Электронная библиотека » Уладзімір Навумовiч » » онлайн чтение - страница 7


  • Текст добавлен: 5 июля 2016, 13:00


Автор книги: Уладзімір Навумовiч


Жанр: Языкознание, Наука и Образование


сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 7 (всего у книги 34 страниц)

Шрифт:
- 100% +
Літаратурны рух на Беларусі ў 20-30-я гады ХХ ст.

Вялікім ажыўленнем літаратурнага жыцця і актыўнымі ідэйна-мастацкімі пошукамі характэрныя 20-я гады ХХ ст. Гэта быў бурлівы час, час перамен, намаганняў адразу вырашыць усе праблемы мастацкага спасціжэння рэчаіснасці, “адкрыць” неадкрытае раней. Аднак пісьменніцкія сілы панеслі страты: 25 мая 1917 г. у Ялце памёр М. Багдановіч.

Янка Купала пэўны час жыў у Смаленску. У 1919 г. ён пераехаў у Мінск, дзе яму давялося перажыць не адну змену ўлад, не адну акупацыю. Прыходзілі і адыходзілі з беларускай зямлі кайзераўскія захопнікі, пэўны час тут панавалі белапольскія акупанты, а затым на доўгія гады ўсталяваліся на нашай зямлі бальшавіцкія, савецкія парадкі. Я. Купалу было нялёгка прыстасоўвацца да новых улад і да новых абставін. Глыбока перажываў паэт за лёс беларускага народа, трывожыўся за будучае Бацькаўшчыны. Шмат давялося перанесці пакут і страт народнаму паэту і ў асабістым плане на яшчэ даволі працяглай жыццёвай дарозе свайго шчымліва-балючага лёсу. Былі, несумненна, і светлыя хвіліны жыцця, але скруха і трывога не пакідалі паэта праз многія гады ў апошнія перыяды жыцця і творчасці.

Калі заканчвалася Першая імперыялістычная вайна, Якуб Колас знаходзіўся на Румынскім фронце, цяжка хварэў, дэмабілізаваўся, жыў пад Курскам, на радзіме жонкі, Марыі Дзмітрыеўны Каменскай, дзе працаваў настаўнікам, інспектарам народных вучылішч. У Мінск Я. Колас пераехаў толькі ў 1921 г., адразу пасля таго, як Мінск быў канчаткова вызвалены ад інтэрвентаў.

Цішка Гартны ў Петраградзе выдаваў газету “Дзянніца”, затым быў сакратаром Белнацкама пры Наркамаце РСФСР, прымаў актыўны ўдзел у станаўленні савецкай улады на Беларусі. Максім Гарэцкі стала супрацоўнічаў у газетах “Звязда” і “Известия Смоленского Совета”. Вядомы паэт Алесь Гурло жыў у Петраградзе. У 1921 г. з Сімбірскай губерні, дзе, далёка ад радзімы, ён працаваў настаўнікам, на Беларусь вярнуўся старэйшы паэт Янка Журба. Малады паэт Міхась Чарот, які неўзабаве стане кумірам літаратурнай моладзі і правафланговым у яе магутных шэрагах, яшчэ толькі выходзіў на арэну літаратурнага жыцця. Кузьма Чорны – выхадзец з самых нізоў беларускага сялянства – вучыўся ў Нясвіжскай гімназіі, якую скончыў у 1917 г. Міхась Лынькоў, які пабывае пазней на розных войнах, што наканавана было перажыць яго роднаму краю, не абмінуўшы ніводнай з іх, знаходзіўся на фронце. На франтах Грамадзянскай вайны ваявалі будучы пісьменнік Мікола Нікановіч, крытык Адам Бабарэка.

Масавы літаратурны рух на Беларусі пачаўся ў 1923–1925 гг., калі былі ўтвораны літаратурныя аб’яднанні, групоўкі, калі пачала выходзіць вялікая колькасць літаратурных часопісаў, газет, альманахаў, зборнікаў, кніг, літаратурных дадаткаў да газет і часопісаў.

У гады пасля Кастрычніка 1917 г., замежнай інтэрвенцыі і Грамадзянскай вайны Янка Купала, Якуб Колас, Змітрок Бядуля востра перажывалі час складаных ідэйных пошукаў. Яны заўсёды былі са сваім народам, захоўваючы светлую веру ў ідэалы свабоды, роўнасці, шчасця, імкнучыся спазнаць ісціну, кіруючыся з самага пачатку пачуццём уласнага сумлення, выяўляючы ў творчасці глыбінны народны дух, што, як і цвярозы розум і здаровы сялянскі практыцызм, дапамагала арыентавацца ў палітычных падзеях таго часу. Пісьменнікі перадавалі ў творах усю складанасць жыцця грамадства пераломнай эпохі.

Творы беларускіх пісьменнікаў друкаваліся ў 20-я гады ў выдавецтве “Адраджэнне” (пазней “Савецкая Беларусь”). “Органам новага пісьменніцтва” называў Я. Колас газету “Савецкая Беларусь”, якая адыграла выключную ролю ў фарміраванні новага атрада беларускіх пісьменнікаў. У “Савецкай Беларусі” працавалі Я. Купала, Ц. Гартны, М. Кудзелька (М. Чарот), А. Гурло, Я. Журба, З. Бядуля, К. Крапіва і інш.

У лістападзе 1923 г. пачаў выходзіць часопіс “Маладняк”, спачатку як орган ЦК ЛКСМБ, пазней стаў органам Усебеларускага аб’яднання паэтаў і пісьменнікаў “Маладняк”. Менавіта з утварэннем гэтага масавага літаратурнага аб’яднання, фактычна з канца 1923 г., абуджаецца актыўнае літаратурнае жыццё рэспублікі.

Варта сказаць, што літаратурны рух на Беларусі ў 20-я гады ў многім выяўляў асаблівасці тых літаратурных працэсаў, якія адбываліся ва ўсёй савецкай літаратуры. Каб зразумець усю складанасць узаемаадносін пісьменнікаў і літаратурных груповак у гэты перыяд, варта мець на ўвазе, што ўсе пісьменнікі ўваходзілі ў тую ці іншую арганізацыю. Разыходжанні часцей за ўсё меліся ў эстэтычных праграмах. Парыванні былі шчырымі, непасрэднымі – знайсці новыя формы для выяўлення рэчаіснасці, для раскрыцця новага, як тады бачылася, рэвалюцыйнага зместу жыцця, выявіць нетрадыцыйны, наватарскі падыход, сказаць новае, свежае слова ў літаратуры.

Дзейнасць літаратурных аб’яднанняў на Беларусі

Свежай плынню ў беларускай савецкай літаратуры стала літаратурнае аб’яднанне “Маладняк”. Яно праіснавала даволі доўга, дало жыццё іншым літаратурным групам, адчувальна паўплывала на развіццё літаратуры. У яго шэрагах выхавалася цэлая плеяда маладых паэтаў, празаікаў, драматургаў, крытыкаў, публіцыстаў, журналістаў, прапагандыстаў роднага слова.

Арганізацыйнае афармленне “Маладняка” адбылося ў Мінску 28 лістапада 1923 г., калі ініцыятыўная група, у якую ўваходзілі А. Александровіч, М. Чарот, А. Бабарэка, А. Дудар, А. Вольны і Я. Пушча, заявіла на адным з пасяджэнняў у клубе “КіМ” аб заснаванні згуртавання літаратурнай моладзі. Старшынёй літаб’яднання стаў М. Чарот.

Маладнякоўцы вялі шырокую прапаганду мастацкай творчасці ў масах (“Мастацкае слова – масам” – пад такім дэвізам выходзілі многія кнігі), клапаціліся аб выяўленні маладых літаратурных сіл, аб іх выхаванні і прафесійным росце, распрацоўвалі новыя тэмы, дзейнічалі напорыста і актыўна. Вяліся пошукі новых форм у мастацтве для адлюстравання дынамікі жыцця.

Лічыцца маладнякоўскім аўтарам было гонарам у той час. “Мы зарунелі на беларускіх загонах”, “мы – маладняк гэтых новых усходаў” – гаварылася ў дэкларацыях літаб’яднання. “Маладнякоўскія шэрагі папаўняюцца такімі паэтамі, якія з глухіх куткоў Беларусі ідуць у лапцях і нясуць у торбачках свае творы. Але пяюць гэтыя песняры-лапцюжнікі весела, бадзёра!” – пісаў М. Чарот у артыкуле “Маладнякоўскімі крокамі”.

Рост патрабаванняў да мастацкай творчасці, неабходнасць развіцця розных жанраў, стыляў, імкненне падняць эстэтычны ўзровень мастацкіх твораў сталі прычынамі расколу “Маладняка” і ўтварэння літаратурнага аб’яднання “Узвышша” (1926–1928), куды ўвайшлі К. Чорны, К. Крапіва, У. Дубоўка, А. Бабарэка і інш. Многія ўзвышэнцы адкрыта не згаджаліся з пазіцыяй маладнякоўцаў, не маглі задаволіцца агульным станам беларускай літаратуры. “Узвышша” займалася пераважна творчымі пытаннямі, члены гэтай арганізацыі паставілі на мэце даць сапраўды “каштоўнае ў беларускай літаратуры”, клапаціліся пра высокі эстэтычны ўзровень сваіх твораў, пра нацыянальнае аблічча літаратуры, пра культуру творчасці. Хоць і абвінавачвалі ўзвышэнцаў у каставай замкнёнасці, адасобленасці, эстэцтве, акадэмізме, але настроенасць на вырашэнне сур’ёзных задач у літаратуры не магла не выклікаць павагі. «Узвышша» – унікальнае літаратурнае аб‘яднанне маладых паэтаў і празаікаў, якія стварылі выдатныя творы беларускай літаратуры сусветнага ўзроўню, непераўзыдзеныя ўзоры нацыянальнага слоўнага мастацтва.

Характар самастойнага аб’яднання насіла “Полымя” (1927), у якое ўваходзілі Я. Колас, Я. Купала, Ц. Гартны і якое існавала пры аднайменным часопісе. Аб’яднанне не вылучала ніякай эстэтычнай праграмы і лічылася пазастатутным.

Пралетарска-сялянская беларуская суполка “Пробліск” (1926) праіснавала мала, у яе складзе былі Я. Бобрык, А. Гурло, Т. Кляшторны, А. Звонак. “Беларуская літаратурна-мастацкая камуна” (1927–1928) мела лефаўскі ўхіл, у яе ўваходзілі Я. Скрыган, М. Шалаеў, П. Шукайла, якія намагаліся пісаць “пад Маякоўскага”, пераймалі канструктывістаў, спрабавалі даць новыя вершаваныя ўзоры рэвалюцыйнага кірунку.

Былі яшчэ літаратурныя гуртоўкі “Мінскі перавал” (1927), “Звенні” (1925). Яны аб’ядноўвалі паэтаў і празаікаў, якія пісалі на рускай мове (С. Пілітовіч, Р. Кобец, Р. Бунтар і інш.).

Утварэнне груповак, аб’яднанняў, а таксама іх рэарганізацыя, самаліквідацыя і паяўленне новых плыняў доўжылася да 1932 г., пакуль не была прынята пастанова ЦК ВКП (б) “Аб перабудове літаратурна-мастацкіх арганізацый”, пасля чаго ўсе літаб’яднанні былі распушчаны, утвораны аргкамітэт і пачалася непасрэдная падрыхтоўка да першага з’езда беларускіх савецкіх пісьменнікаў (1934). Бурнае літаратурнае жыццё 20-х гадоў павольна ўваходзіла ў свае берагі. Але водгаласы тых “вірлівых” дзён чуліся яшчэ доўга ў літаратуры і грамадска-палітычным жыцці рэспублікі. Маладая беларуская літаратура шукала новыя формы мастацкага спасціжэння жывой, хутказменлівай рэчаіснасці.

* * *

У 20-я гады імкліва развіваліся ўсе літаратурныя жанры. Асаблівы росквіт атрымала паэзія, найперш беларуская паэма. З’явіліся першыя беларускія раманы, дасягнулі значных вяршынь драматургія і крытыка. Выйшлі з друку зборнікі паэзіі: “Завіруха” М. Чарота, “Па беларускім бруку” А. Александровіча, “Сонечнымі сцежкамі” А. Дудара і інш.

Маладыя аўтары эксперыментавалі, шукалі новыя формы (“Раніца рыкае” Я. Пушчы, “Гвалт над формай” М. Грамыкі), пісалі пра рэвалюцыйнае абнаўленне (“Ветры буйныя” П. Труса, “Чарнакудрая радасць” А. Вольнага, “Песні працы і змагання” Ц. Гартнага).

Жанр паэмы развіваўся з сапраўдным размахам. З’явіліся фундаментальныя творы – “Новая зямля”, “Сымон-музыка” Я. Коласа, “Безназоўнае” Я. Купалы, паэмы, тэмай і зместам якіх сталі падзеі рэвалюцыі і Грамадзянскай вайны, – “Босыя на вогнішчы” М. Чарота, “Юны змаганец”, “Дзясяты падмурак” П. Труса. У буйных творах паэзіі і прозы ажывалі старонкі далёкай гісторыі (“Крычаўская спакуса” У. Дубоўкі, “Францыск Скарына” С. Хурсіка).

Сапраўднага росквіту дасягнула ў 20-я гады беларускае апавяданне. Асабліва актыўна выступалі ў гэтым жанры Я. Колас (“Сяргей Карага”, “Крывавы вір”), М. Зарэцкі (“Кветка пажоўклая”, “Дзіўная”, “На чыгунцы”), П. Галавач (“Кнак”, “Дзве сцежкі”), М. Лынькоў (“Над Бугам”), М. Нікановіч (“Крык працы”), В. Каваль (“На загонах”).

У беларускай літаратуры ствараліся першыя раманы. Яны ўзніклі як эпас народнага жыцця падчас рэвалюцыі і Грамадзянскай вайны (“Сцежкі-дарожкі” М. Зарэцкага, “Сын” Р. Мурашкі). Убачылі свет высокамастацкія аповесці Я. Коласа “У палескай глушы” і “У глыбі Палесся”, якія разам з аповесцю “На ростанях” склалі трылогію – першае эпічнае палатно ў нашай літаратуры, а таксама раманы К. Чорнага “Зямля”, “Вясна”, “Ідзі, ідзі”, “Бацькаўшчына”.

Гэта быў час феерычнай успышкі твораў для моладзі і аб моладзі ў рэвалюцыйным змаганні. Паявіліся шматлікія героіка-прыгодніцкія аповесці – “Свінапас” М. Чарота, “Два” А. Вольнага, “Рыгор Галота” I. Барашкі, “Мяцеліца” М. Нікановіча, “Затока ў бурах” Я. Скрыгана. Да іх прымыкае і аповесць З. Бядулі “Салавей”. Напісаны займальныя прыгодніцкія аповесці Я. Маўра “Палескія рабінзоны”, “ТВТ”, “Амок”, “Сын вады”. Гэтымі творамі зачытвалася моладзь, яны мелі поспех. У іх быў заключаны новы, рэвалюцыйны змест эпохі. Ад “чалавека ў рэвалюцыі” да “чалавека рэвалюцыі” – такі шлях беларускай літаратуры 20-х гадоў, якая імкнулася паказаць героя ў “віры жыцця”, а ў пазнейшы час – на памежжы 20–30-х гадоў – выявіць, як тыя прынцыпы, нормы, ідэі, за якія працоўныя ішлі на бой і гінулі ў гады Грамадзянскай вайны, увасабляліся ў жыццё. Але сапраўднага адкрыцця новага героя не адбылося.

На рубяжы 30-х гадоў выразна акрэслілася тэндэнцыя да адлюстравання ў творах літаратуры самых розных перыпетый чалавечых лёсаў, шляхоў у рэвалюцыю, паказу жыцця тых, “хто быў нікім”, а стаў усім. З’явіліся аповесці-лёсы, раманы-біяграфіі, раманы-хронікі, якія малявалі жыццё сялянства (“Праз гады” П. Галавача, “Камароўская хроніка” М. Гарэцкага).

Знешне гэты працэс насіў характар набліжэння літаратуры да жыцця. У 30-я гады ўлады патрабавалі ад літаратуры паўней раскрываць штурмавы пафас першых пяцігодак. Для паэта таго часу мала быць уважлівым сведкам, рэгістратарам падзей, ён – актыўны і непасрэдны ўдзельнік сацыялістычнага будаўніцтва. У сувязі з гэтым можна прыгадаць першыя вершы П. Броўкі “Ой, не шапчы, мая бярозка” ці “Не буду я стаяць на раздарожжы”.

Найбольшыя здабыткі літаратуры 30-х гадоў – з’яўленне твораў “вялікага пералому” – аб калектывізацыі, сярод якіх аповесць П. Галавача “Спалох на загонах”, раман М. Зарэцкага “Вязьмо”, аповесць Я. Коласа “Адшчапенец”, раман К. Крапівы “Мядзведзічы”, аповесці С. Баранавых “Межы” і “Новая дарога”, раман Р. Мурашкі “Салаўі святога Палікара”. У кожным з гэтых твораў маляваліся вострыя драматычныя сітуацыі ў вясковых сем’ях, ломка векавых традыцый, гвалт над псіхалогіяй селяніна, складаныя сацыяльныя працэсы, што адбываліся ў вёсцы ў гады калектывізацыі.

Такімі былі асноўныя шляхі беларускага прыгожага пісьменства ў даваенны перыяд, у такіх умовах уваходзіла беларуская літаратура ў суровы час Вялікай Айчыннай вайны.

Пытанні для кантролю

1. У якіх умовах нараджалася беларускае друкаванае слова?

2. Вызначце ролю газеты “Наша ніва” ў працэсе станаўлення новай беларускай літаратуры.

3. Якія новыя імёны з’явіліся ў беларускай літаратуры ў пачатку ХХ ст.?

4. Якія літаратурныя рухі і групоўкі дзейнічалі ў 20-я гады ХХ ст.?

5. Дзейнасць “Маладняка”, “Полымя”, “Узвышша”, літаб’яднання “Звенні”.

6. Пакажыце жанрава-стылёвую разнастайнасць літаратуры 20-х гадоў ХХ ст.: прозы, паэзіі, драматургіі.

7. Праблема асабістага і грамадскага ў беларускай прозе 20-х гадоў ХХ ст.

8. Літаратура 30-х гадоў ХХ ст. і яе характэрныя асаблівасці: аддаленне ад рэалій жыцця, збядненне чалавеказнаўчага пласта.

9. Якія творы 30-х гадоў ХХ ст. мелі найбольшае значэнне для развіцця літаратуры?

10. Якія раманы-лёсы, раманы-біяграфіі вы ведаеце?

11. Сацыяльныя і псіхалагічныя праблемы калектывізацыі і іх адлюстраванне ў мастацкай літаратуры.

Літаратура перыяду Вялікай Айчыннай вайны

Характэрнай асаблівасцю беларускай літаратуры перыяду Вялікай Айчыннай вайны было тое, што ўсе творы ствараліся ў асноўным па-за межамі Беларусі. Янка Купала слаў свае лісты-пасланні “Беларускім партызанам” з-пад Масквы, на франтавых дарогах пісаў паэму “Беларусь” П. Броўка, яркая і праўдзівая франтавая лірыка П. Панчанкі, “праз вогненны небасхіл” пранёс сваё слова М. Танк, напісаўшы многія вершы і паэму “Янук Сяліба”. Лірыка перыяду Вялікай Айчыннай вайны А. Куляшова – творчы подзвіг паэта, цікавыя апавяданні М. Лынькова (“Астап”), драма К. Крапівы “Проба агнём”, раман К. Чорнага “Пошукі будучыні”. Усе гэтыя выдатныя творы сталі залатым фондам нашай літаратуры. У іх паказвалася складанасць лёсу Беларусі на “скрыжалях вайны”, будні партызан, байцоў, раскрываўся патрыятызм і гераізм людзей, на фронце і ў тыле.

Вялікая роля адводзілася сатыры. “Раздавім фашысцкую гадзіну” – так называлася газета-плакат К. Крапівы. Літаратура ваеннага часу носіць ярка выражаныя рысы гістарызму, з’яўляецца мастацкім летапісам барацьбы беларускага народа супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Вобраз Бацькаўшчыны, ідэя вызвалення роднага краю праходзяць праз усе творы.

Тры пакаленні беларускіх паэтаў і пісьменнікаў плённа працавалі ў суровыя ваенныя гады. Многія з паэтаў загінулі: М. Сурначоў, З. Астапенка, А. Коршак, А. Жаўрук, Хв. Шынклер, А. Мілюць, А. Ушакоў. Але сацыяльны заказ эпохі выконваўся з гонарам, нараджаліся выдатныя радкі пра веру народа ў перамогу. Літаратура расла, развівалася, мужнела.

Вычарпальна і ўсебакова паказаў гістарычны шлях беларускага народа П. Броўка ў паэме-араторыі “Беларусь”. Кожны новы раздзел пачынаўся зваротам: “Зямля Беларусі! Ты помніш нямала…” Услед за паэтам чытач праходзіў нялёгкімі шляхамі мінулага, сучаснага, робячы акцэнт на няскоранасці, гераізме і творчым уздыме беларускага народа. Паэт славіў продкаў, культуру, асвету, мастацтва, звяртаўся да новых дзён, калі краіне і людзям выпалі новыя суровыя выпрабаванні. Талент П. Броўкі раскрываецца з новай сілай: творца актыўна выкарыстоўвае прыёмы вусна-паэтычнай творчасці беларускага народа, вершы насычаны стыхіяй жывога народнага жыцця, напоўнены трапяткім пачуццём, пакідаюць незабыўнае ўражанне. У творы “Надзя-Надзейка” выяўляецца трагізм ваенных дзён. Гэта верш-плач па гвалтоўна загубленым жыцці дзяўчыны. Ужо не жаці жыта яе рукам, са скрухай гаворыць паэт, “снапоў не вязаці”. Звяртаючыся да бярозы, пытаецца: “Што ж ты, бярозанька, не ўратавала?” Вершы П. Броўкі ваеннага часу – гэта народныя песні аб славе і надзеі. “Будзем сеяць, беларусы”, – сцвярджае паэт у аднайменным вершы, перадае адчуванне байца-беларуса ад сустрэчы з роднай зямлёй у вершы баладнага складу “Спатканне”.

 
Як спяшаў я да Вас,
Засмучоныя хаты,
Здратаваныя нівы,
Лугі-мурагі!..
Я вярнуўся да Вас
Цвёрдым крокам салдата,
Хоць нямала пранёс
За дарогу тугі.
 

Пранікнёная лірыка А. Куляшова перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Творы не страцілі сваёй эстэтычнай каштоўнасці і сёння, праз многія дзесяцігоддзі пасля іх напісання.

Поўная драматызму балада “Над брацкай магілай”.

 
Ёсць пад Стараю Русай
Руская вёска Лажыны.
Там, нібы ў Беларусі,
І вербы растуць, і рабіны.
 

Святлацені змяняюцца, калі паэт з горыччу гаворыць аб ахвярах вайны: “Там магіла ёсць брацкая ў лузе, / За вёскай Лажыны, / Там хлапцы беларускія / Чэсна галовы злажылі”. Балада мае развітальны змест.

Паэт гаворыць ад імя тых, хто аддаў сваё жыццё, каб вечна свяціла над нашай зямлёй зіхатлівае сонца свабоды, каб ніколі не было вайны. Загінуўшыя воіны змагаліся за родную Бацькаўшчыну, думкі пра якую агортваюць лірычнага героя верша. Твор не падобны да народных плачаў над труной нябожчыка, ён напоўнены мужнасцю, глыбінёй патрыятычнага духу. Увага аўтара скіравана на родныя гоні, што жывілі сэрца і душу, да валі надзею на мірны час.

 
Наглытацца хачу туманоў,
Твайго ветру і пылу;
Наглытацца хачу за сябе і за тых,
Што не ўстануць з нябыту.
Вочы просяць нябёсаў тваіх;
Ім твайго не хапае блакіту.
 

Яркая і пераканаўчая франтавая лірыка П. Панчанкі перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Паэт прайшоў дарогамі вайны з захаду на ўсход, адступаючы ад Беластока разам з савецкімі войскамі.

Душэўным смуткам, жывым болем насычаны верш П. Панчанкі “У мяне не забілі нікога”. Сапраўды, кажа паэт, не асабістым горам кіруецца наш салдат, калі гоніць чужынцаў на захад, а патрыятычным жаданнем хутчэй убачыць родныя гоні і палеткі вольнымі і шчаслівымі. Гэта верш-балада. У спакойнай разважлівай танальнасці пачынае аўтар свой твор, спрабуючы асэнсаваць вытокі нашага гераізму, помсты, адплаты, бо, калі сапраўды “у мяне не забілі нікога – ні маці, ні жонкі, ні брата. Я не плакаў бяссоннаю ноччу ад горкае страты,” дык чаму ж, пытаецца лірычны герой, “ад чаго ж тады сэрца так хоча, так прагне расплаты?”

“Я ўвайду ў Беларусь, як байцы ўвайшлі ў Сталінград”, – сцвярджае ад імя воіна-пераможцы П. Панчанка.

“Вока снайпера” – верш П. Панчанкі аб неспатольнай празе простага салдата – ачысціць родную зямлю ад набрыдзі, заразнай пошасці, выполваючы іх, як пустазелле, з нашых палёў і ніваў, знішчаць, выглядаючы ў снайперскі прыцэл, як нейкіх дзікунскіх казюрак, мошак, жучкоў-караедаў, калі глядзець на іх здалёку, як ненавісных пачвар.

“Дзеля жыцця на зямлі” беларускія паэты, сучаснікі і ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, імкнуліся па-мастацку асэнсаваць бессмяротны подзвіг народа, які стаў на абарону сваёй Радзімы, гераічны пачатак у характары народа, што меў глыбокія карані.

Апошнюю кулю сваім парабелуме, кажа аўтар, трымае ротны палітрук не для сябе, але каб “загнаць у зямлю” яшчэ хоць аднаго ворага (“Апошняя куля”).

Пяру Панчанкі належыць цыкл выдатных вершаў, якія аб’яднаны ў “Іранскі дзённік”: “У Тэгеране”, «Слухаючы “Перапёлку”», “Сустрэча з бярозай”, “Што я думаў, гледзячы на Каспійскае мора”, “Апяваў Адам Міцкевіч”, “Рамантыка”, “Малярыя”, “Караван”, “Мы першы раз за межамі Радзімы…”. Лірычны герой у вершах “Іранскага дзённіка” паўстае палымяным патрыётам роднай краіны, верным сынам Беларусі, франтавіком, які думамі і справамі гатоў набліжаць доўгачаканую перамогу. З “прыільменскіх балот” трапіў паэт у сонечную краіну, прайшоў упершыню па зямлі нейтральнай дзяржавы, не губляючы форсу салдата-пераможца: “Тужэй падцягваем франтавыя дзягі, глянцуем боты, чысцім шынялі”.

Франтавая лірыка П. Панчанкі разам з вершамі А. Суркова, К. Сіманава (“Темная ночь”, “Землянка”, “Жди меня”, “Ты помнишь, Алёша, дороги Смоленщины” і інш), песеннай лірыкай М. Ісакоўскага, М. Блантара і іншымі выдатнымі творамі той пары стала яркай і незабыўнай, надзвычай уражлівай старонкай мастацкай творчасці ў галіне слова. Уклад беларускіх паэтаў ва ўслаўленне гераізму і непераможнасці народа на дарагой і любай сэрцу роднай Беларусі асабліва важкі.

У празаічных мастацкіх палотнах подзвіг народа ў гады вайны ўвекавечылі “па жывых слядах” часу празаікі М. Лынькоў і К. Чорны. У зборніку “Астап” М. Лынькоў расказаў пра гераічны ўчынак простага селяніна, які паўтарыў подзвіг кастрамскога мужыка Івана Сусаніна, што аддаў жыццё за Радзіму, завёў палякаў-ляхаў у балоты. Беларускі селянін Астап таксама не пашкадаваў уласнага жыцця дзеля таго, каб адвесці бяду ад родных яму людзей, завёў фашысцкіх прышэльцаў у непралазны лясны гушчар, дзе яны і загінулі.

Кузьма Чорны за гады вайны стварыў шэраг мастацкіх палотнаў – раманы і аповесці “Пошукі будучыні”, “Скіп’ёўскі лес”, “Млечны шлях”, “Вялікі дзень”. Раманы філасофскага напаўнення малявалі выбар і лёс беларускага народа на краі абрыву – у час ваеннага ліхалецця, змагання з чужынцамі. Чарговы раз беларуская зямля стала арэнай бітваў. Ад народнага лубка, анекдота, звычайнай бытавой сцэнкі, якая адбывалася ў праслаўленай сваімі неверагоднымі здарэннямі вёсцы Галаскі, адштурхоўваецца празаік К. Чорны ў апавяданні “Вялікае сэрца”, каб раскрыць самабытнасць, арыгінальнасць, мужнасць беларускага нацыянальнага характару.

Незалежнасць сённяшняй Беларусі асветлена Вялікай Перамогай. Менавіта за важкі ўклад у разгром нямецка-фашысцкіх захопнікаў і значныя страты, што панесла наша краіна ў гады вайны 1941–1945 гг., Беларусь была надзелена правам суверэннага голасу ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, якая ўтварылася на канферэнцыі ў Сан-Францыска. Адным з удзельнікаў канферэнцыі быў беларускі пісьменнік Міхась Ціханавіч Лынькоў, подпіс якога стаіць пад устаноўчым дакументам гэтай уплывовай арганізацыі свету.

Беларусь шмат вынесла на сваіх плячах. Значны ўклад ва ўвекавечанне бессмяротнага подзвігу народа ўнесла беларуская мастацкая літаратура, якая ўжо ў суровыя дні ліхалецця раскрывала вызваленчы характар народнай вайны, паказвала непераможнасць духу беларусаў, прагу Беларусі да незалежнасці.


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 | Следующая
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Это произведение, предположительно, находится в статусе 'public domain'. Если это не так и размещение материала нарушает чьи-либо права, то сообщите нам об этом.


Популярные книги за неделю


Рекомендации