Электронная библиотека » Лявон Карповіч » » онлайн чтение - страница 17


  • Текст добавлен: 28 сентября 2023, 19:22


Автор книги: Лявон Карповіч


Жанр: Историческая литература, Современная проза


Возрастные ограничения: +16

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 17 (всего у книги 27 страниц)

Шрифт:
- 100% +
Эклезіяст – Прапаведнік (Коэлет – Сабранае)

Вось гэта знайшоў я, сказаў Эклезіяст, выпрабоўваючы адно за адным. (Эклезіяст 7:26)


Кніга Эклезіяста шмат у чым уяўляе сабой унікальную зьяву ў складзе Бібліі, прыкметна адрозьніваючыся ад усіх астатніх яе Кніг супярэчлівым і таямнічым сэнсам зьместу.

Наўрад ці можна назваць у складзе Старога Запавету кнігу, якая аказала б большы ўплыў на розум чытачоў на працягу стагодзьдзяў, якія прайшлі з моманту яе напісаньня. Гэта паэма пра чалавека, пра яго тленнае, дзіўнае і чароўнае жыцьцё, бессэнсоўнае і насычанае схаваным сэнсам адначасова. Паўстае ў ёй карціна духоўнага і сацыяльнага быцьця чалавека, якая дзівіць жорсткасьцю прысудаў нашага сьвету, які паўстае тленным, зьменлівым, дарэмным, абсурдным і з прызнаньнем крохкасьці, марнасьці і дарэмнасьці зямнога быцьця. «Пустая марнасьць сказаў Эклезіяст, пустая марнасьць, – усё марнасьць!» (Эклезіяст 1:2). З другога боку важна ўбачыць, што ў ёй паказваецца стаўленьне мудрага да сьвету.

На мой погляд найбольш прыдатнымі да ілюстраваньня Эклезіяста зьяўляюцца маркі з рэпрадукцыямі карцін флямандзкага мастака Ераніма Босха (1450—1516). «Я ўсе дзеі пабачыў, якія пад сонцам чыняцца, і вось, усё – марнасьць і пагоня за ветрам!» (Эклезіяст 1:14).


Сад зямных асалодаў. Еранім Босх (1450—1516). Музэй дэль Прада ў Мадрыдзе. Блёк Цэнтральна – Афрыканскай Рэспублікі, выдадзены ў 2013 годзе


У трыптыху «Сад зямных асалодаў» Еранім Босх намаляваў чалавечы досьвед, прычым, у паралельных сьветах – рэальным і замагільным.


Сад зямных асалодаў. Еранім Босх (1450—1516). Музэй дэль Прада ў Мадрыдзе. Блёк Гамбіі, выдадзены ў 2017 годзе


На левай частцы палатна – Рай, на правай – пекла, а ў цэнтры той самы «сад асалодаў». Можна толькі здагадвацца, які сэнс укладаў мастак у гэтую сымбалічную размаітасьць яго «саду». «Усё Ён цудоўным зрабіў сваёю парою і вечнасьць паклаў ім у сэрца, хоць ня кемяць яны ў тых справах, што Бог учыніў, ад пачатку і да канца» (Эклезіяст 3:11).

Здаецца, што Босх кажа нам, глядзіце, якімі бачыць вас Бог. Ён бачыць ваша нутро, усе вашыя патаемныя думкі і памкненьні і, калі гэта ўсё становіцца бачным, то так вы выглядаеце ў вачах Божых!

На сярэдняй панэлі ўсе гэтыя дзіўныя галышы, якія займаюцца ўсялякімі легкадумнымі заняткамі – на самай справе звычайныя грэшнікі.


Сад зямных асалодаў. Еранім Босх (1450—1516). Музэй дэль Прада ў Мадрыдзе. Блёк Нідэрляндаў, выдадзены ў 2016 годзе


Кветкі і садавіна на карціне сымбалізуюць задавальненьня плоці, а разглядаць трыптых варта зьлева направа, рухаючыся ад Біблейскага стварэньня чалавека ў Эдэмскім садзе да сучаснага жыцьця, зь яго пажадлівасьцю і суцэльнай распустай і, у выніку, трапляючы ў пекла. «Няма чалавека справядлівага на зямлі, які рабіў бы дабро і не грашыў…» (Эклезіяст 7:19).

Карціны Босха напоўнены незьлічонымі дэталямі. Яны творчыя, пазнавальныя; некаторыя зь іх нават сьмешныя. Варта падкрэсьліць, што пры наяўнасьці такіх жахаў, іншыя людзі ідуць па жыцьці, як быццам нічога асаблівага не адбываецца. Хіба гэта не самыя трагічныя вобразы? «Ня будзь лішне строгі, і не выстаўляйся залішне мудрым; навошта табе нішчыць сябе? Не ўпадай у грахі і ня будзь шалёны; навошта табе паміраць заўчасна?» (Эклезіяст 7:15,16).

Назва наступнай карціны «Сем сьмяротных грахоў і чатыры апошнія рэчы» Ераніма Босха гавораць аб яе зьмесьце. Цэнтральная частка, якая складаецца з чатырох канцэнтрычных колаў, сымбалізуе Усёвідушчае вока Божае, у зрэнцы якога ўваскрэслы Хрыстос паказвае свае раны. У другім крузе бачны лацінскі надпіс Cave, cave, d [omi] n [u] s videt – «Бойся, бойся, бо Гасподзь усё бачыць». Надпіс адсылае да вершу «Бо ў мроіве сноў, як і ў мроіве слоў – марнасьці шмат; а ты бойся Бога» (Эклезіяст 5:6). Трэці круг адлюстроўвае прамяні, падобныя на сонечныя, а чацьвёрты, у сэктарах, – Сем сьмяротных грахоў. Пад выявай кожнага з сямі сьмяротных грахоў дадзены яго лацінскі назоў.

Кругі сымбалізуюць ідэю вечнага кругазвароту: «Што было, тое і будзе; што рабілася, тое й рабіцьмецца, і нічога новага пад сонцам няма» (Эклезіяст 1:9).

«Толькі гэта знайшоў я, што Бог стварыў чалавека праведнага, а людзі кінуліся ў вымудры ўсякія» (Эклезіяст 7:28).

Апісаньне кожнага сэктара ідзе па гадзіньнікавай стрэлцы: абжорства, лянота, распуста, пыха, гнеў, зайздрасьць, сквапнасьць. «І зноў я пабачыў, што ўсякая праца і посьпех усякі ў справах узаемную зайздрасьць паміж людзьмі спрычыняюць. І гэта – марнасьць і пагоня за ветрам!» (Эклезіяст 4:4).


Сем сьмяротных грахоў і чатыры апошнія рэчы (1475—1480). Еранім Босх. Прада, Мадрыд. Блёк пошты Тога, выдадзены ў 2014 годзе


«Ад гультайства і столь прасядае; і як апусьцяцца рукі, дык дом пацячэ» (Эклезіяст 10:18).

На блёку пошты Тога добра відаць на правай ніжняй марцы гнеў у выглядзе бойкі, справа вышэй – пыха ў выглядзе жанчыны перад люстэркам і яшчэ вышэй – распуста ў выглядзе закаханай пары ў намёце. Астатнія малюнкі закрываюць відарысы трох марак: «Узыходжаньне блажэнных», «Хрыстос, увянчаны цярновым вянком» і «Выманьне каменя глупства».

Тэма загразласьці людзтва ў грахах працягваецца ў карціне Босха «Воз сена».

На фоне бязьмежнага пэйзажу сьледам за велізарным возам сена рухаецца кавалькада, і сярод яе – імпэратар і папа, сяляне, гараджане, клірыкі і манашкі… – хапаюць бярэмямі сена з воза або б'юцца за яго. За ліхаманкавай людзкой мітусьнёй зьверху назірае Хрыстос. Ніхто, акрамя анёла, які моліцца на версе воза, не заўважае ні Боскай прысутнасьці, ні таго, што воз цягнуць дэманы.


Воз сена. Еранім Босх (1450—1516). Музэй дэль Прада ў Мадрыдзе. Блёк Лібэрыі, выдадзены ў 2017 годзе


Род людзкі паўстае загразлым у граху. Сквапнасьць прымушае людзей хлусіць і падманваць: унізе зьлева хлопчык вядзе за руку мужчыну ў нейкім падабенстве цыліндру на галаве, які прыкідваецца сьляпцом, вымагаючы міласьць. Лекар-шарлатан у цэнтры выклаў на стол свае дыплёмы, склянкі і ступку, каб уразіць уяўленьне легкавернай ахвяры; справа некалькі манашак накладваюць сена ў мяшок пад наглядам манаха з вялізным жыватом, які сядзіць за сталом. Закаханая пара на версе воза ўвасабляе грэх распусты. «Бо хто ведае, што чалавеку добра ў жыцьці, у безьлічы дзён марнага веку яго, якія праходзяць, бы цень? І хто чалавеку скажа, што будзе пад сонцам пасьля яго?» (Эклезіяст 6:12).

Калі прыгледзецца, ці ня знойдзем мы сябе ў гэтым натоўпе, што ідзе за возам, каб і сабе ўрваць трохі сена?

«Хто любіць срэбра, той не насыціцца срэбрам, і хто любіць багацьце, ня мае карысьці зь яго. І гэта – марнасьць!» (Эклезіяст 5:9).


Воз сена (дэталь). Еранім Босх (1450—1516). Музэй дэль Прада ў Мадрыдзе. Блёк Нідэрляндаў, выдадзены ў 2016 годзе


Марачны ліст пошты Нідэрляндаў складаецца з 10 марак, выдадзеных з нагоды 500-годзьдзя з дня сьмерці Босха. На марках фрагмэнты карціны Босха «Воз сена» з кароткімі тлумачэньнямі да кожнай з дзесяці сцэн, адлюстраваных на марках, так што кожная марка распавядае асобную гісторыю, а разам утвараюць цэлае.

«Ёсьць зло, якое я ўбачыў пад сонцам, і багата яго між людзьмі…» (Эклезіяст 6:1). Гэта цытата пацьвярджаецца наступным трыптыхам Босха. У пэрыяд паміж 1490 і 1500 гг. Босх – у самым разгар свайго таленту – стварае гэты трыптых. Уверсе зьлева «Карабель дурняў». Унізе зьлева – «Алегорыя аб абжорства і пажадлівасьці». Панэль справа – «Сьмерць скнары». На задняй частцы панэлі разьмешчаны Падарожнік. Цэнтральная панэль страчана.

З караблём Босха нешта ня так. Яго пасажыры сьпяваюць, п'юць… Яны нават не заўважаюць, што іх карабель ужо нікуды не плыве. Прычым так даўно, што праз дно прарасло дрэва. «Смутак лепшы за сьмех; а сэрца бязглуздых – у доме вясёлым» (Эклезіяст 7:3). Яны дурні, таму што яны атрымліваючы асалоду ад усіх пачуцьцёвых задавальненьняў гэтага сьвету, ня ведаюць, куды гэта ўсё вядзе. «Неразумны сядзіць, склаўшы рукі свае, і жарэ сваё цела» (Эклезіяст 4:5).


Карабель дурняў. Сьмерць скнары 1495—1500). Еранім Босх. Люўр, Парыж. Блёк пошты Сэнт – Вінсэнту і Грэнадынаў, выдадзены ў 2016 годзе


Капітан, які кіруе гэтым шляхам, – гэта сьмерць. «Вось гэта ёсьць ліха ва ўсім, што пад сонцам робіцца, што адна доля ўсім, і сэрца сыноў чалавечых напоўнена злом, і неразумнасьць у сэрцы ў іх, у жыцьці іхнім; а потым яны адыходзяць да мёртвых» (Эклезіяст 9:3).

На панэлі справа – «Сьмерць скнары». У руцэ ў багацея – ружанец, на поясе вісіць ключ ад куфра. Скупы стаіць перад выбарам: застацца пры грошах, узяць мех з манэтамі, якія яму працягвае сквапнасьць-д’ябал, або паслухацца Анёла-ахоўніка і зьвярнуць свой позірк да расьпяцьця і Бога. «Уся праца людзкая – для рота, а душа чалавека – не насычаецца» (Эклезіяст 6:7). За чалавекам уважліва сочыць яшчэ адзін д'ябал, які зьвісае з палога над ложкам, а худая сьмерць у дзьвярным праёме чакае рашэньня багацея – ад яе яму ўжо ў любым выпадку не схавацца. «Ёсьць нядоля балючая, якую я пад сонцам бачыў: багацьце, якое ўласьнік пільнуе на шкоду сабе» (Эклезіяст 5:12).

Гэта яшчэ адзін фантастычны трыптых. Сярод кучы монстраў і пачвар – чатыры сюжэты з жыцьця пустэльніка.


Спакуса Сьвятога Антонія (1505—1506). Еранім Босх. Нацыянальны музэй старажытнага мастацтва, Лісабон. Блёк пошты Партугаліі, выдадзены ў 2016 годзе


Левая створка – «Палёт і падзеньне Сьвятога Антонія». Спачатку Сьвятога ў небе разьдзіраюць дэманы. Іх паслаў Сатана. Не давала яму спакою, што Сьвяты змагаецца з зямнымі спакусамі. Змучанага Сьвятога дэманы кінулі на зямлю. Мы бачым, як яго зьнясіленага вядуць пад рукі.

У цэнтральнай частцы Сьвяты стаіць на каленях сярод загадкавых пэрсанажаў. Гэта алхімікі спрабуюць спакусіць яго эліксірам вечнага жыцьця. Але нічога ў іх не выйшла.

Правая створка – «Уявы Сьвятога Антонія». Сьвятога Антонія спакушае самая спакусьлівая з усіх спакусьніц.

«Вас апанавала спакуса не якая, а чалавечая; і верны Бог, Які не дапусьціць, каб вас спакушалі звыш сілы, але пры спакушэньні дасьць і палёгку, каб вы маглі ператрываць» (Першае да Карынфянаў 10:13).

Прыклад Сьвятога Антонія кажа аб тым, што ня ўсё так безнадзейна, што чалавек здольны на правільны выбар.

Наступная праца Босха кажа аб тым, што калі чалавек паддаўся спакусам, то і тады яшчэ ня ўсё згублена.

Прыкладна ў 1510 годзе Еранім Босх напісаў «Блуднага сына», але гэта не вяртаньне ў бацькаву хату і горкі і радасны плач і абдымкі, а сцэна абдуманага і ўвасобленага сыходу з грахоўнага жыцьця. Галоўны пэрсанаж рана састарэўся і пасівеў, у вачах яго – стомленасьць, расчараваньне, горкая ўсьмешка… надзея? «Няскора ўчыняецца суд над благімі справамі; таму не баіцца сэрца сыноў чалавечых чыніць ліхату» (Эклезіяст 8:11). Гэты намёк на ўсьмешку і прыўзьнятыя бровы кажуць пра тое, што нягоды лёсу не да канца пагасілі яго дух і імкненьне да лепшага. Цяпер ён многае зразумеў. «І ўбачыў я, што мудрасьць пераважае над дурасьцю так, як сьвятло над цемраю» (Эклезіяст 2:13).

Так мог бы сымбалічна выглядаць любы чалавек – знойдзенае, заробленае, выпадковае, атрыманае ў дар або скрадзенае… у дзірах і ў той жа час з моцным кошыкам за плячыма… дарога па доўгім жыцьцёвым шляху – ад граху да радасьці, ад карчмы, дзе незаўважна для гаспадароў бурыцца дах, да Айца Нябеснага.

«Уведаў я, што няма ім нічога лепшага, як весяліцца і ў жыцьці сваім добрае толькі ўчыняць. І калі які чалавек есьць і п'е і бачыць дабро ва ўчынках сваіх, дык гэта – дар Божы. Уведаў я, што ўсё, што робіць Бог, застаецца навекі; Ён робіць так, каб багавейна ступалі перад абліччам Яго» (Эклезіяст 3:12—14).


Блудны сын (1510). Еранім Босх. Марка з блёку Саламонавых выспаў, выдадзеным у 2016 родзе


«І сказаў я ў сэрцы маім: „Судзіць будзе Бог праведнага і грэшнага; бо на кожную справу прызначана пара і суд на кожную дзею тваю“» (Эклезіяст 3:17). Цэнтральная панэль трыптыху Ераніма Босха «Страшны суд» уяўляе сабой апошні суд і сем сьмяротных грахоў.

На марках адлюстраваныя зьнешнія створкі трыптыху і на іх Сьвяты Апостал Якаў і Сьвяты Бавон.

Ні адзін мастак ні да, ні пасьля Босха не валодаў такой творчай энэргіяй і здольнасьцю ўвасабляць палохаючае невядомае ў гэтак фантастычныя вобразы.

Унутраная панэль зьлева адлюстроўвае падзеньне анёлаў з нябёсаў, стварэньне Евы, грэхападзеньне і выгнаньне, у той час як правае крыло паказвае пекла і князя цемры. Асуджаных Богам – а на думку Босха, яны складуць вялікую частку роду людзкога – чакаюць пякельны агонь, мукі, стогны і скрыгат зубоў. Такую страшную долю падрыхтаваў Бог чалавецтву. На гэтую тэму Босх стварыў нямала ўражлівых карцін, але самая моцная па ўзьдзеяньні, мабыць, тая, што на правай створцы гэтага трыптыху. І, ня гледзячы на гэта, людзі грашаць. «Няскора ўчыняецца суд над благімі справамі; таму не баіцца сэрца сыноў чалавечых чыніць ліхату» (Эклезіяст 8:11).


Страшны суд (1504). Еранім Босх. Акадэмія выяўленчых мастацтваў, Вена. Блёк пошты Лібэрыі, выдадзены ў 2016 годзе


Чым жа тлумачыцца непераможная грахоўнасьць чалавека? Магчыма грэх у чалавечым родзе адбыўся пад уплывам спакусы з боку д'ябла, з свабоды чалавека і права і абавязку выбіраць? Але д'ябал складае толькі зьнешнюю прычыну паходжаньня граху: ён толькі зводзіць, схіляе чалавека да граху. Галоўную ж, унутраную прычыну паходжаньня граху складае свабода чалавека, а зь ёй права і абавязак выбару: з прычыны свабоды чалавек выбірае грэх, не вытрымаўшы спакусы. І вырашальным момантам у такім выбары – сумнеў у любові Божай да людзей і скептыцызму адносінах да веры ў замагільнае жыцьцё. «Усё Ён цудоўным зрабіў сваёю парою і вечнасьць паклаў ім у сэрца, хоць ня кемяць яны ў тых справах, што Бог учыніў, ад пачатку і да канца» (Эклезіяст 3:11). Ў якім бы кірунку думка ні разьвівалася, яна ў рэшце рэшт натыкаецца на ѓэвэль – марнасьць, і гэта не проста перашкода, а прама-ткі пастка.

«Пустая марнасьць сказаў Эклезіяст, пустая марнасьць, – усё марнасьць!» – гаворыцца ў кнізе цара Саламона «Эклезіяст» (Коэлет). І ты прыходзіш у адчай. Але давайце пачуем Міхаэля Лайтмана (імя пры нараджэньні – Міхаіл Лейтман; нарадзіўся 31 жніўня 1946 года, Віцебск) – члена «Сусьветнага савета мудрацоў».

«„Пустая марнасьць, – усё марнасьць“ – такі даслоўны пераклад зь іўрыту, без тлумачэньня ўнутранай сутнасьці сказанага, на тысячагодзьдзі накіраваў чалавецтва па няслушным шляху. Справа ў тым, што „марнасьць марнасьці“ – гэта няправільны пераклад зь іўрыту выразу „эвель авалім“, які пацьвярджае ў чарговы раз, наколькі немагчыма чытаць Тору ў перакладзе. Там гаворыцца, што ўсё ў сьвеце адбываецца з таго, што называецца „эвель“ – адлюстраванае сьвятло. І вывучэньне кнігі Эклезіяста заключаецца не ў разуменьні прачытанага. Кніга Эклезіяста – гэта не кніга, гэта мэханізм прыцягненьня вышэйшага сьвятла, які запускаецца праз чытаньне Кнігі тваім жаданьнем. І гэта не пустая, а вельмі сур'ёзная ўнутраная праца, цалкам супрацьлеглая таму, што мы маем на ўвазе ў нашым сьвеце, чытаючы Біблію ў перакладзе».

«Усё мае сваю пару, і гадзіна кожнае дзеі – пад небам. Ёсьць пара нарадзіцца, і пара памерці, пара насаджаць, і пара вырываць пасаджанае. Пара забойства, і пара гаеньня; пара разбураць, і пара будаваць; пара плачу, і пара весялосьці; пара бедаваць, і пара танцаваць; пара раскідаць камяні, і пара зьбіраць камяні; пара абдымаць, і пара ўхіляцца абдоўмаў; пара шукаць, і пара губляць; пара ашчаджаць, і пара выкідаць; пара разьдзіраць, і пара зашываць; пара маўчаць, і пара прамаўляць; пара кахаць, і пара ненавідзець; пара вайне, і пара міру» (Эклезіяст 3:1—8).


Час (1931). Сальвадор Далі (1989—1904). Марка пошты Мальдзіывў, выдадзеная ў 2004 годзе


На палатне прысутнічаюць любімыя для Далі сымбалі: яйка, увасабляе жыцьцё; мора, як сымбаль неўміручасьці; аліва, прыкмета мудрасьці і мурашы на цыфэрблаце старадаўняго кішэннаго гадзіньніка – паказчыкі тлену і раскладаньня, завяршаюць адзіную кампазыцыю.

Гэтая карціна, мне здаецца, гаворыць са мной – крычыць мне – што час проста растае на нашых вачах! І чым я старэй, тым хутчэй ляціць час! Праблема, вядома, у тым, што Божы плян нашага жыцьця не заўсёды адпавядае нашым плянам, і часам гэта можа быць пакутлівай барацьбой. Але калі Бог «кіруе», то з гэтага вынікае, што Ён сапраўды мае час і мэту на ўсё. Але гэта не фаталізм і не пазбаўляе нас свабоды і адказнасьці. Гэта мудры провід любячага Айца, які абяцае зрабіць усё добра.

«Ёсьць толькі два спосабы пражыць жыцьцё: першы – быццам цудаў не існуе, другі – быццам вакол адны цуды», – казаў Эйнштэйн. Выбераш першы і «пустая марнасьць, – усё марнасьць», выбераш другі і аказваецца; што «шчасьце – у «марнасьць марнасьці», аддачы бліжняму! Калі мы будзем аддаваць адзін аднаму, калі пабудуем такое жыцьцё, што ўсе будзем станоўча зьвязаны ў грамадзтве, то напоўнім адзін аднаго шчасьцем, а не рэчамі.

Гісторыя, якая стаіць за маркамі Carry Us Through (Перанясі нас праз гэта) тычыцца гісторыі пандэміі каранавірусу 2020 года і таго, як яна зьмяніла наша жыцьцё, магчыма, назаўсёды. Хтосьці страціў сяброў, хтосьці страціў працу і бізнэс, хтосьці страціў жыцьцё. Усе мы пацярпелі. Але ўсіх уразіла, як зьдзяйсьнялася незьлічоная колькасьць дабрыні, адзінства, клопату і пазытыву, уразіла тое, як людзі зноў пачалі размаўляць, пісаць адзін аднаму, размаўляць з суседзямі, наглядаць уразьлівых людзей. Мы ведаем, што гэты крызіс пройдзе, як і ўсё, і ў нас застанецца пэрыяд аднаўленьня. Шмат каму, хто страціў сяброў і сваякоў, спатрэбіцца спачуваньне і разуменьне. Але жыве надзея, заснаваная толькі на некалькіх рэчах, якія «правядуць нас праз» крызіс да нашага выздараўленьня, як фізычнага, так і духоўнага. Маркі «2020 Каханьне будзе # CarryUsThrough» распрацавала дызайнэр Эма Ньютан.


Каханьне будзе, Вера будзе, Сыход будзе, Спачуваньне будзе, Праца будзе, Супольнасьць будзе, Словы будуць, Навука будзе. Маркі Адзьдзяленьне паштовай сувязі вострава Мэн, выдадзеныя ў 2020 годзе


Любоў да бліжніх – гэта тое, што дапаможа нам перамагчы страх, гора і аднавіць жыцьцё. Усё што нам трэба – гэта любоў.

«Выслухаем сутнасьць усяго: бойся Бога і Запаведзяў Ягоных трымайся, бо чалавеку ў гэтым – усё. Бо ўсякі ўчынак Бог прывядзе на суд і ўсё таемнае, ці яно добрае, а ці благое» (Эклезіяст 12:13,14).

Сьвятое Пісаньне не кажа аб праўдзе, якая павінна быць на зямлі. Але праз Эклезіяста яно папярэджвае нас: поўную стаўку на зямны сьвет рабіць нельга. У чалавека ёсьць іншае памкненьне і іншыя высокія задачы, якія пераўзыходзяць той узровень, да якога чалавек прывык раней.

Як ні парадаксальна, аўтар Эклезіяста праз свой тэкст, які здаецца дэпрэсіўным, падводзіць нас да паўнаты і шчасьця.

«А што звыш усяго гэтага, сыне мой, таго асьцерагайся: складаць многа кніг – канца ім ня будзе, і многа чытаць – стамляецца цела» (Эклезіяст 12:12).

Эклезіяст сказаў загадкавую фразу: «Добрая мудрасьць – як і добрая спадчына, асабліва ж бо тым, што сонца бачаць…» (Эклезіяст 7:10).

Мудрасьць – гэта дар Бога, спадчына – дабрачыннасьць, а сонца – Сам Гасподзь, і пабачыць Яго магчыма толькі духоўнымі вачыма веры і любові.

Але пакора – гэта прымірэньне з Богам, а не з сьветам, які ляжыць у зьле, яно прадугледжвае свабоду духу і духоўны высілак – барацьбу з сусьветным злом.

«… ня ведаеце, якога вы духу; бо Сын Чалавечы прыйшоў ня губіць душы чалавечыя, а ратаваць» (Паводле Лукаша 9:55,56).

Пакуты нявіннага Ёва

Няўжо добрае мы будзем прымаць ад Бога, а благога ня будзем прымаць? (Ёв 2:10)


Яшчэ ў адной з Біблейскіх Кніг Мудрасьці кнізе Ёв разглядаецца адзіная глябальная праблема рэлігіі – чаму Бог дапускае зло ў Сусьвеце. Чаму зло распаўсюджваецца на людзей нявінных? Пакуты злых і грэшных можна растлумачыць пакараньнем за грахі, але чаму пакутуюць нявінныя? Кніга Ёв апісвае прыклад такога пакараньня і пакутаў нявіннага Ёва.

На марцы Нідэрляндаў паказана старонка Бібліі, надрукаванай у 1477 годзе, з тэкстам з Кнігі Ёва: «О, калі б запісаны былі словы мае! калі б накрэсьлены былі яны ў кнізе разцом жалезным з волавам, – на вечныя часы на камені выразаны былі!» (Ёв 19:23,24).


Біблія Дэльфт (Delft). Марка пошты Нідэрляндаў, выдадзеная ў 1977 годзе


На небе перад Богам сабраўся савет з жыхароў неба, дзе ад зямлі прыйшоў сатана і заявіў, што абышоў усю зямлю, як бы намякаючы, што на зямлі ўсё пад яго ўладай. Але Бог зьвярнуў яго ўвагу на тое, што гэта далёка не так, бо ёсьць, напрыклад, такі чалавек як Ёв.

Але сатана запярэчыў, што Ёв такі бездакорны, пакуль Бог яму спрыяе і ўсё зьменіцца, калі Ёв страціць усё, што мае. «Ці ня Ты вакол асланіў яго і дом ягоны і ўсё, што ў яго? Дзеі рук ягоных Ты дабраславіў, і статкі ягоныя шырацца па зямлі; але працягні руку Тваю і дакраніся да ўсяго, што ў яго, – ці дабраславіць ён Цябе?» (Ёв 1:10,11). І вось Ёв страціў усё, што меў: маёмасьць, дзяцей, здароўе і ляжыць у непераносных пакутах. Гледзячы на мукі мужа, жонка дапускае, што вера ў Бога нічога не дала, і кажа: «ты ўсё яшчэ цьвёрды ў беззаганнасьці тваёй! згань Бога і памры» (Ёв 2:9). На што Ёв адказвае: «Ты гаворыш, як неразумная. Няўжо добрае мы будзем прымаць ад Бога, а благога ня будзем прымаць? Ва ўсім гэтым не зграшыў Ёв вуснамі сваімі» (Ёв 2:10).

«І пачулі трое сяброў Ёва пра ўсе гэтыя нягоды, што спасьціглі яго, і пайшлі кожны з свайго месца: Эліфаз Фэманіцянін, Вілдад Савхэянін і Сафар Нааміцянін, і сышліся, каб ісьці разам бедаваць зь ім і суцяшаць яго» (Ёв 2:11). Гэты эпізод намаляваў Мація Прэці (Mattia Preti) на карціне «Наведваньне Ёва прыяцелямі».


Ёва наведваюць яго сябры. Мація Прэці (1613—1699). Каралеўскі музэй прыгожых мастацтваў у Бэльгіі. Марка пошты Руанды, выдадзеная ў 1967 годзе


На малюнку мастак намаляваў Ёва, які «сеў у попел», змучаны хваробай, да якога прыбылі яго заможныя і разумныя прыяцелі, засмучаныя, як гэта магло здарыцца з такім справядлівым і добрым чалавекам. Збоку стаіць жонка Ёва, надалей верная мужу, але, якая ўжо сумняваецца ў Божай справядлівасьці.

Сем дзён моўчкі спачувалі сябры Ёву, толькі пасьля нараканьняў Ёва на свае няшчасьці пачалі гаварыць. «Згадай жа, ці гінуў хто невінаваты, і дзе праведных выкарчоўвалі б? Як я бачыў, дык тыя, што аралі бязбожнае і сеялі ліхое, жнуць яго…» (Ёв 4:7,8). Яны перакананыя, што нявінныя не караюцца Богам, што, напэўна, Ёв зграшыў і, магчыма, проста ня хоча гэтага прызнаць, чым дадаюць яшчэ больш болі Ёву. Ёв выслухваў абскарджваньні, але не пагаджаўся і шукаў адказ, спасылаючыся на мудрасьць Бога, якая відавочная ў сьвеце Ім створаным. Гэты матыў адлюстраваны на марках пошты Ізраілю, дзе каляровыя малюнкі ілюструюць разважлівыя адказы Ёва сябрам, у якіх паказвае мудрасьць Бога прысутная ў прыродзе.

«…спытайся […] у птушкі нябеснай, і абвесьціць табе…» (Ёв 12:7).

«…спытайся ў быдла, і навучаць цябе…» (Ёв 12:7).

«…і скажуць табе рыбы марскія» (Ёв 12:8).


Адказы Ёва сябрам. Маркі пошты Ізраілю, выдадзеныя ў 1996 годзе


«Хто ва ўсім гэтым ня ўведае, што рука Госпада стварыла гэта. У Ягонай руцэ душа ўсяго жывога і дух усякі чалавечай плоці» (Ёв 12:9,10).

Дыялёг Ёва з сябрамі перарывае Бог, бо бачыць, што дагаварыцца яны ня могуць і Ёв пачынае абвінавачваць Бога. Але Бог не дае прамога адказу, а задае пытаньні так, каб Ёв сам прыйшоў да высновы. Сваімі пытаньнямі Бог паказвае, што Ён зладзіў сьвет таямнічы і дасканалы, і што чалавеку недаступна пракрасьціся ва ўсе найвялікшыя таямніцы чароўнай задумы аб сьветабудове. Але мы заўсёды ўпэўненыя, што ведаем адказ на тое, што не мае адказу. Насуперак нашаму перакананьню, што пакуты – вынік граху, існуюць мукі нявінных. Мукі нявінных у таямнічы спосаб упісаныя ў дасягненьне дасканаласьці гэтага сьвету.

Ёва напаткалі выпрабаваньні, не з тым, каб загубіць яго, але каб увянчаць, не з тым, каб пасароміць, але каб праславіць… Ёв вытрымлівае тыя спакусы, якія некалі не вытрымаў Адам у Раі. І гэта вельмі важны крок для Ёва, які прывёў да яго сустрэчы з Богам і да вяртаньня яму ўсяго што меў удвая.


Бічаваньне Ёва. Тытульны ліст. Гравюра Скарыны (1517). Праект маркі (2017)


Варта сказаць, што ўнікальна сама пабудова кнігі: гэта дзіўнае спалучэньне прозы і паэзіі, маналёгу і дыялёгу. Пралог (главы1—2) і эпілёг (42:7—17) складаюць яе празаічную частку. Але ўсё, што паміж імі, зьяўляецца паэтычнай часткай (у габрэйскім арыгінале).

Ангельскі паэт, пісьменьнік, мастак, друкар, гравёр Уільям Блэйк (1757—1827) стварыў 21 ілюстрацыю да Кнігі Ёва.


Сатана лье кіпень на Ёва (1825). Уільям Блэйк (1757—1827). Каляровая манатыпія. Музэй вытанчаных мастацтваў Бостана. Капэрта пошты Гішпаніі, выдадзеная ў 2013 годзе


Над выявай карціны разьмешчана цытата, якая падкрэсьлівае падпарадкаваньне Ёва ягоным выпрабаваньням. «І сказаў Гасподзь сатане: вось, ён у руцэ тваёй, толькі душу ягоную ашчадзі. І адышоў сатана ад аблічча Гасподняга і пабіў Ёва праказаю лютаю ад падэшвы нагі ягонай па самае цемя ягонае» (Ёв 2:6,7).


Ёв і яго дочкі (1825). Каляровая манатыпія. Музэй вытанчаных мастацтваў Бостана. Капэрта пошты Гішпаніі, выдадзеная ў 2013 годзе


«Ёв і яго дочкі» пасьля вяртаньня Ёву ўсяго, што меў удвая – ілюстрацыя Уільяма Блэйка да главы 42 (13—15) Кнігі Ёва. Усе яны бачацца на фоне, які адлюстроўвае некаторыя выпрабаваньні, якія прайшоў Ёў. Зьлева – зьнішчэньне халдэямі яго слуг: «Халдэі сталі трыма атрадамі і кінуліся на вярблюдаў і забралі іх, а хлопчыкаў пабілі вастрыём меча; і ўратаваўся толькі я адзін, каб абвясьціць табе» (Ёв 1:17). Справа – зьнішчэньне аратых Ёва: «Валы аралі, і асьліцы пасьвіліся каля іх, як напалі Савэяне і забралі іх, а хлопчыкаў пабілі вастрыём меча; і ўратаваўся толькі я адзін, каб абвясьціць табе» (Ёв 1:15).

«І вярнуў Гасподзь страту Ёва, калі ён памаліўся за сяброў сваіх; і даў Гасподзь Ёву ўдвая больш за тое, што ён меў раней. Тады прыйшлі да яго ўсе браты ягоныя і ўсе сёстры ягоныя і ўсе ранейшыя знаёмыя ягоныя, і елі зь ім хлеб у доме ягоным, і смуткавалі зь ім, і суцяшалі яго за ўсё ліха, якое Гасподзь навёў на яго і далі яму кожны па кесіце і па залатым пярсьцёнку. І дабраславіў Бог апошнія дні Ёва болей, чым ранейшыя: у яго было чатырнаццаць тысяч дробнага быдла, шэсьць тысяч вярблюдаў, тысяча пар валоў і тысяча асьліц. І было ў яго сем сыноў і тры дачкі. І даў ён першай імя Эміма, імя другой – Касія, а імя трэцяй – Керэнгапух. І ня было на цэлай зямлі такіх прыгожых жанчын, як Ёвавы дочкі, і даў ім бацька іхні спадчыну паміж братамі іхнімі. Пасьля таго Ёў жыў сто сорак гадоў, і бачыў сыноў сваіх і сыноў сыноўніх да чацьвёртага роду. І памёр Ёў у старасьці насычаны днямі» (Ёв 42:10—17).


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 | Следующая
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Это произведение, предположительно, находится в статусе 'public domain'. Если это не так и размещение материала нарушает чьи-либо права, то сообщите нам об этом.


Популярные книги за неделю


Рекомендации