Текст книги "Беларуская лiтаратура"
Автор книги: Уладзімір Навумовiч
Жанр: Языкознание, Наука и Образование
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 22 (всего у книги 34 страниц)
М. Зарэцкі з’яўляецца аўтарам некалькіх раманаў. Адзін з яго раманаў – “Сцежкі-дарожкі” – лепшы ў даваеннай літаратуры. Дарэчы, ёсць пэўная пераклічка талентаў на працягу шматлікіх гадоў развіцця беларускай літаратуры. Самой атмасферай, інтэлектуальным патэнцыялам, рамантычнай завостранасцю твор М. Зарэцкага нібы пераклікаецца з творамі У. Караткевіча (“Нельга забыць”, “Каласы пад сярпом тваім”), які прыйшоў у літаратуру хоць і намнога пазней, але прынёс, як і М. Зарэцкі, адметнае светабачанне і сваю эстэтыку. Эстэтычная канцэпцыя М. Зарэцкага – ускладняць там, дзе і так усё складана, згушчаць фарбы там, дзе і так пануе цэлая гама колераў, драматызаваць дзеянне, “закручваць” сюжэт, ахутваць сваіх герояў і гераінь рамантычным арэолам, пастаянна паглыбляцца ў свет вострых перажыванняў.
“Сцежкі-дарожкі” – гэта шляхі-дарогі трох сяброў-семінарыстаў на пераломе эпох, калі адбывалася ломка традыцыйнага ўкладу жыцця. Васіль Лясніцкі – стыхійны бунтар; анархіст Шаліма і дамарошчаны філосаф Мікодзім Славін атаясамлівалі розныя падыходы да рэчаіснасці, раскрывалі шматлікія шляхі вырашэння складаных сацыяльна-палітычных канфліктаў эпохі. Нялёгкімі былі і лёсы гераінь – Ніны, Макрыны, Раісы Янавай. Першая з іх страціла дзіця, але не скарылася, нялёгкае каханне выпала на долю Макрыны, а вось вобраз Раісы Янавай – вобраз “ракавой” жанчыны з налётам незвычайнасці, таямнічасці, чароўнасці і згубнасці адначасна, лёс і жыццё якой напоўнены драматызмам пачуццяў, памылкамі, рамантычнай тугой, болем, пакутамі і стратамі. Ёсць у рамане і “злы геній” – дэман-разбуральнік, увасоблены ў вобразе камуніста-рабочага Андрэя, які мог спакойна глядзець на тое, як гараць палацы, нішчыцца ўсё жывое, як ідзе вялікае руйнаванне – не толькі зямлі, але і душ людскіх. М. Зарэцкі адлюстроўваў у сваіх творах разбурэнне верхніх, культурных слаёў грамадства, разбурэнне душ, якое адбывалася знутры, а гэта было самым страшным разбурэннем. Парушалася духоўная аўра чалавека. Адмаўляліся нормы агульначалавечай маралі. Цікава, што нягледзячы на рамантычную зададзенасць і выразна рэвалюцыйную скіраванасць рамана, вобразы ў творы як бы выходзілі з-пад улады пісьменніка, паўставалі звычайнымі людзьмі са сваімі характарамі. Логіку іх далейшых паводзін вызначалі створаныя самім аўтарам характары. Раман М. Зарэцкага толькі выйграў ад такога “непаслушэнства” персанажаў. З-пад пяра празаіка з’явілася мастацкае палатно аб лёсах маладых людзей на раздарожжы дзвюх эпох. Твор – рэалістычны, але рамантычны па духу.
Раман “Вязьмо” М. Зарэцкага прысвечаны “вялікаму пералому” – працэсу калектывізацыі беларускай вёскі. Глыбокай баразной прайшла калектывізацыя па беларускай зямлі, па лёсах і душах сялянства. Падыходы да адлюстравання калектыўнага ладу жыцця, пераходу вёскі на новыя рэйкі гаспадарання на зямлі заўважаліся яшчэ ў ранняй прозе пачатку 20-х гадоў ХХ ст.: “Як красназорцы зямлі сцураліся” А. Бабарэкі, “Як вясну гукалі”, “Поле без межаў”, “Сіла зямлі” В. Каваля, “Па дарогах” М. Нікановіча, аповесць С. Хурсіка “Чорны мост” і інш.
М. Зарэцкі ў шэрагу сваіх ранніх твораў таксама аддаў даніну раскрыццю нястрыманага жадання бяднейшага сялянства гаспадарыць на зямлі калектыўна, агулам. “Зямля ўсіхняя, усё роўна не прысвоіш яе назаўсёды”, – разважаў Міхалка, герой апавядання Зарэцкага “Цішка Бабыль”. Першыя камуны, “калякцівы” павінны былі стаць зародкам калгасаў. Але так не адбылося. Калектывізацыя нараджала шмат праблем. Героем-адкрыццём стаў для беларускай літаратуры 60-х гадоў ХХ ст. вобраз Васіля Дзятла ў “Палескай хроніцы” І. Мележа – вяршыні беларускай прозы ХХ ст., аб лёсе сялянства. Паказ калектывізацыі ў рамане І. Мележа атрымаўся рэалістычным, глыбокім, з мноствам сацыяльных і маральных праблем.
Беларуская літаратура “вялікага пералому” даволі значная. Аповесці С. Баранавых “Межы”, П. Галавача “Спалох на загонах”, Я. Коласа “Адшчапенец”, раманы К. Крапівы “Мядзведзічы”, Р. Мурашкі “Салаўі святога Палікара”. Раман “Вязьмо” займае асобнае месца сярод твораў пра змены на вёсцы, якія называлі “пераваротам, які мае сусветнае значэнне”. Ён стаў адным з першых твораў, дзе зрухі ў сацыяльным жыцці вяскоўцаў перадаваліся праз раскрыццё змен у псіхалогіі, свядомасці, паводзінах чалавека працы. Сюжэт рамана разгортваецца паступова. Сяляне спачатку з недаверам паставіліся да калектывізацыі. Першыя чуткі “разнеслі” па вёсцы жанчыны, якія толькі і прыйшлі на вясковы сход. “Жаночыя” бунты і “жаночыя” ініцыятывы пры будаўніцтве калгасаў часта станавіліся аб’ектам паказу ў літаратуры.
М. Зарэцкі выяўляе розныя погляды сваіх герояў на калектывізацыю і раскрывае шматлікія падыходы да яе ажыццяўлення. Адзін з цэнтральных вобразаў рамана, як пазней гэта мы ўбачым і ў раманах І. Мележа, настаўнік, сакратар партячэйкі Сымон Карызна. Карызна, у адрозненне ад Апейкі ў Мележа, максімаліст, не пазбаўлены рамантыкі, для якога “рэвалюцыя” працягваецца з яшчэ большай сілай, набіраючы размах і падмінаючы пад сябе ўсё жывое. Карызна гаворыць: “Дзе той запал, энтузіязм, захапленне, з якім мы ўвайшлі ў рэвалюцыю, га? Дзе адвага тая, геройства, што было ў кожнага, хто ішоў на фронт за рэвалюцыю? Няма ўжо – сатлела, загасла. Трэба яго аднавіць, распаліць, а на гэта трэба вялікая і блізкая мэта. Яна – ёсць цяпер. Рэвалюцыя не загасла, яна ўзнімаецца з новай сілай. Мы яшчэ паваюем!” Яго цікавяць тэмпы, размах, маштабы. Але ў словах героя ёсць недагаворанасць, у душы жыве таямніца, ён сам калісьці даваў зямлю, рассяляў на хутары, пасёлкі, а цяпер сілком забірае, зганяе людзей у калгас, калісьці агітаваў працаўнікоў, каб тыя сталі заможнымі, прапагандаваў “культурныя гаспадаркі”, у яго і бацькі сталі моцна “на ногі” ў вёсцы, а зараз усе тыя “заможнікі” аб’яўлены ворагамі калектывізацыі, кулак ліквідуецца як клас, багацейшых высяляюць і вывозяць у далёкая мясціны, каб “не перашкаджалі”, каб не блыталіся пад нагамі і не супраціўляліся. Герой перажывае душэўную драму, бо ў сталым веку ён закахаўся ў жанчыну з сучаснымі поглядамі – Веру Засуліч, але і з ёй не знаходзіць асабістага шчасця. Марына Паўлаўна, жонка галоўнага героя, вымушана пайсці ад мужа. Сымон Карызна ўзненавідзеў сялян, “гэтыя чырвоныя бліскучыя твары за ўсё: за няўдачы з калектывізацыяй, за свае страхі, сумненне, за свае старыя грахі, за бацькоў сваіх, за свае пачуцці, якія ён мусіў бязлітасна ламаць у сабе, якія яго так жорстка мучылі, за жонку, за Зеленюка, за ўсё, што давала яму непрыемнасць, што атручвала яму жыццё”. З нянавісцю шчасця для людзей не пабудуеш. Нянавісць – зброя атрутная, двухбаковавострая яна нявечыць душу.
Зелянюк – рабочы, адзін з тых, каго пасылаў горад у ліку “дваццаціпяцітысячнікаў”, “пяцідзесяцітысячнікаў” на падмогу вясковаму актыву для перабудовы на вёсцы. Ён пераконвае, запэўнівае, імкнецца паказаць перавагу калектыўнай працы, угаворвае сялян, заахвочвае іх, арганізоўвае бяднейшых, перацягвае на свой бок серадняка, ізалюе кулака. Зелянюк пакахаў дачку Карызны студэнтку Стасю, але таксама не стаў шчаслівым.
Пацяроб, старшыня сельскага савета, з якім зблізіўся Карызна, не любіць з сялянамі “малімоніцца”, ён прыхільнік жорсткіх метадаў, гатовы пугаўём заганяць людзей у калгасы. “Смаркачы! Я вам за тры дні ўвесь сельсавет у калгас увапхну. Прасіцца будуць, маліцца, каб прынялі… А не то, што… слізнюкі, а не людзі! Цьфу!” Ён нервуецца, злуецца, сапраўдны “дэман-разбуральнік” да саміх асноў.
“Пацяробшчына” церпіць крах. Карызна страціў партбілет на бюро райкама, Зелянюк таксама не перамог, ад яго адвярнулася Стася. Але фінал гучыць аптымістычна. Малады рабочы кліча настаўніка ў “пралетарыі”, запрашае ісці працаваць на завод. Паказаны ў рамане і кулакі (Гвардыян і інш.), якія сабатуюць працэс калектывізацыі, сераднякі – недаверлівыя вяскоўцы, тайныя і відавочныя ворагі новых форм гаспадарання на зямлі. Раман М. Зарэцкага трымае ў напружанні, дзеянне разгортваецца дынамічна.
Чаму раман так названы – “Вязьмо”? “Вязьмо” “вузел супярэчнасцей, што паступова сціскае і прыводзіць да краху Сымона Карызну” (А. Адамовіч) – галоўнага героя рамана. “Вязьмо” – перавясла, якое трымае жытнёвы сноп, каб той не рассыпаўся. “Вязьмо” повязь чалавека з зямлёю, “самая кроўная сувязь” (Ф. Кузняцоў). Лес вёскі хваляваў беларускіх пісьменнікаў заўсёды. “Памяць зямлі” надзвычай трывалая. Беларуская літаратура вырастала, даследуючы таямнічую “ўладу зямлі над чалавекам” і адвечнае жаданне самога чалавека атрымаць уладу над зямлёю. Таму назва рамана “Вязьмо” сімвалізуе цесную повязь усяго жывога на зямлі з самой зямлёю.
Раман “Вязьмо” крыху адрозніваецца ад папярэдніх твораў пісьменніка сваім стылем. Тут менш рамантычнага зместу, больш рацыянальнай пабудовы сюжэта па чорна-белым, шахматна-шашачным (“добры – злы”) прынцыпе, іншы раз на першы план выступае сухая канстатацыя факта, менш жывых народных каларытных гаворак, трапных афарызмаў. Але галоўнае, што ў творы прасвечваецца любоў да народа, павага да нялёгкага лёсу сялянства на крутых віражах гісторыі.
Толькі той, хто любіць чалавека, спагадае яму, заслугоўвае павагі. Чэрствасць, эгаізм, кар’ерызм ніколі не былі ў пашане ў чалавека-працаўніка. Нялёгкімі і пакручастымі шляхамі ішло беларускае сялянства да таго, каб адчуць сябе гаспадаром на зямлі. Адвечная повязь чалавека з зямлёю жывіла дух, давала сілы. Новае стаўленне да зямлі азначала глыбокую псіхалагічную перабудову ў свядомасці чалавека-працаўніка. Сацыяльныя катаклізмы, змены ў адносінах селяніна да зямлі адзываліся гулкім рэхам ва ўсіх сферах чалавечага духу, мянялі псіхалогію, побыт, мараль і самасвядомасць народа. Змяняўся сам чалавек – гаспадар на зямлі.
Пра такія драмы чалавечай душы і напісаны раман “Вязьмо” М. Зарэцкага.
Пісьменнік-гуманіст М. Зарэцкі заклаў трывалы падмурак псіхалагічнай, эмацыянальнай лірычнай прозы. Апавяданні празаіка – гэта апавяданні-канцэпцыі, творы-роздумы, яны значна ўзнімалі ўзровень інтэлектуальнай, філасофска-канцэптуальнай літаратуры. Проза М. Зарэцкага пластычная, адчувальная да зрухаў і адценняў, да перажыванняў чалавечай душы. Разам з творамі гэтага самабытнага аўтара моцна развівалася лірычная і рамантычная тэндэнцыі ў беларускай літаратуры, чаго відавочна ёй не хапала дагэтуль, асабліва ў прозе.
М. Зарэцкі – пісьменнік адметны, талент непаўторны і арыгінальны. Створанае пісьменнікам стала прыкметнай з’явай ва ўсёй беларускай літаратуры пачатку ХХ ст.
Пытанні для кантролю
1. З якога асяродку паходзіць пісьменнік Міхась Зарэцкі?
2. Што сфарміравала светапогляд будучага мастака слова, якія падзеі?
3. Якія праблемы маральна-этычнага характару вы можаце вылучыць у творах М. Зарэцкага?
4. Пра што раман М. Зарэцкага “Вязьмо”?
5. Як вы патлумачыце саму назву рамана “Вязьмо”?
6. Якія адметнасці прозы М. Зарэцкага зрабілі пісьменніка адным з самых папулярных аўтараў у 20–30 гадах ХХ ст.?
7. Якімі “сцежкамі-дарожкамі” шла моладзь у новы дзень у пачатку ХХ ст.?
Пятрусь Броўка (1905–1980)
Высокая ў Айчыны крона,
Бязмежжа – не ахопіць зрок.
Народ, што акіян зялёны,
А я – адзіны ў ім лісток.
Пятрусь Броўка
Асобу паэта нельга аддзяліць ад ягонай творчасці. Вядомы беларускі паэт і грамадскі дзеяч Пятрусь Броўка заняў у беларускай літаратуры надзвычай прыкметнае месца. Паэт доўгі час знаходзіўся ў эпіцэнтры ўсяго літаратурнага жыцця і актыўна ўплываў на развіццё літаратуры, усіх яе жанраў, і не толькі як творца, але і як кіраўнік рэспубліканскай пісьменніцкай арганізацыі на працягу доўгіх гадоў.
Пётр Усцінавіч Броўка нарадзіўся ў в. Пуцілкавічы на Полаччыне (цяпер Ушацкі раён). У 1923 г. працаваў у Маладолецкім ваенным камісарыяце, потым у валвыканкаме, рахункаводам саўгаса ў в. Малыя Дольцы, арганізаваў там камсамольскую ячэйку, стаў яе сакратаром. Быў селькорам, вёў актыўную грамадскую работу па ўстанаўленні савецкай улады ў родных мясцінах. У 1924 г. стаў старшынёй Маладолецкага сельскага савета, потым перайшоў працаваць у Полацкі акруговы камітэт камсамола. У 1928–1931 гг. вучыўся ў БДУ, добра разумеючы, што трэба папоўніць запас ведаў.
Першы верш “Ой, не шапчы, мая бярозка…” быў змешчаны 16 жніўня 1926 г. у газеце “Чырвоная Полаччына”. Свае вершы паэт падпісваў псеўданімам Юрка Баравы. Раннія яго творы мелі ярка выяўлены грамадзянскі пафас (“Не буду я стаяць на раздарожжы, / Вачыма сумнымі глядзець удалячынь…”). Паэт пісаў пра гераізм працоўных будняў, пра энтузіязм мас, рабочы рытм першых гадоў савецкай улады (“Прамова фактамі”, “Гады, як шторм”), адразу выявіўшы даволі акрэслена творчую пазіцыю і паставіўшы свой талент на службу сацыялістычнаму ладу. Па гэтай прычыне многія яго творы маюць кан’юнктурны характар. “У гады першых пяцігодак, – прыгадваў паэт, – мы пісалі пра ўсё. Хадзілі на заводы, бічавалі прагульшчыкаў, гультаёў, рвачоў Часта выходзіла рытарычна, але я ніколі не шкадаваў працы, аддадзенай лозунгам і агіткам. Працуючы над імі, даводзілася быць у віры жыцця і многае пазнаць”.
Паэтычная натура П. Броўкі – натура чалавека няўрымслівага, творча актыўнага. Яго паэзія вельмі часта перадавала агульную чалавечую занепакоенасць станам рэчаў, выяўляла ледзь усвядомленую яшчэ трывогу за тое, што дзеецца ў нашым жыцці, хоць знешне ўсё і выглядала зусім прыстойна:
I першай думка, устаўшы ўранні,
Нястачу знойдзе дзе-нідзе.
Ці то на працы, ці ў каханні,
Ці то ў адзенні, ці ў ядзе.
Здаецца, проста і няхітра, а часам рытарычна і павярхоўна гучаць многія радкі паэта, ды раптам прыходзіць усведамленне, што і прастата гэтая, і захлёб рэчаіснасцю, узнёсласць інтанацый маюць пад сабою рэальную глебу. Мы ведаем, як часамі нялёгка бывае дасягнуць такой прастаты, даходлівасці слоў і слоўных выразаў. Паэзія П. Броўкі вылучаецца перш за ўсё грамадзянскім пафасам, занепакоенасцю, прамоўніцка-заклікальнымі, адкрыта публіцыстычнымі інтанацыямі. Пераадольваючы схематызм і пэўную рытарычнасць, паэт набліжаў сваю творчасць да народнай высновы, песеннай фальклорнай традыцыі. П. Броўка выкарыстоўваў ці не ўвесь багаты арсенал прыёмаў, сродкаў, якія існуюць у вусна-паэтычнай творчасці беларускага народа: рэфрэны, градацыі, клаўзулы, гіпербалізацыю вобразаў, метафарычнасць бачання, антытэзу, услаўленне ідэалу ў вобразе лірычнага героя, рамантычны наіў, частае ўжыванне эпітэтаў, своеасаблівую мелодыку і рытмічную арганізацыю верша, умоўнасць вобразаў і адцягненасць характарыстык. У паэзіі П. Броўкі, можна сказаць, выявіўся народны позірк на рэчы, душа простага люду, яе шчырасць.
У творчасці П. Броўкі публіцыстычнасць вельмі цесна пераплецена з фальклорным пачаткам. Вось, напрыклад, як хораша ў вершы выяўляецца сутнасць двух узятых з фальклору вобразаў – арла і галубкі – як сімвалаў адвагі, смеласці, рашучасці і вышыні палёту, а таксама ласкі, пяшчоты, даверлівасці, вернасці дому, душэўнай падатлівасці:
Калі надыдзе час спачыну,
Адна ёсць просьба да зямлі:
Накрый мяне крылом арліным,
Крыло галубкі пасцялі.
Абодвум з дзён маленства босых
Зайздросціў я, як ні кажы, —
Глядзеў услед арлу ў нябёсах,
Ды галубінай быў душы.
А ўсё ж калісьці, ў нейкім ранні,
З праменнем першым на расе
Не клёкат грозны – вуркаванне
Няхай мне вецер прынясе.
(“Калі надыдзе час спачыну”)
Пры чытанні гэтага і іншых вершаў ствараецца ўражанне, што паэту вершаваныя радкі лёгка даюцца, што для паэта праблемы майстэрства не існуе.
Паэзіі П. Броўкі не бракуе сардэчнасці, лірычнага неспакою, праўдзівасці пачуцця.
Зусім мяняецца характар паэзіі П. Броўкі ў гады вайны. Голас яго набывае адметнае гучанне, насычаецца новымі фарбамі, у вершах з’яўляюцца новыя інтанацыі. Напоўнены роздумам і болем верш “Рана”, напісаны ў 1943 г.:
Знаю, сціхнуў бы боль,
Каб напіўся жывіцы
З той крыніцы,
Што смагу таліла не раз,
Каб чабору таго,
Каб тае медуніцы,
Каб паветра з бароў,
Што пад Мінскам у нас.
Узбагаціліся форма і змест вершаў паэта. Загучалі інтанацыі плачаў, галашэнняў, праклёну (“Надзя! Надзейка!.. – плача жалейка. – / Болей рукам тваім. / Жыта не жаці… / Снапоў не вязаці”). Многія вершы напісаны паэтам у стылі народных падання “ Адну з партызанскіх быляў выкарыстаў паэт у вершы Кастусь Каліноўскі”. Каліна – так звалі вясковага трактарыста – стаў у вайну партызанам. А народ назваў яго прозвішчам вядомага змагара за волю беларусаў – Кастуся Каліноўскага. Верш напісаны як народнае паданне. У многіх радках чуюцца сказавыя інтанацыі, песенныя формы (“Дзяўчаты з усёй Беларусі збіралі яму васількі на кашулю…”). У вершы пераплятаецца далёкае гістарычнае мінулае роднага краю і гераічны пафас народнай барацьбы з ворагам. Менавіта ў грозны і суровы час вялікіх выпрабаванняў, страт, пакут паэт стварыў паэму “Беларусь” – адзін з лепшых сваіх твора к, дзе ўзгадваецца ўвесь гістарычны шлях роднай старонкі, расказваецца пра лёс яе лепшых сыноў (К. Каліноўскага, В. Вашчылы), пра развіццё кнігадрукавання, асветы, культуры на Беларусі. “Зямля Беларусі! Ты помніш нямала” – такім зваротам-рэфрэнам пачынаецца амаль кожны новы раздзел паэмы, на яе старонках разгортваецца багатая і змястоўная духоўная біяграфія Радзімы.
Паэтычны талент П. Броўкі шматгранны. Яму ўдаваліся не толькі творы з ярка выяўленым грамадзянскім напалам пачуцця, але і вершы інтымнага гучання. П. Броўка-лірык адчувальны да чужых клопатаў і трывог, пяшчотна-роздумны. Яго вядомы верш “Пахне чабор…” – пра каханне, верш-успамін аб далёкім пачуцці з далёкіх гадоў, пачуцці, якое рэхам адгукаецца ў сэрцы штораз, ледзь паэт прыгадае маладую пару, пах чабору. Светлай згадкай жыло тое далёкае пачуццё ў сэрцы паэта. Пяшчота і сум адчуваюцца ў творы:
Час той схаваўся за дальняй гарою,
Здасца хвілінай – яна прада мною…
Выйду. Гукаю. Маўклівы прастор.
Пахне чабор,
Пахне чабор…
(“Пахне чабор”)
Ціхая, ласкавая, ясная і шчырая лірыка кахання ў паэта. Паэту верыш, разам з ім перажываеш і страту, і радасць дасюль жывога ў душы трапяткога юначага кахання. Душэўныя пачуцці сталага чалавека, які абцяжараны жыццёвым вопытам, але не растраціў пяшчоты, замілавання, высокай павагі да жанчыны, самаахвярнага пачуцця да любімага і блізкага чалавека, гучаць у вершах “Ты – мая пчолка”, “Памылка”. З руплівай пчолкай параўноўвае паэт каханую жанчыну, з патаемнай скрухай шкадуючы аб тым часе, калі лічыў памылкаю свае пачуцці да яе. Лірычная палітра мастака з гадамі станавілася шматфарбнай, інтанацыі – багацейшымі, эмоцыі – больш даверлівымі.
Паэзія П. Броўкі – з’ява няпростая. Думаецца, паэт бачыў недахопы як сваёй, так і ўсёй беларускай паэзіі савецкага часу, адчуваў незадаволенасць – ад павярхоўнага слізгання па праблемах сацыялістычнай рэчаіснасці, ад немагчымасці зачэрпнуць глыбока і сказаць больш праўдзіва. У вершы “Паэзія” П. Броўка так гаворыць аб таемнасці загадкі паэтычнага светаўспрымання:
Паэзія, твой крок чуваць,
Твой стан, здаецца, бачу!..
………………
А як цябе мне адшукаць —
Нялёгкая задача!
З імем П. Броўкі звязана ўзбагачэнне паэзіі савецкага часу традыцыямі беларускага фальклору, насычэнне яе фарбамі народнай песеннай творчасці з выкарыстаннем сказавых інтанацый, фальклорнай вобразнасцю, шчырасцю, задушэўнасцю, прастатой, даходлівасцю, умоўнасцю, абагульненасцю вобразаў і лірычнай усхваляванасцю.
У пасляваенныя гады П. Броўка звярнуўся да жанру паэмы: “Хлеб” (1946), “Бацька дом” (1947), “Родныя берагі” (1948), “Добры друг” (1949), “Лясы наддзвінскія” (1953). У другой палове 50-х гадоў ХХ ст. ім напісаны раман “Калі зліваюцца рэкі”.
Вяршыняй мастацкай творчасці П. Броўкі з’яўляюцца зборнікі паэзіі “Пахне чабор” (1959), “Далёка ад дому” (1960), “А дні ідуць…” (1961), “Высокія хвалі” (1962). У іх увайшлі лепшыя вершы, у якіх адбіліся інтымныя пачуцці, асабістыя ўражанні паэта ад знаёмства з новымі краінамі, а таксама подых новага часу, новыя павевы ў духоўным жыцці і клімаце грамадства.
Паэзія напаўнялася жыццёвай канкрэтыкай. Тут вы явіўся і роздум паэта над жыццём і часам. Паэт больш стаў давяраць уласнаму вопыту, часцей гаварыў “ад сябе” – пра тое, што хвалюе, пра набалелае, прыгадваў сваё маленства (вершы “Жорны”, “Сляды” і інш.). Каб накарміць малога ў галодны год, бабуля вымушана лушчыць яшчэ зялёны боб. І здаецца яе ўражліваму ўнуку, што “ці то слёзы, ці то боб” перабірае ў кошыку спрацаванымі рукамі старая вясковая кабета (верш “Слёзы”).
У 1955 г. П. Броўка разам з групай беларускіх пісьменнікаў выязджаў у Польшчу і там пабываў у былым нямецкім канцэнтрацыйным лагеры Асвенціме – адным з самых вялікіх у гады Другой сусветнай вайны на акупіраваных землях. Як вядома, у Асвенціме загінула маці паэта, якую фашысты вывезлі з роднай вёскі. Паэт хадзіў па зямлі, дзе пакутавалі вязні, і нібыта вёў размову з маці, шукаў яе слядоў, са смуткам і гневам, абурэннем думаў пра жудасны час усеагульнага вынішчэння, пра крывавую машыну вайны. Боль і адчай ахоплівалі паэта, паўставалі ў сэрцы трывога і клопат за будучае, з глыбіні душы ўзнімаўся пратэст супраць падпальшчыкаў новых войнаў, супраць здзеку і гвалту над чалавекам. Так нараджалася паэма П. Броўкі “Голас сэрца” (1960). Гэта голас сына, маці якога загінула ў пакутах, стаўшы адной са шматлікіх бязвінных ахвяр вайны, голас сына сваёй шматнацыянальнай краіны, якая столькі вынесла ў мінулую вайну, голас сына беларускай зямлі, патрыёта. У паэме аўтар ідзе да абагульнення, імкнецца гаварыць ад імя многіх людзей на планеце, перадаючы пакуты не толькі сваёй маці, але слёзы і беды жыхароў многіх краін, смуткуе аб чалавечых стратах, гатовы абараніць жыццё на зямлі, верыць у тое, што мір пераможа вайну, што будзе мір ва ўсім свеце.
Паэзія П. Броўкі здольная да абнаўлення, да насычэння новымі матывамі і інтанацыямі. У апошніх прыжыццёвых зборніках вершаў – “Калі ласка” (1972), “I ўдзень, і ўночы” (1974), а таксама ў кнігах прозы “Донька-Даніэль” і “Разам з камісарам” (1974) пісьменнік вяртаўся да тэм і вобразаў, якія хвалявалі яго ў 20-30-я гады ХХ ст. У гэтых творах гучаць спавядальныя матывы. Паэт з новай сілай і з новым успрыманнем глядзіць на пройдзены шлях. Кожны твор жывы ўспамін маленства і юнацтва, эпізод з жыцця тых, каго добра ведаў паэт, ланцуг падзей вялікага грамадскага значэння (вершы “Валрэўкомаўскі кур’ер”, “Першы камісар”, “Ячэйка”, “З юначых дзён…”, “Першыя спектаклі”, “Быў юнаком…”, “Гады адышлі…”).
Калі будуецца краіна,
Калі на ўздыме ўвесь народ,
Працуй упарта і няспынна
І набліжай ягоны ўзлёт.
(“Калі будуецца краіна”)
Паэзія П. Броўкі – глыбока народная. У ёй у многім выяўляецца народны позірк на многія рэчы і з’явы, раскрываецца багацце і хараство народнай душы:
Яны даспадобы мне, хай і старыя,
Не толькі ў гучанні хвалюючы змест.
Як многа гавораць мне назвы такія —
Мінск,
Пінск,
Брэст.
Калі паразважыш, няцяжка дазнацца,
Бо сведчыць на ўсю неабсяжную шыр,
Што продкі любілі спакойную працу —
Шклоў,
Клецк,
Мір.
(“Родныя словы”)
Прастата паэзіі П. Броўкі далёкая ад спрошчанасці, ад прымітывізму. Паэт жыў, працаваў і тварыў, шукаў і памыляўся разам са сваім народам, і ў ягонай творчасці адбіўся ледзь не ўвесь гістарычны шлях беларускага народа на працягу до ўсіх гадоў: першыя пяцігодкі, вайна, пасляваеннае будаўніцтва, развенчванне культу асобы, пошукі новых ідэалаў.
Пытанні для кантролю
1. У чым вы бачыце тыповасць біяграфіі П. Броўкі як прадстаўніка пакалення, што фарміравалася ў новых умовах сацыяльна-эканамічнага развіцця?
2. У якіх творах П. Броўкі найбольш выразна гучаць фальклорныя матывы?
3. Чым вызначаецца любоўная і пейзажная лірыка паэта?
4. Чым тлумачыцца прастата і даходлівасць паэзіі П. Броўкі?
5. Якое месца займае творчасць паэта ў беларускай літаратуры?
Правообладателям!
Это произведение, предположительно, находится в статусе 'public domain'. Если это не так и размещение материала нарушает чьи-либо права, то сообщите нам об этом.