Автор книги: Лявон Карповіч
Жанр: Историческая литература, Современная проза
Возрастные ограничения: +16
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 11 (всего у книги 27 страниц)
Дабраславеньне Ісусу Навіну
Будзь цьвёрды і мужны; бо ты народу гэтаму перадаеш у валоданьне зямлю, якую Я прысягаўся бацькам іхнім даць ім… (Ісус Нав 1:6).
Ісус Наваў, сын Наваў, паходзіў з магутнага калена Яфрэма і быў з юнацтва асабістай даверанай асобай Майсея і яго верным сябрам. Гасподзь выбраў яго пераемнікам Майсея ў якасьці правадыра сыноў Ізраілевых. «І сказаў Гасподзь Майсею: вазьмі сабе Ісуса, сына Нава, чалавека, у якім ёсьць Дух, і пакладзі на яго руку тваю, і пастаў яго перад Эліязэрам сьвятаром і перад усім супольствам, і дай яму настаўленьне перад вачыма іхнімі…» (Лікі 27:18,19).
Бліскучы воін, Ісус Наваў рана стаў камандуючым Ізраільскімі войскамі і сваёй тактычнай доблесьцю неўзабаве перамог амалікіцян. Яго мудрасьць, аднак, не абмяжоўвалася ваеннымі пытаньнямі, бо ён хутка разьвіў у сабе якасьці дзяржаўнага дзеяча, выканаўшы ўскладзены на яго Боскі давер. Аднак толькі пасьля сьмерці Майсея і падыходу да зямлі Ханаанскай Гасподзь даў Ісусу сваё дабраславеньне.
У 1982 годзе пошта Ізраіля выпусьціла сэрыю з чатырох марак, прысьвечаную дзейнасьці Ісуса Навіна. На малюнку першай маркі бачым Ісуса Навіна перад Ізраільскім народам.
Перад Зямлёй Абетаванай. Марка пошты Ізраілю, выдадзеная ў 1982 годзе
На прывесцы першай маркі словы Бібліі: «Будзь цьвёрды і мужны; бо ты народу гэтаму перадаеш у валоданьне зямлю, якую Я прысягаўся бацькам іхнім даць ім…» (Ісус Нав 1:6).
Калі Майсей памёр, Гасподзь зьявіўся Ісусу і сказаў: «Майсей, раб Мой, памёр; дык вось, устань, перайдзі цераз Ярдан гэты і ўвесь народ гэты, у зямлю, якую Я даю ім, сынам Ізраілевым. Любое месца, на якое ступяць ступакі ног вашых, Я даю вам, як Я сказаў Майсею ад пустыні і Лівана гэтага да ракі вялікай, ракі Еўфрата, усю зямлю Хэтэяў; і да вялікага мора на захад сонца будуць межы вашыя. Ніхто ня ўстоіць перад табою: не адступлюся ад цябе і не пакіну цябе. Буду цьвёрды і мужны; бо ты народу гэтаму перадаеш у валоданьне зямлю, якую Я прысягаўся бацькам іхнім даць ім; толькі будзь цьвёрды і вельмі мужны, і старанна захоўвай і выконвай увесь закон, які наказаў табе Майсей, раб Мой; ня ўхіляйся ад яго ні направа, ні налева, каб чыніць разумна ва ўсіх пачынаньнях тваіх» (Ісус Нав 1:2—7).
Пераход Ярдана па сухой зямлі
Першым лёсавызначальным учынкам Ісуса Навіна пасьля прыняцьця ўлады Майсея быў пераход Ярдану. Напярэдадні пераходу Ярдану Бог сказаў Ісусу Навіну: «у гэты дзень Я пачну праслаўляць цябе на вачах ва ўсяго Ізраіля, каб яны ўведалі, што як Я быў з Майсеем, так буду і з табою…» (Ісус Нав 3:7).
Загадаўшы сьвятарам, паводле слова Госпада, несьці Каўчэг Запавету перад Ізраільцянамі да ракі, Навін загадаў ім спыніцца на імгненьне, як толькі іх ногі закрануць вод Ярдану. Тады Ісус Навін прарочыў: «І як толькі ступакі ног сьвятароў, што нясуць Каўчэг Госпада, Уладара ўсёй зямлі, ступяць у ваду Ярдана, вада Ярданская высахне, а вада, якая цячэ зьверху, спыніцца сьцяною» (Ісус Нав 3:13).
Пасьля таго як народ перайшоў праз асушанае рэчышча ракі, Ісус Наваў выбраў дванаццаць чалавек, па адным ад кожнага племені, і распавёў ім аб Божай Запаведзі: «вазьмеце сабе адсюль, зь сярэдзіны Ярдана, дзе стаялі ногі сьвятароў нерухома, дванаццаць камянёў, і перанясеце іх з сабою, і пакладзеце іх на начлезе, дзе начавацьмеце гэтай ночы» (Ісус Нав 4:3).
Каўчэг Запавету пераносіцца праз Ярдан. Марка пошты Ізраілю, выдадзеная ў 1982 годзе
На прывесцы маркі словы Бібліі: «Скажэце сынам вашым: „Ізраіль перайшоў празь Ярдан гэты па сухім“…» (Ісус Нав 4:22).
Камяні пазьней былі ўстаноўленыя ў Галгале, першым лягеры за ракой, як вечны помнік. «Калі спытаюцца ў вас у будучым сыны вашыя і скажуць: „навошта ў вас гэтыя камяні?“ вы скажаце ім: „у памяць таго, што вада Ярдана падзялілася перад Каўчэгам Запавету Госпада; калі ён пераходзіў празь Ярдан, тады вада Ярдана падзялілася“; такім чынам камяні гэтыя будуць сынам Ізраілевым помнікам навекі» (Ісус Нав 4:6,7).
Падзеньне сьцен Ерыхону
Перабраўшыся праз Ярдан, ізраільцяне разьмясьціліся табарам у Галгале непасрэдна на ўсход ад агароджанага сьценамі горада Ерыхон і адсьвяткавалі там Пасху. Ерыхон быў пабудаваны сярод пальмаў на ўрадлівай і багатай вадой зямлі і непрыступны.
Але Гасподзь зноў загаварыў з Ісусам: «Вось, Я аддаю ў рукі твае Ерыхон і цара яго, і магутаў ягоных; ідзеце вакол горада ўсе здольныя ваяваць і абыходзьце горад адзін раз; і рабі гэтак шэсьць дзён; і сем сьвятароў няхай нясуць сем труб юбілейных перад каўчэгам; а на сёмы дзень абыдзеце горад сем разоў, і сьвятары няхай трубяць у трубы; калі затрубіць юбілейны рог, калі пачуеце гук трубы, тады ўвесь народ няхай гукне моцным голасам, і гарадзкі мур абваліцца да зямлі, і народ пойдзе кожны са свайго боку» (Ісус Нав 6:1—4).
Падзеньне сьцен Ерыхону. Лейтон Фрэдэрык (1830—1896). Пэрсанальная марка, выдадзеная поштай Ізраілю ў 2014 годзе
«На сёмы дзень усталі рана, як толькі занялася зара, і абышлі такім самым чынам вакол горада сем разоў; толькі ў гэты дзень абышлі сем разоў» (Ісус Нав 6:14). Тады Навін загадаў народу закрычаць. «Народ закрычаў, і затрубілі ў трубы. Як толькі пачуў горад голас трубы, усклікнуў народ гучным і моцным голасам, і абваліўся мур да самай зямлі, і народ пайшоў у горад, кожны са свайго боку, і ўзялі горад» (Ісус Нав 6:19).
Сьцены Ерыхона падаюць. Марка пошты Ізраілю, выдадзеная ў 1982 годзе
На прывесцы маркі словы Бібліі: «…усклікнуў народ гучным і моцным голасам, і абваліўся мур да самай зямлі…» (Ісус Нав 6:19).
Ерыхон быў цалкам зьнішчаны. Усе каштоўнасьці былі зьмешчаны ў скарбніцу, а жывёлы, мужчыны, жанчыны і дзеці былі забітыя. «А Рааў блудніцу і дом бацькі яе і ўсіх, хто ў яе быў, Ісус пакінуў жывых, і яна жыве сярод Ізраіля да сёньня, бо яна схавала пасланцаў, якіх пасылаў Ісус на агледзіны Ерыхона» (Ісус Нав 6:24).
Абвал муроў Ерыхону намаляваны на полі блёку пошты Экватарыяльнай Гвінэя, з маркай, прысьвечанай Самсону. На полі блёку тэкст: «А народу Ісус даў загад і сказаў: ня гукайце і не давайце чуць голасу вашага, і каб слова ня выходзіла з вуснаў вашых да таго дня, пакуль я не скажу вам: „выгукніце!“ і тады гукнеце» (Ісус Нав 6:9). Ніжэй: «Сьцены Ерыхона былі зрынуты».
Самсон. Біблія. Блёк пошты Экватарыяльнай Гвінея, выпушчаны ў 2011 годзе
Сучасны стан Ерыхону.
Ерыхон. Картмаксімум з маркай пошты Чаду, выдадзенай у 1999 годзе
Археалягічныя раскопкі выкрылі працяглую гісторыю Ерыхону, як аднаго з першых паселішчаў у сьвеце, якое датуецца прыблізна 9000 годам да Р. Х. На марцы, надрукаванай у Чадзе ў выпуску «Цуды забытых культур», паказана тое, што засталося ад Ерыхону.
Бітва з Амарэямі
Біблейскі вобраз старажытных габрэяў зусім не прывабны. Іх самым відочным недахопам было частае ўпаданьне ў пакланеньне ідалам, на што значна ўплывалі народы Ханаана. Каб захаваць веру ў адзінага Бога, трэба было пазбавіцца ад спакусьлівых народаў—суседзяў. Хіба толькі так можна зразумець ваяўнічую маральнасьць, якую прапаведуе Стары Запавет: «А ў гарадах гэтых народаў, якія Гасподзь, Бог твой, дае табе ў валоданьне, не пакідай жывымі ніводнай душы, а пракляні іх: Хэтэяў і Амарэяў, і Хананэяў і Фэрэзэяў, і Габрэяў і Эвусэяў, як загадаў табе Гасподзь, Бог твой, каб яны не навучылі вас рабіць такія самыя мярзоты, якія яны рабілі дзеля багоў сваіх, і каб вы не грашылі прад Госпадам, Богам вашым» (Другі закон 20:16—18).
Чацьвёртая марка сэрыі, прысьвечанай дзейнасьці Ісуса Навіна, зьяўляецца ілюстрацыяй Бітвы з Амарэямі.
«І сказаў Гасподзь Ісусу: ня бойся іх, бо Я аддаў іх у рукі табе: ніхто зь іх ня ўстоіць перад абліччам тваім. І прыйшоў на іх Ісус раптоўна, бо ўсю ноч ішоў ён з Галгала. Гасподзь наслаў на іх разгубленасьць, калі ўбачылі Ізраільцянаў, і яны пабілі іх у Гаваоне моцным разгромам, і гналі іх па дарозе да ўзвышшаў Вэтарона, і білі іх да Азэка і да Македа» (Ісус Нав 10:8—10). Але дзень канчаўся, а вораг ня быў да канца разгромлены. І тады Ісус Навін памаліўся Богу, каб сонца не заходзіла да заканчэньня бітвы: «Ісус заклікаў Госпада ў той дзень, у які аддаў Гасподзь Амарэяў у рукі Ізраілю, калі пабіў іх у Гаваоне, і яны былі пабітыя перад абліччам сыноў Ізраілевых, і сказаў перад Ізраільцянамі: стой, сонца, над Гаваонам, і месяц, над далінаю Аялонскаю!» (Ісус Нав 10:12).
Бітвы з Амарэямі. Марка пошты Ізраілю, выдадзеная ў 1982 годзе.
На прывесцы маркі словы Бібліі: «Стой, сонца, над Гаваонам, і месяц, над далінаю Аялонскаю!» (Ісус Нав 10:12).
«І спынілася сонца, і месяц стаяў, пакуль народ помсьціў ворагам сваім. Ці ж ня гэта напісана ў кнізе Справядлівага: стаяла сонца сярод неба і не сьпяшалася на захад амаль цэлы дзень? І ня было такога дня ні раней, ні пасьля таго, у які Гасподзь слухаў бы голас чалавечы. Бо Гасподзь змагаўся за Ізраіля» (Ісус Нав 10:13,14).
Хрысьціянскі абразок з тэракоты адлюстроўвае выявы Ісуса Навіна і Халева і ілюструе эпізод Кніга Ісуса Нава, паказваючы момант, калі Ісус Навін спыняе Сонца над Гаваонам і месяц над далінаю Аялонскаю перад вялікай перамогай ізраільцян над амарэямі. Гэты абразок – адно з найважнейшых археалягічных адкрыцьцяў на тэрыторыі Македоніі.
Ісус Навін і Халеў. Абразок (6—7 ст.). Марка пошты Македоніі, выдадзеная ў 1996 годзе
Пасьля заканчэньня войнаў Ісус Навін падзяліў Запаветную зямлю паміж 12-ю каленамі ізраільскімі і памёр ва ўзросьце 110 гадоў, наказаўшы народу захоўваць Закон Майсееў. «І пахавалі яго ў межах яго надзелу ў Тамнат-Сараі, што на гары Яфрэмавай, на поўнач ад гары Гааша» (Ісус Нав 24:30).
Сьвята НамётаўСорак гадоў працягвалася вандроўка Ізраільцян зь Егіпту да Зямлі Абетаванай. За гэты час вымерла пакаленьне, якое выйшла зь няволі і нарадзілася, вырасла і захавалася новае пакаленьне. Падчас вандраваньня Бог цярпліва і настойліва зьмяняў люд нявольнікаў у сьвядомы таго, кім насамрэч ёсьць і быць павінны народ. Гэтаму доўгаму падарожжу штогод прысьвячаецца і адзначаецца Сьвята Намётаў. Па – габрэйску Сьвята называецца Суккот, што значыць Палаткі ці Намёты.
Гэтаму Сьвяту пошта Ізраілю прысьвяціла не адно выданьне. Пяцімарачная сэрыя, прысьвечаная Суккоту, выдадзена поштай Ізраілю ў 1971 годзе.
Сьвята Намётаў. «І радуйся ў Сьвята тваё» (Другі закон 16:14). «У намётах жывеце сем дзён» Лявіт 23:42). Маркі пошты Ізраілю, выдадзеныя ў 1971 годзе
На прывесках тэкст на габрэйскай і англійскай мовах. Поўны тэкст верша: «і радуйся ў сьвята тваё ты і сын твой і дачка твая, і раб твой і рабыня твая, і лявіт і прыхадзень, і сірата і ўдава, якія ў селішчах тваіх…» (Другі закон 16:14).
Згодна з гэтым наказам ізраільцяне робяць сымбалічныя намёты ў двары, а, нават, на бальконе ці ў вакне… У намётах прымаюць гасьцей, спажываюць ежу і сьпяць. Тым самым не зьнікае сувязь паміж продкамі, якія вандравалі па пустыні, і наступнымі пакаленьнямі.
Цудоўна ілюструе гэта марка з сэрыі «Успаміны дзяцінства».
Успаміны дзяцінства. Марка пошты Ізраілю, выдадзеная ў 2015 годзе
«Успаміны дзяцінства. Як толькі Ём Кіпур скончыўся, у гэты вечар усе дзеці пачыналі будаваць Сукку на падворку ці на бальконе, сьпяваючы песьню: „Цьвік, малаток, нам дапамог, Сукку будаваць і хлопчыкам, дзяўчынкам разам песьню сьпяваць! Ля, ля ля…“ „Суккот – час нашай радасьці“ – гэтыя словы былі ўпісаны ў нашы сэрцы і сьвядомасьць» Доктар Дов Герман. Ём-Кіпур – Дзень адкупленьня – у юдаізьме самае важнае са сьвятаў, дзень посту, пакаяньня і адпушчэньня грахоў. Адзначаецца ў дзясяты дзень месяца тышрэй, завяршаючы Дзесяць дзён пакаяньня.
Шмат правілаў вызначаюць, як Сукка павінна быць пабудавана і як яна павінна быць пакрытая галінкамі… Звычайна ўся сям'я ўдзельнічае ў будаўніцтве і ўпрыгожваньні Суккі. «Каб ведалі роды вашыя, што ў намётах пасяліў Я сыноў Ізраілевых, калі вывеў іх зь зямлі Егіпецкай» (Лявіт 23:43).
Будаўніцтва Суккі. Марка пошты Ізраілю, выдадзеная ў 2017 годзе
На трэцяй марцы з сэрыі 1971 года словы: «Кожны тубылец Ізраільцянін павінен жыць у намёце…» (Лявіт 23:42).
Суккот. Маркі пошты Ізраілю, выдадзеныя ў 1971 годзе
На чацьвёртай марцы тэкст з Бібліі падкрэсьлівае сувязь Сьвята Суккот з земляробствам: «Калі вы зьбіраеце творы зямлі…» (Лявіт 23:39).
У Палестыне толькі дзьве пары года: сухая і дажджлівая. І ў дажджлівую пару трэба назапасіць ваду, без якой немажлівы ўраджай. Таму вада называецца «хэрака» = дабраславеньства. Дождж лічыцца канкрэтным выразам дабраславеньня Госпада, які забясьпечвае далейшае існаваньне і бясьпеку. «Дык Я дам вам дажджы ў свой час…» (Лявіт 26:4) – напісана на пятай марцы.
Сьвятарскае дабраслаўленьне каля Заходняй сьцяны падчас Суккоту.
Сьвятарскае дабраслаўленьне падчас Суккоту. Марка пошты Ізраілю, выдадзеная ў 2005 годзе
На прывесцы намаляваныя рукі коэна, з зложанымі згодна з Законам пальцамі, пры Сьвятарскім дабраслаўленьні. (Коэны – Сьвятары з роду Аарона).
Тора загадвае сьвятару Аарону і яго нашчадкам дабраслаўляць ізраільцян так: «Хай дабраславіць цябе Гасподзь і захавае цябе! хай паглядзіць на цябе Гасподзь сьветлым тварам Сваім і ўмілажаліцца зь цябе! хай паверне Гасподзь твар Свой да цябе і дасьць табе спакой!» (Лікі 6:24—26).
У час ранішняй малітвы Сьвята Суккот дабраслаўляюцца чатыры віды расьлін, якія згадваюцца ў Торы і маюць дачыненьне да Суккот: «…у першы дзень вазьмеце сабе галінкі прыгожых дрэў, галінкі пальмавыя і галінкі дрэў шырокалістых і вербаў рачных, і весялецеся прад Госпадам» (Лявіт 23:40).
Сукккот. Нашэньне Лулаў. Марка пошты Ізраіля, выдадзеная ў 2012 годзе
Гэты звычай называецца «нашэньне Лулаў» (пальмавых галінак), таму што пальмавая галінка зьяўляецца самай вялікай і найбольш прыкметнай сярод чатырох відаў ужытых расьлін.
Чатыры віды расьлін, над якімі зьдзяйсьняецца дабраславеньне Суккот, этрог (цытрон), лулаў (галінка фінікавай пальмы), хадас (міртавыя галінкі) і арава (галінкі вярбы) пад белай зоркай Давіда ўпрыгожваюць марку Ізраілю з той асаблівасьцю, што прывеска маркі разьмешчана збоку. На прывесцы біблейскі верш: «…сьвяткуй, Юдэя, Сьвяты твае» (Навум 1:15).
Чатыры віды расьлін. Марка пошты Ізраілю, выдадзеная ў 1950 годзе
У канцы Суккота адзначаецца Сімхат Тора – «Радасьць Торы» – адно з самых вясёлых габрэйскіх Сьвятаў.
Другі Акафот. Марка пошты Ізраілю, выдадзеная ў 2017 годзе
У сынагогах ладзяць Акафот – урачыстае шэсьце са скруткамі Торы вакол узвышэньня ў цэнтры сынагогі, на якім чытаецца Тора. Акафот суправаджаецца танцамі і ўсеагульнай радасьцю, якімі габрэі выказваюць веру і любоў да Творцы. Падчас Акафоту Ізраільцяне выказваюць сваю салідарнасьць з габрэямі, якія жывуць у краінах расьсейваньня і пачынаюць сьвяткаваць Сімхат Тору як раз у гэты час. «Другі Акафот» ладзяць таксама на гарадзкіх плошчах і ў іншых публічных месцах. Моладзь захоплена сьпявае «Народ Ізраіля жывы!».
Штогадовае Сьвята Намётаў гэта ня толькі ўдзячнасьць за прысутнасьць і дапамогу Бога, але і нагода да просьбы працягваць гэтую дапамогу ў тым ліку праз дабраславенства для зямлі.
«Шма, Ісраэль» – «Слухай, Ізраіль»Слухай, Ізраіле: Гасподзь, Бог наш, Гасподзь адзіны ёсьць; і любі Госпада, Бога твайго, усім сэрцам тваім і ўсёю душою тваёю і ўсімі сіламі тваімі. І хай будуць словы гэтыя, якія Я наказваю табе сёньня, у сэрцы тваім; і перадавай іх дзецям тваім і кажы пра іх, седзячы ў доме тваім і йдучы дарогаю, і кладучыся і ўстаючы… (Другі закон 6:4—7)
Падчас падарожжа па пустыні Майсей з дапамогай Бога цярпліва пераўтвараў людзей з нявольнікаў і ўцекачоў у сапраўдны народ, які пазнаваў, кім ён ёсьць і якія яго абавязкі перад Богам. Гэта было складана, бо гады несвабоды прывучылі да пакоры, боязьні і страху, а вольнасьць, якую атрымалі, вымагала адказнасьці і зьмяненьня. Толькі дзякуючы ўнутранаму зьмяненьню, асэнсаваньню, што значыць быць вольным, чалавек становіцца вольным у выбары і набывае здольнасьць змагацца за дабро супраць зла. І гэта было самае цяжкае заданьне, цяжэйшае за за ўсе небясьпекі доўгага падарожжа па пустыні. Толькі вера ў адзінага Бога магла дапамагчы ў гэтым і гарантавала Божую дапамогу, каб папярэдзіць спакусу стаць такімі, як іншыя людзі, якія пакланяліся ідалам і жылі ў распустве. У Кнізе Другі Закон запісаныя напаміны і заклікі да вернасьці адзінаму Богу. Іх сарцавінай ёсьць такое вызнаньне веры: «Слухай, Ізраіле: Гасподзь, Бог наш, Гасподзь адзіны ёсьць…» (Другі закон 6:4). Па – гэбрэйску першыя словы гучаць так: «Шма, Ісраэль» – «Слухай, Ізраіль». «Слухай, Ізраіле: Гасподзь, Бог наш, Гасподзь адзіны ёсьць…» (Другі закон 6:4). Гэта найбольш базавы выраз усёй веры габрэйскага народу. Знойдзем у ім усё, што сапраўды найважнейшае: заклік да паслушэнства Богу («слухай»), напамін, кім ёсьць Богам абраны народ і якая яго годнасьць («Ізраіль»), імя Бога Яхве, якое габрэі не вымаўляюць, заменена словам «Гасподзь», прызнаньне прыналежнасьці да Бога («Бог наш») і прызнаньне Яго адзінасьці («адзіны ёсьць»). Гэтаму найважнейшаму вызнаньню веры прысьвечана марка Ізраіля, выданая для ўшанаваньня Герояў і Мучанікаў вынішчэньня габрэяў, дакананага падчас ІІ Сусьветнай вайны.
Паказаны на марцы пламень агню ўтвораны з габрэйскіх літар першых слоў вызнаньня веры «Шма Ізраіль». Яго колеры напамінаюць пра полымя крэматорыяў у лягерах сьмерці, дзе гінулі габрэі з гэтым вызнаньнем веры на губах. Гэтыя самыя словы на габрэйскай і англійскай мовах надрукаваныя на прывесцы маркі.
Слухай, Ізраіль. Марка пошты Ізраілю, выдадзеныя ў 1962 годзе
Шма Ізраіль – гэта найважнейшая габрэйская малітва, наказаная непасрэдна Торай. Яна складаецца з трох урыўкаў з Торы: Другі Закон 6: 4—9, 11: 13—29 і Лікі 15: 37—41.
Паводле Біблейскага наказу (Другі Закон 6,7), яна зьяўляецца неад'емнай часткай ранішняй малітвы (Шахарыт) і вячэрняй малітвы (Маарыў); звычай яе адмаўленьня называецца «чытаньне Шма» (Кір’ят Шма).
Габрэйская нацыя ў Ізраілі і за яе межамі ніколі не забудзе ні пра Галакост, ні пра гераізм тых, хто падняўся на абарону Ізраіля. 27-ы дзень Нісана быў усталяваны законам Кнесэта (парлямэнту Ізраіля) як Дзень памяці мучанікаў і герояў. У гэты дзень нацыя памятае ахвяр Галакосту і герояў, якія ахвяравалі сваім жыцьцём, асьвячаючы імя Ізраіля. Гэтаму прысьвечана другая марка пошты Ізраіля з гэтай сэрыі.
Такіх я памятаю. Маркі пошты Ізраілю, выдадзеныя ў 1962 годзе
На прывесцы гэтай маркі напісана: «Такіх я памятаю» (Псальмы 42: 5). У беларускім перакладзе: «Калі ўспамінаю пра гэта» (Псалтыр 42:5).
Ушанаваньне 1,5 мільёна дзяцей, чые жыцьці былі «выкінутыя» ў Халакост…
Халакост. Дзеці. Марка пошты Канады, выдадзеная ў 1995 годзе
Час судзьдзяў
Ізраільскія судзьдзіІ ставіў Гасподзь судзьдзяў, якія ратавалі іх ад рук рабаўнікоў іхніх… (Кніга Судзьдзяў 2:16)
На працягу 450 гадоў пасьля прыходу ў Ханаан Ізраільцяне ня мелі адзінай улады. Кожнае калена мела сваіх старэйшын і сьвятароў. «У тыя дні ня было цара ў Ізраіля; кожны рабіў, што яму здавалася правільным» (Кніга Судзьдзяў 17:6). Увесь народ лучыла толькі вера ў адзінага Бога, якая ўвесь час спакушалася з боку суседніх народаў. Ізраільцяне многа ваявалі, як з суседнімі народамі, так і паміж сабою, пападалі ў залежнасьць, стамляліся і ўпадалі ў ідалапаклонства. Бог наказваў Свой народ, але і дапамагаў, вылучаючы «судзьдзяў, якія ратавалі іх ад рук рабаўнікоў іхніх…». Усіх судзьдзяў у гісторыі Ізраільцян было дванаццаць. Пасьля судзьдзямі былі яшчэ першасьвятар Ільля і прарок Самуіл.
ДэвораНе засталося насельнікаў у селішчах у Ізраіля, ня стала, пакуль не паўстала я, Дэвора, пакуль не паўстала я, маці ў Ізраілі. (Кніга Судзьдзяў 5:7)
Дэвора («пчала»), жонка Лапідота, адзіная жанчына – судзьдзя Ізраілю. Прарочыца і аўтар вытанчаных вершаў, яна праславілася сярод судзьдзяў, сваімі рашэньнямі прыблізна ў 1250 г. да Р.Х. «Яна жыла пад Пальмаю Дэворынаю, паміж Рамаю і Вэтылем, на гары Яфрэмавай; і прыходзілі да яе сыны Ізраілевыя на суд» (Кніга Судзьдзяў 4:5).
Прарочыца Дэвора і пераможная бітва. Марка пошты Ізраілю, выдадзеная ў 1975 годзе
У часы Дэворы народ Ізраільскі знаходзіўся пад прыгнётам Явіна, «цара Ханаанскага, які цараваў у Асоры; военачальнікам у яго быў Сісора». Дэвора заклікала воіна Варака ад імя Бога ўступіць у бітву з войскам Сісары, у якога было дзевяцьсот калясьніц, на гары Фавор. Адказ Варака паказвае, якое значэньне надавалі прарокам у той час: «Варак сказаў ёй: калі ты пойдзеш са мною, пайду; а калі ня пойдзеш са мною, не пайду» (Кніга Судзьдзяў 4:8).
«Пайсьці пайду з табою; – згадзілася Дэвора, але яна не абмінула паказаць несправядлівасьць палавой дыскрымінацыі, якая панавала ў асяродзьдзі Варака. – Толькі не табе ўжо будзе слава на шляху гэтым, куды ты ідзеш; а ў рукі жанчыне аддасьць Гасподзь Сісару» (Кніга Судзьдзяў 4:9).
Бітва адбылася ў сэзон дажджоў і калясьніцы Сісары заселі ў гразі. Варак атрымаў перамогу.
Песьня пра перамогу Дэворы і Варака, запісаная ў 5 разьдзеле Кнігі Судзьдзяў, вядомая ўжо больш за 3000 гадоў.
«Таго дня засьпявалі Дэвора і Варак, сын Авінаамаў, такімі словамі: Ізраіль адпомшчаны, народ паказаў руплівасьць, праслаўце Госпада! Слухайце, цары, уважайце, вяльможы: я Госпаду сьпяваю, я граю, Богу Ізраілеваму» (Кніга Судзьдзяў 5:1—3).
Гімн хвалы і падзякі Госпаду зьяўляецца высокамастацкім творам. Заканчваецца песьня Дэворы словамі; «Так няхай прападуць усе ворагі Твае, Госпадзе! а хто любіць Яго, няхай будзе, як сонца, што ўзыходзіць у поўнай моцы сваёй! – І сьцішылася зямля на сорак гадоў» (Кніга Судзьдзяў 5:31).
Сісара ўцякаў пешшу і знайшоў прытулак у намёце Яілі, жонкі Хэвэра Кенэяніна: бо паміж Явінам, царом Асорскім, і домам Хэвэра Кенэяніна быў мір. Яіль вітала Сісару. Ён папрасіў вады, і яна дала яму малака; калі ён заснуў пасьля бою, «Яіль, жонка Хэвэрава, узяла кол ад намёта, і ўзяла малаток у руку сваю, і падышла да яго ціхенька, і ўбіла кол у скроню яму так, што прыкалола да зямлі; а ён спаў стомлены і памёр» (Кніга Судзьдзяў 4:21).
Яіль і Сісара. Марка пошты Ізраілю, выдадзеная ў 2007 годзе
«Хай будзе дабраславёная сярод жанчын Яіль, жонка Хэвэра Кенэяніна, сярод жанчын у намётах хай будзе дабраславёная!» (Кніга Судзьдзяў 5:24).
Правообладателям!
Это произведение, предположительно, находится в статусе 'public domain'. Если это не так и размещение материала нарушает чьи-либо права, то сообщите нам об этом.