Электронная библиотека » Уладзімір Навумовiч » » онлайн чтение - страница 21


  • Текст добавлен: 5 июля 2016, 13:00


Автор книги: Уладзімір Навумовiч


Жанр: Языкознание, Наука и Образование


сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 21 (всего у книги 34 страниц)

Шрифт:
- 100% +
 
Поэт! Ты – царь: живи один!
Дорогою свободной
Иди, куда влечет тебя свободный ум.
 

У. Дубоўка гатовы быў жыццём заплаціць за выяўленне “хараства” душы, за “найдаражэйшае” “летуценне” высокае імгненне натхнення. Паэт шукае выхаду ў гісторыі і філасофіі.

Ва ўзвышэнскі перыяд гучаць матывы віны і бяды, роздуму над жыццём і часам. У вершы “Пярэсты букет” паэт скажа:

 
Хоць даўно я ў горадзе бытую —
З той пары лунаюць адгалоскі.
Бацькаўшчыну я шукаў другую,
А застаўся тым жа сынам вёскі.
 

Пошукі “другой Бацькаўшчыны”, захапленне народнай песеннай творчасцю і нежаданне перавыхоўвацца вытлумачваліся проста: “Аб’ектыўна гэта азначае непрыняцце рэвалюцыі”. Паэт імкнецца быць шчырым:

 
Перайначыць я сябе імкнуўся
І займаўся перавыхаваннем.
Але моцна зацягнуўся вузел,
Што завязаны ў часіны рання.
 

Якую ж “другую Бацькаўшчыну” шукаў паэт? А менавіта песенна-шчодрую, адкрытую і незалежную, тую, якая здаўна жыла і доўга яшчэ будзе жыць у сэрцы паэта, згадка пра якую ніколі не згасне ні ў тайзе, ні ў снягах, ні ў палярнай начы. Верш “Паляжам мы” аказаўся прарочым для беларускага паэта. Так геніяльны Лермантаў у вершы “Сон” распавядаў пра сваю смерць, апісаў яе, нібы прадбачачы:

 
В полденный жар в долине Дагестана
С свинцом в груди лежал недвижим я;
Глубокая еще дымилась рана,
По капле кровь точилася моя.
 

Усё адбылося так, як убачыў паэт, усё сышлося аж да дэталяў: месца гібелі – Каўказ, падножжа гары Машук, смерць ад кулі на дуэлі. Прадчуванне паэта збылося. Як збылося яно і ў беларускага творцы У. Дубоўкі, які пісаў: “аддам усё за гукі шчырай песні, якая прыйдзе…” Паэт быў настроены “загінуць з гукамі ў тумане сінім, а не схіліць ні галавы, ні скроні”, прадчуваючы тое, як “ішлі і гінулі, як хвалі ў хвалях…”.

“Як хвалі ў хвалях” ішлі і гінулі ў рэвалюцыйных бурах адна паэтычная хваля за другой: маладнякоўская, узвышанская…

Новыя жанравыя формы шукаў У. Дубоўка ў цыкле вершаў “Крыху восені і жменька кляновых лістоў” (1929), у “Вершах з заўвагамі” і ў трох паэмах: “Кругі” (1927), “І пурпуровых ветразей узвівы” (1929), “Штурмуйце буду чыні аванпосты!” (1929).

Уладзімір Дубоўка – паэт хрэстаматыйны, сапраўдны майстар вершаванага радка.

Сакрэт тут просты. Паэт бачыў воблік герояў, учынкі, надзеі ў іх паслядоўнасці ў кожны момант дзеяння. Ён не дапускаў нічога прыблізнага, неабавязковага, размытага. Немагчыма апісаць усё да самых малых падрабязнасцей. Мастацкі вобраз вылучае значнае. Канкрэтны малюнак у гэты час з’яўляецца і малюнкам абагульняльным. Дэталізацыя толькі разбурае. Як, напрыклад, тое фарбаванае крэсла ў вытанчаным пакоі, па выказванні А. Талстога. Зусім не важна, якога колеру, якой формы, але чужародны прадмет у багатай эстэтычнай прасторы, што сведчыць аб адсутнасці густу і прынцыпаў у гаспадара. Вось такога, “фарбаванага” прадмета ў паэзіі У. Дубоўкі немагчыма адшукаць. Рыфма, рытм, сэнс, вобраз, агульны малюнак у творцы заўсёды дасканалыя, дакладныя, маляўнічыя. Вылучым толькі некалькі вершаў з хрэстаматыйнай лірыкі паэта.

Вытанчаны пейзажны малюнак прыроды знаходзім мы ў вершы У. Дубоўкі “Залатая, асенняя раніца…”. Які цудоўны вобраз, як хораша падабраны словы, які багаты гукапіс і выразна акрэслены акварэльны малюнак. Гэта сапраўды жывапіс словам. Спачатку ідзе захапленне чалавека прыродай, выказваюцца адносіны да восені, раніцы дня, падкрэсліваецца, чым слаўная гэтая пара.

 
Залатая, асенняя раніца!
Хараством ты на свеце адна.
Сонца ў пушчы глыбокай купаецца
і ніяк не дастане да дна…
 

Як тут усё «да месца»! Сонца, якое «не дастае да дна» ў глыбокай пушчы, мітуслівае лісце, і сама восень, што «распаветрыцца на берагі», тыя самыя “берагі беражыстыя”, і “згалелыя пожні”, і «дзень залаты», і «залатыя лісты». Фарбы восені дакладныя. Гэта не “фарбаванае крэсла” ў шыкоўным пакоі. Усе дэталі прапісаны мазкамі, чытач сам “дадумвае” і дадае свае ўражанні. Заканамерна ўзнікае матыў ростані, бо восеньская пара развітальная пара, а, як піша сам мастак слова, “развітальная хвіля найгоршая”, бо яна можа не толькі пасеяць скруху, тугу і одум у душы, але “можа і сэрца спаліць”. Паэт суцяшае: “Не гаруй! Ты дарэмна заплакала: я прыйду, я вярнуся ізноў”. І тут голас творцы ўздымаецца да абагульнення, да філасофскага асэнсавання не толькі быцця прыроды, але і чалавечага сужыцця.

 
Лёс для ўсіх не бывае аднакавы,
Як для тых засмучоных лістоў.
 

Развітваецца паэт з восенню, нібыта развітваецца «з хараством, з пекнатою». Як бачым, пры усей “зашыфраванасці” ранняй паэзіі творцы верш атрымаўся лаканічны, змястоўны, просты і зразумелы.

Блізкі па сэнсе і духу да названага вышэй і верш “Пальцы жоўтых кляновых лістоў”. Ён зноў жа пра восень, калі “пальцы жоўтых кляновых лістоў мкнуцца восень схапіць за шыю”. Дзіўны і неверагодны вобраз. Выразна метафарычны твор. Варта назваць год стварэння верша 1925, час найскладанейшых ідэйна-эстэтычных пошукаў у творчасці не толькі маладога паэта, надзвычай папулярнага, бойкага, ваяўнічага. Гэта быў час спрэчак у літаратурных колах, духоўнага і творчага крызісу, нападак адной літаратурнай групоўкі на другую (“Маладняка” на “Узвышша”, “Узвышша” на “Маладняк”), стварэння іншых суполак, адгалінавання ад “Маладняка” ўсё новых і новых літаратурных плыняў, тэндэнцый. І тады становяцца зразумелымі словы ў фінале твора, што “людзі любяць душу прасаваць, калі гэта душа чужая”. Верш алегарычны, наватарскі. Тут “месяц рве” арэхі з кустоў, “ліставея не моўкне, шуміць”, “небакрай апракінуўся (абрынуўся. У. Н.) жалем”. Усё гэта метафары, за якімі чуецца шум літаратурных галасоў маладых паэтаў (“ліставея”) – усё, што ў тыя часы называлі “бурапенай”, уяўляюцца, як жывыя, “пальцы кляновых лістоў”, якія цягнуцца, каб “схапіць за шыю” не адну толькі восень, але і адзін другога ў асяроддзі паэтаў, бо паэтычная брація шумела, гула, папрокі і абвінавачанні сыпаліся на галаву адных і другіх літаратурных геніяў, як кляновыя лісты.

Так верш “пра прыроду” атрымаў магутнае сацыяльна-літаратурнае гучанне і засведчыў эстэтычную спрэчку – праблемы выхавання маладых – “ліставею” ў асяроддзі літаратурнай моладзі. Разыходжанні не мелі палітычнага характару, а былі чыста эстэтычнымі, кожны адстойваў свае падыходы да адлюстравання рэчаіснасці, намагаўся здзівіць, уразіць, “даць аплявуху грамадству”.

Сапраўдны поспех прыходзіць да паэта, калі ён звяртаецца да ўслаўлення Радзімы, маці, народа і матчынай мовы, роднай і цудоўнай. Простыя, але такія пранікнёныя словы знаходзіць У. Дубоўка, звяртаючыся ў сваёй творчасці да апявання беларускай мовы, якую называюць душой народа. У вершы “Родная мова, цудоўная мова” паэт перадае сваё захапленне чысцінёй, багаццем, мілагучнасцю роднай мовы. Беларуская мова, па сведчанні спецыялістаў, самая музычная пасля італьянскай, яе паўнагалоссем можна нават “лячыць” хваробы горла, бо мова нашага народа характарызуецца аканнем, яканнем, голас гучыць натуральна, без прымусу, адкрыта, вельмі гучна, калі ўвесь “галасавы апарат” у горле знаходзіцца ў натуральным стане.

Паэт гаворыць:

 
Родная мова, цудоўная мова!
Ты нашых думак уток і аснова!
 

У. Дубоўка разгортвае палітру ўражанняў ад хараства, замілавання і велічы роднай мовы. Ён называе мову не іначай як “матчын дарунак ад самай калыскі”, параўноўваючы яе з “самацветамі”, караламі, пацеркамі, паядноўвае, злучае беларускае слова з “барвамі дзівоснымі”, з агнём, які “зіхаціць-згарае”. У гуках матчынай мовы паэт чуе “перазвоны крыніцы”, “павевы зялёнага бору”, “водгулле працы народа”. Паэт выказвае ўласнае стаўленне да прадмета сваёй гаворкі, падкрэсліваючы:

 
Ты мне заўсёды была дапамогай,
дзе б і якой ні хадзіў я дарогай.
 

Выдатна сказана. Галоўнае, што шчыра і ад душы. Пісьменнік ведае вытокі роднай мовы, дзе “кожнае слова вякамі стварана”, жыве ў народным светаўспрыняцці, а таму і варта пашаны. Цвёрда ўпэўнены пісьменнік у адным:

 
І на вякі яно жыць застанецца,
вечнае так, як народнае сэрца.
 

Мова – аснова самасвядомасці народа, выяўленне народнага духу, які вышэй за ўсё. Мова – захавальніца культуры, аснова літаратуры, мастацтва. Мова дазваляе захоўваць незалежнасць лепш за ўсе межы, равы і пагоркі.

Праграмным для Уладзіміра Дубоўкі стаў верш “О Беларусь, мая шыпшына”. Шыпшына сваімі яркімі колерамі – чырвоным цветам і зялёным лісцем – слепіць вочы здалёк. Зялёны колер стаў колерам дабрабыту, радасці і хараства, упэўненасці ў светлым будучым.

“Зялёным лістком” на сусветным Дрэве жыцця называюць краіну Беларусь. Хто параўноўвае яе абрысы на мапе свету з дубовым лістком, хто – з бярозавым. Зялёны колер ёсць у аснове дзяржаўнага сцяга, як і чырвоны. Два асноўныя колеры сталі «візітнай карткай» роднага краю. Паэт упэўнены, што Беларусь будзе жыць вечна, якія б вятры ні дзьмулі на яе прасторах. Аўтар гаворыць, што хоча стаць яе пялёсткамі, гатоў накалоць на дзіды сваё сэрца. Паэт параўноўвае красу роднай краіны з красой дзяўчыны, жытнёвае поле з прыгажосцю “дзявочых кос” Творца верыць, што ў “перашкодах дух расце”, што ніхто і нішто не “засціць шляху” да шчасця, “каб радасць красавала скрозь”.

Верш атрымаўся маляўнічым, метафарычным. Свет вачыма паэта бачыцца цэласна, гарманічна і прывабліва. Гэта святло роднай Беларусі.

Уладзімір Дубоўка – паэт філасофскага складу. Нездарма так удаліся паэту пераклады з англійскай мовы санетаў У. Шэкспіра. Ён творча развіваў традыцыі беларускага фальклору, паэзіі Янкі Купалы і Якуба Коласа. У лірычных вершах паэта пачуццё і змест сплаўлены ў адзінае. У яго паэзіі ўслаўляецца дух народа, яго вальналюбства, паэтызуецца краса прыроды, кахання. Звяртае на сябе ўвагу высокая культура верша.

У аснове філасофскай паэмы “Кругі”, напісанай у 1927 г., – казачны сюжэт. Гэта казка-падман – прыклад для тых, хто жыве і працуе, – пра ўпартага і нястомнага шукальніка праўды, якому падказалі, калі ён дайшоў да сонца, што дзеля таго, каб стаць шчаслівым, трэба знішчыць залатое дно ў студні. Што меў на ўвазе паэт, калі гаварыў пра залатое дно? Невычэрпныя нашы багацці, багатую духоўную культуру народа, асновы сялянскага характару, наша мінулае, сучаснае? Залатое дно невычэрпная крыніца народнай мудрасці і памяці, наша духоўная сіла. Знішчыць яго немагчыма. “Кругі” – гэта кругі надзеі і дабра, кругі ўзвышэння, як гадавыя кольцы на дрэве, шлях пазнання, які ідзе па спіралі.

У паэме “І пурпуровых ветразей узвівы” паэт выступаў за захаванне гістарычнай спадчыны народа, супраць бяздумнага яе выкарыстання і дарэмных спроб паяднаць непаяднанае – уліць у старыя мяхі новае віно, злучыць пралетарскую па форме новую культуру з нацыянальным зместам жыцця, што само па сабе выглядала праблематычным. У цэнтры паэмы – спрэчка Лірыка і Матэматыка, адвечная спроба “алгебрай гармонію праверыць”. Спаборніцтва “фізікаў” і “лірыкаў”. У спрэчцы Лірыка і Матэматыка выявіліся дыскусіі 20-х гадоў ХХ ст. аб пошуках рэальных шляхоў служэння мастацтву. Для Матэматыка народная паэзія выглядала непатрэбшчынай, старызнай, якой месца хіба толькі на сметніку гісторыі, якую варта замяніць на новае. Кажуць, той не матэматык, для каго двойчы два – чатыры. У паэме Матэматык – закасцянелы ў сваіх поглядах чыноўнік ад мастацтва, дылетант, верхагляд, не гаворыць, а павучае, не размаўляе, а прамову кажа, сыпле завучанымі формуламі, дзьме ў ідэалагічную дуду. Паэма мела сатырычную скіраванасць. Гэта зразумела тагачасная крытыка і не магла не адкрыць свой перакрыжаваны агонь як па творы, так і па самім аўтары. Пачалося сапраўднае цкаванне паэта. Таму ўжо наступная паэма – “Штурмуйце будучыні аванпосты!” – свету не пабачыла, была абвешчана заганнай у ідэйных адносінах, шкоднай для новага сацыялістычнага грамадства, а набор яе быў рассыпаны. Яна засталася невядомай масаваму чытачу. Што так напалохала ідэолагаў савецкага часу? Паспрабуем перадаць яе змест.

Дзеянне адбываецца ў вагоне цягніка, дзе завязваецца размова паміж кандуктарам і пасажырам, простым селянінам, які скардзіцца на сваё цяжкае існаванне. Кандуктар раіць селяніну перабудаваць сваё жыццё. Але як перабудавацца? Адмовіцца ад сваёй уласнай гаспадаркі? Адзінае выйсце. Але ці лёгка гэта зрабіць? У паэме думкі, настроі, спрэчкі, погляды на жыццё людзей розных узростаў. Гэта твор аб повязі з часам (матыў “вязьма” ўжо знаёмы нам па творах самога У. Дубоўкі, а таксама М. Зарэцкага) чалавека, які трымаецца сваіх каранёў, аб падзеях таго часу, калі з-за лесу не бачылі дрэў, не бачылі далей свайго носа, былі гатовы на злом галавы кінуцца ў бездань новага. Твор – арыгінальны па форме: гэта паэма-камбайн, што па-англійску азначае “спалучэнне”. Ён і быў спалучэннем – перакладаў, дыялогаў, маналогаў, лірычных адступленняў. У. Дубоўка адстойваў права мастацтва на пошук, на эксперымент, на сувязь з жыццём і часам.

 
Чаго мне сумаваць па кім,
Па мне хто ўдаецца ў жаль?
І пёс, павыўшы ля вуглоў,
Чужым служыць пачне.
 

Паэт гаворыць: “Мой карабель, імкні мяне праз пенны перакат”, альбо: “Калі ж вярнуўся б я дамоў…” Але не суджана было караблю паэта “пераплыць” той “пенны перакат”, не хутка ён вернецца дамоў. У 1930 г. паэта У. Дубоўку арыштавалі ў Маскве за нацыяналізм.

Толькі ў канцы 50-х гадоў пасля доўгага блукання па сталінскіх ГУЛАГах вернецца дамоў і да ўласнай творчасці паэт. Выходзяць зборнікі паэзіі “Палеская рапсодыя”, прозы “Пялёсткі”. Паэт нібы пачынаў усё спачатку. Гэта быў ужо не той У. Дубоўка, якога ведала беларуская літаратура ў 20-я гады. Уражанні ад паездкі па Палессі, думкі, развагі паэта сталі больш улагоджанымі, ідэалагічна выверанымі. Гэта была паэзія сацыяльнага заказу. Толькі за адзін 1958 г. паэт напісаў каля 40 твораў. Сярод іх паэмы “Перад імем Любові”, “Чакае ля берага човен мяне”, “Маленькая гераіня”. У “Жоўтай акацыі” паэт расказаў прытчу пра чалавека, які не чакае. У. Дубоўка і сам не чакаў. Ён тварыў і верыў, што прызнанне і слава прыйдуць да яго. Імя паэта сёння ў ліку найслыннейшых паэтаў незалежнай Беларусі. Паэтаў ад Бога.

Пытанні для кантролю

1. Ці быў асцярожным Уладзімір Дубоўка ў сваім грамадскім жыцці і ў творчасці?

2. Перакажыце жыццёвы шлях паэта.

3. Што дапамагала выжыць пісьменніку ў таёжных сталінскіх ГУЛАГах?

4. Як вы разумееце “рэвалюцыйнасць” у творчасці? Што такое наватарства?

5. Чаму паэта называлі “найкрашчым бузацёрам”?

6. На якія два перыяды дзеліцца творчасць У. Дубоўкі?

7. Назавіце лепшыя творы паэта ранняй пары. Ахарактарызуйце тыя творы.

8. Якое месца займае У. Дубоўка ў гісторыі беларускай літаратуры?

Міхась Зарэцкі (1901–1937)

Чалавек – гэта вір… Мы бачым толькі паверхню, а ўглыб зазірнуць, пранікнуць туды… О, каб пранікнуць туды! Каб разгарнуць гэты вір і ўбачыць усё, усё чыста, да самага дна…

Mіхась Зарэцкі

Міхась Зарэцкі – адзін з самых папулярных маладых беларускіх пісьменнікаў 20-х гадоў ХХ ст. “М. Зарэцкага нельга не чытаць, пісалася ў адной з рэцэнзій на зборнік апавяданняў маладога празаіка. – І калі трапляе ў рукі кніга маладога аўтара, яе перачытваеш “ад дошкі да дошкі”. Гэта значыла – “ад вокладкі да вокладкі”. Словы, фразы, бы крокі, у пісьменніка – так гаварылі неаднойчы рэцэнзенты, адзначаючы найперш незвычайны рамантычна-напружаны стыль прозы.



Міхась Зарэцкі (Міхаіл Яўхімавіч Касянкоў) нарадзіўся ў сям’і вясковага дзяка, у сяле Высокі Гарадзец Сенненскага павета Магілёўскай вобласці (цяпер Талачынскі раён Віцебскай вобласці). Дзяцінства прайшло недалёка ад Шклова на маляўнічым беразе Дняпра ў в. Зарэчча, што, відавочна, і абумовіла выбар псеўданіма будучага пісьменніка. У дзесяць гадоў Міхаська ўжо вучыўся ў Аршанскім духоўным вучылішчы, а пазней – два гады ў Магілёўскай духоўнай семінарыі, пасля заканчэння якой яму быў наканаваны лёс святара. Але падзеі разгортваліся такім чынам, што ён пакінуў вучобу, стаў царкоўным вартаўніком, потым працаваў перапісчыкам, з лютага 1919 г. настаўнічаў на Магілёўшчыне. Пазней быў прызначаны загадчыкам валаснога аддзела народнай асветы, праз год выбраны пастаянным членам праўлення работнікаў асветы і культуры. У 1920–1926 гг. – палітработнік Чырвонай Арміі. Вучыўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. Пачынаючы з 1922 г. пісьменнік актыўна выступаў у друку.

“У віры жыцця” – такую назву насіў першы зборнік апавяданняў празаіка. У 1925 г. выйшаў зборнік апавяданняў “Пела вясна”. У 1926 г. надрукаваны творы “Пад сонцам”, “Голы звер”, “42 дакументы” і “Двое Жвіроўскіх”. Пяру празаіка належыць цікавы раман “Сцежкі-дарожкі”, які выйшаў у 1927 г., зборнік апавяданняў “На чыгунцы” (1928), кнігі прозы “Падарожжа на новую зямлю” (1929), “Лісты да знаёмага” (1931). У 1932 г. быў напісаны раман “Вязьмо”. Ёсць сведчанні, што М. Зарэцкі напісаў раман “Крывічы” – з гісторыі роднага краю.

Міхась Зарэцкі – арыгінальны майстар мастацкага слова. Талент празаіка не паспеў разгарнуцца ў поўную сілу, але тое, што ім напісана, дазваляе гаварыць пра аўтара як тонкага аналітыка, пісьменніка-псіхолага, рэалістычнага бытапісальніка, рамантыка па духу, творцы. Проза М. Зарэцкага – драматызаваная, пластычная, высокаінтэлектуальная. Пісьменнік умеў даць востры і займальны сюжэт, валодаў талентам удумлівага назіральніка.

Лёс аказаўся неміласэрны да пісьменніка. Яго беспадстаўна абвінавацілі ў нацдэмаўшчыне (прыгадалі, відаць, “папоўскае” мінулае, асабістае і бацькава), ён быў арыштаваны органамі бяспекі і расстраляны. Інкрымінавалі празаіку і нявер’е ў калгасы, якое выявілася быццам бы ў кнізе “Падарожжа на новую зямлю”. У 1932 г. быў напісаны твор аб першых кроках калектывізацыі на вёсцы – раман “Вязьмо”, які па тагачасных мерках не адпавядаў афіцыйным поглядам на калектыўнае гаспадаранне, бо “вязаў”, “апутваў”, “аблытваў”, “заручаў” селяніна з мінулым аднаасобніцкім вядзеннем гаспадаркі, паказваў пажыццёвую “прыкутасць” і трывалую змацаванасць селяніна з традыцыйным укладам.

Папулярнасць празаіка была вялікая. Кнігі маладога аўтара перакладаліся на рускую мову (“Ракавыя жаронцы”), на ўкраінскую мову (“Сцежкі-дарожкі”). Крытыка ў адзін голас адзначала яркі самабытны талент празаіка, неардынарнасць і навізну яго падыходу да мастацкага асэнсавання рэчаіснасці.

Міхась Зарэцкі – мастацкі летапісец свайго часу, тонкі і ўдумлівы знаўца чалавечай душы. Разнастайныя адценні чалавечай псіхалогіі хвалявалі таленавітага аўтара, і ў сваёй творчасці ён імкнуўся адлюстраваць перажыванні герояў, узлёты і спады настрояў, думкі персанажаў, іх настойлівыя і пакутлівыя пошукі праўды, сэнсу жыцця, гармоніі існавання чалавека і свету ў хуткабежным і зменлівым часе. Новае ў прыродзе чалавечых узаемаадносін, новыя ўзаемадачыненні, уплыў сацыялістычных догмаў, камуністычных рэцэптаў паводзін на чалавечую асобу, традыцыйнае, асноватворнае ў характары дзеючых асоб і засілле ідэалагічных штампаў, запраграмаванасць учынкаў і дзеянняў, суаднесенасць уласнага светаўспрымання з амярцвелымі партыйнымі схемамі, спроба застацца самім сабою альбо падпарадкавацца канонам новай маралі, імкненне супрацьстаяць нязвыкламу ўкладу жыцця, каб захаваць у сэрцах і душах жар нахлынуўшага пачуцця, праўду рэчаў вечных і жывых, ісціны не падфарбаваныя, не падсалоджаныя, не падагнаныя пад агульныя меркі, а прывычныя, адвечныя. Што ў чалавеку застаецца ад самога чалавека ў любых варунках новай ідэалогіі, а што змяняецца, нівеліруецца і чэзне, адыходзіць на задні план? Што адбываецца з самім чалавекам, які паддаецца прывідам новага, як у вір галавою, кідаецца на новыя ідэі светабудовы, у новы быт і новы парадак? Ці ўдаецца індывідууму – чалавечай асобе – захаваць душу жывую і жывое пачуццё болю і пакут, трывогі за сябе, за сваіх дзяцей, іншых людзей?

Міхась Зарэцкі быў адным з тых пісьменнікаў у беларускай літаратуры, хто яшчэ на пачатку ХХ ст. з вялікай сілай мастацкага абагульнення паказаў усю прывіднасць фантома – новага чалавека быццам бы рэвалюцыйнай эпохі, раскрыў складанасці і супярэчлівасці ломкі псіхалогіі, светаразумення і светаўспрымання людзей, звыклых да старога ўкладу, выявіў каштоўнасці ўяўныя і сапраўдныя, перадаў дух і атмасферу часу і ў ім людскія адчуванні.

Асноўны аб’ект даследавання пісьменніка – маральна-этычныя ўзаемаадносіны людзей, жыццё духоўнае, перыпетыі ломкі свядомасці асобы. Празаіка цікавілі людзі нязломныя, натуры валявыя і неадназначныя, характары на раздарожжы думак і пачуццяў, асобы са сваім маральным стрыжнем у душы, са сваёй сістэмай паводзін, са сваімі жыццёвымі прынцыпамі і адметным поглядам на рэчы і з’явы, персанажы яркія, цэласныя, валявыя.

“Дзіўная” – такую назву носіць адно з апавяданняў пісьменніка. Хто ж такая гэтая “дзіўная”? І чаму яна “дзіўная”? Што дзіўнага ў яе паводзінах, адчуваннях? Аказваецца, нічога дзіўнага няма ў паводзінах і душэўных перажываннях гераіні. Шумава – так завуць галоўную гераіню апавядання – моцна перажывае разлуку са сваім адзіным, маленькім яшчэ сынам, ад якога яна нібыта адмовілася, паддаўшыся на ўгаворы, што дзеці ў новым грамадстве не павінны мець бацькоў, бо бацькі ў іх – усё чалавецтва. Дзеці новага часу павінны быццам бы выхоўвацца без усведамлення індывідуалістычнай прывязанасці да сваіх бацькоў, не павінны вырасці эгаістамі, уласнікамі, трэба, каб іх псіхалогія была вызвалена ад прыватнаўласніцкіх інстынктаў. Вось чаму адзінае дзіця Шумавай – у дзіцячым прытулку, выхоўваецца ў калектывісцкім духу. Але не-не ды загляне маладая маці ў дзіцячы дом, які “самым лепшым лічыцца”, каб сціснуць у адбымках “аднаго з хлопчыкаў – беленькага, з блакітнымі вочкамі-зорачкамі”. “Дык вось дзе разгадка! Вось тое “слабае месца!” – думае пра гераіню яе паплечнік па барацьбе. Таму як тут стрымацца, не спытацца ў здзіўленай маці.

“– А ён ведае сваю матку?

– Не, не ведае. Забыўся ўжо, адвык. Ён не павінен знаць, яму не трэба гэта. Нашто? Ён павінен вырасці чалавекам вольным. Нашто звязваць яго лішнімі прывязанасцямі? Не патрэбна гэта, шкодна.

– Але ж табе як? Цяжка гэта, ты ж ламаеш сябе.

Яна нібы раззлавалася.

– Не, няпраўда, няцяжка мне! Часамі толькі. Гэта мінуты слабасці. Але кінем аб гэтым, не будзем гаварыць…”

Аднак жа гавораць. Гавораць такое, што і слухаць цяжка, а яна – дзіўная – пераканана, што так і трэба, так будзе лепш. Субяседнік і паплечнік па змаганні, герой не без прэтэнзій на руку і сэрца гераіні думае пры гэтым: “Што ж гэта, нарэшце? Фанатызм, вар’яцтва? А мо сапраўды так лепей? Мо гэта натуральна, мо так і павінна быць? Мо гэта адзіны правільны шлях?”

Што такія ідэі – адмаўленне бацькоў ад дзяцей у імя нібыта іхняга будучага – мелі пад сабою рэальную глебу ў розныя эпохі рэвалюцыйных перамен, агульнавядома. І ўжо ж ніяк не падобна гераіня апавядання Шумава да легкакрылай зязюлькі, якая падкідвае сваіх дзетак у чужыя гнёзды. Шумава прывычная да цяжкай працы, прайшла праз пакуты душэўных выпрабаванняў, чалавек сталёвай волі і рэвалюцыйнага гарту, ніколькі не баіцца цяжкасцей і гатова несці годна абавязкі мацярынства, але так яна зрабіла з ідэйных меркаванняў. Не падобна маладая маці і да сучасных маці-адзіночак, да сучасных легкадумных “адказніц” у радзільных дамах, якія гатовы на пазбаўленне радасці мацярынства, толькі б не было ў іх гэтай дакукі-дзіцяці.

Пісьменніка і нас, чытачоў, цікавяць у першую чаргу менавіта вось гэтыя хвіліны “вострай мукі”, адчуванні “матчынай тугі”, што перажывае гераіня, у сэрцы якой яшчэ не вытручаны да канца засіллем рэвалюцыйных пастулатаў адчуванні мацярынскай ласкі і болю, а калі так – празаік дае мажлівасць гераіні самастойна прыйсці да вываду аб правільнасці, чалавечнасці свайго рашэння.

Ідэя выхавання “новага чалавека” даўно стала духоўнай праграмай камуністаў, ідэяй фікс, ілюзіяй, якая валодала розумамі амаль дзвесце гадоў. Яшчэ ў 1762 г. Жан-Жак Русо выдаў кнігу “Эміль, або Аб выхаванні”. За рэлігійнае вальнадумства кнігу павінны былі спаліць, такі быў вынесены ёй прысуд. Русо пакінуў Францыю, куды вярнуўся толькі праз пяць гадоў. Ідэі Русо былі падхоплены Максіміліянам Рабесп’ерам, гэтым “сентыментальным тыграм”, як назваў яго Пушкін, “цвёрдым”, “непадкупным”, “непрабіваемым”, як адзначаў сам Русо, чалавекам, адзін погляд вачэй якога бянтэжыў многіх. Кацярына II заснавала ў свой час у Маскве выхаваўчы дом з мэтай стварэння “новай пароды” людзей. Выхаваннем новага чалавека актыўна займаліся камуністычныя ідэолагі. Павага да маці і бацькі адкідвалася як буржуазнае смецце. Платонаўская Насця цвёрда была пераканана, што трэба “дрэнных людзей усіх забіваць, бо добрых вельмі мала”. Культываваўся вядомы тэзіс Бухарына – “стварыць новы тып людзей”, які натхняў бальшавікоў ва ўсе часы. Вар’іраваўся на розныя лады тэзіс Дантона, які ўзнік яшчэ ў часы Вялікай французскай рэвалюцыі, аб тым, што дзеці належаць перш за ўсё рэспубліцы, а потым ужо – бацькам. Усе займаліся выхаваннем новага чалавека. Як бачым, не абышла гэтая праблема і нашу літаратуру. М. Зарэцкі быў адным з першых аўтараў, хто звярнуў увагу на гэту праблему.

У апавяданні “Кветка пажоўклая” перад намі – несамавіты лёс ужо другой гераіні – Гарновай, якой ад нязбыўнасці мар і расчаравання ў перакананнях, за якія змагалася яна сама, змагаліся і гінулі многія яе таварышы па рэвалюцыйнай барацьбе, нічога іншага не заставалася, як толькі кінуцца пад колы цягніка.

Аўтар паглыбляецца ў свет пачуццяў, унутраных перажыванняў сваёй гераіні, намаляваўшы безвыходнасць і тупіковасць быцця актыўнай у мінулым рэвалюцыянеркі, паказваючы яе няздольнасць супрацьстаяць нахрапістаму злу, камчванству, нежаданне жыць двайной мараллю, няўменне прыстасавацца да нязвыклых абставін.

Апавяданне “Бель” – пра свабоду кахання, у якім стары рабочы рэвалюцыйнага гарту закахаўся ў юную работніцу, якая вучыць яго глядзець на свет шырэй: “тут дрэнна, дык там добра, тут пуста, дык там поўна”. Бель густая завеса – нібы асляпіла вочы Данілы, які закахаўся ў Ганну. У выніку – разбураная сям’я, дэградацыя асобы, падзенне нораваў, разбэшчанасць паводзін. Новага шчасця герой не набыў, але і даўняе, трывалае, загубіў, назусім, як і само жыццё.

У апавяданнях “Гануля”, “На маладое” малююцца пакутлівыя перажыванні жанчын у пошуках уласнага асабістага жыцця.

Цікавае апавяданне “Паэма пра чорныя вочы” М. Зарэцкага. Гэта твор аб нязбыўных марах, аб асабістым шчасці і суровай жыццёвай рэальнасці, аб прозе і паэзіі жыцця, аб знявечаных рэвалюцыйнай барацьбой чалавечых лёсах. Персанажы твора – ён і яна калісь ці кахалі адно аднаго, былі шчаслівыя ў маладосці, бо там, “на сцюдзёных берагах Дзвіны”, ён упершыню сустрэў яе, рухавую, рашучую, з чорнымі вачыма, у салдацкім шыняльку, пад якім хаваўся стройны, гнуткі дзявочы стан, сустрэў і пакахаў. Здавалася б, на ўсё жыццё. Але сустрэча з каханай з юначых мар у больш позні час не прынесла нічога, апроч расчараванняў, бо перад ім паўстаў “агідны ўзор дабрабыту”, дзяўчына – мяшчаначка, якая задаволена сваім штодзённым шэрым існаваннем. Казкі не адбылося. Песня-паэма не склалася ў душы героя і гераіні. Юначыя парыванні засталіся толькі пустой мрояй, прывідам, які растаў у тумане замутнёнага пачуцця, адурманенай свядомасці. А ці было яно, каханне? Ці былі яны тады, яна і ён, па-сапраўднаму шчаслівымі? Ці магчыма шчасце ў вялікім супрацьстаянні адных людзей другім, часткі народа ўсяму народу, адных сацыяльных слаёў другім?

М. Зарэцкі – пісьменнік востраканфліктных тэм, праблем. Адным з першых у беларускай літаратуры празаік убачыў хібы новай улады, яе недаўгавечнасць і супярэчлівасць, калі ўсё трымалася толькі на прымусе, на сіле. Калі не хапала аргументаў для доказу, у ход ішлі гвалт і зброя.

Апавяданне “Адна партыя ў шашкі” – маленькі эпізод з часоў Грамадзянскай вайны, але як шмат ён гаворыць чытачу. Пасля ўдала праведзенай аперацыі, падчас якой чырвонаармейцы захапілі бандытаў на хутары, вайскоўцы з палоннымі засталіся на хутары, каб перачакаць ноч. Бавячы час, камандзір чырвонаармейцаў Аснач і белы афіцэр селі гуляць у самаробныя шашкі, якія былі тут жа зроблены з мякішу хлеба і паперак. Аснач прайграў партыю ў шашкі, але калі ён убачыў, як святкуе перамогу яго сапернік, не вытрымаў і стрэліў з нагана ў гэты смяшліва-іранічны яхідны твар беляка. Пісьменнік паказвае надлом у душах пераможцаў, тыя сцёртасці ў характары і паводзінах новых гаспадароў, якія і прывядуць да злому маральнага, да заняпаду нораваў, да духоўнага спусташэння. Сілай потым неаднойчы будуць сцвярджаць сваю ўладу прагныя да славы будаўнікі новага грамадства. Маральныя ўнутраныя законы будуць таптацца, духоўныя каштоўнасці змізарнеюць, а чалавек як асоба страціць галоўнае – разуменне маральнасці і амаральнасці сваіх учынкаў. Нядзіўна, што апавяданне “Адна партыя ў шашкі” ніколі не перавыдавалася.

У прозе М. Зарэцкага маюцца два надзвычай цікава распрацаваныя псіхалагічныя эцюды – “Радасць” і “Смерць”, у адным з якіх аўтар зрабіў спробу матываваць праяўленне радасці ў чалавеку, якой яна бывае і чым выклікана, вялікім ці малым рэчам можа радавацца чалавек і дзе ж сапраўдныя вытокі высокага пачуцця, а ў другім паспрабаваў падсумаваць жыццё чалавека, які стаіць на парозе смерці.

Чалавек бывае розным. І ніякія сацыяльныя пераўтварэнні не здольны істотна паўплываць на ягоны характар, які ўсё роўна праяўляецца ў пэўных варунках і стасунках. Вось перад чытачом паўстае жывы чалавек са сваімі слабасцямі, недахопамі, з разгулам страсцей. Ды не проста чалавек, а “голы звер” (такую назву носіць адна з аповесцей аўтара), у характары і паводзінах якога напаверх выходзяць лагічная сутнасць, праяўляюцца сапраўды звярыныя паталагічныя інстынкты. Жыве Яроцкі (так завуць галоўнага героя твора), помсцячы ўсяму свету, патанаючы ў дзікіх любоўных оргіях, нібыта выстаўляючы напаказ сваю звярыную сутнасць. “Мне дужа лёгка загубіць чалавека”, – спавядаецца ён, аддаючы ўсяго сябе на волю ірацыянальным пачуццям.

“Чалавек – звер”, “чалавек – нажыва”, “чалавек грошы”, “чалавек – улада”, “чалавек – сіла”, “чалавек праўда”, “чалавек – вораг” – шматлікія аспекты праяўлення чалавечага характару маляваў празаік М. Зарэцкі ў сваіх апавяданнях і аповесцях. І ўсюды малады аўтар смела паглыбляўся ў супярэчлівасці жыцця і часу. “Чалавек – гэта вір… – пісаў празаік. – Мы бачым толькі паверхню, а ўглыб зазірнуць, пранікнуць туды… О, каб пранікнуць туды! Каб разгарнуць гэты вір і ўбачыць усё, усё чыста, да самага дна”. Праніклівы позірк пісьменніка гаворыць пра самабытнасць таленту мастака. М. Зарэцкі паказаў чалавека ў віры рэвалюцыйных падзей ва ўсёй складанасці яго псіхалогіі, паўнаце праяўлення чалавечых пачуццяў.

Гімнам высокаму і святому пачуццю кахання стала апавяданне М. Зарэцкага “На чыгунцы”. Каханне, якое нарадзілася на крыжавых пуцявінах разрухі ў краіне, у асяроддзі ачмурэлых за вайну салдат, і якое так жа нечакана абарвалася, як і пачалося. Бязногі салдат Яўмен Грак, што вяртаўся з франтоў Грамадзянскай вайны дадому, абараніў вясковую дзяўчыну ад грубых заляцанняў чырвонаармейцаў. Ён пакахаў яе і стаў клапаціцца як аб роднай і самай блізкай (“Ат! Нічаво, жонка… Пражывём!”), аднак у апошні момант не здолеў ускочыць на падножку цягніка, на якім паехала далей яго каханая. На крык, як завуць дзяўчыну, з цягніка неслася ледзь чутнае: “Надзея-я-я-я”. Так звалі выпадковую спадарожніцу. Змест апавядання – светлы, паэтычны, яно напісана эмацыянальна, лаканічна, напружана. Гэта цудоўны твор пра каханне ў ранняй беларускай прозе.


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 | Следующая
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Это произведение, предположительно, находится в статусе 'public domain'. Если это не так и размещение материала нарушает чьи-либо права, то сообщите нам об этом.


Популярные книги за неделю


Рекомендации