Текст книги "Беларуская лiтаратура"
Автор книги: Уладзімір Навумовiч
Жанр: Языкознание, Наука и Образование
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 33 (всего у книги 34 страниц)
“Не плачце!.. Я не буду чапаць больш хлеба… Не плачце!.. Я не баюся Зміцеравага “паліцая”… Мама, гэта я так тады плакаў, а ты не плач…”
А вось і апошняя фраза апавядання. Яна такая ж, як і першая, толькі са шматкроп’ем у пачатку: “… Было гэта на чацвёртым годзе вайны”. Твор “закальцаваны”, гэта ўжо высокае майстэрства. Вось і ўсё апавяданне. Поўнае гаркавага болю, страты і бяды, трагедыі ў вясковай хаце, але адзначанае вышэйшай справядлівасцю веры ў сына, унука, які зразумеў “боскі гнеў” бабулі і маці, пранікся іх нялёгкім жыццём і зробіць усё, каб мама і бабуля не спазналі больш страт і няўцешнага гора, каб жылі ў пашане і дабрабыце. Пра гэта напісана апавяданне М. Стральцова “На чацвёртым годзе вайны”. Рэч аптымістычная, нягледзячы на “ўсяленскую трагедыю” хлопчыка.
Твор “Сена на асфальце” – канцэптуальны, філасофскі, аналітычны, разгорнуты. Ён складаецца з некалькіх частак: з лістоў Алёны, Віктара, дзядзькі Ігната, з аповедаў пра звычайныя бытавыя рэчы, пра касьбу, паходы на футбол у гарадскім атачэнні.
Галоўная думка твора, на наш погляд, закладзена ў развагах галоўнага героя Віктара аб акаляючай рэчаіснасці і сваіх адносінах да сучаснасці.
Пісьменнік ставіць сваёй мэтай з’яднаць горад і вёску. Псіхалогія гарадскога жыхара ў многім адрозніваецца ад псіхалогіі вяскоўца. Але людзі ў маладым узросце няўрымслівыя наватары. Моладзь заўсёды шукае нешта іншае, новае, нязведанае, яна імкнецца да рамантыкі, адкрыццяў, аднак на тое, што поруч, увагі не звяртае. “Тое жыццё, што было побач, мы не прымалі ў разлік. Да глыбіні душы абражалі нас несправядлівасць, падман і няшчырасць; не райская ідылія была на ў круг нас, але гэта было ў нас, у нашай вёсцы, а сапраўднае жыццё было недзе далёка…” – так разважае галоўны герой Віктар, трапіўшы ў горад, у новае асяроддзе. У тым ранейшым жыцці героя было шмат чаго: “Як назваць тыя гады? Былі яны трудныя, бедныя, але яны не паўторацца: там, у звычайнай пасляваеннай вёсцы, пачыналіся з табою мы”.
Фарміраванне асобы на вёсцы звычайна праходзіць у велізарнай напружанай працы душы, у будзённасці існавання, але і ў парываннях да высокіх мар. Герой яшчэ не ўсведамляе, “як можна назваць гэтую пастаянную напружанасць душы, гэты пары ў да самаахвярнасці, да радасці і нават да тугі”. Ён бы шчаслівы ў пошуках свайго месца пад сонцам, хоць і не разумеў гэтага. “Як многа было ў нас наперадзе, якое вялікае, таямнічае жыццё чакала наперадзе нас!”
Юнацтва жыве рамантыкай, рыхтуе сябе да здзяйснення сваіх мар, да высокіх ідэалаў. Герой прыгадвае сябру: “Памятаеш, за вёскаю, у бярозавым гайку, за якім пачыналася высокае камяністае поле, закапалі мы бляшанку з-пад ваксы, і ў ёй запіску са словамі Мікалая Астроўскага: “Самае дарагое для чалавека гэта жыццё… ” Тады таксама была восень, парывіста шумеў пад ветрам бярозавы гаёк. Мы закапалі тую запіску і, сцяўшыся ад хвалявання, ад трывожнай нязвыкласці толькі што зробленага, стрэлілі з самапала. Усё было ўрачыста, таямніча, і ўсё было падобна на клятву”. Наіўны юнацкі свет!
Герой твора Віктар гатоў сам ахвяраваць жыццём дзеля высокіх мэтаў і хаце бы, каб гэта зрабіў і яго “дружа”: захаваць любоў да свайго краю, высокія парыванні юнацтва, сяброўства, жаданне прынесці карысць роднай старонцы і народу. І каб ніводзін чалавек не здолеў бы “пасмяяцца” з іх высокіх жаданняў і вялікага сяброўства, з іхніх мараў. Апавяданне “Сена на асфальце” прасякнута чысцінёй намераў юнай душы, глыбінёй душэўных перажыванняў, вышынёй ідэалаў, патрыятызмам і адданасцю зямлі, людзям, сонцу, каханню, працы.
Апавяданне будуецца па адпаведных прынцыпах. Спачатку падаецца “Ліст першы”, які даслала Віктару яго каханая Алёна, прыгадаўшы пачатак іх знаёмства і сяброўства, а таксама і разлад, калі герой “як бы помсціў за нешта”, “як бы знарок стараўся абразіць”, быў “жорсткі” “і ў той жа час нейкі разгублены ў сваёй халоднай зласлівасці”. Алёна імкнецца разабрацца ў пачуццях Віктара: “Толькі пазней я здагадалася, што ты раўнаваў мяне, што ты баяўся мяне страціць. І тады, зразумеўшы, я даравала табе ўсё”. Родная прырода, гоні, лясы, рака, а над ёй “гара з шатрыстымі цёмнымі соснамі”, рамантычныя мары, калі “далёка на ўзмор’і тужаць аб свежым ветры караблі”, прымірылі герояў. Дзяўчына адчувае глыбокае ўнутранае хваляванне, таму што “вось-вось скаланецца сонная сінь, павее вецер і пагоніць караблі ў краіну добрых сустрэч. І тады я, – піша дзяўчына, – таксама пастаўлю ветразь”. Закаханыя зразумелі адно аднаго, памірыліся, спакой і ўлагодненасць прыйшлі да іх, душы іх судакрануліся. “Так я вярнулася да цябе”, – заключае Алёна.
Новая замалёўка ў творы пра дзядзьку Ігната, земляроба, касца, чалавека, які жыве зараз у горадзе, але застаецца верным зямлі, аматара футбола, як і сам герой твора. “Ліст другі” – кульмінацыйны, у ім і затоена асноўная думка твора: вернасць зямлі і караням. Гэта ліст да сябрука. Галоўны герой задумваецца, адкуль “любоў да вёскі” ў дзядзькі Ігната, які ў “Лісце трэцім” да вясковай радні выказвае шчырае жаданне вярнуцца з горада ў вёску, каб жыць там, мажліва заўсёды, каб стаць лесніком. “Скажы, што я чалавек ціхі, люблю поле і лес”. Заключны раздзел апавядання – “Пара касавіцы”, калі Віктар з дзядзькам Ігнатам косяць траву на газоне. “Насядай на пяткі, Віктар, насядай!” Роднае, дарагое на адпускае героя. “Днём ужо, едучы на футбол”, герой убачыў, што “трава ў пракосах завяла. Па пракосах… жвава скакалі шпакі”. “На тратуары” ўбачыў “невядома “кім растрэсены клок падсохлага сена. Па-лугавому, па-летняму пахла сенам… “Сена на асфальце, – узрадавана думаў я (Віктар. – У. Н.). – Вёска ў горадзе…” М. Стральцоў праз мастацкую дэталь як сродак уласна рэалістычнага жывапісу перадаў глыбіню душы і прывязанасць чалавечага сэрца да вёскі, што жывіць духоўныя сілы галоўнага героя – “я-апавядальніка”, ад імя якога напісаны гэты выдатны твор пра “змычку” горада і вёскі.
М. Стральцоў – пісьменнік са сваім голасам, тонам, гукам, настроем. Яго творы пакідаюць уражанне мастацкай цэльнасці і эстэтычнай завершанасці, душэўнай гармоніі чалавека ў гарманічным свеце.
Пытанні для кантролю
1. Міхась Стральцоў – майстар навелістычнага жанру. Пацвердзіце гэта канкрэтнымі творамі.
2. Які сэнс і змест укладваў празаік у апавяданне “Сена на асфальце”?
3. Як адбіваюцца падзеі мінулай вайны на ўзаемаадносінах у сям’і, з вяскоўцамі ў апавяданні “На чацвёртым годзе вайны”?
4. Ахарактарызуйце майстэрства празаіка ў апавяданнях.
5. Што мы ўкладваем у літаратуразнаўчае паняцце “лірычная проза”?
Аляксей Дудараў (нар. 1950)
Дарагія сябры!
Будзем жа любіць адзін аднаго, бо любоў ідзе ад Бога, і кожны, хто любіць, робіць правільна, паколькі становіцца адным з дзяцей Боскіх, бо ён спазнаў Бога.
Каханне ўзвышае, перамагае сполах і няўпэўненасць.
З паслання апостала Іаана
Сярод сучасных беларускіх драматургаў асобнае месца належыць Аляксею Дудараву. Ён даўно стаў прызнаным майстрам драматургічнага цэха, мэтрам жанру. Яго п’есы ідуць у тэатрах, ён з’яўляецца заканадаўцам моды ў галіне драматургіі. П’есы набылі “другое жыццё” на экранах Беларусі і суседніх краін.
Сёння мала хто можа прыгадаць, што па сваёй асноўнай прафесіі ён акцёр. Акрамя таго, Аляксей Дудараў – выпускнік Наваполацкага прафесійна-тэхнічнага вучылішча нафтавікоў. Працаваў слесарам на Полацкім нафтаперапрацоўчым заводзе. У прафесійна-тэхнічным вучылішчы будучы пісьменнік атрымаў добрую “закваску”, тут яго многаму навучылі, прывілі працавітасць, цягавітасць, развілі рабочую кемлівасць, крэатыўнасць мыслення, прагу да прыгожага, імкненне да гармоніі і хараства ва ўсім – у лёсе грамадства, у працы, у творчасці.
Служыў у арміі. Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Быў акцёрам, загадчыкам літаратурнай часткі Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача, працаваў на “Тэлефільме” (Мінск). Сакратар Саюза тэатральных дзеячаў Беларусі. Біяграфія драматурга сапраўды зайздросная, багатая на ўражанні.
Узнагароджаны ордэнам “Знак Пашаны”, медалямі.
Сваю творчасць А. Дудараў пачаў з апавяданняў, казак для дзяцей. Але найбольшае прызнанне яму прынеслі драматургія і кінадраматургія. Выдаў зборнікі “Святая птушка” (1979), ”Сінявочка”(1981). Па яго сцэнарыях пастаўлены кароткаметражныя фільмы “Кола” (1977), “Дэбют” (1978),”Буслянё” (1980), а таксама мастацкія кінастужкі – “Суседзі” (1979), “Купальская ноч” (1982), “Белыя росы” (1984), “Восеньскія сны” (1986). Кінастужка “Белыя росы” атрымала шырокае і палкае прызнанне ў гледачоў.
Аляксей Дудараў больш вядомы як аўтар п’ес, некаторыя з іх з’яўляюцца хрэстаматыйнымі, іх вывучаюць у школах, гімназіях, ліцэях, прафесійна-тэхнічных вучылішчах. Гэта п’есы “Выбар” (пастаўлена ў 1979), “Парог” (пастаўлена ў 1981), “Апошні ўзлёт” (пастаўлена ў 1982), “Вечар” (пастаўлена ў 1983), “Радавыя”(пастаўлена ў 1984), “Злом” (пастаўлена ў 1989). Інсцэніраваў раман М. Астроўскага “Як гартавалася сталь”, а таксама раман М. Булгакава “Майстар і Маргарыта” (пастаўлена ў 1987). Асобнай кнігай выйшаў зборнік п’ес “Дыялог” (1987).
Творчая дзейнасць драматурга А. Дударава высока ацэнена, яму прысвоена званне лаўрэата прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1982) і Ленінскага камсамола СССР (1984). За спектакль, пастаўлены па п’есе А. Дударава “Радавыя” ў Беларускім драматычным тэатры імя Я. Купалы, яму была прысуджана Дзяржаўная прэмія СССР.
Зварот да гістарычнай тэматыкі ў пісьменніка А. Дударава заканамерны. З-пад пяра драматурга выйшлі п’есы “Князь Вітаўт” (1993), “Палачанка”(1997), “Чорная панна Нясвіжа” (1998), “Крыж” (2001).
П’еса “Князь Вітаўт” прысвечана прыходу на прастол князя Вітаўта. У часы княжання Вітаўта Вялікае Княства Літоўскае дасягнула найбольшай магутнасці.
Канфлікт будуецца вакол няпростых ўзаемаадносін Вітаўта і Ягайлы.
У творы сцвярджаюцца галоўныя маральныя каштоўнасці на зямлі: любоў, еднасць, мір, суладдзе душ і суладдзе сэрцаў, суладдзе народаў-суседзяў. У творы сустрэнем і самаахвярнасць, і вернасць, і здраду, халодны раз лік, угодлівасць. Асабістае шчасце герояў неаддзельнае ад грамадскага шчасця, дабрабыту і творчай працы народа.
“Чорная панна Нясвіжа” – драматычная паэма ў трох частках з невялікай колькасцю дзеючых асоб. У цэнтры падзей сівой даўніны польскі кароль Жыгімонт, магнатка Барбара, прыгажуня Вялікага Княства Літоўскага з роду Радзівілаў, якія мелі вялікі ўплыў у Літве, а багаццем пераўзыходзілі багацце казны цэлай дзяржавы – Рэчы Паспалітай. Сярод дзеючых асоб – родны брат Барбары Радзівіл Руды, стрыечны брат Барбары Радзівіл Чорны і, несумненна, сама польская каралева, у жылах якой цякла італьянская кроў, Бона Сфорца, прыдворны Мнішак, дзяўчына Бажэлка.
Ключавой фігурай у п’есе з’яўляецца Чорная панна Нясвіжа. Хто яна, таямнічая і чароўная Чорная панна Нясвіжа, што з’яўляецца ўначы і выносіць прысуд усім, каго ведае і не ведае, усім, хто яшчэ памятае тыя часы, калі разгаралася каханне паміж польскім каралём Жыгімонтам і Барбарай Радзівіл? Аснова п’есы – каханне маладых. Імкненне магнацкага роду ўзысці на прастол вялікай дзяржавы, каб і Вялікае Княства Літоўскае мела свайго прадстаўніка ва ўладных структурах Рэчы Паспалітай.
Каханне тое зараджалася ў Вільні ў 1543 г. Спачатку, як заўжды гэта бывае ў маладых людзей, нясмелае, а потым палкае, нястрымнае, бурлівае, бы веснавая паводка.
Барбара, закаханая ў юнака, узбуджаная, усхваляваная, шчыра кажа:
Прыходзьце заўтра да мяне апоўдні
Не праз акно, вядома, як цяпер.
Даведаўшыся, што Жыгімонт паходзіць з роду каралёў Рэчы Паспалітай, незвычайная прыгажуня, якая хоць і звыклася з пакланеннем жаніхоў і прымала іх заляцанні як нешта само сабой зразумелае, не аднаму шляхціцу “ўскружыла” галаву, занепакоена:
О Божа! Каралевіч!
Я чую грозны голас твой, о лёс.
Ці на дабро ты мне яго прынёс?
У гэты час у Кракаве ў пакоях каралевы Боны Сфорца вядзецца гутарка з прыдворным Мнішакам аб тым, “што ў Вільні робіцца, і як там каралевіч?” Каралевіч выязджае без рызыкі штодня на паляванне, мала п’е, але паводзіць сябе досыць вольна з жанчынамі. На пытанне: “Ці мае ён жанчын?” – Мнішак не можа зманіць і адкрывае таямніцу маладых.
Слуга гаворыць, што яе, каралевы, сын пакахаў, па яго ж уласных словах, “брыльянт найпершы ў Вялікім княстве”. Гнеў каралевы не ўтаймаваць:
Усемагутны Бог!
Як ты дазволіў?! Чорная блудніца!
Нікчэмнасць! Ведзьма дзікае Літвы.
Разбэшчаная дрэнь майго дзіцёнка
Спіхнула ў багну бруду і граху.
Яна звяла ў магілу свайго мужа,
Ёй не хапае соцень мужыкоў,
Каб спаталяць юрлівыя жаданні.
Каралева з уласцівым ёй італьянскім тэмпераментам адразу неўзлюбіла Барбару Радзівіл, імкнецца разгадаць сапраўдныя намеры “чорнай блудніцы” з Нясвіжа.
I ёй цяпер патрэбен Жыгімонт?!
Я сына ад цябе абараню!
Перад табой сцяна агню паўстане!
Або адыдзеш прэч, або цябе не стане!
На шляху да шчасця ў маладых Жыгімонта і Барбары Радзівіл паўстаюць бацькі і родныя, маці і браты. Маладыя шчаслівыя ў сваім каханні: “Здаецца мне – я толькі што памерла і нарадзілася…” – так прамаўляе Барбара ў абдымках Жыгімонта, які паўтарае: “Каханая, каханая мая”. Радасць узаемнасці напаўняе абодвух, яднанне душ, яднанне сэрцаў, “спляценне рук”: “Трэба сэрца каханнем напоўніць, увабраць, – кажа каралевіч. – З табою зліцца і адзіным стаць”. Закаханых абвінавачваюць ва ўсіх смяротных грахах, іх абражаюць, дакараюць Барбару за здраду роду. Жыгімонт гатовы з кінжалам адстойваць гонар каханай: “Вы за абразу сплоціце спаўна”. Таемна маладыя абвянчаліся. Але што далей: “Нас ненавідзіць каралева Бона”, – занепакоены Радзівіл Руды, брат Барбары. “Але цяпер у нас… у нас яе карона!” – адказвае на гэта Радзівіл Чорны.
У п’есе раскрыта сутыкненне асабістых і грамадскіх інтарэсаў, паўстае праблема кахання і ўлады. Каралева Бона Сфорца пляце далей свае інтрыгі ў замку на Вавелі ў Кракаве, Мнішак усё ёй даносіць. Каралева ў гневе, яна адважваецца на недапушчальнае. Выклікае сына Жігомонта і аб’яўляе таму, што бацька вось-вось пакіне гэты свет, а таму сыну варта станавіцца каралём, але для гэтага ён павінен… ажаніцца з прынцэсай Кацярынай Габсбургскай, да якой пасланы ўжо ганцы і з якой “прызначаны дзень шлюбу”. Сын просіць “выправіць памылку”:
Бо дурань кожны ў гэтым свеце знае:
Жанаты муж сватоў не пасылае.
Гнеў каралевы не мае межаў: “Ведзьма!!! Ведзьма!!! Ведзьма!!!” Прыдворны Мнішак прыносіць вестку Барбары, што будучы ўладар польскай кароны “на каленях” просіць рукі аўстрыячкі.
Мнішак распавядае Барбары пра зелле, якое ён купіў у “кудлатага сівога вешчуна” і якое дае мажлівасць наблізіць канец, калі чалавек таго захоча. Барбара вырашае адно:
І мёдам салодкім можна атруціць…
Каханы мой! Няўжо ўсё гэта праўда?!
Няўжо цяпер душой ты не са мной?
Ад усяго я ў гэтым свеце збегла,
Або з табою ў рай, альбо адной у пекла.
Адна з ключавых сцэн драмы – сустрэча каралевы з Барбарай. Каралева паведамляе аб рашэнні сына ажаніцца з Кацярынай Габсбургскай, і Барбара, застаўшыся адна, у адчаі выпівае атруту, што пакінуў Мнішак Дні Барбары злічаны. З таго часу па Нясвіжы ходзіць Чорная панна. Яна шукае мілага. Барбара Радзівіл усё ж была каранавана як каралева Польшчы ў снежні 1550 г. Але роўна праз год, калі зелле пачало дзейнічаць, яна памерла. Пахавана ў Віленскім саборы на радзіме. Згодна з легендай, з яе партрэта быў намаляваны абраз Маці Божай Вастрабрамскай – вечны помнік вялікаму каханню. “Бог ёсць Любоў. Любоў ёсць Бог”.
П’еса А. Дударава развівае традыцыі антычнага драматурга Сафокла і вялікага Шэкспіра. Драматург А. Дудараў у п’есе “Чорная панна Нясвіжа” яшчэ і яшчэ раз падкрэслівае, што нішто і ніколі не можа і не павінна перашкаджаць маладым на шляху да ўзаемнасці, да шчасця ў каханні. У каханні мужчына і жанчына заўсёды перамагаюць. Такі запавет маладым з гісторыі той далёкай даўніны.
У пасланні апостала Іаана “Аб сапраўднай любові” сказана: “Бог праявіў сваю любоў да нас, калі паслаў у свет свайго адзінага сына, каб з яго дапамогай мы набылі жыццё”. Калі мы любім, дык Бог жыве ў нас саміх і любоў, каханне дасягае дасканаласці. Пра гэта п’еса А. Дударава “Чорная панна Нясвіжа”.
Пытанні для кантролю
1. Раскажыце пар асноўныя вехі жыцця і творчасці пісьменніка.
2. У чым наватарства падыходу драматурга да ўвасаблення далёкага мінулага?
3. У чым праяўляецца маральна-этычнае завастрэнне канфлікту паміж Вітаўтам і Ягайлам у п’есе “Князь Вітаўт”.
4. Вітаўт і Ягайла як вобразы-тыпы. Ахарактарызуйце іх.
5. Якія перашкоды на шляху да асабістага шчасця паўстаюць перад персанажамі п’есы “Чорная панна Нясвіжа”?
Георгій Марчук (нар. 1947)
Я ніколі не шукаю і не чакаю натхнення, любоў да Радзімы – маё заўсёднае натхненне.
Без дабрыні мы не людзі, а голыя дрэвы.
Думкі пра Бога, маці, дзіця, Радзіму, заўсёды надаюць сілу.
Патрыятызм – гэта ўпрыгожанне Радзімы талентамі і справамі.
Георгій Марчук. Афарызмы
Біяграфія гэтага мастака слова няпростая, хоць усё, здавалася б, шло ў жыцці Георгія Васільевіча Марчука па ўзыходзячай. Школа ў родным Давыд-Гарадку, якую будучы пісьменнік закончыў у 1965 г., творчая праца ў мясцовым клубе, затым у Столінскім раённым клубе на розных пасадах: ад кіраўніка драматычнага гуртка, метадыста да мастацкага кіраўніка.
У 1973 г. скончыў завочнае аддзяленне па спецыяльнасці тэатразнаўства Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута. Праца асістэнтам рэжысёра на “Беларусьфільме” была той стартавай пляцоўкай, якая прывяла пачаткоўца ў вялікае мастацтва. Адчуваючы неабходнасць пашырэння ведаў для далейшага прафесійнага росту, Г. Марчук едзе ў Маскву, дзе на працягу 1975–1977 гг. вучыцца на Вышэйшых курсах сцэнарыстаў і рэжысёраў. З 1980 г. Г. Марчук ужо кінарэжысёр на кінастудыі “Беларусьфільм”. У 1981–1982 гг. – загадчык літаратурнай часткі Тэатра-студыі кінаакцёра кінастудыі “Беларусьфільм”. У 1983 г. Георгія Марчука прымаюць у члены Саюза пісьменнікаў СССР. У 19962002 гг. – дырэктар выдавецтва “Мастацкая літаратура”. З 2003 г. – галоўны рэдактар кінастудыі “Беларусьфільм”.
Першыя замалёўкі, а таксама гумарэскі, што і прадвызначыла дасціпны талент творцы, пачалі з’яўляцца ў столінскай раённай газеце “Навіны Палесся” ў 1966 г. Першая аднаактавая п’еса “Выкраданне Алены”, на пісаная ў 1971 г., была адзначана прэміяй на рэспубліканскім конкурсе драматургаў. Г. Марчук – адзін яркіх драматургаў сучаснасці, на яго рахунку звыш 20 аднаактавых п’ес, многія з якіх пастаўлены ў тэатрах: “Люцікі-кветачкі” (1974), “Новыя прыгоды Несцеркі” (1980), “Магіла Чынгісхана” (1981), “Вясёлыя, бедныя, багатыя” (1986), “Альдона, Анета, Анфіса” (1986), “Дарога ў рай” (1990), “Калі заспявае певень” (1990). Па яго сцэнарыях зняты тэлефільмы “Вясковы эрудыт” (1985), “Вяртанне Забэйды-Суміцкага” (1990). Г. Марчук працуе ў шматлікіх жанрах мастацкай літаратуры, з-пад пяра пісьменніка выходзяць раманы, п’есы, навелы, казкі, афарызмы, лірычныя мініяцюры.
Раманы “Крык на хутары” (1983), “Прызнанне ў забойстве” (1985), “Кветкі правінцыі” (1986), “Вочы і сон” (1990), “Сава Дым і яго палюбоўніцы” (1990) вызначаюцца вострым драматычным сюжэтам, дасканалай распрацоўкай мастацкіх вобразаў, лірызмам, глыбокай эмацыянальнай пранікнёнасцю ў складаныя перыпетыі лёсаў персанажаў. Празаік умее тонка разбірацца ў матывах паводзін сваіх герояў, асаблівасцях іх характараў, што выяўляецца ў назвах раздзелаў (“Маня”, раздзел з рамана “Крык на хутары”). Адчуваецца, што аўтар добра ведае герояў сваіх твораў, якімі з’яўляюцца людзі роднага гарадка, яны добра знаёмыя яму, але жывуць сваім жыццём у творах пісьменніка. Пісьменнік малюе чужое жыццё як сваё, а сваё – як чужое. Мастак слова тлумачыць лёсы сваіх герояў і падзеі з іх жыцця не па тым, што так магло здарыцца, а па тым, што так павінна было здарыцца і не магло адбыцца інакш, карацей, тыпова выпісаныя характары дзеючых асоб праяўляюцца ў пісьменніка ў тыповых, як правіла, звыклых для іх і знаёмых сітуацыях, дзе, аднак, кожны персанаж – мастацкі феномен, адкрыццё. Творы Г. Марчука гэта захапляльнае падарожжа па радзіме пісьменніка, глыбокае асэнсаванне “генетычнага кода” палешукоў і Палескага краю. Тут прасочваюцца традыцыі густой і псіхалагічна заглыбленай мележаўскай манеры пісьма. Проза пісьменніка выразна перадае трываласць народных традыцый Беларускага Палесся, якое непаўторнае сваёй аўтэнтыкай і аўтаномнасцю жыцця, адметнасцю матэрыяльнай і духоўнай культуры.
Пісьменнік Г. Марчук раскрывае цывілізацыйныя працэсы ў палескім арэале рассялення беларускага этнасу. Жыццё “паміж пустак, балот беларускай зямлі” (Я. Купала), сярод лясоў і пушчаў спарадзіла незвычайную формулу мыслення палешукоў, выхавала іх містычнасць, веру ў цудадзейныя сілы, міфалагізаванае светаўспрыманне, здольнасць да містыфікацый рэчаіснасці, давала мажлівасць абагаўляць з’явы прыроды і, здавалася б, звычайныя зямныя рэчы. Анімізм – абагаўленне звычайных рэчаў, іх ажыўленне, татэмізм падсвядомая сувязь з жыццём прыроды, з крынічкай, рэчкай, каменем, небам, сонцам, маланкай – гэта стала асноўным метадам даследавання шматграннага жыцця тубыльцаў-палешукоў.
Жыццё на Палессі малюецца Г. Марчуком у многім ужо зусім іншым. “На Палессі гоман, гоман” змяняецца ў творах празаіка раскрыццём векавой мудрасці народа ў разуменні чалавечага жыцця, пошукаў шляхоў да шчасця, дабрабыту, гармоніі. Героі раманаў “Крык на хутары”, “Кветкі правінцыі”, жывучы на перакрыжаванні шляхоў Еўропы, знаходзячыся на сямі вятрах, занадта доўга і цярпліва шукалі шляхоў да шчасця, асабістага і грамадскага – каб апынуцца на тым Арыстоцелевым “сёмым небе”, дзе пануюць гармонія, любоў і шчасце.
У Арыстоцеля, як вядома, зямная і незямная сферы чалавечага існавання падзелены на асобныя прыжыццёвая зямныя і незямныя “віткі”. У філосафа гэта былі першае, другое, трэцяе і гэтак далей неба. Сапраўдная гармонія дасягалася на “сёмым небе”. Адсюль і прымаўка, якая здаўна жыве ў народзе: адчуваць сябе на сёмым небе ад шчасця. Не адразу надыходзілі спакой і ўлагодненасць, каб беларусы, і асабліва жыхары Палескага краю, адчулі сябе “на сёмым небе” ад новых мажлівасцей, якія былі ім дадзены ў выніку бурлівых і хутка-імгненных гісторыка-культурных змен, таго новага, што прыйшло для чалавецтва на зямлі і для кожнага палешука паасобку ў іх край сярод балот і лясоў. Цывілізацыяй лесу называюць беларусаў. Архетып балот адступае ў раманах Г. Марчука на задні план, а на пярэдні выступаюць яркія самабытныя постаці дзяцей, якія “робяць лёды”, гатуюць сваё хатняе марожанае, каб выжыць, разжыцца, каб пайсці ў новы нязведаны свет.
Прамудрасць, кажа Біблія, заўсёды светлая, радасная, узбуджаная, яна ніколі не траціць сваёй свежасці і яе лёгка ўбачыць таму, хто яе любіць, і таму, хто імкнецца яе адшукаць; яна нават сама шукае тых, хто хацеў бы яе спазнаць. Працуючы з самай раніцы, той, хто шукае, не стоміцца, а знойдзе і ўбачыць яе, бо яна даўно падпільноўвае яго пад дзвярыма. Ужо нават імкненне думаць і спасцігаць прамудрасці жыцця сведчыць аб дапытлівасці і дасканаласці розуму. Пачынаецца ж кожная прамудрасць з навучання, з канону, а клопат аб захаванні канонаў, аб навучанні ёсць любоў.
“Давыд-гарадоцкія каноны” Г. Марчука – гэта тое, што празаік увабраў у сябе ад “прадзедаў спакон вякоў” (Я. Купала), на чым гадаваўся, чаму вучыўся ад старэйшых і радні, што складала яго яшчэ неакрэплую душу ў змаганні за само жыццё і месца ў жыцці і што складае сутнасць ягоных маральна-этычных каштоўнасцей зараз, ужо ў сталым “сівым” веку, тых прынцыпаў і норм паводзін, якімі ён ніколі не гандляваў, ад якіх ніколі не адракаўся, якімі кіруецца ў жывой паўсядзённай хуткаплыннай рэчаіснасці. Сярод твораў названага цыкла вылучым некалькі: “Канон Богу”, “Канон Гарыні”, “Канон Базару” і “Канон Маці”. Усе яны раскрываюць погляды пісьменніка на сябе і час, на ўзаемаадносіны са светам і людзьмі.
“Канон Богу” для ўсіх мастацкіх рэчаў раздзела, бадай, самы галоўны, бо ён раскрывае векавечную прагу да веры ў душы. Вера беларусаў у Бога ніколі не насіла паказнога характару, не з’яўлялася нечым фанатычным, экзістэнцыяльным, пазбаўленым персаніфікацыі да самаадрачэння. Неабходна падкрэсліць, што беларусы ў мінулыя стагоддзі, ды і зараз, у новых стасунках, амаль заўсёды адносіліся да рэлігіі, да рэлігійных абрадаў, увогуле да пытання існавання Бога з незвычайнай пашанай, з вялікай доляй адказнасці, з разуменнем няпростага ўладкавання свету і існавання ў ім звышнатуральных сіл, са спадзяваннем у жыцці на Боскую дапамогу. Празаік падкрэслівае ў першых радках “Канона Богу” наступнае: “У ягоную прысутнасць вераць і старыя, і малыя. Без Божага бласлаўлення і крыжа не выбіраюцца ў далёкую дарогу, не пачынаюць ніякай справы, не сядаюць да стала. Гэтая еднасць Бога, людзей, хат, вуліц адчуваецца штодня, перадаючыся ад аднаго да другога:
– Уратуй, Госпадзі.
– Бог у помач.
– Дай Божа, каб Гасподзь захаваў.
– Дапамажы, Божа”.
Для беларусаў характэрна частае “божканне”: “Дай Божа”, “Судзі Божа”, “Радзі Божа”, “Не давядзі Божа”.
Раней кожны новы дзень пачынаўся са звароту да Бога, з ранішняй малітвы. Распачынаючы новую працу, селянін абавязкова клікаў на дапамогу Бога, з Боскай падтрымкай любая праца рабілася спарней і зручней: “З Богам!” “У святочныя дні людзі дабрэюць”, – піша ў “Каноне Богу” пісьменнік Г. Марчук. Усё жыццё беларусаў як бы “рэгламентавалася” рознымі рэлігійнымі “вымярэннямі” – дазволамі, забаронамі, своеасаблівым чаргаваннем працы і адпачынку, калі нават хада падзей і часу ў многім вызначалася царкоўным звонам, “да абедні”, “да вячэрні”. Паважліва і сакральна ставілася нашы продкі да хрышчэння і вянчання. У мастацкай форме Г. Марчук “расшыфроўвае” “знакі прыроды” – адносіны людзей глыбінкі да рэлігіі, праяўленне рэлігійнасці ў асобных людзей. Выяўляецца як таемнасць веры ў Бога, так і сумненне ў справядлівасці Боскай праўды: “А дзе той Бог? Усё няроўна дзеліць. Добры, чэсны памірае, а паразіт жыве”. Пісьменнік заўважае ў паводзінах людзей зварот да Усявышняга, перад якім кожны вясковец нібыта трымае справаздачу, які выступае гарантам усіх людскіх дамоўленасцей: “Богам клянуся…” Маючы ад прыроды акварэльны жывапісны талент, празаік малюе “вочы Бога”, параўноўвае, як гэта часта робяць у народзе, Боскі лік з тварыкам дзіцяці, з яго анёльскай душой. “Вочкі, як на іконе, тварык, як у анёла, анёльскае дзіцятка” – гэта гучыць найлепшай пахвалой. Аўтар адзначае, што “анёл успрымаецца як пяшчота, чысціня, бязгрэшнасць, як памочнік Бога”.
Пісьменнік “адчыняе” дзверы людскіх сэрцаў і заўважае: “Тут не знойдзеш хаты, у якой не было б на покуці іконы”. Пра дзяцей сказана малюнкава прыгожа: “Усе дзеці прыгожыя, але яны найпрыгажэйшыя з кветкамі ў руках на царкоўным цвінтары. Невымоўная лучнасць Боская напаўняе духоўнай энергіяй і веліччу”. Пісьменнік безапеляцыйна і доказна сцвярджае ў канцы свайго твора-“канона”: “Няма такого чалавека на зямлі, якому Бог яшчэ не дапамог. З тым у душы і жывуць”. Гэта пра давыдгарадчукоў. Рэлігійная свядомасць у тутэйшых людзей характаразуецца ўнутранай набожнасцю, што ідзе ад шчырага сэрца, ад чысціні душы. Вера жыве ў местачкоўцаў у глыбіні душы.
Што такое каноны? Айчынная агіяграфія (Свяшчэннае Пісанне), агіябіяграфіі (жыццяпісы святых), а таксама гістарычны слоўнік даюць наступныя вызначэнні: гэта правілы для кіраўніцтва ў царкоўным жыцці хрысціян, якія ўстаноўлены апосталамі, айцамі царквы і ўсяленскімі саборамі на аснове Евангельскага вучэння.
Пісьменнік Г. Марчук не ігнаруе падобнага “хрысціянскага” тлумачэння і зместу сваіх канонаў, але яго “Давыд-гарадоцкія каноны” – гэта найперш правілы духоўнага, свецкага, маральна-этычнага жыцця гарадчукоў, іх унутранае credo, сістэма паводзін і ўзаемаадносін грамадстве, адносіны да акаляючага свету.
У “Давыд-гарадоцкіх канонах” Георгія Марчука раскрыта правасвядомасць беларусаў, адносіны да рэлігіі, рысы нацыянальнага характару, ментальнасць. Пісьменнік падкрэслівае інтравертнасць характару палешукоў, іх зварот унутр сябе ў пачуццях, у той час калі экстравертны чалавек скіроўвае свае эмоцыі вонкі, гатовы “выплюхнуць” свае эмоцыі на чыю-небудзь галаву.
Што вылучае каноны Марчука, дык гэта іх спавядальнасць. Зрэшты, як і ўсю творчасць мастака слова. І ў гэтых адносінах добрую службу яму служыць шчырасць, зацікаўленасць у самаўдасканаленні, самадастатковасці, разуменне чалавечай непаўторнасці на зямлі, якія праявіліся, напрыклад, у Жан-Жака Русо ў яго “Споведзі”, дзе ён прызнаваўся: “Я прадпрымаю справу беспрэцэдэнтную, якая не знойдзе пераймальнікаў. Я жадаю паказаць сваім сабратам аднаго чалавека ва ўсёй праўдзе яго прыроды, – і гэтым чалавекам буду я. Я адзін. Я ведаю сваё сэрца і ведаю людзей. Я створаны інакш, чым хто-небудзь з бачаных мною; адважваюся думаць, што я не такі, як яны. Добра ці дрэнна зрабіла прырода, разбіўшы форму, у якую яна мяне “выплавіла”, аб гэтым можна меркаваць толькі прачытаўшы маю споведзь”. Г. Марчук піша аголенымі нервамі душы, з трымценнем, з піетэтам да кожнай рэчы, да любой з’явы. Вырасшы над ракой Гарынь, ён не мог не прызнацца ў асаблівай любові і павазе да ракі свайго маленства, да вядомай Гарыні.
“Канон Гарыні” мае выразную філасофскую аснову. Агонь і вада – дзве стыхіі, якія яскрава характарызавалі творчасць Я. Купалы, сталі асновай твора: “Вада, як і агонь, сваёй зменлівасцю падштурхоўвае вас да разваг”. Тут і рачныя краявіды, і лодкі на вадзе і зорная плынь ракі, “як сімвал вечнага жыцця, як памочніца, таямніца, як райская асалода, як доктар, што здымае нервовы стрэс”. Маляўніча выпісана рака Гарынь. Такая ж выразная на Гарыні фігура рыбака, які сваёй самотай, унутранай засяроджанасцю ў нечым асноўным нагадвае вобразы рыбака Паўла Кабыцкага з аповесці Э. Ажэшкі “Хам”, старога “майстра марской рыбалкі” Санцьягі з аповесці Э. Хэмінгуэя “Стары і мора”, кнігі, адзначанай Нобелеўскай прэміяй у галіне літаратуры. “Чалавек у моры ніколі не бывае адзін”, – заўважае амерыканскі пісьменнік, аналізуючы думкі старога кубінскага рыбака, які кінуў выклік мору і перамог.
Марчук заўважае: “Рыбак не ідзе дахаты – хоць ты заманьвай яго, не заманьвай”. Далей у “Каноне Гарыні” гаворыцца: “Не дае спакою думка, які год не дае: аб чым можа думаць прыгорблены ўжо трохі і трохі ссівелы, але яшчэ ў сіле рыбак… ”
Ёсць нешта сакральнае, язычніцкае ў любові да роднай ракі Гарынь у пісьменніка Марчука. Адухаўленне нежывых істот пранізвае ўсе “каноны” творцы. “Бяжыць рака, шуміць вада…” Аўтар з мальбой звяртаецца да роднай ракі: “Гарынь мая, Гарынь”.
Ёсць у цыкле твораў “Канон Хаце”, “Канон Школе”, “Канон Ветру”, “Канон Вуліцы”, “Канон Агароду”, “Канон Часу”. Але з усяго мноства канонаў – правіл жыццёвага ўкладу, асноў паводзін і стаўлення пісьменніка да людзей і часу, да Радзімы, Свабоды, Вернасці спынімся яшчэ на “Каноне Базару”. Пра базар (рынак) і яго ролю ў жыцці беларусаў, у выяўленні характару простага чалавека неаднойчы пісалі беларускія класікі. У Янкі Брыля ў “Ніжніх Байдунах” вясковы “бізнесмен” спрабуе прапанаваць для куплі нованароджаных парасятак, якія варушыліся ў мяшку, як пацучаняты.
Правообладателям!
Это произведение, предположительно, находится в статусе 'public domain'. Если это не так и размещение материала нарушает чьи-либо права, то сообщите нам об этом.