Электронная библиотека » Уладзімір Навумовiч » » онлайн чтение - страница 23


  • Текст добавлен: 5 июля 2016, 13:00


Автор книги: Уладзімір Навумовiч


Жанр: Языкознание, Наука и Образование


сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 23 (всего у книги 34 страниц)

Шрифт:
- 100% +
Максім Танк (1912–1997)
 
О, каб гэта сякера,
З якой лесарубіў,
Або плуг,
Якім скібы падзолу гартаў,
Ці агонь,
Якім грэўся, заціснуўшы зубы,
Або лыжка,
Якой у місе крошак шукаў,
Ці рыдлёўка,
Якой рыў акоп у патрэбе,
Ці кульбака,
З якой шлях закончыцца мой, —
Маглі загаварыць!
Ці ж бы мне было трэба
I пяро яшчэ браць
Агрубелай рукой.
 
Максім Танк. Верлібр

Максім Танк (Яўген Іванавіч Скурко) нарадзіўся ў в. Пількаўшчына (Мядзельскі раён). Скончыў польскую сямігодку, вучыўся ў Радашковіцкай і Віленскай гімназіях. “Я вырас, як і большасць нашых пісьменнікаў, у сям’і хлебаробаў, дзе сумленная праца ад цямна да цямна лічылася натуральным і прыродным абавязкам, а не нечым незвычайным, вартым урачыстых пасяджэнняў, званняў, узнагарод. І маё неспадзяванае пісанне вершаў і для бацькоў і для маіх аднавяскоўцаў, большасць якіх умела распісвацца толькі крыжыкамі, напачатку здавалася з’явай загадкавай, гультайскім заняткам, а пасля арыштаў і шматлікіх налётаў паліцыі – заняткам небяспечным”.



Максім Танк – паэт шырокага творчага дыяпазону. У яго творчай спадчыне ёсць вершаваныя казкі, лірычныя вершы і паэмы, апрацоўкі легенд, а апошнія гады свайго жыцця паэт выступаў у новай і малараспрацаванай у беларускай паэзіі вершаванай форме верлібра, або свабоднага верша. Можна з поўным правам сказаць, што М. Танк – паэт-наватар. Ён шукаў новыя формы і сродкі выяўлення інтанацыі, абнаўляў архітэктоніку і змест твораў, вар’іраваў рытмы, эксперыментаваў. Пры ўсім гэтым М. Танк – паэт глыбока народны. Ён адкрываў народу ў вершах яго светаўспрыманне, але і глядзеў на рэчы, на з’явы рэчаіснасці яго вачыма, ацэньваў многае праз яго светабачанне.

Грамадзянская заклапочанасць паэта цесна змыкаецца з агульначалавечымі пачуццямі. Любімыя вобразы паэзіі М. Танка – зямля, песня, матчына хата, сосны над Нараччу, стол у вясковай хаце, бохан хлеба на даматканым абрусе, неба, зямля, вецер. Сусвет – вось вобраз, сімвал дому і зямнога чалавечага быцця. Чалавек – Зямля – Сусвет – Космас – такая канцэнтрацыя зямнога існавання герояў твораў М. Танка.

Паэтычная творчасць не ізалявала маладога паэта ад жыцця, наадварот, стала адным са сродкаў выяўлення грамадзянскай пазіцыі, далучэння да барацьбы.

У адным з ранніх вершаў М. Танка “Пад мачтай” герою мачтай здаецца сасна, пад якой ён стаіць, і пад гэтай мачтай на зямным шары яму – аднаму з многіх – плысці ўдалячынь.

Дарога паэта – дарога ў нязведаныя высі, у прастор, дзе чакаюць новыя паэтычныя адкрыцці і дзе зусім па-іншаму бачыцца ўсё, што дзеецца на планеце. “Перапіска з зямлёй” – так называецца адзін з цыклаў вершаў паэта. “Можа мы апошнія паэты, што вось так цікавяцца зямлёй”, – са скрухай і тайным жалем пісаў паэт, разумеючы, што ўсё менш і менш людзей, і ў тым ліку паэтаў, цікавяць зямныя справы, боль і раны планеты, экалогія прыроды і экалогія чалавечай душы. Максім Танк – паэт філасофскага складу. Паэзія М. Танка – змаганне за чалавека, з нашай неадчувальнасцю, этычнай закарузласцю, эмацыянальнай неразвітасцю, няўменнем жыць духоўна напоўненым жыццём.

Творчы лёс паэта склаўся шчасліва, хоць на пачатку жыццёвай дарогі яму давялося перажыць нямала пакут. За рэвалюцыйную дзейнасць у былой Заходняй Беларусі ён быў выключаны з Радашковіцкай і Віленскай беларускіх гімназій. Тройчы за падпольную рэвалюцыйную дзейнасць і за вершы адбываў турэмнае зняволенне ў Вільні, у турме на Лукішках – у гэтым турэмным “універсітэце”, дзе заходнебеларускіх паэтаў у той час было за кратамі больш, чым іх знаходзілася на волі. Адно ўжо тое, што чалавек з’яўляўся беларускім паэтам, ва ўмовах заходнебеларускай рэчаіснасці было небяспечным, пагражала турмой.

Паэзія была напоўнена скаргамі, перажываннямі, нараканнямі на долю і цяжкі, гаротны лёс працоўных Заходняй Беларусі. Тон многіх твораў той пары – мінорны, прыглушаны, балючы, тужлівы. І вось над гэтымі галасамі “загрымеў” голас паэта-рэвалюцыянера, які заклікаў да барацьбы, да адкрытага выступлення, бо толькі “молатам лепшая доля куецца”. Па-баявому, наступальна і энергічна загучала паэзія Максіма Танка, паэзія рэвалюцыйнага змагання. У сялян Заходняй Беларусі не было іншых шляхоў да вызвалення, як змагацца словам, у іх не было аніякай зброі, дык няхай ім будзе ў падтрымку хоць адзін… Танк. Паэт магутна “ўварваўся” ў шматгалосы хор так званай масавай паэзіі, масавай не па колькасці тых, хто пісаў, а па выяўленні настрояў мас. Максім Танк як паэт фарміраваўся пад уплывам дэмакратычных настрояў працоўных мас Заходняй Беларусі, а таксама польскай рамантычнай паэзіі. Адсюль у творах паэта сімволіка рамантызму, згадкі пра шхуны, фіёрды, “чырвоную зару”, “жалезны вырай”, пра надыход “вясны народаў”. Рэвалюцыйнае водгулле ягоных вершаў не магло быць незаўважаным. Выступаў паэт і пад іншымі псеўданімамі. Але верш “Заштрайкавалі гіганты-коміны” 1932 г. – пра забастоўку гарнякоў Дамбровы – падпісаны быў ужо псеўданімам Максім Танк. Ва ўмовах падпольнай барацьбы прыходзілася неаднойчы хавацца ад дэфензівы[1]1
  Дэфензіва – палітычная паліцыя ў Польшчы ў 1918–1939 гг.


[Закрыть]
. Аднак пазбегнуць арыштаў не ўдалося. Дні чаргаваліся то на волі, то ў турме, у няволі, адарваным ад свету. І за кратамі не спынялася яго паэтычная і падпольная дзейнасць. Прымаў удзел у падрыхтоўцы рукапісных турэмных часопісаў “Пралом”, “Краты”.

Так само жыццё падзяліла ўсю творчасць паэта на два асноўныя перыяды – давераснёўскі і паслявераснёўскі.

У заходнебеларускі час выйшлі зборнікі паэзіі “На этапах” (1936), “Журавінавы цвет” (1937), “Пад мачтай” (1938) і паэма “Нарач” (1937).

Названыя тры зборнікі – этапы росту майстэрства паэта, тры тэматычныя абсягі ягонай паэзіі, тры “лініі” гарызонту ў адкрыцці і пазнанні чалавека і свету.

Першы зборнік – “На этапах” – уключае творы рэвалюцыйнага зместу. Гэта паэзія змагання, “турэмная лірыка”, што прагучала з-за лукішкаўскіх крат, “паэзія бунту”, дзе ледзь не ў кожным радку чуюцца і бачацца кайданы, этапы. “На этапах” праходзіла тады і само жыццё паэта.

Зборнік “Журавінавы цвет” – сведчанне заглыблення паэта ва ўнутраны свет чалавека, у яго псіхалогію, адчуванні, перажыванні, трывогі, узмацнення менавіта чалавеказнаўчага зместу ў творчасці паэта. Такая паэзія патрабавала зусім іншых інтанацый, стылістыкі: яна загучала больш даверліва, прыглушана, спакойна, нібы камерна, а рэвалюцыйны змест часамі даводзілася “хаваць” у падтэкст. Напрыклад, колер спелых журавін чырвоны. Яркім чырвоным палотнішчам разасланы яны на нарачанскай зямлі ўвосень. Увосень, як вядома, і адбылося ўз’яднанне ўсходніх і заходніх зямель Беларусі.

Трэці зборнік – “Пад мачтай” – меў філасофскае гучанне. У ім выявіліся расчараванні, трывогі, сумненні паэта ў той час, калі ў Заходняй Беларусі вынішчалася ўсё беларускае, душыліся свабодалюбства, дэмакратычныя парыванні, прага да справядлівасці, роўнасці, братэрства. У творах гэтага зборніка праявіліся выдатныя якасці паэта – разважлівасць, нетаропкасць, сіла роздуму, заглыбленасць думкі і пачуцця, філасофскае светаўспрыманне. Праявіліся якраз тыя рысы, якія потым стануць вызначальнымі, істотнымі ва ўсёй творчасці паэта. Гэта кніга – самая сталая з першых зборнікаў вершаў выдатнага паэта. Тут выявілася схільнасць аўтара да класічнай яснасці і глыбіні.

Рэалістычна стрыманым з’яўляецца твор М. Танка “Песня кулікоў” – верш баладнага зместу, метафарычны, з глыбокім падтэкстам. Ён увайшоў у кнігу “Журавінавы цвет”. Калі ў першай кнізе “На этапах” чуўся выразны заклік (“Да штурму гартуйце жалеза і сэрца!”), дык тут ужо ў своеасаблівым падтэксце раскрываецца чаканне прыходу ранняй вясны, якую заўсёды клічуць на балоце кулікі. Выяўляецца надзея на хуткае збавенне ад уціску і раз’яднання, на выратаванне з нябыту, надзея на лепшую долю сялянскую. У словах паэта – зварот заходнебеларускага народа да сумлення ўсяго перадавога чалавецтва, да людзей на планеце. Паслухайце – “не мяцель галосіць на заснуўшым полі, а ў імгле зблудзілі, пэўна, кулікі”, “што ў імгле, няйначай, не мяцель, а плачуць недзе кулікі”. Прырода, людзі, жывая істота тут з’ядналіся ў адзінае цэлае, выяўляючы паўнату пачуццяў заходнебеларускага народа. Ён аніяк не можа “выбавіцца” з мяцелі, у якой закружылі яго войны, рэвалюцыі і прымус. Паэт выкарыстоўвае вобраз снежнай завеі для паказу лёсу простага селяніна. “Снежнай завеяй” закіпае нават вада ў чыгунку з бульбай у печы. Завея ўсюды – “наарфуе снегу, бы мякіны горы” – “не праехаць полем, не прайсці нідзе”. А шукалі ў тым чыстым полі ў завіруху (вобраз рэвалюцыі), лепшай долі, хлеба ўволю, шчасця дзецям: “Каб далі вучыцца нам на мове роднай, Усе мы дамагаліся грудзьмі…”. Сюжэтным і кампазіцыйным цэнтрам верша з’яўляецца сцэна запрашэння на начлег у звычайнай вясковай хаце маладога падпольшчыка, які туляецца па вёсках. Толькі ў такую завейную ноч і мае магчымасць ён свабодна перайсці ад вёскі да вёскі, і трэба недзе заначаваць у дарозе. Пакуль “дагарае ноч даўгой лучынай”, датуль нетаропка, спакваля, ідзе гамонка паміж старым гаспадаром і маладым начлежнікам, якія нібыта прыглядаюцца адзін да другога. Хлопец бачыць беднасць і галечу ў хаце, яму гэта ўсё знаёма. Бачыць ветласць і зычлівасць гаспадара, надзею на перамены, і яму хочацца суцешыць селяніна ў скрусе і бядзе, каб прынесці збавенне яму, нібы бацьку роднаму (“Я, стары, таксама, з-пад страхі сялянскай…”). Надзея і просьба гучаць у словах гаспадара, бо ўжо немажліва чакаць (“Ну, скажы, ці доўга…”), гатоўнасць ісці з маладымі шукаць лепшую долю.

Песня кулікоў – песня-скарга аб долі і нядолі, песня чакання вясны – зліваецца з іншай песняй у вершы – матчынай калыханкай над калыскай немаўляці. Ды здаецца, што пад “песню кулікоў”, а не толькі пад матчын спеў, засынае малы ў калысцы. Пад песню нядолі, бяды і галечы, пад песню збавення, песню чакання. Калі ён прачнецца, а потым і вырасце, яго чакаюць новыя песні і новае жыццё. Напэўна, тое новае жыццё будзе лепшым. Пра чаканне і пошукі, змаганне за лепшую долю для народа і напісаны верш М. Танка “Песня кулікоў”.

Плача кулік – ужо адзінокі – “над папарам” і ў вершы “На пероне”, плача над запусценнем беларускай зямлі. Верш “На пероне” поўны гневу і абурэння, пратэсту супраць рабавання замежным капіталам нашага прыроднага багацця ў Заходняй Беларусі, калі ідуць “на Захад” цягнікі і вывозяць “лён, жыта, сасну і бярозу”. Нібы юнацтва паэтава “вывозяць” – будучае зямлі і краіны. “Праплакаў кулік над папарам…” Лірычны герой плача і пратэстуе ўсім нутром супраць здзеку і гвалту, што чыняцца на яго роднай зямлі. Усё тут дзівіла чужынцаў: і “беднасць зямлі”, і “багацце палёў”, і “лазовыя лапці”, і “песня і мова чужая”. Але ёсць яшчэ і хараство зямлі, якое напаўняе сэрца паэта. Ён хацеў бы дачакацца той пары, калі ўсе багацці роднай зямлі будуць належаць народу, які тут жыве і працуе, які адкрывае свет для сябе і хацеў бы “адкрыць” сябе ў свеце. Верш “На пероне” – тужлівая песня-дума, песня-пратэст паэта, які праводзіць цягнікі ў далёкі заходні край. Гучаць самотна струны паэтавай душы.

“Паслухайце, вясна ідзе…” – твор, у якім сінтэзаваліся лепшыя рысы заходнебеларускай творчасці паэта. Верш кароткі, усяго тры страфы, але ў ім ёмкі і багаты змест. Метафарычнасць верша адчуваецца ва ўсім: кожнае дзеянне, кожнае вызначэнне, кожнае слова і афарызм як бы “пераносяцца” на іншы прадмет, за якім бачыцца новае і нечаканае. Настрой, маляўнічасць, эмацыянальны змест, драматызм, напружанне радка – усё разам у творы стварае глыбокі падтэкст, дазваляе думаць пра многае. Прадчуванне таго, што “вясна ідзе”, несумненна, звязана з надзеяй на хуткае вызваленне з астрогу (відавочна, верш пісаўся за кратамі). Вясну вызвалення вітае паэт. Гэты верш – не пейзажны, не ідылічны. Гэта адзін з лепшых твораў “турэмнай” лірыкі паэта.

Гістарычнае ўз’яднанне Усходняй і Заходняй Беларусі – дзень 17 верасня 1939 г. – Максім Танк сустрэў у роднай вёсцы Пількаўшчына. Нарачанскія рыбакі, беззямельныя сяляне з навакольных вёсак сыходзіліся грамадою з берагоў Нарачы ў Мядзел, дзе па гасцінцы грукаталі дзень і ноч танкі, ехалі машыны з салдатамі. Паэт вітаў прыход доўгачаканага вызвалення ўсхваляванымі радкамі верша:

 
Здарова, таварышы! Доўга чакалі
Мы вас, і чакала ўся наша зямля.
Не раз мы выходзілі ў сінія далі,
Не раз углядаліся ў сонечны шлях!
 
(“Здарова, таварышы”)

У вершы нібы “загучалі” ўсе тэмы і вобразы давераснёўскай паэзіі М. Танка. Тут ёсць радкі і пра “птушыны вырай” з усходу, які віталі працоўныя Заходняй Беларусі, радкі пра шчырыя песні, “засмяглы” звон коласа ў полі, пра “ўсходняга ветру напеў”. Цяжка чытаць у вершы пра той калючы дрот, які, як і ў вершы “Паслухайце, вясна ідзе…”, падзяляў народ, як рвалі аголенымі рукамі тую калючую агароджу жыхары заходняга краю, – “звалі… на падмогу”.

“Краем этапных дарог і туманаў” называў пісьменнік сваю шматпакутную родную наднарачанскую старонку, якая апынулася не па сваёй ахвоце на заходнім баку.

Надзеяй і верай, што чаканае нарэшце збудзецца, напоўнены верш. Дзень вызвалення, хоць і прыйшоў сонечным асеннім днём, уяўляецца паэту веснавым: нібы “вясна – на чырвоным куце за сталом”.

Не паспеў яшчэ паэт сказаць на поўны голас аб уз’яднанні, як прыйшлося яму ізноў заклікаць да зброі, да барацьбы (“Да зброі, Беларусь!”, “Не шкадуйце, хлопцы, пораху”, “Хмары з захаду…”). На гэты раз да барацьбы з нямецка-фашысцкімі заваёўнікамі. Думкі паэта – пра ўсю Беларусь, і ён з гонарам і сыноўняй любоўю не аднойчы прамаўляе: “Беларусь… Беларусь…”. Здаецца, што паэт радуецца мажлівасці гаварыць ад імя адзінай Беларусі-маці. Яна ляжыць у агні, але паэт запэўнівае, што пакуль “мы, твае дзеці, жывём”, то, “як цені, па зорах”, прыйдзем і адпомсцім, каб расцвіталі зноў родныя прасторы, якія ніколі ўжо ні за што не засцелюць ніякія трывожныя, чорныя, са слязьмі “хмары з захаду”.

Першыя прачулыя словы – пра маці-Радзіму, дарагую Беларусь, не разарваную на дзве часткі. А вось ужо ў вершы “Рукі маці” гаворыць паэт пра сваю маці, пра родны дом, пра стол, на які кожны раз кладзе маці рукі свае, на якіх адбіўся “шлях наш суровы”, ад чаго, здаецца, “быццам ад сонца”, пасвятлее ў хаце і ў “сэрцы”.

Багатым зместам жыцця, усім, чым жыве чалавек, напоўнены і верш “Родная мова”. Ён – пра бясцэнны дар – душу народа, яе голас.

У творчасці М. Танка выявілася і яшчэ адна запаветная мара – хоць словам, хоць вершам застацца ў памяці людской, калі ўжо не вершаванымі зборнікамі, не тамамі прозы, дык хоць адным адзіным радком. Гэтая мара незвычайным чынам “рэалізавалася” ў творчасці Максіма Танка ў вершы “Прачытай і перадай другому”. Паэт шчыра, без фальшу і знешняй афектацыі прызнаецца: “Мне не трэба ўзнагарод і лаўраў”. Ніколькі не пазіруючы, без бравады аўтар сцвярджае: “За славаю ў чарзе ніколі не стаяў я і стаяць не буду”. Гэта верш пра паэта і яго песню, пра ролю паэта і паэзіі ў грозныя часіны змагання. Вершы такога плана ёсць у М. Багдановіча, Я. Купалы, П. Броўкі. Але М. Танк знаходзіць сваё, адзіна вернае, нечаканае рашэнне тэмы. Паэт “хацеў бы скласці песню”, якая клікала б на барыкады, выхоўвала і служыла арыенцірам у жыцці, была б патрэбна кожнаму, пра якую б, як у гады падполля, «напісалі дарагія словы: “Прачытай і перадай другому!”».

Мера дасканаласці верша – гэта мера яго грамадзянскасці і мастацкасці. Спробу ж самога пранікнення ў таямніцу паэзіі мы знаходзім у вершы “Паэзія”. Што такое паэзія? Што яна азначае для чалавека ў ягоным жыцці? Ці можна без яе абысціся? Аказваецца, не. Шмат пытанняў, але на ўсе іх шукае і дае адказы ў сваім вершы паэт. Ён не гаворыць пра вечную загадку паэзіі. Паэт адразу, у першым жа радку, параўноўвае паэзію з бліскавіцай. Паэзія – гэта фатаграфаванне нябачнага, схаванага ад нашага вока. Ведаў паэт і пра многае іншае. Што азначала паэзія ў ягоным жыцці і ў жыцці іншых людзей (“вызваленне”, “вясновая кветка”, што “камень прабіла магільны”, “разведчыка след”, “пацалунак”, “радасць”, “дружба”, “чэрствага хлеба скарынка”, “сок вінаграду”, як здабытае сонца святло). Усё гэта паэзія. У адным з вершаў паэзія ў паэта асацыіруецца з голадам, мо ад таго, што прыйшлі яны да яго разам.

Па шляху заглыблення ў чалавека і ў час ішло развіццё таленту мастака слова ў пасляваенны перыяд. Пасля зборнікаў “Каб ведалі” (1948), “На камні, жалезе і золаце” (1951) выйшлі кнігі паэзіі “След бліскавіцы” (1957), “Мой хлеб надзённы” (1962), “Глыток вады” (1964). Пазней аўтар прыходзіць да філасофскіх высноў у паэтычных кнігах “Хай будзе святло” (1974), “Дарога, закалыханая жытам” (1976), “Прайсці праз вернасць” (1979), “За маім сталом” (1984), “Дарога і хлеб” (1988).

Пачынаючы з верша “Перапіска з зямлёй”, паэт выступіў у даволі новай і нязвыклай для нашай паэзіі паэтычнай форме верлібра. Тут наватарскі талент паэзіі М. Танка праявіўся з найбольшай сілай. Яго верлібр – філасофскі, гэта – верш-развага, верш-роздум, даверлівая размова з чытачом.

Верлібр паступова разгортвае паэтычную думку “па спіралі”, на інтанацыйна-сінтаксічных паралелях, паўторах. Верш-верлібр – гэта быццам драматычны твор, пачуццёва арганізаваны, напружаны, як правіла, сюжэтны, паэтычны абразок. На чым грунтуецца такі верш? На сплаве думкі і пачуцця, на аналізе, разважанні, якія і з’яўляюцца галоўнай рухаючай сілай верша. Верш-верлібр – гэта і ёсць натуральнае, як дыханне, выяўленне душы чалавечай. Ён добра перадае рытм сэрца, работу, хадзьбу чалавека, яго дыханне. Верлібр будуецца на асацыяцыях, на паваротах думкі, на паралелях і нечаканасцях, на паступовым разгортванні думкі ў своеасаблівым настроі, адметным ладзе і рытме.

Інтанацыі свабоднага верша мы знаходзім яшчэ ў М. Багдановіча (“Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы…”), Я. Купалы (“А хто там ідзе?”). Упершыню тэрмін “верлібр” увёў французскі паэт і крытык Кан у 1884 г. Верлібрам карысталіся многія аўтары, але для асобных паэтаў гэта бы ў асноўны жанр, ледзь не адзіная форма мастацкага выяўлення свету (Пабла Неруда – Чылі, Яніс Рыцас – Грэцыя, Артур Лундквіст – Швецыя, Назым Хікмет – Турцыя, Вітэслаў Двезвал – Чэхія, Поль Элюр, Жак Прэвер – Францыя). Максім Танк – сярод лепшых майстроў гэтага жанру ў сусветнай літаратуры.

Верлібр – гэта часам маналог паэта або яго дыялог з чытачом, твор, які нараджаецца быццам на нашых вачах з глыбокай і хвалюючай думкі. “Я, здаецца, далучыўся б да цыганоў, каб толькі павалачыцца па розных шляхах зямлі ды паглядзець на свет”, – прызнаваўся калісьці паэт. “Паглядзець на свет”, каб спазнаць яго, – асноўны лейтматыў многіх твораў М. Танка.

Усю другую палову творчага жыцця, больш за трыццаць гадоў, паэт прысвяціў верлібру. Верлібры М. Танка вырастаюць на нацыянальнай глебе. Яны аналітычныя па духу. У вершы-верлібры “Гравюры Скарыны” спакойна і разважліва паэт углядаецца ў выявы на гравюрах, якімі першадрукар аздабляў свае выданні. Бачыць, што і дрэва, на якім выразаў асветнік, гуманіст свае малюнкі, гэта “дрэва гісторыі”, яно вырасла з родных каранёў, гэта наша мінулае, сучаснае і будучае, эпоха, якая дала свету кнігу, асвету, мудрасць. Першапраходца ішоў сваім цяжкім шляхам, несучы слова людзям, “хоць мог падабраць і больш падатлівы, і больш удзячны матэрыял”. Гліну? Фарбу? І самае галоўнае, думаецца паэту, што “выразаў ён іх не штыхелем-разцом, а промнем сонца”. Час не крануў гравюр, не знішчыў выразныя малюнкі на дрэве. Ад таго і маюць “гравюры Скарыны” цудадзейную сілу, “намолены” малітвамі пра дом і Беларусь, што не толькі дазваляе тым, хто ўглядаецца ў іх, паверыць у чароўную іх таемнасць, але “сляпым вяртае зрок”, “глухім – іх слых”, “няпомнячым – іх памяць”, “а без’языкім мову”. Гісторыя, культура, асвета, кнігі, выявы на гравюрах – гэта і ёсць нашы мова, слых, зрок, памяць. Гравюры Скарыны – беларускія святыні, яны сведчаць аб неўміручасці і багацці нацыі.

М. Танк можа адным вершаваным радком сказаць многае. У вершы “Мой хлеб надзённы” народнае выслоўе (“хлеб надзённы”) становіцца асновай твора, у якім гаворыцца аб стане і змесце душы чалавека на зямлі. “Хлеб надзённы” – гэта клопат чалавечы пра зямлю, дрэва, пра песню і сон. Аб чым штодзённа трывожыцца паэт – філосаф, апостал чалавечага духу новых дзён:

 
Непакой за цябе, зямля мая,
За твой ураджай, спакойны сон,
За дрэва кожнае ў гаях,
За весніх песень перазвон,
Непакой за цябе, зямля мая, —
Мой хлеб надзённы.
 

Паэт дае вызначэнне такому хлебу. Гісторыя краю і народа ўвасобілася ў “хлеб надзённы”: вайна, гора, пот, слёзы, праца, радасць, асалода ад дружбы. І не можа быць іншага “хлеба”, як толькі той, які чалавек здабыў разам са сваім народам і краем. “Хлеб надзённы“ – гэта доля людская, штодзённыя пачуцці, думы, планы, на дзеі – усё, чым заняты чалавек на сваёй зямлі, што складае аснову яго існавання, змест быцця дзень за днём.

“Не хлебам адзіным жыве чалавек”, – кажа народная прымаўка. Верш М. Танка яскрава сведчыць аб тым, што паэта хвалюе клопат пра хлеб духоўны. У вершы паняцце “хлеб” напоўнена эмоцыямі, духам, пачуццём “я-героя.” Усё, чым жыве народ і краіна, увабраў у сябе “хлеб духоўны”, вопыт мінулых гадоў, які мог быць “горкі ад пылу”, “гарачы ад пораху”, “салёны ад слёзаў”, але і “салодкі ад дружбы”. Паэт катэгарычны: “Не кладзіце мне хлеб другі”. Верш – эмацыянальны маналог, у якім знайшлі адбітак патрыятычныя пачуцці паэта. Узрушэнне аўтара перадаецца чытачу. Твор медытатыўны па сваім характары, гэта эмацыянальная развага, роздум, выкліканыя рэфлектыўным жаданнем паэта выявіць суб’ектыўныя пачуцці і перажыванні ў адпаведны момант духоўнага жыцця. Верш праніклівы, глыбокі па думцы, эмацыянальна-экспрэсіўны, ён перадае найвышэйшыя “пікі” кардыяграмы чалавечай душы, непакою за лёс радзімы, душы паэта, які ўласны лёс ніколі не аддзяляў ад лёсу краіны, не хацеў бы гэтага рабіць і ў будучым.

У лірыка-эмацыянальным ключы вырашаны і асноўныя тэмы ў вершах “Акамянелыя волаты”, “Працягласць дня і ночы”. Паэзія М. Танка – рытмічна арганізаваная. “Сейсмограф” душы паэта нібыта “ўлаўлівае” і перадае “падземныя” штуршкі, ледзь улоўнае біццё ўласнага сэрца, якое часам нагадвае то “плач перапёлкі”: “спаць-пара,” “спаць-пара,” “жаць-палоць”, “жаць-палоць”, то “галоп”, “тупат быстрага каня”, то ледзь улоўны, затухаючы стук, нібы канатаходзец ідзе па канаце, кожны раз застываючы ў небяспечнай паставе. Так і паэт у сваіх вершах: рытміка-інтанацыйны малюнак у іх увесь час змяняецца.

Верлібры паэта – падслуханае “біццё” ўласнага сэрца. Радасцю адкрыцця новага для сябе, нечаканасцю пранікнення ў глыбіні самога сябе насычаны верш-верлібр “Шчаслівы дзень”. Шмат у літаратуры лірычных вершаў пра шчаслівы дзень. Толькі тут не іскрыстае пачуццё радасці напаўняе сэрца і душу паэта, а гучаць матывы спасціжэння гармоніі, загадкавасці быцця Чалавека ў Сусвеце, раскрыцця вялікай таямніцы, асновы жыцця, якія вырашаны не ў прыўзнята-велічным настроі, а ў спакойнай і мудрай развазе, калі чалавек “здзіўляецца” свайму адкрыццю. “Завяралі старэйшыя”, – кажа паэт, што імі ўжо вырашаны амаль усе праблемы існавання чалавека на зямлі. Якія ж гэта глабальныя праблемы існасці? “Праўды, няпраўды”, “дружбы”, “кахання”, “жыцця і смерці”. Вось асновы жыцця.

Сапраўды, што застаецца маладому чалавеку? Прага пазнання, жыццёвая практыка і набыццё ўласнага вопыту прымушаюць кожнае новае пакаленне нанава адкрываць адвечныя ісціны жыцця, зноў самім даходзіць, што такое “праўда, няпраўда, дружба, каханне, жыццё і смерць”. Варта было, кажа паэт, “аднойчы” ўсумніцца няхай сабе ў “нейкай дробнай ісціне”, як атрымалася так, што “ўсё – ад альфы да амегі – трэба вырашаць нанава”. Ад “а” да “я” ў новым свеце кожны чалавек усе праблемы вырашае сам, да ўсіх жыццёвых ісцін даходзіць самастойна. Анарэ дэ Бальзак пісаў: “Ключом да ўсякага роду ведаў (пазнання) з’яўляецца пытальнік”. Толькі ўсумніцца і запытаць. Запытаць ужо напалавіну ўведаць.

Той дзень, калі лірычны герой верша адчуў і зразумеў, што ўсё ў гэтым свеце яму прыйдзецца “адкрываць” і “вырашаць” нанава самому, быў яго “самы шчаслівы дзень”. Прагай пазнання і ўсведамленнем неабходнасці назапашвання ўласнага духоўнага вопыту, набыцця жыццёвай практыкі, радасцю ўзбагачэння якраз і насычана жыццё. Верш, які разгортваецца па спіралі, паступова, ад ніжэйшага да вышэйшага, як часта бывае пры любым навуковым адкрыцці, заснаваны на звычайнай штодзённай практыцы чалавечай дзейнасці. Да моладзі звяртаецца ўмудроны жыццёвым вопытам чалавек. Твор заахвочвае да дзеяння, заклікае спазнаць таямніцу жыцця, мудрасць людскога прызначэння на планеце.

“Зацьменне сонца” – верш, на першы погляд, пра незвычайную з’яву ў прыродзе, з’яву, якая бывае раз у сто, а часам і болей гадоў, назіраецца ў розных частках свету па-рознаму. Кожнае пакаленне, якому пашчасціла назіраць “зацьменне сонца”, можа ганарыцца, што яны сталі сведкамі рэдкага, унікальнага відовішча. Але верш М. Танка – хутчэй і перш за ўсё пра каханне. Ізноў жа, пачатак верша – са слоў “казалі”. У папярэднім вершы “сцвярджалі”, тут паўторанае двойчы ў розных радках “казалі”. Аўтар абапіраецца ў сваіх развагах на вопыт мінулых стагоддзяў. Для верлібра наогул характэрны такі дыялогавы зачын. Дык вось, “казалі”, многае абяцалі, што ўбачаць людзі, што адчуюць у час “зацьмення сонца”. Якіх толькі дзівосаў не адбываецца на зямлі ў часы сонечнага зацьмення! Толькі закаханыя ўсяго “гэтага чамусьці не заўважылі”. Імпульсіўны характар верша рэзка мяняецца, думка паэта пераскоквае зусім на іншае. Погляд героя скіраваны не на сонца, а на каханую, і тут ужо маюць выключнае значэнне кожная драбніца, любыя дэталі. “Невялічкае закуранае шкельца”, “сляды пальцаў” Яе і Яго, “адбіткі вуснаў”. Мілыя, дарагія сэрцу дэталі-драбніцы. Міжволі ўсплывае ў свядомасці закаханых пытанне аб новых спатканнях. “Ты не цікавілася, часам, / Калі настане новае зацьменне?” – пытаецца хлопец, звяртаючыся ў думках да каханай. “Зацьменне сонца” ў вершы М. Танка нараджае “відушчасць” душы, нясе праясненне сэрцу, у якім перамагае высокае пачуццё кахання.

У вершы “Паказваюць дом паэта” размова ідзе пра тое, што грамадства можа і павінна перадаваць у спадчыну наступным пакаленням. Творца занепакоены, што “манументальнасць”, “пампезнасць” – “бетонны ганак”, “высокі парог” – нават “адсутнасць шчылін” у адрэстаўрыраваным доме вядомага паэта свайго краю, куды возяць сёння экскурсіі, не адпавядае таму, што існавала раней. Бо як маглі тады “залятаць” у дом вятры, птушкі, мары, “заходзіць усе дрэвы, кветкі, людзі”, “з якімі ён дружыў”, што жывіла і складала аснову яго паэзіі. Неабходна захаваць дух творчасці, першакрыніцу творчага натхнення, непаўторнасць часу, асаблівасці побыту, хараство і каларыт эпохі.

Сапраўдная паэзія жыве ў сваім часе. Час – галоўны сааўтар і герой высокай паэзіі, “святога рамяства”.

У М. Танка ёсць верлібр пра каханне “Аднойчы бедаку прысніўся пір…”. Паэт паведамляе аб тым, што беднаму ды яшчэ і галоднаму чалавеку “прысніўся пір”. Але вось бяда – не было чым есці, бо за сталом не аказалася ніводнай лыжкі. Назаўтра, калі бедалага паклаў велізарную лыжку пад падушку, сон не паўтарыўся. Аўтар па асацыяцыі прыгадвае свой мінулы і цяперашні душэўны стан і той жа “казус”, які адбыўся з ім самім. Паэт звяртаецца да сваёй каханай, у свабоднай імправізацыйнай манеры распавядае, што “адзіная”, непаўторная нібыта таксама ў першыню прыснілася яму, а можа ён сам намаляваў яе сваіх снах – “сустрэў у сне цябе”.

З той пары, кажа паэт, калі ён кладзецца спаць, дык на ноч зачыняе дзверы на ключ, каб яна не знікла бясследна, не пакінула яго соннага, “каб не ўцякла”. Але ці яна сама здагадалася пра небяспеку быць паланёнай, ці яе хто-небудзь папярэдзіў аб тым, але ўжо зараз яна і ў снах баіцца да яго прыходзіць: “I ў сне асцерагаешся з’явіцца”. Выдатны асацыятыўны верш пра каханне. Колькі непадробнага пачуцця, цнатлівасці і захаплення каханай у гэтым вершы! Цудоўныя радкі, поўныя высокай паэзіі, тонкага пачуцця і глыбокай думкі.

Поўны філасофіі і мудрасці верлібр “Прайсці праз вернасць”, які даў назву зборніку верлібраў паэта. “Я спытаў чалавека, / які прайшоў праз агонь, / і воды, / і медныя трубы: / – Што самае цяжкое на гэтым свеце? І ён адказаў: – Прайсці праз вернасць”. Цудоўныя радкі! Больш змястоўна, ёміста, дакладна і вычарпальна не скажаш.

У адным з верлібраў паэт прызнаваўся, што калыхаючы яго, маленькага, маці прала кужаль і спявала яму песню. Кужэльную нітку маці навівала на верацяно, а песня “навівалася” на сэрца немаўляці. З таго часу ён, кажа паэт, разматвае нітку матчынай песні са свайго сэрца, баючыся яе парваць (верш “Закалыхваючы…”).

Верлібры М. Танка пабудаваны на нацыянальнай аснове. Паэт-наватар не пакінуў ані кроплі сумнення сваім апанентам, якія даказвалі, што беларускай мове не ўласціва форма свабоднага верша, што на рэалістычна-канкрэтным бытавым фоне верлібр многае страчвае, што дэталізацыя і “прывязанасць” да зямлі не пасуюць да ўмоўнай і адцягненай формы падобнай вершатворчасці. Глыбоканародная аснова, жыццёвая канкрэтыка, нацыянальны каларыт і ўвага да мастацкай дэталі як сродку ўласна рэалістычнага жывапісу ўласцівы большасці верлібра ў паэта.

Характэрны гэтых адносінах верлібр “О, каб гэта сякера…”, дзе чалавек, умудроны жыццёвым вопытам, прыгадвае і тую “сякеру, з якой лесарубіў”, а таксама “плуг, якім скібы падзолу гартаў”, успамінае “агонь, якім грэўся, заціснуўшы зубы”. Пра што б ні згадваў паэт, пра “лыжку, якой у місе крошак шукаў”, пра “рыдлёўку, якой рыў акопы ў патрэбе”, ці нават пра “кульбаку”, з якой заканчваецца доўгая жыццёвая дарога творцы, ва ўсім чуецца высокая паэзія, узлёт фантазіі, глыбокая прада жыцця, філасофія быцця чалавека на зямлі. І няхай не ўводзіць у зман лёгкасць, імправізатарская прырода верша – твор выпакутаваны ўсім нялёгкім жыццём паэта, падсумоўвае пройдзены ім шлях.

Паэт піша і пра славутую “дынастыю” сялянскага роду, з якой не можа параўнацца “ніводная з каралеўскіх дынастый” (аднайменны верш). Перафразуе вядомую беларускую прымаўку “мая хата з краю”, укладваючы ў гэты выраз зусім новы змест, сцвярджаючы, што ў такой хаце “ўсе дні – клапатлівыя, усе ночы – бяссонныя”, бо сюды першымі грукаюць “вятры, збіўшыся з дарогі”, “хмары, снежныя і дажджлівыя”, “птушкі пералётныя”, “кірмашовыя дні” і “працавітыя будні”. Такая хата ніколі не ведае спакою, але затое ў ёй заўжды поўна гасцей, тут часцей гучыць музыка і голасна спяваюць. І гэта не паэтычная дэкларацыя. Усім зместам аўтар даказвае, што ў такой хаце жывуць працавітыя і вясёлыя, хлебасольныя і шчырыя людзі. Выдатны верлібр, які хораша раскрывае яркія рысы нацыянальнага характару – гасціннасць, шчодрасць душы, весялосць і высокую духоўнасць беларусаў.


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 | Следующая
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Это произведение, предположительно, находится в статусе 'public domain'. Если это не так и размещение материала нарушает чьи-либо права, то сообщите нам об этом.


Популярные книги за неделю


Рекомендации