Электронная библиотека » Лявон Карповіч » » онлайн чтение - страница 20


  • Текст добавлен: 28 сентября 2023, 19:22


Автор книги: Лявон Карповіч


Жанр: Историческая литература, Современная проза


Возрастные ограничения: +16

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 20 (всего у книги 27 страниц)

Шрифт:
- 100% +
Прарокі

Бо Гасподзь Бог нічога ня робіць, не адкрыўшы сваёй таямніцы рабам Сваім прарокам. (Амос 3:7)


Прарокі такія ж людзі як і ўсе астатнія, адзінай адметнай рыса – абранасьць пасланьнікам і, ў выніку гэтага, абавязак даводзіць да людзей пасланьне, перададзеныя ім Богам. Яны яшчэ ўзоры і настаўнікі ў справе ўкараненьня ў жыцьцё і захаваньня на практыцы Боскіх пасланьняў. Па-просту кажучы, Прарокі – гэта Божы інструмэнт для ўцяленьня ў жыцьцё Боскага пляну ўратаваньня чалавека. Ён не філёсаф і ня тэоляг, які валодае веданьнем пра Бога, ён пасярэднік, які паведамляе Слова Бога народу Запавету, каб сфармаваць яго будучую гісторыю шляхам зьмены яго цяперашняга становішча.

Прарок абраны Богам і адчувае сябе абавязаным паведаміць людзям Яго пасланьне і прымусіць іх выконваць Яго волю, нават калі ён сам не згодны з Яго рашэньнем. Ён кажа, калі Бог загадвае яму казаць.


Тры Прарокі. Фрэска. Сучэвіца (1584). Іён і Сафроній. Румынія. Марка пошты Румыніі, выдадзеная ў 1969 годзе


Апостал Павал так сказаў пра Прарокаў: «Ня хопіць мне часу, каб распавядаць пра Гедэона, пра Варака, пра Самсона і Яфая, пра Давіда, Самуіла і (іншых) прарокаў, якія вераю перамагалі царствы, тварылі праўду, атрымлівалі абяцаньні, замыкалі пашчы львам, тушылі сілу вагню, пазьбягалі вострага меча, мацаваліся ад немачы, былі моцныя на вайне, праганялі кагорты чужынцаў; жонкі атрымлівалі нябожчыкаў сваіх уваскрэслымі; а іншыя замучаны былі, ня прыняўшы вызваленьня, каб атрымаць лепшае ўваскрэсеньне; іншыя перанесьлі зьдзекі і пабоі, а таксама кайданы і цямніцу. Былі пабіваныя камянямі, пілаваныя, катаваныя, паміралі ад меча, блукалі ў авечых і казіных скурах, цярпелі нястачы, уціскі, азлабленьне; тыя, каго ўвесь сьвет ня быў варты, блукалі па пустынях і горах, па пячорах і цясьнінах зямных. І ўсе гэтыя, засьведчаныя ў веры, не атрымалі абяцанага, таму што Бог прадугледзеў нам нешта лепшае, каб яны не бяз нас дасягнулі дасканаласьці» (Да Габрэяў 11:32—40).

Старажытныя, або раньнія, Прарокі не пісалі кніг (хоць, згодна з габрэйскай традыцыі, Пяцікніжжа напісана Майсеем), і апавяданьні пра іх, спачатку вусныя, былі затым уключаны ў тэксты. Творы ж позьніх Прарокаў – пісьмовыя; яны былі запісаныя або самімі Прарокамі, або іх вучнямі і пісцамі.


Вялікія Прарокі. Маркі пошты Ізраілю, выдадзеныя ў 1973 годзе


На першай марцы Прарок Ісая, які жыў у 8 да Р.Х., з скруткам Кнігі ў руцэ. Над ім намалёвана ілюстрацыя да яго найбольш знанага прароцтва: «І будзе Ён судзіць народы, і выкрые многія плямёны; і перакуюць мячы свае на аралы, і дзіды свае – на сярпы; не падыме народ на народ меча, і ня будуць болей вучыцца ваяваць» (Ісая 2:4).

Другая марка прысьвечана Прароку Ераміі. Ерамія прызываў народ і правіцеляў вярнуцца да праведнага жыцьця, адысьці ад граху, бо ў праціўным выпадку Храм і Ерусалім будуць зьнішчаныя. У версе маркі палаючы горад, а пад яго сьценамі жыхары, якія аплакваюць свой лёс і паразу. Адбылося гэта ў 587 годзе да Р.Х. «У дзявяты год Сэдэкіі, цара Юдэйскага, у дзясятым месяцы, прыйшоў Навухаданосар, цар Вавілонскі, з усім войскам сваім да Ерусаліма, і аблеглі яго. […] Цароў дом і дамы народа Халдэі спалілі агнём, і сьцены Ерусаліма разбурылі» (Ерамія 39:1, 8).

На трэцяй марцы паказаны Езэкііль. Быў адным з палонных, забраных у Вавілон у 592 годзе да Р. Х. Стаў ён Прарокам выгнаньнікаў і дапамагаў ім перажыць цяжкія часы. Езэкііль паказаны падчас уявы Божага трону. У версе малюнак адсылае да Псальмы: «Над рэкамі Вавілона, там сядзелі і плакалі мы, калі згадвалі пра Сіён» (Псалтыр 137:1).

Падчас дзейнасьці пазьнейшых Прарокаў адбыліся дзьве катастрофы – падзеньне Ізраільскага царства (722 да Р.Х.) і разбурэньне Ерусаліма (587/6 да Р.Х.). Ісая, Ерамія і Езэкііль не змаглі засьцерагчы землякоў перад пакараньнем. Але іх мужнасьць і навучаньне дапамаглі Ізраільцянам перажыць час паразы і стала ўздымацца да новага жыцьця.

Прарок Ісайя

Я зраблю Цябе сьвятлом народаў, каб ратаваньне Маё пашырылася да краю зямлі. (Ісая 49:6)


 
Наканавана стаць Прарокам
 

Кожны з Прарокаў – пісьменнікаў валодаў сваім бачаньнем сьвету, сваім літаратурным стылем, сваёй роляй у гісторыі, але найярчэйшымі сярод іх былі трое вялікіх Прарокаў – Ісая, Ерамія, Езэкііль.

Прарок Ісая нарадзіўся ў Ерусаліме каля 765 года да нашай эры ў шляхетнай іудзейскай сям'і. Імя Йешаяху, або Ісая азначае: «Бог-гэта выратаваньне». Ён жыў у Юдэі ў тыя часы, калі краіна была яшчэ моцная, багатая і спакойная. Цара Азію (809—758 да Р. Х.) параўноўваюць, нават, з царом Саламонам.


Цар Азія, уражаны праказай (1635). Рэмбрант. Марка пошты Сэнт-Вінсэнт І Грэнадыны, выдадзеная ў 2006 годзе


«Але калі ён зрабіўся моцны, заганарылася сэрца ягонае на пагібель яго, і ён зрабіўся злачынцам прад Госпадам Богам сваім, бо ўвайшоў у храм Гасподні, каб задыміць фіміям на алтары кадзільным» (Другая Летапісаў 26:16). За гэты ўчынак імгненна быў уражаны праказай перад абліччам сьвятароў каля алтара кадзільнага, і праказа не пакідала яго да самай сьмерці.

І хоць Ісая нястомна выкрываў грахоўнасьць сваіх сучасьнікаў, ён застаецца адным з самых сьветлых і аптымістычных мысьляроў ня толькі ў Біблейскай, але і ва ўсёй сусьветнай гісторыі. Пушкін, натхнёны кнігай Ісаі, напісаў адно з сваіх лепшых вершаў «Прарок» (1926 г.), вольнае перакладаньне 6-га разьдзелу, у якім Ісая апавядае пра тое, як ён быў прызваны да прароцкага служэньня.

Прыгожая фігура юнака, поўнага агню і Боскай увагі, – гэта Ісая, якому наканавана стаць Прарокам. Голас Усявышняга раптам адарваў яго ад зямлі, ад кнігі, у якую ён быў увесь пагружаны; цяпер Анёл, Божы Весьнік, нашэптвае яму нябесныя ісьціны; перад ім як бы адкрываецца іншы сьвет, ён бачыць Прадвечнага, чуе яго словы, якія абвяшчаюць лёсы народаў; Прарок зьвяртае да яго твар, усім істотай сваім імкнучыся ўлавіць вялікае.


Прарок Ісая. Мікеланджэла Буанароці. Фрэска столі, 1508—1512. Сікстынская капэла, Ватыкан. Картмаксімум пошты Аджману, выдадзены ў 1970 годзе


У Новым Запавеце зьмяшчаецца больш за 40 спасылак на Кнігу Ісаі і больш за 60 прамых цытат зь яе. Лічыцца, што Кніга Ісаі была напісана паміж 701 і 681 да Р.Х.

 
Пакліканьне Ісаі
 

І пачуў я голас Госпада, Які сказаў: каго Мне паслаць? і хто туды пойдзе за вас? І сказаў я: вось я, пашлі мяне. (Ісая 6:8)

Прарочая дзейнасьць Ісаі пачалася ва ўзросьце 20 гадоў з бачаньня Бога Саваофа на троне і Анёлаў, якія атачалі яго; і прыйшлася на пэрыяд праўленьня цароў Азарыі, Ёафама, Ахаза і Эзэкіі.


Сьвятая Троіца. Лукас Кранах Старэйшы. Музэй выяўленчых мастацтваў. Ляйпцыг. Блёк пошты Мазамбіку, выдадзены ў 2001 годзе


Да прароцкага служэньня Ісая быў прызваны цудоўным чынам: ён бачыў Госпада, Які сядзіць на высокім троне; края Рыз яго напаўнялі ўвесь храм, вакол яго лёталі Анёлы і заклікалі адзін да аднаго: «Сьвяты, Сьвяты, Сьвяты Гасподзь Саваоф! уся зямля поўная славы Ягонай!» (Ісая 6:3). Насычэньне неба і зямлі славай Божай, служэньне Богу Серафімаў і Херувімаў, показвае Божую ўсёмагутнасьць, неўмяшчальнасьць і неспасьціжнасьць зямным сьветам Бога, немагчымасьць да яго нават наблізіцца. Калі Ісая бачыць гэта, ён усклікае: «…гора мне! загінуў я! бо я чалавек зь нячыстымі вуснамі, і жыву сярод люду таксама зь нячыстымі вуснамі, – і вочы мае бачылі Цара, Госпада Саваофа» (Ісая 6:5). Гора мне, бо нельга нячыстымі вуснамі сказаць праўду! Гора мне, бо ня ўмею перадаць Божую праўду!

«Тады прыляцеў да мяне адзін серафім, і ў руцэ ў яго распалены вугаль, які ён узяў абцугамі з ахвярніка, і дакрануўся да вуснаў маіх і сказаў: вось, гэта кранулася вуснаў тваіх, і беззаконьне тваё адведзена ад цябе, і грэх твой ачышчаны» (Ісая 6:6,7).


Серафім. Мазаіка з базылікі Сьвятога Марка. Ватыкан. Марка пошты Ватыкану, выдадзеная ў 1974 годзе


Ісая Боскім агнём ачышчаецца ад граху, ачышчае сэрца і набывае мову, якой можа перадаваць слова Божае.

У адной руцэ Серафіма кадзіла з вуглямі, а ў другой, абвітай зьмяёй, меч. Усім сваім вобразам Серафім нагадвае аб нябесным сьвеце, адкуль ён спусьціўся.


Шасьцікрылы Серафім. Міхаіл Урубель. Пэрсанальная марка, выдадзеная поштай Украіны ў 2018 годзе


«І пачуў я голас Госпада, Які сказаў: каго Мне паслаць? і хто туды пойдзе за вас? І сказаў я: вось я, пашлі мяне» (Ісая 6:8). Часта мы зьвяртаемся да Бога, калі нам нешта трэба, мы просім, бывае патрабуем, нават папракаем… Ісая не просіць, а кажа: «Вось я, пашлі мяне».

Зьвернем увагу: Ісая – добраахвотнік, ён сам падахвоціўся на пропаведзь, выдатна ўсьведамляючы пры гэтым сваю недасканаласьць. Але які зьмест яго пропаведзяў? Жыхары Ерусаліма працягвалі выконваць Закон, прыносілі патрэбныя ахвяры, клапаціліся пра сьвятыню. Але многія зь іх аддалі перавагу забыцца, што Бог чакае ад чалавека не толькі выкананьня рэлігійных абрадаў, але і праведных паводзін. Бог не прымае малітваў чалавека, які прыгнятае свайго блізкага. З самага пачатку сваёй гаміліі Ісая перадае словы Госпада народу, і ў гэтым ён працягвае традыцыю іншых Прарокаў.

Мільён з паловай габрэяў служылі ў войсках саюзьнікаў у Другой сусьветнай вайне; але яны лічыліся грамадзянамі сваіх краін нараджэньня: англічанамі, амэрыканцамі, французамі, расіянамі і г.д., хаця яны ў сэрцы несьлі пачуцьцё прыналежнасьці да яўрэйскага народа. На прывесцы маркі цытата: «…Вось я, пашлі мяне» (Ісая 6:8).


Добраахвотнікі. Марка пошты Ізраілю, выдадзеныя ў 1979 годзе


«Навошта Мне мноства ахвяраў вашых? кажа Гасподзь. Я перанасыціўся цэласпаленьнямі бараноў і тлушчам укормленага быдла; і крыві цялят, і ягнят, і казлоў не хачу. Калі вы прыходзіце, каб зьявіцца перад аблічча Маё, хто патрабуе ад вас, каб вы тапталі падворкі Мае? Не насеце болей дарункаў марнотных; дым кадзільны агідны Мне; навамесяцаў і суботаў, сходаў сьвяточных трываць не магу: беззаконьне – і сьвяткаваньне! Навамесяцы вашыя і сьвяты вашыя ненавідзіць душа Мая; яны цяжкія Мне; Мне цяжка іх несьці. І калі вы працягваеце рукі вашыя, Я заплюшчваю ад вас Мае вочы; і калі памнажаеце вы малітвы свае, Я ня чую: вашыя рукі ў крыві. Абмыйцеся, ачысьціцеся; адвядзеце ліхія ўчынкі вашыя ад вачэй Маіх; перастаньце рабіць зло; навучэцеся рабіць дабро; шукайце праўды; ратуйце прыгнечанага; абараняйце сірату; заступайцеся за ўдаву. Тады прыйдзеце, і рассудзім, кажа Гасподзь. Калі будуць грахі вашыя, як барвовае, – як сьнег адбялю; калі будуць чырвоныя, як пурпура, – як воўну адбялю» (Ісая 1:11—18).

Бог сам прапаведуе людзям вуснамі Ісаі, а яны закрываюць свае вочы і затыкаюць вушы, і не жадаюць яго чуць, і не жадаюць вылечыцца. Так казаў Хрыстос: «Дзеля таго прытчамі прамаўляю ім, што яны бачачы ня бачаць, і чуючы ня чуюць, і не разумеюць; і збываецца над імі прароцтва Ісаі, якое кажа: «слыхам пачуеце, і не ўразумееце; і вачыма глядзець будзеце, і ня ўбачыце…» (Паводле Мацьвея 13:13,14). А Сьвяты Эвангеліст Ян дадае: «Гэта сказаў Ісая, калі бачыў славу Ягоную і казаў пра Яго» (Паводле Яна 12:41).

 
Прарок Ісая – выкрывальнік грахоў і прарок збавеньня
 

…Гасподзь памазаў Мяне зьвеставаць убогім, паслаў Мяне ацаляць зламаных сэрцам, прапаведаваць палонным вызваленьне і вязьням – адкрыцьцё цямніцы… (Ісая 61:1)

Дзейнасьць Ісаі праходзіла ў гады падзеньня Ізраільскага царства і выгнаньня яго насельніцтва ў глыбінныя правінцыі Асырыйскай імпэрыі. Гэты ўдар Ісая разглядаў як пакараньне, пасланае Богам на народ за грахі.

Баючыся, што лёс Ізраільскага царства можа спасьцігнуць і Юдэю, на пачатку праўленьня Эзэкіі прарок Ісая адкрыта паўставаў супраць задуманага ім саюзу з Егіптам.


Шеду з палаца Асырыйскага цара Саргона II у Дур-Шаррукіне. 8 ст. да Р. Х. Марка пошты Іраку, выдадзеная ў 1963 годзе


На думку Прарока, Егіпет мог прынесьці Юдэям не карысьць і дапамогу, а наклікаць гнеў Асырыі на Юдэю.


Егіпецкая цывілізацыя. Блёк пошты Сан-Томэ і Прынсіпі, выдадзены ў 2008 годзе


«Гора тым, што ідуць у Егіпет па дапамогу, спадзяюцца на коней і надзею кладуць на калясьніцы, бо іх багата, і на верхаўцоў, бо яны вельмі моцныя, а на Сьвятога Ізраілевага не глядзяць і Госпада ня шукаюць!» (Ісая 31:1).

Калі Асырыйскія войскі падступілі да Азоту, Ісая атрымаў ад Госпада загад хадзіць голым і босым тры гады ў азнаменаваньне таго, што Егіпцян і Эфіопаў будуць весьці голымі і босымі ў Асырыйскі палон і бяда будзе Юдэям, якія спадзяваліся на саюз зь імі. Прароцтва спраўдзілася. Ад Егіпту засталася толькі назва, егіпцяне, як народ, зьніклі, а тэрыторыя заселена арабамі.


Вялікі сфінкс Таніса, сталіцы Егіпта ў часы 21—23 дынастый. На полі блёку бык эпохі Асырыйскага валадараньня Саргона II (721—705 ла Р.Х.)


Трынаццаты цар Іўдзейскага царства Эзэкія быў адным з самых значных цароў у Іўдзеі. У Бібліі ён вялікі і добры цар: «На Госпада Бога Ізраілевага спадзяваўся ён; і такога, як ён, ня было сярод усіх цароў Юдэйскіх і пасьля яго і да яго» (Чацьвёртая Царстваў 18:5). І яшчэ: «І рабіў ён заўгоднае ў вачах Гасподніх гэтак сама, як рабіў Давід, бацька ягоны» (Друная летапісаў 29:2).

Эзэкія рыхтаваўся да нападу ворага. У скале быў прабіты тунэль даўжынёй 533 м для падачы вады з Крыніцы Гіёне ў Сілаамскі вадаём для забясьпечваньня вадой жыхароў гораду ў час аблогі.


Тунэль Эзэкіі. Марка пошты Ізраілю, выдадзеная ў 2005 годзе


Пры Эзэкіі былі ўмацаваныя сьцены Ерусаліма.


Рэшткі вялікай сьцяны ў Іерусаліме, пабудаванай Эзэкіяй супраць Сенахірыма (Сьцяна Эзэкіі). Марка пошты Ізраіля, выдадзеная ў 1976 годзе


Гэтая магутная сьцяна, месцамі таўшчынёй дваццаць футаў (20 футаў = 6.096 мэтраў) і вышынёй дзесяць футаў, зьяўляецца часткай пляна па ўмацаваньні абароны горада.

Эзэкія прыступіў да істотных рэлігійных рэформаў. Выкараніў ідаласлужэньне, зьнішчыў меднага зьмея, у Іерусалімскім храме было адноўлена набажэнства і, у знак аднаўленьня Запавету з Богам, быў урачыста адсьвяткаваны агульнаізраільскі Песах.

У 701 да Р. Х. Асырыйскія сілы пад правадырствам Сенахірыма разграмілі Егіпецкія войскі і ўварваліся ў Юдэю, спустошваючы краіну, і аблажылі Ерусалім. Ісая заклікаў цара не здаваць горад ворагу.


Ашшурбанапал на паляваньні. Фрагмэнт барэльефу. Нінэвія, Асырыя (645—635 да Р. Х.). Марка пошты Іраку, выдадзеная ў 1972 годзе


У спробе дэмаралізаваць юдэяў, палявы камандзір Асырыйцаў абвясьціў людзям на гарадзкіх сьценах, што Эзэкія іх падманвае, і Бог ня зможа абараніць Ерусалім ад цара Асырыі. Гэта быў выклік Богу і Бог вуснамі Ісаі даў адказ. «Каго ты ганіў і бэсьціў? і на каго ўзвысіў голас, і падняў так высока вочы твае? на Сьвятога Ізраілевага. […] За тваю дзёрзкасьць супроць Мяне і за тое, што пыхлівасьць твая дайшла да вушэй Маіх, Я ўвяду колца Маё ў ноздры твае і цуглі Мае – у рот твой, і вярну цябе назад тою самаю дарогаю, якою ты прыйшоў» (Ісая 37:23,29). Паводле Біблейскага аповеду, збылося прароцтва Ісаі: «І сталася тае ночы: пайшоў анёл Гасподні і пабіў у табары сто восемдзесят пяць тысяч. І ўсталі раніцай, і вось усе целы мёртвыя. І выправіўся, і пайшоў, і вярнуўся Сэнахірым, цар Асырыйскі, і жыў у Нінэвіі» (Чацьвёртая Царстваў 19:35,36).


Асырыйскі баявой карабель. Рэльеф з Нінэвіі (700 г. да Р.Х.). Марка пошты Экватарыяльнай Гвінэі, выдадзеная ў 1978 годзе


Ісая выкрывае Юдэяў за іх няслушнасьць Богу бацькоў: «Гора таму, хто спрачаецца з Творцам сваім, чарапок з чарапкоў зямных! Ці скажа гліна ганчару: „што ты робіш?“ і твая дзея ці скажа пра цябе: „у яго няма рук“?» (Ісая 45:9). Ён прадвесьціць ня толькі палон Юдэяў, але суцяшае і прадвесьціць вяртаньне іх з палону Вавілонскага царом Кірам, спусташэньне, але і аднаўленьне Ерусаліма і Храма. «Суцяшайце, суцяшайце народ Мой, кажа Бог ваш; кажэце да сэрца Ерусаліма і абвяшчайце яму, што споўніўся час змаганьня ягонага, што за няпраўды яго дадзена дараваньне, бо ён ад рукі Гасподняй атрымаў удвая за ўсе грахі свае» (Ісая 40:1,2).


Міжнародны год міру. Марка пошты Ватыкану, выдадзеная ў 1986 годзе


На марцы пачатак цытаты з Кнігі Ісаі: «Якія прыгожыя на горах ногі дабравесьніка, што абвяшчае мір, зьвястуе радасьць, прапаведуе збавеньне, кажа Сіёну: „зацараваў Бог твой!“» (Ісая 52:7).

Ісая абвяшчае дзіўнае прароцтва, пачынаючы словамі «Так кажа Гасподзь»:

«Які кажа пра Кіра: «пастыр Мой», і ён выканае ўсю волю Маю і скажа Ерусаліму: «ты будзеш пабудаваны!» і храму: «ты будзеш заснаваны!» (Ісая 44:28). Перш чым Юдэя зрабілася пэрсыдзкай вобласьцю або перш чым два калена былі адведзены ў палон у Вавілон, Прарок Ісая быў натхнёны Духам Божым прама вырачы азначанае прароцтва з указаньнем нават імя Кіра, як будучага вызваліцеля габрэяў ад сямідзесяцігадовага палону Вавілонскага.

На марцы на францускай мове надрукаваны тэкст: «На гэтым цыліндры 2500 гадоў таму была выгравіравана Дэклярацыя Кіра Вялікага. Генэзіс прынцыпаў Чырвонага Крыжа».


Цыліндар Кіра. Марка пошты Ірану, выдадзеная ў 1973 годзе


Тэкст на Цыліндры Кіра лічаць першай у сьвеце Дэклярацыяй правоў чалавека, сымбалям непераходзячай каштоўнасьці правоў чалавека.

Кір выканаў прароцтвы Ісаі: заваяваўшы Вавілон у 539 годзе да Р. Х., ён адпусьціў габрэяў з Вавілонскага палону, што дазволіла ім вярнуцца ў Юдэю і аднавіць Храм у Ерусаліме.


Еўропа. Свабода. Марка пошты Гібральтару, выдадзеная ў 1995 годзе


На марцы словы Ісаі: «Дух Госпада Бога на Мне, бо Гасподзь памазаў Мяне зьвеставаць убогім, паслаў Мяне ацаляць зламаных сэрцам, прапаведаваць палонным вызваленьне і вязьням – адкрыцьцё цямніцы…» (Ісая 61:1).

Прарок Ісая нарадзіўся ў Ерусаліме і з гэтым горадам зьвязаў усё сваю жыцьцё і вучэньне. Запаведзь адбудовы і адновы Ерусаліма пачынаюць словы: «Якія прыгожыя на горах ногі дабравесьніка, што абвяшчае мір, зьвястуе радасьць, прапаведуе збавеньне, кажа Сіёну: „зацараваў Бог твой!“» (Ісая 52:7).


Заходняя сьцяна. Марка пошты Ізраілю, выдадзеная ў 1979 годзе


На прывесцы маркі частка цытаты (Ісая 52:7) на габрэйскай і англійскай мовах. На марцы паказаны невялікая частка Заходняй сьцяны з нататкай, засаджанай у шчыліну згодна з габрэйскім звычаем, з просьбай да Бога. На марцы напісана: «Мір». На Заходняй сьцяне да 70 года ўзвышаўся Ерусалімскі храм.

У Кнізе Ісаі знаходзіцца многа выказваньняў з замілаваньнем да Ерусаліма. «Паўстань, паўстань, апраніся ў сілу тваю, Сіёне! Апраніся ў строі велічы тваёй, Ерусаліме, горадзе сьвяты! бо ня будзе болей уваходзіць у цябе неабрэзаны і нячысты» (Ісая 52:1).

Ісая сьцьвярджаў, што ў рэшце рэшт яго народ будзе варты таго, што Ерусалім будзе заўсёды ў Божай апецы: «Паўстань, сьвяціся, Ерусаліме; бо прыйшло сьвятло тваё, і слава Гасподняя ўзышла над табою» (Ісая 60:1).

Калі ў 1948 годзе пасьля многавяковай адсутнасьці дзяржаўнасьці ўтварылася Дзяржава Ізраіль, Ерусалім стаў перажываць новы пэрыяд сваёй значнасьці. Цытаты з Кнігі Ісая зьявіліся на трох марках Ізраіля, прысьвечаных Ерусаліму.


Марка пошты Ізраілю, выдадзеная ў 1968 годзе


Ерусалім. Вежа Давіда. На прывесцы маркі цытата: «На сьценах тваіх, Ерусаліме, я паставіў вартаўнікоў, якія ня змоўкнуць ні ўдзень, ні ўначы. О вы, хто нагадвае пра Госпада! – не змаўкайце…» (Ісая 62:6).

Ерусалім. Новабудоўлі. На прывесцы маркі словы: «Весялецеся зь Ерусалімам і радуйцеся за яго, усе, хто любіць яго! парадуйцеся зь ім радасьцю ўсе, хто скардзіўся на яго…» (Ісая 66:10).

Ерусалім. Сьвятыня Кнігі Ізраільскага музэя. На прывесцы маркі цытата: «Акрыяй, акрыяй, паўстань, Ерусаліме, ты, які з рукі Госпада выпіў келіх лютасьці Ягонай, выпіў да дна келіх ап'яненьня, асушыў» (Ісая 51:17).

Птушаня на пагорках Юдэі – старажытны горад Ерусалім, вечны і ўсеагульны горад, краевугольны камень трох вялікіх рэлігій і аснова тугі габрэйскага народа ў іх незьлічоных пакаленьнях выгнаньня.


Ерусалім – 40 гадоў узьяднаньня. Блёк пошты Ізраілю, выдадзены ў 2008 годзе


Ісая прадказвае гістарычны лёс і іншых суседніх Юдэям народаў і значэньне для іх Ерусаліма. «І прыйдуць народы да сьвятла твайго, і цары – да зьзяньня, якое ўзыходзіць над табою» (Ісая 60:3).

 
Ісайя – Прарок міру
 

…і перакуюць мячы свае на аралы, і дзіды свае – на сярпы; не падыме народ на народ меча, і ня будуць болей вучыцца ваяваць. (Ісая 2:4)

Ісайя жыў у вельмі складаны пэрыяд гісторыі яго народа. Асырыя захапіла Ізраільскае царства і пагроза захопу навісла над Юдэяй. Войны прыносілі страшныя бедзтвы і спусташалі край. Але Ісайя быў прарокам міру. Словы, якія ўпрыгожваюць сьцяну будынка Арганізацыі Абьяднаных Нацый у Нью-Йорку, узятыя з Кнігі Прарока Ісайі: «і перакуюць мячы свае на аралы, і дзіды свае – на сярпы; не падыме народ на народ меча, і ня будуць болей вучыцца ваяваць» (Ісая 2:4). Некалькі дзесяцігодзьдзяў пад гэтым надпісам не была паказаны крыніца, зь якой узятая цытата. І гэта сябе апраўдала. Бо гэту цытату ўключыла ў сваю «прапаганду міру» краіна непрымірыма ваяўнічага атэізму.

Народны мастак СССР, ляўрэат пяці Сталінскіх і Ленінскай прэмій Яўген Вучэціч, напэўна ня ведаючы крыніцы цытаты, вырабіў у 1957 годзе постаць каваля, які ўдарамі молата ператварае меч на плуг. (Толькі ў 1975 годзе на сьцяне будынку ААН пад надпісам было высечана імя Ісаі.) Скульптура называецца «Перакуем мячы на аралы». Цяпер яна ўсталяваная каля будынка ААН у Нью-Ёрку.


Перакуем мячы на аралы. Яўген Вучэціч (1908 – 1974). Марка пошты СССР, выдадзеная ў 1970 годзе. Канвэрт Арганізацыя Аб'яднаных Нацый, выдадзены ў 1967 годзе


На канвэце марка з словамі: «Яны павінны ператварыць свае мячы ў аралы».

Бачаньню Ісаі аб вечным міры прысьвечаны набор з трох вялікіх вітражоў (памерам 6,5 × 17 мэтраў) Мардэхая Ардона, якія ўпрыгожваюць Нацыянальную бібліятэку ў Ерусаліме.

На левай панэлі па пакручастых дарогах людзі сьвету ідуць да Ерусаліму, да Гары Гасподняй. На кожнай з гэтых дарог напісана цытата з Кнігі Ісаі на розных мовах сьвету: «І пойдуць многія народы, і скажуць: прыйдзеце, і ўзыйдзем на гару Гасподнюю, у дом Бога Якаўлевага, і навучыць Ён нас Сваім шляхам; і хадзіцьмем па сьцежках Ягоных. Бо ад Сіёна выйдзе Закон, і Слова Гасподняе – зь Ерусаліма. І будзе Ён судзіць народы, і выкрые многія плямёны; і перакуюць мячы свае на аралы, і дзіды свае – на сярпы; не падыме народ на народ меча, і ня будуць болей вучыцца ваяваць» (Ісая 2:3,4).


Бачаньню Ісаі аб вечным міры. Вітраж Мардэхая Ардона (1896 – 1992). Блёк пошты Ізраілю, выдадзены ў 1990 годзе


На цэнтральнай панэлі горад Ерусалім, Сьвяты горад з гарадзкой сьцяной са скруткаў Кнігі Ісаі, якія былі знойдзены сярод скруткаў Мёртвага мора. Тым самым каменная сьцяна, якая атачае горад, пераўтвараецца ў духоўную сьцяну.

Над сьцяной кавалак пэргамэнту, а на ім яшчэ адна цытата з Кнігі Ісаі: «…і перакуюць мячы свае на аралы». Побач з пэргамэнтам відаць сетку сініх кругоў – Дрэва жыцьця – сымбаль Боскай прысутнасьці, якая злучае зямны і нябесны Ерусалімы. Але яно на чырвоным фоне вайны…

На правай панэлі чырвоны сымбаль вайны зрынаецца ўніз і зброя «перакоўваецца» і ператвараецца. І ўверсе лунаюць толькі рыдлёўкі… Зброя сёньняшняга дня ператвараецца ў рыдлёўку.

Бачаньне Ісаі аб вечным міры найпрыгажэй апісана наступнымі вершамі: «Тады воўк будзе жыць разам зь ягнём, і барс будзе ляжаць разам з казьлянём; і цяля, і малады леў, і вол будуць разам, і малое дзіця будзе вадзіць іх. І карова будзе пасьвіцца зь мядзьведзіхаю, і дзеці іх будуць ляжаць разам; і леў, як вол, будзе есьці салому. І немаўля будзе бавіцца над нарою асьпіда, і дзіця працягне руку сваю на гняздо зьмяі. І ня будуць рабіць ліха і шкоды на ўсёй сьвятой гары Маёй, бо зямля будзе напоўнена спазнаньнем Госпада, як воды напаўняюць мора» (Ісая 11:6—9).


Бачаньне Ісаі вечнага міру. Маркі пошты Ізраілю, выдадзеныя ў 1962 годзе


Прыгожа зьмест гэтага прароцтва адлюстраваны на сэрыі марак Ізраілю. На першай марцы паказаны воўк і ягня, на другой – пантэра і казьляня, на трэцяй – немаўля, якое гуляе са зьмяёй. Гэта вобразы Ўсеагульнага міру ў Каралеўстве Божым. Толькі час Вечнага міру не прыйдзе сам па сабе. Людзі павінны адвярнуцца ад граху і стаць вернымі Богу. І тады, прагалошваў Ісайя, прыйдзе Мэсія, які прынясе адпушчэньне грахоў і верне мір і згоду. Людзі, якія пойдуць за Ім, стануць саўдзельнікамі Бога ў стварэньні гэтага новага жыцьця.


Перакуем мячы на аралы. Прарок Ісая. Картмаксімум пошты Ватыкану, выдадзены ў 1986 годзе


«Але ня ўсе паслухаліся зьвеставаньня. Бо Ісая кажа: „Госпадзе! хто паверыў пачутаму ад нас?“» (Да Рымлянаў 10:16).

Прыёмную залю будынку Генэральнай Асамблеі ААН упрыгожвае Peace Window – велізарнае, вышынёй амаль 3,5 мэтра, «Акно міру» – вітраж Марка Шагала. Вітраж, усталяваны ў 1964 годзе і быў створаны ў памяць аб генэральным сакратары ААН Дагу Хамаршэльду, які загінуў у авіякатастрофе разам з яшчэ 15-ю людзьмі падчас чарговай місіі міру і ўяўляе сабой ілюстрацыю прароцтва Ісаі аб будучай садружнасьці ўсіх зямных істот. Поўны біблейскіх уяўленьняў сад Эдэма, зьмяя, табліца з 10 запаведзямі, багацьце формаў і нябесных тонаў зьмешваюцца ў гэтай працы, натхнёнай тэкстамі Ісаі. У цэнтры блакітнага акна ў сьвет райскае дрэва. Каля дрэва – голы хлопчык. Магчыма, што Марк Шагал намаляваў свой дзіцячы партрэт. Вылучаюцца ў вітражы фігуры, афарбаваныя ў чырвоны колер, дзеці, цалуючы немаўля анёл, вядучыя чалавецтва да міру прарокі, вобразы мацярынства, міру і любові, кветкі, чалавечыя сустрэчы… і музычныя сымбалі, зьвязаныя з дзявятай сымфоніяй Бэтховэна, любімай Хамаршэльдам. «Чаго ён сапраўды хацеў? Не разгадкі кожнага з матываў […], а таго, каб мы адчулі. Бо для яго заўжды было самым галоўным, убачыць нешта і ўвабраць гэта ў сябе ўсім сваім сэрцам» – кажа ўнучка Марка Шагала Бэла Мэер.


Акно міру (1964). Вітраж Марка Шагала. Канвэрт, выдадзены Паштовай адміністрацыяй ААН у 1967 годзе


На вялікі жаль, Арганізацыя Абьяднаных Нацый, галоўнай мэтай якой з’яўляецца ўсталяваньне міру і справядлівасьці ў сьвеце, нягледзячы на шматлікія ініцыятывы, не можа яго дасягнуць. Замест таго, каб жыць у гармоніі, мы бачым праявы несправядлівасьці, падзелы, войны і тэрарыстычныя акты.

Такім чынам, сэнс і мэта гісторыі – увасабленьне ў рэальнае жыцьцё Слова Божага і Яго Запаведзяў у сусьветным маштабе. Па гэты дзень гэта бачаньне Ісаі служыць ідэалам чалавецтва. Таму словы Ісаі аб вечным міры працягваюць друкавацца на марках розных краін.


Марка пошты Гібральтару з цытатай: «Не падыме народ на народ меча, і ня будуць болей вучыцца ваяваць» (Ісая 2:4), выдадзеная ў 1995 годзе


У наша стагодзьдзе такая надзея можа здавацца нязбытнай, бо сучасны сусьветны парадак, які базуецца на бездухоўным гуманізьме, не працуе. Але і ў дні Ісаі войны бушавалі паўсюдна. І ўсё ж Прарок абвясьціў гэта адкрыцьцё аб будучыні і верыў у канчатковую імпрэзу Дабра.


Ісая 2:4. Марка пошты Кеніі, выдадзеная ў 1986 годзе


«Толькі Валадарства Хрыста ў сэрцах людзей можа прынесьці мір і справядлівасьць у наш сьвет. Чалавечых высілкаў не дастаткова. Іх неабходна падмацоўваць духоўнымі. Мір і справядлівасьць у сьвеце немагчымы без міру ў нашых сэрцах». Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

 
Ісая – прарок на ўсе часы
 

Гора тым, якія зло называюць дабром, і дабро – злом. (Ісая 5:20).

У прароцтваў звычайна бывае не менш двух сэнсаў: адзін зьвязаны з непасрэднай гістарычнай сытуацыяй, а іншы адводзіць нас у далёкую будучыню. Таму прароцтвы называюць найважнейшым мостам паміж Старым і Новым Запаветамі, а таксама паміж імі і нашай сучаснасьцю. Вучэньне Прарока Ісаі застаецца актуальным у нашыя часы.

У Новым Запавеце зьмяшчаецца больш за 40 спасылак на Кнігу Прарока Ісаі і больш за 60 прамых цытат зь яе, сьвятыя напісалі шэраг камэнтароў на гэтую Кнігу, а словы зь яе часта гучаць у набажэнстве. Усё гэта сьведчыць аб высокім аўтарытэце і значэньні, якія мае гэты твор, як у яе старазапаветнай гісторыі, так і ў нашы дні.

Калі Хрыстос вярнуўся ў Галілею, пра Яго разьнесьліся чуткі.

«Ён вучыў у сынагогах іхніх, і ўсе Яго ўслаўлялі. І прыйшоў у Назарэт, дзе быў выхаваны, і ўвайшоў, па звычаі Сваім, у дзень суботні ў сынагогу, і ўстаў чытаць. Яму падалі кнігу прарока Ісаі; і Ён, разгарнуўшы кнігу, знайшоў месца, дзе было напісана: „Дух Гасподні на Мне; бо Ён памазаў Мяне зьвеставаць убогім і паслаў Мяне ацаляць зламаных сэрцам, прапаведаваць палонным вызваленьне, сьляпым празарэньне, адпусьціць спакутаваных на свабоду, абвяшчаць год Гасподняга спрыяньня“. І загарнуўшы кнігу і аддаўшы слузе, сеў; і вочы ўсіх у сынагозе былі скіраваныя на Яго. І Ён пачаў гаварыць да іх: сёньня спраўдзілася пісаньне гэтае, чутае вамі» (Паводле Лукаша 4:15—21).


Спас Уседзяржыцель (1678). Абраз з Мікольскай царквы ў Пінску. Калекцыя Нацыянальнага мастацкага музэя Рэспублікі Беларусь. Марка пошты Беларусі, выдадзеная ў 2008 годзе


У штодзённым жыцьці людзі зьвяртаюцца да прароцтваў Ісаі і назіраюць іх зьдзяйсьненьне. Ізраільцяне, якім удалося ў 1948 годзе стварыць сваю краіну і пасьпяхова яе разьвіваць, бачаць у гэтым зьдзяйсьненьне запаведзяў Прарокаў, у тым ліку Ісаі. Сувязь сучасных падзей з прароцтвамі Ісаі адлюстравана на многіх на паштовых марках Ізраілю.

Сэрыя паштовых марак была прысьвечана піянэрам, якія першыя прыклалі намаганьні да будовы сваёй краіны. На кожнай марцы паказаныя фатаграфіі працаўнікоў, дзякуючы якім сапляменьнікі, якія засяліліся ў Палестыне, атрымлівалі ежу і рэчы, неабходныя для жыцьця.

На прывесцы маркі цытата з Кнігі Ісаі: «…і зямлю тваю ня будуць называць „пустыняю“…» (Ісая 62:4).


Праца сялян. Марка пошты Ізраілю, выдадзеная ў 1976 годзе


На прывесцы маркі цытата: «…падымайце, падымайце, раўняйце дарогу…» (Ісая 57:14).


Будова дарогі. Марка пошты Ізраілю, выдадзеная ў 1976 годзе


На прывесцы маркі цытата: «…Раўняйце, раўняйце дарогу, прымайце каменьне…» (Ісая 62:10).


Загаспадарваньне зямлі. Марка пошты Ізраілю, выдадзеная ў 1976 годзе


Пасажырскі карабель «Сіён», зьмяшчаючы па-над 300 пасажыраў і 4 тыс. тон грузу.


Карабель «Сіён». Марка пошты Ізраілю, выдадзеная ў 1958 годзе


На прывесцы маркі цытата: «…ператварыла глыбіні мора ў дарогу, каб прыйшлі адкупленыя» (Ісая 51:10).

Яшчэ адна марка прысьвечана адраджэньню сучаснай габрэйскай мовы.


Сябры Савета па раньнім іўрыце. Марка пошты Ізраілю, выдадзеная ў 1976 годзе


На прывесцы цытата: «…і гаркавыя будуць гаварыць выразна» (Ісая 32:4).

Над уваходам у Ракфелераўскі цэнтар у Нью-Ёрку знаходзіцца барэльеф Мудрасьць.


Мудрасьць. Марка Злучаных Штатаў Амэрыкі, выдадзеная ў 2003 годзе


Паміж ножкамі цыркуля, які трымае ў руках Бог, разьмясьцілася цытата з Кнігі Ісаі на англійскай мове: «І мудрасьць і веды будуць цьвёрдасьцю часоў тваіх…» (Ісая 33:6).

«Гора тым, якія зло называюць дабром, і дабро – злом, цемру лічаць сьвятлом, і сьвятло – цемраю, горкае лічаць салодкім, і салодкае – горкім! (Ісая 5:20). Маецца на ўвазе зьмешваньне паняцьцяў дабра і зла, заганы і цноты, чорнага і белага.


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 | Следующая
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Это произведение, предположительно, находится в статусе 'public domain'. Если это не так и размещение материала нарушает чьи-либо права, то сообщите нам об этом.


Популярные книги за неделю


Рекомендации