… Контур казкі —
Коўдра каляровых крылаў…
Край канкрэтыкі капрызаў
Кантралюецца кур’ёзам
Каралеўскае кароны…
Канцэнтрычнасць кругаглядаў?..
«Струны спяваюць санату…»
Паўднёвым промнем, птушкай папяровай
Перажывеш прыгоды падарожжаў…
Прычына палымянасці пачуццяў —
Пераварот прывычнае патрэбы…
Прыстасаванка?! Проста прыгажуня!
Палон… Празмернасць прынцыпаў… Пакуты…
Прыхільнік празаічных парадоксаў
Пасуе першы. Правілы – пасля…
«Таемнай тактыкай трагедыі тандэму…»
Струны спяваюць санату…
Сонца святлом сагравае…
Сентыментальны сатырык
Сумна сыходзіць са сцэны.
Сэнс сарамлівасці – словы…
«У жменьку збіраю кавалачкі сну…»
Таемнай тактыкай трагедыі тандэму —
Туманнасць тлумачэння тэарэмы…
Трактоўка тэмы тэксту – толькі талент.
Тыповасць твораў – тэзіс традыцыйны…
Так, творчасць – тыпалогія тэндэнцый.
У жменьку збіраю кавалачкі сну.
Прысвечана марам старонка жаданняў.
І ўсё ж на хвіліначку ў неба зірну:
У зорках жыве старадаўнасць паданняў.
А заўтра згатую духмяны настой
І зноў зачарую цябе, мой філосаф.
Ужо надакучыў сваёю лухтой,
Што ты – н а р а д ж э н е ц нябёсаў!
Слова паэта
Няма ў свеце паэта, які б не любіў сваю мову,
Як няма і дарогі такой, што зусім нікуды не вядзе.
Але ўсё ж такі гэта – паэт, і яго палымянае слова
Не павінна штогод і штодзённа стаяць у бяздушнай чарзе,
Каб яго, непахіснае, іншыя асэнсавалі,
Каб яно заіскрылася зоркаю ў нашых вачах,
Каб ніколі не стала пустым яно ў безлічы хваляў,
Каб з яго было варта жыццё чалавеку пачаць.
«Калі сэрца – сусвет, а душа – панарама…»
Калі сэрца – сусвет, а душа – панарама
Ілюзорнага свету тэатральных куліс,
Гэта не серыял, а жыццёвая драма —
Быццам нехта нябачны выклікае на біс.
Прагучалі фальшывыя апладысменты —
Не апошнюю ролю выконваў паэт:
Яго словы – як ружы або дыяменты…
Так, душа – панарама, а сэрца – сусвет.
Павел Якуць
[1993 г. н.]
Дзякуй
Я заўсёды марыў быць каталіцкім манахам. Таму па заканчэнні школы наважыўся пайсці ў кляштар.
Жаніцца не хацелася. Ды і адзінае быццам «каханне» было ў мяне ў 15 гадоў.
Бацькі былі супраць усяго гэтага, яны марылі пра светлую будучыню адзінага сына, пра тое, каб сын стаў вялікім чалавекам, і, канечне, пра працяг роду. Бацька, як даведаўся, якія я меў планы на жыццё, выгнаў мяне з хаты. Я, вядома, разумеў, што гэта было на эмоцыях, але я быў ганарысты: ляснуў на ўвесь пад'езд дзвярыма, калі выходзіў. Але ноччу вярнуўся дахаты, было шкада матулі. З таго часу я з бацькам не размаўляў.
Калі ў школе мяне запыталі, кім я хачу стаць, я адказаў, што хачу стаць святым. І адзіны шлях дасягнення гэтага мне бачыўся толькі праз служэнне Богу.
На наступны дзень пасля выпускнога вечара ў школе я сабраў рэчы, напісаў цыдулку бацькам і паехаў. Я ведаў, што мама будзе плакаць, а з бацькам яшчэ больш пасваруся. Таму паехаў, калі бацькоў не было ў хаце.
Кляштар знаходзіўся ў Польшчы. Даехаў хутка, на цягніку. Абжыўшыся там, адразу напісаў ліст бацькам. Але часта я сумняваўся. У мяне з яўляліся думкі, што я мог быць цудоўным мужам. Але мяне спыняла любоў. Любоў да Бога, які паслаў свайго сына на смерць, каб уратаваць мяне і ўсіх. І я хацеў адплаціць сваім жыццём, служэннем Богу.
Так я і жыў. Нам заўсёды гаварылі манахі, якія нас там вучылі, што мы яшчэ не далі ніякіх абетаў і што ў любы момант можам паехаць адсюль. Але я жыў, і з кожным днём у душы ўсё больш ухваляў свой выбар. Дома ўсё наладжвалася, тата нават стаў мне ліставаць, пісаў, што раней не разумеў мяне зусім, але прайшоў час, і ён усвядоміў, што не меў рацыі. Бацькі чакалі мяне на Божае Нараджэнне, калі ў нас былі вакацыі. У Беларусі каралявала сапраўдная зіма, не тое што ў Польшчы. Пагатоў мой кляштар знаходзіўся на мяжы з Нямеччынай, непадалёк ад горада Кашалін. У снежні манахі хадзілі ў танюсенькіх куртачках. Бацька сустрэў мяне на вакзале ў Гародні. Цягнік прыехаў ноччу, пасля павольна ехалі на машыне, было дрэнна відаць дарогу. У машыне ані на хвіліну не сціхала размова. Тата мне распавядаў пра працу, я яму пра сваіх сяброў у Польшчы. Адзін хлопец быў з Мадагаскара. Мы з ім размаўлялі на англійскай мове, польскую ён яшчэ не вывучыў. Было вельмі цікава даведацца ад яго шмат новага.
Мама чакала нас ля акна. Адчыніўшы дзверы, яна кінулася мне на шыю і расцалавала. Мы позна сядзелі ў кухні і размаўлялі. Спаць ляглі толькі на світанку.
Удзень я вырашыў пайсці ў касцёл. Я быў сканцэнтраваны на сваёй інтэнцыі паклікання, уважліва слухаў гамілію, спяваў «Тэ'дэум», як тут на вочы мне трапілася дзяўчына. Гэта была Яся з майго класа. Вось у яе я ў 15 гадоў закахаўся. Мы не бачыліся амаль паўгады. Я не мог адвесці ад яе вачэй. Са мной штосьці адбывалася, мае думкі належалі толькі ёй. Я ўзгадваў заняткі ў школе, на якіх я толькі і рабіў, што глядзеў на яе. Як праваджаў яе са школы. Згадваў свой першы ў жыцці пацалунак пад дажджом. Па маёй скуры прабеглі мурашкі. Я спрабаваў не глядзець у яе бок, але вочы не слухаліся. Яна бачыла гэта і ўсміхалася мне.
Пасля імшы я падышоў да Ясі. Прапанаваў ёй зайсці ў кавярню, яна згадзілася. Мы сядзелі і размаўлялі. Яна паступіла вучыцца ў Мінску на лекара. Цяпер, як і я, прыехала дамоў на Божае Нараджэнне. Яська распытвала мяне пра манастыр, пра цяжкасці вучобы. Я распавядаў ёй, што да канца яшчэ не ўпэўнены, але большасць мяне было за тое, каб я стаў манахам. Мы прасядзелі да самага закрыцця. Я праводзіў яе дахаты. Не хацелася адпускаць Ясю ад сябе, цягнула дакрануцца да вуснаў… Але гэта было супраць маіх правіл, я не мог гэтага зрабіць, змагаўся з сабой.
– Заўтра ўбачымся? – спытаў я.
– Ты ведаеш, дзе я жыву, – усміхнулася яна мне ў адказ.
Мы развіталіся, яна працягнула мне руку. Я трымаў яе, і нашы вочы сустрэліся. Гэта была секунда даўжынёю ў вечнасць. Я падышоў бліжэй, абняў яе. Яська не супраціўлялася. Нашы твары былі зусім блізка. Мы пацалаваліся.
Я не мог заснуць. У галаве віравала думка, што я зрабіў вялікую памылку, але другая частка мяне гаварыла, што я хачу большага. Але я не мог, я будучы святар, і мне нельга і думаць пра гэта. Так цэлую ноч я прамучыўся. Толькі пад раніцу супакоіўся і заснуў.
Прачнуўся я ў абед. Пасядзеў з бацькамі. Да памог матулі прыгатаваць снеданне. Сёння – посная Каляда. Трэба было яшчэ схадзіць па прадукты. Дарогаю я мінаў дом Яські. Заўсёды, праходзячы паўз яго, згадваліся ўсе вечары, як доўга мы не маглі развітацца, як доўга цалаваліся ля пад'езда. Мне захацелася хутчэй убачыць каханую.
Разам з бацькамі мы пайшлі на Пастэрку. Людзей было багата, я ўвесь час шукаў вачыма Яську. Знайшоў толькі пасля імшы, калі ўжо ўсе выходзілі.
– Яська, з Божым Нараджэннем!
– З Нараджэннем, – усміхнулася яна мне. – Я чакала, што ты зойдзеш па мяне.
– Часу не было, – адгаворваўся я.
– Прыходзь да мяне заўтра, на святочны абед.
Бацькі паедуць да бабулі, а мой цягнік увечары.
– Добра, абавязкова.
– Тады да заўтра?
– Так, да сустрэчы.
Я дагнаў бацькоў.
«Мы будзем з ёй сам-насам» – гэта думка не выходзіла ў мяне з галавы. Я баяўся ўявіць сабе, што заўтра можа здарыцца. З другога боку, я чакаў з нецярпеннем гэтага моманту. Памаліўшыся, каб усё было добра, я заснуў. Прачнуўся я ў абед. Хутка сабраўся і пабег да Яські. Дарогаю забег у краму, каб купіць каробку цукерак.
Мы сядзелі за сталом і пілі гарбату. На Ясьцы была кароткая спаднічка і байка с капюшонам. Размаўлялі аб усім. Яна распавяла мне, як улетку з сяброўкай ездзіла ў Піцер.
– О, пайшлі, я табе фоткі пакажу!
Мы пайшлі ў яе пакой, яна села за стол і ўключыла ноутбук. Я стаяў каля яе, абапершыся на стол. Мы перагледзелі тысячы розных фотак. Яна павярнулася да мяне і запытала:
– Што табе яшчэ паказаць?..
Мы зразумелі ўсё без слоў. Яна ўстала, і мы пацалаваліся. Гэта быў, не пазаўчарашні пацалунак, тут ужо была сапраўдная жарсць. У галаве ўзніклі думкі: «Што я раблю? Трэба хутчэй гэта скончыць!» Але я адкідаў гэта куды падалей.
… Усё адбылося вельмі хутка. Задавальненне ў пару хвілін, якое магло змяніць усё маё жыццё. Яська пайшла ў душ. Мне стала вельмі страшна і я збег.
* * *
Я не ведаў куды ісьці, каму распавесці пра гэта. Падышоў да касцёла. Я глядзеў на скрыжаванага Езуса моўчкі і раптам расплакаўся. Я кляў сам сябе. Усё маё жыццё, усе маі жыццёвыя прынцыпы былі зруйнаваны. Нядоўга думаючы, я пайшоў да маста.
Я глядеў уніз на машыны і не разумеў, навошта мне жыць далей. Усё маё жыццё праляцела ў мяне перад вачыма. Мне не хацелася больш жыць на зямлі. Бог даў мне жыццё, каб я быў шчаслівы з Ім, а я не мог слухаць Яго, не мог выконваць тое, чаго Ён прасіў у мяне. Я падышоў бліжэй да загароды. Але тут як быццам адбылося прасвятленне: успомніў сваю маці, бацьку, усіх родных і блізкіх, якія заўсёды любілі мяне. І як ім будзе балюча, калі я загіну?
«Бог даў мне жыццё не для таго, каб я ім вось так распарадзіўся! Трэба быць моцным і жыць далей,» падумаў я пра сябе. Трохі пастаяўшы, я сышоў. Вакацыі скончыліся, і я паехаў зноў на паўгады ў кляштар. Прыехаўшы, я адразу схадзіў да споведзі. Цяпер я быў упэўнены, што для мяне ёсць толькі адзіны шлях – гэта служэнне Богу…
…Прайшло 8 гадоў, адзін год пасля майго пасвячэння ў манахі. Увесь гэты год я служыў у кляштары горада Познань. І вось сёння мяне накіравалі ў родную Беларусь, на Віцебшчыну. Там на вёсцы наш ордэн Аблатаў будаваў кляштар. Я быў вельмі рады вярнуцца на Бацькаўшчыну!
Людзей у парафіі было не шмат, у асноўным слугавалі сталыя, але мелася і моладзь. У кляштары са мной служыў яшчэ айцец Марэк, старэйшы за мяне. У вёсцы знаходзілася бальніца і школа: зусім не благі варыянт. Працы, праўда, выпадала больш фізічнай, а не духоўнай. Пахаванні ў асноўным. Я ўдумаў адпусціць бараду. Мне заўсёды ў дзяцінстве хацелася гэта зрабіць. Аднойчы ў касцёле бралі шлюб. Я прыгатаваў усё неабходнае. Чакаў пачатку.
Перад імшой да мяне зайшлі сужэнцы. І тут я замёр. Гэта была Яська. 8 гадоў я нічога пра яе не чуў. Ды і забыўся амаль што пра яе. Я прывітаўся. Яна мяне не пазнала. «Напэўна, праз бараду», падумаў я. Яны селі, паставілі подпіс у дакументах.
– У мяне яшчэ ёсць дачка, айцец. Гэта нічога? – спытала Яська.
– Ад каго? – насцярожыўся я.
– Ды ў маладосці, па дурасці. Тата маёй Яначкі збег.
– Ну ідзіце, прыгатуйцеся.
Яны выйшлі. І тут я заплакаў. Я зарыдаў. Тое, што я схаваў у сабе вельмі далёка, вылецела вонкі. Трэба было ісці.
Убачыўшы дзяўчынку, я ледзь устаяў на нагах. Ёй было блізка да васьмі год. Я зразумеў, што гэта мая дачка. Хутка адправіў імшу і паехаў на рэчку. Стаяў і думаў, што гэта ўсё мне за маі грахі, гэта маё пакаранне. «Бог справядлівы. За зло Ён карае, а за дабро Ён узнагароджвае.» – нагадаў я сабе словы з Катэхізіса. Я ўкленчыў. Усе эмоцыі выйшлі вонкі. «Я гатовы прыняць усе пакаранні, мой Збаўца!» – пракрычаў я, падняўшы галаву да неба. І тут пачуўся крык.
Гэта была яна, гэта была мая дачка. Яна танула дзесьці на сярэдзіне ракі. Плынь несла яе ўсё далей і далей. Я не разумеў, як Яначка там апынулася, чаму яна не на вяселлі матулі, я проста кінуўся ў ваду. Было вельмі цяжка даплыць да яе, але я прыклаў усе свае сілы. Праз секунду яна была ў маіх руках. Цяпер трэба было неяк выцягнуць яе на бераг. Нас несла ўсё далей і далей. Мне было цяжка з ёю ў руках змагацца з плынню. На шляху расло дрэва, і яго галіны звісалі наўпрост над ракой.
– Я падплыву да дрэва, а ты схапіся за яго! – пракрычаў я.
Яна моўчкі пагадзілася. Мы былі ў метры ад дрэва. З апошніх сіл я падняў дзяўчынку над галавой, яна ўхапілася аберуч за галіну. Праз імгненне яна была ўжо ў бяспецы. Мяне панесла далей. Я меў надзею, што Яна пазаве каго-небудзь на дапамогу, але сілы амаль скончыліся. Калі я з галавою схаваўся ў вадзе, зрабіў знак крыжа і прачытаў «Ойча наш». Розум ужо адказваў мне. «Дзякуй Табе за ўсё…» – падзякаваў я Богу. Цела ўсё глыбей пагружалася ўніз, а душа паляцела ўгору.
Правообладателям!
Это произведение, предположительно, находится в статусе 'public domain'. Если это не так и размещение материала нарушает чьи-либо права, то сообщите нам об этом.