Текст книги "Беларуская лiтаратура"
Автор книги: Уладзімір Навумовiч
Жанр: Языкознание, Наука и Образование
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 27 (всего у книги 34 страниц)
Праблемы малога жанру прозы ў нашым літаратуразнаўстве амаль не даследаваліся. Найбольш страката выглядала ў гэтых адносінах творчасць 20-х гадоў ХХ ст. Ледзь не кожны твор пісьменнікаў меў тады сваю падназву, якая іншы раз не столькі вызначала жанравую прыналежнасць, колькі тлумачыла сутнасць ідэйна-мастацкай задумы аўтара. Праўда, нярэдка і такія “падказкі” не выцягвалі твор. Цяжка было іншым разам зразумець прыроду і сутнасць некаторых рэчаў, якія маладыя пісьменнікі называлі мастацкімі творамі. Гэта былі хутчэй чарнавыя занатоўкі, асобныя штрыхі, першыя накіды – мазаічнае адлюстраванне эпізодаў новага жыцця. Якіх толькі вызначэнняў (падназваў) не сустракалася. Напрыклад, у маладнякоўцаў – “Прэлюдыя да апавядання” (I. Барашка), “Жывыя кавалкі з жыцця жывых людзей” (М. Нікановіч). Найбольш устойлівымі з іх аказаліся: малюнак, абразок, з натуры.
Задача мастака – схапіць час у яго найважнейшых абрысах, даць згустак жыцця, самае характэрнае. Янка Брыль, аддана працуючы ў абраным ім жанры, сцвярджаў права мастака не быць староннім назіральнікам, права на эмацыянальнае суперажыванне.
Да твораў Я. Брыля найбольш падыходзіць вызначэнне “лірычная мініяцюра”. Рысы лірычнай мініяцюры: раскаванасць формы, невялікі аб’ём, сцісласць, лаканічнасць, гранічна сканцэнтраваны змест; асаблівы характар вобразнасці; незвычайная будова (кампазіцыя) малюнка; павышаная эмацыянальнасць; адметнае выкарыстанне лексікі, асаблівы сінтаксіс. Дададзім: перавага суб’ектыўнага над аб’ектыўным. Канцэнтрацыяй думкі і пачуцця Я. Брыль узняў лірычную мініяцюру на новую ступень паэтычнасці, кампазіцыйнай і вобразнай завершанасці.
У апошнія гады ў творчасці Янкі Брыля, такім чынам, выразна акрэслілася тэндэнцыя да ўсё больш шчырай “суб’ектыўнай” прозы, адкрытай размовы пра нашы агульныя клопаты, трывогі і надзеі. Гэты так званы “паток свядомасці” ў мастака слова ахоплівае мінулае і сучаснае, сягае ў будучае. Даследаванне вядзецца заглыблена, у рэчышчы сусветнай традыцыі літаратуры такога роду.
Стыхіяй народнага жыцця напоўнены твор Я. Брыля “Ніжнія Байдуны”. Матэрыял з жыцця Заходняй Беларусі пераплаўлены ў мастацкую форму свабоднага аповеду пра быт і быццё вяскоўцаў, унутраны свет іх душы, пра малыя і вялікія справы ніжнебайдунцаў, гісторыі і легенды іхніх лёсаў, смешныя здарэнні, паходжанне мянушак. Звычайны чалавек стаіць у аповесці нібыта ў цэнтры Сусвету, з’яўляецца вышэйшым праяўленнем духу на планеце. З зямлі бяруць людзі сваю духоўную, маральную сілу, імкнучыся да фізічнага і духоўнага ўдасканалення. У аповесці выведзена галерэя вобразаў вяскоўцаў – сціплых, працавітых, духоўна багатых: Сідар Асмалоўскі, Васіль Кураўка, стары Качко, Ігнат Сякач, Бохан-Калоша, браты Цівунчыкі і інш. У аповесці шмат народнага гумару, бо героі яе – вясёлыя, гаваркія і дасціпныя людзі, вострыя на язык, дапытлівыя. “Толькі ажэнішся – так і пайшло! Рот разявіць: “А-а-а-!” Ты туды лапці, бацінкі, анучы, чулкі. Ты туды кофты, спадніцы, шляпкі, зонцікі, платкі. Мала, мала і мала!” – так дасціпна вызначаецца тое, што значыла жаніцьба для селяніна з вёскі. У кнізе шмат жыццёвых гісторый. Праз іх раскрываецца багатае духоўнае жыццё нацыі, самабытны характар беларуса. Аповесць “Ніжнія Байдуны” кніга пра народ, яго таленавітасць, самабытнасць.
Раман “Птушкі і гнёзды”. Маючы ў пісьменніцкім набытку шэраг яркіх і цікавых апавяданняў, аповесцей, якія сталі беларускай класікай, прынеслі яму заслужанае прызнанне чытачоў, Янка Брыль звяртаецца да маштабнай, панарамнай прозы. “Птушкі і гнёзды” адзіны раман у творчай практыцы пісьменніка. Над сваім буйным эпічным палатном майстар працаваў на працягу 1962–1964 гг., а матэрыялам для напісання паслужылі раннія аповесці “Жывое і гніль”, “Сонца праз хмары”, якія да таго часу нідзе не друкаваліся.
Галоўная праблема рамана Я. Брыля “Птушкі і гнёзды” закладзена, бадай, у самой назве. Гэта раман пра родны край, гняздоўе, зямлю, дзе ты вырас, “стаў на крыло”, “пра народ”, пра лёс людзей, “пра час, дзе меў і маю сваё месца і я”, пра лёс Беларусі і беларусаў у гады Другой сусветнай вайны, якая для жыхароў заходніх абласцей пачалася намнога раней, пасля нападзення Гітлера на Польшчу 1 верасня 1939 г. Паводле Рыжскай мірнай дамовы яшчэ ў 1921 г. Заходняя Беларусь адышла да Польшчы. Мяжа пралягала каля Негарэлага: Маладзечна, Мядзель, Вілейка, Нарач, Стоўбцы, Клецк, Навагрудак, Мір і іншыя мястэчкі знаходзіліся на польскай тэрыторыі.
Юнакі-заходнікі служылі тэрміновую вайсковую службу ў складзе польскага войска, першымі прынялі ўдар гітлераўскіх полчышчаў, якія хутка акупіравалі польскія землі і памкнуліся далей у Еўропу – захапілі Францыю, Бельгію, Нарвегію.
Многія салдаты польскай арміі трапілі ў нямецкі палон. Уражанні таго працяглага страшнага зняволення ў фашысцкім лагеры ляглі ў аснову рамана “Птушкі і гнёзды”. Аўтар уздымае праблемы ўзнікнення “звычайнага фашызму” ў Германіі, звяртаецца да маральнага суда над фашызмам, спрабуе даследаваць нараджэнне супраціўлення нацыі, якая пакорліва пайшла за Гітлерам. Аўтар асвятляе праблемы барацьбы за мір, інтэрнацыяналізму, патрыятызму, духоўнага багажу асобы, гаворыць аб адказнасці чалавецтва за агульны дом.
Раман мае падназву “Кніга адной маладосці”. Пісьменнік спрабуе зразумець, чаму гэта “хто ў салдацкіх акопах, хто ў партызанскім сядле, хто за дратамі фашысцкага лагера, навошта яны ўспамінаюць, расказваюць, пішуць – многа як быццам, а ўсё яшчэ, кажуць, і мала, і бледна?”. Успаміны пра вайну, цяжкія выпрабаванні, якія выпалі на долю галоўнага героя, сталі асноўным зместам твора. Гэта лірычны раман. Асабістыя ўспаміны і раманная прастора даюць мажлівасць не толькі злучыць мінулае, сучаснае, але і зазірнуць у будучае. Твор, сказана ў прадмове, “не аўтабіяграфія, а – біяграфія адной душы”.
Сумны першы ўрок юнака, жорсткая першая проба распачатай вайны. У дзвюх аповесцях “Сцюдзёны вырай”, “Гнёзды за дымам” і ў эпілозе “Ноч напрадвесні” раскрываюцца франтавыя пакручастыя шляхі марскога пехацінца, уражэнца вёскі Пасынкі ў Заходняй Беларусі. Спачатку першыя баі з нямецка-фашысцкімі войскамі ў Польшчы пад Гданьскам і Гдыняй – марскімі партамі, фашысцкі палон, праца ў маёнтку баўэра ў Германіі, спробы ўцёкаў, зноў лагер, вяртанне праз некалькі гадоў на Радзіму, якая ўжо даўно знаходзілася ў глыбокім тыле фашысцкіх войск, што рваліся на Маскву, змаганне супраць захопнікаў на тэрыторыі ўжо адзінай Беларусі, якая перад самай вайной уз’ядналася – Заходняя і Усходняя яе часткі.
Адчуванне Радзімы ўвесь час трывала жыве ў памяці Алеся Руневіча, спачатку як роднага гнязда – маленькай заходнебеларускай вёсачкі, дзе ў працы шчыравалі вяскоўцы, маці і брат, а пазней, калі дайшлі чуткі ў лагер ваеннапалонных аб уз’яднанні Беларусі, – як велічнай і магутнай краіны “ад Брэста” аж “да Уладзівастока”.
У свядомасці палоннага байца польскай марской пяхоты ў зняволенні ўсё часцей прыходзіў на памяць таксама “шчодра напоены святлом, далёкі і блізкі, нібыта ў радасным сне, вялікі чарнаморскі горад, калі здарылася галоўнае – тата вярнуўся”.
Будучы пісьменнік, як вядома, нарадзіўся ў Адэсе, дзе бацька працаваў звыш дваццаці гадоў на чыгунцы. “Тата вярнуўся” – шчымліва-радасны ўспамін, адзіны з першавобразаў архетыпаў, па К. Г. Юнгу, той псіхалагічны вопыт, які застаецца ў памяці чалавека, прадвызначае паводзіны асобы. Гэта часцінка жыцця, малюнкі дзяцінства і юнацтва, матрыца пазнання рэчаіснасці, вобразы, звязаныя з далейшымі лёсамі людзей, запраграмаваная генная памяць пакаленняў. Першавобразы “пакладзены” ў аснову характараў многіх персанажаў твораў Я. Брыля. Пісьменнік увогуле любіць маляваць дзяцінства, перадаваць векавечны вопыт чалавека на роднай зямлі. Лёс чалавека – лёс народа – лёс краіны ляжыць у аснове рамана Я. Брыля “Птушкі і гнёзды”.
Успаміны маленства і думкі пра мірнае існаванне асабліва вострыя тады, калі воля асобы абмежавана. За калючым дротам у свядомасці вязня фашысцкага лагера нараджаецца шчымлівае жаданне выбрацца з палону: “Цяпер мая чарга прыйсці дамоў. І я прыйду…” Алесь Руневіч жыве марамі пра дом. Думкі пра заходнебеларускую вёску і яе жыхароў падтрымліваюць дух зняволенага. Алесь сябруе ў няволі з землякамі-беларусамі, сярод якіх Уладзік Бутрым, Андрэй Мазалёк, Косця Вярбіцкі, Змітрук Саладуха, няскораныя, працавітыя, цягавітыя, для каго ўласціва “непаказная… смеласць”. У лагер прыбываюць палонныя з іншых еўрапейскіх краін, “гаспадары” “непераможнай лініі Мажыно” “шматтысячная французская рака” з “каляровых афрыканкіх ваякаў”, а таксама “маракі-англічане”, бельгійцы, “галандцы – блакітна-шэрая маса”, экзатычныя, “з белымі аксельбантамі”. Сярод нявольнікаў фашысцкага лагера “палонныя з польскай арміі адчувалі сябе ветэранамі”. Інтэрнацыянальныя пачуцці завалодваюць героем. Прыходзіць адчуванне еднасці лёсаў людзей планеты перад пагрозай фашызму, разуменне вялікай адказнасці за будучыню без вайны.
Напоўненае каштоўнасцямі маральнага і духоўнага свету, існаванне Алеся Руневіча ў палоне праходзіць у “падсветцы” мірным жыццём. Ажываюць успаміны пра сяброўства ў вёсцы, юнацкія захапленні “патаемнымі сходкамі”, неспатольная прага да духоўнага набытку чытанне ў мірныя дні “запоем” твораў Л.М. Талстога, У.Г. Караленкі, А.П. Чэхава. Глыбіня духоўнага свету Алеся Руневіча была б няпоўнай, калі б асабліва абвострана не прыгадвалася тут, у няволі, захапленне музыкай, што “ўзвышае душу”. Герой у любых сітуацыях імкнецца быць “самім сабой”, застаючыся цвёрдым у сваіх перакананнях: “Табе сваё, а мне сваё, я галаву схілю, а слёз маіх не пабачыш”.
Паралелі з мірным вясковым існаваннем дапамаглі Алесю Руневічу глыбей і паўней зразумець асаблівасці нацыянальнага характару беларусаў, іх цвёрдасць, упэўненасць у сваіх сілах, гатоўнасць абараняць свой дом, родных, любую і дарагую зямлю.
“Жыццё!.. Ну што я, скажам, перакасіў каму-небудзь, пераараў? За што мы, скажы мне, з табою бадзяемся?.. І людскія, і нелюдзі – на ліха яны мне, немцы? За якія грахі я павінен ім тут адрабляць? За тое, можа, што летаваў на бацькавым загоне з самага малку, а потым што паны мяне, каб іх журам пагнала, пагналі біцца за іхняе?.. ” – так разважае сябра Руневіча Уладзік Бутрым і дадае: “Каб таму, браце, рукі адсохлі, хто гэты свет зрабіў такім дурным”. Палонныя разумеюць, што “звычайны фашызм” узнікае з абыякавасці, адчування сваёй перавагі над іншымі людзьмі на зямлі, ад жадання дыктаваць волю іншым народам.
Са спакойнай грунтоўнасцю “мутэр” у сям’і баўэра Карла Камрата, куды трапіў працаваць Алесь Руневіч, паведамляе яму: “Ну, а чаму ж вы не аддавалі наш калідор, наш Данцыг? Чаму вы не паддаліся адразу, без бою? Вас бы ўжо даўно, можа, пусцілі б дахаты. Фюрэр – гут, фюрэр не хоча вайны. А ўсе на нас. І Польшча, і Францыя ўжо за сваё атрымалі. А чаго ад нас хочуць праклятыя томі?”
Уцёкі, няўдачы, доўгая дарога з фашысцкага палону дадому, актыўнае супраціўленне ў атрадзе беларускіх партызан выявілі лепшыя рысы характару галоўнага героя Алеся Руневіча – вернасць Радзіме, абавязку, патрыятызм, гераізм.
Роздумам пра дом, пра лёсы чалавечыя, пра дабро і зло, пра гуманнасць і ненавісную вайну, пра вытокі духоўнасці і небяспеку бездухоўнасці, пра людскую дабрату і чэрствасць напоўнены раман. Алесь Руневіч не дэкларатыўна, на ўласным жыццёвым вопыце прыходзіць да вялікай значнай высновы аб неўміручасці жыцця і немагчымасці запаланення чалавечага духу. Спасцігае і разумее ісціну, што ўкладзена ў старадаўнюю нямецкую прымаўку, якую ён упершыню і пачуў тут, у палоне: “Увесь свет – адзін дом”. Адказнасць за агульначалавечы “адзін дом” – “увесь свет”, за глыбіню, паўнату духоўнага ўзбагачэння асобы – галоўны матыў у рамане.
Застаючыся верным роднаму дому і нацыянальным вытокам, герой рамана “Птушкі і гнёзды” Я. Брыля адчувае повязь з усім светам, перажывае адказнасць за разумнае ўсталяванне агульначалавечага дому.
“Не па праву заслуг і пакут” пісьменнік Я. Брыль у сваім рамане выступае за ўрачыстасць духоўна багатай асобы і ўсталяванне міру на зямлі, а “па праву любасці да Чалавека – які ён ёсць, які ён будзе, бо павінен быць”.
Талент Я. Брыля – магутны, па-сапраўднаму народны. Такі талент заўжды з’яўляецца нацыянальным здабыткам.
Пытанні для кантролю
1. Біяграфія пісьменніка і ягоныя творы. Як адбывалася станаўленне творчай індывідуальнасці Янкі Брыля?
2. Паэзія прозы. Адметныя якасці (настраёвасць, пластычнасць) лірычнай прозы Янкі Брыля.
3. Уменне пісьменніка “жывапісаць” словам. Майстэрства Янкі Брыля-апавядальніка.
4. Да праблемы жанру “лірычнай мініяцюры” ў прозе. Што вы ведаеце аб гісторыі гэтага жанру?
5. Назавіце характэрныя рысы лірычнай мініяцюры ў прозе Янкі Брыля.
6. Ідэйны змест, эстэтычнае багацце і жыццёвая змястоўнасць рамана “Птушкі і гнёзды”.
7. “Урокі творчасці” Янкі Брыля. Асоба пісьменніка. Якія вывады можна зрабіць з творчай практыкі пісьменніка?
Уладзімір Караткевіч (1930–1984)
Беларусь мая, сонца,
Дарагая і родная маці!
На якіх раздарожжах згубіла
Ты шчасце сваё?
Ці удасца хоць дзецям
Шчаслівага дня дачакаці
Пасля мужнасці гэткай,
Пасля столькіх крывавых баёў?
…Беларусь, прачынайся!
Я цябе абуджаю!
Ты павінна прачнуцца,
Не праспі сваё шчасце ўначы,
Я гукаю цябе,
Дарагая, святая!
Адкажы ж, мая родная,
Не маўчы!..
Уладзімір Караткевіч
“Быў. Ёсць. Буду” – такая назва апошняга зборніка вершаў У. Караткевіча. Тое ж можна было б сказаць і пра самога яго стваральніка, пра зямлю беларускую і яе людзей, з упэўненасцю сцвярджаючы, што Беларусь і беларусы былі, ёсць, будуць, пакуль на гэтай зямлі будуць нараджацца такія выключныя мастакі слова. У. Караткевіч – пясняр беларускага краю, яркі выразнік нацыянальнай самабытнасці народа Беларусі, прапаведнік сацыяльнага і нацыянальнага разняволення беларускага народа і духоўнага ўзвышэння нацыі. “Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча” – так назваў свой нарыс пра жыццёвы і творчы шлях паэта вядомы беларусазнаўца А. Мальдзіс. Гэта – ледзь не першая спроба стварэння творчай біяграфіі вядомага паэта, празаіка, эсэіста, драматурга, чалавека і творцы.
У. Караткевіч нарадзіўся ў г. Орша Віцебскай вобласці. Пісьменнік моцна і аддана любіў сваё Падняпроўе, беларускае Палессе і Навагрудчыну, Белавежу ды паўночны беларускі азёрны край. Тут чэрпаў ён сваё натхненне. У. Караткевічу належыць глыбокае па фактуры і ўзнёслае па духу, але напісанае з гістарычнай дакладнасцю паэтычнае эсэ-нарыс пра Беларусь і беларусаў “Зямля пад белымі крыламі”, дзе пададзены старонкі гісторыі любага краю, апісаны прырода, гарады і вёскі, мястэчкі, распавядаецца пра духоўныя карані і набыткі беларускага народа, расказваецца пра тое, як і чым жылі і жывуць беларусы, што гэта за край і зямля такая Беларусь.
У. Караткевіч ганарыўся сваім родам, духоўнымі каранямі. Легендарны быў прадзед паэта, якога расстралялі ў Рагачове за ўдзел у паўстанні 1863 г. Уражанні дзіцячых гадоў, праведзеных у Оршы, над Дняпром, глыбока запалі ў душу пісьменніка, жывілі ягоную творчасць.
У. Караткевіч скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Кіеўскага ўніверсітэта. Па сведчанні сяброў, быў душой курса, яго сумленнем. Сярод студэнтаў меў рэпутацыю моцнага духам, адважнага, прынцыповага юнака. Вядомы польскі вучоны Ф. Няўважны, які ведаў У. Караткевіча ў студэнцкія гады, зазначыў: “Мяне… Валодзя здзіўляў тады яўным антысталінізмам. У дзень смерці Сталіна наладзіў у інтэрнаце дэманстрацыйнае застолле, потым, калі сталі прыпіраць да сцяны не толькі яго, але і сяброў, баронячы іх, выкручваўся: з гора…”. Маладога студэнта на доўгі час узяў пад сваю апеку акадэмік А.I. Бялецкі. Ён нават рэкамендаваў свайго выпускніка ў аспірантуру, але той “зрэзаўся” на экзамене на пытанні пра Берыю.
У. Караткевіч ганарыўся, што ўсе з яго родных у 1937 г. паводзілі сябе з гонарам – ніхто не запляміў сябе даносамі ды нагаворамі.
З пачуццём вялікай чалавечай годнасці жыў і тварыў сам У. Караткевіч – нашчадак аднаго са шляхецкіх беларускіх родаў.
Спецыяльная падрыхтоўка ў пісьменніка была выключная. Мінулае свайго краю ён ведаў намнога паўней і глыбей, чым самыя дасведчаныя гісторыкі. Ён мог апантана даказваць у спрэчках пры неабходнасці, калі і якім чынам з’явіліся запалкі на Беларусі, якое адзенне насілі беларусы ў той ці іншы час, што елі, якія гатаваліся стравы, якія звычаі ў народзе бытавалі. Ніводная дэталь, ніводная падрабязнасць побыту мінулых гадоў не заставаліся па-за ўвагай пісьменніка.
Першы зборнік малавядомага яшчэ тады паэта “Матчына душа” (1958) адразу звярнуў на сябе ўвагу чытачоў і крытыкі непасрэднасцю, шчырасцю, вобразнасцю вершаў. Затым паявіліся яго паэтычныя кніжкі “Вячэрнія ветразі” (1960), “Мая Іліяда” (1969) і інш. У. Караткевіч як паэт – з’ява фенаменальная. Паэзія У. Караткевіча – высакародная і трагічная, эмацыянальная і адухоўленая, узнёслая. У ёй раскрываецца гармонія чалавека і свету, неспатольная прага хараства і шчасця. Вершы перапоўнены пачуццём, хваляваннямі і клопатамі растрывожанага сэрца. Здаецца, калі паэт не выгаварыцца, яму проста не стрываць. Паэзія маладога аўтара стала выражэннем духоўнага неспакою ў грамадстве. У вершаваных радках ён выказваў неспакой і заклапочанасць, якія жылі ў свядомасці многіх людзей. Гэта была ваяўнічая бунтарская паэзія, паэзія ўстрывожанага сэрца. Вось паэт сказаў праўду ў вершах пра занядбанасць роднай мовы, пра здзек і глумленне з нацыянальнай годнасці беларусаў, паказаў самабытнасць і непаўторнасць характару беларуса. За гэта ён быў “адлучаны” ад афіцыйна прызнанай заідэалагізаванай паэзіі свайго часу. Паэт быў нязручным для ўлады, бо меў неўтаймоўны нораў, быў далёкім ад памяркоўнасці. Доўгія гады ён падвяргаўся крытыцы, ганенням, быў надоўга “выкраслены” з ліку хрэстаматыйных аўтараў у беларускай паэзіі, прозе, нягледзячы на тое, што прызнанне чытачоў прыйшло ледзь не адразу і назаўсёды. Імя У. Караткевіча замоўчвалася, крытыкі яго рэдка хвалілі, а больш лаялі, ягонымі ж творамі зачытвалася і моладзь, і людзі сталых гадоў. У. Караткевіч – глыбока інтэлектуальны пісьменнік.
У сваёй паэзіі У. Караткевіч адштурхоўваўся ад будзённага, рэалістычна-канкрэтнага, звычайнага. Лірыка паэта – філасофска-канцэптуальная, змястоўная, але і публіцыстычна-завостраная, страсная, наступальная. Кожны твор – праява канфлікту асобы і часу, асобы і грамадства, асобы і ўлады. Найчасцей гэта лірыка “распятага сэрца”, укрыжаванай душы, якая баліць, крывавіць. Паэт піша пра тых, хто “ў нязгодзе з рабствам, хто ратуе краіну ад краху”. Праз усю паэзію праходзяць матывы “бяздоннай трывогі” за лёс Айчыны, матывы светлага кахання, матывы дарогі.
Творчы лёс паэта неаддзельны ад лёсу, гістарычнага шляху беларускага народа. У творах паўстаюць вобразы высознага храма, пераважаюць колеры святла – сонечнага і празрыстага. З акрываўленага сэрца “кропля дагарае”, а ў той кроплі, як і ў кроплі расы, адбіваецца свет, час, людзі, уся краіна любая. У вершы “Дзядзькаў кубак”, прысвечаным М. Багдановічу, паэт нібы вяртаецца да нашых духоўных вытокаў, у вясковую хату, да свайго народа, у той край, які доўга быў “як выкляты богам”, да тых зярнят, што прараслі на неўрадлівым грунце на ідэалагічным сонцапёку, ды на якія мы потым забыліся, не даглядаючы бледна-зяленыя ўсходы. “Дапівай”, – сказаў дзядзька, падаўшы кубак, і паэт-прарок, паэт-руплівец нібыта нагбом п’е і плач, і боль, і крыўду, і трывогі за родны дом і родную зямлю.
Верш “Каложа” – пра вядомы помнік архітэктуры, узор беларускага дойлідства, які ўзнёсся ўвысь, увабраўшы народны дух, народны геній. “Зорка падае ў снег і ў сэрца сыну твайму”, – гаворыць пісьменнік, заяўляючы, “каб ніколі перуны чужынныя не асмеліліся скасіць ні Каложу, ні дзяўчыну”.
“Нявесце Каліноўскага” – верш-фантазія, верш-згадка, верш-плач, галашэнне па нязбытнаму, адпяванне няспраўджанага кахання. Паэт гаворыць пра людское шчасце, якое не здзейснілася. Яна чакала яго, нявеста Каліноўскага, а стала нявестай і жонкай другога. У кожнага ёсць сваё права на шчасце, а яго пазбавілі гэтага шчасця, “бо занадта радзіму любіў”. Верш гучыць прысудам тыраніі, якая загубіла ненароджаныя яшчэ пачуцці, каханне. Верш – метафарычны, вобразны, калі “пятля на шыю ўспаўзае змяёю”, а плач людскі перакрывае пошчак барабанаў, журавы не курлычуць, а з плачам пралятаюць у паднябессі. Знешне сухі, канстатацыйны, ён мае багаты рытміка-інтанацыйны малюнак, ускладненую рыфмоўку.
Паэт у сваіх творах абагаўляе Беларусь, зямлю адзіную, скрываўленую і чыстую (“Беларусь мая, ты адзіная, перад кім на каленях стаю”, “О, любоў мая, Беларусь!”). Жанчына ў паэзіі У. Караткевіча ёсць праява роднай зямлі, адна з чароўных яе кветак, багіня хараства. Яна, як і Радзіма, заўсёды адзіная і жаданая.
О, Радзіма, мой светач, цудоўны, адзіны,
Явар мой, мой агністы снягір на сасне.
Вобразы зямлі, вады, неба, дажджу – мужчынскі і жаночы пачаткі на зямлі – узыходзяць да паганскіх часоў. Каханне – гэта шлюб, альбо “злюб”, пачатак усяго існага. “Мяне, здаецца, песціць і цалуе ўся зямля мая”, кажа паэт. Несмяротнасць кахання, як вечнасць існавання самога чалавека, сцвярджае паэт у вершах. Без Радзімы няма шчасця. Паэт упэўнены:
Паміраю і веру:
Калісьці над светлымі водамі,
Над свабоднай зямлёю
I над Белаю Руссю маёй
Шчасце сонцам заззяе…
(“Паўлюк Багрым”)
Яшчэ больш шматаблічная проза У. Караткевіча. Пяру пісьменніка належаць раманы “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” (1966), “Каласы пад сярпом тваім” (1968), “Чорны замак Альшанскі” (1979–1980), “Нельга забыць” (1982), аповесці “Цыганскі кароль”, “Сівая легенда” (1961), “Дзікае паляванне караля Стаха” (1964), “Лісце каштанаў”, “Чазенія” і іншыя, эсэ “Казкі янтарнай краіны” (пра Латвію), “Званы ў прадонні азёр” (пра Палессе), нарысы пра Ф. Скарыну, М. Багдановіча.
Апавяданні з першай кнігі прозы “Блакіт і золата дня” (1961) уражваюць сваёй паэтычнасцю, лірычнасцю і дакладнасцю жыццяпісання.
Парадаксальны лёс аднаго з першых раманаў У. Караткевіча “Нельга забыць”. Упершыню твор надрукаваны ў часопісе “Полымя” (№ 5, 6 у 1962 г.). Асобнай жа кнігай ён выйшаў толькі праз дваццаць гадоў. Раман насіў яшчэ назву “Леаніды не вернуцца да зямлі”. І гэта ў часы праўлення Леаніда Брэжнева! Ды не толькі назва стала перашкодай на шляху твора да масавага чытача. Галоўнай прычынай забароны рамана сталі ўслаўленне нацыянальнага інтэлектуальнага патэнцыялу, сілы розуму, праўды, адстойванне агульначалавечых этычных норм і паводзін. Сваёй філасофска-канцэптуальнай асновай твор не “ўпісваўся” ў амярцвелую схему савецкіх догмаў.
Сюжэт рамана пабудаваны на паралелях мінуўшчыны і сучаснасці. Завязкай служыць падзея даўніх дзён. На магілёўскай гаўптвахце чакае пакарання паўстанец Усяслаў Грынкевіч. Мураўёў-вешальнік крывадушна абяцае жонцы паўстанца, што заменіць расстрэл катаргай. Але адначасна загадвае вайскоўцам затрымаць жанчыну на пераправе, каб на другім беразе па спелі выканаць прыгавор.
Пісьменнік малюе злавесную вераб’іную ноч на Дняпры. Мала хто адважыцца ў такую непагадзь перабрацца на другі бераг ракі. Афіцэр Пора-Левановіч ведае пра загад Мураўёва і робіць усё, каб перашкодзіць пераправе. Яго ж саслужывец Юрый Гораў рызыкуе жыццём, перапраўляецца сам у чаўне-душагубцы цераз Дняпро і перавозіць жанчыну. Яны спазняюцца ўсяго толькі на нейкія дзесяць хвілін. “Капітан Пора-Левановіч, вы нягоднік”, – кідае Гораў у твар віноўніку спазнення і выклікае таго на дуэль. Гораў, хоць і не быў лепшым стралком, смяртэльна параніў праціўніка. Балючай была сустрэча Горава з агорнутай жалобай жанчынай. Над галовамі іхнімі зазіхацеў зеленаваты зорны дождж Леанідаў, якія “тысячамі зялёных ніцей праляталі над зямлёю і знікалі ў цемры”.
Тыя Леаніды ўжо не вернуцца да зямлі, а вось само жыццё паўтараецца. Нашчадак Грынкевіча пакахаў Ірыну Гораву, выкладчыцу гісторыі мастацтваў. І тут жа хвароба, смерць адабралі яе ў яго. Каханне патрэбна чалавеку, яно не знікае, не збядняе, а ўзвышае душу. Яго нельга забыць.
Не знікае вялікае пачуццё. Як тыя метэарыты Леаніды, яно не мае забыцця. Не забываюцца і тыя, хто загінуў “за вашу і нашу свабоду”. Раман – споведзь, паэма ў прозе, сага аб высокім каханні, якое жывіць пакаленні і не дае згаснуць святлу ў душах, ад чаго ласкавей і лягчэй жыць: “Вось, здаецца, і нічога не здарылася, а адразу неяк лягчэй стала жыць на зямлі”.
Але нялёгка было “жыць на зямлі” аўтару рамана. Пасля забароны твора “Нельга забыць” У. Караткевіч напісаў і надрукаваў гістарычна-дэтэктыўную аповесць “Дзікае паляванне караля Стаха”, якая прынесла заслужаную славу свайму стваральніку. Аднак з’явілася на яе нямала рэцэнзій разносных. Гучалі папрокі ў сюжэтным падабенстве да аповесці А. Конан Дойла “Сабака Баскервіляў”. Што ж гэта за твор? Аповесць намнога глыбейшая, чым можа здацца на першы погляд. У знешнім сюжэце выкарыстоўваецца ледзь не ўвесь арсенал дэтэктыўна-прыгодніцкага жанру. Таямнічае “дзікае паляванне”, якое наводзіць жах на наваколле, пракляцце, якое вісіць над Балотнымі Ялінамі, таямніцы палаца – Малы Чалавек, Блакітная Жанчына, чыё аблічча вельмі падобнае да аблічча жанчыны на старым партрэце. Учыняюцца жахлівыя забойствы, адбываюцца ўцёкі і пагоні, узнікаюць загадкі і адгадкі. Ёсць у аповесці старыя манускрыпты і нават начныя здані. Разгадка таямніцы наступае толькі ў канцы твора, калі, як і бывае ў “дэтэктыўным” жанры, станоўчы герой паўстае ў новай сваёй іпастасі. Галоўнаму герою аповесці Андрэю Беларэцкаму, вучонаму-фалькларысту, прыходзіцца не толькі вырашаць загадкі мінулага, але і вырашыць для сябе, як жыць, якім “багам” маліцца, якія прынцыпы адстойваць. Змест аповесці трэба разглядаць шырэй. Яе гуманістычны пафас – у філасофскім роздуме аб прызначэнні чалавека, лёсе беларускага народа, узаемасувязі розных гістарычных эпох, аб вытоках нацыянальнай самасвядомасці беларусаў, аб нацыянальным характары, нацыянальным духоўным космасе.
Раман “Каласы пад сярпом тваім” – адзін з лепшых у творчай спадчыне празаіка, пра “падзеі 1863 года – гэта велічнае і трагічнае жніво, дзе серп гісторыі жне дзеля таго, каб наступныя пакаленні маглі правесці новы пасеў”, – піша А. Мальдзіс. На чале паўстання стаіць князь Алесь Загорскі, карані выхавання якога ў сялянскім асяроддзі. Ён прайшоў “дзядзькаванне” – гэта значыць гадаваўся да пяцігадовага ўзросту ў вялікай і працавітай сям’і на вёсцы, а потым быў забраны назад у палац.
Герой народжаны творчай фантазіяй аўтара твора, але хіба маглі дараваць пісьменніку ўлады падобны факт: князь-паўстанец. У рамане іх шмат, вальнадумцаў: стары князь Вежа, Раўбічы, Клейны, Хаданскія, Кагуты, Корчак. Поруч з імі дзейнічаюць рэальныя гістарычныя асобы К. Каліноўскі, З. Серакоўскі, А. Кіркор, С. Манюшка, В. Дунін-Марцінкевіч, У. Сыракомля, Т. Шаўчэнка.
Раман “Каласы пад сярпом тваім” – твор лірыка-рамантычны, які пабудаваны на рэальнай гістарычнай аснове. Аб рамантызацыі падзей і вобразаў у творы гавораць увасабленне ў вобразе галоўнага героя ідэалу пісьменніка, мноства складаных сюжэтных хадоў, выяўленне хітраспляценняў у лёсах персанажаў, наяўнасць героя-адзіночкі (Чорны Война), узвышаная стылістыка, паэтызацыя рэчаіснасці.
Раман пачынаецца з апісання грушы, якая цвіла на крутым беразе Дняпра апошні год, бо вада ўжо падмывала пясчаны бераг і дрэва ў квецені павінна было вось-вось знікнуць у паўнаводным віры. “I гэтая груша, пісаў А. Мальдзіс, – успрымаецца як алегорыя, як сімвал усяго лепшага, што павінна было загінуць у хвалях паўстання”.
З косамі ды паляўнічымі стрэльбамі ішлі людзі на змаганне пад кіраўніцтвам найбольш свядомай часткі шляхты, гэтых беларускіх дзекабрыстаў, якія адчулі гніласць і заганнасць існуючага ладу. Падымаліся на змаганне за свабоду, бо, як гаворыць адзін з герояў твора, – “у рабстве гіне дух”. Раман напоўнены думкамі пра лёс роднай Беларусі. Сілы паўстання былі раз’яднанымі. Групуюцца вакол сялянскага заступніка Корчака “лясныя людзі”. Лёс Бацькаўшчыны хвалюе выхадцаў з простага асяроддзя і прадстаўнікоў шляхты. Алесь Загорскі, аддадзены “ў дзядзькаванне”, змалку жыў сялянскім жыццём, зведаў народныя звычкі і традыцыі, навучыўся гаварыць на простай мужыцкай мове і рана зразумеў, што мова тая – мова народа.
Цнатліва і вельмі хораша малюе празаік узвышаныя інтымныя ўзаемаадносіны персанажаў. На старонках рамана шчырыя пачуцці Алеся і Майкі Раўбіч, душэўнай шчодрасцю і замілаваннем напоўнены адносіны Алеся і Гелены, былой прыгоннай актрысы. Вобраз Гелены – паэтычны і адначасова рэальны, зямны, вобраз юнацкай мары. Колькі хараства, паэзіі, цеплыні ў апісанні ўзаемаадносін герояў!
Раман гэты – аб пошуках і адкрыцці Бацькаўшчыны, аб выспяленні непераможнай ідэі змагання за вольнасць роднага краю. Гэта твор аб прыгожых душой людзях са светлымі марамі, з прагай духоўнасці, новых, празрыста-звонкіх дзён жыцця роднай Беларусі.
Раман “Чорны замак Альшанскі” – псіхалагічны дэтэктыў, пабудаваны на навуковай, інтэлектуальнай, філасофскай аснове. Галоўны герой рамана гісторык Антон Космач, сапраўдны эрудыт і інтэлектуал, вядзе сваё расследаванне не горш, чым знакаміты Шэрлак Холмс. Хто на пачатку ХVII ст. забіў Ганну Альшанскую і яе каханага Валюжыніча? Куды зніклі багацейшыя палацавыя скарбы роду Альшанскіх? Як перажыў палац апошнюю вайну? Чаму бясследна знікалі адзін за другім многія насельнікі палаца, маўклівага сведкі жахлівых і таямнічых здарэнняў?
Нягледзячы на ўсе апісаныя аўтарам жахі, ад твора вее жыццялюбствам, захапленнем гісторыяй і нацыянальнымі вытокамі. Раман створаны па ўсіх законах дэтэктыўнага жанру. Тут вялікая свабода “самавыяўлення” творцы. Ліха на свеце не вечнае, і праклёны трацяць сілу, калі людзі супрацьстаяць ім, калі пануе праўда. Таму ў рамане цікавая не столькі знешняя фабула – хто куды пайшоў, хто каго любіў, – але найбольш гістарычная, сацыяльна-філасофская аснова твора, шматлікія аўтарскія развагі пра мінулае і сучаснае, пратэст супраць войнаў, здзекаў з чалавека, супраць здрады, прымусу, гвалту, супраць “абмялення” людскіх душ, супраць нянавісці чалавека да чалавека. Людзі моцныя праўдай. Памкненні герояў твора чыстыя і ўзнёслыя: “Людзям вельмі патрэбна чыстае паветра. Трэба, каб лёгка дыхаць, вельмі трэба чыстае паветра”. Гэта гучыць як заклінанне. Глытком такога чыстага паветра стаў раман “Чорны замак Альшанскі”. Поспех яго незвычайны. Твор экранізаваны, ім зачытваюцца маладыя і дарослыя. Мастацкае палатно ўзнімае пытанні аб чалавечай годнасці, аб імкненні заўсёды быць самім сабою, “распараджацца сабою”, аб высокай місіі чалавека на зямлі.
Пісьменнік актыўна развіваў лірыка-рамантычную плынь прозы. Проза яго эмацыянальная, пластычная, дынамічная. Мова твораў – сакавітая, свежая, з мноствам незацяганых, яркіх узораў лексікі. Вобразна-выяўленчы арсенал прозы таксама багаты: тут і ўнутраны маналог, і партрэт, і яркая мастацкая дэталь як сродкі рэалістычнага жывапісу, а разам з імі і ўзвышана-паэтычнае апісанне. Пісьменнік актыўна карыстаўся ўмоўнасцю, сімволікай, абагульненнем. Проза У. Караткевіча захоплівае, бярэ ў палон чытача.
Правообладателям!
Это произведение, предположительно, находится в статусе 'public domain'. Если это не так и размещение материала нарушает чьи-либо права, то сообщите нам об этом.