Текст книги "Беларуская лiтаратура"
Автор книги: Уладзімір Навумовiч
Жанр: Языкознание, Наука и Образование
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 26 (всего у книги 34 страниц)
Іван Мележ (1921–1976)
Для мяне самае важнае і самае цяжкае – стварыць у кнізе вобразы. Насяліць кнігу жывымі людзьмі. Людзьмі рознымі, са сваім абліччам, са сваімі галасамі, сваімі надзеямі і клопатамі.
Іван Мележ
“Бацьку, маці, бацькоўскай зямлі” – з такімі прысвячэннямі выйшлі ў свет раманы Івана Мележа з ягонай трылогіі “Палеская хроніка” – “Людзі на балоце” (1961), “Подых навальніцы” (1965), “Завеі, снежань” (1976).
Імя беларускага пісьменніка I. Мележа стаіць сёння ўпоравень з вядомымі ва ўсім свеце імёнамі такіх выразнікаў народнага духу, як М. Шолахаў, М. Горкі, А. Талстой, Л. Ляонаў, У. Рэймант і інш.
Іван Паўлавіч Мележ нарадзіўся на Палессі, у в. Глінішча Хойніцкага раёна, і яго землякі паслужылі пісьменніку прататыпамі герояў “Палескай хронікі”.
I. Мележ у сваёй творчасці выявіў глыбінныя сувязі з роднай зямлёю, з жыццём народа, стаў песняром палескага краю, а таксама і ўсёй Беларусі, засведчыў вялікую любоў да людзей, да роднай зямлі.
“Палеская хроніка” – вяршыня творчасці пісьменніка, хоць да стварэння трылогіі ён напісаў раман “Мінскі напрамак” (1952), апавяданні і аповесці, п’есы, нарысы, артыкулы. Раманы I. Мележа “Людзі на балоце”, “Подых навальніцы”, “Завеі, снежань” – эпас народнага жыцця на складаных і вострых паваротах айчыннай гісторыі. Гэтыя творы можна назваць вяршыняй усёй беларускай літаратуры пасляваеннага часу, найперш таму, што тут пададзены маштабныя падзеі, панарама жыцця беларускай вёскі на вялікім адрэзку часу. У творах Мележа характары герояў, выпісаныя дакладна, рэалістычна, увасабляюць шматаблічнасць беларускага нацыянальнага характару.
У рамане рэалістычна, праўдзіва паказаны складаныя гістарычныя працэсы, у прыватнасці, калектывізацыя на вёсцы. “Адлучэнне” селяніна ад зямлі мы бачым праз эвалюцыю вобразаў пераканаўчых і змястоўных, багатых духоўна. Гэта людзі, што спрадвеку жылі на зямлі, “людзі на балоце”, якія выйшлі ў вялікі свет, разарваўшы свет аднаасобнага быцця, далучыліся да працэсаў, што адбываліся тады ў савецкай краіне, гвалцячы ў многім не толькі прыроду, але і саміх сябе. Пад уціскам улады ламаўся звыклы ўклад існавання, разрываліся чалавечыя, сямейныя сувязі, нявечыліся людскія душы.
Раманы I. Мележа адкрылі новы чалавеказнаўчы пласт у нашай літаратуры, даследавалі ўладу зямлі над чалавекам, жаданне і спрадвечнае імкненне селяніна завалодаць зямлёю. Нарэшце, творы I. Мележа пра Палессе і “людзей на балоце” данеслі да чытача жывую народную мову, адценні і інтанацыі палескай гаворкі.
I. Мележ выявіў сябе ў творчасці як выдатны псіхолаг, глыбокі знаўца чалавечай душы, мастак-аналітык, тонкі пейзажыст, сапраўдны майстар мастацкага слова. I. Мележу аднолькава ўдавалася па-мастацку натуральнае і свабоднае апісанне сялянскага побыту, шматлікіх дэталей існавання працаўніка на зямлі, і лірычныя старонкі, поўныя даверлівых інтанацый, напалу перажыванняў, цеплыні чалавечых пачуццяў, і абагульненні, раскрыццё вастрыні сацыяльных калізій. Пісьменнік жыў турботамі і думкамі народа, ягонымі хваляваннямі і здолеў з выключнай сілай выявіць іх у сваёй творчасці.
У творах I. Мележа жыццё палешукоў узнаўляецца натуральна, дакладна, праўдзіва, нетаропка, але важка, аб’ёмна.
Гэта былі першыя раманы ў беларускай літаратуры, якія прымусілі задумацца над тым, што адбываецца з чалавекам, калі ён вырываецца з прывычнага кола прывычных рэчаў і з’яў, ідзе да новага жыцця, часам навязанага гвалтоўна, ідзе да новых форм узаемаадносін і штодзённага быцця. Нявечачы душу, чалавек страчвае сябе, губляе сваё месца ў хуткаплынным жыцці і часе. Перспектывы чалавека, рамкі яго зямнога быцця, замкнуты свет штодзённага чалавечага існавання – свет ягоных душэўных памкненняў, і свет разамкнуты, калі распадаецца “сувязь часу”, калі парушаюцца векавечныя традыцыі – вось што ляжыць у аснове раманаў выдатнага беларускага празаіка.
Невялічкая вёсачка Курані згубілася недзе сярод балот у самым глухім куточку Беларусі. Але тут жывуць людзі. Працуюць, кахаюць, смуткуюць і радуюцца. Летняй парою ўстае працаўнік разам з сонцам, каб паспець усё зрабіць у час, каб не адстаць ад іншых, каб было не горш, як у людзей, а то засмяюць. Асабліва, калі працаўнік яшчэ малады, зусім яшчэ юнак. Тады яму, няўрымсліваму, наогул не спіцца. Такі адзін з галоўных герояў трылогіі Васіль Дзяцел.
Апісаннем ранішняга спакою і надыходу новага дня пачынаецца раман “Людзі на балоце”. Вёска прачынаецца ад дрымоты, ад сну. Спакваля, ціхмяна. Ва ўсім адчуваецца спакой і трываласць быцця. Ідуць прыгатаванні да выезду на сенакос. А вось ужо першыя фурманкі пацягнуліся на касьбу, на луг вырушылі суседзі, усе дарослыя вяскоўцы. Дзеці з плачам просяцца, каб і іх узялі з сабой на сенажаць. Каб не спазніцца, спяшаецца і Васіль Дзяцел. Але робіць ён усё з пачуццём уласнага гонару – а як жа, гаспадар! Упершыню сябе адчуў такім, хоць і не ўсё выходзіць у яго як належыць. У самы непадыходзячы момант рассупоніўся хамут, прыйшлося спыніцца, прапусціць наперад іншыя вазы, пачуць кпіны вяскоўцаў і ўбачыць здзеклівы позірк маладой суседкі Ганны Чарнушкі. Ды і касьба давалася такому касцу нялёгка. Цяжкі мужчынскі клопат рана лёг на плечы маладога гаспадара…
Колькі ў тых сцэнах на лузе прыгажосці, паэзіі! Менавіта тут, на ўлонні прыроды, упершыню разгараецца, як вугольчык для распальвання кастра, што перадаюць адзін аднаму вяскоўцы-начлежнікі, каханне маладых куранёўцаў Ганны і Васіля. Спачатку нясмелае, а потым – адкрытае, яно то тлее, нібы прысыпанае попелам, то полымем шугае. Першае і вялікае каханне, якое асвеціць усё іхняе жыццё, стане іх лёсам, іх нялёгкім крыжам, які яны пранясуць праз многія выпрабаванні, пакуты і страты, праз многія гады.
У Васіля Дзятла ёсць шмат ад традыцыйных герояў беларускай літаратуры. Ён у нечым падобны да Міхала з “Новай зямлі” Я. Коласа – менавіта сваёй дбайнасцю, цярплівасцю, засяроджанасцю характару. Яго вылучае працавітасць, любасць да роднай зямлі, жаданне стаць гаспадаром на сваім лапіку, зажыць па-людску, зажыць нават не дзеля сябе, але для сям’і, дзяцей, дзеля будучага. Мы бачым Васіля ўвесь час у працы, ён увесь у думках пра зямлю, пра ўласны надзел. Сябе як асобу і чалавека Васіль сцвярджае праз адносіны да зямлі, праз працу. У працы ён забываецца на ўсе свае беды і згрызоты, перажыванні, менавіта ў ёй знаходзіць радасць, задавальненне. Праца для Васіля – не столькі збавенне ад пакут, сродак прыглушыць боль, колькі радасць для душы, асалода. Толькі аднойчы Васіль быў адлучаны ад працы, пакуль сядзеў у Юравічах пад арыштам. Затое з якой прагай накінуўся ён на працу, калі вярнуўся дахаты. Працаваў да стомы і ў працы на ўсё забываўся: на крыўды, на помсту, на несправядлівасць. Праца валілася з рук у Васіля таксама адзін толькі момант, калі ён не мог прымірыць у душы непрымірымае: каханне да Ганны, любасць да сына і да гаспадаркі, абавязак перад сям’ёю. Сэрца Васіля разрываецца, ён знаходзіцца на краі трагічнага бяздоння. Шкада сына, бо той стане бязбацькавічам, калі Васіль пойдзе ад сям’і. Не хочацца страціць і Ганну, а тут яшчэ больш душа баліць па той палосцы зямелькі “ля цагельні”. Што вытлее ў сэрцы? Што пераможа ў душы? Які боль застанецца?
Каханне завалодвае чалавекам цалкам. Адмовіцца ад кахання – тое самае, што адмовіцца ад самога сябе. Але першае, што прыносіць у ахвяру чалавек прыродны, чалавек ад зямлі, працаўнік і ўласнік – гэта каханне. Васіль “наступае на горла ўласнай песні”, заглушае ў сабе жывое пачуццё кахання да Ганны. Гэта, мабыць, зрабіць лягчэй. Бо што каханне, здавалася б, забаўка. Ды, зрэшты, так рабілі многія – да яго і пасля яго, дзеля нейкіх вышэйшых мэт ахвяравалі ўласным пачуццём. І заставаліся нешчаслівымі на ўсё жыццё.
А зямля? Яна таксама не належыць Васілю. Яе ў яго забралі. Толькі далі і тут жа забралі. Можа, адабралі назаўсёды. І каханне – толькі расцвіло, сагрэла душу, абнадзеіла – і на табе, адышло, адмерла. Асабістае шчасце абышло героя.
Дык можа шчаслівы Васіль у нечым другім? Не, нешчаслівы. Трагічны і пакутлівы яго лёс. Доля нібы смяялася з Васіля. Ад прыроды шмат супярэчлівага ў яго абліччы. Ёсць неаднастайнасць нават у знешнім выглядзе, у партрэце (рознакаляровыя вочы, па-рознаму афарбаваныя валасы), шмат супярэчлівага і ў характары вясковага хлопца. Але гэта чалавек ад зямлі.
На вобразе Васіля Дзятла пісьменнік найперш хацеў паказаць, што значыла і якую ролю адыгрывала калектывізацыя на вёсцы не толькі ў адносінах да ўсяго грамадства, але ў лёсе і жыцці асобнага чалавека, кожнага працаўніка. Тут раскрыты антычалавечы змест калектывізацыі, якая, па сутнасці, нявечыла душу селяніна-працаўніка, адлучала яго ад зямлі. Назіраючы за лёсам Васіля, мы бачым усю вастрыню і складанасць моманту, бачым сапраўдныя, а не ўяўныя праблемы калектывізацыі, бачым усю шкоду, якую прынесла калектывізацыя на вёсцы, яе антыгуманны змест, калі жаданне чалавека і яго воля не браліся ў разлік. Працэсы калектывізацыі – цяжкія, пакутлівыя, вострыя, лёсавызначальныя.
I. Мележ у раманах раскрыў этапы калектывізацыі на вёсцы, паказаў іх праўдзіва, заглыблена, пераканаўча, усебакова. Як задумвалася калектывізацыя? Як праходзіў сам працэс абагулення маёмасці і зямлі? Ці проста ўсё адбывалася?
Напачатку ўтвараліся, як мы памятаем з гісторыі, таварыствы па сумеснай апрацоўцы зямлі, шматлікія камуны, арцелі, у якія гуртавалася вясковая бедната, куды з’язджаліся былыя чырвонаармейцы (прыгадаем камуну на былых Мар’інскіх балотах у паэме Я. Купалы “Над ракою Арэсай”), куды прыязджалі сем’ямі ў асноўным беззямельныя сяляне, сяліліся, як правіла, у былых панскіх маёнтках. Гэтыя новаўтвораныя калектывы і павінны былі скласці зародак будучых калгасаў і саўгасаў, паслужыць прыкладам новых форм гаспадарання. Прыкладам, вядома, вартым пераймання. Які пераконваў бы справамі, а не словамі. Пасля чаго многія сяляне памкнуліся б у калектыў.
На самай справе першыя камуны і арцелі распаліся ў перыяд нэпа. Яны былі слаба аснашчанымі, агранамія знаходзілася на нізкім узроўні, калектывы раз’ядалі супярэчнасці, ніхто не ведаў, як дзяліць прыбытак (калі ён быў), як наладжваць гаспадарку. Лопаліся тыя камуны і сельгасарцелі, таварыствы, калектывы, як мыльныя пузыры. Калектывізацыя пачыналася нібы зноўку, на голым месцы. Праз столькі гадоў, бо першы вопыт калектыўнага гаспадарання на зямлі закладваўся яшчэ на рубяжы 20-х гадоў ХХ ст. і нават раней. Але той вопыт нічому не навучыў. Ён ігнараваўся альбо ўлады рабілі выгляд, што яго як бы не было. Але ён быў. Пра гэта сведчыць шэраг твораў у беларускай літаратуры (апавяданні “Як красназорцы зямлі сцураліся” А. Бабарэкі, “Цішка Бабыль” М. Зарэцкага). З калгасамі прыходзілася пачынаць усё спачатку. І не лепшым чынам.
I. Мележ паказаў першыя крокі калектывізацыі, як стваралася калектыўная гаспадарка ў вёсцы і як яна распалася. Нават птушку і хатнюю жывёлу абагулілі, усё неслі і везлі ў калгас, сяляне пазбаўляліся гумнаў, цэлых двароў, застаючыся без адвечных сродкаў да існавання. Праўдзіва абмаляваў пісьменнік і прыёмы “ўгавораў” сялян, перакананняў, прымусу і націску. Галоўным паказчыкам станавіліся “тэмпы” калектывізацыі. Рабіліся справаздачы аб усеагульным ахопе калектывізацыяй жыхароў вёскі. Думаць селяніну забаранялася. Лічылася, што за яго ўжо ўсё абдумалі, узважылі і вырашылі. Дзеля яго ж дабрабыту яму хочуць лепшай долі, а ён угінаецца, не хоча ў новае заможнае калгаснае жыццё. Прычым празаік намаляваў і сцэны сапраўды ўзнёслай калектыўнай працы “на сябе”, як, напрыклад, сцэна касьбы, дзе ўпоравень з вяскоўцамі ў пракос станавіўся і раённы начальнік – “савецкая ўлада” – Іван Анісімавіч Апейка.
I. Мележ паказаў, як крывавіць і смыліць душа чалавека, які дагэтуль жыў на зямлі, калі зямлю ў яго адабралі, калі з коранем пазбавілі жыватворных зямельных сокаў.
Дрэва засыхае без каранёў, а душа селяніна мялее і пусцее без зямлі.
Незвычайна прывабны ў рамане вобраз Ганны. Самае дарагое і запаветнае ўклаў пісьменнік у гэты вобраз. Ганна ў рамане – гэта птушка, якая імкне ўвысь і ўдалячынь, але якой падрэзалі крылы. Жаночая доля яе складваецца нешчасліва.
З вішняй у квецені параўноўвае бацька Ганну на вяселлі. Рознабаковай паўстае гераіня ў вачах вяскоўцаў і ў вачах закаханых у яе Васіля і Яўхіма. Багаты ўнутраны свет гераіні. Нездарма ў яе вобразе падкрэсліваецца прыродны пачатак. Многае дадзена дзяўчыне ад нараджэння. Ганна – дзіця прыроды, дачка беларускага краю. Яна і ўвасабляе сабою складаныя гістарычныя шляхі-дарогі роднай Беларусі.
Ганна праходзіць праз велізарныя душэўныя пакуты жыццё з нялюбым мужам у сям’і сквапных і не надта спагадлівых Карчоў, пабоі і здзекі, кпіны, нарэшце, смерць дачушкі, уцёкі ў суседнюю вёску, праца прыбіральшчыцай у школе, далучэнне да асветы, культуры, сяброўства з настаўніцай Параскай, а пасля яшчэ адно душэўнае выпрабаванне – каханне да “першага” жаніха ў раёне, першага сакратара райкама партыі Аляксея Іванавіча Башлыкова. Лёс пасылаў усё новыя і новыя выпрабаванні Ганне.
Не менш суровыя выпрабаванні чакалі наперадзе родную старонку, дзе жылі і жывуць героі мележаўскіх кніг. З думай пра Беларусь, яе лёс пісаў свае кнігі празаік.
Пісьменнік многа разважаў над лёсам Ганны. У новых задуманых раманах (“За асакою бераг”, “Праўда вясны”) Ганна, думалася, можа быць шчаслівай з Міканорам (“Патрэбна я табе такая”, – адказвае Ганна на рэпліку Міканора: “А вось і ўзяў бы”. Такі дыялог ёсць у фрагментах незавершаных твораў аўтара). Васіль жыве ў скрусе, як у мяшку: “Ні Ганны. Ні зямлі. Дурань. Жыць”.
Пісьменнік у канцы сваіх раманаў вяртаў гераіню ў родную хату, адкуль яна некалі выпраўлялася ў свет. У дзённікавых запісах знаходзім:
“Ганна вяртаецца дамоў. Снег. Вясна. Сонца. Курані.
Вольна. Глушакоў няма. Селішча іх пустое. Дзе столькі пакутавала. (Сабака Глушакоў). Шкода Сцяпана.
Дома. Са сваімі. Пачынаецца нанова. Бацька. Мачыха. Хведзька. Валодзька прыходзіць. Сябры.
Бацька, мачыха – спрэчкі. Мачыха недавольна уступілі (відаць у калгас). Трэба было дзяржацца. Ганна заступаецца за бацьку (даць падрабязна)…Аб сабе Ганна. Як быць?
Васіль – адрэзаная скіба. Башлыкоў – пустое. Здурнела”.
Праўда часу, праўда гістарычнага лёсу роднай Беларусі сталі праўдай характараў персанажаў.
Пісьменнік марыў напісаць кнігу ў поўным сэнсе народную, менавіта тую кнігу, якая б славіла народ, была прасякнута вялікай павагай да яго. Раманы I. Меле жа – выдатны нацыянальны эпас пра беларускі народ на гістарычных пераломах розных эпох, на крутых паваротах айчыннай гісторыі.
“Я не мог – рана ці позна – не напісаць гэтыя раманы – “Людзі на балоце” і “Подых навальніцы”, – бо насіў іх у сабе як радасць і пакуту доўгія гады. Яны частка мяне самога – і вельмі дарагая. Гэта пачуццё, падобнае на любоў – усеабдымнае, глыбокае, здольнае на рызыку, здольнае прыцягваць цябе да некага ці нечага з неадольнай сілай”, – прызнаваўся пісьменнік у адным інтэрв’ю.
“Васіль Дзяцел – гэта я”, – любіў паўтараць пісьменнік. Аўтар шмат аддаў сваім героям глыбока выпакутаванага, асабістага, уласных думак і назіранняў.
Творы I. Мележа – наватарскія, дасканалыя ў мастацкіх адносінах. Пісьменнік выкарыстоўваў многія сродкі мастацкай тыпізацыі, жывапісаў словам, выразна абмалёўваў дэталі, даў шырокі прастор для мыслення.
Пытанні для кантролю
1. З якім прысвячэннем выйшлі раманы “Палескай хронікі” I. Мележа?
2. Жыццёвыя клопаты пісьменніка і чалавека Івана Мележа. Якія яны?
3. Як паказаў у сваіх раманах I. Мележ чалавека-працаўніка?
4. У чым трагедыя кахання ў раманах I. Мележа?
5. “Разамкнутасць” “замкнутага” свету сялян беларускага Палесся: у чым віна і бяда вяскоўцаў на шляхах да калектыўнага гаспадарання на зямлі?
6. Ці адчуваем мы ў творах I. Мележа сутыкненне “малых” і “вялікіх” светаў людзей – асабістага і грамадскага, уласнага і калектыўнага, вёскі і горада?
7. Дзе яны, шчасце і доля людская, у раманах пра Палессе Івана Мележа? Як праяўляюцца пошукі лепшай долі ў творах пісьменніка?
8. Іван Мележ – пясняр палескага краю. Раскажыце пра хараство зямлі і людзей, непаўторнасць прыроды палескага краю.
Янка Брыль (1917–2006)
Я магу памыляцца шмат у чым, у жыцці маім было нямала меншых і большых памылак, але адно я ведаю цвёрда: вышэй за ўсё і перш за ўсё – чалавечнасць.
Янка Брыль
Талент Янкі Брыля – самабытны, магутны, па-сапраўднаму народны. Творчасць пісьменніка ўвабрала ў сябе душу народа-працаўніка, усе фарбы і пахі роднай беларускай зямлі, інтанацыю і адценні народнай гаворкі, шчодрасць і багацце характару беларуса. Натуральна, як дыханне, вядзецца аповед у творах празаіка. І ў той жа час мы не перастаём здзіўляцца ўсё новым і новым адкрыццям выяўленчых магчымасцей мастацкага слова, лаканічнасці і грунтоўнасці думак аўтара, глыбіні і дакладнасці ягоных разваг.
Брыль умеў “жывапісаць” словам.
Па манеры пісьма Я. Брыль – тонкі, удумлівы лірык, сапраўдны знаўца чалавечай душы, майстар-псіхолаг, пісьменнік-аналітык, арыгінальны мастак.
У творчасці Я. Брыля звяртае на сябе ўвагу перш за ўсё высокі мастацкі ўзровень яго твораў.
Але таленту пісьменніка было нялёгка прарасці ва ўмовах суровых жыццёвых абставін.
Нарадзіўся Янка (Іван Антонавіч) Брыль у Адэсе. Праз пяць гадоў хлапчук быў “перасаджаны з гарадскога на вясковы грунт”, бо бацькі пераехалі на сталае месца жыхарства на радзіму, у невялічкую вёсачку Загора, што ў цяперашнім Карэліцкім раёне. Тут ва ўмовах заходнебеларускай рэчаіснасці прайшлі дзіцячыя і юнацкія гады будучага пісьменніка. Ён скончыў польскую сямігадовую школу, шмат чытаў, у прыватнасці класікаў рускай і польскай літаратуры. Асабліва моцным быў уплыў на свядомасць і творчасць будучага пісьменніка А.П. Чэхава і Л.М. Талстога, у якіх ён вучыўся “любіць мазалі і ўсё простае праўдзівае”.
Другую сусветную вайну Я. Брыль сустрэў у шэрагах польскай марской пяхоты пад Гданьскам і Гдыняй. Трапіў у фашысцкі палон, уцёк з палону, дабраўся да родных мясцін. У Вялікую Айчынную вайну быў партызанам – спачатку сувязным, потым разведчыкам. Рэдагаваў падпольную партызанскую газету “Сцяг свабоды” і сатырычны антыфашысцкі лісток “Партызанскае жыгала”. Пасля вызвалення працаваў у рэдакцыях часопісаў “Вожык”, “Маладосць”, “Полымя”.
Першы зборнік “Апавяданні” (1946) выйшаў пад рэдакцыяй і з прадмовай К. Крапівы. Пяру Я. Брыля належаць зборнікі “Нёманскія казакі” (1947), “Вераснёвая рунь” (1949), “На Быстранцы” (1955), “Мой родны кут” (1959), “Жменя сонечных промняў” (1965), “Вітраж” (1972), раман “Птушкі і гнёзды” (1963), аповесці “Ніжнія Байдуны” (1974–1975) і “Золак, убачаны здалёк” (1978).
Многія творы Я. Брыля сталі хрэстаматыйнымі, у іх ліку апавяданні “Маці”, “Надпіс на зрубе”, “Галя”. Драма жаночага лёсу раскрыта ў апавяданні “Галя”, напісаным у 1953 г. Тэматычна яно звязана з раннімі апавяданнямі пісьменніка (“Марыля”, “Праведнікі і зладзеі”), сапраўднымі высокамастацкімі ўзорамі беларускай навелістыкі. Апавяданне “Галя” – адзін з лепшых твораў пісьменніка ў пасляваенны перыяд. Падзеі ў апавяданні разгортваюцца ў двух планах: у цяперашнім і мінулым часе, а таму жыццё гераіні, прыгожай, працавітай беднай вясковай дзяўчыны, паўстае ва ўсёй паўнаце, аб’ёмна. Раскрываецца, як усе папярэднія падзеі ў жыцці галоўнай гераіні адгукнуліся ў яе душы, ажывілі, ускалыхнулі пачуцці і абудзілі думкі.
Апавяданне “Галя” – своеасаблівая “песня без слоў”, – як назваў яго вядомы крытык А. Адамовіч.
На хутары каля плота стаіць жанчына і ўслухоўваецца ў гудзенне трактара. Гэтае гудзенне выконвае ролю асноўнага кампазіцыйнага стрыжня, на якім трымаецца апавяданне. Пад гудзенне трактара нараджаюцца думкі гераіні. Вочы яе глядзяць у поле, туды, дзе арэ на трактары яе былы каханы Сярожа, а думкі рвуцца на волю, памяць, пачуцці вяртаюць яе ў мінулае. Успамінае жанчына першае сваё і адзінае каханне. Калісьці ў маладосці пакахала яна Сярожку, але пасадзілі яго ў турму за палітыку, а Галя выйшла замуж за нялюбага Міколу Хамёнка. Цяпер жыве на ненавісным ёй хутары, гадуе дваіх дзяцей. Мужа яе “вывезлі” пасля вайны як кулака. А той, каго кахала ў далёкія дзявочыя гады, працуе вось тут, побач, на трактары.
Мы бачым уменне празаіка даць дакладную характарыстыку з’явы, дэталёва выпісаць характар гераіні. У творы “прабіваецца” і ўласна аўтарская іранічная ўсмешка, нават сарказм: “Цяпер гэты каўпак недзе яшчэ ўсё валяецца на гарышчы, а сам Данька Хамёнак ляжыць на ўзгорку пад хвойкамі і муравой”.
Апавяданне “Галя” напісана быццам на адным дыханні. У духоўна багатым свеце, поўным летуценнасці, чысціні, свежасці і незаплямленасці пачуццяў, жывуць героі твора, хоць лёсы іх склаліся і нешчасліва. Чысціня пачуццяў, маральная нязломнасць чалавека, хараство яго душы – лейтматыў твора. Каханне і праца – непарушныя асновы народнага жыцця – тут злучаны ў адно цэлае.
У апавяданні “Галя” рэалізаваліся лепшыя рысы творчай манеры Брыля: лірызм і псіхалагізм. Яны раскрываюцца праз глыбокае пранікненне ў душу чалавека. Проза пісьменніка тонка перадае нюансы розных станаў душэўнай узрушанасці.
У жанры апавядання Я. Брыль выявіў сябе сапраўдным майстрам мастацкай дэталі, з дапамогай якой і ствараецца рэалістычны малюнак. Прыгадайце гудзенне трактара – “гудзенне” растрывожанай душы. То ён, гук трактара, “несціханы, бязлітасны”, то “добры, любімы”. Гэтым гудзеннем, як танюсенькай ніткай, Галя звязана з тым светлым, чароўным, што было ў яе душы: “Няхай сабе. Абы толькі гудзеў”. Болем і пакутай, тугой і безнадзейнасцю, трывогай і надзеяй адзываецца гудзенне трактара ў сэрцы гераіні. Успамінаецца ёй той час, калі яны, маладыя, ладзілі вечарынкі, танцавалі, спявалі.
Вось паяўляецца на вечарыне Сярожа Юрачка. “Разгорне хустку – гармонік аж заблішчыць, а расцягне яго – раздасца кожная хата”. Які цудоўны вобраз! “А пойдзе ў танец Галачка – пастой ды паглядзі!” Як дакладна перадае аўтар стан чалавека, яго характар, настрой. Для кожнага персанажа падабраны ёмкія, паўнакроўныя характарыстыкі. Пісьменнік любуецца сваімі персанажамі, перажывае за іх лёс.
Апавяданне – любімы жанр пісьменніка. Я. Брыль неаднойчы прызнаваўся, што на любую тэму можа глядзець толькі праз прызму апавядання. Янка Брыль – рыцар малога жанру, сапраўдны майстар беларускай навелы.
Усяго дзве з паловай старонкі ў кнізе выбранага Янкі Брыля займае апавяданне “Memento mori” (у перакладзе з латыні “Памятай пра смерць”).
Апавяданне мае стройны сюжэт, які можна назваць хрэстаматыйным. У ім лёгка вызначыць усе элементы сюжэтабудавання – экспазіцыю, завязку, ход дзеяння, кульмінацыйны момант, хуткую і нечаканую развязку.
Апавяданне пачынаецца з паведамлення, што “на адным з самых спакойных перагонаў Беларускай чыгункі ўзарваўся нямецкі вайсковы эшалон”. Радкі тыя, скупыя, бясстрасныя – нібы з хронікі ваенных дзён. Пісьменнік тут дакладны ў часе – апісваецца позняя восень 1943 г., але ён не называе ўчастка чыгункі. Аўтар быццам бы хоча тым самым падкрэсліць: тое, што здарылася з вёскай, магло здарыцца і з сотнямі іншых. Колькі іх, беларускіх Хатыняў?!
Расправа гітлераўцаў з вёскай і смерць старога пячніка, “адзінага, хто ў гэты дзень мог не згарэць”, і склала аснову апавядання.
Дзеянне ў творы разгортваецца надзвычай дынамічна. Сюжэтны вузел завязваецца, калі карнікі хутка, з веданнем справы “накрылі” вёску. Людзей сагналі ў адрыну. Жыхароў вёскі карнікі вырашылі спаліць жывымі.
Кульмінацыйны момант апавядання – сцэна дыялога старога печніка з зондэрфюрэрам, начальнікам карнай экспедыцыі. Дыялог простага селяніна і “надчалавека”, “культурнага” ката, які вырашыў “падараваць” жыццё печніку, што так умела майстраваў печы. Фашыст цешыць сваё самалюбства мажлівасцю вяршыць прысуд над вёскай, дараваць некаму жыццё.
Пячнік – чалавек працы. Ён прывык працаваць усё жыццё дбайна, рупна. Ён ніколі не рабіў сваю справу дрэнна. Фашыст звяртаецца з дапамогай перакладчыцы Веры да старога і пытае, ці хоча ён жыць. Селянін не адказвае. Як ацаніць жыццё? Словы закамянелі ў душы, на вуснах, цяжар лёг на сэрца, захлынулася нутро ад немінучасці бяды. Па рухах старога, па сцятых вуснах можна толькі здагадвацца, колькі нявыказанага болю, нянавісці да ворагаў схавана ўнутры. І вось засвяціўся ў размове ледзь заўважны пробліск надзеі на выратаванне вяскоўцаў, яго сям’і, пробліск спадзявання на абуджэнне чалавечнасці ў ворагаў. Не, ён думаў не толькі пра сябе ў тую хвіліну. Пра гэта мы даведваемся пазней. І стары рашаецца. На запытанне ката пячнік адказвае, што ў яго там жонка, потым дадае, што там яшчэ дачка з маленькімі дзеткамі, а, нарэшце, хацеў бы забраць сваякоў, суседзяў. Стары называе ўсіх павольна, спакваля. Дзед зацягвае размову. На што ён спадзяецца? На нечаканае збавенне, на тое, што адумаецца злыдзень-чужынец?
Стары беларускі селянін уступае ў няроўны паядынак з ворагам, распачынае з ім славесную дуэль. Мэта дуэлі – выйграць бойку, выйсці пераможцам, адвесці бяду ад вяскоўцаў. Таму і адстойвае ён аднаго за адным дарагіх яму людзей.
Развязка настае нечакана. Страціўшы цярпенне, фашыст страляе ў старога майстра, які ўсё жыццё рабіў людзям дабро, саграваў сваёй працай іх сэрцы. Не зразумець ворагу-чужынцу, чаму не прыняў літасці просты працаўнік, не скарыўся, не стаў вымольваць паратунку. “Памятай аб смерці” – стары лацінскі выраз пераасэнсоўваецца мастаком слова. Памятай аб тым, што смерць прыйдзе, і здолей годна памерці. Такі сэнс твора. Тое, што ён загіне разам з усімі, пячнік ведаў. І выбраў смерць вартую, а не паддаўся карніку, не прыняў жыццё з яго рук, калі гінуць яго суседзі.
Апавяданне – услаўленне подзвігу народа, нязломнасці яго духу. Будзе жыць у памяці людзей вобраз безыменнага печніка. Будзе вечна жыць той народ, які выпеставаў людзей такой высокай духоўнасці. Так велічна загучала тэма вайны ў творчасці Я. Брыля.
У 1973 г. Я. Брыль у сааўтарстве з А. Адамовічам і У. Калеснікам падрыхтавалі і выдалі ўнікальную кнігу “Я з вогненнай вёскі…”, у якой сабраны ўспаміны ўсіх цудам ацалелых жыхароў беларускіх Хатыняў. Галасы гэтых людзей гучаць у кнізе суровым прысудам фашызму. Аўтары ўслаўляюць непаказны гераізм чалавека на вайне.
Не адзін дзясятак гадоў Я. Брыль працаваў у аблюбаваным ім, цікавым і па-свойму самабытным, новым для беларускай літаратуры жанры – лірычнай мініяцюры. Творы невялікія па аб’ёме, але змест у іх – значны. Гэта сцэнкі, маналогі, дыялогі, абразкі, пейзажныя замалёўкі, дзённікавыя запісы, падарожныя нататкі. Гэта адкрытая размова з чытачом, дыяменты народнай мудрасці, роздум над жыццём і часам.
Янка Брыль аказаўся на дзіва верным аднойчы абранай кароткай форме прозы. Ён ніколі не пакідаў занатоўваць убачанае, пачутае. Першы падарожны нарыс “Польскі дзённік” (1955) выявіў яшчэ адзін бок таленту пісьменніка. Для абнаўлення і ўзбагачэння гэтага жанру Я. Брыль шмат зрабіў у нашай літаратуры. У розны час Я. Брылём па-мастацку запісаны падарожныя ўражанні: “Рэха заўсёды са мной”, “Душа – не падарожніца”, “Знаёмства з ГДР”, “У нас у гарах…”. Янка Брыль выдаў кніжку “Жменя сонечных промняў”, у якой вынес на суд чытача запісныя кніжкі, што ўключылі мноства чарнавых накідаў, нататкаў, асобных эпізодаў, з’яў, сцэнак, дыялогаў, народных выказванняў, прытчаў, гутарак, асабістых заўваг і меркаванняў. Сёння можна гаварыць пра жанравую своеасаблівасць нашай прозы, пра плённую тэндэнцыю, якая абазначылася ў прозе такіх пісьменнікаў, як Я. Брыль. Падарожныя нарысы Я. Брыля – гэта не проста дакументальныя запісы. Кожны з такіх нарысаў мастака з’яўляецца асэнсаваным лірычным дзённікам. Iм уласціва эмацыянальнасць успрымання, філасафічнасць, глыбіня думкі, лірычнасць. Кожны такі твор не толькі выказвае імкненне пісьменніка больш бачыць і ведаць, але выконвае і іншую эстэтычную задачу значна паглыбляе творчую фантазію мастака. “Душа не падарожніца?.. Не, яна проста любіць вяртацца дадому. Каб потым зноўку імкнуцца ў далячынь…” Брыль ніколі не пакідаў душу дома, не хаваў яе ў чамадан. Пісьменнік арганічна адкрыты, шчыры ў сваіх развагах, на дзіва просты. Падарожныя нататкі Я. Брыля – сведчанне пасталення таленту празаіка, умудронасці яго вопыту. I, галоўнае, ва ўсіх творах Я. Брыль застаецца надзвычай сучасным, актуальным.
Асаблівае месца ў лірычных мініяцюрах належыць асобе пісьменніка. Аўтару трэба быць цікавым субяседнікам, каб умець так шчыра гаварыць з чытачом.
“Адкрытая” проза Я. Брыля бярэ свой пачатак ад “Споведзі” Ж.-Ж. Русо, дзённікавых запісаў Л. Талстога, В. Верасаева, М. Прышвіна. У беларускай літаратуры агульнавядомы “Казкі жыцця” Я. Коласа і “Абразкі” З. Бядулі, якія закладвалі падмурак эсэістычнай, алегарычнай, фрагментарнай прозы, прозы аналітычнай, інтэлектуальнай, філасофска-канцэптуальнай. Гэта была “асноўная пісьменніцкая праца” Я. Брыля. Пісьменнік, напрыклад, не пісаў апавяданне, а расказваў пра тое, як не было напісана апавяданне, тым самым даносіў да нас узрушэнне душы, якое яго перапаўняла, сваё хваляванне, роздум, настрой.
Канцэнтрацыяй думкі і пачуцця Я. Брыль узняў лірычную мініяцюру на новую ступень паэтычнасці, кампазіцыйнай і вобразнай завершанасці. У ёй гранічна сканцэнтраваны змест, асаблівы характар вобразнасці. Эмацыянальны рэгістр такой прозы высокі, тут адметнае выкарыстанне лексікі, своеасаблівы сінтаксіс. Усё гэта рысы лірычнай мініяцюры. Суб’ектыўнае ў творах пераважае над аб’ектыўным. Творы асветлены аўтарскім светаўспрыманнем, асоба мастака з’яўляецца і асноўным стылеўтваральным сродкам. Гэта проза асацыятыўная. Творы, у якіх на першы план выступае сам пісьменнік, носяць назву “эсэ”, іх адносяць да эсэістычнай прозы, або прозы паэтычнай, глыбока асабістай.
“Сейсмограф” душы пісьменніка ў такіх творах настроены на чалавечыя пачуцці, турботы, радасці.
Лірычная проза Я. Брыля патрабуе ад чытача напружання думкі, разваг, знаходзіць водгук у сэрцы, зачароўвае і не можа пакінуць раўнадушным. Творчая індывідуальнасць празаіка непаўторная. Пісьменнік мае адметную манеру пісьма, уласны падыход да адлюстравання з’явы. Ёсць у празаіка і свае прыёмы мастацкай тыпізацыі, свая інтанацыя ў сказе, свой вобразна-выяўленчы лад. Гэта асабліва важна падкрэсліць пры разглядзе творчасці Я. Брыля. Яго творы нельга зблытаць з творамі іншых аўтараў, іх пазнаеш адразу, з першага радка, яны робяць незабыўнае ўражанне, палоняць душу.
У крытыкаў няма адзінай думкі наконт назвы жанру, у якім выступае Я. Брыль. У розных даведніках і слоўніках мы знаходзім такія вызначэнні, як мініяцюра, верш у прозе, лірыка ў прозе. В. Вітка пры разглядзе твораў Я. Брыля малой формы вылучае тры іх тыпы: верш у прозе, пейзажная замалёўка, лірычная мініяцюра.
Правообладателям!
Это произведение, предположительно, находится в статусе 'public domain'. Если это не так и размещение материала нарушает чьи-либо права, то сообщите нам об этом.