Текст книги "Беларуская лiтаратура"
Автор книги: Уладзімір Навумовiч
Жанр: Языкознание, Наука и Образование
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 11 (всего у книги 34 страниц)
Яркі і пераканаўчы вобраз Зоські, тонкай, чуллівай, прыгожай натуры. У рысах характару дзяўчыны ў многім увасоблены тыповыя рысы беларускага нацыянальнага характару. Зоська марыць аб шчасці, аб тым часе, калі сустрэнецца ёй незвычайны чалавек – “павадыр” – і павядзе яе і ўвесь народ “па млечнай пуціне, з зоркі на зорку пераскокваючы”. А там – “палац”, “увесь зіхаціць, як бы з самога сонца быў зроблены”. У марах Зоські ўвасабляецца мара ўсёй Беларусі пра заўтрашні, новы дзень. Але рэальнасць аказваецца зусім іншай. Зося кахае, але паніч насмяяўся з яе пачуццяў: “пакінуў” “ненаглядную”, “адрокся свае русалачкі з васільковымі вачыма”. Каханне – неабдымнае пачуццё, усёпаглынальнае, бяздоннае. “Але я сама к яму пайду, – звар’яцела паўтарае дзяўчына, седзячы на папялішчы. – Праз быстрыя рэчкі, праз шчырыя бары, праз сухія пяскі паплыву к яму, як месяц на небе плыве!”
Таленавіты сын Данілка – малады пясняр-творца. “Што стане іграць, змайстраваўшы скрыпку, Данілка?” (А. Лойка). Якой будзе песня і як складзецца далейшы лёс гэтага самабытнага таленту ў асяроддзі простых людзей, бо “беларусы ж нікога не маюць”, адзінкі іх, выразнікаў душы народа. “Мусіць, добра жыць на гэтым свеце вялікім?” – так уступае ў гаворку падлетак Данілка.
На разбуранае гняздо прыходзяць двое зусім “новых” людзей – Старац і Незнаёмы. Старац увасабляе людскую мудрасць і бываласць, жыццёвую практыку. Ён чуйны да змен на свеце, гатовы прыстасавацца да абставін жыцця і заклікае да вышэйшай мудрасці людзей на зямлі – цаніць жыццё, думаць, самім вырашаць, дбаць пра будучы дзень, верыць у нябесныя сілы. Старац і павёў сям’ю Зяблікаў, пакуль яшчэ без Сымона і Зоські, старых і малых у жабрачы шлях – вандроўны шлях да лепшай долі і волі. “Старац ідзе наперад, за ім Марыля з дзецьмі па баках, а за Марыляй – Данілка. Усе пяюць “Лазара”, Данілка іграе…” Незнаёмы – рупар рэвалюцыйных ідэй, якія яшчэ слаба ўспрымаюцца сялянствам. “Годзе нацягаліся твае дзяды і прадзеды ношкі непасільнай, – звяртаецца палымяны рэвалюцыянер да сялянскага хлопца Сымона. – Выбіла гадзіна…” У закліках Незнаёмага шмат патэтыкі. Высокія ідэі яшчэ не ўсвядомлены сялянствам. “Кончылася начаванне”, “Ты мусіш, як арол магучы, распусціць сваё крылле і ляцець…” – кажа Незнаёмы Сымону.
Мы бачым, што вобраз разбуранага гнязда ў п’есе Купалы набывае сімвалічны сэнс, спустошанае котлішча разглядаецца не толькі як арэна сутыкнення розных поглядаў на жыццё, але і як пляцоўка, расчышчаная для будаўніцтва новага жыцця, адкуль пачнецца шлях беларускага народа і Беларусі ў будучыню.
П’еса “Паўлінка” – адзін з самых яркіх твораў Я. Купалы. Яе змест намнога больш складаны, чым гэта можа падацца на першы погляд. Не тое, што дзяўчына стаіць перад выбарам: за каго пайсці замуж – за пыхлівага пана Адольфа Быкоўскага ці за настаўніка Якіма Сароку, які ўвесь адданы новым ідэям часу. Тут выбар шляху Маладой Беларусі. Праз змову, забарону, недавер, неспакой, праз выпрабаванні – да зорак. Смешнай, дасціпнай, гарэзлівай атрымалася п’еса. Але змест яе – не павярхоўна-камедыйны, ён глыбейшы, паўнейшы, бо гэта твор не толькі пра адзін вечар у хаце Сцяпана Крыніцкага, дзе ёсць усё – песні і жарты, скокі і пацвельванне, смех і іронія, здзекі і кпіны, дзе пачынаецца застолле, дзе кожны характар – навідавоку: прастадушная Альжбета, хітры Пранцысь Пустарэвіч, гарэзлівая і непаседлівая Паўлінка, набычаны пан, вясёлыя госці. Гэта твор пра стыхію жывога народнага жыцця, глыбіню нацыянальнай самасвядомасці, п’еса пра лёс беларусаў і Беларусі, пра іх характар, менталітэт, уменне весці гаспадарку і сустракаць гасцей, весяліцца і маркоціцца, пра дасціпнасць народа і багацце яго ўнутранага свету. Вобраз Паўлінкі – вобраз тыповай беларусачкі, якая вылучаецца паставай, хадой, паводзінамі, абліччам, хараством душы, душэўным багаццем, розумам, надзелена ад прыроды невычэрпным талентам.
П’еса багатая выяўленчымі сродкамі, тут шмат падзей, трапныя дыялогі, тут сплаўлены ў адно “паслякірмашовае дзеянне” сатыра, гумар, шарж, буфанада, гратэск, песні, танцы, музыка. А над усім лунае дух жывой і гаманкой, каларытнай і непаўторнай, філасофска-задуменнай і смяшліва-гнеўнай, гарэзлівай галоўнай гераіні п’есы – Паўлінкі. У гэтым вобразе, думаецца, увасобіліся многія лепшыя рысы Маладой Беларусі, перад якой ляжаць нязведаныя шляхі і няпэўнасць лёсу, а выбіраць іх – ёй самой і нікому больш, нікому на свеце.
Як мы маглі пераканацца з аналізу твораў, адной з магістральных тэм у творчасці Янкі Купалы стала тэма Бацькаўшчыны, вялікага паходу за яе аднаўленне і адраджэнне, нацыянальнае і сацыяльнае абуджэнне, адчуванне сябе нацыяй, з’яднанне ў адзін гурт і ўсведамленне сябе “сакалінай сям’ёю”, якая паднімаецца “над крыжамі бацькоў, над нягодамі”, тэма вольнай і свабоднай Беларусі, роўнай сярод роўных, якая займае свой “пачэсны пасад між народамі”. Адстойваючы законнае права “людзьмі звацца” для працоўнага люду, Купала ішоў да раскрыцця гістарычнага шляху роднага краю, паказу Маладой Беларусі ў вобразе нявесты, што сядзіць ва ўласнай хаце “сама сабе гаспадыня” (паэма “Безназоўнае”).
Да месца будзе заўважыць, што ў свой час Я. Купалу папракалі, быццам заўсёды ў сваёй творчасці ён зыходзіў толькі з інтарэсаў простага селяніна, цёмнага, забітага, які стаяў у баку ад палітыкі, не праяўляў ніякай грамадскай актыўнасці. Але справядлівей будзе сказаць, што Купала знаходзіўся на агульнадэмакратычных пазіцыях, кіруючыся агульначалавечымі прынцыпамі дабра, праўды і справядлівасці. Абвешчаныя бальшавікамі лозунгі “Свабода”, “Роўнасць”, “Братэрства” для яго яшчэ не мелі канкрэтнага напаўнення, ён не бачыў іх у дзеянні. Не знаходзіў ён адказу і на вострыя пытанні гісторыі. Як вядома, Я. Купала ў гэты час быў занепакоены лёсам Бацькаўшчыны, не ведаючы яшчэ, што станецца з яго роднай Беларуссю, якая перажывала адну навалу чужынцаў за другой, якую раздзіралі на часткі. Паэт адчуваў сябе нібы на раздарожжы, яму цяжка было арыентавацца ў віхурным карагодзе бурлівых падзей, ён увесь час шукаў выйсця з таго тупіка, які яму часамі бачыўся наперадзе. Вось ён, прарочы дара паэта! Вершы таго часу перадаюць драматызм рэчаіснасці і складанасць творчых пошукаў. Гэта найперш верш “Паязджане” (1918). Менавіта “паязджанамі” – ахвярамі сацыяльных перамен, людзьмі, зрушанымі з месца імперыялістычнай вайной, рэвалюцыяй, бежанцамі ўяўляюцца паэту людзі яго краю, якія не могуць свайго лёсу “ні знаць, ні ведаць і ўсё едуць, едуць”. У дарэвалюцыйным гімне “А хто там ідзе?” беларусы адпраўляліся ў “свет цэлы”, каб заявіць аб сабе і сваім існаванні. А тут свет нібы зрушыўся з месца, закружыўся ў шалёнай віхуры, “папаўзуха-завіруха” захліпаецца “сцюжным пухам”, “сцюжнай марай”. Ды штосьці не грэюць сэрца і душу гэтыя “сцюжныя мары”. Ды штосьці не рвуцца людзі хутчэй рынуцца ў “сцюжны пух” завеі. Як ім адшукаць адну-адзіную дарогу? Як ім, беларусам-паязджанам, вярнуцца ў пакінутыя гняздоўі?
Гэта быў першы верш, які напісаў Я. Купала пасля больш чым трох гадоў маўчання. У творы адбіліся трывожныя абставіны часу і адпаведны стан душы паэта. У беларускай міфалогіі паязджане – гэта вясельная дружына, якая выпраўляецца ў дарогу па маладую або едзе з царквы пасля заключэння шлюбу, ды ніяк не можа патрапіць на месца, блудзіць і гойсае па палях.
Як у моры, ў белым снегу,
Без днявання, без начлегу,
Ў бездарожжа, ў беспрыстанне
Едуць, едуць паязджане.
Наперадзе чакае іх “музыка-дудаграй”, мроіцца “пшанічны каравай”. Вясельны матыў, прыманне шлюбу, як бачым, прысутнічае і ў гэтым творы, як і ў многіх, дзе закранаецца будучы лёс роднай паэту Беларусі (“Паўлінка”, “Безназоўнае”).
У вершы “Паязджане” паэт паказвае няпэўнасць далейшага лёсу роднай старонкі, якая і без таго знаходзіцца на сямі вятрах, на раздарожжы, ляжыць на вялікім шляху, на шырокіх прасторах паміж Захадам і Усходам. Паэт выяўляе заклапочанасць далейшым лёсам Бацькаўшчыны, бо не ведае, што чакае яго родную старонку і яе насельнікаў. Але ў дынаміцы руху, у актыўнасці бачыць паэт выхад, мажлівасць выбрацца на біты шлях, да пэўнасці, да святла. Нібы магічнае заклінанне гучыць гэты верш. Здвоеныя назоўнікі і дзеясловы, градацыя рытму, гукапіс бяруць у сваю абладу, палоняць чытача. Снежная стыхія бачыцца паэту з вехай у руцэ. Мажліва, гэта – будучыня. Галоўнае ў гэтым бездарожным кружэнні – адшукаць сваю дарогу, каб не пасмяяліся потым, трапіць у родную ўтульную хату, адкуль выбраліся ў вялікі свет.
Верш “Званы” напісаны таксама ў 1918 г. і таксама даволі трагедыйны. Званы – сімвалы надзеі, заклікі да змагання, барацьбы, галасы праўды. А тут званы маўчаць, а званар ходзіць і “косці згортвае па свеце”. А калі загудуць медзяныя званы, чуецца толькі стогн, жах “хаўтурны гэты звон”. Маўчыць званіца ў вершы. Доўгі час пасля рэвалюцыі маўчала і муза паэта.
А вось ужо ў вершы “Для Бацькаўшчыны” ізноў чуюцца матывы пошукаў шляхоў служэння музы паэта роднаму народу і Бацькаўшчыне. У новых умовах абуджаецца ад сну жалейка паэта, ды толькі выяўляецца занепакоенасць: “Ці хопіць светлых, звонкіх думак-слоў, ці гладка пойдзе песня-дабрадзейка?”
Паэзія Я. Купалы – адзінства аб’ектыўнага і суб’ектыўнага, глыбокае ўсведамленне рэальнасці і жаданне яе асэнсаваць. Рэчаіснасць не заўсёды прыветная. Такі верш “Зваяваным” – твор трагедыйны, але з аптымістычным гучаннем. “Спіце ўсе тыя, што праўды па свеце шукалі”, – са скрухай гаворыць паэт. У творы раскрываюцца пакручастыя і неласкавыя шляхі “пошукаў праўды”, калі “граззю ў вас кідалі”, “вольна дыхнуць не давалі”, з-за чаго “праўдашукальнікі” роднай зямлі “ў дамоўку без часу сышлі”. Купала не быў бы Купалам, калі б песня ягоная не лунала ў паднябессі, не ўзнімалася б над будзённасцю, “горам”, “блудам”, “туманам”, над часам, “запоўненым пахаронным звонам”. “Вы, перамогшы ўсё, узняліся арламі”, – кажа паэт. Выказваючы суб’ектыўнае пачуццё смутку і жалю, аўтар усклікае: “Спіце! Мы вашых навек не забудзем магілаў”. Верш пазбаўлены фантастычнасці, сімволікі, з’яўляецца прачулым зваротам да мужных барацьбітоў за праўду, якія прынялі пакутніцкую смерць, але абудзілі дух нацыі, узнеслі вечны кліч да змагання: “Збуджаны вамі, мы ўваскрэслі, мы больш не заснём!” У сцвярджэнні духоўнай сілы і мужнасці народа заключаны сэнс твора.
Яркі патрыятычны верш Купалы “Маладая Беларусь” (“Вольны вецер напеў вольных песень табе”). Тэма Маладой Беларусі – магістральная ў паэзіі народнага паэта. Усе думы, пачуцці, мары творцы – аб будучым Маладой Беларусі. Як толькі ласкава не называлі маладую краіну: “матка-зямля” (Ф. Багушэвіч), “родненькі край”, “невясёлая старонка” (Я. Лучына). Маладая Беларусь у творчасці Купалы паўстае ў вобразе нявесты, а таксама жняі, працавітай жанчыны арэоле сонечных промняў і ў золаце жыта. Узнёсла і паэтычна апявае Купала Маладую Беларусь у аднайменным вершы, дзе паэтызуецца мінулае, сучаснае і будучае краіны. Паэт замілавана апісвае зямлю ў яснаце сонца і цвіценні прыроды: “З свойскіх кветак – пралесак – карона твая, / Уся сама – ясната лебядзіная. / Зіхаціш і гуслярскаю песняй звініш”. Сучаснасць – таксама зіхоткая, будучыня – не за сямю замкамі, жывы агняцвет, якую песціць “маці-радасць”. Зарукай лепшай долі – сыноўняя любоў і адвага “сакалінай сям’і”, што спазнала вольны палёт у паднябессі. Так Я. Купала становіцца песняром сонечнага шляху маладой краіны. Верш напісаны пасля рэвалюцыі 1905 г. (датуецца 1911–1912 гг.), калі царскі ўрад Расіі, якую называлі “турмой народаў”, даў паслабленне нацыянальным ускраінам, дазволіў выпускаць газеты і часопісы на роднай мове пасля таго, як рабочы люд пад уплывам рэвалюцыйных падзей выйшаў на вуліцы і ўзяўся за каменне з брукаванкі (зброя пралетарыята), здабыў дэмакратычныя свабоды.
Падымайся з нізін, сакаліна сям’я,
Над крыжамі бацькоў, над нягодамі;
Занімай, Беларусь маладая мая,
Свой пачэсны пасад між народамі!..
Доўгачаканая мара паэта – “пачэсны пасад між народамі” роднай Беларусі. Словы сталі крылатымі. Верш напоўнены верай у шчаслівую будучыню маладой краіны.
Асноўныя вобразы лірыкі Я. Купалы – вобраз селяніна-беларуса, мужыка, народа, Маладой Беларусі. Галоўныя матывы – вернасць краю, адметнасць ролі паэта і паэзіі ў змаганні за свабоду і праўду, услаўленне прыроды і чалавека. Аўтар сцвярджае высокае прызначэнне селяніна і творцы ў жыцці народа на дарагой сэрцу зямлі.
Вострыя і надзённыя праблемы ўздымаюцца ў творах “Песня мая”, “Прарок”, “З кутка жаданняў”, “Мая малітва”, “Лета”, “Як я полем іду…”, “Як у лесе зацвіталі…”, “Роднае слова”. Жыццё, паводле Купалы, – адвечнае змаганне цёмных і светлых сіл, дабра і зла. Таму часта гучаць у паэта звароты да сонца, зорак, ветру, агню, жывой вадзіцы. “Вечнабыт” у Купалы – гатоўнасць маліцца Праўдзе, Дабру, Справядлівасці, Славе, як у вершы “Мая малітва”. У вершы “З кутка жаданняў” паэт выказвае запаветнае:
Песню стварыць ясну, як неба,
У кожнай з ёй хаце быць мілым гасцём —
Гэтакіх толькі скарбаў мне трэба,
Гэткім я толькі жыву пачуццём.
Я. Купала маляўніча, прачулымі словамі гаворыць пра роднае поле, луг, лес у вершы “Як я полем іду…”. Народнае выслоўе сцвярджае, што не той араты, хто арэ, а той, хто любуецца ўзаранай раллёю. Так і паэт высноўвае думку і карункамі слоў апісвае гутарку з жытнёвымі каласамі, з “святой дубоў грамадою”, з траўкай, якая “сцелецца пад нагамі”. Эфектна, спакойна і роўна выказвае паэт патрыятычныя пачуцці ў вершы “Я ад Вас далёка…”. Твор напісаны ў 1910 г. у Пецярбургу. “Я ад Вас далёка, бацькоўскія гоні…”, – тужліва скардзіцца паэт і перадае шчырыя, пранікнёныя свае перажыванні ад ростані. Разам з тым ён выказвае глыбокія думкі аб адметнасці і непаўторнасці роднага краю, калі прыгадвае гоман Белавежскай пушчы, душэўнасць і меладычнасць народных песень. Сэрцам і думкамі паэт там, “дзе ляжаць загоны Беларусі роднай”. Вершы “Песня мая”, “Я не для вас…”, “Я не паэта”, “Да песень” перадаюць творчае крэда паэта, раскрываюць яго погляд на паэта і паэзію. Песню сваю паэт уяўляе, як і родную Беларусь, вольнай, як крыніца, яснай, як сонца, прасторнай, як бязмежжа. Песня павінна абуджаць думы і ўлагоджваць пачуцці людскія, клікаць на змаганне. Таму Купала як паэт з народа хацеў бы ўбачыць “Усю Беларусь – неаб’ятну, як мора, / Убачыць у ясным, як сонца, святле”. Паэт гаворыць аб сіле песні, якая выяўляе народны дух, стваральны пачатак. Такі верш “Роднае слова” (“Магутнае слова, ты роднае слова!”). Паэт па-мастацку асэнсоўвае вялікую ролю і значэнне роднай мовы ў нацыянальна-культурным адраджэнні беларускага народа.
Верш Я. Купалы “Прарок” стаіць у шэрагу праграмных твораў, якія ёсць у культурнай спадчыне геніяў розных народаў. Я. Купала раскрывае магістральныя тэмы – разняволенага духу народа, ролі творцы-сейбіта, сілы мастацкага прарочага слова, умення павесці за сабой, убачыць будучыню і прадугадаць шляхі да шчасця. У Купалы прарок – змагар, нястомны аратай, настаўнік, сейбіт непакоры, самаадданы мудрэц, які імкнецца абудзіць дух народа. Прарок нясе “ідэю свабоды ўсім народам і ўсім прыгнечаным” (У. Конан). Гэты верш – інтэрпрэтацыя біблейскага міфа, вольнае тлумачэнне ролі слова і дзеяння па-сапраўднаму заклікальнага, прадбачлівага, апантанага і бескарыслівага. Няма прарокаў у сваёй Айчыне. Я. Купала з глыбока схаванай іроніяй гаворыць у вершы, што часам усе намаганні людзей прарочых, адданых шчыраму служэнню свайму народу натыкаюцца на неразуменне, нежаданне што-небудзь змяніць альбо проста на меркантыльнасць падыходу: “Па колькі ж нам дасі чырвонцаў, / Калі мы пойдзем за табой?” Купалу, несумненна, цікавіць з’яўленне на родных гонях змагара за народнае шчасце. Нездарма вобразы духоўных правадыроў сялянскага люду так часта сустракаюцца ў шматлікіх творах паэта: фігуры гусляра, званара, дудара, паэта, сейбіта, прарока. У вершы Купала раскрывае прыгнечанасць народнага духу, трагедыю народа, які жыве без мовы, свабоды, у нявольніцкіх ланцугах. Прарок у творы заклікае: “Паўстаньце, рабскія натуры, / Пакіньце свой адвечны сон”. Паэт вуснамі свайго героя пытаецца: “Дзе вашы песні жыватворны?”, “Дзе ў вас прарокі й дудары?” Аўтар паказвае шляхі да вызвалення, малюе карціны лепшай долі. Нібыта пра біблейскага прарока гаворыць паэт, але словы прарочыя звернуты да простага народа: “Скідайце ёрмы, клічце сход”. Матыў усеагульнага сходу – яскравы для творчасці Купалы. “І дайце знаць другім народам, / Які вы сільны йшчэ народ!” Паэт з народа, Купала заклікае сялянства: “За мной, за мной, забраны людзе!” Паэт – пасланец “добрай долі”, ён упэўнены ў перамозе: “Знаю, што было, што будзе, / І вас у крыўды не аддам”.
Варта пераадолець інертнасць, своекарыслівасць, гандлярскія адносіны да жыцця, таму паэт іранізуе, сваволіць, блюзнерыць. Галоўнае – Купала верыць у жыватворны дух народа.
Яркая паэтычная замалёўка – пейзажны верш “Лета”. Для яго характэрны роўны тон, спакой і лагоднасць, як у прыродзе, так і ў душы самога паэта. Але разам з тым Я. Купала радуецца ўзрушэнню ў прыродзе і ў народзе, што нараджае ўпэўненасць у лепшай долі людзей працы. Твор выяўляе захапленне сілай народнага духу, раскрывае веру ў новую, лепшую будучыню беларускага народа, у непакой і гарачлівасць натуры простых сялян-працаўнікоў. Верш “Эх ты, лета гарачае, бурнае!”, напісаны ў 1907 г., раскрывае надзею на тое, што сілы прыродныя дадуць штуршок абуджэнню народнага духу, умацуюць веру ў тое, што народ, які мае мажлівасць любавацца і песціць свой слых і зрок, таксама здолее зрабіць штодзённасць ярчэйшай, прыгажэйшай, паўнавартаснай. Купала ўсклікае:
Дай жа, лета, мне веру магучую,
Што калісь сваю долю знайду,
Дай мне песні пець сілу жывучую,
Дай працівіцца крыўдзе і злу!
Яшчэ адзін твор пра мары і жаданні паэта – верш “З кутка жаданняў”. “Куток жаданняў” – умяшчальнае сэрца творцы. Верш упершыню быў змешчаны ў газеце “Наша ніва” ў 1913 г., а затым перадрукаваны ў зборніку “Шляхам жыцця” ў раздзеле “Бацькаўшчына”. Пра што марыць паэт? Як умее ён пранікнуць у “жывую душу народа”, што хвалюе яго? Я. Купала ў гэтым вершы пераходзіць ад абстрактнай рамантыкі, рамантыкі містычнай да сімволікі і рамантыкі сацыяльна значнай, грамадзянскай, ад эмацыянальных уражанняў да пафасна-патрыятычных заяў. “За лепшую долю роднага краю” паэт гатоў ахвяраваць сабой, дзеля чаго і хацеў бы “песню стварыць ясну, як неба”. Самае запаветнае, надзённае, таемнае ў песняра – адчуць і зразумець свой народ, навучыцца жыць з ім адным жыццём. “З кутка жаданняў” – верш лірыка-драматычнага характару. У ім вялікае значэнне маюць рамантычна намаляваныя пейзажныя гарызонты, напоўненыя шматзначнасцю і частай зменай фарбаў і гукаў. Верш не гучыць трагедыйна, хоць аўтар і гаворыць аб тым, якой бы ён “смерці жадаў”, чым бы хацеў застацца ў памяці людской. Патэтычна, з пранікнёным пафасам высокай ідэі, сэнсу жыцця паэт, які выйшаў з народа і працаваў для народа, пераканана сцвярджае:
З цэлым народам гутарку весці,
Сэрца мільёнаў падслухаць біцця —
Гэткай шукаю цэлы век чэсці,
Гэта адно мне падпорай жыцця.
“Весці гутарку”, адкрытую і праўдзівую, “з цэлым народам”, умець “падслухаць біццё” сэрцаў многіх і многіх, усіх і кожнага – “сэрца мільёнаў” – альфа і амега паэтычнай творчасці народнага паэта.
Матывы Бацькаўшчыны, спадчыннасці – духоўнай і матэрыяльнай – усёй роднай стараны для новых пакаленняў – самыя галоўныя, вызначальныя ў Я. Купалы. Жаданне асэнсаваць той найбагацейшы прадметны і маральны набытак, які застаўся нам, нашаму народу “спакон вякоў”, яшчэ “ад прадзедаў”, гучыць у вершы “Спадчына” (1919).
Бацькаўшчына для паэта – не абстрактнае паняцце. Гэта і “лесу шэлест верасны”, і “вясеннія праталіны”, і ў “полі дуб абпалены”. Аб самым блізкім, родным і дарагім – аб Радзіме – напамінаюць паэту “стары амшалы тын”, што “покатам” ляжыць ля вёсак, клёкат буслоў на ліпе, “нуднае ягнят бляянне-зоў на пасьбішчы”, рамантычна-злавесны крык варання над вясковымі могілкамі. Бацькаўшчына жыве штодня ў сэрцы героя, ён не можа наглядзецца на яе, налюбавацца, сцеражэ яе як найбагацейшы скарб, каб не знікла, каб не расцягнулі, не запаланілі, каб яе не страціць. Герой гатовы “і ў белы дзень, і ў чорну ноч” рабіць “агледзіны”. Адчуванне Радзімы месціцца ў “жывой душы, як вечны светач-полымя”, і, як тая чарадзейная паходня, вобраз мілай роднай старонкі свеціць паэту “сярод цемры і глушы”, з ёй звязваюцца ўсе думы, мары, спадзяванні паэта, аб ёй сніць ён “сны нязводныя”. Паэт гаворыць: “мая” спадчына, падкрэсліваючы тым самым, што ў кожнага чалавека ў душы сваё ўяўленне аб родным краі, родным гняздоўі і роднай зямлі, што ён не прэтэндуе на адзінае і ўніфікаванае акрэсленне прыкмет роднай зямлі. Няхай кожны ўспомніць свой куточак, прыгадае любыя і дарагія з дзяцінства мясціны. У канцы твора паэт аспрэчвае шматлікіх апанентаў, якія не маглі глянуць цэласна на родны край, на сваю старонку, не бачылі ў ёй таго высокага духоўнага багацця, якое не заўсёды ўражвае кідкай прыгажосцю, але якое навечна пасялілася ў сэрцы і таму яно – найпрыгажэйшае і найдаражэйшае. Хараство роднага краю цешыць сэрца паэта. За знешне не зусім прывабнымі і не такімі ўжо яркімі дэталямі вяскова-сялянскага побыту перад паэтам паўстае непаўторнае аблічча любай і дарагой сэрцу роднай старонкі, якая “ласкай матчынай” саграе душу і сэрца паэта, ратуе ад згубы паміж “сваіх і чужакоў”. Як самы дарагі талісман беражэ ён у душы ўспамін пра скарбы, што засталіся ад мінулых пакаленняў. Верш напісаны пасля адыходу чужынцаў, кайзераўскіх войск, калі на змену ім на беларускія землі прыходзілі, каб заняць іх, палякі. Гэты твор даў назву зборніку вершаў. Паэт балюча адчуваў трагедыю Бацькаўшчыны, таму верш “Спадчына” гучыць тужліва-задуменна, мінорна, з глыбока прыхаванай скрухай ад патаемнай думкі: каму ж можа да стацца ўся гэтая цудоўная спадчына, непаўторная краса. Адначасна адчуваецца любоў і замілаванне, разуменне таго, як неабходна цаніць і шанаваць усё тое, што завецца проста і ясна – старонкай роднаю, што дорага кожнаму і за чым стаіць высокае разуменне вечнасці краю і спадчыны, якая перадаецца з пакалення ў пакаленне. У вершы – адказнасць самога паэта і наступных пакаленняў за лёс Бацькаўшчыны.
Верш “Час!” напісаны раней за “Спадчыну”. Ён падагульняе роздум паэта аб далейшых шляхах беларускага народа ў рэвалюцыю і ў новы дзень. Паэт верыць у калектыўны розум народа, хоча пачуць менавіта народную думку, бо народ – самы справядлівы і найстражэйшы суддзя, няхай ён “рассудзіць”, “хай разважа”, “слова цвёрдае хай скажа, скажа сам народ!”. Народ павінен сказаць, які патрэбна заводзіць лад “у родным краю, у роднай хаце”. Ці жыць, як жылі раней, у няволі, ці “разжыцца” новай доляй, узнесціся на новую прыступку, заняць “новы пасад”. Бо хапіла беднаму гарапашнаму люду за доўгі час у пошуках лепшай долі, “усё не ўмелі жыць”, і таму цяпер, калі захадзіў “ходырам свет цэлы”, народ не памыліцца ў сваім выбары. У вершы гучаць свабодалюбівыя матывы, заклікі самім пастаяць за сябе, паўстаць, узброіўшыся цапамі і косамі, і пад гудзенне званоў, у змаганні здабыць лепшую долю, пастаяць “за Бацькаўшчыну-маці”. З гэтай мэтай паэт склікае грамаду на “вялікую нараду”, “на вялікі сход”. Калі верш “Спадчына” гучыць як лірычны маналог, лірычны ўспамін, як споведзь душы паэта, бо гэта філасофска-патрыятычны твор, дык верш “Час!” прамоўніцка-заклікальны, публіцыстычна-пафасны, трыбунны. Гэта верш-заклік, верш-зварот да ўсёй грамады, да цэлага народа. Клічная інтанацыя назвы верша надае яму мускулістасць і перадае ўсведамленне паэта, што час роздуму і ідэйных пошукаў прайшоў, народу і самому паэту пара рабіць канчатковы выбар, самім уключацца ў барацьбу за нацыянальнае і сацыяльнае разняволенне роднага краю.
У творы ўпершыню загучаў напамінак аб тым, што на “Усходзе сонца залатое / Роўна ўсім свеціць”. Паэт яшчэ не ўпэўнены, што будзе менавіта так – што сонца з Усходу ўстане, але ён з надзеяй успрымае тое, што займаецца новы дзень. Нібы руплівы і дбайны гаспадар, паэт хоча паклікаць усіх у сваю хату і параіцца, як жыць далей, выказваючы думку, што пара ўжо самім вырашаць свой лёс. “Ідзі, народ, на сход!” – звяртаецца паэт да народа, заклікаючы да кансалідацыі магутныя стваральныя сілы народных мас, што драмалі і блукалі дасюль у цемры. “Час!” – верш, які звернуты да ўсяго беларускага народа і да кожнага чалавека.
Думкі пра Бацькаўшчыну міжволі зноў і зноў вяртаюць паэта да спасціжэння глыбінь нацыянальнай спадчыны, да разумення сваіх каранёў, усведамлення сваёй асабістай далучанасці да лёсу Радзімы, да нашых вытокаў.
Блізкім па сваім духу да верша “Спадчына” з’яўляецца верш “Мая навука” (1919), у якім Я. Купала таксама спрабуе акінуць позіркам усё, што даў яму родны край, чаму навучыў, якім узгадаваў, што ўвабраў у сябе герой, змалку жывучы на гэтай горкай і панылай, але і прыгожа-песеннай зямлі з “бурлівай рэчкай”, “гутарлівым” млыном, з зялёным полем рунеючага збожжа, з “цвітучай у сонечны цвет сенажаццю”. Верш гэты вельмі значны ў творчай спадчыне паэта, бо ў ім аўтар імкнецца вытлумачыць вытокі сваёй песеннай творчасці, яе змест, мелодыку, напоўненасць дыханнем роднай стараны, насычанасць фарбамі і пахамі зямлі, хоча даць нам зразумець, адкуль сіла і моц у створанай песні, што робіць творцу сапраўдным выразнікам народнага духу і што напаўняе яго творы гартам, робіць песню нязломнай, магутнай, “як звон”, “як пярун”. Верш аб прызначэнні паэта і паэзіі, аб сіле і вытоках хараства народнага голасу, выразнікам якога павінен стаць кожны творца. Паэт нібы з гонарам адказвае, што патрэбна мастаку, каб з душы ягонай выліліся творы, вартыя свайго народа, якую навуку трэба прайсці песняру, каб смела ў канцы можна было сказаць: “Цяпер беларускай я песні ўладар”. Быць выразнікам душы народа, уладаром беларускай песні – вялікі гонар для паэта. А дасягнуць гэтага можна толькі спасцігаючы адну няхітрую навуку – жыць адзіным жыццём са сваім народам, разумець і адчуваць прыроду роднай зямлі, пускаць у сэрца ўсе гукі і зыкі яе, напаўняючы імі сваю песню, спакваля спажываючы і ўбіраючы ў сябе той “божы дар”, якім адорвае кожнага родны край. “Настаўнікам быў беларускі абшар”, – пры знаецца творца, зазначаючы, што “мудрасці кніжнай не даў бог пазнаці”. Прырода і праца былі лепшай школай паэта, які, як вядома, скончыў толькі Бяларуцкае двухкласнае вучылішча і больш не меў магчымасці доўга нідзе вучыцца. Гэтым вершам Купала браў на сябе вялікую адказнасць быць выразнікам мар і спадзяванняў беларускага народа. У вершы “Мая навука” гучыць сцвярджэнне непарыўнасці лёсу паэта, які не ведаў іншай навукі, як толькі навука яго народа, і лёсу ягонай зямлі.
Верш “Мая навука” сведчыць, што Купала стаў сапраўдным майстрам паэтычнага слова. Паэт з выключным майстэрствам перадае тое, што яго хвалявала, дае новыя рытмы, уводзіць свежыя фарбы, дабіваецца ў творы гармоніі і суладдзя. Верш гэты надзвычай меладычны, з мноствам інтанацыйных адценняў. Твор эмацыянальны, напісаны задушэўна. Толькі на роднай глебе можа ўзнікнуць сапраўдная паэзія, сцвярджае паэт, родная зямля і духоўныя каштоўнасці народа – асноўная крыніца мастацкай творчасці. Пра гэта не аднойчы напішуць яшчэ беларускія паэты – М. Танк у вершах “Роднае слова” і “Прачытай і перадай другому”, П. Панчанка ў вершы “Творчасць”, П. Броўка ў лірычнай споведзі “Паэзія”.
Ідэя верша “Мая навука” – вернасць паэта свайму народу, паглыбленне сувязей з народным жыццём рэалізавалася і ў вершы “За ўсё…”. У 1925 г. Я. Купалу першаму з беларускіх паэтаў – было нададзена ганаровае званне народнага. Купала ў вершы “За ўсё…” падсумоўвае зробленае ім дагэтуль у паэзіі, яшчэ раз азіраецца на пройдзены шлях, прыгадвае сваю дарэвалюцыйную творчасць, ярка, ёміста і лаканічна вызначае асноўны напрамак сваёй творчасці, бачачы галоўную задачу як мастака слова ў тым, што народ свой “зваў з путаў на свабоду, зваў з цемры да святла”. Але верш “За ўсё…” не такі аптымістычны, як яго могуць часта ўяўляць, тут няма і намёку на шматслоўе, на ўрачыстую пасляюбілейную траскучасць, а ёсць цвярозая ацэнка зробленага, дасягнутага. І невыпадкова ў канцы твора ледзь-ледзь прабіваецца горкая скруха ад усведамлення надыходу новых часоў і новых патрабаванняў да паэта, які павінен быў па рэцэптах літаратурнай крытыкі і ў сувязі з патрабаваннямі грамадскай думкі станавіцца рупарам новых ідэй рэвалюцыйнага абнаўлення свету. “А болей, што там болей жадаць ад песняра”, – з горкай, далёка прыхаванай іроніяй, гледзячы на самога сябе як бы з боку, з усмешкай заўважае паэт, відаць, у глыбіні душы не ва ўсім пагаджаючыся з тым, што тварылася ў свеце, і з тымі патрабаваннямі, якія прад’яўляліся да творцы. Я. Купала ўвесь час нібы стрымлівае сябе, эканомячы выяўленчыя сродкі, выступаючы змястоўна і лаканічна, патрабавальна да сябе, вельмі і вельмі глыбока па самой сутнасці:
За ўсё, што сёння маю,
Што даў мне мой народ:
За кут у родным краю,
За хлеб-соль без клапот, —
Я адплаціў народу,
Чым моц мая магла…
Паэт адплаціў народу сваёй творчасцю.
Верш “На смерць Сцяпана Булата” (1921) – эпітафія, надмагільная песня на смерць вядомага рэвалюцыйнага і партыйнага дзеяча, журналіста Сцяпана Булата. У творы выкарыстаны вобразы, узятыя з быліннага “Слова…”, – буй-ветру, сонца, перуна, буйной славы. Тыя вобразы нібыта ажываюць у новым часе, каб падкрэсліць жыццёвую вартасць здзейсненага людзьмі на зямлі, раскрыць гераічны пачатак подзвігу канкрэтнага чалавека, народжанага новым часам і новымі ідэямі. Таму герой з народа не памёр, паказвае аўтар, а толькі задрамаў, прылёг адпачыць, і яму сняцца слаўныя светлыя сны аб будучыні, за якую ён аддаў сваё жыццё. Верш сплаў жыццёвай канкрэтыкі і рамантычнага арэолу, якім паэт агортвае вобраз героя. Гэта сапраўды рэальны, зямны чалавек, і зямныя прылады працы акружаюць яго. “Як сіроты, забытымі” вісяць у пуні “цэп з касой”, якія б былі больш прыдатны для героя ў тым звычайным зямным жыцці. Але вялікая мара і вялікая ідэя агарнулі чалавека-волата, які сышоўся не на жарт у бойцы з самім сонцам, выношваў думку аб спапяляючым перуне, выхоўваючы новы дух для ўсёй старонкі, каб убачыць “родны край адной Камунай…”. Смерць спыніла намаганні, дзень будзе змяняцца новым днём, жыццё прадаўжаецца і застаецца толькі адно гаркава-даўкае суцяшэнне: “Сні, таварыш, аб Камуне!”
Творам, у якім выявіўся далейшы клопат аб унаследаванні моладдзю духоўных набыткаў народа, з’яўляецца верш “Арлянятам”. Верш напісаны з нагоды ўтварэння літаратурнага аб’яднання паэтаў і празаікаў “Маладняк”. Гэтым вершам і адкрываўся першы нумар аднайменнага часопіса. Верш пачынаецца вядомым зваротам “Гэй, узвейце сваім крыллем, арляняты буйна-бурна”, а другая частка верша, што была напісана праз год, пачынаецца са слоў “Вам на памяць…”. З верша-закліку, верша-звароту, верша-вітання гэты твор станавіўся вершам-роздумам, развагай, асэнсаваннем незвычайнай ролі моладзі абуджанага краю. Вітаючы напорыстую і бурлівую маладую змену, паэт хоча перасцерагчы, каб яна не забывалася на тыя каштоўнасці, што засталіся “ад продкаў”. Загучалі найважнейшыя матывы ў творчасці Я. Купалы – служэння Бацькаўшчыне, скіраванасці ў заўтрашні дзень, захавання спадчыны ад дзядоў і прадзедаў – спадчыны багатай і ў працы, і ў барацьбе, і ў песні – “ад роду”, каб прадоўжыць славу свайго працавітага і таленавітага народа, а “людзей, яшчэ скаваных”, заклікаць “на волю”. Шмат паўсюль на свеце заставалася “скаваных” несвабодай людзей. Пакутаваў народ Заходняй Беларусі. Думкі аб сусветнай рэвалюцыі не пакідалі многія маладыя гарачыя галовы. Ды не толькі таму загаварыў пра волю Я. Купала. Раскаваная воля нараджала новую несвабоду, унутраную, рабіла маладых паэтаў напорыстымі, але без належнай глыбіні аднастайнымі, і таму паэт палічыў неабходным “дабавіць” да сваіх папярэдніх слоў словы аб тым, каб “здабытую свабоду зналі, шанавалі”, каб не “праспалі ў пасцелі” “волі агняцветнай”.
Правообладателям!
Это произведение, предположительно, находится в статусе 'public domain'. Если это не так и размещение материала нарушает чьи-либо права, то сообщите нам об этом.