Электронная библиотека » Уладзімір Навумовiч » » онлайн чтение - страница 20


  • Текст добавлен: 5 июля 2016, 13:00


Автор книги: Уладзімір Навумовiч


Жанр: Языкознание, Наука и Образование


сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 20 (всего у книги 34 страниц)

Шрифт:
- 100% +

Вайна агаліла ўсё негатыўнае, злое, наноснае ў душы і характары асобы. Але вайна не зрабіла простага чалавека зверам. Мастака цікавіла “работа душы”, тое, чаго нельга ўбачыць і што не праглядваецца за шэрагам знешніх учынкаў. Глыбокае пранікненне ва ўнутраны стан душы персанажаў – адна з галоўных дадатных якасцей рамана.

Твор напісаны, што называецца, па гарачых слядах часу. Напісаны відавочцам, сучаснікам падзей, якія моцна жылі яшчэ ў памяці, трывожылі душу, займалі розум. Раман раскрывае духоўныя асновы беларускага нацыянальнага характару. Сімволіка і глыбіня філасофскага асэнсавання гісторыі і часу ў рамане цесна пераплецены. Так, першая частка рамана носіць назву “Украдзенае маленства”. За метафарычнасцю назвы паўстаюць гістарычны лёс і абставіны жыцця беларусаў. Рэдка якому народу выпадае такая доля – убачыць падзел краіны на Усходнюю і Заходнюю Беларусь, перажыць хцівасць і здзек, вынесці вайну яшчэ тады, у Першую сусветную. Вось адкуль маленства, якое адабралі. Дзеці Кастусь Лукашэвіч і Волечка Нявада трымаюцца разам, каб выжыць і супрацьстаяць злу і насіллю.

У другой частцы, якая называецца “Вялікае скрыжаванне”, разгортваюцца падзеі Вялікай Айчыннай вайны на Беларусі. І зноў народ павінен зрабіць свой гістарычны выбар.

Перамагаюць не заваёўнікі, якія паўсвета гатовы захапіць, а людзі працы, хто пачувае сябе гаспадаром на роднай ніве. Юрась Нявада, Сымон Ракуцька, Кастусь Лукашэвіч сур’ёзна глядзяць на будучае свайго краю. Не трэба ім ні “Польская дзяржава”, ні “Англія разам з Францыяй, Амерыкай і Турэччынай у прыдачу”. Юрась Нявада стала і па-філасофску мудра заяўляе аб тым, што на ніякае “золата з усяго свету” не заменіць радасці стваральнай працы, маральнага здавальнення ад паху раллі, ад спеву песняў, ад мілай сэрцу людской гаворкі на роднай мове. Найбольшую асалоду працаўнік-беларус атрымліваў ад звычайнага сялянскага занятку, аб якім шкадаваў, бо з-за вайны вясковы чалавек вось ужо каторы час “у млыне мукі не нюхаў”, “у кузні каня не каваў”. Паміраць збірайся, а жыта сей, гаворыць народная прымаўка. Але не збіраўся паміраць народ, хоць ён “колькі год не сееў”. Ішло вялікае супрацьстаянне на “вялікім скрыжаванні”.

Беларусь была ўцягнута ў крывавую вайну, на яе прасторах адбываліся страшэнныя бітвы. Але аснову поспеху вызначаў, зародкам перамогі з’яўляўся свабодалюбівы дух беларускага народа, яго патрыятызм, вернасць бацькоўскай зямлі.

Незалежнасць Беларусі здабыта ў цяжкіх кровапралітных баях. Тым самым Беларусь і яе народ сцвердзілі сваю будучыню, забяспечылі пачэснае месца ў міжнародным супольніцтве.

Сваімі раманамі і аповесцямі ваеннага часу К. Чорны вырашаў велізарныя жыццёвыя праблемы. Гэта быў лёсавызначальны час, калі на карту ставілася чалавечае існаванне, свабода і праўда. Але гэта быў час пошукаў, нездарма героі неаднойчы кажуць: “Я хачу паспавядацца”, а на пытанне: “Па кім баліць душа?” адказваюць: “Па самім сабе”. Гэта быў час духоўнага самавызначэння народа, нацыі. І беларускі народ зрабіў свой выбар на карысць волі, творчай працы, братэрства, сям’і і звычай нага чалавечага шчасця. Такія каштоўнасці народ і адстойваў у вайну. Авалодванне складаным і супярэчлівым, яшчэ “цякучым”, шматзначным матэрыялам рэчаіснасці патрабавала ад мастака аналітычнага падыходу, умення бачыць заканамернасці гістарычнага развіцця, пружыны руху часу. З’яўленне рамана “Пошукі будучыні” К. Чорнага засведчыла новы ўзровень мастацкага асэнсавання з’яў і фактаў жыцця, наватарскі падыход да раскрыцця таго, што адбывалася з чалавекам, народам і краінай у суровым пекле ваеннага супрацьстаяння дзвюх сістэм, двух светаў.

Кузьма Чорны – вядомы майстар псіхалагічнай прозы. У яго творах даецца аналіз духоўнага жыцця чалавека, які знаходзіцца ў пастаянным душэўным напружанні, у пошуку, у пазнанні свету.

Проза К. Чорнага распрацаваная ў жанрава-стылёвых адносінах. Празаік умеў паказаць і быт селяніна, перадаць непаўторную стыхію сялянскага жыцця, тонка і дакладна абмаляваць характар сваіх персанажаў, паказаць адметнасць іх унутранага свету. Проза Чорнага пластычная, эмацыянальная, багатая на інтанацыі. Мова твораў – магутны пласт жывой мовы беларускага народа. Яна выразная, каларытная, шматфарбная.

Пытанні для кантролю

1. Што ўдалося здзейсніць класіку беларускай прозы К. Чорнаму з задуманага цыклу раманаў аб гістарычным шляху беларускага народа?

2. Прааналізуйце майстэрства К. Чорнага-апавядальніка.

3. Як паказвае К. Чорны чалавека-ўласніка і чалавека-працаўніка ў рамане “Трэцяе пакаленне”?

4. У чым заключаны філасофскі змест раманаў К. Чорнага ваеннага часу?

5. Дайце характарыстыку псіхалагічна-аналітычнага стылю К. Чорнага.

Андрэй Мрый (1893–1943)

Смех – вялікая справа: ён не адымае ні жыцця, ні маёмасці, але перад ім вінаваты – як стрыножаны заяц.

Мікалай Гогаль

У гісторыі сусветнай літаратуры не так ужо шмат пісьменнікаў-сатырыкаў. Творчасць такіх аўтараў адразу станавілася папулярнай, а многае з таго, што выходзіла з-пад іх пяра, набывала другое жыццё ў форме крылатых выслоўяў. Яркі прыклад – “вясёлае шматкніжжа”. Саркастычны знішчальны смех Франсуа Рабле ў рамане пра здзіўляючыя подзвігі вялікага Гарганцюа, бацькі, а пазней і сына Пантагруэля (“Гарганцюа і Пантагруэль”). Падарожжа ў “некаторыя аддаленыя краіны свету Лемюэла Гулівера, спачатку хірурга, а затым капітана некалькіх караблёў” у Ліліпуцію, пасля ў краіну веліканаў. Незвычайныя прыгоды барона Мюнхгаўзена, які сам сябе выцягваў за валасы з балотнай твані.



Прыгадаем ратаборца за вялікія ідэі Дон Кіхота, знаходлівага і бескарыслівага, якога намаляваў Мігель дэ Сервантэс Сааведра, мудрую іронію Марка Твена, легенду пра бессмяротнага Ціля Уліншпігеля з вясёлай і багатай Фландрыі Шарля дэ Костара. Перамаганосны смех Маякоўскага (“Клоп”, “Лазня”), дасціпнасць, дакладнасць, трапнасць і афарыстычнасць прозы І. Ільфа і Я. Пятрова ў кнігах “12 крэслаў” і “Залатое цяля”, якія надоўга захавалі стыхію і каларыт свайго часу (20-30-я гады XХ ст.) і так палюбіліся чытачу, не страчваюць сваёй каштоўнасці і прыцягальнай сілы і зараз.

У паводзінах галоўнага героя “Запісак Самсона Самасуя” (часопіс “Узвышша”, 1929 г.) Андрэя Мрыя шмат ад многіх сусветна прызнаных вобразаў сатырычнай прозы. А яшчэ больш ад шырока распаўсюджанай ва ўсёй літаратурнай класіцы тэмы самазванства. Чалавек не на сваім месцы – магістральная праблема мастацтва слова. Самсон Самасуй “улазіць у чужую скуру”, бярэцца за любую справу, пачынае падладжвацца пад абставіны, імкнецца адпавядаць эпосе, новаму грамадству, якое на вачах мяняецца, а разам з ім мяняецца і аблічча персанажа, які імкнецца “патрапіць” у нагу з часам.

Гісторыя самазванства, пачынаючы з п’есы Сумарокава “Дзмітрый Самазванец”, развітая ў “Барысе Гадунове” Пушкіна, атрымала сваё геніяльнае вырашэнне ў “Рэвізоры” Гогаля.

А. Мрый паспрабаваў аб’яднаць канкрэтнае і агульнае, спалучыць рэальную асобу і з’яву, якая раз’ядала грамадства, як іржа жалеза. Пісьменнік высмеяў новую савецкую бюракратыю, распазнаў заганнасць дзяржаўнай сістэмы. Мала хто ў сваім жыцці хоць на хвіліну, на пэўны момант не спрабаваў прымераць на сябе даспехі Дон Кіхота, не хацеў пераймаць геройства Ціля Уліншпігеля, хоць аднойчы не станавіўся Хлестаковым. Самсон Самасуй не жыве, ён спрабуе іграць тую ці іншую ролю “вінціка” ў дзяржаўнай машыне. Ён ведае, што рабіць і як існаваць у шалёным свеце, каб заўсёды выплысці на грэбені хвалі.

Яшчэ ў далёкай старажытнасці нарадзіўся літаратурны жанр сатыры. З дапамогай смеху адмаўляліся негатыўныя бакі рэчаіснасці, падвяргалася асмяянню пачварнае, непраўдзівае, наноснае.

Сатыра А. Мрыя выкрывала не проста ганебныя з’явы сярод людзей і ва ўстановах улады. Пісьменнік “замахнуўся” на асновы жыцця новага грамадства, на святая святых любой цывілізаванай дзяржавы – на яе бюракратычна-камандную сістэму, апарат кіравання. Празаік абсмяяў і збэсціў стыль, формы і метады арганізацыі не толькі культурна-асветніцкай, але і гаспадарчай, сацыяльнай, маральнай, этычнай сфер. Раман стаў сатырай на палітычны лад у краіне Саветаў. Камуністычная фанабэрыя, чванства, катэгарычнасць, зазнайства, самалюбства, безапеляцыйнасць сталі нормай жыцця савецкай і партыйнай адміністрацыі. У лісце “Другу працоўных Іосіфу Вісарыёнавічу Сталіну” Андрэй Антонавіч Шашалевіч (сапраўднае прозвішча А. Мрыя) расказаў пра гісторыю ўзнікнення і эстэтычную сутнасць свайго сатырычнага рамана. Андрэй Мрый меркаваў напісаць “вясёлую, жыццярадасную кнігу” пра рознага роду “прайдзісветаў, жулікаў, дармаедаў і паскуднікаў”, а з-пад пяра творцы з’явілася на свет “зласлівая насмешка з савецкай культурнай рэвалюцыі”. Пісьменніка называлі “рэакцыйным пісакам”, які “руйнуе асновы”, а раман – “пасквілем на савецкае жыццё”. Аўтар хацеў паказаць “тыповага выскачку Самсона Самасуя, што прабіраецца з мяшчанскіх нізоў да вяршыні савецкай улады”, а надрукаваў раман, у якім дыскрэдытавалася савецкая ўлада і раскрывалася маральная дэградацыя прадстаўнікоў кіраўнічых органаў, ад радавога работніка раённага, абласнога звяна, якіх нямала ёсць у кожнай установе, да “дурылы ва ўсесаюзным маштабе”. Пасля такіх ацэнак твора пісьменніку цяжка было выжыць у складаных умовах тагачаснага палітычнага жыцця.

Літаратура заўсёды заставалася гарачым цэхам, шкодным для здароўя ў любым грамадстве, але тут, ва ўмовах падазронасці, паклёпаў, “навухаданосарства” (тэрмін з рамана) выстаяць і выратавацца не было мажлівасці, нягледзячы на “пакаяльныя” лісты да Сталіна, на шчырыя прызнанні “заўсёды сціплага, забітага, прыціснутага жыццём і хваробамі чалавека”. Лёс Творцы трагічны.

Напачатку жыццё Андрэя Мрыя складвалася даволі спрыяльна. У беларускім народзе ёсць нямала прыкладаў, калі адна толькі сям’я дала роднай літаратуры, навуцы, культуры адразу некалькіх выдатных дзеячаў: такі род Гарэцкіх, Шашалевічаў. Два браты з роду Шашалевічаў магутна і ўпэўнена заявілі аб сабе ў літаратуры: старэйшы – Васіль – у драматургіі, малодшы Андрэй – у прозе. І абодвух іх напаткаў трагічны лёс. Браты-пісьменнікі былі рэпрэсіраваны і загінулі: Васіля задавіла незнарок спушчаная бяроза, уціснуўшы цела ў палаючы касцёр. Андрэй, двойчы асуджаны, памёр па дарозе з высылкі ў цягніку, вяртаючыся дахаты ў 1943 г. пасля ГУЛАГа.

Браты мелі “папоўскае” мінулае, вучыліся ў духоўным вучылішчы, затым – у семінарыі. Яны рана захапіліся музыкай. Першы выдатна іграў на віяланчэлі, а другі з’яўляўся выключна адораным скрыпачом, усё сяло збіралася пад вокнамі хаты, каб паслухаць чароўныя і заклікальныя гукі скрыпкі, якая спявала і, здавалася, выгаворвала, наракаючы на лёс.

У Першую сусветную вайну Андрэй Антонавіч ваяваў з кайзераўскімі захопнікамі, хутка стаў прапаршчыкам, не проста ўжо мог пастаяць “за веру, цара і Айчыну”, але і вёў за сабой іншых салдат вялікай Расіі.

Калі перамагла савецкая ўлада, пайшоў у Чырвоную Армію, стаў кулямётчыкам. Хварэў на тыф. Па загадзе М. Крыленкі як настаўнік быў дэмабілізаваны з фронту, з 1921 па 1926 г. настаўнічаў у Краснаполлі. Непасрэдна ў бурлівых літаратурных падзеях 1925–1926 гг. у Мінску А. Мрый не ўдзельнічаў. У гэты час ішлі вострыя літаратурныя дыскусіі паміж “маладнякоўцамі” і “ўзвышэнцамі”, вёўся “штурм” на творчасць старэйшых пісьменнікаў (“мы ад Коласа не пакінем і воласа”), арганізоўваліся вечары “ў рожкі са старымі”, “літаратурныя суды” над творамі старэйшых майстроў, гучалі крытычныя выступленні ў адрас іншых груповак. “Пішыце публіцыстыку!” – папракалі “маладнякоўцаў” “узвышэнцы”, дадаючы, што ва ўсякім разе яны на гэтай дарозе спадарожнікамі ў іх не будуць. А. Мрый уваходзіў у літаратурнае аб’яднанне “Узвышша”, якое паставіла на мэце зрабіць беларускую літаратуру шматжанравай, шматаблічнай, маштабнай, псіхалагічна заглыбленай, узняўшы на ўзровень класічнай еўрапейскай і сусветнай традыцыі.

Раман “Запіскі Самсона Самасуя” стаў значнай з’явай у беларускай літаратуры 20-30-х гадоў ХХ ст., дапоўніў палітру жывога літаратурнага працэсу, які хутка развіваўся, расквечваўся новымі незвычайнымі фарбамі.

Пра што ж напісаны твор? Што так напалохала чыноўнікаў ад культуры, уладныя структуры? У рамане “Запіскі Самсона Самасуя ” новая савецкая бюракратыя, якая сфарміравалася з сялянскага асяроддзя, пазнала сама сябе. Смех заўсёды трапляе ў шэльму. Сатыра вострая зброя праўды ў барацьбе з недахопамі, з пачварнымі з’явамі ў грамадстве, з загноенасцю сістэмы.

У Андрэя Мрыя адлюстраваны перыяд станаўлення новай улады, што захацела ўзвысіцца над сэрцамі і душамі людзей, якія паверылі ў рэвалюцыйныя пераўтварэнні і пацягнуліся да перамен.

Народ у А. Мрыя, як і ў Пушкіна ў “Барысе Гадунове”, маўчыць. Яго волі не адчуваецца. Новыя бюракраты, як павукі ў банцы, жывуць сваім ізаляваным жыццём: узбіраюцца наверх па іерархічнай лесвіцы, падаюць, зноў плішчацца ў дзверы, лезуць ва ўсе шчыліны, паядаюць адзін аднаго. Празаік не проста імкнуўся выклікаць агіду да кар’ерызму, ён пранікаў у сутнасць з’явы, спрабаваў дакапацца да каранёў. Жаданне выслужыцца, узняцца над іншымі людзьмі стала самамэтай, асновай існавання ў асяроддзі, дзе спрадвеку панавалі цемра, галеча, голад. Так у рамане па ў ста ў сімвал магутнага пазней, а спачатку кволага самапранага дзяржаўнага арганізма, закасцянеласць, заскарузласць, бесчалавечнасць палітычнай сістэмы, якая вызначыла службовыя, чалавечыя адносіны – усю шкалу маральна-этычных каштоўнасцей.

Як заўжды ў беларускім прыгожым пісьменстве, дзеянне ў рамане пачынаецца “ад печы”, ад “роднага кута”. “Ты ж глядзі, глядзі, мой сынок! – наказвае маці, калі пасля доўгага беспрацоўя вясковы невук і гультай Самсон Самасуй атрымаў пасаду ў Шапялёўскім выканаўчым камітэце. Ушчувае: “Глядзі ж, сынок, хоць цяперака трымайся, каб зноў не ўкарацілі!” У гнаі, “у пясочку” сялянскі сын не жадае “калупацца”, не бачачы “сэнсу” ў гэтай “крацінай працы”, а таму падаецца ў кіраўнікі (“кіраваць – не працаваць”), шчыруючы на культурна-асветніцкай ніве, не “прыкладваючы” рук. А хто вучыў Самсона? Ніхто. Самавук. Што вядзе па жыцці? Нішто. Прозвішча Самасуй гаворыць само за сябе, бо ўсюды Самсон улазіць, дзе трэба і дзе не трэба, але тое “самасуйства” яму ж бокам і вылазіць. Набівае шышкі, эксплуатуе вядомыя прыёмы і сродкі кіравання, намагаецца зноў “улезці” ў любую дзірку. Жыццёвая практыка нічому не вучыць Самсона, але прымушае больш актыўна прыстасоўвацца, каб знайсці сваё цёплае месцейка ў дзяржапараце, “гняздзечка”, каб не быць раструшчаным паміж бюракратычнымі жорнамі, каб ацалець. Тры персанажы зрабілі найбольшы ўплыў на фарміраванне свядомасці галоўнага героя: суддзя Торба, “дамарослы філосаф”, загадчык нардома пясняр Гарачы (ён жа Пушкінзон) і настаўнік Мармон. Суддзя Торба “мае два абліччы”. З аднаго боку, ён увасабляе справядлівасць, такі разважлівы, сталы, сур’ёзны, што міжволі робіш выснову: гэты прыродны чалавек не здольны на ганебны ўчынак ці легкадумныя паводзіны. Але, з другога боку, ён вясёлы сабутэльнік і можа выкінуць які-небудзь “фартэль”, не прапускае, зачэплівае кожную жанчыну, якіх ён называе “баядэркамі”. Не пераносіць “адзіноцтва як хваробы”, але ў самы адказны момант заўсёды здольны “накрыцца хвастом”, ухіліцца ад адказнасці. Сям’і не мае, як ніколі не меў ні маёмасці, ні аўтарытэту, ні заробку Як птушка нябесная, не сее, не жне, а толькі песні спявае. Суддзі больш за ўсіх і дасталося ў рамане: па заданні райкама Самсон Самасуй гнеўна выкрыў ідэалагічныя хістанні свайго ўплывовага таварыша “на грамадска-паказальным таварыскім судзе”.

Нізкарослы, крываногі ліліпут паэт Ягор Гарачы, па мянушцы Пушкінзон, мае “калматую, альковага колеру галаву”, “мышыныя вочы”, “жарабячы голас”. У старшыні райкама таварыша Сома “ні кроплі адукацыі не бачна”. “Маскоўцы” Курыца і Курапата, адзін – “высокі шкілетны”, другі – з “пульхнымі зашчочынамі, што наступалі на вочы” – бездухоўныя асобы.

Вобразы рамана – парад масак. Аўтар не зрывае пачварнай абалонкі, што “прыклеілася” да твару, але знаходзіць усё новыя і новыя праявы “самасуйства”: нахабства, цынізм, “шальмаватыя вочы” (вось той смех, які цэліць у шэльму!). “Цяжкія, ад таго, што ўсё мацаюць”, рукі ў настаўнікаў Юрліка і Гылі, якія даўно ўжо забыліся на асвету і навуку. Распусны бібліятэкар Свердзялюк, што дэманструе “дзіўныя рухі” ў сямнаццаці каленах буржуазнага танца факстрота з дзяўчынай Сошай-Дошай, “здаровай вясковай жанчынай пад 30 год”. Мяшчанка, начальніцкая жонка Соміха з чырвонай хусткай на галаве. Таксама сустракаецца без імя і імя па бацьку, хутчэй з мянушкай-біркай, чым з сапраўдным прозвішчам, моцны гаспадар Трагладыт, які жыве ізалявана, ваўком, сярод лесу, у Ваўчыцкім сельскім савеце, за 5 км ад вёскі Галадранка. Усе яны з’яўляюцца прадстаўнікамі простага люду. Калейдаскоп масак змяняецца, складваючыся ў стракаты несамавіты малюнак тагачаснага існавання. Празаік не робіць “сацыяльны зрэз” грамадства, яго прываблівае партыйна-гаспадарчы савецкі “бамонд”.

Пісьменнік паказаў заганнасць, тупіковасць сацыяльных схем і мадэляў кіравання ў краіне, раскрыў абмежаванасць унутранага свету кіраўнікоў новай фармацыі. “Толькі злачынная фантазія можа прыдумаць такую нуду, глупства, дзікунства” – так ахарактарызаваў “адзін таварыш з Мінска”, які рэвізаваў РВК, дзейнасць Самсона Самасуя.

Самсон Самасуй – абагульнены вобраз. Вобраз-сфінкс, шарж, гратэск. Самадур і невук, бесхрыбетны і беспрынцыповы таварыш, які гатовы выйсці сухім з вады, калі ўжо надышоў поўны маральны крах.

Перад чытачом паўстае амбіцыёзны, адыёзны і самазадаволены тып, з вострай пакутнай хваробай на “чынаманію”, які “паверыў” ва ўласную бязгрэшнасць і ўнутраную дасканаласць. Драма Самсона Самасуя ў неадпаведнасці знешніх прэтэнзій і ўнутранай абмежаванасці, пустэчы, дробнасці душы.

Празаік часта звяртаўся да скарбонкі народнай мудрасці, да беларускага фальклору, прымавак, якія сталі жыццёвым крэда асобных персанажаў: “Свет вялік, а дзецца нейдзе!”, “Ад вады п’яным не будзеш”, “Тады круці лазу, як маладая яна!”. Шматлікія афарызмы характарызуюць эпоху: “Пры нас свет настаў, што і поп засвістаў”, “Што пішы, а што ў галаве насі!”, “Чалавек думае, а райком кіруе!”. Асобныя з іх засталіся патрабаваннямі да “саўчына” (савецкага чыноўніка): “Увесь век вывучай наменклатуру!”, “Не давай ёлупу агонь у рукі!”, “Кусайся, хоць зубоў не маеш”, “Стары вол псуе баразёнку”, “Каровы, якія дужа равуць, мала малака даюць”, “Жні там, дзе не сееш”. Над традыцыйнай, жыцейскай і найноўшай рэалістычнай “філасофіяй” “акаянных” дзён гучыць абагульняльны вывад: “Сук не дрэва, балота не золата, Самасуй не працаўнік!”

Старонкі, якія прысвечаны развіццю асабістых пачуццяў героя, даволі невыразныя, бедныя, сухія, пратакольныя. На вачах адбывалася рэдукцыя агульначалавечага. Сярмяжная праўда “праслізгвае” ў лісце камбата на просьбу Самасуя паступіць у партыю. Погляд як бы “з боку” на галоўнага героя вельмі істотны: “Ты, бачу, зусім не змяніўся і добраму не навучыўся. У людзей дурні здыхаюць, а ў нас як з вады вылазяць!”

У рамане шмат рэалій часу: месячнікі барацьбы з бескультурнасцю, агіткі, сходы, лозунгі (“Айда да старога!”, “Прэч карлікавую гаспадарку!”, “Пі ваду свежую, чыстую, вараную!”), перайменаванне вуліц (“Хадоркаўскую вуліцу перайменаваць у вуліцу вызвалення жанчын ад пялюшак”), устанаўленне рэвалюцыйных назваў, якія сталі прыкметай “саматужнага сацыялізму”.

Мова персанажаў афарыстычная: “Рэж праўду-матку, пакуль не зарэжаш, халеру!” Шмат канцылярызмаў: “Лілі ваду на млын майго гонару”, “замарыць грамадскай чыннасцю”, “ледзь не заціснуў Крэйну вяроўкаю свайго кахання”, “зламаць лёд яе сэрца”.

Адзін эпізод. Вось галоўны герой зазірнуў на тэлефонную станцыю. “Дзверы былі зачынены знутры”, піша аўтар. Андрэй Мрый бы ў адным з першых беларускіх пісьменнікаў, які намагаліся “дастукацца” да кожнага, каб людскія сэрцы адчыніліся “знутры”, увабралі ў сябе дабро, праўду, справядлівасць, інтэлект, спагаду, добразычлівасць.

Пытанні для кантролю

1. Які жыццёвы і творчы лёс пісьменніка Андрэя Мрыя?

2. Якія анамаліі грамадскага жыцця раскрываюцца ў рамане “Запіскі Самсона Самасуя”?

3. Якія тыповыя рысы кар’ерыста Самсона Самасуя?

4. Што вы ўкладваеце ў паняцці сатыры і гумару?

5. Якія рысы характарызуюць шапялёўскую інтэлігенцыю?

Уладзімір Дубоўка (1900–1976)
 
О Беларусь, мая шыпшына,
Зялёны ліст, чырвоны цвет!
У ветры дзікім не загінеш,
Чарнобылем не зарасцеш.
 
Уладзімір Дубоўка

“Уладзімір Дубоўка. Магутны і пры гожы чалавек. Нікому, здаецца, так не падыходзіла б вялікая сівая барада, пры светлых, чыстых вачах, харошай прыязнай усмешцы, нетаропкай, разумнай гутарцы пра адзіную справу жыцця”, – пісаў Я. Брыль.



Адзіная справа жыцця… Ёю стала літаратура, якой У. Дубоўка самааддана служыў у 20-я гады ХХ ст. Мог быць сталяром, мулярам, земляробам, геолагам, буравіком, таёжнікам, майстрам-чырванадрэўшчыкам. Ён стаў Майстрам паэзіі. “Найкрашчы бузацёр” – называлі У. Дубоўку на Украіне. Паэт-бунтар у жыцці і літаратуры, ён не быў асцярожным і абачлівым ні ў пошуках новых літаратурных форм, ні ў абнаўленні зместу сваёй паэзіі, ні ў літаратурных спрэчках. У. Дубоўка быў сімвалістам, акмеістам, імажыністам, пралеткультаўскім паэтам, усе плыні ў ягонай творчасці судакраналіся, перапляталіся, усё сыходзілася на розных палюсах ягонай наэлектрызаванай і аголенай, як жывыя нервы, эмацыянальнай і глыбокафіласофскай паэзіі. Паэт з’яўляўся нястомным арганізатарам літаратурнага жыцця, часта ездзіў па Беларусі, выпускаў зборнікі і альманахі, будучы добрым прамоўцам, чытаў свае вершы, умеў слухаць і гутарыць, меў высокую эрудыцыю, глыбокую агульную і паэтычную культуру. “Прышліце Дубоўку і Пушчу”, – патрабавала моладзь з Полацка ў 20-я гады ХХ ст. “Філія… з нецярплівасцю чакае прыезду Дубоўкі і Вольнага. Добра было б, каб паведамілі аб дні прыезду, – ляцелі лісты-запросіны. У лісце-ўспаміне да аўтара гэтых радкоў У. Дубоўка прыгадвае, як, будучы ў Оршы, яны арганізавалі філію “Маладняка” і выпусцілі альманах. “Я даў і верш і апавяданне “Верацёны”, падпісанае псеўданімам Ул. Гайдукевіч. У апошні момант агледзіліся, што ў нумары амаль не прадстаўлены жанчыны. Прыйшлося адзін твор падпісаць жаночым прозвішчам Ганна Аршыца”.

Навуковыя інтарэсы У. Дубоўкі – арыгінальнага паэта, тонкага літаратурнага крытыка, удумлівага публіцыста звязаны з мовазнаўствам, фалькларыстыкай, музыказнаўствам, філасофіяй, міфалогіяй, гісторыяй, беларусазнаўствам.

Мастак слова ішоў у паэзію, глыбока засвоіўшы сусветныя паэтычныя традыцыі, шмат узяўшы ад мэтра французскіх рамантыкаў В. Гюго, ад нямецкай рамантычнай хвалі – Ф. Шыллера, І. Гётэ. Гэта быў паэт брусаўскай школы. Вучыўся ў Вышэйшым літаратурна-мастацкім інстытуце імя. В. Брусава, з’яўляўся сакратаром “кабінета паэтыкі” у В. Брусава, працаваў у пастаянным прадстаўніцтве Беларусі ў Маскве, лектарам універсітэта народаў Захаду, бы рэдактарам беларускага тэксту Збору законаў, расшыфроўваў чарнавікі М. Багдановіча, кіраваў філіяй “Маладняка” ў Маскве, супрацоўнічаў з Інбелкультам.

Нарадзіўся паэт 15 ліпеня 1900 г. у вёсцы Агароднікі цяперашняга Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці, жыў у Маскве, куды ў 1915 г. пераехала сагнаная з месца вайной сям’я і дзе знайшла прытулак.

Паэзія У. Дубоўкі развівалася па спіралі, па своеасаблівых гадавых кольцах, то вяртаючыся назад – у гісторыю, то забягаючы наперад – абганяючы час, пры гэтым яе форма і змест заўсёды абнаўляліся. Яго папракалі ў метафарычнасці, нагрувашчванні паэтычных вобразаў і фарбаў, няяснасці думак, у зашыфраванасці зместу, у цьмянасці і невыразнасці настрояў, у супярэчлівасці выказванняў. Гэта быў паэт філасофскага складу, паэт-наватар, аналітык. Віртуоз вершаванай фразы, выдатны меладыст. Паэт асацыятыўны. Глыбока індывідуальны, самабытны талент. Ён надаваў вялікую ўвагу гукапісу, рытміцы.

Паэты расцвітаюць рана. У кастры паэзіі згарэлі многія і многія таленты. Несумненна, што паэзія ўзвышае душу, але паэзія і забірае паэта, як забрала цалкам яна і У. Дубоўку. Натхненне прыходзіць у душу, як прыходзіць вясна на зямлю. Яго не спыніць, з’яўленне паэта – вялікая падзея, незвычайная з’ява, заўсёды свята. Ды толькі тады, калі ёсць неабходныя ўмовы, каб развінуцца і расквітнець сапраўднаму глыбокаму таленту.

Нездарма адзін з сучасных творцаў прыгадваў, што сэрца сціскаецца пры лічбе 27. Роўна столькі прабыў у сталінскай няволі беларускі паэт У. Дубоўка. У такі адрэзак часу ў творчасці многіх паэтаў – Лермантава, Пушкіна, Дабралюбава, Пісарава, Ясеніна, Багдановіча – змясцілася ўсё, зробленае імі ў літаратуры.

Паэтычнае слова У. Дубоўкі ішло да глыбінь духу нязведанымі дагэтуль, неспазнанымі і пакручастымі шляхамі.

Эвалюцыя мастака слова была складанай і дынамічнай. У. Дубоўка рана зразумеў, што паэзія – гэта не зарыфмаваныя аднадзёнкі, не лёгкае жангліраванне словамі, а глыбіня самавыяўлення, творчасць на вякі, імкненне выклікаць “арфазвонныя гукі”. Глыбокае дыханне верша ў паэта сплаўляецца з унутранай энергіяй хвалюючага пачуцця, дынамікай развіцця, музыкай. Рытміка-інтанацыйны малюнак твораў мастака багаты, уздымаецца па лесвіцы рытмаў, гукаў, мелодый. У паўторах і няспыннасці, як прылівы і адлівы марскіх хваль, рухаецца радок у вершах паэта – няўхільна, няўмольна, як дзень змяняе ноч, па законах рытму. Рытм у паэта У. Дубоўкі “трохступенчаты”, калі радкі “навучаны хадзіць па-рознаму”… Рытміка яго паэзіі – гэта не гукаперайманне, не стэп, не бязладдзе і бестурботнасць, а дынамічнае вылучэнне ўнутранай энергіі і слова, напал думкі і пачуцця. Рытм тут арганізуючы, канструктыўны. Змястоўнасць рытмікі паэта – у выяўленні псіхалогіі суперажывання, у філасофіі гукаў і фарбаў.

“Разліліся, развіліся вакол туманы, і на кветкі і на лісці ўсё яны, яны, яны… Струн кранае ціхі вецер, доля ў іх мая. Ты пра вошта сніш у вецці, кветка любая? Ані слова, ані гуку не чутно ў адказ. Што зязюля – “Ку-ку, ку-ку у засмучоны час…” (“Ноч наплакалі бярозы”).

Такія рытмы ў вершах У. Дубоўкі. Паэт эксперыментуе, шукае, прыдумляе, а часам пацвельвае з чытача і забаўляецца рытмічнай арганізацыяй вершаваных строф. Ён свабодны і раскаваны ў самавыяўленні пачуццяў. Гэта бунтарны паэт у сваіх творах, незвычайны, уражлівы, эпатажны, напорысты, настраёвы. Яму падуладна ўсё: гукапіс, стройнасць, меладычнасць.

У чаканцы майстроў XIV ст. аклад-аздоба, аправа “перамагла” іканапіс. Арнамент – знешняе афармленне – выходзіў “на самастойны шлях”. Так і ў У. Дубоўкі арганізацыя верша, яго інструментоўка становяцца выразлівей за сам верш, за ягоны змест. Экзатычнасць рыфм, новых рытмаў, неалагізмаў сведчыць аб форме і змесце. Вычварнасць, манернічанне, метафарычнасць, незвычайнасць вобразаў, якія ён стварыў, зачароўваюць. Ён шырока выкарыстоўвае недакладныя, абрывістыя блокаўскія рыфмы. Вобразы ўзнікаюць ад ірэальнай асацыяцыі, яны часам суб’ектыўныя, адвольныя. Паэт апускае аб’ектыўныя сувязі паміж з’явамі, злучае незлучальнае. Ніцыя лозы ў вершы становяцца гімнам прыгажосці. У паэзіі выяўляецца новы светапогляд мастака на свет і асобу.

Ранні У. Дубоўка – рамантычны, у пазнейшы перыяд інтэлектуальна-філасофскі. “Строма” – такую назву носіць першы зборнік паэта, які выйшаў у 1923 г. Услед за ім паяўляюцца ўсё новыя і новыя кнігі: у 1925 г “Трысцё” і “Там, дзе кіпарысы”, у 1926 г – “Крэда”, у 1927 – “Наля”. Паэт-рамантык, барацьбіт за новы лад жыцця і за абнаўленне паэзіі, ён бачыў тое, што замінала ў жыцці. Бескультур’е, адсутнасць адукацыі, выхаванасці, эрудыцыі давалі мала спатолення душы, наводзіла на сум. Так паяўляюцца матывы тугі, самоты, болю.

 
Часінай весела, часінай – сумна.
Ідуць шляхамі – у балотах трацяцца,
А недзе злоснікі бразгочуць бубнамі,
Ад барабаннага бою стамляецца сэрца…
 

Бубны – пустыя гукі новага. Яны нікуды не клічуць. Паэт “вітаў дні наступныя ў трывозе”, не аднойчы сцвярджаючы, што “заўсёды заўтрашнее – рэбус”. Лірыка Дубоўкі без фанфар. Ён не хоча падзяляць агульных бадзёрых нотак ура-патрыятызму, не жадае “дзьмуць” у адзіную ідэалагічна-прапагандысцкую дуду. Паэт у вершы “Часіна ды з сокам рабіны” пісаў:

 
Не хоча Ўладзімір Дубоўка
Спяваць пад зазубраны лёскат.
 

Скаргамі і скрухамі напоўнены яго творы, “з дарагога апрыклага сёння”, дзе згубілася сцежка, якая не вяла нікуды, без адрасу, як дэпеша, пасланая абы-куды з “цьмянасці золкай і золі”.

Матывы самастойнасці (адзіноты) сталі вызначальным для паэзіі У. Дубоўкі. Яго вершы набываюць філасофскае гучанне, але цэласнасці, паўнаты ўспрыняцця свету яшчэ няма. “Паэзія пачынаецца там, дзе ёсць тэндэнцыя” – вядомы выраз У. Маякоўскага. Тэндэнцыйная літаратура – дрэнная літаратура, як прызнавалі лепшыя творцы свайго часу. Паэту надакучвае “бурапенная”, касмічна-планетарная, умоўная і траскучая паэзія маладнякоўцаў. Ці не востраму на слоўца Дубоўку належыць неалагізм “бура+пена” – як яркая і дакладная характарыстыка маладой паэзіі і рэвалюцыйнага пафасу 20-х гадоў XX ст. Паэт спрабуе супраціўляцца засіллю рытарычнай павярхоўнасці, піша вершы “Вясенняя смага”, “Пачынаецца з-пад хмар вандроўных”, “Не можам мы абыйсціся без лірыкі”. У. Дубоўка зазначае:

 
Што складаць пра каханне вершы?
Госіздат друкаваць не будзе.
Што з таго, што адным прыбудзе?
 

Верш “Пачынаецца з-пад хмар вандроўных” – праграмны. “З-пад хмар” ідзе жыццё, яно ідзе да жней, якія “серп гарбаты на хмары ўскінуць, хай ускінуць яго сёння…”, бо з зямлі засмяецца (ужо) “электрычная жнейка”.

Паэт жадае выказаць свае погляды на паэзію, выявіць сутнасць уласнай пазіцыі мастака ў новым грамадстве, раскрыць змест творчасці, яе дух. З’явіўся зборнік “Крэда” (1926).

Як знайсці гармонію свету, прыгажосці? Як з’яднаць мінулае і будучае? Як быць творцу ў гэтым свеце? Дзеля чаго існуе паэзія? У чым яна? Якая яе роля? Сэнс мастацтва ў тым, каб раскрыць і выявіць душу мастака. Так калісьці В. Брусаў – духоўны настаўнік У. Дубоўкі – выявіў канцэпцыю мастацтва ў брашуры “Аб мастацтве”. Як вядома, адзіным аб’ектам мастацтва з’яўляецца асоба мастака, творцы. Але мастак не можа мірыцца з адзінотай. Душа паэта рвецца да людзей, да судакранання і яднання, якія мажлівы толькі ў мастацтве, роднасці душ. На гэтым шляху паэта падпільноўваюць небяспека паглыблення ў містыку, як гэта было ў паэзіі Д. Меражкоўскага. У. Дубоўка імкнуўся спасцігнуць тайну паэзіі, дабіцца высокага майстэрства, хацеў зрабіцца не здольным “рыфмачом”, а тонкім выразнікам душы, яе настрояў, выразнікам людскіх дум, адчуванняў. Але душу паэта мала хто хацеў зразумець.

Пачаліся нападкі на паэта, пасыпаліся абвінавачанні ў адарванасці яго паэзіі ад жыцця, у незразумеласці сімвалаў і падтэкстаў, у містыфікацыі. Паэт ведаў, што галоўнае ў творчасці – слухаць самога сябе, сваё сэрца, якое выратуе і падкажа шлях далейшых пошукаў: “Вядзі мяне, як і вяло ты, сэрца”. Паэт не здаваўся. Ён добра разумеў, што ў літаратуры застанецца толькі праўдзівае, свабоднае, самае патаемнае. А. С. Пушкін пісаў:


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 | Следующая
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Это произведение, предположительно, находится в статусе 'public domain'. Если это не так и размещение материала нарушает чьи-либо права, то сообщите нам об этом.


Популярные книги за неделю


Рекомендации