Текст книги "Беларуская лiтаратура"
Автор книги: Уладзімір Навумовiч
Жанр: Языкознание, Наука и Образование
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 18 (всего у книги 34 страниц)
Кандрат Крапіва (1896–1991)
Сатыра не павінна быць абсмяяннем заган і слабасцей, але парываннем, энергіяй раззлаванага пачуцця, громам і маланкай высакароднага абурэння. У яе аснове павінен ляжаць найглыбейшы гумар…
В. Р. Бялінскі
Кандрат Крапіва – адзін са старэйшых беларускіх пісьменнікаў. Разам з Я. Купалам і Я. Коласам ён закладваў падмурак беларускай літаратуры ХХ ст. Нарадзіўся К. Крапіва (Кандрат Кандратавіч Атраховіч) у невялічкай вёсцы Нізок на Уздзеншчыне, у краі, які даў беларускай літаратуры шэраг слынных паэтаў і празаікаў, такіх, як П. Трус, П. Глебка, А. Астрэйка, А. Бялевіч, А. Русак, А. Якімовіч. Літаратурная слава Уздзеншчыны вядомая.
К. Крапіва быў адным з першых, хто пасля Кастрычніка з глыбінь народнага жыцця прыйшоў у літаратуру. Павучыўся ён крыху ў царкоўнапрыходскай школе, у гарадскім вучылішчы Стобцах, затым у Койданаве, здаў экстэрнам экзамены на званне народнага настаўніка. Працаваў, служыў у царскім войску, вучыўся перад самай рэвалюцыяй у Гатчынскай школе прапаршчыкаў. Як ён сам пісаў, праз нейкі час атрымаў “рэвальвер, шашку, якая з непрывычкі замінала хадзіць, афіцэрскае абмундзіраванне – і гатоў афіцэр дарэвалюцыйнай Расіі”. Апынуўся на Румынскім фронце, даслужыўся ў старой арміі да паручніка. Пасля ўстанаўлення Савецкай улады па загадзе наркама М. Крыленкі быў дэмабілізаваны як настаўнік у пачатку 1918 г. Працаваў на гаспадарцы, перажыў у вёсцы дзве акупацыі (нямецкую і польскую), трохі настаўнічаў, потым яшчэ не аднойчы вяртаўся на бацькоўскую зямлю, каб працаваць на ёй, бо, па яго словах, “цвярозы сялянскі розум звычайна падказваў правільную агульную арыентацыю”. Давялося служыць у Чырвонай Арміі некалькі гадоў. Тут і далучыўся К. Крапіва да літаратурнай працы. У газеце “Красноармейская правда” 13 красавіка 1922 г. упершыню быў надрукаваны яго вершаваны фельетон “Жылі былі”. У яе ж рэдакцыйным артыкуле “Паэт-камандзір” К. Атраховіч быў названы адным з лепшых паэтаў Заходняга фронту, “калі не першым”. Вайсковая служба закінула паэта, тады ўжо жанатага чалавека, з сям’ёй – жонкай і дзецьмі – у Мінск, дзе кіпелі ў той час літаратурныя спрэчкі, дыскусіі. К. Крапіва актыўна ўдзельнічаў у літаратурным руху.
У беларускую літаратуру ў гэты час прыйшло новае пакаленне. Маладыя аўтары актыўна шукалі магчымасці сказаць новае слова ў творчасці, перажывалі час складаных ідэйных пошукаў. “У той час усё бурліла і кіпела: ламаліся старыя традыцыі і ідэалы, утвараліся новыя напрамкі і арганізацыі, маладыя пісьменнікі і паэты вызначалі свае жыццёвыя шляхі”, – успамінаў К. Крапіва. Пасля дэмабілізацыі з арміі пісьменнік вырашыў застацца на бацькавай гаспадарцы, бачачы, што ў горадзе жывецца цяжка. “Паэт-сатырык Кандрат Крапіва жыве ў вёсцы на Міншчыне і займаецца сельскай гаспадаркай”, – так пісалася ў хроніцы ў адным з нумароў часопіса “Полымя” за 1924 г.
У 1926 г. у 30-гадовым узросце Кандрат Крапіва паступіў вучыцца ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта, дзе тады займаліся многія маладыя беларускія пісьменнікі: А. Александровіч, М. Зарэцкі, К. Чорны, А. Дудар, А. Вольны і інш. Выйшлі з друку яго зборнікі “Асцё”, “Крапіва” (1925), “Апавяданні” (1926), а пазней “Байкі” (1927), “Ухабы на дарозе” (1930), “Калючы строй” (1932) і інш.
Праграмны верш са зборніка “Крапіва” быў названы спачатку “Не цягнуўся я за Чаротам” (Міхась Чарот паэт-маладняковец), а пазней атрымаў назву “Крапіва”. У ім ёсць вядомыя радкі, якія сталі крылатымі:
Я ў мастацкім агародзе
Толькі марная трава.
А якая? – Смех, дый годзе
Я – пякучка-крапіва….
Гэта і вызначыла скіраванасць твораў паэта. Калі для ранніх вершаў К. Крапівы характэрна “сусветная туга”, дык цяпер яны напаўняліся жыццёвай канкрэтыкай, набывалі вострую сатырычную скіраванасць.
У 20-30-я гады ХХ ст. К. Крапіва стварыў шмат сатырычных вершаў, баек, гумарэсак. Пачынаючы з 1933 г. з-пад пяра пісьменніка выйшаў шэраг драматычных твораў, а ў гады вайны і ў апошнія гады жыцця паэт ізноў вярнуўся да сатыры. К. Крапіва пражыў 94 гады, пакінуў яркі след у літаратуры.
Калі Я. Купала – лірык, драматург, Я. Колас – майстар эпічнага жанру, дык К. Крапіва – пісьменнік-сатырык, гумарыст. Роля сатыры і гумару ў літаратуры – своеасаблівая. Камічнае – катэгорыя эстэтычная. Смех, як вядома, мае шмат адценняў – гэта іронія, сарказм, гумар, жарт, насмешка, вастраслоўе. Сатырычны смех смех сур’ёзны, выкрывальны, праўдзівы. Усім багаццем сатырычных і гумарыстычных фарбаў валодаў і карыстаўся К. Крапіва.
Сатыра і гумар заўжды ідуць поруч. Гумар характэрны для беларуса. “Смех скрозь слёзы” часта гучаў у нашай літаратуры, бо жыццё ніколі не песціла селяніна-працаўніка. Наша літаратура і пачыналася з гумарыстычных твораў – “Тарас на Парнасе”, “Энеіда навыварат”.
К. Крапіва стаў сапраўдным майстрам сатырычнага цэха ў беларускай літаратуры. Смех К. Крапівы – гэта глыбінны роздум над нашымі недахопамі. У творчасці К. Крапівы смех носіць ачышчальны характар. Нездарма сатырык з самых першых крокаў у літаратуры паставіў перад сабой задачу: “З вёскі змываць дакастрычніцкі бруд – задача мая ўдарная”. Разам з тым яго смех – ваяўнічы, наступальны, выпальваючы, гнеўнае выкрыццё заган у грамадстве і ў чалавеку, смех, які часам гучыць выбухам, гнеўным парываннем, громам і маланкай высакароднага абурэння, якое выклікае неадольнае жаданне паэта “ўмяшацца ў жыццё і тое-сёе ў ім паправіць”. Калі выходзіў новы твор К. Крапівы, смяялася ўся Беларусь. З падмосткаў сцэны гучалі яго сатырычныя вершы і байкі, творы К. Крапівы інсцэніраваліся, складалі аснову рэпертуару калектываў мастацкай самадзейнасці. Прыпеўкі на вершы К. Крапівы распявала пад гармонік камсамольская моладзь на вечарынах:
Па планеце пройдзем бурай,
Марксаў помнячы завет, —
Свет стары ушчэнт разбурым
I збудуем новы свет.
Асаблівасць творчасці К. Крапівы як майстра сатырычнага і гумарыстычнага жанру яшчэ і ў тым, што яго творы дапамагалі фарміраванню новага светапогляду ў грамадстве, выпрацоўвалі характэрныя для таго часу ацэнкі рэчаіснасці, раскоўвалі думку і абуджалі фантазію, скіроўвалі на разбурэнне старога і на будаўніцтва новых узаемаадносін. Творы прыўносілі ў быт адметныя маральна-этычныя каштоўнасці, новыя прынцыпы, нормы паводзін. Шматлікія выразы з твораў байкапісца сталі крылатымі выслоўямі, якія шырока бытавалі ў народзе: “Пад кола, жаба, не падлазь”, “Мо б без вас было лягчэй, паспрабуйце злезці”, “Заўсёды знойдуцца такія Івановы, што памахаць яму гатовы”, “Вось такія дактары вымуць душу без пары”, “Калі церці – дык да смерці”, “Слюнцяй, не скавычы, не можаш памагчы, дык лепей памаўчы” і інш.
Супраць каго ж былі скіраваны сатырычныя і гумарыстычныя стрэлы К. Крапівы? Тэматычны дыяпазон яго твораў надзвычай шырокі. У іх адбіліся і падзеі нядаўняй Грамадзянскай вайны, барацьбы новага і старога свету (“Ад пачосткі ныюць косткі”, “Здань мінулага не ўстане”). Сатыра К. Крапівы высмейвала міжнародную рэакцыю, наскокі на маладую дзяржаву, намаганні перашкодзіць будаўніцтву новага ладу жыцця. У яго творах адбіліся тагачасныя рэаліі міжнароднага жыцця (“Жаба ў каляіне”, “Сава, Асёл ды Сонца”), усебакова і гнеўна выкрываліся “ідыятызм вясковага жыцця”, цемра, галеча і бруд на вёсцы (“Будуйце лазні”, “Вось такія дактары вымуць душу без пары”), раскрываліся ў гумарыстычных фарбах новыя парадкі, абставіны грамадскага існавання на вёсцы (“Ціт заводзіць новы быт”), востра і гнеўна выкрываліся і асуджаліся самагонаварэнне, п’янства (“Самагоначка”, “У піўной”, “Ну, як не выпіць”), гультайства (“Год Сцяпана-лайдака”).
Аднак ужо ў той час, у 20–30-я гады ХХ ст., К. Крапіва выдатна бачыў небяспеку праяў бюракратызму ў савецкіх установах, засілля адміністрацыйна-каманднай сістэмы, нараджэнне партыйна-савецкай бюракратыі. Паэт хацеў перасцерагчы ад укаранення злосных праяў чыноўніцкага падыходу, падману (“Не губі сябе, дзяўчына, не йдзі замуж на саўчына, ой не йдзі. Ён кахае скрозь кабету афіцыйна па дэкрэту – ой, глядзі!”). У творах пісьменніка знаходзілі асвятленне і вострыя эстэтычныя праблемы часу, выкрывалася адсутнасць сур’ёзнай крытыкі ў літаратуры, шырокае распаўсюджанне захвальвання ў асяроддзі творцаў, няўменне аб’ектыўна ацаніць зробленае таварышам па пяру або ўласны ўклад у літаратуру (“Муза падвяла”, “Праборка музе”, “Аб буры і націску”, “Ці то здольны пясняр, ці то модны пляткар”). У вершы “Едзе крытык малады” К. Крапіва так выступаў супраць адміністравання ў літаратуры:
– Крытык! Родненькі! Даруй
Мне з маёю музай!
Кіраваць то ты кіруй,
Ды не вельмі тузай!
Паэт заклікаў лічыцца з талентам.
У К. Крапівы многа твораў антырэлігійнага зместу. У іх выкрываліся несамавітыя паводзіны “богавых слуг” на зямлі. Паэт выступаў супраць рэлігійнага экстазу, фанатызму веры, парадзіраваў кананічныя тэксты малітваў. Гэта адпавядала і духу часу, і народнаму стаўленню да рэлігіі.
Байкі і вершы К. Крапівы вылучаліся высокім майстэрствам, нацыянальным каларытам. Творы К. Крапівы “пахнуць усімі пахамі і цвітуць усімі кветкамі беларускага жыцця”, – пісаў акадэмік I. Замоцін. З усіх экзатычных жывёл у байках К. Крапівы чытач сустрэне хіба што Асла. А так у творах прысутнічаюць зусім вядомыя селяніну хатнія жывёлы: Конь, Баран, Свіння, Авечка. Байкі К. Крапівы – невялічкія апавяданні, у якіх нібыта проста і лаканічна гаворыцца пра будзённыя сялянскія справы, але ў той жа час востра і гнеўна высмейваюцца шматлікія заганы людскога суіснавання. Прыгадаем пачатак байкі “Жаба ў каляіне”, дзе даецца каларытны і вельмі дакладны, рэалістычны малюнак прыроды (“Пагода проста нібы дым, у вёсцы – рух, у вёсцы – ўздым, упарта кліча сенажаць, і ні старым, ні маладым тут некалі ляжаць”).
У Германіі ўзнімаў галаву фашызм. Паэт-сатырык імкнуўся выкрыць нахабныя намаганні рэакцыі дыктаваць умовы жыцця іншым народам.
Трапна высмейваў гумарыст распаўсюджаную ў новай сістэме ўзаемаадносін начальства і падначаленых з’яву – жаданне ніжэйшага падладзіцца і дагадзіць вышэйшаму чыну, уменне чорнае выдаць за белае, імкненне зманіць, скрывадушнічаць, пайсці на змову з уласным сумленнем, абы толькі задобрыць высокі аўтарытэт, абы зрабіць так, каб кіраўніцтва заўсёды заставалася задаволеным (“Махальнік Іваноў”). “Ці б’е начальства ў цэль, ці шле за малаком”, – піша байкапісец, – усё роўна сярод падначаленых і пазбаўленых слова людзей, пакорлівых выканаўцаў чужой волі, знойдуцца такія, якія скажуць тое, што хоча чуць улада, зробяць так, як таго пажадае высокая асоба. Людзі – марыянеткі ў чужых руках. Што можа быць страшней? Нездарма ж у творы К. Крапівы кожны персанаж добра ведае, што ён робіць, і не баіцца таго, што яму прыйдзецца адказаць за свае дзеянні. Не, адміністрацыйна-камандная сістэма ўжо належным чынам адладжана, яна з гэтага часу нідзе не давала збою. Тут не было чаго баяцца, канчатковы вынік, падсумоўванне нашых паводзін будзе такім, якім яго захочуць бачыць тыя, хто выступае тут ад імя ўлады. Невыпадкова ў махальніка такое распаўсюджанае прозвішча. І нездарма за свае дзеянні гэты персанаж заслугоўвае падзяку. “А ваенком дык Іванова нават пахваліў. Ты, кажа, Іваноў, сапраўдны падхалім”.
У байках К. Крапівы цесна ўзаемадзейнічаюць апавядальныя, пафасныя, іранічныя, драматычныя, сатырычныя, гумарыстычныя і павучальныя, дыдактычныя інтанацыі. З байкамі К. Крапівы наша літаратура стала багацейшай у жанравых адносінах. У літаратуру прыйшоў выдатны майстар сатыры і гумару. Байка К. Крапівы вырастала з самога жыцця, у ёй адбіўся ўвесь багаты каларыт жывой беларускай гутарковай мовы, вопыт сацыяльнага жыцця.
К. Крапіва – класік беларускай драматургіі. Першай п’есай, якую напісаў пісьменнік, была драма “Канец дружбы”. Затым паявіліся п’есы “Партызаны”, “Хто смяецца апошнім”, а таксама “Проба агнём”, “Мілы чалавек”, “З народам”, “Людзі і д’яблы”, “Брама неўміручасці” і інш.
Сярод усіх п’ес К. Крапівы камедыя “Хто смяецца апошнім” займае асаблівае месца. П’еса не старэе, канфлікт, што разглядаецца ў ёй, значна глыбей і шырэй, чым гэта можа здацца на першы погляд. У творы высмейваюцца заганы, якія аказаліся надта жывучымі і дажылі да нашага часу, праявілася выключнае майстэрства К. Крапівы-драматурга.
П’еса мае стройны класічны сюжэт. Тут яскрава праступае экспазіцыя, ёсць цікавая і інтрыгуючая завязка, напружаны драматычны ход дзеяння, напаленая кульмінацыя, заканамерная і лагічная развязка. Экспазіцыя – размова двух персанажаў, прыбіральшчыцы цёці Каці і вартаўніка дзеда Нічыпара, людзей з народа, аб справах у інстытуце геалогіі, пра новага дырэктара, які вось мяккія канапы ў кабінет паставіў, увогуле ўзяўся гаспадарыць на свой лад.
Завязка – гэта той момант, калі Тулягу прымаюць на вуліцы за дзянікінскага палкоўніка Падгаецкага, калі навукоўцы бачаць работніка органаў у форме, які зусім выпадкова зайшоў ва ўстанову. Усё! З гэтага моманту асноўны вузел супярэчнасцей моцна зацягваецца, з’яўляюцца ўсё новыя і новыя вузельчыкі, зблытваюцца ў адзін клубок ніткі, якімі звязаны ў п’есе дзеючыя асобы. Колькі ва ўсіх гэтых дзеяннях, учынках і паводзінах персанажаў подласці, хцівасці, падману, ліслівасці, казёншчыны, бюракратыі! Як нялёгка сумленным людзям супрацьстаяць гэтаму націску зла і крывадушша. Усіх і ўсё ў п’есе паступова ахутвае атмасфера падазронасці, паклёпу, недаверу. Інстытут літаральна на вачах пагружаецца ў ледзяную ваду падману, шантажу, адміністравання, наскоку, гвалту і насаджэння на гэтай глебе кар’ерызму, пляткарства, вывіжоўвання і амаральнасці.
Кульмінацыя – момант, калі ўсе, хто працуе ў інстытуце, збіраюцца разам, каб паслухаць дырэктара, ягоны даклад на вучоным савеце аб навуковым адкрыцці, даклад, які стане адначасова і самавыкрыццём невуцтва і цемрашальства кіраўніцтва, выкрыццём таго, “хто ёсць хто” на самай справе, калі выразна акрэсліваецца пазіцыя кожнага і ягонае сапраўднае нутро, здольнасці і схільнасці, дамінуючыя рысы характару.
Развязка – недвухсэнсоўная. Яна заключана і ў самой назве п’есы. Правяць баль нягоднікі і кар’ерысты, пры іх добра жывецца паклёпнікам і падлізам, але прыходзіць час, калі кожнага будуць ацэньваць па заслугах, калі стане відаць адразу, хто сапраўдны вучоны і добры чалавек, а хто двурушнік і прайдзісвет. Смяецца той, хто смяецца апошнім. Адкуль гэта? З біблейскай прытчы? Ці назвай п’есы паслужыла беларуская народная прымаўка, якіх шмат у народзе і якія дакладна выяўляюць народны погляд на многія з’явы і рэчы ў грамадстве?
Адметнасцю п’есы К. Крапівы “Хто смяецца апошнім” з’яўляецца тое, што мы адразу ведаем: перад намі вораг, двурушнік, кар’ерыст, і нам, чытачам і гледачам, застаецца толькі сачыць за тым, як жа будзе дзейнічаць Гарлахвацкі, якімі метадамі, і якое супрацьдзеянне выкліча ён, і хто каго пераможа ў гэтай барацьбе. Драматург нібы гаворыць – вось гарлахват, чалавек, якога спіхнулі з аднаго месца, але які апынуўся ў другім, яшчэ больш утульным, дык ён зараз пачне дзейнічаць, так зблытае карты, што “свой свайго не пазнае”. Будзьце пільнымі, не дайце сябе падмануць і запалохаць. Гарлахвацкі добра ўсвядоміў недахопы і вартасці адміністрацыйна-каманднай сістэмы. Таму і выкарыстоўвае ў навукова-даследчым інстытуце даўно апрабаваныя метады падману і шантажу. І гэтыя метады дзейнічаюць безадказна, па куль супраць інтрыг і падману не выступяць сумленныя людзі. Ідэалагізаванасць усіх сфер нашага жыцця, у тым ліку навуковай галіны, спараджае такія непажаданыя з’явы, як бяздоказныя абвінавачанні, наклейванне ярлыкоў, стварэнне вобраза ворага, пошукі шкоднікаў у любой установе, на рахунак якіх можна аднесці ўсе існуючыя недахопы.
Гарлахвацкі не грэбуе нічым, каб “затаптаць” ахвяру. На кожнага ўздзейнічае па-рознаму. На Чарнавуса – ласкай, на Веру – кампраметацыяй і паклёпам, на Тулягу – запалохваннем і інтрыгай, на Зёлкіна – загадам. Нахрапам, сілай дамагаецца свайго, робіць усё, каб іншых зламаць, падтаптаць, прымусіць. У асобе Гарлахвацкага драматургам выведзены сацыяльны тып прадстаўніка адміністрацыйна-каманднай сістэмы, бюракратыі эпохі сталінізму, калі падазронасць і недавер дасягнулі свайго апагею. Але гэта і тып кар’ерыста, дробнага дзялка, які выкарыстоўвае сваё службовае становішча для ўласнага ўзвялічвання. Гэта не такі ўжо вымерлы тып, з мамантаў, але са свінячым рылам і вельмі тыповымі, распаўсюджанымі рысамі. Вобраз атрымаўся, што называецца, на ўсе часы і эпохі, на ўсе сацыяльныя фармацыі. Вобраз глыбейшы, чым можа здацца на першы погляд. Пісьменнік раскрывае паводзіны чалавека, для якога няма нічога святога, які даб’ецца свайго што б там ні было, прымусіць іншых служыць яму, будзе плесці інтрыгі, цкаваць, ісці па касцях, прыгнятаць людзей. Гэта твор аб праве чалавека быць самім сабою, дзе аўтар выступае за адстойванне чалавечага ў чалавеку. Вобраз чалавека, які ўсё бярэ горлам, каб як мага больш насыціць сваю ненасытную вантробу, гатовы эксплуатаваць тых людзей, што яго акружаюць і залежаць ад яго, які гатовы прысвоіць вынікі чужой працы – гэты вобраз з’яўляецца адным з найбольшых мастацкіх адкрыццяў К. Крапівы-драматурга.
Адзіны вобраз, які пададзены ў п’есе ў развіцці – Туляга. Станоўчы ці адмоўны гэты персанаж? Несумненна, гэта чалавек цалкам станоўчы, але са сваімі слабасцямі, недахопамі характару, узятымі ад продкаў (“і дзед у мяне быў Туляга, і прадзед”…), сфарміраванымі часам, абставінамі.
П’еса “Хто смяецца апошнім” – твор аб духоўным выпростванні маленькага чалавека, аб пераадоленні страху ў душы, аб пазбаўленні ад нявольніцкай псіхалогіі, што прымушае вечна гнуцца перад начальствам, аб усведамленні сябе асобай і творцам. Аўтарская рэмарка аб тым, што Туляга праходзіць міма Гарлахвацкага з горда ўзнятай галавой, сведчыць пра многае. Гэта не патаемная помста, не злы розыгрыш ненавіснага табе невука і гарлапана, не перамаганосны смех з чужой бездапаможнасці ў навуцы. З усяго гэтага не смяюцца, сапраўдны чалавек так не помсціць. Гэта – усведамленне сябе чалавекам, вяршыцелем уласнага лёсу, разуменне сваёй годнасці, урачыстая перамога над самім сабою, над сваёй прыніжанасцю. Смяецца па-сапраўднаму, ад усёй душы той, хто здолее захаваць душу жывую, хто застанецца чалавекам у любой сітуацыі, не дасць сябе зламаць, не дасць мацнейшаму падтаптаць сябе.
Смех – зброя грозная, але гуманная. Смех б’е і паліць, як маланка. “Ад смеху падаюць ідалы, спадаюць вянкі і аправы, цудадзейная ікона робіцца ўчарнелай і дрэнна намаляванай карцінкай”, – пісаў Вальтэр. К. Крапіва быў адным з тых аўтараў-сатырыкаў, якія “скідвалі” з грамадскіх “ідалаў” арэол святасці, недаступнасці, паказвалі ўсю неадпаведнасць будзённага існавання тым высокім ідэалам, да якіх мы імкнуліся, на якія мы арыентавалі наша грамадства. Шчодра высеянае аднойчы зло давала багатыя ўсходы, то ў адным месцы, то ў другім адчувалася засілле бескультур’я, цемры, п’янства, бюракратыі, здзеку з чалавека.
К. Крапіва працаваў у беларускай літаратуры на працягу ледзь не ўсяго стагоддзя. Зроблена ім шмат: у навуцы, у драматургіі, у паэзіі. Многія творы К. Крапівы па праву ўвайшлі ў залаты фонд беларускай літаратуры.
Пытанні для кантролю
1. Якія, на ваш погляд, незвычайныя ці найбольш цікавыя факты з біяграфіі К. Крапівы вы можаце прывесці?
2. Раскажыце пра ўклад К. Крапівы ў беларускую літаратуру ХХ ст. як паэта-сатырыка, байкапісца, празаіка, драматурга, вучонага.
3. Назавіце асноўныя тэмы сатырычных вершаў і баек К. Крапівы.
4. У чым вы бачыце нацыянальны каларыт і непаўторнасць сатырычных вершаў і баек К. Крапівы?
5. Пацвердзіце прыкладамі з твораў пісьменніка выкарыстанне ім шматлікіх прыёмаў і спосабаў мастацкага паказу рэчаіснасці. Што сведчыць аб багацці мастацкай палітры мастака слова?
6. Якое месца займае і якую ролю адыгрывала і адыгрывае ў беларускай літаратуры драматургія К. Крапівы?
7. Назавіце класічныя элементы сюжэтабудавання ў п’есе К. Крапівы “Хто смяецца апошнім”.
8. У чым наватарства і майстэрства К. Крапівы-драматурга? Якія п’есы К. Крапівы вы ведаеце?
9. Якія традыцыі закладзены пісьменнікам у беларускай драматургіі?
Кузьма Чорны (1900–1944)
Многа бачылася свету, а колькі яшчэ бачыцца будзе… А чалавек – гэта ж свет, адна істота – неабхватны прастор, і разглядай яго, калі ўмееш.
Кузьма Чорны. Вечар
Класік беларускай прозы Кузьма Чорны паставіў перад сабою ў літаратуры вялікую задачу – намаляваць у мастацкіх палотнах гісторыю беларускага народа “за часы ад знішчэння паншчыны і да нашых дзён”. Жаданне было даволі шчырае. Задума сапраўды эпахальная, і пісьменніку многае ўдалося зрабіць.
Кузьма Чорны (Мікалай Карлавіч Раманоўскі) нарадзіўся ў маёнтку Боркі на Случчыне ў сям’і, як тады казалі, чорнага парабка (адсюль і выбар псеўданіма; Чорны так некалі нібыта клікалі вяскоўцы дзеда празаіка). Вучыўся будучы пісьменнік у Цімкавічах, невялікім мястэчку на Капыльшчыне, куды пераехала жыць сям’я каб вывучыць сына. Пазней К. Чорны паступіў вучыцца ў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю – “мужыцкі ўніверсітэт”, дзе не трэба было плаціць за навучанне, а тым, хто добра займаўся, яшчэ давалі стыпендыю.
Родныя Цімкавічы і іх жыхароў К. Чорны апісваў у сваіх творах усё жыццё. Лічыў, што лёсаў гэтых людзей, іх звычаяў, нораваў, многіх рыс характараў хапіла б не на адзін раман. Вёска і жыццё сялян паслужылі багатым матэрыялам для творчасці пісьменніка.
К. Чорны некалькі гадоў вучыўся ў БДУ, але быў вымушаны спыніць заняткі з-за хваробы на сухоты. Працаваў у рэдакцыях розных газет і часопісаў. У 19261931 гг. з’яўляўся старшынёй літаратурна-мастацкага аб’яднання “Узвышша”. Галоўным заняткам яго стала літаратурная праца. Усяго сорак чатыры гады пражыў пісьменнік. Вызваленне Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і вяртанне многіх пісьменнікаў у родны горад было азмрочана сумнай весткай. Восенню 1944 г. К. Чорны памёр.
Але тое, што зрабіў К. Чорны ў літаратуры, ацэньваецца вельмі высока. Гэта быў выдатны мастак слова, філосаф, псіхолаг. Проза яго – маштабная, панарамная, аб’ёмная і адначасова аналітычная. К. Чорнага нездарма называлі беларускім Дастаеўскім, хоць параўнанне аднаго пісьменніка з другім заўсёды недасканалае. Майстэрствам псіхалагічнага аналізу К. Чорны валодаў цудоўна. Ён быў адным з тых аўтараў, хто з прыходам у літаратуру адразу адчуў, зразумеў, чаго не хапае і што неабходна для беларускай літаратуры на новым этапе яе развіцця. Празаік у сваёй творчасці паставіў перад сабою вялікую задачу – даць беларускай літаратуры псіхалагічны раман, аповесць, апавяданне. К. Чорны імкнуўся зрабіць нашу літаратуру псіхалагічна глыбокай, развітай, маштабнай, праблемнай, каларытнай, паставіць яе ўпоравень з іншымі вядомымі літаратурамі свету. Малады празаік імкнуўся ўзняць беларускую прозу ад бытавых замалёвак, анекдотаў, сцэнак, абразкоў, пейзажных малюнкаў, з якіх яна пачыналася яшчэ ў дарэвалюцыйныя часы, да ўзроўню глыбіннай аналітычнай прозы, да шматаблічнай і шматфарбнай ідэйна-мастацкай сістэмы.
К. Чорны быў выдатным майстрам-аналітыкам, пісьменнікам, які добра валодаў псіхалагічнымі прыёмамі пісьма, умеў заўважыць і перадаць найтанчэйшыя рухі чалавечай душы, самыя разнастайныя змены ў псіхалогіі, адценні настрою, матывы паводзін чалавека. Мастак слова імкнуўся ў сваіх раманах, аповесцях, апавяданнях пісаць пра ўнутраны свет чалавека, яго душэўны стан. К. Чорны маляваў цімкаўцаў, але рабіў ён гэта, трымаючы ў полі зроку праблемы вялікага свету. Ён адкрываў у беларускай літаратуры тып простага чалавека, абуджанага пераменамі, селяніна “з-пад саламянай страхі”, паказваючы ўсю глыбіню і паўнату людскіх адчуванняў, велічную “работу душы” непрыкметных і нехлямяжых, на першы погляд, жыхароў вёскі. Праблема “маленькага чалавека” – адна з галоўных у творчасці К. Чорнага-празаіка. Яго герой можа цярпліва зносіць крыўды і здзекі, кпіны, але тады, калі закранаюць яго чалавечую годнасць, ён здольны пастаяць за сябе, адважваецца на супраціўленне і помсту. “Ціхі чалавек” на самай справе праяўляе вялікую прагу да духоўнасці і самапазнання, прагу да самаўдасканалення.
Падобны тып “маленькага чалавека” з’явіцца пазней у творах Я. Брыля, А. Макаёнка. “Бунтарства” духу ў такім чалавеку не аднойчы малявала наша літаратура. “Бунт пачуццяў” любіў апісваць і К. Чорны, паказваючы тое, як у чалавеку раптоўна з дна душы ўзнімаецца хваля пратэсту, бунт адчаю, як гэты бунт заглушае ўсе іншыя пачуцці. “Бунт пачуццяў” герояў К. Чорнага з’ява ўнікальная, праўдзівая, псіхалагічна распрацаваная, глыбінная. “Бунтуюць” усе героі празаіка. Людзей нецікавых для мастака слова няма. Кожны персанаж – адкрыццё “чалавечага ў чалавеку”. Прозу К. Чорнага вылучае сапраўды філасофскі змест, бо ледзь не ў кожным творы разгортваецца перад чытачом даследаванне стану душы чалавека і яго канцэпцыя свету, гэта значыць, погляды героя на акаляючае асяроддзе і на асобу ў грамадстве.
Раннія апавяданні К. Чорнага. Ранняя проза пісьменніка вызначаецца арыгінальнасцю сюжэтаў, маштабнасцю вобразаў, эмацыянальнасцю. Першыя творы, якія ўвайшлі ў зборнікі “Апавяданні” і “Срэбра жыцця” (1925), напісаны ў жанрах, характэрных для маладнякоўцаў. Гэта замалёўкі, імпрэсіі, вершы ў прозе, эцюды. Крытыкі ўжо ў той час адзначалі наватарскі характар прозы К. Чорнага, аналітычнасць і фальклорныя асновы творчасці пісьменніка.
Лірычны пачатак у ранніх творах К. Чорнага вынікае з самой іх сутнасці. Мастака з самага пачатку хвалявала духоўнае прасвятленне герояў, вяршынныя моманты ўнутранага жыцця асобы. Без гранічнай шчырасці, даверлівасці, адкрытасці характараў герояў, выразнасці пазіцыі аўтара нельга ўявіць раннюю прозу К. Чорнага. Аўтар вёў чытача ад знешняй эмацыянальнай афарбаванасці да ўнутранага напалу высокіх пачуццяў персанажаў.
У творчасці К. Чорнага 20-30-х ХХ ст. гадоў выразна выступае некалькі тэматычных напрамкаў. Адзін з іх – апавяданні аб маленстве, якія напісаны ў форме ўспамінаў, з пранікненнем у псіхалогію дзяцей. Другі напрамак – творы, звязаныя з вобразам дарогі, уражаннямі ад дарожных сустрэч. Многія з іх уяўляюць сабой лірычную споведзь аўтара, адбітак ягонага настрою, выкліканага сузіраннем канкрэтнай з’явы жыцця. Апавяданні “Буры”, “На пыльнай дарозе” – вяршыні лірычнай прозы К. Чорнага ранняга перыяду творчасці. У невялікім апавяданні “На пыльнай дарозе” адбываецца сустрэча аўтара з дванаццацігадовым падлеткам, які, мяркуючы па размове з ім, рана пасталеў. Ён апавядае аб сваім незайздросным жыцці, аб тым, што яны, дзеці, яшчэ нічым не пацешылі матку, якую айчым ледзь у труну не ўвагнаў. Адлюстраванне дзіцячай псіхалогіі тут дасканалае. Герой К. Чорнага вучыцца самастойна хадзіць па пыльнай дарозе жыцця.
Такая проза не можа нікога пакінуць раўнадушным, выклікае суперажыванне чытача, бо пісьменнік не замыкаецца ў рамках асабістых перажыванняў. Яго творы не ўспрымаюцца як камерныя, нясуць адзнаку агульначалавечай значнасці.
Яшчэ больш яркае і запамінальнае кароткае апавяданне “Буры”. У аснове яго – гора маленькага чалавека, на вачах якога канае конь – адзіная апора ў сялянскай гаспадарцы. “Буры” перажыванняў запоўнілі душу маленькага чалавека.
Яшчэ адно з ранніх апавяданняў К. Чорнага “Будзем жыць”, даволі дакладна распрацаванае, хоць і на ім яшчэ ляжыць пэўная адзнака вучнёўства. Ключавое слова тут – “будзем”. Яно гучыць спачатку з вуснаў камандзіра палка, “заўсёды маўклівага і хмурага”, бо той адчуваў адказнасць за даручаную справу і ў самы разгар наступлення скамандаваў батарэі “біць”. У цяжкім баі загінуў маладзенькі тэлефаніст, які і перадаў той загад: “пара біць”. А ўжо значна пазней, недзе ў далёкай, закінутай вёсачцы спрацаваны селянін упершыню пачуў ад старшыні выканкама, які прачытаў старому ліст з фронту, дзе паведамлялася аб смерці сына, суцяшальнае: “Будзем жыць”. Машынальна стары бацька паўтарае тыя словы: “Будзем жыць і радавацца”, выціраючы рукавом слёзы. Твор на дзіва кранальны, запамінальны. У ім паказаны “крыважэрнасць”, “ненасытнасць” вайны, якая забірае апошняе ў людзей.
Празаічныя зборнікі “Па дарозе”, “Пачуцці”, “Хвоі гавораць” (1926), “Вераснёвыя ночы” (1929) сведчаць аб творчым пасталенні майстра. У іх – незабыўныя вобразы і малюнкі народнага жыцця. Тып “неспакойнага” чала века, вечнае кіпенне яго душэўных пачуццяў адкрываюцца на старонках гэтых твораў. На прыкладзе росту майстэрства ў ранніх творах К. Чорнага можна прасачыць агульныя шляхі развіцця беларускага апавядання ў 20–30-я гады. Празаік шмат эксперыментаваў, шукаў. У першых яго творах – перавага дзеяння над псіхалагічным аналізам (“Срэбра жыцця”). Затым пісьменнік імкнуўся паглыбіцца ва ўнутраны свет чалавека. Але ад гэтага творы перанасычаліся жыццёвым матэрыялам, набывалі расцягнутую форму, былі кампазіцыйна рыхлымі. Асвойваючы ўсё новыя жыццёвыя пласты, К. Чорны паступова вяртаўся да класічных форм апавядання. Але формы гэтыя выкарыстоўваліся на новай аснове, поўніліся філасофскім зместам.
У апавяданні “Вераснёвыя ночы” – вобраз жанчыны, якая становіцца гаспадыняй уласнага лёсу. Агата ў нечым падобная да купалаўскай Паўлінкі. Яна робіць самастойны выбар у каханні, фарміруецца як чалавек з новым светапоглядам. Учынак гераіні незвычайны – яна ўцякае з-за стала на сваіх заручынах, выбіраючы ненадзейнага, шалапутнага вясковага жартаўніка Асташонка.
Паступова прыходзіла да пісьменніка ўменне раскрываць багаты ўнутраны свет чалавека.
Дарожныя ўражанні ляглі ў аснову шматлікіх апавяданняў (“Па дарозе”, “Ноч пры дарозе”, “Гаворка ўначы ў дарозе”, “Вясновыя дарогі”, “Выпадак увосень”, “Начлег у вёсцы Сінегах”, “Як мы пакінулі хутар”), некаторых замалёвак (“У роднай глушы”, “З падарожжа”, “З роднай глушы”).
Мы бачым, што ў лірычнай прозе Чорнага паэтычна-натхнёная дэкларацыя, рамантызаванае, крыху наіўнае захапленне рэчаіснасцю, якія выражаў лірычны голас пісьменніка, неаддзельныя ад разумення бясконцасці жыццёвай плыні, ад філасофскага асэнсавання, глыбіннага роздуму над жыццём. “Лягу я на зямныя дарогі – колькі па іх прапаўзло і прайшло істотаў. І колькі яны перанеслі на гэтых дарогах суму і радасці!..
Абніму я зямныя дарогі”.
“На зямлі дарога – як само жыццё: відна толькі каля ног, але ж і заве-зазывае яна ўдаль. Усё едзеш і йдзеш па ёй; і з кожным крокам яна ўсё новая праходзіць пад нагамі, і здаецца, што наперадзе там за нечым няясным, дзівосным і далёкім будзе нешта надзвычайнае…” (“Па дарозе”).
Паэтычны лад думак даваў мажлівасць пісьменніку выказаць сваё захапленне жыццём, дапамагаў раскрыць імкненні, мары. Думка мастака лунала, нібы птушка: “Колькі дарог будзе яшчэ пройдзена і колькі людзей уведана!”
У ранняй прозе К. Чорнага шмат лірычных адступленняў (“Прабуюць грушы шумець”, “Забойства”, “Буланы”, “Па дарозе”, “Маленькая драма”).
Правообладателям!
Это произведение, предположительно, находится в статусе 'public domain'. Если это не так и размещение материала нарушает чьи-либо права, то сообщите нам об этом.