Автор книги: Лявон Карповіч
Жанр: Историческая литература, Современная проза
Возрастные ограничения: +16
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 13 (всего у книги 27 страниц)
Старажытная гісторыя жыцьця Божага народу (1050– 440 да Р.Х.)
Пэрыяд адзінага царства (1050 – 940 да Р.Х.)
Самуіл…у Госпада я выпрасіла яго. (Першая Царстваў 1:20)
Да 15 стагодзьдзя Кнігі Бібліі Першая Царстваў і Другая Царстваў насілі назву Самуіла. Гэта гаворыць аб той ролі, якую адыграў Прарок і апошні судзьдзя ў гісторыі Ізраільскага народу. У самы цяжкі і смутны час, калі адбылося паражэньне ад Філістымлян, якія захапілі найвялікшую сьвятыню – Каўчэг Запавету, ён стаў духоўным кіраўніком і пераўтваральнікам свайго народу.
Самуіл быў сынам Элкана і Ганны. У Ганны доўга не было дзяцей. «І была яна ў скрусе душы, і малілася Госпаду, і горка плакала, і дала абяцаньне, кажучы: Госпадзе Саваоф! Калі Ты ўважыш скрусе рабы Тваёй і спамянеш пра мяне, і не забудзеш рабы Тваёй і дасі рабе Тваёй дзіця мужчынскага полу, дык я аддам яго Госпаду на ўсе дні жыцьця яго, і брытва не кране галавы ягонай» (Першая Царстваў 1:10,11). Першасвятар Ілій палічыў яе п'янай, але, пачуўшы яе журботную гісторыю, дадаў сваю просьбу да Бога, і неўзабаве Ганна атрымала тое, што прасіла.
Калі дзіця нарадзілася, Ганна назвала яго Самуілам, што значыць «вымалены ў Бога». Калі хлопчык падрос, яна павяла яго ў храм і сказала першасьвятару Іліі: «спадару мой! хай жыве душа твая, спадару мой! я – тая самая жанчына, якая тут пры табе стаяла і малілася Госпаду; за гэтае дзіця малілася я, і спраўдзіў мне Гасподзь просьбу маю, чаго я прасіла ў Яго; і я аддаю яго Госпаду на ўсе дні жыцьця ягонага – служыць Госпаду. І пакланілася там Госпаду» (Першая Царстваў 1:26—28).
Ганна і Самуіл. Марка пошты Ізраілю, выдадзеная ў 1984 годзе
На прывесцы маркі словы Ганны: «за гэтае дзіця малілася я» (Першая Царстваў 1:27).
Ганна пакінула Самуіла ў першасьвятара Іліі, а сама выканала Гімн Богу: «Гасподзь сьмерціць і ажыўляе, зводзіць у апраметную і выводзіць; Гасподзь робіць жабраком і ўзбагачае, прыніжае і ўзвышае. З пылу падымае Ён беднага, з гразі ўзвышае ўбогага, садзіць зь вяльможамі, і трон славы дае ім у спадчыну; бо ў Госпада асновы зямлі, і Ён сьцьвердзіў на ім сусьвет. Сьляды сьвятых Сваіх Ён захоўвае, а беззаконьнікі ў цемры зьнікаюць: бо ня сілаю моцны чалавек. Гасподзь сатрэ тых, што спрачаюцца зь Ім; зь нябёсаў загрыміць на іх. Гасподзь будзе судзіць канцы зямлі і дасьць моц цару Свайму і падыме рог памазанца Свайго» (Першая Царстваў 2:6—10).
Ганна і Самуіл ў храме (1650). Школа Рэмбрандта. Нацыянальная галерэя Шатляндыі. Марка пошты Антыгуа і Барбуды, выдадзеная ў 1993 годзе
Ганна кажа «ня сілаю моцны чалавек», на сваім прыкладзе паказваючы, што чалавек моцны можа быць толькі вераю. Яшчэ Ганна прарочыць пра прыход Мэсіі: «Гасподзь будзе судзіць канцы зямлі і дасьць моц цару Свайму і падыме рог памазанца Свайго» (Першая Царстваў 2:10).
Пры храме хлопчык падрастаў і ўзбагачаўся Божаю ласкаю.
Саўл – цар Ізраілюпаслушэнства лепшае за ахвяры. (Першая Царстваў 15:22)
Самуіл стаў вялікім Прарокам Ізраільскага народу. Мінулі гады. Два сына Самуіла сталі ўсё часьцей замяшчаць бацьку. Але сталася так, як з сынамі Ілія: «А сыны Ілія былі людзі нягодныя; яны ня ведалі Госпада» (Першая Царстваў 2:12). Таму старэйшыны Ізраіля прыйшлі да Самуіла і сказалі яму: «вось, ты састарыўся, а сыны твае ня ходзяць шляхамі тваімі; дык вось пастаў над намі цара, каб ён судзіў нас, як у іншых народаў» (Першая Царстваў 8:5). Самуілу не спадабалася гэтае пажаданьне і ён зьвярнуўся да Бога з пытаньнем, што яму рабіць. І сказаў Гасподзь Самуілу: паслухай голасу народу ва ўсім, што яны кажуць табе; бо не цябе яны адхілілі, а адхілілі Мяне, каб Я не валадарыў над вамі; як яны рабілі з таго дня, калі Я вывеў іх зь Егіпта, і да гэтага дня, пакідалі Мяне і служылі іншым багам, так робяць яны з табою; дык вось паслухай голасу іхняга; толькі абвясьці ім і пакажы ім правы цара, які будзе валадарыць над імі» (Першая Царстваў 8:7—9).
Самуіл перадаў народу словы Госпада і папярэдзіў: «самі вы будзеце яму рабамі; і застогнеце тады ад цара вашага, якога вы выбралі сабе, і ня будзе Гасподзь адказваць вам тады» (Першая Царстваў 8:17,18).
Але народ працягваў патрабаваць цара. І Гасподзь сказаў Самуілу: «заўтра гэтым часам Я прышлю да цябе чалавека зь зямлі Веньямінавай, і ты памаж яго ў кіраўніка народу Майму Ізраілю, і ён уратуе народ Мой ад рукі Філістымлянаў; бо Я ўважыў народу Майму, бо енк ягоны дайшоў да Мяне. Калі Самуіл убачыў Саўла, дык Гасподзь сказаў яму: вось чалавек, пра якога Я казаў табе; ён будзе кіраваць народам Маім» (Першая Царстваў 9:16,17). Калі Саўл прыйшоў да Самуіла, «Узяў Самуіл посуд з алеем і выліў на галаву ягоную, і пацалаваў яго і сказаў: вось, Гасподзь памазвае цябе на кіраўніка спадчыны Сваёй…» (Першая Царстваў 10:1).
Памазаньне Самуіла на царства. Біблія Ота Семлера. Пэрсанальная марка, выпушчаная поштай Ізраілю ў 2014 годзе
Саўл – першы цар Ізраіля нарадзіўся каля 1029 г. да Р. Х. у Гіве, Ізраіль. Бацька – Кіс (Кіш) з калена Веньяміна. Загінуў каля 1005 г. да Р. Х.
Біблія адлюстроўвае Саўла незвычайна рослым і прыгожым чалавекам, адважным у бітве і простым у звароце. Аднак некаторыя заганы ў яго характары ў рэшце рэшт прывялі яго да гібелі.
Цар Ізраілю Саўл. Марка пошты Ізраілю, выдадзеная ў 1960 годзе
Народ Ізраілю ў той час ня меў мэталічных вырабаў, бо запісана ў Бібліі: «Таму ў час вайны ня было ні меча, ні дзіды ва ўсяго народу, які быў з Саўлам і Ёнатанам, а толькі знайшліся яны ў Саўла і Ёнатана, сына ягонага» (Першая Царстваў 13:22). На марцы ж Саўл намаляваны з мячом і дзідаю.
Час праўленьня Саўла быў адзначаны цяжкімі войнамі з ворагамі Ізраіля. «І ўцьвердзіў Саўл сваё цараваньне над Ізраілем, і ваяваў з усімі навакольнымі ворагамі сваімі, з Маавам і з Аманіцянамі, і з Эдомам і з царамі Совы і зь Філістымлянамі, і ўсюды, супроць каго ні выступаў, меў посьпех» (Першая Царстваў 14:47). Але Саўл неабачна парушаў наказы Божыя, за што атрымліваў нараканьні Самуіла. У страху перад войскам Філістымлянаў, Саўл узяў на сябе абавязкі першасьвятара, парушаючы Закон. «І сказаў Самуіл Саўлу: кепска зрабіў ты, што ня выканаў загаду Госпада Бога твайго, што даўно быў табе, бо сёньня ўмацаваў бы Гасподзь цараваньне тваё над Ізраілем назаўсёды; але цяпер ня выстаяць царству твайму: Гасподзь знойдзе Сабе чалавека па сэрцы Сваім і загадае яму Гасподзь быць правадыром народу Свайго, бо ты ня выканаў таго, што было загадана табе Госпадам» (Першая Царстваў 13:13,14).
Пасьля перамогі над Агагам, царом Амаліавым Саўл зноў парушыў Божы загад. І Самуіл абвяшчае прыгавор: «ты зьнікчэмніў слова Госпада, і Гасподзь зьнікчэмніў цябе, каб ты ня быў царом над Ізраілем» (Першая Царстваў 15:26).
У адказ на апраўданьні Саўла Самуіл кажа ключавыя словы: «паслушэнства лепшае за ахвяры» (Першая Царстваў 15:22).
Памазаньне ДавідаГасподзь знойдзе Сабе чалавека па сэрцы Сваім і загадае яму Гасподзь быць правадыром народу Свайго. (Першая Царстваў 13:14)
«І сказаў Гасподзь Самуілу: дакуль ты будзеш смуткаваць па Саўле, якога Я адхіліў, каб ён ня быў царом над Ізраілем? напоўні рог твой алеем і ідзі; Я пашлю цябе да Ясэя Віфляемляніна, бо сярод сыноў ягоных Я нагледзеў Сабе цара. І сказаў Самуіл: як я пайду? Саўл дачуецца і заб'е мяне. Гасподзь сказаў: вазьмі ў руку тваю цяля са статку і скажы: я прыйшоў дзеля ахвяраваньня Госпаду…» (Першая Царстваў 16:1,2).
Варта заўважыць, што Самуілу для выкананьня Божага заданьня дазволена сказаць не зусім праўду…
Самуіл выбіраў памазаньніка пад непасрэдным кіраўніцтвам Бога. «Я гляджу ня так, як глядзіць чалавек; бо чалавек глядзіць на аблічча, а Гасподзь глядзіць на сэрца» (Першая Царстваў 16:7).
«Так падводзіў Ясэй да Самуіла сямёх сыноў сваіх, але Самуіл сказаў Ясэю; нікога з гэтых ня выбраў Гасподзь. І сказаў Самуіл Ясэю: ці ўсе дзеці тут? І адказаў Ясэй: ёсьць яшчэ маладзейшы; ён пасьвіць авечкі. І сказаў Самуіл Ясэю: пашлі і вазьмі яго, бо мы ня сядзем абедаць, пакуль ня прыйдзе ён сюды. І паслаў Ясэй, і прывялі яго. І быў ён бялявы, з прыгожымі вачыма і прыемным тварам. І сказаў Гасподзь: устань, памаж яго, бо гэта ён. І ўзяў Самуіл рог з алеем і памазаў яго сярод братоў ягоных, і пакоіўся Дух Гасподні на Давідзе з таго дня і пасьля. А Самуіл устаў і адышоў у Раму» (Першая Царстваў 16:10—13).
Памазаньне Давіда Самуілам адлюстраваў на фрэсцы Рафаэля Санці. Вобраз памазаньня Давіда Самуэлем – гэта першая з чатырох сцэн з жыцьця Давіда. Астатнія карціны паказваюць, як Давід забівае Галіяфа; Давід убачыў Вірсавію; і Трыюмф Давіда, які вяртаецца ў калясьніцы з вайны пераможцам. Уся так званая «Біблія Рафаэля» складаецца з пяцідзесяці дзьвюх карцін на трынаццаці арках столі Лоджыі Апостальскага палаца ў Ватыкане.
У цэнтры стаіць столік з начыньнем для памазаньня. Праз адчыненае акно відаць дрэвы і расплывісты пэйзаж удалечыні. Перад акном стаяць Самуіл і Давід. Самуіл працягнуў руку, каб паліць алей з рога на схіленую галаву Давіда; маладзенькі Давід, абапіраючыся на пастуховы кій, схіліўся ў пачцівай позе. Зьлева чатыры браты Давіда рыхтуюць ягня для ахвярапрынашэньня. Справа стаіць Ясэй з яшчэ трыма братамі. Карціна ў цэлым прадстаўляе Сьвятое Пісаньне як сакральную гісторыю, якая завяршылася Хрыстом.
Памазаньне Давіда Самуілам. Рафаэль Санці (1483—1520). Музэі Ватыкана. Фрэска. Блёк пошты Бэльгіі, выдадзены ў 1983 годзе
Давід ня скора стане царом Ізраіля. Працягваў цараваць Саўл, але дух Гасподні адышоў ад яго. У сэрцы Саўла пасяліўся дух зла і падбухторваў яго да зла. Вядома больш дзясятка карцін розных мастакоў, якія ілюструюць пакуты Саўла злым духам. Для супакойваньня слугі знайшлі Саўлу музыку, якім апынуўся Давід. Калі злы дух авалодваў Саўлам, Давід граў на гусьлях і злы дух адыходзіў.
На марцы адлюстраваны менавіта момант, калі злы дух авалодваў Саўлам. Пераглядаюцца прыдворныя, паглядаючы на цара, які прыходзіць у сябе. На яго некалькі скажоным твары яшчэ захоўваюцца рысы вар'яцтва, фігура яго бязвольна асядае на троне. І вельмі нечакана Давід выглядае, як праставаты Нідэрляндзкі пастушок. На марцы паказана толькі дэталь гравюры – твар Саўла.
Давід перад Саўлам (1509). Лукас Ван Лейдэн (1494—1533). Дэталь гравюры на медзі. Марка пошты Нідэрляндаў, выпушчаная ў 2000 годзе
Мастак Юліўс Кронберг адлюстраваў маладога Давіда, які грае на сваёй арфе і пазбаўляе цара Саўла ад «д'ябла», які мучыў яго (у зыходным варыянце цытра, але ў тыя часы ўжо была арфа – маленькі музычны струнны інструмэнт, драўляную рамку якога расьпісвалі рознымі ўзорамі).
Давід і Саўл (1885). Юліўс Кронберг (1850—1921). Нацыянальны музэй Стакгольма. Пэрсанальная марка, выпушчаная ў 2014 годзе поштай Ізраілю
«І радасьней і лепей рабілася Саўлу, і дух ліхі адступаўся ад яго» (Першая Царстваў 16:23).
Давід і Галіяф…бо ня сілаю моцны чалавек. (Першая Царстваў 2:10)
Філістымляне ў які раз уварваліся ў межы зямлі Ізраільскай. Рыхтуючыся да бітвы, войскі праціўнікаў сталі насупроць і ніхто не хацеў пакідаць выгадныя пазыцыі. У войску Ізраільцян знаходзіліся трое старэйшых братоў Давіда. Бацька паслаў Давіда адведаць братоў, занесьці ім правіянт і даведацца пра іх справы. Якраз, калі Давід прыйшоў да братоў, з шэрагаў Філістымскага войска выступіў магутны волат Галіяф. Ён прапанаваў Юдэям вырашыць зыход бітвы адзінаборствам. «І стаў ён і крычаў да палкоў Ізраільскіх, кажучы ім: навошта вы выйшлі ваяваць? ці ж не Філістымлянін я, а вы рабы Саўлавыя? выбераце ў сябе чалавека, і няхай выйдзе да мяне; калі ён можа пабіцца са мною і заб'е мяне, дык мы будзем вашымі рабамі; а калі я адолею яго і заб'ю яго, дык вы будзеце нашымі рабамі і будзеце служыць нам. І сказаў Філістымлянін: сёньня я пасаромлю палкі Ізраільскія; дайце мне чалавека, і мы падужаемся ўдвух» (Першая Царстваў 17:8—10).
Аднак ніхто з Ізраільцян не адважыўся выйсьці на бой з Галіяфам, ваяром вялізнага росту, абмундзіраванага «да зубоў» у мэталічныя латы.
Цар Саўл паабяцаў сьмельчаку, які ўразіць Галіяфа, аддаць у жонкі сваю дачку. Нягледзячы на абяцаную ўзнагароду, ніхто не жадаў пазмагацца зь ім. Ужо саракавы дзень раніцай і ўвечары выступаў Галіяф, сьмеючыся над Юдэямі і паносячы іх войска.
Пачуўшы Галіяфа, які ганіць Ізраільскіх воінаў, Давід абурыўся духам. Давід пайшоў да Саўла. «І сказаў Давід Саўлу: няхай ніхто ня падае духам празь яго; раб твой пойдзе і памерацца з гэтым Філістымлянінам» (Першая Царстваў 17:32).
Але Саўл сказаў яму: «ня можаш ты ісьці супроць гэтага Філістымляніна, каб дужацца зь ім, бо ты яшчэ хлопец, а ён воін з маладосьці сваёй» (Першая Царстваў 17:33).
«Гасподзь, Які выбаўляў мяне ад ільва і ад мядзьведзя, выбавіць мяне і ад рукі гэтага Філістымляніна» (Першая Царстваў 17:37) – адказаў Давід.
Саўл, заражаны адвагай і сілай духу Давіда, сказаў яму: ідзі, і хай будзе Гасподзь з табою. «І апрануў Саўл Давіда ў сваю вопратку, і ўсклаў на галаву ягоную медны шалом, і надзеў на яго браню. І аперазаўся Давід мечам паверх вопраткі і пачаў хадзіць, бо ня прывык да такое зброі; потым сказаў Давід Саўлу: я не магу хадзіць у гэтым, я ня прывык. І зьняў Давід усё гэта зь сябе. І ўзяў кій свой у руку сваю, і выбраў сабе пяць гладкіх камянёў з ручая, і паклаў іх у пастухову торбу, якая была зь ім; і з торбаю і з прашчаю ў руцэ сваёй выступіў супроць Філістымляніна» (Першая Царстваў 17:38—40).
Мармуровая статуя працы Мікеланджэла ўпершыню прадстаўленая зьдзіўленай флярэнтыйскай публіцы на плошчы Сыньёр 8 верасьня 1504 года. З тых часоў пяцімэтровае статуя стала ўспрымацца як адна з вяршыняў не толькі мастацтва Адраджэньня, але і чалавечага генія ў цэлым. У цяперашні час Арыгінал Статуі знаходзіцца ў Акадэміі прыгожых мастацтваў у Флярэнцыі.
Юнак рыхтуецца да бою з непараўнальна пераўзыходзячым яго па сіле ворагам. Праз левае плячо ён перакінуў прашчу, ніжні край якой падтрымлівае яго правая рука. Ён спакойны і засяроджаны, але мышцы яго напружаны, бровы ссунутыя, у іх чытаецца нешта грознае…
Давід (1501—1504). Мікеланджэла (1475—1564). Мармур. Акадэмія, Флярэнцыя. Марка пошты Аджману, выдадзеная ў 1972 годзе
Галіяф сустрэў Давіда насьмешкамі: «што ты ідзеш на мяне зь кіем? хіба я сабака? І пракляў Філістымлянін Давіда сваімі багамі» (Першая Царстваў 17:43).
Давід адказаў яму: «Ты ідзеш супроць мяне зь мечам і дзідай і шчытом, а я іду супроць цябе ў імя Госпада Саваофа, Бога войска Ізраільскага, якое ты ганіў; сёньня аддасьць цябе Гасподзь у руку маю […} і ўведае ўся зямля, што ёсьць Бог у Ізраілі; […], што ня мечам і дзідаю ратуе Гасподзь» (Першая Царстваў 17:45—47).
Італьянскі архітэктар і скульптар Бэрніні паказаў Давіда, які рыхтуецца да бою, сабраўшы ўсе сілы і волю. Давід глядзіць на ворага напружаным і ненавісным поглядам. Яго бровы нахмураны, вусны закушаныя, пастава нахіленая, галава трохі адкінутая назад. Давід засьцярожыўся на выкананьні дакладнага ўдару.
Давід (1623). Бэрніні, Джавані Лярэнца (1598—1680). Галерэя Баргезэ, Рым. Марка пошты Італіі, выдадзеная ў 1974 годзе
Давід дастаў камень з пастуховай торбы, уклаў яго ў прашчу і шпурлянуў яго ў Галіяфа. Надзвычайна маляўніча адлюстраваны гэты момант на марачным ліце пошты Гаяны. У версе марачнага ліста надпіс на англійскай мове: «Давід і Галіяф» і цытата з Бібліі: «і ўведае ўвесь гэты гурт, што ня мечам і дзідаю ратуе Гасподзь, бо гэта вайна Госпада, і Ён аддасьць вас у рукі нашыя» (Першая Царстваў 17:47).
Камень ударыў Галіяфа прама ў лоб і той, як падкошаны, рынуў на зямлю. Давід, як маланка, падскочыў да зрынутага суперніка і яго ж мячом адсек яму галаву. Войска Філістымскае, зьдзіўленае цудоўным подзьвігам Давіда, у роспачы кінулася наўцёкі. Ізраільцяне перасьледавалі іх, выгнаўшы за межы роднай зямлі.
Давід і Галіяф. Марачны ліст пошты Гаяны, выдадзены ў 1992 годзе
Гэтая слаўная перамога падняла дух габрэйскага народа і ўмацавала веру ў Бога жывога, Збаўцу Ізраіля.
Рафаэль Санці (1483—1520). Давід і Галіяф (1519). Музэі Ватыкану, Ватыкан. Марка пошты Грэнады Грэнадынас, выдадзеная ў 1983 годзе
Італьянскі скульптар эпохі Адраджэньня Данатэла паказвае Давіда ў момант трыюмфу, падкрэсьліваючы цуд перамогі. Стройны прыгожы юнак з доўгімі, да плячэй, кучаравымі валасамі, амаль хлопчык – доблесны пераможца. У яго руках – меч, а нагой ён абапіраецца на адсечаную галаву Галіяфа. Але ў позе Давіда няма і намёку на трыюмф ад слаўнай перамогі. Яго сумны і задуменны выраз твару заценены шырокімі палямі капелюша…
Давід (1440—1443). Данатэла (1386—1466). Бронза. Нацыянальны музэй Барджэла, Флярэнцыя. Марка пошты Анцігуа, выдадзеная ў 1980 годзе
«А калі Давід вяртаўся пасьля пагібелі Філістымляніна, дык Авэнір (начальнік войска) узяў яго і прывёў да Саўла, і галава Філістымляніна была ў руцэ ў яго» (Першая Царстваў 17:57).
Мікеланджэла Мэрызі ды Караваджа намаляваў тры карціны з адлюстраваньнем Давіда з галавой Галіяфа ў руцэ. Дзьве зь іх сталі ілюстрацыямі для марак. Давід з торбай за сьпіной трымае ў правай руцэ цяжкі меч, прыхінуты да пляча, а левай ухапіў за валасы адсечаную галаву ворага, з даволі абыякавым выразам твару паказвае свой трафэй гледачам.
Давід з галавою Галіяфа (1610). Караваджа (1571 – 1610). Галерэя Баргезэ, Рым. Марка пошты Лібэрыі, выдадзеная ў 1976 годзе
Тут Давід не трыюмфуючы пераможца. Твар яго выказвае сумесь смутку і спагады. На мячы ў руцэ Давіда абрэвіятура H-AS OS – скарачэньне ад лацінскай фразы humilitas occidit superbiam (пакора забівае ганарыстасьць).
Давід з галавою Галіяфа (1607). Караваджа (1571 – 1610). Венскі музэй гісторыі мастацтваў. КПД пошты Італіі, выдадзены ў 1976 годзе
Саўл выканаў абяцаньне. Ён выдаў за Давіда сваю дачку Мэлхолу і зрабіў яго сваім военачальнікам.
Перасьлед Давіда СаўламІ пачаў баяцца Саўл Давіда, бо Гасподзь быў зь ім, а ад Саўла адступіўся. (Першая Царстваў 18:12)
Калі Саўл і Давід вярталіся з поля бітвы, жанчыны ўсіх гарадоў сустракалі іх сьпевамі і скокамі, з урачыстымі тымпанамі і кімваламі. У вялікай радасьці яны ўсклікалі: «Саўл перамог тысячы, а Давід дзясяткі тысяч!» (Першая Царстваў 18:7). Тады зайздрасьць атруціла цару радасьць перамогі. Ён стаў падазраваць Давіда ў жаданьні заняць яго пасад.
З гэтага моманту і да канца свайго жыцьця Саўл будзе перасьледаваць Давіда, жадаючы забіць яго. Але выбраньнік Божы зойме трон Саўла не падкопамі і інтрыгамі, а разважлівасьцю ва ўсіх справах сваіх. Давід стане другім па ліку і самым слаўным царом Ізраіля дзякуючы сваёй шчырай веры і любові да яго Ізраільцян.
Час ганеньняў стане для яго сапраўднай школай выпрабаваньняў і падрыхтоўкай да вялікага служэньня царом Богаабранага народа. У Давідзе ўмацуецца ўпэўненасьць у тым, што жыцьцё чалавека непадзельна знаходзіцца ў руках Божых.
Запальчывы, схільны прыступам шалёнай лютасьці, Саўл разам з тым быў схільны да мэлянхоліі, раўнівы і падазроны. Усе гэтыя рысы праявіліся ў яго варожым стаўленьні да Давіда, які праславіўся як воін, ажаніўся з дачкой Саўла і быў сябрам яго сына Ёнатана.
Пасьля чарговай спробы Саўла прыбіць Давіда дзідай да сьцяны, яму прыйшлося бегчы да прарока Самуіла ў Раму.
На марцы знаходзіцца партрэт аўтара опэры «Давід» Дарыуса Мілхада і фрагмэнт гравюры Густава Доры, які ілюструе наступныя радкі з Бібліі: «І хацеў Саўл прыбіць Давіда дзідаю да сьцяны, але Давід адскочыў ад Саўла, і дзіда ўпілася ў сьцяну; а Давід уцёк і ўратаваўся тае начы» (Першая Царстваў 19:10).
Давід. Гравюра Густава Доры (1832—1883). Фрагмэнт. Марка пошты Ізраілю, выдадзеная ў 1995 годзе
Саўл адправіў за ім у пагоню спачатку сваіх слуг, а затым прымчаўся і сам. Змрочная душа ягоная прасьвятлела, дух злосьці адышоў ад яго і зноў сышоў на Яго Дух Божы, так што ён на час супакоіўся. Давід велікадушна дараваў Саўла і прасіў свайго сябра Ёнатана, сына Саўлавага, хадайнічаць за яго. Але, калі Ёнатан успомніў перад бацькам пра свайго сябра, то ледзь і сам не загінуў ад рукі Саўла, у лютасьці кінуўшага дзідай і ў свайго сына. Рызыкуючы жыцьцём, Ёнатан папярэджвае Давіда аб небясьпецы. Яны расстаюцца назаўсёды і нібы прадчуваюць гэта.
На карціне галяндзкага мастака Рэмбрандта ван Рэйна «Давід і Ёнатан» або «Разьвітаньне Давіда з Ёнатанам» паказаны момант разьвітаньня. Юны Давід кідаецца ў гаротным парыве на грудзі сябра, яго валасы раскідаліся па плячах, цела скаланаецца ў плачы. Ёнатан, старэйшы па ўзросту і па грамадзкаму становішчу, ласкава падтрымлівае Давіда і з сумам глядзіць на яго, сваім спакоем уціхамірваючы выбух гаротных пачуцьцяў маладога сябра.
Давід і Ёнатан (1642). Рэмбрант (1606—1669). Дзяржаўны Эрмітаж. Пецярбург. Паштовая марка СССР, выдадзеная ў 1976 годзе
Але многія выпрабаваньні Давіда павінны былі наблізіцца да канца. У роднай зямлі на 88 годзе свайго жыцьця памёр прарок Самуіл і ўрачыста пахаваны быў у Раме, аплакваны яго народам. Пасьля гэтага Давід са сваімі людзьмі пайшоў у пустыню Фаран. Тут адбылася сустрэча Давіда з Авігеяй. Гэта сустрэча зьяўляецца біблейскім прыкладам няўдзячнасьці з аднаго боку і разважлівасьці і сьмеласьці з другога.
Давід у пустыні ўзяў на сябе абавязак па ахове гэтага месца і людзей. Трохі пазьней Давід паслаў да аднаго з вельмі багатых людзей з гэтай мясцовасьці Навала сваіх слуг папрасіць у яго ежы для свайго атрада. «І ўскочыў Навал, і адказваў слугам Давідавым, і сказаў: хто такі Давід, і хто такі сын Ясэеў? сёньня стала многа рабоў, якія ўцякаюць ад гаспадароў сваіх; няўжо мне ўзяць хлябы мае і ваду маю, і мяса, прыгатаванае мною стрыгалям маім, і аддаць людзям, пра якіх ня ведаю, адкуль яны?» (Першая Царстваў 25:10,11). Гэта яскравы прыклад няўдзячнасьці і парушэньня законаў гасьціннасьці.
Давід у гневе, бо ён са сваім атрадам калісьці ахоўваў статкі Навала: «І Давід сказаў: так, дарэмна я ахоўваў у пустыні маёмасьць гэтага чалавека, і нічога не прапала з таго, што належала яму; ён плаціць мне злом за дабро; няхай тое і тое зробіць Бог з ворагамі Давіда, і яшчэ болей зробіць, калі да сьвітаньня з усяго, што належыць Навалу, я пакіну таго, што мочыцца да сьцяны» (Першая Царстваў 25:21,22).
Адзін слуга, які бачыў і чуў, як Навал сустрэў і праводзіў пасланцоў Давіда, пасьпяшаўся да Авігеі, расказаў усё і дадаў: «дык вось, падумай і паглядзі, што рабіць; бо непазьбежна пагражае бяда гаспадару нашаму і ўсяму дому ягонаму, а ён – чалавек ліхі, нельга гаварыць зь ім» (Першая Царстваў 25:17).
Пачуўшы гэта, Авігея вырашаецца на ўчынак, роўнага якому, падобна, няма ва ўсіх Біблейскіх гісторыях. Насуперак волі мужа, употай ад яго, яна зьбірае абоз з харчаваньнем і сьпяшаецца насустрач Давіду з просьбай дараваць яе неразумнага мужа. Сьпяшаецца, каб апярэдзіць Давіда ў яго намерах: «Тады Авігея пасьпешліва ўзяла дзьвесьце хлябоў і два мяхі зь віном, і пяць авечак падрыхтаваных і пяць мераў сушанага зерня, і сто вязанак разынак і дзьвесьце вязанак смокваў, і наўючыла на аслоў, і сказала слугам сваім: ідзеце паперадзе мяне, вось, я пайду за вамі. А мужу свайму Навалу нічога не сказала» (Першая Царстваў 25:18,19). Гэта вельмі сьмелы ўчынак, бо Авігея рызыкавала і перад мужам і перад незнаёмымі ўзброенымі людзьмі.
«Калі Авігея ўбачыла Давіда, дык пасьпяшалася сысьці з асла і ўпала перад Давідам на твар свой і пакланілася да зямлі…» (Першая Царстваў 25:23).
Сустрэча Давіда і Авігеі (1625—28). Пітэр Паўль Рубенс (1577—1640). Інстытут мастацтваў Дэтройт. Блёк пошты Грэнады Грэнадынас, выдадзены ў 1990 годзе
Давід у баявым рыштунку, побач яго воіны і слуга зь яго шлемам. Сустрэча адбываецца на ўскрайку лесу, удалечыні бачныя невысокія горы і вёска. Авігея зноў кажа: «І сёньня, гаспадару мой, жывы Гасподзь і жывая душа твая! Гасподзь не дазволіць табе ісьці праліваць кроў і ўтрымае руку тваю ад помсты, і сёньня хай будуць, як Навал, ворагі твае і зламысьнікі гаспадара майго. Вось гэтыя дарункі, якія прынесла рабыня твая гаспадару майму, каб даць іх хлопчыкам, якія служаць гаспадару майму. Даруй віну рабыні тваёй; Гасподзь мусова зладзіць гаспадару майму дом трывалы, бо войны Госпада вядзе гаспадар мой, і ліхое ня знойдзецца ў табе праз усё жыцьцё тваё» (Першая Царстваў 25:26—28).
Авігея дамаглася жаданага, Давід супакоіўся і сышоў з дарамі, дараваўшы Навала. «І сказаў Давід Авігеі: дабраславёны Гасподзь Бог Ізраілеў, Які паслаў цябе сёньня насустрач мне, і дабраславёны розум твой, і дабраславёная ты за тое, што ты цяпер не дазволіла мне ісьці праліваць кроў і помсьціць за сябе» (Першая Царстваў 25:32,33).
Авігея вярнулася дадому і застала мужа за гулянкай. Пасьля аповеду Авігеі Навала паралізавала і праз 10 дзён ён памёр, не прыходзячы ў прытомнасьць. Даведаўшыся пра гэта, Давід паведаміў Авігеі, што ён бярэ яе ў жонкі.
Так скончылася спатканьне Авігеі і Давіда. А карціна Рубенса – помнік сьмеласьці, празорлівасьці, разважлівасьці і розуму жанчыны, якая была яшчэ і адной з чатырох найпрыгажэйшых жанчын, апісаных у Бібліі.
Правообладателям!
Это произведение, предположительно, находится в статусе 'public domain'. Если это не так и размещение материала нарушает чьи-либо права, то сообщите нам об этом.