Текст книги "Беларуская лiтаратура"
Автор книги: Уладзімір Навумовiч
Жанр: Языкознание, Наука и Образование
сообщить о неприемлемом содержимом
Текущая страница: 30 (всего у книги 34 страниц)
Усё перадавое, таленавітае, новае, незвычайнае знішчаецца гвалтам, цынізмам, дэмагогіяй, хлуснёй. У гэтым заключаны сатырычны выкрывальны пафас п’есы А. Макаёнка. “Зацюканы апостал” – драма-прытча з філасофскім зместам. Твор надзвычай інтэлектуальны, глыбокай думкі.
Што робіць чалавека сапраўдным чалавекам? Ні пасада, ні званні, ні веды, ні валоданне інфармацыяй не робяць яго такім. Чалавек мусіць заставацца самім сабою ў любых умовах. Адказнасць сям’і, грамадства за тое, якім вырасце маладое пакаленне – “зацюканымі апосталамі” ці творцамі, свабоднымі і незалежнымі людзьмі, са сваім поглядам на свет, са сваім маральным законам унутры кожнага, ці прыстасаванцамі, пакорлівымі, згодлівымі, ціхмянымі марыянеткамі.
Малыш заключае: “Вы ад мяне заўсёды патрабавалі праўды. А мне ад вас? Нельга? Мне таксама патрэбна праўда. Мне яна больш патрэбна. Больш чым вам ад мяне. Я – маленькі, і мана мая маленькая. А вы вялікія. І ваша хлусня – вялікая. Запомніце. Самы вялікі абман – абман маленькага чалавека!”
У мастацтве пісьменнік застаецца найперш сваімі адкрыццямі ў сферы чалавечага духу, маралі. Даўгавечнасць створанага пісьменнікам вызначаецца глыбінёй маральных пошукаў, этычнымі ўрокамі жыцця, нават не асобнымі павучаннямі, сугучнымі нашаму часу, а маральнай канцэпцыяй у цэлым.
У трагікамедыі “Трыбунал” драматург зрабіў спробу глянуць на падзеі вайны праз прызму камедыйнага, намаляваўшы сітуацыю незвычайную, парадаксальную. Галоўны герой Калабок – святая прастата, добрая сялянская душа – раптоўна вырашыў стаць самазваным падпольшчыкам. Добраахвотна, а па сутнасці, па заданні партызан, аб чым ведаў толькі ён сам і ў чым баяўся прызнацца нават сямейнікам, каб хто незнарок не прагаварыўся, пайшоў на службу старастам да немцаў, чым выклікаў востры недавер да сябе, трапіў у няміласць да жонкі і дзяцей, якія, аб’яднаўшыся, наладзілі самасуд – сямейны трыбунал, які і выносіць хуткі і адзіны прысуд. Як ні ўмольваў, ні спавядаўся бацька перад дзецьмі, яму не паверылі. Вось дачка Галя – багіня кары, Немезіда ваеннага ліхалецця “галінка-калінка”. Як кленчыць перад ёй заціснуты ў мяшок па горла бацька! Яна ж кажа: “Ды яго… павесіць мала”. Вось “Зінка-слязінка”, якую так любіў, гатова памерці, а развязаць не можа. Сын Валодзя сам нарываецца на смерць, каб адплаціць за здраду бацькі. Дзеці не вераць бацьку. Гэты “нетыповы падпольшчык” поўзае ў іх у нагах, прыніжаецца, ледзь не плача, просіць і ўлагоджвае, шукае паратунку ў сваіх жа дзяцей, а яны не вераць.
П’еса мае выразныя рысы сатырычнага завастрэння, калі нягеглы муж, недацёпа, пастух, якога жонка магла вяроўкай павучаць, як трэба жыць, раптам адчуў, паспытаў уладу над людзьмі. Пры новай уладзе, пры немцах, марыць ён аб тым, як пасядзець у прэзідыумах, як было “пры Саветах”, пакрасавацца, папіць гарэлачкі, выяўляе рысы дзелавога чалавека (“перахапіў уладу… няхай будзе ў сваёй хаце”).
Трагічнае і камічнае тут сплаўлена. Камічныя сітуацыі – становішча героя, пасаджанага ў мяшок, дыялогі, характары, выразы, гульня слоў, выкарыстанне прынцыпу макаранізму ў выразах нямецкага каменданта, самі прыёмы раскрыцця дзеяння. Трагічнае – у недаверы, ва ўсеагульным бязвер’і, добраахвотным накліканні пракляццяў на сябе і сям’ю, у двухсэнсоўным становішчы змагара-аматара, у тупіковым памылковым рашэнні сямейнага “трыбунала”. Выкананне прысуду адцягваецца на пэўны час, але п’еса заканчваецца нечаканай смерцю сына, выбухам крохкага юначага сэрца. Сын не змог перажыць “здрады” бацькі і пажадаў уласнай крывёю “змыць” ганебную пляму з рэпутацыі ўсёй сям’і. Ён праяўляе высокі гераізм і самаахвярнасць, як і належыць сыну-патрыёту.
Значная праблематыка, яркасць сатырычнага завастрэння характэрны для п’есы “Святая прастата” (“Кашмар”). Незвычайная кампазіцыя твора, які дзеліцца на тры часткі: “Ява”, “Сон”, “Узнясенне”, незвычайны жанр (“небяспечная камедыя”), незвычайны фантасмагарычны сюжэт: у сне – як на яве, ява – як сон. Глабальны пафас твора, у якім пісьменнік задумваецца над будучым планеты, чалавецтва. Стары селянін з юначым максімалізмам, абураны жыццёвай канкрэтыкай і недасканаласцю чалавека, ідзе і кладзецца спаць, а прачынаецца прэзідэнтам не якой-небудзь занядбанай краіны, а самай развітай, цывілізаванай. Жадаючы што-небудзь змяніць у гэтым свеце, хоча спыніць войны, навесці парадак, але прыходзіць да высновы, што тут мяняць трэба ўсё – лад, уклад, адносіны да справы, характары людскія, узаемаадносіны між людзьмі на планеце. “Спыніце шарык – я сыйду”, – гаворыць ён на завяршэнне.
Звычайнымі, “прахаднымі” творамі ў драматурга сталі п’есы “Верачка”, “Дыхайце эканомна”, “Таблетку пад язык”. Мабыць, з большай сілай майстэрства сатырыка ў выкрыцці заган чалавечага духу праявілася ў п’есе “Пагарэльцы”. Пісьменнік узнімае праблемы адказнасці чалавека за свае ўчынкі, за ўсё, да чаго той меў дачыненне на зямлі. Ён і зводзіць “канцы з канцамі”, пачатак і завяршэнне жыцця людзей, якія воляю акалічнасцей і абставін апынуліся на вяршыні ўлады. П’еса мае выразную антысталінскую накіраванасць.
“Пагарэльцы” – службовыя асобы, якія “пагарэлі” на службе, ды не проста “пагарэлі”, а знікалі бясследна, па начах. Але тут, у п’есе, асаблівы выпадак. Ці то пажар, ці то землятрус, ці то паводка знеслі са звыклых і наседжаных месц усіх гэтых чыноўнікаў-бюракратаў, гаспадароў горада, яго выканаўчую ўладу. А на іх месца прыйшлі не лепшыя, а намнога горшыя, выпадковыя людзі, прыйшлі кожны са сваімі мэтамі, кожны са сваімі “дзівацтвамі”, са сваімі рысамі характару, схільнасцямі, звычкамі, кожны са сваёй біяграфіяй і сваім стылем работы. Новыя людзі і ствараюць бюракратычна-адміністрацыйную сістэму-карусель, арбіты для розных планет, на адной з якіх і гіне потым галоўны герой.
П’еса апелюе да чалавечай свядомасці, да сумлення кожнага чалавека: “Ідучы на спачын, запытай сябе сам: што ты зрабіў сёння? Падвядзі вынікі справам тваім. Можа чужое проса вытаптаў? Пакрыўдзіў каго? Аблаяў? Пакараў? Звольніў з работы? Ці асудзіў? Каго? За што? Ці справядліва? Чым гэта павернецца для цябе і для людзей заўтра? Праз год? Праз дзесяць гадоў? А праз дваццаць гадоў? Успомніць аб гэтым не сорамна будзе табе?”
Пісьменнік у п’есе выступіў нібыта прарокам будучага жыцця. Яго голас гучаў патрабавальна і строга: “Той, хто папіхаў слабага, дагаджаў дужаму, падлізваўся, хлусіў, крывадушнічаў, выгадваў, пагарджаючы інтарэсамі другіх дзеля ўласнай сытасці, каго адольвала фанабэрыя і славалюбства, той сам сабе праграміраваў няўхільную кару – ганьбу і ўніжэнне пад канец жыцця альбо брыдкую памяць пасля смерці. Сорам і боязь падняць вочы – вось што выпадае на долю ўнуку за брыдкія справы свайго продка. І горка яму будзе ад бяссілля пазбавіцца такой славы і памяці”.
Пісьменнік выступаў у п’есе як філосаф, псіхолаг, аналітык. Адказнасць перад часам і сабой, узаемазвязанасць усіх жыццёвых з’яў, – такія праблемы вырашаюцца ў п’есе.
У творах А. Макаёнка выявілася маральна-этычная канцэпцыя паводзін чалавека ва ўмовах рашучага і ваяўнічага ціску ідэалогіі на самога чалавека як асобу, індывідуума. Макаёнак імкнуўся “дакапацца” да асноў характару персанажа, вылучыць маральны стрыжань паводзін, сцвердзіць права чалавека на вернасць самому сабе.
А. Макаёнак – адзін з яркіх прадстаўнікоў таго пісьменніцкага пакалення, якое падрыхтоўвала перабудову ў грамадстве, перабудову самога чалавека.
Пытанні для кантролю
1. Як вы ацэньваеце ролю і месца драматурга Андрэя Макаёнка ў развіцці беларускай драматургіі?
2. Якія п’есы Андрэя Макаёнка вы ведаеце?
3. У чым заключаецца наватарства некаторых п’ес А. Макаёнка?
4. Майстэрства А. Макаёнка-камедыёграфа. У чым яно?
5. Лірычнае і трагедыйнае ў п’есе “Трыбунал”.
6. Абагульненасць вобразаў і адметнасць зместу ў п’есе А. Макаёнка “Зацюканы апостал”.
7. Хто такія “пагарэльцы” ў аднайменнай п’есе А. Макаёнка?
Іван Навуменка (1925–1996)
Мне хацелася зірнуць збоку на маё пакаленне.
Гэта было дзіўнае пакаленне, пры гожае.
Нашу сямнаццатую вясну за спела вайна, з майго класа шаснаццаць хлопцаў пайшло на вайну, а вярнулася толькі чатыры…
Рамантычнасць спалучалася ў нас з самаадданасцю і жыццёвай цвярозасцю.
…Усё пачыналася са школы.
Я павінен быў расказаць пра сваіх равеснікаў.
Іван Навуменка
Празаік Іван Навуменка не належаў да нейкай пэўнай літаратурнай кагорты, мастацкай плыні, хоць ён адным з першых сярод былых франтавікоў, партызан, падпольшчыкаў, прадстаўнікоў ваеннага пакалення хутка “засвоіў” курс “маладога літаратурнага байца” – завочна скончыў філілагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1950), аспірантуру пры ўніверсітэце (1954), пазней, сам стаўшы за прафесарскую ўніверсітэцкую кафедру, пэўны час узначальваў калектыў кафедры беларускай літаратуры БДУ.
Як пісьменнік Іван Навуменка хутчэй з’яўляўся “сувязным” паміж старэйшым пакаленнем беларускіх пісьменнікаў у літаратуры, што таксама, як і ён, прайшлі вайну, у прыватнасці такіх, як І. Мележ, І. Шамякін, Я. Брыль, А. Адамовіч, А. Карпюк, М. Танк, А. Куляшоў, П. Панчанка, і маладзейшымі аўтарамі, не менш таленавітымі, апантанымі і амбітнымі, няўрымслівымі ў мастацкай творчасці.
Слова празаіка, літаратурнага крытыка, аўтарытэтнага навукоўца роднай літаратуры, даследчыка творчасці Я. Купалы, Я. Коласа заўсёды прымушала прыслухоўвацца, успрымалася з асаблівым піетэтам. Ды і жыццёвы вопыт за плячыма ў пісьменніка быў даволі адчувальны.
Нарадзіўся Іван Якаўлевіч Навуменка 16 лютага 1925 г. у горадзе Васілевічы Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці ў сям’і чыгуначніка. Прыгадаем, што з чыгункай звязаны лёс і іншых пісьменнікаў Беларусі. Бацька у Я. Брыля таксама быў чыгуначнікам у паўдзённым прыморскім горадзе Адэса, з чыгункай на станцыі Ліёзна на Віцебшчыне звязана дзяцінства і юнацтва Міхася Лынькова.
У гады Вялікай Айчыннай вайны малады патрыёт становіцца ўдзельнікам камсамольскай падпольнай групы ў родных Васілевічах, пазней ён пераходзіць да партызан і ўдзельнічае ў вызваленні ад фашыстаў мястэчка, у якім нарадзіўся. Але на гэтым вайна для васілевіцкага хлопца не закончылася. У снежні 1943 г. былы партызан прызваны н дзеючую Савецкую Армію і праз нейкі час ужо ўдзельнічаў у кровапралітных баях на Ленінградскім і 1-м Украінскім франтах. Ваяваў на Карэльскім перашыйку.
Дэмабілізаваўшыся ў снежні 1945 г., пачаў працаваць карэспандэнтам газеты “Бальшавік Палесся” ў Мазыры, у родных мясцінах, а з 1951 г. стаў карэспандэнтам рэспубліканскай газеты “Звязда” ў Мінску.
Неўзабаве І. Навуменка абараніў дысертацыю і атрымаў званне кандыдата навук, а пазней яму прысвойваюць навуковую ступень доктара філалагічных навук, абіраюць на пасаду прафесара. З 1973 па 1982 г. – дырэктар Інстытута літаратуры імя Я. Купалы АН БССР. Яго выбіраюць віцэ-прэзідэнтам АН БССР (1982), затым ён становіцца акадэмікам АН БССР. І. Навуменка – заслужаны дзеяч навукі БССР (1978). У 1985–1990 гг. з’яўляўся старшынёй Вярхоўнага Савета БССР. З 1957 г. – член Саюза пісьменніка Беларусі.
Да ордэна ў Айчыннай вайны ІІ ступені, Чырвонай Зоркі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Кастрычніцкай рэвалюцыі дабаўляюцца медалі Францыска Скарыны, званні лаўрэата прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1967) за кнігу “Таполі юнацтва”, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1972) за кнігі “Янка Купала: Духоўны воблік героя” і “Якуб Колас: Духоўны воблік героя”.
І. Навуменка – народны пісьменнік Беларусі.
Народнае прызнанне прыйшло да пісьменніка, вучонага-даследчыка, дзяржаўнага дзеяча невыпадкова. І. Навуменка мае значныя здабыткі ў мастацкай творчасці, з’яўляецца выдатным даследчыкам роднай літаратуры.
Шырокую вядомасць празаіку прынеслі раманы “Сасна пры дарозе” (1962), “Вецер у соснах” (1967), “Сорак трэці” (1974), “Смутак белых начэй” (1980), “Летуценнік” (1985).
У 1981–1984 гг. выйшаў Збор твораў пісьменніка ў 6 тамах. Асаблівую цікавасць для вывучэння шляхоў станаўлення творчай індывідуальнасці пісьменніка і яго ўплыву на развіццё беларускай літаратуры маюць аповесці і апавяданні празаіка.
Пісьменніка Івана Навуменку па праву называюць “песняром юнацтва” пасляваеннага часу, чый уваход у сталае жыццё быў азмрочаны вайной, хто ў гады нямецка-фашысцкай акупацыі змагаўся ў падполлі, пазней разам з партызанамі, а потым, “не далюбіўшы”, не спазнаўшы радасцей жыцця, пайшоў на фронт, падымаўся атаку, “не дакурыўшы папяросу”, мёрз у акопах, бачыў сотні загінуўшых, сам неаднойчы глядзеў смерці ў вочы, цудам застаўся жывы, але ўжо ў мірным часе намагаўся жыць паўнавартасна, наталяючы смагу юнацкай рамантыкі, аптымізму, бадзёрасці, калі сэрца хоча многага, дапытлівы розум “кіпіць”, узварушаныя пачуцці агортваюць спаўна, а юная душа яшчэ не ў стане спыніцца ні на чым і не хоча “мірыцца” з жыццёвай цінай, несправядлівасцю, маральнай і духоўнай дэградацыяй і чалавечай глухатой і абыякавасцю.
Іван Навуменка раскрываў юныя парыванні таго слаўнага пакалення, якое прыйшло ў пасляваеннае жыццё, узбагаціўшыся вопытам пераможцаў, жывых і загінуўшых, будучы старэйшымі на цэлую вайну. Якім цудоўным і неабсяжным здавалася ім жыццё! Вайны няма, мір пануе ў сэрцах і душах людскіх, і ўсё так вартасна, прыгожа, летуценна, што, здавалася, так будзе заўжды. Аднак жа не. Чалавеку наканавана ўвесь час “будаваць” сябе, мераць свае ўчынкі высокай меркай агульначалавечай маралі. Мы часта ўглядаемся ў зорнае неба, думаем пра высокае і недасяжнае, але мала звяртаем свой позірк на таго, хто поруч з намі, на чалавека на гэтай грэшнай і святой, палітай крывёю і потам мілай сэрцу роднай зямлі. Увага да духоўнага свету маладога пакалення – галоўная прыкмета таленту І. Навуменкі як празаіка. Такімі з’яўляюцца зборнікі апавяданняў і аповесцей “Сямнаццатай вясной” (1957), “Хлопцы-равеснікі” (1958), “Верасы на выжарынах” (1960), “Бульба” (1964), “Таполі юнацтва” (1966), “Вераніка” (1968), “Тая самая зямля” (1971), “Падарожжа ў юнацтва” (выбранае, 1972), “Замяць жаўталісця” (1977), “Пераломны ўзрост” (1986), “Водгулле далёкіх вёснаў” (1989).
Пра што ж раннія апавяданні і аповесці І. Навуменкі? Якімі паўстаюць у іх юнакі і дзяўчаты? Што нясуць яны ў сэрцах, у душах? Якія думкі і эмоцыі іх агортваюць? Чаго яны дабіваюцца ў жыцці? Часам яны простыя і бясхітрасныя, тыя творы пра вайну, пра жыццёвы багаж, які набыты ў гадзіну выпрабавання смерцю.
Вось апавяданне “Дом над морам”. У канцы вайны ў Нямеччыне салдаты мараць аб тым часе, калі яны вернуцца дамоў, як сустрэнуць іх дзяўчаты. Чакаюць лістоў і сумуюць, калі яны не прыходзяць. Тут усё: у старшыны ёсць бутэлька спірту, добра пасядзець хлопцам. Адзін з салдат іграе на трафейным ужо цяпер піяніна. А нехта ноч не спаў, пісаў лісты, вядома ж, каму яны адрасаваны. Але вось далі загад занесці ў штаб карту, вайна нагадала аб сабе, забілі хлопца ў дарозе, а лісты яго так і засталіся неадпраўленымі. Вось і ўся гісторыя. Лісты з фронту запечаная кроў падзей, кроў часу, кроў эпохі – гавораць чытачу многае, калі не ўсё, пра юнакоў, салдат пярэдадня Перамогі. А самае галоўнае, што ў творах ёсць востры аналітычна-канцэптуальны зрок мастака, “мікраскоп у душу” (Л. Талстой), з дапамогай якога аўтар даследуе душэўныя парыванні і мужны характар герояў мінулай вайны.
Для нас сёння многае важна ў апавяданні. І тое, што гэта быў канец вайны, і “дом над морам”, і само месца, дзе “па ўзбярэжжы цягнуліся дачы, вілы, курорты”, і прыўзняты ўжо настрой байцоў, хоць і заканчваецца твор на трагічнай ноце. І інтэрнацыянальны склад той часткі ўзвода, што “аблюбавала пакой пад назіральны пункт”, хоць скажам дзеля справядлівасці, што на шматнацыянальнасці авангарда герояў-пераможцаў пісьменнік увагі не акцэнтуе. Больш гаворыцца аб роднасці душ вайскоўцаў, бо “за два гады наступлення мы ўсе адспавядаліся адзін перад другім душой, і ў нас не было тайнаў”.
Празаік піша: “Трое кавалераў Славы яшчэ ні разу не цалавалі дзяўчат. Проста не паспелі. Старшаму было дваццаць два, малодшаму – дваццаць”. Перад чытачом праходзіць “духоўная біяграфія” герояў.
Каму хто пісаў лісты, дзе хто з кім пазнаёміўся, чаму спыніліся асабістыя ўзаемаадносіны персанажаў? Выхаванец дзіцячага дома баец Булавенка іграў на піяніна, “на мяккіх нямецкіх крэслах сядзела пяцёра кавалераў ордэна Славы, старажылаў узвода першай разведкі, што памяталі адзін другога яшчэ са Ржэва. У разбітым Ржэве фарміраваўся полк”. Апошняя заўвага надзвычай важная. Адразу прыгадваецца верш А. Твардоўскага “Я убит подо Ржевом”, які сведчыць аб нялёгкіх баях і цяжкіх стратах пад тым горадам:
Я убит подо Ржевом,
В безымянном болоте,
В пятой роте, на левом,
При жестоком налете.
Звяртае на сябе ўвагу дакладнасць, канкрэтыка, суровая франтавая рэальнасць, скупыя паведамленні, нібыта “пасведчанне” аб стратах у баі. У апавяданні І. Навуменкі “Дом над морам” таксама ўсё дакладна, строга выверана, безэмацыянальна, амаль пратакольна зафіксавана.
Вось сядзяць яны, пераможцы Другой сусветнай вайны, у “доме над морам” і слухаюць адну мелодыю за другой. Гэта іх мужнасцю, самаахвярнасцю, гераізмам, славай “прынесена” Еўропе свабода ад карычневай чумы – так называлі фашызм у XX ст., гэта яны ўратавалі многія краіны Старога свету ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, якія да таго, як напасці на СССР, лёгка і проста акупіравалі і Францыю, і Бельгію, і Нідэрланды, і Чэхію, і Італію – хуткім маршам прайшлі па прасторах ад Ла-Манша да Неапалітанскай затокі.
І вось яны, тыя, хто спыніў заваёўніцкі паход фашызму па краінах свету, сядзяць у “доме над морам” і атрымліваюць асалоду ад франтавых песень, раз-пораз гукаюць, заказваючы “Аганёк”, “Цёмную ноч”, а потым заслухваюцца “громам” гукаў піяніна “пра Лізавету, што не спіць да самай раніцы, чакаючы весткі ад друга”. А весткі… Весткі і ад хлопцаў і да хлопцаў прыходзяць розныя. Напрыклад, той жа дзетдомавец кавалер ордэна Славы Лёня Булавенка пісаў і “Каці з Дарагабужа і Эве-Іяланце з літоўскага горада Калварыі”. Слалі лісты і яму тыя дзяўчаты, з якімі пазнаёміўся салдат-вызваліцель, праходзячы з баямі праз іхнія гарады і вёскі. І не стала Лёні Булавенкі. Загінуў пры выкананні баявога задання ў самыя апошнія дні вайны – 1 мая 1945 года. А ў поўнач 8 мая быў падпісаны акт аб капітуляцыя фашысцкай Германіі.
Байцы, якія засталіся жыць, не ведалі, што рабіць з лістамі Булавенкі да дзяўчат. А потым раптоўна ўбачылі, што “на фотакартках Эва-Іяланта і Каця былі вельмі падобныя адна на другую. Можна было падумаць, што яны сёстры”. Так заключае аўтар. І мы разумеем, што кавалер ордэна Славы Лёня Булавенка, у якога ніколі яшчэ не было любай, па-сапраўднаму кахаў толькі адну дзяўчыну.
Пісьменнік ад імя героя прызнаецца: “Мы напісалі кожнай, што Булавенка яе любіў”. І гэта не было падманам. Усе дзяўчаты, якія падабаліся пераможцу самай вялікай і крывавай вайны Леаніду Булавенку, былі як бы на адзін твар. Усе яны здаваліся яму аднолькава прыгожымі, аднолькава дарагімі, любымі. Менавіта гэта было праўдай. Салдаты за гады вайны не ачарсцвелі, не сталі цынікамі, не развучыліся кахаць і цаніць каханне, засталіся вернымі высокаму пачуццю. Падобнае стаўленне да кахання ўзвышала іх саміх, узбагачала душу, рабіла іх асобамі духоўна прыгожымі, якія ўмелі і музыку цаніць, і душу захаваць незаплямленую.
“К вечару процілеглы бераг здаўся. Вялі палонных” так заканчваецца апавяданне.
“Дом над морам” – гэта не проста твор аб пачуццях і лёсах маладых хлопцаў у апошнія дні вайны. Апавяданне мае сімвалічны сэнс. “Дом” – гэта храм чалавечай душы, у творы відавочна менавіта такая сімволіка. У кожнага персанажа ён свой, “дом над морам” – храм душы, з маральнымі прынцыпамі, радасцямі і хваляваннямі. “Увесь свет – адзін дом” – так гучыць нямецкая прыказка, якую пачуў у Германіі, будучы ў палоне, яшчэ напачатку Другой сусветнай вайны польскі марскі пехацінец Алесь Руневіч з рамана Я. Брыля “Птушкі і гнёзды”. Так, байцы з апавядання І. Навуменкі “Дом над морам” ваююць за “ўвесь свет”, які бачыцца ім адзіным (усе агульным. – У. Н.) домам, каб ужо ніколі не ўзгаралася полымя пажару над зямлёй і ніколі не гінулі людзі, як гэта здарылася “пад заслону”, у самы шчымлівы час, калі, здавалася б, перамога ўжо блізка, да яе “рукой падаць”, крок ступіць. У апавяданні паказаны крокі героя-пераможцы, якія аказаліся апошнімі ў жыцці цудоўнага і багатага душой чалавека Лёні Булавенкі – выхаванца дзіцячага, значыць, усіхняга, “агульнага” дома.
“Памяць і слова” – “memoria et gloria” – такі эпіграф можна даць да апавядання І. Навуменкі “Хлопцы самай вялікай вайны…” Пісьменнік намаляваў у творы калектыўны партрэт сяброў-равеснікаў, “хлопцаў самай вялікай вайны…”. Аўтар на старонках мастацкага летапісу вырашыў аддаць даніну павагі ўсім сваім аднапалчанам, аднавяскоўцам, з кім давялося ваяваць, хто не вярнуўся з франтоў Вялікай Айчыннай вайны. Апавяданне – літаратурны помнік, які І. Навуменка прысвяціў “хлопцам нараджэння дваццаць пятага года, з якімі разам хадзіў у школу і якія пайшлі на фронт”.
Твор гэты – не проста ўспамін, не замалёўка-нарыс, не толькі мастацкі летапіс падзей “самай вялікай вайны”. Гэта мастацкі твор з вялікай доляй абагульнення, з адпаведнай дэталізацыяй падзей і вобразаў, з пэўнай увагай да мастацкай дэталі як сродку ўласна рэалістычнага жывапісу. Дэталізацыя адчуваецца адразу, з першых радкоў. Яна па-франтавому скупая, як радкі данясенняў з перадавой лініі. “Пасля Бранска стала ясна, куды кіруецца эшалон.” І тут жа ўдакладняецца: “Станцыя Фаянсава, горад Кіраў, палявая пошта 07121”. А далей ідзе скупое апісанне сваеасаблівага “пейзажу” ваеннага часу. Такое ж дакладнае, інфармацыйна-бясстраснае, як “звесткі з фронту”, якія штодня перадавалі ў тыя дні па радыё: “Станцыя Бранск І, як і Бранск ІІ, – у развалінах… Сякія-такія задымленыя каробкі прыстасаваны пад памяшканні ваеннага каменданта, перасыльнага пункта, санпрапускніка, прадпункта. Пуці адрамантаваны. На іх безліч вайсковых эшалонаў Бранск І, як і Бранск ІІ, – станцыі ўсё-такі вялікія”. Такія падрабязнасці мог ведаць толькі, чалавек, які там пабываў, усё пабачыў на свае вочы, які франтавыя ўражанні “прапусціў” праз уласнае сэрца. У творы паўстаюць яркія і запамінальныя вобразы “хлопцаў самай вялікай вайны”. Франтавыя шляхі-дарогі галоўнага героя Віктара Пасашкі нялёгкія: спачатку акупацыя нямецка-фашысцкімі вайскамі роднага мястэчка, затым адыход у партызаны, блізкасцю і роднасцю з якімі герой ганарыцца. “Віктару Пасашку, можна сказаць, шанцуе”, – піша аўтар, падкрэсліваючы, што па мерках ваеннага ліхалецця можна назваць “шанцуе”, як у паэта М. Танка, на “простае шчасце людское”: “Па-першае, трапіў у добрую цяплушку”. Далей даецца апісанне “добрай цяплушкі”, прадаўжаецца дэталёвы расповед пра “двух’ярусныя з неачэсаных дошчак палкі на месцы, на падлозе ніхто не спіць. Ёсць жалезная пячурка з выведзенай у столь, а не ў акно трубой”. Тут жа і такая дэталь прыфрантавога побыту: “Трэба толькі ўвесь час падкладываць дровы, бо калі хоць на гадзіну пячурка астывае, то на сценах вагона, асабліва ля дзвярэй і па кутках, адразу выступае белая намаразь. Але вагон дружны, дровы хлопцы дастаюць. У ход ідуць снегаахоўныя шчыты, уцалелыя парканы і нават дошкі з чужых вагонаў”.
Такія ж падрабязныя, сухія, пазбаўленыя рэзкай эмацыянальнасці і рамантызацыі, апісанні лёсаў моладзі 1925 года нараджэння: “Стрыечны брат Адам загінуў ля Дняпра, калі абыходзілі Оршу, Пеця Герасімаў дайшоў аж да Гродна. Ля Нёмана яго цяжка параніла, і не калькі дзён ён яшчэ жыў…” Далей – яшчэ больш сурова. Праўда вайны жорсткая. Трагічна гучаць паведамленні аб смерці воінаў 1925 года нараджэння ў сярэдзіне XX ст., у той час, калі па нашых прасторах “пракацілася” вогненым катком тая пагібельная для соцень і мільёнаў яе ўдзельнікаў вайна: “Васіль Міхальчук прапаў без вестак…”.
Нечакана паяўляліся і гэтак жа сама нечакана знікалі надзеі на сустрэчу ці вяртанне дамоў: “Ужо ва Усходняй Прусіі Віктар атрымаў ліст ад свайго аднакласніка Сашы Чарняўкі. Ліст ішоў усяго толькі тры дні, Саша быў побач. Віктар узрадаваўся, марыў аб тым, каб як-небудзь пабачыцца. Але хутка не стала вестак і ад Сашы…” Раптоўная, як стрэл, канцоўка апавядання пра франтавое жыццё, братэрства і ўзаемавыручку, непрадказальныя перыпетыі вайны.
У творы гучаць і сацыяльна значныя праблемы, менавіта ўзаемадачыненні партызан і кадравых ваенных на фронце, супярэчлівыя адносіны да народных мсціўцаў, як называлі партызан у Беларусі. І голад, і холад, і жарт, і ружовыя мары. Усё гэта сустракаецца ў характарах і паводзінах персанажаў. “Ты патрыёт?” – “Патрыёт, патрыёт, запяе твой жывот”. Дэталі франтавога жыцця вельмі характэрныя, канкрэтныя: “кармілі па трэцяй катэгорыі”, з дакладным тлумачэннем, што ўваходзіла ў рацыён харчавання байцоў па трэцяй катэгорыі ў прыфрантавой зоне.
Лазня, праца, абутак, сталаванне, паходы на станцыю, жыццё ў салдацкіх бараках – усё гэта будні запаснога палка. І мары… пра яду: “Віктару было шкада хлопцаў. Ён радаваўся, што яны хоць раз удосталь наядуцца…”, “харч па-брацку дзялілі”, “салдаты курылі, спявалі песні, варылі бульбу”, “з лазні выходзілі прыгажунамі хоць у каноплі стаўляй”. І самае галоўнае, байцы 1925 года нараджэння захавалі на вайне душу жывую, сэрца ранімае. А яшчэ радасць ад таго, што ўжо Віктар “мае цяпер поўнае права спяваць “Зямлянку”: “Гэтая песня была складзена як бы пра яго таксама, хоць дзяўчыны, якая б думала аб ім, пакуль не было…” Хлопцы сталі багацейшыя душой, жыццёвым вопытам на цэлую вайну з яе вялікімі выпрабаваннямі фізічных і маральных сіл, духоўных пачаткаў у чалавеку.
“Салдаты сорак пятага года, каму пашанцавала прайсці за Дунай, Віслу, Одэр, адчувалі сябе сцяганосцамі міру, дабра, справядлівасці,” – напіша ў аповесці “Замяць жаўталісця” І. Навуменка, падкрэсліваючы, што ў яго самога, як і ў герояў ягоных твораў, “няма другога вопыту, акрамя ўласнага”.
“Уласны” ваенны вопыт “падсвечвае” амаль усе творы празаіка пра юнацтва і вайну. Пры гэтым светабачанне юнацтва ў творах мяняецца. Пісьменнік глыбей пачынае разумець парыванні і рамантыку юнацкай пары. У апавяданні “Сямнаццатай вясной” нават каханне да незнаёмкі ў горадзе, “дзяўчыны ў белай сукенцы” са “жвавымі сінімі вачыма” ўзнікае зусім невыпадкова, бо, як аказалася, Стася, якая працуе ў мясцовай аптэцы, якраз і з’яўляецца “галоўнай” разведчыцай, партызанскай сувязной.
Строгія жыццёвыя экзамены юнакі і дзяўчаты здавалі ў ваенны час на найвышэйшую адзнаку. Вось чаму “пах бэзу” ізноў стаў галоўным “экзаменатарам” маладых. У гэтую вясновую ноч я зноў пачуў, як прыемна пахне расцвіўшы бэз. Ён пахнуў так заўсёды, калі мы хадзілі здаваць экзамены”.
Такое ж гераічнае, але і рамантычнае апавяданне “Вераніка”. Мабыць, напісаны гэты твор з адной-адзінай мэтай – не толькі ўславіць імя дзяўчыны-прыгажуні, як і ў М. Багдановіча, – разумнай і дасціпнай, але і ўваскрасіць яе жыццёвы подзвіг, паказаць гераічны і нялёгкі змест існавання, лад і склад думак моладзі вогненных гадоў, часу, калі ўсе яны станавіліся на самастойны шлях у “саракавыя, парахавыя”. Калі, як прызнаваўся пісьменнік, “мы проста не маглі жыць без подзвігаў”.
У вершаваным апавяданні М. Багдановіча “Верашка” са зборніка “Вянок” (1913) паэт узяў эпіграфам словы італьянскага творцы Джавані Праці з паэмы “Armond” “Яна – выдумка маёй галавы”. У вершы “Ізноў пабачыў я сялібы” (1913) Максім Багдановіч, які называў тыя радкі “эпілогам” да “Веранікі”, прыгадваў: “І толькі надпіс Вераніка,/ На ліпе ўрэзаны ў кары/ Казаў вачам аб тэй пары.” Класік беларускай паэзіі заключаў у вершы:
Чым болі сходзіць дзён, начэй,
Тым імя мілае вышэй.
А тут “імя мілае” рэальнай, зямной, прывабнай, жаданай Веранікі Хмялеўскай, якая прыйшла “новенькай” у іхні дзявяты клас і ў якую адразу закахаліся ўсе хлопцы. З адным з іх, са Слаўкам Загароўскім, у Веранікі пачалася штодня слоўная “пікіроўка”. Паміж усімі хлопцамі ў тайным “паядынку” аспрэчвалася права на лідарства ў класе, вялася без супынку асаблівая дуэль. Дуэль, якая мела на мэце “пацэліць” у сэрца каханай, словам, справай, жаданнем зрабіць нешта значнае дзеля яе, каб стаць для яе лепшым. А, можа, лепш за яе кантрольную па фізіцы ці матэматыцы напісаць?.. І як сябры ні імкнуліся “паяднаць” іх (Славы і Веранікі) сэрцы і душы, але ў тую пару гэта так і не ўдавалася зрабіць: “Але Вераніка нібы не заўважала Славы”. Далей-болей: “З гэтага часу пайшла ўжо адкрытая вайна Веранікі са Славам. Не праходзіла дня, каб яны не абмяняліся якімі-небудзь колкасцямі. Вераніка зневажала Славу як магла. Яна высмейвала кожны яго крок, кожнае яго слова. Слава не заставаўся даўжніком. Ён таксама не шкадаваў з’едлівых кепікаў у адрас Веранікі. Так яны закончылі дзявяты клас”. А ў дзясятым? У дзясятым “атэстат сталасці” ім “уручала”… вайна: “Але вечара ў той год не было. Атэстаты нам аддалі без ніякай урачыстасці. Пачалася вайна…” Галоўны герой твора, як і іншыя яго сябры-аднакласнікі, жыў у далейшым з цяжкім адчуваннем “віны”, што не змог “абараніць” каханую дзяўчыну. “Нас вярнулася з вайны толькі шасцёра, і ўсё ж мы не змаглі абараніць Вераніку, – піша аўтар. – Яе расстралялі фашысты ў нашай Малінаўцы яшчэ ў сорак другім годзе за тое, што яна друкавала на машынцы лістоўкі”. Як і ва ўсіх сваіх творах пра лёсы юнакоў і дзяўчат у гады ваеннага ліхалецця, празаік вельмі дакладны ў лічбах, фактах, якія прымушаюць “уздрыгнуць” і “скалануцца” душой любога, хто чытае ці слухае тыя радкі. “Расстралялі Вераніку каля самай рэчкі, у бярозавым гайку, там яна і пахавана”. Дзяўчыну любілі многія хлопцы з іхняга класа. Але толькі адзін з іх – Слава Загароўскі – кахаў Вераніку мацней за іншых. Кахае і зараз, пранёсшы тое шчымлівае і высокае пачуццё праз “вогненны небасхіл” (а менавіта так называўся адзін са зборнікаў ваеннай пары паэта М. Танка). Ён прыходзіць на бераг “нашай невялічкай рэчкі, дзе пахавана Вераніка,” “падоўгу ходзіць там і пра нешта думае”.
Пакахаць – крыху памерці. Але каханне не памірае, яно заўсёды жывое і жаданае.
“Работа душы” асабліва заўважна ў аповесцях і раманах І. Навуменкі. Аповесць “Замяць жаўталісця”, мабыць, як ніякая іншая, раскрывае ўнутраны свет асобы, чалавека з багатай жыццёвай біяграфіяй, які шмат перажыў і зазнаў, нямала перанёс на сваім вяку, ведаў узлёты і падзенні, які добра разумее цану поспеху ці звычайнага шчасця, усведамляе, што ўсё, што мае чалавек, даецца яму толькі працай, працай розуму і цвёрдасцю духу, маральнай чысцінёй. Ва ўсім гэтым неаднойчы даводзіцца пераканацца Алесю Іванавічу Высоцкаму, кандыдату навук, дацэнту адной са сталічных ВНУ, былому журналісту, зараз пісьменніку і вядомаму даследчыку роднай літаратуры. Сюжэт аповесці можна было б назваць традыцыйным, калі б не ўнутранае яго напаўненне думкамі і развагамі, сустрэчамі і працай даследчыка, вучонага, творцы. Вось пачатак аповесці: “Едучы ў педінстытут, у надпрыпяцкі горад, дзе жыў і працаваў, калі быў малады, Высоцкі лічыў, што адпачне”. А далей, як і заўсёды ў прозе І. Навуменкі, дакладнае, канкрэтнае паведамленне: “Прачытаць за месяц спецкурс на трыццаць гадзін – не надта вялікая цяжкасць для яго, спакушанага ў такім чытанні за доўгія гады выкладчыцкай работы.”
Правообладателям!
Это произведение, предположительно, находится в статусе 'public domain'. Если это не так и размещение материала нарушает чьи-либо права, то сообщите нам об этом.