Автор книги: Лявон Карповіч
Жанр: Историческая литература, Современная проза
Возрастные ограничения: +16
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 22 (всего у книги 27 страниц)
Здаецца, што пасьля мікеланджэляўскага Ераміі ўжо немагчыма па-іншаму ўявіць сабе біблейскага пакутніка, але карціна Рэмбрандта «Ерамія аплаквае гібель Ерусаліма» (1630 г.) пераконвае нас у адваротным. Самотны, ахоплены горам старац сядзіць ля падножжа велічэзных, ахутаных дымам калён Ерусалімскага Храму. Фігура прарока дзеліць карціну на дзьве часткі, сьветлую і цёмную. Мы бачым не цёплае рэмбрандтаўскае сьвячэньне, якое адухоўвае матэрыю. Тут пагібельны, нядобры водбліск пажарышча, яшчэ больш безнадзейны, чым цемра, якая ахінае ніжнюю частку палатна.
Ерамія аплаквае гібель Ерусаліму (1630). Рэмбрант ван Рэйн (1606—1669). Амстэрдам, Рейксмузэум. Марка пошты Цэнтральна – Афрыканскай Рэспублікі, выдадзеная ў 1981 годзе
«Які асамотнены горад, людны калісьці! ён нібы аўдавеў; вялікі паміж народамі, уладца краін адрабляе даніну. Горка плача ён уначы, і сьлёзы яго па шчоках бягуць. Ня мае суцешніка сярод тых, што любілі яго; усе сябры яму здрадзілі, яму сталіся ворагамі. Юда ў выгнаньні, у цярпеньнях і ў цяжкай няволі, пасяліўся сярод язычнікаў, і не знаходзіць спакою сабе; усе, хто яго перасьледаваў, дагналі яго ў цясьнінах. Шляхі да Сіёна ў жалобе, не пасьпяшае ніхто на сьвята; усе апусьцелі брамы; сьвятары яго енчаць, дзяўчаты ягоныя ў смутку, горка й самому яму. Ворагі апанавалі яго, непрыяцелі шчасьцяцца ў дабрадзенстве, бо наслаў на яго Гасподзь бядоту за многія беззаконьні ягоныя; дзеці яго пайшлі ў палон паперадзе ворага» (Плач 1:1—5).
«Так кажа Гасподзь: голас чуцен у Раме, лямант і горкае галашэньне: Рахіль плача па дзецях сваіх і ня хоча суцешыцца ў дзецях сваіх, бо іх няма. (Ерамія 31:15).
Маці рэагуюць на забойства сваіх дзяцей салдатамі цара Ірада. Марка пошты Фарэрскіх выспаў, выдадзеная ў 2001 годзе
На марцы цытата (Паводле Мацьвея 2:18), які паўтарае словы Ераміі (Ерамія 31:15).
У той жа час Ерамія падкрэсьліваў, што гэта яшчэ не канец, не поўнае зьнішчэньне, што наступіць шчасьлівы час, калі Бог заключыць Новы Запавет з народам. Тады Законы будуць запісаныя не на скрыжалях, а ў сэрцы кожнага верніка. Ерамія першы з прарокаў кажа пра Новы Запавет. Нездарма на блёку з карцінай Рэмбрандта «Плач Ераміі» аўтар блёку разьмясьціў партрэты Апосталаў: Якава, Барталамея, Мацьвея і Пятра.
Ерамія аплаквае разбурэньне Ерусаліма. Рэмбрант ван Рэйн (1606—1669). Рейксмузэум, Амстэрдам. Блёк пошты Гаяны, выдадзены ў 2004 годзе
У супрацьлегласьць велічнай грознасьці выкрыцьцяў Ераміі яго прароцтвы суцяшэньня далікатныя і прасякнуты любоўю да свайго народу. Гэтыя прароцтвы і па гэты дзень застаюцца аднымі з лепшых узораў лірычнай паэзіі на іўрыце, а некаторыя вобразы гэтых прароцтваў – абяцаньне вяртаньня сыноў, якіх аплаквае прамаці Рахіль: «Так кажа Гасподзь; утрымай голас твой ад галашэньня і вочы твае ад сьлёз, бо ёсьць узнагарода за працу тваю, кажа Гасподзь, і вернуцца сыны твае ў межы свае» (Ерамія 31:16) і зварот Бога да Ізраіля, як да каханага: «Ці не дарагі ў Мяне сын Яфрэм? ці ня любае дзіця? бо, як толькі загавару пра яго, заўсёды зь любоўю ўспамінаю пра яго; нутроба Мая абураецца за яго; умілажалюся зь яго, кажа Гасподзь» (Ерамія 31:19), – сталі ў народзе знакамі надзеі на будучыню.
Вавілонскія заваёўнікі вызвалілі Ерамію з цямніцы і дазволілі яму застацца ў краіне. Аднак пасьля таго, як быў забіты Вавілонскі намесьнік Гадолія, прыхільнікі Ераміі з-за страху перад рэпрэсіямі зьбеглі ў Егіпет, забраўшы з сабою Прарока. Ўцекачы знайшлі прытулак ва ўсходняй частцы Егіпецкай дэльты; там былі вымаўленыя апошнія прароцтва Ераміі, запісаныя ў яго Кнізе (43:8—13; 44). Аб абставінах яго жыцьця і сьмерці ў Егіпце нічога не вядома.
Падвеска паўночнаафрыканская. Марка Ізраілю, выдадзеная ў 1973 годзе
Прайшоў час і суцяшальныя прароцтвы Ераміі спраўдзіліся. З усталяваньнем дзяржавы Ізраіль пераважная большасьць паўночнаафрыканскіх габрэяў пакінула свае дамы і эмігравала на сваю старажытную радзіму. Менавіта гэтай падзеі прысьвечана марка пошты Ізраілю. Паказана на ёй прыгожая падвеска, якую насілі ў краінах, адкуль прыйшлі. На прывесцы маркі напісаныя словы на габрэйскай і англійскай мовах з Кнігі Ераміі: «Хто расьсеяў Ізраіля, Той і зьбярэ яго…» (Ерамія 31:10). Іх далейшы працяг гучыць: «і будзе ахоўваць яго, як пастух статак свой».
Запаведзь Ераміі аб вяртаньні з палону зьмешчана на двух марках пошты Ізраіля, выданых з нагоды пяцідзесяцігодзьдзя Дэклярацыі Бальфура. Бальфур – брытанскі міністар спраў загранічных, які ў 1917 годзе выдаў афіцыяльны ліст, дэкляруючы падтрымку Вялікай Брытаніі ў справе стварэньня ў Палестыне Ізраільскай Дзяржавы.
Першы прэзыдэнт Ізраіля Хаім Вэйцман (1874—1952). Марка Ізраілю, выдадзеная ў 1967 годзе
На адной марцы бачым партрэт першага прэзыдэнта Ізраілю Хаіма Вэйцмана (1894—1952), на другой – падабенства лорда Бальфура.
На прывесках марак знаходзяцца словы «і вернуцца сыны твае ў межы свае» (Ерамія 31:16).
Поўны тэкст верша наступны: «Так кажа Гасподзь; утрымай голас твой ад галашэньня і вочы твае ад сьлёз, бо ёсьць узнагарода за працу тваю, кажа Гасподзь, і вернуцца сыны твае ў межы свае» (Ерамія 31:16).
Лорд Бальфур (1848—1930). Марка Ізраілю, выдадзеная ў 1967 годзе
У Шатляндыі існуе легенда пра Камень лёсу.
Трон з Каменем лёсу. Спэцыяльная марка Каралеўскай пошты Вялікабрытаніі, выдадзеная ў 1970 годзе з нагоды юбілею дэклярацыя Арброта
У Эдынбургзкім замку сярод іншых рэліквій і каранацыйных рэгалій шатляндзкіх каралёў знаходзіцца Камень Запавету, званы таксама «падушкай Якава, які Якаў паклаў сабе ў падгалоўе і ўбачыў у сьне лесьвіцу з неба.
Традыцыя абвяшчае, што Прарок Ерамія прывёз Камень Запавету ў Ірляндыю разам з арфай Давіда і дачкой цара Седэкіі Фамар пасьля падзеньня Ерусаліма ў 534 годзе да Р. Х. Камень быў закладзены ў каралеўскі трон.
Царэўна Фамар выйшла замуж за Вярхоўнага караля Ірляндыі і з той пары на працягу цэлага тысячагодзьдзя ўся цырымонія каранацыі складалася ў пасадцы прэтэндэнта на гэты магічны камень.
Усе верылі ў Камень лёсу, у яго звышнатуральную здольнасьць адрозьніваць сапраўднага караля ад фальшывага, сумленнага ад ашуканца.
Прарок Езэкііль – «Вартаўнік дома Ізраілевага»
Ці будуць яны слухаць, альбо ня будуць, бо яны мяцежны дом; але няхай ведаюць, што быў Прарок сярод іх. (Езэкііль 2:5)
У жыцьці Прарока Езэкііля вельмі шмат дзівацтваў. Яго сьведчаньні парадаксальныя, яго жыцьцё незвычайнае, у яго апісаньнях вельмі шмат загадкавасьці.
Аднойчы Езэкііль бярэ звычайную цэглу і пасярод Юдэйскага паселішча насыпае вакол цэглы вал, устанаўлівае «сьценабітныя машыны» і «вядзе штурм»… Ён дэманструе аблогу Ерусаліму. Затым кладзецца на бок і ляжыць на ім, не ўстаючы і нікуды не сыходзячы, 390 дзён, а потым яшчэ 40 – на іншым баку. «…дзень за год, дзень за год» (Езэкііль 4:6) – такая будзе працягласьць палону ў Вавілоне. Пячы хлеб Гасподзь наказвае яму на каровіным памёце, бо настануць дні, у Ерусаліме, калі ня будзе добрага хлеба і людзям прыйдзецца есьці нячыстае.
Нарэшце Прарок брые галаву і бараду, а паголеныя валасы раскладвае на тры часткі: адну спальвае пасярод «горада», які ён збудаваў, іншую рассыпае вакол гэтага горада і сячэ нажом, а трэцюю разьвейвае па ветры, кажучы, што гэтак жа будзе і з жыхарамі Ерусаліма. Частка іх загіне ў горадзе, частка – у акрузе, а частка будзе расьсеяная сярод іншых народаў.
Вядома, з боку ўсё гэта выглядала як паводзіны вар'ята. Ці ёсьць гэтым паводзінам разумнае тлумачэньне?
Мікеланджэла намаляваў Езэкііля як прыстойнага старца ў прыгожым адзеньні, які горача некага ў нечым пераконвае, трымаючы ў левай руцэ скрутак, а правай – падаючы мнагазначны жэст.
Прарок Езэкііль (1508—1512). Мікеланджэла Буонароці (1475 – 1564). Фрэска. Сікстынская капэла, Ватыкан. Марка Цэнтральна – Афрыканскай Рэспублікі, выдадзеная ў 2011 годзе
«І гэтыя сыны з агрубелым абліччам і з жорсткім сэрцам, – да іх Я пасылаю цябе, і ты скажаш ім: так кажа Гасподзь Бог! Ці будуць яны слухаць, альбо ня будуць, бо яны мяцежны дом; але няхай ведаюць, што быў Прарок сярод іх» (Езэкііль 2:4,5). Езэкііль вельмі хоча, каб ня толькі слухалі, але каб пачулі і зразумелі. Ён становіцца голасам Госпада людзям, якія жывуць у цемры. Ён вартаўнік народа ў месцы выгнаньня. «Сыне чалавечы! Я паставіў цябе вартаўніком дому Ізраілевага, і ты будзеш слухаць слова з вуснаў Маіх і будзеш наводзіць іх на розум да Мяне» (Езэкііль 3:17). Езекііль пагаджаецца і дакладна выконвае ўказаньні Бога. Ён не спрачаецца, як Маісей, і не ўцякае, як Ёў.
Адзін з чатырох Вялікіх Прарокаў Езэкііль быў сучасьнікам Прарока Ераміі. Ён быў сярод узятых у палон у Вавілон у 579 годзе да Р. Х. Будучы ў палоне Вавілонскім, яшчэ да канчатковага разбурэньня царства Юдэйскага, ён быў прызваны Госпадам да прароцкага служэньня. «І я бачыў: і вось буйны вецер ішоў з поўначы, вялікая хмара і палымяны агонь, і зьзяньне вакол яго, а зь сярэдзіны яго як бы сьвятло полымя зь сярэдзіны агню; і зь сярэдзіны яго відаць было як бы падабенства чатырох жывёлін, – і такі быў выгляд у іх: аблічча ў іх было, як у чалавека; і ў кожнага чатыры твары, і ў кожнага зь іх чатыры крылы; а ногі ў іх простыя, і ступакі ног іхніх як ступак нагі ў цяляці, і зьзялі, як бліскучая медзь (і крылы ў іх лёгкія). І рукі чалавечыя былі пад крыламі ў іх, па чатырох баках іх; і твары ў іх і крылы ў іх – ва ўсіх чатырох; крылы ў іх прылягалі адно да аднаго; у час шэсьця свайго яны не азіраліся, а ішлі кожны перад сабою. Падабенства абліччаў іхніх – аблічча чалавека і аблічча ільва з правага боку ва ўсіх чатырох; а зь левага боку – аблічча цяляці ва ўсіх чатырох і аблічча арла ва ўсіх чатырох» (Езэкііль 1:4—10).
Зьмест карціны адпавядае Біблейскаму апісаньню гэтага бачаньня. Хрысьціянская традыцыя атаясамлівае чатырох крылатых стварэньняў сымбалямі чатырох Эвангелістаў: Марка, Яна, Мацьвея і Лукаша. Памер бачаньня кантрастуе з пэйзажам унізе і самім Езэкіілем, які намаляваны малюсенькім чалавечкам, выхапленым з ценю яркім промнем сьвятла ў левым ніжнім куце.
Бачаньне Прарока Езэкііля (1518). Рафаэль Санці (1483—1520). Галерэя Палацо Піцьці, Флярэнцыя. Блёк пошты Анцігуа і Барбуды, выдадзены ў 1983 годзе
Гэта бачаньне жывёл паўтараецца ў 4-й главе Апакаліпсісу: «І перад тронам мора шкляное, падобнае да крышталю; і пасярод трона і навокал трона чатыры жывыя істоты, поўныя вачэй сьпераду і ззаду: І першая жывая істота была падобная да льва, і другая жывая істота падобная да цяляці, і трэцяя жывая істота мела аблічча, як у чалавека, і чацьвёртая жывая істота, падобная да арла лятучага» (Адкрыцьцё 4:6,7).
Бачаньне Прарока Езэкііля (1518). Рафаэль Санці (1483—1520). Галерэя Палацо Піцці, Флярэнцыя. Марка пошты Мазамбіку, выдадзеная ў 2011 годзе
«І я глядзеў на жывёлін, – і вось, на зямлі каля гэтых жывёлін па адным коле перад чатырма іхнімі лапамі. Выгляд колаў і будова іхняя – як выгляд тапаза, і падабенства ва ўсіх чатырох – адно; і з выгляду іх і з будовы іх здавалася, быццам кола было ў коле» (Езэкііль 1:15,16). «Над галовамі ў жывёлін было падабенства скляпеньня, як выгляд дзівоснага крышталю, расхінутага зьверху над галовамі ў іх. А пад скляпеньнем прасьціраліся крылы іхнія проста адно да аднаго, і ў кожнага было два крылы, якія пакрывалі іх, у кожнага два крылы пакрывалі целы іхнія» (Езэкііль 1:22,23). Усё ўбачанае Езэкііль успрымае, як уяву «падабенства славы Гасподняй». Тэтраморфы сталі малявацца на іконах розных канфэсій.
Бачаньне Прарока Езэкііля (копія з Фрэскі Рафаэля) (1605—1608). Пітэр Паўль Рубенс (1577—1640). Флярэнцыя, Музей Хорн. Блёк пошты Сьера Леонэ, выдадзены ў 2015 годзе
Крылатае кола стала сымбалям у многіх праявах людзкога жыцьця, як прыклад руху беспамылковага, руху вакол вышэйшага дабра.
Крылатае кола. Марка Чылі, выдадзеная ў 1897 годзе
Галоўны грэх, у якім Гасподзь абвінавачвае Юдэяў вуснамі Езэкііля – ідалапаклонства, адступленьне ад самай першай запаведзі Старога Запавету: «хай ня будзе ў цябе іншых багоў перад абліччам Маім» (Выхад 20:3). Ідалапаклонства аказалася вельмі жывучым і існуе да нашага часу. Езэкііль падымае пытаньне пра ідалапаклонства, але не фармальным (аб гэтым казалі і да яго), а пра ідалаў у сэрцы. Дзякуючы такой пастаноўцы пытаньня гэтая тэма зьяўляецца да гэтага часу вельмі актуальнай.
Падзеньне залатога цяляці. Дэталь. Фернанд Алар’ер Олівэр (1883 – 1933). Паштовая марка Бэльгіі, выдадзеная ў 1994 годзе да стагодзьдзя Сацыялістычнага палітычнага маніфэсту Статута Куарэньёна.
Залатое цяля – бліскучая жывёла хістаецца на сваім пастамэнце, бо яе цягнуць за вяроўкі рабочыя з моцнымі рукамі і мускулістымі сьпінамі.
Стыхіра з службы Прароку абвяшчае: «О, Езэкііль, улюбёны Богам! Як пераймальнік Хрыстоў, ты цярпліва панёс на сабе цяжар чужога абавязку і, цяжка пакутуючы, адлюстраваў сабою выратаваньне сьвету, збавеньне і зьяву Бога праз хросныя пакуты».
Але калі надышла вестка пра гібель Ерусаліма, пропаведзь Прарока набывае новы кірунак. Ён заклікае народ да веры ў адраджэньне.
Бог Сам будзе свайму народу пастырам: «Бо так кажа Гасподзь Бог: вось Я Сам знайду авечак Маіх і агледжу іх. Як пастух правярае статак свой у той дзень, калі ён сярод статку свайго расьсеянага, так Я перагледжу авечак Маіх і вызвалю іх з усіх мясьцінаў, у якія яны былі расьсеяны ў дзень хмарны і змрочны. І выведу іх з народаў і зьбяру іх з краін, і прывяду іх у зямлю іхнюю і буду пасьвіць іх на горах Ізраілевых, каля патокаў і на ўсіх населеных мясьцінах зямлі гэтай» (Езэкііль 34:11—13).
Добры пастыр. Вітраж у царкве Сен-Мішэль-дзю-Вале. Картмаксімум пошты Гэрнсі, выдадзены ў 1973 годзе
Менавіта да гэтай тэмы зьвяртаецца Хрыстос у прыпавесьці пра Добрага Пастыра: «Я – Пастыр Добры: Пастыр Добры аддае жыцьцё сваё за авечкі…» (Паводле Яна 10:11).
Наступяць дні, калі будзе дадзена прабачэньне і Сьвятая зямля расквітнее, нібы сад Эдэмскі. Людзі не маглі паверыць у абяцаньне. Катастрофа 587 года здавалася непапраўнай: Сьвятая зямля адабрана, народ расьсеяны, дзяржава язычнікаў непераможная. І, галоўнае, Храма няма! Значыць Бог пакінуў свой народ. Ніякія зямныя разьлікі не маглі апраўдаць надзей на будучыню. Езэкііль пераконвае зьнявераны народ сваім наступным бачаньнем. Прароку паўстала поле, усеянае чалавечымі парэшткамі – даўно высахлымі косткамі.
Бачаньне Прарока Езэкііля. Скульптура. Ніжняя частка катэдры ў Саборы Цвіфальтэн, Германія. Ёган Ёзэф Крысьціян (1706—1777). Блёк пошты Замбіі, выдадзены ў 1997 годзе
Бог размаўляе зь Езэкіілем: «І сказаў мне: сыне чалавечы! ці ажывуць косьці гэтыя? Я сказаў: Госпадзе Божа! Ты ведаеш гэта. І сказаў мне: вымаві прароцтва на косьці гэтыя і скажы ім: «косьці сухія! слухайце слова Гасподняе!»» (Езэкііль 37:3,4). Па загадзе Бога Езэкііль кажа касьцям, што яны апрануцца зноў целам і дух зноў будзе ўкладзены ў іх. Ледзь прагучалі гэтыя словы, як пачуўся шум і косткі самі сабой сталі збліжацца і злучацца. «І я вымавіў прароцтва, як Ён загадаў мне, і ўвайшоў у іх дух, – і яны ажылі і сталі на ногі свае – досыць, вялікае полчышча. (Езэкііль 37:10). «І сказаў Ён мне: сыне чалавечы! косьці гэтыя – увесь дом Ізраілеў. Вось, яны кажуць: «высахлі косьці нашыя, і загінула надзея нашая: мы адарваныя ад кораня»» (Езэкііль 37:11).
Уваскрасеньне памерлых (1630). Дэталь. Кальянтэс, Франсіска (1599—1656). Музэй Прада. Марка пошты Тэркс і Кайкас, выдадзеная ў 1992 годзе
Уваскрасеньне памерлых…
Уваскрасеньне памерлых (1630). Дэталь. Кальянтэс, Франсіска (1599—1656). Музэй Прада. Марка пошты Тэркс і Кайкас, выдадзеная ў 1992 годзе
«Таму вымаві прароцтва і скажы ім: так кажа Гасподзь Бог: вось, я адчыню труны вашыя і выведу вас, народзе Мой, з трунаў вашых і ўвяду вас у зямлю Ізраілевую» (Езэкііль 37:12).
У дні дваццаціпяцігодзьдзя палону Дух Божы перанёс Прарока ў Ерусалім, ён бачыць ідэальны Град будучыні.
Бачаньне Іерусаліма Сьвяты Францішак у «Тэра Санта». Марка пошты Італіі, выдадзеная ў 1926 годзе
«А імя гораду з таго дня будзе: Гасподзь-там» (Езэкііль 48:35). «І горад ня мае патрэбы ні ў сонцы, ні ў месяцы на асьвятленьне сваё; бо слава Божая асьвятліла яго, і сьветач ягоны – Ягня» (Адкрыцьцё 21:23).
Слава Новаму Ерусаліму. Стэйсі Лі (1970). Марка фірмы ZAZZLE, US, выдадзеная ў 2014 годзе
«Я падзяляю свой шлях веры праз свае мастацкія творы і пісаньні, які натхняе іх. Усё, што я ствараю, – гэта сапраўды малітва альбо размова з Богам» Стэйсі Лі.
Народу, які ляжаў мёртвы ў нетрах Вавілону, Езэкііль нагадваў пра жыцьцё. Голас Бога дрыжыць голасам Езэкііля і грыміць і заклікае памерлых, забытых, пакінутых, закінутых. Гасподзь кліча дзяцей сваіх дамоў. Ён зьбірае іх у сваю любоў. Уласна гэтая думка стала зьместам маркі Ізраіля, прысьвечаная пешым пасяленцам на Сьвятой зямлі.
Араты. Марка пошты Ізраілю, выдадзеная ў 1976 годзе ў сэрыі «Піянэры»
На прывесцы маркі словы: «…і дам вам зямлю Ізраілевую» (Езэкііль 11:17).
Езэкііль прарочыў словамі Бога: «І будзеце жыць на зямлі, якую Я даў бацькам вашым, і будзеце Маім народам, і Я буду вашым Богам. І вызвалю вас ад усіх нечысьцяў вашых, і наклічу хлеб і памножу яго, і ня дам вам цярпець голад» (Езэкііль 36:28,29). Апошнія словы знайшлі месца на прывесцы маркі Ізраіля на габрэйскай і францускай мовах. Марка выдадзена з нагоды Сусьветнай кампаніі «Свабода ад голаду». На марцы сымбалічны малюнак далоні, якая прапануе ежу маленькай птушцы і надпіс на габрэйскай мове: «Не голаду».
Свабода ад голаду. Марка пошты Ізраілю, выдадзеная ў 1963 годзе
Больш за шэсьцьдзесят разоў Езэкііль у Кнізе Езэкііля выкарыстоўвае габрэйскае слова yadah (ведаць). Ведаць Бога. Для яго адна з прычын палону і ўсіх няшчасьцяў – гэта няведаньне народам свайго Бога. Гэта застаецца актуальным.
Прарок Данііл – Прарок прадказальнік і тлумач
…дух Божы ў табе і сьвятло і розум, і высокая мудрасьць выяўлена ў табе. (Данііл 5:1)
Юнацкія гады пры двары Навухаданосара
Прарок Данііл («бог мой судзьдзя») на ўсе гады стаў для габрэяў маральным аўтарытэтам, прыкладам паводзін у самых складаных і неспрыяльных абставінах.
У Вавілонскіх заваёўнікаў быў звычай, забіраць у заваяваных краінах у палон самых здольных юнакоў, але ў палоне забясьпечваць ім магчымасьць атрымаць найлепшую адукацыю, веды і ўменьні, авалодаць халдэйскай мовай (некалькі соцень знакаў), і самых здольных ставіць на кіруючыя пасады ў сваім царстве. Кадравая палітыка! Такі лёс спаткаў Данііла, які быў забраны ў палон у 7 ст. да Р. Х. Там яго чакала поўнае і жудасных і цудоўных падзей жыцьцё, там ён будзе займаць важныя пасады пры дварах некалькіх паганскіх цароў, але заставацца верным Адзінаму Богу і звычаям сваёй Радзімы.
Прарок Данііл. (1508—1512). Мікеланджэла Буанароці. Фрэска. Сікстынская капэла, Ватыкан, Рым. Картмаксімум пошты Ватыкану, выдадзены ў 2008 годзе
На фрэсцы прарок намаляваны прыгожым, золатавалосым юнаком. Ён сядзіць на мармуровых прыступках, на каленях у яго велізарны фаліянт, які падтрымлівае маленькі хлопчык. Данііл усім корпусам нахіліўся ў бок, адной рукой прытрымліваючы кнігу, а другою нешта запісваючы на драўляным пюпітры.
Пры двары Навухаданосара Даніілу даюць новае імя – Валтасар. «І цар гаварыў зь імі, і з усіх хлопчыкаў не знайшлося падобных на Данііла, Сэдраха, Місаха і Аўдэнага, і пачалі яны служыць перад царом. І ў кожнай справе мудрага ўразуменьня, пра што ні пытаўся ў іх цар, ён знаходзіў у іх дзесяць разоў вышэй за ўсіх чарадзеяў і заклінальнікаў, якія былі ва ўсім яго царстве» (Данііл 1:19,20). Разам з трыма іншымі юнакамі Данііл устрымліваецца ад нячыстай ежы з царскага стала, але цудоўным чынам атрымлівае прыгажосьць і цялеснае здароўе.
«І даў Бог чатыром гэтым падлеткам веданьне і разуменьне ўсякай кнігі і мудрасьці, а Даніілу яшчэ даў разумець і ўсякія ўявы і сны» (Данііл 1:17).
Незвычайны сон Навухаданосара
Аднойчы Навухаданосар (Навухаданосар II (605—562 да Р.Х.) – Вавілонскі цар) убачыў незвычайны сон, але, прачнуўшыся раніцай, забыўся яго зьмест. Ён склікаў усіх мудрацоў і загадаў ім нагадаць яго сон і растлумачыць яго значэньне. Але ніхто не мог гэтага зрабіць. Навухаданосар разгневаўся і хацеў пакараць сьмерцю мудрацоў, але Данііл запэўніў цара, што зможа выканаць яго загад. Праз некаторы час Данііл казаў цару: «Таямніцы, пра якую пытаецца цар, ня могуць адкрыць цару ні мудрацы, ні заклінальнікі, ні чарадзеі, ні вешчуны. Але ёсьць на нябёсах Бог, Які адкрывае таямніцы…» (Данііл 2:27,28).
Цару прысьніўся балван, у якога галава была Залатая, грудзі і плечы сярэбраныя, ніжняя частка цела ў яго была медная і ногі жалезныя, і ступні – уперамешку жалеза з глінай.
Навухаданосар. Блёк пошты Нігеру з сэрыі «Цуды сьвету. Вісячыя сады Вавілону», выдадзены ў 2012 годзе
Данііл тлумачыць, што гэта чатыры царствы, якія зьменяць адно на адно, але будуць разьбітыя. «І ў дні тых царстваў Бог Нябесны паставіць царства, якое вавек ня зруйнуецца, і царства гэтае ня будзе перададзена другому народу; яно струшчыць і разбурыць усе царствы, а самое будзе стаяць вечна, бо ты бачыў, што камень адарваўся ад гары сам, не рукамі, і струшчыў жалеза, медзь, гліну, срэбра і золата. Вялікі Бог даў знак цару, што станецца пасьля гэтага. І гэты сон пэўны, і разгадка яго правільная!» Тады цар Навухаданосар упаў на аблічча сваё і пакланіўся Даніілу і загадаў прынесьці яму дарункі і ўсякія пахошчы; і сказаў цар Даніілу: «сапраўды ваш Бог ёсьць Бог над багамі і Валадар над царамі, Які адкрывае таямніцы, калі ты здолеў адкрыць гэтую таямніцу!»» (Данііл 2:44—47). Але ўслаўленьне і прызнаньне перавагі Адзінага Бога над усімі астатнімі не прыводзіць Навухаданосар да адмовы ад сваіх багоў.
Тры юнакі ў вогненнай печы
Цар Навухаданосар робіць залатога ідала і загадвае ўсім пакланяцца яму. Але сябры Данііла Сэдрах, Місах і Аўдэнага адмовіліся, кажучы, што будуць пакланяцца Адзінаму Богу. За гэта яны павінны быць кінутыя ў распаленую печ. Але гэта не палохае юнакоў: «Бог наш, Якому мы служым, мае сілу ўратаваць нас ад распаленай вогненнай печы, і ад тваёй рукі, цару, выбавіць» (Данііл 3:17).
«Тады мужы гэтыя былі зьвязаны ў сваім споднім і верхнім адзеньні, у галаўных павязках і ў іншым убраньні і ўкінуты ў распаленую вогненную печ» (Данііл 3:21).
Тры юнакі ў вогненнай печы. Арнамэнт на саркафагу 5 ст. Музэі Ватыкану. Марка пошты Ватыкану, выдадзеная ў 1977 годзе
Але зьдзіўлены цар убачыў «чатырох мужоў нязьвязаных, якія ходзяць сярод агню, і шкоды ім няма; а чацьвёртага выглядам падобнага да сына Божага. Тады Навухаданосар падышоў да вусьця распаленай вогненнай печы, і сказаў: „Сэдрах, Місах і Аўдэнага, рабы Бога Ўсявышняга! выйдзіце і падыдзеце!“ Тады Сэдрах, Місах і Аўдэнага выйшлі зь сярэдзіны агню» (Данііл 3:25,26).
Вар’яцтва Навухаданосара
Наступны эпізод апавядае пра вар’яцтва Навухаданосара ў форме ўказа або ліста самога Навухаданосара, дзе ён кажа аб тым, што зь ім адбылося. Яму было нейкае бачаньне, сон, які ён не мог зразумець, і тады ён заклікаў Данііла, каб той яму патлумачыў.
У сьне цар бачыў велізарнае дрэва, пакрытае лісьцем, пад якім знаходзілася месца ўсякай птушцы і жывёле. Голас з нябёсаў загадвае сьсекчы гэтае дрэва і раскідаць плады, «але галоўны корань яго пакіньце ў зямлі, і няхай ён у кайданах жалезных і медных сярод польнай травы аброшваецца нябеснаю расою, і з жывёламі няхай будзе частка яго ў траве зямной. Сэрца чалавечае адымецца ў яго і дасца яму сэрца зьвярынае, і сем часінаў пройдуць над ім. Загадам Чувальнага гэта пастаноўлена, і паводле прыгавору Сьвятога назначана, каб ведалі жывыя, што Ўсявышні валадарыць над царствам чалавечым і дае яго, каму хоча, і становіць над ім нізкага зь людзей» (Данііл 4:12—14).
Данііл кажа цару: «Дрэва, якое ты бачыў, якое было вялікае і моцнае, вышынёю сваёю сягала да нябёсаў і відно было на ўсю зямлю, а лісьце было цудоўнае, і мноства пладоў і ежа на ўсіх, а пад ім жыла зьвярына польная і ў гольлі гнездаваліся птушкі нябесныя, гэта – ты, цару, які ўзьвялічаны і магутны, і веліч твая вырасла і сягнула да нябёсаў і ўлада твая – да краёў зямлі. А што цар бачыў Чувальнага і Сьвятога, Які сыходзіў зь нябёсаў і Які сказаў: сьсячэце дрэва і зьнішчыце яго, толькі галоўны корань яго пакіньце ў зямлі, і няхай ён у кайданах жалезных і медных сярод польнай травы арашаецца расою нябеснаю, і з польнай зьвярыною няхай будзе частка яго, пакуль ня пройдуць над ім сем часінаў, дык вось сутнасьць гэтага, цару, і вось вызначэньне Ўсявышняга, якое спасьцігне гаспадара майго, цара: цябе адлучаць ад людзей, і пражываньне тваё будзе з польнай зьвярыною; травою карміцьмуць цябе, як вала, расою нябеснаю ты будзеш аброшаны, і сем часінаў пройдзе над табою, пакуль уведаеш, што Ўсявышні валадарыць над царствам чалавечым і дае яго, каму хоча. А што загадана было пакінуць галоўны корань дрэва, гэта азначае, што царства тваё застанецца пры табе, калі ты спазнаеш над сабою ўладу нябесную. Таму, цару, хай будзе даспадобы табе парада мая: акупі грахі твае праўдаю і твае правіны мілажалем да бедных; вось, чым можа падоўжыцца мір твой»» (Данііл 4:17—24).
Апельсінавае дрэва. Марка пошты Іраку, выдадзеная ў 1959 годзе
Але цар не прыслухаўся да гэтых слоў. Праз год, абыходзячы свае раскошныя палацы, ён кажа: «Ці ня гэта велічны Вавілон, які пабудаваў я домам царства моцай маёй магутнасьці і на славу маёй велічы!» (Данііл 4:27).
Як толькі гэтыя словы былі вымаўленыя, спраўдзілася прароцтва Данііла. «Адлучаны быў ён ад людзей, еў траву, як вол, і аброшвалася цела ягонае расою нябеснаю, так што валасы ў яго вырасьлі як у льва, і пазногці яго – як у птушкі» (Данііл 4:30).
Навухаданосар. Уільям Блэйк (1757 – 1827). Mанатыпія. Музэй вытанчаных мастацтваў Бостана. Капэрта пошты Гішпаніі, выдадзеная ў 2013 годзе
Сем гадоў быў Навахуданосар у такім стане. «А як скончыліся тыя дні, я, Навухаданосар, узьвёў вочы мае да неба, і мой розум вярнуўся да мяне; і дабраславіў я Ўсявышняга, пахваліў і праславіў Вечнаіснага, валадарства Якога – валадарства вечнае і царства Якога – у роды і роды. І ўсе жывыя на зямлі ня значаць нічога; па волі Сваёй Ён чыніць як у нябесным войску, так і сярод жывых на зямлі, і няма нікога, хто мог бы ўсупрацівіцца Ягонай руцэ і сказаць Яму: што Ты зрабіў? У той час вярнуўся да мяне мой розум, і я вярнуўся да славы царства свайго, і вярнуліся да мяне самавітасьць і ранейшы мой выгляд; і знайшлі мяне мае радцы і вяльможы мае, і я быў зноў пастаўлены на царства маё, і веліч мая яшчэ больш узвысілася» (Данііл 4:31—33).
Навухаданосар у агні падае над вадаспадам (1966—1968). Артур Бойд (1920 – 1999). Марка пошты Аўстраліі, выдадзеная ў 1999 годзе
У сваім творы Артур Бойд хіба нагадаў пра Ікара, які занадта наблізіўся да сонца і ў полымі ўпаў на зямлю.
Трагічныя падзеі з жыцьця Навухаданосара сталі зьместам знакамітай опэры Джузэпэ Вердзі «Набука», або «Навухаданосар « (італ.: Nabucco).
«Набука» – опэра Джузэпэ Вердзі. Марка пошты Ізраілю, выдадзеная ў 2013 годзе
На марцы прадстаўлены партрэт Вердзі на фоне Масады, дзе адбываецца опэрны фэстываль ізраільскай опэры. На калясьніцы Абігайль, прыёмная дачка Набука, цара Вавілонскага, якая плянуе адабраць трон у бацькі і пакараць сьмерцю ўсіх палонных габрэяў.
Валтасараў баль
Наступная гісторыя, зьвязаная зь імем Данііла, узбагаціла літаратуру і выяўленчае мастацтва захапляльным сюжэтам, вядомым як «Валтасараў баль».
Апошні Вавілонскі цар Валтасар учыніў баляваньне, на якім пасілкі сталі падаваць у посудзе, захопленым у Іерусалімскім храме.
Раптам у разгар весялосьці таямнічая рука накрэсьліла на сьцяне незразумелыя словы. Іх змог вытлумачыць толькі Данііл, які прадказаў хуткую гібель Вавілонскага царства. Увесь драматызм той хвіліны, калі на сьцяне з’яўляецца надпіс, па-майстэрску перадаў Рэмбрант у карціне «Валтасараў баль» (1635 г.).
Баль Валтасара (1635). Рэмбрант (1606 -1669). Нацыянальная галерэя. Лёндан. Картмаксімум пошты Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, выдадзены ў 1987 годзе
Карціна прасякнутая адчуваньнем надыходзячай катастрофы. Пахіліўся каштоўны посуд з зьняважанага Храму; нібы абараняючыся, бездапаможна выставіў наперад руку раскошна апрануты, але ўжо бясьсільны і варты жалю Валтасар. Ад напісанага на старажытнагабрэйскай мове прамяністага надпісу зыходзіць невядомая пагроза, і госьці ў жаху адхінаюцца ад яго. «Цар Валтасар над меру ўстрывожыўся, і выгляд ягонага твару зьмяніўся, і вяльможы ягоныя сумеліся» (Данііл 5:9).
Зноў ніхто ня змог расшыфраваць таямнічы надпіс. Паклікалі Данііла і ён сказаў: ты «узьнёсься супроць Госпада нябёсаў, і посуд храма Яго прынесьлі табе, і ты і твае вяльможы і наложніцы твае пілі зь яго віно, і ты славіў багоў срэбраных і залатых, медных, жалезных, драўляных і каменных, якія ня бачаць, і ня чуюць, і не разумеюць; а Бога, у руцэ ў Якога душа твая і ў Якога твае ўсе шляхі, ты не праславіў. За гэта і паслана ад Яго пясьць рукі, і накрэсьлена гэта пісаньне.
І вось што накрэсьлена: мэнэ, мэнэ, тэкэл, упарсін. Вось і разгадка слоў: мэнэ – вылічыў Бог царства тваё і паклаў канец яму; тэкэл – ты ўзважаны на вагах і важыш вельмі мала; пэрэс – падзелена царства тваё і аддадзена Мідзянам і Пэрсам»» (Данііл 5:23—28).
Тае самае ночы Валтасар быў забіты.
Данііл у яме зь ільвамі
Пасьля сьмерці Валтазара Данііл стаў паднявольным Пэрсыдзкага цара Дарыя, які таксама паставіў яго на высокую пасаду кіраўніка. Зайздросныя вяльможы, ведаючы вернасьць Данііла Адзінаму Богу, знайшлі спосаб пазбавіцца ад яго. Яны дамагліся, каб Дарыем быў «выдадзены загад, каб, хто трыццаць дзён будзе прасіць якога-небудзь іншага бога альбо чалавека, акрамя цябе, цару, таго кінуць у львіную яму» (Данііл 6:7).
Данііл парушыў забарону, ён як маліўся свайму Богу, так і працягваў маліцца. «Тады адказвалі яны і сказалі цару, што „Данііл, які – з палонных сыноў Юдэі, не зважае ні на цябе, цару, ні на ўказ, табою падпісаны, а тры разы на дзень моліцца сваімі малітвамі“» (Данііл 6:13). Засмучаны цар ня мог не выканаць свой указ і Данііл быў кінуты ў яму зь ільвамі.
Здаецца Данііл у жаху, што не адпавядае зьместу ў Бібліі.
Данііл у яме зь ільвамі (1613—1616). Пітэр Паўль Рубенс (1577—1640). Нацыянальная галерэя, Вашынгтон. Спэкулятыўны блёк неіснуючай краіны Тонга, выдадзены ў 2010 годзе
Усю ноч Дарый не мог заснуць, перажываючы за Данііла, «Раніцай цар устаў на сьвітаньні і пасьпешліва пайшоў да львоўніка і, падышоўшы да рова, жаласным голасам клікнуў Данііла, і сказаў цар Даніілу: „Данііле, рабе Бога жывога! Бог твой, Якому ты заўсёды служыш, ці мог цябе ўратаваць ад ільвоў?“ Тады Данііл сказаў цару: „цару, вавекі жыві! Бог мой паслаў Свайго анёла і замкнуў пашчы львам, і яны не пашкодзілі мне, бо я быў перад Ім чысты, ды і перад табою, цару, я не зрабіў злачынства“» (Данііл 6:19—22).
Правообладателям!
Это произведение, предположительно, находится в статусе 'public domain'. Если это не так и размещение материала нарушает чьи-либо права, то сообщите нам об этом.