Автор книги: Лявон Карповіч
Жанр: Историческая литература, Современная проза
Возрастные ограничения: +16
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 15 (всего у книги 27 страниц)
Слова Хрыстовае хай усяляецца ў вас шчодра, з усякаю мудрасьцю; вучэце і настаўляйце на розум адзін аднаго псальмамі, славаслоўем і духоўнымі песьнямі, у мілаце апяваючы ў сэрцах вашых Госпада. (Да Каласянаў 3:16)
У моры песьняў ёсьць песьні прысьвечаныя Богу. Яны запісаныя ў Кнізе Мудрасьці – Псалтыры.
Псалтыр (1686), кніга Міхала Апафія I, князя Трансыльваніі (1632—1690). Марка Вэнгрыі, выдадзеная ў 2002 годзе
Назва Псалтыр узятая ад назвы музычнага струннага інструмэнта, з гульнёю на якім злучаліся сьпевы псальмаў пры старазапаветным набажэнстве. Аўтарамі псальмаў, верагодна, былі Майсей, Давід, Саламон, і многія іншыя; але 73 псальмы надпісаныя імем Давіда і многія з непадпісаных, верагодна, напісаны ім жа, таму ўся Кніга называецца Псалтыр цара Давіда.
Цар Давід. Ілюстрацыя з Роўніцкай Псалтыры 14 ст. Пражскі Град. Марка Чэхаславакіі, выдадзеная ў 1984 годзе
Псалтыр у далёкім мінулым служыў ня толькі настольнай кнігай кожнага адукаванага чалавека, але нярэдка быў і яго неразлучным спадарожнікам у часы розных доўгатэрміновых паездак і падарожжаў.
500-годзьдзе беларускага кнігадрукаваньня. Псалтыр. Францыск Скарына. Блёк пошты Беларусі, выдадзены ў 2017 годзе
Таму невыпадкова, што Францішак Скарына, улічваючы практычную патрэбу ў гэтай кнізе, пачаў сваю друкарскую дзейнасьць менавіта з Псалтыры і выдаў яго двойчы: у Празе (1517) і ў Вільні (1522) у складзе «Малой падарожнай кніжкі».
Давід быў доблесным чалавекам, ваяром і военачальнікам, музыкаю і сьпеваком з салодкім голасам.
Цар Давід грае на арфе. Малюнак з манускрыпту 15 ст. Марка Эфіёпіі, выдадзеная ў 1972 годзе
Легенда абвяшчае, што ліра Давіда вісела над ложкам і што з надыходам паўночы дзьмуў паўночны вецер і яго ліра гуляла сама па сабе. Адразу ж Давід уставаў з ложка, каб заняцца вывучэньнем Бібліі, як напісана: «Апоўначы падымаўся славіць Цябе за справядлівыя суды Твае» (Псалтыр 119:62).
Давіда называюць «псальмістам Ізраіля» з-за псальмаў, якія ён складаў і сьпяваў падчас смутку і песьні хвалы і падзякі ў часы дабрабыту і выратаваньня.
Псальмы выражаюць радасьць, калі ўсё добра, смутак у час бяды і праслаўляюць веру ў Бога, Многія псальмы ўваходзяць у рэгулярныя малітвы ўсіх яўрэйскіх абшчын.
«Псальма Давіда» – сцэна з пастановак Тэатра танца Інбал. Марка Ізраілю, выдадзеная ў 1971 годзе
Псалтыр называюць Садам Боскіх песьняў, які ніколі не вяне і ніколі не перастае прыносіць плён.
Псалтыр (6 ст.). Марка пошты Грэцыя з сэрыі «Элінская мова», надрукаваная ў 1996 годзе
Дзяржава Ізраіль прызначыла два афіцыйныя дні нацыянальнага ўшанаваньня Галакосту і Супраціўленьня – 27-ы Нісан, дзень, калі яўрэі Ізраіля аб'ядноўваюцца ў памяць аб Галакосьце і адвагу юдэйскага Супраціўленьня, і 10-ы Тэвет, які Галоўны Рабінат прызначыў Днём памяці ўсіх тых, чыя дата сьмерці невядомая. Гэтак жа, як яўрэі памятаюць усіх тых, хто прыклаў руку да забойства народа, так памятаюць і тых праведнікаў, якія зрабілі ўсё, што было ў іх сілах, каб выратаваць габрэяў ад фашыстаў. На прывесцы гэтай маркі напісана: «Такіх я памятаю…». (Псальмы 42: 5).
Рука дапамогі. «Такіх я памятаю…». (Псальмы 42: 5). Марка пошты Ізраілю, выдадзеная ў 1973 годзе
Памежныя паселішчы.
Памежныя паселішчы. Ізраільская марка 1976 года выпуску
Змагаючыся за адраджэньне сваёй дзяржавы, габрэі будавалі на межах паселішчы. На Ізраільскай марцы намаляваныя домікі габрэйскага паселішча з чырвонай дахам і зялёныя пасадкі. На пярэднім пляне – калючы дрот – мяжа. На прывесцы маркі зьмешчана вытрымка з псальма: «Ты паклаў мяжу, якой не пяройдуць…» (Псалтыр 104:9).
На наступнай марцы паказана перадаючая антэна на фоне вясёлкі – сымбалю міру. Радыё, тэлебачаньне і іншыя сродкі масавага пераказу могуць і павінны быць інструмэнтам будовы яднаньня і згоды паміж людзьмі і народамі.
Голас міру. Марка пошты Ізраілю, выдадзеная ў 1972 годзе
На прывесцы маркі словы: «Па ўсёй зямлі праходзіць іхні гук…» (Псалтыр 19:5).
Птушаня на пагорках Юдэі – старажытны горад Ерусалім, вечны і ўсеагульны горад, краевугольны камень трох вялікіх рэлігій і аснова тугі габрэйскага народа ў іх незьлічоных пакаленьнях выгнаньня.
На прывесцы маркі зьмешчана вытрымка з псальма: «Ерусалім, пабудаваны як горад, зьліты ў адно…» (Псалтыр 122:3)
На прывесцы другой маркі з гэтай жа сэрыі «Прасеце спакою Ерусаліму…» (Псалтыр 122:6).
Сьцены Старога горада, сынагогі, мячэці, храмы. Храмавая гара, Яд Аўшалом. Маркі пошты Ізраіля, выдадзеныя ў 1968 годзе
Для габрэяў ніводнае месца на зямлі не зьяўляецца больш сьвятым і шанаваным, чым Ерусалім. Кожнае сьвята словы «У наступным годзе ў Ерусаліме» горача прамаўляюцца ў габрэйскіх дамах, і за тысячу гадоў выгнаньня габрэйства ўпарта чаплялася за надзею калі-небудзь вярнуцца ў горад.
Можна сьмела сьцьвярджаць – Біблія прасякнутая музыкай. Біблія раскрывае нам эмацыйны лад і музычныя перажываньні чалавека тых далёкіх часоў. Гарачы заклік славіць Госпада, прычым славіць Яго сьпевам, узносіцца ці ледзь не ў кожным псальме! «Пахвальная песьня Давідава. Прыйдзеце, засьпяваем Госпаду» (Псалтыр 95:1). «Псальма Давідава. Пра міласьць і суд буду сьпяваць: Табе, Госпадзе, буду сьпяваць» (Псалтыр 101:1). «Алілуя. Сьпявайце Госпаду песьню новую; слава Яму на сходні сьвятых» (Псалтыр 150:1).
«Новую песьню сьпявайце Яму…» (Псалтыр 33:3). Марка пошты Маршалавых выспаў, выдадзеная ў 1987 годзе
У часы Давіда быў усталяваны канон музычнага служэньня Госпаду і Біблія называе імёны першых музыкаў: «І загадаў Давід начальнікам лявітаў паставіць братоў сваіх сьпевакоў з музычнымі інструментамі, з псалтырамі і цытрамі і кімваламі, каб яны гучна ўзьвяшчалі голас радаваньня. І паставілі лявіты Эмана, сына Ёілевага, і з братоў ягоных, Асафа, сына Вэрэхііна, а з сыноў Мэрарыных, братоў іхніх, Этана, сына Кушаі; і зь імі братоў іхніх другарадных: Захара, Бэна, Яазііла, Шэмірамота, Ехііла, Унія, Эліява, Ванэю, Маасэя, Мататыю, Эліфлэуя, Мікнэя і Авэд-Эдома і Еэла, брамнікаў. Эман, Асаф і Этан ігралі гучна на медных кімвалах, а Захар, Азііл, Шэмірамот, Ехііл, Уній, Эліяў, Маасэя і Ванэя – на псалтырах, тонкім голасам. А Мататыя, Эліфлуй, Мікнэй, Авэд-Эдом, Еэл і Азазія – на цытрах, каб рабіць пачатак. А Хэнанія, начальнік лявітаў, быў начальнік сьпеваў, бо быў умельскі ў іх» (Першая Летапісаў 15:16—22).
У Бібліі згадваецца вялікая колькасьць музычных інструмэнтаў. Кожны інструмэнт у Бібліі – выразьнік пэўнага настрою, стану. Але ня толькі. У нейкай меры ён функцыянальны: у кожнага інструмэнта свая роля ў набажэнстве, на сьвяце, у паходзе, у жыцьці людзей.
Пошта Ізраілю прысьвяціла Псальмам Давіда і музычным інструмэнтам некалькі сваіх паштовых выпускаў.
Тымпан і кімвал. «Хвалеце Яго тымпанам і танцам… Хвалеце Яго гучнымі кімваламі…» (Псалтыр 151:4,5).
Тымпан і кімвал. Шофар. Маркі пошты Ізраілю, выдадзеныя ў 1955 годзе
Тымпан – старадаўні ўдарны музычны інструмэнт, род медных талерак або невялікай літаўры. Кімвал – тымпан трохвугольнай формы.
Шофар. «Трубеце ў рог парою маладзіка, у пэўны час, у дзень сьвята нашага…» (Псалтыр 81:4).
Перадапошняя ў Кнізе псальма гучыць як наказ або нават загад: «Хвалеце Яго гукам трубным, хвалеце Яго на псальтыры і арфе. Хвалеце Яго тымпанам і танцам, хвалеце Яго струнамі і арганам. Хвалеце Яго гучнымі кімваламі, хвалеце Яго кімваламі гучнагалосымі. Усё, што дыхае, хай славіць Госпада! Алілуя» (Псалтыр 151:3—6).
«Хвалеце Яго тымпанам і танцам, хвалеце Яго струнамі і арганам» (Псалтыр 151:4) – запрашаюць словы на марцы Маршалавых выспаў. (Нумары не супадаюць у розных перакладах).
Псалтыр 151:4. Марка пошты Маршалавых выспаў, выдадзеная ў 1987 годзе
Труба. «І ў дзень весялосьці вашай, і ў сьвяты вашыя, і ў час маладзікоў вашых трубеце ў трубы…» (Лікі 10:10).
Арфа. «…хвалеце Яго на ліры і арфе» (Псалтыр 151:3).
Труба. Арфа. Маркі пошты Ізраілю, выдадзеныя ў 1955 годзе
Сістр. «І Давід і ўсе сыны Ізраілевыя ігралі […] і на сістрах і на кімвалах» (Другая Царстваў 6:5). Сістр – ударны музычны інструмэнт, падобны на бразготку, але з мэталічным корпусам, падобным на рамку праколатую шэрагам выгнутых мэталічных стрыжняў; гралі на ім, падтрасаючы яго адной рукой; стрыжні, сьлізгаючы, сутыкаліся з мэталічным корпусам і выдавалі гук.
Ліра. «хвалеце Яго на ліры і арфе» (Псалтыр 151:3).
Сістр. Ліра. Маркі пошты Ізраілю, выдадзеныя ў 1955 годзе
Прыгожы малюнак раскрытых далоняў з каласамі, поўнымі зерня, разьмешчаны на марцы Ватыкану.
«Гасподзь сілкуе…» Марка пошты Ватыкану, выдадзеная ў 1974 годзе
На марцы цытаты: «Вочы ўсіх спадзяюцца на Цябе» (Псалтыр 145:14), «адкрываеш руку Тваю і корміш усіх жывых па добрай волі» (Псалтыр 145:15).
«Псальма Давідава. Дабрашчасны той муж, што ня ходзіць на раду бязбожных, і не стаіць на дарозе грэшных, і не сядзіць на зборні распустаў; а ў законе Гасподнім воля ягоная, і пра закон Ягоны ўдзень і ўначы разважае! І будзе ён, быццам дрэва, над плынямі водаў пасаджанае, што родзіць свой плод у свой час, і ліст у якога ня жухне; і ва ўсім, што ён учыняе, пашчасьціць яму. Ня так у бязбожнікаў; яны – быццам пыл, ветрам падняты. Таму ня ўстояць бязбожнікі на Божым судзе, а грэшнікі – на сходзе праведных. Бо дарогу праведных ведае Гасподзь, а дарога бязбожнікаў прападзе!» (Псалтыр 1:1—6).
Саламон. Мудрасьць СаламонаІ сеў Саламон на троне Давіда, бацькі свайго, і валадараньне ягонае было вельмі моцнае. (Трэйцяя Царстваў 2:12)
Саламон, сын Давіда, апошні цар адзінага Ізраільскага царства, пачаў валадарыць прыблізна ў 20-гадовым узросьце. Імя Едыдыя, якое азначае «каханы Богам», было дадзена яму пры нараджэньні Прарокам Натанам (Другая Царстваў 12:25); а імя Саламон (Шлома – «мір») было яго тронным імем, і валадараньне сапраўды было мірным, хоць і пачалося з пакараньня яго брата Аданіі і іншых патэнцыйных супернікаў. З яго імем зьвязана мноства легенд, якія праслаўляюць яго мудрасьць.
На малюнку маркі Ізраілю Саламон трымае ў руцэ вагі, сымбаль справядлівасьці. У правай руцэ цар трымае плян храму, які збудуе Богу ў Ерусаліме.
Саламон. Ашэр Кальдэрон (1929—2018). Марка пошты Ізраілю, выдадзеная ў 1960 годзе
«У Гаваоне зьявіўся Гасподзь Саламону ў сьне ўначы, і сказаў Бог: прасі, што даць табе» (Трэйцяя Царстваў 3:5).
Саламон сказаў: «я – хлопец малы, ня ведаю ні майго выхаду, ні ўваходу… […] даруй жа рабу Твайму сэрца разумнае, каб судзіць народ Твой і разьбіраць, што дабро і што ліха; бо хто можа кіраваць гэтым шматлікім народам Тваім?» (Трэйцяя Царстваў 3:7, 9).
«І сказаў яму Бог: за тое, што ты прасіў гэтага і не прасіў сабе доўгага жыцьця, не прасіў сабе багацьця, не прасіў сабе душаў ворагаў тваіх, прасіў сабе розуму, каб умець судзіць, – вось, Я зраблю паводле слова твайго: вось, Я даю табе сэрца мудрае і разумнае, так што падобнага да цябе ня было да цябе, і пасьля цябе не паўстане падобны да цябе; і тое, чаго ты не прасіў, Я даю табе, і багацьце і славу, так што ня будзе падобнага да цябе сярод цароў ва ўсе дні твае; і калі будзеш хадзіць шляхам Маім, захоўваючы статуты Мае і запаведзі Мае, як хадзіў бацька твой Давід, Я падоўжу і дні твае» (Трэйцяя Царстваў 3:11—14).
Суд СаламонаІ пачуў увесь Ізраіль пра суд, як рассудзіў цар. (Трэйцяя Царстваў 3:28)
Праз некаторы час Саламон меў магчымасьць праявіць сваю мудрасьць. Аднойчы на Суд Саламона прыйшлі дзьве жанчыны з двума дзецьмі. Адно было жывое, другое-мёртвае. Распавялі яны Саламону сваю гісторыю.
Суд Саламона (1649). Нікола Пусэн (1594 – 1665). Марка пошты Каралеўства Емэн, выдадзеная ў 1967 годзе
Жылі гэтыя дзьве жанчыны ў адным доме і нарадзілі яны сыноў, дзяцей прыгожых і здаровых. Але ў адну ноч адна з маці прыціснула ў сьне дзіцяці і яно памерла. Яна хутка памяняла мёртвага на жывога. І калі другая маці прачнулася, то ўбачыла, што яе сын мёртвы.
«Але гэта не маё дзіця», – усклікнула яна. «Не, тваё», – запэўніла яе другая.
З гэтым спрэчным пытаньнем яны і прыйшлі да мудрага цара Саламона. І кожная даказвала, што жывое дзіця яе. І тады Саламон сказаў воіну: «Расьсячы гэтага хлопчыка. І аддайце адну палову адной жанчыне, другую-другой. Каб не спрачаліся».
Суд Саламона. Вітраж катэдры ў Стразбургу. Марка пошты Францыі, выдадзеная ў 1985 годзе
Перад царом дзьве кабеты. Адна трымае ў руках дзіця. Слуга з мечам ў руцэ гатовы выканаць загад. «І адказвала тая жанчына, у якое сын быў жывы, цару, бо ўсхвалявалася ўся нутрына ў яе ад жаласьці да сына свайго: о, гаспадару мой! аддайце ёй гэтае дзіця жывое і не забівайце яго. А другая казала: хай жа ня будзе ні мне ні табе, сячэце» (Трэйцяя Царстваў 3:26).
Саламон аддае загад; праўдзівая маці па каленях моліць не забіваць жывое дзіця. Салдат трымае жывое дзіця за нагу і мае намер расьсячы яго мячом.
Суд Саламона (1611—14). Пітэр Паўль Рубенс (1577—1640). Блёк пошты Сэнт-Вінсэнта, выдадзены ў 2000 годзе
Некалькі асобаў з жахам назіраюць за сцэнай.
Суд Саламона. Фрэска Мікелонскай царквы Нотр-Дам дэ Ардылье. Дызайн Івет Дэтчэверы. Марка пошты Сен-П’ер і Мікелон, надрукаваная ў 2013 годзе
І сказаў тады цар Саламон: «Аддайце гэтай жывое дзіця і не забівайце яго: яна – ягоная маці» (Трэйцяя Царстваў 3:27).
Такое было мудрае і справядлівае рашэньне цара Саламона. Жанчына, для якой жыцьцё дзіцяці было важней уласных амбіцый, была прызнана маці. У памяць пра суд Саламона і зьявіўся выраз – «Саламонава рашэньне». Што значыць «мудрае і простае рашэньне цяжкавырашальнага пытаньня».
Суд Саламона. Марка пошты Кот-д'Івуара, выдадзеная ў 1973 годзе
Храм БожыКаб усе народы зямлі ведалі імя Тваё, каб баяліся Цябе, як народ Твой Ізраіль, каб ведалі, што імем Тваім называецца храм гэты, які я пабудаваў. (Трэйцяя Царстваў 8:43)
Перанёсшы сталіцу царства ў Ерусалім, Давід прыйшоў да высновы, што ён павінен у новай сталіцы пабудаваць сьвятыню, дзе веравызнаўцы адзінага Бога аддавалі бы Яму хвалу. Але наказ ад Бога быў такі: «Калі ж закончацца дні твае, і ты спачнеш з бацькамі тваімі, дык Я пастаўлю пасьля цябе семя тваё, якое пойдзе са сьцёгнаў тваіх, і ўмацую царства ягонае. Ён збудуе дом імю Майму, і Я ўмацую трон царства яго навек» (Другая Царстваў 7:12,13).
Саламон узяўся за будаўніцтва Храма. Яго бацька выкупіў месца для Храма, назапасіў сродкі і матэрыялы, падрыхтаваў архітэктурны праект: «Усё гэта ў пісаньні ад Госпада, казаў Давід, як Ён навёў мяне на розум на ўсе пабудовы» (Першая Летапісаў 28:19). Але матэрыялаў было недастаткова. Саламон уклаў умову з царом Тыру Хірамам. «І даваў Хірам Саламону дрэвы кедравыя і дрэвы кіпарысавыя, цалкам паводле яго жаданьня. А Саламон даваў Хіраму дваццаць тысяч кораў пшаніцы на прадуктаваньне дома ягонага і дваццаць кораў аліўкавага чаўленага алею: столькі даваў Саламон Хіраму кожны год» (Трэйцяя Царстваў 5:10,11). Работнікі Хірама рабілі для Храма абсталяваньне з мэталяў і косьці за што Саламон «даў Хіраму дваццаць гарадоў у зямлі Галілейскай» (Трэйцяя Царстваў 9:11).
Карабель Саламона. Блёк Ізраілю, выдадзены ў 2016 годзе
Дызайнэр маркі адлюстраваў мноства розных скарбаў, якія былі выгружаныя на прычале ў марскім порце ў Эцыён-Гавэры, што каля Элата, на беразе Чарэмнага мора. Гэтыя скарбы былі адвезены ў палац цара Саламона ў Ерусаліме і выкарыстаны пры будаўніцтве Храма і палаца.
Гандляваў Саламон і зь Егіптам і іншымі краінамі, «бо ў цара быў на моры Тарсіскі карабель з караблём Хірамавым; адзін раз у тры гады прыходзіў Тарсіскі карабель, – прывозіў золата і срэбра, і слановую косьць, і малпаў, і паваў. Цар Саламон пераўзыходзіў усіх цароў багацьцем і мудрасьцю» (Трэйцяя Царстваў 10:22,23).
З малюнку на марцы Фуджэйры вынікае, што Саламон сам непасрэдна кіраваў будаўніцтвам Храму.
Храм Саламона. Марка Фуджэйры з сэрыі «Біблейскія гісторыі», выдадзеная ў 1970 годзе
Пошта Беларусі ў сэрыі «Архітэктура старажытнай Беларусі» выпусьціла блёк на полі якога разьмешчаны фрагмэнт ілюстрацыі Тытульнага ліста Трэцяй Кнігі царстваў з Бібліі Скарыны «Цар Саламон ставіць храм Богу ў Ерусаліме».
Архітэктура Беларусі. Блёк пошты Беларусі, выдадзены ў 2005 годзе
Будаўніцтва самага Храму доўжылася 7 гадоў: з 957 па 950 да Р. Х. Праца была завершана ў восьмым месяцы 11 года валадараньня Саламона. Сьвяткаваньне асьвячэньня Храма было на наступны год у сёмым месяцы перад сьвятам Суккот (Кучак) з найвялікшай урачыстасьцю пры ўдзеле старэйшын Ізраілю, кіраўнікоў каленаў і родаў. Сьвяткаваньне асьвячэньня Храма доўжылася 14 дзён і яго апісаньне сьведчыць аб тым, што будаўніцтва Храму было справай найвялікшай важнасьці для ўсяго народа.
Каўчэг Запавету быў урачыста ўсталяваны ў Сьвятая Сьвятых і Саламон прамовіў малітву.
Храм выглядаў як прыгожы будынак, мёртвыя камяні, але за імі хавалася духоўнае, жывое. Уся веліч і значэньне Храму было ў тым, што ён быў месцам прысутнасьці Творцы ў гэтым сьвеце. У сваёй прыгажосьці і велічы храм быў бачнай выявай славы нябачнага Бога.
Храм Саламона. Блёк пошты Ізраілю, выдадзены ў 1998 годзе
Справа намаляваны Храм на аснове кампутэрнай мадэлі, прызначанай для спэцыяльнай выставы ў Музэі Біблейскіх зямель – «Ерусалім – сталіца на ўсе часы; царскія гарады Біблейскага сьвету».
Зьлева малюнак граната з слановай косьці з надпісам з Музэю Ізраіля ў Ерусаліме. На малюсенькім гранаце (вышынёй 43 мм) напісаны старажытнаяўрэйскім шрыфтам словы «Сьвятое ахвяраваньне для жрацоў (у) доме я». Лічылася, што гранат, магчыма, выкарыстоўваўся ў якасьці галоўкі скіпэтра жраца ў храме цара Саламона. Мастацтвазнаўцы ў 2004 г. прыйшлі да высновы, што сам гранат сапраўды старажытны з бронзавага веку, аднак надпіс на ім сучасная.
Храм быў пабудаваны ў тым ліку: «каб усе народы зямлі ведалі імя Тваё…» (Трэйцяя Царстваў 8:43). Народ Ізраіля не «прыватызаваў» свайго Бога, а марыў, што іх Бог стане Богам для ўсіх народаў.
Саламон і царыца СаўскаяІ ўбачыла царыца Саўская ўсю мудрасьць Саламона і дом, які ён пабудаваў… (Трэйцяя Царстваў 10:4)
Біблейскі тэкст апавядае пра спатканьне Саламона з царыцай Саўскай.
18 студзеня 2018 г. пошта Ірляндыі выпусьціла блёк у памяць сэра Альфрэда Чэстэра Біці. На полі блёку малюнак Жоржа Барбье «Царыца Саўская».
Царыца Саўская (1914). Жорж Барбье (1882—1932). Блёк пошты Ірляндыі, выдадзены ў 2018 годзе
«Царыца Саўская, дачуўшыся пра славу Саламона ў імя Госпада, прыйшла выпрабаваць яго загадкамі. І прыйшла яна ў Ерусалім зь вельмі вялікім багацьцем: вярблюды наўючаны былі пахошчамі і вялікім мноствам золата і каштоўнымі камянямі; і прыйшла да Саламона і гутарыла зь ім пра ўсё, што было ў яе на сэрцы» (Трэйцяя Царстваў 10:1,2).
Царыца Саўская ўпэўнілася, што Саламон мудры, убачыла Храм, які ён збудаваў, і не магла ўтрымацца ад пахвалы: «слушна тое, што я чула ў зямлі сваёй пра дзеі твае і пра мудрасьць тваю; але я ня верыла словам, пакуль ня прыйшла, і ня ўбачылі вочы мае: і вось, мне і палавіны ня сказана; мудрасьці і багацьця ў цябе болей, чым як я чула. Шчасныя людзі твае і шчасныя гэтыя слугі твае, якія заўсёды стаяць перад табою і чуюць мудрасьць тваю! Хай будзе дабраславёны Гасподзь Бог твой, які дабраволіў пасадзіць цябе на трон Ізраілеў! Гасподзь, у вечнай любові Сваёй да Ізраіля, паставіў цябе царом – чыніць суд і праўду» (Трэйцяя Царстваў 10:6—9).
Царыца Саўская. Марка пошты Эфіёпіі, выдадзеная ў 1964 годзе
Каралеўствам Емэн выдадзена сэрыя марак «Візыт царыцы Саўскай да цара Саламона»: Цар Саламон, Царыца Саўская, Карабель царыцы Саўскай і маршрут падарожжа, Балдахін царыцы Саўскай, Канвой царыцы Саўскай у Ізраіль, Цар Саламона сустракае царыцу Саўскую, Сьцяна Плачу або Заходняя сьцяна – частка старажытнай сьцяны вакол заходняга схілу Храмавай Горы, ацалелая пасьля разбурэньня Другога Храма рымлянамі ў 70 годзе пасьля Р. Х.
Візыт царыцы Саўскай. Маркі пошты Емэну, выдадзеныя ў 1967 годзе
На марцы Вэнгрыі з партрэтам кампазытара Гольдмарка Карла – сцэна з опэры «Царыца Саўская».
Сцэна з опэры «Царыца Саўская». Марка Вэнгрыі, выдадзеная ў 1953 годзе
Адразу пасьля прэм'еры ў Вене ў 1875 годзе «Царыца Саўская» прынесла свайму аўтару сусьветную вядомасьць.
Знакамітая фрэска П'еро дэла Франчэска паказвае момант сустрэчы Саламона і царыцы Саўскай.
Царыца Саўская. Дэталь фрэскі П'еро дэла Франчэска (1415 або 1420—1492) з базылікі Сан-Франчэска. Марка Італіі, выдадзеная ў 2002 годзе
У 1959 годзе на экраны выйшаў кінафільм рэжысэра Кінга Відора «Саламон і царыца Саўская».
Фільм «Саламон і Шэба» (1959). Марка пошты Ізраілю, выдадзеная ў 2010 годзе
У галоўных ролях здымаліся Юл Брынэр і Джына Лалабрыджыда. На марцы будынак тэатру «Арманскія камандас»; экран паказвае назву фільма «Саламон і Шэба» (1959); група людзей перад уваходам у тэатар, кінапраектар; выгляд білету ў кінатэатар.
Гісторыя візыту царыцы Саўскай да цара Саламона працягвае цікавіць і хваляваць чытачоў Бібліі.
Правообладателям!
Это произведение, предположительно, находится в статусе 'public domain'. Если это не так и размещение материала нарушает чьи-либо права, то сообщите нам об этом.