Электронная библиотека » Уладзімір Навумовiч » » онлайн чтение - страница 13


  • Текст добавлен: 5 июля 2016, 13:00


Автор книги: Уладзімір Навумовiч


Жанр: Языкознание, Наука и Образование


сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 13 (всего у книги 34 страниц)

Шрифт:
- 100% +
Якуб Колас (1882–1956)
 
…Збіраўся скарб, струменіўся няспынна,
Вясёлкавым ірдзеннем мне спяваў,
I выхаду шукаў
Адбітак родных з’яў
У словах-вобразах, у песнях вольнаплынных.
I гэты скарб, пазычаны, адбіты,
У сэрцы перажыты.
I росамі абмыты
Дзянніц маіх, дзянніц маіх мінулых,
Для вас, душою чулых,
Як доўг як дар
Дае пясняр.
 
Якуб Колас. З уступу да паэмы “Сымон-музыка”

Адным з тых, хто закладваў асновы нашай літаратуры, вызначаў яе глыбокі “чалавеказнаўчы” змест, фарміраваў трывалыя традыцыі псіхалагічнай сацыяльнай філасофскай інтэлектуальнай прозы ў сваёй мастацкай практыцы быў класік беларускай літаратуры Якуб Колас. Усё творчае жыццё ён актыўна працаваў на ніве беларускай паэзіі, прозы, публіцыстыкі, драматургіі, і плён яго працы цяжка пераацаніць. Толькі ў 20-я гады ХХ ст. ім выдадзены зборнік вершаў “Водгулле”, напісаны цэлы шэраг апавяданняў, асобнай кніжкай выйшлі алегарычныя апавяданні “Казкі жыцця”, завершаны паэмы “Новая зямля” і “Сымон-музыка”, напісана аповесць “На прасторах жыцця”, надрукаваны аповесці “У палескай глушы” і “У глыбі Палесся”. Затым выйшлі аповесці “Дрыгва”, “Адшчапенец”, а ўжо значна пазней пісьменнік закончыў трэцюю частку трылогіі “На ростанях”.



Я. Колас выявіў у сваёй творчасці філасофска-канцэптуальны погляд на свет і падзеі навакольнага жыцця, на чалавека працы. Гэта погляд вельмі глыбокі і змястоўны. “Зашыфраваным дзённікам” назвалі алегарычныя апавяданні “Казкі жыцця” Я. Коласа, у якіх нібыта дзейнічаюць сілы прыроды, жывёлы, расліны, але пад усім тым, што дзеецца на зямлі, падразумяваліся складаныя працэсы, якія адбываліся ў нашым паўсядзённым жыцці і ў грамадстве (“Зло – не заўсёды зло”, “Купальскія светлячкі”, “Што яны страцілі”). Гэта першая вельмі ўдалая і арыгінальная спроба ў беларускай літаратуры развіць філасофскі пачатак, выводзіць мараль, апеляваць да свядомасці і розуму чытача, зыходзячы з простых і даступных рэчаў, разглядаючы акаляючае жыццё свету; спроба паразважаць над гэтым жыццём і часам, заглыбіцца ў натуральныя працэсы, якія адбываліся і адбываюцца ў прыродзе і грамадстве.

Апавяданні Якуба Коласа 20-х гадоў ХХ ст. – яскравы прыклад сапраўднага мастацкага летапісу часу і жыцця чалавека ў ім, руху гісторыі, руху ідэй, сведчанне заглыблення чалавеказнаўчага пласта ў беларускай літаратуры новага часу.

Ці прадчуваў вялікі майстар тое, чым абернуцца для ўсіх нас вялікія рэвалюцыйныя змены ў грамадстве, у псіхалогіі людзей? Відаць, прадчуваў, бо перасцерагаў. Аб гэтым пісаў яшчэ ў 1960-я гады А. Адамовіч, гаворачы пра аповесць “На прасторах жыцця”, у якой пісьменнік запрашаў маладых паглядзець на сябе як бы з боку.

А калі ўзяць творчасць Коласа ў 20-я гады ХХ ст., падмацаваўшы развагі над выразнай і глыбокай жыццёвай філасофіяй “Казак жыцця” аналізам паэм “Новая зямля”, “Сымон-музыка”, першых дзвюх частак трылогіі “На ростанях”, можна сцвярджаць, што ўсё створанае народным песняром – ад першых радкоў пра “Наша сяло і што робіцца ў ім” і да апошняга радка – ліста ў ЦК КПБ у абарону беларускай мовы перад самай смерцю – гэта пісьменніцкі подзвіг глыбокага філосафа, аналітыка, псіхолага. Нельга не пагадзіцца з думкай аб прароцтве Коласа, аб яго ўменні прадугледзець ход падзей і развіцця чалавецтва і чалавека, зазірнуць у корань з’явы, бачыць “праз гады і штормы”, умець вылучыць самае істотнае ў натуры чалавека. Сваёй творчасцю Я. Колас на многае адкрыў нам вочы.

Апавяданні Я. Коласа 20-х гадоў – цікавая і самабытная з’ява ва ўсёй беларускай літаратуры ХХ ст. Іх месца і роля ў творчай эвалюцыі мастака слова – асаблівыя, бо гэта былі творы пераходнага перыяду, у якіх адбіліся неўсталяванасць жыццёвых рэалій, роздум над перспектывамі развіцця грамадства і чалавека.

Асобна варта сказаць аб успрыманні твораў таго часу літаратурнай крытыкай, як тагачаснай, так і больш позняй. Ацэнкі былі неадназначныя. Крытыка 20-30-х гадоў амаль зусім не заўважала тых твораў з-за традыцыйнасці іх зместу. Сапраўды, нічога асаблівага ў тых мастацкіх абразках з жыцця не адбывалася. Людзі жылі і жылі, перажывалі, турбаваліся, клапаціліся пра новы дзень, які надыходзіў, шукалі сваё месца ў новым часе.

Асабліва не заўважалі тых твораў крытыкі савецкага часу. А калі заўважалі, то разглядалі іх аднабакова, вылучаючы толькі выключна рэвалюцыйны змест, падкрэсліваючы, па традыцыі, тэмы сацыяльнай няроўнасці, падаючы многія рэчы як развенчванне капіталістычных узаемаадносін. У сувязі з гэтым назіралася наўмыснае падкрэсліванне ў творах 20-х гадоў героікі Грамадзянскай вайны, узбуйненага паказу вобразаў змагароў за лепшую долю працоўнага люду – герояў тыпу камандзіра чырвонаармейцаў “з былых” Ваганава, а таксама Сяргея Карагі, нібыта цалкам новага героя новага часу, “стопрацэнтнага бальшавіка” – з рабоча-сялянскага асяроддзя. Такі падыход “затушоўваў” сапраўды глыбінны змест твораў. Пры разглядзе твораў Я. Коласа таго часу разнастайныя па сваім духу чалавечыя тыпы, “маскі мінулага” падаваліся ў ацэнках як цалкам адмоўныя, непрывабныя – “жывыя здані мінулага”.

Апавяданні Я. Коласа 20-х гадоў недаацэньваліся не толькі па змесце, недаацэньвалася і іх мастацкая каштоўнасць. Не заўважалася загадкавасць тых твораў, іх глыбінны псіхалагічны падтэкст, высокі агульначалавечы змест, які не адразу і нялёгка “даваўся” для раскрыцця. Творы Я. Коласа доўга заставаліся па-за ўвагай прафесійнай крытыкі і як эстэтычная з’ява ў прозе. Яны напісаны рэалістычна-дакладна, з глыбокім пранікненнем у псіхалогію персанажаў, звяртаюць на сябе ўвагу шырынёй светапогляду аўтара, філасофска-канцэптуальным зместам рэчаў, агульначалавечымі праявамі маралі. Гэта апавяданні-канцэпцыі, у якіх вы явіліся этычныя погляды Я. Коласа.

У апавяданні “Сяргей Карага” зусім не распрацаваны ўнутраны свет аднаго з галоўных герояў – камандзіра чырвонаармейцаў “з былых” Ваганава. Празаік зусім не кранаецца яго “біяграфіі”, абмежаваўшыся толькі знешняй эфектнасцю падзей, падаўшы карціннасць смерці былога царскага афіцэра, штабс-капітана Ваганава, які хацеў паказаць прыклад, як павінен гінуць сапраўдны баец новай арміі. Акцэнтаванне на знешняй характарыстыцы персанажа прывяло да стварэння вобраза-схемы, героя без плоці і крыві.

I наадварот, даволі пераканаўчым і па-мастацку распрацаваным паўстае ў апавяданні вобраз Сяргея Карагі. Гэты вобраз нясе ў сабе адпаведную сілу, успрымаецца рэальнай жыццёвай фігурай: з трывалай “уросласцю” ў зямлю, з глыбокімі каранямі ў роднай глебе – гэткі гаспадар на зямлі. Вобраз Карагі тоіць у сабе нямала супярэчлівага і прыцягальнага. У многім ён раскрыты з агульначалавечых пазіцый. Сяргей Карага з’яўляецца героем-адзіночкай, чалавекам, вырваным са свайго звыклага асяроддзя і кінутым на крыжавыя пуцявіны ваеннага ліхалецця, у атмасферу супрацьстаяння ўсіх і ўсім адначасна. Таму, можа, зусім невыпадкова ў апавяданні бачыцца непрадказальнасць жыццёвых шляхоў і лёсаў персанажаў. Яна падкрэслівае неапраўданасць, заганнасць братазабойчай вайны.

Можа, упершыню ў беларускай прозе лейтматывам загучала тэма чалавека-работніка на фронце, якому выпала ліхая доля быць уцягнутым у ваеннае супрацьстаянне розных ідэалогій.

Невялічкая, бытавая, здавалася б, замалёўка “Хаім Рыбс” з часоў усталявання новай улады, пра галоўны персанаж якой пісьменнік любіў успамінаць “са смехам”. Ды не надта смешны выйшаў з-пад пяра празаіка гэты абразок “з натуры”, хоць смеху тут хапае, іранічнага, часам здзеклівага.

Сапраўдны сабатаж “развёў” Хаім Рыбс, нібы знарок не выконваючы загады высокага начальства з усіх бакоў (“і выканком, і кувырком, і кулаком…”). Не звяртаючы ўвагі на строгі мандат, ён усё не назначае рабочых для пагрузкі вагонаў (“На кожнага рабочага трэба па салдату: дваццаць пяць рабочых – дваццаць пяць міліцыянераў”).

Чым не крытыка сістэмы, якая ўсталёўвалася на месцы старых традыцый – адміністрацыйна-каманднай сістэмы размеркавання і прымусу да працы. Як тут не прыгадаць М. Гогаля, які пісаў, што чалавека нельга абмежаваць іншым чалавекам: тады выявіцца, што да гэтага чалавека трэба прыставіць яшчэ аднаго чалавека, ды так бясконца, карацей, як у Коласа: “На дваццаць пяць рабочых дваццаць пяць міліцыянераў”.

Хаім Рыбс са скрухай глядзіць на запусценне, якое ўсё больш праяўляецца пры новым парадку. “Голыя сцены крамы, пустыя паліцы, што даўней угіналіся ад цяжару наваленага тавару і на якіх цяпер дзе-нідзе стаялі парожнія і заржавелыя бляшанкі і іншая дрэнь, пазіралі тужліва. Ад іх патыхала запусценнем, непрытульнасцю. А цяпер вынікі і пагрозы, што павіслі над галовамі местачковага жыхарства? А гэты агульны заняпад жыцця? Хіба можа ўсё гэта даваць страву для добрых думак?” Так разважаў гаспадар крамы, які ўвесь век пражыў з местачковым людам, меў сваю адмысловую гаспадарку і рабіў усё да толку. “Няхай мяне садзяць кожны дзень, я не пайду супраць свайго народа, не пашлю яго на работы…” – так кажа Хаім Рыбс, квартальны, якога на гэту пасаду выбралі завочна і які адразу ўцяміў недарэчнасць свайго становішча, калі той кажа адно, другі патрабуе другое, а трэцяму падавай іншае. І ўсім трэба зрабіць у адзін момант, і ўсе пагражаюць судом.

Многія апавяданні 20-х гадоў напісаны Я. Коласам на далёкай Куршчыне.

Вядомы даследчык творчасці Я. Коласа літаратуразнаўца С. Х. Александровіч, памятаецца, расказваў пасля вандроўкі ў Курск і ў тую мясцовасць, што ледзь не ўсе вобразы і з’явы, здарэнні ўзяты пісьменнікам з жыцця. Крытык удакладняў пры гэтым, што аўтар нават не мяняў прозвішчаў людзей, пра якіх пісаў, спадзеючыся, відавочна, на геаграфічную аддаленасць мясцовасці і на тое, што з цягам часу людзі тыя адыдуць, а тое, чым жылі яны, што перажылі, іх думкі і погляды застануцца. Нам сёння цікавыя тыя лёсы і прыкметы побыту як гістарычнае сведчанне часу, калі вялікія і, здавалася, светлыя мэты прыходзілі ў сутыкненне з рэаліямі, з акалічнасцямі чалавечага існавання, з векавечнымі традыцыямі. Таму нам зразумелая філасофія Хаіма Рыбса: “Слухайце, каб я быў Майсей, я б пайшоў да гары і сказаў: “Гара, дай вады!”, яна бы дала вады. Я ж чалавек просты, гара мяне не паслухае. І дарма вы злуяце. Каб гэтую падводу я мог выламаць з свайго калена, – Хаім Рыбс узяў правую нагу і пачаў згінаць калена, – я б яе выламаў і сказаў бы: “Вось вам падвода, сядайце, калі ласка, і едзьце”. А пакуль?.. Пакуль, як пісаў іншы вялікі паэт вялікай рэвалюцыі, “да мандату павагі няма”. “Мандат!” – прамовіў ён (Хаім Рыбс. – У. Н. ), – сядзь на свой мандат і едзь куды хочаш”.

Нялёгкім, няпростым было сапраўднае жыццё. Далёка не такім, якім грамадства, аслепленае новай рэвалюцыйнай перспектывай усеагульнай роўнасці і братэрства, хацела яго бачыць.

Такім, сапраўдным, і бачыў яго Колас. Самае страшнае, што ў гэтым жыцці галадалі дзеці. Аб гэтым казка Я. Коласа “Пад Новы год”.

“Дзеці пачалі кружыцца, спяваць, а дзяўчынка выбегла з іх чародкі. Тут яна ўбачыла Лявонку і падышла да яго.

– Хто ты, хлопчык? – спытала яна.

– Лявонка.

– Адкуль жа ты?

– Я прыляцеў з Беларусі.

– Гэта адтуль, дзе хлеба многа?

– Не, хлеба ў нас мала.

– Мала? – спытала дзяўчынка. – А я чула, што ў вас хлеба многа”.

Хлопчык у канцы просіць Дзеда Мароза, абхапіўшы ногі дзядулі з сівой барадой:

“Дзядзечка, міленькі, залаценькі! Прынясі нам многа-многа хлеба, каб гэтыя бедныя дзеці вярнуліся на зямлю!”

Апавяданні Я. Коласа 20-х гадоў вылучае іх гуманістычны змест, падыход да з’яў сучаснасці з меркамі агульначалавечымі, традыцыйнымі, глыбока вынашанымі і выпакутаванымі чалавецтвам. У розных варыяцыях падаюцца ў творах эстэтычныя ацэнкі дабра і зла. Многія персанажы сапраўды выпакутавалі ўсведамленне, што ёсць зло, а што ёсць дабро. Прычым паняцці дабра і зла неаднамерныя. Я. Колас, вялікі знаўца чалавечай душы, пісьменнік-філосаф, усведамляе, а ўслед за ім усведамляюць ягоныя персанажы, што, напрыклад, “зло – не заўсёды зло”, як у аднайменнай казцы жыцця. Ажыццяўляючы дабро, варта ўважліва прыгледзецца, азірнуцца навокал – ці не станецца ад гэтага горш каму-небудзь ці чаму-небудзь. У творах Я. Коласа паўстае пытанне: што ж лепей – “быць нешчаслівым, але відушчым, альбо шчаслівым ды сляпым” (“Чыя праўда?”). Стары дуб раскрывае вочы дрэвам на тое, што іх чакае ў будучым, гаворыць ім праўду, але назаўсёды атручвае ім жыццё, сказаўшы, што іх чакае на зямлі ў далейшым. Дубы анямелі. Так узнікае ў творчасці Я. Коласа матыў “маўчання дубоў”, “анямення дубоў” – любімага дрэва пісьменніка. Выхад, які бачыць Я. Колас, адзіны: “Мацней пусціць карані ў родную глебу, у зямлю”.

Творы 20-х гадоў, такім чынам, набываюць шматзначнасць гучання, уражваюць чытача глыбінёй зместу, маюць відавочны падтэкст. Яны філасофска-канцэптуальныя па сваім складзе. У творах разгляданага перыяду яскрава выяўляюцца агульначалавечыя ацэнкі сэнсу жыцця, смерці, узнімаюцца праблемы адвечнага змагання дабра са злом, падаюцца суадносіны рэальнага і ірэальнага, паказваюцца праўда і няпраўда.

Адна з хвалюючых тэм агульначалавечага гучання ў творчасці гэтага часу – тэма “крывавых віроў” у сацыяльным развіцці грамадства. Гэтыя “віры” пеняцца наўкола, асабліва ў перыяд Грамадзянскай вайны, зацягваюць у сваё сутонне пакалечаныя і дэфармаваныя няшчасныя душы, прымушаюць людзей дзейнічаць насуперак сваёй прыродзе, рабіць учынкі, зусім не ўласцівыя ім самім і іх акружэнню. У “крывавыя віры” траплялі не толькі тыя, хто свядома кіраваўся рэвалюцыйнай мараллю, прыкрываючыся лозунгам аб сусветнай рэвалюцыі, а нават самыя звычайныя сяляне, людзі працы, тыя, хто векавечна жыў пад прыгнётам, хто не ўзнімаў галавы дасюль і ад каго не чуваць было скаргаў і нараканняў на свой лёс і прыніжаны стан. А можа, просты чалавек не такі просты пры бліжэйшым разглядзе?

У апавяданні “Крывавы вір” дзед Патап свядома бярэ на душу грэх – не прызнае ў арыштанце маладога паніча, студэнта Грышку, і тым самым аддае яго на расправу чырвонаармейцам як варожага лазутчыка, шпіёна, з якім абыходзяцца па законах ваеннага часу: не доўга думаючы, адводзяць за горку – “пачуліся не то чатыры, не то пяць стрэлаў…”, “салдаты вярнуліся – Грышкі з імі ўжо не было”.

Што гэта? Дэфармацыя ўсіх і ўсякіх агульначалавечых каштоўнасцей, людской маралі, своеасаблівы пратэст супраць бесчалавечнай бойні, асуджэнне рэвалюцыі як вогненнай віхуры, што праносіцца над зямлёю, руйнуючы ўсё наогул – лад, душы людскія, самога чалавека, пратэст супраць расчалавечвання чалавека. “Ах, бабуля, калі надыходзіць навальніца, яна не разбірае, дзе палын горкі, дзе пшаніца. Такі ўжо яе закон. Рэвалюцыя – тая ж самая навальніца. Хто вінават? Ніхто і ўсе”. Гэта словы самога Грышкі. Прарочыя словы. Пісьменнік не шукае вінаватых.

Змест твора глыбокі. У ім – тупіковасць быцця, дэфармаванасць свядомасці дзеда Патапа, да якога звяртаецца паніч Грышка, умольвае, упрошвае пацвердзіць, што ён адсюль, тутэйшы, мясцовы, а не засланы лазутчык. Дзед Патап нібы і не чуе чалавека, які рос на ягоных вачах. У панурай зацятасці і нежаданні дапамагчы юнаку ён праяўляе нездаровую волю і незгаворлівасць, маральную глухату і ўпартасць (“Не ведаю, не ведаю цябе, хто ты ёсць”), якія мяжуюць з паталагічнай нянавісцю да ўсяго старога, да сябе, да акружэння, да існага на зямлі ў, можа, яшчэ не ўсвядомленай да канца спадзеі, што з адыходам і паніча, і свету, які ён увасабляў, усяго мінулага надыдзе збавенне і бласлаўленне новага чалавечага парадку.

Аднак нянавісць носіць тут разбуральны характар. Гэта зброя двухбаковавострая. Знішчаючы таго, хто не даспадобы, з кім не хацеў бы знацца і каго хацеў бы выкрасліць са сваёй памяці, дзед, аднак, нявечыць і руйнуе і сваю душу. Грамадства, заснаванае на крыві бязвінных ахвяр, асуджае сябе на згубу.

Скразной тэмай ледзь не ўсёй творчасці Я. Коласа стала тэма “загаварыўшага ў душы сумлення”, якая бярэ пачатак яшчэ з дакастрычніцкага апавядання “Малады дубок”. У ім герой прыносіць “ахвяру сумленню” адмаўляецца ад цішком ссечанага ў лесе маладога дубка.

Апавяданне Я. Коласа “Малады дубок” па праву названа празаічным “гімнам народнай этыцы” (А. Лойка). Душэўная драма галоўнага героя Андрэя Плеха разгортваецца паступова. Народная прымаўка кажа: “Хто ў лесе не злодзей, той дома не гаспадар”. Так здарылася, што зламаліся, “паляцелі” спіцы ў колах вазка на сялянскім падворку. “Даўно ўжо меў на прыкмеце” той “малады дубок” у казённым, не прыватным лесе вясковы гаспадар Андрэй Плех. Доўга наважваўся, перажываў, перш чым пайсці і ссекчы тое дрэўца. Можна ўявіць сабе, колькі спалоху ці неспадзяванасці перажыў увогуле сумленны селянін, калі ўходжваўся з дубовымі кавалкамі дрэва. “Высокае, роўнае, выноснае, як точанае, яно, здавалася, сумысля тут вырасла на спакусу чалавеку”. А тут якраз закончылася жніво, без вазка няўпраўка ў гаспадарцы. І ён адважыўся. Добра ўсё разлічыў. І “квадру месяца” прычакаў, каб цямней у лесе стала. Дамовіўся з сынам, куды яму пад’ехаць з канём, каб забраць матэрыял на спіцы ў коле. “Аднак чым бліжэй падыходзіў ён да лесу, тым большы чуў страх”. Ужо Андрэй пачынаў каяцца, што пайшоў па спажыву ў лес, “жуда”, “маркота”, “адзінота” агарнулі селяніна, яму ўжо нават “захацелася, каб хто перашкодзіў цяпер, каб мець законнае права вярнуцца дамоў.” Як бачым, празаік перадае самыя розныя “зігзагі” душы простага чалавека-працаўніка, які вымушаны ісці, наперакор свайму сумленню, у лясны гушчар. У цемры ледзь знайшоў тое месца. Адмераў колькі крокаў ад хвоі “направа”. “Лес маўчаў. Можа ён зацікавіўся, што будзе рабіць тут гэты чалавек, чаго ён прыйшоў сюды варушыць і трывожыць яго сон”. Далей аўтар перадае душэўны стан зламысніка: “І было штосьці страшнае ў гэтым нямым спакоі лесу, і гэты страх перадаваўся Андрэю”. Нездарма ў народзе кажуць, калі што-небудзь робіш на патраву, не толькі азірніся па баках, управа і налева, але і паглядзі ўверх. Нехта вышэйшы за нас з вышыні нябёсаў назірае за нашымі ўчынкамі. Не толькі ляснік Максім Заруба “вартаваў” той лес, кажа мастак, пільнавалі і іншыя ахоўнікі, што былі ў самім Андрэю, – “страхі”. І апраўданне: “Ну, што будзе, то будзе” не ўсцерагло Андрэя ад адказнасці. Найпершай і цяжэйшай за ўсё – маральнай адказнасці перад самім сабой. Галоўны персанаж выступае ў апавяданні самым строгім суддзёй самому сабе.

І гэта з’яўляецца лейтматывам твора народнага пісьменніка. Цяжкія, пякучыя дні, поўныя сораму і раскаяння, надышлі для працаўніка. “Яшчэ ніколі не зазнаваў Андрэй такога клопату, як цяпер. Недарма гавораць людзі: “Хто ўкраў парасё, таму і ў вушах пішчыць”. Аўтар заглыблена, крок за крокам, перадае стан душы парубшчыка ў чужым лесе. Ён піша: “Прызнацца, Андрэй нават не рад быў, што ссек гэты дубок: мала што можа стацца!” Сталася горшае з прадчуванняў. І людзі не згледзелі, і ўправіцца ўдалося з толкам, і нават ляснік Максім Заруба “прыкрыў” тую “пакражу”. “Ну і людзі! гаварыў сам сабе Максім Заруба. – Ну, украў, ну, ссек, хай цябе ліха ссячэ; дык не рабі так, каб кожнаму кідалася ў вочы тваё злачынства, гіцлю!” Душа лесніка таксама не на месцы.

Абодва персанажы, селянін і ляснік, пакутуюць, яшчэ не ведаючы, не падазраваючы, хто стаў і што стала прычынай для іх трывогі. Яны пазбавіліся сну. І днём і ноччу яны не знаходзяць сабе спакою, былыя сябры дзяцінства, якіх злы лёс развёў па розныя бакі дабра і зла, калі адзін падпаў пад уплыў злога духу, а другі губляўся ў здагадках, хто мог сатварыць “пакражу”.

Сумленне – маральная геніяльнасць асобы, сцвярджаў філосаф Гегель. Унутраны голас уласнага сумлення Андрэя Плеха прымушае яго хаваць ад людскіх вачэй нажыву, перахоўваць дубовыя камлюкі з месца на месца, дрыжаць над імі, баючыся “пусціць іх у дзела”. Вось ужо “проста свет здаваўся яму нямілы”, сапраўды “моташна было Андрэю”. Супярэчлівыя плыні думак і пачуццяў агортваюць душу змоўцы з уласным сумленнем, якое, здавалася, заснула ў тым лесе. Андрэй спавядаецца: “Здаецца, узяў бы, завязаў вочы і ішоў бы няведама куды, абы знайсці заспакаенне, абы не чуць той згрызоты, што была на яго сэрцы”. Андрэй гатовы вярнуцца назад, сам сябе дакарае, пакутуе: “І чаго яму было лезці ў гэты лес? Сядзеў бы сабе спакойна і гора не знаў бы”.

Душэўныя пакуты героя, які зрабіў ганебны ўчынак, празаік перадае тонка, дакладна, ён псіхалагічна абгрунтоўвае паварот кожнай думкі. Як толькі Андрэй Плех пачуў, што Максіма Зарубу выгналі са службы з-за “парубкі” ў лесе, за тое, што “аб’ездчыка набіў”, душа яго нібы скранулася з месца. “Эх, здаецца, каб нічога гэтага не было, каб яно толькі прыснілася яму! Усё б было добра, каб не гэты дубок”. Нідзе ні ў чым не знаходзіць спакою галоўны герой апавядання. Няма апраўдання ягонаму ўчынку. Душэўная споведзь не дапамагае. Я. Колас выявіў у творы высокае майстэрства псіхалагічнага аналізу. І вялікую ролю ў душэўным адзінаборстве дабра і зла, віны і бяды ў душы Андрэя Плеха адыгрывае прырода – умяшчальніца настрояў персанажаў. “Голас сумлення” “гоніць” Андрэя Плеха “на бераг Нёмана”, дзе ён прыносіць “ахвяру сумленню”, выкідвае камлюкі “маладога дубка” ў ваду “Халодная, як жалеза, вада плюхала ў пустыя берагі і ўсхліпвала, як маці, страціўшы дзяцей сваіх…” Сумленне нібы супакоіў, але сябра на службу не вярнуў.

А душа лямантавала, прасілася, пярэчыла, “якому ж лысаму чорту гатаваў” тыя дубовыя кавалкі, гатовы быў ужо назад іх даставаць з быстрыні Нёмана. Апавяданне магло б на гэтым і завяршыцца. Але ў творы разгортваецца яшчэ і іншы матыў. “Хіба можна адкупіцца ад сумлення тым, што… пакідаў у ваду камлюкі?” Душэўная драма на гэтым не заканчваецца. Андрэй ідзе на споведзь да Максіма Зарубы. Знаёмы з дзяцінства Заруба праяўляе душэўную шчодрасць, не вінаваціць сябра. Але і пан свайго рашэння не мяняе. Пан не можа паверыць, што Андрэй сам, па сваёй волі прызнае віну за сабою. А “лес стаяў спакойны… Колькі чаго давялося бачыць яму на сваім вяку”. І галінкі хвой “шапталі” Андрэю, “як шэпча маці, схіліўшыся над дзіцем”, “што Андрэй сапраўды не такі вінаваты, як гэта крычыць яму кожную хвіліну чулае сумленне”.

Вёска, чалавек працы маюць сваю мараль, выхаваныя вякамі традыцыі, прынцыпы. Беларусы жывуць па законах продкаў, што абумовіла традыцыйнасць і кансерватыўнасць іх менталітэту. Абуджанае сумленне стала асновай характару беларуса. У душы селяніна-беларуса жыве “дар неба” – навіты на сэрца “клубок” вострага адчування болю ўласнага сумлення, пачуццё гонару і годнасці, адказнасці за зямлю і чалавека на зямлі.

У апавяданні “Называецца зарабіў” селянін, адмысловы на ўсе рукі майстар і дбайны гаспадар, наймаецца працаваць (“свіран перасыпаў і паветку паставіў”) і за ўсю сваю працу змог купіць толькі свістульку-казельчыка. “…Паднёс дзед хвосцік у рот, падзьмуў – свіснуў казельчык, аж рэха па лесе пайшло. Усміхнуўся дзед Баўтрук: вось будзе рад унучак Андрэй!” Вось што зарабіў чалавек за сваю старанную і нялёгкую працу. “Што цяпер мільён, – разважаў хутаранін Даўнар, “чалавек-прайдоха, спрытны і хітры”, наймаючы дзеда, адмысловага працаўніка на работу. – Што купіш раніцаю, таго не купіш вечарам”. І дадае: “Цяпер, васпане майстру, усе мільянерамі сталі. У іншых калені голыя, па карку вошы поўзаюць, а мільёнамі кідаюцца. Вось яно што!”

Тэма духоўнага перараджэння, прыстасаванства, занядбання агульнапрынятых норм і прынцыпаў, калі “грамадства” перастае лічыцца з “душою” асобнага чалавека, загучала ў апавяданні “Курская анамалія”. Выбраў сход настаўніка за папа, а заадно пастанавіў: выбраць новаму папу яшчэ і жонку – Настассю Гулькіну. А як жа іначай: “Вобчаство любіць, вобчаство чэсць аказвае”. І з’явіўся на вёсцы новы прапаведнік Рыгор Угоднік, бо “трэба было так ці іначай выходзіць з гэтага застою”. Вось, аказваецца, дзе ён пачаўся, той першы застой у нашым грамадскім побыце, адкуль цягнуцца “застойныя гады”. Яшчэ з таго часу, калі “адзін школьны інструктар чытаў на павятовым з’ездзе настаўнікаў даклад на тэму “Ці можна навучыць дзяцей грамаце без кніг, паперы і алоўка або пяра?” З даклада выходзіла, што можна, як прыгадвае настаўнік, будучы кандыдат у “народныя абраннікі” на высокую духоўную пасаду.

“I якіх толькі анамалій не бывае на свеце!” – са скрухай і іроніяй усклікае аўтар. У новых стасунках грамадскага развіцця ідзе дэградацыя маральных каштоўнасцей, ніхто не лічыцца з лёсам і душой асобнага чалавека. “У двары пана Тарбецкага” – апавяданне, дзе самых розных людзей “назбіралася” асабліва многа: санітар, прачка Грындзя, свінабой з жонкай, прачка Варакса і яе “напалавіну” замужняя дачка Анэта, поп Лагода, кравец Самабыль, швачка Самабыліха, шавец Сякач, дацэнт, электрыфікатар, тэхнік, хлебапёк і іншыя – тут даецца ледзь не поўны “сацыяльны зрэз” грамадства на рубяжы двух светаў – людзей з мінулага, у якіх адабралі будучае. Думаецца, што зусім невыпадкова Грындзя, адна з тых жанчын, пра якіх пісьменнік зазначаў: “хітрая і прабеглая”, нечакана ўспамінае, што і яна з роду графаў, хоць і баіцца, каб яе не выслалі адсюль, бо поруч жа мяжа, а на тым баку – зусім іншы лад і склад мыслення. Пра многае ў агульначалавечым плане – пра тое, што траціцца беззваротна, і што набываецца і ці намнога яно лепшае, тое, што прыходзіць, – могуць засведчыць лёсы абяздоленых раптоўна людзей з растаптанымі душамі і з раструшчанымі пачуццямі, з якімі ўжо мала хто лічыцца, але якія ўсё яшчэ прадаўжалі з’яўляцца носьбітамі ўстойлівага і звыклага існавання. “Хістаўся стары лад у самых асновах сваіх, у муках болю нараджаўся другі, новы парадак, а Яхім Суднік жыў сваім жыццём”, – піша аўтар.

“Сваім жыццём” жылі многія персанажы ў апавяданнях Я. Коласа 20-х гадоў ХХ ст. Гэтае жыццё было поўным сэнсу і зместу, жыццём каларытным і непаўторным, жыццём людзей на сваёй зямлі.

Сёння, з вышыні часу, зусім па-новаму “бачацца” і многія іншыя творы народнага пісьменніка. У прыватнасці, тыя, у якіх Я. Колас узнімаў эстэтычныя праблемы часу, гаварыў аб ролі мастака і мастацтва ў грамадскім прагрэсе. Вырашэнне праблем станаўлення творчай індывідуальнасці мастака слова ў новых умовах рэвалюцыйнай явы мы бачым у апавяданнях “Трагізм” і “Трыумф”. У іх аўтар адстойваў абранасць, выключнасць творчай асобы, паказваў таямніцы творчага працэсу. Калі ваяўніча і грозна праяўляўся гвалт над паэтам, які ажыццяўляўся часам звонку, або гвалт самога творцы “над сабою”, каб патрапіць на новы лад думак, гэта аднолькава прыводзіла да творчага заняпаду асобы, нярэдка і да самагубства паэтаў, спараджала нівеліроўку талентаў, садзейнічала “пастаноўцы” творчага працэсу на паток, на “вытворчыя” рэйкі. Я. Колас падкрэслівае асабістую неабароненасць і крохкасць душы чалавека-творцы ў новым, паслярэвалюцыйным грамадстве.

Асновай людскіх узаемаадносін у экстрэмальных умовах, бясспрэчна, можа быць толькі кампраміс, духоўная гармонія, уменне аднаго чалавека лічыцца з жаданнямі і імкненнямі другога. Так сцвярджаў пісьменнік, які сам шмат перажыў, у апавяданні “Адукацыя”. Пісьменнік быў абачлівым у сваіх творах, пазбягаў просталінейнасці меркаванняў і хуткасці прысуду над індывідам.

Феномен Я. Коласа-празаіка, што праявіўся ў апавяданнях, напісаных на рубяжы дзвюх эпох, заключаўся ў глыбіні позірку на чалавека, у веры ў невычэрпнасць людскіх сіл, у глыбокай перакананасці, што сапраўднае, адвечнае, асноватворнае, стрыжнявое праб’е сабе дарогу і прарасце ў душах і сэрцах людскіх, а ўсё наноснае, пачварнае, гіпертрафіраванае, несумненна, адыдзе на задні план, саступіць месца здаровым і новым сілам.

Праўдзівасць характараў і тыпаў, прастата і дакладнасць апісанняў, зоркасць мастака да дэталяў, выразная рэалістычная манера пісьма, мудрасць і нетаропкасць у развагах – усё гэта характэрна для твораў Я. Коласа. Амаль кожнае апавяданне яго асветлена іроніяй, якая не-не ды і пераходзіць у з’едлівасць. У многіх радках таксама выразна праступае мудрая ўсмешка, праглядваюць павучальнасць, памяркоўнасць, глыбіня агульначалавечых разваг аб прыродзе чалавечай душы.

Аўтарская ўвага акцэнтавана выключна на ўнутраных адчуваннях персанажаў, што значна ўздымала ўзровень тагачаснай псіхалагічнай прозы. Раскрываўся багаты змест духоўнага жыцця розных людзей, сярод якіх не было, не магло быць нецікавых. Кожным сваім творам пісьменнік нібыта сцвярджае, што свет чалавека невымерны, невычэрпныя скарбы яго душы, шматслойная гама чалавечых перажыванняў. Усё здолее асіліць чалавек, калі час і абставіны будуць садзейнічаць найпаўнейшаму раскрыццю ягонай духоўнасці.

Мастацкія творы малой формы, напісаныя Я. Коласам на пачатку стагоддзя, вызначаліся несумненным багаццем агульначалавечага зместу. Я. Колас-пісьменнік успрымаў чалавека цэласна, у паўнаце яго духоўнага і фізічнага існавання, ва ўзаемадзеянні і супрацьдзеянні розных маральных пачаткаў, у суровай наканаванасці лёсу. Не да нейкай абстрактнай “гармоніі” чалавека і прыроды, асобы і грамадства, духу і цела імкнуўся мастак слова. Ён паказваў непаўторную і каларытную постаць, намагаўся паўней выявіць тое, чым жыў чалавек, які ён, што ў яго за душой і на якія ўчынкі ён здольны і зможа настроіць сябе.

Вытокі такой увагі літаратуры да духоўнага свету чалавека знаходзім мы яшчэ ў старабеларускай літаратуры. У пазнейшы час у творах мастацтва воляю іх стваральнікаў адбівалася ўся глыбіня складанага, супярэчлівага ўнутранага жыцця чалавека, жыцця, якое пастаянна абнаўлялася, бо перайначваўся і сам зменлівы і неўсталяваны час. Народны пісьменнік Я. Колас праяўляў такую ж велічнасць адухоўленасці, развагі, мудрасці ў сваёй мастацкай практыцы, ствараючы непаўторныя вобразы.

Аповесць “На прасторах жыцця” – твор, у якім Я. Колас паказаў моладзь новых дзён “як бы збоку” (А. Адамовіч). Мы бачым цягу маладых да навукі, асабістае і грамадскае жыццё герояў, іх юначы максімалізм, актыўную пазіцыю ў адносінах да грамадскіх перамен.

Зборнік вершаў “Песні-жальбы” (1910) – першы паэтычны зборнік Я. Коласа. Менавіта “зборнік”, хоць самі вершы складаюць адно цэлае. Паэт знаходзіўся ў няволі, адбываў турэмнае заключэнне ў Мінску пасля нелегальнага настаўніцкага з’езда, а песні яго “луналі” на волі. Сябры сабралі вершы, якія друкаваліся, у асобную кнігу і выдалі яе. “Песні-жальбы” – гэта песні аб долі-нядолі людской. Была ў тых песнях нейкая свая тужлівая, але і аптымістычная нота, якая дыхала цяплом, чалавечнасцю, зваротам да ўсіх і кожнага, хоць і пісаў паэт пра нястачу, голад і здзек. Нібыта пра “хмаркі”, “сонца”, “ветрык”, пра “восень” і “снег халодны” напісаны верш “Не бядуй!”. А колькі ў радках цеплыні, аптымізму! Тут няма і кроплі адчаю, трагедыйнасці. Паэт з упэўненасцю сцвярджае, нават не абяцае, не цешыць надзеяй, а цвёрда заяўляе:

 
Дымам пойдзе ўсё ліхое,
Ўсё, што душыць нас і гне.
Вер, брат, – жыцце залатое
Будзе ў нашай старане.
 

Адсюль і яшчэ адзін верш “Будзь цвёрды”, звернуты ізноў жа да селяніна-мужыка з заклікам мацаваць дух, “не гнуцца” нідзе і “ніколі траўкаю пахілай”. Вершы Я. Коласа ў зборніку “Песні-жальбы” напісаны ў “нашаніўскай” традыцыі, але іх вылучае метафарычнасць, глыбіня падтэксту, жыццёвая недагаворанасць, што стварае даволі адчувальную філасофска-канцэптуальную аснову твораў. Нібыта мудрыя запаведзі жыцця, галосна і пранікнёна гучаць звароты да тых, хто жыве на волі, у той час калі сам паэт у няволі, за кратамі, заклікі да тых, хто мае мажлівасць заявіць аб сабе і не сагнуцца, хто нізашто не хацеў бы страціць звычайнае чалавечае аблічча. “Не гніся”, “не зважай”, “не прасі”, “не лісціся к сільным, дружа”, – гаворыць аўтар. Галоўнае захоўваць чалавечае ў чалавеку, “быць цвёрдым” у сваіх перакананнях і не ганьбіць сябе дрэннымі ўчынкамі, не падладжвацца ні пад які манер, заставацца самім сабой. Бо інакш


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 | Следующая
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Это произведение, предположительно, находится в статусе 'public domain'. Если это не так и размещение материала нарушает чьи-либо права, то сообщите нам об этом.


Популярные книги за неделю


Рекомендации