Электронная библиотека » Уладзімір Навумовiч » » онлайн чтение - страница 19


  • Текст добавлен: 5 июля 2016, 13:00


Автор книги: Уладзімір Навумовiч


Жанр: Языкознание, Наука и Образование


сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 19 (всего у книги 34 страниц)

Шрифт:
- 100% +

Вялікае месца ў апавяданнях займае пейзаж. У адрозненне ад многіх твораў маладых аўтараў прырода л К. Чорнага арганічна дапаўняла жыццё герояў, рабіла яго змястоўным. Арганічнае зліццё ўнутранага інтэлекту герояў і акаляючага асяроддзя стваралі лірычны падтэкст, уражанне глыбіні зместу. Асветленыя цёплым лірычным настроем, сагрэтыя аўтарскім пачуццём замілавання, малюнкі прыроды дазвалялі адчуць паўнату жыцця. Прырода ў К. Чорнага-апавядальніка сапраўды адцяняе чалавечы настрой, з’яўляецца тыповымі абставінамі для духоўнага існавання герояў.

Пейзаж у К. Чорнага дэталізаваны. Але пейзажныя малюнкі ў апавяданнях рабілі асаблівае ўражанне ў кантэксце, дзе асноўнае – лірыка-эмацыянальнае адкрыццё героем і пісьменнікам прыгажосці прыроды, радаснае неўразуменне перад яе багаццем і разнастайнасцю. “Зямля – як размах чалавечай радасці – шырокая, бяскрайняя, здольная будзіць вялікія імкненні пачуццяў і думак. Адчуваецца яна цвёрдасцю пад нагамі і вострым пахам сваім ад вільгаці летняй ночы… Канца-краю зямлі не відаць, таксама, як і неба над ёю. Зямля – як чорная прастора, прыціснутая хмарамі і маўклівая ад іх” (“Па дарозе”).

Пісьменнік намагаўся знайсці цудоўнае ў звычайным, канкрэтным. Асобныя з пейзажных апісанняў маюць рамантычную прыўзнятасць. К. Чорны імкнуўся выявіць гармонію прыроды і чалавека.

Пейзаж у ранніх апавяданнях К. Чорнага дапамагае сцвярджэнню эстэтычнага ідэалу пісьменніка, з’яўляецца састаўной часткай паэтычнай канцэпцыі рэчаіснасці. І гэта адна з адметных асаблівасцей лірычнай прозы К. Чорнага.

Герояў ранніх твораў К. Чорнага нельга ўявіць без цёплай, задушэўнай, лірычнай песні. Лірычныя напевы дапамагалі глыбей раскрыць адчуванні персанажаў (“Хвоі гавораць”). Песні выказвалі “глыбіню весялосці” герояў, калі “галасы рвануліся ўшыр і ўверх”, а сэрца запаланіла “буйная весялосць з радасцю” (“У вёсцы”). Песня дапамагала, напрыклад, улавіць настрой Насці, калі яна, едучы ў горад, перадумвала ранейшае жыццё, неяк па-асабліваму ўспрымала наваколле, радавалася чыстаму небу, удыхала мядовы пах цвітучай грэчкі. Насці захацелася “заспяваць што-небудзь лёгкае, цягучае, ціха-радаснае, або ўжо, калі на тое пайшло, зусім гуллівае”.

Мастак усклікае: “…А ў вясёлых песнях весела-радасны смутак і жаданні невядома якія. Эх, вы песні-людзі на зямлі!..”

А ў такіх апавяданнях, як “Захар Зынга”, “Прабуюць грушы шумець”, “Вечар”, “Пачуцці”, “Па дарозе” музыка і песні выконваюць сюжэтаўтваральную функцыю. Яны – асноўная стрыжнявая лінія ў развіцці дзеяння. У ранніх творах Чорнага духоўны свет герояў паўстае паўнакроўным. Затое, як можна заўважыць, у раманах пісьменніка героі спяваюць рэдка. І толькі ў творах ваеннага часу песні нібы зноў вяртаюцца да герояў.

Аўтар узнімаўся ў творах над звычайнай жыццёвай канкрэтыкай, рабіў абагульненні. Філасофскае асэнсаванне жыцця мы назіраем у многіх апавяданнях пісьменніка. Ранняя проза К. Чорнага глыбока філасафічная па сваёй сутнасці. Пісьменнік разам з героямі нібы нанова вырашае адвечныя пытанні жыцця: маралі, грамадскага абавязку, служэння людзям і г. д. У творах К. Чорнага напружаны роздум над жыццём мае канкрэтную форму – ён праяўляецца ў апавяданнях у выглядзе вывадаў аб жыцці і чалавеку, якія робяць героі твораў і сам аўтар. Вывады прыходзяць як вынік глыбіннага роздуму над з’явамі жыцця і паводзінамі чалавека.

Няхітрыя, здавалася б, ісціны жыцця, але як нялёгка даходзіць да іх героям ранняй лірычнай прозы К. Чорнага. “Мы не верым у тое, чаго не бачым сваімі вачыма. Так часта бывае. Нам яно здаецца прыкрым. А колькі трэба ўбачыць, каб паверыць у тое, што ёсць” (“На граніцы”). “Чалавек можа быць гордым перажытымі пакутамі, у час жа гора, калі ён пачынае стагнаць перад другімі, ён тады – увасабленне мізэрнасці” (“Хвоі гавораць”).

Вывады героя і пісьменніка важныя як увасабленне нялёгкага шляху пазнання жыцця, яго заканамернасцей і глыбінных працэсаў, як сведчанне сталення прозы і аналітычнага падыходу аўтара да жыцця. Менавіта ў ранняй прозе ўпершыню прагучаў той асноўны вывад, які зрабіў малады празаік – “Чалавек – гэта ж свет”, і які лёг у аснове творчага метаду пісьменніка пры падыходзе яго да адлюстравання жыцця і самога чалавека.

Пісьменнік і яго героі ў сваім адкрыцці навакольнага свету кіраваліся тым, што калі чалавек “увесь час маўчыць – значыцца, у яго многа важнага ў душы; у яго многа слоў”. Самыя найтанчэйшыя вібрацыі ўласнага сэрца займаюць героя ў, якія нібы ўслухоўваюцца ў саміх сябе, прыглядаюцца важліва да людзей, каб “зразумець, дзе хаваецца дух і сэнс самога жыцця”. Прызнанні робяцца ў хвіліны найвялікшай шчырасці, адкрытасці, калі герой “успамінае, адчувае і думае”.

Нярэдка пісьменніку ў давалася дасягнуць глыбокіх мастацкіх абагульнення, якія маюць агульначалавечае значэнне. Многія вывады героі робяць як бы ў дачыненні да ўсяго чалавецтва, у адносінах да жыцця наогул. “Вось адчуваецца яно, гэтае жыццё, адно ўмірае, другое расце, а зямля, што трымае ўсё на сабе, імчыцца пад сонцам…” (“Вечар”). “Многа будзе чаго бачыцца і чуцца на зямлі, многа будзе дзён пражыта і гэтакіх вечароў, многа будзе зроблена нечага вялікага, што заўсёды, да канца жыцця, стаіць перад табою і ніколі не зробіцца так, каб быў яму ўжо абсалютны канец…” (“Вечар”).

У ранняй лірычнай прозе пісьменнікам быў зроблены першы крок па шляху да маштабнасці прозы, да вялікіх агульначалавечых абагульненняў. Ранняя проза Чорнага несумненна саступала псіхалагічнай яго прозе пазнейшага часу. Адмаўляючы некаторыя свае здабыткі ў лірычнай прозе, пісьменнік ішоў пазней да паглыбленага аналізу. Як вядома, лірызм саступаў месца ў большасці раманаў заглыбленаму псіхалагізму. Аднак пазней, імкнучыся да сінтэзу, пісьменнік выкарыстаў і ранні лірычны вопыт.

Стварэнне лірычных апавяданняў рэалістычна-аналітычнага напрамку падрыхтавала аўтара да напісання эпічных раманаў. “Зямля” – адзін з першых раманаў К. Чорнага, які па праву можна назваць вяршыняй ранняй лірычнай прозы пісьменніка. Гэты раман увабраў усё лепшае, што было знойдзена Чорным-навелістам, з’явіўся працягам пошукаў аўтара ў лірычнай прозе. У рамане праявіліся лірычныя пачуцці вялікай сілы і глыбіні.

Тое ж самае можна сказаць і пра распрацоўку вобразаў у творах пісьменніка. Празаік для кожнага героя знаходзіў дакладную і вельмі трапную характарыстыку, падкрэсліваў у яго абліччы ці паводзінах найбольш яркую рысу. К. Чорны шырока карыстаўся мастацкай дэталлю.

У апавяданні “Вераснёвыя ночы”, напрыклад, аўтар дакладна перадае душэўны стан гераіні, у якой першае каханне звязана з пахам грушаў бэраў, што “стукалі ў садзе, раз-пораз падаючы на зямлю”, з пахам спелых яблыкаў, канюшыны, з “чулай цішынёй вераснёвай ночы”. Самота і жалоба адзінокага хлопчыка, які сядзіць над канаючым канём, цесна пераклікаецца ў апавяданні “Буры” з ледзь улоўным смуткам пераспелай збажыны ў полі. “У ціхіх скаргах непрыбранага жыта чуў я вялікія буры, – заўважае пісьменнік і дадае. – За многа вёрст адсюль узрываліся камяніцы, на чыгунках рваліся цэлыя паязды, а тут не было вялікага стуку. Тут проста гарачымі днямі асыпалася пераспелае жыта, і начамі ціха гарэлі вёскі – смерць у цішы страшней за раптоўную смерць у бурах”.

Творы набывалі філасофскае гучанне. Герой апавядання “На беразе” Мікіта ўпэўнены, што чалавек “калі-небудзь выдумае што-небудзь такое, на чым паднімецца так, што ўбачыць усю зямлю, як бачыць сонца”, “што людзі, злучыўшыся ў адну вялікую сям’ю, зробяць на сваёй зямлі нешта такое, што будзе большае па сваёй сіле за самую зямлю”. Шматлікія творы празаіка раскрываюць шматаблічнасць і шматгалоссе нашага зменлівага часу.

З улікам сусветных дасягненняў еўрапейскай класічнай традыцыі прозы створана апавяданне К. Чорнага “Ноч пры дарозе”. У творы расказваецца пра тое, як паводзяць сябе розныя людзі ў розных сітуацыях, асабліва тады, калі кожнаму з іх пагражае небяспека. Сюжэт апавядання просты, знешне незаймальны, прымушае думаць. Двое немаладых ужо людзей, пільшчыкаў дрэва, папрасіліся на начлег у самую крайнюю і даволі прасторную хату – “заезджы дом”. Сюды ж “прысталі” яшчэ два падарожнікі, стары і малады, “вялікае начальства” з павета. “Вечарам, як запалілі лямпу, заехалі начаваць яшчэ два маладыя цыганы”, якія ехалі ў горад на кірмаш з коньмі. Паставілі яны сваіх коней на двары, пад паветкаю, і “часта, па чарзе, выходзілі глядзець іх”.

Празаік К. Чорны дае ў апавяданні дэталёвае апісанне знешняга выгляду, асаблівасцей характару і паводзін сваіх персанажаў, выпадковых спадарожнікаў, якія па волі лёсу апынуліся ўсе разам на начлезе ў прыдарожнай хаце. Пільшчыкі-валацугі цягаюцца па свеце ў пошуках работы і заробку, нішто іх не трымае на адным месцы, хоць адзін з іх ужо і не супраць асесці дзе-небудзь і зажыць сталым жыццём. “Душа ж пільшчыкаў была як на далоні”, – заўважаў празаік. Зусім інакш паводзілі сябе цыганы, “…адзетыя ў ватовыя вопраткі да кален з сіняга сукна, яны мелі выгляд нейкай фальшывай, панурай ні то весялосці, ні то проста развязанасці ў гаворцы”. У паводзінах павятовых адчувалася зацікаўленасць лёсамі іншых людзей. Апошнім у хату пераначаваць папрасіўся жабрак, старац, з якога ўсе кпілі. Незалежна, мудрэй і хітрэй за ўсіх паводзіў сябе гаспадар, які вылічваў, ці не прагадаў, абдумваючы, што ён будзе мець з начлежнікаў.

А ноччу здарылася бяда. Нечакана захварэла жонка гаспадара, у яе праявілася заразная хвароба, і людзі сталі паводзіць сябе па-рознаму. Першым падаўся з хаты жабрак, пасля ўцяклі далей ад начной калатнечы абодва пільшчыкі – Кузьма і Улас, тут жа зніклі з хаты цыганы. І толькі павятовыя начальнікі, камуніст і камсамолец, кінуліся запрагаць каня, каб завезці хворую ў горад у шпіталь. Празаік піша: “Можна было, прыгледзеўшыся, угадаць іх настрой. Чалавек павінен перамагчы ўсё, што толькі ёсць на свеце; нават і тое, што палажыла свой страшны адбітак у вочы кабеты. І яны спакойна збіраліся ў дарогу”.

Апавяданне раскрывае лепшыя рысы творчасці празаіка на раннім этапе развіцця яго таленту: распрацаванасць сюжэту, дэталізацыю падзей і вобразаў, яркасць і трагічнасць характарыстык, дакладнасць апісанняў, строгі і эканомны стыль.

Апавяданне К. Чорнага “Ноч пры дарозе” сваім асноўным даследчыцкім аналізам паводзін людзей у экстрэмальнай сітуацыі нагадвае твор Гі дэ Мапасана “Пышка”, які па праву ўваходізіць у лік лепшых твораў еўрапейскай класікі. Заглыблена і ўсебакова паказвае псіхалогію паводзін сваіх герояў і К. Чорны. Гэта не адзіны выпадак, калі сваім творам класік беларускай прозы “супернічае” з сусветнавядомымі шэдэўрамі прозы. Крытык А. Адамовіч адзначаў, што “за апавяданнем К. Чорнага “Буланы” стаіць “Халстамер” Л. Талстога, за “Парфірам Кіяцкім” – горкаўскае апавяданне “Туча”. Беларуская проза намаганнямі такіх майстроў, як К. Чорны, станавілася ўпоравень з найлепшымі здабыткамі сусветнай літаратуры.

Зместам апавядання “Вечар” К. Чорнага, у якім упершыню аўтар робіць адкрыццё бязмернасці ўнутранага свету чалавечай асобы, сталі адчуванні, настроі, перажыванні, эмоцыі самых розных людзей, якія жывуць у доме былога багацея Баляслава Гельца. Надыходзіць вечар, і аўтару “адкрываюцца” іншыя “светы”. У кватэры ёсць піяніна. Музыка “адцяняе” настроі жыхароў, гаспадароў і пастаяльцаў. Людзі павінны цаніць радасць жыцця, яны не схільны, не могуць рабіць “жыццё сваё цесным”. У загерметызаванай і адасобленай прасторы існуюць персанажы. Нямногім з іх можа ў сучасны момант адкрыцца вялікі сэнс і змест зямнога жыцця.

Твор напісаны пасля рэвалюцыі, калі разбураўся прывычны і ўстойлівы лад, людзі апынуліся ў нейкай замкнутай просторы. У адным доме, пад адным дахам, вымушаны існаваць персанажы, якія эмацыянальна настроены па-рознаму, кожны са сваім светабачаннем. У Арсеня Грабіча жонка заліваецца горкімі слязьмі ўсякі раз, ледзь пачуе якую-небудзь дрэнную вестку. Паведамленне, што “каза ўгразла” ў гнаі, для яе ўжо трагедыя, хоць каза не можа ўгразнуць. “Жыццё для яе пакута, бо бачыла яна ўсяго на адзін крок перад сабою”. Музыка – асноўная сюжэтаўтваральная аснова твора. На вуліцы “кіпіць” жыццё, ідуць пад гукі самых разнастайных мелодый розныя пакаленні “з нязжытай весялосцю жыццяздольнасці” і ва ўсім адчуваецца “радасць існавання”, гучыць “шырокая сімфонія” жывой рэчаіснасці.

Людзі паступова перастройваюць сваю душу на новы лад, упускаюць у сэрца новыя мелодыя, гукі перамен. Гэта твор аб тым, што ў любых умовах заўсёды трэба цаніць само жыццё, як дар нябёсаў, успрымаць радасць зямнога існавання.

Раман “Трэцяе пакаленне”. Нялёгка адбывалася станаўленне творчай індывідуальнасці мастака слова ў новых умовах. Пра гэта сведчыць гісторыя стварэння асобных твораў пісьменніка і іх ацэнка ў літаратуры ў розныя часы. Раман “Трэцяе пакаленне” доўгі час разглядаўся як вяршынны, эталонны твор. Так гэта ці не? Паспрабуем разабрацца. Раман названы “Трэцяе пакаленне”, але ў аснове яго – лёс прадстаўнікоў сярэдняга пакалення, другога па ліку ў творы – Міхала і Зосі Тварыцкіх. Прасочваюцца іх лёсы ад маленства і да сталага веку, калі ўжо ў іх саміх паяўляецца дачка Слава першая і пакуль адзіная ў трэцім калене сялянскага роду Тварыцкіх. Лёс бацькоў Міхала і Зосі вядомы, жыццё іх не песціла, сышлі яны ў магілу дачасна. Тое, як загінулі ці памерлі бацькі Зосі і Міхала, у многім наклала адбітак і на далейшыя паводзіны кожнага з іх, сялянскіх дзяцей, якім самім даводзілася “выбівацца ў людзі”, зарабляць на кавалак хлеба, потым сумесна будаваць самастойнае жыццё. Міхалка спрабаваў “абхітрыць” жыццё, выгадваў, падладжваўся пад яго. Зося, бацькі якой забіты кулакамі, жыла не тоячыся, адкрыта, але праўдзіва, ваяўніча, не даруючы крыўд і не мірачыся з няшчырасцю.

Час дзеяння ў творы – пачатак 20-х гадоў ХХ ст., калі герояў мы застаём яшчэ падлеткамі, а затым асноўныя падзеі разгортваюцца праз 10–11 гадоў, у час будаўніцтва новага ладу. Папярэдняе жыццё герояў – Міхала і Зосі таму ўспрымаецца яшчэ як прэлюдыя да іх лёсу ўжо ў сталым узросце, бо паводзіны персанажаў, іх светапогляд, асноўныя рысы характару, захапленні “выводзяцца” пісьменнікам з іх папярэдняй біяграфіі. Але шляхі-дарогі ў герояў розныя, хоць і ідуць яны поруч, рука ў руку, стаўшы ўжо мужам і жонкаю. Зося ўся імкнецца ў новае, лёгка адмаўляецца ад старых закаранелых звычаяў, па-новаму глядзіць на свет – вольна, узнёсла, адкрыта. Яна едзе ў горад на вучобу. Міхал жа застаўся ў многім у мінулым – поглядамі, адносінамі да акаляючага, нават рысамі характару, сваёй зацятасцю, панурасцю, хцівасцю. Але што ў гэтым дрэннага? Невядома яшчэ, хто больш прыдатны да жыцця, больш моцна стаіць на нагах. Міхал у сваёй жыццёвай учэпістасці і трываласці ў нечым стаіць вышэй, чым безаглядна спакойная і неспрактыкаваная ў жыццёвых перыпетыях ягоная жонка, даверлівая і прастадушная да наіўнасці, адкрытая і прамая да прымітывізму.

Міхал у канцы рамана гаворыць: “Я стараюся, як магу, каб гэтае дзіця не вырасла на пустым месцы, каб у яго за душой было што-небудзь… Гэтае малое перад чым, ты думаеш, стаіць? Хіба спакойна на свеце? Хто гэта не ведае, што скора зноў войны пачнуцца!.. Гэтае малое пакаленне яшчэ горш за нашых бацькоў і за нас будзе”. Сёння, калі мы ведаем, якую вайну давялося перажыць героям і такім як яны, гэта не ўспрымаецца пустымі сполахамі і пагрозай. Як у ваду глядзеў Міхал Тварыцкі. Толькі Зося і дачка Слава не маглі прыняць і зразумець вечныя пакуты Міхала, яго прагу да незалежнасці і самастойнасці, якія прынясуць толькі грошы. І небяспечна ў той час было сябе так паводзіць, неразумна, з выклікам, не хаваючы сваіх намераў, жывучы не так, як жылі ўсе людзі: у асноўным падладжваліся ж пад новыя парадкі. Крытыка ў свой час так пісала пра Міхала Тварыцкага: “Як суровая восень нішчыць фарбы лета, так золата вытручвае самае лепшае ў характары Міхала і развівае адно – прагу нажывы”. Гэта стала “аксіёмай”. Міхал Тварыцкі пры такім асвятленні ў рамане станавіўся адным з ценяў свайго гаспадара ў мінулым – Скуратовіча, паказваўся такім жа сквапным. Апошнім часам беларуская крытыка, у прыватнасці крытык і даследчык М. Мушынскі, зрабіла спробу “рэабілітаваць” галоўнага героя рамана, разабрацца ў тых станоўчых і адмоўных якасцях характару і матывах паводзін, якія ўласцівы гэтаму вобразу. Характэрна ўжо сама назва артыкула, у якім робіцца спроба глянуць шырэй на вобраз у рамане: “Ці быў Міхал Тварыцкі ворагам народа?” Пытальная інтанацыя не толькі ставіць пад сумненне “суровыя абвінавачанні” ў адрас героя, але і начыста адкідае прэч якія-небудзь падазрэнні на гэты конт. Але галоўнае, што аўтар артыкула ставіць пад сумненне агульную канцэпцыю рамана, аўтарскую трактоўку галоўных герояў твора – Міхала і Зосі Тварыцкіх, перш за ўсё разглядаючы іх абодвух як непрымальных людзей з маральнага пункту гледжання. Як заўважае крытыка, вырашаючы гэты канфлікт, пісьменнік, маўляў, рабіў уступку патрабаванням часу, якія вымагаліся ідэалагічнымі ўстаноўкамі, вульгарызатарскай крытыкай 30-х гадоў, і тым самым значна абясцэніў гуманістычнае гучанне твора. Сюжэтнае дзеянне ў рамане разгортваецца так, што пісьменнік нібыта “падыгрывае” сваёй гераіні, знарок ставіць яе ў выйгрышнае становішча, а ў адносінах да Міхала выяўляе прадузятасць. Атрымліваецца, што Зося ва ўсім і заўжды мела рацыю, а Міхал заўжды быў вінаваты. Але ж такі падыход пярэчыць духу рэалістычнага мастацтва, дзе вобразы герояў не павінны быць рупарамі аўтарскіх ідэй. На жаль, іменна так і адбываецца ў “Трэцім пакаленні”, піша М. Мушынскі, папракаючы з пазіцый сённяшняга часу аўтара рамана ў тым, што “логіка аўтарскай трактоўкі характару герояў не супадае з логікай жыцця”. Аднак паводзіны і ўчынкі герояў, калі ацэньваць іх непрадузята, даводзіць крытык, “пярэчаць зыходным аўтарскім характарыстыкам”. Гэта значыць, не такая ўжо Зося Тварыцкая станоўчая гераіня і не такі ўжо злы і адсталы Міхал Тварыцкі з уласніцкімі сваімі намерамі. Над творам можна і трэба думаць і думаць. Бо прачытанне мастацкага твора ў розны час можа быць рознае, і тое, што разглядалася на першым часе як заганнае, пачварнае, адзінкавае на самай справе варта ўвагі, заслугоўвае ўхвалення і патрабуе распаўсюджвання. Каб усе ў нас былі такія дбайныя працаўнікі і гаспадары, якім з’яўляўся Міхал Тварыцкі і такімі непадкупнымі да канца, бескампраміснымі і патрабавальнымі да сябе і да іншых, як Зося Тварыцкая, тады б наш лад у многім выйграў і ўмацаваўся. Мастацкі твор заўсёды шматмерны, яго можна чытаць і перачытваць і пры гэтым кожны раз знаходзіць нешта новае, не заўважанае раней ці вытлумачанае аднабакова. Гэта прыкмета сапраўднага таленту мастака. Нязменным застаецца адно – тое, што намалявана ў творы, – гэта характары Міхала і Зосі, іх ацэнкі і падыход да жыцця, іх узаемаадносіны. Гэта ўжо факт літаратуры, і “новага” Міхала не створыш, характар яго, як і характар Зосі, “на чыставік” не перапішаш Маем мы герояў такіх, якімі іх вывеў аўтар, незалежна ад таго, на чыім баку былі сімпатыі стваральніка твора, каму ён спачуваў, а каго адразу “выстаўляў” у крывым люстэрку.

Міхалам добра засвоена навука бязрадаснага дзяцінства і законаў таго грамадства, дзе “чалавек чалавеку воўк”. Яму ўласцівы спрактыкаванасць, прыродная кемлівасць, разуменне таго, што дасць збавенне ад залежнасці. Няхітрую навуку жыцця ён засвоіў па-свойму. Жыве сваім жыццём. Тым, чым валодае, з іншымі не падзеліцца. Гаспадарскія “тайны” ён хутка звязвае ў тугі вузел з простымі “тайнамі” філасофіі чалавечага быцця (“Тое, што ты маеш, людзям не паказвай, бо адбяруць”). Ён адчувае паталагічны страх перад будучыняй. Чалавек-працаўнік і чалавек-уласнік у ім з’ядналіся ў адно. Работа як асалода, як збавенне, як лекі была для яго і ёсць сродак заглушыць бяду. Адзінаборства Міхала з самім сабою, са сваім мінулым, з навакольным светам не прыводзіць да ачышчэння. Дык выйграна ці не выйграна амаль “бяспройгрышная” бітва Міхала Тварыцкага – з самім сабою? Цяжкая праца павінна даць збавенне герою, прынесці спаталенне душы, даць супакаенне і шчасце. А што прынесла? Выйгрышная, здавалася б, справа аказваецца прайгранай. А мо ўсё ж выйгранай? Сімвалічнае значэнне мае ў гэтых адносінах звернуты да Анатоля Скуратовіча маналог Тварыцкага ў канцы рамана – новае слова былога парабка. Чорны піша: “З яго душы от што прасілася ў свет: “Твой бацька і ты, мучачы мяне, убівалі мне ў галаву, што чалавек на свеце ад веку да веку будзе рваць горла другому. І кожны павінен быць гатоў сам ірваць кожнаму горла, каб абараніцца. Выварочваючы маю дзіцячую душу, вы ўпэўнівалі мяне, што нявінныя дзеці, змучаныя і сіратлівыя, як пакалечаныя птушкі, будуць бадзяцца па пакутных дарогах і з грымасамі на сваіх нявінных тварах піць усю прагоркласць свету. Вы гандлявалі маім маленствам і пакутамі майго абязвечанага вашым жа ўстанаўленнем бацькі! Цераз вас бачыў я сваё дзіця босым і голым на гэтых жа дарогах! Цераз вас я смяяўся з вялікага подзвігу малога дзіцяці Ірынкі, асоба якой цяпер для мяне ў арэоле! Цераз вас я сам сябе бачу разарваным на дзве часткі! Адзін я цяпер, другі раней. І паміж гэтых двух стаіць постаць вашага пастушка, які дрыжаў пад вашым голасам і якога вы калечылі!”

Маналог наогул займае важнае месца ў паэтыцы раманаў Чорнага: у ім звычайна адлюстроўваюцца духоўныя вынікі доўгіх жыццёвых пошукаў героя, пераломныя моманты яго станаўлення. У канцы рамана “Трэцяе пакаленне” К. Чорны паказаў Міхала здольным да змагання за сваю і агульначалавечую будучыню.

Па-свойму да гэтага ідуць і іншыя героі. Міхал усё ж застаецца працаўніком на сваёй зямлі. У гэтым яго шчасце, якога ў яго ніхто не адбярэ. Доўгі час у Міхалу мы бачылі тое, што хацелі бачыць, – кулака-міраеда. Але Міхал – яшчэ і працаўнік. Характар Міхала – характар чалавека ад зямлі, гаспадара.

Зося – спачатку бясхітрасная, па-дзіцячаму непасрэдная і наіўная дзяўчынка. Ранняе пасталенне, хуткае праяўленне “сталай спрактыкаванасці”, уменне даваць “ацэнкі некаторым справам і людзям”, цвёрдасць характару, бескампраміснасць, загартаванасць у барацьбе, непрыняцце чужой ідэалогіі і чужога жыцця – усё гэта ёсць у яе натуры. Імкненне гераіні да самавыяўлення, да рэалізацыі сваіх духоўных сіл і мажлівасцей, да адчування сябе патрэбнай новаму часу і новаму грамадству засланіла ў ёй усё астатняе, пераважыла ў характары. Зося амаль не паказваецца як маці, як жонка, якая кахае свайго мужа, як гаспадыня хаты. Больш выразна акрэслена грамадскае аблічча гераіні. Чалавеказнаўчы пласт у рамане ад гэтага рэзка збядняўся. Многае ў характары гераіні заставалася па-за ўвагай пісьменніка. Як чалавек і асоба Зося шмат у чым “прайграе” Міхалу. Зося – чалавек новага грамадства. У канцы рамана, як і ў большасці твораў таго часу, гераіня едзе вучыцца. Гэта павінна было характарызаваць яе скіраванасць у будучае.

У вобразе Зосі падкрэслены вялікія магчымасці працоўнай жанчыны-сялянкі. Многія з іх страчаны гераіняй незваротна ва ўмовах сацыяльнай несправядлівасці, разам з незваротнай стратай блізкіх, маладосці. Шчодрыя сілы душы Зосі шмат у чым не рэалізаваны. Ідучы ў гэтым гуманістычным кірунку, К. Чорны стварыў адзін з лепшых жаночых вобразаў у беларускай літаратуры даваеннага часу.

Пасля таго як бандыты на чале са Скуратовічам забілі брата і бацьку, Зося жыла нібы ў замагільным свеце, нібы механічна. Гора прыглушыла яе на доўгі час, зрабіла абыякавай да сябе, і яна не заўважыла, як трапіла ў “нару”, жывучы з Тварыцкім, як душа яе маленькай дачкі апынулася пад пагрозай скалечання. Філасофія страху, якую прапаведаваў Тварыцкі, пусціла ўжо глыбокія карані ў свядомасці іх дачкі. Зося і гэта заўважыла са спазненнем. У сваім горы яна была адзінокай. Першая сустрэча з Кандратам Назарэўскім зблізіла іх, роўных па долі. Новая ж сустрэча, пасля злачынства Тварыцкага, не прынесла ранейшага ўзаемаразумення. У чэкіста Назарэўскага былі ўжо свае таямніцы, ён і мала быў падобны да былога чырвонаармейца. Зосі прыйшлося пазнаваць Назарэўскага па-новаму. Мала што гаворыць ёй і занадта афіцыйная ацэнка Назарэўскім справы Тварыцкага. К. Чорны-рэаліст паказвае, што ў Зосі яшчэ не сфарміравалася здольнасць мысліць палітычна – судзіць гісторыю. Пафас вобраза Зосі у інстынктыўным імкненні жанчыны вырвацца з “нары” да людзей, да жыцця. Гэтае імкненне абудзіла ў ёй прагу пазнання.

Ідэя новага чалавека ў творах К. Чорнага заўсёды звязваецца з імкненнем героя да новых форм жыцця.

Адзіны вобраз, які пададзены ў рамане ў развіцці, гэта кравец, тып “маленькага” чалавека, які перажывае духоўную драму. Такіх “незаўважных” людзей у вёсцы любіў маляваць пісьменнік. Шчыры, рухавы, дабрадушны, адкрыты, цікаўны да ўсяго, што дзеецца на свеце, але і рашучы, смелы, сур’ёзны ў канцы рамана, ён умее ўжо цвяроза глядзець на рэчы і правільна ацэньваць падзеі наўкола. Новы чалавек новага часу, які рос разам з людзьмі, з грамадствам. Своеасаблівым двайніком Тварыцкага з’яўляецца кравец, таксама прыгнечаны і прыніжаны падзёншчык без сталага месца на зямлі, вандроўны рамеснік. Кравец жыве ілюзіяй, ён лічыць сябе чалавекам бывалым, вопытным, аднак сапраўднага жыцця, яго размаху ён не ведаў. Вандруючы па хутарах, ён, па сутнасці, пераходзіў з адной шчыліны ў другую. Яго сапраўдная духоўная актыўнасць пачалася тады, калі ён трапіў у бяду і адчуў шчырую дапамогу рабочага калектыву, скінуў маску бывалага чалавека і загаварыў нарэшце сваім голасам, без паказнога аптымізму: “Забярыце мяне, браткі, адсюль… Лячыце мяне, я адзінокі…” Ён правільна ацэньвае пражытыя гады: “Нідзе я не быў і нічога не бачыў. Па сваіх закутках хадзіў і больш нічога”.

Калі гавораць гарматы, музы маўчаць, сцвярджалі старажытныя лаціняне. Але не маўчала муза А. Твардоўскага, М. Лынькова, муза К. Чорнага.

Выдатнай старонкай беларускай літаратуры ваеннага часу сталі раманы К. Чорнага “Пошукі будучыні”, “Вялікі дзень”, “Млечны шлях”, а таксама аповесць “Скіп’ёўскі лес”. Творы К. Чорнага ваеннай пары ствараліся па гарачых слядах падзей. Але яны нясуць у сабе вялікую сілу мастацкага абагульнення, у іх празаік здолеў заглыбіцца ў саму прыроду вайны як усе агульнага зла, бо зло – канкрэтнае, рэальнае. Калі чалавек, індывід, становіцца злым, ён пазбаўляецца рабскай пакорлівасці, перастае быць нявольнікам духу, яму тады ўсё можна, усё дазволена, а ў такім разе – далоў абмежаванні, рэлігіі, духоўнасць, чалавечнасць, крыж, розум, пачуцці. Гаспадары зла ўсталёўваюцца ў свеце. А за пэўнай мяжой пачынае дзейнічаць інерцыя ўседазволенасці, яна дае мажлівасць пераступаць цераз усе агульначалавечыя законы, каб ісці да канца. Усякаму ваяўнічаму злу можа супрацьстаяць толькі дабро, духоўнасць, чалавечнасць. Не вытруціць з душ людскіх высокіх паняццяў дабрыні і працавітасці, духоўнасці, якія супрацьстаяць злу.

Раманы ваеннага часу “Пошукі будучыні”, “Вялікі дзень”, “Млечны шлях”, аповесць “Скіп’ёўскі лес” – спробы празаіка асэнсаваць звычайны фашызм, прынесеныя прымус, гвалт і здзекі з традыцыйных норм і прынцыпаў, з маральна-этычных каштоўнасцей, што складалі аснову жыцця народа, здзекі з самога чалавека, з беларускага народа.

Раман “Пошукі будучыні”. Гісторыка-псіхалагічны раман у дзвюх частках быў напісаны ў 1944 г. Твор пра страчаны, але зноўку набыты родны дах над галавой, роднае неба над роднай зямлёй, пра “пошукі народам будучыні” ў цяжкія для краіны часы. “Ужо няма ні Чырвонай Арміі, ні Сталіна, ні ўлады, і ўжо немцы ідуць і ідуць наперад. Яшчэ колькі дзён – і немцы зоймуць усё. Трэба гэта ўсім казаць, каб усе загадзя ведалі і падрыхтаваліся спаткаць немцаў, як сваіх, і каб лавілі і аддавалі немцам кожнага, хто бальшавік. Немцаў ніякая сіла не возьме. Перад імі ўжо ляжыць увесь свет” – так панічна “заекатаў” малады чалавек, абшарпанец, які сустрэўся на крыжавых дарогах ваеннага часу. “Заекатаў” і… атрымаў гнутым прэнтам па галаве ад салдата-чырвонаармейца. “Малады абшарпанец” аказаўся былым панічом з графскага роду Паліводскіх. Ён з радасцю сустрэў прыход заваёўнікаў, бо пакінуў абжыты кут і цяпер зноўку вяртаецца, каб уладарыць.

Галоўныя героі рамана – Кастусь Лукашэвіч і Волечка Нявада, яе бацька Юрась Нявада, такія вяскоўцы, як Сымон Карызна, – шукаюць і знаходзяць будучыню, страчваюць і набываюць свой кут, жывуць у вечным кіпенні простых чалавечых пачуццяў: любові, нянавісці, надзеі.

Раман “Пошукі будучыні ” К. Чорнага – гэта пошукі саміх сябе, радзімы, мірнага жыцця, шляху ў новы дзень з цемры вайны. Раман аб веры ў чалавека, у перамогу, у светлы розум тады, калі “нават найбліжэйшая будучыня губілася ў гэтай страшнай невядомасці”. Раман складаецца з раздзелаў “Украдзенае маленства” – прадгісторыя бязрадаснага мінулага роднага краю, і “Вялікае скрыжаванне” – вышыня чалавечага духу, які найярчэй праявіўся ў грозныя гады Вялікай Айчыннай вайны.

Пісьменнік звярнуўся да пытанняў чалавечага існавання на зямлі, паставіўшы герояў на мяжу жыцця і смерці, уключаючы тым самым свой твор пра духоўны выбар беларускага народа ў гады вайны ў агульнаеўрапейскі кантэкст.

У рамане выведзены вобразы вяскоўцаў-сумлічан, “людзей сумлення” (М. Тычына): Юрася Нявады, Ракуцькі, Кастуся Лукашэвіча. Нішто не можа заглушыць у іх душах чалавечага, духоўнага, што найбольш яскрава праявілася і ў выратаванні палоннага параненага немца Густава Шрэдэра, і ў праявах помсты за здзекі і глум. “Пракляцце табе, фюрэр, за тое, што ты павёў мяне туды, куды я прыйшоў…” Вораг “як мае быць рыхтаваўся ехаць” у чужы край, каб стаць там ужо гаспадаром, а не арандатарам на зямлі, які нават мову чужога народа вывучыў. Разам з тым, калі прыпякло, “ледзьве грабучы нагамі” на акупіраванай зямлі той самы прышэлец-злодзей мае ў душы ўжо іншае – “жаданне сказаць першаму сустрэчнаму чалавечае слова”. Мастак філасофскага складу, К. Чорны адным з першых у беларускай прозе раскрыў псіхалогію “звычайнага фашызму”, стаднасці паводзін фашыстаў, жывёльнага інстынкту падпарадкавацца, калі за ўсіх думае фюрэр, а вось калі ворагу давялося самому дбаць пра сябе ў чужой старане, тады ён упершыню, можа, за гады ваеннага супрацьстаяння, шукае “чалавечае слова” і не знаходзіць яго.

Фундаментальная праблема чалавечага існавання ў рамане вырашана на прыкладзе нялёгкіх лёсаў герояў, бо без глыбокага раскрыцця духоўнага, эмацыянальнага свету чалавека цяжка зразумець і перадаць ва ўсёй складанасці сэнс і значэнне гістарычнай эпохі. Народ сам вызначыў сваю будучыню. Ён не пайшоў у няволю, не скарыўся фашыстам. Пісьменнік праўдзіва перадае высокі дух свабоды, памкненне да шчасця, да паўнаты жыцця, глыбіню душы народа, сілу народнага характару, які выпрабоўваецца “на злом” у гады ваеннай калатнечы. Празаіка цікавіць, як паводзіць сябе чалавек у тых ці іншых абставінах, які шлях выбірае асоба, народ у цэлым у бурлівы і зменлівы час, як рэальна ўплываюць падзеі вайны на ўчынкі і душэўны стан персанажаў. Мастак слова хоча асэнсаваць, што і чаму парушаецца ў жыцці і ў самім чалавеку, а што займае трывалае месца ў людской памяці і свядомасці ў лёсавызначальныя часы ваеннага ліхалецця.


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 | Следующая
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Это произведение, предположительно, находится в статусе 'public domain'. Если это не так и размещение материала нарушает чьи-либо права, то сообщите нам об этом.


Популярные книги за неделю


Рекомендации