Автор книги: Лявон Карповіч
Жанр: Историческая литература, Современная проза
Возрастные ограничения: +16
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 16 (всего у книги 27 страниц)
І нічога, чаго вочы мае ні прагнулі, я ім не адмовіў; ад ніводнае радасьці сэрца майго ня ўхіліў… (Эклезіяст 2:10)
Ня гледзячы на мудрасьць, дадзеную Богам, Саламон не вытрымаў спакусы, ня змог перамагчы прагнасьць і пажаду.
Кампазытар Эрнэст Блох (1880—1959) у 1915 г. злажыў драму «Саламон» – рапсодыю для віялянчэлі і аркестра, якая ўпершыню выканана ў 1917 годзе.
Мнагажонства і роскаш прывялі да падзеньня мудрага Саламона. Адбылася замена каштоўнасьцей і, як вынік, адыход ад Бога і зьнішчэньне Боскіх плянаў. Два разы Бог папярэджваў Саламона, але гэта не дапамагло. Каб парадаваць сваіх жонак, Саламон неўзабаве пабудаваў паганскія храмы, дзе стаў пакланяцца ідалам. Тады «сказаў Гасподзь Саламону: за тое, што так у цябе робіцца, і ты не захаваў запавету Майго і пастановаў Маіх, якія Я наказаў табе, Я адбяру ад цябе царства і аддам яго рабу твайму; але ў дні твае Я не зраблю гэтага дзеля Давіда, бацькі твайго: з рукі сына твайго адбяру яго; і ня ўсё царства адбяру: адно калена дам сыну твайму дзеля Давіда, раба Майго, і дзеля Ерусаліма, які Я выбраў» (Трэйцяя Царстваў 11:11—13).
Хоць Саламон вярнуўся да Божай мудрасьці яшчэ да сьмерці, наступствы гадоў нявернасьці былі сумнымі.
Саламон пакланяецца ідалу. Пэрсанальная марка, выпушчаная ў 2014 годзе поштай Ізраілю
Пра Саламона складзена мноства легендаў. Напрыклад пра яго пячатку, пры дапамозе якой Саламону ўдалося зьвязаць і запячатаць 72 дэмана-князя зь іх легіёнамі ў меднай пасудзіне. Пасьля ён камандаваў гэтымі духамі па сваім меркаваньні. Паводле легенды Саламону ўдалося выведаць у духаў шмат таемных ведаў, якія Ён ужыў у сваім жыцьці. З дапамогай гэтай пячаткі Саламон набыў увагу і добрае стаўленьне многіх людзей, здолеў выйграваць бітвы і заставацца цэлым ў бітвах.
У сваёй кнізе – Кнізе Выслоўяў – Саламон напісаў, як жыць у гэтым сьвеце пасьпяхова і дабраславёна, каб папярэдзіць іншых не рабіць памылак, якія ён рабіў. У той жа час у другой сваёй кнізе Эклезіяст ён распавёў: «Бо пры многасьці мудрасьці множыцца й скруха; і хто памнажае спазнаньне, той памнажае і боль» (Эклезіяст 1:18). І яшчэ больш безнадзейна: «Наймарнейшая марнасьць, сказаў Эклезіяст, усё – марнасьць!» (Эклезіяст 12:8).
Усё ж канчатковы вынік аптымістычны і аб’ектыўны. Калі за межамі гэтага сьвету для чалавека няма нічога, жыцьцё яго – марнасьць. Расчараваньне ў самадастатковай каштоўнасьці зямных дабротаў зьявілася драматычным пярэдаднем да Адкрыцьця аб вечнасьці, падараванай чалавеку. «Выслухаем сутнасьць усяго: бойся Бога і Запаведзяў Ягоных трымайся, бо чалавеку ў гэтым – усё» (Эклезіяст 12:13).
Саламон. Гравюра Густава Доры (1832—1883). Партрэт Эрнэста Блоха. Марка пошты Ізраілю, выдадзеная ў 1995 годзе
Саламон пражыў 83 гады. Цар памёр у той момант, калі назіраў за будаўніцтвам новага алтара ў 928 да Р.Х.
Саламон цараваў у Ерусаліме 40 гадоў пасьлядоўна бацьку. Яго валадарства было мірам пасьля войнаў Давіда, і межы яго царства былі «…над усёю зямлёю па гэты бок ракі, ад Тыпсаха да Газы, над усімі царамі па гэты бок ракі, і быў у яго мір з усімі навакольнымі краінамі» (Трэйцяя Царстваў 4:24), у якіх былі аб'яднаны ўсе плямёны Ізраіля.
Кнігі Мудрасьці і Паэзіі
«І прамовіў ён тры тысячы выслоўяў…»Шчасны той чалавек, які надбаў мудрасьць, і чалавек, які здабыў розум! (Выслоўі 3:13)
У самой сярэдзіне Старога Запавету мы знаходзім пяць кніг, якія па сваёй глыбіні, мудрасьці і прыгажосьці належаць да лепшых твораў сусьветнай літаратуры. Тры зь іх традыцыя прыпісвае Саламону: жыцьцёва мудрую Кнігу Выслоўяў, поўную экзыстэнцыяльнага скепсісу Кнігу Эклезіяста, або Прапаведніка і паэму любові – Кнігу Песьня Песьняў.
Пра Саламона напісана: «І прамовіў ён тры тысячы выслоўяў, і песьняў у яго было тысяча і пяць…» (Трэйцяя Царстваў 4:32).
Мудрасьць (на іўрыце «хохма») лічыцца дарам Божым; мудрэц займаў у сьвядомасьці народа месца побач са сьвятаром (аўтарытэт якога спачываў на Законе) і Прарокам, непасрэдна натхнёным Богам. Мудрэц, бо «Я напоўніў яго Духам Божым, мудрасьцю, розумам, ведамі і ўсялякім умельствам» (Выхад 31:3). Ён вучыў ўменьню дасягнуць шчасьця, якое абумоўлена выкананьнем волі Божай.
«Песьня песьняў» набыла асаблівую сьвятасьць у традыцыях нацыі, бо мудрацы трактавалі яе любоўную паэму, як сымбаль любові Бога да Ізраіля. «Кніга прыказак» – альманах мудрых выслоўяў пра розныя аспэкты жыцьця, а «Скрутак Эклезіяста» зьмяшчае разважаньні пра ганарыстасьць і нязначнасьць матэрыяльных каштоўнасьцяў.
Саламон. Пэдра Берругетэ (1450—1502). Бесэрыль дэ Кампас – Царква-музэй Санта-Марыя. Марка пошты Гішпаніі, выдадзеная ў 1999 годзе
У гэтых Кнігах мудрасьць практычнага мастацтва жыцьця ператвараецца ў Мудрасьць Божую, датычную стварэньню гэтага сьвету і якая зьяўляецца чалавеку ў адкрыцьці. Таму і мэта гэтых Кніг, у канчатковым рахунку, перарастае з навучаньня правілам жыцьця, практычнай мудрасьці, у далучэньне да чароўнай Мудрасьці, праведнасьці, у навучэньне шляху, які прыводзіць да асаблівай блізасьці да Бога.
Для пасьпяховай жыцьця на зямлі трэба прытрымлівацца двух прынцыпаў: пачытаць Бога ў трапятаньне перад Ім і разумець людзей.
ВыслоўіПачатак мудрасьці – страх Гасподні, і спазнаньне Сьвятога – розум… (Выслоўі 9:10)
Кніга Выслоўяў вучыць, як жыць у гэтым сьвеце пасьпяхова і дабраславёна. Дэрэк Кіднер так кажа аб сутнасьці гэтай Кнігі: «Гэта не партрэтны альбом і не кніга пра добрыя манеры: яна прапануе нам ключ жыцьця. Прыклады паводзін, якія яна дэманструе, ацэньваюцца адным крытэрыем, які можна абагульніць пытаньнем: „гэта мудрасьць або глупства?“»
Цытаты з Кнігі Выслоўяў разьмясьціла на марках, прысьвечаных навучаньню, пошта Ізраілю.
Алфавіт. Матэматычныя формулы. Маркі пошты Ізраілю, выдадзеныя ў 1972 годзе
Першая марка прысьвечана пачатковай адукацыі. На ёй – усе літары габрэйскага алфавіту ад «алеф» да «таў». На прывесцы маркі цытата: «Аснова мудрасьці: набывай…» (Выслоўі 4:7).
Другая марка заахвочвае да атрыманьня сярэдняй адукацыі. На ёй – матэматычныя формулы, якія ўводзяць вучняў у сьвет ведаў і навукі. На прывесцы маркі цытата: «Наставі юнака на пачатку шляху яго…» (Выслоўі 22:6).
Трэцяя марка прысьвечана вышэйшай адукацыі. На ёй разьмешчаны літары габрэйскія і лацінскія. На прывесцы маркі цытата: «…павучайся ў ёй дзень і ноч…» (Ісус Нав 1:8). Маецца на ўвазе Кніга Закону, бо без веданьня і выкананьня Закону веды ня вельмі важныя.
Літары габрэйскія і лацінскія. Прафэсійная праца. Маркі пошты Ізраілю, выдадзеныя ў 1972 годзе
Чацьвёртая марка прысьвечана прафэсійнай працы. На прывесцы маркі цытата: «…але ўсякае вывучэньне Закона без працы ў рэшце рэшт зводзіцца на нішто» (Pirkei Aboth 2).
Цытата з Кнігі Выслоўяў разьмешчана на марках пошты Ізраілю, на якіх сем сымбалічных багацьцяў Зямлі Абетаванай: пшаніца, ячмень, вінаград, фігі, гранат, аліўкі і мёд. На прывесцы маркі цытата: «…і напоўняцца засекі твае зь верхам…» (Выслоўі 3:10).
Тут падкрэсьліваецца, што ўмовай паразуменьня і дабрабыту ёсьць ушаноўваньне Запаведзяў Божых.
Сем сымбалічных багацьцяў Зямлі Абетаванай. Маркі пошты Ізраілю, выдадзеныя ў 1982 годзе
Спасылкі на выслоўі асабліва частыя ў абрадах і жыцьці габрэяў і гэта пацьверджваецца паштовымі выданьнямі.
Карабель Nirit. Марка пошты Ізраілю, выдадзеная ў 1958 годзе
Непасрэдна перад стварэньнем Дзяржавы Ізраіль яўрэйскія ўлады ў Палестыне набылі некалькі судоў, якія перавозілі ў 1948 годзе тысячы «нелегальных» габрэйскіх імігрантаў для барацьбы ў вайне за незалежнасьць. Марка паказвае адно з меншых судоў гэтага флёту, парусны карабель Nirit (карабель імігрантаў). На прывесцы маркі цытата: «…шляхі карабля сярод мора…» (Выслоўі 30:19).
На наступнай марцы намаляваны карабель Шамрон, які атрымаў сваю назву ад старажытнага горада блізу Наблуса, пабудаваны ў Кілі ў 1955 годзе ў рамках пагадненьня аб рэпарацыях паміж Ізраілем і Германіяй, заключанага ў 1952 годзе.
Карабель Шамрон. Марка пошты Ізраілю, выдадзеная ў 1958 годзе
На прывесцы маркі цытата: «…як купецкія караблі…» (Выслоўі 31:14).
Джон Арнотт называе Кнігу Выслоўяў «нябеснымі законамі для жыцьця на зямлі».
Кнігу Прыпавесьцяў Саламонавых складаюць выслоўі, якія сёньня мы маглі б назваць кіраўніцтвам па асэнсаваным, бясьпечным і годным перайманьня жыцьці, кнігай векавой мудрасьці, якая са старажытных часоў была правілам жыцьця самых лепшых з людзей.
Мудрасьць – гэта не тэарэтычныя, абстрактныя веды, а практычнае ўменьне вырашаць жыцьцёвыя задачы.
Песьня песьняўПякельным пакутай будзе наша няздольнасьць пазнаць Хрыста ў асобе жаніха і палюбоўніка нашых душ. Хрыстос Яннарас
Найвышэйшая песьня Саламонава
Любоў ніколі ня мінаецца, хоць і прароцтвы спыняцца, і мовы змоўкнуць, і веды скасуюцца. (Першае да Карынфянаў 13:8)
Дзякуючы легендарнай памяці ў народзе пра цара Саламона, як мудрэйшага з мудрых, усталявалася перакананьне, што ён аўтар адной з найпрыгажэйшых кніг Бібліі – Песьня песьняў. Аўтарства Саламона адлюстравана і ў габрэйскай назьве Кнігі, у якой дамінуе падобны да птушынага шчабятаньня гук «шч»: «Szir hoszirim aszer li – Szlomo».
Песьня песьняў. Маркі пошты Ізраілю, выдадзеныя ў 1975 годзе
Шчабечучая птушачка ўпрыгожыла адну з трох ізраільскіх марак з сэрыі, прысьвечанай пасадцы дрэў і аднаўленьню ўрадлівасьці зямлі. На прывесках зьмешчаны цытаты з Песьні песьняў на габрэйскай і англійскай мовах.
Птушка выказвае радасьць сваім шчабятаньнем прыходу лета і дажджу. «Кветкамі зацьвітае зямля, час песьняў птушыных настаў…» (Песьня 2:12).
Дзяўчынка і вясёлка вітаюць лета. «Вось, і зіма адышла; дождж перастаў, мінуўся…» (Песьня 2:11).
Хлопчык нясе ў дайнічцы кветку ў падарунак. «Прыйдзі, любасны, выйдзем у поле…» (Песьня 7:12).
«Песьня песьняў» натхняла і натхняе мастакоў да яе ілюстраваньня.
Песьня песьняў. Арык Брауэр (1929). Марка Аўстрыі, выдадзеная ў 2011 годзе
На 6-й марцы малога ліста сэрыі «Марлен Дзітрых (1901 – 1992): «Легенды Галівуду», якую выпусьціла Паштовая служба Ганы, прадстаўлены партрэт актрысы з фільма «Песьня Песьняў» (The Song of Songs), 1933, ЗША.
Марлен Дзітрых (1901 – 1992). Легенды Галівуду. Марка пошты Ганы, выдадзеная ў 2003 годзе
На беларускую мову «Песьню песьняў» пераклаў Васіль Сёмуха. Зьвяртаючыся да чытача, ён напісаў: «Гэта кніга пра Любоў і Каханьне. Калі ты габрэй, – чытай, бо гэта пра любоў Бога да богаабранага габрэйскага народу і пра любоў народу да свайго Бога; калі ты хрысьціянін, – чытай, бо гэта кніга пра духоўны шлюб Хрыста з нябеснай нявестай – Царквою, Сьвятога Духа з Дзевай Марыяй, чалавечай душы з Богам-Любоўю; калі ты атэіст, альбо, крый Божа, „праваслаўны атэіст“ – чытай, бо гэта зборнік старжытнагабрэйскай любоўнай лірыкі пра зямное каханьне мужчыны і жанчыны. І кожны хай знойдзе сваё! І кожнаму хай будзе добра на сэрцы».
Зачараваны Бібліяй. Песьня песьняў Марка Шагала
У жывапісу ёсьць толькі адзін колер – колер каханьня…
Марк Шагал
«Ад юнацтва прыцягвала мяне Біблія. Мне заўсёды здавалася і да гэтага часу здаецца, што яна самая вялікая крыніца паэзіі ўсіх часоў. Біблія падобная на рэзананс прыроды, і гэтую таямніцу я спрабаваў перадаць… але я не чытаў Біблію, я яе сьніў», – казаў Шагал. І працягваў: «Біблія – самы вялікі ў сьвеце твор мастацтва. Біблія ўтрымлівае ў сабе высокі ідэал быцьця чалавека на плянэце Зямля»; «калі б людзі больш уважліва чыталі прарокаў, яны там маглі б знайсьці адказы на самыя розныя пытаньні быцьця, аж да атаясамленьня сьветабудовы з любоўю: „Без любові наш сьвет – крок за крокам – будзе набліжацца да канца“». Гэта зачараваньне Бібліяй Марк Шагал здолеў перадаць у сваіх творах.
Песьня песьняў складаецца з 1250 габрэйскіх слоў, усяго з 1250 слоў, але духмяных каханьнем. Гэта паэма дыхае каханьнем. Дыхаюць каханьнем і карціны Шагала з цыклу «Песьня песьняў».
Песьня Песьняў І. Вечар. У вечары нявеста шукае свайго каханага на вуліцах Ерусаліма.
«Няхай вусны яго мяне пацалуюць! Бо лепшыя за віно твае ласкі» (Песьня 1:2).
Што зашыфраваў Марк Шагал у сваіх палотнах? Напэўна кожны ўбачыць нешта сваё. Кажуць, што дзеці бачаць на гэтых карцінах нашмат больш, чым дарослыя…
Вечар. Пачатак новага дня ў габрэйскай традыцыі. Нявеста прынікла да жаніха: «Пячаткай мяне пакладзі на сэрца сваё…» (Песьня 8:6). Нявеста глядзіць у раскрытую кнігу, у руцэ трымае букет. Над жаніхом белая галубка – сымбаль Сьвятога Духу, міру і любові. «Яго левая – пад маёй галавою, а правай рукою мяне абдымае» (Песьня 2:6). Усё разам – яднаньне народа Ізраілю (нявеста) з Богам. Ад жаніха і нявесты па дыяганалі ўверх, у будучыню, стромкія лініі вядуць да ўтворанай сям’і, побач зь якой пусты трон для патомкаў Давіда і месяц, і белы голуб.
Песьня Песьняў І. Марк Шагал (7 ліпеня 1887 г., Лёзна, Беларусь – 28 сакавіка 1985 г., Сен-Поль-дэ-Ванс, Францыя). Нацыянальны музэй Марка Шагала, Біблейскае пасланьне, Ніца (Францыя). Марка пошты Грэнады, выдадзеная ў 1986 годзе
У левым верхнім куце ў гаі жаніх грае на флейце. Да яго бяжыць нявеста. Магчыма ўспамін аб страчаным Раі з каляровымі жывёламі. Справа Дрэва Жыцьця з белай жывёлай у яго кроне. Пад дрэвам пастушок грае на флейце і побач пасуцца авечкі. «Ты скажы, каханьне маёй душы, дзе ты пасьвіш? дзе апоўдні ты адпачываеш? навошта бадзяцца мне каля статкаў сяброў тваіх?» (Песьня 1:7). Горад накіраваны вэртыкальна ў неба да Новага Ерусаліму… У горадзе дзяўчына: «Устану, і горад увесь абыду, па вуліцах і па завулках, шукацьму таго, каго сэрцам кахаю, я шукала яго, не знайшла» (Песьня 3:2).
Песьня Песьняў II. Ноч. «Заклінаю вас, Ерусалімскія дочкі, сарнамі ці палявымі ланямі: ня будзеце і ня турбуйце каханай, пакуль не прачнецца сама!» (Песьня 2:7).
Песьня Песьняў II. Марк Шагал (1887 – 1985). Нацыянальны музэй Марка Шагала, Біблейскае пасланьне, Ніца. Францыя. Марка пошты Грэнады, выдадзеная ў 1986 годзе
Каханая сьпіць так моцна, як у мацярынскай утробе. «Мне мой мілы – як ладанка зь мірай; начуе ў мяне на грудзях…» (Песьня 1:13). Але гэта сон прарочы. Не аднойчы напісана ў Бібліі, як Бог прыходзіў да сваіх абранцаў у сьне. «Я сплю, а сэрца маё чувае; вось, голас каханага, які стукаецца: „Адчыні мне, сястрыца, каханая, мая беспахібная, чыстая горлінка, бо галава мая – абрасілася, мае кучары – у начной вільгаці“» (Песьня 5:2). Выгнутая пакручастая лінія злучае два люстрана адбітыя гарады з небам. Верхні горад Сен-Поль-дэ-Ванс, дзе Марк Шагал правёў апошнія гады жыцьця, і люстрана адбіты родны Віцебск, дзе ён нарадзіўся і які ніколі не забываў. З гарадоў рука (Божая?) паказвае на месяц. Справа побач з каханай лазурны жаніх з крыламі і арфай у руках. Тут жа Дзерава жыцьця, карані якога ў небе, а крона з пладамі накіравана да зямлі. Пад жаніхом пусты трон і гуляюць побач два львяняці…
Песьня Песьняў III. У дзень шлюбу.
«Выходзьце, дзяўчаты, на цара Саламона зірнеце, дочкі Сіёнскія, на вянок, якім яго маці ў дзень вясельля ўвянчала, у дзень радасьці сэрца ягонага» (Песьня 3:11).
Песьня Песьняў IIІ. Марк Шагал (1887 – 1985). Нацыянальны музэй Марка Шагала, Біблейскае пасланьне, Ніца. Францыя. Марка пошты Грэнады, выдадзеная ў 1986 годзе
Тры авалы вырысоўваюць мацярынскі жывот і грудзі – сымбаль дзьвюх Скрыжалей Завету. Падобна беласьнежнай камэце, імчыць ад зямлі ў неба пад вясельным балдахінам нявеста, забіраючы з сабою каханага. «Каханы аддадзены мне, я – яму…» (Песьня 2:16). Сплеценасьць фігур закаханых азначае сьвятасьць іх шлюбу як чароўнага спрадвечнага стану чалавека, які дае яму паўнату ў саюзе з іншым і самім Богам. Дабраславеньне закаханым нясе Анёл – слуга Бога і выканаўца Яго волі, ён ляціць і трымае ў руцэ Мэнору. Але рука Анёла ў гэтак ненатуральнай позе, быццам яна належыць самому Богу.
Крыху ніжэй постаць яшчэ аднаго Анёла, які радасна трубіць у рог шчасьця. Над ім белы голуб, падобны да выпушчанага Ноем з каўчэга і які прынёс аліўкавую галінку Дабравесьця жыцьця і зьяўляецца сымбалям Сьвятога Духу. Цыркавы артыст трубіць, апіраючыся рукамі на вялікага пеўня. Ідзе вясельны абрад, які суправаджаецца весялосьцю, сьмехам, гульнёй і танцам, і азначае пачатак новага жыцьця для закаханых. Сіняе дрэва з белымі водбліскамі на кроне, яшчэ ніжэй – зялёнае дрэва з пладамі на ім, а паміж імі – чалавечая постаць з рысамі і мужчыны і жанчыны адначасова – вобраз Раю з Дрэвам жыцьця і Дрэвам пазнаньня дабра і зла і першароднага чалавека.
Два гарады зьмешчаны ў жываце жанчыны. Панарама Сен-Поль-дэ-Ванса з званіцай катэдральнага сабора, як вобраз сучаснага, і перавернуты выгляд роднага Віцебска з зялёным купалам царквы, як зварот да мінулага свайго роду, зямлі запаветнай, якую мастак заўсёды насіў у сабе. Нешта дагары нагамі нясе рабін…
Чырвоны колер, які запаўняе ўсю прастору палатна, льецца патокамі, сымбалічна злучае ў сабе і чалавечую і боскую любоў так, што дзьве волі – зямная і нябесная – аказваюцца сугучнымі.
Песьня Песьняў IV. Поўдзень. Чалавечы саюз – знак Боскага Запавету
«Пакуль не астыў яшчэ дзень, не паслаліся цені, я ўзыду на пагорак міравы, на гару фіміямную» (Песьня 4:6).
На цёмна-чырвоным фоне ружовы сінягрывы конь з рознакаляровымі крыламі і букетам кветак у пярэдніх нагах імчыць Давіда і Вірсавію. Адценьні чырвонага і ружовага – гэта не толькі сымбаль пачуцьцёвай любові, але і кроў, якая пральецца, калі Давід, каб атрымаць Вірсавію, адправіць яе мужа ў бой, дзе ён памрэ. «Пячаткай мяне пакладзі на сэрца сваё, пакладзі на рукі, як пярсьцёнак: бо каханьне, як сьмерць – моцнае; рэўнасьць, як пекла – лютая; стрэлы яго – стрэлы вогненныя; яно – полымя непагаснае» (Песьня 8:6).
Песьня Песьняў IV. Марк Шагал (1887 – 1985). Нацыянальны музэй Марка Шагала, Біблейскае пасланьне, Ніца. Францыя. Марка пошты Грэнады, выдадзеная ў 1986 годзе
Беласьнежны вэлюм нявесты шлейфам лунае па небе. «…знайшла, каго сэрцам кахаю; прывяла яго ў дом сваёй маці…» (Песьня 3:4). Бог – жаніх на галаве якога карона, сымбаль улады. Нявеста – народ, чыстая душа чалавечая, якая імкнецца да саюзу з Богам.
Народ Ерусаліму вітае маладых. У левым куце Анёл сваёй музыкай падтрымлівае ўрачыстасьць. Справа Дрэва жыцьця і над ім птушка дагары нагамі (ходзіць па небе?). «Вялікія воды ня могуць любоў патушыць, і рэкі яе не затопяць. Калі б хто даваў багацьці дома свайго за любоў, іх адхілілі б з пагардай. « (Песьня 8:7).
Песьня Песьняў V. Сусьветны і вечны запавет паміж людзьмі і Богам.
Перад нявестай у бялюткім адзеньні жаніх, які грае на ліры. «Каханы мой белы, румяны, з тысяч самы найлепшы» (Песьня 5:10). «Ды адна яна, беспахібная, чыстая горлінка…» (Песьня 6:9).
Песьня Песьняў V. Марк Шагал (1887 – 1985). Нацыянальны музэй Марка Шагала, Біблейскае пасланьне, Ніца. Францыя. Марка пошты Грэнады, выдадзеная ў 1986 годзе
Над галавой жаніха дзьве птушкі чырвоная і белая злучаюцца ў адзінае. Пад нагамі два гарады Сен-Поль-дэ-Ванса і Віцебск зьліліся ў адзін. На беразе Ракі жыцьця Дрэва жыцьця і Новы Ерусалім, над якім Божая рука і лятаюць анёлы. У нізе карціны сіні конь у кароне, трон заняты двума ільвянятамі, рука трымае адчыненую Кнігу, якая прачытана і пачута. «Цар мяне ўвёў у харомы свае!» (Песьня 1:4).
Карціны Шагала заварожваюць ня толькі колеравай гамай, але надзвычайна насычаныя таямнічым загадкавым зьместам, які заклікае калі не да філязофскага асэнсаваньня, то да звароту ў сваю сутнасьць. Гэтыя карціны падобныя на сон, сон казачны, чароўны і непаўторны…
У Ніцы (Францыя) знаходзіцца Нацыянальны музэй Марка Шагала Біблейскае пасланьне, а ў ім у асьбным пакоі пяць карцін, прысьвечаных Песьні песьняў.
Той, хто ўбачыў карціны Шагала ў музэі Ніццы, выходзіць з музэю іншым чалавекам. Бо немагчыма выйсьці тым самым.
Прыгажосьць прыроды Сьвятой Зямлі
У Песьні песьняў з вялікай любоўю напісаныя цудоўныя вершы аб прыгажосьці Сьвятой Зямлі. «Выйдзем раніцай у вінаграднікі, падзівімся, як лаза зелянее, як пупышкі покнуліся, як зацьвілі гранаты; там я цябе прыгалублю. Мандрагоры пахнуць духмяна, ля варот нашых многа пладоў: сёлетніх і даўнейшых назапасіла я табе, каханы» (Песьня 7:13,14).
Пошта Ізраіля на сваіх марках стараецца перадаць хоць частку таго, што напісана ў Песьні песьняў пра прыроду Сьвятой Зямлі.
«Я спусьціўся ў арэхавы сад паглядзець на ўсходы ў даліне, паглядзець, ці лаза зелянее, гранаты ці зацьвілі?» (Песьня 6:11).
Лілія. Квітнее яна ў канцы лета і ў пачатку восені, калі халодны вецер з мора дзьме па раўніне і разносіць яе моцны, хмельны водар. «Паўстань, паўстань, вецер сіберны, прыйдзі вецер з поўдня, падзьмі, вецер, на сад мой, хай разьліецца водар яго! – Хай увойдзе мой любасны ў сад свой, хай скаштуе пладоў сакавітых» (Песьня 4:16).
Сярод марак, выпушчаных на Дзень Незалежнасьці ў 1959 годзе, адна прысьвечана нарцысу. «Я – раўнінны нарцыс Саронскі…» (Песьня 2:1).
Лілія. Нарцыс. Маркі пошты Ізраілю, выдадзеныя ў 1960 годзе
У 1952 годзе пошта Ізраіля выпусьціла чатыры маркі, на прывесках каторых напісаныя цытаты з Песьні песьняў.
Смакоўніца. Лілія. Маркі пошты Ізраілю, выдадзеныя ў 1952 годзе
На першай марцы паказаны плод смакоўніцы. Дрэва смакоўніцы дасягае некалькі мэтраў вышыні і дарыць людзям вельмі салодкія плады. Восемнаццаць разоў успамінаецца смакоўніца ў Бібліі.
На прывесцы маркі цытата: «Налівае смакоўніца пупышкі…» (Песьня 2:13).
Малюнак другой маркі – лілія, якая ў Песьні песьняў упамінаецца пяць разоў. «Каханы аддадзены мне, я – яму; ён пасьвіць сярод лілеяў» (Песьня 2:16).
На прывесцы маркі цытата: «… я – лілея з даліны!» (Песьня 2:1).
На трэцяй марцы горлінка – сымбаль міру і любові. На прывесцы маркі цытата «Горлінка ў горнай цясьніне…» (Песьня 2:14).
Горлінка. Арэх. Маркі пошты Ізраілю, выдадзеныя ў 1952 годзе
Дрэва арэха лічыцца сымбалем блаславенства, знакам вялікага патомства і вобразам сям’і, якае чакае нараджэньня дзіцяці. На прывесцы маркі цытата: «Я спусьціўся ў арэхавы сад…» (Песьня 6:11).
Імкненьне да жыцьця пасеянае ў нашай прыродзе Богам. І гэта імкненьне патрабуе, каб мы сталі адным цэлым з сутнасьцю сьвету, адным цэлым з прыгажосьцю зямлі, бязьмежнасьцю мора, саладосьцю пладоў, духмянасьцю кветак. Адным целам з каханым (каханай) і з Богам. Бог ёсьць адзіная магчымасьць да таго, каб наша сувязь з сьветам мела ўзаемнасьць.
Правообладателям!
Это произведение, предположительно, находится в статусе 'public domain'. Если это не так и размещение материала нарушает чьи-либо права, то сообщите нам об этом.