Электронная библиотека » Лявон Карповіч » » онлайн чтение - страница 12


  • Текст добавлен: 28 сентября 2023, 19:22


Автор книги: Лявон Карповіч


Жанр: Историческая литература, Современная проза


Возрастные ограничения: +16

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 12 (всего у книги 27 страниц)

Шрифт:
- 100% +
Гедэон

І сказаў яму Гасподзь: Я буду з табою, і ты паб'еш Мадыяніцянаў, як аднаго чалавека. (Кніга Судзьдзяў 6:16)


Сорак спакойных гадоў кіраваньня Дэворай скончыўся і ізраільцяне моцна цярпелі ад уварваньняў Мадыяніцян, Амалікіцян і іншых качавых плямёнаў з усходу ад Ярдану. Яны зьяўляліся кожны раз у мірныя вёскі ў той час, калі пачыналася жніво. «І зьнішчаюць створанае зямлёю да самай Газы, і не пакідаюць на пракорм Ізраілю ні авечкі, ні вала, ні асла» (Кніга Судзьдзяў 6:4). Зьнішчалі, рабавалі і забівалі, а потым хутка адступалі за раку.

Біблія апавядае, як Гедэона, пакуль ён «малаціў тады пшаніцу ў чавільні, каб схавацца ад Мадыяніцянаў» наведаў Анёл. Анёл загадаў Гедэону «развалі ахвярнік Ваала, які ў бацькі твайго, і сьсячы сьвяшчэннае дрэва, якое каля яго…» (Кніга Судзьдзяў 6:25).

На марцы відарыс Ваала з стэлы, знойдзенай у старажытным горадзе Угарыце. Ваал трымае ў правай руцэ зброю, а ў левай – маланку ў форме квітнеючай дзіды.


Ваал. Марка, выдадзеная Палестынскай адміністрацыяй у 1998 годзе


Гедэон зьнішчыў ахвярнік Ваала і распаліў ахвярны агонь, а потым паставіў на тым самым месцы алтар.

Анёл «сказаў: ідзі з гэтаю сілаю тваёю і выратуй Ізраіля ад рукі Мадыяніцянаў; Я пасылаю цябе» (Кніга Судзьдзяў 6:14). «Гедэон сказаў яму: гаспадару мой! калі Гасподзь з намі, дык чаму спасьцігла нас усё гэта? і дзе ўсе цуды Ягоныя, пра якія расказвалі нам бацькі нашыя, кажучы: „зь Егіпта вывеў нас Гасподзь“? цяпер пакінуў нас Гасподзь і аддаў нас у рукі Мадыяніцянам» (Кніга Судзьдзяў 6:13).

Гедэон падвергнуў сумневу той факт, што Бог быў зь Ізраілем, улічваючы, якія напаткалі іх бедзтвы. І ўсё ж праблема была не ў тым, што Бог не быў зь імі, а ў тым, што яны не былі з Богам.

Тым часам мадыяніцяне зьбіраліся ў даліне Ізрээльскай. Гедэон сабраў армію ў 32 тысячы, маючы намер напасьці на ворага. Але Бог хацеў, каб Ізраільцяне ўбачылі, што Ён – БОГ, Бог, здольны даць перамогу, якім бы шматлікім ні быў вораг. Таму ён загадаў Гедэону скараціць войска. Загадана было Гедэону, каб прывёў войска да вады і назіраў, як хто будзе піць.

«І было тых, што хлябталі ротам сваім з рукі трыста чалавек; а ўвесь засталы народ кленчыў і піў ваду. І сказаў Гасподзь Гедэону: трыма сотнямі тых, што хлябталі, Я выратую вас і аддам Мадыяніцянаў у рукі вашыя, а ўвесь народ няхай ідзе кожны ў сваё месца» (Кніга Судзьдзяў 7:6,7).

Гедэон ноччу рушыў у атаку на шматлікага ворага з трымастамі воінамі, узброенымі… трубамі, сьвяцільнямі і збанамі. «І затрубілі тры атрады ў трубы, і разьбілі збаны, і трымалі ў левай руцэ сьвяцільні, а ў правай руцэ трубы, і трубілі, і крычалі: меч Госпада і Гедэона!» (Кніга Судзьдзяў 7:20). Трыста паходняў раптоўна засьвяціліся вакол лягера, заблытаўшы Мадыяніцянаў, якія ў паніцы пачалі ўцякаць.

Перамога над вялізным войскам трымастамі воінамі была забясьпечаны ўзаемадзеяньнем Бога і Гедэона, як выканаўцы Яго задум.


Перамога Гедэона. Марка пошты Ізраілю, выдадзеная ў 1975 годзе


«Так упакорыліся Мадыяніцяне сынам Ізраіля і не падымалі ўжо галавы сваёй, і сьцішылася зямля на сорак гадоў у дні Гедэона» (Кніга Судзьдзяў 8:28).

«І што яшчэ скажу? Ня хопіць мне часу, каб распавядаць пра Гедэона, пра Варака, пра Самсона і Яфая, пра Давіда, Самуіла і (іншых) прарокаў…» (Да Габрэяў 11:32).

«Ефтай Галаадыцянін быў чалавек адважны…»

Не вымаўляй імя Госпада, Бога твайго, марна, бо Гасподзь не пакіне без пакараньня таго, хто вымаўляе імя Яго марна. (Выхад 20:7)


«Дачка Ефтая» – гэта адна з карцін, якую Дега напісаў па Біблейскім сюжэце. У ім гаворыцца аб тым, што жыў у дзясятым стагодзьдзі да Р.Х. судзьдзя, які быў дзявяты па ліку ў Ізраілі. Ён таксама быў военачальнікам. Народжаны ён быў ад маці блудніцы. Калі яго зводныя браты адмовілі яму ў спадчыне, ён кінуў усё і пайшоў жыць у Пустыню Тав. Там ён зьвязаўся з шайкай і стаў іх правадыром. Але яго душа балела за радзіму, якая пакутавала ад прыгнёту аманіцянаў. Не вытрымаўшы гэтага прыгнёту, народ Ізраіля вырашыў зьвярнуцца да Ефтая і папрасіць аб дапамозе. «Старэйшыны Галаадскія сказалі Ефтаю: таму мы цяпер прыйшлі да цябе, каб ты пайшоў з намі і біўся з Аманіцянамі і быў у нас за правадыра ўсім жыхарам Галаадскім» (Кніга Судзьдзяў 11:8). Па-ранейшаму пакрыўджаны, Ефтай пагадзіўся, але толькі пры ўмове, што калі «Гасподзь аддасьць мне іх, – дык ці застануся я ў вас за правадыра?» (Кніга Судзьдзяў 11:9). Старшыні абяцалі.

«І даў Ефтай абяцаньне Госпаду і сказаў: калі ты аддасі Аманіцян у рукі мае, дык, як вярнуся зь мірам ад Аманіцянаў, што выйдзе з варотаў дома насустрач мне, будзе Госпаду, і прынясу гэта на цэласпаленьне» (Кніга Судзьдзяў 11:30,31).

Неўзабаве перамогу атрымаў Ефтай, вызваліўшы народ Ізраіля.


Перамога Ефтая. Марка пошты Ізраілю, выдадзеная ў 1975 годзе


Да няшчасьця, пасьля яго перамогі і вяртаньня на радзіму, першая істота, якая радасна пабегла яму насустрач, была яго любімая і мілая дачка, яго адзінае дзіцё. Ефтай распавёў сваёй дачцэ аб лёсавызначальнай клятве, якую яна паслухмяна прыняла і папрасіла затрымкі на два месяцы: «я пайду, узыду на горы і аплачу дзявоцтва маё зь сяброўкамі маімі» (Судзьдзяў 11:37).

«Як прайшло два месяцы, яна вярнулася да бацькі свайго, і ён выканаў над ёю абяцаньне сваё, якое даў, і яна ня зьведала мужа. І ўвайшло ў звычай Ізраіля, што кожны год дочкі Ізраіля хадзілі аплакваць дачку Ефтая Галаадыцяніна, чатыры дні ў год» (Кніга Судзьдзяў 11:39,40).

На марцы надрукаваны тэкст другой Запаведзі: «Не вымаўляй імя Госпада, Бога твайго, марна» (Выхад 20:7).


Дачка Ефтая (1859 – 1960). Эдгар Дега (1834—1917). Мастацкі музэй каледжа Сміт, Нортхэмптан. Марка пошты Нікарагуа, выпушчаная ў 1971 годзе


Дадзены эпізод Бібліі выклікае шмат спрэчак, бо хрысьціянства забараняе ахвярапрынашэньне. Дасьледчыкі сьцьвярджаюць, што гэтую падзею трэба ўспрымаць інакш. Што Ефтай прынёс у ахвяру дачку, як паслушніцу. Яна служыла Богу і засталася цнатлівая.

Самсон

Ня хопіць мне часу, каб распавядаць пра Гедэона, пра Варака, пра Самсона і Яфая, пра Давіда, Самуіла і (іншых) прарокаў, якія вераю перамагалі царствы… (Да Габрэяў 11:32,33)


Вялікі галяндзкі мастак Рэмбрант прысьвяціў паданьню аб Самсоне пяць карцін, напісаных з 1629 па 1641 гады. Свой любімы матыў – зьяву людзям анёла – Рэмбрант увасобіў у карціне «Ахвяраваньне Маноя». Бацькі Самсона, прасьветленыя і засяроджаныя, узносяць ахвяру на славу цудоўнага госьця. Анёл уздымаецца над полымем ахвярапрынашэньня. Узрушаныя Маной і жонка сьціскаюць рукі ў знак падзякі. На полі блёку бачым толькі жонку Маноя. Маноя і Анёла закрывае марка.


Ахвярапрынашэньне Маноя (1641). Рэмбрант. Карцінная галерэя, Дрэздэн. Блёк пошты Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікі, выдадзены ў 2011 годзе


Асілак Самсон – адзін з самых калярытных старазапаветных пэрсанажаў. Гісторыя Самсона, які лічыцца Ізраільскім судзьдзёй, на першы погляд, нагадвае грубаватую народную казку аб немудрагелістым разбойніку, якога цікавяць толькі бітвы ды жанчыны. Надзелены звышчалавечай сілай, Самсон у адзіночку змагаўся з ворагамі габрэяў – Філістымлянамі, але рабіў гэта, падобна, не дзеля высокай ідэі, а для ўласнага задавальненьня. Яго выхадкі не пазбаўленыя знаходлівасьці і жорсткага дзікаватага гумару. Каб адпомсьціць жыхарам Філістымскага горада Фімната, ён злавіў трыста лісіц, зьвязаў іх хвастамі, прычапіў да хвастоў паходні «і запаліў паходні, і пусьціў іх на жніво Філістымскае, і выпаліў капіцы і нязжаты хлеб, і вінаградныя сады і аліўкавыя» (Кніга Судзьдзяў 15:5).


Самсон. Марка пошты Ізраілю, выдадзеная ў 1961 годзе


На марцы Самсон трымае ў руках факел і хвост лісы.

«І пайшоў Самсон з бацькам сваім і з маці сваёю ў Тымнату, і калі падыходзілі да вінаграднікаў Тымнаты, вось, малады леў рыклівы ідзе яму насустрач. І сышоў на яго Дух Гасподні, і ён разадраў ільва, бы казьляня; і ў руцэ ў яго нічога ня было. І не сказаў бацьку свайму і маці сваёй, што ён зрабіў» (Кніга Судзьдзяў 14:5,6). Голымі рукамі ён разарваў вялізнага льва, праз некалькі дзён паласаваўся мёдам з сот, якія зьявіліся ў шкуры забітага ім драпежніка, а потым даймаў гасьцей на балі невырашальнай загадкай: «зь едака выйшла еднае, і з дужага выйшла салодкае».


Самсона, які забівае льва. Марка пошты Гвінэі, выдадзеная ў 2012 годзе


Зьдзяйсьняючы свае небывалыя подзьвігі, Самсон шчыра забаўляўся. Здаецца, што Самсон часта паводзіў сябе непасьлядоўна і нават заганна. Да прыкладу, ён, непрымірымы вораг Філістымлян, да жаху сваіх бацькоў, вырашыў ажаніцца на філістымлянцы.


Самсон і леў. Маляўнічы марачны лісток пошты Ізраілю з сэрыі «Біблейскія гісторыі», выдадзены ў 2010 годзе


Незвычайная перамога Самсонам над львом паслужыла тэмай для розных твораў мастацтва.


Фантан Самсон, які разьдзірае пашчу льва. Пецяргоф. Марка пошты Расіі, выдадзеная ў 2003 годзе


Загадку пра выпадак з львом Самсон вырашыў выкарыстаць са значнай матэрыяльнай выгадай для сябе. Рэмбрант гэты выпадак абраў для сваёй наступнай карціны «Вясельле Самсона».


Вясельле Самсона (1638). Рэмбрант. Карцінная галерэя, Дрэздэн. Марка пошты Тога, выдадзеная ў 2019 годзе


Самсон, які сядзіць побач з нявестай, ашаламляе гасьцей невырашальнай загадкай аб пчолах і мёдзе ў ільвінай шкуры. Забытая жаніхом аслупянелая нявеста, захоплены задаваньнем загадкі трыццаці жаніхам Самсон і яго зьбянтэжаныя суразмоўцы, балбочуць госьці, цалуецца парачка на пярэднім пляне… Невырашальная загадка задавалася з выгадай. Калі б разгадалі яе, Самсон даў бы ім трыццаць штук прыгожай бялізны і адзеньня, але калі б яны не змаглі разгадаць яе, то павінны былі даць яму трыццаць штук прыгожай бялізны і адзеньня.

Загадка ўяўляла сабой завуаляванае паведамленьне аб двух сустрэчах з львом, на якіх прысутнічаў толькі ён. Філістымляне былі разьюшаныя загадкай. Трыццаць жаніхоў сказалі новай жонцы Самсона, што яны спаляць яе і дом яе бацькі, калі яна не знойдзе адказу на загадку і не скажа ім. Самсон распавёў ёй пра рашэньне і яна паведаміла пра гэта трыццаці жаніхам і на сёмы дзень яны сказалі Самсону разгадку. На што Самсон паехаў у Ашкелон, дзе забіў трыццаць Філістымлянаў: «зьняў зь іх вопратку, і аддаў перамены вопраткі тым, што разгадалі загадку ягоную» (Кніга Судзьдзяў 14:19).

Праставаты рубака Самсон – але такі ж выбраньнік Усявышняга, як прабацькі Абрагам і Ісаак, як Прарок Майсей, як Ісус Навін павінен быў «ратаваць Ізраіля ад рукі Філістымлян» (Кніга Судзьдзяў 13:5), і ён пасьпяхова выконваў сваю місію. Ва ўсіх яго ўчынках меўся схаваны сэнс, бо Самсон быў назарэем (габрэй, якія даў пажыцьцёвае абяцаньне Богу і знаходзіўся пад яго апекаю). Да таго часу, пакуль Самсон захоўваў вернасьць абяцаньням, адно зь якіх – не стрыгчы валасоў, на яго ў вырашальныя моманты жыцьця сыходзіў «Дух Гасподні» і даваў яму цудоўную сілу. Каханая Самсона, Філістымлянка Даліла, тройчы спрабавала гэта выведаць і тройчы Самсон падманваў яе, разумеючы, чаго яна дамагаецца. Адзін з выпадкаў намаляваў Адоніс ван Дэйк. «І сказала Даліла Самсону: скажы мне, у чым вялікая сіла твая, і чым зьвязаць цябе, каб цябе ўпакорыць. Самсон сказаў ёй: калі зьвяжуць мяне сямю сырымі цяцівамі, якія ня высушаны, дык я зраблюся бясьсілы, і буду, як і астатнія людзі. І прынесьлі ёй уладцы Філістымскія сем сырых цяціваў, якія ня высахлі, і яна зьвязала яго імі. Тым часам адзін патайна сядзеў у яе спальні.) І сказала яму: Самсоне! Філістымляне ідуць на цябе. Ён парваў цяцівы, як ірвуць нітку з кудзелі, калі перапаліць яе агонь. І ня выведана сіла ягоная» (Кніга Судзьдзяў 16:6—9).


Самсон і Даліла (1625). Антоніс ван Дэйк (1599 – 1641). Музэй гісторыі мастацтваў, Вена. Блёк пошты Гамбіі, выдадзены ў 2000 годзе


Твары ўдзельнікаў спробы захапіць Самсона перапоўненыя эмоцыямі. У цэнтральнай частцы абуджаны са сну магутны Самсон змагаецца з салдатамі. Вяроўкі, якімі ён быў зьвязаны, рвуцца на мноства аскепкаў. Іх слабасьць кантрастуе з мускулістым целам асілка. Правы бок карціны запоўнены фігурамі салдат. Зьлева на ложку ляжыць Даліла. Самсон з дакорам і больлю глядзіць на каханую. Позірк Далілы лагодны і пяшчотны. Здаецца яна зусім не засмучана, што Самсона ўзяць у палон не ўдалося.

На блёку яшчэ дзьве маркі: эскіз і дэталь карціны Антоніса ван Дэйка «Самсон і Даліла» (1619), Далвічская карцінная галерэя, Лёндан.

Але ў рэшце рэшт Даліла пераканала Самсона даверыцца ёй, пераканала ў сваёй любові, і Самсон адкрыў ёй, што сіла яго пакіне, калі астрыгчы яму валасы.


Самсон і Даліла. Мікеле Рокка (1666—1752). Музэй выяўленчых мастацтваў, Будапэшт. Марка пошты Вэнгрыі, выдадзеная ў 1970 годзе


Даліла астрыгае і кладзе пасмы валасоў на паднос дзяўчынцы, што супярэчыць запісу ў Бібліі: «І ўсыпіла яго Даліла на каленях сваіх; і паклікала чалавека, і загадала яму абстрыгчы сем кос з галавы ягонай. І пачаў ён слабнуць, і адступіла ад яго сіла ягоная» (Кніга Судзьдзяў 16:19). Нічога драматычнага не назіраецца ў намаляванай дзеі: яркія фарбы, гульня сьвятла на постацях, усьмешка Далілы і можа толькі слупы за плячамі Далілы нагадваюць пра самагубную помсту сьляпога Самсона.

На карціне Рубенса «Самсон і Даліла» нерухомы заснуўшы волат, баяцца зварухнуцца яго ворагі. Асьцярожна рухаюцца толькі гнуткія рукі цырульніка. Мастак напісаў карціну цалкам «бязгучную». Выразна адчуваецца напружаная злавесная цішыня. Хіба што ледзь рыпнуць нажніцы або ўздыхне ў сьне, нічога не падазраючы Самсон.


Самсон і Даліла (1609). Пітэр Паўль Рубенс. Нацыянальная галерэя, Лёндан. Марка пошты Сан-Тамэ і Прынсіпі, выдадзеная ў 1983 годзе


Прыгажуня з точаным профілем і пругкімі аголенымі грудзьмі глядзіць на сваю ахвяру са смуткам, яе далонь з пяшчотай спачывае на плячы Самсона. Нейкім дзіўным чынам Рубенсу ўдалося перадаць усю глыбіню любові Самсона да Далілы: у павароце галавы, у дзіцячай даверлівасьці і ўтульнасьці паставы. Пачуцьцёвасьць, каханьне, шкадаваньне, страх, асьцярожнасьць, падступства, чаканьне, дзелавітасьць – усё пераплялося ў карціне, як майстэрскія пальцы цырульніка і кучаравыя валасы Самсона, як зморшчыны пунсовай тканіны.

Тэма карціны – абсалютная ўлада жаночай прыгажосьці, перад якой не можа выстаяць мужчына. Трагедыя не набліжаецца, яна ўжо адбылася. Не цырульнік, абстрыгаючы валасы Самсона, пазбаўляе яго сілы, не Філістымляне асьляпляюць яго і бяруць у палон. Даліла зрабіла Самсона слабым, паланіла яго, асьляпіла сваім хараством.

Асьліная сківіца ў руцэ Самсона на карціне Лукаса Кранаха Старэйшага «Самсон і Даліла» выклікае пытаньне: Даліла здрадніца ці патрыётка свайго народу? Толькі што гэтай асьлінай сківіцай Самсон забіў тысячу Філістымлян, яе сапляменьнікаў.


Самсон і Даліла (528—30). Лукас Кранах Старэйшы (1472—1553). Сталічны музэй мастацтваў, Манхэтэн, Нью-Ёрк. Блёк Грэнады, выдадзены ў 2003 годзе.


Самсон сьпіць на каленях каханай Далілы, якая састрыгае пасмы валасоў з яго галавы, каб пазбавіць звышчалавечай сілы. З лесу выходзіць група салдат, якія чакаюць свайго пераможнага часу трыюмфу.

Збылося! Рэмбрант абраў для сваёй наступнай карціны самы трагічны эпізод: Філістымскія воіны адолелі Самсона і выпальваюць яму вочы распаленым жалезам. На гэты фрагмэнт вялікага з фігурамі ў натуральную велічыню палатна немагчыма глядзець без уздрыгу. На зрынутага Самсона наваліліся Філістымляне, цела волата выгінаецца ў пакутах, Даліла ўцякае прэч з нажніцамі і пасмамі валасоў у руках, воін цэліць дзідай Самсону ў грудзі…


Асьляпленьне Самсона (1636). Рэмбрант. Штэдэлеўскі Мастацкі інстытут, Франкфурт на Майне. Блёк пошты Антыгуа і Барбуды, выдадзены ў 1993 годзе


Апісаная ў Бібліі сьлепата Самсона, ёсьць не што іншае, як сымбалічнае апісаньне яго духоўнай сьлепаты. Не зразумела, у які менавіта момант Самсон перастаў ісьці па шляху Госпада, а пайшоў па шляху ўласнай помсты, выкарыстоўваючы тую сілу, якую Гасподзь даў яму, не па прызначэньні.

Філістымляне асьляпілі зьнясіленага ворага, закавалі яго ў ланцугі і прымусілі круціць млынавыя жорны ў вязьніцы Газы. Але Бог даў свайму спатыкнуламу дзіцяці магчымасьць адкупленьня. Валасы Самсона зноў адрасьлі, а разам зь імі вярнулася і сіла. Калі Самсона прывялі на баль у храм паганскага бога Дагона, каб сьляпец забаўляў гасьцей, ён узьнёс малітву Богу і з воклічам, «памры, душа мая, з Філістымлянамі!», зрушыў з месца калёны храма. Храм паваліўся, Самсон загінуў пад абломкамі разам з тысячамі філістымлянаў, «і было памерлых, якіх забіў Самсон пры сьмерці сваёй, больш, чым колькі забіў ён у жыцьці сваім» (Кніга Судзьдзяў 16:30).


Сьмеласьць. Хасэп Марыя Серт i Бадыя (1874 – 1945). Марка пошты Гішпаніі, выдадзеная ў 1996 годзе


Місія, якую Бог усклаў на яго, стала яго асабістай бітвай, ён ужо змагаўся за сябе, падпарадкоўваючыся свайму ўласнаму гневу, свайму запалу. Помста стала магутнай і ўсёпаглынальнай сілай у сэрца Самсона і зьмяніла напрамак яго жыцьця.

Самсон пачаў супрацьстаяць Філістымлянам ня толькі, каб абараніць Ізраільцян, асабістыя крыўды рухалі ім і яго фізычная сьлепата стала сымбалям духоўнага асьляпленьня і страты арыентыраў.

Гісторыя Самсона і Далілы – гэта гісторыя вечнай барацьбы, якая ідзе паміж дабром і злом за душу чалавека. Гэта гісторыя на працягу многіх гадоў захапіла мастакоў, таму што яна размаўляе з кожным пакаленьнем пра здраду, мужнасьць і каханьне.


Ізраільская Нацыянальная опэра «Самсон і Даліла». Марка пошты Ізраілю, выпушчаная ў 1971 годзе


Бог дае чалавеку вялізарныя мажлівасьці, але, у тым ліку, няўхільнае права і абавязак пастаянна рабіць уласны выбар, як і для чаго выкарыстаць гэтыя, часам нязнаныя, мажлівасьці, каб яны адпавядалі Божаму заданьню… Гэта цяжкая задача, з якой Самсон не даў рады справіцца.

Гісторыя Рут і Наэміні

народ твой будзе маім народам, і твой Бог – маім Богам… (Рут 1:16).


Кніга Рут – перліна сярод Кніг Бібліі. Пачынаецца яна с таго, што ў Віфляеме, што ў перакладзе азначае Дом хлеба, не было хлеба. Таму жыхар Віфляему Элімэлэх са сваёй жонкай і двума сынамі пакінуў родны горад і пасяліўся далёка ў Маавіцкай зямлі на ўсход ад Салёнага Мора. Падчас знаходжаньня ў Мааве Элімэлэх памёр, а сыны Махлон і Хілеон ажаніліся на дзеўчынах Маавіта па імені Рут і Орфа. На працягу дзесяці гадоў абодва браты памерлі без дзяцей, пакінуўшы Наэмінь без сыноў і мужа. У гэты час у Віфляеме зьявіўся хлеб і яна вырашыла вярнуцца на радзіму. Наэмінь сказала Рут і Орфе: «Ідзеце, вярнецеся кожная ў дом маці сваёй; хай даруе Гасподзь вам літасьць, як вы зрабілі з памерлымі і са мною!» (Рут 1:8). Дзьве жанчыны апынуліся перад выбарам, да якога Бога пайсьці? Орфа вырашыла вярнуцца да свайго народу і яна зьнікае са старонак Бібліі. Рут жа сказала Наэміні: «Kуды ты пойдзеш, туды і я пайду, і дзе ты жыць будзеш, там і я жыць буду; народ твой будзе маім народам, і твой Бог – маім Богам…» (Рут 1:16).

Гэта цытата з Бібліі надрукавана ў версе марачнага ліста «Гісторыя Рут і Наэміні» пошты Гаяны.

Ліст падзелены на чатыры тэматычныя часткі па шэсьць марак у кожнай. На малюнку левай верхняй часткі бачым побач Рут і Наэмінь і пакідаючую іх Орфу. На правым верхнім малюнку Рут на полі родзіча Ноэміні Ваоза зьбірае каласы і да яе падыходзіць Ваоз які сказаў: «Мне сказалі ўсё, што зрабіла ты сьвякрові пасьля сьмерці мужа твайго, што ты пакінула твайго бацьку і тваю маці і тваю радзіму і прыйшла да народа, якога ты ня ведала ўчора і заўчора; хай дасьць Гасподзь за гэты ўчынак твой, і хай будзе табе поўная ўзнагарода ад Госпада Бога Ізраілевага, да Якога ты прыйшла, каб супакоіцца пад Ягонымі крыламі!» (Рут 2:11,12). Гэта першая, але не апошняя ўзнагарода, якую атрымае Рут за свой учынак.

На наступным малюнку бачым Ваоза і мужчыну насупраць яго, якія таксама пастаўлены перад выбарам: «Ваоз сказаў: калі ты купіш поле ў Наэміні, ты павінен купіць і ў Рут Маавіцянкі, жонкі памерлага, і павінен узяць яе замуж, каб узнавіць імя памерлага ў надзеле ягоным» (Рут 4:5). Чалавек, да якога зьвяртаецца Ваоз, адмовіўся: «І сказаў той родзіч: не магу я ўзяць яе сабе, каб не парушыць свайго надзелу: прымі яе ты, бо я не магу прыняць» (Рут 4:6). І імя яго не ўпамінаецца ў Кнізе. Пра яго напісана «той родзіч». Ён намалёваны з ботам у руцэ. «Раней быў такі звычай у Ізраіля пры выкупе і пры абмене дзеля пацьвярджэньня якой-небудзь справы: адзін здымаў бот свой і даваў другому, і гэта было сьведчаньнем у Ізраіля» (Рут 4:7).


Гісторыя Рут і Наэміні. Марачны ліст пошты Гаяны, выдадзены ў 1994 годзе


На чацьвёртым малюнку шчасьлівая сям'я. Бо «І ўзяў Ваоз Рут, і яна зрабілася яго жонкаю. І ўвайшоў ён да яе, і Гасподзь даў ёй цяжарнасьць, і яна нарадзіла сына» (Рут 4:13).

У нізе на марачным лісьце яшчэ дзьве цытаты з Бібліі: «Дабраславёны Гасподзь, што ён не пакінуў цябе сёньня без нашчадка! і хай славіцца імя яго ў Ізраілі!» (Рут 4:14) і «У Наэміні нарадзіўся сын, і далі імя яму: Авід. Ён бацька Есэя, бацькі Давідавага» (Рут 4:17).

На марцы відарыс Рут і яе мужа Ваоза, якія трымаюць у руках кошыкі з каласамі. На прывесцы фрагмэнт з Кнігі Рут: «прыйшла да народа, якога ты ня ведала» (Рут 2:11).


Рут. Марка пошты Ізраілю, выдадзеная ў 1984 годзе


Дзякуючы таму выбару, што зрабілі Рут і Ваоз, яны апынуліся ў вытоку выратавальнай гісторыі чалавецтва: «Ваоз спарадзіў Авіда ад Руты; Авід спарадзіў Эсэя; Эсэй спарадзіў Давіда цара» (Паводле Мацьвея 1:5,6). Гэта стала тым каналам, праз які прыйшоў Хрыстос, як прарочыў Ісая: «І пойдзе пасынак ад кораня Есэевага, і галіна вырасьце ад кораня ягонага; і спачне на Ім Дух Гасподні, дух мудрасьці і розуму, дух рады і моцы, дух пазнаньня і пабожнасьці; і ўпадабаньне Ягонае тым, у кім страх Божы, і будзе судзіць не з пагляду вачэй Сваіх і не са слыху вушэй Сваіх вырашаць справы» (Ісая 11:1—3).

На марцы пошты Польшчы намалявана дрэва Эсэя. Гэта рэпрадукцыя абраза, намаляванага на дзераве ў 17 веку і захаванага ў трапэзнай манастыра айцоў паўлінаў на Яснай Гарэ ў Чэнстахове.


Дрэва Эсэя. Марка пошты Польшчы, выдадзеная ў 1986 годзе


На малюнку радавод Ісуса Хрыста ў выглядзе магутнага дрэва, якое вырастае з пня, якім ёсьць Эсэй, бацька Давіда. Эсэй адпачывае пад дрэвам. На лапах дзерава вобразы найважнейшых патомкаў Эсэя ад Давіда да Хрыста: першы – Давід з арфаю; вышэй яго Саламон з кнігаю, вышэй Саламона іншыя цары, а на вяршыні – Раство Хрыстова – Маці Божая з Дзіцяткам.

Ізраільцянка Наэмінь і Маавіцянка Рут – гэта таксама правобраз будучага Новага Запавету, які аб’яднае ўсіх людзей на зямлі, а ня толькі габрэяў, у Свой Абраны народ.


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 | Следующая
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Это произведение, предположительно, находится в статусе 'public domain'. Если это не так и размещение материала нарушает чьи-либо права, то сообщите нам об этом.


Популярные книги за неделю


Рекомендации