Электронная библиотека » Уладзімір Навумовiч » » онлайн чтение - страница 12


  • Текст добавлен: 5 июля 2016, 13:00


Автор книги: Уладзімір Навумовiч


Жанр: Языкознание, Наука и Образование


сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 12 (всего у книги 34 страниц)

Шрифт:
- 100% +

Паэт упэўнены, што менавіта маладым творцам наканавана здзейсніць вялікія запаветы новага часу. Ён верыць у моладзь. У вершы гучаць матывы пераемнасці пакаленняў. Першая частка верша напісана ў “бадзёрым”, “віхурным” настроі, вельмі блізкім да твораў саміх маладых паэтаў. Пераклікаюцца вобразы “завірухі”, “буры-завірухі” як рэвалюцыі. Паэзія Купалы афарбоўвалася новымі колерамі, яму былі блізкія рамантычныя настроі маладых. Верш прасякнуты энтузіязмам, разуменнем гістарычнасці моманту, калі народ здзяйсняе свае спрадвечныя мары і надзеі (“Ужо выбіла часіна / На вялікую прыгоду / Выйсці з мутнай каляіны / Беларускаму народу”). Прамоўніцкі, заклікальны маналог паэта звернуты да арлянят новай эпохі, акрыленых рэвалюцыяй. Радасна вітаючы новае, паэт гаворыць пра адказную і пачэсную місію моладзі абноўленага краю. У другой частцы верша гаворыцца пра тое, што менавіта павінна берагчы і адстойваць моладзь, якія заваёвы памнажаць. Найперш гэта заваёвы свабоднай працы на свабоднай зямлі, непрымірымасць да “пустацвета і зелля”, пастаянны клопат пра абнаўленне духу, клопат пра песню, пра волю, пра долю, пра свабоду ўсіх працоўных людзей.

Верш “Арлянятам” – паэтычная ода, прысвечаная моладзі роднага краю на парозе новага гістарычнага павароту. Зварот паэта да моладзі – “арлянят” – стаў крылатым выразам, з’явіўся абагульненым азначэннем маладых пакаленняў маладой краіны.

Лета 1935 г. было плённым перыядам у творчасці Я. Купалы. Паэт напісаў 18 твораў, вядомых пад назвай “ляўкоўскі цыкл”. У Ляўках пад Оршай, на беразе Дняпра, была дача Купалы, падораная яму дзяржавай да трыццацігадовага юбілею творчай дзейнасці. На гэтай дачы паэт жыў кожнае лета ад прылёту птушак і да іх адлёту – ад вясны да восені. Тут цудоўныя мясціны. Круты бераг Дняпра выгінаецца шабляю, ззаду падступае магутны лес, а навокал шмат арэшніку, кустоўя.

Купала быў чалавекам хлебасольным, часта прымаў гасцей у сваёй хаце. У яго бывалі не толькі слынныя пісьменнікі з Масквы і Мінска, але і мясцовыя, і калгаснікі. Паэт любіў сялян, часта і сам бываў сярод іх. Як вынік такіх частых сустрэч паявіліся вядомыя вершы “ляўкоўскага цыкла”. Гэта былі вершы пра новае калгаснае жыццё. Крытыкі папракалі Купалу, што ён мала піша пра новую рэчаіснасць. Творамі ляўкоўскага цыкла Я. Купала адкрываў новую старонку не толькі ў беларускай, але і ва ўсёй савецкай паэзіі. На доўгі час лірыка Я. Купалы пра новае шчаслівае жыццё на вёсцы з яе асаблівай рытмікай, інтанацыяй стала ледзь не эталонам таго, як трэба пісаць пра рэчаіснасць. “Уся беларуская паэзія 30-х гадоў выйшла з “ляўкоўскага цыкла” Я. Купалы”, – пісаў крытык М. Стральцоў. Вершы гэтага цыкла – вельмі характэрныя для свайго часу. Але ці з такім ужо захапленнем хваліць паэт новую рэчаіснасць? Паэт славіў сучаснасць там, дзе было за што славіць і дзе было пра што расказаць. Думаецца, ён ніколькі не перабольшваў у паказе рэчаіснасці, а толькі глядзеў на яе ва ўласцівай яму манеры, з рамантычнай прыўзнятасцю, абагульненасцю вобразаў, з пэўнай доляй умоўнасці, адцягненасці, але шчыра, зацікаўлена. За кожным канкрэтным фактам, за чалавечай працай паэт бачыў высокую паэзію (вершы “Лён”, “Вечарынка”, “Госці”, “Як у госці сын прыехаў”, “Хлопчык і лётчык”).

“Лён” – паэтычны маналог дзяўчыны-працаўніцы, якая адчувае паўнату шчасця чалавечага існавання, бо яе праца – сяўба, догляд ільну – неаддзельная ад памкненняў да асабістага шчасця, да кахання. У творы праца калгаснай ільнаводкі паказваецца паралельна з душэўным азарэннем, асветленая каханнем. У вершы мы бачым увесь гадавы цыкл сялянскай працы – сяўбу, праполку, апрацоўку лёну, выраб з яго валакна. Пададзена ледзь не поўная тэхналогія вырошчвання лёну, але зроблена гэта надзвычай узнёсла, апаэтызавана. У канцы верша малады брыгадзір ставіць новую хату – для сваёй каханай. Для паэта той новы, светлы будынак – гэта навакольны свет, у якім шмат мажлівасцей для выяўлення ўласных сіл і здольнасцей, дзе асабістыя захапленні цесна пераплятаюцца з грамадскімі інтарэсамі.

Верш “Алеся” – мацярынская песня аб незвычайнай долі дачкі. Купалаўская Алеся ўвасобіла ў сабе лепшыя рысы новага пакалення моладзі, падняўшыся да аблокаў, стаўшы лётчыцай-парашутысткай. За вобразам звычайнай вясковай дзяўчыны ўгадваецца вобраз авеянага рамантыкай парывання цэлага пакалення юнакоў і дзяўчат. “Гадавала матуля дачушку Алесю”, але нават дзякуючы самай багатай фантазіі нельга было ўявіць, якая доля чакала вясковую дзяўчыну (“Не згадала матуля, што выйдзе з Алесі”). Крылом самалёта калыша воблакі дзяўчына, і з прытоеным жалем, ледзь згаданай іроніяй паэт зазначае, што ўжо з-пад сонца дзяўчына не зляціць да прасніцы, за якой ля ваконца ў сялянскай хаце дзень і ноч марыць аб дачцы яе старэнькая маці. Верш напісаны проста, задушэўна, немудрагеліста, з выкарыстаннем паэтыкі народных песень.

Незвычайна гнуткая інтанацыя твораў “ляўкоўскага цыкла”. У многіх вершаў чуюцца даверлівыя, інтымныя ноткі. Вершы гэтыя выключна меладычныя.

У першыя дні Вялікай Айчыннай вайны, калі ўжо бамбілі Мінск, адсюль, з Ляўкоў, правёўшы апошніх хлопцаў з навакольных вёсак у войска, Я. Купала выехаў у эвакуацыю. Жывучы ў Падмаскоўі, у Чарнарэцкім лясніцтве, у верасні 1941 г. Купала напісаў патрыятычны верш-пасланне “Беларускім партызанам”. Гэта верш-адозва, заклік да змагання, палымяная мітынговая прамова паэта, звернутая да патрыётаў маці-Беларусі. Ад заклікаў паэт пераходзіць да праклёну, да просьбы і заклінання, выказвае абурэнне, гнеў у сувязі з тым, што творыць вораг на акупаванай зямлі. Ён перапоўнены нянавісцю да чужынцаў і ў той жа час пяшчотна, па-бацькоўску звяртаецца да землякоў-партызан з верай, з вялікай упэўненасцю ў святой справе вызвалення роднай стараны. Твор гэты надзвычай эмацыянальны, у ім перададзены амаль фізічны боль, душэўныя перажыванні аўтара ад думак пра тое, што чакае беларускі народ у няволі. У вершы гучаць прамыя экспрэсіўныя ацэнкі і ўзмацняльныя словы (“гітлерцаў паганых”, “звер звяроў”), часта ўжываюцца аднакаранёвыя словы (“вырывайце з жывых жылы”). Заключныя радкі вылучаюцца інтанацыйна, сэнсава. Верш узрушвае суровасцю, лаканічнасцю, напорыстасцю, гучыць як наказ сынам беларускай зямлі:

 
Партызаны, партызаны,
Беларускія сыны!
За няволю, за кайданы
Рэжце гітлерцаў паганых,
Каб не ўскрэслі век яны.
 

Рэфрэнам праходзіць у гэтым вершы палымяны зварот, які нібы нарастае, узмацняецца (“Партызаны, партызаны, / Беларускія сыны”), як магічны заклік, множыць шэрагі для змагання. У вершы выказваецца ўпэўненасць у перамозе, вера ў тое, што закалосяцца яшчэ свабодныя беларускія нівы, схінуцца ў пашане і славе, як у дзяржаўным гербе, “да нас нашы каласы”. Паэт прадбачыць светлыя дні адваяванай свабоды (“Ваша чыстая дарога / Да свабоды давядзе…”). Ён нібы не задавольваецца словам, адразу шукае другое, нагнятае экспрэсію, пачуццё, апелюе да слыху, да сэрца, да розуму, да нерваў кожнага, каб нікога не пакінуць раўнадушным, каб дастукацца да свядомасці чытача.

Верш у вайну шмат разоў перадрукоўваўся, стаў палымянай лістоўкай і плакатам, неаднаразова чытаўся па радыё, распаўсюджваўся сярод беларускіх партызан, загартоўваючы волю ў барацьбе, напаўняючы сэрцы нянавісцю да ворага, уздымаючы да помсты і клічучы да вызвалення зямлі беларускай.

“Рэпрэсіраваныя” творы Я. Купалы. Жыццёвыя шляхі паэта не заўсёды былі лёгкімі. Яшчэ больш складанымі часам з’яўляліся шляхі твораў паэта да чытача. У творчай спадчыне Янкі Купалы ёсць цэлыя нізкі вершаў, якія доўгі час замоўчваліся альбо з іх “вымаліся” цэлыя абзацы, перайначваліся радкі, апускаліся строфы. Паасобныя творы пры жыцці паэта ніколі не друкаваліся.

Зусім не друкаваліся ў пасляваенную пару вершы Янкі Купалы нашаніўскага перыяду: “Забраны край”, “Казка аб песні”, “Беларушчына”. Не друкаваліся найперш з цэнзурных меркаванняў, бо не маглі ідэолагі новага часу і чуць пра цяжкае беспрасветнае жыццё краю “за чужынцамі”, калі “мальбішчам чужым б’е пакора паклоны”, калі “наведзены струны у скрыпках па-свойску чужая зрывае рука”, калі

 
Аж прадзедаў косці ня ўлежаць пад крыжам, —
Штоночы выходзяць з магіл.
Выходзяць, ідуць ад парога к парогу,
На стогн жывых грозна глядзяць
I з ветрамі, з бурамі б’юць на трывогу:
“Забраны край” клічуць устаць.
 
(“Забраны край”)

У спадчынных матывах вырашаны верш “Беларушчына”. Тут гаворыцца пра нялёгкую гісторыю народа і краю, пра ідэю нацыянальнага адраджэння, якая сотні гадоў займала галовы беларусаў, і тыя ўмовы, якія неабходны, каб ёй прарасці ў будучыню і даць добрыя ўсходы (“I круцілі цябе, як каму падабалася, / Кожны строіў, наводзіў цябе на свой строй, на свой лад…”; “…пад права тваё падрываецца шмат хто, як крот…”). Але паэт сцвярджае:

 
Як жыла і жывеш, будзеш жыць Беларушчына:
Зразумеў і успомніў цябе твой мільённы народ.
 

Не магла прапусціць тагачасная цэнзура вершы, у якіх выразна паўставала ідэя нацыянальна-культурнага адраджэння, дзе ішла гутарка пра ратаванне цэлага народа. Купала быў аб’ектыўным у сваіх творах; ён выказваўся ў вершах пачатку новага стагоддзя і супраць засілля расейшчыны і супраць уціску польскіх улад, супраць спроб “падгарнуць” пад сябе Беларусь (верш “Папросту”). Пра гэта ж – сатырычны верш “Сваякі”:

 
Раз абселі Беларуса
Маскалі ды ляхі,
I давай яму сваяцтва
Тыцкаці з-пад пахі.
 

Можа, больш, чым у іншых творах, у вершах, што трапілі пад забарону, выяўляліся настрой і перакананні паэта, яго скруха і смех, разуменне неабходнасці выпіць свой “келіх жыцця” да дна, каб усвядоміць несамавітую долю “абыймацца з анёлам і гадам” (верш “Да дна…”), каб спасцігнуць неласкавасць лёсу да беларусаў. Тут Купала застаецца нібыта сам-насам, на адзіноце, а душу яго рве гаркава-даўкае “смейся!” – над доляй-нядоляй, над лёсам быдлячым, над самім сабой. “Смейся, смейся, смейся” – як заклінанне-варажбу паўтарае паэт, жадаючы адвесці бяду ад народа (верш “Смейся!..”).

Гэтыя творы доўгі час былі невядомымі масаваму чытачу. А разам з тым у іх – нялёгкі жыццёвы шлях, багаты духоўны свет, думы і мары народа, які вымушаны выпіць “да дна” ўсе людскія беды і пакуты.

Апынуліся ў забыцці ў новы час, калі ў купалаўскую творчасць з цікавасцю паглыбляліся і даследчыкі, і крытыкі, і аматары прыгожага пісьменства, вершы “Над Нёманам”, “З мінулых дзён”, “Брату-беларусу”, паэма “На куццю”. Ці варта гаварыць, што без гэтых твораў уяўленне чытачоў пра творчасць паэта ў многім няпоўнае, аднабокае, а то і зусім дэфармаванае. Асабліва не пашанцавала тым творам Купалы, дзе згадвалася роля беларускага слова, гаварылася з папрокам “змарнеламу чалавеку”, што “сваю пушчаеш песню ў здзек, чужою славіш нават Бога!” (“Брату-беларусу”). Глыбінёй філасофскага асэнсавання прасякнуты гэты верш паэта. У ім бачыцца менш вядомы нам Купала. Верш напоўнены роздумам і любоўю да чалавека, да роднай зямлі, асэнсаваннем шляхоў людскіх і хады гісторыі.

У вершы “Брату-беларусу” (упершыню надрукаваны ў 1922 г. у зборніку “Спадчына”) паэт звяртаецца да чытача:

 
Ляж, прытуліся да зямлі,
Паслухай шчыра, што гавора
Табе, сям’і і ўсёй радні,
Калі запаліць неба зоры.
……………
I запытаецца зямліца
Тваёй душы і тваіх дум:
Чаго ты блукаеш начніцай?
Чаму свой край аддаў на глум?
 

У савецкі час чытач быў пазбаўлены магчымасці пазнаёміцца з многімі творамі паэта, ці знаёміўся з імі “абгабляванымі”: “Свайму народу” “Крыўда”, “Наша гаспадарка”, “Паўстань з народу нашага…”, “Жыды”, “Перад будучыняй”, “А ў бары, бары”, “Ёсць жа, ёсць яшчэ…”, “Каб…”, “Акоў паломаных жандар”, “На вайсковыя матывы”, трагікамедыя “Тутэйшыя” і інш.

Творы гэтыя вельмі значныя па сваіх ідэйна-мастацкіх якасцях, таму без іх паэт паўставаў у сваёй творчасці не такім глыбокім, аналітычным, філасофска-разважлівым, трагедыйным, якім ён быў на самай справе. Забараняліся творы найбольш з ідэйных меркаванняў – тыя, дзе былі заклікі паўстаць “з цьмы”, “уваскрэснуць”, “устаць”, “выпрастаць душы”.

 
Там чутна: Беларусь! Там – Незалежнасць!
А там – “Паўстань пракляццем…” Ну, а мы?
Мы ў страху… дум крутня… разбежнасць…
Бяз толку крыллем лопаем, як цьмы.
О так, як цьмы, як спуджаны вароны!..
I слухаем, і нюхаем тут, там:
Які павеяў вецер на загоны —
Заходні, ўсходні, й ці ад нас, ці к нам?
……………………
…Няўжо кліч вечны будзе ў нас напрасны —
Кліч бураломны: вызваленне з пут?!
 
(“Перад будучыняй”)

Купала – паэт бескампрамісны, ён не падладжваўся і не мяняў сваіх поглядаў, ён жыў бедамі і трывогамі беларускага народа. Пра гэта яскрава сведчаць забароненыя, “рэпрэсіраваныя” творы пісьменніка, якія ў значнай ступені даюць нам уяўленне пра шматграннасць творчасці паэта, пра яе шматмернасць і глыбіню, пра яго неспакой і трывогу за лёс беларускага народа, нашай мовы і будучыні Беларусі як незалежнай краіны.

Сутнасць твораў Я. Купалы, якія найбольш падпадалі пад забарону цэнзуры, якраз і выяўлялася ў тым, што паэт не толькі выказваў, сцвярджаў, дакляраваў чытачу аб нечым, даводзіў свае думкі, але і падаваў у тых вершах новы малюнак будучыні, тварыў на вачах чытачоў адухоўленае быццё вольнага душой чалавека, якому балюча за Беларусь. Вось гэтага не маглі ўлады дараваць паэту. Куды больш карыснымі, на іх погляд, былі вершы-агіткі, вершы выразна прапагандысцкага гучання, якія, дарэчы, калі і з’яўляліся ў Купалы з-пад пяра, то выходзілі намнога слабейшымі, павярхоўнымі (паэма-рэпартаж “Над ракою Арэсай”, 1933) альбо не такімі трагедыйнымі, не такімі філасофска-разважлівымі, якой была паэзія Я. Купалы пачатку стагоддзя. Такая паэзія не кранала душы, не пранікала ў глыбіню свядомасці чытачоў, ды і сам аўтар іранічна ставіўся да творчасці падобнага роду. Паэт з народа жыў і тварыў з думкамі пра народ. Таму тыя творы, у якіх найбольш яскрава вы явіліся трывогі, надзеі, нараканні беларусаў, менш за ўсё і трапляліся “на вочы” самім беларусам; вершы трымалі наводдаль альбо зусім не паказвалі чытачу.

Змест і форма ў такіх творах зліваліся ў адзінае цэлае. Кожнае слова тут да месца, мае свой сэнс, нясе ўнутраны энергетычны зарад. Тут няма нязначных дэталей, выпадковых слоў, літаратурных штампаў. Ёсць жывая інтанацыя, глыбінная думка. Рыфмоўка, як правіла, ускладненая, перакрыжаваная. Вершы трывала “закальцаваны”, “запаяны”, адмыслова адточаны. Усхваляваныя пачуцці ў іх самі знаходзілі форму, адэкватную настрою. Адзіная сістэма метра, інтанацыя, рыфмоўка, будова фразы, суаднесенасць рытмікі і сінтаксісу, узаемадзеянне рытму і мовы, размяшчэнне паасобных “апорных” слоў – усё гэта сведчыла аб сапраўды глыбокім выяўленні рэчаіснасці і аб вялікай сіле таленту паэта.

“Рэпрэсіраваныя” творы Я. Купалы, – як і ўся яго паэзія, – глыбокае сведчанне неўміручасці слова выдатнага майстра, няўтольнай любові паэта да беларускага народа і да “забранага краю” – роднай, шматпакутнай, але гордай і духоўна багатай Беларусі.

“Тарасова доля”. Паэма Я. Купалы “Тарасова доля” была прысвечана памяці вялікага сына ўкраінскага народа Тараса Шаўчэнкі і напісана да 125-годдзя з дня нараджэння кабзара, якое адзначалася ўвесну 1939 г.

Беларускі паэт імкнецца асэнсаваць у паэме жыццёвы шлях Тараса Шаўчэнкі, яго долю. У аснове паэмы – рэальныя факты біяграфіі Шаўчэнкі. Купала расказвае пра змрочнае дзяцінства паэта, пра вандроўкі па свеце, смуткуе аб нешчаслівым каханні юнага Тараса, піша пра ссылку ў Орскую крэпасць, пра забарону пісаць і маляваць, пра цяжкую хваробу вялікага майстра слова і яго заўчасную смерць. Глыбока задумваецца беларускі народны паэт над гэтымі старонкамі біяграфіі вялікага кабзара. Амаль зрокава ўяўляеш, эмацыянальна адчуваеш тое, што давялося перажыць аўтару паэмы, які паглыбіўся ў чужы трагічны лёс паэта-творцы, такі дарагі яму і ў многім такі ж нялёгкі, як і жыццё самога Купалы. Лірычныя і эпічныя пачаткі ў паэме спалучаюцца. Эпічная строгасць і храналагічная паслядоўнасць апісання жыццёвых нягод кабзара перамяжоўваюцца з лірычнымі развагамі ўвогуле аб долі паэта, аб долі народа. Адштурхоўваючыся ад біяграфічных фактаў, паэт раздумвае над многімі з’явамі жыцця. Кампазіцыя паэмы складзена так, што трагічнае, поўнае нягод жыццё паэта-змагара пачынаецца і заканчваецца расказам пра рэаліі жыцця савецкай Украіны, што можна ўмоўна назваць пралогам і эпілогам паэмы. Супастаўленне сённяшняга дня з мінуўшчынай дазваляе дасягнуць большага кантрасту. Больш адчувальным становіцца трагізм лёсу Шаўчэнкі ў атмасферы суцэльнага ўціску, беспрасветнай цемры, здзеку з яго народа, гвалту над асобай. Яскравей выяўляецца сіла духу, волі і таленту вялікага творцы, які прайшоў праз усе здзекі і выпрабаванні і застаўся верным свайму народу, здолеў выказаць запаветныя думы, мары і спадзяванні. У паэме выразна гучыць тэма кабзара, які прарочыць будучыню народу. Тут раскрыты погляды Я. Купалы на ролю песняра як выразніка народных уяўленняў аб гістарычным лёсе народа. “Не танула песня моры, / Ў агні не гарэла, Закаваць не мог у путы / Сатрап азвярэлы”, – піша беларускі паэт, разумеючы сілу і моц праўдзівага паэтычнага слова, сказанага аб долі і нядолі людской. Вобраз Тараса падаецца ў паэме ва ўмоўным, абагульнена-манументальным плане, ён у нечым істотным пераклікаецца з вобразам гусляра ў паэме “Курган”. Паэма народная па духу даволі багатая сваім ярка выражаным ідэйным зместам, які заключаецца ў сцверджанні таго, што мастаку неабходна заўсёды служыць свайму народу, па якіх бы цярністых шляхах ні вяла яго доля.

У паэме нямала згадак пра Беларусь, ёсць шмат радкоў, прысвечаных мінуламу беларускага народа, дзе малюецца беларуская прырода, гасцінцы, бярозы па абапал дарог, па якіх даводзілася вандраваць вялікаму ўкраінскаму паэту. Пра агульнасць лёсаў беларускага і ўкраінскага народаў беларускі паэт піша так:

 
Бо йшла доля беларуса
З доляй украінца
Адналькова – ў поце, ў слёзах,
Церневым гасцінцам.
 

Для паэмы характэрны ўмоўны план, рамантычнае завастрэнне, шматлікія ўвасабленні і адухаўленні (“I заплакала Ўкраіна”, “Гаманіць Дняпро са стэпам”, “Зубы скаліла няволя”). Паэма пабудавана рытмічна, у яе радках адчуваюцца асаблівасці ўкраінскага каламыйкавага верша, што збліжае “Тарасову долю” з паэмай “Бандароўна”. Народны паэт Беларусі стварыў праўдзівы, яркі і эмацыянальны мастацкі помнік вялікаму кабзару ўкраінскага народа, сцвердзіўшы, што доля паэта – гэта доля народа, які яго ўзгадаваў, а шчасце творцы – гэта шчасце народа, да якога ён належыць.

“Тутэйшыя”. П’еса Я. Купалы “Тутэйшыя” доўгі час не толькі не ставілася на сцэнах беларускіх тэатраў ці іншых тэатраў былога СССР, але і не друкавалася. Яна наогул не ўключалася ў зборы твораў пісьменніка. Напісаная яшчэ ў 1922 г., п’еса была ўпершыню надрукавана ў 1924 г. і з’явілася зноўку ў друку толькі ў 1987 г.

Хто ж такія “тутэйшыя”? Гэта – мясцовыя жыхары, карэннае насельніцтва, людзі, якія здаўна жывуць на сваёй зямлі. І вось звыклы і трывалы, здавалася б, свет нібы расколваецца на дзве палавіны. Адпаведна гэтаму падзяляюцца і людзі. Адны з іх з’яўляюцца прыхільнікамі старых парадкаў, а іншыя шукаюць свайго месца ў жыцці, імкнуцца асэнсаваць тое, што адбываецца, задумваюцца над падзеямі і часам. Стары свет у п’есе прадстаўлены такімі фігурамі, як Пан, Спраўнік, Поп, Дама, прайдзісвет Спічыні, былы калежскі асэсар Мікіта Зносак. Прадстаўнікамі народа ў п’есе выступаюць настаўнік Янка Здольнік, селянін Лявон Гарошка, яго дачка Аленка, маці Мікіты Зносака Гануля.

Канфлікт п’есы пабудаваны на супрацьпастаўленні двух ключавых персанажаў – Янкі Здольніка і Мікіты Зносака. Дзея адбываецца на фоне нямецкай, польскай акупацыі і ўстанаўлення савецкай улады. Мікіта Зносак мяняе палітычную арыентацыю, пераафарбоўваецца ў залежнасці ад таго, што паказвае палітычны барометр, як складваецца палітычная сітуацыя. Які акупант ні ступаў на беларускую зямлю, Зносак заўсёды “мяняў скуру”, імкнучыся падладзіцца пад новую ўладу. Ён мяняе не толькі перакананні, але і вопратку, мову, думкі і нават сваё імя. Пры паляках ён быў Нікіціуш Знасілоўскі, пры Саветах становіцца Нікіціем Знасілавым. Гэта беларус з “пароды рэнегатаў і дэгенератаў” (Купала). “Хто мне болей плаціць, таму і служу”, – цынічна заяўляе ён, дабаўляючы пры гэтым, што ў яго “душа рэальная” і што ён “кіхаць хацеў на ўсялякія ідэі”. Адна з гераінь п’есы Наста Пабягунская гаворыць: “Я з пэўных крыніц ведаю, што беларусы падатлівы народ”. Мяняюцца рэжымы – мяняюцца і людзі. Вось Генрых Мотавіч Спічыні. Па сутнасці, Генрых Мотавіч – патаемная спружына ўсіх пераўтварэнняў і пераўвасабленняў Зносака, гэткі ідэолаг, што “накіроўвае” тутэйшых. Толькі “лінію” асабістае выгоды ён трымае нязменна. Настаўнік Янка Здольнік, наадварот, адмаўляе старыя парадкі, збіраецца ехаць у вёску, верыць у народ і праўду. Купала крыху пасміхаецца з максімалісцкіх планаў настаўніка, але іронія яго не злосная, а мяккая, паблажлівая. Так ставіцца бацька да свайго сына, што не набыў яшчэ жыццёвай мудрасці. Зазначым: у п’есе менавіта так ставяцца да ідэі Здольніка стары селянін Гарошка і маці Мікіты Зносака Гануля. “Гэты настаўнік добры і дужа разумны чалавек, але трохі галава яго нечым заведзена, бо… носіцца, як кот з салам, з усялякімі мудрымі думкамі…” – гаворыць Гарошка Ганулі, а тая заступаецца за Янку: “Маладое піва заўсёды шуміць”. Ды і сам Здольнік у Купалы – жывы чалавек, не пазбаўлены гумару і весялосці. У п’есе Янка спраўна грае на балалайцы “вальца”, ён часам патэтычны, часам – іранічны. Вось хоць бы адзін прыклад. Сваёй былой вучаніцы Аленцы ён раіць ехаць на вёску, і тая згаджаецца: “Нават хоць у пекла, калі вы параіце…” Дарэчы, Купала, звернем увагу, ставіць не клічнік, а шматкроп’е: дзяўчына ўсё ж крыху разгубленая ад гэтай прапановы. І Янка прымушае яе ўсміхнуцца, жартуе наконт “пекла”: “О, там вельмі горача!” Падобных прыкладаў дакладна выпісанага псіхалагізму можна прывесці багата.

Янка Здольнік гаворыць аб самабытнасці народа і яго культуры. Гэта адукаваны, здольны і дасведчаны ў гісторыі культуры чалавек. Ён заклікае “паўставаць супраць той паганай маны, што мы не ёсць мы”.

У п’есе выявіліся шырокія дэмакратычныя настроі народных мас, імкненне шчыра і настойліва змагацца за інтарэсы народа, за будучае сваёй Бацькаўшчыны.

Крытыка таго перыяду трактавала п’есу з вульгарна-сацыялагічных пазіцый, называючы твор заганным у ідэйных адносінах, нацыяналістычным. Але час паказаў памылковасць такіх поглядаў. П’еса ў пастаноўцы рэжысёра М. Пінігіна ўвайшла ў рэпертуар Беларускага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы. Усім сваім зместам, характарам пастаноўкі п’еса як бы скіравана ў нашы дні. Уся бяда ў тым, што зносакаў у нас занадта многа, што не разумеюць яны і не хочуць разумець трагікамічнасці сваёй пазіцыі, а здольнікаў – занадта мала. Між тым, вяшчуе нам Купала, толькі здольнікі ў стане “зрабіць самі сябе гаспадарамі”; не будзе іх, мудрых настаўнікаў-рупліўцаў, адціснуць іх – і не будзе ў нас свайго “я”.

Але не толькі ў гістарычных паралелях магутнасць п’есы. Змест яе глыбокі. Тут вырашаюцца глабальныя пытанні: існаванне незалежнай Беларусі, лёс Бацькаўшчыны. Гэта п’еса аб тутэйшым насельніцтве, аб вытоках беларускага нацыянальнага характару, аб супярэчнасцях паводзін і складанасцях душы звычайнага чалавека, аднаго з многіх сярод тутэйшых жыхароў, аб нашых шляхах “ад тутэйшасці” да народнасці, калі людзі пераадольваюць абмежаванасць, местачковасць, замкнутасць і, кансалідуючыся, становяцца нарэшце народам.

У п’есе Я. Купалы найважнейшы, шэкспіраўскі матыў адвечнага трагізму чалавечага існавання абрываецца глабальным пытаннем: “Людцы, што гэта будзе з намі, з народам, з нашым краем? Што?”

Дзе б ні быў Купала, усюды яму “сніліся сны аб Беларусі”. Пра Бацькаўшчыну і родны дом, пра народ свой – усе думы і спадзяванні паэта. Ды нялёгка было беларусам здабываць лепшую долю, шмат бед і выпрабаванняў давялося перажыць нашаму народу. Я. Купала пісаў аб гэтым 24 студзеня 1922 г.:

 
Стаім мы перад будучыняй нашай
I ўсё варожым, сочым ейны ход…
Ці ўскрэснем мы, душою ўпаўшы, звяўшы,
Каб выйсці ў свет, як нейкі здольны род…
 
(“Перад будучыняй”)

Перад беларускім народам з асаблівай сілай паўстаюць праблемы нацыянальнага адраджэння, фарміравання нацыянальнай самасвядомасці, адмаўлення ад нацыянальнага нігілізму, усведамлення сябе нацыяй з векавымі гістарычнымі каранямі і адметнымі культурнымі традыцыямі. У паходзе за будучыню беларускай мовы, за нацыянальнае і культурнае адраджэнне найлепшым арыенцірам можа служыць неўміручая творчасць народнага паэта Беларусі.

Янка Купала трагічна загінуў 28 чэрвеня 1942 г. Абставіны яго смерці да канца не высветлены.

Купалу праводзіла ў апошнюю дарогу ўся літаратурная Масква, многія культурныя і дзяржаўныя дзеячы краіны. Паэта не стала, але зробленае ім у літаратуры немагчыма пераацаніць.

Пытанні для кантролю

1. Месца і роля Янкі Купалы ў стварэнні беларускай літаратуры.

2. Назавіце найбольш значныя дасягненні Янкі Купалы ў ранні перыяд творчасці.

3. Якія магістральныя тэмы гучаць у творчасці Янкі Купалы?

4. Патрыятычная лірыка Янкі Купалы і яе гістарычны лёс.

5. Назавіце і прааналізуйце творы Янкі Купалы, забароненыя ў свой час цэнзурай, якія сталі вядомымі сёння.


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 | Следующая
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Это произведение, предположительно, находится в статусе 'public domain'. Если это не так и размещение материала нарушает чьи-либо права, то сообщите нам об этом.


Популярные книги за неделю


Рекомендации