Автор книги: Лявон Карповіч
Жанр: Историческая литература, Современная проза
Возрастные ограничения: +16
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 25 (всего у книги 27 страниц)
Бачыў я, як гэты баран бароў на захад і на поўнач і на поўдзень, і ніякі зьвер ня мог устояць супроць яго, і ніхто ня мог уратавацца ад яго; і ён рабіў, што хацеў і стаў велічны. (Данііл 8:4)
Памяць аб магутнай старажытнай імпэрыі Пэрсыдзкай, якая 8 разоў успамінаецца ў Бібліі, перажыла да сёньня. Яна жывая ў легендах і ў гісторыі, узьнятай і разьвітай праз дзяржаву Іран.
Аб падзеях тых гадоў паведамляецца ў шэрагу Біблейскіх кніг. У прарока Данііла Пэрсія – гэта «баран», супраць якога ніхто «ня мог устояць» (Данііл 8:4). Народ Юдэі знаходзіўся пад уладай Пэрсыдзкіх цароў больш за 200 гадоў: пачынаючы з падзеньня Вавілону ў 539 годзе да Р.Х. і заканчваючы часам, калі Пэрсыдзкая імпэрыя была заваяваная Грэцыяй у 331 годзе да Р.Х.
У 550 годзе да Р. Х. Пэрсыдзкі цар Кір II, заваяваўшы Мідыю, заснаваў Пэрсыдзкую імпэрыю, межы якой распасьціраліся ад Эгейскага мора да Егіпта і да Паўночна-Заходняй Індыі.
Партрэт Кіра II Вялікага (правая ніжняя марка). Рэканструкцыя на аснове рэльефу ў Пасаргадзе. Нелегальны блёк, выданы ад імя пошты Нігеру ў 2012 годзе
Споўнілася прароцтва Ісаі: «Так кажа Гасподзь памазанцу Свайму Кіру: Я трымаю цябе за правую руку, каб упакорыць табе народы, і здыму паясы з паясьніц цароў, каб адчыніліся табе дзьверы і брама не зачынялася…» (Ісая 45:1). Адной з яе падуладных абласьцей была Юдэя.
Наступнае прароцтва Ісаі: «Я ўзьвёў яго ў праўдзе і спрастую ўсе дарогі яго. Ён збудуе горад Мой і адпусьціць палонных Маіх, не за выкуп і не за дары, кажа Гасподзь Саваоф» (Ісая 45:13) споўнілася ў 538 годзе да Р.Х.
У 538 годзе да Р. Х. Кір апублікаваў дэклярацыю, якая дазволіла габрэям вярнуцца ў Ерусалім і зноўку пабудаваць Храм: «А на першым годзе Кіра, цара Пэрсыдзкага, дзеля спраўджаньня слова Гасподняга, сказанага вуснамі Ераміі, абудзіў Гасподзь дух Кіра, цара Пэрсыдзкага, і ён загадаў абвясьціць па ўсім царстве сваім словамі і пісьмова, і сказаць: так кажа Кір, цар Пэрсыдзкі: усе царствы зямлі даў мне Гасподзь Бог нябесны, і Ён загадаў мне пабудаваць Яму дом у Ерусаліме, што ў Юдэі. Хто ёсьць з вас – з усяго народу Ягонага, Гасподзь Бог яго зь ім, і хай ён туды ідзе» (Другая Летапісаў 36:22,23).
Цыліндра Кіра. Блёк пошты Сэнт-Вінсэнт і Грэнадыны «Старажытная надпіс», выдадзены ў 2015 годзе
На марцы блёку знаходзіцца відарыс Цыліндра Кіра і надпіс: «Дата: 539—538 да Р. Х. Мова: акадзкая. Матэрыял: гліна. Памеры 22 х 10 см. Гэты цыліндар зьяўляецца Дэклярацыяй ад імя Кіра Вялікага імпэрыі Ахемэнідаў. Ён апісвае Кіра як велікадушнага кіраўніка Вавілонскага народа пасьля перамогі над дэспатычным царом Набанідам».
Кір пабудаваў выдатную сталіцу імпэрыі – горад Пасаргады. Незвычайна было стаўленьне Кіра да будаўнікоў. Ён не карыстаўся імі, як рабамі, хоць і мог, але плаціў ім за працу годную плату. Кір Вялікі загінуў у баі каля 530 г. да Р.Х. і пахаваны ў Пэрсэполісе, сталіцы Пэрсіі. Яго грабніца захавалася да нашых дзён.
Грабніца Кіра. Пасаргады. (Іран). Марка пошты Ірану, выдадзеная ў 1948 годзе
Працягнуў справы Кіра Дарый I.
Цар Дарый Вялікі. Марка пошты Ірану, выдадзеная ў 1948 годзе
Пад яго кіраўніцтвам абнавілі царскія палацы ў Сузах. У гэтым горадзе адбываліся падзеі, апісаныя ў Кнізе Эстэр. Дарый I пабудаваў новую сталіцу Парса, вядомую грэкам як Пэрсэполіс. Горад атачалі сьцены пяцімэтровай таўшчыні і вышынёй больш за дзесяць мэтраў, увайсьці ў яго можна было праз вароты, да якіх вяла шырокая лесьвіца, якая налічвала 106 прыступак, высечаных з суцэльнага каменя.
Пэрсэполіс захоплены Аляксандрам Македонскім у 330 годзе да Р.Х., быў зьнішчаны пажарам. Руіны палацаў і царскіх грабніц – бездапаможныя рэшткі былой велічы, багацьця і моцы Пэрсыдзкай імпэрыі. У Пэрсэполісе захаваліся руіны многіх збудаваньняў старажытнага пэрыяду, найбольш знакаміты палац Ападана з цырыманіяльным заляй з 72 калёнамі. ЮНЭСКО абвясьціла руіны Пэрсэполіса аб'ектам сусьветнай спадчыны ў 1979 г.
Пэрсэполіс. Палац Дарыя Вялікага. Марка пошты Ірану, выдадзеная ў 1948 годзе
Ападана – самы вялікі будынак у Пэрсэполісе. Калёны дасягалі 20 м у вышыню і мелі складаныя капітэлі ў форме быкоў або львоў. Тут вялікі цар атрымліваў даніну ад усіх народаў імпэрыі Ахемэнідаў і наўзамен уручаў падарункі. Доступ да залі забясьпечвалі дзьве манумэнтальныя лесьвіцы – на поўначы і на ўсходзе. Яны ўпрыгожаны рэльефамі, на якіх дэлегаты 23 падначаленых дзяржаў Пэрсыдзкай імпэрыі аддаюць даніну Дарыю I, які прадстаўлены ў цэнтры. Дэлегаты прадстаўлены вельмі падрабязна. Можна разгледзець касьцюмы і убранства розных народаў Пэрсіі ў V стагодзьдзі да Р. Х. Надпісы выкананы на старапэрсыдзкай і эламскай мовах.
Ападана. Марка пошты Ум Аль Квайну, выдадзеная ў 1971 годзе з нагоды 2500 – годзьдзя Пэрсыдзкай манархіі
На поўнач ад Ападаны ўзвышаліся ўражлівыя вароты Ксеркса, ад якіх спускалася шырокая лесьвіца. Вароты называлі «Брамай усіх народаў», бо ўсе наведвальнікі павінны былі прайсьці праз гэты, адзіны ўваход на тэрасу, па дарозе ў Тронную залю, каб аддаць даніну павагі каралю. Пара калясальных быкоў ахоўвала заходні ўваход; ля ўсходняга ўваходу стаялі два быкі ламасу. Над кожным з чатырох калосаў выгравіраваны трохмоўны надпіс, які сьведчыць пра тое, што Ксеркс пабудаваў гэтую канструкцыю і браму. Быкі служылі сымбалям нечалавечых намаганьняў, якія вытрымліваў цар, злучаючы неба і зямлю сваёй уладай і адорваючы сваіх падданых.
Брама ўсіх народаў. Марка пошты Ірану, выдадзеная ў 1978 годзе
Другім велічным будынкам была Заля 100 Калён. Будаўніцтва Залі было пачата царом Ксерксам і дабудавана яго сынам і пераемнікам Артаксерксам I (466—424 да Р.Х.). Гэты тронны зал быў другім па велічыні будынкам Пэрсэполіса, памерамі 68,5 х 68,5 мэтра.
Уваход у Залю 100 Калён. Марка пошты Ірану, выдадзеная ў 1971 годзе з нагоды 2500 – годзьдзя Пэрсыдзкай манархіі
Грандыёзны будаўнічы праект Дарыя – канал, які злучае Чырвонае і Міжземнае мора. Ён цяпер называецца Суэцкі. Захаваўся надпіс з нагоды адкрыцьця канала: «Кажа Дарый – цар: я пэрс. З Пэрсіі я заваяваў Егіпет. Я загадаў пракапаць гэты канал, і караблі пайшлі з Егіпту праз гэты канал у Пэрсію, бо была мая воля».
Суэцкі канал. Марка пошты Егіпту, выдадзеная ў 1994 годзе
Дарый Вялікі даў загад на заканчэньне будаўніцтва Храма ў Ерусаліме, аб чым сьведчыць запіс у Кнізе Эздры: «Ня спыняйце працы пры гэтым доме Божым; хай Юдэйскі начальнік вобласьці і Юдэйскія старэйшыны будуюць гэты дом Божы на месцы яго»… «І Бог, імя Якога там жыве, хай скіне любога цара, які працягнуў бы руку сваю, каб зьмяніць гэта на шкоду гэтаму дому Божаму ў Ерусаліме. Я, Дарый, даў гэты загад: хай выконваецца ён дакладна» (Эздра 6:7,12).
Апошнім з кіраўнікоў Пэрсыдзкай імпэрыі быў Дарый III (336—331 да Р. Х.). Але побач набрала сілу Грэцыя, а яе скарыць пэрсы не змаглі. Прыйшла чарга валадарства Грэцыі.
Аляксандр на сваім кані Буцэфале нанёс удар па Пэрсыдзкаму салдату падчас бітвы пры Ісе. Гэтая сцэна зьяўляецца часткай «Аляксандраўскага саркафага», каменнай труны, упрыгожанай скульптурай 325—300 гадоў да Р.Х., якая была выяўлена ў Сідоне, Фінікія, і знаходзіцца ў Археалягічным музэі ў Стамбуле.
Бітва пры Ісе. Барэльеф (325—300 да Р.Х.). Марка пошты Грэцыі, выдадзеная ў 1937 годзе
Падзеньне Пэрсіі адбылося імкліва і было выклікана імклівым надыходам войска Аляксандра Македонскага – чалавека, які марыў дасягнуць краю сьвету. Збылося прароцтва Данііла: «казёл», які пазначае Грэцыю, «… дабегшы да барана, разьятрыўся на яго і ўдарыў барана і зламаў яму рогі; і ня стала сілы ў барана ўстояць супроць яго, і той паваліў яго на зямлю і патаптаў яго, і ня было нікога, хто мог бы адратаваць барана ад яго» (Данііл 8:7). Гэта адбылося ў 332 годзе да Р.Х., калі Грэцыя перамагла Пэрсію і стала новай сусьветнай імпэрыяй.
Прарок Захарыя – Серпавідзец«І скажу ім: калі заўгодна вам, дык дайце Мне плату Маю; калі ж не, – не давайце; і яны наважаць як плату Мне трыццаць срэбранікаў» (Захарыя 11:12). «І сказаў: што вы дасьце мне, і я вам выдам Яго? Яны прапанавалі яму трыццаць срэбранікаў…» (Паводле Мацьвея 26:15).
Дзьве цытаты з Бібліі, якія апісваюць здраду Юды. Але першая – прароцтва Прарока Захарыі яшчэ за 500 гадоў да Раства Хрыстова. Словы пра трыццаць срэбранікаў і іншыя, гэтак жа дакладныя прароцтвы Захарыі знаходзяцца ў яго Кнізе, перадапошняй у сьпісе Кніг Старога Запавету.
Пацалункам Юда паказвае салдатам, хто з людзей у Гефсіманскім садзе яго гаспадар. Затым рымляне арыштоўваюць Ісуса. Усе вучні Хрыста ў разгубленасьці пачынаюць уцякаць. Толькі Пётр робіць спробу бараніць Настаўніка.
Пацалунак Юды. Марка пошты Бапутатсваны, выдадзеная ў 1988 годзе
Захарыя (Гасподзь успомніў) – адзін з дванаццаці Старазапаветных малых Прарокаў.
Кніга Захарыі зьяўляецца самай мэсіянскай, самай апакаліптычнай і эсхаталягічнай з усіх Кніг Старога Запавету. У Новым Запавеце існуе больш за 40 спасылак на яе.
Нарадзіўшыся падчас Вавілонскага палону, Захарыя перажыў яго і па вяртаньні з палону шмат садзейнічаў маральнаму адраджэньню народу. Прарочая кар'ера Захарыі пачалася на другі год Дарыя (520 да Р.Х.), прыблізна шаснаццаць гадоў пасьля вяртаньня першай групы габрэяў з Вавілону. Кніга яго прароцтваў – поўная складаных вобразаў. У ёй дзьве часткі. У першай частцы, напісанай прозай, бачаньні. Думка Прарока сканцэнтравана на пабудове Храма. Другая частка напісана паэтычным мовай і зьмяшчае малюнак будучых лёсаў сьвету і Царства Божага. На жаль філятэлістычнага матэрыялу вельмі мала для ілюстрацыя Кнігі Захарыі.
Прарок Захарыя. Фрэска Мікеланджэла ў Сыкстынскай капэле (1508—1512). Картмаксімум пошты Бурундзі, выдадзены ў 1975 годзе
Вось адно з бачаньняў Прарока «…бачу, вось сьвяцільня ўся з золата і чашачка пад алей наверсе яе, і сем лямпад, на ёй і па сем трубачак у лямпадах, якія наверсе яго; і дзьве масьліны на ёй, адна з правага боку чашачкі, другая зь левага боку яе» (Захарыя 4: 2,3) Выгляд Дзяржаўнага Герба Ізраіля грунтуецца на бачаньні Прарока.
Герб Дзяржавы Ізраіль. Марка пошты Ізраілю, выдадзеная ў 1955 годзе
Прарок Захарыя мае мянушку Серпавідзец з-за наступнага бачаньня: «І зноў узьвёў я вочы мае і ўгледзеў: вось ляціць скрутак» (Захарыя 5:1). Справа ў тым, што словы скрутак і серп па-габрэйску пішуцца аднолькава.
Лятучы скрутак. Марка пошты Ізраілю, выдадзеная ў 1948 годзе
Дызайн маркі «Лятучы скрутак» заснаваны на старажытных пячатках, знойдзеных на ручках збанкоў, якія датуюцца 700—600 да Р.Х.
Прарок узвышана гаворыць аб будучыні: «І будуць прыходзіць многія плямёны і моцныя народы, каб знайсьці Госпада Саваофа ў Ерусаліме і памаліцца абліччу Госпада» (Захарыя 8:22).
Сьвятыя Каўчэгі. Ерусалім. Маркі пошты Ізраіля выдадзеныя ў 1953 годзе
Надпіс на прывесцы: «…радасьцю і вясёлым сьвятам; толькі любеце праўду і мір» (Захарыя 8:19).
Далей прарок Захарыя кажа аб далёкай будучыні. Убачанае ўражвае яго, і ён усклікае: «Весяліся ад радасьці, дачка Сіёна: радуйся, дачка Ерусаліма: вось, Цар твой ідзе да цябе, праведны і ратавальны, лагодны, седзячы на асьліцы і на маладым асьле, сыне пад'ярэмнай» (Захарыя 9:9). А гэта вершы з Эвангельля Мацьвея: «Вучні пайшлі і зрабілі так, як загадаў ім Ісус, прывялі асьліцу і маладога асла і паклалі на іх вопратку сваю, і Ён сеў паверх яе. Мноства людзей пасьцілалі вопратку сваю на дарозе, а іншыя рэзалі вецьце з дрэў і пасьцілалі на дарозе…» (Паводле Мацьвея 21:6—8). Час, у які ўсё гэта павінна адбыцца, Прарок называе «днём Гасподнім».
Уезд Ісуса ў Ерусалім. Старонка з Эвангельля (каля 1420 г.). Манрэальскі музэй выяўленчых мастацтваў. Марка пошты Канады, выдадзеная ў 2001 годзе
Захарыя кажа пра габрэяў: «І выратуе іх Гасподзь Бог іхні ў той дзень, як авечак, народ Свой» (Захарыя 9:16).
Саркафаг Добрага Пастыра (IV да Р.Х.). Марка пошты Харватыі, выдадзеная ў 2020 годзе
І гэтыя словы накіроўваюць нас да Прыпавесьці пра Добрага Пастыра: «Я – Пастыр Добры, і ведаю Маіх, і Мае ведаюць Мяне: як Айцец ведае Мяне, так і Я ведаю Айца, і жыцьцё Маё кладу за авечкі» (Паводле Яна 10:14,15).
Апісваючы арышт Хрыста, Эвангеліст Мацьвей піша: «А ўсё гэта было, каб збыліся пісаньні Прарокаў. Тады ўсе вучні, пакінуўшы Яго, паўцякалі» (Паводле Мацьвея 26:56).
«Каб збыліся пісаньні» – гэта пра «пісаньні» у Кнізе Захарыі: «О, меч! падыміся на пастыра Майго і на блізкага Майго, кажа Гасподзь Саваоф: пакараю пастыра, і расьсеюцца авечкі!» (Захарыя 13:7).
Здрада Ісуса. Марка пошты Ангільі, выдадзеная ў 1973 годзе
Захарыя піша аб тым, што ў будучыні народ пакаецца ў сваіх грахах, але непапраўнае ўжо зьдзейсьніцца: «А на дом Давіда і на жыхароў Ерусаліма вылью дух мілаты і замілаваньня, і яны паглядзяць на Яго, Якога пранізалі, і будуць галасіць па Ім, як галосяць па адзінародным сыне, і смуткаваць, як смуткуюць па першынцы» (Захарыя 12:10). Гэта прароцтва ўсе дасьледчыкі аднагалосна адносяць да Хрыста, грудзі якога пракалолі на крыжы дзідай, каб пераканацца ў яго сьмерці: «а адзін воін кап'ём працяў Яму рэбры, і адразу выцекла кроў і вада» (Паводле Яна 19:34).
Ісус памірае на крыжы. Марка пошты Аману, выдадзеная ў 1976 годзе
Апостал Ян напамінае: «Гэтак сама і ў іншым месцы Пісаньне кажа: „паглядзяць на Таго, Каго працялі“» (Паводле Яна 19:37).
Прайшло пяць стагодзьдзяў, а Юдэі ўсё чакалі Збавіцеля. Але словы Захарыі аб тым, што Ён злучыць у Сабе і царскае, і сьвятарскае служэньне, спрычынілася да таго, што людзі чакалі вялікага Правадыра, Цара, які вызваліць народ не столькі ад грахоў, колькі ад акупантаў. Таму, калі вясной на дарозе да Ерусаліму зьявіўся чалавек верхам на асле, яму крычалі «Асанна!» у надзеі, што рымскаму прыгнёту прыйшоў канец. Але Ён чамусьці раіў па – ранейшаму плаціць падаткі кесару, ды і ніякага войска зь ім не было – толькі жменька вучняў… І Юдэі не змаглі дараваць яму сваіх нязьдзейсьненых надзеяў. І аддалі Яго на сьмерць. «І будзе ў той дзень: ня стане сьвятла, сьвяцілы аддаляцца. Дзень гэты будзе адзіны, вядомы толькі Госпаду: ні дзень, ні ноч; толькі аб вечаровым часе зьявіцца сьвятло» (Захарыя 14:6,7).
Цемра апусьцілася на зямлю. Марка пошты Ангільі, выдадзеная ў 1991 годзе
«А на шостай гадзіне настала цемра па ўсёй зямлі аж да гадзіны дзявятай» (Паводле Марка 15:33).
«Ад шостай жа гадзіны цемра настала па ўсёй зямлі да гадзіны дзявятай» (Паводле Мацьвея 27:45).
«Было ж каля шостай гадзіны дня, і зрабілася цемра па ўсёй зямлі да гадзіны дзявятай…» (Паводле Лукаша 23:44).
«Аднойчы чацьвёра найвялікшых мудрацоў, сярод якіх быў і рабі Аківа, убачылі, як па Храмавай гары прабегла лісіца – па месцы, дзе раней разьмяшчалася Сьвятая Сьвятых. Трое мудрацоў расплакаліся, а рабі Аківа засьмяяўся. „Чаму ты сьмяешся?“– спыталі ў яго астатнія. Рабі Аківа патлумачыў сваім спадарожнікам, што ўзяў сабе ў верныя сьведкі двух Прарокаў: Урыю і Захарыю. Урыя прадказваў: „… з-за вас нібы поле, будзе ўзараны Сіён і Ерусалім ператворыцца ў руіны, а Храмавая гара стане лясістым узгоркам“. А Захарыя прадракаў, кажучы пра больш позьнюю будучыню: „І вуліцы горада гэтага напоўняцца хлопчыкамі і дзяўчаткамі, якія гуляцьмуць на вуліцах яго“ (Захарыя 8:5). Пакуль не спраўдзілася прароцтва Урыі, я баяўся, што можа не споўніцца і прароцтва Захарыі. Але цяпер, калі словы Урыі спраўдзіліся, няма сумневу, што і прадказаньне Захарыі ажыцьцявіцца. У адказ мудрацы сказалі: „Аківа, ты нас суцешыў!“»
Прарок Захарыя. Драўляная скульптура (1642—1646). Нацыянальны мастацкі музэй. Марка пошты Рэспублікі Беларусь, выдадзеная ў 1998 годзе
У нашыя дні спраўджваецца прароцтва Прарока Захарыі: «Потым усе астатнія з усіх народаў, якія прыходзілі супроць Ерусаліма, будуць прыходзіць год у год на пакланеньне Цару, Госпаду Саваофу, і на сьвяткаваньне сьвята кучак» (Захарыя 14:16).
Пілігрымка Папы Яна Паўла II у Іерусалім. Сувэнірнае выданьне пошты Ізраілю ў 2000 годзе
На марцы Храм Гроба Гасподняга ў Іерусаліме – літаграфія (1842), заснаваная на творах Дэвіда Робертса ў Сьвятой Зямлі. На малюнку ліста бачым мноства людзей ля Храмавай Сьцяны ў Ерусаліме. Пілігрымкі – паломніцкія падарожжы да Сьвятых месцаў – ахопліваюць людзей з усіх слаёў грамадзтва, ад каралёў і прэзыдэнтаў да бедных і слабых, ад сьвятароў, навукоўцаў, дасьледчыкаў і пісьменьнікаў да самых простых людзей. Паломнікі прыбываюць самастойна альбо групамі з усяго сьвету. Так спаўняецца прароцтва Прарока Захарыі.
ЭстэрСтолькі Аманаў, і толькі адзін Пурым. Габрэйская прымаўка
«Пастанавілі Юдэі і прынялі на сябе і на дзяцей сваіх і на ўсіх, хто далучыўся да іх, каб сьвяткаваць гэтыя два дні, паводле прадпісанага пра іх і ў свой для іх час, кожны год, і каб гэтыя дні былі векапомныя і сьвяткаваліся ва ўсе роды ў кожным племені, у кожнай вобласьці і ў кожным горадзе; і каб дні гэтыя Пурым не адмяняліся ў Юдэяў, і памяць пра іх каб ня зьнікла ў дзяцей іхніх» (Эстэр 9:27,28).
Эстэр – адна з дзьвюх Біблейскіх жанчын, імем якіх названыя кнігі ў Бібліі (другая – Рут). Эстэр – габрэйская дзяўчынка, якая жыла ў Пэрсыдзкім горадзе Сузы, стаўшая адной з чатырох самых прыгожых жанчын Бібліі (Вавілонскі Талмуд, Мегілла 15а), якую Пэрсыдзкі цар выбраў сабе ў жонку і якая, выкарыстаўшы ў поўнай меры сваё становішча, пераадолела страх быць забітай, каб уратаваць свой народ ад зьнішчэньня. Кніга Эсфір зьяўляецца адной з найбольш папулярных кніг сярод сучасных габрэяў, якую чытаюць незалежна ад Торы на кожны Пурым. Але ня толькі ў габрэяў карыстаецца Эстэр павагай і захапленьнем. Эстэр прысьвячалі свае палотны мастакі італьянскага Адраджэньня Батычэлі, Мантэнья і Тынтарэта. Яе пісалі Рубенс і Рэмбрант, ёй прысьвяціў сваю араторыю Гендэль, а вялікі францускі драматург Расін напісаў трагедыю «Эстэр». Гэтак жа Ёган (Яган) Готфрыд Грэгары напісаў і паставіў п'есу для рускага тэатра: «Артаксерксава дзейства». Па матывах Біблейскай гісторыі пра Эстэр было зьнята прыкладна паўтара дзясятка фільмаў, сярод якіх:
1960 – «Эстэр і цар», рэжысэра Рауль Уолш
1986 – «Эстэр», ізраільскага кінарэжысэра Амоса Гітая
1993 – «Эстэр», мультфільм
1999 – «Біблейская калекцыя: Эстэр Цудоўная»
2006 – Адна ноч з каралём
У яе гонар названы астэроід (622) Эстэр, адкрыты ў 1906 годзе.
Кніга Эстэр пачынаецца словамі: «І было ў дні Артаксеркса…» (Эстэр 1:1). Царыца Астынь не захацела выканаць загад цара і выйсьці да гасьцей з адкрытым тварам. За непадпарадкаваньне «царскую годнасьць яе цар перадасьць іншай, якая лепшая за яе» (Эстэр 1:19). З усіх абласьцей дзяржавы былі сабраны самыя прыгожыя дзяўчыны. Адной з гэтых дзяўчат была Эстэр, сваячка Мардахэя, які служыў пры палацы і быў ёй замест бацькі. Дзяўчат рыхтавалі на працягу цэлага году да спатканьня з царом.
«Калі абвешчаны быў загад цара і ўказ ягоны, і калі сабраныя былі многія дзяўчаты ў сталічны горад Сузы пад нагляд Гегая, тады ўзялі і Эстэр у царскі дом пад нагляд Гегая, ахоўцы жонак. І спадабалася гэтая дзяўчына вачам ягоным і здабыла ў яго ўпадабаньне, і ён пасьпяшаўся выдаць ёй масьці і ўсё, назначанае ёй, і прыставіў да яе сем дзяўчат, вартых быць пры ёй, з дома царскага, і перамясьціў яе і дзяўчат у лепшае аддзяленьне жаночага дома» (Эстэр 2:8,9).
La Toilette d'Esther– сцэна ў гарэме з пакаёўкай у палацы цара Артаксеркса, які шукаў новую нявесту з таго часу, як адмовіўся ад непакорлівай Вашці. Упадабаная эўнухам Эгейскім (які тут пад выглядам маўра), Эстэр упрыгожвае сябе, каб зьявіцца ва ўсёй сваёй прыгажосьці падчас прэзэнтацыі. Эстэр рыхтуецца заняць ролю жонкі цара Артаксеркса. На яе твары задуменьне і пэўнае прадчуваньне. Яна ўжо дастаткова ведае асобу караля, каб усьвядоміць небясьпеку, у якой яна знойдзецца, і цяжкую дарогу, якая яе чакае.
Эстэр рыхтуецца да сустрэчы з царом Артаксерксам або Туалет Эстэр (La toilette d'en Esther). Тэадор Шассэрыо (1819 – 1856). Галерэі Сюлі ў Люўры. Блёк пошты Сэнт-Вінсэнт і Грэнадыны, выдадзены ў 1993 годзе
Убачыўшы Эстэр, Артаксеркс выбірае яе ў жонкі.
Прысутнасьць Эстэр пры двары становіцца справай вельмі важнай для яе народа, калі Аман, прыдворны чыноўнік, складае плян зьнішчэньня ўсіх габрэяў у імпэрыі, бо ўсе кланяліся Аману, акрамя Мардахэя.
Мардахэй кажа Эстэр, што ёй і ўсяму габрэйскаму народу пагражае сьмяротная небясьпека. Ён заклікае яе дзейнічаць. Яна адна можа іх выратаваць. Мардахэй просіць Эстэр пайсьці да цара і прасіць аб ратаваньні яе народа. Мардахэй ведае, што Бог паставіў Эстэр у гэтым становішчы, як і Язэпа ў Егіпце, каб выратаваць яго сям'ю.
Заказчык маркі пошты Украіны палічыў, што Эстэр была такой прыгожай, на яго погляд, як індыйская акторка Каджол Дэўган, выгляд якой разьмешчаны на марцы.
Царыца Эстэр. Прыватная марка, выдадзеная поштай Украіны ў 2017 годзе
Эстэр знаходзіцца ў цяжкім становішчы, бо ўваход у тронны пакой без выкліку быў цяжкім злачынствам, якое караецца сьмерцю: «…толькі той, каму падасьць цар свой залаты скіпетр, застанецца жывы. А я ня клікана да цара вось ужо трыццаць дзён» (Эстэр 4:11). Але Мардахэй пераканаў Эстэр. «І сказала Эстэр ў адказ Мардахэю: ідзі, зьбяры ўсіх Юдэяў, якія ў Сузах, і пасьцецеся дзеля мяне, і ня ежце і ня пеце тры дні ні ўдзень, ні ўначы, і я з служанкамі маімі буду таксама пасьціцца і потым пайду да цара, хоць гэта супроць закона, і калі загіну – загіну» (Эстэр 4:15,16).
Царыца Эстэр (1878 г.). Эдвін Лонг (1829—1891). Нацыянальная галерэя Вікторыі, Мэльбурн. Пэрсанальная марка, выдадзеная поштай Ізраілю ў 2014 годзе
Пасьля трох дзён пошуку Бога Эстэр набралася рашучасьці ісьці да цара.
Пурым. Праект маркі Ааронам Шэва. Ізраіль.
На арыгінальным малюнку праекту маркі Пурым, падпісаным аўтарам Ааронам Шэва, намалявана царыца Эстэр, якая прымае важнае рашэньне, парушыць усталяваны Пэрсыдзкі Закон і, маючы вялікую асабістую рызыку для свайго жыцьця, прасіць караля Артаксеркса адмяніць загад Амана, забіць усіх габрэяў. На ўкладцы зьмешчаны прыгожы верш з Кнігі Эстэр (4:16): «І калі я загіну, я загіну».
«Яна была прыгожая ў цьвеце сваёй прыгажосьці, і твар яе радасны, як бы напоўненае любоўю, але сэрца яе было сьціснута ад страху» (Эстэр 5:1b).
Эстэр рыхтуецца да ўступленьня да Артаксеркса (16330). Дэталь. Рэмбрандт (1606 – 1669). Нацыянальная галерэя Канады, Атава. Марка пошты Тувалу, выдадзеная ў 2006 годзе
Рэмбрант паказвае момант прыняцьця рашэньня. Эстэр узважвае небясьпеку, з якой яна сутыкнецца, калі пойдзе і калі гэтага ня зробіць: і ўласную будучыню і будучыню габрэйскага народу. Яна пасьцілася і малілася, і цяпер апранутая ў самае прыгожае адзеньне, гатовая дзейнічаць. Малінавы колер сукенкі Эстэр і яе бледная скура зьзяюць на цёмным фоне. Нягледзячы на прысутнасьць пакаёўкі (пакаёўка не паказана на марцы), Эстэр, здаецца, лунае ў прасторы. Яна адзінокая ў цэлым сьвеце… Ніхто не можа дапамагчы ёй, альбо выканаць заданьне. Але рашэньне прынятае. Яна ўвайшла ў тронны пакой…
У 2007 годзе пошта Ізраілю выпусьціла сэрыю паштовых марак «Жанчыны ў Бібліі». Марка пад нумарам 1914 прысьвечана Эстэр. Малюсенькая жанчынка, больш падобная на безабаронную дзяўчынку, застыла перад велічным царом. Гэта самы трагічны момант, калі вырашаецца лёс як самой Эстэр, так і ўсяго ізраільскага народу. Усё вырашыць адзін рух цара…
Эстэр перад Артаксерксам. Марка пошты Ізраілю з сэрыі «Жанчыны ў Бібліі», выдадзеная ў 2007 годзе
На прывесцы маркі надпіс: «і калі загіну – загіну». (Эстэр 4:16)
Падчас набліжэньня да цара Эстэр зьнікае ад жаху. «Дрыжыць ад страху прад Табою цела маё, і судоў Тваіх баюся я» (Псалтыр 119:120). «Павярнуўшы аблічча сваё, што палымнела славаю, ён зірнуў з моцным гневам; і царыца ўпала духам і зьмянілася ў твары сваім ад паслабленьня і схілілася на галаву служанкі, якая суправаджала яе» (Эстэр 5:1d).
Рашучасьць пакідае Эстэр. Яна траціць прытомнасьць і падае ў абдымкі сваіх служанак.
Эстэр перад Артаксерксам (каля 1640). Нікаля Пусэн (1594—1665). Дзяржаўны Эрмітаж. Марка пошты Грэнады Каррыаку і Петыт Марцінікі, выдадзеная ў 2003 годзе
Артаксеркс трымае ў руцэ каралеўскі залаты скіпэтар – ці апусьціць ён яго, каб дакрануцца да галавы Эстэр, і так выратуе яе ад сьмерці?
Эстэр падае, страчваючы прытомнасьць. Дзьве яе служанкі падтрымліваюць абвіслае цела, і Артаксеркс нахіляецца наперад, каб дакрануцца да яе, бо «зьмяніў Бог дух цара на лагоднасьць, і пасьпешліва ўстаў ён з пасаду свайго і прыняў яе ў абдымкі свае, пакуль яна не прыйшла ў сябе» Эстэр 5:1ë).
«І працягнуў цар да Эстэры залаты скіпэтар, які быў у руцэ ў яго, і падышла Эстэр і дакранулася да канца скіпэтра» (Эстэр 5:2). Цар запытаў, што ён можа забіць для Эстэр. Эстэр не раскрывае прычыну свайго ўчынку, а зьвяртаецца з просьбай: «І сказала Эстэр: калі цару заўгодна, хай прыйдзе цар з Аманам сёньня на гасьціну, якую я прыгатавала яму» (Эстэр 5:4). Але нічога не адбылося, акрамя запрашэньня на наступную гасьціну. А Аман пасьля гасьціны аддаў загад, падрыхтаваць дрэва, на якім будзе павешаны Мардахэй.
Эстэр перад Аксаверсам (1620). Пітэр Паўль Рубенс (1577—1640). Акадэмія выяўленчых мастацтваў у Вене. Марка пошты Грэнады Грэнадынас, выдадзеная ў 1991 годзе да 350-годзьдзя з дня сьмерці Пітэра Паўля Рубенса
Паміж двума гасьцінамі адбылася яшчэ адна знакавая падзея. Яна знайшла адлюстраваньне на маляўнічым блёку пошты Ізраілю з трыма маркамі, прысьвечанымі Сьвяту Пурым.
Малюнак на першай марцы «Музыканты сьпяваюць сэрэнаду цару Артаксерксу» заснаваны на словах з Кнігі Эстэр: «І было ў дні Артаксеркса, – гэты Артаксеркс валадарыў над ста дваццацьцю сямю вобласьцямі ад Індыі і да Эфіопіі, у той час, як цар Артаксеркс заступіў на царскі трон свой, што ў Сузах, горадзе сталічным, на трэцім годзе свайго валадараньня ён зладзіў гасьціну ўсім князям сваім і тым, што служылі пры ім, галоўным начальнікам войска Пэрсыдзкага і Мідыйскага і кіраўнікам вобласьцяў сваіх…» (Эстэр 1:1—3).
Малюнак на другой марцы «І ён паклаў царскі вянок на галаву яе» заснаваны на словах з Кнігі Эстэр: «І ўзялі Эстэр да цара Артаксеркса, у царскі дом ягоны, на дзясятым месяцы, гэта значыць, у месяцы Тэбэце, на сёмым годзе яго валадараньня. І пакахаў цар Эстэр больш за ўсіх жонак, і яна здабыла ягонае ўпадабаньне і прыхільнасьць больш за ўсіх дзяўчат; і ён паклаў царскі вянок на галаву яе і зрабіў яе царыцаю замест Астынь» (Эстэр 2:16,17).
Пасьля першай гасьціны ў Эстэр цару чыталі «памятную кнігу дзённых запісаў», у якой было запісана, як Мардахэй уратаваў цара. Цар запытаў: «якая дадзена пашана і адрозьненьне Мардахэю за гэта? І сказалі хлопчыкі царовыя, якія служылі пры ім: нічога ня зроблена яму» (Эстэр 6:3). Тады цар загадаў паклікаць Амана. «І ўвайшоў Аман. І сказаў яму цар: што зрабіў бы таму чалавеку, якога цар хоча вылучыць пашанай? Аман падумаў у сэрцы сваім: каму іншаму захоча цар зрабіць пашану, акрамя мяне? І сказаў Аман цару: таму чалавеку, якога цар хоча вылучыць пашанаю, хай прынясуць вопратку царскую, у якую апранаецца цар, і прывядуць каня, на якім езьдзіць цар, пакладуць царскі вянок на галаву яму, і хай пададуць вопратку і каня ў руку аднаму зь першых князёў царскіх, – і апрануць таго чалавека, якога цар хоча вылучыць пашанаю, і выведуць яго на кані на гарадзкі пляц, і абвесьцяць перад ім, так робіцца таму чалавеку, якога цар хоча вылучыць пашанай! І сказаў цар Аману: зараз жа вазьмі вопратку і каня, як ты сказаў, і зрабі гэта Мардахэю Юдэю, які сядзіць каля царскае брамы; нічога не прапусьці з таго, што ты казаў» (Эстэр 6:6—10). Аман вымушаны быў выканаць загад цара і ўласнаручна аддаць пашану свайму галоўнаму ворагу, якога заплянаваў павесіць.
«Так робіцца таму чалавеку, якога цар хоча вылучыць пашанаю» заснаваны на гэтых словах з Кнігі Эстэр малюнак на трэцяй марцы.
Пурым. Блёк пошты Ізраілю, выдадзены ў 1976 годзе
Толькі падчас другой гасьціны Эстэр выказвае просьбу, спасьці яе народ. Рэмбрант адлюстраваў момант маўчаньня. Ніхто з удзельнікаў сцэны не глядзіць адзін на аднаго. Эстэр скончыла сваю прамову і дрыгатліва чакае царскага прысуду. Асьляпляльным, загадкавым, залатым сьвятлом азораная яе грацыёзная фігурка. Бліжэй за ўсіх да Эстэр знаходзіцца велічны Артаксеркс, ад якога залежыць усё. Артаксеркс задумаўся над пачутым. Ён жорстка стуліў вусны і ўладна сьціснуў бліскучы золатам царскі скіпэтар, пераадольваючы ў сабе пачуцьці, каб прыняць адзінае справядлівае рашэньне. Аман жахаецца таго, што пачуе, бо ведае, што не можа аспрэчыць абвінавачаньне. Самотны, скурчыўшыся і абліваючыся потам і страхам, разумее, што прысуд Артаксеркса прадвызначаны.
Артаксеркс і Аман на гасьціне ў Эстэр (1660). Рэмбрандт (1606—1669). Дзяржаўны музэй выяўленчых мастацтваў ім. Аляксандра Пушкіна (Масква). Блёк пошты СССР, выдадзены ў 1976 годзе
Аман, другі па магутнасьці чалавек у Пэрсыдзкай імпэрыі, страціў пачуцьцё годнасьці і кінуўся пад ногі Эстэр, просячы літасьці.
Аман просіць міласьці ў Эстэр (1655). Рэмбрандт (1606—1669). Нацыянальны музэй мастацтва. Бухарэст. Марка пошты Румыніі, выдадзеная ў 1967 годзе
Правая рука Эстэр узьнятая ў знак адмовы. Здаецца, Артаксеркс хоча апусьціць царскі скіпэтар на свайго старога сябра – што будзе знакам прабачэньня. Але скіпэтар застыў. Не будзе літасьці. Аман памрэ на тым самым дрэве, на якім ён плянаваў павесіць Мардахэя.
Амана асуджаюць на сьмерць, а потым голым нацягваюць на драўляную шыбеніцу, якую ён пабудаваў, каб забіць свайго ворага, стрыечнага брата Эстэр Мардахэя. На фрэсцы тры сцэны: зьлева – Артаксеркс і Аман на гасьціне Эстэр, справа – Артаксеркс у момант бессані цара, калі ён кажа чытаць яму кнігі і паказвае на неабходнасць ўшанаваньня Мардахэя, у цэнтры – Аман на шыбеніцы. Мікеланджэла змяніў спосаб пакараньня: Аман прыбіты да драўлянай крыжавіны ў выглядзе распяцьця з цвікамі праз рукі і ногі, а не вісіць на дрэве «вышынёю ў пяцьдзясят локцяў» (Эстэр 7:9).
(Каляровая накладка зроблена Л.К., бо на блёку толькі схэма малюнку).
Пакараньне Амана (1511). Кутняя фрэска столі Сыкстынскай капэлы. Мікеланджэла Буанароці. Блёк пошты СССР, выдадзены ў 1975 годзе
Цар не адмяніў свайго ўказу пра зьнішчэньне Юдэяў. Царскае слова не магло быць зьменена. Цар толькі дазволіў Юдэям абараняцца. «Цар дазваляе Юдэям, якія ў любым горадзе, сабрацца і стаць на абарону жыцьця свайго, зьнішчыць, забіць і загубіць усіх моцных у народзе і ў вобласьці, якія ў варожасьці зь імі, дзяцей жонак, і маёмасьць іхнюю зрабаваць» (Эстэр 8:11).
І гэта было вялікім цудам. Усе вакол убачылі, як учорашнія рабы раптам ператварыліся ў свабодных і годных, як яны давалі адпор ворагам, як яны славілі Бога, як яны дапамагалі адзін аднаму. Бог даў Юдэям шанец зноў паверыць у Яго і ў саміх сябе, як Яго воінаў. Яны зноў моцныя і сьмелыя, яны зноў вераць і верныя, яны зноў радуюцца і весяляцца. Яны зноў усьвядомілі сябе Божым народам. Цудам было і тое, што яны «на рабунак не працягнулі рукі сваёй» (Эстэр 9:10,15,16).
Правообладателям!
Это произведение, предположительно, находится в статусе 'public domain'. Если это не так и размещение материала нарушает чьи-либо права, то сообщите нам об этом.