Электронная библиотека » Уладзімір Навумовiч » » онлайн чтение - страница 29


  • Текст добавлен: 5 июля 2016, 13:00


Автор книги: Уладзімір Навумовiч


Жанр: Языкознание, Наука и Образование


сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 29 (всего у книги 34 страниц)

Шрифт:
- 100% +
Васіль Быкаў (1924–2003)

Сталася так, што я прызвычаіўся свае ідэі, часам агульначалавечага, маральнага плана, вырашаць на матэрыяле вайны. Мусіць, таму, што мінулая вайна ўсеабдымная, і там усяму было месца.

Васіль Быкаў

Ён хацеў стаць скульптарам, а стаў салдатам, потым – пісьменнікам. Васіль Уладзіміравіч Быкаў нарадзіўся ў сялянскай сям’і ў в. Бычкі Ушацкага раёна Віцебскай вобласці. Пасля сканчэння сямігодкі паступіў на скульптурнае аддзяленне Віцебскага мастацкага вучылішча. Калі адмянілі стыпендыі, прыйшлося перапыніць вучобу. Затым вайна адмерала будучаму пісьменніку шчодрай меркай. Спачатку быў інжынерны батальён і будаўніцтва абарончых умацаванняў, потым – удзел у баях на Паўночна-Заходнім фронце. Кароткатэрміновая вучоба ў пяхотным вучылішчы ў Саратаве дала невялікую перадышку. Пасля вучылішча трапіў на фронт ужо лейтэнантам. Удзельнічаў у баях на Украіне, у Румыніі, Венгрыі, Аўстрыі. У біяграфіі пісьменніка ёсць адзін незвычайны факт. Цяжка паранены ў адным з баёў, малады лейтэнант цудам застаўся жыць, выпаўзшы з хаткі, якую пратараніў варожы танк. Імя Васіля Быкава было занесена на дошку на брацкай магіле, а маці атрымала пахавальную на сына. Але пісьменнік застаўся жыць, каб расказаць горкую праўду пра вайну. Ён – адзін з нямногіх ацалелых удзельнікаў вайны, бо, як вядома, з воінаў 1922–1924 года нараджэння дажылі да перамогі толькі тры працэнты. Пісьменнік меў права гаварыць ад імя пакалення, якое выстаяла ў вайну і перамагло “Доўгія вёрсты вайны” потым стануць шчымлівымі радкамі твораў празаіка.



Найбольшая заслуга пісьменніка Васіля Быкава ў тым, што ён таленавіта і праўдзіва паказаў чалавека на мяжы чалавечых мажлівасцей. Выяўленне маральных якасцей асобы на вайне, паказ штодзённага, някідкага гераізму звычайнага чалавека, які аказаўся перад выбарам, у экстрэмальных умовах, пры небяспецы поўнага фізічнага і духоўнага вынішчэння – новы крок у літаратуры не толькі беларускай. Тут уклад В. Быкава бясспрэчны, што ставіць яго імя ў шэраг лепшых пісьменнікаў свету. Што датычыцца мастацкага стылю, творчай манеры пісьменніка, то з поўным правам можна гаварыць аб быкаўскай аповесці, аб быкаўскай сітуацыі ў творах, пра быкаўскага героя, а таксама пра бескампраміснасць і грамадзянскую мужнасць мастака слова, псіхалагізм, маштабнасць абагульненняў, пра філасофскі змест твораў.

Аповесці В. Быкава невялікія па аб’ёме. Яны, як салдаты ў страі, стаяць адна за другой, і кожная паглыбляе нашы веды пра чалавека і чалавецтва. Кожны новы твор пісьменніка – гэта новы віток у пазнанні чалавечай прыроды, новы паварот у паглыбленні ва ўнутраны свет асобы. “Гаручасць”, “выбуховасць” жыццёвага матэрыялу ў аповесцях надзвычай высокая. За кожнай праўдзівай гісторыяй на вайне, за кожным паказам паводзін чалавека ў хвіліны смяртэльнай небяспекі – абавязковая пастаноўка агульначалавечых маральных праблем, мастацкае завастрэнне, тыповасць характараў і лёсаў. Творы класіка беларускай прозы значна дапаўняюць наша разуменне пра чалавечае ў чалавеку.

У дачыненні да падзей мінулай вайны пісьменнік свядома паставіў перад сабою задачу гаварыць толькі праўду, якой бы суровай, жорсткай і жахлівай яна ні была. Таму многія творы В. Быкава афарбаваны ў трагедыйны тон, у іх шмат выключных, безвыходных сітуацый, шмат недарэчнасцей вайны, вострага пякучага болю за чалавека. Празаік абапіраўся на асабісты вопыт, пісаў пра тое, што зведаў і перажыў сам, пісаў сумленна, шчыра, канкрэтна, выразна, дакладна.

Адна з першых яго аповесцей – “Жураўліны крык” (1960) – тыповы быкаўскі твор, дзе даецца калектыўны партрэт салдат 1941 г. Пакінутыя на чыгуначным раз’ездзе байцы гінуць адзін за адным. Кожны герой у аповесці – са сваёй даваеннай біяграфіяй, са сваім падыходам да жыцця, характарам, са сваёй шкалой маральных каштоўнасцей, адметнасцю паводзін у грозныя хвіліны перад смерцю. Ужо тут праявілася асаблівая ўвага да трагедыйнасці сітуацый і лёсаў салдат на фронце.

В. Быкаву не ўласціва панарамна-эпахальнае адлюстраванне падзей. Пісьменнік імкнецца зведаць як мага больш пра самога чалавека. Гэта глыбока народны і ў той жа час філасофскі позірк на з’явы рэчаіснасці.

У аповесці “Трэцяя ракета” (1962) гучна і жорстка сказана пра здраду на вайне. Малую ці вялікую, але ўсё-такі здраду, з-за якой гінуць байцы. Сутнасць паводзін чалавека на вайне праяўляецца на кантрасце сітуацый, на вастрыні канфлікту.

Аповесць “Альпійская балада” (1966) – твор аб яркім, як знічка на небе, каханні, што нарадзілася ў пекле вайны, нарадзілася, каб звязаць душы італьянскай дзяўчыны Джуліі і беларускага хлопца Івана Цярэшкі. Каханне, з-за якога герой ахвяруе сабой, каб засталася жыць яна, каб потым успомніла, прыгадала і напісала пісьмо ў глухую беларускую вёсачку, у якой ён вырас і гадаваўся.

З’яўляюцца творы “Здрада” (1961) і “Пастка” (1961), персанажам якіх давялося шмат зазнаць і многае перажыць. Робіцца дэталёвая псіхалагічная распрацоўка характару асобы ў суровых умовах ваеннага сутыкнення розных сіл.

Дзіўна, але найбольшую крытыку і папрокі ў адрас празаіка выклікалі аповесці, якія ў многім пабудаваны на аўтабіяграфічным матэрыяле. “Дзе пісьменнік бачыў такую вайну? – сурова пыталіся ў аўтара пасля з’яўлення, напрыклад, аповесці “Мёртвым не баліць” (1965). У адзін голас крытыка загаварыла пра лакальную прозу, пра не зусім “принятую точку зрения”, з якой нібыта падае чытачу падзеі ў творы аўтар жорсткіх старонак праўды. Але пісьменнік тварыў, добра разумеючы сваю правату відавочцы незгасальных у памяці эпізодаў страшэнных выпрабаванняў чалавечага духу. Прывабліваў маральна-этычны максімалізм прозы пісьменніка франтавіка.

Адзначалася ў свой час прытчападобнасць асобных твораў ці пэўных эпізодаў у мастацкіх палотнах В. Быкава. Многія творы пісьменніка маюць выразную філасофска-канцэптуальную аснову. Сапраўды, глыбокім маральным зместам напоўнены шматлікія творы пісьменніка, тут шмат разваг, нелабавых павучанняў. Аўтару ёсць што сказаць чытачу.

“Мэтазгодна – немэтазгодна”, “добра – дрэнна”, як выжыць і застацца самім сабою, не здрадзіць, не нашкодзіць, як зберагчы душу жывую, прайсці праз усе выпрабаванні і захаваць чысціню пачуццяў, дажыць, каб перамагчы і г.д. На гэтыя пытанні спрабуе даць адказ пісьменнік. Глыбокі роздум герояў над часам і сабою, філасофскі аналіз паводзін персанажаў складаюць асноўны змест многіх твораў. “Умей памерці ў час”, пісаў Ф. Ніцшэ. Але гэта ўдаецца не ўсім. Ды важна яшчэ, каб смерцю сваёю не перакрэсліць усё папярэдняе жыццё. Паспрабаваўшы “абхітрыць” абставіны, чалавек можа “абхітрыць” толькі самога сябе і тады ўжо, як збавення, шукае смерці (“Сотнікаў”). Канфлікт не толькі знешні, канфлікт – унутраны, калі персанаж павінен “перамагчы” страх, прыстасавальніцтва, каб не “запляміць” уласнае сумленне.

Вялікую ролю ў творах В. Быкава адыгрывае мадэліраванне абставін, у якіх выяўляецца сутнасць чалавека. Аўтар часта малюе “парогавыя” сітуацыі, ставіць герояў сваіх твораў перад маральным выбарам, калі востра паўстаюць праблемы “свабоды духу”, “свабоды волі”, “крызісу духу”. Прытчавы пачатак у творах В. Быкава ў многім развівае традыцыі, закладзеныя яшчэ Б. Брэхтам, А. Камю, Ж.-П. Сартрам, Ф. М. Дастаеўскім, Л. М. Талстым, К. Чорным, Я. Коласам.

Даследаванне псіхалогіі паводзін персанажаў празаік ажыццяўляе ў пэўных абставінах, пэўнай сітуацыі. Ці любыя сродкі прымальныя для дасягнення мэты? На такое пытанне адказвае В. Быкаў у аповесцях “Круглянскі мост” (1969), “Дажыць да світання” (1973), “Воўчая зграя” (1974), “Яго батальён” (1975), “Пайсці і не вярнуцца” (1978), “Знак бяды” (1982).

Празаік піша “сваю” вайну, знаходзячыся “на бестэрміновай перадавой” (А. Адамовіч). Ён расказвае пра радавых вайны, хто вынес на сваіх плячах увесь цяжар ваеннага ліхалецця, пра “пралетарыят” пярэдняй лініі акопаў, пра тых, хто бяжыць у атаку, або, засыпаны зямлёю, узнімаецца, каго дабіваюць мінамі, снарадамі, хто ідзе здабываць партызанскі харч ці ўзрываць варожы эшалон на чыгунку, хто штурмуе варожыя ўмацаванні. Вось атака, яшчэ атака ў аповесці “Праклятая вышыня” (1968). У аповесці “Яго батальён” пісьменнік вырашае, што лепш, весці людзей у бой, ці гнаць іх, як на бойню, у атаку? Як прайсці праз выпрабаванні і застацца чалавекам (“Пайсці і не вярнуцца”)? Аказваецца, на вайне многае залежыць ад самога чалавека. Як неабходна, што б там ні было, дажыць да світання, не замерзнуць, не памерці, каб унесці свой, хай невялікі, але такі неабходны ўклад у агульную перамогу (“Дажыць да світання”, 1982). Кожны твор дапаўняе агульную панараму змагання з фашызмам.

Аповесць “Знак бяды” напоўнена філасофскім зместам. Колькі мы бачым “знакаў” – прыкмет чалавечай бяды. Запусцелы хутар – знак поўнага вынішчэння жыцця. Калі прыйшла бяда, нічым яе не спыніць, не адвесці. Дык ці не лепш, каб яе зусім не ўзнікала, бяды? Ці не дзеля гэтага расстаўлены на шматпакутнай зямлі шматлікія “знакі бяды” – знакі людскіх пакут і ахвяр? У аповесці “Знак бяды” аўтар даў эстэтычную ацэнку дабра і зла, якія выступаюць на першы план менавіта пры даследаванні стыхіі народнага жыцця ў пераломныя моманты. Кожны персанаж даходзіць да разумення дабра і зла самастойна, але цяжкі гэты шлях пазнання. За яго часам даводзіцца плаціць жыццём. Часцей за ўсё пра філасофію дабра і зла персанажы разважаюць перад тварам смерці, у хвіліны выпрабавання, і тады гэтыя развагі набываюць большы сэнс, шчымлівае гучанне, бо яны “асвятляюць” увесь жыццёвы шлях герояў, падсумоўваюць жыццё і даюць ключ да разумення таго, як пражыў той ці іншы чалавек, чым кіраваўся ў сваіх учынках.

Паняцці дабра і зла з асаблівай сілай палярызуюцца і рэзка размяжоўваюцца, канцэнтруючыся на двух супрацьлеглых полюсах у гады вайны. Гераіня аповесці “Знак бяды” Сцепаніда Багацька імкнецца асэнсаваць тое, што адбываецца наўкол яе: “Многае што ў жыцці, асабліва гора і бяда, пераканалі яе, што з людзьмі трэба абыходзіцца па-добраму, калі хочаш, каб і да цябе адносіліся па-чалавечы. Напэўна, чалавек ужо такі ад прыроды, што адказвае дабром на дабро і не можа адказваць дабром на зло. Зло не можа выклікаць нічога, апроч зла, на іншае яно не здольна. Але бяда ў тым, што людская дабрата перад злом бяссільна, зло лічыцца толькі з сілай і баіцца адной толькі расплаты. Толькі неадступнасць расплаты можа спыніць яго хцівы нораў, прымусіць задумацца. Інакш на зямлі ўсталюецца пекла”…

Ход думак Сцепаніды просты, лагічны. Ён адпавядае яе жыццёваму вопыту, практычнаму ўзроўню разумення пытання. Але прастата гэтая дасягаецца нялёгка. Ніхто яшчэ да В. Быкава так пераканаўча не раскрываў увесь найскладанейшы механізм чалавечых узаемаадносін на вайне, а па сутнасці, простую формулу самай страшэннай чалавеканенавісніцкай вайны ХХ ст.

“У каго праўда, таму не патрэбна зброя” – так думае простая сялянка, чалавек на роднай ёй зямлі.

“Зноў жа даволі паглядзець, хто з імі ў хаўрусе, каб зразумець, хто яны самі”.

“Яна ведала, што добрыя людзі не чыняць подласць ні па сваёй волі, ні па прымусу. Подласць – справа нягоднікаў”.

Зыходзячы з вечнага, глыбока выпакутаванага народнага разумення дабра і зла, Сцепаніда ўпэўнена прымае на сябе пакуты, якія выпалі на яе долю. Яна чакае расплаты і гэта надае ёй сілы. Яна адчувае сябе мацнейшай, вышэйшай за гэтых прышлых людзей з вінтоўкамі. “А той, хто аднойчы адчуў сябе чалавекам, ужо скацінай не стане” – так думае Сцепаніда. “Да апошняй сваёй хвіліны яна не скорыцца ім, бо яна чалавек, а яны звяры. Хай сабе і дужыя”.

Сцепаніда – чалавек з народа, працаўніца, святая пакутніца, гаротніца ўсё жыццё, пры ўсіх уладах. Яна ўзяла на свае плечы клопат пра іншых – адна, як можа, супраціўляецца злу і прымусу. Сцепаніда – маральны цэнтр усяго твора. У гэтым вобразе акумулюецца адвечнае разуменне дабра і зла на зямлі, маральнае і амаральнае ў чалавечай асобе.

Зло – разбуральнае. Яно нявечыць душу, дэфармуе свядомасць. Пераступіць цераз дабро і стаць на бок зла азначае страту чалавечага ў чалавеку, разбурэнне асобы. Гэта вядзе да паражэння і гібелі. Злы ў аповесці былы савецкі актывіст Патап Каландзёнак, злы і Гуж. Злосць амаль “закіпае” ў іхніх душах. Адзін з іх доўгі час хаваўся пад маскай дабрачыннасці, і спатрэбіліся спецыфічныя ўмовы, каб ён раскрыў сваё сапраўднае аблічча, выявіў сваю злосць да канца, каб узвысіцца над вяскоўцамі. Гуж перажыў несправядлівасць да сябе і родных пры савецкай уладзе і зараз помсціць за ўсе свае пакуты аднавяскоўцам. Тады, калі разбураюцца сувязі чалавечай асобы з грамадствам, надыходзіць яе маральнае разбурэнне. А толькі тады, калі чалавек паступае маральна, ён “творыць сябе”. Усё чалавечае ратуе яго ад этычнага разбурэння, вядзе да канчатковай згоды з усеагульнай этыкай. Прайсці праз усе выпрабаванні, якія пасылае час, і застацца чалавекам. Вынесці на сваіх плячах найцяжэйшую ношу вайны і захаваць душу жывую. Пра гэта піша мастак. Творы – агульны праўдзівы летапіс ваенных дзён, выпрабаванняў на выжыванне.

Аповесць В. Быкава “Сотнікаў” (1970) – твор аб узыходжанні і падзенні чалавека. Узыходжанні на п’едэстал славы, чалавечнасці, дабра, праўды. І падзенні ў чорную прорву здрадніцтва, калі, хочучы перахітрыць самога сябе, чалавек пайшоў на змову з уласным сумленнем, каб выжыць. Сам не выратаваўся, а душу д’яблу прадаў, стаў забойцам і ўжо, як збавення, шукае смерці і не знаходзіць яе. Перад намі праходзіць складаны працэс маральнага ўзвышэння аднаго чалавека і маральнага спусташэння – другога. Два полюсы чалавечай вартасці. Паміж імі – бяздонне. Трэцяга не дадзена. А напачатку разгортвання дзеяння нішто не паказвала на гэта. Хутчэй наадварот. Але экстрэмальная сітуацыя высвеціла нутро кожнага героя.

Аповесць В. Быкава “Сотнікаў” – адзін з псіхалагічна заглыбленых яго твораў. Нельга сказаць адразу, хто з герояў на што здольны. Абодва партызаны ідуць на заданне – дастаць харч для народных мсціўцаў. Адзін з іх – моцны і рухавы Рыбак, а другі – хворы, знядужаны Сотнікаў. Сотнікаў у мінулым вайсковец. Рыбак – з мясцовых, дзелавіты, прадпрымальны, рашучы. Прыгадаем тое, якая адбываецца ў іх размова пра шапку. Рыбак папракае Сотнікава, што той не змог здабыць сабе добрай шапкі-аблавушкі, каб не мерзлі вушы на марозе, на што той адказвае: “Шапкі ж не на дрэве растуць”. Розныя падыходы гэтых людзей да жыцця больш выразна вы явяцца пазней, калі яны трапяць у сітуацыю, з якой няма простага выйсця. Вось тыя першыя “сцёртасці” ў характары Рыбака, “тонкія мясціны”, у якіх потым якраз і адбудзецца “злом”, дзе павінен адбыцца “разрыў”. І яшчэ такіх “сцёртасцей”, месц, “дзе тонка” і “дзе рвецца”, нямала мы заўважаем у характары Рыбака. Хоць знешне ён моцны фізічна і цвёрды па характары. Празаік у аповесці, нібы на фотаплёнцы, “праяўляе” характар персанажа, і чытачу застаецца ўжо толькі назіраць тое, як жа ідзе “самаразвіццё” псіхалогіі героя, як “нараджаюцца” ягоныя душэўныя зрухі. Рыбака нельга адразу асудзіць, калі не пройдзеш услед за ім увесь унутраны шлях падзення. А ўнутры чалавек аказаўся “трухлявы”, з заганнай псіхікай, неўраўнаважаны, падаўлены і запалоханы. Сімпатыі чытача, якія былі напачатку на баку Рыбака, саступаюць месца іншым адносінам да яго. Хутка гэты персанаж ступіць туды, куды ступаць нельга, убачыць бяздонне пад нагамі, жахнецца, але назад ужо дарогі яму няма і застанецца толькі ляцець на злом галавы ўніз. Нельга здрадзіць напалавіну, здрадзіць, каб застацца жывым, здрадзіць, каб адкупіцца потым, каб “перахітрыць” ворага. Рыбак у цяжкую хвіліну “перабег” да ворагаў і тут жа яму далі заданне – павесіць Сотнікава. Добра яшчэ, што Сотнікаў, каб “апярэдзіць”, сам адштурхнуў нагою ад сябе цурбан. І тут ён усё ўзяў на сябе. “Я – сам!” – гэта быў дэвіз жыцця Сотнікава. Рыбак раптам зразумеў ганебнасць свайго становішча: “I яго нібы абухом па галаве аглушыла нечаканае разуменне, што ўцякаць яму няма куды… Цяпер ён скрозь вораг. Усім. I, пэўна, самому сабе таксама”. Рыбак, як збавення, ужо сам шукае смерці, але і яе ў яго адабралі, пазбавілі апошняга выбару, – яму няма нават на чым павесіцца. “Хоць кідайся ўніз галавой!”

Падзенне Рыбака пачалося з таго моманту, калі на гарышчы ў вёсцы, ён, “напаследак жахнуўшыся, рэзка адкіну ў ад сябе пакулле” – спалохаўся смерці. Падняўся і падняў рукі. А вось для Сотнікава менавіта адсюль пачалося ўзыходжанне на Галгофу, у вечнасць. Гэта ўзыходжанне падрыхтавана было ўсім яго жыццём. Сотнікаў ніколі не спадзяваўся на выпадак, на нейкага іншага чалавека. Ён усё рабіў сам. Не перакладваў сваю “ношу”, свае цяжкасці на плечы іншага, не хацеў, каб нехта меў турботы з-за яго, бо саромеўся абцяжарыць іншага чалавека. Але і ў Сотнікава ёсць упартасць, бязлітаснасць, а часам прарываецца і жорсткасць, несправядлівасць. Напрыклад, як у хаце старасты.

Як бачым, героі В. Быкава не аднамерныя, не тое, што адзін – чорны, а другі – белы. У творы няма рэзкага размежавання святла і ценю, такім чынам, няма аднастайнасці, шэрасці. Гэта суровы рэалізм прозы.

Сотнікаў – максімаліст у адносінах да самога сябе і да іншых людзей. Рыбак – наадварот, можа быць усялякім, ён быццам бы свойскі і кампанейскі чалавек. Але аказалася, што ў гэтым чалавеку ўсё складана.

Усім сваім пафасам аповесць В. Быкава “Сотнікаў” сцвярджае, што чалавек не можа быць да канца сфарміраваны абставінамі, і часам ён мае ўласцівасць мяняцца ў залежнасці ад таго, у якія абставіны трапляе. Сапраўдная чалавечая годнасць вымяраецца толькі здольнасцю да самаачышчэння, адмаўленнем ад самападману, уменнем пазбаўляцца ад “шлакаў” эгаізму ў душы, ад “іржы” ў крыві, ад пагоні за довадамі і апраўданнямі, на першы погляд разумнымі, нарэшце, ад баязлівасці, крывадушша, чэрствасці. Без такой “унутранай” работы, без самаўдасканалення і самаарганізацыі, без маральнага стрыжня ў характары чалавек не стане тым, хто выклікае павагу. Пра гэта – аповесць В. Быкава “Сотнікаў”.

На іншым жыццёвым матэрыяле створаны аповесці “Аблава” і “Сцюжа”. У аповесці “Аблава” расказваецца пра гаротны лёс сялянства, гаспадароў на роднай зямлі, якія воляй лёсу, абставін і палітычнай сітуацыяй былі “вырваны”, выкарчаваны са сваіх прывычных месц, вывезены, закінуты недзе ў далёкі край па-над Енісеем. Страціўшы там дарагіх людзей, застаўшыся на адзіноце, калі і вярнуўся з іх каторы ў родны кут, як галоўны герой аповесці, дык, як ваўкалак, як злыдзень, хоць на самай справе ніколі такім не быў. Вымушаны туляцца і таіцца, хадзіць наўкол свайго котлішча, бо вярнуўся насуперак волі ўлад, аж па куль на яго, зацкаванага і занядбанага, не наладзілі аблаву і вяскоўцы, і ўлады, і нават уласны сын. Востры, бескампрамісны твор атрымаўся ў пісьменніка пра пакутлівы лёс беларускага сялянства на крутых паваротах гісторыі.

У 90-я гады ХХ ст. выходзяць аповесці В. Быкава “Пакахай мяне, салдацік”, “Ваўчыная яма”, “Балота”, зборнікі апавяданняў “Сцяна” (“На Чорных лядах”, “Жоўты пясочак”, “Сцяна”), апавяданні “Труба”, “Народныя мсціўцы” і інш.

З’яўляюцца прытчы і прыпавесці агульначалавечага зместу, філасофска-канцэптуальнага плана, з маральнымі ўрокамі жыцця.

Лакальнасць дзеяння ў творах празаіка спалучаецца з маштабнасцю і глыбінёй мастацтва слова, з абагульненнямі, маральным максімалізмам персанажаў.

Пытанні для кантролю

1. “Легендарнасць”, незвычайнасць жыццёвай біяграфіі В. Быкава-франтавіка. Раскажыце падрабязней пра “вогненныя вёрсты вайны” празаіка.

2. У чым праяўляецца мяжа чалавечых мажлівасцей у аповесцях В. Быкава.

3. “Чалавек на вайне” – асноўны лейтматыў франтавых аповесцей В. Быкава. Якія творы гэта пацвярджаюць?

4. У чым вы бачыце прытчападобнасць твораў В. Быкава аб вайне?

5. Якія “знакі бяды” – прыкметы поўнага вынішчэння ўсяго жывога на зямлі – вы заўважаеце ў творах В. Быкава?

6. Філасофска-канцэптуальны характар твораў пісьменніка В. Быкава.

7. Як мяняўся характар адлюстравання падзей ваеннага часу ў розныя гады? Якія этапы ў асвятленні ваеннага супрацьстаяння і якія творы В. Быкава аб Вялікай Айчыннай вайне вы можаце назваць?

Андрэй Макаёнак (1920–1982)

Запытай сябе сам: што ты зрабіў сёння?

Андрэй Макаёнак

Майстрам сатыры і гумару прыйшоў у беларускую літаратуру таленавіты камедыёграф А. Макаёнак. Заслуга яго ў тым, што ён вывеў беларускую драматургію да шырокага гледача. Яго п’есы ставіліся ў тэатрах Расіі, Украіны, Беларусі, рэспублік Прыбалтыкі і Закаўказзя, Сярэдняй Азіі. Бывалі гады, калі п’есы А. Макаёнка ішлі больш чым на 80 сцэнах, у тым ліку ў Польшчы, Чэхіі, Славакіі.



Смех – катэгорыя эстэтычная. У мастацкім творы ён адыгрывае асаблівую ролю, дапамагае ярчэй паказаць з’яву, выявіць негатыўныя тэндэнцыі, прымушае задумацца. Смех у мастацтве – гэта роздум над нашымі недахопамі.

Усе беларускія пісьменнікі валодалі майстэрствам паказу змястоўнасці людскога смеху. Я. Купала, Я. Колас, Ф. Багушэвіч, К. Крапіва, М. Танк, Я. Брыль, П. Панчанка тонка выкарыстоўвалі народны жарт, усмешку ў сваёй творчасці. Новая беларуская літаратура, зрэшты, пачыналася з рэчаў, насычаных жартам, іроніяй, – “Энеіда навыварат”, “Тарас на Парнасе”. Гумар увогуле характэрны для беларуса. Часта гучаў у творах беларускіх пісьменнікаў “смех скрозь слёзы”, бо жыццё не радавала.

З надзеяй на лепшыя дні тварыў і А. Макаёнак.

Нарадзіўся пісьменнік у в. Борхаў Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці. Пачынаў сваю творчасць з аднаактавых п’ес – “Перад сустрэчай”, “Жыццё патрабуе”, “Крымінальная справа”, “Першае пытанне”, напісаных, што называецца, “на злобу дня”. Першая п’еса, “На досвітку” (1951), пра жыццё французскіх рабочых, хоць і была пастаўлена ў Мінску, але поспеху не мела. Як адзначаў сам аўтар, матэрыял быў яму малазнаёмы.

Першае прызнанне А. Макаёнку прынесла пастаноўка п’есы “Выбачайце, калі ласка” (1953), якая стала значнай падзеяй.

Гэта твор пра паказныя поспехі, ашуканства, пра суцэльны падман і прайдзісвецтва, пра тое, як нялёгка прабіцца да праўды, будаваць жыццё не на хлусні, а дасягаць усяго ў жыцці сумленнай працай. Сапраўдных майстроў паказухі, “гросмайстраў” сваёй справы, спецыялістаў па рознага кшталту махінацыях, кар’ерыстаў, людзей без сумлення, злодзеяў, п’яніц, хабарнікаў вывеў у п’есе драматург. Сам існуючы лад, абставіны садзейнічалі ўзнікненню і працвітанню падобных тыпаў. Сумленнаму чалавеку, працаўніку на зямлі не было куды падацца і дзе шукаць паратунку, адзінае, на што ён адважваўся, было маўклівае супраціўленне ці нежаданне ўдзельнічаць ва ўсёй гэтай камандна-бюракратычнай вакханаліі.

Дзеянне ў п’есе разгортваецца вакол “ліпавых” накладных, гарантыйных квітанцый, якія выдаў дырэктар спіртзавода нібыта за здадзеную прадукцыю з палёў, калі на полі яшчэ нават не ўбіралі. Гэта раённы ўпаўнаважаны па нарыхтоўках Моцкін, хапуга і прыстасаванец, які дзе падліжа, а дзе паддакне, пасмяецца, які, як тая рыбіна, шукае, дзе глыбей, дзе лепш красці і падманваць, прыдумаў шматхадовую махінацыю – узяць квітанцыі, што разлічыліся з пастаўкамі дзяржаве, а хлеб здаць потым. Для Моцкіна работа, “як уласная жонка – трошкі люблю, трошкі цярплю, трошкі хачу другую”. Але ў махінацыях ён – прафесіянал, вывучыў бюракратычную машыну дасканала, ведае, што яна не ржавее, працуе дакладна, трэба ўмець толькі націснуць патрэбную кнопачку ў пэўны час. Моцкін – з пароды “энергічных”, “дзелавых” людзей, разумовая энергія якіх не мае “выхаду” ў добрыя справы, а скіравана на падман. Гэта чалавек, які пазбаўлены сумлення, у многім прымітыўны, слізкі, злы. З трайным “дном” паўстае перад гледачом і Калібераў – “птушка” буйнейшага калібру – дзеяч некалі рэспубліканскага, а цяпер раённага маштабу, працуе старшынёй райвыканкама. Хітры, асцярожны, але шкадлівы, “стрыечны брат Гарлахвацкага”. У яго і жонка такая ж – жорсткая, эгаістычная, “без цара ў галаве”. Камічны персанаж у п’есе – старшыня калгаса Гарошка. Ён трапляе ў смешныя сітуацыі. Можа схавацца на гарышчы ад рэвізораў, якія прыйшлі спытаць, чаму ён не выканаў план. “Хоць верць-круць, хоць круць-верць” – яго любімы выраз, бо ўпэўнены чалавек, што калі цябе захочуць зрабіць вінаватым, дык зробяць, як ні выкручвайся. Усё адно працавітаму сумленнаму чалавеку ў бюракратычнай сістэме нялёгка, яна не ведае літасці. “Не па закону!” – крычыць Гарошка, калі ад яго патрабуюць больш, чым ён можа даць. Але крыку таго ніхто не чуе. І не пачуе. Ёсць у п’есе і гогалеўскі Сабакевіч – дырэктар спіртзавода Печкуроў – карыслівы, буйны драпежнік, з размахам, які ўсё на свеце на спірт мерае (“склеп – дзве бутэлькі, плот – тры бутэлькі”).

Станоўчыя вобразы ў п’есе таксама ёсць. Іх нямала. Усе яны супрацьстаяць злу, прыпіскам, падману. Гэта і перадавая калгасніца Ганна Чыхнюк, брыгадзір, пракурор Курбатаў, карэспандэнтка газеты Вольга Гардзіюк, настаўніца Наташа Гарошка. Асалоду ад працы атрымлівалі хіба што звычайныя вясковыя працаўнікі, якія, аднак, жылі несамавіта, няўтульна ў агульнай атмасферы хлусні і падману. Тады і прыходзяць у галовы начальству “геніяльныя” думкі – адрапартаваць, дагадзіць, падмазаць высокіх чыноўнікаў, каб затым і самім ускараскацца на вяршыні ўлады.

У п’есе змагаюцца “дзве сілы”, – падман і праўда. Аднак мастак не малюе жыццё толькі белымі і чорнымі фарбамі, а тонка і праўдзіва паказвае яго стракатасць, раскрывае глыбіню жыццёвых праблем, тое зло, што нараджала адміністрацыйна-камандная сістэма. Пісьменнік выкрывае ўнутраную прагніласць, заганнасць усёй сістэмы, цяжкую і невылечную хваробу арганізма, якую не вылечыш толькі адміністрацыйным умяшаннем, адной хірургічнай аперацыяй.

Твор стаў беларускай класікай. П’еса “Выбачайце, калі ласка” мела выключны поспех, яе паказвалі на партыйна-гаспадарчых актывах, на сходах працаўнікоў у гарадах і вёсках.

У выкананні таленавітых акцёраў Беларускага дзяржаўнага тэатра імя Я. Купалы У. Дзядзюшкі, Б. Уладамірскага, Г. Глебава, Л. Ржэцкай, В. Пола, Л. Рахленкі п’еса доўгі час не сыходзіла са сцэны. Хоць і насіла яна, несумненна, у многім кан’юнктурны, агітацыйна-прапагандысцкі характар, павінна была выкрываць асобныя адмоўныя з’явы ў грамадстве – падхалімства, махлярства, што перашкаджалі сумленна весці гаспадарку на зямлі. Але нават пры гэтым п’еса біла, як кажуць, не ў брыво, а ў вока.

Выразную ідэалагічную скіраванасць мелі многія творы аўтара. Але ў іх прыцягваюць перш за ўсё канкрэтыка падзей, жывыя рэаліі часу.

П’еса “Каб людзі не журыліся” (1959) – пра развалены дашчэнту калгас, дзе ўжо і людзі не хочуць працаваць, туляюцца, а старшыня – п’яніца і злодзей. Бярэ, адкуль можна ўзяць, – ад людзей, ад дзяржавы, дае хабар раённаму начальству, якое яго падтрымлівае. Такое становішча было тыповым для пасляваеннай вёскі.

У свой час вялікі поспех выпаў на долю п’есы А. Макаёнка “Лявоніха на арбіце” (1961). Крытыкі яе лаялі, але гледачы прымалі п’есу прыязна. Сапраўднымі непрыступнымі “бастыёнамі” сталі прыватныя гаспадаркі на шляху тых, хто хацеў бы як найхутчэй уступіць у “зямны рай камунізму”. Дом у дбайнага гаспадара – цацачка, райскі куточак, не кулацкая крэпасць, а звычайная сялянская хата. Такая гаспадарка ў Лявона Чмыха.

У п’есе мяккі лірычны гумар сплаўляецца з едкай іроніяй, якая мяжуе з сарказмам. Выразна адчуваецца сатырычны струмень. Жонка Лявона “выходзіць” на “арбіту” перадавога грамадскага жыцця.

Пасля з’яўлення п’есы “Лявоніха на арбіце” амаль дзесяцігоддзе ніводнага твора не з’явілася з-пад пяра драматурга. Што гэта было? Творчы крызіс? Роздум над часам і сабой, сваім месцам у літаратуры? Ці ўжо вычарпаны былі да донца прывычныя тэмы, канфлікты? Мажліва, што новы час павінен быў нарадзіць новыя падыходы да жыцця. Але няма сумнення, што гэта быў час настойлівых пошукаў адказу на пякучыя пытанні, спроба разабрацца ў тым, што робіцца наўкол і куды ідзе грамадства, як дабіцца паляпшэння становішча чалавека ў свеце, гаспадара, работніка на зямлі, чалавека ў сям’і. Трывога і роздум над будучым дадуць у далейшым свае вынікі ў мастацкай практыцы. Так заканчваўся ранні этап творчасці камедыёграфа.

Драматург даваў выхад свайму абурэнню праз гумар, насмешку, заклікаючы да глыбокага роздуму над часам і сабой. І той, хто ўмеў бачыць і чытаць, той гэта разумеў, адчуваў недагаворанае, пранікаў у падтэкст твораў. Ці не таму так нялёгка даводзілася аўтару літаральна “прабіваць” пастаноўкі сваіх п’ес.

Сатырычны смех – смех сур’ёзны, глыбокі, праніклівы. А. Макаёнак у сваіх п’есах даваў мажлівасць зразумець тое, што ёсць, што адбывалася наўкола, паказваў перспектыву, вызваляючы людское светаўспрыманне ад хлуслівых, аджытых аўтарытэтаў. Гэта быў смех ачышчальны і выкрывальны. Мастак слова быў разам са сваім народам, падзяляў і ягоныя памылкі, і ягонае прасвятленне, уменне бачыць навылёт усё, што адбываецца навокал. Творы А. Макаёнка з іх роздумам над недахопамі ў грамадстве не толькі высмейвалі, але і ўзмацнялі стваральны дух у грамадстве. Выяўленне камічнага суседнічала ў многіх п’есах з выяўленнем трагічнага, тупіковага.

Такімі творамі сталі п’есы “Зацюканы апостал” (1969) і “Трыбунал” (1970), якія давалі права крытыцы гаварыць пра “новага Макаёнка”, адзначаючы яго ўменне здзіўляць і рабіць агульначалавечыя ідэйна-мастацкія абагульненні.

У п’есе “Зацюканы апостал” – перад намі не проста вучань. Ён – вундэркінд! Пра ўсё ён хоча ведаць, да ўсяго дакапацца, аб усім мяркуе самастойна, незалежна. Ён рана засвоіў няхітрыя жыццёвыя ісціны, накшталт: “У чалавечых джунглях выжывае мацнейшы, сіла, брат, ёсць сіла”, “Самы вялікі абман – абман маленькага чалавека”. Дзіця патрабуе праўды. Але гэты вундэркінд – асаблівы, бо ён – палітык. “Пакуль, па маладосці, нявопытны: што думае, тое і кажа”. Дзед, паслухаўшы ўнука, не разумее – камуніст гэта ці анархіст. Маці пераканана, што ён – ні тое, ні другое. Звычайны хуліган. Але паводзіны сына – не хуліганскія. Яны выяўляюць толькі прэтэнзіі героя на сваю неардынарнасць, на выключнасць. У доме, дзе жыве Малыш, няма парадку? А ў свеце? Усё прагніло, трымаецца на падмане. Хто ж уносіць неспакой? Малыш? А мо яму самому нялёгка жывецца ў такім свеце, і ён пачынае паступаць у адпаведнасці з тымі законамі, па якіх жывуць дарослыя людзі? Малыш слухае тэлекаментатара, шпіёніць за бацькамі. Мілы чалавек, герой часу, Хлестакоў сучаснасці. Дзіця чалавецтва, святы і нягоднік адначасна. Праўдалюбца і кар’ерыст. Зрабілі яго такім хітрым і вынаходлівым найперш абставіны, умовы жыцця, калі трэба імкнуцца наверх любымі сродкамі, умець пераканаць іншых, каб узвысіцца і стаць такім, якім яшчэ ніхто не быў. Мноства цікавых і разнастайных праблем узнімае твор: праблемы ўзвышэння над людзьмі, праўды і хлусні, падману, дасягнення мэты любымі сродкамі, умення падладжвацца і выжыць у бязлітасных умовах чалавечых джунгляў. Хлапчук пераконваецца, што тайна ўлады над людзьмі – тайна інфармацыі. Хто валодае інфармацыяй, той валодае вялікай сілай уздзеяння на іншых. “Дзіця ў палітыцы” – гэта вельмі небяспечна, нібы папярэджвае пісьменнік. Але развагі аб палітыцы ў галоўнага персанажа далёка не наіўныя: “Пачаўшы вайну, трэба ўмець пераканаць людзей, што яна вядзецца ў інтарэсах міру, што гарады бамбяць дзеля іх абароны. Для тых, хто верыць, я павінен быць апосталам, а атэісты няхай бачаць ва мне багахульніка. Я павінен умець пераканаць людзей зрабіць тое, што мне неабходна, але каб ім здавалася, што яны ажыццяўляюць свае пажаданні, а я толькі разумею іх патрэбы. Я павінен быць гатовым бязлітасна, не раздумваючы, прыбіраць з дарогі сваіх супернікаў”. Усё сплялося ў характары і светапоглядзе гэтага падлетка. Гэта “не дзіця, а камок аголеных нерваў”. Сын зразумеў абсурднасць і хісткасць зацягнутага балотнай цвіллю застойнага існавання бацькоў. Ён хоча спасцігнуць сэнс жыцця. Неаднойчы чуе ён галоўныя жыццёвыя пастулаты: “Калі Бог не дае, трэба ўзяць самому”. Малыш хоча вырасці прэзідэнтам. “Дабрацца б мне да ўлады”, – усклікае юнак-палітык. Ён пачынае разумець механізм улады, механізм адурманьвання і кіравання людзьмі. Так фарміруецца дыктатар. А можа гэта пакутнік, новаяўлены Iсус Хрыстос на грэшнай зямлі? Ён увабраў у сябе ўсе беды і трывогі планеты. У паводзінах і характары маладога героя ўвасоблена ўся глыбіня трагедыі чалавечага лёсу ў гэтым свеце. Трагедыя чалавека, які расце, развіваецца, пачынае адкрываць свет для сябе і сябе ў гэтым жорсткім свеце. Расце Малыш, ды не можа вырасці. Падымаецца, ды не можа падняцца. Ёсць сэнс пайсці на эшафот за вялікія ідэі пераўтварэння свету. Малыш гатовы пайсці на выпрабаванні. Але стыхійны бунт адзіночкі ў свеце хлусні і падману завяршаецца трагічна. Пад націскам сваіх жа блізкіх – Таты, Мамы, Дзеда – ён кідаецца з акна трэцяга паверха і ў выніку траўмы становіцца мірным, ціхмяным і паслухмяным. Становіцца такім, як усе навокал. Адным з многіх. Сястра Малыша падхоплівае і прадаўжае эстафету пратэсту супраць несправядлівасці, супраць маны, дэмагогіі, бяспраўя. Ну, а што Малыш? Ён жа хацеў стаць прэзідэнтам? “Во, цяпер ён, напэўна, стане, толькі такія і становяцца…”, – падбадзёрвае Дзед. Шансы стаць прэзідэнтам узраслі, магчымасці стаць такім, якім яшчэ ніхто дагэтуль не быў, – стаць выключнай асобай – у яго звяліся да нуля. Кім ці якім ён вырасце – “зацюканы апостал”? Якім будзе?


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 | Следующая
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Это произведение, предположительно, находится в статусе 'public domain'. Если это не так и размещение материала нарушает чьи-либо права, то сообщите нам об этом.


Популярные книги за неделю


Рекомендации