Текст книги "Беларуская лiтаратура"
Автор книги: Уладзімір Навумовiч
Жанр: Языкознание, Наука и Образование
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 16 (всего у книги 34 страниц)
Зорка для закаханых – гэта арыенцір у Сусвеце. Але і яны самі, Яна і Ён, як зоркі. Іх каханне свеціць людзям, сагравае іх сэрцы, дорыць надзею на шчасце. Дзе б ні быў “у расстанні” лірычны герой, ён, несумненна, чакае ўзыходу на неба самай яркай і самай прыгожай зоркі Венеры. “Кожную ночку на зорку дзівіцца / Буду ў далёкім краю”.
Паэт услаўляе гармонію свету, пачуццё кахання, сяброўства, радасць ад яднання душ і сэрцаў.
Глянь іншы раз на яе, – у расстанні
Там з ёй зліём мы пагляды свае…
Каб хоць на міг уваскрэсла каханне,
Глянь іншы раз на яе…
Глыбокія пачуцці – высокая паэзія. Такая паэзія шмат дае душы, воку, сэрцу, розуму, дапамагае шырэй і вышэй глянуць вакол сябе і зазірнуць глыбока ў сябе. Прырода, Сусвет, Зямля, Неба, якія акружаюць Чалавека, магутныя, цудоўныя і вечныя стыхіі. Як і Каханне. Як і сам Чалавек. У неба ўзіраецца паэт і ў вершы “Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы”. Тут апяваецца еднасць народаў, людская дабрыня і спагада, блізкасць душ. Паэт задаецца пытаннем, навошта “сваркі і звадкі”, “боль і горыч”, калі чалавецтва “разам” імчыць “да зор”. Верлібр створаны ў 1915 г. і заклаў асновы свабоднага верша ў беларускай паэзіі.
Аб ролі мастака і мастацтва ў жыцці працоўнага люду, аб магутнай сіле песні, слова, мастацкай літаратуры напісана апавяданне “Апокрыф”. Створана яно наступным чынам. Аўтар выкарыстоўвае прыём “падмены”. Быццам бы ўсё, што напісана, – гэта выпадкова знойдзены біблейскі рукапіс Хрыста, які сышоў на зямлю, вандраваў са святымі Пятром і Юрыем “па Міншчыне”, “па Віленшчыне” і “па Магілёўшчыне” і “Задзвінскай зямлі”. Блукаў з адной-адзінай мэтай – распытаць у людзей, ці патрэбна ім мастацтва, музыка, слова, песня, прыгажосць? Аўтар заключае: песня патрэбна народу ў горы і радасці, у цяжкай працы, у час народзін і ў час адпявання. “Штодзённымі клопатамі поўна людское жыццё”. Але і душа песні просіць. “Жыва яшчэ душа ў народзе гэтым”, – кажа дакумент вуснамі міфічнага Хрыста. Аўтар уздымае праблему аб змесце твораў мастацтва, у якіх “будуць думкі добрыя і павучальныя”. Хрыстос звяртае ўвагу, што краса чалавеку таксама патрэбна, як “васількі ў жыце”. Жыта дае хлеб, а васілёк радуе вока, цешыць сэрца. Сінь васількоў перадаецца вачам вяскоўцаў. Песня, мастацтва – сведчанне духоўнай сілы народа, “спажытак дзеля душы”, народны скарб духоўны. Мастацтва ўзвышае душу, робіць “чалавека чалавекам увогуле” (А. Лойка). Паэт не ідэалізуе мастацтва. Разам з пасеяным жытам, урадлівымі каласамі, хлебам і да хлеба чалавеку заўсёды патрэбна будзе песня, прыгажосць як выяўленне праўды і паўнаты жыцця, як апраўданне існавання на дарагой сэрцу, такой любай і грэшнай зямліцы. Толькі людзі часам “затоптваюць” краскі зямлі беларускай. Ці ж такое мажліва? Ці ж справядліва? У стылізавана-біблейскай форме (грэч “апокрыф” – “патаемны, запаветны”) аўтар дае філасофскае тлумачэнне значэння мастацтва для чалавека.
“Рукапіс гэты адшукаў Максім Багдановіч” – такую дае даведку ў канцы твора аўтар, адрасуючы чытачоў да таго часу, “калі скончылася сем тысяч год ад стварэнню свету” і “Хрыстос зноў зышоў на зямлю”. Але твор скіраваны ў сённяшні дзень: “гора вам, бо даўно ўжо затапталі вы” кветкі чалавечай дасканаласці і прыгажосці зямлі нашай. “Ад Максіма Кніжніка пачатак…” кажа творца. Таму ён і сябе і сваю паэзію не аддзяляе ад народа. Паэзія – прыгажосць свету – убірае і цудоўны сэнс чалавечага быцця.
Вядомы М. Багдановіч і як празаік па творах “Апокрыф”, “Апавяданне аб іконніку і залатару”. Хрыстос у першым творы сцвярджае: “Добра быць коласам; але шчаслівы той, каму давялося быць васільком”. І далей: “Бо нашто каласы, калі няма васількоў? Навошта людзі, каб не было іх памкнення да прыгожага, да ідэалу?” Аб неабходнасці народных асноў мастацтва напісаны апавяданні “Шаман”, “Марына”, “Гарадок”, “Вясной”.
М. Багдановіч актыўна выступаў і як публіцыст, імкнучыся сцвердзіць словам ідэі беларускага нацыянальнага адраджэння, уздымаючы вострыя пытанні гісторыі, культуры, літаратуры ў сваіх артыкулах, рэцэнзіях: “Белорусское возрождение”, “Национальные проблемы”, “Новая интеллигенция”, “Белорусы”, “На белорусские темы” і інш.
Высокая эрудыцыя праявілася ў перакладах М. Багдановіча як з моў блізкіх да беларускай – рускай, украінскай (вершы А. Пушкіна “Нявольнік”, А. Майкава “Золата, золата падае з неба”), так і з моў, больш далёкіх ад роднай. Вядомы песні-наследаванні М. Багдановіча, якія давалі мажлівасць паэту нібыта гаварыць “на іншы лад” – “пераўвасабляцца ў чужую нацыянальнасць” (А. Лойка) – песні рускія, украінскія, скандынаўскія, сербскія, іспанскія, японскія, персідскія – выдатныя ўзоры мастацкага перакладу.
М. Багдановіч – паэт амаль цалкам хрэстаматыйны. Усё, што створана аўтарам, зачароўвае гармоніяй і хараством формы і зместу, чытаецца з прыемнасцю, лёгка запамінаецца. Гэта адзін з самых любімых чытачом паэтаў. Даследчык А. Лойка зазначае: “Здзіўляе іншае: працэнт хрэстаматыйных вершаў з агульнай колькасцю напісанага… У Пушкіна – хрэстаматыйных лічыцца чатыры дзясяткі. Столькі ж у Янкі Купалы і… не менш у Максіма Багдановіча, хоць найменш ім напісана, найменш гадоў пражыць на свеце наканаваў яму лёс”.
М. Багдановіч – паэт сапраўды праграмны па змесце і характары твораў, і творы паэта нязменна ўваходзяць ва ўсе праграмы пры вывучэнні гісторыі беларускай літаратуры. Але галоўнае тое, што паэзія М. Багдановіча нясе ў сабе агульначалавечы змест.
Паэт, будучы пачынальнікам новых жанравых форм у нашай паэзіі, у адным са сваіх вершаў-верлібраў (свабодны верш, падуладны нямногім паэтам свету) пісаў:
Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы
У ціхую сінюю ноч
I сказаць:
“Бачыце гэтыя буйныя зоркі,
Ясныя зоркі Геркулеса?
Да іх ляціць наша сонца,
І нясецца да сонца зямля.
Хто мы такія?
Толькі падарожныя, – папутнікі сярод нябёс.
Нашто ж на зямлі
Сваркі і звадкі, боль і горыч,
Калі ўсе мы разам ляцім
Да зор?”
Верш – праграмны, ён заслугоўвае, каб прывесці яго цалкам. Твор абагульняльнага характару. Ён звернуты да ўсіх нас, хто жыве пад небам на зямлі, з пытаннем-дакорам: “Якія мы?”
Беларусь сёння – незалежная краіна. Народ прычакаў “светлага, яснага дня”, як прарочыў М. Багдановіч. Але ці гатовы мы да яго? Як будзем жыць далей? Што будзе з намі? Звернемся да Багдановіча. Няхай зробіць больш мудрымі, паяднае нас яго незвычайны геній.
Адгадка ягонай “загадкі” крыецца ў кожным з нас. Усведамленне сябе як асобы ў вольным грамадстве прыходзіць разам з разуменнем сваіх паэтаў, нашых духоўных настаўнікаў, разам са святам у сэрцы і душы, з адчуваннем далучанасці да спраў продкаў і нашых слаўных традыцый, разам з імёнамі слаўных сыноў Бацькаўшчыны, чые таленавітыя радкі жывяць і падтрымліваюць нашу духоўнасць. М. Багдановіч з’яўляецца для кожнага з нас такім духоўным настаўнікам.
Пытанні для кантролю
1. Якое значэнне мела паэзія Максіма Багдановіча для развіцця беларускай літаратуры?
2. Якія тэмы і матывы вы знаходзіце ў творчасці паэта?
3. Што з вершаў выдатнага творцы вам больш за ўсё падабаецца?
4. Якія вершы паэта вы ведаеце на памяць?
5. У чым заключаецца сусветнае значэнне творчасці выдатнага беларускага паэта Максіма Багдановіча?
Змітрок Бядуля (1886–1941)
Талент развіваецца з пачуцця любові да справы, мажліва нават, што талент – у самой сутнасці яго – і ёсць толькі любоў да справы, да працэсу самой працы.
Максім Горкі
Змітрок Бядуля – адзін з класікаў беларускай літаратуры. Разам з Я. Купалам, Я. Коласам, Цёткай, М. Багдановічам, М. Гарэцкім, М. Лыньковым, К. Чорным, К. Крапівой, М. Чаротам ён закладваў падмурак новай літаратуры, якая стала глыбоканароднай, рэалістычнай, разгалінаванай у жанрава-стылёвых адносінах. Празаік, паэт, публіцыст, З. Бядуля шмат зрабіў у справе станаўлення беларускага мастацкага слова, яшчэ на разломе дзвюх эпох, актыўна садзейнічаў фарміраванню нацыянальнай свядомасці беларусаў з тым, каб Беларусь як мага хутчэй “заняла свой пачэсны пасад між народамі”.
Змітрок Бядуля (Самуіл Якаўлевіч Плаўнік) нарадзіўся 23 красавіка 1886 г. у вёсцы Пасадзец Лагойскага раёна Мінскай вобласці ў сям’і дробнага арандатара. Вучыўся ў пачатковай яўрэйскай школе – хедары, пазней у школе рабінаў – ешыбоце.
Працаваў хатнім настаўнікам, а з 1902 г. канторшчыкам на лесараспрацоўках. У 1912 г. пераехаў у Вільню, дзе распачаў сталую працу ў беларускіх культурных арганізацыях. Разам з Янкам Купалам працаваў у рэдакцыі народнай беларускай газеты “Наша ніва”. Летам 1915 г. вярнуўся ў родную вёску Пасадзец на Лагойшчыне, а потым перабраўся ў Мінск і працаваў у беларускім бежанскім камітэце. У Мінску неўзабаве пачаў працу ў газеце “Савецкая Беларусь”, быў рэдактарам дзіцячага часопіса “Зорка” і краязнаўчага часопіса “Наш край”. Уваходзіў у літаратурнае аб’яднанне “Маладняк”, пасля адгалінавання з яго некалькі новых – ва “Узвышша”. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, З. Бядуля эвакуіраваўся з Беларусі і 3 лістапада 1941 г. памёр каля Уральска. Член Саюз пісьменнікаў СССР з 1934 г. Узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Першы празаічны абразок пад назвай “Пяюць начлежнікі” быў надрукаваны ў газеце “Наша ніва” ў 1910 г. У 1913 г. выпусціў кнігу прозы “Абразкі”.
Аўтар аповесці для дзяцей “Салавей” (1928), якая была экранізавана ў 1937 г., аднайменны балет пастаўлены ў 1939 г. Пісьменніку належыць двухтомны раман “Язэп Крушынскі” (1929–1932) – пра калектывізацыю на Беларусі.
Адметнай асаблівасцю пісьменніцкага таленту Змітрака Бядулі з’яўляецца яго імкненне не столькі ў змрочных чорна-безнадзейных фарбах адлюстраваць жыццё-быццё беларускай вёскі, колькі паказаць выхад з “беспрасвецця” (Я. Купала), з бессэнсоўнага ачмурэлага штодзённага існавання. Жыццё беднага сялянства малюецца такім жа бязрадасным і неласкавым, як і ў іншых паэтаў нашаніўскай пары, да якіх належаў З. Бядуля (Я. Колас, Я. Купала, М. Багдановіч). Скажам так, творы З. Бядулі прасякнуты рамантычнай настраёвасцю, узвышанасцю, захапленнем прыгажосцю роднага краю. У лірычных абразках Бядулі няма бязвыхаднасці, адчування трагізму існавання, а ёсць апеляцыя да ўнутранага стану асобы. Калі ў душы ў цябе жыве павага і любоў да бліжняга твайго, калі ты сэрцам адчуваеш навакольны свет, захапляешся прыродай, дык ты не можаш сцвярджаць, што ўсе намаганні змяніць зямное існаванне марныя. Творы З. Бядулі дапамагаюць адчуць, што ў прыроды ёсць свая, уласцівая толькі ёй мова, у малюнках наваколля “заключана” наша любоў да іх, той прыродны свет – вольны, ён жыве па сваіх, выпрацаваных ім законах, нарэшце, у прыроды ёсць душа, якая баліць, калі баліць чалавеку, якая радуецца, калі радуецца чалавек. Творы Бядулі пра родную прыроду блізкія да твораў І.С. Тургенева, М. Прышвіна, Я. Коласа, У. Салаухіна, К. Паўстоўскага, Ф. Цютчава.
Аднак прырода ў З. Бядулі не існуе сама па сабе. Яна з’яўляецца “ўмяшчальняй” настрояў асобы. Першыя пралескі, “дзеці вясны”, толькі знешне здаюцца нам прыгожымі і тужлівымі самі па сабе, бо яны расцвітаюць тады, калі ледзь сыдзе снег, калі яшчэ там-сям у лесе ляжаць нарасці лёду ад расталага за дзень снегу і той вады са снегу, якая ноччу замерзла на праталінах. І таму пралескі заўжды плачуць (“Плач пралескаў”). Але яны плачуць не ад адчаю і скрухі – ад хуткаплыннасці існавання. “Фарбаваныя небам, узгадаваныя сонейкам, яны на чорнай зямлі” змясцілі ўсе праявы таго жыцця, што навакол: “Месцамі на лагчынах лядок стаяў, месцамі траўкі зазелянеліся…”
З прыходам вясны абнаўляецца і само жыццё: аратага, каваля, вясковых хлопцаў і дзяўчатак. Хтосьці радуецца, адчуваючы прыліў вясновых сокаў зямлі ў свае жылы. “Раса на кволых пялёстках” нагадвае пісьменніку “дзявочыя слёзы”, якая тая ліе, бо вясна – пара вяселляў. Але ў творы гаворыцца, што і гэта невыпадкова. Плача, смуткуе сама прырода. Аддаюць дзяўчыну за нялюбага, за багатага. Вось чаму “плачуць пралескі”.
“Плакалі пралескі”, бо доля ў іх такая, кароткая, слязлівая, пачуццёвая. Вясна… Пралескі – кволыя кветачкі. Цвітуць рана. Але і іх кароткі век змясціў у сабе багатае жыццё людзей на зямлі. Самая кроўная сувязь – гэта сувязь чалавека са сваёй зямлёй, дзе нарадзіўся і вырас. Таму і клопат у гаспадара на зямлі – зрабіць існаванне лепшым, багацейшым, прыгожым.
“Чакае, як добры гаспадар чакае, калі сонца ўзыдзе”, – кажуць у народзе. Гэта значыць, што рупны працаўнік жыве адной-адзінай думкай, як лепей аздобіць сваю родную зямельку, у час узараць, забаранаваць, пасеяць, сабраць з поля ўраджай. Таму ўзніклі ў свядомасці працаўнікоў-беларусаў такія прымаўкі: “Паміраць збірайся, а жыта сей”, “Сей авёс у гразь, будзеш князь”, “Пасееш – то будзе капа, а не пасееш – то ні снапа”, “Работа – не забота, забота – калі няма работы”, “Работа чалавека не ганіць, а славіць”.
У лірычнай імпрэсіі (эмацыянальнай замалёўцы) З. Бядулі “Нібы рупны араты…” якраз услаўляецца працавіты гаспадар, які выходзіць на працу, “яшчэ як сам Бог спіць”, бо “вельмі прыемна дачакаць усходу сонейка…”. У народзе кажуць: “Рана ўстанеш – многа зробіш”, “Хто рана ўстае – таму Бог дае”, “Ранняя птушачка крылкі цярэбіць, а позняя вочкі трэ”.
“Рупны араты” ў З. Бядулі адчувае і ўнутранае псіхалагічнае абнаўленне, дачакаўшыся “ўсходу сонейка”, бо ўсе начныя цяжкія думы “растаюць”, нібы прывідныя здані, і ён з радасцю “жадае цеплаты”, сонечнага промня, “пасылаючы на ўзгорку шчырую малітву дню”. Ёсць нешта язычніцкае (таемнае, боскае, сакральнае) у паводзінах “рупнага аратага”, які “на ўзгорку” пасылае свае флюіды (эмацыйныя душэўныя зарады) новаму дню і новай працы на карысць людзей. Зямля заўсёды дзякуе. Абразок напісаны ад імя “я – апавядальніка”, быццам бы сам пісьменнік ставіць сябе на месца “рупнага аратага” на ўзаранай раллі.
З. Бядуля – адзін з першых сейбітаў на беларускай ніве мастацкага слова. Ён займае сваю нішу – пісьменніка-рамантыка, творы якога эмацыянальна насычаныя, узнёслыя, з глыбокім пранікненнем у чалавечую душу. Такім з’яўляецца апавяданне “Бондар”. У сусветнай літаратуры ёсць нямала твораў, што ўслаўляюць майстра на ўсе рукі, штукара і адмысловага працаўніка, які здольны ствараць шэдэўры плённай працай рук сваіх (“Ляўша” М. Ляскова, пра ўмельца з расійскай глыбінкі, што “блыху падкаваў”, “Залатая ружа” К. Паўстоўскага, пра майстра, які “выплавіў” залатую ружу для каханай).
“Бондар” – майстар разьбы па дрэве. Пісьменнік так характарызуе свайго героя: “Стары Даніла славіўся на цэлую ваколіцу сваімі вырабамі: вёдрамі, начоўкамі, цабэркамі і лыжкамі, якія выходзілі з яго рук моцныя, гладкія і вельмі зграбныя”. Майстар ведаў цану сваёй працы, жыў не бедна, “прыпяваючы”. Увесь сэнс жыцця для яго заключаўся менавіта ў працы, бо дзяцей у яго не было, толькі жонка. Таму ў працу ўкладваў усю душу, тварыў натхнёна, да самазабыцця. У яго было прыгожае рамяство. Людзі не маглі нарадавацца з яго вырабаў, ад іх ужытку цяплела на душы, ласкавела на сэрцы, пачуццё ўдзячнасці нараджалася ў кожнага пакупніка. Майстар па дрэве быў паэтам у душы. Яго вабілі прыгажосць і гармонія ў драўляным посудзе, а ўсё прыгожае заключаецца ў прастаце вырабу і шчырасці выканання працы. “Паэт – ты цар! Жыві адзін,” – пісаў Пушкін. Стары Даніла “суседзяў… лічыў нічога не вартымі, неразумнымі”. Празаік зазначае: “Ён глядзеў на іх, як на няўдалыя цабэркі з крывых, нязграбных клёпак або як на шурпатыя драўляныя лыжкі, што рабіў яго канкурэнт – партач Макар”. Чаму так? Проста ад таго, што шматлікім вяскоўцам невядомы былі “пакуты творчасці”, яны жылі, не задумваючыся над прыгажосцю. Многія яшчэ не разумелі творцу, праяўляючы эстэтычную неразвітасць, чэрствасць і абыякавасць. Майстар-бондар валодаў таямніцай тварыць незвычайнае, але “хаваў гэты скарб” творцы, сапраўднага майстра, не хацеў “дзяліцца” сакрэтамі свайго майстэрства ні з кім з вяскоўцаў. “Ён раіўся толькі з жонкай. Яе ацэнка была для яго вельмі дорага”. Бо яна, жонка Аўдоцця, “жыла яго жыццём, радавалася яго радасцямі, гаравала яго горам”. Сямейнае аднадушша падкупляе, такое рыцарскае стаўленне да жанчыны, жонкі, вельмі станоўча характарызуе бондара, вясковага ўмельца. “Майстар” і яго “Маргарыта” жылі душа ў душу. “Падабалася ёй тое, што яму было даспадобы”, і “ганьбіла тое, што ён не любіў”: “Ён быў як бы сонцам, а яна – планетай, якая кружылася вакол сонца”.
І вось надышоў кульмінацыйны момант у творчасці вясковага ўмельца. Ён вырашыў зрабіць адмысловы і зусім дасканалы драўляны посуд для… знаёмай пані. Думалася, вось яна зразумее хараство вырабаў, здолее па заслугах ацаніць працу майстра, можа нават пахваліць, завохкае, здзівіцца, расквеціцца ва ўсмешцы, адобрыць яго пошукі і знаходкі. Так думалася бондару Данілу. “Шмат аб чым хацеў гаварыць людзям стары бондар” пасля высокага прызнання плёну яго працы. Пані адукаваная, з тонкім эстэтычным густам, яна здолее “ўдыхнуць” новае жыццё і сэнс у вырабы, падахвоціць да яшчэ большай напружанасці ў творчасці. Бондар у глыбіні душы спадзяваўся, што пані “надзене на яго чало вянок славы”, бо звычайнае вока не здольна па заслугах ацаніць сапраўдную работу, не дачакацца ад людзей вёскі “падзякавання вялікаму майстру”.
Тварыў Даніла ўпарта, радасна-ўзбуджана, гэта было “ўрачыстае свята Данілавага сэрца”. “І расла яго творчасць, нібы казка”. Гэта былі не проста вырабы з дрэва, “а дзіўны сон пекных форм”, “не вёдры, не начоўкі, не лыжкі”, а “ажыццёўленыя мары Данілавага сэрца”. Пісьменнік кажа: “Так, прынамсі, думаў Даніла, а з ім, разумеецца, і яго жонка”. Аўтар падкрэслівае ўнутраныя псіхалагічныя глыбокія адчуванні мастака: “Гэта было тое, дзеля чаго варта і жыць, і пакутаваць…”
У апавяданні “Бондар” упершыню так востра і рашуча ўздымаецца праблема эстэтыкі сялянскага побыту. За доўгія гады існавання ў вёсцы выпрацаваліся свая мараль, эстэтыка, свая філасофія. Вёска, сялянская праца, майстэрства народных умельцаў могуць стаць музеем народнай творчасці, выразнай прыгажосці. Вёска сама карміла сябе, паіла, вырабляла прылады працы. Кожны імкнуўся зрабіць для сябе і сані, і плуг, і дугу, воз, напрыклад, сахор. Знаходзіліся высокія майстры, умельцы на ўсе рукі. Праца іх цанілася асабліва. Яны жылі адасоблена, адрэзаныя ад свету, шліфавалі майстэрства з пакалення ў пакаленне. Вось адкуль выключна высокі ўзровень іх рамёстваў – разьбы па дрэве, вырабаў з бяросты, набіўной тканіны, выцінанак з паперы, вышыўкі сукенак і хустак. Чысціня народных традыцый захоўвалася стагоддзямі.
А што ж у творы Змітрака Бядулі?
Пані, на высокую адзнаку якой спадзяваўся ў сваёй працы таленавіты майстар, нават не паглядзела на вы рабы, “заплаціла, не таргуючыся”. Шмат можна адзначыць у канцы апавядання. Важныя праблемы падымае твор. Аб прызначэнні мастака і мастацтва. Аб уменні самому даць ацэнку сваёй працы. Аб вечным служэнні творчасці, не чакаючы пахвалы. Пра неабходнасць пачуцця ўласнай годнасці. Аб сувязі мастака з народам. Аб неабходнасці перадаваць сваё майстэрства вучням.
Галоўны вывад, які робіць пісьменнік у творы, гучыць з вуснаў вяскоўцаў. Даніла не вытрымаў здзеку, баяўся, што людзі яго не зразумеюць.
Бондар не змог перажыць абыякавасці да сваёй творчасці, успрыняў адсутнасць ацэнкі ад пані як вялікую абразу. “Бондарства ён закінуў”. З. Бядуля заключае: “Яго скінулі з гары ў глыбокую яму”. Даніла памёр.
Вяскоўцы казалі: “Калі б каго-кольвечы з нашых Даніла навучыў, той добрым словам успомніў бы, як бацьку роднага шанаваў”.
Сяляне асуджалі бондара-майстра: “Ад пані з двара пахвальбы чакаў. Не туды заехаў!”
Апавяданне мае маналагічную форму, разнастайны рытміка-інтанацыйны лад, ад бунтарства душы да лагоднасці, ад паэтычнасці зроку да трагедыйнасці апісанняў, адчуванняў персанажа.
Настаўнік жыве ў сваіх вучнях. Толькі так можна застацца ў памяці людской, заслужыць гонар і славу. Сапраўдны мастак павінен заўсёды памятаць пра гэта ў часы сваёй натхнёнай і прыгожай творчасці. Сувязі мастака з народам заўжды непарушныя.
Пытанні для кантролю
1. Расскажыце пра жыццё і творчасць Змітрака Бядулі, яго ўклад у беларускаю літаратуру.
2. Што вы ведаеце пра жанр абразкоў і лірычных мініяцюр у прозе?
3. Як вырашаецца тэма мастака і мастацтва ў кантэксце сацыяльных праблем у апавяданні “Бондар”?
4. Якога прызнання чакаў Даніла? Ці дачакаўся? Якое ўражанне зрабіла на майстра абыякавасць да ацэнкі ягонай працы?
5. Чым можа застацца ў людской памяці сапраўдны майстар?
Алесь Гарун (1887–1920)
З аднэю я думкай на свеце жыву,
Настаўнікам ўзяўшы і лес і траву,
Крыніцы, і кветкі, і цемру, і свет,
І месяц, і зоры, і сонца прывет.
Прысуджаны шлях свой рабі дарагім,
Красуйся на радасць сабе і другім.
Алесь Гарун. Ідуць гады
Ёсць пісьменнікі, да каго слава і поспех прыходзяць адразу з надрукаваннем першага верша ці празаічнага твора. Але ёсць аўтары, вядомасць якіх і прызнанне прыходзілі на родную зямлю, як святло далёкай зоркі, праз многа-многа гадоў. Такі лёс пісьменніка Алеся Гаруна і яго твораў. Алесь Гарун (Аляксандр Прушынскі) доўгі час заставаўся тым беларускім пісьменнікам, пра якога калі і згадвалі ў гісторыі беларускай літаратуры ХХ ст., дык толькі ў сувязі з тым, што ён быў “адзіны”, хто не прыняў Кастрычніцкую сацыялістычную рэвалюцыю і апынуўся на “другім баку барыкад”, ад чаго яго творчасць была зусім невядома масаваму чытачу, а імя творцы выкрэслівалася з даведнікаў і энцыклапедый як імя ворожага сацыялістычнаму ладу контррэвалюцыйнага элемента. Маўляў, у беларускай літаратуры не было масавага зыходу белаэмігранцкіх паэтаў, як у рускай літаратуры (А. Белы, К. Бальмонт, Я. Замяцін і інш.), многіх з якіх бальшавікі з прыходам да ўлады пасадзілі на карабель “філосафаў” і адправілі ў замежжа, але з’яўляліся асобныя адзінкі, якія супраціўляліся савецкай уладзе пасля рэвалюцыйнага перавароту ў кастрычніку 1917 г.
Хто ж ён, паэт Алесь Гарун, чыё імя вернута ў беларускую літаратуру толькі ў перабудову? Якім ён быў? Самае цікавае, што Аляксандр Прушынскі з’яўляўся актыўным удзельнікам рэвалюцыйнага руху на Беларусі, шмат адпакутаваў за сваю варожую да царызму дзейнасць, пра што на радзіме замоўчвалася.
Біяграфія паэта тыповая як для свайго часу, так і для прафесійнага рэвалюцыянера. Нарадзіўся Аляксандр Прушынскі ў 1887 г. у сям’і чорнарабочага, якая жыла на ўскрайку Мінска, на Багадзельнай вуліцы. Пайшоў вучыцца ў гарадское прыходскае вучылішча, якое скончыў у 1897 г. З 16 гадоў працаваў столярам у майстэрнях Мінска, меў працавітыя рукі і добры талент чырвонадрэўшчыка, які праявіўся яшчэ ў рамесніцкім вучылішчы.
У 17 гадоў уступіў у партыю эсэраў, адразу ўключыўся ў актыўную рэвалюцыйную барацьбу. Якіх толькі партый не было ў той час на Беларусі, якая знаходзілася на “перакрыжаванні” Захаду і Усходу! У 1907 г. А. Прушынскі за актыўную рэвалюцыйную дзейнасць быў арыштаваны царскімі ўладамі, сядзеў у турме р Мінску і на Лукішках у Вільні. Затым быў сасланы ў Cібір, дзе адбываў пасяленне ў Іркуцкай губерні. Там сустрэўся з іншым выгнаннікам з Беларусі, мовазнаўцам Язэпам Лёсікам, пад уплывам якога стаў меншавіком.
У 1917 г. вярнуўся ў Мінск. Але гады ссылкі зрабілі сваё. Цяжка хворы на сухоты паэт пражыў вельмі мала. Жыў у Мінску, які двойчы быў акупіраваны, спачатку кайзераўскімі нямецкімі войскамі ў Першую імперыялістычную вайну, а затым белапалякамі. А. Прушынскі з’яўляўся рэдактарам газеты “Беларускі шлях” (1918), стаў членам Беларускай вайсковай камісіі (1919). Калі белапалякі адступалі летам 1920 г., цяжкахворага паэта забралі з сабой, дзе ў Кракаве ў тым жа 1920 г. паэт памёр у адзіноце.
Талент А. Гаруна даволі адметны, хоць спадчыну ён пакінуў невялікую – зборнік вершаў “Матчын дар” (1918), п’есы для дзяцей “Жывыя казкі” (1920), публіцыстычныя выступленні.
Творчасць А. Гаруна цалкам знаходзіцца ў сілавым полі першай “нашаніўскай” хвалі беларускага нацыянальна-культурнага адраджэння. Яго імя стаіць поруч з імёнамі М. Багдановіча, Цёткі, Ядвігіна Ш. Як і М. Багдановіч, А. Гарун выдаў адзіны прыжыццёвы зборнік вершаў: у М. Багдановіча – “Вянок”, у А. Гаруна “Матчын дар”.
“Матчын дар” – цэласная кніга, са сваім паэтычным светам, дзе кожны верш яркі і цікавы сам па сабе, а ўзятыя разам і аб’яднаныя ў цыклы (“Роднаму краю”, “На чужыне”, “Праявы роднага”) яны складаюць “Думы і песні”, атрыманыя ў спадчыну як запаветны матчын дар. У народнага паэта Беларусі М. Танка ёсць выдатны верш-верлібр аб тым, як маці, закалыхваючы сына, “пэўна, стомленая, памылілася” і не на верацяно, а на сэрца сына навіла сваю песню. З таго часу, кажа паэт, ён разматвае “клубок песень”, баючыся парваць “яе нітку”. Такой “ніткай матчынай песні” з’яўляецца зборнік А. Гаруна “Матчын дар”.
Матчын дар – гэта найперш родны край, мова, дадзеная маці, гордае імя Беларуса, якое паэт піша з вялікай літары. Верш “Ты, мой брат, каго зваць Беларусам” звернуты да сэрца суродзіча, да гісторыі, да дум і памкненняў вольных людзей, якія ўздыхнулі на поўныя грудзі, мо ўпершыню на перакрыжаванні рэвалюцыйнага часу і пад уплывам эпахальных падзей адчулі і зразумелі гістарычную перспектыву развіцця і станаўлення свайго краю, мовы, культуры, асветы. Экскурс у мінулае пададзены ў тыповай “нашаніўскай” традыцыі (“Ад дзядоў і ад прадзедаў, браце, гэты скарб нам адзін захаваўся”). Паэт заклікае не “цурацца” роднай мовы. У вершы чуюцца запытальныя ноткі, звернутыя да такіх, як сам, “братоў-беларусаў”, як і водзіцца ў добрай сям’і, са спробай пачуць адказ: “А чаму? Ты няздольны, ці хворы, ці благі гаспадар, ці п’яніца?” Нягледзячы на празаізацыю радкоў, зварот выклікае на дыялог, паэт пытаецца і адказвае, услаўляе той час, калі матчына мова з’яўлялася мовай дакументаў, на ёй гаварылі людзі, калі “Беларус, не падданы, гаспадарыў, быў сам над сабою”. Твор праніклівы, вялікі па аб’ёме і глыбокі па сэнсе, нагадвае баладу. Ён дапамагае зразумець глыбіню пачуццяў паэта, зазірнуць у тоўшчу вякоў, адчуць душу беларуса – селяніна, працаўніка, спазнаць сілу і моц беларускага слова, якую паэт называе “вешчая мова Баяна”. Мова не дазволіла згінуць цэламу народу. Ёсць глыбокія паэтычныя ідэі, якія патрабуюць разгорнутых радкоў. Паэту важна раскрыць унутранае псіхалагічнае жыццё людзей, каб мець поўнае “выпакутаванае” права звярнуцца да братоў:
Дык шануй, Беларус, сваю мову —
Гэта скарб нам на вечныя годы;
За пашану радзімаму слову
Ушануюць нас брацця-народы!
Зусім іншага складу верш “Песня-звон”, хоць і ён таксама аб сіле і магутнасці ўплыву на чалавека роднай мовы. Верш пераклікаецца з багдановічаўскім творам “Песняру”, але мае сваю гукавую і страфічную адметнасць. Твор поўны сцвярджэння грамадзянскай ролі паэзіі. Аўтар звяртаецца да званара, да гусляра, да ўсіх носьбітаў роднай мовы і кожнага чалавека паасобку, каб тыя змаглі “зліцца” сваімі галасамі, “чыстымі, залацістымі” з гукамі і звонамі, заклікамі, кленчамі, кляцьбой і роздумам, выказанымі роднай беларускай мовай.
Верш рытмічны, напоўнены ўнутранай энергіяй, што гаворыць аб інтанацыйным багацці паэзіі А. Гаруна.
Духоўны свет і цяпло “Матчынага дару” даволі разнастайныя і арыгінальныя. Максім Багдановіч, які адным з першых ацаніў хараство, непаўторнасць, самабытнасць твораў паэта, сказаў пра А. Гаруна, што ён заўсёды заставаўся самім сабой, выбіраў нялёгкія пакручастыя шляхі ў паэзіі і ніколі “не з’яўляўся нічыім падгалоскам”. Сведчанне таму – верш “Паэту”, дзе большая філасофска-канцэптуальная аснова (“ідуць да праўды людзі”), завостраны паэтычны зрок, паглыблены аналітычны характар радкоў (“Марудна, братачка! І покуль сонца ўзыдзе, / Дык вочы выесць нам салёная раса”). А. Гарун, як Я. Купала ў творы “Курган”, заклікае паэта заставацца верным праўдзе жыцця, складаць песні не тыя, якія цешаць розум і душу, а тыя, што абуджаюць дух, прымушаюць “парваць… путы”, напісаны крывёю сэрца “аб нашым горы, аб тым, што ёсць цяпер і што даўней было”, аб тым, што глыбокай баразной – “разорай” у “мільёнах душ разоры правяло”. Абагульняльны характар мае верш філасофскага складу “Жыццё”, у якім паэт “сутыкае” жывёльнае “быдлячае” жыццё з існасцю духу асобы (“Сляпому добра ў цьме”, “… Ці ж ты жывеш іначай?!.”).
Прафесар Я. Барычэўскі ў прадмове да кнігі “Матчын дар” вылучаў асноўныя матывы творчасці А. Гаруна: любоў да радзімы, роля паэта і паэзіі ў жыцці грамадства, непарыўнасць сувязей паэта са сваім народам, інтымныя, пейзажныя творы. Сапраўды, кніга мае свае “Intraduction”, “Contrapunkt” і “Coda” (уступ, зачын, момант найвышэйшага духоўнага напружання, яркае завяршэнне). “Паэт здолеў знайсці адпаведныя сваім думкам і пачуццям мастацкія сродкі”, – зазначае А. Барычэўскі, падкрэсліваючы, што яны радуюць упершыню “дасканаласцю”. Адзін з найбагацейшых у мастацкіх адносінах верш пейзажнага зместу “У прыпар”. У творы незвычайныя гукапіс, інтанацыя, якія перадаюць настрой перад навальніцай, нечаканасць дажджу. Услухаемся:
Прыпарыла,
Нахмарыла,
І ўдарыла!
– Святы Ілля…
Маланка ўраз з’явілася,
Мільгнула і звалілася,
І дожджыкам аблілася
Гарачая зямля.
Выдатныя радкі! Яны сведчаць аб высокім псіхалагізме паэзіі, аб наватарстве ў выкарыстанні мастацкіх сродкаў і прыёмаў раскрыцця жывых малюнкаў зямлі і неба. Прастата толькі вонкавая, філасофскі змест верша намнога глыбейшы:
Кроплі разам, згодна, жвава,
Пояць ўсё, што хоча піць:
Збожжа, дрэвы, кветкі, травы…
Верш хрэстаматыйны, дасканалы ў мастацкіх адносінах, у ім удала знойдзеная форма адпавядае зместу, ёсць тонкія, ледзь улоўныя тыя якасці, што ўплываюць на кожнага, хто ўмее слухаць, рысы, якія і адрозніваюць сапраўдную паэзію.
Верш “Праводзіны” напісаны ў характэрнай для паэта размоўнай, дыялогавай інтанацыі, аб “праводзінах” на вайну брата, які мае сям’ю, бацьку, аб праводзінах блізкага чалавека, якога аўтар называе “Брат мой любы!”. Наказ гучыць цвяроза, праўдзіва і пераканаўча, каб баец напісаў вестку, не забыўся, каб не быў у баі баязлівым (“Смелага сэрца не раняць штыкі, / Кулі яго не праб’юць”), каб заставаўся літасцівым да пераможанага ворага, ведаў, што “помста ці хцівасць” – зброя двухбаковавострая, бо яна нявечыць душу і выпальвае сэрца, каб не запляміў уласнага сумлення (“Быў чалавекам ты, браце, у нас, будзь чалавекам і там”).
Абагульняльным творам з’яўляецца верш А. Гаруна “Брацця, к агульнаму шчасцю…”, у якім паэт заклікае так скіраваць сваё жыццё, каб усім жылося лепей, паказвае шлях “напрасткі к агульнаму шчасцю”.
Не з’яўляючыся “нічыім падгалоскам” (М. Багдановіч), А. Гарун у той жа час заклаў такія асновы ў беларускай паэзіі, якія пазней развівалі многія паэты, што не былі і не маглі быць асабіста знаёмымі з творчасцю паэта. Падобныя інтанацыі мы знаходзім у У. Жылкі, У. Хадыкі. Паэзія А. Гаруна прадыктавана ўласным унутраным, вельмі драматычным жыццём, і тое жыццё і паэзія абумовілі імкненне чалавека ў бяссмяротнасць.
Правообладателям!
Это произведение, предположительно, находится в статусе 'public domain'. Если это не так и размещение материала нарушает чьи-либо права, то сообщите нам об этом.