Электронная библиотека » Уладзімір Навумовiч » » онлайн чтение - страница 34


  • Текст добавлен: 5 июля 2016, 13:00


Автор книги: Уладзімір Навумовiч


Жанр: Языкознание, Наука и Образование


сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 34 (всего у книги 34 страниц)

Шрифт:
- 100% +

“Парасяты?” – пытаецца магчымы пакупнік. “Д-да, б-брат. Б-бяры, хоць рукі мне апрастай. Ніч-чаво не ядзяць”.

Вось такі торг на базары.

“Чалавек са змрочным выразам твару не павінен распачынаць гандаль,” – сцвярджае вядомая кітайская прымаўка. У беларускага пісьменніка ў замалёўцы “Канон Базару” чытаем: “Не, не і яшчэ раз не: у гарадку базар не шумлівы, не крыклівы, ніхто там вас за рукаў не скубе, не патрабуе саступіць дарогу”.

У традыцыях беларускай і сусветнай класікі празаік у дэталях апісвае “броўнаскі рух” на базары ў родным гарадку. “Мястэчка гандляроў, купцоў, дробных купчыкаў, рамеснікаў жыве чаканнем базару і базарам”, – заўважае аўтар. “Не ходзяць на базар толькі хворыя”. Адзін базарны дзень, у які ўкладваюцца тысячы іншых такіх дзён, раскрыты ў навеле. Дзецям купляюць абновы (“Коб свойму дзіцяці ды не купіл. Такого не бувае”). Сірата, “рабая дзяўчынка гадоў шаснаццаці”, чакае, пакуль бабуля з “кавенькаю” прадасць першыя яблыкі. Муж купіць і панясе пад лаянку жонкі дадому “непатрэбшчыну”. Прадаюць сала, масла, каўбасы, парасят. “Дзве гадзіны ідзе гандаль, а праляцела ўсё, як пяць хвілін”. Пісьменніку падабаецца вірлівае мора гарадчукоў, базарны дух, час “горкі і салодкі, шчаслівы і нешчаслівы”.

У замалёўцы відавочны прыкметы сённяшняга часу. Тут яркія і каларытныя фігуры сяльчан – старых халасцякоў, якім няма куды дзецца, калі закончыцца базарны дзень: “Ні дахаты, ні ў лазню, ні ў царкву”. Тут сустракаюцца “альшанцы”, “украінцы”, “апошнім базар пакідае стары каваль”.

“Капіталізм – гэта набыццё капіталу, утрыманне капіталу, прымнажэнне капіталу”, – слухаюць вяскоўцы былога настаўніка гісторыі. Але ім ад пачутых слоў не лягчэй. Новыя дэмагогі змяняюць сваіх папярэднікаў.

У цэлым у мастака пазітыўнае стаўленне да гандлю, базару як месцы, дзе можна і сустрэцца, і пагаманіць, і пачуць навіны. Малюнак базару ў пісьменніка выклікае настальгічныя ўспаміны аб мясцовых жыхарах, якія хоць у нечым саступалі больш прадпрымальным прадстаўнікам іншых нацый (палякам, украінцам, яўрэям), але не былі пазбаўлены прадпрымальніцкай жылкі, умелі купіць, прадаць тавар, а больш умелі яго вырабляць. Беларусы – выдатныя майстры вырабаў з жалеза, дрэва, гліны. Зусім невыпадкова, падкрэслівае ў сваім аповедзе аўтар “Давыд-гарадоцкіх канонаў”, што ў гербе гарадка “на лодцы торбы з таварам”. Сімвал прадпрымальнага характару гарадчукоў. Дададзім, што менавіта праз гістарычныя землі Беларусі яшчэ да часоў Вялікага Княства Літоўскага пралягаў вялікі гандлёвы шлях “з вараг у грэкі”, з Балтыйскага (Варажскага) да Чорнага мора.

Канон – наватарскі жанр, параўнальна новы для беларускай літаратуры, хоць у часы царкоўнага песнапення мы часта чуем каноны, канты, харалы, екцініі, аднак у прозе такая форма выкарыстоўваецца ўпершыню. Канон – норма, прынцып, традыцыя, форма існавання і паводзін асобы. Каноны складаюць сэнс чалавечага існавання. Разбурэнне канонаў – разбурэнне духоўнасці. У сучасны момант ва ўніверсітэтах Еўропы назіраецца асаблівы запыт на тыя навукі, якія французы называюць “les sciences maralis et politigues” – дысцыпліны маральна-палітычнага плана, якія робяць асобу этычна неразбуральнай і адданай Бацькаўшчыне.

“Каноны” Георгія Марчука закліканы рабіць юнакоў і дзяўчат патрыётамі роднага краю. Пачэрпнуты яны з гісторыі і духу беларускага народа, аднаго яго “ядзерка” – Давыд-Гарадка. “Дух нацыі вышэй за дэмакратыю і павінен накіроўваць яе”, – адзначаў рускі філосаф М. Бярдзяеў у кнізе “Лёс Расіі”. Каноны Г. Марчука звод маральна-этычных канцэпцый, якія трэба культываваць і развіваць на сучасным этапе.

Абагульненнем “законаў” рэчаіснасці ў празаіка Г. Марчука ў цыкле “Давыд-гарадоцкіх канонаў” з’яўляецца “Канон Маці”, створаны ў форме ліста-звароту да маці ў дзень яе нараджэння ўжо тады, калі маці пакінула гэты свет і пайшла туды, “адкуль яшчэ ніхто не вяртаўся”. Дыялог з маці і складае аснову “Канона”. Дакладней, гэта маналог сына з маці.

Прыгадваюцца самыя мілыя і дарагія ўспаміны дзіцячай пары, а таксама дарослыя, вясёлыя, сумныя, трагічныя, драматычныя моманты, калі маці яшчэ была жывая. “Не прыдумляй, сынок, кажы праўду, біць не буду” – так гаварыла маці, калі бачыла хоць якую-небудзь правіннасць сына. Увесь маналог удзячнага сына да маці пранізаны адным вялікім жаданнем – “хачу”. Кожны новы паварот думкі пачынаецца з гэтага “хачу”, кожны зварот да маці. Менавіта тое святое “хачу” і заклала ў сэрца сына маці: мірнага жыцця, буйства прыроды, радасці існавання, вяселляў, адведак, працы, сяброўства, прызнання раскошы чалавечых стасункаў. “Хачу… каб роснай раніцаю ў першым жнівеньскім тумане гналі побач па вуліцы на пашу каровак, авечак… Як хораша! Усё побач! Усё тваё. Роднае”.

Гарадчукі – людзі сур’ёзныя, філосафы, паэты, патрыёты зямлі беларускай. Нямала ў іх і дзівацтваў, але паводзіны іх бяскрыўдныя, яны яшчэ больш раскрываюць багацце натуры вясковых жыхароў. Сам Давыд-Гарадок з’яўляецца асновай жыцця палешукоў, іх “цвердзю” (Е. Лявонава), крэпасцю за гарадскімі сценамі і за вадзяным ровам – Гарынню. Загерметызаванае жыццё дазволіла ўмацаваць нормы існавання – духоўныя каноны гарадчукоў. У цэнтры “Давыд-гарадоцкіх канонаў” Г. Марчука стаіць чалавек, мудры, дасведчаны, глыбокі. Кожны “канон” скіраваны на асобу і апелюе да свядомасці аднавяскоўцаў. У “канонах” выяўляецца асоба аўтара, бо, каб павучаць іншых, трэба самому быць цікавым чалавекам.

“Каноны” Г. Марчука нясуць глыбокі эмацыянальны зарад, маюць багатую стылістычную палітру, псіхалагічную заглыбленасць. “Каноны” – сапраўдны “жывапіс” словам. У іх словам цесна, а думкам прасторна.

“Давыд-гарадоцкія каноны” – гімн роднаму гняздоўю. Мілай і дарагой сэрцу Беларусі.

Пытанні для кантролю

1. Які жыццёвы і пісьменніцкі лёс Георгія Марчука?

2. У чым заключаецца жанрава-стылёвая спецыфіка навел пісьменніка?

3. Спавядальнасць матываў “Давыд-гарадоцкіх канонаў”.

4. Што ўкладваецца пісьменнікам у паняцце “канон”?

5. Ахарактарызуйце “Каноны” як захапляльнае падарожжа па радзіме пісьменніка. У чым заключана мудрасць, разуменне чалавечага шчасця палешукоў у цыкле навел?

Заключэнне

Мастацкую літаратуру нездарма называюць “універсітэтамі душы”, а саміх пісьменнікаў – “інжынерамі чалавечых душ”. У творах мастацтва слова, у мастацкіх вобразах эстэтычна асвойваецца рэчаіснасць.

З літаратуры мы спасцігаем дух часу, чэрпаем заканамернасці руху, з яе дапамогай раскрываем праблемы развіцця грамадства, даведваемся, чым жыў і жыве народ, заглыбляемся ў яго менталітэт. Асноўныя спружыны руху часу і грамадства так сплецены з асноўнымі спружынамі літаратурнага развіцця, што іх трэба разглядаць разам: рух часу – рух жыцця – рух літаратуры. Дзякуючы творам літаратуры мы пазнаём край, жыццё народа ў гэтым краі, адкрываем свет у сабе і сябе ў свеце.

Беларускі народ ніколі не пакідаў песні, слова прарочага, мастацкага, каб не знікнуць бясследна ў грознай віхуры ліхалецця, каб не патануць у чорнай прорве бездухоўнасці, асляплення, занядбанасці. Літаратура рабіла народ нацыяй, як магла, адсоўвала Чарнобыль бездухоўнасці і забыцця. Уладзімір Дубоўка яшчэ ў 1925 г., задоўга да чарнобыльскай трагедыі пісаў:

 
О Беларусь, мая шыпшына,
зялёны ліст, чырвоны цвет!
У ветры дзікім не загінеш,
чарнобылем не зарасцеш.
 

Што гэта? Прадбачанне, прадчуванне цяжкіх выпрабаванняў на гістарычным шляху беларускага народа ці незвычайнае прароцтва велічы і неўміручасці нашага духу?

Беларуская літаратура – цэлы свет, шматнаселены, багаты і шматколерны.

Геніяльны Ф.М. Дастаеўскі, родавае гняздо якога знаходзілася тут, на Беларусі, вызначаючы асноўную мэту мастацтва слова, гаварыў: “Калі б закончылася зямля і спыталіся там, дзе-небудзь, людзей: “Што вы, ці зразумелі ваша жыццё на зямлі і што вы аб ім заключылі?” дык чалавек мог бы моўчкі падаць Дон-Кіхота: “Вось маё заключэнне аб жыцці, ці можаце вы за яго судзіць мяне?”

Кніга пра бескарыслівага ратаборца высокай ідэі ставіцца поруч з рукатворнымі помнікамі чалавечай дзейнасці. Мастацтва слова прыраўноўваецца да плёну паўсядзённай працы людской, да лепшых здабыткаў матэрыяльнай і духоўнай культуры.

Такім глыбокім і пераканаўчым “заключэннем аб жыцці” нашага народа з’яўляецца ўся беларуская літаратура, якая на доўгіх шляхах свайго развіцця стала шматаблічнай, маштабнай, багатай маральна-этычнымі і эстэтычнымі якасцямі. Шляхі роднай літаратуры – гэта гістарычныя шляхі беларускага народа і дарагой сэрцу Беларусі.


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Это произведение, предположительно, находится в статусе 'public domain'. Если это не так и размещение материала нарушает чьи-либо права, то сообщите нам об этом.


Популярные книги за неделю


Рекомендации