Текст книги "Беларуская лiтаратура"
Автор книги: Уладзімір Навумовiч
Жанр: Языкознание, Наука и Образование
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 10 (всего у книги 34 страниц)
Сучасная беларуская паэзія – багаты і шматфарбны свет. Свет душы сучасніка, дзе адбіліся радасці і трывогі за дзень сённяшні і заўтрашні. У нашай паэзіі даволі плённа развіваюцца многія стылёвыя плыні, тэндэнцыі, ідзе заклапочаны дыялог з часам і чалавекам аб самым галоўным, асноватворным, лёсавызначальным.
Пытанні для кантролю
1. Якія плыні можна вылучыць у сучаснай беларускай паэзіі?
2. У чым наватарства сённяшняй беларускай паэзіі? Што такое верлібр? Што вы ведаеце пра “філасофскую” паэзію М. Танка?
3. Лірыка – самавыяўленне паэта. Як гэта трэба разумець? “Пропаведзь і споведзь”, “лірыка і публіцыстыка”. У чым заключаецца грамадзянскі пафас паэзіі?
4. Як беларуская паэзія напаўняецца “сокамі” вусна-паэтычнай творчасці беларускага народа? У чым адметнасць такіх твораў?
5. Якая “ўдзельная” вага сатыры і гумару ў творах народнага складу?
6. У чым заключаецца “традыцыйны” характар беларускай паэзіі і як вы разумееце паняцце гармоніі формы і зместу ў мастацкім творы?
Драматургія
Асновы беларускай нацыянальнай драматургіі закладвалі В. Дунін-Марцінкевіч, затым Я. Купала, К. Каганец, у 20-я гады ХХ ст. у драматургіі працавалі Ул. Галубок, Ф. Аляхновіч, М. Гарэцкі, Я. Міровіч, В. Шашалевіч, М. Зарэцкі, М. Чарот. Трывалы падмурак для развіцця беларускай драмы заклаў К. Крапіва. На драматургіі К. Крапівы вырасла не адно пакаленне беларускіх акцёраў, п’есы драматурга не сыходзілі з падмосткаў сцэны.
Калі б мы захацелі скласці афішу лепшых беларускіх спектакляў, якія многія гады ішлі ў тэатрах Беларусі, дык трэба было б уключыць у яе п’есы “Паўлінка” і “Раскіданае гняздо” Я. Купалы, “Пінская шляхта”, “Ідылія” В. Дуніна-Марцінкевіча, “Партызаны”, “Хто смяецца апошнім”, “Мілы чалавек”, “Брама неўміручасці” К. Крапівы, а таксама п’есы “Выбачайце, калі ласка”, “Лявоніха на арбіце”, “Трыбунал”, “Пагарэльцы”, “Зацюканы апостал” А. Макаёнка, “Радавыя” і “Парог” А. Дударава, “Напісанае застаецца” А. Петрашкевіча, “Страсці па Аўдзею” У. Бутрамеева, “Маці ўрагану”, “Званы Віцебска” У. Караткевіча і інш.
Значэнне творчасці Андрэя Макаёнка ў беларускай драматургіі цяжка пераацаніць. Ён у свой час па сутнасці вывеў нашу драматургію на ўсесаюзную сцэну, падключыў яе да здабыткаў усёй шматнацыянальнай савецкай літаратуры.
“Спытай сябе сам” – вось асноўны лейтматыў твораў А. Макаёнка. Творы мастака набліжалі духоўнае адраджэнне ў нашым грамадстве, рыхтавалі “новае мысленне”, перабудову ўсяго ўкладу грамадска-палітычнага жыцця, якую кожны пачынаў з сябе. П’есы А. Макаёнка набліжалі працэсы перабудовы найперш актуальнасцю і вастрынёй праблематыкі, крытыкай таго часу, у якім асоба перажывае моцныя ўплывы соцыуму, ідэалагічных і палітычных догмаў. Чалавек супраціўляецца гэтаму знешняму ціску як можа, з усіх сіл, але сілы няроўныя і ён вымушаны “замкнуцца”, “загерметызавацца”, каб ніхто і ніколі не ўведаў яго сапраўдны стан душы. “Не па закону”, – крычыць селянін Гарошка ў адной з першых п’ес драматурга “Выбачайце, калі ласка”. “Спыніце шарык (маецца на ўвазе зямны шар. – У. Н.) – я сыйду!” – усклікае герой у п’есе “Святая прастата” (“Кашмар”). Герой – усё тая ж “святая прастата”, вуснамі яго драматург выносіць прысуд знешняму ціску на асобу, выказвае ісціну ўзаемаадносін чалавека і дзяржавы.
Таленавітым драматургам зарэкамендаваў сябе ў беларускай літаратуры Аляксей Дудараў. З’яляючыся прафесійным акцёрам (скончыў акцёрскі факультэт тэатральна-мастацкага інстытута), пісьменнік тонка адчувае сцэну, умее ў сваіх п’есах “бачыць” дзеянне на сцэнічных падмостках, уяўляе ігру акцёраў, таму п’есы гэтага драматурга дасканала “прапісаныя” і ў адносінах да характараў персанажаў, і што датычыць сімпатый і антыпатый герояў, “закручанасці” сюжэтных вузлоў. Іншымі словамі, драматург умее бачыць “чалавека на сцэне”, бо ў жыцці той чалавек закрыты ад старонняга вока, уважлівага разгляду. Яго рэдка хто бачыць, старонні не адчувае, не ведае, што ён думае, аб чым трывожыцца, асабліва калі ён знаходзіцца ў адзіноце, сам-насам (п’есы “Вечар”, “Выбар”).
Ён грувасткі, моцна скроены і ладна сшыты, тыповы герой А. Дударава, ён не паддаецца знешняму ў плыву, усе ўнутраныя сілы ягоныя нібыта сыходзяцца цэнтры цяжару. Суровы ў такія моманты становіцца яшчэ больш суровым, маўклівы – замкнутым, буркатлівы – невыносным, а злы – яшчэ злейшым. Аднак ёсць на свеце сумленне, якое жыве ў чалавеку і якое філосаф Гегель назваў маральнай геніяльнасцю. Яно не дае спакою героям дудараўскіх п’ес (“Радавыя”, “Парог”) і прымушае іх дзейнічаць, так ці іначай.
I вось такі чалавек аказваецца на сцэне – навідавоку ва ўсіх. Вось ён стаіць у святле юпітэраў, і ад яго не адводзяць вачэй гледачы. Па волі аўтара герой пачынае ўсведамляць, што ён не адзін у гэтым свеце, што яму ўжо не схавацца, не стаіцца, душа сотнямі ледзь бачных ніцей злучае яго са знешнім светам, з іншымі людзьмі, і ён, падуладны волі драматурга, пачынае сваё дзеянне на сцэне.
У драме “Радавыя” драматург паказвае падзеі апошніх дзён вайны, калі ўжо бачыцца хуткая перамога. Таму яшчэ страшнейшым болем адгукаецца страта чалавечага жыцця – самага каштоўнага дару на гэтай палітай крывёй і потам, але дарагой і мілай чалавеку зямельцы. Ды, зрэшты, дзеянне ў п’есе адбываецца ўжо нават і не на сваёй зямлі, а дзесьці там, у мурах чужых гарадоў, у гітлераўскай цытадэлі. Рушыцца фашызм, якому ўсе доўгія чатыры гады вайны просты салдат “капаў магілу”, расхістваў і разбураў той каменны мур, бетонную глыбу.
У цэнтры п’есы – радавыя байцы, непасрэдныя ўдзельнікі ўсіх ваенных дзеянняў, выканаўцы загадаў і складаных шматхадавых ваенных аперацый. У кожнага салдата свой лёс, свае ўдачы і няўдачы на вайне, свае страты і асабістыя рахункі з ворагам, сваё разуменне абавязку і пачуццё геройства, патрыятызму.
Адзін з іх – Дзерваед – прыгадвае родную старонку, сад каля спаленай фашыстамі хаты, жахлівую смерць жонкі і сына. Пісьменнік сам не мог быць на фронце, бо нарадзіўся пасля вайны, у 1950 г. Аднак атрымалася сцэна амаль біблейская, з падтэкстам. Справа ў тым, што ва ўяўленні нашых продкаў Смерць разглядалася як ланцуг шматлікіх вандровак душы, калі душу “насілі” то анёлы, то чэрці, валэндаючыся з ёй – куды ж яе змясціць – у рай ці ў пекла. Душа праходзіла дваццаць своеасаблівых “мытняў”, дзе ёй прыпаміналі ўсе смяротныя і несмяротныя, зямныя і незямныя грахі, перш чым даць “дабро” на тое ці іншае прыстанішча. Дык вось у пекле душы нябожчыка паказвалі якраз адзін з падобных жахаў.
Перачытваючы твор А. Дударава “Радавыя”, міжволі задаеш сабе пытанне: за якія ж грахі бацькоў сваіх, продкаў і тых, хто жыў яшчэ зусім нядаўна, за якія справы людскія на нашай зямлі вымушаны пакутаваць у самым пекле ваенных падзей радавыя вайны ды іх дзеці, а можа, яшчэ і дзеці дзяцей? Выключную мастацкую сілу ўздзеяння мае ў п’есе такое сюжэтнае адгалінаванне.
Салдаты, радавыя, сцяўшы зубы, робяць сваю работу на вайне. Нехта праяўляе больш гарачлівасці і напору, нехта спакойна-дзелавіты, іншы – па-гаспадарску руплівы, а той – па-сталаму абачлівы. А вось і баец Салянік, якому рэлігійныя перакананні не дазваляюць браць у рукі зброю. Усе яны праходзяць перад намі, нават не названыя, як калектыўны партрэт байцоў 1945 г. і разжалаваны ў радавыя герой з Залатой Зоркай на грудзях, і радавыя, акопная сіла, на чые плечы лёг увесь асноўны цяжар мінулай вайны.
Своеасаблівым помнікам-абеліскам радавым удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны сталі п’еса А. Дударава “Радавыя” і спектакль па ёй, адзначаны Дзяржаўнай прэміяй СССР, які ставілі і ставяць многія тэатры ад Брэста да Уладзівастока.
П’еса А. Дударава “Вечар” пра “вечар” чалавечага жыцця, дасвецце старасці, калі асноўнае ў жыцці ўжо зроблена, здзейснена, пражыта, гожа ці не зусім, добра ці са скрухай, са стратамі і пакутамі, калі набыты нейкі вопыт і прыйшло разуменне значымасці на гэтай зямлі, але прыходзіцца развітвацца са светам. І людзі “праяўляюцца” ў нечым іншым, з дна душы ўсплывае самае дарагое і каштоўнае – дабрыня, спагада, усёдаравальнасць, любоў, святло і міласэрнасць. Тады найбольш і цэняцца звычайныя чалавечыя каштоўнасці.
Так і жывуць вяскоўцы – на схіле жыцця, пад “вечар” свайго зямнога існавання, з улагоджаным сэрцам і праўдай адносін.
П’еса А. Дударава “Парог” – пра шкоду і згубнасць п’янства. Пакуль ты не ўцягнешся ў тое зелле, ты яшчэ чалавек, можаш жыць і адчуваць усё на свеце, але пасля таго, як утапіў сваю душу ў гэтай атруце, ты ўжо і “жыў не жыў”.
З кацельні, дзе атабарыліся п’яніцы, выбег адзін з іх, ухапіўшы паліто сабутэльніка з пашпартам у кішэні, пабег па бутэльку і… замёрз у снезе. Яго пахавалі, як і належыць, па пашпарце. А сапраўдны ўладальнік дакумента сядзеў-сядзеў у кацельні – і дзень, і два, і тры – паліў кацёл, даваў цяпло людзям, усё чакаў таго – з бутэлькай. Калі канчаткова працверазеў, выйшаў на святло, трапіў у кватэру, у звычайны, а не перавернуты п’янствам свет, дык і не ведаў, што рабіць. Ёсць ён ці яго ўжо няма? “Мы ж цябе ўчора пахавалі…” – жаласліва гаворыць яму сынок, якога ён падняў са сну сярод начы. Вось ён, той парог, за якім чалавек перастае быць чалавекам, самім сабою, а становіцца быдлам.
П’еса – пра ўсеагульную бяду. А. Дударава папракалі, што п’еса “Парог” не мае нацыянальных адмецін. Можа, меў рацыю мастак, паказаўшы ўсяленскі характар трагедыі п’янства. Не ўратоўваецца ніводзін, хто надзяе на сябе маску нечалавека, хто “ў свінню, казла ператварыўся, ваўкалакам абярнуўся”.
Мог пісьменнік знайсці процьму хлёсткіх прыказак і прымавак, народных жартаў, анекдотаў пра п’янства, але якраз яны б і ўказвалі на канкрэтную нацыю, этнас, народ, ды наўрад бы п’еса ад гэтага выйграла. Аўтар гэтага не стаў рабіць. Куды важней было адкрыць людзям вочы на саму пагібельную звычку.
Драматург А. Дудараў – аўтар п’ес “Выбар”, “Апошні ўзлёт”, “Злом”, “Купала”, “Чорная панна Нясвіжа” і інш. Па яго сцэнарыях пастаўлены мастацкія фільмы “Кола”, “Белыя росы”, “Восеньскія сны”, ”Купальская ноч”, “Суседзі”.
На сцэне Беларускага тэатра імя Янкі Купалы ў Мінску з поспехам ішлі п’есы Алеся Петрашкевіча “Напісанае застаецца” (пра Ф. Скарыну), “Адкуль грэх?”, “Укралі кодэкс” і інш.
“Амністыя” – адна з п’ес драматурга Мікалая Матукоўскага. Амністыяй стала рашэнне таварыскага суда над гультаём і прагульшчыкам на фабрыцы цацак Салавейчыкам. Пасля такога разгляду парушальнік спакою і грамадзянскага парадку так разышоўся, што пачаў патрабаваць пуцёўку за мяжу, усвядоміў сябе героем дня, якому ўсе яшчэ павінны дзякаваць за тое, што ён з’яўляецца на працы. “Траянскім канём”, што разбурае маральны падмурак грамадства, называе аўтар свой персанаж вуснамі адной з гераінь. Па п’есе “Амністыя” быў пастаўлены мастацкі фільм, які насіў такую ж назву, а таксама тэлефільм пад назвай “Траянскі конь”.
Цікавасць у гледачоў выклікалі спектаклі ў сталічных тэатрах па п’есах М. Матукоўскага. “Апошняя інстанцыя” – такую назву носіць адна з п’ес драматурга – гэта наша чалавечае сумленне. Менавіта сумленне можа ўтрымаць нас ад ганебных учынкаў, за якія мы будзем потым увесь век каяцца. Адсутнасць сумлення можа зламаць чалавеку ўсё яго жыццё, зрабіць маральным калекам. Нам усім трэба часцей звяртацца да гэтай “апошняй інстанцыі”.
Ёсць, безумоўна, межы чалавечай мудрасці, глыбіні духу, але, мусіць, няма меры людской дурасці, тупасці асобнай істоты, чалавечага індывідуума. П’еса М. Матукоўскага “Мудрамер” высмейвае абмежаванасць, зашоранасць поглядаў на свет, тупасць і адсутнасць усякага разумення гумару ў паасобнай часткі людзей. Вынаходнік з народа – новаспечаны Кулібін – змайстраваў прыбор, які вымяраў інтэлектуальны патэнцыял асобы. “Мудрасць” заставалася “недаступнай” для многіх. Герой востра рэагуе на чалавечую беспрынцыпнасць, недалёкасць, на душэўную глухату, бюракратызм, дэспатызм, адсутнасць нармальных умоў для развіцця патэнцыяльных здольнасцей асобы-творцы. Прыбор той чуйна адгукаецца на грамадска-палітычную атмасферу ў таталітарнай краіне. Гэта своеасаблівы сейсмограф чалавечай душы, душы творцы.
М. Матукоўскі арыентуецца ў сваёй творчасці на сацыяльна значныя праблемы часу, на ўзаемаадносіны слова і справы, духу і асобы, дзяржавы і грамадства.
У свой час адметнай з’явай тэатральнага жыцця стаў спектакль тэатра імя Янкі Купалы па п’есе Уладзіміра Бутрамеева “Крык на хутары, альбо Страсці па Аўдзею”. Спектакль пра “рассяляньванне” беларускай вёскі, пра знішчэнне моцных гаспадарак, аб’яднанне ў калгасы, знішчэнне хутароў. Крыкам крычыць селянін-працаўнік Аўдзей, хутаранскі гаспадар, моліцца, просіць заступніцтва ў Бога, звяртаецца да людзей, да дзяцей, бо на яго вачах рушыцца векавечны ўклад жыцця. Бывала, дзень пачынаўся божай ранічкай, калі бацька, гаспадар на сваім хутары, даваў заданні сямейнікам: каму – касіць, каму – зграбаць, каму – звозіць сена ў гумно. Цяпер жа гаспадарка прыходзіць у заняпад, калгас душыць, зямлі ўсё меней. Купіш малатарню – прайграеш, бо адразу ж станеш эксплуататарам, крывапіўцам, кулаком-захрыбетнікам. А з такімі размова ў новай улады кароткая. Уласнік – чужак, уласнік – бандыт, злодзей, уласнік – дармаед, які стаіць на шляху калектыўных форм гаспадарання на зямлі. Уласнік не мае права на існаванне. А таму і раздаюцца стрэлы ўначы – адзін, другі, трэці, чацвёрты, пяты – столькі, колькі ў сям’і людзей, што жылі на хутары, уключаючы і дзяцей. З кволым агеньчыкам лямпы-газніцы ідзе са сцэны чалавек у форме да людзей, у залу, праходзіць праз глядацкія шэрагі і знікае ў цемры. Што нясе людзям той агонь? Надзею, веру, пакуты, здзекі? Абрушваюцца на сцэне дэкарацыі хутара: абрынулася столь, пахіліліся сцены, паплыў уніз і накрыў людзей і ўсё жытло цяжкі вялізны крыж. Той крыж, які ўсё жыццё нёс на сабе селянін-працаўнік, гаспадар на сваёй зямлі.
Не абмінае беларуская драматургія і сучаснай тэматыкі, уздымае так званыя перабудовачныя праблемы, якія захапілі наша жыццё цалкам. У камедыях Уладзіміра Сауліча “Халімон камандуе парадам”, “Адзін Гаўрыла ў Полацку”, “Сабака з залатым зубам” на авансцэну выходзяць прадпрымальныя людзі, якія падаліся ў бізнес, імкнуцца браць ад жыцця як мага болей. Камедыйнасць сітуацый у п’есе “Сабака з залатым зубам” амаль парадаксальная. Былы маёр міліцыі Козлікаў, начальнік медвыцвярэзніка, які ўсё жыццё змагаўся з самагоншчыкамі, ненавідзеў іх, зараз сам гоніць гарэлку ва ўласнай кватэры. Маці моліцца за сына, просіць для яго шчасця, а ў хаце ніводнай іконы.
Новаспечанаму багацею здаецца, што сапраўднае жыццё – у багацці, але ён і сам таго не заўважае, як жыццё становіцца залежным ад набытых рэчаў. Вось і сабаку яму захацелася набыць незвычайнага, пародзістага, з добрай радаслоўнай, які б сведчыў аб “каставасці”, “абранасці”, выключнасці гаспадара.
У сучаснай беларускай драматургіі з’явілася нямала новых імёнаў, узніклі новыя драматургічныя жанры. Меладрама Галіны Каржанеўскай “Мора, аддай пярсцёнак” прысвечана праблемам асабістых узаемаадносін немаладых ужо людзей, у якіх і ў сталым веку “не склейваецца” той посуд, што трэснуў, – даўняе каханне юначай пары. П’есы Алены Паповай “Аб’ява ў вячэрняй газеце”, “Улюблёнцы лёсу” напісаны на матэрыяле гарадскога жыцця.
Эксперыментуе Андрэй Федарэнка ў п’есе “Жаніх па перапісцы”. П’еса, якая носіць адзнакі фарсу, – вясёлая і лёгкая гісторыя стварэння сям’і адзінокай жанчынай, апантанай сляпым імкненнем да асабістага шчасця.
У фальклорным духу створана п’еса “Збавіцель” Ігара Сідарука – пра нараджэнне Хрыста, зладзейства цара Ірада, пра вандроўкі сям’і на Святую зямлю.
Сучасная тэматыка складае аснову п’ес Георгія Марчука, Андрэя Федарэнкі, Анатоля Дзялендзіка, Уладзіміра Сауліча, Лявона Вашко. У іх творах выкрываюцца негатыўныя з’явы – бездухоўнасць, амаральнасць паводзін, дэвальвацыя пачуццяў.
Драматургічны “цэх” у беларускай літаратуры не шматлікі, аднак яго творчыя здабыткі даволі значныя. Сярод таленавітых драматургаў Георгій Марчук, Сяргей Кавалёў, Андрэй Курэйчык.
Драма – дзеянне. У гэтым дзеянні адбываецца канфлікт ці раскрываецца суладдзе чалавека і акаляючага асяроддзя, жыцця і духу. Адбываюцца сутыкненні самых адметных жаданняў, памкненняў, барацьба волі і абставін, характараў разнастайных узроўняў і маштабаў.
Грамадства – лёс чалавека – адказнасць перад часам і самім сабой. Вось галоўныя стыхіі чалавечай дзейнасці ў драматычных творах беларускіх пісьменнікаў.
Пытанні для кантролю
1. Складзіце “рэпертуарную афішу” сённяшняга беларускага тэатра. Творы якіх беларускіх аўтараў ставяцца на сцэнах беларускіх тэатраў?
2. Якая роля ў беларускай драматургіі п’ес Я. Купалы, К. Крапівы, М. Чарота, Я. Міровіча, У. Караткевіча?
3. Якія заслугі драматурга А. Макаёнка ў развіцці сучаснай беларускай драмы? Як наша драматургія рыхтавала “глебу” для духоўнай і маральнай “перабудовы” асобы ў сучасным грамадстве?
4. Каго з сучасных беларускіх драматургаў вы ведаеце? Назавіце іх і назавіце п’есы, якія яны напісалі.
5. Якія вы ведаеце тэатры ў Мінску, а таксама ў іншых гарадах Беларусі? Якія спектаклі вам давялося паглядзець і ў якіх тэатрах?
6. Якое асабістае меркаванне вы вынеслі пра той ці іншы спектакль? Што вы можаце сказаць пра ігру акцёраў і саму пастаноўку п’есы?
Вяршыні беларускай літаратуры
Янка Купала (1882–1942)
Ці ж людзі сонца згасіць могуць,
Згасіць, як свечку, яснасць дня?
I волі дэспаты не змогуць,
Бо воля сонейку раўня.
Душой я вольны чалавек,
I гэткім буду цэлы век!
Янка Купала. Песня вольнага чалавека
Янку Купалу называюць геніем беларускай літаратуры. Талент паэта глыбока выявіўся на пачатку ХХ ст., калі ім былі створаны лепшыя ўзоры паэзіі і драматургіі. Як хата трымаецца на чатырох вуглах, так і паэзія выдатнага песняра нашай роднай зямлі абапіралася на чатыры галоўныя, асноватворныя вобразы ў творчасці – вобраз працаўніка-мужыка, вобраз народа, вобраз маладой Беларусі, а таксама на самавыяўленне думак, мар і спадзяванняў самога творцы – на вобраз лірычнага героя.
Я. Купала – выразнік дум народных, ён сам прызнаваўся: амаль усё, што выходзіла з-пад яго пяра, – усё гэта векавечна і трывала замацавалася ў народнай памяці, а ён толькі “падслухаў” і перавёў на паперу. Вобразы мужыка ў творах паэта – гістарычна і псіхалагічна канкрэтныя. Паэт з горкай скрухай называе селяніна “панам сахі і касы”, у якім абуджаецца звычайны чалавечы гонар, усведамленне сябе поўнаўладным гаспадаром уласнага лёсу і гаспадаром сваёй зямлі, сапраўдным беларусам (верш “Мужык”). Ранняя творчасць Купалы – у многім лірыка споведзі, прамоў, заклікаў, плачу, праклёну, разваг, шчымлівага болю за лёс беларускага мужыка.
Народныя вобразы ў паэзіі Купалы, як правіла, абагульненыя, з рамантычным арэолам, асацыятыўныя. Народ у Купалы звычайна атаясамліваецца з магутнай сілай, агромністай грамадой, якая прыйшла ў рух, з пакутлівай, але няўхільнай хадой у будучыню, у заўтрашні дзень, да людзей, у “свет цэлы”. Верш “А хто там ідзе?”, у якім з вялікай сілай акумуляваны народны дух, стаў на пачатку стагоддзя гімнам беларусаў. Тут светаўспрыманне і светабачанне паэта цалкам рамантычнае, гэта лірыка ўсхваляванага пачуцця, экспрэсіўная, узнёслая і скрушная адначасна, сцішаная, журботная, эмацыянальна настроеная на роздум, элегічная, але і трагічная, разважлівая, уся ва ўмоўнасці планаў, ва ўвасабленні ў вобразе галоўнага героя асабістых перажыванняў, у прыўзнятасці над будзённай рэальнасцю, у парываннях у новы час і на новую дарогу. Паэт рваўся ў нязведаныя вышыні, застаючыся ў творах рэалістычна-канкрэтным, даваў мазаіку напружанага духоўнага жыцця народа з яго касмізмам думак і памкненняў, завостранасцю перажыванняў, з пульсуючай энергіяй усхваляванага пачуцця, малюючы тым самым даволі адчувальную рэалістычную карціну стану душы народа, смела пранікаючы ў глыбіні нацыянальнага духоўнага космасу. Для Купалы характэрна вера ў фізічную моц, у шырыню душы, у знерваванасць адчуванняў, у паэзію і прозу зямнога быцця селяніна-беларуса на абшарах роднай старонкі. Зборнікі паэзіі “Жалейка” (1908), “Гусляр” (1910), “Шляхам жыцця” (1913) сталі выдатнай з’явай у беларускай літаратуры.
“Жалейка” – лірычны зборнік, які сканцэнтраваў у высокамастацкай форме думы і перажыванні народа. У вершах зборніка – выяўленне мар, надзей, трывог, спадзяванняў простага селяніна на лепшую долю, свабоднае жыццё ў свабодным краі. Эпіграфам да кнігі сталі наступныя радкі:
Грай, мая жалейка,
Пей, як салавейка!
Апявай нядолю,
Апявай няволю
I грымі свабодна,
Што жыве край родны!
Паэт Янук Купала (так падпісваўся тады аўтар) выступаў ад імя ціхіх і непрыкметных людзей (“хто ж ціхіх прымеце?”), знешне нехлямяжых, акінутых (“ – Ат! ведама з вёскі…”), але гордых і свабодалюбівых, якія маюць такое ж права, што і іншыя народы ў свеце, на сваю гісторыю, на прызнанне, на тое, каб мець і сваіх песняроў, якія б уславілі іхняе жыццё, працу і дух. Такі верш “Я не паэта”, дзе на поўную сілу раскрываецца жаданне аўтара ўзняцца самому і ўзняць свой народ упоравень з іншымі народамі свету (“а беларусы ж нікога не маюць, няхай ім будзе Янка Купала”). У гэтым вершы з іранічна-паблажлівай знешняй прыніжанасцю, сарамяжлівасцю і прастатой, з нежаданнем пакрасавацца і звярнуць на сябе ўвагу паэт заяўляе аб праве народа быць выслуханым, аб імкненні замацаваць у паэтычным слове магутны духоўны патэнцыял, які да часу дрэмле ў нетрах народнай свядомасці, “выснаваць” сваю непаўторную “песеньку-думу”. У вершы выявіліся тыповыя рысы паэзіі Янкі Купалы пачатку ХХ ст.: знешняя прастата, някідкасць радка, лаканічнасць, змястоўнасць, горкая іронія, ледзь улоўная ўсмешка. Паэт нібыта ходзіць паміж людзей і вядзе з імі размовы, звяртаецца да іх, пытаецца, сцвярджае, адмаўляе, дае ім мажлівасць убачыць саміх сябе нібы збоку, пачуць уласны голас, імкнецца зведаць іх перажыванні, абудзіць іхнюю свядомасць (вершы “А ты, браце, спі!”, “Люлі, люлі, мужычок!”, “Эй, скажы, мужычок!..”, “Кепска…”, “Не рвіся к багатым”, “Пашкадуй мужыка”).
Але ёсць у зборніку вершы іншага плана, дзе паэт бачыць мужыка адзіным поўнаўладным гаспадаром на зямлі, сынам гэтай зямлі, бо ўсё, што ёсць навокал, створана менавіта ягонымі рукамі, розумам, працай, шчыраваннем духу, хоць здаўна вядома, што шчырага Бог любіць, але долі не дае (“З песень беларускага мужыка”, 1905–1907). Пра што ж пяе мужык на Беларусі? Ды зноў пра тое ж: пра працу на зямлі, пра гаспадарку, пра каханне – пра паўнату жыцця і людскіх адчуванняў беларусаў на не абсталяванай яшчэ да канца лапінцы зямелькі, што Беларуссю завецца (“На старую ноту”, “Ад рана да рана…”, “Саха”, “Мая хата”, “Касьба”, “Песня жней”, “Дзяўчынка, галубка мая!”, “Да дзяўчатак”). Ва ўсім гэтым эмацыянальна-настраёвым песнапенні паэт імкнецца быць асабліва аб’ектыўным, праўдзівым. Сам сабою, як голас салоўкі перад світаннем, ліецца голас паэта, да краёў напоўнены людскімі адчуваннямі, гучыць ціха-журботна, амаль мінорна, але так, каб быць пачутым на абшарах роднай зямлі і ў свеце. Не ціхая і задуменная, а магутная, шчымліва-праніклівая паэзія Янкі Купалы. Гэта паэзія натуральнага гучання, як дыханне. Верш “А хто там ідзе?” па праву з’яўляецца праграмным. Ён падсумоўвае раннюю творчасць. Паэт бачыць свой народ у адзіным нястрымным паходзе за долю, за волю, за праўду (“на свет цэлы”), у адзіным жаданні, нягледзячы на крыўды, здзек, на забітасць і прыніжанасць, заявіць на зямлі аб сваім неспатольным праве “людзьмі звацца”.
“Гусляр” – зборнік, дзе выявіліся ўжо не толькі і не столькі пачуцці простага люду, але і яго дух, духоўная сіла і моц народа. “Дух”, “душа” – гэтыя словы ледзь не ў кожным вершы зборніка, як заўважыў вядомы літаратуразнаўца А. Лойка. “Не знайду і па смерці пакою”, – кажа Янка Купала, і яго душа спявае пра чалавечую годнасць і гордасць, вышыню духоўнага палёту, пра імкненне падняцца над будзённай рэальнасцю – зведаць сэнс жыцця, рвацца да зор і да слаўных мэт, зразумець рух часу і рух жыцця, патаемныя спружыны гэтага руху, зведаць шчасце і перамагчы ўсе няшчасці, каб народ стаў не толькі сілай, славай сваёй зямелькі, але і “сынам міра” – сынам чалавецтва. Духу людскога не зламаць, не запаланіць. Таму і гаворыць паэт: “Як вецер свабодны мой дух”, марыць пра новыя далягляды: “Сніцца край лепшы, далёкі”. Ёсць у вершах журба-скруха праз тое, што “губяцца сілы ў расцвеце…” (“Сцюжа збліжаецца”), гучаць тэмы жыцця і смерці, паўстаюць вобразы магіл і крыжоў, курганоў, гучыць трывога за край, яго людзей, іх долю:
Куды ідзем?.. Куды пракляцце нас вядзе?
Якія далі здабываем?
Дзе гарт, надзея, вера ў будучыню – дзе?
Чым сэрцы, думы акрыляем?
Няшчасны край! Чым быў, чым стаў, чым будзеш ты?..
(“Памяці С. Палуяна”)
Купалу не ўласцівы песімістычныя ноткі, але яго паэзія заўсёды – роздум, аналіз. Яна ўражвае глыбінёй чалавечых перажыванняў за лёс “айчызны”.
Зборнік вершаў “Шляхам жыцця” – філасофскі па сваім змесце. У ім сем раздзелаў: “Бацькаўшчына”, “Па межах родных”, “Для Яе”, “Наша вёска”, “Сваім і чужым”, “Байкі і аповесці”, “Пераклады з польскай мовы”. Вечнае быццё ў Купалы неаддзельнае ад пошукаў гармоніі свету, дарогі да Праўды, Дабра і Славы, памкненняў да “яснага сонца”. Але ён – той свет неразлучны са змаганнем з крывадушшам, з ворагамі Беларушчыны, з неразуменнем, з неадчуваннем, з поўнай занядбанасцю. Паэт пытаецца: “Ці мы людзі, ці скаціна, хто мы тут?” Яму часам хочацца “забыцца на свет, на людзей”.
Менавіта тут абуджаецца той сапраўдны, уласцівы толькі яму, Янку Купалу, голас шчымліва-затоенай скрухі і болю за край родны, але і голас змагання, адраджэння, пераўтварэння, памкнення да святла.
“Шляхам жыцця” – гэта заклік ісці шляхамі беларускага мужыка, нязведанымі, хісткімі, пакручастымі і цяжкімі, але ісці няўхільна да Зор, Славы, Чалавека, к “праўдзе ненапраснай, к шчасцю і свабодзе”.
К яснаму сонцу з цьмы, з беспрасвецця,
К славе з бясслаўя ўсім нашым людзям —
Гэткай шукаю сцежкі на свеце,
Гэткаму Богу і душу аддам —
так прызнаваўся паэт у вершы “З кутка жаданняў”.
У самым пачатку ХХ ст. напісаны паэмы Янкі Купалы “Нікому”, “Калека”, “Адплата кахання”, потым “У піліпаўку”, “За што?”, многія з якіх адразу не друкаваліся, а выйшлі ў свет пазней. Створаны паэмы “Адвечная песня”, “Сон на кургане”. Першая з іх – пра адвечную песню жыцця мужыка, жыцця чалавека-пакутніка, нявольніка, вечнага шукальніка шчасця, свабоды, справядлівасці. Другая – журботная казка-сон, сон-ява, трагедыя селяніна, які траціць жонку, сына, бясконца змагаецца з чорнымі сіламі і застаецца ўсё ж няскораным.
Паэма “Курган” – адзін з найбольш вядомых і любімых чытачом твораў Я. Купалы – аб свабодзе духу мастака, аб непадуладнасці песні тыранам (“Гуслям, княжа, не пішуць законаў”), аб неўміручасці творчасці і творцы, які жыве з народам і дзеля народа.
Паэма “Бандароўна” – дума пра вольналюбівую і свабодную чалавечую натуру, пра цэласнасць і гарманічнасць характару гераіні, якая вышэй за жыццё цэніць сваю свабоду.
Паэмы “Магіла льва”, “Яна і я” адносяцца да твораў, у якіх выявіўся роздум паэта пра мінулае і сучаснае, пра карані крыўд і бед людскіх і пра сілу вялікага чалавечага пачуцця – кахання. Гістарычная аснова першай паэмы зусім не падобна да ідылічна-пастаральнага выяўлення духоўных пачаткаў, зямной і незямной любові. Тут апяваецца пачуццё не столькі да канкрэтнай асобы, да яе, Дзяўчыны, колькі да вобраза Маладой Беларусі.
З думай пра Маладую Беларусь пісаў Янка Купала і свае драматычныя творы. Адзін з іх – п’еса “Раскіданае гняздо” – драма сялянскага лёсу, мужыцкага роду, паказаная ў творы на вобразах сям’і Зяблікаў – бацькі, маці, іх дзяцей – Зоські, Сымона, Данілкі.
П’еса “Раскіданае гняздо” – адзін з найвыдатнейшых твораў беларускай класікі. Сюжэт п’есы распаўсюджаны ў літаратуры: матывы змагання “за зямлю” ляглі ў аснову “Пана Тадэвуша” А. Міцкевіча, “Дуброўскага” А. Пушкіна, “Вішнёвага саду” А. Чэхава. Вядома, што сюжэт “Дуброўскага” ўзяты з жыцця беларускага памешчыка Астроўскага, які судзіўся з суседам “за зямлю”, прайграў судовы працэс і, калі ў яго адабралі маёнтак, ад адчаю пайшоў разам з сялянамі ў лясы і на дарогі. “Уся Расія наш сад”, – гаворыць “вечны студэнт” Пеця Трафімаў у п’есе Чэхава “Вішнёвы сад”.
Даследчык беларускай літаратуры А. Лойка адзначаў: “Раскіданае сямейнае гняздо Зяблікаў вырастае ў драме да вобраза – сімвала ўсёй сялянскай разбуранай парэформеннай Беларусі”. Купала не зводзіў сутыкненне палярных сіл да звычайнай схемы, калі можна часам падумаць, што ў “Раскіданым гняздзе” адлюстравана тое, як “драпежніцкі капіталізм” прыходзіць на змену феадалізму. Гістарычны аспект, несумненна, прасочваецца ў творы. Але змест п’есы значна больш шырокі і глыбокі. “Раскіданае гняздо”, такім чынам, – драма народнага лёсу, твор, які мастацкі абагульняў адну з найтыповейшых яго праяў – разарэнне беларускага працоўнага сялянства”, – падкрэсліваў А. Лойка.
У “Раскіданым гняздзе” спалучаюцца адразу вельмі шмат ідэй і праблем. Усё тут мае значэнне. Цяжкі лёс сялян-беларусаў – гэта лёс самой Беларусі на скрыжалях гісторыі. Сям’я Зяблікаў – гэта Беларусь у мініяцюры. У творы выявіўся глыбокі філасофскі роздум народнага песняра над агульным становішчам сялянства, якое здаўна з’яўлялася асновай, станавым хрыбтом беларускага этнасу, нацыі, народа.
Першае дзеянне адбываецца падчас вялікага народнага свята Купалля, свята кахання, узлёту мар, калі беларусы шукалі ў цёмных лясах ноччу папараць-кветку, кветку шчасця, якая павінна прынесці ім лепшую долю. Маці Марыля наракае на лёс: “…Сягоння ўжо не ведае чалавек, дзе заўтра сонейка прыйдзецца сустрэнуць”. Маці скараецца, ёй трэба дбаць аб дзецях, думаць, чым накарміць, дзе начаваць, як выжыць у жорсткім і несправядлівым свеце. Цярпенне, трываласць і праца, спагада людская, так думаецца маці, уратуюць сям’ю ад згубы.
Маці ўвасабляе сабой жыватворныя сілы і непарыўныя сувязі чалавека з роднай глебай, людзьмі, часам, родным гняздоўем. Цяпер гэтыя сувязі абрываюцца, але трэба жыць.
Кожны вобраз у драме нясе сваю жыццёвую філасофію. Лявон Зяблік не можа змірыцца, што прыйдзецца ісці ў свет, як у капейку, што ён і яго сям’я пойдуць жабраваць ці трэба будзе яму, патомнаму гаспадару, ісці служыць на пана, які стаў прычынай усіх іхніх бед. Лявон Зяблік, як асоба законапаслухмяная, спрабаваў знайсці праўду ў судзе, але “некім падкупленыя” сведкі не дапамаглі. “Не тапаром, а розумам” – такога змагання за праўду патрабуе Лявон ад сына Сымона. Ён разумее, чым завяршаюцца бунты без сэнсу і без літасці. Ад няпраўды і несправядлівасці, ад адчаю стары селянін накладвае на сябе рукі. Маці турбуецца, што сын Сымон пойдзе на дарогі рабаваць і забіваць пад аховай ночы – стане “цёмнікам”, разбойнікам. Сымон захоплены ідэяй усенароднай рэвалюцыі. Незнаёмы хацеў бы ўзняць людзей на вялікі сход, каб перамагчы смока-ўпыра, таго, хто выпівае кроў з жыл простага народа. Хто гэта можа быць? Капіталізм. Эксплуататары. Час. Ці трэба ў самім сабе перамагчы таго смока, пазбавіцца ад страху, пакорлівасці, ціхмянасці, забітасці? Нельга мірыцца з часам і абставінамі, трэба разам перамагаць, дабівацца лепшай долі. Усё ў руках народа.
Правообладателям!
Это произведение, предположительно, находится в статусе 'public domain'. Если это не так и размещение материала нарушает чьи-либо права, то сообщите нам об этом.