Электронная библиотека » Лявон Карповіч » » онлайн чтение - страница 24


  • Текст добавлен: 28 сентября 2023, 19:22


Автор книги: Лявон Карповіч


Жанр: Историческая литература, Современная проза


Возрастные ограничения: +16

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 24 (всего у книги 27 страниц)

Шрифт:
- 100% +
Вавілонскі палон
Вавілон

І Вавілон, акраса царстваў, гонар Халдэяў, будзе зруйнаваны Богам, як Садома і Гамора… (Ісая 13:19)


У 78 вершах успамінаецца Вавілон у Бібліі. Але дзьвесьце гадоў таму навукоўцы сумняваліся, ці існаваў калі-небудзь у рэчаіснасьці Вавілон. Аднак, у 1898 г. Вавілон быў адкрыты і вернуты з небыцьця. Раскопкі, якія рабіліся нямецкім археолягам Робертам Ёганам Калдэвевым дазволілі аднавіць аблічча старажытнага горада і яго гісторыю. Археолягі даказалі, што першыя камяні ў яго падставы былі закладзены шумерамі і заснаваны Німродам, праўнукам Ноя (Быцьцё10:9,10), ў пачатку III тысячагодзьдзя да Р.Х., але сталіцай дзяржавы горад стаў у XVIII ст. да Р.Х.

На першай марцы: Руіны амфітэатру ў Вавілоне; Статуя Гудэя – кіраўніка Мэсапатамскай цывілізацыі (2141 па 2122 год да Р.Х.), прысьвечаная богу Нінгішыда. Люўр.

На другой марцы: Вароты багіні Іштар, 575 да Р.Х.; Кінжал, узяты з каралеўскіх могілак у Уры каля 2400 да Р.Х.

На трэцяй марцы: Зіггурат у Уры, 2400 да Р.Х.; Каралеўская гульня з Ура, 2600—2400 да Р.Х.

На чацьвёртай марцы: Шумерская мазаіка – леў на варотах Вавілону; Адміністрацыйны пляншэт з цыліндрычнай пячаткай, якая паказвае мужчынскую постаць, паляўнічых сабак, дзікоў. 3100—2900 да Р. Х. Блізкі Усход, Мэсапатамія;

На полі блёку: карта Мэсапатаміі і рака Еўфрат; Зігурат у Уры, 2100 да Р.Х., Мэсапатамская Стэла з сьвятаром бога Шара Ушумгалам, 2900—2600 да Р.Х.


Старажытныя Мэсапатамскія цывілізацыі. Блёк пошты Цэнтральна – Афрыканскай Рэспублікі, выдадзены ў 2012 годзе


Цяпер мы ведаем, што Вавілон – старажытны горад у Паўднёвай Мэсапатаміі – быў адным з першых гарадоў у сьвеце. Пры цары Хамурапі (1792 – 1750 да Р.Х.) Вавілон ператварыўся ў найбуйнейшы палітычны і культурны цэнтр усёй пярэдняй Азіі. Археолягі знайшлі яго назву на многіх надпісах і таблічках. Праз паўтары сотні гадоў пасьля Хамурапі Вавілонская дынастыя пала. Вавілон зноў падняўся ў XIII – XI да Р. Х. Ён змагаецца супраць новых магутных ворагаў: Асырыі і Элама, неаднаразова атрымлівае страшнае спусташэньне, зьнемагае, нарэшце, трапляе ў VIII да Р.Х. пад уладу асырыйцаў. У 612 годзе да Р.Х. на Асырыю напалі суседзі – Вавілон і Мідыя, – і панаваньню Асырыі быў пакладзены канец. Пачаўся новы пэрыяд уздыму Вавілона.


Цар Хамурапі (зьлева) і сонечны бог Шамаш (рэльеф верхняй часткі слупа Зводу Законаў), Люўр. Марка пошты Іраку, выдадзеная ў 2019 годзе


У 626 да Р.Х. ён становіцца сталіцай Вавілонскай імпэрыі. Вавілон дасягае піка свайго росквіту ў часы праўленьня Навухаданосара II, стаўшы цудам старажытнага сьвету.


Вавілон. Марка пошты Іраку, выданая ў 2019 годзе з нагоды ўключэньня Вавілону ў Сьпіс ЮНЭСКА


Горад стаў магутнай крэпасьцю, акружанай некалькімі радамі сьцен 26 мэтраў у шырыню і 62 мэтры ў вышыню і 18 км у акружнасьці, празь які працякала рака Еўфрат. Назва горада стала сымбалізаваць усю імпэрыю. У пэрыяд праўленьня Навухаданосара тысячагадовы Вавілон ператварыўся ў найбуйнейшы горад старажытнага Усходу з насельніцтвам каля двухсот тысяч чалавек. Вавілон набыў цудоўны выгляд. Вонкавая цагляная абліцоўка будынкаў была пакрытая глазурай і размаляваная ў розныя колеры. Вонкавыя сьцены былі жоўтыя, вароты – блакітныя, палацы – ружова – чырвоныя, а храмы – белыя з залатымі купаламі. Па загадзе цара было ўзьведзена мноства новых збудаваньняў; тры зь іх сталі сапраўды легендарнымі: Вісячыя сады Семіраміды, Зіккурат Этэменанкі («Вавілонская вежа») і Вароты Іштар, з вядучай да іх дарогай для працэсій. Апошні помнік дайшоў да нас калі не ў арыгінале, то ў выглядзе, дастаткова да яго блізкім, убачыць яго можна ў Пэргамскім музэі Бэрліна.


Вісячыя сады Семіраміды. Марка пошты Малі, выдадзеная ў 1997 годзе


«Вісячыя сады Вавілона» – адно з сямі цудаў старажытнага сьвету. Яны былі пабудаваны царом для сваёй жонкі, як успамін аб яе радзіме. Сады на фундамэнце з арачнымі зводамі і падымаліся ўвышыню на 75 мэтраў.

На другі пляне відаць храм бога Мардука і Зіккурат (Вавілонская вежа). Першы зікурат на месцы Этэменанкі быў узьведзены яшчэ ў часы цара Хамурапі. Пры Навухаданосары II грандыёзнае будаўніцтва было завершана. Як сьведчаць клінапісныя таблічкі, цар сам удзельнічаў у будаўніцтве вежы, падымаючы наверх кошыка з цаглінамі.

Вежа падымалася гіганцкімі тэрасамі, пастаўленымі адна на адну; чым вышэй, тым памер паверха быў меншы. Шырыня ніжняга паверха складала 90 мэтраў, агульная вышыня Зіккурата таксама была роўная 90 мэтрам. Каля Зіккурата разьмяшчаўся галоўны храм бога Мардука, дзе стаяла яго залатая статуя вагою больш за 20 тон. Сюды сьцякаліся тысячы людзей для пакланеньня свайму вярхоўнаму боству.


Вісячыя сады Семіраміды. Гравюра 16-га стагодзьдзя Марціна Хэмскерка (1498—1574). Марка пошты Кубы з сэрыі Сем цудаў Старажытнага сьвету, выданая ў 1997 годзе


Будынак парлямэнту Эўрапейскага зьвязу ў Страсбургу спэцыяльна распрацаваны, як копія Вавілонскай вежы. Пасьля таго, як праект выйграў конкурс, у 1995 годзе пачалося будаўніцтва. Падчас узьвядзеньня комплексу тут знаходзілася самая вялікая будоўля ў сьвеце! На марцы будынак парлямэнту Эўрапейскага зьвязу на заднім пляне.


Марка пошты Вэнгрыі, выдадзеная ў 2004 годзе з нагоды ўступленьня ў Эўразьвяз


Сьцены Вавілону былі абліцаваныя паясамі фрэсак з блакітных і зялёных паліваных плітак, арнамэнтам і шматлікімі фігурамі львоў, газэляў, драконаў і воінаў са зброяй у руках.


Вароты багіні Іштар. Рэканструкцыя. VI стагоддзе да Р. Х. Пэргамскі музэй, Бэрлін. Картмаксімум пошты Германіі, выдадзены ў 2013 годзе


Найбольш багатае дэкаратыўнае аздабленьне мелі двайныя вароты багіні каханьня і ўрадлівасьці Іштар, разьмешчаныя ў паўночнай частцы горада паміж царскім палацам і храмам Нін-Мах. Вышыня варот – 26 мэтраў. Зьверху данізу яны пакрытыя блакітнымі, сінімі і зялёнымі паліванымі пліткамі. Быкі і цмокі, сымбалі бога Мардука, упрыгожвалі вароты.

Сьвятой жывёлай і сымбалям Мардука зьяўляўся сірруш – цмок, які меў галаву зьмяі з раздвоеным языком на тонкай выгнутай шыі, лускаватае цела, ільвіныя пярэднія і арліныя заднія ногі і хвост з атрутным джалам скарпіёна. Мардук быў галоўным богам і заступнікам Вавілона, менавіта яму былі прысьвечаныя храмы, якія стаялі ля падножжа і на вяршыні «Вавілонскай вежы».


Цмок (сірруш, мушруш) з варот багіні Іштар (эмаляваная цэгла). VI стагодзьдзе да Р. Х. Пэргамскі музэй, Бэрлін. Марка пошты Германскай Дэмакратычнай Рэспублікай, выдадзеная ў 1997 годзе


Старажытны Вавілон быў цэнтрам перадавой навукі, мастацтва, культуры і індустрыі. Гліняная таблічка, якая захоўваецца ў Брытанскім музэі, зьяўляецца адзінай вядомай захаванай картай з VI стагодзьдзя да Р.Х., дзе ў цэнтры сьвету нанесены тры краіны – Вавілон, Асырыя і Армэнія. Справа на марцы графічны малюнак карты: зорка, якая складаецца з цэнтральнага круга і навакольных трыкутнікаў на фоне сучаснай карты і варот багіні Іштар.


Вавілонская карта сьвету (6 ст. да Р.Х.). Марка пошты Армэніі, выдадзеная ў 2016 годзе


У той жа час Вавілон – гэта біблейскі сымбаль распусты і заганы. Таму ў Кнізе Ісаі запісана: «І Вавілон, акраса царстваў, гонар Халдэяў, будзе зруйнаваны Богам, як Садома і Гамора…» (Ісая 13:19). Прароцтва спраўдзілася. 29 кастрычніка 539 г. да Р.Х. у горад уступіў Пэрсыдзкі цар Кір.


Пэрсыдзкі воін. Барэльеф з Персепаля. Сумесны выпуск Ірану і Мэксыкі. Марка, выдадзеная ў 2016 годзе


Вавілонія ўвайшла ў склад дзяржавы Ахеменідаў. «Упаў Вавілон, горад вялікі, бо ён шалёным віном распусты свае напаіў усе народы» (Адкрыцьцё 14:8).

Над рэкамі Вавілона, там сядзелі і плакалі мы…

Калі забуду цябе, Ерусаліме, хай забудзе мяне правіца мая… (Псалтыр 137:5)


Паўночнае габрэйскія царства або царства Ізраільскае загінула пад ударамі Асырыі ў 722 годзе да Р. Х. Тады былі выведзеныя ў палон дзясяткі тысяч Ізраільцян і расьселеныя ў аддаленых абласьцях Асырыйскай імпэрыі. А праз сто з невялікім гадоў тая ж доля спасьцігла Юдэю. Навухаданосар, разбурыўшы ў 586 г. да Р. Х. Ерусалім, зладзіў некалькі перасяленьняў непакорлівых габрэяў. Ён адвёў у Вавілон усіх жыхароў Юдэі, якія займалі больш ці менш значнае грамадзкае становішча, пакінуўшы толькі частку ніжэйшых клясаў народа для апрацоўкі зямлі.

Першае перасяленьне адбылося ў 597 г. да Р. Х. Вавілонскі палон працягваўся ад гэтай даты да дазволу выгнаньнікам вярнуцца, якое даў у 537 г. да Р. Х. Кір.

Абыходжаньне з выгнаньнікамі ў Вавілоне не было суровым, некаторыя зь іх дасягнулі там не толькі багацьця, але і высокага грамадзкага становішча. Але гэта жыцьцё адбывалася ва ўмовах чужой веры, культуры і звычаяў, ужываньня іншай мовы, другімі былі паводзіны і праца. Падзеньне Юдэйскага царства, разбурэньне Храма, немагчымасьць зьдзяйсьняць малітвы ў традыцыйных формах, цяжкае становішча асобных выгнаньнікаў, насьмешкі і пыха пераможцаў, – усё гэта моцна дзейнічала на габрэяў, бо яшчэ былі жывыя ўспаміны пра бляск ранейшага Ерусаліма і службу ў Храме. Гэта народнае гора знайшло сабе выраз у многіх псальмах, Плачы Ераміі, прароцтвах Езэкііля.


Над рэкамі Вавілона (1910). Ліліен (1874—1925). Марка пошты Ізраілю, выдадзеная ў 1977 годзе


На прывесцы маркі цытата: «Над рэкамі Вавілона, там сядзелі і плакалі мы, калі згадвалі пра Сіён. На вербах пасярод яго павесілі мы свае арфы» (Псалтыр 137:1,2).

Аб пануючых настроях сьведчыць знакамітая Псальма: «Над рэкамі Вавілона, там сядзелі і плакалі мы, калі згадвалі пра Сіён. На вербах пасярод яго павесілі мы свае арфы. А тыя, што нас паланілі, песьняў ад нас патрабавалі, а нашыя прыгнятальнікі – весялосьці: „пасьпявайце нам зь песьняў Сіёна“. Як нам сьпяваць Гасподнюю песьню на чужынскай зямлі? Калі забуду цябе, Ерусаліме, хай забудзе мяне правіца мая; хай прыліпне язык мой да паднябеньня, калі помніць цябе я ня буду, калі не пастаўлю Ерусаліма на чале весялосьці маёй» (Псалтыр 137:1—6).

«Va, pensiero» (Ляці, думка) – хор з трэцяга акта опэры «Набука» (1842) Джузэпэ Вердзі, найбольш вядомы музычны фрагмэнт гэтай опэры як «Хор рабоў-габрэяў». Словы «Va, pensiero» належаць Тэмістоклу Салеры – аўтару лібрэта «Набука», але зьяўляюцца парафразам Біблейскага Псальма 137 «На рэках Вавілонскіх». Выканаўцы «Va, pensiero» прадстаўляюць габрэйскіх выгнаньнікаў, якія плачуць у Вавілонскім палоне па страчанай Радзіме і разбураным Першым Храме.


«Va, pensiero» – хор з трэцяга акта опэры «Набука» (1842) Джузэпэ Вердзі. Марка пошты Сан Марына, выдадзеная ў 2001 годзе


Ляці, думка, на залатых крылах;

ляці, адпачываючы на горах і пагорках,

туды, дзе паветра напоены цяплом і пяшчотай,

салодасным водарам роднай зямлі!

Будуць вітаць берагі Ярдана,

разбураныя вежы Сіёна…

О, выдатная страчаная радзіма!

Дарагія, ракавыя ўспаміны!

Залатая арфа старажытных прарокаў,

чаму, нямая, ты вісіш на вярбе?

Абудзі памяць у сэрцы,

раскажы аб мінулым часе!

Хай прагучыць твой стогн,

гэтак жа горкі, як лёс Ерусаліма,

хай Гасподзь агучыць табе мэлодыю,

якая дасьць нам сілы пакутаваць!

З іншага боку, аднак, Вавілонскі палон было пэрыядам нацыянальнага і рэлігійнага адраджэньня габрэйскага народу. Сутыкненьне з пераможным паганствам, якое выраджалася ўзмацніла нацыянальнае і рэлігійнае пачуцьцё, народ з натхненьнем прыслухоўваўся да прадказаньняў і суцяшэньняў прарокаў, уплыў якіх узрастаў; іх рэлігійныя гледжаньні зрабіліся здабыткам усяго народу.


Кніжнік. Барэльеф. Барыс (Барух) Шац (1862—1932). Марка пошты Ізраілю, выдадзеная ў 1977 годзе


Каб адзначыць пэрыяд абуджэньня яўрэйскай нацыі для аднаўленьня Абяцанай зямлі, Ліліен распрацаваў для Пятага сіянісцкага кангрэса ў 1901 г. малюнак, які сымбалізуе палон са сваімі марамі пра вяртаньне на радзіму. Анёл Надзеі заклікае ўзьняць вочы і паглядзець у будучыню. Сонца сьвеціць на абуджанай Сьвятой Зямлі, якую габрэй сваёй працай вызваліў ад путаў мінулага. На прывесцы верш з штодзённай ранішняй малітвы: «… і хай нашы вочы ўбачаць, калі ты вернешся на Сіён у спагадзе».

Падчас палону вельмі важным было захаваньне традыцый рэлігійных, якія да гэтага часу ў большасьці перадаваліся вусна «людзьмі Кнігі» – настаўнікамі і мудрацамі. Палон быў для іх вельмі небясьпечным, а сьмерць кожнага з іх была вялікай стратай. У гэтых умовах зьявіліся першыя Сьвятыя Кнігі, якія ўвайшлі ў склад канону Сьвятога пісьма. Першым зборам стала Тора – першыя пяць кніг Старога Запавету, вядомых як Пяцікніжжа Майсея. Запісвалі таксама вучэньне Вялікіх Прарокаў – Ісаі, Ераміі, Езекііля, другіх Прарокаў.


Кніжнік. Барэльеф. Барыс (Барух) Шац (1862—1932). Марка пошты Ізраілю, выдадзеная ў 1977 годзе


Марка Ізраіля паказвае барэльеф Барыса Шаца з відарысам кніжніка. Як бы ўслухоўваецца ён у нябачны голас, старанна запісваючы тэкст, які паўтарае шэптам. Старанна хаваныя і перапісваныя, Кнігі прыпаміналі аба ўсім, што зрабіў Бог, а таксама аб нявер’і, заахвочваючы, каб больш ніколі яно не паўтарылася. А калі людзкая слабасьць станавілася большаю за добрую волю, чытаньне Сьвятых Кніг ставала заклікам і абавязкам да павяртаньня і да вернасьці Богу.


Над рэкамі Вавілона (1910). Ліліен (1874—1925). Марка фірмы Рохлін, выдадзеная ў 1937 годзе


Усьведамленьне неабходнасьці захаваньня традыцый зрабіла магчымым малітоўныя і-шырэй-богаслужбовыя сходы, незалежныя ні ад якіх алтароў, нават ад Іерусалімскага Храма. Так у палоне зьявіліся першыя сынагагальныя сходы, дзе, вядома, не зьдзяйсьнялася ніякіх ахвярапрынашэньняў, але была магчымая агульная малітва, пропаведзь і чытаньне сьвятых тэкстаў, першым і самым раньнім зь якіх стала Тора. Так ва ўлоньні яхвізму зарадзілася новая рэлігія-юдаізм, якой было наканавана перажыць сваю калыску. Менавіта сынагога стала той формай, якая дазволіла канчаткова сфармавацца народу-суполцы, і менавіта яна зрабіла духоўна магчымым вяртаньне габрэяў на зямлю сваіх бацькоў.

Дэклярацыя Незалежнасьці і Аднаўленьне Храма
Вяртаньне з палону

…і весялосьць Ерусаліма далёка было чуваць. (Нээмія 12:43).


У 586 годзе да Р.Х. цар Вавілонскі Навухаданосар заваяваў горад Ерусалім, разбурыў Храм і адправіў многіх жыхароў Юдэі ў выгнаньне. Канца палону не было відаць, але пасьля аб'яднаньня Пэрсыдзкага і Мідыйскага царстваў пад уладай цара Кіра ІІ, ён у 539 годзе да Р.Х. падпарадкаваў Вавілонскую імпэрыю.

Неўзабаве пасьля гэтага ў 538 г. да Р.Х. цар Кір апублікаваў Дэклярацыю, зьмест якой захаваўся ў Кнізе Эзры: «У першы год Кіра, цара Пэрсыдзкага, дзеля выкананьня слова Гасподняга з вуснаў Ераміі, абудзіў Гасподзь дух Кіра, цара Пэрсыдзкага; і ён загадаў абвясьціць па ўсім царстве сваім, словамі і пісьмова. Так кажа Кір, цар Пэрсыдзкі: усе царствы зямлі даў мне Гасподзь Бог нябесны, і Ён загадаў мне пабудаваць Яму дом у Ерусаліме, што ў Юдэі. Хто ёсьць з вас, з усяго народу Яго, – хай будзе Бог яго зь ім, – і хай ён ідзе ў Ерусалім, што ў Юдэі, і будуе дом Госпада Бога Ізраілевага, таго Бога, Які ў Ерусаліме» (Эздра 1:1—3).

Многія сучасныя дасьледчыкі Бібліі скептычна ставіліся да фармулёвак Дэклярацыі, апісаных у Кнізе Эзры. Яны сьцьвярджалі, што неверагодна, каб Пэрсыдзкі цар прыняў Дэклярацыю на іўрыце альбо заявіў, што выступае ў ролі пасла Бога Ізраіля.

Але, пры археалягічных раскопках, праведзеных у старажытным горадзе Вавілоне ў 1879 годзе, быў знойдзены гліняны цыліндар з доўгім тэкстам. Зьмест тэксту – гэта зварот цара Кірам да вавіланян, у якім ён заявіў, што дзейнічаў ад імя вавілонскага бога Мардука. «Я, Кір, Вавілонскі цар… Вялікі Пан Мардук… дабраславіў мяне… і я пабудаваў для іх пастаянны храм. Сабраў усіх іх жыхароў і аднавіў месца жыхарства».


Цыліндар Кіра. Брытанскі музэй. Марка пошты Ізраілю, выдадзеная ў 2015 годзе


Прынцэса Ашраф Пехлеві падарыла ААН копію гэтага цыліндру. Копія выстаўленая ў ААН з перакладам на ўсе шэсьць афіцыйных моў ААН. Дэклярацыю Кіра называюць першай Хартыяй правоў чалавека. Яе пасланьне аб правах чалавека зноў гучыць ва ўсім сьвеце.

Гэта археалягічнае адкрыцьцё ўзмацніла думку пра тое, што Кір выказваў прыхільнасьць і падтрымку ўсім народам, якія знаходзіліся пад яго ўладай, і што Дэклярацыя, якая зьявілася ў Бібліі, была дакладным адлюстраваньнем гісторыі. Пасьля Дэклярацыі Кіра некаторыя з вавілонскіх палонных вярнуліся ў Ерусалім, аднавілі Храм і заснавалі аўтаномную габрэйскую правінцыю пад назвай Егуд Медыната. На ўкладцы маркі прадстаўлены манэты, адчаканеныя ў гэтай аўтаномнай правінцыі ў сярэдзіне 4 стагодзьдзя да Р.Х., падчас Пэрсыдзкага праўленьня. На пярэдняй частцы манэты выгравіравана лілея, на адваротным баку – шыракакрылы сокал, а таксама слова «Іегуд» на старажытным іўрыце і ўрывак з Кнігі Эзры: «Хто ёсьць з вас, з усяго народу… і хай ён ідзе ў Ерусалім» (Эздра 1:3).

У адрозьненьне ад папярэднікаў, Кір быў уладаром талерантным, дазваляючы падданым практыкаваць сваю рэлігію. Быў зацікаўлены ў разьвіцьці вялікіх камунікацыйных шляхоў, якія ў пэўным сэнсе захаваліся да сёньня.

У Кнізе Эздры пералічаны роды, якія вярнуліся. «Усё супольства разам складалася з сарака двух тысяч трохсот шасьцідзесяці чалавек, акрамя рабоў іхніх і рабыняў іхніх, якіх было сем тысяч трыста трыццаць сем; і пры іх сьпевакоў і пясьнярак дзьвесьце» (Эздра 2:63,64). У іх ліку былі Прарокі Агей і Захар, кіраўнік Зарававэль з роду цара Давіда, і першасьвятар Ісус. Але многія засталіся ў Пэрсыдзкіх краінах.

На марцы на пярэднім пляне крылатая жывёла з тварам чалавека (захоўваецца ў Музэі Тэгерану), знойдзеная пра раскопках Цэнтральнага палацу горада Пэрсэполіс, імпэрскай сталіцы Старажытнай Пэрсіі. На заднім пляне лесьвіца Цэнтральнага палаца з групамі пэрсыдзкай шляхты.


Пэрсэполіс. Марка пошты Індыі, выдадзеная ў памяць 2500 – годзьдзя Дэклярацыі Кіра Вялікага ў 1971 годзе


Пасьля вяртаньня ізраільцяне вырашылі адбудаваць разбураны Храм. «На другі год пасьля прыходу свайго да дома Божага ў Ерусалім, на другім месяцы Зарававэль, сын Салатыілаў, і Ісус, сын Ёсэдэкаў, і астатнія браты іхнія, сьвятары і лявіты, і ўсе прышлыя з палону ў Ерусалім паклалі пачатак і паставілі лявітаў ад дваццаці гадоў і вышэй дзеля нагляду за працаю пры доме Гасподнім» (Эздра 3:8). Але народы, якія пасяліліся там, дзе раней жылі ізраільцяне, ненавідзелі тых, хто вярнуўся з палону, і рабілі перашкоды пры пабудове Храму. Яны запалохвалі і вінавацілі габрэяў перад Пэрсыдзкім царом Камбізам ІІ.

Кіраваў пабудовай Зарававэль, які знаходзіцца ў сьпісе зямных продкаў Ісуса Хрыста. Фігуры ў люнэце па ўсёй бачнасьці малюнкі сем'яў, але сем'яў падзеленых, як у літаральным сэнсе – таблічкай з імёнамі продкаў Ісуса: Зарававэль, Авіуд, Эліякім, так і ў пераносным, прадстаўляючы сабой увесь спэктар чалавечых эмоцый.


Люнэт Зарававэля. Мікеланджэла Буанароці (1475—1564). Сыкстынская капэла. Маркі пошты Ватыкану, выдадзеныя ў 1991 годзе


Аднаўленьне храма прыпынілася амаль на 16 гадоў, і аднавілася толькі з ушэсьцем на трон цара Дарыя І (522—486 да Р. Х.).


Пэрсэполіс – цар Дарый на сваім троне. Марка пошты Ірану, выдадзеныя ў 1948 годзе


На другім годзе яго праўленьня ў 520 годзе Бог паслаў Прарока Аггея падбадзёрыць суграмадзян і заклікаць іх да працягу будаўніцтва. «І было слова Гасподняе праз Агея прарока…» (Агей 1:3). Агей прамаўляе перад Юдэямі чатыры пропаведзі, на працягу чатырох месяцаў. «Тады Агей, весьнік Гасподні, пасланы ад Госпада, сказаў люду: „Я з вамі! кажа Гасподзь“. І абудзіў Гасподзь дух Зарававэля, сына Салавіілевага, упраўцы Юдэі, і дух Ісуса, сына Ясэдэкавага, вялікага яўрэя, і дух усёй рэшты людзей – і яны прыйшлі і пачалі рабіць працу ў доме Госпада Саваофа, Бога свайго…» (Агей 1:13,14).

Праз два месяцы пасьля гэтага прыступіў да прароцкага служэньня Захарыя. Ён казаў народу аб неабходнасьці духоўнага абнаўленьня. Адкрываючы ім Божыя пляны пра будучыню Ізраілю, ён заклікаў іх аднавіць будаўніцтва Храму.


Прарок Захарыя. Дэталь. Мікеланджэла Буанароці (1475—1564). Сыкстынская капэла. Марка пошты Аджману, выдадзеныя ў 1972 годзе


«Таму так кажа Гасподзь: Я зьвяртаюся да Ерусаліма зь мілажалем; у ім пабудуецца дом Мой, кажа Гасподзь Саваоф, і землямерная вяроўка працягнецца па Ерусаліме. Яшчэ абвясьці і скажы: так кажа Гасподзь Саваоф: зноў перапаўняюцца гарады Мае дабром, і суцешыць Гасподзь Сіён і зноў выбера Ерусалім» (Захарыя 1:16,17).

Прарок Захарыя запэўнівае: «І было мне слова Гасподняе: рукі Зарававеля паклалі аснову Дому гэтаму; ягоныя рукі і закончаць яго, і даведаешся, што Гасподзь Саваоф паслаў Мяне да вас» (Захарыя 4:8,9).

Прарокі дасягнулі посьпеху: дзякуючы іх намаганьням габрэі завяршылі аднаўленьне Дому Божага ў 515 годзе да Р. Х. «І закончаны дом гэты да трэцяга дня месяца Адара, на шостым годзе валадараньня цара Дарыя. І ўчынілі сыны Ізраілевыя, сьвятары і лявіты і іншыя, што вярнуліся з палону, асьвячэньне гэтага дома Божага з радасьцю. (Эздра 6:15,16). Але гэты Храм значна саступаў, як па велічыні, так і па прыгажосьці Храму Саламона.


Сьвяты. Блёк пошты Ізраілю, выдадзеная ў 2013 годзе. Пэрсанальны выпуск


На полі блёку (спэцыяльны дэкаратыўны ліст з маркамі дванаццаці габрэйскіх сьвятаў) габрэі перад адбудаваным Храмам.

Адзін Ізраільцянін вярнуўся з Ерусаліма ў Пэрсію і расказаў габрэю Нээміі: «…пазасталыя, якія засталіся ад палону, там, у краіне сваёй, у вялікім бедзтве і ў прыніжэньні; і сьцяна Ерусаліма разбурана і брамы яго спалены агнём» (Нээмія 1:3). Нээмія быў чашнікам пры двары Пэрсыдзкага цара Артаксеркса I у Сузах. Пачуўшы гэта Нэемія плакаў, доўга пасьціўся і маліўся ў вялікім смутку, што заўважыў цар. На пытаньне цара Нээмія сказаў: «…хай жыве цар вавекі! Як ня быць засмучаным твару майму, калі горад, дом магіл бацькоў маіх, у запусьценьні, і брама яго спалена агнём!» (Нээмія 2:3).


Пэрсыдзкі лучнік. Дэкаратыўная панэль з палаца Дарыя I у Сузах. Марка пошты Ірану, выдадзеныя ў 1971 годзе


І дазволіў цар Артаксеркс Нэеміі пайсьці ў Ерусалім і даў, як піша Нээмія, «ліст да Асафа, ахоўцы царскіх лясоў, каб ён даў мне дрэва на браму крэпасьці, якая пры доме Божым, і на гарадзкую сьцяну, і на дом, у якім мне жыць. І даў мне цар, бо ж дабрадзейная рука Бога майго была над мною» (Нээмія 2:8).

Вярнуўшыся ў Ерусалім, Нээмія і ізраільцяне пачалі аднаўляць у Ерусаліме разбураныя сьцены і браму. Каб засцерагчы ад небяспекі будаўніцтва з боку ворагаў Нээмія ўзброіў будаўнікоў. «Будаўнікі сьцяны і насільшчыкі цяжару, якія накладвалі на іх, адною рукою рабілі працу, а другою трымалі дзіду» (Нээмія 4:17). Праца не спынялася ні днём, ні ноччу. «Сьцяна была закончана на дваццаць пятым дні месяца Элула, за пяцьдзесят два дні» (Нээмія 6:15).

Лесьвіца Хульды вяла да галоўнага ўваходу на Храмавую гару. У шырыню яны не менш за 65 мэтраў і сьведчаць пра дзясяткі тысяч паломнікаў, якія сьцякаліся ў Храм падчас Сьвята.

«Тое што я стаю цяпер на гэтай лесьвіцы для мяне важней, чым тое, што я хадзіў па Месяцы» казаў Ніл Армстранг.


Лесьвіца Хульды (Алдамфы) з часоў другога Храму. Марка пошты Ізраілю, выдадзеная ў 1976 годзе


На прывесцы маркі гліняны посуд, што выкарыстоўваўся ў Ерусаліме ў часы Другога Храму.

«Калі настаў сёмы месяц, і сыны Ізраілевыя жылі ў гарадах сваіх, тады сабраўся ўвесь народ, як адзін чалавек, на пляц, які перад Вадзяною брамаю, і сказалі кніжніку Эздру, каб ён прынёс Кнігу Закона Майсеевага, які запавядаў Гасподзь Ізраілю. І прынёс сьвятар Эздра Закон на сход мужчын і жанчын і ўсіх, якія маглі разумець, у першы дзень сёмага месяца; і чытаў зь яго на пляцы, які перад Вадзяною брамай, ад сьвітаньня да полудня, перад мужчынамі і жанчынамі і ўсімі, якія маглі разумець; і вушы ўсяго народу былі прыхілены да Кнігі Закона» (Нээмія 8:1—3).


Ём Кіпур. Малітва Коля Нідрэя. Марка пошты Ізраілю, выдадзеная ў 2012 годзе


Малітва Коля Нідрэя прамаўляецца ў сынагогах напярэдадні Сьвята Ём Кіпур. Ём-Кіпур («Дзень адкупленьня») – у юдаізме самае важнае са Сьвятаў, дзень посту, пакаяньня і адпушчэньня грахоў. Існуе вэрсія, што малітва Кол Нідрэй была напісана ў 8 стагодзьдзі і яе крыніцай зьяўляецца Вавілонскі Талмуд.

Масавая эміграцыя ірацкіх габрэяў 1951 па 1952 год – адна з самых кульмінацыйных падзей зыходу габрэяў з арабскіх і мусульманскіх краін – названа ў гонар Эзры і Нээміі, якія прывялі габрэйскі народ з выгнаньня з Вавілону.


Апэрацыя Эзры і Нээміі. Марка пошты Ізраілю, выдадзеная ў 1970 годзе


На прывесцы маркі тэкст: «…і весялосьць Ерусаліма далёка было чуваць» (Нээмія 12:43).


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 | Следующая
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Это произведение, предположительно, находится в статусе 'public domain'. Если это не так и размещение материала нарушает чьи-либо права, то сообщите нам об этом.


Популярные книги за неделю


Рекомендации