Электронная библиотека » Лявон Карповіч » » онлайн чтение - страница 23


  • Текст добавлен: 28 сентября 2023, 19:22


Автор книги: Лявон Карповіч


Жанр: Историческая литература, Современная проза


Возрастные ограничения: +16

сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 23 (всего у книги 27 страниц)

Шрифт:
- 100% +

На блёку пошты Лібэрыі Данііл спакойна размаўляе з львом без ніякіх праяваў страху.


Данііл у яме зь ільвамі. Блёк пошты Лібэрыі, выдадзены ў 2006 годзе


На маляўнічым лісьце Гаяны намаляваны Анёл, які ўратаваў Данііла.


Данііл у яме зь ільвамі. Марачны ліст пошты Гаяны, выдадзены ў 1994 годзе


Дарый загадаў вызваліць Данііла і кінуць у яму даносчыкаў. Як толькі гэтыя людзі апынуліся ў яме, галодныя львы адразу іх разадралі. Пасьля гэтага гаворыцца, што Дарый выдаў указ аб тым, каб ва ўсіх абласьцях пачыталі Бога Данііла. Але гэты ўказ ніяк не адмяніў ідалапаклонства.


«Старажытнапэрсыдзкі цар Дарый, Камвіс і Гігес з посахамі ў руках». Хроніка Манасіі 14 ст. Марка пошты Баўгарыі, выдадзеная ў 1969 годзе


 
Сын Чалавечы
 

Першае запісанае Даніілам бачаньне адбылося ў першы год праўленьня Валтасара. Данііл бачыць чатыры зьвера, якія сымбалізуюць зямныя царствы, што губяць род чалавечы, як зьвяры. Гэта бачаньне канчаецца бачаньнем вечнага Царства Сына, дзе гаворыцца: «Бачыў я нарэшце, што пастаўленыя былі троны, і сеў Спрадвечны днямі; адзеньне на Ім было белае, як сьнег, і валасы на галаве Яго – як чыстая воўна, трон Яго – як вогненнае полымя, колы ў ім – палымяны агонь. Агнявая рака плыла і праходзіла перад Ім; тысяча тысяч служылі Яму і цьма цьмоў стаялі перад Ім; судзьдзі селі, і разгарнуліся кнігі. Бачыў я тады, што за маўленьне пагардлівых слоў, якія гаварыў рог, зьвер быў забіты на маіх вачах, і цела ягонае струшчана і аддадзена на спаленьне агню. І ў астатніх зьвяроў адабрана ўлада іхняя, і абсяг жыцьця дадзены ім толькі на час і на гадзіны» (Данііл 7:9—12).


Сьвятая Троіца. Бізантыйская мініятура 12 ст. Марка пошты Аўстрыі, выдадзеная ў 1981 годзе


«Бачыў я ў начных уявах, вось, з аблокамі нябеснымі ішоў як бы Сын Чалавечы, дайшоў да Спрадвечнага днямі і падведзены быў да Яго. І Яму дадзена ўлада, слава і царства, каб усе народы, плямёны і роды служылі Яму; валадарства Ягонае – валадарства вечнае, яно ня мінецца, і царства Ягонае не разбурыцца» (Данііл 7:13,14).

Хто такі «як бы Сын Чалавечы» у бачаньні Данііла? Ва ўсіх Эвангельлях Ісус называў сябе «Сынам Чалавечым». Ніхто больш у Эвангельлях не называў яго «Сынам Чалавечым», толькі перад пабіцьцём камянямі Сьвяты Сьцяпан сказаў: «вось, бачу я нябёсы расчыненыя і Сына Чалавечага, Які стаіць праваруч Бога» (Дзеі 7:56). (Выраз «Сын чалавечы» з'яўляецца 81 раз у Эвангельляў і ў Старым запавеце больш за сто разоў).


Сын Чалавечы Ісус Хрыстос. Марка пошты Балівіі, выдадзеная ў 1939 годзе


 
Прароцтва аб сямідзесяці тыднях
 

Трэцяе бачаньне называецца прароцтвам аб сямідзесяці тыднях.


Архангел Гаўрыіл. Картмаксімум пошты Люксэмбургу, выдадзены ў 1986 годзе


Данііл маліўся Богу аб народзе Ізраільскім і аб тым, каб Ён выканаў абяцанае і ў гэты 70-ы год вывеў народ з палону і дараваў яму прабачэньне. Яму зьяўряецца Архангел Гаўрыіл і кажа: «Данііле! цяпер я прыйшоў, каб умудрыць цябе ў разуменьні. На пачатку маленьня твайго выйшла слова, і я прыйшоў абвясьціць яго табе, бо ты – муж жаданьняў; дык вось, пранікні ў слова і ўразумей уяву. Семдзесят тыдняў вызначана твайму народу і сьвятому гораду твайму, каб пакрыта было злачынства, мера грахоў перапоўнілася і спакутавана віна, і каб прыведзена была вечная праўда і спраўдзіліся ўява і прарок і каб памазаны быў Сьвяты Сьвятых» (Данііл 9:22—24).


Ізенгэймскi алтар. Нікалаус Гагенаўэр (1445/1460 – 1538), Маціяс Груневальд (1512—1516). Блёк пошты Лесота, выдадзены ў 1985 годзе


Перад намі малюнак жудаснай агоніі змардаванага цела Хрыста, якое курчыцца ад болю ад цьвікоў, убітых у Яго рукі і ногі. Гэта цела, пакрытае язвамі і спаласаванае шыпамі бізуна, павінна было выклікаць жах у хворых, але таксама не пакідала сумненьняў у пакутах Хрыста, такім чынам суцяшаючы іх у зносінах з Збаўцам, чый боль яны падзялялі. «Хрыстос цярпеў і нас заклікаў». Пабожнаму Даніілу адкрываюцца ва ўявах карціны будучыня свайго народа і ўсяго чалавецтва. «Дык ведай і разумей: ад часу, як выйдзе загад, каб адбудаваць Ерусалім, да Хрыста Ўладара сем тыдняў і шэсьцьдзесят два тыдні; і вернецца народ і адбудуюцца вуліцы і муры, але ў цяжкія часіны. І як скончацца шэсьцьдзесят два тыдні, аддадзены будзе на сьмерць Хрыстос, і ня будзе; а горад і сьвятыню разбурыць народ правадыра, які прыйдзе, і канец яго будзе як ад паводкі, і да канца вайны будуць спусташэньні» (Данііл 9:25,26).

Ерусалім і Храм былі разбураны рымлянамі, тысячы Юдэяў – забітыя.


Арка Ціта (81 ад Р.Х.). Барэльеф. Рым. Картмаксімум пошты Ізраілю, выдадзены ў 2018 годзе


Арка Ціта была ўзьведзена ў Рыме пасьля таго, як рымляне разграмілі Вялікае паўстаньне і разбурылі Другі храм. На арцы знаходзіцца барэльеф, які паказвае пераможнае шэсьце рымскіх салдат, якія нясуць Храмавую Мэнору, сымбаль разгромленай юдэйскай дзяржавы.

 
Адкрыцьцё
 

Апошняе бачаньне наведала Данііла на трэцім годзе праўленьня Кіра, цара Пэрсыдзкага ў 536 годзе да Р. Х. шмат Юдэяў ужо вярнулася ў той час з палону на радзіму і пачало да аднаўленьня храма. Сам Данііл заставаўся ў Вавілоне. Яму аб’явіўся «чалавек, апрануты ў ільняную вопратку, і сьцёгны яго перапяразаны золатам з Уфаза. Цела яго – як тапаз, твар яго – як выгляд маланкі; вочы яго – як запаленыя сьвяцільні, рукі яго і ногі яго з выгляду – як бліскучая медзь, і голас слоў ягоных – як голас мноства людзей» (Данііл 10:5,6). Анёл прыйшоў да Данііла, каб паведаміць яму аб будучых лёсах габрэйскага народу. Ён прынёс яму адкрыцьцё аб будучых войнах паміж Ізраілем і блізкімі народамі і адносна далёкімі, якія працягнуцца, пакуль народу Данііла не будзе дадзены сьвет Князем сьвету, Які прыйдзе. Напрыканцы Анёл сказаў: «Рэштаю я абвяшчу табе, што накрэсьленае ў кнізе праўды; і няма нікога, хто падтрымаў бы мяне ў гэтым, акрамя князя нашага Міхаіла» (Данііл 10:21).


Анёл. Ірэн фон Трэскоў. Марка пошты Вялікабрытаніі, выдадзеная ў 1998 годзе


11 і 12 главы Кнігі Данііла – гэта старазапаветны Апакаліпсіс. Самая складаная, але дзіўная 11 глава кнігі Прарока Данііла – самае доўгае бесьперапыннае прароцтва ва ўсёй Бібліі, якое пакрывае бесьперапынную чараду падзей больш чым на дзьве з паловай тысячы гадоў наперад! Кніга прарока Данііла блізкая да Адкрыцьця Яна Багаслова і ёсьць зьвяном, якое злучае паміж сабой Стары Запавет і Новы Запавет.


Архангел Міхаіл. Картмаксімум пошты Францыі, выдадзены ў 1966 годзе


«І паўстане ў той час Міхаіл, вялікі князь, які будзе стаяць за сыноў свайго народу; і настане цяжкі час, якога ня бывала з тых часоў, як існуюць людзі, да гэтага часу; і ўратуюцца ў гэты час з народу твайго ўсе, якія знойдзены будуць запісанымі ў кнізе. І многія, якія сьпяць у пыле зямлі, прачнуцца, адны на жыцьцё вечнае, другія на вечнае паганьбеньне і пасаромленьне. І разумныя будуць зьзяць, як сьвяцілы на цьвердзі, і тыя, што павярнулі людзей да праўды, – як зоркі, вавекі, назаўсёды. А ты, Данііле, захавай гэтыя словы і запячатай гэтую кнігу да апошняга часу; многія прачытаюць яе, і памножацца веды» (Данііл 12:1—4).

«Дабрашчасны, хто чытае і слухае словы прароцтва гэтага і выконвае напісанае ў ім; бо час блізкі» (Адкрыцьцё 1:3).

Абарона Даніілам нявіннай Зузаны

І Данііл стаў вялікі перад народам з таго дня і потым. (Данііл 13:64)


У апавяданьні аб Зузане і старцах не адбываецца нічога цудоўнага. Абараняе невінаватых і карае няправедных не сам Бог, а Яго Прарок Данііл.


Зузана ў купальні (1526). Альбрэхт Альтдорфер (1480—1538). Старая пінакатэка, Мюнхэн. Блёк пошты Емэну, выдадзены ў 1971 годзе


Зузана (іўр. Шошана – «лілея») была праведнай і сьціплай жонкай багатага габрэя Ёакіма, які жыў у Вавілоне. Яна адрозьнівалася прыгажосьцю і веданьнем законаў рэлігійнай практыкі юдаізму. Калі мужа не бывала дома, у доўгія гарачыя паўдзённыя гадзіны Зузана праводзіла вольны час у сваім садзе.

Альтдорфер намаляваў маладую жанчыну апранутай: служанкі прычэсваюць ёй валасы і абмываюць ногі. Зьлева за кустамі бачныя падгледачы. Справа па прыступках падымаецца служанка з гарлачом і лілеямі – сымбалям чысьціні і бязгрэшнасьці. Большую частку прасторы карціны займае малюнак нейкага грандыёзнага архітэктурнага збудаваньня, якое, верагодна, зьяўляецца палацам Ёакіма, мужа Зузаны.

Тэма перасьледу нявіннай Зузаны была любімым сюжэтам мастакоў, пачынаючы з эпохі Адраджэньня.

Двое старцаў падпільнавалі падчас купаньня прыгажуню Зузану і падглядаюць за ёю.


Зузана і старцы (1955). Якопа Тынтарэта (1518/1519—1594). Музэй гісторыі мастацтваў, Вена. Блёк пошты Манамы, выдадзены ў 1971 годзе


Зузана выходзіць з купальні сузіраючы фантастычна прыгожую прыроду. За ёй, выглядаючы са сваіх хованак, у недарэчных позах назіраюць два старцы. Не ў стане стрымацца, яны вылазяць з хованкі і вырашылі рашуча дамагацца сваёй мэты.


Зузана ў лазьні (каля 1636/39). Пітэр Рубенс (1577 – 1640). Калекцыі жывапісу Баварыі, Альтэ Пінакатэк, Мюнхэн. Марка пошты Нікарагуа, выдадзеная ў 1971 годзе


На карціне Франца фон Штука Зузана убачыла старцаў і засланяе сябеад іх.


Зузана і два старцы (1913). Франц фон Штук (1863—1928). Прыватная калекцыя. Марка пошты Самалі, выдадзеная ў 2003 годзе


Рубенс не аднойчы зьвяртаўся гісторыі Зузаны. На гэта карціне Зузана засьпетая зьнянацку. Адзін з старых зрывае з жанчыны пакрывала, іншы, нагнуўшыся, угаворвае яе. Пастава і выраз твару Зузаны перадаюць сорам і страх. Кантраст пажадлівай старасьці і квітнеючай маладосьці дае адчуць перамогу цноты над нікчэмнымі інстынктамі. Унутраная чысьціня выказана праз фізычную прыгажосьць.


Зузана і старэйшыны (1601 – 1602). Пітэр Паўль Рубенс (1577—1640). Італія, Рым, Галерэя Боргезэ. Спекулятыўны блёк неіснуючай краіны Тонга, выдадзены ў 2010 годзе


На карціне Брэйгеля Зузана як бы яшчэ не зразумела ўсёй небясьпекі, успрыняла ўчынак старцаў, як недарэчны жарт і ветліва прапануе пакінуць яе ў спакоі. Але яны кажуць: «Вось дзьверы саду зачынены, ніхто нас не бачыць. А мы прагнем цябе, таму згадзіся з намі i аддайся нам» (Данііл 13:20).


Зузана і старцы. Ян Брэйгель Малодшы (1601—1678). Прыватная калекцыя. Картмаксімум пошты Парагваю, выдадзены ў 1983 годзе


Але намеры ў старэйшын зусім не жартаўлівыя.


Зузана і старцы (1620—1625). Гвіда Рэні (1575 – 1642). Нацыянальная галерэя, Лёндан. Марка пошты Экватарыяльнай Гвінэі, выдадзеная ў 1978 годзе


Гвідо Рэні ілюструе эпізод, калі адзін старац юрліва стараецца зьняць з Зузаны покрыва і прыкладвае пальцы ды вуснаў, загадваючы ёй маўчаць, а другі дрыготка падымае руку, гатовы дакрануцца ды яе. Яна хапаецца за сваю драпіроўку, спрабуючы прыкрыцца, не разумеючы, што адбываецца.

Зузана нэрвова сьціскае чырвоную драпіроўку і адхіляецца, павярнуўшыся тварам да надаедлівых старых, якія ўжо пачалі пагражаць: «Калі ж адмовішся, мы засьведчым супраць цябе, што ты была з юнаком i пагэтаму загадала служанкам выйсці» (Данііл 13:21). А не паверыць нам ня могуць – мы ж судзьдзі! – і цябе пакараюць сьмерцю.


Зузана і старэйшыны (1958). Якаў ван Ло (1614—1670). Музэй Кельвінгроў, Глазга. Марка пошты Сан-Томе і Прынсэп, выдадзеная ў 2015 годзе


Для Зузаны зьдзейсьніць грэх у вачах Бога страшней любога людзкога суда і пакараньня. «Зузана ўздыхнула i сказала: Я ў цалкам безвыходным становішчы. Калі зраблю гэта, то сьмерць мне, калі не зраблю, то не ўцяку з рук вашых. Аднак лепей, калі я не зраблю гэтага i патраплю ў вашыя рукі, чым зграшу перад абліччам Бога» (Данііл 13:22—23).


Зузана і старэйшыны (1713). Себасьцьян Рычы (1659 —1734). Дэваншырская Калекцыя, Чатсворт (Дэрбішыр). Марка пошты Малаві, выдадзеная ў 2010 годзе


І стала клікаць на дапамогу – але куды ёй, слабой жанчыне, было перакрычаць двух, хай і пажылых, але цалкам яшчэ моцных дзядзькаў! Старцы склікалі народ і абвясьцілі, што яны застукалі пералюбніцу – яна, маўляў, адаслала служанку зачыніць вароты, а сама аддалася граху пад дрэвам (вось гэта яны дарма сказалі!) з нейкім юнаком, які, убачыўшы іх, сігануў праз плот і быў такі. Народ быў абураны, і па ўсім выходзіла – быць Зузане забітай камянямі. Але адразу гэтага зрабіць было нельга, трэба было выканаць усе фармальнасьці, правесьці суд, вынесьці прысуд. Таму Зузану павялі па вуліцах да месца правядзеньня суда і меркаванага пакараньня. Падчас суда Зузана нічога не кажа, не абараняецца, не спрабуе растлумачыць, не крычыць, а толькі моліцца. Суд паверыў старэйшынам і вынес жанчыне сьмяротны прысуд. Тады «Залямантавала Зузана гучным голасам і сказала: Божа вечны, які загадвае патаемнае і дасьведчаны ўсё раней быцьця яго! Ты ведаеш, што яны ілжыва сьведчылі супраць мяне, і вось, я паміраю, не зрабіўшы нічога, што гэтыя людзі злосна выдумалі на мяне. І пачуў Гасподзь голас яе (Данііл 13:42—44). Бог паслаў Данііла, які засумняваўся ў справядлівасьці абвінавачваньня. Ён пачаў дапытваць старцаў кожнага паасобку, і неўзабаве стала відавочна, што іх паказаньні не супадаюць. Хлусьлівых абвінаваўцаў прысудзілі да сьмерці, а Зузану апраўдалі. «і нявінная кроў была захавана ў той жа дзень. Але Хілкія і яго жонка хвалілі Бога за дачку, Сусанна, з Ёакім, яе муж, і ўсе яе сваякі, бо ў ёй не знайшлося ганьбы. І таму Данііл стаў выдатным у вачах людзей з таго дня, і пасля гэтага» (Данііл 13:62—64).

Малюнак Зузаны можна знайсьці ў раньнім хрысьціянскім мастацтве рымскіх катакомбаў. З той пары зьявілася больш за сотню мастацкіх палотнаў пра кранальную гісторыю Зузаны.

Можа паказацца, што гэта, мабыць, самы эратычны сюжэт Бібліі пра пажадлівасьць. Але не. Ён не пра шаленства старшынь, і нават не пра крыважэрнае жаданьне помсты, не пра мудрасьць Прарока Данііла, упершыню ў гісторыі ўжыўшага перакрыжаваны допыт, нават не пра чысьціню і вялікую веру Зузаны… Усё глыбей. Неўміручы сюжэт «Зузана і старцы», упадабаны жывапісцамі, аб перамозе праўды над хлусьнёй. А яшчэ гісторыя прыгажуні Зузаны адказвае на адно з самых фундамэнтальных пытаньняў сьветабудовы: «хто ж нас усё ж такі бачыць, калі не бачыць ніхто?» Важна зразумець, што ёсьць той, ад каго нічога не схаваеш. І важней быць справядлівым у вачах Госпада, чым у вачах людзей. Праўда рана ці позна пераможа. Як і здарылася з Зузанай. А выразная фармулёўка гэтага духоўнага закону прагучыць ужо ў Эвангельлі з вуснаў Хрыста: «Няма нічога таемнага, што ня выйшла б на яву; і нічога няма схаванага, што ня выйшла б наверх» (Паводле Марка 4:22).

Перамога Данііла над бажаством Бел і драконам

Бажаство Бел (Віл) займаў цэнтральнае месца ў пантэоне багоў Вавілоніі, таму Данііл валодаў немалой мужнасьцю і верай, калі адважыўся на барацьбу супраць яго.

«Быў у Вавілонцаў ідал, па імя Віл, і трацілі на яго кожны дзень дваццаць вялікіх мер пшанічнай мукі, сорак авечак і віна шэсьць мер. Цар шанаваў яго і хадзіў кожны дзень пакланяцца яму; а Данііл пакланяўся Богу свайму. І сказаў яму цар: чаму ты не пакланяешся Вілу? Ён адказваў: бо я не пакланяюся ідалам, зробленым рукамі, але пакланяюся жывому Богу, Які стварыў неба і зямлю і валадарыць над усякім целам» (Данііл 14:3—5).

Дакладна гэты эпізод адлюстраваў Рэмбрант на карціне Данііл і цар Кір ля ідала Віла. На карціне Данііл схіліўшыся слухае цара. Кір стаіць ля ідала, паказваючы на на яго жэзлам. На другім пляне стаяць занепакоеныя сьвятары. Цар настаяў, што Віл жывы бог і паказваў на прынашэньні ежы і віна, якія спажываў кожны вечар Віл і кожную ноч. «Данііл, усміхнуўшыся, сказаў: не ашуквайся, цар; бо ён унутры гліна, а звонку медзь, і ніколі ні еў, ні піў. Тады цар, угневаўшыся, заклікаў жрацоў сваіх і сказаў ім: калі вы не скажаце мне, хто зьядае ўсё гэта, то памраце. Калі ж вы дакажаце мне, што зьядае гэта Віл, то памрэ Данііл, таму што вымавіў блюзьнерства на Віла. І сказаў Данііл цару: хай будзе паводле слова твайго» (Данііл 14:3—5). На марцы мы бачым толькі дэталь карціна з царом Кірам.

Жрацы, якіх было семдзесят чалавек, не лічачы іх жонак і дзяцей, сказалі цару, што яны ўсе сыходзяць, а ён павінен пакінуць ахвяраваньні, замкнуць дзьверы і запячатаць іх сваёй пячаткай.


Данііл і цар Кір ля ідала Віла (1633). Дэталь. Рэмбрант ван Рэйн (1606—1669). Музэй Дж. Пола Гэці, Лос-Анджэлес, Злучаныя Штаты Амэрыкі. Марка пошты Лібэрыі, выдадзеная ў 2006 годзе


І калі ён раніцай знойдзе дары, то яны згодныя памерці, а калі бажаство іх забярэ – Данііл узьвёў паклёп на іх. Хітрасьць жрацоў заключалася ў тым, што яны мелі таемны ход і кожную ноч усе разам траплялі ў храм і зьядалі дары. Ведаючы пра гэта Данііл загадаў Сваім слугам прынесьці попелу і расьсеяць па ўсім храме ў прысутнасьці аднаго толькі цара. Пасьля гэтага дзьверы былі зачыненыя і змацаваныя царскай пячаткай. Ноччу прыйшлі, як звычайна, жрацы з жанчынамі і дзецьмі і ўсё паелі і павыпівалі. Раніцай цар у суправаджэньні Данііла праверылі цэласнасьць пячаткі на дзьвярах і адчынілі дзьверы храму. «І як хутка адчыненыя былі дзьверы, цар, зірнуўшы на стол, усклікнуў гучным голасам: вялікі ты, Віл, і няма ніякага падману ў табе! Данііл, усьміхнуўшыся, утрымаў цара, каб ён не ўваходзіў унутр, і сказаў: паглядзі на падлогу і заўваж, чые гэта сьляды. Цар сказаў: бачу сьляды мужчын, жанчын і дзяцей. І, угневаўшыся, цар загадаў схапіць жрацоў, іх жонак і дзяцей, і яны паказалі патайныя дзьверы, якімі яны ўваходзілі і зьядалі, што было на стале. Тады цар загадаў забіць іх і аддаў Віла Даніілу, і ён разбурыў яго і храм ягоны». (Данііл 14:18—22).

Наступная справа аб лютым цмоку, якога кармілі і якому пакланяліся вавіланяне.


Цмок. Блёк пошты Гвінэі, выдадзены ў 2012 годзе


«І сказаў цар Даніілу: не скажаш і пра гэта, што ён медзь? вось, ён жывы, і есьць і п'е; ты не можаш сказаць, што гэты бог нежывы; такім чынам пакланіся яму. Данііл сказаў: пакланяюся Госпаду Богу майму, таму што Ён Бог жывы. Але ты, Цар, дай мне дазвол, і я заб'ю дракона без мяча і жазла. Цар сказаў: даю табе. Тады Данііл узяў смалы, тлушчу і валос, зварыў гэта разам і, зрабіўшы з гэтага ком, кінуў яго ў пашчу цмоку, і цмок расьсеўся. І сказаў Данііл: вось вашыя сьвятыні!» (Данііл 14:24—27). Абураныя гэтым учынкам вавіланяне запатрабавалі пакараньня Данііла. «І калі цар убачыў, што яны моцна настойваюць, прымушаны быў аддаць ім Данііла, яны ж кінулі яго ў роў ільвіны, і ён прабыў там шэсьць дзён» (Данііл 14:30—31). Так Данііл другі раз апынуўся ў рове зь ільвамі.


Дарый паслаў Данііла ў львіны роў. Апакаліпсіс. Ілюстрацыя Беатуса з Льебаны 11 ст. Нацыянальная Бібліятэка. Мадрыд. Марка пошты Гішпаніі, выдадзеная ў 1975 годзе


«Быў у Юдэі прарок Абакум, які, зварыўшы поліўку і накрышыўшы хлеба ў страву, ішоў на поле, каб аднесьці гэта жнеям. Але Анёл Гасподні сказаў Абакуму: занясі гэты абед, які ў цябе, у Вавілон да Данііла, у роў ільвіны. Абакум сказаў: гаспадару! Вавілона я ніколі не бачыў і рова ня ведаю. Тады Анёл Гасподні ўзяў яго за цемя і, падняўшы яго за валасы галавы ягонай, паставіў яго ў Вавілоне над ровам сілаю Духа Свайго. І паклікаў Абакум і сказаў: Данііл! Данііл! вазьмі абед, які Бог паслаў табе» (Данііл 14:33—37). На марцы бачым, як Анёл, узяўшы за валасы, нясе Прарока Абакума ў Вавілон да Данііла.

«На сёмы дзень прыйшоў цар, каб паскарбець пра Данііла і, падышоўшы да рова, зірнуў у яго, і вось, Данііл сядзеў. І ўсклікнуў цар гучным голасам, і сказаў: Вялікі Ты, Гасподзь Бог Даніілаў, і няма іншага апрача Цябе! І загадаў выняць Данііла, а вінаватых у яго погубе кінуць у роў, – і яны адразу былі зьедзены ў прысутнасьці яго» (Данііл 14:40—42).


Дарый паслаў Данііла ў львіны роў. Марка пошты Кюрасаа, выдадзеная ў 2019 годзе


На гэтым заканчваецца Кніга Данііла. «У кнізе мы знаходзім асаблівую апакаліптычную біблейскую філязофію гісторыі: сьвет не паляпшаецца а працэсе гісторыі і не хіліцца да заняпаду (як думалі язычнікі); але павялічваецца палярызацыя – узрастаюць абодва полюса, якія дабраславенны Аўгустын называў градам Божым і градам зямным. Па меры іх росту барацьба паміж імі становіцца ўсё больш жорсткай» Аляксандар Мень.

Жыцьцю Сьвятога і тлумачэньню яго пісаньня прысьвечаны дзясяткі кніг і дасьледаваньняў. Аб ім пішуць багасловы-біблеісты і гісторыкі на працягу многіх гадоў. У 2013 годзе амэрыканскі рэжысэр Ганна Цалінскі зьняла паўтарагадзінны мастацкі фільм «Кніга Данііла», прысьвечаны біяграфіі Прарока. Гістарычная драма беражліва трактуе Біблейскі сюжэт і ставіць акцэнт на маральным выбары героя паміж служэньнем цару і вернасьцю Богу.

Данііл правёў апошнія гады жыцьця ў прароцкіх сузіраньнях лёсу свайго народу і вылічыў час вызваленьня юдэяў з вавілонскага палону. У 536 да Р. Х. Прарок Данііл памёр у Вавілоне.


Вавілон. Архітэктурныя помнікі. Марка пошты Іраку, выдадзеная ў 2009 годзе


«Многія ачысьцяцца, адбеляцца і ператоплены будуць у спакушэньні; несправядлівыя будуць несправядлівымі, і не зразумее гэтага ніхто з несправядлівых, а мудрыя зразумеюць" (Данііл 12:10).


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 | Следующая
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Это произведение, предположительно, находится в статусе 'public domain'. Если это не так и размещение материала нарушает чьи-либо права, то сообщите нам об этом.


Популярные книги за неделю


Рекомендации