Автор книги: Лявон Карповіч
Жанр: Историческая литература, Современная проза
Возрастные ограничения: +16
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 21 (всего у книги 27 страниц)
Гэта было актуальнай праблемай больш двух тысяч гадоў таму, актуальна і сёньня.
Прарок Ісайя – Эвангеліст
А Бог так учыніў, як прадвяшчаў вуснамі ўсіх Сваіх прарокаў – пацярпець Хрысту, так і выканаў. (Дзеі 3:18)
Прарок Ісая абвясьціў людзям пра Хрыста так, нібы гаворка ішла пра ўжо зьдзейсьненыя падзеі. Яго прароцтва пра Збаўцу дзівяць сваёй дакладнасьцю і яснасьцю. За гэта Ісаю называюць Старазапаветным Эвангелістам. Блажэнны Еранім тлумачыць: «бо да такой ступені падрабязна выклаў сакрамэнт Хрыста і яго царквы, што як быццам не пра будучыню прарочыць, а складае гісторыю пра мінулае».
Самым вядомым прароцтвам зьяўляецца прароцтва аб нараджэньні Мэсіі. «Дык вось Сам Гасподзь дасьць вам азнаку: вось, Дзева ва ўлоньні зачне і народзіць Сына, і дадуць імя Яму: Эмануіл» (Ісая 7:14). Прарок Ісая называе Мэсію яшчэ імем – Пасынак. Гэта сымбалічнае імя пацьвярджае больш раньнія прароцтва аб цудоўным і незвычайным нараджэньні Мэсіі, а менавіта, што яно адбудзецца без удзелу мужа, падобна таму, як галіна, без насеньня, нараджаецца прама з кораня расьліны. «І пойдзе пасынак ад кораня Эсэевага, і галіна вырасьце ад кораня ягонага; і спачне на Ім Дух Гасподні, дух мудрасьці і розуму, дух рады і моцы, дух пазнаньня і пабожнасьці…» (Ісая 11:1,2). Ісая кажа аб уласьцівасьцях Немаўляці Эмануіла: «Бо дзіця нарадзілася нам; Сын дадзены нам; уладарства на плячах у Яго, і дадуць імя Яму: Дзівосны, Дарадца, Бог Моцны, Бацька Вечнасьці, Князь Міру» (Ісая 9:6).
Богаяўленьне (1320—25). Дэталь. Джота Ды Банданэ (1266/7 – 1337). Музэй Метрапалітэн, Флярэнцыя. Блёк пошты Ганы, выдадзены ў 1995 годзе
Але, як не вялікае будзе духоўнае сьвятло, узыходзячае ад Мэсіі, Ісая прадбачыў, што не ўсе габрэі гэтае сьвятло ўбачаць па прычыне свайго духоўнага агрубеньня: «А Ён сказаў: ідзі і скажы гэтаму народу: слыхам пачуеце, і не ўразумееце; і вачыма глядзецьмеце, і ня ўбачыце. Агрубела бо сэрца ў людзей гэтых, і цяжка чуюць вушыма, і зьмежылі вочы свае, хай ня ўгледзяць вачыма, і не пачуюць вушыма, і сэрцам не ўразумеюць, і не навернуцца, каб Я ацаліў іх» (Ісая 6:9,10).
Самым яркім і падрабязным прадказаньнем пра пакуты Мэсіі зьяўляецца прароцтва Ісаі, якое займае канец 52-га і ўвесь 53-ці разьдзелы яго Кнігі. Гэта прароцтва ўтрымлівае ў сабе такія падрабязнасьці пакут Хрыста, што ствараецца ўражаньне, быццам прарок Ісая пісаў яго ля самага падножжа Галгофы.
Зьдзек над Хрыстом (1503—1505). Маціяс Груневальд (1470—1528). Старая Пінакатэка, Мюнхэн. Блёк пошты Выспаў Кука, выдадзены ў 2015 годзе
«Ён быў пагарджаны і прыніжаны перад людзьмі, Муж скрухі і дасьведчаны ў хваробах, і мы адварочвалі ад Яго твар свой; Ён быў пагарджаны, і мы ані ў што ня ставілі Яго. Але Ён узяў на Сябе нашыя немачы і забраў нашыя хваробы; а мы думалі, што Ён быў паранены, пакараны і зьнішчаны Богам. Але Ён паранены быў за грахі нашыя і пакутаваў за беззаконьні нашыя; кара міру нашага была на Ім, і ранамі Яго мы ацаліліся. Усе мы блукалі, як авечкі, зьвярнулі кожны на сваю дарогу, – і Гасподзь усклаў на Яго грахі ўсіх нас. Ён катаваны быў, але цярпеў з добрай волі і не размыкаў вуснаў Сваіх; як авечку, вялі Яго на закол, і як ягня перад стрыгалём ягоным, маўчыць, так Ён не размыкаў вуснаў Сваіх» (Ісая 53:3—7).
Сьветлая фігура Ісуса Хрыста, які сядзіць са зьвязанымі рукамі і завязанымі вачыма, акружаная сапраўднымі пачварамі. Гэтыя зласьлівыя стварэньні з скажонымі пачварнымі тварамі зьбіваюць безабароннага чалавека і літаральна ўпіваюцца сваёй жорсткасьцю.
На блёку яшчэ зьмешчаныя маркі з дэталямі карцін «Зьняцьце з крыжа» Рубенса, «Зьняцьце з крыжа» Жана Жувенэ і «Таемная вячэра» Джампетрына.
Словы з Кнігі Ісаі малююць жудасную карціну Галгофы: «Бо ён узышоў перад Ім, як атожылак і як росьцік з сухой зямлі; няма ў Ім ні выгляду, ні велічы; і мы бачылі Яго, і ня было ў Ім выгляду, які вабіў бы нас да Яго» (Ісая 53:2). Сьвядомасьць вучняў запоўніла толькі адна страшная карціна: Ісус, іх настаўнік, схоплены і асуджаны, і яго зьнявечанае цела, якое ня мела «ні выгляду, ні велічы», сьцякала крывёю ў страшных пакутах на крыжы.
Тры крыжы – адзін з самых знакамітых афортаў Рэмбрандта. На афорце намаляваны драматычны момант сьмерці Хрыста на Галгофскім крыжы, апісаны ў Эвангельлях. Хрыстос, укрыжаваны паміж двума разбойнікамі. «Пасьля гэтага Я дам Яму долю паміж вялікімі, і з моцнымі будзе дзяліць здабычу, за тое, што аддаў душу Сваю на сьмерць, і да зладзеяў залічаны быў, тады як Ён панёс на Сабе грахі многіх і за злачынцаў зрабіўся хадайнікам» (Ісая 53:12).
Рэмбрант выбірае ў «Трох крыжах» момант кульмінацыі Эвангельскай драмы, калі нібы ўся зямля прыходзіць у стан жаху і адчаю. Сьвятло, якое льецца зьверху, факусуецца на Хрысьце, двух разбойніках, укрыжаваных зьлева і справа ад яго і натоўпе. Пярэдні плян запоўнены шакаванымі відовішчам пакут Хрыста людзьмі. Зьлева бачныя рымскія салдаты верхам на конях, сьпешыўся і ўстаў на калені толькі зьдзіўлены сотнік. «А сотнік, бачачы, што адбылося, уславіў Бога і сказаў: сапраўды Чалавек Гэты быў праведнік» (Паводле Лукаша 23:47). Справа разьмешчаныя пасьлядоўнікі Хрыста. Дзева Марыя страціла прытомнасьць, Ян падняў уверх сьціснутыя кулакі, ахопленая горам Марыя Магдаліна хапаецца за крыж…
Тры крыжы (1653). Рэмбрант. Гравюра. Рейксмузэум, Амстэрдам. Блёк пошты Тонга, выдадзены ў 2015 годзе
У дзявятым вершы прарок кажа, што Раб Гасподні будзе пахаваны ў магіле багатага: «Яму выраклі магілу са зладзеямі, але Ён пахаваны ў багатага, бо ня ўчыніў грэху, і ня было маны ў вуснах Ягоных» (Ісая 53:9). Выкананьне гэтага прароцтва засьведчана Эвангельлем: «Калі ж зьвечарэла, прыйшоў багаты чалавек з Арыматэі, імем Язэп, які таксама вучыўся ў Ісуса; ён, прыйшоўшы да Пілата, прасіў Цела Ісусавага. Тады Пілат загадаў аддаць Цела. І ўзяўшы Цела, Язэп абгарнуў яго чыстым палатном і паклаў яго ў новай сваёй магіле, якую высек у скале; і прываліўшы вялікі камень да дзьвярэй магілы, адышоў» (Паводле Мацьвея 27:57—60).
Палажэньне Хрыста ў труну (1570 і 1576). Эль Грэка (1541—1614). Музэй Аляксандра Суцоса, Афіны. Блёк пошты Грэнады, выдадзены ў 2015 годзе
Ісайя прадбачыў нават канец сьвету і Страшны суд, пра які прарочыў 700 гадоў пазьней у сваёй кнізе Ян Багаслоў.
«Ён будзе судзіць бедных па праўдзе, і дзеі пакутнікаў зямлі рашаць паводле ісьціны; і жазлом вуснаў Сваіх заб'е бязбожніка» (Ісая 11:4).
З невялікага ліку жывапісных твораў Лукі Лейдэнскага, якія захаваліся, адным з самых вядомых зьяўляецца трыптых Страшны Суд. Страшны або Апошні суд, гэта апакаліптычнае бачаньне, у якім Хрыстос вяртаецца на зямлю, каб судзіць над жывымі і мёртвымі.
На алтары намалявана, як мёртвыя паўстаюць са сваіх магіл у Судны дзень, каб сустрэць свой прысуд. Па абодва бакі ад Хрыста два Анёлы, якія трубяць у трубы; унізе на зямлі жывыя і ўваскрэслыя людзі: па правую руку Хрыста Анёлы адводзяць праведнікаў у Рай, па левую – дэманы зрыньваюць грэшнікаў у пекла.
Страшны суд. Лукас Ван Лейдэн (1494—1533). Гарадзкі музэй, Лейдэн. Картмаксімум пошты Нідэрляндаў, выдадзены ў2015 годзе
Пасьля Страшнага Суда, прарочыць Прарок Ісайя, Бог канчаткова ўсталюе на зямлі справядлівасьць і ўсеагульны мір. «Высокі Гасподзь, Які жыве ў вышынях; Ён напоўніў Сіён судом і праўдаю. І настануць бясьпечныя часіны твае, надмернасьць ратунку, мудрасьці і веданьня; страх Гасподні будзе скарбам тваім» (Ісая 33:5,6).
Подзьвіг Юдзіф і… Скарына
Юдзіф, любячы край, дзе калісьці на сьвет нарадзілася, не шкадавала самое сябе, каб адвесьці ад краю айчыннага небясьпеку. Францыск Скарына. З прадмовы да «Кнігі Юдзіф»
Подзьвіг Юдзіф выклікаў небывалае натхненьне ў жывапісцаў і скульптараў, пісьменьнікаў і паэтаў, кампазытараў і рэжысэраў… Толькі карцін намалёвана вялікімі мастакамі больш за паўсотні.
Юдзіф з галавою Алаферна (1530). Лукас Кранах Старэйшы (1472—1553). Музэй Вены, Аўстрыя. Картмаксімум пошты Парагваю, выдадзены ў 1972 годзе
Што казаць, калі захавалася больш за дзясятак карцін Юдзіф, створаных толькі Лукасам Кранахам Старэйшым (1472—1553), нямецкім жывапісцам і графікам эпохі Адраджэньня.
Можна падумаць, што Юдзіф прынесла галаву Алаферна прама ў майстэрню Кранаха! Так дэталёва яна вымаляваная… І на гэтым фоне непарушны твар прыгожай маладой жанчыны ў раскошным адзеньні, выпісаным вельмі падрабязна. На карцінах Кранаха намаляваная Юдзіф Пераможца. Яе твар адлюстроўвае прыгажосьць і рашучасьць, якія дапамаглі ёй зьдзейсьніць місію па выратаваньні народа Вецілуі ад заваёвы непераможнай арміяй Алаферна.
Чаму Юдзіф выклікала такую ўвагу творцаў?
Подзьвіг Юдзіф апісаны ў старазапаветнай Біблейскай Кнізе Юдзіф.
Галоўны царскі военачальнік Алаферн, атрымаўшы загад свайго гаспадара, рушыў з вялікай арміяй да Юдэі.
Першым горадам на шляху заваёўнікаў была Вецілуя. Варожае войска абклала горад з усіх бакоў і захапіла крыніцу, з якой бралі ваду жыхары горада. Прайшло крыху больш за месяц, і запасы вады ў горадзе скончыліся. Змардаваныя гараджане сталі патрабаваць здаць горад Алаферну. З цяжкасьцю начальнік горада Озія ўпрасіў іх пацярпець яшчэ пяць дзён і пакляўся, што калі не прыйдзе дапамога, ён выканае іх патрабаваньне.
У Вецілуі жыла маладая і багатая ўдава Юдзіф. Юдзіф славілася сваёй мудрасьцю, шанаваньнем Бога і яе вельмі паважалі. Даведаўшыся аб маючай адбыцца здачы горада ворагам, яна зьвярнулася да гарадзкіх старэйшын, дакарала іх у маладушнасьці і ўзяла зь іх абяцаньне не перашкаджаць ёй у выкананьні задуманай справы. Тыя адказалі: «Ідзі зь мірам, і Гасподзь Бог перад табою на помсту ворагам нашым».
Юдзіф моліцца Богу, просіць яго дапамагчы ажыцьцявіць сваю задуму, мыецца, умошчваецца пахошчамі, апранае сьвяточную сукенку – упрыгожвае сябе, «каб увесьці ў зман вочы мужчын, якія ўбачаць яе» (Юдзіф.10:4).
Такой убачыў прыгажосьць Юдзіф Аўстрыйскі мастак Густаў Клімт. Не гледзячы на старажытнасьць сюжэту, яго Юдзіф – жанчына пачатку XX стагодзьдзя. Доўгая тонкая шыя ўпрыгожана высокім залатым калье-каўняром, візуальна адлучаюць галаву Юдзіфі ад яе раскошнага белага цела. Дзякуючы залатому ўпрыгожваньню і фону вобраз Юдзіф выглядае азораным незямным зьзяньнем.
Юдзіф з галавою Алаферна (1901). Густаў Клімт (1862—1918). Галерэя Бэльвэдэр, Вена. Картмаксімум пошты Аўстрыі, выдадзены ў 2003 годзе
Юдзіф у суправаджэньні служанкі, якая несла ежу і віно, адправілася да варожых пастоў. Паставым сказала, што яна габрэйка, бяжыць з асуджанага на гібель горада і папрасіла адвесьці яе да галоўнага военачальніка, якому яна скажа, як хутка і лёгка перамагчы габрэяў. Воіны павялі Юдзіф па лягеры і ўсіх дзівіла яе прыгажосьць. Юдзіф паведаміла Алаферну, што абложаныя, зьнемагаючы ад голаду і смагі, вырашылі харчавацца ежай, якую габрэям Бог забараніў, і чакаюць толькі дазволу зь Ерусаліма. Як толькі дазвол будзе атрыманы і яны накінуцца на забароненую ежу, Бог аддасьць горад на вынішчэньне асырыйцам, якія пры гэтым не страцяць ніводнага ваяра. Юдзіф папрасіла ў Алаферна дазволу застацца ў Асырыйскім лягеры і па начах выходзіць у даліну маліцца пакуль Бог не адкрые ёй, што час надышоў. Гаворка яе спадабалася Алаферну і ўсяму яго атачэньню.
Так прайшло тры дні. Юдзіф сілкавалася прынесенай з сабой ежай, а кожную ноч у суправаджэньні служанкі на час пакідала лягер. На чацьвёрты дзень Алаферн зладзіў баль і паслаў свайго кіраўніка запрасіць на яго Юдзіф, так як з першага імгненьня быў асьлеплены яе прыгажосьцю. Юдзіф надзела самую прыгожую вопратку і «усё жаночае ўпрыгожваньне» (Юдзіф 12:15) і зьявілася перад Алафернам ва ўсім бляску. Алаферн, любуючыся ёю, непрыкметна для сябе паглынаў адзін келіх віна за другім. Нарэшце ўсе запрошаныя і слугі разышліся і засталіся толькі Юдзіф з Алафернам. Той быў да таго п'яны, што адразу паваліўся на ложак і заснуў.
Юдзіф зьвяртаецца да Бога з малітвай: «Госпадзе, Божа ўсякай сілы! паглядзі ў гэту гадзіну на справы рук маіх да ўзвышэньня Ерусаліма, бо цяпер час абараніць спадчыну Тваю і выканаць мой намер, уразіць ворагаў, якія паўсталі на нас» (Юдзіф 13:4—5).
Джорджа Вазары фіксуе на карціне наступны верш Кнігі Юдзіф: «Потым, падышоўшы да слупка ложка, што стаяў у галовах у Алаферн, яна зьняла зь яго меч яго і, наблізіўшыся да ложка, схапіла валасы галавы яго і сказала: Госпадзе Божа Ізраіля! умацуй мяне ў гэты дзень. і з усёй сілы двойчы ўдарыла па шыі Алаферна і зьняла зь яго галаву» (Юдзіф 13:6—8).
Меч занесены для ўдару. Лёс Алаферна вырашаны.
Юдзіф адсякае галаву Алаферну (верхняя левая марка). Джорджа Вазары (1511 – 1574). Мастацкі музэй Сэнт-Луіса, ЗША. Марачны ліст пошты Саламонавых Выспаў, выдадзены ў 2017 годзе
Калі ў Кранаха, як і ў іншых яго сучасьнікаў, моманту забіцьця на карцінах не было, то праз 100 гадоў пасьля яго Караваджа апісаў саму расправу. Зусім нясьмелая і нерашучая Юдзіф адхіляецца ад неўласьцівага для яе дзейства. Нахмураныя бровы, далікатны, але рашучы твар… Кропля гідлівасьці. Алаферн сьцякае крывёй, паміраючы, дарэмна спрабуе супраціўляцца. Юдзіф у Караваджа сымбаль пераможцы над злом.
Юдзіф, забівае Алаферна (1598). Караваджа (1573—1610). Палацо Барберыні, Рым. Блёк пошты Сэнт-Вінсэнт і Грэнадыны, выдадзены ў 2015 годзе
Валянцен дэ Булонь намаляваў сваю карціну прыкладна праз 30 гадоў пасьля Караваджа. Яна больш спакойная, менш крыві і больш дзелавітасьці…
Юдзіф і Алаферн (1628). Валянцен дэ Булонь (1591 – 1632). Нацыянальны музэй выяўленчых мастацтваў, Ла Валета, Мальта. Марка пошты Мальты, выдадзеная ў 1962 годзе
«Жывы Гасподзь, які захаваў мяне ў шляху, якім я ішла! бо аблічча Маё прывабіла Алаферна на пагібель яго, але ён не зрабіў са мною кепскага і ганебнага граху» (Юдзіф 13:16) – кажа Юдзіф. Але Тон Крал напэўна ёй ня верыць…
Юдзіф і Алаферн (1934). Тон Крал (Тone Кralj) (1900 -1975). Галерэя Божыдара Якача – каштанаў на Крке. Марка пошты Славеніі, выдадзеная ў 2000 годзе
Тыцыян прысьвяціў Юдзіф дзьве працы. На марцы адна зь іх.
Юдзіф з галавою Алаферна (1570). Тыцыян (1480/85—1576). Інстытут мастацтваў, Дэтройт. Марка пошты Даменікі, выдадзеная ў 1988 годзе
Гісторыю Юдзіф Кранах паказвае на фоне прыдворнага жыцьця пры саксонскім двары. Гэта ён паказвае пальцам на стол, дэманструючы сваю прысутнасьць.
Юдзіф абезгалоўлівае Алаферна (1531). Фрагмэнт. Лукас Кранах Старэйшы. Музэй замка Фрыдэнштайн. Марка пошты Грэнады Каррыаку і Петыт Марцінікі, выдадзеная ў 2003 годзе
Юдзіф, маладая сьветлавалосая жанчына, апранутая па-венецыянску ў XVI стагодзьдзі.
Юдзіф з галавою Алаферна (1580). Паола Веранезе (1528—1588). Музэй гісторыі мастацтваў, Вена. Марка пошты Манамы, выдадзеная ў 1972 годзе
На карціне Веранезе Юдзіф, якая толькі што забіла Алаферна, зьбіраецца аддаць галаву сваёй пакаёўцы.
«Яна выйшла і аддала сваёй служанцы галаву Алаферна, а гэтая паклала яе ў мяшок з ежай, і абедзьве разам выйшлі, па звычаю свайму, на малітву. Прайшоўшы табар, яны абышлі вакол цясьніну, падняліся на гару Ветылуі і пайшлі да брамы яе» (Юдзіф 13:9—10).
Юдзіф і Алаферн (1508). Мікельанжэла Буанароці (1475 – 1564). Фрэска Сыкстынскай капэлы (фрагмэнт). Марка пошты Грэнады, выдадзеная ў 1975 годзе
На фрэсцы Юдзіф і служанка, якая трымае на падносе адсечаную галаву. Зьлева за дзьвярыма сьпіць стражнік, абняўшы шчыт, а справа ў прыцемку ложак з целам Алаферна ў агоніі.
Менавіта момант вяртаньня дадому адлюстраваў Сандра Батычэлі. Дзяўчына рашуча і хутка рухаецца да роднага горада. Вочы і выраз твару Юдзіф задуменны і сумны. За ёй, ледзь пасьпяваючы, ідзе служанка. На галаве ў яе кошык з жахлівым трафэем – галавой забітага палкаводца. Юдзіф – пераможца, але Батычэлі адлюстраваў яе зусім не гераіняй без страху і папроку. Гэта тонкая, далікатная дзяўчына, валасы і сукенка якой разьвявае ветрык. Здаецца, можна адчуць, якімі лёгкімі, бязважкімі крокамі нясецца Юдзіф, каб перадаць гараджанам радасную вестку. У яе руцэ далікатная, як яна сама, аліўкавая галінка, сымбаль перамогі.
Вяртаньне Юдзіф у Вецілую (1470). Сандра Батычэлі (1445—1510). Галерэя Уфіцы, Флярэнцыя, Італія. Марка пошты Саудаўскай Аравіі, выдадзеная ў 1968 годзе
Яны падышлі да гарадзкой брамы. На голас Юдзіфі зьбегліся ўсе гараджане, хоць была глыбокая ноч. «Яна ж сказала ім гучным голасам: хваліце Госпада, хваліце, хваліце Госпада, што Ён не выдаліў міласьці Сваёй ад дома Ізраілевага, але ў гэтую ноч скрышыў ворагаў нашых маёю рукою. і, выняўшы галаву з мяшка, паказала яе і сказала ім: вось галава Алаферна, правадыра Асырыйскага войска» (Юдзіф.13:15—16).
Юдзіф з галавой Алаферна (1613). Крыштафана Алоры (1577—1621). Галерэя палаца Піцьці, Флярэнцыя. Марка пошты Емэну, выдадзеная ў 1968 годзе
Юдзіф у Алоры чароўна прыгожая. Пад пышнай вопраткай адгадваецца крохкае цела вельмі маладой жанчыны, якая адважылася на гераічны ўчынак. Адсечаная цёмная галава вылучаецца на фоне парчовага ўбору Юдзіф. Твар служанкі, поўны зьдзіўленьня і пашаны.
Назаўтра па загадзе Юдзіф галаву Алаферна павесілі на гарадзкой сьцяне. Затым расчыніліся гарадзкія вароты, хрыпла зараўлі баявыя трубы і з горада насустрач ворагу выйшла жменька абаронцаў. Падначаленыя Алаферна адправіліся за сваім военачальнікам, і, знайшоўшы яго забітым, прыйшлі ў жах. Асырыйцы кінуліся ва ўцёкі і былі разьбітыя войскамі Ізраільцян.
Незвычайная і прыгожая Юдзіф Джарджоне. Юдзіф выканала сваю місію, яна спакойная, пад нагой – галава зрынутага ворага.
Юдзіф з галавою Алаферна. 1504 г. Джарджоне (1478 —1510). Эрмітаж, Санкт-Пецярбург. Картмаксімум пошты СССР, выдадзены ў 1975 годзе
Юдзіф так і засталася ў родным горадзе. Захоўваючы вернасьць свайму памерламу мужу, яна больш не выйшла замуж, хоць многія сваталіся да яе. Памерла яна, пражыўшы 105 гадоў, і ўся краіна аплаквала яе скон сем дзён. Пахавалі Юдзіф побач з мужам.
Кніга Юдзіфі не ўваходзіць у склад кананічных, але Францыск Скарына ўключыў яе ў сваё пражскае выданьне («Книги Иудифъ вдовици»).
Праект марачнага ліста, падрыхтаванага да 500-годзьдзя перакладу Бібліі Скарынам і 500-годзьдзя Беларускага кнігадрукаваньня ў 2017 годзе з відарысамі 30 гравюр Белпошта не прыняла да выданьня і ён быў выдадзены ў выглядзе налепак Міжнародным грамадзкім аб’яднаньнем «Згуртаваньне Беларусаў сьвету Бацькаўшчына» і Беларускім Інстытутам Навукі і Мастацтва (Нью-Ёрк).
«Иудифъ вдовица отсече главу Олферну воеводе». Скарына. Гравюра з Тытульнага ліста кнігі «Юдзіф» (1519). Праект маркі
Францыск Скарына трымае ў руках кнігу «Юдзіф». Побач надрукаваная цытата з яго прадмовы да гэтага выданьня.
525 гадоў з дня нараджэньня Францыска Скарыны. Блёк пошты Беларусі, выдадзены ў 2015 годзе
«Як зьвяры, што блукаюць у пушчы, ад нараджэньня ведаюць сховы свае, як птушкі, што лётаюць у паветры, помняць гнёзды свае, як рыбы, што плаваюць у моры і ў рэках, чуюць віры свае і як пчолы бароняць вульлі свае – гэтак і людзі да месца, дзе нарадзіліся і ўзгадаваны ў Бозе, вялікую ласку маюць» – гэты знакаміты ўрывак з прадмовы Францыска Скарыны да Кнігі «Юдзіф» цяпер можна прачытаць і пачуць на 70 мовах народаў сьвету.
Ерамія – Прарок гневу і надзеі
Я асьвяціў цябе: прарокам народам паставіў цябе. (Ерамія 1:5)
Ерамія (655—586 да Р.Х.) – вялікі правазьвесьнік асабістай рэлігіі «рэлігіі сэрца», які прыадчыніў людзям сьвет свайго ўнутранага малітоўнага жыцьця. Ерамія блізкі па духу псальмапеўцам. Ён агаляе схованкі сваёй душы, кахаючай і пакутуючай, душы, якая вядзе пастаянны дыялёг з Богам. Яму наканавана быць сьведкам і прадракальнікам нацыянальнай катастрофы. І ён жа першы вымавіць словы «Новы Запавет» больш чым за пяць стагодзьдзяў да зьявы Хрыста Збавіцеля.
Прарок Ерамія зьяўляецца аўтарам Кнігі ў першай частцы якой апісваецца пакліканьне Ераміі да прароцкага служэньня і два былых яму пры гэтым бачаньня (міндальнага жазла і катла, падпаленага з поўначы), якія вызначылі прадмет яго прароцкай пропаведзі. «І было слова Гасподняе мне: што бачыш ты, Ерамія? Я сказаў: бачу посах зь міндальнага дрэва» (Ерамія 1:11).
Па-габрэйску міндальнае дрэва называюць «дрэва, якое ня сьпіць». Назва сваё дрэва міндаля атрымала таму, што ў Палестыне заквітае першым і кветкі зьяўляюцца на ім перш лісьця; першым прыносіць яно і плён. Адсюль «жазло» – сымбаль «пільнага пастыра». Галіна квітнеючага міндаля сымбалізуе Бога, Які ня сьпіць над словам Сваім, каб яно хутка споўнілася.
Посах зь міндальнага дрэва. Праект маркі Іда Міхаэлі з сэрыі «Гарадзскія легенды». Ізраіль, 2005 год.
На прывесцы маркі напісана: «Уладальніца міндальнага дрэва» – самае доўгае ў краіне імя дзяўчынкі.
Ерамія быў пакліканы Богам ў часы цара Ёсіі (648—609 да Р.Х.), пра якога сказана: «І рабіў ён добрае ў вачах Гасподніх…» (Чацьвёртая Царстваў 22:2).
У 622 годзе да Р.Х. пры аднаўленьні Храма быў знойдзены скрутак з Законам. «І сказаў Хэлкія першасьвятар Шафану пісцу: кнігу Закона я знайшоў у доме Гасподнім» (Чацьвёртая Царстваў 22:8). Калі скрутак прачыталі цару, то ён «падраў вопратку сваю і плакаў» (Чацьвёртая Царстваў 22:17). Плакаў перад Богам. Цар не ідзе па тлумачэньні да вялікага Прарока Ераміі, а адсылае скрутак да Прарочыцы Алдамфы. У рабінскай літаратуры гаворыцца, што Алдамфа і Ерамія былі ў роднасьці і што яны прапаведавалі пакаяньне і навяртаньне да Бога; ён для мужчын, а яна для жанчын. Згодна з габрэйскай традыцыяй, яна была і адной з «сямі прарочыц», якімі былі Сара, Мірыям, Дэбора, Ганна, Абігайль і Эстэр. Ад Алдамфы атрымаў цар тлумачэньне: «так кажа Гасподзь: навяду ліха на месца гэтае і на жыхароў яго – усе словы кнігі, якую чытаў цар Юдэйскі. За тое, што пакінулі Мяне, і дымяць іншым багам, каб раздражняць Мяне ўсімі дзеямі рук сваіх, загарэўся гнеў Мой на месца гэтае, і не патухне» (Чацьвёртая Царстваў 22:14,15). Словы Закону і тлумачэньне зьявы яго адналязеньня спавадавалі зразуменьне народам і царом граху і неабходнасьць навяртаньня.
«Потым устаў цар на ўзвышанае месца і даў перад домам Гасподнім Запавет – трымацца Госпада і захоўваць наказы Ягоныя і адкрыцьці Ягоныя, і пастановы Ягоныя, ад усяго сэрца і ад усёй душы, каб выканаць словы запавету гэтага, напісаныя ў кнізе гэтай. І ўвесь народ уступіў у Запавет» (Чацьвёртая Царстваў 23:3). Упершыню ў гісторыі Ізраілю Тора набыла дзяржаўны статус, што адыграла вырашальную ролю ў духоўным і сацыяльным фарміраваньні габрэйскага народа пры вяртаньні з вавілонскага палону.
Алдамфа трымае скрутак Закону. На прывесцы паведамляецца, што «жыла яна ў Ерусаліме…» (Чацьвёртая Царстваў 22:12).
Алдамфа. Марка Ізраілю, выдадзеная ў 1984 годзе
Але неўзабаве цар Ёсія загінуў.
Ёсія з сынам. Фрэска (1511—12). Мікеланджэла Буанароці (1475—1564). Сікстынская Капэла, Ватыкан. Марка Ватыкану, выдадзеная ў 1991 годзе
«У дні ягоныя пайшоў фараон Нэхаа, цар Егіпецкі, супроць цара Асырыйскага на раку Еўфрат. І выйшаў цар Ёсія насустрач яму, і той забіў яго ў Мэгідоне, калі ўбачыў яго» (Чацьвёртая Царстваў 23:29).
Біблейскія гарадзішчы. Мегідон, Хацор, Бер Шэба. Марка Ізраілю, выдадзеная ў 2008 годзе
У крузе – пячатка «Шэма слуга Ераваама», знойдзеная пры раскопках Мэгідона. Горад Хацор быў зьнішчаны асырыйцамі ў 732 да Р.Х.
Параза і сьмерць Ёсіі былі трагічным момантам для Юдэі і для Прарока Ераміі. Ёсія быў апошнім праведным царом Юдэі. Ерэмія зразумеў, што, калі гэты верны правадыр сыдзе, жахлівыя прароцтвы падзеньня Юдэі ўжо не адкладуцца. Існуе думка, што Кніга Плач была напісана ў выніку сьмерці цара Ёсіі, што пацьвярджаецца наступным: «Аплакаў Ёсію і Ерамія ў песьні жалобнай; і гаварылі ўсе сьпевакі і сьпявачкі пра Ёсію ў жалобных песьнях сваіх, вядомых да сёньня, і перадалі іх на ўжытак у Ізраіля; і вось яны ўпісаны ў кнігу жалобных песьняў» (Другая Летапісаў 35:25).
Стомлены стары сядзіць, бясьсільна апусьціўшы адну руку, прыкрываючы твар іншай. Ерамію па традыцыі малявалі сумным, але Мікеланджэла зрабіў свайго прарока ўвасабленьнем смутку. Нельга без сардэчнага трапятаньня глядзець на гэтага скамянелага ў пакуце старца.
Прарок Ерамія. Мікеланджэла Буанароці (1475—1564). Фрэска столі (1508—1512). Сікстыская капэла, Ватыкан. Марка Аджману, выдадзеная ў 1970 годзе
Ерамія лічыць сябе пакліканым Богам «выкараняць і пустошыць, нішчыць і разбураць», і толькі затым зноў «ствараць і садзіць». Суворасьць яго прароцтваў, жахлівыя карціны разбурэньняў, бедзтваў і голаду, угатаваных Юдэі, выклікаюць да яго нянавісьць навакольных нават у яго родным горадзе. Ерамія горка наракае на адзіноту і асуджанасьць: «Гора мне, маці мая, што ты нарадзіла мяне чалавекам, які спрачаецца і сварыцца з усёю зямлёю! нікому не даваў я на ліхву, і мне ніхто не даваў на ліхву, а ўсе клянуць мяне» (Ерамія 15:10). Бывае, што ён прыходзіць у адчай: «Пракляты дзень, у які я нарадзіўся; дзень, у які нарадзіла мяне маці мая, хай ня будзе дабраславёны! Выкляты чалавек, які прынёс вестку бацьку майму і сказаў: „у цябе нарадзіўся сын“ і тым вельмі парадаваў яго» (Ерамія 20:14,15).
Сымфонія «Ерамія» на тэкст з Бібліі. Леанард Бэрнштэйн (1918—1990). Марка Ізраілю, выдадзеная ў 1995 годзе ў сэрыі «Габрэйскія музыкі»
На марцы бачым партрэт кампазытара і дэталь гравюры Густава Дарэ «Ерамія».
Нездарма яго называюць «плачучым прарокам». Ён плача і над сваёй доляй, хоць ён абранец Бога, і над лёсам свайго народу і Ерусаліму, аднак лічыць, што ня мае права адступіцца ад выкананьня ўскладзенай на яго Богам місіі.
Каля брамы Храма Ерамія выступае з палымянымі абвінавачваньнямі, не выключаючы нават цара, і ўсенародна аб'яўляе аб небясьпецы. Ерамія ўступае ў канфлікт з іншымі Прарокамі, якія не падзялялі яго поглядаў аб немінучай гібелі царства і Храма і аб іх аднаўленьні толькі пасьля таго, як народ, прыняўшы заслужаную кару, зьвернецца да пакаяньня.
«У чацьвёрты год Ёакіма, сына Ёсіінага, цара Юдэйскага, было такое слова Ерамію ад Госпада: вазьмі сабе кніжны скрутак і напішы на ім усе словы, якія Я казаў табе пра Ізраіля і пра Юду і пра ўсе народы з таго дня, як Я пачаў гаварыць табе, ад дзён Ёсіі – да гэтага дня; можа быць, дом Юдаў пачуе пра ўсе бедзтвы, якія Я думаю зрабіць ім, каб яны адвярнуліся кожны ад благога шляху свайго, каб Я дараваў няпраўду іхнюю і грэх іхні. І паклікаў Ерамія Варуха, сына Нірыі, і напісаў Варух у кніжны скрутак з вуснаў Ераміі ўсе словы Госпада, якія Ён казаў яму» (Ерамія 36:1—4).
Пачатковая літара з Кнігі Варуха. Марка пошты Люксэмбургу, выдадзеная ў 1983 годзе
Калі цару Ёакіму чыталі «словы Госпада» «цар адразаў іх пісцовым ножыкам і кідаў на агонь у жароўні, пакуль ня зьнішчаны быў увесь скрутак на агні, які быў у жароўні» (Ерамія 36:23). Цар і народ не пабаяліся засьцярогі Прарока і іх лёс быў вырашаны. Варух жа напісаў новы скрутак.
У 605 г. да Р. Х. Вавілонія авалодвае ўсёй тэрыторыяй Асырыйскай імпэрыі і становіцца самай магутнай дзяржавай на Блізкім Усходзе. Ерамія прыходзіць да перакананьня, што ўступіўшы на вавілонскі трон Навухаданосар II (605—562 да Р.Х.) зьяўляецца прыладай Божай кары. Ён прадказвае заваёву Ерусаліма Вавілоніяй.
У сьнежні 598 г. да Р. Х. Навухаданосар уварваўся ў Юдэю і асабіста вёў аблогу Ерусаліму. На другі дзень месяца адар-16 сакавіка 597 да Р. Х. Вавілонскі цар авалодаў Ерусалімам, захапіў у палон цара Ёакіма і паставіў царом яго дзядзьку Сэдэкію.
Вавілонскі цар Навухаданосар са сьвітай і палоннымі. Паштовая марка Баўгарыі з сэрыі Хроніка Канстанціна Манасіі (II) (другая палова XIV – XVI ст.), выпушчаная ў 1969 годзе
Юдэя заплаціла цяжкую кантрыбуцыю і павінна была выплачваць даніну. Вавіланяне захапілі скарбы царскага палаца і частку скарбаў і богаслужэбных прадметаў Іерусалімскага Храма. Цар Ёакім з сям'ёй, маці, набліжанымі і 10 тысячамі воінаў і рамесьнікаў быў дэпартаваны ў Вавілонію. «І сьсяліў увесь Ерусалім, і ўсіх князёў, і ўсё адважнае войска, – дзесяць тысяч было пераселеных, – і ўсіх цесьляроў і кавалёў; нікога не засталося, апрача беднага люду зямлі» (Чацьвёртая Царстваў 24:14).
Ерамія адпраўляе выгнаньнікам пасланьне, у якім абвяшчае аб будучым вызваленьні, але разам з тым раіць ім абжыцца ў Вавілоніі: «будуйце дамы і жывеце ў іх, і разводзьце сады і ежце плады зь іх; бярэце жонак і раджайце сыноў і дачок; і сынам сваім бярэце жонак і дачок сваіх аддавайце ў замужства, каб яны нараджалі сыноў і дачок, і множцеся там, а не змаляйцеся…» (Ерамія 29:5,6), так як выгнаньне будзе працяглым, Ерусалім будзе разбураны і тэрмін пакараньня вызначаны ў 70 гадоў.
Прыкладна 8 гадоў Юдэйскі цар Сэдэкія падпарадкаваўся вавіланянам, але затым, паспадзяваўшыся на дапамогу егіпецкага фараона падняў паўстаньне.
Увосень 589 года да Р. Х. Навухаданосар на чале свайго войска зьявіўся на мяжы Юдэі. Вавіланяне спустошылі Юдэю і 15 студзеня 588 года да Р. Х. аблажылі Ерусалім. Ерамія голасна заявіў, што сам Бог змагаецца за вавіланян. У самы разгар аблогі ён заклікаў народ і воінаў здацца ворагу. Нядзіўна, што ў вачах народа Ерамія здаваўся ворагам; ён быў кінуты спачатку ў цямніцу, а затым апушчаны ў сухі калодзеж. «А ў адзінаццаты год Сэдэкіі, у чацьвёртым месяцы, у дзявяты дзень месяца горад быў узяты» (Ерамія 39:2). «Зроблена была праломіна ў горад, і пабеглі ўсе ваенныя з горада ўначы праз браму, што была паміж дзьвюма сьценамі каля царовага саду, і пайшлі стэпавай дарогаю; а Халдэі былі вакол горада. Войска Халдэйскае пагналася за царом, і дагнала Сэдэкію на раўнінах Ерыхонскіх, і ўсё войска ягонае разьбеглася ад яго. І ўзялі цара і прывялі яго да цара Вавілонскага ў Рыўлу, у зямлі Эмат, дзе ён учыніў над ім суд. І закалоў цар Вавілонскі сыноў Сэдэкіі на вачах у яго, і ўсіх князёў Юдэйскіх закалоў у Рыўле; а Сэдэкію выкалаў вочы і загадаў закаваць яго ў медныя аковы; і завёў яго цар Вавілонскі ў Вавілон і пасадзіў яго ў дом варты да дня сьмерці яго» (Ерамія 52:7—11).
Пошта Беларусі ў сэрыі «Архітэктура старажытнай Беларусі» выпусьціла блёк на полі якога разьмешчаны фрагмэнт ілюстрацыі Тытульнага ліста 183 чацьвёртай Кнігі царстваў з Бібліі Скарыны «Навахуданосар цар Вавілонскі дабывае Ерусалім».
Архітэктура старажытнай Беларусі. Блёк пошты Беларусі, выдадзены ў 2005 годзе
Падчас паходу Навухаданосара на Юдэйскае царства ў 586 годзе да Р. Х. быў захоплены і разбураны Лахіш. «Тым часам войска цара Вавілонскага ваявала супроць Ерусаліму і супроць усіх гарадоў Юдэйскіх, якія яшчэ заставаліся, супроць Лахіса і Азэкі; бо з гарадоў Юдэйскіх толькі гэтыя заставаліся, як гарады ўмацаваныя» (Ерамія 34:7).
На марцы бачым гарадзішча Лахіш і астракон – гліняны чарапок з напісаным данясеньнем камандзіра.
Лахіш. Астракон (589 г. да Р.Х.). Марка Ізраілю, выдадзеная ў 2008 годзе
Праз месяц пасьля ўзяцьця Ерусаліма начальнік целаахоўнікаў Навузардан пачаў яго плянамернае разбурэньне: «і спаліў дом Гасподні і дом цара, і ўсе дамы ў Ерусаліме, і ўсе дамы вялікія спаліў агнём; і сьцены вакол Ерусаліма разбурыла войска Халдэйскае, якое было ў начальніка целаахоўцаў» (Чацьвёртая Царстваў 25:9,10). Маштабы разбурэньняў былі гэтак вялікія, што і праз 150 гадоў Нээмія не здолеў аднавіць усе гарадзкія кварталы і быў вымушаны частку іх пакінуць за межамі збудаванай ім гарадзкой сьцяны.
Правообладателям!
Это произведение, предположительно, находится в статусе 'public domain'. Если это не так и размещение материала нарушает чьи-либо права, то сообщите нам об этом.