Электронная библиотека » Уладзімір Навумовiч » » онлайн чтение - страница 14


  • Текст добавлен: 5 июля 2016, 13:00


Автор книги: Уладзімір Навумовiч


Жанр: Языкознание, Наука и Образование


сообщить о неприемлемом содержимом

Текущая страница: 14 (всего у книги 34 страниц)

Шрифт:
- 100% +
 
І ў людзей ты гонар страціш —
І цябе зракуцца:
Лепш змагацца вольным, браце,
Чым цярпець ды гнуцца!
 

Нездарма ў варыянтах газеты “Дзянніца” радок “не лісціся к сільным”, гучаў “не масціся к сільным, дружа, змейкаю-бярозай”. Беларусу, селяніну-бедняку, не выпадала шукаць заступніцтва ў “магутных гэтага свету” ці ў сваіх багацеяў альбо чакаць ласкі ад больш моцных краін-суседзяў. У беларуса свой шлях, свая доля, якая асабліва выразна бачылася паэту з турмы. Твор датуецца 1912 г. Паэтычны зварот “Будзь цвёрды” выпакутаваны аўтарам, у ім рэалізаваўся ўласны жыццёвы вопыт паэта з народа.

Верш “Асадзі назад!” напісаны ў той жа алегарычна-скрушнай манеры, але ў ім ужо значна большая ўдзельная вага сатыры і гумару, з дапамогай якіх паэт са смехам скрозь слёзы абагульнена малюе гаротнае і бяспраўнае існаванне бедняка. Верш – разгорнутая, але бязрадасная карціна жыцця-быцця селяніна на сваёй зямліцы. “Асадзі назад!”, паводле сялянскай завядзёнкі, кажуць гаспадару каня з возам, калі яны выб’юцца наперад з агульнай шарэнгі ці конь уздыбіцца ў аглоблях. Паэт такі выраз зрабіў рэфрэнам у творы, ад чаго словы гэтыя ўспрымаюцца як трапны афарызм, сведчанне духоўнай несвабоды, прыніжанасці і занядбанасці працаўніка ў грамадстве. Верш мае сацыяльную скіраванасць, ён заахвочвае і паэтызуе сялянскія бунты. Але напачатку кожны радок у вершы выклікае ўсмешку, нараджае суперажыванне, тоіць у сабе спагаду і пратэст.

 
Дрэнна маё жыцце,
Ўсё ідзе не ў лад,
І крычаць мне ўсюды:
“Асадзі назад!”
 

Паэт не проста ўсклікае, ён пераконвае, што такі вокліч-вокрык гучыць над вухам не сам па сабе, а таму, што селянін бедны, хоць і сцвярджае: “Божа ты мой мілы! / Б’юся я, як гад, / Толькі ж дзе ні ткнуся / “Асадзі назад!” Далей пісьменнік разгортвае смешныя і неверагодныя часам здарэнні, якія адбываюцца з героем у штодзённым жыцці. Кожны раз пры жаданні што-небудзь змяніць у сваёй паўсядзённасці ён церпіць няўдачу. Ні ў пошуках асабістага шчасця, ні ў імкненні адваяваць месца ў грамадзе, ні ў спробах дабіцца адпаведнага статусу ў дзяржаве, ні ў жаданні дачакацца сацыяльнай справядлівасці, роўнасці сярод роўных, ні ў памкненнях у будучыню ні для сябе, ні для сваіх дзяцей яму не шанцуе. Усмешку выклікаюць прызнанні “помню я жаніўся”, “трапіў раз у горад”, “я з капейкі збіўся”, але за ўсім гэтым ідзе абавязковае, як прысуд, бязрадаснае і непазбежнае – “Асадзі назад!”:

 
Хлеб прыслалі ў вёску,
Там галодных шмат.
Пруся я з мяшэчкам —
“Асадзі назад!”
 

Несумненна, паэт не адмаўляе свайму герою ў прыродным розуме, кемлівасці, мудрасці, калі кажа: “Галаву я маю:/ Быў бы дэпутат”. Аднак жа адказ адзін: “Цэнзу ты не маеш,/ “Асадзі назад!” “Цэнзу” – права не маеш, табе не належыць быць у грамадзе, дзе ствараюць законы. Два разы толькі ўдалося бедняку выйсці наперад, аднойчы гэта было, калі ўзбунтаваў ён вёску, падбухторыў народ, заклікаў не скарыцца, выступіць за свае правы, вылучыць справядлівыя патрабаванні. Тады прыстаў выклікаў яго наперад і загадаў яшчэ даць яму розгаў “упярод”, каб не быў ахвочы вылучацца іншым часам, каб і надалей запомніў сваё месца.

 
Гэта ты, мярзавец,
Ўзбунтаваў народ?
Гэй, гарадавыя!
Даць яму ўпярод!
 

Сама праўда жыцця, час, абставіны, “гісторыя вылучае мужыка-працаўніка на авансцэну, робіць героем дня”, – пісаў даследчык творчасці Я. Коласа А. Лойка.

Я. Колас – паэт-пейзажыст. У вершах ён можа перадаць і срэбразвонныя гукі ручая, і посвіст салоўкі, і шум дубровы і ціхую плынь рачной хвалі, што цалуе прыбярэжны пясок. Такі верш “Нёман”. Пачатак верша элегічны, павольны, лагодны: “Льецца Нёман паміж гораў,/ Поўны сілы і красы”. Затым рытміка твора змяняецца, гучаць воклічы, услаўленні, словы падзякі за штодзённую працу бацькі-Нёмана:

 
Гой ты, Нёман, наша рэка!
Поіш ты і корміш нас.
 

Працавітая рака давала рыбу сялянам, па ёй сплаўляліся плыты з бярвёнаў, якія мясцовыя жыхары ганялі аж да Балтыйскага мора.

 
Разліваўся па ракітах
І займаў і лес, і гай…
Даўгавязы плыт за плытам
У далёкі нёс ты край.
 

Звінелі песні і гучалі дудкі на яго берагах, не аднойчы стомленыя касцы “абмывалі” свае твары ў яго водах, рыбак “спаў… на беразе пад дубам”. Пралёг шлях Нёмана праз увесь беларускі край, праз лёс і шчасце мужыка. Колас шчымліва-радасна, велічна і ўзнёсла ўсклікае:

 
О, наш чысты, наш свабодны
Нёман, быстрая рака!
 

Шматлікія выразы, азначэнні ў паэзіі Я. Коласа сталі крылатымі выслоўямі. Інтанацыйна багатыя, напоўненыя жыццярадаснай энергіяй раскаванага пачуцця, унутранай сілай уздзеяння, яркімі малюнкамі жывой прыроды вершы паэта “Першы гром” і “Усход сонца”.

Асобна варта падкрэсліць верш “Песняру”. Датуецца ён 1910 г., годам зняволення ў астрозе ў Мінску. Упершыню надрукаваны ў 1918 г., калі Беларусь перажывала першыя ўзлёты і падзенні, адваёўваючы і страчваючы сваю дзяржаўнасць. У такіх умовах роля песняра, мастака і мастацтва, на думку аўтара, значна паглыбляецца, разглядаецца шырэй і ацэньваецца вышэй. Колас звяртаецца да сабрата па пяру:

 
Заспявай ты мне песню такую,
Каб душу мне паліла яна,
Каб у ёй ты нядолю людскую
І ўсё вычарпаў гора да дна.
 

У дыялогавай форме аўтар называе асноўныя тэмы творчасці паэтаў з народа, раскрывае змест рэчаіснасці, паказвае шляхі да вызвалення, падагульняе ролю і месца ў агульным змаганні песняра і яго слова: каб песня “паліла нядолю”, “каб маланкай жахала яна”, “каб грымела, як гнеў перуна”. Родны край – Беларусь, яго сучаснае і будучае, вёска, лёс сялянства, якое складае станавы хрыбет беларускай нацыі, беларуская прырода, што жыве ў кожным, напаўняе сэрца і душу мясцовага насельніцтва, роля творцы, песняра-вешчуна ў грамадзе, вялікая сіла ўздзеяння роднага слова на фарміраванне светапогляду народа – вось асноўныя матывы ў вершах “Не бядуй!”, “Будзь цвёрды”, “Асадзі назад!”, “Песняру”, “Нёман”, “Першы гром”.

Паэзія Я. Коласа шматжанравая і тэматычна багатая. Лірыка – самавыражэнне паэта, які ўкладвае ў вершы гнеў і помсту, заклік і боль, смех і слёзы. У лірыцы Коласа адбіліся вольналюбівыя імкненні і спадзяванні беларускага народа, шлях да свабоды і незалежнасці, развіццё грамадзянскіх правоў, дэмактарычных асноў быцця. Асаблівае месца ў паэзіі займае вобраз Радзімы, якую паэт любіць усім сэрцам, паэтызуючы прыроду роднага краю. Паэт улюбёны ў чалавека працы, праўдзіва і захоплена апявае мілыя прасторы і чалавека на родных гонях.

Паэзія Я. Коласа 20-х гадоў ХХ ст. напоўнена роздумам, глыбокая па сваёй думцы. У вершах заўсёды заключана філасофія жыцця, вывад аб значнасці, велічы ці змястоўнасці таго, пра што гаворыцца ў творы, прысутнічае абагульненае заключэнне. За асобным, самым звычайным і дробязным, здавалася б, на першы погляд фактам бачны магутны і жыццёва важны сэнс. Такім з’яўляецца, напрыклад, верш “Наперад”, у якім раскрываецца глыбокая філасофская думка аб неабходнасці заўсёды імкнуцца да новага, ісці наперад, верыць у чалавечы розум. Малююцца, здавалася б, няхітрыя карціны прыроды: ззянне сонца, зіхаценне расы, а ва ўсім гэтым – незвычайны сэнс і змест. Вечнымі будуць рух і абнаўленне ў прыродзе, вечна будзе імкнуцца наперад, адкрываць і спасцігаць патаемнае чалавек, які сам – вечная загадка і найбольшая таямніца прыроды. У пазнанні непазнанага – вечны рух прыроды і чалавека.

Выразная філасофская скіраванасць вылучае і верш “Голас зямлі”. Жывучы ў Ташкенце, за тысячы кіламетраў ад Беларусі, калі народ, наша родная зямля пакутавалі ў фашысцкай няволі, паэт нібы фізічна адчуваў боль і раны сваёй старонкі, чуў голас Беларусі. Родная зямля, як жывая істота, клікала свайго сына, наракала на свой лёс, паказвала невылечныя раны. Голас роднай зямлі быў напоўнены стогнам і скаргай, горкімі ўсхліпамі, у ім чуўся плач. З сыноўскай любоўю ўспрымае гэтыя галасы паэт. Яму баляць раны роднай зямлі, няма яму спакою, пакуль па беларускай зямлі ступае нага чужынца. Верш Я. Коласа “Голас зямлі” ў нечым істотным, галоўнай думкай пра родны край у няволі, набліжаецца да паслання Я. Купалы “Беларускім партызанам”. Купала адрасуе свой верш народным мсціўцам. Колас звяртаецца да зямлі, якая ўзгадавала і дала сілу не аднаму пакаленню мужных барацьбітоў, таму паэт выказвае спадзяванне, што ёсць магутныя сілы (“багатыры”), верыць у няскоранасць народа, у хуткае вызваленне.

 
Шумяць гняўліва твае пушчы,
Трасуцца помстаю бары,
I дзень твой хмурны зрок расплюшчыць —
Ёсць у цябе багатыры!
 

Як і Купала, Колас звяртаецца да багатырскай сілы народа, да яе сыноў, якіх узрасціла, узгадавала беларуская зямля, якім дала сілу і якія прынясуць вызваленне і шчасце. Верш прасякнуты глыбокім патрыятычным пачуццём.

Думкі паэта былі на Радзіме, а перад вачыма ўзвышалася гара Чымган, адна з найбольш прыгожых горных вяршынь ва Узбекістане. Асабліва прыгожы горны хрыбет увечары, калі “хмары звісаюць над ім і, здаецца, вышыню гары павялічваюць”, – прыгадваў сам паэт, прызнаючыся, што верш напісаў хутка, за два дні, падоўгу гледзячы на вяршыню. Роздум пра Радзіму не пакідаў паэта. Верш па форме адносіцца да пейзажнай лірыкі. Напісаны ён маляўніча, рознымі фарбамі і адценнямі, вельмі багаты на параўнанні, асацыяцыі.

Пасля вяртання паэта ў разбураны вайной Мінск напісаны верш “У родных мясцінах”. Ляжаў у руінах родны горад, і дом, у якім жыў паэт да вайны, быў зруйнаваны з зямлёю. Не стала і многіх людзей, каго ведаў паэт, з кім ён сустракаўся да вайны: хто загінуў, “хто выселіўся сам к апошнім тым на свеце рубяжам, дзе крыж стаіць журботна-нерухома”, “…другіх вайна ў далёкі свет пагнала, і многа іх не вернецца назад”. Паэт не нагнятае адчуванні. Ён піша праўдзіва, дакладна і змястоўна пра ўсё тое, што перажыў, што ўбачыў на свае вочы. Верш мае дакументальную аснову, у ім – факты біяграфіі паэта: перажытае гора ад смерці жонкі, з якой пройдзена нямала жыццёвых дарог, ад гібелі на фронце яго сына Юркі. Шмат гора перажыў край паэта, многа гора выпала і на долю кожнага яго жыхара. Але ў родных мясцінах пачыналася мірнае будаўніцтва, людзі актыўна браліся за працу. І ў вершы гучыць думка, што “з пажарышч край паўстане, расцвіце”, што народ і край стаіць на верным шляху, “павянчаным з праўдай”.

“Новая зямля” (1923). Паэму Якуба Коласа “Новая зямля” нездарма называюць энцыклапедыяй жыцця беларускага сялянства. Сапраўды, з якога мастацкага твора мы можам так поўна і ўсебакова даведацца пра жыццё і быт беларускага селяніна, дзе так вычарпальна і змястоўна расказана пра яго працу, пра розныя прылады працы, якімі селянін карыстаецца, пра прыроду, што яго акружае, пра будні і святы, якія ён перажывае, пра тое, як беларус частуе гасцей, як і чаму вучыць дзяцей, як ставіцца да сям’і і сваякоў, да людзей наогул, да сваіх абавязкаў на службе, як апранаецца, як гаворыць – пра ўсё хараство і непаўторнасць мілага сэрцу кутка і пра асаблівасці нацыянальнага побыту і характару беларуса. Я. Колас выступіў у паэме як сапраўдны летапісец жыцця беларускага народа. Мы называем паэму энцыклапедыяй яшчэ і таму, што ў ёй глыбока і ўсебакова пастаўлены праблемы нацыянальнага і сацыяльнага вызвалення, сцвярджаецца высокая чалавечая годнасць селяніна-беларуса, адлюстравана рэальнае паўсядзённае сялянскае жыццё. Прычым быт і быццё, матэрыяльны і духоўны свет, клопат пра хлеб надзённы раскрываюцца ў спалучэнні з клопатам аб хлебе духоўным, у пошуках “кавалка зямлі” селянін не забываецца пра душу, пра чалавечую мараль, годнасць, пра свядомасць.

Змястоўна і ўсебакова раскрыты ў творы вострыя і складаныя палітычныя праблемы часу: спрадвечнае імкненне беларускага сялянства да зямлі і волі, трагізм сялянскага лёсу. Прысутнічае тут і паэтызацыя сялянскай працы, побыту, узнімаюцца праблемы сацыяльныя і маральныя. Праз увесь твор праходзіць тэма ўзаемаадносін чалавека і прыроды.

“Новая зямля” – твор аб пошуках селянінам уласнага надзелу, кавалка зямлі, з якім ён звязваў свой дабрабыт, вольнае і незалежнае, заможнае жыццё. Ідэя зямлі ў творы выказана глыбей. Тут не толькі паказаны трагізм сялянскага лёсу, крах ілюзій, тупіковы шлях адзіночкі, немагчымасць дабіцца чаго-небудзь на гэтай зямлі, не змяніўшы свет да лепшага, а раскрываецца паўната чалавечых адчуванняў на роднай зямлі.

Я. Колас у паэме значна наблізіўся да стварэння нацыянальнага характару беларуса, зрабіўшы відавочны крок у яго спасціжэнні, усебаковай абмалёўцы, у заглыбленым разуменні яго сутнасці і адметных рыс. Гэта Міхал, галоўны герой паэмы, яго брат Антось, маці, дзеці. Міхал – працавіты, старанны, справядлівы, шчодры, дбайны гаспадар, чалавек не сухі, з паэтычнай душой. Настойліва і цярпліва нясе ён “ярэмца” хлебароба, працуючы на нялёгкай пасадзе лесніком. У яднанні з прыродай і светам праходзіць жыццё гэтага чалавека.

Антось – майстар на ўсе рукі і штукар, любімец дзятвы. Ён можа на поўным сур’ёзе, не лянуючыся і не шкадуючы часу, з цікаўнай дзятвой варыць клёцкі ў бярозавым соку, каб тыя былі смачнейшыя, увабраўшы вясновыя сокі зямлі. Што з гэтага выйшла, мы ведаем (“Ну, дзядзька, як на смак, прызнайся? – Паскудства, брат, і не пытайся!”). Няўдачы не бянтэжаць жыццелюбівага героя, весялуна (калектыўнае паляванне на зайцоў, выпрабаванне чоўна). Паэтычная душа дзядзькі Антося багата рознымі фантазіямі, таму яго любяць дзеці. Антось – паэт і працаўнік. Успомнім, з якой любасцю дзядзька выбірае касу. Гэта шчодрая і добрая душа, багатая і яркая натура. Міхал і Антось паказаны праўдзіва, без ідэалізацыі.

У паэме аўтар раскрыў шматгалоссе жыцця, багацце жыццёвых праяў. Усе поры года мы прасочым на яе старонках, убачым сумнае і смешнае ў быце селяніна, даведаемся пра яго захапленні (рыбалка, збор баравікоў). Паэт можа расказаць, як звіваюцца пчолы ў рой і як яго трэба здымаць. Ведае, як трэба малаціць, жаць, касіць, укладваць воз сена. У паэме мы чуем гоман крынічкі, шум лесу, посвіст ветру ў полі.

Я. Колас паказвае ў паэме “Новая зямля” жыццё, дзе пануе “дух волі”, дзе чалавек жыве паўнакроўным і ўнутрана багатым жыццём. Гэта свет герояў Я. Коласа. “Не! духу волі плынь жывая / Такога ладу не прымае / І не прыхіліцца ніколі / Да гэтай лішне простай долі…” Паэма Я. Коласа шматгранная, аб’ёмная, змястоўная.

Жыццё чалавека ў сям’і, уклад жыцця гэтай сям’і, прынцыпы і норавы, характар узаемаадносін людзей рознага ўзросту, становішча і лёс сям’і ў народзе, выпрацоўка асноў народнай маралі, прынцыпы сацыяльнага ўладкавання, месца і роля народа ў свеце – такі лейтматыў паэмы “Новая зямля”, абагульняльная думка гэтага твора – аднаго з самых грунтоўных твораў у беларускай літаратуры.

Чалавек у сям’і, сям’я ў народзе, народ у свеце – пра гэта паэма Я. Коласа “Новая зямля”.

“На ростанях”. Тры аповесці Я. Коласа – “У палескай глушы” (1922), “У глыбі Палесся” (1927), “На ростанях” (1954), аб’яднаныя ў адну кнігу, сталі першым беларускім раманам-трылогіяй. Ён названы па апошняй частцы, хаця паміж выхадам першай і апошняй частак прайшло больш за трыццаць гадоў.

Трылогія “На ростанях” – твор аб жыцці беларускага народа на пераломе дзвюх эпох, на рубяжы XIX–XX стст. Ідэю трылогіі можна вызначыць як пошукі шляхоў служэння інтэлігенцыі свайму народу. Твор носіць ярка выражаны аўтабіяграфічны характар. Сёння ўсе ведаюць біяграфію пісьменніка, шматлікія факты з якой ляглі ў аснову палескіх аповесцей. У трылогіі паказана абуджэнне свядомасці народных мас, працэс пераўтварэння забітага патрыярхальнага сялянства ў рэвалюцыянізаваную масу, абуджэнне беларускага народа і ўсведамленне яго адзінай магутнай сілай. Лёс героя становіцца лёсам народа. Аўтар паказаў, што Беларусь на рубяжы XIX–XX стст. перажывала перыяд вострых сацыяльна-эканамічных узрушэнняў. Плынь жыцця, супярэчнасці часу, шматлікія праблемы рэвалюцыйнага абнаўлення пададзены пісьменнікам у трылогіі.

Настаўнік Андрэй Пятровіч Лабановіч – таленавіты сын беларускага народа. Ён жыве якраз на гістарычным павароце, на зломе старога ўкладу жыцця і ў час нараджэння новага ладу.

Нездарма адной з галоўных праблем трылогіі з’яўляецца праблема сэнсу жыцця. Народ на гэтую праблему глядзіць проста – жывеш, як трава расце, бо “жывым у зямлю не палезеш”, а “прыйдзе час – пахаваюць”. Аб гэтым часта вядзе спрэчкі Лабановіч са сваім сябрам і калегам Турсевічам.

Турсевіч даказвае, што чалавек жыве “дзеля дабра, для служэння праўдзе, каб ствараць нейкія вартасці жыцця і каб быць карысным іншым”. На што Лабановіч пярэчыць: “Гэта ён так паві-і-і-нен жыць. Але мы бачым, што жывуць людзі зусім не па гэтаму правілу і пляваць яны хочуць на дабро або на нейкую там карыснасць. А справа тут стаіць зусім проста, і ў гэтым сэнсе ёсць толькі адна мерка, якая падыдзе для кожнага: “Жыве чалавек для таго, каб у жыцці як мага болей вывудзіць карыснага і прыемнага для сябе”. Турсевіч прыводзіць у прыклад хрысціянскіх аскетаў, якія адракліся ад зямлі з усімі яе дабротамі, людзей, якія жывуць ідэямі ўсеагульнага дабра і дзеля іх ідуць на пакуты. Лабановіч заключае: “Справа толькі ў тым, якія ўжываць спосабы, якімі дарогамі ісці і як разумець гэтыя прынцыпы”. Падобныя пытанні стаялі перад рознымі людзьмі ў розныя эпохі. У рамане, такім чынам, раскрываюцца не толькі прыватныя, але і глабальныя праблемы цывілізацыі. Лабановіч – яркі нацыянальны герой, выразнік душы беларускага народа, філосаф і творца.

Тры кнігі – тры этапы станаўлення самасвядомасці героя, яго шляхі ў глыб душы народа, нялёгкая дарога да праўды. Паспрабуем тут патлумачыць сэнс назвы першай часткі трылогіі. “На ростанях” – гэта значыць на скрыжаванні, на перакрыжаванні розных дарог. Ростань – слова, якое часта ўжываецца ў беларускай мове і якое так любяць беларускія паэты (свой першы зборнік вершаў, які выйшаў у Вільні ў 1924 г., малады паэт У. Жылка назваў “На ростані”). Ростань – расставанні і сустрэчы, выпраўленне ў дарогу і вяртанне назад.

На ростанях – гэта значыць на шляхах жыцця, пры расстаннях і сустрэчах з домам, з родным, блізкім. Пасля ростані бывае вяртанне. Вяртанне да саміх сябе, да асноў жыцця, вечных каштоўнасцей. Вяртанне да Беларусі.

“У палескай глушы” перад намі паўстае “глуш”, “глухамань” не толькі як паняцце геаграфічнае, у сэнсе аддаленасці ад цэнтра, але і ў сэнсе цёмнасці, забітасці, беспрасветнасці існавання людзей вёскі, заскарузласці і адсталасці іх свядомасці.

У аддаленую вёску прыязджае малады настаўнік з сур’ёзнымі намерамі аддаць усяго сябе служэнню сваёй справе і гэтым людзям. З першых крокаў Лабановіч энергічна бярэцца за справу, спадзеючыся ўнесці пасільны ўклад у абуджэнне тут жыцця. Настаўнік хоча перайначыць гэта жыццё, “развеяць” цемру ў сэрцах і душах людскіх, імкнецца сеяць “разумнае, добрае, вечнае”. Але добрыя намеры яго натыкаюцца на кансерватызм цельшынцаў – яны не хочуць ні слухаць настаўніка, ні вучыцца, ні раздумваць над жыццём. Усюды пануе застой, маральная глухата, спустошанасць, “ідыятызм вясковага жыцця”. Гэта быў “застой”, характэрны не толькі для сялян, але і для інтэлігенцыі, у асяроддзі якой панавалі эгаізм, карыслівасць і занядбанне інтарэсаў народа.

Якімі дарогамі ісці да шчасця? У чым яно, асабістае шчасце? Як зразумець людзей і як знайсці сваё месца ў агульных шэрагах? Якія твае прынцыпы, чалавек? Перад Лабановічам з першых крокаў паўстае задача: ці ісці па сцежцы, якую да яго пратапталі саханюкі, дубейкі, узвысіцца над народам, ці ісці з ім, быць як усе ці весці людзей за сабой, адкрываць ім вочы. У нашай літаратуры паявіўся герой не просты, не статычны, а герой, які думаў, шукаў, сумняваўся. Нездарма ў хвіліну цяжкіх расчараванняў прыходзіць да героя нечаканая думка аб самагубстве, аб мэтазгоднасці ці немэтазгоднасці далейшага існавання. Ці варта далей жыць, калі нельга нічога змяніць, калі ўсё, што цябе чакае, ужо вядома, гэта перажывалі да цябе сотні і мільёны людзей. Не адчай ахоплівае Лабановіча ў той момант, калі ён глядзіць на пісталет і думае аб сэнсе жыцця. Гэта роздум аб мэтах у жыцці, аб сіле і слабасці чалавечага існавання ў грамадстве, аб вялікім прызначэнні чалавека. Бабка Мар’я, Сцяпан Рылка, стараста Раман Круглы – людзі непісьменныя, цёмныя і па-свойму звыклыя з жыццём, з штодзённым існаваннем. Настаўнік Саханюк хутка “вылечыўся” ад ідэалізму і здолеў прыстасавацца да тутэйшага жыцця, мець нават выгоду для сябе ад таго, што яго акружаюць непісьменныя людзі. Усе намаганні Лабановіча ўнесці новы, свежы струмень у іх жыццё (лекцыі, школа) прападаюць марна. Ён разумее, што ў Цельшыне не разгорне крылаў. Вось чаму на старонках аповесці не аднойчы паяўляюцца малюнкі дарогі, гасцінца.

У аповесці гучаць матывы адстойвання волі, долі для мужыка, патрабаванне нават самой магчымасці называцца беларусамі. “Кожны народ мае свой гонар, – гаворыць Лабановіч сябру Турсевічу. – Англічанін перад усім светам горда зазначае: я – англічанін. Тое самае скажа француз, немец, аўстрыец, рускі і іншыя прадстаўнікі другіх нацый. А мы, беларусы, не адважваемся прызнацца ў тым, што мы – беларусы. Бо на галаву беларускага народа, як вядома, многа выліта памыяў, годнасць яго прыніжана і мова яго асмеяна, у яго няма імя, няма твару. А з гэтага вынікае тое, што беларус-інтэлігент адмяжоўваецца не толькі ад свайго народа, але і ад бацькоў сваіх”. Лабановіч шукае шляхоў, як дапамагчы свайму народу, выправіць становішча. “Лабановіч – мой двайнік Выдуманага ў яго характары і паводзінах няма”, прызнаваўся Я. Колас.

У другой кнізе трылогіі “У глыбі Палесся” герой робіць свой канчатковы выбар. Перад ім стаіць дылема – або павярнуць назад і пазбыцца ўсіх надакучлівых юначых мар, на якія мала надзеі, што яны спраўдзяцца і прынясуць задавальненне душы, або кінуцца, як у вір, галавою ў “віры” жыцця, бурлівыя і зменлівыя, не выгадваючы, не ведаючы, што цябе чакае. Лабановіч не толькі едзе ў глыб Палесся, ён заглыбляецца ў душу народа, пачынае разумець яе. Ён сыходзіцца з людзьмі, іх клопаты становяцца ягонымі турботамі. Разам з людзьмі герой пачынае даходзіць розумам да ісціны, адрозніваць сэрцам “хто – вораг, а хто – прыяцель”. Паварот у свядомасці яго зрабіла нелегальная літаратура. Вочы на свет яму адкрывае “тургенеўская нігілістка”, сябра і паплечнік па барацьбе Вольга Віктараўна Андросава. Сустрэча з праўдашукальнікам Аксёнам Калем, сяброўства з ім канчаткова вызначылі палітычную арыентацыю маладога настаўніка. Ён усведамляе сябе часцінкай свайго народа, свядома бярэ ўдзел ва ўсім, што адбываецца навокал. А ў роднай старане ідуць няпростыя працэсы актывізацыі народных мас.

У трылогіі мы назіраем рост свядомасці народа, яго шлях да актыўнай барацьбы – ад стыхійных і не ўсвядомленых да канца аднаразовых выступленняў да свядомага ўдзелу ў арганізаванай барацьбе. Лабановіч з радасцю аддаецца рэвалюцыйнаму абуджэнню мас. З гэтага часу ў яго ўжо не будзе лёгкага і спакойнага жыцця. Такі вынік “заглыблення” героя ў штодзённае існаванне палешукоў, у глыбіню душы народнай. Так заканчваецца другая кніга і завяршаецца жыццё героя ў Выганах.

У Верхані, куды пераязджае працаваць настаўнік, чакалі яго новыя выпрабаванні. Гэтыя падзеі апісаны ў трэцяй частцы трылогіі. Настаўнік ужо глыбей глядзіць на з’явы, якія адбываюцца ў грамадстве. Значна змяніўся і яго светапогляд, які стаў больш шырокім, глыбокім. Ён задумваецца над зменамі ў краіне напярэдадні 1905 г. Змены адбыліся ва ўсім. Лабановіч ужо не наіўны і рамантычна настроены юнак, які хацеў змяніць свет. Рубікон пяройдзены. Назад дарогі няма. Лабановіч становіцца ўдзельнікам з’езда настаўнікаў. Астрог, у які ён трапляе за ўдзел у з’ездзе, стаў школай палітычнай барацьбы, універсітэтам сацыяльных ведаў. Тут канчаткова сфарміраваўся светапогляд героя. Збліжэнне з піцерскім рабочым Аляксандрам Галубовічам не завяршыла духоўных пошукаў героя. Адно зразумела, што дарога да шчасця народнага і да справядлівасці стала цяпер ягонай дарогай. “На ростанях” – значыць “на скрыжаванні”, “на раздарожжы”, “на перасячэнні” розных дарог. Але мы разумеем, што сваю дарогу Лабановіч выбраў цвёрда – хоць і Беларусь і ён сам, часцінка народа свайго, на ростанях. З гэтага часу ён упэўнена пойдзе разам са сваім народам у заўтрашні дзень. Шлях народа – яго шлях. Мара і дзеянне сплаўлены ў адно цэлае. Героя вабяць жыццёвыя далягляды, яго чакаюць новыя выпрабаванні. Над усімі пачуццямі паўней і выразней за іншыя дамінуе адказнасць за лёс народа, за ідэалы заўтрашняга дня, за лёс роднай Бацькаўшчыны, якая выходзіць на новыя прасторы жыцця.

Жаночыя вобразы трылогіі “На ростанях”. Змястоўным паўстае ў трылогіі асабістае і грамадскае жыццё галоўных персанажаў. Лабановіч сустракаецца з рознымі людзьмі, выяўляе сімпатыі і антыпатыі да іх. Глыбокай і ўсебаковай паўстае рэчаіснасць.

Жаночых вобразаў у трылогіі “На ростанях” нямала. Найперш гэта вобразы жанчын з народа, з дапамогай якіх аўтар раскрывае непарыўныя сувязі героя з народам, адносіны да простага люду, яго ўдзел у людскіх лёсах. Гэта дапамагае яскравей уявіць характар і душэўныя якасці галоўнага героя трылогіі. Лабановіч імкнецца ўслед за гэтымі людзьмі спазнаць сэнс жыцця, яго філасофію. Карэнні фарміравання характару героя у народнай стыхіі. Лабановіч лёгка сыходзіцца з людзьмі, добра разумее іх. Яго спагада да простага люду выяўляе шырыню ягонага характару, гуманнасць. Сустрэчы з людзьмі даюць багаты матэрыял для роздуму над жыццём і часам, над лёсам чалавека. Вось бабка Мар’я, старожка ў Цельшынскай школе, дыялогам з якой пачынаецца трылогія. Бабка – сама прастата, цёмная, забітая, але шчырая і душэўная натура, спагадлівая да людзей. Яна варажбітка, верыць у прыкметы, забабоны. Бабка спрыяе каханню Ядвісі і Лабановіча, ад душы жадае ім шчасця. Яна любіць людзей. Дрымотныя да пары нетры духоўнай свядомасці народа ўвасабляе гэты вобраз, праз які раскрываюцца векавечныя погляды на мараль, на сэнс жыцця, на акаляючую рэчаіснасць.

Старожка Выганаўскай школы Ганна – нязграбная, бязносая істота з малым дзіцём Юстай, што ваўчком глядзіць на дзядзьку-настаўніка, які можа прагнаць яе з гэтага месца, з утульнага тапчанчыка, прагнаць з бакоўкі. Ганна чакае дзіця ад былога настаўніка Мітрафана Васільевіча. Яна тут жа, у школе, і абрадзінілася. Адсталасць і цемру, духоўную спустошанасць душ людскіх, іх выродлівасць паказвае тут аўтар.

Старожка Верханьскай школы бабка Параска ўвасабляе сабою прыродны розум, рост свядомасці народа. Калі бабка Мар’я – душа народа, то бабка Параска – яго розум. Пісьменнік праз гэты вобраз нібы імкнецца дакрануцца да вытокаў народнага духу, паказвае здольнасць народа да самаўдасканалення, да развіцця духоўнага пачатку. Бабка Параска – вясковы філосаф, мае свой пункт гледжання на розныя рэчы, з’явы, вучыцца сама і вучыць іншых шырэй глядзець на свет. Яна – натура ўзнёслая і багатая духам.

Цікавым паўстае ў трылогіі свет кахання. Найярчэйшыя і найпаэтычнейшыя старонкі трылогіі прысвечаны каханню Лабановіча і Ядвісі. Ядвіся – “дзікая кветка Палесся”, калючая, палахлівая, але прывабная і таямнічая, узнёслая. “Слаўная дзяўчынка” – так называе яе бабка Мар’я. Характар Ядвісі пластычны, падатлівы. Мяккая, але гордая натура, яна імкнецца да шчасця і баіцца яго, бяжыць ад яго. Ядвіся, як і Лабановіч, хоча вырвацца “на прастор”. Героі разлучаюцца. Яшчэ не прыйшоў іх час. Яны абодва нібы баяцца нешта страціць, скаваць сябе, баяцца страціць сваю самастойнасць, сваё “Я”. З грушай-дзічкай параўноўвае сябе Ядвіся. “…Гэта апошні вечар яе тут: яна сама так захацела. Чаму? Яна проста спыніла сваё шчасце і сказала: “Даволі!” Але хто ж вырве з яе сэрца гэтае шчасце цяпер? Ніхто!” Шчасце – нязбытнае, няздзейсненае? Жыць і несці ў сабе, у сваім сэрцы шчасце ад усведамлення таго, што недзе жыве чалавек, які табе любы і дарагі і які любіць цябе. Мы шмат ведалі трактовак кахання. Ці не прымусіць нас задумацца над простымі чалавечымі пачуццямі коласаўскі падыход да асабістага жыцця чалавека?

Было ўжо сказана, што каханне ёсць выхад з будзённасці існавання, для многіх людзей, можа быць, адзіны. Але гэта толькі пачатак кахання. Спакваля, але імкліва разгараецца каханне Ядвісі і Лабановіча. Нельга сказаць, хто з гэтых маладых людзей кахае больш, хто першым паддаўся салодкім чарам хмельнага пачуцця. Ядвіся першай адчула ў сабе прагу да змен у сваім асабістым жыцці, гатова выйсці замуж за каханага чалавека, нават адно дзеля таго, каб памяняць прозвішча, каб развітацца са сваім бязрадасным мінулым, каб пазбегнуць лёсу соцень такіх, як яна сама, жанчын, якія ніколі не былі шчаслівымі ў замужжы. Ядвіся баіцца паўтарыць лёс маці, бо на яе вачах маці цярпела пабоі айчыма і заўчасна пайшла ў магілу.

Для Ядвісі каханне з’явілася той незвычайнай перамогай над жыццёвай убогасцю, духоўным калецтвам, над выродлівасцю, падманам, пачварнасцю існавання, якое панавала ў запусцелым, здзічэлым і занядбаным свеце наўкола. Але Ядвіся першай жа і адмаўляецца ад сваіх парыванняў, заглушае іх у сабе, самым розным чынам імкнецца затушыць у сабе нечакана ўзніклае пачуццё. Яна не можа прыняць каханне-шкадаванне. У каханні ёсць бясконцасць, сцвярджаюць філосафы. Такой бясконцасці, якая пераходзіць у новую якасць у іх пачуццях, героі яшчэ не ўбачылі і не адчулі.

Панна Людміла – “завітанская красуня” – жыве ў Завітанцы. Усе мясцовыя кавалеры закаханы ў панну Людмілу. Лабановіч доўга пазбягае знаёмства з ёю. Першая сустрэча, якая адбылася ў краме ў Абрама, абярнулася ледзь не ўцёкамі для яго. Новая сустрэча на вечарынцы дала магчымасць Лабановічу зрабіць вывад, што панна Людміла не толькі прыгожая, але і разумная дзяўчына. Менавіта з ёю герой вядзе дыскусіі і спрэчкі аб каханні, цнатлівасці, вернасці, распусце, уседазволенасці. Панна Людміла ўражвае багаццем свайго жыццёвага вопыту, сталасцю і глыбінёй разваг. Яна, шмат перажыўшы, нібы збоку глядзіць на ўсё. Як многа і як мала трэба чалавеку для шчасця – нібыта кажа гэтым вобразам аўтар. У дзяўчыны, здавалася, ёсць усё для асабістага шчасця, а шчасце як быццам заблукала. Пісьменнік узнімае праблему адказнасці чалавека за свае пачуцці, за сябе, раскрывае прыгажосць, хараство жанчыны, яе прывабнасць і прагу высокай духоўнасці.

Яшчэ адзін вобраз “дзявочай красы” – панны Марыны – увасабленне дабрыні, чысціні і прыгажосці, незаплямленай духоўнасці малюе пісьменнік у творы. Лабановіч любуецца яе прыгажосцю: “Такой слаўнай дзяўчыны ён яшчэ ні разу не бачыў”. І толькі аднойчы сустрэча з паннай Марынай у даволі п’янай кампаніі яе сваякоў як бы абразіла героя. “Яму было брыдка за сябе і за яе”. Прыгожае суседнічае ў жыцці поруч з пачварным. Марына – кветка, ружа, якая вырасла сярод дзікага поля, запусцення і друзу. Нялёгка ў такіх умовах штодзённага існавання захаваць сваю індывідуальнасць, чалавечы гонар і красу.


Страницы книги >> Предыдущая | 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 27 28 29 30 31 32 33 34 | Следующая
  • 0 Оценок: 0

Правообладателям!

Это произведение, предположительно, находится в статусе 'public domain'. Если это не так и размещение материала нарушает чьи-либо права, то сообщите нам об этом.


Популярные книги за неделю


Рекомендации