Электронная библиотека » Лявон Карповіч » » онлайн чтение - страница 19


  • Текст добавлен: 28 сентября 2023, 19:22


Автор книги: Лявон Карповіч


Жанр: Историческая литература, Современная проза


Возрастные ограничения: +16

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 19 (всего у книги 27 страниц)

Шрифт:
- 100% +
Прарок Ёна

І ўбачыў Бог дзеі іхнія, што яны зьвярнулі ад ліхога шляху свайго, і пашкадаваў Бог за бедзтва, пра якое сказаў, што навядзе на іх, і не навёў. (Ёна 3:10)


Ёна быў Прарокам Паўночнага царства падчас валадараньня ізраільскага цара Ераваама II (782 – 748 да Р.Х.). Імя Ёна азначае «стогне голуб», што выклікае ўспамін пра голуба Ноя. І ён жа быў адзіным старазапаветным Прарокам, які «паспрабаваў уцячы ад Бога». Ёна – герой цуда, які вярнуўся жывым з чэрэва кіта. Ён сымбаль бясконцай надзеі на Бога і сілы шчырай малітвы да Яго.

«І было слова Гасподняе Ёну, сыну Амафіінаму: „устань, ідзі ў Нінэвію – горад вялікі і прапаведуй у ім, бо зладзействы яго дайшлі да Мяне“» (Ёна 1:1,2).

Нінэвія – вялікі асырыйскі горад, падобны Вавілону, цэнтр паганьства і распусты, які ў хуткім часе стане сталіцай Асырыйскай імпэрыі і стане галоўным ворагам Ізраіля. Напэўна гэтым тлумачыцца нежаданьне Ёны адправіцца ў Нінэвію з пропаведзьдзю пакаяньня. Ці не баяўся ён «дапамагчы» тым самым ворагам свайго народа?


Нінэвія. Палац Саргона (721—705 да Р. Х.). Асырыйскія крылатыя быкі. Марка пошты Іраку, выдадзеная ў 2011 годзе


Вароты палаца ахоўвалі быкі з чалавечымі галовамі. Гэтыя істоты, вышынёй 4,40 м, называліся «ламасамі» і лічыліся заступнікамі асноў сьветабудовы. Кожны, хто падыходзіў да палаца, ужо здалёк бачыў чалавека-быка і яго галаву, грудзі і дзьве нагі. Сьпераду яны здаваліся нерухомымі. Варта было прайсьці далей і паглядзець на іх збоку, як здавалася, што бык ступіў наперад, рушыўшы пярэднюю нагу. Асырыйскі скульптар дамогся гэтага, зрабіўшы быку… пяць ног!

І Ёна надумаў уцячы ад Бога на «край зямлі» у Фарсіс і там схавацца. Ён рушыў у процілеглы бок ад Нінэвіі і сеў на карабель да Фарсіса.

Але Гасподзь насылае буру, караблю пагражае хуткая гібель… Усе маракі моляцца сваім паганскім багам і толькі Ёна моцна сьпіць у труме. Але Ёну абуджае капітан карабля: усе моляцца сваім багам, памаліся і ты.

Малітва не дапамагае, бура ўсё ўзмацняецца. Тады маракі кідаюць жэрабя, каб зразумець, хто стаў прычынай бедзтва. Жэрабя падае на Ёну, ён просіць, каб яго кінулі ў мора.


Ёна на борце карабля на бурлівым моры. Марка пошты Ізраілю з сэрыі «Кніга Ёны», выдадзеная ў 1963 годзе


На прывесцы маркі цытата: «і зрабілася на моры вялікая бура…» (Ёна 1:4).


Ёна і кіт. Блёк Лібэрыі з сэрыі «Жывёлы Бібліі», выдадзены ў 2006 годзе


«Але гэтыя людзі пачалі моцна веславаць, каб прыстаць да зямлі, але не маглі, бо мора ўсё бушавала і бушавала супроць іх. Тады заклікалі яны Госпада і сказалі: „молім Цябе, Госпадзе, хай не загінем за душу чалавека гэтага, і хай не залічыш на нас кроў невінаватую; бо Ты, Госпадзе, зрабіў, што заўгодна Табе!“ І ўзялі Ёну і кінулі яго ў мора; і аціхла мора ад лютасьці сваёй» (Ёна 1:13—15). І тады адбыўся цуд настолькі незвычайны, што яго адлюстравалі на марках і блёках некалькі краін.

«І загадаў Гасподзь вялікаму кіту праглынуць Ёну…» (Ёна 2:1) у загалоўку марачнага ліста пошты Палаў.


Ёна і кіт. Марачны ліст пошты Палаў, выдадзены ў 1993 годзе


На гэтым цудоўным лісьце намаляваны вялізны кіт, гатовы праглынуць Ёну. У асяродзьдзі многіх рыб 25 марак утвараюць адну бесьперапынную сцэну. Але ці можа кіт праглынуць чалавека? У красавіку 1947 года амэрыканскі часопіс «Натуральная гісторыя» апублікаваў артыкул, які распавядае пра тое, як у 1891 годзе велізарны кашалёт патапіў ля берагоў Аргентыны шлюпку з кітабойнага карабля і адзін з матросаў зьнік. Кітабоі забілі Кіта і падзяляючы яго тушу, яны выявілі ў ёй свайго таварыша. Ён быў жывы!

Кіт выконвае загад Бога і праглынае Ёну.


Ёна і Вялікая Рыба. Марачны ліст пошты Ізраілю з сэрыі «Біблейскія гісторыі», выдадзены ў 2010 годзе


Тэкст на полі блёку «Фантазіі мора»: «Ёна і Кіт. Ёну, кінутага ў мора маракамі, каб супакоіць апантаную буру, праглынуў кіт. Пасьля трох дзён у чэраве кіта Ёна быў выкінуты на бераг».


Ёна і кіт. Блёк пошты Сьера-Леоне з сэрыі «Фантазіі мора», выдадзены ў 1996 годзе


Аўтар наступнай маркі даволі іранічна паказвае, як пачувае сябе Ёна ў жываце кіта. На прывесцы маркі цытата: «і быў Ёна ў чэраве гэтага кіта» (Ёна 2:1).


Ёна ў жываце кіта. Марка пошты Ізраілю з сэрыі «Кніга Ёны», выдадзеная ў 1963 годзе


У чэраве Ёна праводзіць тры дні і тры ночы. Гучыць гэты эпізод зусім неверагодна.

«І памаліўся Ёна Госпаду Богу свайму з чэрава кіта і сказаў: «да Госпада заклікаў я ў смутку маім, – і Ён пачуў мяне; з чэрава апраметнай я загаласіў, – і Ты пачуў голас мой. Ты ўкінуў мяне ў глыбіню, у сэрца мора, і патокі акружылі мяне, усе воды Твае і хвалі Твае праходзілі над мною. І я сказаў: адкінуты я ад вачэй Тваіх, аднак я зноў убачу сьвяты храм Твой» (Ёна 2:2—5).

Гэта словы чалавека, які загінуў, зьнішчаны і не мае ніякай надзеі – але ўсё ж Гасподзь выводзіць яго на сьвет, бо Ёна кажа: «што абяцаў, выканаю» (Ёна 2:10).

«І сказаў Гасподзь кіту, і ён выкінуў Ёну на сушу» (Ёна 2:11).

На полі ліста пошты Лібэрыі зьмешчаны тэкст: «Гэта гісторыя аб Біблейскім прароку Ёне, які быў праглынуты Кітом пасьля таго, як не змог перадаць прароцтва, якое было загадана Богам. Ён прабыў на працягу трох дзён у чэраве Кіта, перш чым яго выплюнулі на сушу, дзе ён затым адправіўся выконваць свой абавязак».


Легенда пра Ёну і Кіта. Марачны ліст Лібэрыі, выдадзены ў 2000 годзе


Ісус Хрыстос у гутарцы з кніжнікамі і фарысэямі, якія патрабавалі ад Яго азнакі, сказаў, што ім не дасца іншай азнакі, акрамя азнакі Ёны-Прарока: «…бо як Ёна быў у чэраве ў кіта тры дні і тры ночы, так і Сын Чалавечы будзе ў сэрцы зямлі тры дні і тры ночы» (Паводле Мацьвея 12:40).

Ёна быў выкінуты на сушу і адправіўся прапаведаваць у Нінэвію. «І пачаў Ёна хадзіць па горадзе, колькі можна прайсьці за адзін дзень, і прапаведаваў, кажучы: „яшчэ сорак дзён, – і Нінэвія будзе разбурана!“» (Ёна 3:4). І тут адбыўся цуд яшчэ больш дзіўны, чым з рыбай: «І паверылі Нінэвіцяне Богу: і абвясьцілі пост і апрануліся ў вярэты, ад вялікага зь іх да малога. Гэтае слова дайшло да цара Нінэвіі, – і ён устаў з трона свайго і зьняў зь сябе царскае адзеньне сваё, і апрануўся ў вярэту і сеў на попеле…» (Ёна 3:5,6).

Бог убачыў усё, што яны на самай справе сышлі з шляху зла, зьлітаваўся і не стаў прычыняць ім таго няшчасьця, якое абяцаў прычыніць.

Здавалася б, поўны трыюмф? Але толькі не для Ёны! Бо цяпер атрымлівалася, што яго прароцтва не збылося! Так, Гасподзь дараваў Нінэвіцян, але сам Ёна зусім не зьбіраўся гэтага рабіць. Ён сядзеў непадалёк ад горада і чакаў яго гібелі, а да Госпада на гэты раз ён зьвярнуў такія словы: «О, Госпадзе! ці ж ня раз гэта казаў я, калі быў яшчэ ў краіне маёй? Таму я і пабег у Тарсіс, бо ведаў, што Ты – Бог добры і міласэрны, шматцярплівы і шматлітасьцівы, і шкадуеш за бедзтва. І сёньня, Госпадзе, вазьмі душу маю ад мяне, бо лепей мне памерці, чым жыць» (Ёна 4:2,3). Яшчэ Ёна расстроены тым, што яго сапляменьнікі ня зробяць па прыкладу Нінэвіцян, не раскаюцца і будуць пакараныя. Міласэрнасьць Божая – нагода для самога горкага адчаю, калі яна накіравана на людзей, якія, па думцы праведніка, гэтага зусім не заслугоўваюць. Здавалася б, ужо хто б казаў…


Сонца пячэ галаву Ёны пад засохлай расьлінай. Марка пошты Ізраілю з сэрыі «Кніга Ёны», выдадзеная ў 1963 годзе


На прывесцы маркі цытата: «сонца пачало пячы галаву Ёны…» (Ёна 4:8).

І тут Гасподзь даў Ёну вельмі важны ўрок. Надвор'е стаяла гарачае, чакаў ён гібелі горада доўга і Гасподзь у адну ноч вырасьціў «расьліну», пад ценем якой Ёна схаваўся ад пякучага сонца. А на наступную ноч расьліна загінула і Ёна, стаміўшыся ад сьпёкі, зноў стаў прасіць сабе сьмерці.

І Гасподзь адказаў яму: «ты шкадуеш за расьліну, над якою ты не працаваў і якое не гадаваў, якая за адну ноч вырасла і за адну ж ноч і прапала: Мне ці ж не пашкадаваць Нінэвіі, горада вялікага, у якім больш за сто дваццаць тысяч чалавек, якія ня ўмеюць адрозьніць правай рукі ад левай, і мноства быдла?» (Ёна 4:10,11).

Аб чым жа хацеў Бог паведаміць Ізраілю з дапамогай гісторыі Ёны? Перш за ўсё, аб тым, што Ён, Бог Ізраілю, зусім не абыякавы і да паганскіх народаў. Ізраільцяне павінны былі данесьці вестку пра Бога да іншых народаў і плямёнаў, нават калі ім і здавалася, што тыя гэтага нявартыя. А таксама і іншую думку: пра любоў Бога да кожнага чалавека ў кожным народзе і, нават, да жывёлаў!

У бакавым поясе зводу Сыкстынскай капэлы Мікеланджэла адлюстраваў па чарзе старазапаветных прарокаў і Сівіл. Кульмінацыяй росьпісу зьяўляецца экстатычная фігура Ёны, разьмешчаная над алтаром і пад сцэнай першага дня тварэньня, да якой зьвернуты яго позірк. Ёна зьяўляецца весьнікам Ўваскрэсеньня і вечнага жыцьця, бо ён, падобна Хрысту, які правёў тры дні ў грабніцы перад Ушэсьцем на неба, правёў тры дні ў чэраве кіта, а затым быў вернуты да жыцьця. Богу заўгодна было, каб Кніга, напісаная прарокам Ёнай, дайшла і да сэрцаў ягоных сапляменьнікаў, каб і іх пакаяньне ў наступныя гады і стагодзьдзі было гэтак жа гарачым, як пакаяньне Ёны і Нінэвійцаў. Толькі тады яны ўратуюцца.


Ёна. Фрэска Мікеланжэла ў Сікстынскай капэле. Марка пошты Бурундзі, выдадзеная ў 1975 годзе


А яшчэ, каб людзі зразумелі, што якім глыбокім не было б грэхападзеньне, заўсёды можна спадзявацца на міласэрдзе Божае.

Канец Ізраільскага царства

Загубіў ты сябе, Ізраіле, бо толькі ўва Мне – апора твая! (Асія 13:9)


Біблейская гісторыя адкрывае нам ісьціну, што за адступніцтва ад Бога Гасподзь аддае людзей у рукі іншапляменьнікаў. «У дні Факея, цара Ізраільскага, прыйшоў Тэглатфэласар, цар Асырыйскі, і ўзяў Ён, Авэл-бэт-Мааху і Янох і Кедэс і Асор, і Галаад і Галілею, усю зямлю Нэфталімавую, і перасяліў іх у Асырыю» (Чацьвёртая Царстваў 15:29). Здарылася гэта і з апошнім Ізраільскім царом Асіем. Супраць яго выступіў Асырыйскі цар Салманасар. Асія стаў яго даньнікам. Аднак у 724 годзе ён уступіў у саюз з Егіптам і адмовіўся плаціць даніну. Тады Салманасар зноў уварваўся ў Ізраіль. У бітве з Асырыйцамі ізраільская армія была разьбіта. Асія быў узяты ў палон. Абложаныя жыхары Самарыі тры гады аказвалі непрыяцелю адчайнае супраціў. Горад быў узяты ўжо пасьля сьмерці Салманасара, пры яго пераемніку Саргоне ў 722 г. да Р.Х.


Асырыйскія воіны. Марка пошты Ірану, выдадзеная ў 1975 родзе


На марцы – рэпрадукцыя барэльефу з палацу цара Ашура.


Вайсковая калясьніца асырыйцаў. Марка пошты Ірану, выдадзеная ў 1975 родзе


Узяўшы Самарыю, Асырыйскі заваёўнік вырашыў назаўжды зьнішчыць Ізраільскае царства. Для гэтага ён зьвярнуўся да звычайнага спосабу, які ўжываўся Асырыйцамі пры заваяваньні варожых дзяржаў. Ён адвёў з сабою ў палон дзясяткі тысяч Ізраільцян і расьсяліў іх у аддаленых абласьцях сваёй імпэрыі. У трыюмфальным надпісы ён паведамляў, што перасяліў у Асырыю дваццаць сем тысяч дзьвесьце восемдзесят габрэяў і разрабаваў горад.

На марцы блёку залаты цялец, якому сталі пакланяцца жыхары Ізраільскага царства. На полі блёку справа і зьлева Асырыйскія крылатыя быкі (палац Саргона (721—705 да Р. Х.)). У правым ніжнім куце Асырыйскі барэльеф прыдворнага з палаца Німруд.


Старажытныя цывілізацыі Мэсапатаміі. Блёк пошты Цэнтральна – Афрыканскай Рэспублікі, выдадзены ў 2012 годзе


Тое, што здарылася зь Ізраільскім царствам было выкананьнем прарокавых папярэджаньняў. Гасподзь праз прарока Асію (аднайменнага Ізраільскаму цару) абвяшчаў: «І ўпадзе меч на гарады яго – і зьнішчыць замкі ягоныя і зжарэ іх за намыслы іхнія. Народ Мой закасьцянеў у адпадзеньні ад Мяне, хоць і заклікаюць яго да вышэйшага, ён не ўзвышаецца аднадушна» (Асія 11:5,6).

Так загінула Ізраільскае або дзесяцікаленнае царства, якое праіснавала пасьля аддзяленьня ад Юдэйскага два з паловай стагодзьдзі. Загінула не толькі царства, але і вялікая частка народа, расьсеянага паміж азіяцкімі плямёнамі.

Замест габрэяў у Паўночнае царства былі паселены каляністы, зь якіх сфармаваўся своеасаблівы этнас Самарыцяне.


Самарыцяне, якія моляцца на гары Герызім. Марка пошты Ізраілю, выдадзеная ў 1992 годзе


На ўкладцы самарыцянская «Сефер -Тора».

Прарок Навум

Гасподзь шматцярплівы і вялікі магутнасьцю і не пакідае без пакараньня… (Навум 1:3)


Сьвяты Прарок Навум – адзін з дванаццаці, так званых, малых прарокаў, прапаведаваў у VII ст. да Р. Х. Імя Навум ў перакладзе з габрэйскай мовы азначае «суцяшальнік». Імя Прароку далі яго набожныя бацькі ў цяжкія для габрэяў часы, як выраз надзеі на Бога і веры ў запаветнае насеньне, якое толькі і магло суцешыць.


Прарок Нахум. Марка, прысьвечаная 150-годзьдзю з дня сьмерці Антоніу Франсіску Лишбоа, выдадзена поштай Бразыліі ў 1964 годзе


Статуі дванаццаці Прарокаў упрыгожваюць Сьвятыню Бома Ісуса дэ Матасінас у бразыльскім муніцыпалітэце Конгоньяс-ду-Кампу. Скульптуры з мыльнага каменя выканаў паміж 1800 і 1805 гадамі мастак Антоніу Франсіска Лісбоа (1738—1814), шырока вядомы як Алейжадыньё.

Кніга Прарока Навума прысьвечана падзеньню вялікага горада тагачаснай Асырыйскай сталіцы Нінэвіі, разьмешчанай на рацэ Тыгр, а разам зь ёй і ўсяго Асырыйскага царства. «Прароцтва пра Нінэвію; кніга ўяваў Навума Элкасэяніна» (Навум 1:1).

Прарок называе гэты горад горадам крыві, поўны падману і забойства. Нінэвія нібы ўвасабляе ворагаў Госпада, яна прыпадобнілася распусьніцы прыемнай зьнешнасьці, якая зводзіць народы і спакушае іх да пакланеньня ілжывым багам. Калі Навум адкрываў народу Божае бачаньне, атрыманыя ім ад Госпада, Нінэвія была ў зэніце сваёй славы. У той час Нінэвія была сталіцай найбольш магутнага дзяржаўнага ўтварэньня на зямлі-Асырыйскай імпэрыі. Натуральна, людзі не схільныя былі верыць словам Прарока; яны лічылі такі паварот спраў занадта неверагодным. Аднак, гісторыкі антычных часоў, сьведчаць, што праз 23 гады пасьля прароцтва Навума Нінэвія на самай справе пала.


Нінэвія. Палац Саргона (721—705 да Р. Х.). Марка пошты Іраку, выдадзеная ў 1967 годзе


Навум згадвае аб тым, што Асырыя прынесла шмат гора на зямлю народу Божага. Ён прадказвае, што ўсе, хто пачуў вестку пра ганьбу Нінэвіі, будуць пляскаць у далоні ад радасьці, бо злосьць яе няспынна распасьціралася на ўсе народы.

Прарок прадказвае бедзтвы, якія навядзе на гэты горад Гасподзь і ярка адлюстроўвае разбурэньне гэтага вялікага і дасканала ўмацаванага горада. «Шчыт герояў ягоных прыгожы; воіны яго ў адзеньні барвовым; агнём блішчаць калясьніцы ў дзень падрыхтоўкі да бою, і лес дзідаў хвалюецца. Па вуліцах нясуцца калясьніцы, грымяць на плошчах; бляск ад іх, як ад агню; бліскаюць, як маланкі» (Навум 2:3,4).

Бывае, што прароцтва нечакана згадвае нейкую дэталь, якая здаецца даволі бессэнсоўнай у першапачатковым кантэксьце, але праходзіць час, і раптам… Прарок Навум, кажучы аб надыходзячым падзеньні Нінэвіі, сталіцы Асырыйскага царства, раптам сказаў: «Рачная брама адчыняецца, а палац разбураецца» (Навум 2:6). Што за «рачныя вароты», прычым яны тут? У 612 годзе да Р. Х. войска Мідзян падступіла да непрыступных сьцен Нінэвіі, якая стаіць непадалёк ад берага ракі Тыгр. Тры гады Асырыйцы стойка вытрымлівалі аблогу. Каб узяць горад, Мідзяне пракапалі каналы і накіравалі плынь ракі прама на сьцены, вада падмыла іх, і яны паваліліся. Горад дастаўся Мідзянам нечакана лёгка.

Цар Нінэвійскі Сарданапал, страціўшы надзею ў сваім выратаваньні і баючыся палону, загадаў скласьці ў самым палацы вялікі вогнішча, сабраў сюды ўсе свае скарбы і спаліў сябе разам з усімі наложніцамі. Так споўніліся грозныя словы Навума і іншага вялікага Прарока Ісаі: «Бо Тофэт даўно ўжо гатовы; ён падрыхтаваны ўжо і цару, глыбокі і шырокі; у вогнішчы яго шмат агню і дроў; подзьмух Гасподні, як паток серкі, запаліць яго» (Ісая 30:33). Для габрэяў гэта была радасная падзея. Быў зьнішчаны галоўны бязьлітасны вораг.

Праз два гады пасьля ўтварэньня Ізраільскай дзяржавы пошта Ізраілю выпусьціла марку ў двух колерах з словамі прарока Навума. Працяг гэтага сказу такі: «выконвай твае абяцаньні, бо ня будзе болей праходзіць па табе бязбожнік: ён зусім зьнішчаны» (Навум 1:15).

Марка прысьвечана сьвяту Суккот – гэта трэцяе з штогадовых сьвятаў паломнікаў, на якое ізраільцяне звычайна прыходзілі ў Ерусалімскі храм, прыносячы дары з сваіх статкаў і плён сваіх палёў.


Суккот. Марка пошты Ізраілю, выдадзеная ў 1950 годзе


Суккот таксама сьвята ўраджаю, калі ўзносіцца падзяка за ўраджай мінулага года і малітвы за добры ўраджай наступнага года. На марцы намаляваныя чатыры віды расьлін, над якімі зьдзяйсьняецца дабраславеньне Суккот: этрог (цытрон), Лула (пальмавая галінка), Хадас (галінкі мірта) і Аравот (галінкі вярбы) пад белай зоркай Давіда. На прывесцы маркі цытата: «…сьвяткуй, Юдэя, сьвяты твае…» (Навум 1:15). Працяг гэтака сказу такі: «выконвай твае абяцаньні, бо ня будзе болей праходзіць па табе бязбожнік: ён зусім зьнішчаны» (Навум 1:15).

Пасьля гэтага Нінэвія ніколі не была адбудаваная; яе месцазнаходжаньне было забытае да 1845 г., пакуль археоляг Ляярд, не знайшоў яе разваліны.


Сэр Осцін Ляярд ў Асырыі. Буклет пошты Вялікабрытаніі, выдадзены ў 1992 годзе


Разбурэньне Асырыйскіх старажытнасьцей працягваецца ў цяперашні час. На гэтую тэму нават была выпушчаная «памятная» паштовая марка.


Зьнішчэньне іракскіх старажытнасьцяў. Блёк пошты Іраку, выпушчаны ў 2015 годзе


4 сакавіка 2015 бульдозэрамі былі зрытыя руіны будынкаў і тыя, што засталіся статуі старажытнага Асырыйскага горада Німруд (XIII стагодзьдзе да Р. Х.). У красавіку 2016 года баевікі разбурылі двухтысячагадовы помнік архітэктуры «Брама бога» каля іракскага горада Масул, якая ахоўвала ўезд у старажытны Асырыйскі горад Нінэвію.

Кніга Тавіта або шлях да дасканаласьці

Вось, я пасылаю перад табою Анёла ахоўваць цябе на дарозе і ўвесьці цябе ў тую мясьціну, якую Я падрыхтаваў… (Выхад 23:20)


Кніга Тавіта – адна з апакрыфічных кніг і адна з найбольш павучальных Біблейскіх кніг. Гэта прыгожая гісторыя аб Анёльскай апецы, але ня толькі. Ёсьць у ёй поўнае прыгод падарожжа, водны дракон, дэманы, забойствы, трагічная сьлепата, цудоўнае выздараўленьне і шчасьлівая гісторыя каханьня. Пададзеная ў гэтай кнізе гісторыя жыцьця Тавіта вылучаецца павучальнасьцю, узорам самаадданай грамадзкай дзейнасьці, неабмежаванай любові да гаротных і прыгнечаных сваіх суайчыньнікаў, прыкладам захаваньня традыцыйных сямейных узаемаадносін.

У часы панаваньня Асырыйскага цара Салманасара Тавіт з сям’ёй трапіў у палон, быў выведзены з роднага горада і паселены ў сталіцы Асырыйскага царства Нінэвіі. Вылучаючыся сваёй рэлігійнай праведнасьцю на радзіме, ён не адмовіўся ад засвоенага ім набожнага вобраза жыцьця і ў палоне, дзе праяўляў свае дабрачыннасьці да гаротных аднапляменьнікаў, нягледзячы на забарону, таемна хаваў забітых габрэяў, за што падвяргаўся прасьледаваньням з боку Асырыйскіх улад і перажыў рад цяжкіх выпрабаваньняў. «І была разрабавана ўся маёмасьць мая, і не засталося ў мяне нічога, акрамя Ганны, жонкі маёй, і Тавіта, сына майго» (Тавіта 1:20). Яшчэ ён раптоўна страціў зрок. Лекары не змаглі яму нічым дапамагчы. У Тавіта была адна надзея на Бога. Тавіт старанна маліўся Богу і Бог паслаў Арханёла вылечыць яго.

Бацька паслаў сына да Габаэля, якому ён аддаў на захаваньне срэбра. Тавіт сустрэў маладога чалавека, які ведаў дарогу і згадзіўся суправаджаць Тавіта. Гэта быў Анёл Рафаіл, але Тавіт гэтага ня ведаў. «Падарожныя ўвечары прыйшлі да ракі Тыгр і спыніліся там на ноч. Юнак пайшоў памыцца, але з ракі здалася рыба і хацела паглынуць юнака» (Тавіт 6: 2—3). Тавіт спалохаўся, але Анёл яго заспакоіў. Азарыя, як назваўся спадарожнік, загадаў яму выцягнуць рыбу на бераг, разрэзаць і выняць з яе сэрца, печань і жоўць. Уражаны і спалоханы Тавіт слухае Анёла, які нібы ахінае яго сваімі крыламі і падахвочвае да дзеяньня.


Картмаксімум з маркай пошты Гішпаніі, выдадзены ў 1974 годзе


Яны спяклі гэтую рыбу, а сэрца, печань і жоўць яе ўзялі з сабою. Спадарожнік патлумачыў Тавіту, што жоўць гэтай рыбы зьнішчае бяльмо, а курэньне сэрцам і печаньню ацаляе ад пакуты дэманам.


Тавіт і Анёл. Канец 1530-х. Джавані Савольда (1480—1648). Блёк пошты Ум-эль-Кайвайна, выдадзены ў 1972 годзе


У адрозьненьне ад прац іншых мастакоў Бацічыні павялічыў колькасьць пэрсанажаў, уключыўшы яшчэ двух Арханёлаў – Міхаіла (з мячом) і Гаўрыіла (з кветкай лілеі ў руцэ). У цэнтры Арханёл Рафаіл вядзе Тавіта, трымаючы ў другой руцэ слоічак, у якім знаходзяцца сэрца, печань і жоўць злоўленай рыбы.


Тавіт і тры Арханёлы (1471). Фрагмэнт. Франчэска Бацічыні (1446—1498). Галерэя Уфіцы, Флярэнцыя. Марка Ватыкану, выдадзеная ў 1948 годзе


Капліца Хрыста Лекара ў прыходзе Сэнт-Эндру – адзінае месца пакланеньня на Нармандзкіх выспах, прысьвечанае выключна хрысьціянскаму лячэньню. Невялікая і вельмі мірная Капліца ўпрыгожана вітражамі Мэры Эйлі дэ Путрон, мясцовай мастачкі. Як і на карціне Бацічыні Арханёл нясе посуд, у якім знаходзяцца сэрца, печань і жоўць злоўленай рыбы, Тавіт нясе злоўленую рыбу.


Тавіт і Анёл. Вітраж. Капліца Хрыста Лекара. Капліца Манаі, Гэрнсі. Марка з марачнага ліста пошты Гэрнсі, прысьвечанага Калядам і выдадзенага ў 1993 годзе


Тым часам Тавіт-бацька з жонкай моцна смуткавалі пра свайго сына, таму што ён спазьняўся. Ганьне прыходзілася хадзіць па людзях і зарабляць на жыцьцё. Аднойчы ў якасьці аплаты ёй далі казьляня і яна прынесла яго дахаты. Тавіт пачуў бляяньне казьляняці і, не паверыўшы, што гэта плата за працу, несправядліва абвінаваціў жонку ў крадзяжы. На карціне сьляпы Тавіт і Ганна з ягнём на руках. Тавіт раскайваецца ў сваім неабгрунтаваным абвінавачваньні жонкі ў крадзяжы казьляня. Ён просіць Бога пакараць яго за такія нядобрыя думкі. Ірванае адзеньне, скрозь дзіркі якога прасьвечвае каляровая падшэўка, раскіданая шэрсьць, са старых цагляных сьцен абсыпалася тынкоўка – усё падкрэсьлівае гаротны стан жыцьця старых бацькоў Тавіта.


Тавіт і Ганна з казьлянём (1626). Рэмбрант Харменс ван Рэйн (1606—1669) Дзяржаўны музэй, Амстэрдам. Марка Цэнтральна – Афрыканскай Рэспублікі, выдадзеная ў 1963 годзе


Ганна кожны дзень выходзіла на дарогу і з сумам глядзела ўдалячынь. Аднойчы яна ўбачыла падарожнікаў і пабегла да іх насустрач. Бацька навобмацак рушыў да дзьвярэй. На афорце намаляваны сьляпы стары габрэй. Абапіраючыся на кій, у надмерна шырокай вопратцы для яго высахлага цела, у стаптаных без заднікаў туфлях, на напаўсагнутых нагах, з цяжкасьцю арыентуючыся ў цемры, шукае знаёмыя яму дзьверы, адлегласьць да якіх і дакладнае іх разьмяшчэньне ацаніць ня можа. Усё яго аблічча выдае хваляваньне, якое ахапіла яго ад прадчуваньня хуткай сустрэчы з сынам… Вось ён ужо прамахнуўся, і рука знаходзіцца па-за рамай дзьвярэй, за яе ліштвай. Пад нагамі, пачуўшы крокі, што набліжаюцца, круціцца кудлатая сабака… Што прынясе гэтая сустрэча?


Сьляпы Тавіт, 1651. Афорт. Рэмбрант. Мэтрапалітэн-музэй мастацтваў. Картмаксімум з маркай пошты Нідэрляндаў, выдадзены ў 1956 годзе


Нарэшце бацька сустрэў Тавіта. Тавіт памазаў вочы бацьку жоўцю рыбы і зьняў бяльмо з ягоных вачэй. Тавіт убачыў сына і заплакаў ад радасьці. Сын распавёў бацьку і маці, што зь ім здарылася, і потым усе выйшлі сустракаць Сару – жонку Тавіта. У падзяку айцец і сын прапанавалі правадніку палову маёнтка, але ён адмовіўся і сказаў: «Калі маліўся ты і нявестка твая Сара, я ўзносіў памяць малітвы вашай перад Сьвятым, і калі ты хаваў мёртвых, я таксама быў з табою. І калі ты не абленаваўся ўстаць і пакінуць абед свой, каб пайсьці і прыбраць мёртвага, твая дабрачыннасьць ня ўтаілася ад мяне, але я быў з табою. І цяпер Бог паслаў мяне ацаліць цябе і тваю нявестку Сару. Я – Рафаіл, адзін з сямі сьвятых Анёлаў, якія ўзносяць малітвы сьвятых і ўзыходзяць прад славу Сьвятога» (Тавіта 12:12—15).

Бацька і сын у страху пападалі на зямлю. Але Рафаіл сказаў ім: «Ня бойцеся, сьвет будзе вам. Дабраслаўляйце Бога вечна. […] Таму што я ўзыходжу да Таго, хто Паслаў мяне, і напішыце ўсё зьдзейсьнілася ў кнігу» (Тавіта 12:17, 20).


Анёл пакідае сямейства Тавіта (1637). Рэмбрант (1606—1669). Люўр (Парыж). Блёк пошты Нявіса, выдадзены ў 1993 годзе


Тавіт і сын усталі, але ўжо ня ўбачылі Анёла-захавальніка. Усё, што зь імі здарылася, яны запісалі ў Кнігу, якая называецца «Кніга Тавіта». Урыўкі Кнігі Тавіта былі выяўленыя сярод рукапісаў Мёртвага мора двухтысячагадовай даўніны на арамейскай і старажытнагабрэйскай мовах. Зьмест гэтай Кнігі дае нам уяўленьне аб паўсядзённым жыцьці габрэяў, якія знаходзіліся ў Асырыйскім выгнаньні, і падкрэсьлівае важнасьць у асяродзьдзі выгнанцаў такіх каштоўнасьцяў, як міласэрнасьць, захаваньне Запаведзяў і сямейных адносін.


Анёл, які адыходзіць ад сям'і Тавітаў (1641). Афорт. Рэмбрант (1606—1669). Картмаксімум з маркай пошты Нідэрляндаў, выдадзены ў 1956 годзе


Шэсьць сюжэтаў на адным блёку.


Блёк пошты Сьера Леоне «Біблія паводле Рэмбрандта», выдадзены ў 2001 годзе


Анёл узыходзіць у полымя ахвяры Маноя; Тавіт, напалоханы рыбай; Анёл Гасподні стаіць на шляху Валаама; Анёл зьяўляецца Агар у пустыні; Сон Якава; Вылячэньне Тавіта. Музэй Фодара, Амстэрдам.

Кніга Тавіта – гэта прыгожая гісторыя аб Анёльскай апецы на шляху да дасканаласьці. Варта прыгледзецца да таго, што Рафаіл робіць для Тавіта, бо і паводзіны нашага Анёла-ахоўніка падобныя. Сьцеражэ нас, дае добрыя парады, змагаецца са злым духам, выпрошвае аздараўленьне, падымае настрой, падтрымлівае, але нічога не робіць за нас. І не чакае аплядысмэнтаў, не чакае падзякі і ўзнагарод, але ўсю хвалу аддае Богу. У паводзінах Тавітаў і Анёла павучальнасьць кнігі.


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 | Следующая
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Это произведение, предположительно, находится в статусе 'public domain'. Если это не так и размещение материала нарушает чьи-либо права, то сообщите нам об этом.


Популярные книги за неделю


Рекомендации